A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
Фікцыя рэальнасці ці рэальнасць фікцыі? (Пасляслоўе) Жыццяздольнасць эксперыментальнай прозы, якая ўжо блізу васьмідзесяці гадоў паспяхова абвяргае рэгулярна абвяшчаную смерць літаратуры ці, прынамсі, калапс жанру і ўсеагульны крызіс пісьма, пацвярджае, што пісьменнік і надалей застаецца гаспадаром свайго твора і што можна абіраць нетрадыцыйную оптыку і форму, не парушаючы таго, што нібыта лічыцца ўласцівым літаратуры традыцыйнай, неэксперыментальнай, а менавіта – «маральнай тэмпературы» эпохі і грамадства.
Тэкст Патрыка Оўржадніка, які балансуе на мяжы белетрыстыкі і эсэістыкі, – гэта правакацыйная спроба ў маналітнай, аднак выразна гетэрагеннай форме (бо «адзінства не можа не быць гетэрагенным») злучыць элементы мадэрнізму і постмадэрнізму. Іншымі словамі, аформіць адчуванне свету без Бога ў асамбляжы фіктыўных эпізодаў, дакументальных дэталяў, гістарычных датаў, меркаванняў і парафразаў. Альбо, яшчэ інакш кажучы, выразіць цэнтральную тэму мадэрнізму постмадэрнісцкімі сродкамі – і вось перад намі ХХ стагоддзе як на далоні. Тэндэнцыя да суб’ектывісцкага ўспрымання часу і гісторыі, да фрагментарызацыі і рэкампазіцыі часавай плыні падзей паводле агістарычных крытэраў, канатацый і асацыяцый праявілася пад уплывам глыбіннай псіхалогіі ўжо ў мадэрнісцкай прозе пачатку ХХ стагоддзя. Тады гэта мусіў быць сродак выражэння быцця і працягласці ў індывідуальнай думцы; шлях, які ўмагчыміў катарсіс для першых тэхналагічных пакаленняў пісьменнікаў. З гэтага пункту гледжання мадэрнісцкая мова была, па сутнасці, класіцысцкай, гуманістычнай. Насуперак гэтаму непераемнасць, эліпсіс, дэканструкцыя класічных наратыўных складнікаў, у тым ліку герояў, затуманьванне апавядальнай перспектывы і адасабленне аўтарскага суб’екта – гэта ўжо атрыбуты другой паловы стагоддзя. Стэрэатыпы і труізмы, палітычныя і рэкламныя слоганы, а таксама ўсюдыісныя моўныя клішэ (якія Оўржаднік бліскуча выкарыстаў ужо ў сваёй папярэдняй празаічнай кнізе «Год дваццаць чацвёрты») сігналізуюць пашырэнне бездані паміж традыцыйнымі грамадскімі каштоўнасцямі і тэхналагічна-спажывецка-ідэалагічным дыскурсам, уласцівым заходняму грамадству апошніх трыццаці ці сарака гадоў. Мадэрнізм жыў перакананнем, што ў грамадскім дыскурсе эстэтыка можа замяніць мараль (якая так ці інакш у эстэтыцы прысутнічае), тым часам як постмадэрнізм базуецца на меркаванні, што мараль эстэтыцы чужая, а мо нават і шкодная. Бог памёр, але чалавек (нягледзячы на гэта) мае душу, – абвяшчаў мадэрнізм; Бог памёр, і таму ніякая душа чалавеку не патрэбная, – кажа постмадэрнізм, – трэба знайсці нешта іншае. Што – пакуль застаецца таямніцай, але тым цікавей. З вялікай доляй праўдападобнасці можна меркаваць, што ля вытокаў «Года дваццаць чацвёртага» стаяла пытанне, якім чынам і ці ўвогуле магчыма перадаць атмасферу пэўнай эпохі на максімальна абмежаванай прасторы, не звяртаючыся да рэалістычных жанраў кшталту гістарычнага рамана альбо мемуараў у традыцыйным разуменні. Ля вытокаў «Еўрапеаны», хутчэй за ўсё, стаяла такое самае пытанне. У абодвух тэкстах мы знойдзем Оўржаднікаву чуйнасць да кплівай імітацыі, абодва тэксты напісаныя тым самым містыфікатарска-наіўным тонам. Аднак на гэтым падабенствы канчаюцца: «Год дваццаць чацвёрты» апісвае вакуум сямідзесятых-васьмідзесятых гадоў у нармалізаванай Чэхаславакіі (і аўтару давялося шукаць спосаб, як гэты вакуум запоўніць), а галоўная задача «Еўрапеаны» – перадаць імклівасць ХХ стагоддзя (і аўтар быў вымушаны максімальна рэдукаваць гістарычныя і грамадскія падзеі). «Год дваццаць чацвёрты» – гэта сведчанне пра адну канкрэтную супольнасць у дадзенай гістарычнай эпосе; «Еўрапеана» – гэта невясёлы погляд на чалавецтва, гэта (насуперак іранічнай стрыманасці) квазіголанаўскі опус чалавека, які не мае ілюзій аб свеце без трансцэндэнцыі. Канечне, магчыма, што калі б камуністычная палітыка нармалізацыі працягвалася дагэтуль, мы б знайшлі ў «Годзе дваццаць чацвёртым» больш скепсісу, чым знаходзім там сёння, аднак нармалізацыя, на шчасце, скончылася, тады як ХХ стагоддзе, відаць, на жаль, пэўны час яшчэ будзе працягвацца. А галоўнае, «Год дваццаць чацвёрты» – гэта адзін голас, хай сабе ён і належыць цэламу калектыву ці нават пакаленню. У «Еўрапеане» ж апавядальнік знікае, ці, дакладней кажучы, гуляе з чытачом у хованкі, голас суб’екта-апавядальніка азываецца ў кнізе вельмі рэдка, і менавіта гэтая рэдкасць, гэтае далікатнае і асцярожнае «рассакрэчванне» эмоцый надае тым пасажам неверагодную інтэнсіўнасць. Постмадэрнісцкая эстэтыка Патрыка Оўржадніка такім чынам парадаксальна пачынае працаваць на карысць гуманістычнага сведчання аб чалавеку і людзях у свеце ў ХХ стагоддзі, такім шматабяцальным і разам з тым самым кровапралітным у гісторыі. Тым, каму аўтараў змрочны пералік палеглых салдатаў у кіламетрах падасца цынічным альбо ягонае апісанне чалавечых пакут недастаткова гуманістычным, хочацца нагадаць, што галоўная задача гуманізму – вызначыць негуманнасць. Таксама напрошваецца паняцце, якім часта аперуе літаратура мадэрнізму і постмадэрнізму, – паняцце расчаравання; розніца толькі ў тым, што ў Оўржадніка мы маем пачуццё, у ягоным выпадку гэта нешта неасабістае, звышасабістае, нейкае расчараванне самой эпохі, актыўнае самарасчараванне заходняга грамадства. Цыклічнасць матываў, фрагментарнасць тэксту – абраная форма ўжо сама сабою стварае «кароткі нарыс гісторыі дваццатага стагоддзя». Пры гэтым з асаблівай увагай разглядаюцца тэмы, якія аўтар лічыць самымі характэрнымі для мінулага стагоддзя: саентызм, камунізм, нацызм, станаўленне спажывецкага грамадства, эмансіпацыя жанчын, тэхналагічная рэвалюцыя, змены грамадскага дыскурсу і г. д. Спалучэнне элементаў белетрызацыі з эсэістычнымі развагамі над пытаннямі гісторыі, культуры і філасофіі вядзе да амбівалентнасці, якая няўмольна штурхае чытача ў пастку. Калі мы вырашым чытаць тэкст як фікцыю, да чаго нас схіляе тон апавядальніка, гульня з асацыяцыямі і канатацыямі, анекдатычныя эпізоды і сухі гумар маргіналій (іх акурат дзвесце, па дзве на кожны год, напрыклад: Каб ядро засталося здаровае, Албанскі этнас, Arbeit macht frei, ці: Жанчыны – чалавечыя істоты, Жыды хочуць згвалціць Еўропу, Дажынкі ў раёне), то акрамя згаданых момантаў мы асабліва адзначым аўтаравы парафразы сутнасці і здабыткаў цэлай плоймы грамадскіх і дакладных навук, нібыта пазбіраныя для гіганцкай універсальнай энцыклапедыі ў духу Флабэравых камічна-абсурдных герояў Бувара i Пекюшэ. Але ўрыўкі з малаверагодных гісторый, цытаванне і парафразаванне пераплятаюцца са звесткамі пра жахі Першай і Другой сусветных войнаў, пра злачынствы камунізму і нацызму, і тут строгая мова лічбаў і датаў нам падказвае, што гэтыя жахі – рэальныя, што гэта – дакументальнае сведчанне, рэчаіснасць, якая пераўзыходзіць нават самую змрочную фікцыю. І тады ўсе тыя грамадска-навуковыя клішэ і стэрэатыпы робяцца ва ўспрыманні нейкімі больш рэалістычнымі, пластычнымі, чалавечнымі... Аднак рух гэты двухбаковы: калі мы, наадварот, зірнём на тэкст як на гістарычна-філасофскае эсэ пра Еўропу ХХ стагоддзя, нас – насуперак гістарычнай фактаграфіі – паступова пачне ахопліваць неспакой, няпэўнасць, нездаволенасць: ці магчыма, каб тое, што сцвярджалі розныя філосафы, антраполагі, матэматыкі, астрафізікі, лінгвісты, сацыёлагі, псіхолагі і г. д., таксама было – як і рэфрэнны «голас народу» (што людзі казалі, што думалі, чаго чакалі) – толькі прыдумкай, пародыяй, фікцыяй? Нішто нам не дасць ключа, які б умагчыміў зачыніць за Оўржаднікавым тэкстам браму і сысці з адчуваннем, што мы дакапаліся да адказу.
Што ёсць праўда? Праўда гісторыі? Літаратурная праўда тэксту? Праўда утопій? Праўда памяці? На гэтыя пытанні Оўржаднік нам адказу не дасць, альбо, дакладней, ён нязмушана прапануе іх нам столькі (прыблізна як на распродажы тавараў па зніжаных коштах у старызнікаў ХХ стагоддзя), што вынік атрымаецца такі самы. Аднак пэўны след нам можа даць даведзеная да крайнасці спекуляцыя аб аварыі электронных сістэм, Millennium Bug: калі б кампутары ў навагоднюю ноч 1999/2000 ідэнтыфікавалі летазлічэнне памылкова, то атрымалася б, «нібыта дваццатага стагоддзя і замаху на жыццё спадкаемца аўстрыйскага трону ніколі і не было». Нібыта ніколі не было дзвюх сусветных войнаў, бальшавіцкай рэвалюцыі, канцэнтрацыйных лагераў, халоднай вайны і жалезнай заслоны, 1960-х гадоў і спажывецкага, медыяльнага альбо постіндустрыяльнага грамадства, кантрацэпцыі і чалавека на Месяцы, глабальнай вёскі і дзяцей з прабіркі, падзення Берлінскай сцяны і «канца гісторыі», кланаваных жывёл і трансгенных раслін. Нібыта ніколі не пачынаўся час cyberspace, якому на змену мусіла прыйсці татальна аптымізаваная, пазітыўная і вытворчая гіпердэмакратыя гіперграмадзянаў... Калі кіравацца Оўржаднікавай іранічнай логікай да канца, то ўсё ХХ стагоддзе сталася б фікцыяй, альбо, дакладней, іншым падабенствам фікцыі.
Памяць – памяць гістарычнага працэсу, гістарычнай навукі, удзельнікаў, «памяць памяці» – ёсць адной з самых дыскусійных тэмаў еўрапейскай філасофіі канца ХХ стагоддзя. Сведкаў падзей, з якіх гэтае стагоддзе сфармавалася, робіцца менш з такой самай хуткасцю, з якой большае колькасць папулярызатарскіх публікацый, дакументальных перадач на тэлебачанні і спрэчак сярод гісторыкаў. За апошнія трыццаць-сорак гадоў гістарыяграфія зазнала большыя змены і ўзрушэнні, чым за ўсё сваё папярэдняе існаванне, і ўсё гэта ўрэшце прывяло да кур’ёзнай сітуацыі, калі гісторыкі ўжо не ўпэўнены нават у тым, што павінна быць аб’ектам іх даследавання, інакш кажучы, што, уласна, ёсць гісторыяй. Толькі адзіная рэч здаецца пэўнай: на парозе ХХІ стагоддзя мы апынуліся ў палоне ў нашай памяці, падобна як уся заходняя культура апынулася ў палоне сваіх гістарычных памылак, хібаў, утопій і эйфарый. Выніковым прадуктам гэтай сітуацыі ёсць перманентная пена дзён: чалавек канца ХХ стагоддзя, адукаваны, начытаны і інтэлектуальна самадастатковы як ніколі дагэтуль у той жа час дасягнуў небывалай ступені інфантыльнасці. Ён пакутуе за няма што, прагне прызнання хоць ад кагосьці, упіваецца нарцысізмам, грэецца ў арэоле сваёй непатрэбнасці і інтэнсіўна камунікуе з кім заўгодна пра што заўгодна з дапамогай знакаў, якія нешта значаць, але нічога не выражаюць. І пра гэта таксама гэтая кніга. У вывучэнні мовы і дыскурсу як праявы калектыўнай памяці Оўржаднік – некалькіразовы рэцыдывіст: кніга за кнігай (хай ужо гаворка пра яго незвычайныя слоўнікі, паэзію альбо эсэістыку) ён даводзіць, што калі існуе грамадзянская праўда эпохі, то гэтую праўду – магчымасць – трэба шукаць перадусім у мове. Тое, што робіць кнігі Оўржадніка унікальнымі, – не толькі ягоная сімпатыя да эксперыментальных формаў, якія даюць яму магчымасць зірнуць з новых пазіцый, але і лёгкасць, з якой ён жанглюе мовай эпохі, і спосаб, якім умее выразіць сутнасць грамадства і ягоных агульнапрынятых дыскурсаў уяўна наіўным, адцягненым, аддалена іранічным тонам. Уласна, дзе ў Оўржадніка пачынаецца іронія?
З чэшскай мовы пераклала Юлія Сматрычэнка паводле: Vlastimil Hárl. Fikce reality, nebo realita fikce // Patrik Ouředník. Europeana. – Praha – Litomyšl, 2001. ❏ |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |