A R C H E П а ч а т а к № 4 (44) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


4-2006
" да Зьместу "

 



выбары-2006 • аналітыка • літаратура • гісторыя • эсэістыка

 


літаратура

  ПАТРЫК ОЎРЖАДНІК

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны фрагмэнт ілюстрацыі да кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Гапон» (1855). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Патрык Оўржаднік
Еўрапеана

Кароткі нарыс гісторыі дваццатага стагоддзя


Амерыканцы, што загінулі ў 1944 годзе ў Нармандыі, былі рослыя хлопцы, у сярэднім 173 сантыметры, і калі б іх пакласці аднаго за адным ушчыльную ступакамі да цемені, то атрымаўся б ланцуг даўжынёю 38 кіламетраў. Немцы таксама былі рослыя хлопцы, але ўсё ж самыя высокія былі сенегальскія стралкі Першай сусветнай, тыя былі ростам у сярэднім 176 сантыметраў, і таму іх заўсёды пасылалі на перадавую, каб нагнаць на немцаў страху. Пра Першую сусветную вайну казалі, што людзі падчас яе падалі, як снапы, а рускія камуністы пазней падлічылі, колькі з аднаго кіламетра трупаў атрымаецца ўгнаенняў і колькі грошай можна зэканоміць на дарагіх замежных угнаеннях, калі замест гною скарыстаць трупы здраднікаў і злачынцаў. А англічане прыдумалі танкі, а немцы газ, якому далі назву іпрыт, таму што немцы яго ўпершыню скарысталі пад горадам Іпр, але кажуць, што гэта недакладныя звесткі, а яшчэ гэты газ называлі «гарчыца», бо ён шчыпаў у носе, не раўнуючы як гарчыца з Дыжона, і гэта, відаць, праўда, бо некаторыя вайскоўцы, што вярнуліся пасля вайны дадому, ужо больш ніколі не хацелі есці дыжонскай гарчыцы. Пра Першую сусветную вайну казалі, што гэта была вайна імперыялістычная, бо немцам здавалася, нібыта астатнія краіны супраць іх перадузята настроеныя і таму заступаюць ім дарогу, не даючы зрабіцца імперыяй і здзейсніць такім чынам нейкае гістарычнае наканаванне. А большасць людзей у Еўропе: у Германіі, Аўстрыі, Францыі, Сербіі альбо Балгарыі — былі перакананыя, што гэта вайна патрэбная і справядлівая, і што яна ўсталюе ў свеце мір. А яшчэ шмат людзей меркавала, што вайна ажыўляе ў чалавеку добрыя якасці, якія сучасны прамысловы свет занядбаў, — такія як любоў да радзімы, адвага і самаахвярнасць. А бяднейшыя людзі не маглі дачакацца, як праедуцца на цягніку, а вяскоўцы не маглі дачакацца, як пабачаць вялікія гарады і як патэлефануюць на раённую пошту і прадыктуюць жонцы тэлеграму: «У МЯНЕ ЎСЁ ДОБРА, СПАДЗЯЮСЯ, ШТО Ў ЦЯБЕ ТАКСАМА ЎСЁ ДОБРА». Генералы з нецярплівасцю чакалі, калі пра іх пачнуць пісаць у газетах, а людзі з нацыянальных меншасцяў радаваліся, што будуць ваяваць разам з тымі, хто гаворыць без акцэнту, што разам з імі будуць спяваць шыхтовыя песні і вясёлыя куплеты. І ўсе думалі, што вернуцца дадому на збор вінаграду ці самае позняе — на Каляды.

Некаторыя гісторыкі пазней казалі, што дваццатае стагоддзе пачалося, па сутнасці, у 1914 годзе, разам з пачаткам вайны, бо гэта была першая ў гісторыі вайна, у якой узяло ўдзел гэтулькі краін і палегла гэтулькі народу, і гэта была першая вайна, падчас якой лёталі дырыжаблі і аэрапланы і бамбілі тылы, і гарады, і цывільных жыхароў, а падводныя лодкі тапілі караблі, а гарматы стралялі навесным агнём на адлегласць дзесяць ці нават дванаццаць кіламетраў. А немцы вынайшлі газ, а англічане — танкі, а навукоўцы вынайшлі ізатопы і прыдумалі тэорыю адноснасці, згодна з якой не было нічога метафізічнага, а ўсё было адносным. А калі сенегальскія стралкі ўпершыню ўбачылі самалёт, то падумалі, што гэта такая свойская птушка. А адзін сенегальскі салдат вырэзваў з забітых коней кавалкі мяса і кідаў іх як мага далей ад сябе, каб адцягнуць увагу самалётаў. І салдаты насілі зялёныя уніформы і камуфляж, бо не хацелі, каб вораг іх заўважыў, і для тых часоў гэта было надзвычай прагрэсіўна, бо ў папярэдніх войнах салдаты насілі вельмі кідкія каляровыя уніформы, каб іх было відаць здалёк. А ў паветры лёталі дырыжаблі і аэрапланы, і таму коні часта пудзіліся. А пісьменнікі і паэты шукалі спосаб, як усё гэта найлепш перадаць у сваіх творах, і ў 1916 годзе прыдумалі дадаізм, бо ім здавалася, што ўвесь свет з’ехаў з глузду. А ў Расіі прыдумалі рэвалюцыю. А салдаты насілі на шыі ці на запясці бірку са сваім імем і нумарам палка, каб было вядома, хто ёсць хто і куды пасылаць спачувальную тэлеграму, а калі выбухам салдату адрывала галаву ці руку і бірка гублялася, у ваенным штабе вырашалі, што гэта быў невядомы салдат, і ў многіх сталіцах такім салдатам узвялі вечны агонь, каб людзі пра іх не забыліся, бо агонь захоўвае памяць пра нешта даўняе. А палеглых французаў было цалкам 2681 кіламетр, а палеглых англічан было 1547 кіламетраў, а палеглых немцаў — 3010 кіламетраў пры сярэдняй даўжыні аднаго трупа 172 сантыметры. А ўсяго па ўсім свеце загінула 15 508 кіламетраў салдат. А ў 1918 годзе па ўсім свеце распаўсюдзіўся грып, які называлі «іспанка», і гэты грып забіў больш за дваццаць мільёнаў чалавек. Пацыфісты і антымілітарысты пазней казалі, што гэта таксама былі ахвяры вайны, бо і салдаты, і цывільнае насельніцтва жылі ў дрэнных гігіенічных умовах, але эпідэміёлагі сцвярджалі, што грып забіў больш людзей у тых краінах, дзе вайны не было: на ціхаакіянскіх выспах, у Індыі альбо ў Злучаных Штатах, а анархісты казалі, што так і павінна быць, бо свет прагніў і блізіцца да свае пагібелі.

  (Patrik Ouředník, нар. 1957) — паэт, пісьменьнік, перакладчык, з 1985 г. жыве ў Парыжы. Перакладае творы францускіх пісьменьнікаў (Рабле, Жары, Кено, Бэкет, Мішо, Віян і інш.) на чэскую мову і чэскіх (Грабал, Забрана, Голан, Скацал і інш.) на францускую. Па-чэску сярод іншага выдаў празаічную кнігу «Год дваццаць чацьверты» («Rok čtyřiadvacet», 1995), паэтычныя зборнікі «Альбо» («Anebo», 1992), «Ня кажучы ўжо пра» («Neřkuli», 1996) і «Дом босага» («Dům bosého», 2004). Оўржаднік — аўтар нашумелага слоўніка табуяванай лексыкі чэскай мовы «Šmírbuch jazyka českého» (1988) і слоўніка біблейскіх выслоўяў «Aniž jest co nového pod sluncem» (1994).


Англічане прыдумалі танкі

Шыхтовыя спевы

Немцы вынайшлі газ

Свет блізіцца да пагібелі

   

Аднак іншыя гісторыкі казалі, што насамрэч дваццатае стагоддзе пачалося раней, што ля яго вытокаў стаяла прамысловая рэвалюцыя, якая разбурыла традыцыйны свет, і што ва ўсім вінаватыя лакаматывы і параходы. А іншыя, наадварот, сцвярджалі, што дваццатае стагоддзе пачалося тады, калі стала вядома, што людзі паходзяць ад малпаў, а некаторыя людзі казалі, што паходзяць ад малпаў у меншай ступені, чым астатнія, бо яны хутчэй пасунуліся наперад у сваім развіцці. Потым людзі пачалі параўноўваць мовы і разважаць, чыя мова самая развітая і хто найдалей прасунуўся ў цывілізацыйным працэсе. Часцей за ўсё рабілася выснова, што гэта французы, бо ў Францыі адбываліся розныя цікавыя рэчы, і французы ўмелі камунікаваць, і ўжывалі кан’юнктыў і пазамінулы ўмоўны лад, і спакусліва ўсміхаліся жанчынам, а жанчыны танцавалі канкан, а мастакі прыдумалі імпрэсіянізм. Немцы ж казалі, што сапраўдная цывілізацыя павінна быць простая і блізкая да народу, і што гэта яны прыдумалі рамантызм, і шмат нямецкіх паэтаў пісалі пра каханне, а ў далінах слаліся туманы. Немцы казалі, што менавіта яны — сапраўдныя носьбіты еўрапейскай цывілізацыі, бо яны ўмеюць ваяваць і гандляваць, а таксама ладзіць розныя забавы. І яшчэ казалі, што французы фанабэрыстыя, а англічане пагардлівыя, а ў славянаў няма прыстойнай мовы, а мова — гэта ж душа народу, а славянам ніякая нацыя і дзяржава не патрэбныя, бо гэта б ім толькі задурыла галаву. А славяне, наадварот, казалі, што гэта ўсё няпраўда, што насамрэч яны маюць мову, якая за ўсе мовы старэйшая, і што гэта вельмі лёгка даказаць. А рускія казалі, што ўся Еўропа прыйшла ў заняпад, і што каталікі і пратэстанты Еўропу зусім сапсавалі, і яны прапаноўвалі выгнаць туркаў з Царграда, а потым далучыць Еўропу да Расіі, каб уратаваць веру.

Першую сусветную вайну таксама называлі «акопнай», бо праз пару месяцаў пасля яе пачатку фронт знерухомеў і салдаты пахаваліся ў акопах, якія ператварыліся ў багну, а ўначы ці на досвітку кідаліся ў атакі, каб адваяваць дваццаць, трыццаць ці пяцьдзесят метраў варожай тэрыторыі. І ўсе насілі зялёныя ці маскавальныя уніформы, і бамбілі адзін аднаго, і стралялі адзін у аднаго. У немцаў былі мінамёты, а ў французаў мартыры, і таму яны маглі страляць адны ў адных навесным агнём. Калі якая-небудзь рота кідалася ў атаку, салдатам даводзілася пераскокваць цераз чужыя траншэі, перарэзваць калючы дрот і не забывацца пра міны, а вораг тым часам страляў па іх з кулямётаў. І ў гэтых акопах салдаты сядзелі цэлыя месяцы і нават гады, яны нудзіліся, баяліся, гулялі ў карты і прыдумвалі для акопаў, траншэяў і калідораў розныя назвы. Французы прыдумалі назвы «У СЛІМАКОЎ», «ПЛОШЧА ОПЕРЫ», «ГАЛЕЧА», «НЯЎДАЧА», «У ДЭЗЕРТЫРА», «НЯНАВІСЦЬ», «ГАЛАВАЛОМКА», а немцы прыдумалі назвы «ГРЭТХЕН», «БРУНГІЛЬДА», «ТОЎСТАЯ БЕРТА» і «СВІНІНА З КАПУСТАЙ». Немцы казалі, што французы фанабэрыстыя, а французы казалі, што немцы нецывілізаваныя. І ўжо ніхто не спадзяваўся, што да Калядаў вернецца дадому, і ўсе пачуваліся пакінутымі, непатрэбнымі і нялюбымі. З ваенных штабоў даходзілі весткі, што вайна памалу сунецца да свайго канца і што не трэба маркоціцца і падаць духам, а трэба мець цярплівасць і думаць пазітыўна. А ў 1917 годзе адзін італьянскі салдат пісаў у лісце сваёй сястры: «Я адчуваю, як усё добрае, што было ўва мне, паціху знікае, і я з кожным днём здаюся сабе ўсё больш пазітыўным». А для дактароў было вялікай загадкай, чаму ў гэтых траншэях не пачаўся паморак, бо разам з салдатамі там жылі пацукі, якія карміліся трупамі, а жывых грызлі за пальцы і насы. У ваенных штабах баяліся, што пачнецца эпідэмія і вораг зможа заняць абарончыя пазіцыі, і таму абвясцілі ўзнагароду за кожнага забітага пацука, і салдаты стралялі ў пацукоў і адрэзвалі ім хвасты, а ўвечары здавалі іх спецыяльна прызначанаму адказнаму за пацучыныя хвасты, які іх падлічваў і казаў, хто колькі за дзень зарабіў, але грошай ніхто так і не ўбачыў, бо на гэта не былі вылучаныя сродкі. Разам з салдатамі таксама жылі вошы. Здаралася, што, падпільноўваючы ворага, салдаты чулі, як варожы салдат шкрабецца, і гэткім чынам даведваліся, дзе той схаваўся. Потым у тое месца стралялі і кідалі гранаты, аднак вошай менш не рабілася і ворагаў таксама.

У дваццатым стагоддзі адбыўся адыход ад традыцыйнага веравызнання, бо калі людзі даведаліся, што паходзяць ад малпаў, і што могуць падарожнічаць на цягніку, і тэлефанаваць, і плаваць на падводнай лодцы, яны пачалі паступова адыходзіць ад рэлігіі, і чым далей, тым менш хадзілі ў храм і казалі, што ніякага Бога няма, і што рэлігія робіць народ цёмным і забітым, і што яны за пазітывізм. Пазітывізм была такая філасофская дактрына, якая абвяшчала, што чалавечае разуменне свету — гэта вынік напрацовак прыродазнаўчых і сацыяльных навук, і што праўдай можна лічыць толькі тое, што можна навукова праверыць, і што метафізіка — гэта лухта. Пазітывісты не верылі ні ў якага Госпада Бога, хаця некаторыя спачатку казалі, што існуе нейкая вышэйшая сіла, што навукова гэта цалкам дапушчальна, хоць гэтага і нельга спраўдзіць. Аднак навукоўцы казалі, што жыццё — гэта ўсяго толькі вынік збегу акалічнасцяў, і што парадак узнік з хаосу, і не верылі, што свет быў створаны шэсць тысяч гадоў таму, як сцвярджала хрысціянская традыцыя. А астрафізікі казалі, што ўсё гэта толькі кваркі, атамы і газы, і што ўзрост сусвету — дванаццаць ці нават пятнаццаць мільярдаў гадоў, і што сусвет увесь час расце, але не ведалі, ці будзе ён расці бясконца, ці мо аднойчы зноў пачне сціскацца альбо нават выбухне. Вернікі ж казалі, што няхай сабе чалавек і паходзіць ад малпаў, няхай сабе й складаецца з кваркаў, атамаў і газаў, аднак гэта нічога не мяняе, бо ўсё ж такі нехта павінен быў стварыць малпаў і кваркі. І што зусім не важна, ці ўзнік сусвет шэсць тысяч альбо пятнаццаць мільярдаў гадоў таму, бо галоўнае тое, што было да стварэння сусвету, а пра гэта навука маўчыць. Астрафізікі казалі, што перад гэтым не было нічога, а вернікі казалі, што менавіта так і сказана ў Бібліі. З цягам часу пазітывізм страціў сваю прыцягальнасць, бо людзі не ведалі, як быць з падлодкамі і з атамнай бомбай, і пачалі шукаць шляхоў, каб дасягнуць сякой-такой трансцэндэнцыі. А некаторыя вучоныя меркавалі, што навуковыя доследы зусім не абвяргаюць Госпада Бога, і нягледзячы на тое, што навука не можа прывесці бясспрэчных доказаў існавання Бога ці нейкай вышэйшай сілы, усё ж такі навука здольная даць абгрунтаваны адказ на вечныя чалавечыя пытанні, бо сэнс жыцця і божы замысел — гэта адно і тое ж. А філосафы разважалі, ці не мог бы Бог існаваць хаця б віртуальна, аднак гэта ўжо быў аксюмаран.

Напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя людзі ў гарадах чакалі наступу новага веку з яўнай нецярплівасцю, бо ім здавалася, што дзевятнаццатае стагоддзе вызначыла шляхі, па якіх чалавецтва будзе крочыць наперад. І што ў будучым усе будуць тэлефанаваць, і падарожнічаць на параходах, і ездзіць на эскалатарах з рухомымі парэнчамі, і паліць якасным вугалем, і мыцца ў ванне хоць сабе кожны тыдзень. А электрамагнітны тэлеграф і бяздротавы тэлефон будуць пераносіць чалавечыя думкі і мары ў прасторы з хуткасцю маланкі, і гэта дапаможа чалавечай супольнасці дасягнуць гармоніі, каб жыць у міры і згодзе. І вялікай падзеяй была выстава ў Парыжы ў 1900 годзе, якая на парозе новага веку адзначала надыход светлай будучыні і адкрыццё новых шляхоў, па якіх чалавецтва будзе крочыць наперад, і наведнікі ездзілі на эскалатарах, і захапляліся вынаходніцтвамі, і дзівіліся новым мастацкім кірункам. І ўсе былі ўпэўненыя, што дваццатае стагоддзе дасць рады галечы і цяжкай фізічнай працы, і што магчымасці, якія дае электрычнасць, пераўзыдуць самыя неверагодныя мары. І што ўсе будуць атрымліваць сацыяльнае забеспячэнне і будуць мець тыдзень аплатнага адпачынку. І што людзі будуць жыць камфортна, гігіенічна і дэмакратычна, і што дэмакратычна будуць жыць нават жанчыны, і яны будуць мець права голасу і браць удзел у выбарах дэпутатаў. І ўсе з нецярплівасцю чакалі дваццатага стагоддзя і казалі, што ў чалавецтва ёсць новы шанец, і што трэба вучыцца на памылках мінулага. Жанчыны атрымалі права голасу ў 1906 годзе ў Фінляндыі, а ў 1913 годзе ў Нарвегіі, а ў 1915 годзе ў Даніі і г. д., а з цягам часу таксама захацелі вучыцца і атрымліваць дыпломы, і займацца палітыкай і навукай, і ваяваць у шэрагах арміі за справядлівы мір. Большасць мужчынаў не згаджалася з патрабаваннямі жанчын напоўніцу і лічыла, што жанчыны добра спраўляюцца перадусім з сямейнымі абавязкамі і дробнай працай па гаспадарцы, а мужчыны лепш разбіраюцца ў арганізацыі грамадства, маюць больш развітае абстрактнае мысленне і пачуццё калектывізму і лепш умеюць ладзіць забаўляльныя мерапрыемствы. А ў некаторых дэмакратычных дзяржавах быў прыняты закон, што ў парламенце павінна быць аднолькавая колькасць мужчынаў і жанчын, але некаторыя жанчыны казалі, што гэта недэмакратычна, бо жанчыны — гэта, перш за ўсё, чалавечыя істоты. І што несправядліва, каб яны толькі нараджалі дзяцей, мылі пялюшкі і ўсё такое і чакалі, калі муж прынясе заробак. А некаторыя мужчыны казалі, што яны з большай ахвотай засталіся б дома і мылі б пялюшкі і ўсё такое замест таго, каб хадзіць на працу, а ў Швецыі, дзе была моцная сацыяльная палітыка, было шмат мужчынаў, якія атрымлівалі грошы за тое, што іхнія жонкі ходзяць на працу. І, згодна са шматлікімі даследаваннямі, многія людзі лічылі, што самай вялікай падзеяй стагоддзя было вынаходніцтва кантрацэпцыі, бо адгэтуль жанчыны маглі класціся ў ложак, калі і з кім ім захочацца, і ўжо не мусілі баяцца зацяжараць, і такім чынам змаглі дасягнуць сексуальнай, а адначасова і эканамічнай незалежнасці, бо цяпер яны маглі з большым поспехам прэтэндаваць на важныя пасады і ўжо больш не млелі, убачыўшы мыш, бо перасталі падпарадкоўвацца маскулінным стэрэатыпам пра жанчын. Сацыёлагі казалі, што традыцыйная мадэль жанчыны ў заходнім грамадстве незваротна пераадоленая, бо жанчыны, якія стагоддзямі жылі паводле законаў натуральнай гаспадаркі, дзякуючы кантрацэпцыі перайшлі да дагаворнай сістэмы. І што эмансіпацыя жанчын — гэта, па сутнасці, парадокс прымусовай свабоды, бо жанчыны маюць чым далей тым большыя абавязкі і нясуць большую адказнасць, і нават тое, што раней лічылася вялікімі сацыяльнымі здабыткамі і прывілеямі, напрыклад, забарона начной працы альбо дэкрэтны адпачынак і да т. п., цяпер успрымаецца жанчынамі як форма ўціску.

У канцы дваццатага стагоддзя людзі дакладна не ведалі, калі трэба святкаваць пачатак новаго тысячагоддзя — у 2000 ці ў 2001 годзе. Для людзей, якія чакалі канца свету, гэта было прынцыпова, аднак большасць людзей у канец свету не верыла, і ім было на гэта пляваць. Іншыя людзі чакалі канца свету, аднак лічылі, што ён настане ў які-небудзь звычайны дзень. А некаторыя хрысціяне казалі, што на самай справе ўжо ўсё адно 2004 год, бо Ісус нарадзіўся на чатыры гады раней, чым прынята лічыць. А паводле габрэйскага календара ўжо быў 5760 год, а паводле мусульманскага ўсяго толькі 1419, але і паводле юліянскага календара было менш, чым паводле грыгарыянскага, і таму, напрыклад, Кастрычніцкая рэвалюцыя адбылася ажно ў лістападзе. А будыстам было таксама ўсё адно, бо паводле будысцкага календара быў 2542 год будашакараянскай эры, і будыстаў хутчэй цікавіла, кім яны будуць у наступным жыцці — жабай альбо малпай і да т. п. Будызм і даасізм у дваццатым стагоддзі здабылі ў Еўропе шмат прыхільнікаў, якія ляскалі ў гонгі, дыхалі дыяфрагмай, вялі гутаркі пра інь і ян, пісалі містычныя кніжкі і казалі, што ў свеце поўна таямніц, але толькі на першы погляд, бо на самай справе ўсюды пануе гармонія. А калі з кім-небудзь здаралася штосьці загадкавае, ён пісаў пра гэта кніжку, бо настала медыяльная эра, і кожнаму хацелася напісаць кніжку. І больш, чым канца свету, людзі баяліся тэрарыстычных актаў і аварый электронных сістэм, якія б маглі вывесці са строю і тэлевізары, і відэамагнітафоны, і мікрахвалёўкі, і банкаматы, і аэрапорты, і электронныя шыльды на дарогах, і святлафоры ў гарадах, і ліфты ў новабудоўлях. Тэрарыстычныя акты ў дваццатым стагоддзі значна пачасціліся, бо гэта быў спосаб, як прадэманстраваць, што нехта з чымсьці глыбока ня згодны, і самым вядомым было забойства ў Сараеве ў 1914 годзе спадкаемца аўстрыйскага трону, якое сталася зачэпкай для развязання Першай сусветнай вайны, а тым самым адзначыла пачатак дваццатага стагоддзя. Аварыю электронных сістэм, ад якой засцерагалі навукоўцы, называлі «Памылка 2000» альбо «MILLENNIUM BUG», і яна магла адбыцца 31.12.99 апоўначы, калі дата мянялася на 1.1.00, таму што большасць праграм карысталася двухскладнікавым летазлічэннем, і была небяспека, што электронныя сістэмы будуць успрымаць 2000 год як 1900, нібыта дваццатага стагоддзя і замаху на жыццё спадкаемца аўстрыйскага трону ніколі і не было.

Жанчыны адыгрывалі падчас Першай сусветнай вайны вялікую ролю, бо шмат мужчынаў ваявала на франтах, а жанчыны за іх павінны былі працаваць на заводах, у грамадскім транспарце і да т. п. Падчас Першай сусветнай узнікла таксама і ваенная прапаганда, бо вайна была ўсюды, у тым ліку і ў тыле, і каб яна як мага хутчэй скончылася, людзі павінны былі рашуча ахвяраваць сабою. І аўстрыйскія жанчыны з плакатаў гукалі: «WIR HALTEN DURCH!», а брытанскія жанчыны з плакатаў гукалі: «WOMEN OF BRITAIN SAY — GO!», а венгерскія жанчыны з плакатаў гукалі: «HA MAJD EGISZER MINDNYAJAN VISSZAJOENNEK!», а італьянскія жанчыны з плакатаў гукалі: «SEMPRE AVANTI!», а французскія жанчыны з плакатаў гукалі: «ILS SONT BRAVES, NOS GARS!», а амерыканскія жанчыны з плакатаў гукалі: «GEE! I WISH I WERE A MAN! I’D JOIN THE NAVY!». І ўсё гэта азначала: Мы вытрымаем, наперад, аднойчы ён да нас вернецца, толькі наперад, нашыя хлопцы самыя смелыя, гэй, каб я была мужчынам, то адразу б пайшла ў маракі. Неўзабаве на плакатах пачалі з’яўляцца і дзеці, а на адным англійскім плакаце было намалявана яйка, з якога вылазіла немаўля са стрэльбай і штыком пад надпісам: «ЦІ ЁСЦЬ ТУТ ЯШЧЭ ЯКІ ФРЫЦ?». А ў міністэрствах асветы разважалі, якім чынам найлепш паспрыяць канчатковай перамозе. А немцы казалі, што французы ядуць жабаў, а рускія малых дзяцей, а французы казалі, што немцы ядуць малых дзяцей і каровіныя рубцы. Жанчыны таксама пасылалі невядомым салдатам на фронт пасылкі і лісты, а салдаты ім адказвалі і хацелі ведаць, колькі ім гадоў. Магло стацца, што салдат гінуў, не дачакаўшыся ліста, і тады камандзір шукаў у сваім падраздзяленні кагосьці з такім самым імем, каму ніхто не пісаў. А жанчыны пасылалі лісты, і працавалі на зброевых заводах, і выраблялі бомбы і атрутныя баявыя газы. У Англіі на зброевых заводах працавала мільён жанчын, і з іх прыкладна 18 у дзень слеплі і яшчэ колькі паміралі, атруціўшыся газам. У жанчын, якія працавалі на зброевых заводах, былі аранжавыя валасы і жоўтыя твары, і людзі называлі іх «канарэйкамі». А дактары лічылі, што дзве траціны з іх пасля вайны будуць бясплодныя. Баявыя газы выкарыстоўваліся для дэмаралізацыі варожых салдатаў, але прарваць варожую лінію фронту газ не мог. А салдаты, якія не паспелі надзець газаахоўнікі, махалі рукамі, быццам танулі. Хто ўмеў плаваць кролем, рабілі рухі, як пры плаванні кролем, а хто кролем не ўмеў, тыя плавалі брасам альбо па-сабачаму. І стараліся выплысці з газу куды-небудзь, дзе можна было дыхаць.

Перад Першай сусветнай вайной людзі ў гарадах свяцілі газніцамі, а на вёсцы свечкамі ці лучынамі, а ў печы палілі вугалем альбо дровамі, але неўзабаве да гарадоў дайшла электрычнасць, дзякуючы якой у новым стагоддзі мусілі здзейсніцца самыя неверагодныя мары. Людзі ў вёсках спачатку электрычнасці баяліся, да таго ж яны не ведалі, на якое ліха яна ім трэба, бо радыё ці грамафон былі мала ў каго. Толькі пасля Другой сусветнай вайны, калі пачалі выпускацца лядоўні, пральныя машыны, сокавыціскалкі і тэлевізары, людзі на вёсцы вырашылі, што будуць слухаць радыё і глядзець тэлевізар, каб ведаць, што робіцца ў гарадах, і патрабавалі ад уладаў, каб тыя паскорылі электрыфікацыю. Інжынеры называлі радыё «бяздротавая тэлефанія», і некаторыя старэйшыя людзі думалі, што радыё — гэта нешта накшталт тэлефона, і што яны плацяць грошы, каб ім нехта тэлефанаваў і казаў, дзе пачалася вайна. А калі людзі ўпершыню глядзелі тэлевізар, то думалі, што гэта як кінапраектар, які яны бачылі на выставе-кірмашы, і што нехта ў хаце — нявестка ці ўнук — жартуе з іх, круцячы ў суседнім пакоі ручку. А яшчэ некаторыя старэйшыя людзі адказвалі на пытанні, якія задавалі тэле- ці радыёвядучыя, напрыклад, калі нехта ў тэлевізары альбо ў радыё казаў: «ЯК ВЫ ДУМАЕЦЕ, ЧЫМ ГЭТА СКОНЧЫЛАСЯ?», людзі адказвалі: «ДАЛЬБОГ, НЕ ВЕДАЮ», альбо калі ў тэлевізары ці ў радыё казалі: «А ЯКОЕ Ж ЗАЎТРА БУДЗЕ НАДВОР’Е?», адказвалі «ХАЙ БЫ ЎЖО ДОЖДЖЫК ПАЙШОЎ, А ТО Ж ПАГАРЫЦЬ УСЁ». Таксама былі дасягнутыя вялікія поспехі ў галіне гігіены, бо перад Першай сусветнай вайной людзі мыліся рэдка, а нават калі і мыліся, то ўся сям’я — у адной балеі, ці нават уся сям’я разам з суседзямі і да т. п. У багатых людзей у гарадах з’явіліся ўласныя ванны, а з цягам часу і гарачая вада. Але астатнія людзі — і гараджане, і вяскоўцы — доўгі час цёплай вады баяліся, бо думалі, што ў ёй жывуць мікробы. Яны яшчэ дакладна не ведалі, што гэта такое, але ўяўлялі іх сабе як нешта, што да здаровага жыцця не пасуе. А дактары неслі ў народ асвету і тлумачылі, што ў цёплай вадзе мікробаў не больш, чым у халоднай, хоць гэта і не да канца высветлена. Такім чынам паступова было дасягнута тое, што і ў вёсках людзі пачалі рэгулярна мыцца — раз на месяц, ці на чатырнаццаць дзён, ці нават раз на тыдзень. А ў канцы стагоддзя людзі ў развітых краінах мыліся і прымалі душ двойчы на дзень ці нават часцей, і ва ўсіх былі унітазы і адрыўная туалетная папера ў рулонах. Адрыўную туалетную паперу прыдумаў адзін швейцарскі вытворца паперы ў 1901 годзе ў той самы дзень, калі швейцарскія ўлады выдалі Італіі анархіста, якога падазравалі ў замаху на жыццё італьянскага караля, і ў газетах пісалі, што гэта непрыкметнае, але важнае вынаходніцтва. А ў 1914 годзе адна францужанка прыдумала бюстгальтар, і газеты пісалі, што вынаходніцтва бюстгальтара падорыць жанчынам, якія мараць пра спартовы і сучасны лад жыцця, новыя магчымасці, а канец гарсэтаў — гэта канец старога свету, які, нібыта гарсэтам, быў сціснуты рознымі забабонамі. А ў 1935 годзе амерыканцы прыдумалі бюстгальтар з паралонавымі кошыкамі для жанчын з малымі грудзямі. А ў 1986 годзе ў заходніх гарадах жанчыны хадзілі на маніфестацыі за правы жанчын і наўмысна здымалі з сябе бюстгальтары перад журналістамі, каб паказаць, што правы павінны быць аднолькавыя як для мужчынаў, так і для жанчын. А спажыванне вады на аднаго жыхара вырасла з дзесяці літраў да ста пятнаццаці, і па ўсім свеце ўпаў узровень падземных водаў, і з’явілася пагроза, што праз пяцьдзесят ці праз сто гадоў вады пачне не ставаць.

У першы год ці мо паўтара пасля пачатку вайны часам здаралася, што салдаты пераставалі страляць адзін у аднаго, і на некалькі гадзін усталёўвалася нікім не абвешчанае замірэнне, і салдаты паводзілі сябе так, нібыта ніякай вайны няма. Пад Вакуа навучаны сабака бегаў ад нямецкіх ліній да англійскіх і назад і насіў салдатам хлеб, цыгарэты, шакалад і каньяк. У немцаў былі цыгарэты і шакалад, але не было хлеба і каньяку, а ў англічан хапала хлеба і каньяку, але было мала цыгарэт. А каля Прэдацца аўстрыйскія салдаты паслалі італьянцам ката з паперкай, на якой было напісана: «ПАСЫЛАЕМ ВАМ НАШАГА КАТА З ЦЫГАРАЙ». Цыгара была прывязаная матузком кату да спіны. Італьянцы скурылі цыгару, а ката забілі і з’елі. А ля Карансі на Шчадрэц у 1914 годзе нямецкія і французскія салдаты разам спявалі калядныя песні, пілі за здароўе і гарлалі адно аднаму анекдоты. А немцы крычалі французам, ці праўда, што тыя ядуць жабаў, а французы пыталіся ў немцаў, ці праўда, што ад піва расце барада. А ў ваенных штабах на гэтыя неабвешчаныя замірэнні заплюшчвалі вочы, бо для салдатаў гэта была магчымасць адпачыць, а значыць, можна было зэканоміць на звальненнях. А пазней нямецкае найвышэйшае камандаванне вырашыла, што было б шкада не выкарыстаць гэтыя неабвешчаныя замірэнні дзеля прапаганды і інфармавання ворага, і пачалі друкаваць улёткі і паштоўкі, якія потым нямецкія салдаты пасылалі цераз міннае поле разам з цыгарэтамі. На ўлётках было напісана, што англічане толькі ўдаюць, быццам дапамагаюць французам, што ўсходняга фронту ўжо няма, і што рускую армію ўжо загналі за Урал. А на паштоўках былі фатаграфіі французскіх салдатаў, што патрапілі ў нямецкі палон, і ў іх былі загарэлыя твары і чыстая уніформа.

Былі таксама людзі, якія з нецярплівасцю чакалі дваццаць першага стагоддзя і казалі, што для чалавецтва гэта новы шанец, што трэба вучыцца на памылках мінулага і ствараць новага чалавека, які будзе лепш адпавядаць новаму часу. І што калі людзі ўлічаць памылкі мінулага, не будзе больш ні войнаў, ні хваробаў, ні паводак, ні землятрусаў, ні эпідэмій, ні таталітарных рэжымаў, бо новы чалавек будзе дынамічны, талерантны і пазітыўны. Пра дваццатае стагоддзе казалі, што яно было самым знішчальным і жахлівым, і што так ці інакш горш ужо не будзе, але іншыя казалі, што горш можа быць заўсёды, ці прынамсі гэтак жа дрэнна. Некаторыя людзі, якія чыталі Біблію, казалі, што чалавецтва непапраўнае, і што ў Бібліі ўсё зашыфравана ў анаграмах, і што там, напрыклад, сказана, хто на каго і калі ўчыніць замах, дзе і калі будзе ўрадавы крызіс альбо пачнецца вайна, хто, дзе і як доўга будзе прэзідэнтам, альбо што там, напрыклад, напісана: «МІЛЬЁН ЗАБІТЫХ ПАД ВЕРДЭНАМ», ці: «ЦЫКЛОН Б», ці: «ХВАРОБА СНІД», ці: «ПАДЗЕННЕ КАМУНІЗМУ Ў РАСІІ», і ўсе даты і падрабязнасці, папросту ўсё, што было і што будзе, але што гэта нельга ведаць наперад, бо мы проста не ведаем, што трэба шукаць, а калі б мы ведалі, што трэба шукаць, то маглі б знайсці ўсё своечасова, але тады б ужо нічога не спраўдзілася, таму і няможна нічога знайсці. Яны казалі, што гэта можа падацца дзіўным, але што яны дасягнулі прасвятлення. А некаторыя казалі, што канец свету настане ўжо вельмі хутка, а іншыя казалі, што давядзецца яшчэ пачакаць. А антраполагі казалі, што канец свету для асобы і для супольнасці — гэта вельмі важна, бо памяць пра яго дае магчымасць перамагчы страх і агрэсіўнасць і скарыцца перад уласнай смерцю. А псіхолагі казалі, што важна, каб чалавек мог на нечым спагнаць агрэсію, і што лепш за ўсё для гэтага падыходзяць спартовыя спаборніцтвы, бо падчас іх усе пазбаўляюцца ад агрэсіі, а мёртвых пры гэтым нашмат менш, чым у вайну.

У нямецкай арміі ў 1944—1945 гадах ваявала паўмільёна жанчын, і некаторыя з іх працавалі ў так званых сапёрных брыгадах, каб нямецкім вайскоўцам было як адступаць, а іншыя жанчыны збівалі варожыя самалёты, што бамбардавалі нямецкія гарады. А чатыры мільёны жанчын працавалі ў цывільнай абароне, і выцягвалі мерцвякоў з-пад абломкаў разбамбардаваных дамоў, і адвозілі іх у брацкія магілы, каб не пачаўся паморак. А ў некаторых гарадах для жанчын былі арганізаваныя спецыяльныя курсы, як спальваць трупы. Курсы доўжыліся чатыры дні і былі арганізаваны для групаў з пятнаццаці ці дваццаці слухачак. Тыя вучыліся карыстацца прыстасаваннямі для драблення костак, зараўноўваць яму, у якую складалі мерцвякоў, прасейваць глебу, каб у гэтую яму пазней можна было пасадзіць дрэвы. Дрэвы ў гарадах мелі вялікае значэнне, бо забяспечвалі ўзнаўленне кіслароду, а попел з трупаў мог быць выкарыстаны ў якасці ўгнаення для садовых дрэваў і гародніны, бо арганічных угнаенняў у Германіі пачало бракаваць. Мерцвякі пад абломкамі дамоў былі скручаныя калачыкам, а часам здаралася, што два ці тры трупы трымаліся за рукі ці сціскалі адзін аднаго ў абдымках, і каб вызваліць, іх даводзілася адпілоўваць пілой. А адна жанчына не хацела адпілоўваць трупы, і камандзір брыгады па разборы завалаў загадаў расстраляць яе за сабатаж, але салдаты, што павінны былі прывесці загад у выкананне, тым часам дэзертавалі.

Іпрыт быў самы дзейсны з усіх баявых газаў, таму ён паступова выціснуў астатнія баявыя газы, такія як хлор, фасген, хлорпікрын, сінільную кіслату ці арсін, і з поспехам выкарыстоўваўся яшчэ доўга пасля Першай сусветнай вайны. Тым часам навукоўцы прыдумалі новыя баявыя атрутныя газы: люізіт, табун, зарын ці заман. Выкарыстанне баявых газаў забаранялася на розных канферэнцыях у 1899, 1907, 1922, 1925, 1946, 1954, 1972, 1990 і 1992 гадах. А на франтах і ў тыле праходзілі газаахоўныя вучэнні, і вайскоўцы і цывільныя вучыліся як найхутчэй нацягваць газаахоўнікі і мусілі пры гэтым сачыць, каб у фільтр не трапіў пясок альбо друз. У 1915 годзе французы прыдумалі спецыяльныя газаахоўныя маскі для коней, а ў 1922 годзе немцы прыдумалі спецыяльныя газаахоўныя маскі для сабак. А ў канцы стагоддзя дактары прыдумалі лекі для прафілактыкі атручання газам, аднак праз некаторы час выявілася, што гэтыя антыдоты выклікаюць гепатыт, туберкулёз, мігрэнь і правалы ў памяці. Падчас Другой сусветнай вайны немцы выраблялі 18 000 тон баявых газаў за год, аднак нямецкія стратэгі лічылі, што выкарыстанне баявых газаў запавольвае прасоўванне войска наперад, а таксама ўскладняе адступленне. Немцы выкарыстоўвалі газы для вынішчэння цыганоў і габрэяў у канцэнтрацыйных лагерах. Яны прыдумалі газ, які атрымаў назву «Цыклон Б» і дазваляў забіваць вялікую колькасць людзей танна і хутка. «Цыклон Б» паводле свайго складу належаў да групы дэзінфекцыйных рэчываў і ўпершыню быў апрабаваны ў 1940 годзе ў канцэнтрацыйным лагеры Бухенвальд на 250 цыганскіх дзецях, якіх чэшская паліцыя затрымала ў горадзе Брно. І тэст пацвердзіў, што для такой мэты ён падыходзіць лепш, чым іншыя газы.

Вялікім расчараваннем дваццатага стагоддзя было тое, што абавязковая школьная адукацыя, тэхнічны прагрэс, асвета і культура не вядуць да таго, каб чалавек рабіўся лепшым і больш чалавечным, як верылі ў дзевятнаццатым стагоддзі, і што мноства катаў і масавых забойцаў любілі мастацтва, і слухалі оперы, і хадзілі на выставы, і пісалі вершы, і вывучалі гуманітарныя навукі і медыцыну і да т. п. А сярод філосафаў чым далей, тым больш прыхільнікаў набывала думка, што дваццатым стагоддзем скончылася эра гуманізму і пачалася новая эра, якая атрымала назву «постгуманістычная», бо пакуль што не было зразумела, якое ёй даць вызначэнне. Гісторыкі і філосафы казалі, што гуманізм быў культурай пісьменства, і што ён дапамагаў кіраваць грамадствам як супольнасцю чытачоў, і што пасля з’яўлення ў 1918 годзе радыё, а ў 1945 годзе тэлебачання, а пасля — тэхналагічнай рэвалюцыі васьмідзесятых і дзевяностых гадоў гэты прынцып больш не працуе. І што апошні ўдар гуманізму нанесла біяінжынерыя. А некаторыя казалі, што ўсё ў парадку, што гуманізм — гэта вялікі падман у гісторыі чалавечага мыслення, і што ён за цэлыя стагоддзі не быў здольны чалавека аптымізаваць. І што біятэхналогіі даюць новы шанец для аптымізацыі чалавека, бо ўпершыню ў гісторыі чалавецтва паўстала пытанне пра прэнатальную селекцыю. І што ў будучыні першаснай задачай будзе пошук адпаведнага коду аптымізацыі. А іншыя казалі, што гэта няпраўда, і што гуманізм аптымізаваў чалавека ў тым сэнсе, што зрабіў яго адказным за свае ўчынкі, і што гэта ўжо быў вялікі прагрэс. Але чым далей, тым больш людзей прыходзіла да высновы, што адказнасць сёння ўжо незапатрабаваная, і што ёй на змену прыйшла прадукцыйнасць і мэтазгоднасць. І што новы чалавек будзе не адказны, а прадукцыйны. І што калі прадукцыйнасць — натуральны прынцып уладкавання свету, то адказнасць — гэта гуманістычная прыдумка і эўфемістычная назва непрадукцыйнасці.

Пасля Першай сусветнай вайны ў Еўропе пашырыліся камунізм і фашызм, бо многія людзі схіляліся да думкі, што стары свет прагніў, і што трэба шукаць новых шляхоў, і што дэмакратычны рэжым выявіў сябе няздольным прадухіліць сусветную вайну, і што капіталізм прывёў да эканамічнага крызісу. Камуністы і фашысты казалі, што трэба прыдумаць новага чалавека, які будзе і горды, і моцны, і працавіты, і сумленны, і будзе мець пачуццё вышэйшай справядлівасці і калектывізму. Вышэйшая справядлівасць азначала, што людзі не абсалютна роўныя, як гэта сцвярджалі папярэднія дэмакратычныя рэжымы, канстытуцыі якіх прызнавалі за кожным з грамадзян роўныя правы. Камуністы і фашысты лічылі, што правы чалавека служаць толькі прыкрыццём інтарэсаў буржуазіі, якая эксплуатуе рабочых, а тыя казалі, што свет трэба пазбавіць ад буржуазнай гнілоты, каб было магчыма раз і назаўсёды развітацца са старым светам і ўсталяваць новы. Фашысты казалі, што ў новым свеце ўсе будуць рабочымі, як калісьці ўсе былі хрысціянамі, а камуністы казалі, што ў новым свеце будзе створана бяскласавае грамадства, у якім усе будуць працаваць у імя ўсеагульнага дабрабыту. І казалі, што камунізм — гэта заканамерны канчатковы этап чалавечай гісторыі. І што да абеду людзі будуць выконваць фізічную працу, а пасля абеду — разумовую. Першая камуністычная партыя была створана ў 1918 годзе ў Савецкім Саюзе, а першая фашысцкая партыя была створана ў 1919 годзе ў Італіі, а з Італіі фашызм распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, бо людзям здавалася, што палітычная ўлада карумпаваная і што шматпартыйная сістэма адно толькі патрабуе вялікіх выдаткаў, а ў выніку нічога не дае. Камуністы і фашысты былі супраць шматпартыйнасці і казалі, што шматпартыйнасць і дэмакратыя вядуць да дэградацыі грамадства і страты каштоўнасцяў. І што калі яны прыйдуць да ўлады, яны гарантуюць добрае і шчаслівае жыццё ўсім, акрамя тых, хто гэтага не заслугоўвае, і што трэба даць магчымасць свабодна развівацца здароваму ядру грамадства і пазбавіцца ад паразітаў, якія не хочуць адмовіцца ад старога свету, бо няздольныя думаць па-рэвалюцыйнаму. А ў Германіі ўзнік нацызм, які падкрэсліваў неабходнасць захавання расавай чысціні, гэта значыць, што арыйцы не павінны былі змешвацца з непаўнавартаснымі расамі, каб не сапсаваць арыйскай крыві. Пазнаць арыйца было проста: яны былі светласкурыя і светлавалосыя і мелі суадносіны шырыні чэрапа да яго даўжыні меншыя за 0,75, і былі адораныя творчымі здольнасцямі і пачуццём калектывізму. Нацысты казалі, што прырода жорсткая, але справядлівая. І казалі, што той, хто хоча ўсталяваць новыя рэвалюцыйныя ідэі і каштоўнасці і вышэйшую справядлівасць, таксама павінен быць жорсткі, але справядлівы. І што гісторыя — гэта вечны бой паміж праўдай і маной. І што яны, нацысты, і ёсць праўда. І што кожны чалавек павінен вырашыць, на якім баку ён будзе стаяць, бо інакш яго змяце ўраган гісторыі.

Нацысты прыдумалі газавыя камеры і «Цыклон Б», які дазваляў забіць шмат людзей танна і хутка, каб уратаваць арыйскую расу ад дэгенерацыі. Нацысты лічылі, што арыйская раса найлепшая, і што найлепшы з арыйскіх народаў — гэта немцы, бо яны ўмеюць ваяваць, гандляваць і ладзіць масавыя забавы. А яшчэ яны казалі, што Еўропа перажывае заняпад, але яны змогуць прадухіліць разлажэнне, бо кінуць Еўропу на волю лёсу да поўнага яе заняпаду было б вялікай памылкай. І яшчэ казалі, што трэба ачысціць Еўропу ад тых, хто нічога не варты: ад цыганоў, ад славянаў, ад блазнаў, ад гомасексуалістаў і да т. п., але галоўнае — ад габрэяў, бо габрэі маюць намер згвалціць Еўропу. І ў Германіі, і ў акупаваных краінах ладзіліся аблавы на габрэяў. Іх вывозілі ў канцэнтрацыйныя лагеры, дзе іх распраналі дагала і пасылалі ў спецыяльныя памяшканні, якім далі назву «газавыя камеры». Гэта былі вялікія залы з адзіным уваходам без вокнаў, па столі цягнуліся трубкі, і калі ў залы напіхвалі людзей, з трубак на іх пускалі газ, і людзі душыліся. У атручаных людзей вырывалі залатыя зубы, а з некаторых сцягвалі скуру і з гэтай скуры выраблялі абажуры на лямпы для найвышэйшага камандавання і для выбітных палітычных дзеячаў. А перад тым, як паслаць у газавыя камеры, людзей абстрыгалі дагала, а валасы пасля выкарыстоўвалі для набівання матрацаў ці на парыкі лялькам. А навукоўцы прыдумалі, як з тлушчу задушаных людзей вырабляць мыла для нямецкіх салдатаў. Да пяці кілаграмаў тлушчу трэба было дадаць 10 літраў вады і кілаграм кальцынаванай соды. Сумесь варылася ў катле тры гадзіны, пасля трэба было дадаць крыху солі, яшчэ трохі паварыць і пакінуць, каб сумесь ахалодала, пакуль не ўтворыцца скарынка, якую трэба было зняць, растаўчы і зноў паварыць. Перад тым, як варыва канчаткова ахалоджвалі, у яго дадаваўся адмысловы раствор, каб мыла не смярдзела. У Гданьску адзін нямецкі салдат страціў розум, таму што да вайны ў яго была каханая дзяўчына, пра якую ён не ведаў, што яна габрэйка, і якую потым адвезлі ў канцлагер Асвенцім, а сябры яму дзеля жарту сказалі, што мыла, якім ён мыецца — з яго каханай, што ім гэта сказаў начальнік гданьскага інстытута анатоміі, куды вазілі трупы, каб рабіць з іх мыла. І таго салдата пасля давялося везці ў Германію ў вар’ятню.

З цягам часу вернікі ў большасці пагадзіліся, што Біблія — хутчэй сімвалічная, чым навуковая кніга, і што са стварэннем свету не ўсё да канца зразумела, але гэта не важна, бо Біблія — гэта алегорыя, а алегорыя і ёсць ключом да таямніцы ўладкавання сусвету і наканаванасці чалавечага лёсу, а гэта ўсё падпарадкавана той самай найвышэйшай волі. І што тут не ўсё так проста. А некаторыя засноўвалі секты і верылі ў розныя рэчы. Іншыя абвяшчалі, што чалавек можа зрабіцца Богам, яны верылі ва ўсеагульнае паўстанне з мёртвых і складалі генеалагічны архіў, каб было вядома, хто ёсць хто, калі надыдзе ягоная чарга. Іншыя не елі мяса, не пілі алкаголю, не курылі, спадзяваліся на хуткае прышэсце Хрыста і не маглі дачакацца, калі пойдуць у рай, а іншыя верылі, што ў кожным чалавеку схаванае святло, і што калі яны будуць доўга медытаваць, то Святы Дух у іх гэтае святло запаліць. Але самыя вядомыя былі Сведкі Еговы, пяцідзесятнікі і амішы, якія былі супраць электрычнасці і свяцілі газніцамі, хадзілі ў чорнай вопратцы і казалі, што дасягненні навукі і тэхнікі вядуць да таго, што чалавек аддаляецца ад Бога, а адыход чалавека ад Бога — гэта мэта Антыхрыста, які хоча забіць у чалавеку душу. Сведкі Еговы ў несмяротнасць душы не верылі, аднак верылі, што пасля смерці вернуцца на зямлю і будуць жыць у вечным шчасці, і што разам з імі таксама вернуцца на зямлю дваццаць два біблейскія патрыярхі, для якіх Сведкі Еговы пасля вайны пабудавалі ў Каліфорніі вялікі дом. І што людзі забудуць зямныя мовы і будуць камунікаваць сілаю веры і думкі. А напрыканцы стагоддзя развялося шмат апакаліптычных сектаў, якія хацелі паскорыць надыход апакаліпсісу і пабудаваць новы лепшы свет, шлях у які будзе адкрыты толькі тым, хто своечасова дасягнуў прасвятлення. І чым менш рабілася хрысціянаў, тым больш рабілася людзей, якія былі перакананыя, што нейкі Бог існуе, але што трэба шукаць яго ў іншым месцы. А іншыя людзі верылі, што жыццё на Зямлі, ці, прынамсі, чалавек, узнікла ў выніку ўмяшання незямных сілаў, што нейкія іншапланецяне прызямліліся калісьці даўно на Зямлі і распылілі ў атмасферы кісларод ці апладнілі нейкую малпу, каб магла ўзнікнуць разумная істота. А ў 1954 годзе адзін амерыканец прыдумаў саенталогію. Ён казаў, што саенталогія — гэта адзіны сапраўдны шлях да свабоды, і што яна зробіць магчымым вызваленне ўсяго чалавецтва. Яшчэ ён казаў, што свет створаны не Госпадам Богам, а людзьмі, створаны калісьці даўно, калі ўсе людзі былі несмяротнымі адухоўленымі элементамі. Пры стварэнні свету здарылася аварыя, і людзі згубілі сваю моц і гэтак дэградавалі, што забыліся, што яны несмяротныя і адухоўленыя. Аднак саенталогія можа вызваліць іх з кайданоў матэрыі, прасторы і часу і дапамагчы ім зноў здабыць усведамленне саміх сябе, а значыць і згубленую моц.

На пачатку стагоддзя вялікія надзеі ўскладаліся на пазітывізм, і на электрычнасць, і на вынаходніцтвы, і на біялогію, і на эвалюцыю сысуноў, і на псіхалогію, і на сацыяльную фізіку, якую яшчэ называлі сацыялогія, і навукоўцы лічылі, што, выкарыстаўшы перадавыя веды і сродкі, якія сучасная навука дае чалавецтву, будзе магчыма вывесці больш дасканалага чалавека і такім чынам пабудаваць новы, больш рацыянальны і больш гуманны свет. На мяжы дзевятнаццатага і дваццатага стагоддзяў набыла вядомасць еўгеніка, якая вывучала магчымасці ўдасканалення чалавечага роду. Еўгеністы казалі, што чалавечы род побач са здаровымі і паўнавартаснымі індывідамі ўключае таксама менш каштоўныя асобіны, гэта, напрыклад, блазны, злачынцы, п’яніцы, прастытуткі і да т. п., і менавіта яны развіццё чалавечага роду запавольваюць. І еўгеністы прапаноўвалі ўладам, каб тыя выдалі закон, які б дапамог прыбраць са шляху развіцця чалавецтва біялагічна заганныя элементы, якія пакутуюць ад прыроджанай спадчыннай схільнасці да асацыяльнага жыцця. І казалі, што біялагічна заганных асоб трэба стэрылізаваць, каб пазбавіцца ад заган і каб ядро засталося здаровае. І выпрацавалі статыстыку, і казалі, што, напрыклад, васьмідзесяцітрохгадовая алкагалічка цалкам будзе мець 894 нашчадкі, 67 з якіх будуць злачынцамі-рэцыдывістамі, 7 — забойцамі, 181 — прастытуткамі, 142 — жабракамі, а 40 — блазнамі, цалкам — 437 асацыяльных элементаў. І падлічылі, што дзяржаве гэтыя асацыяльныя элементы будуць каштаваць столькі ж, колькі будаўніцтва 140 шматкватэрных дамоў. Нацысты ж пазней падлічылі, што і стэрылізацыя, і кастрацыя, і прымусовыя аборты, і ўтрыманне ў спецыяльных установах каштуюць грамадству грошай, якія можна было б скарыстаць на больш патрэбныя рэчы, і што прасцей за ўсё пазбаўляцца ад асацыяльных элементаў з дапамогай эўтаназіі. І больш за 200 000 асацыяльных элементаў было змешчана ў канцэнтрацыйныя лагеры і забіта ў газавых камерах, што дало магчымасць нацыстам выпрабаваць і ўвесці ў эксплуатацыю газавыя камеры яшчэ перад абвяшчэннем канчатковага вырашэння габрэйскага пытання. Асацыяльныя элементы ў канцэнтрацыйных лагерах насілі на грудзях чорную зорку, а габрэі насілі жоўтую зорку, а палітычныя вязні насілі чырвоную зорку, а гомасексуалісты, якія ўтваралі асобную катэгорыю асацыяльных элементаў, насілі ружовы трохкутнік.

Пасля Першай сусветнай вайны пачалі будавацца помнікі палеглым салдатам, каб пра іх не забыліся. Гісторыкі казалі, што помнікі палеглым салдатам былі ўжо перад Першай сусветнай вайной, але толькі ў дваццатыя гады яны зрабіліся універсальным сімвалам памяці для заходняй цывілізацыі, а скульптары і каменячосы радаваліся, бо мелі шмат замоў. Помнікі палеглым часцей за ўсё рабіліся ў выглядзе стэлы ці абеліска. Наверсе быў певень, Святы Георгій альбо арол — у залежнасці ад таго, якой нацыянальнасці былі палеглыя салдаты, пасярэдзіне быў салдат з рашучым выразам на твары і са зброяй, а ўнізе — жанчыны і дзеці, і антраполагі і этнографы казалі, што гэта мае вялікае значэнне для індаеўрапейскай культуры. Імёны палеглых салдатаў звычайна пісаліся паводле алфавіту. Часцей за ўсё на помніках сустракаліся словы «РАДЗІМА», «ГЕРОІ», «ПАКУТНІКІ» і «ПАМЯТАЙ». Часам на помніку таксама быў надпіс «ХАЙ БУДЗЕ ПРАКЛЯТАЯ ВАЙНА!», а ў некаторых гарадах паставілі помнікі салдатам, якія падчас вайны былі пакараныя смерцю альбо прысуджаныя да прымусовых работ за тое, што не хацелі падпарадкоўвацца загадам. А ў 1916 годзе пад Жувенкурам быў пакараны смерцю салдат, у якога не было форменных штаноў, бо ён не захацеў апрануць штаны забітага таварыша, таму што яны былі брудныя і перапэцканыя ў крыві. А ў 1920 годзе французы прыдумалі помнік невядомаму салдату з вечным агнём, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Англіі, Бельгіі і Італіі, а таксама ў новых краінах, якія пакуль што не мелі гісторыі — у Чэхаславакіі, Югаславіі і г. д. Невядомым салдатам мог зрабіцца салдат, якому пры выбуху адарвала галаву, ці салдат, якому варожая куля прастрэліла апазнавальную бірку, ці салдат, якога заваліла зямлёй, ці салдат, якога засмактала багна. Адзін бельгійскі салдат праваліўся каля Куртэ ў балота па калена, і чатыры ягоныя сябры не маглі яго выцягнуць, а ўсе коні ўжо былі мёртвыя. А калі праз два дні яны адступалі гэтай самай дарогай, салдат яшчэ быў жывы, але з дрыгвы тырчала толькі ягоная галава, і ён ужо не крычаў.

 

Цывілізацыйны працэс

Еўропа ў заняпадзе

Салдаты стралялі навесным агнём

«Тоўстая Берта»

Калі салдаты падпільноўвалі

Пазітывізм

Парадак узнік з хаосу

Віртуальная рэальнасць

На парозе новага веку

Вучыцца на памылках мінулага

Жанчыны - чалавечыя істоты

Вынаходніцтва кантрацэпцыі

Канец свету

Інь і ян

Аварыя

Шмат мужчынаў ваявала

Наперад

Хто ўмеў плаваць кролем

Навошта трэба электрычнасць

Дактары неслі асвету

Вынаходніцтва бюстгальтара

Узровень падземных водаў падае

Салдаты спявалі калядкі

Новы чалавек

Канец свету

Псіхолагі казалі, што важна

Бамбардаванне гарадоў

Узнаўленне кіслароду

Выкарыстанне баявых газаў

Скончылася эра гуманізму

Як аптымізаваць чалавека

Новы чалавек

Свет прагніў

Страта каштоўнасцяў

Пачуццё калектывізму

Еўропа ў заняпадзе

Жыды хочуць згвалціць Еўропу

Нямецкі салдат страціў розум у Гданьску

Усеагульнае паўстанне з мёртвых

Бог існуе

Вызваленне з кайданоў матэрыі

Больш гуманны свет

Каб ядро засталося здаровае

Асацыяльныя элементы

Індаеўрапейская культура

Невядомы салдат

Коні былі мёртвыя

   

А калі нацысты прайгралі вайну, дзяржавы-пераможцы арганізавалі міжнародны суд, і юрысты думалі, як назваць канчатковае вырашэнне габрэйскага пытання і розныя планы ліквідацыі цыганоў і славянаў і да т. п., і прыдумалі паняцце «генацыд». Гісторыкі меркавалі, што ў дваццатым стагоддзі ў свеце адбылося прыкладна шэсцьдзесят генацыдаў, але не ўсе ўвайшлі ў гістарычную памяць. Гісторыкі казалі, што гістарычная памяць не ёсць часткай гісторыі, бо з гістарычнай сферы яна перасунулася ў сферу псіхалагічную, і што такім чынам усталяваўся новы рэжым памяці, калі гаворка ідзе ўжо не пра памяць падзей, а пра памяць памяці. І што псіхалагізацыя памяці ў людзях абудзіла адчуванне, быццам яны павінныя аддаваць мінуўшчыне доўг, але не было зразумела, які і каму. Канчатковае вырашэнне габрэйскага пытання пазней атрымала назву «галакост», альбо «шоа», бо габрэі казалі, што тут гаворка не можа ісці пра генацыд, але пра нешта іншае, нешта яшчэ горшае за генацыд, нешта, што выходзіць за межы чалавечага разумення, і не хацелі, каб галакост ставіўся ў адзін шэраг з іншымі генацыдамі, і казалі, што трэба разглядаць яго як нешта спецыфічна габрэйскае. І многім людзям здавалася, што габрэі генацыд прыўлашчваюць, і яны казалі, што ахвяра любога генацыду ўспрымае свой досвед як нешта, што пераўзыходзіць чалавечае разуменне, і што габрэі падмяняюць гістарычную рэальнасць яе рэпрэзентацыяй і такім чынам парадаксальна спрыяюць таму, што большасць людзей уяўляе галакост як нейкую драматычную сцэну з фільма. А некаторыя рабіны казалі, што габрэі загінулі ў канцэнтрацыйных лагерах невыпадкова, што насамрэч гэта была не памылка, а рэінкарнацыя душаў, якія ў іншых жыццях грашылі, бо вельмі мала людзей здольныя захаваць сваю душу богабаязнай і цнатлівай на працягу ўсяго свайго зямнога жыцця. А гісторыкі казалі, што заходняе грамадства перайшло ад традыцыйнага разумення гісторыі як пераемнасці памяці да ўяўлення пра памяць, якая праецыруецца ў фрагментарнасць гісторыі. А іншыя рабіны казалі, што ў час галакосту Бог адступіў убок, і што гэта не было пакаранне ў поўным сэнсе слова, а проста вяртанне свету да свайго першапачатковага выгляду, да часоў, калі Бог яшчэ не ўсталяваў парадак і была толькі цемра над прорвай. А адна маладая габрэйка перажыла вайну дзякуючы таму, што грала на скрыпцы на пероне ў Дахаў арыі з «Вясёлай удавы». А гісторыкі казалі, што эпоха ідэнтычнасці незваротна скончылася, бо гістарыяграфія ўвайшла ў эру эпістэмалогіі.

Пра канчатковае развязанне габрэйскага пытання нацысты пачалі думаць у 1940 годзе, калі вырашылі дэпартаваць усіх еўрапейскіх габрэяў на Мадагаскар. У Еўропе павінны былі застацца толькі тыя габрэі, якія мелі ўплывовых і багатых сваякоў у Амерыцы і ў Аргентыне, і нацысты прыкінулі, што габрэяў з заможнымі і ўплывовымі сваякамі ў Амерыцы і ў Аргентыне набярэцца ў Еўропе каля 10 000, і іх меркавалася размясціць у спецыяльным канцэнтрацыйным лагеры. А астатнія прыкладна дзевяць мільёнаў габрэяў трэба было дэпартаваць на Мадагаскар, дзе планавалася зрабіць рэзервацыі з унутраным самакіраваннем, і габрэі былі б там сярод сваіх і паступова б цалкам дэградавалі, бо прырода выкінула іх са свайго ўлоння. І без прыліву арыйскай крыві, якой яны сілкаваліся ў Еўропе, габрэі б з цягам часу ўсе павыміралі. Ідэя перасялення ўсіх габрэяў на Мадагаскар упершыню прагучала ў 1905 годзе ў кнізе аднаго венскага экзэгета, які вывучаў Стары Запавет і заалогію, і прыдумаў новую дысцыпліну, якую назваў тэазаалогія, і прыйшоў да высновы, што Гасподзь Бог не існуе і што свет быў створаны багамі, якія мелі чалавечую сутнасць, але ўмелі высылаць электрычныя сігналы, і валодалі тэлепатыяй, і былі несмяротныя і адухоўленыя, але паступова пачалі змешвацца з людзьмі і жывёламі і зрабіліся смяротнымі. І ён казаў, што найбліжэй да багоў і да першага пакалення богалюдзей знаходзяцца арыйцы, у якіх яшчэ можна адшукаць рэшткі электроннай сілы і тэлепатычных нейтронаў, і прапанаваў выселіць габрэяў на Мадагаскар, а ў Германіі заснаваць ZUCHTKLÖSTER, ці племянныя кляштары, дзе нямецкія жанчыны будуць апладняцца арыйскімі самцамі, каб наноў вывесці богачалавека, які будзе камунікаваць сілай думкі з дапамогай электрычных імпульсаў. Урэшце нацысты палічылі, што дэпартацыя на Мадагаскар будзе каштаваць грошай, якія былі патрэбныя на развіццё ваеннай галіны, таму ў 1942 годзе яны вырашылі, што канчатковае развязанне габрэйскага пытання надалей трэба разумець як знішчэнне габрэяў усімі даступнымі сродкамі.

Людзі падарожнічалі ў запламбаваных таварных вагонах, якія былі зачыненыя на працягу ўсяго шляху, ім не было куды хадзіць у прыбіральню, а калі нехта паміраў, то заставаўся ў вагоне. Некаторыя канцэнтрацыйныя лагеры былі прызначаныя для працы, іншыя для знішчэння габрэяў, якія ўяўлялі сабой небяспеку для арыйскай расы. Калі людзі прыязджалі ў лагеры смерці, немцы падзялялі іх на дзве ці тры групы: мужчыны — асобна, жанчыны — асобна, а часам і дзеці — асобна, загадвалі ім распрануцца дагала і забіралі вопратку. Здаралася, што немцы сабе кагосьці прыглядалі, калі ім быў патрэбны новы работнік, ці перакладчык, ці маладая прыгожая служанка, а астатніх адпраўлялі ў газавыя камеры. На дарогу ад вагонаў да газавай камеры мужчынам хапала дзесяці хвілін, а жанчынам пятнаццаці, бо ў іх былі даўжэйшыя і гусцейшыя валасы і абстрыганне займала больш часу. Абстрыжаныя валасы пасля выкарыстоўваліся для набівання матрацаў і ішлі на парыкі лялькам, а каб людзі на пероне не пачалі бунтаваць, нацысты казалі ім, што ўсе спачатку пойдуць у лазню, а часам ім нават раздавалі квіткі і казалі, што іх трэба будзе паказваць на ўваходзе. А на будынках вакол былі шыльды з надпісамі «БУФЕТ», «КАСА», «ТЭЛЕГРАФ» і да т. п., і людзі, калі іх ахопліваў страх, думалі, што яны на вакзале, і што распрананне і абстрыганне валасоў патрэбна з гігіенічных прычын, бо немцы вельмі дбалі пра гігіену, а за сто кілаграмаў валасоў кіраўніцтва лагера атрымлівала пяць рэйхсмарак. І людзі казалі сабе, што, памыўшыся, паедуць у іншы лагер, дзе будуць працаваць, бо руплівая праца — найлепшы шлях да выпраўлення. У газавыя камеры людзі ўваходзілі з узнятымі ўгору рукамі, каб іх туды больш улезла, а наверх у апошні момант кідалі дзяцей, бо малыя не займалі гэтулькі месца. Здаралася, што на пероне стаяў гурт маладых габрэек у белых блузках і сініх матроскіх спадніцах і граў арыі з аперэтаў.

Першы генацыд дваццатага стагоддзя адбыўся ў Турцыі ў 1915 годзе. Спачатку ўлады арыштавалі і расстралялі 600 армянскіх сем’яў, якія жылі ў Царградзе, потым абяззброілі і расстралялі салдатаў армянскага паходжання, якія служылі ў турэцкім войску, і ўсе армяне атрымалі загад пакінуць гарады і вёскі цягам дваццаці чатырох ці сарака васьмі гадзін, а турэцкая армія заняла пазіцыі каля гарадскіх брамаў, і калі людзі выходзілі, усіх мужчынаў перастралялі, а жанчын з дзецьмі пагналі ў пустыні Месапатаміі. І жанчынам з дзецьмі давялося прайсці пешкі без ежы трыста ці пяцьсот кіламетраў, і большасць з іх загінула. А французы, англічане і рускія падалі ноту пратэсту, у якой упершыню ў гісторыі пісалася пра злачынства супраць чалавечнасці. А адзін нямецкі афіцэр, які ў той час знаходзіўся ў турэцкім войску як інспектар, прывёз у Германію 66 фотаздымкаў армянскага генацыду і паслаў іх нямецкаму імператару, прыпісаўшы, што Германіі трэба больш пільна выбіраць сваіх саюзнікаў, таму што ганьба Турцыі кідае цень і на Германію. А ў 1928—1949 гадах рускія дэпартавалі шэсць мільёнаў грамадзян падазронай нацыянальнасці: армянаў, татараў, літоўцаў, эстонцаў, украінцаў, палякаў, немцаў, малдаванаў, грэкаў, карэйцаў, калмыкаў, курдаў, інгушоў і інш. 30% з іх загінула па дарозе, а 20% памерла цягам наступнага года. Камуністы пазней казалі, што гаворка ішла не пра дэпартацыю, а пра аптымізацыю геаграфічнай прасторы і што гэта быў першы крок на шляху да новай наддзяржаўнай супольнасці, калі будзе важна не тое, дзе хто жыве, а тое, наколькі хто рупліва працуе дзеля ўсеагульнага дабрабыту. А ў 1934 годзе яны прыдумалі рэзервацыю для габрэяў і звярнуліся да ўсіх савецкіх габрэяў з заклікам туды перасяліцца. Рэзервацыя знаходзілася на мяжы з Кітаем у Хабараўскім краі, і зімой тэмпература там падала да –40°С, а камуністы казалі, што гэта не рэзервацыя, а аўтаномная вобласць, і што там габрэі змогуць жыць сярод сваіх і будуць мець уласнае самакіраванне. А ў 1944 годзе яны дэпартавалі ў Казахстан і Кіргізстан 477 000 чачэнцаў у 12 525 вагонах для жывёлы, а 190 000 чачэнцаў памёрлі па дарозе ад голаду і холаду, а ў 1999 годзе яны прыдумалі для падазроных чачэнцаў спецыяльныя лагеры, якія атрымалі назву «ізалятары часовага ўтрымання». А ў 1948 годзе камуністы абвінавацілі журналістаў, дактароў і інжынераў габрэйскага паходжання ў касмапалітызме, сіянізме і буржуазных перакананнях, і большасць з іх загадалі расстраляць, а астатніх адправілі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Колькасць ахвяр армянскага генацыду склала паводле прыкладных падлікаў паўтара мільёна чалавек, а туркі казалі, што армянскі генацыд не быў сапраўдным генацыдам, і габрэі ў большасці з імі пагаджаліся.

Саентолагі казалі, што чалавек па сутнасці добры, але што некаторыя людзі лепшыя за іншых, і яны падзялілі чалавецтва на чатыры групы. Самыя лепшыя былі самі саентолагі, бо яны ведалі тое, чаго не ведалі іншыя. Да другой групы належала большая частка людзей, якія пакуль што не дасягнулі прасвятлення, а пятую частку чалавецтва складалі людзі, якіх называлі «магчымыя крыніцы праблем» (POTENTIAL TROUBLE SOURCES), і гэта былі людзі, якія казалі, што саентолагі з’ехалі з глузду. А два з паловай працэнта складалі SUPPRESSIVE PERSONS, і гэта былі людзі, якія хацелі задушыць праўду і знемагчыміць вызваленне чалавецтва. І саентолагі прыдумалі 72 спосабы для іх выкрыцця, каб у момант спірытуальнага пераўтварэння старога свету яны не маглі схавацца сярод астатніх. Каб выкрываць тых, хто не жадае вызвалення чалавецтва, саентолагі прыдумалі спецыяльныя аддзелы бяспекі, агенты якіх прымаліся на працу на тэрмін адзін мільярд гадоў. Саентолагі казалі, што чалавецтва рана ці позна дасягне вызвалення, але што на гэта можа спатрэбіцца нейкі час. І казалі, што чалавек можа дасягнуць прасвятлення ўжо падчас свайго зямнога жыцця і такім чынам забяспечыць сабе вяртанне да адухоўленасці і несмяротнасці, але перш за ўсё чалавек павінен вызваліцца з кайданоў матэрыі і часу. Чалавек, пазбаўлены кайданоў матэрыі, мог вярнуцца ў часе аж на 75 мільёнаў гадоў назад і ўсвядоміць усе траўмы, якія за гэты час перажыў. Траўмы сталі прычынай страты энергіі, і калі чалавек хацеў зноў здабыць страчаную з-за траўмаў энергію, ён найперш павінен быў адключыць у сваёй свядомасці энграмы, што захавалі сляды чалавечай памяці. Адключыўшы энграмы, чалавек пазбаўляецца памяці і свайго чалавечага наканавання і можа падарожнічаць у часе і дасягнуць прасвятлення.

Першы закон аб стэрылізацыі непаўнавартасных і асацыяльных элементаў быў прыняты ў 1907 годзе ў Злучаных Штатах. Закон даваў дабро на стэрылізацыю закаранелых злачынцаў і псіхічна хворых, а ў 1914 годзе з ініцыятывы псіхіятраў быў пашыраны на злодзеяў-рэцыдывістаў і алкаголікаў, а ў 1923 годзе ў Місуры яго пашырылі таксама на злодзеяў-куракрадаў негрыцянскага і індзейскага паходжання, бо пра беласкурых куракрадаў меркавалася, што яны яшчэ здолеюць стаць на шлях выпраўлення і ўключыцца ў жыццё грамадства з дапамогай свядомай руплівай працы. А ў 1929 годзе закон аб стэрылізацыі выйшаў у Швейцарыі і Даніі, а ў 1934 годзе — у Нарвегіі, а ў 1935 — у Фінляндыі і Швецыі, і ў Швецыі заставаўся ў сіле ажно да 1975 года, і 13 810 шведаў і 48 955 шведак былі стэрылізаваныя паводле рашэння суда. У краінах з каталіцкай традыцыяй не было еўгенічных законаў, бо каталікі былі супраць тэорыі развіцця, стэрылізацыі і абортаў і казалі, што ніхто не мае права адбіраць у чалавека тое, што дадзена яму Богам, а пратэстанты пярэчылі, што ментальнасць развіваецца, і што адмаўленне прагрэсу тыповае для каталікоў, і што яны гэта гавораць ужо трыста гадоў. У камуністычных краінах для стэрылізацыі непаўнавартасных элементаў было дастаткова ўказання лекара, а ў Югаславіі, Румыніі і Чэхаславакіі былі таемна стэрылізаваныя таксама албанкі і цыганкі, таму што ўлады меркавалі, што колькасць албанцаў і цыганоў у сацыялістычным лагеры надта хутка расце. У Германіі закон аб стэрылізацыі быў прыняты ў 1933 годзе, калі да ўлады прыйшлі нацысты, і ў першую чаргу былі стэрылізаваныя дзеці, якіх называлі RHEINLANDBASTARDE, ці «рэйнскія байструкі», гэта былі дзеці, маці якіх былі немкі, а бацькі — чарнаскурыя салдаты французскага войска, якое ў той час акупавала Рэйнскую вобласць. І 514 рэйнскіх байструкоў былі стэрылізаваныя і накіраваныя ва ўстановы для псіхічна хворых, а маці рэйнскіх байструкоў былі асуджаныя за супрацоўніцтва з ворагам і за падрыў нямецкай дзяржавы і накіраваныя ў канцлагер у Равенсбруку. Лагер у Равенсбруку быў спецыяльны лагер для жанчын, і пазней туды накіроўвалі жанчын, якія ажыццяўлялі падрыўную антыдзяржаўную дзейнасць з ваеннапалоннымі ці з рабочымі з акупаваных краін, што працавалі на нямецкіх заводах і фермах, і 92 350 жанчын у Равенсбруку загінулі. А ў канцэнтрацыйным лагеры ў Дахаў дактары мелі ў сваім распараджэнні баракамеру, у якой вывучалі паводзіны дзяцей, хворых на эпілепсію, і імкнуліся знайсці адрозненні паміж спадчыннай і няспадчыннай эпілепсіяй. А ў 1910 годзе амерыканцы стварылі Еўгенічны статыстычны інстытут, а ў 1922 годзе кіраўнік гэтага інстытута прапанаваў уладам спіс сацыяльна непрыстасоўных грамадзянаў, якіх у інтарэсах захавання здаровай паўнавартаснай супольнасці трэба было стэрылізаваць. Спіс быў падзелены на дзесяць групаў згодна з разнастайнымі медыцынскімі і сацыяльнымі крытэрамі і ўключаў грамадзянаў, залежных ад дзяржавы, грамадзянаў без сталага месца жыхарства і з нізкім узроўнем даходаў, грамадзянаў з прыроджанымі дэфектамі альбо з хранічнымі ці заразнымі хваробамі, асобаў са значным пагаршэннем зроку ці з сур’ёзным парушэннем слыху, бяздомных, блазнаў, злачынцаў, прастытутак, гомасексуалістаў, сіфілітыкаў, алкаголікаў, наркаманаў, сухотнікаў і эпілептыкаў. Медыкі таксама даследавалі, ці ёсць розніца паміж эпілепсіяй у людзей і ў трусоў, якіх кіраўніцтва лагера выпісвала з Вены. А Вена, у сваю чаргу, замаўляла ў лагеры ў Маўтгаўзене трупы для Інстытута анатоміі і для медыцынскага факультэта. Трупы мусілі быць свежыя і непашкоджаныя, і Інстытут анатоміі замаўляў 460 непашкоджаных трупаў у год, з іх большая частка прызначалася для прэпаравання на занятках анатоміі. А ў Нарвегіі пасля вайны ў адзінокіх матак былі адабраныя дзеці, бацькамі якіх былі нямецкія вайскоўцы, і накіраваныя ва ўстановы для псіхічна хворых. І шмат біёлагаў, генетыкаў, псіхіятраў і антраполагаў былі перакананыя, што еўгеніка — побач з вынаходніцтвам электрычнасці — ёсць найважнейшым для чалавецтва дасягненнем сучаснай навукі, бо гэтаксама як электрычнасць пераўтварыла матэрыяльныя ўмовы жыцця людзей і расчыніла перад светам дзверы ў новую эпоху, гэтак і еўгеніка радыкальна пераўтворыць біялагічны падмурак грамадства і паспрыяе пераходу свету да новай эры. Але некаторыя еўгеністы казалі, што ад стэрылізацыі карысці — як ад казла малака, і падлічылі, што спатрэбіцца дваццаць два пакаленні, каб агульная колькасць блазнаў і псіхапатаў знізілася на 0,9 %, і яшчэ дзевяноста пакаленняў, каб колькасць блазнаў і псіхапатаў у папуляцыі стабілізавалася на адной статысячнай долі, і казалі, што трэба знайсці нейкі хутчэйшы сродак, каб зрабіць чалавецтва больш здаровым.

Разам з эмансіпацыяй жанчын і вынаходніцтвам кантрацэптываў, тампонаў і аднаразовых падгузкаў у Еўропе паменела дзяцей, але затое паболела цацак, садкоў, горак, дзіцячых пляцовак, сабак, хамякоў і да т. п. Сацыёлагі казалі, што дзіця зрабілася ў сям’і цэнтрам увагі, а паступова і самым уплывовым членам. І дзеці хацелі быць самастойнымі, і хацелі мець права быць асобамі, і не жадалі даношваць шапку ці боты пасля старэйшых братоў і сёстраў, а хацелі толькі новыя шапкі, і боты, і алоўкі, і канструктары, і новых мядзведзікаў, і новых лялек. У еўрапейскіх краінах у дваццатым стагоддзі было выраблена ў дванаццаць з паловай тысяч разоў больш лялек, чым у дзевятнаццатым, і замест дрэва ці габлюшак для іх вырабу цяпер выкарастоўвалася пластмаса, і з часам лялькі навучыліся плакаць і размаўляць, і чым далей, тым рабіліся больш самастойнымі, і казалі, напрыклад, «ДОБРАЙ РАНІЦЫ!» ці «СМАЧНА ЕСЦІ!», а некаторыя лялькі ўмелі крычаць, ці зрыгваць пасля яды, ці маглі праспяваць урывак з арыі. Самай вядомай была лялька, якую пачалі выпускаць у 1959 годзе і назвалі Барбі. Ростам яна была 30 сантыметраў і мела вялікія грудзі і клубы і тонкую талію, і гэта была першая лялька, якая паводзіла сябе, як дарослая. Неўзабаве і яна пачала размаўляць і казала: «УВЕЧАРЫ Ў МЯНЕ СПАТКАННЕ З МАІМ ХЛОПЦАМ», альбо «ШТО МНЕ АПРАНУЦЬ НА БАЛЬ?», альбо «ХАДЗЕМ СА МНОЙ КУПЛЯЦЬ СУКЕНКУ!». Спярша яна была апранутая як балерына, ці як артыстка, ці як мадэль, а пазней таксама як сцюардэса, настаўніца, ветэрынарка, бізнес-лэдзі, касманаўтка ці кандыдатка на пост прэзідэнта. А ў 1986 годзе з’явілася лялька Барбі ў паласатай шапачцы і ў паласатай робе, такой самай, якую насілі вязні ў канцэнтрацыйных лагерах. Розныя асацыяцыі былых вязняў пратэставалі і казалі, што гэта здзек з іхніх пакут і з памяці пра ахвяр, але вытворцы бараніліся і казалі, што гэта, наадварот, вельмі добры спосаб пазнаёміць маладое пакаленне з пакутамі ў канцэнтрацыйных лагерах, і што дзяўчынкі, якія набудуць ляльку ў паласатай вопратцы, будуць сябе з ёю атаясамліваць, а пазней, калі зробяцца дарослымі, лягчэй зразумеюць, што гэта былі за пакуты. А ў 1998 годзе немцы надумаліся зрабіць у Берліне вялікі мемарыяльны комплекс ахвярам галакосту, бо задача мемарыяльнага комплексу — гэта не толькі ўслаўленне вялікіх гістарычных падзей, але таксама перасцярога будучым пакаленням. Некаторыя людзі меркавалі, што мастацкі твор — не самы прыдатны спосаб для адлюстравання галакосту, бо галакост і эстэтыка несумяшчальныя, а іншыя лічылі, што ідэальны быў бы такі праект, які б паказваў, што значнасць галакосту паказаць немагчыма. І чатырыста дзевяноста пяць мастакоў прыслалі розныя прапановы, як найлепшым чынам пакінуць перасцярогу нашчадкам, і адзін прапаноўваў зрабіць вялікую васьмікаляровую шасціканцовую зорку, якая б круцілася вакол уласнай восі, а іншыя прапаноўвалі зрабіць «кола агляду», на якім замест кабінак былі б вагоны з канцэнтрацыйных лагераў, а іншыя прапаноўвалі пабудаваць вялікі аўтавакзал з чырвонымі аўтобусамі і раскладам руху, дзе б канцэнтрацыйныя лагеры былі пазначаны як канцавыя прыпынкі, а нехта прапаноўваў усталяваць трыццаць дзевяць сталёвых слупоў, на якіх было б напісана «ЧАМУ?» на розных мовах: WARUM? WAAROM? VARFŘR? WHY? POURQUOI? PERCHÉ? DLACZEGO? CŰR? KUIDAS? MIKSI? MIÉRT? ZAKAJ? KODËL? HVORFOR? JIATH? PSE? NIÇIN? і г. д. Некаторыя людзі меркавалі, што трэба весці гаворку пра помнік не толькі ахвярам галакосту, але і ахвярам усіх магчымых генацыдаў, бо толькі ў такім разе ў ім будзе захавана жывая памяць гісторыі, бо інакш атрымаецца проста куча жалеза, якая праз пару дзесяцігоддзяў нікому нічога не скажа. А некаторыя гісторыкі сумняваліся, ці трэба ставіць помнікі, і казалі, што гэта ўвогуле спрэчнае пытанне, бо простае захаванне памяці пра нейкую падзею яшчэ зусім не гарантуе, што гэтая падзея не паўторыцца, і прыводзілі прыклады, калі захаванне памяці выклікала новыя канфлікты і войны.

Габрэі, якія перажылі галакост, казалі, што помнікі, музеі і да т. п. маюць вялікае значэнне, але самае лепшае — непасрэдныя сведчанні ахвяр, і хадзілі па школах расказваць вучням пра перажытае, і разважалі над пытаннем, як захаваць памяць пра галакост тады, калі яны памруць, і шведскае згуртаванне былых вязняў-габрэяў рэкамендавала перадаць сведчанне якому-небудзь маладому чалавеку, які вывучыць яго на памяць і будзе хадзіць па школах і казаць школьнікам, што ведаў чалавека, які перажыў тое і тое, а перад смерцю перадасць сведчанне наступнаму маладому чалавеку і г. д. А ў 1945 годзе габрэі звярнуліся да сусветнай грамадскасці з патрабаваннем, каб у Палестыне была створана ізраільская дзяржава, дзе б габрэі былі сярод сваіх і болей не баяліся б новага галакосту. І яны змагаліся супраць арабаў і англічанаў, якія ў той час акупавалі Палестыну, і арганізоўвалі тэракты і таемныя акцыі па перасяленні. А ў 1939 годзе англічане ўвялі эміграцыйныя квоты, якія мусілі зменшыць колькасць перасяленцаў на 75 %, і прынялі закон, які забараняў габрэям набываць зямельныя надзелы. А ў ліпені 1947 года ў Палестыне прыстаў да берага карабель з нелегальнымі габрэйскімі эмігрантамі з Германіі, а англічане адправілі іх назад. А ў 1938 годзе шведскія ўлады звярнуліся да немцаў, каб тыя ставілі ў замежныя пашпарты габрэяў вялікае друкаванае «J», каб шведская паліцыя на мяжы магла пазнаць габрэя і ў тым разе, калі ён не выглядаў як габрэй. Карабель, які прыстаў у Палестыне, меў назву «EXODUS» паводле адной з кніг Старога Запавету, і падарожнічала на ім 4500 габрэяў, якія перажылі канцэнтрацыйныя лагеры і хацелі вярнуцца ў зямлю запаветную. А ў лістападзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый ухваліла стварэнне дзяржавы Ізраіль. І шмат людзей з Еўропы ездзіла ў Ізраіль, каб паглядзець, як узнікае новая дзяржава. А моладзь з Еўропы ездзіла працаваць у яўрэйскіх камунах, якія атрымалі назву «KIBBUTZUM», і ў якіх усе працавалі дзеля дабрабыту ўсіх. І ўсё было агульнае, і ўсе гуртам спявалі песні. А ізраільскія турыстычныя фірмы выпускалі плакаты, на якіх маладыя людзі з сур’ёзнымі тварамі назіралі за ўзыходам сонца над Іерусалімам, і пад гэтым было напісана: «НАШЫ ПАКУТЫ БЫЛІ НЕДАРЭМНЫЯ» і «Спяшайцеся! Сезонныя зніжкі!».

Сексолагі казалі, што лялька Барбі ёсць першым сродкам для станаўлення феміннага самаўсведамлення ў малых дзяўчатак, і што поспех, які яе напаткаў, ёсць доказам існавання дзіцячай сексуальнасці. Пра дзіцячую сексуальнасць у дваццатым стагоддзі было шмат размоў, асабліва калі выявілася, што малыя дзяўчаткі хацелі б мець дзіця ад свайго бацькі, і што гэтае дзіця ёсць, па сутнасці, заменай пеніса, таму што дзяўчаткі таксама хацелі б мець пеніс, а лялька — гэта і дзіця ад бацькі, і пеніс адначасова. Лялькі доўгі час вырабляліся толькі ў выглядзе дзяўчатак, але пазней пачалі вырабляцца і лялькі-хлопчыкі, а ў лялек-дзяўчатак пачалі рабіць паміж ног латачок, а ў лялек-хлопчыкаў — маленькі пеніс. А ў сямідзесятыя гады пачалася вытворчасць чорных і карычневых лялек, але іх часцей за ўсё куплялі белыя бацькі, якія тым самым хацелі прадэманстраваць, што яны не расісты. Расізм — гэта тэорыя, якая ўзнікла ў дзевятнаццатым стагоддзі. Яна сцвярджала, што чалавечыя расы маюць свае сталыя ўласцівасці і знаходзяцца на розных узроўнях развіцця, і што самыя развітыя — беласкурыя, бо яны ад прыроды валодаюць абстрактным мысленнем, уяўленнем пра арганізацыю грамадства і ўмеюць ладзіць масавыя забавы, такім чынам, расістам быў чалавек, які баяўся, што змешванне расаў паставіць пад пагрозу найлепшыя якасці белай расы і падточыць генетычны патэнцыял, які дазваляе белым крочыць на чале ўсяго чалавецтва. Людзі, якія не шанавалі габрэяў, былі не расістамі, а антысемітамі, таму што габрэі, калі разабрацца, не лічыліся непаўнавартаснымі, як, напрыклад, негры, альбо індусы, альбо цыганы і да т. п., — хутчэй іх трэба было разглядаць як памылку прыроды. Слова «антысеміт» з’явілася напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя і абазначала чалавека, які не жадае, каб габрэі авалодалі светам, і заклікае іншых грамадзянаў да супраціву. Расізм зрабіўся важнай палітычнай праблемай пасля Другой сусветнай вайны, таму што ў багатых еўрапейскіх краінах атабарыліся вялікія нацыянальныя меншасці, якія грамадства мусіла абсарбаваць. Існавалі дзве палітычныя мадэлі абсорбцыі нацыянальных меншасцяў: інтэграцыя і асіміляцыя. Інтэграцыю праводзілі краіны, якія верылі, што ў грамадзянскай супольнасці могуць суіснаваць розныя культурныя мадэлі і што лепш іх паміж сабой не змешваць, а захаваць кожнай свае спецыфічныя рысы, а асіміляцыю праводзілі краіны, якія верылі ва універсалізм і лічылі, што існуе вышэйшы грамадскі інтарэс, якому падпарадкоўваюцца ўсе этнічныя і культурныя асаблівасці. Інтэграцыю абвяшчалі, галоўным чынам, пратэстанцкія краіны — Англія, Швецыя і г. д., а за асіміляцыю выступалі, галоўным чынам, краіны з каталіцкай традыцыяй — Францыя, Італія альбо Бельгія. Доўгі час здавалася, што асіміляцыйная мадэль мае большы поспех, чым інтэграцыйная, бо ў краінах, якія яе прытрымліваліся, не было расавых канфліктаў, як у Англіі ці ў Амерыцы, ды і колькасць змяшаных шлюбаў у іх была значна большая, але напрыканцы стагоддзя пачалі гаварыць пра глабалізм і мандыялізм. Універсалізм выйшаў з моды, і кожны хацеў мець сваю адметнасць, жыць у гармоніі з традыцыямі, шанаваць свае карані і быць за мультыкультурнасць.

Секс у дваццатым стагоддзі ў Еўропе набыў вялікае значэнне, нават большае за рэлігію, і амаль такое ж, як грошы, і ўсе хацелі кахацца ў розных пазіцыях і рознымі спосабамі, і мужчыны мазалі сабе чэлес какаінам, каб ён даўжэй вытрываў у эрэкцыі, хоць какаін і быў забаронены ўсімі магчымымі спосабамі. А пасля Другой сусветнай вайны ў фільмах пачалі з’яўляцца сцэны, у якіх героі займаліся сексам, што раней лічылася непрымальным, бо яшчэ шмат людзей верыла ў Госпада Бога, і на любошчы часцей за ўсё толькі намякалася тым, што ў кадры з’яўляўся ложак, альбо гадзіннік, альбо раптам цямнела. А жанчыны хацелі кожнага разу мець аргазм, а мужчыны праз гэта нерваваліся, і ў іх з’яўляліся праблемы з эрэкцыяй, і яны спрабавалі розныя афрадызіякі і хадзілі да псіхааналітыкаў, каб даведацца, у чым прычына, ці не перанеслі яны ў дзяцінстве нейкую траўму, пра якую не ведаюць. Псіхааналіз у 1900 годзе прыдумаў адзін венскі неўролаг, які хацеў вывучаць псіхічныя працэсы, і выяўляць асаблівасці суб’ектаў з дапамогай падсвядомасці, і лічыў, што неўроз, істэрыя і да т. п. ёсць сімптомамі сексуальных траўмаў у дзяцінстве, і прыдумваў для гэтага новыя метады і паняцці, такія як прынцып асалоды і разрадка афекту альбо цэнзура, эга, супер-эга, лібіда і комплекс, які мог быць кастрацыйны альбо Эдыпаў. А ў 1938 годзе гэты неўролаг уцёк ад нацыстаў у Лондан, а чатыры ягоныя сястры памерлі ў канцэнтрацыйным лагеры. А калі пацыент даведваўся, чаму ён прыгнечаны і неўратычны, яму адразу ж рабілася лепей, бо гэта было нармальна. Камуністы казалі, што людзям, якія жывуць у камуністычным грамадстве, секс непатрэбны, бо найбольшую асалоду чалавек павінен атрымліваць ад добра выкананай працы, тым часам як пры капіталізме людзі ад сваёй працы радасці не адчуваюць, бо іх эксплуатуюць, і таму ім патрэбныя розныя сурагаты. І яшчэ яны казалі, што без класавай свядомасці секс не можа прынесці задавальнення, нават калі будзе паўтарацца бясконца. Камуністы баяліся, што калі людзі пачнуць хадзіць да псіхааналітыкаў і захапляцца рознымі сурагатамі, гэта паставіць пад пагрозу згуртаванасць сацыялістычнага лагера. А яшчэ яны не хацелі, каб людзі чыталі ўпадніцкую літаратуру, насілі кідкую вопратку і прычоскі, жавалі жуйкі і да т. п. Жавальную гумку прыдумаў адзін амерыканскі аптэкар, а ў Еўропе яны пачалі прадавацца ў 1903 годзе, але папулярнымі зрабіліся галоўным чынам у пяцідзесятыя і шасцідзесятыя гады. Жавалі іх у асноўным маладыя людзі, якія такім чынам дэманстравалі сваё стаўленне да супольнасці і яшчэ не мелі ў зубах пломбаў.

У пяцідзесятыя гады кінагероі кахаліся на росных гонях, бо росныя гоні сімвалізавалі маладосць і новае жыццё, якое адкрывалася перад маладымі героямі, а вецер гайдаў каласы, а на гарызонце садзілася сонца, а ў жанчын уздымаліся грудзі, а ў шасцідзесятыя гады кінагероі кахаліся ў марскім прыбоі на беразе акіяна, бо гэта было рамантычна, і пясок прыставаў да іхнае скуры, і былі відаць іхныя азадкі, а над вадою ўздымалася пара. У шасцідзесятыя гады з’явіліся і першыя парнаграфічныя фільмы, у якіх героі ўвесь час кахаліся ў розных месцах. А ў часопісах для маладых дзяўчат больш дасведчаныя рэдактаркі тлумачылі, як правільна рабіць мінет і ўсё такое. А ў часопісах для маладых хлопцаў больш дасведчаныя рэдактары тлумачылі, як заўчасна не эякуляваць і як незаўважна нацягнуць прэзерватыў. А рэкламныя агенцтвы прыдумвалі рэкламы прэзерватываў і разважалі, як найлепш прыцягнуць увагу маладых гледачоў, і адно агенцтва прыдумала рэкламныя ролікі, у якіх займаліся сексам розныя казачныя персанажы — Беласнежка, Папялушка, Асліная Шкура і Шахерэзада. У мастацкіх фільмах таксама кахаліся чым далей, тым больш, аднак крытыкі казалі, што гэта іншае, бо гэта не палавы акт сам сабою, а ягоная рэпрэзентацыя. А калі ў нейкім мастацкім фільме было шмат сексу, яны казалі, што гэты фільм выражае наш энтамалагічны падыход да кахання, і што гэта правільна, бо гэта дае нам магчымасць паразважаць пра ролю сексу не толькі ў антрапалагічным, культурным ці палітычным кантэксце, але і ў жыцці чалавека. У сямідзесятыя гады кінагероі кахаліся пераважна ў аўтамабілях, бо гэта было арыгінальна, а жыццё рабілася ўсё больш імклівым, а маладыя гледачы, якія аўтамабіля не мелі, так маглі ўявіць, што іх чакае ў жыцці. А мужчыны чым далей, тым часцей былі знізу, а жанчыны на іх сядзелі, бо тым часам адбылася эмансіпацыя. А ў васьмідзесятыя гады ўзнік секс па тэлефоне, і мужчыны тэлефанавалі на розныя нумары, дзе ім жанчыны казалі ў слухаўку: «Я АДЧУВАЮ, ЯК РАБЛЮСЯ ВІЛЬГОТНАЙ», альбо «УСАДЗІ МНЕ ЯГО ДА КАНЦА», альбо «ЦІ ТЫ ДАСІ МНЕ ЯГО ПАКАШТАВАЦЬ?» і да т. п.

Псіхааналіз у Заходняй Еўропе значна пашырыўся ў шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады, і на яго хадзілі людзі, якія не былі хворыя, але пачуваліся безабароннымі і пакінутымі і хацелі ведаць, ці не было ў іх траўмаў, і калі чалавек пераадольваў сарамлівасць і разнявольваўся, ён расказваў псіхааналітыку пра сваё дзяцінства, і гэта называлася перанос, таму што чалавек нарэшце ўспамінаў нешта, што ў дзяцінстве выціснуў з памяці, бо не ведаў, што ў духоўным жыцці нічога не мінае бясследна, і тое, што аднойчы здарылася, канечне, часова магло быць выціснута з памяці, але недзе яно заставалася і пакідала вербальныя сляды, якія псіхааналітык мог расчытаць. З памяці нешта выціскалася, напрыклад, тады, калі ў хлопчыка ці ў дзяўчынкі ўзнікала жаданне, якое не адпавядала нормам маралі, і тады гэтае жаданне адсоўвалася на ўзровень падсвядомага, але калі дзеці вырасталі і рабіліся дарослымі, то ім сніліся нейкія дзіўныя сны, і тады было зразумела, што ў іх траўма. А Эдыпаў комплекс бываў тады, калі дзяўчынка хацела забіць маці, каб кахацца з бацькам, а хлопчык — бацьку, каб мець магчымасць кахацца з маці, але ж яны добра ведалі, што так рабіць нельга. Пра Эдыпаў комплекс сярод спецыялістаў вяліся спрэчкі, бо некаторыя лічылі яго універсальным, а іншыя схіляліся да думкі, што ён праяўляецца толькі ў некаторых культурах, у Вене і да т. п. А ў 1918 годзе ў Будапешце адбыўся кангрэс па пытаннях псіхааналізу і яго ролі ў ваенны час, і большасць псіхіятраў пагадзілася з тым, што неўроз падчас вайны мае такую ж прычыну, як і неўроз у мірны час. І розныя псіхіятры прапаноўвалі лячыць неўроз электрашокам, і лячылі салдат электрашокам да тае пары, пакуль салдаты не абвяшчалі, што пачуваюцца абсалютна здаровымі. Але іншыя псіхіятры з гэтым не пагаджаліся і казалі, што электрашок, уласна кажучы, траўму не лечыць, а толькі адсоўвае яе ў падсвядомасць. А іншыя казалі, што некаторыя салдаты толькі прыкідваюцца, быццам у іх траўма, каб пераседзець вайну ў вар’ятні, гуляючы з іншымі блазнамі ў карты на грошы альбо на цыгарэты.

За часоў Першай сусветнай адбылося значнае развіццё гуманітарных арганізацый і дабрачынных суполак, таму што Першая сусветная вайна была ў многіх адносінах наватарская, і бакі-ўдзельнікі мелі ў распараджэнні больш стралковых і знішчальных сродкаў, а абавязковая вайсковая служба давала магчымасць задзейнічаць у вайне большую колькасць салдат, а дальнабойныя гарматы, дырыжаблі і аэрапланы дазвалялі ваяваць таксама супраць мірнага насельніцтва і наносіць эфектыўныя ўдары ў тыле, каб падрываць баявы дух праціўніка. А ў 1905 годзе дванаццаць дзяржаў падпісалі дэкларацыю, у якой гарантавалі, што будуць ратаваць параненых салдатаў незалежна ад таго, на чыім баку тыя ваююць, бо салдат — гэта не толькі прадстаўнік нейкай нацыянальнай супольнасці, але і чалавек. Некаторыя генералы з гэтым не пагаджаліся і перасцерагалі перад індывідуалістычным разуменнем ролі салдата, і казалі, што салдаты — гэта сыны сваёй айчыны, і яны павінны выконваць усё, што айчына ім загадае. А пацыфісты і гуманісты, наадварот, казалі, што чалавек павінен быць лаяльным у дачыненні да чалавецтва, а не да радзімы. А ў 1929 годзе розныя краіны падпісалі дэкларацыю, у якой абяцалі, што яны таксама будуць прыстойна абыходзіцца з ваеннапалоннымі, і што тыя змогуць атрымліваць лісты і пасылкі ад бацькоў, і ад жонак, і ад дабрачынных суполак, і ад гуманітарных арганізацый. А ў 1941 годзе савецкая ўлада абвясціла, што не жадае, каб гуманітарныя арганізацыі дапамагалі савецкім салдатам, якія патрапілі ў палон, і каб не перадавалі ім лісты і пасылкі, а савецкія генералы казалі, што гэта дэзертыры, якія прысвоілі сабе права называцца савецкімі салдатамі, бо сапраўдны савецкі салдат лепш памрэ, чым здасца ў палон. Гуманітарныя арганізацыі рабілі першую медыцынскую дапамогу, пастаўлялі арміям лекі і перавязачныя матэрыялы і ездзілі на інспекцыі ў лагеры для ваеннапалонных, каб пераканацца, ці прыстойна абыходзяцца з вязнямі, і самы вядомы быў Чырвоны крыж. А ў 1942 годзе прадстаўнікі швейцарскага Чырвонага крыжа даведаліся пра газавыя камеры ў канцэнтрацыйных лагерах і вырашылі гэтую інфармацыю не афішаваць, бо баяліся, што немцы могуць скарыстацца сітуацыяй, каб дыскрэдытаваць гуманітарныя арганізацыі і больш не пусціць іх у лагеры для ваеннапалонных і ў шпіталі. А ў 1944 годзе немцы знялі для Чырвонага крыжа і розных міжнародных камісій дакументальны фільм пра жыццё ў канцэнтрацыйным лагеры ў Тэрэзіне. У фільме было занята 270 актораў, 1600 дзяцей і некалькі тысяч дарослых статыстаў, з ліку якіх папярэдне выключылі тых, хто меў светлыя валасы, бо яны выглядалі недастаткова па-габрэйску. Фільм меў назву «ЯК ХОРАША БЫЛО Ў ТЭРЭЗІНЕ», і габрэі ў ім хадзілі ў кавярні, вырошчвалі гародніну ў гародзіках, скакалі ўніз галавой у басейн, хадзілі ў банк па грошы і на пошту па пасылкі, слухалі оперы і дыскутавалі ў мясцовай бібліятэцы пра будучыню еўрапейскай цывілізацыі. А калі здымкі скончыліся, немцы арганізавалі адзінаццаць спецыяльных эшалонаў, і ўсіх, хто ў фільме быў задзейнічаны, адправілі ў лагер смерці ў Асвенціме. А калі савецкія ваеннапалонныя пасля вайны вярнуліся дадому, улады паслалі іх у канцэнтрацыйныя лагеры, каб яны руплівай працай кампенсавалі недахоп самаахвярнасці падчас вайны. І калі ў папярэдніх войнах у пяць разоў больш вайскоўцаў памірала ад розных хваробаў і эпідэмій, чым ад кулі, то ў часе Першай сусветнай вайны, дзякуючы дапамозе гуманітарных арганізацый, дасягненням у хірургіі, новай зброі і да т. п., прапорцыя кардынальна змянілася, і гэта таксама было наватарскім.

Камуністы і нацысты казалі, што трэба ўсталяваць свет, які будзе адпавядаць натуральнаму стану рэчаў. Гісторыкі і антраполагі пазней казалі, што камунізм і нацызм замянілі рэлігійную веру на веру рэвалюцыйную, і што людзі ішлі за камуністамі і нацыстамі з тых самых памкненняў, што і ў касцёл, і сярод гэтых памкненняў самым моцным было пачуццё прыналежнасці да абраных, у руках якіх надалей будзе лёс чалавецтва. Нацысты меркавалі, што заўтрашні гарманічны свет будзе складацца з моцных, самаахвярных і салідарных асоб, а агульныя інтарэсы і духоўная роднаснасць усіх будуць утвараць перашкоду для разлажэння свету, якое адбылося дзякуючы гуманістам і асветнікам. У сваю чаргу, камуністы меркавалі, што ў новым свеце ўсе грамадзяне будуць узаемазамяняльныя, і што людзі ператворацца ў адзінае маналітнае цэлае, і што ні ў кога не будзе ўласных інтарэсаў, бо ўсё будзе агульнае, і што гэта будзе перашкодай для разлажэння свету, да якога давялі эгаістычныя інтарэсы паноўных класаў. І тыя, і другія абвяшчалі непазбежнасць тэрору, бо толькі з яго дапамогай можна паспяхова змагацца супраць дэмакратыі, якая ўсё падточвае і вядзе да таго, што людзі робяцца гомасексуалістамі, анархістамі, паразітамі, скептыкамі, індывідуалістамі, алкаголікамі і г. д. І выступалі супраць гомасексуалістаў, дармаедаў і п’яніцаў, а ў камуністычнай Расіі дзеці алкаголікаў павінны былі кожную нядзелю хадзіць па плошчы з таблічкай, на якой было напісана: «ТАТА, НЕ ПІ, Я ХАЧУ МЕЦЬ МЕСЦА Ў НОВЫМ СВЕЦЕ», а ў нацысцкай Германіі п’яніцы павінны былі хадзіць па плошчы з таблічкай: «Я ЎСЁ ПРАПІЎ, І МАЁЙ СЯМ’І НІЧОГА НЕ ЗАСТАЛОСЯ». А калі п’яніцы не выпраўляліся, іх пасылалі ў канцэнтрацыйныя лагеры, каб яны там працавалі дзеля ўсеагульнага дабрабыту. У нямецкіх канцлагерах над уваходнай брамай былі словы «ПРАЦА РОБІЦЬ СВАБОДНЫМ», а ў савецкіх канцлагерах над уваходнай брамай былі словы «МЭТАНАКІРАВАНАЙ ПРАЦАЙ — ДА ВЫКАНАННЯ ПЛАНА». А замест «ДОБРЫ ДЗЕНЬ» камуністы казалі «СЛАВА ТРУДУ!», бо яны былі перакананыя, што праца мае вялікае значэнне, і што калі ўсе будуць працаваць, то камунізм пераможа ва ўсім свеце. А людзі, якія замест «СЛАВА ТРУДУ!» казалі «ДОБРЫ ДЗЕНЬ», альбо «ВІТАЮ», альбо «ПАМАГАЙ БОГ», былі падазроныя, і суседзі пра іх казалі, што яны несапраўдныя патрыёты.

А калі нацысты ў 1933 годзе выйгралі выбары, яны прынялі законы, якія забаранялі габрэям розныя рэчы. Габрэі не маглі займаць пасады ў грамадскіх установах, служыць у войску, працаваць у судзе і ў сродках масавай інфармацыі, не мелі права наведваць басейны і кінатэатры, а ў парку маглі сядзець толькі на адмыслова прызначаных лаўках, якія былі пафарбаваныя ў жоўты колер, каб адразу кідаліся ў вочы. А габрэйскія дзеці не маглі хадзіць у школу і на каруселі, і нацысты спадзяваліся, што габрэі зразумеюць, што Германія не для іх, і паедуць куды-небудзь у іншае месца. Нацысты таксама ладзілі выставы вычварэнскага мастацтва, ENTARTETE KUNST, дзе выстаўляліся вычварэнскія і распусныя творы габрэйскіх або габрэізаваных мастакоў і скульптараў, каб перасцерагчы нямецкі народ перад небяспекай, якую нясе з сабой нездаровае мастацтва. Нацысты падкрэслівалі важную ролю мастацтва і лічылі, што вычварэнскае мастацтва — гэта першы крок да грамадства, у якім будзе вычварэнскім усё, і менавіта ад гэтага яны імкнуліся нямецкі народ засцерагчы. Яны ладзілі парады і спартакіяды з алегорыямі і жывымі карцінамі з чалавечых целаў, і казалі, што нямецкі народ не можа існаваць без мастацтва, бо мастацтва ўваткнута ў нямецкі народ, нібы вастрыё сякеры ў калоду, і запрашалі нямецкіх рабочых на нямецкія оперы, ладзілі парады і г. д., і казалі, што не варта хаваць нямецкае мастацтва ў музеях, галерэях і буржуазных салонах, таму што мастацтва — гэта здабытак масаў і яно належыць усім. А ў 1935 годзе выйшаў закон, які забараняў змяшаныя шлюбы паміж габрэямі і негабрэямі, каб уратаваць арыйскую кроў і нямецкае мастацтва ад небяспечнага габрэйскага ўплыву. І габрэі мусілі насіць на грудзях і на спіне шасціканцовую зорку Давіда і не мелі права ездзіць на аўтобусах і трамваях і карыстацца паслугамі арыйскіх пральняў. А адной лістападаўскай ночы ў 1938 годзе агенты нямецкай тайнай паліцыі ўчынілі набег на габрэйскія крамы і рабавалі іх, і пападпальвалі сінагогі, і забівалі ўсіх габрэяў, што трапляліся ім на вуліцы, каб нагнаць на габрэяў страху і паскорыць іх сыход з Германіі. А міністр прапаганды казаў, што гэта адплата нямецкага народу за замах на жыццё нямецкага ваеннага аташэ ў Парыжы, бо той тэракт ажыццявіў адзін польскі габрэй. Пазней тую ноч пачалі называць «крышталёваю ноччу», бо 7200 вітрын у габрэйскіх крамах былі выбітыя і ўсе вуліцы былі засыпаныя аскепкамі. А нямецкія ўлады далі габрэям калектыўны штраф у памеры аднаго мільярда рэйхсмарак за тое, што тыя выклікалі справядлівы гнеў нямецкага народу. А ўлады Швейцарыі звярнуліся да немцаў з просьбай ставіць у замежныя пашпарты габрэяў пячатку з вялікай друкаванай «J», каб швейцарская паліцыя на мяжы пазнала габрэя нават у тым разе, калі ён не выглядаў, як тыповы габрэй. А ў краінах, дзе былі моцныя нямецкія меншасці, у Польшчы і ў Чэхаславакіі, пасля вайны былі арганізаваныя масавыя высяленні немцаў, а ў горадзе Брно немцы павінны былі насіць на рукаве белую стужку з вялікай друкаванай «N» і не мелі права ездзіць на трамваі ці на тралейбусе. Швейцарскія ўлады баяліся, каб усе нямецкія габрэі не атабарыліся ў Швейцарыі і тым самым не парушылі этнічную раўнавагу і нацыянальны кансэнсус. А немцамі лічыліся таксама габрэі, якія да вайны былі запісаныя ў мясцовай управе як немцы альбо мелі нямецкае прозвішча, а таксама габрэі, якія хоць і мелі чэшскае прозвішча, але не ўмелі гаварыць па-чэшску, а літара «J» азначала «JUDE», габрэй, а этнічная раўнавага і нацыянальны кансэнсус былі стаўпамі швейцарскай канфедэрацыі.

А яшчэ пасля Другой сусветнай вайны ў дэмакратычных краінах пачала набываць вялікае значэнне моладзь, бо пачало ўтварацца спажывецкае грамадства, а калі маладыя людзі бачылі рэкламу чаго-небудзь маладога, яны адразу прасілі сваіх бацькоў, каб ім гэтую рэч купілі. У спажывецкім грамадстве пакаленні дзяцей вырасталі ў матэрыяльным дабрабыце: яны мелі і шапкі, і боты, і алоўкі, і канструктары, і смяяліся з бацькоў, калі тыя расказвалі, што ім даводзілася хадзіць у школу боскі альбо насіць адну шапку па чарзе з братамі і сёстрамі. А калі дзеці павырасталі, яны пачалі казаць, што спажывецкае грамадства прыгнятае чалавека і робіць з яго раба і што трэба прыдумаць новы свет, дзе больш ніхто не будзе рабом. І ў шасцідзесятыя гады маладыя людзі пачалі пратэставаць і супраць спажывецкага грамадства, і супраць прыгнёту, і супраць войнаў, і супраць расізму і да т. п. Найперш маладыя людзі пачалі бунтаваць у Злучаных Штатах, бо амерыканцы якраз у той час ваявалі ў В’етнаме і ў стварэнні спажывецкага грамадства прасунуліся наперад далей за іншых, і мелі ванну, і тэлефон, і не надта шанавалі чарнаскурых, тым часам як маладыя людзі казалі, што негры з’яўляюцца здабыткам для чалавецтва. Вайна ў В’етнаме была першай тэлевізійнай вайной у гісторыі, гэтаксама як Другая сусветная была першай радыёвайной у гісторыі, а чарнаскурыя грамадзяне ў Амерыцы не мелі права займаць камандныя пасты ў войску, сядаць у аўтобусах на іншыя месцы, акрамя спецыяльна прызначаных, і хадзіць у прыбіральні для белых. У некаторых выпадках уваходзіць у прыбіральню мелі права толькі белыя грамадзяне, а чарнаскурым даводзілася шукаць іншую. А часам прыбіральня была раздзеленая на два пакоі, на адным з якіх было напісана «БЕЛЫЯ», а на другім — «КАЛЯРОВЫЯ», бо надпіс «НЕГРЫ» мог неграў абразіць. Таксама і агульнаадукацыйныя школы былі двух відаў, асобна — для белых, і асобна — для чорных, а таксама каруселі, дзіцячыя пляцоўкі і пясочніцы, лаўкі ў парках, а ў некаторых месцах — і тэлефонныя будкі. Прыхільнікі асіміляцыйнай эміграцыйнай мадэлі казалі, што гэта праява сегрэгацыі, якая ёсць заканамерным вынікам палітыкі інтэграцыі, а прыхільнікі інтэграцыйнай мадэлі казалі, што гэта не сегрэгацыя, а дыферэнцыялізм і што негры ўсё адно найлепш пачуваюцца сярод сваіх і не надта імкнуцца ў кампанію белых.

Калі людзі перасталі верыць у Госпада Бога, яны пачалі шукаць сродак, каб паказаць, што гэты свет абсурдны, і прыдумалі футурызм, экспрэсіянізм, дадаізм, сюррэалізм, экзістэнцыялізм і тэатр абсурду. Дадаісты хацелі пакласці канец мастацтву і рабілі мастацтва з рэчаў, з якіх яно раней не рабілася: з дроту, з запалак, з лозунгаў, з газетных загалоўкаў, з тэлефонных даведнікаў і да т. п., і казалі, што гэта новае абсалютнае мастацтва. А футурысты пісалі вершы, у якіх было шмат выклічнікаў, напрыклад, «КАРАЗУК ЗУК ЗУК ДУМ ДУМ ДУМ», і выступалі за экспрэсіўную графіку, а экспрэсіяністы і дадаісты пісалі вершы на новых невядомых мовах, каб паказаць, што ўсе мовы між сабой — роўныя: як зразумелыя, так і незразумелыя, напрыклад: «БАМБЛА О ФАЛЛІ БАМБЛА», а сюррэалісты прыдумалі аўтаматычнае пісьмо і шукалі арыгінальныя метафары, і пісалі, напрыклад, «мая коркавая ванна нібы тваё вока дажджавога чарвяка», і тлумачылі, што сэнс гэтага верша струменіць з яго сам сабою, і што гэта праява фізічнага і метафізічнага адначасова. Экзістэнцыялісты казалі, што метафізіка знаходзіцца ў заняпадзе і што ўсё суб’ектыўна, аднак аб’ектыўнасць усё ж існуе, але што сама пастаноўка пытання — памылковая, бо ўсё роўна галоўнае — інтэрсуб’ектыўнасць. І што трэба, каб усё было аўтэнтычнае, і што гісторыя і яе ход вынікае з філасофскага пытання, ці здольны чалавек аўтэнтычна камунікаваць, а калі так, то гісторыя магла б набыць большы сэнс, чым мела дасюль, калі б магла быць адноўленая трансцэндэнтальная інстанцыя. А лінгвісты казалі, што камунікацыя — гэта толькі пытанне спосабу дэканструкцыі, і што дэканструяваць можна рознымі спосабамі. А старыя людзі казалі, што з камунікацыяй справы дрэнь, бо людзі ўжо развучыліся глядзець адно аднаму ў вочы і адводзяць позірк, як толькі сутыкнуцца вачыма з кім-небудзь іншым, і што сёння людзі дажыліся да таго, што глядзяць у вочы толькі сляпцам.

У Першай сусветнай вайне загінула дзевяць з паловай мільёнаў мужчынаў і шэсцьсот тысяч жанчын, а шэсць мільёнаў мужчынаў і дзвесце тысяч жанчын былі пакалечаныя на ўсё астатняе жыццё. А сем мільёнаў жанчын страцілі ў вайне мужа, а дзевяць мільёнаў дзяцей засталіся пасля вайны без бацькі. А краіны мелі вялікія даўгі, і ўрады друкавалі грошы, за якія нельга было нічога купіць, і інфляцыя расла, і ў 1923 годзе вырасла ў Германіі на 2,3 мільёна працэнтаў, і адно яйка каштавала каля 810 більёнаў марак, і калі нехта ішоў купіць булку хлеба, то мусіў везці з сабою грошы на тачцы. І многія людзі хацелі ад самых асноваў змяніць стары свет і ўступалі ў камуністычныя і фашысцкія партыі. А іншыя ўспаміналі даваенную Еўропу і сумавалі па старых часах, якія пачалі называць «LA BELLE ÉPOQUE», альбо «ЗАЛАТЫ ВЕК». Залаты век — гэта былі часы, калі ў развітых прамысловых краінах усяго хапала, а ў крамах каланіяльных тавараў прадавалася экзатычная садавіна, шакалад і пасціла, і людзі верылі, што новае стагоддзе дасць рады галечы і цяжкай фізічнай працы, і што людзі будуць жыць з выгодамі і гігіенічна, а абавязковая школьная адукацыя зробіць чалавека лепшым і больш чалавечным. У залаты век людзі былі больш ветлівыя адно да аднаго, і нават злачынцы былі больш абачлівыя і не стралялі ў паліцыянтаў, а маладыя людзі ставіліся адно да аднаго з пашанай і стрыманасцю і не спалі разам, пакуль не пабраліся, а калі які-небудзь маладзён дзе ў полі часам і згвалціў вясковае дзяўчо, што вярталася з працы, а дзяўчына потым зацяжарала, то яна магла аддаць дзіця ў сіроцкі прытулак, дзе на дзяржаўныя грошы пра яго клапаціліся, а калі які-небудзь аўтамабіліст пераяжджаў куру на дарозе, то ён спыняўся, выходзіў з машыны і за курыцу плаціў. А мужчыны здымалі капелюшы і не спыняліся позіркам на жанчыне, з якой не збіраліся вітацца, а ў Англіі мужчыны чакалі, калі ім жанчына дасць сігнал, што не супраць, каб з ёю павіталіся, а ў Францыі мужчыны цалавалі жанчынам пальчаткі, а жанчыны ўпускалі з рук насовачкі, якія потым мужчыны падымалі і з паклонам жанчынам вярталі, і жанчыны не курылі, таму што гэта лічылася вульгарным і эксцэнтрычным, а мужчыны курылі толькі вірджынскія цыгары, нюхалі табаку і пагладжвалі сабе бароды. А ў нядзелю людзі хадзілі на імшу, а гараджане ездзілі цягнікамі на лецішчы, а дамы насілі карункавыя каптуры, а мужчыны клятчатыя брыджы, і гулялі ў вадзе з мячом, і смяяліся, а сюррэалісты і псіхааналітыкі пазней казалі, што гэты мяч быў, па сутнасці, сексуальным сімвалам. Пасля вайны стала больш пазашлюбных дзяцей, сіроцкіх прытулкаў і вар’ятняў, але менш сталі нюхаць табаку, бо гэта было негігіенічна.

Сведкі Еговы верылі, што Хрыстос вярнуўся на зямлю яшчэ ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя, але што ён нябачны і што яго могуць пабачыць толькі абраныя і прасветленыя. У пачатку ХХ стагоддзя яны падлічылі, што ў 1914 годзе скончыцца эра паганства і пачнецца міленіум, час, калі вернікі змогуць уратавацца, а пасля Хрыстос з’явіцца ўсім. А калі ў 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, яны сказалі, быццам гэта знак таго, што на небе адбылася вялікая бітва, і што Сатана быў скінуты на зямлю, і што з гэтага вынікаюць усе няшчасці дваццатага стагоддзя, і што гэта апошняе выпрабаванне, якое нам спаслаў Гасподзь, і апошні шанец для тых, хто хоча ўратавацца. Першая сусветная вайна пачалася, калі ў Сараеве быў учынены замах на аўстрыйскага эрцгерцага пры ўдзеле змоўнікаў з тайнай арганізацыі «ЧОРНАЯ РУКА». Змоўнікі прачыталі ў газеце, якой дарогай эрцгерцаг паедзе да ратушы, дзе бургамістр ужо падрыхтаваў прамову і бутэрброды, і яны пасталі абапал набярэжнай, трымаючы ў кішэнях гранаты і рэвальверы, і чакалі, калі эрцгерцаг паедзе паўз іх. А Аўстрыя абвясціла вайну сербам, а немцы абвясцілі вайну рускім, французам, бельгійцам і г. д. Канец свету быў першапачаткова прызначаны на 1925 год, але калі гэты год пачаўся, а канца свету не было, Сведкі Еговы сказалі, што гэта не галоўнае, і што больш важнае пытанне, хто патрапіць на нябёсы, і падлічылі, што абраных будзе 144 000, і што гэтыя абраныя будуць, седзячы на нябёсах, кіраваць справамі на Зямлі. А тыя, хто пры жыцці далучыўся да іхнага вучэння, будзе жыць на Зямлі ў вечным шчасці, калі ўсталюецца новы свет. Новы свет павінен быў настаць пасля канца старога, і Сведкі Еговы казалі, што гэты канец набліжаецца, але ніякага больш дакладнага тэрміну ўжо не прыводзілі. А аўстрыйская паліцыя, пра якую казалі, што яна найлепшая ў свеце, затрымала пяцёх галоўных змоўнікаў і аддала іх пад суд, які прысудзіў іх да пажыццёвага зняволення. Змоўнікі адбывалі пакранне ў турме ў Тэрэзіне, у Чэхіі, трое з іх падчас вайны памерлі, а двое, што засталіся, пасля вайны зрабіліся народнымі героямі. І адзін з іх стаў прафесарам філасофіі ў Бялградскім універсітэце і ў 1937 годзе прапанаваў югаслаўскім уладам выгнаць з краіны косаўскіх албанцаў, бо гэты этнас у складзе югаслаўскай федэрацыі як бяльмо на воку, а калі ў 1990 годзе гэты прафесар памёр, сербы пазачынялі ў Косаве албанскія школы, забаранілі албанскія газеты, паразганялі албанскія палітычныя арганізацыі і заснавалі народную міліцыю, якая павінна была падвесці албанцаў да думкі, што ў Югаславіі для іх няма месца. Самы надзейны спосаб, як албанцам гэта растлумачыць, былі розныя тэракты, а яшчэ падпальванне дамоў, рабаванне крамаў і да т. п., а ўлады заходніх краін вырашылі, што гэта, па сутнасці, генацыд, і распачалі авіяналёты на Сербію, каб прымусіць югаслаўскія ўлады пачаць перамовы. Авіяналёты на Сербію працягваліся семдзесят восем дзён, і гэта быў першы міжнародны ваенны канфлікт у Еўропе з 1945 года, а таксама гэта была першая вайна, у якой не загінуў ніводны салдат з арміі пераможцаў, і ваенныя стратэгі казалі, што гэта добры знак і што ў будучым у войнах не будзе гінуць ніхто, акрамя ворагаў.

Псіхіятры казалі, што Першая сусветная вайна ў многіх людзей выявіла траўмы, якія дасюль былі схаваныя ў падсвядомасці, і што ў дваццатыя і трыццатыя гады людзі парабіліся неўротыкамі, бо не змаглі адаптавацца да ўнутранага ці знешняга стану рэчаў, а ў шасцідзесятыя гады ў Еўропе 25 % жанчын і 15 % мужчынаў пакутавалі на неўроз, і журналісты казалі, што гэта хвароба стагоддзя. А ў сямідзесятыя гады пачала расці колькасць людзей, схільных да дэпрэсій, а ў канцы стагоддзя ад дэпрэсій пакутаваў кожны пяты еўрапеец. Сацыёлагі казалі, што неўрозы і дэпрэсіі — гэта наступства культурных зрухаў, што адбыліся ў дваццатым стагоддзі ў заходнім грамадстве. І што неўроз узнікае ў грамадствах, дзе дамінуе дысцыпліна, іерархія і грамадскія забароны, і што гэта паталагічная праява пачуцця віны. І што дэпрэсія — гэта праява ўсведамлення ўласнай немачы і пачуцця пустэчы. І што напачатку людзі былі неўротыкамі, таму што хацелі рабіць забароненыя рэчы, але не маглі, бо яны былі забароненыя, а калі людзі наважваліся гэтыя забароны парушыць, то пачуваліся вінаватымі. А пазней, калі ўжо амаль усё было дазволена, людзі пачалі падлягаць дэпрэсіі, бо не ведалі, што, уласна, яны б хацелі рабіць, і ператвараліся ў новых паталагічных суб’ектаў, а псіхіятры казалі, што за гэты час паталагічны суб’ект абсалютна змяніўся. А сацыёлагі казалі, што дэпрэсія — гэта кампенсацыя за свет, у якім асабістая свабода ўжо ўяўляе сабой не ідэал, да якога мы мусім у пакутах прабівацца, а перашкоду, якую нам даводзіцца ў пакутах пераадольваць. І што неўроз — гэта быў страх перад парушэннем забаронаў, а дэпрэсія — гэта страх перад цяжарам свабоды. А некаторыя людзі імкнуліся ва ўсім адшукаць нейкі сэнс і пакутавалі на экзістэнцыйную фрустрацыю. А ў канцы васьмідзесятых гадоў Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла, што дэпрэсія — самая пашыраная паталогія ў заходнім свеце. А са Злучаных Штатаў тым часам пачалі пашырацца новыя грамадскія забароны, напрыклад, што непажадана курыць, альбо моцна саліць, альбо расказваць анекдоты пра гомасексуалістаў, альбо дармаеднічаць і да т. п. І наадварот, дазвалялася рабіць розныя рэчы, якія раней былі забароненыя. Такім чынам, некаторыя людзі былі неўротыкамі, а іншыя былі схільныя да дэпрэсіі, а некаторыя былі нават неўротыкамі, схільнымі да дэпрэсіі запар, і людзі прымалі псіхатропныя лекі, а псіхааналітыкі казалі, што людзі псіхатропнымі лекамі злоўжываюць і недастаткова часта ходзяць на сеансы псіхааналізу. І што лекі толькі адсоўваюць траўмы глыбей у падсвядомасць, а вылечыць чалавека можа толькі вербалізацыя ягоных трывог і вяртанне да самаго сябе.

У залаты век людзі былі расістамі, але яшчэ пра гэта не здагадваліся, і негры і папуасы выклікалі іхную цікаўнасць, а заапаркі ў вялікіх гарадах ладзілі этнаграфічныя відовішчы з дзікунамі, якія сядзелі ў набедраных павязках са шкур перад бамбукавымі буданамі і рабілі розныя рэчы, а людзі хадзілі глядзець, як жывуць папуасы, ашанты і зулусы, і кідалі ім цукеркі і кавалачкі цукру. Этнаграфічныя відовішчы былі надзвычай папулярныя, бо людзям хацелася ведаць, як жывуць у іншых месцах на свеце, а на сусветнай выставе ў Парыжы ў 1900 годзе развітыя краіны дэманстравалі побач з тэхнічнымі навінкамі, сучасным мастацтвам і новай архітэктурай таксама сцэнкі з жыцця тубыльцаў са сваіх калоній — нубійцаў, дагамейцаў, карыбаў, малайцаў і канакаў. Канакі сядзелі ў павільёнах ля сваіх бамбукавых буданоў у набедраных павязках са шкур і крэменем вастрылі каменныя дзіды, хоць датуль не трымалі ў руках ані крэменю, ані каменнай дзіды, бо гэта былі шараговыя працаўнікі з каланіяльнай управы, якіх французскія ўлады нанялі ў дзяржаўных інтарэсах. А калі Сусветная выстава скончылася, Каланіяльны музей выправіў іх у турнэ па Еўропе — у Бельгію, Германію, Данію, і канакі пісалі звароты да кіраўніцтва музея і пыталіся, калі яны змогуць вярнуцца дадому і зноў прыступіць да выканання сваіх службовых абавязкаў, але адказу не было, і аднойчы ўсе канакі ўцяклі з вагона, у якім падарожнічалі па Германіі, і вярнуліся ў Францыю, а там употайкі селі на карабель, які, па чутках, павінен быў плысці ў Новую Каледонію, але на самай справе накіроўваўся ў Ліван. І калі маракі знайшлі іх у труме і даведаліся, што гэта канакі з Сусветнай выставы, то былі ўсцешаныя, што тыя выбралі менавіта іх карабель, і не давалі ім працаваць, і насілі ім ежу, і распытвалі, колькі ў Новай Каледоніі вырабляецца каменных дзідаў у год. Пасля Першай сусветнай вайны этнаграфічныя відовішчы паступова страцілі сваю прыцягальнасць, бо 1 700 000 дзікуноў ваявала ў вайне ў шэрагах саюзнікаў, і людзі да іх папрывыкалі і ўжо не былі такія цікаўныя.

Маладыя людзі казалі, што расізм — гэта хвароба старога свету, і што свет трэба прыдумаць наноў, і што тэлевізар і лядоўня меней важныя за каханне і шчасце. І не хацелі, каб бацькі ім казалі, на каго ісці вучыцца, забаранялі курыць, займацца сексам, насіць доўгія валасы і г. д. І ў 1968 годзе ў Заходняй Еўропе пачаліся студэнцкія хваляванні, і студэнты рабілі барыкады і хадзілі на заводы, каб пераканаць рабочых у тым, што грамадства трэба мяняць, пачынаючы ад самых асноў, і пісалі на сценах «БЛАКІТ ЗАСТАНЕЦЦА ШЭРЫМ, ПАКУЛЬ ЯГО НЕХТА НЕ ПРЫДУМАЕ!», альбо «БУДЗЬЦЕ РЭАЛІСТАМІ — ПАТРАБУЙЦЕ НЕМАГЧЫМАГА!», альбо «ЗАБАРОНЕНА ЗАБАРАНЯЦЬ!», альбо «ФАНТАЗІЯ ПРЫХОДЗІЦЬ ДА ЎЛАДЫ!», і займалі аўдыторыі і тэатры, і курылі, і займаліся сексам рознымі спосабамі, і дыскутавалі пра палітыку. Шасцідзесятыя гады пазначылі ў гісторыі заходняга грамадства важны пералом, бо пачалося панаванне матэрыяльнага дабрабыту, для жанчын зрабіліся даступнымі кантрацэптывы, а моладзь стала важкім складнікам грамадскай думкі, а з цягам часу і старэйшыя людзі пачалі займацца спортам, маладжава апранацца, займацца сексам рознымі спосабамі і выказваць арыгінальныя і нефармальныя думкі, а хто не быў малады, хаця б духам, аўтаматычна далучаўся да старога свету. А сацыёлагі казалі, што буржуазнае грамадства аджыло, і што яму на змену прыйшла новая форма арганізацыі грамадства, і называлі яе ювенальнай, і казалі, што гэта сведчыць пра кардынальны пералом у развіцці заходняга грамадства і што варта пра гэта паразважаць. А некаторыя філосафы казалі, што культ маладосці — гэта адно з найвялікшых глупстваў у гісторыі чалавечага духу і што нездарма яго прынеслі фашысты і камуністы, а дэмакратычныя грамадствы былі настолькі неразумныя, што гэты культ ад іх перанялі, а іншыя, наадварот, казалі, што ўсё так, як мае быць, што маладосць мо і дурная, затое дынамічная, а гэта пазітыўна. Сацыёлагі казалі, што быць пазітыўным — гэта новая вартасць для заходняга грамадства і што яна замяняе традыцыйныя гуманістычныя каштоўнасці, якія ўжо не адпавядаюць стану супольнасці. Быць пазітыўным значыла смела крочыць насустрач будучыні, займацца спортам, весці здаровы і гарманічны лад жыцця, рэгулярна хадзіць да лекара, дажываць да глыбокай старасці і рупліва працаваць, каб потым на пенсіі прыемна бавіць час і маладжава апранацца. І ніхто ўжо не хацеў быць бедным, і ўсе хацелі мець і лядоўню, і мабільны тэлефон, і сабаку, і котку, і чарапаху, і вібратар, і займацца спортам, і хадзіць да псіхааналітыкаў. Каталіцкія філосафы казалі, што ва ўсім вінаватыя пратэстанты, якія падкрэсліваюць важнасць матэрыяльнага поспеху і жывуць паводле формулы «Дапамажы сабе сам, і Бог табе дапаможа», тым часам як каталікі вераць, што «Каго Бог любіць, таму крыж дае». Пратэстанцкія ж філосафы казалі, што заняпад каталіцкага касцёла сведчыць пра тое, што ён не здольны крочыць у нагу з часам, і што ментальнасць развіваецца, і што яны сучасныя, і што пастары могуць жаніцца і атрымліваць сексуальнае задавальненне і такім чынам больш эфектыўна сеяць хрысціянскія ідэі ў грамадстве, апанаваным нігілізмам. І людзі ў гарадах заводзілі і сабак, і катоў, і чарапах, і марскіх свінак, таму што нямое стварэнне не здрадзіць нават у адчужаным свеце. А для сабак і катоў былі створаныя спецыяльныя цырульні, салоны прыгажосці, трэнажорныя залы, санаторыі, трупярні, могілкі і да т. п. А амерыканскія салдаты, што вярнуліся з вайны ў В’етнаме, скінуліся і ўсталявалі помнік 4100 амерыканскім сабакам, што загінулі ў В’етнаме за свабоду і дэмакратыю. А ў развітых краінах адчыняліся фермы, якія называліся вясковыя музеі альбо вясковыя куткі, куды людзі з гарадоў ездзілі глядзець, як выглядае конь, ці авечка, ці карова, ці курыца, бо свойская жывёла паступова з гарадоў знікла. Зрабілася менш і іншых жывёл — барсукоў, сычоў, жабаў, матылёў і жукоў на дарогах, і эколагі казалі, што віной таму забруджанае паветра, пестыцыды, выхлапныя газы і да т. п. А некаторыя эколагі нападалі ўначы на медыцынскія і фармацэўтычныя даследчыя лабараторыі, дзе ставіліся доследы на жывёлах, і выпускалі на волю малпаў, трусоў, хамякоў, сабак, змей і жабаў. І чым далей, тым больш людзей думала, што звяроў трэба абараняць, і засноўваліся таварыствы аховы жывёлаў, а часам людзі пераапраналіся ва ўборы мядзведзя ці пустальгі, і маніфеставалі на вуліцах супраць паляванняў, супраць карыды і супраць навуковых доследаў на жывёлах, і казалі, што забіваць звяроў бесчалавечна. Некаторыя з гэтых людзей былі вегетарыянцамі і харчаваліся морквай і да т. п. А паляўнічыя казалі, што палююць на звяроў, каб захаваць традыцыю, і што традыцыі страчваюцца, а яны ў сучасным свеце вельмі важныя. І што ні год здаралася, што які-небудзь паляўнічы замест дзіка забіваў іншага паляўнічага, і тады астатнія паляўнічыя скідваліся і куплялі ўдаве пральную машыну ці нешта падобнае, што магло быць карысным у гаспадарцы.

У залаты век у гарадах яшчэ жылі козы, куры і да т. п., а мужчыны курылі вірджынскія цыгары і пагладжвалі сабе бароды, а па вуліцах ездзілі электрычныя трамваі, дрожкі, омнібусы і конкі. Коней выкарыстоўвалі ў гарадах і для перавозкі тавараў, бо грузавых аўтамабіляў амаль не было, а таксама ў войску і ў жандармерыі. У Першай сусветнай вайне шмат коней загінула, асабліва на Усходнім фронце, дзе ваявала руская, нямецкая і аўстрыйская кавалерыі, а ў 1916 годзе нямецкія шпіёны пракраліся ў стайню румынскай арміі і падкінулі ў печ хваробатворныя споры сапу, і 3055 румынскіх коней пагінула. На Заходнім фронце коні выкарыстоўваліся, галоўным чынам, пры выведных аперацыях, а таксама для транспартавання гармат, кулямётаў, харчоў і дошак, што ўжываліся пры будаўніцтве акопаў, а кавалерыйскія палкі ўвесь час былі напагатове, бо генералы спадзяваліся, што калі пяхота прарве лінію варожай абароны і зойме варожыя агнявыя кропкі, менавіта кавалерыя вырашыць зыход вайны смелай атакай на ворага. А ў 1915 годзе французы прыдумалі для коней спецыяльныя газаахоўнікі. Пасля вайны коней у гарадах і ў войску паменела, большая частка гарадскіх стайняў была разбураная ці перабудаваная ў дзіцячыя садкі, бо архітэктура стайняў адпавядала і патрэбам дзіцячых садкоў. У Другой сусветнай вайне ў большасці армій колькасць коней была кардынальна зменшаная, акрамя Чырвонай арміі, якая трымала напагатове васемсот тысяч коней і чакала, пакуль у немцаў скончыцца бензін альбо пакуль яны не загразнуць у балоце. Тым часам у Германіі і ў іншых еўрапейскіх краінах большая частка стайняў была ліквідаваная альбо выкарыстоўвалася для іншых мэтаў, а ў канцэнтрацыйным лагеры Біркенаў стайні служылі як баракі для вязняў, і ў адной стайні змяшчалася 52 кані альбо 1000 ці нават 1200 вязняў.

Захаванне традыцый і вяртанне да прыроды былі ў дваццатым стагоддзі вельмі важныя, бо дапамагалі супрацьстаяць крызісам маралі, якія пачасціліся з таго часу, як людзі займелі лакаматывы, параходы і фабрыкі і развучыліся жыць у гармоніі, а свет зрабіўся поўны гвалту, галечы і несправядлівасці. І ў 1906 годзе сабраўся гурт маладых нямецкіх і аўстрыйскіх анархістаў, якія імкнуліся адшукаць сапраўднае жыццё пад маскай цывілізацыі і пераехалі ў Швейцарыю, і там заснавалі камуну, якую назвалі «MONTE VERITА», і ўсе там былі вегетарыянцы, і жылі натуральным жыццём у гармоніі з прыродай, і насілі доўгія валасы, і танчылі вакол вялікага вогнішча, і вяшчалі ідэі. І з цягам часу ўзнік рух, да якога далучаліся маладыя людзі з розных краін. Яны вызнавалі новае абсалютнае мастацтва ў гармоніі з прыродай і казалі, што мастацтва — гэта рэч не эстэтычная, а біялагічная, і што самае абсалютнае мастацтва — гэта танец, таму што ён першасны, і што танец можа быць крыніцай натхнення для стварэння новага палітычнага ладу, а ў трыццатыя гады большасць з іх далучылася да нацыстаў, бо нацысты вызнавалі прыродную гармонію і зліццё індывіда з зямлёй і расай і выступалі супраць габрэяў, якія, як лічылася, не любяць прыроду і маюць намер забрудзіць чалавечую свядомасць і выкінуць з яе тое, што дае магчымасць чалавеку жыць у гармоніі. А адзін з чальцоў камуны зрабіўся ў нацысцкай Германіі вядомым харэографам і прыдумаў танец жэстаў для нямецкіх рабочых, каб падвысіць прадуктыўнасць працы на зброевых заводах. А ў 1917 годзе адзін італьянскі салдат пісаў у лісце сваёй сястры: «Я З КОЖНЫМ ДНЁМ ЗДАЮСЯ САБЕ ЎСЁ БОЛЬШ ПАЗІТЫЎНЫМ». А ў 1930 годзе адзін французскі лекар абвясціў надыход новай эры, якая пройдзе пад знакам Вадаліва і якая народзіць новага чалавека і ўсталюе новы свет, без войнаў і гвалту. А ў 1921 годзе адзін шатландскі настаўнік адчыніў у Германіі эксперыментальную школу, дзе хацеў апрабоўваць новыя, рэвалюцыйныя, антыаўтарытарныя метады навучання і казаў, што навучанне павінна ператварыцца ў дыскусію на розныя цікавыя пытанні, бо традыцыйнае навучанне ў сваёй сутнасці недэмакратычнае і прышчэплівае вучням агрэсіўнасць. Школа была прызначаная дзецям ад пяці да шаснаццаці гадоў, а калі ім не хацелася браць удзел у дыскусіях, дзеці маглі застацца дома, ці катацца на ровары, ці будаваць з сябрамі таемную схованку, і менавіта ў гэтым была рэвалюцыйнасць. І чым далей, тым больш людзей верыла, што чалавецтва стаіць на парозе новай эры, якую пачалі называць «НОВЫ ВЕК», і якая павінна была пачацца, як толькі Сонца ўвойдзе ў сузор’е Вадаліва, і працягвацца 2160 гадоў, цягам якіх мусіла адбыцца зліццё правага і левага паўшар’яў мозга, ментальная мутацыя чалавецтва і нараджэнне новай духоўнасці. Новы век мусіў быць гарманічны, адухоўлены і інтэрактыўны, і ніхто нікога больш не павінен быў прыціскаць, бо чалавецтва мусіла ўзняцца на новы ўзровень пазнання, і ўсе людзі мусілі стаць духоўна і экалагічна свядомымі. Людзі, якія верылі ў Новы век, казалі, што Вадаліў вельмі трапна сімвалізуе змены, што надыходзяць, бо людзі прагнуць чагосьці новага, і Вадаліў гэтую прагу спатоліць. І казалі, што стары свет быў матэрыялістычны, механістычны і аналітычны, і што аналітычны метад разбівае рэальнасць, і што меркаваць пра рэчаіснасць можна толькі шляхам сінтэзу. І што заходняя культура навучыла чалавека лічыць дрэвы ў лесе, але ніхто не бачыць самога лесу. Людзі, якія верылі ў Новы век, хацелі вярнуцца да духоўных каранёў чалавечай паспалітасці і зліцца з касмічнай энергіяй і меркавалі, што трэба перагледзець падыходы да выхавання моладзі, бо Новы век не можа праявіцца ў поўнай ступені, пакуль людзі думаюць па-старому, і казалі, што самае галоўнае — гэта гармонія, бо толькі яна дазволіць паўшар’ям мозга свабодна камунікаваць, а камунікацыя мазгавых паўшар’яў дасць магчымасць кожнаму дасягнуць другога берага ў самім сабе.

А ў 1950 годзе папа рымскі абвясціў, што эвалюцыйная тэорыя, згодна з якой чалавек паходзіць ад малпаў, вустрыц і кваркаў, зусім не супярэчыць веры ў чалавека і ў місію, якую яму наканаваў Бог, і калі цялесная абалонка ўзнікла з нейкай жывой матэрыі, якая ёй папярэднічала, то душу стварыў Гасподзь. І што ён стварыў яе непасрэдна ў той момант, калі чалавечае цела набыло канчатковы выгляд. А іншы папа ў 1996 годзе абвясціў, што эвалюцыйная тэорыя, хутчэй за ўсё, праўдзівая, аднак яна не тлумачыць метафізічнага, і што менавіта дзеля гэтага і трэба рэлігія. І сказаў, што навука, верагодна, здольная адказаць на пытанне, як узнік чалавек, затое Біблія, у сваю чаргу, адказвае на пытанне, чаму, уласна, ён узнік, і дазваляе зразумець супярэчнасць паміж фізічнай пераемнасцю жывёльных відаў і анталагічнай непераемнасцю, выкліканай прыходам чалавека. Людзі, якія не верылі ні ў Госпада Бога, ні ў Новы век, ні ў іншапланецянаў, ні ў спірытуальныя элементы, ні ўва што іншае, казалі, што чалавек узнік з чыстае выпадковасці, і што свет абсурдны, і што нават прыродзе нельга верыць, бо яна вычварэнская, а шукаць у ёй нейкі сэнс — сапраўднае вар’яцтва. А іншыя людзі, якія верылі ў Госпада Бога і ў стварэнне свету, казалі, што эвалюцыйная тэорыя — гэта спроба Сатаны разбэсціць чалавека, і што папа — д’яблаў халуй, а ў 1930 годзе адзін баптысцкі пастар змайстраваў адбітак чалавечай нагі, узрост якога быў сто восемдзесят мільёнаў гадоў, каб даказаць, што чалавек такі ж старажытны, як і дыназаўр. Эвалюцыяністы казалі, што гэта скандал, а крэацыяністы казалі, што скандальна сцвярджаць, нібыта чалавек паходзіць ад малпы, і што тэорыя развіцця — гэта ідэалагічнае махлярства, якое адбірае ў чалавека самае галоўнае — усведамленне самога сябе, імкненне да самаўдаканалення, патрэбу працаваць і да т. п. Эвалюцыяністы казалі, што ўсведамленне самога сябе і імкненне да самаўдасканалення можна бачыць і ў звяроў, а камуністы казалі, што чалавек — гэта, па сутнасці, малпа, якая пачала працаваць, але некаторыя эвалюцыяністы з гэтым не пагаджаліся і казалі, што ў прыроды свая логіка і праца тут ні пры чым. Іншыя эвалюцыяністы, аднак, лічылі, што праца грае важную ролю, і што сацыяльнай навуцы ўласцівыя тыя самыя законы і механізмы, што і біялогіі, і што занадта пільны клопат лекараў, сацыяльнае забеспячэнне і да т. п. падахвочваюць чалавека да ляноты і запавольваюць развіццё чалавечай супольнасці.

Камуністы казалі, што Госпада Бога няма, і што існуе толькі матэрыя, і што трэба збудаваць новы свет, дзе над усімі, хто прыкладзе руку да агульнай справы, будзе ўладарыць справядлівасць, і ніхто нікому не будзе зайздросціць, бо ўсе будуць мець усё, і ні ў кога не будзе нічога такога, чаго б не было ў іншых. Але перад усталяваннем новага свету неабходна вырваць стары свет з карэннем, а людзям трэба навучыцца думаць па-новаму, бо без новага мыслення не можа быць новага свету. І казалі, што кожны чалавек мусіць вырашыць, ці ён хоча стаяць на баку прагрэсу, і калі не, то яго змяце ўраган гісторыі. Камуністы лічылі, што Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта, па сутнасці, канец гісторыі, бо камунізм — гэта пік гістарычнага развіцця чалавечай супольнасці, і што толькі пытанне часу — калі камунізм пераможа ва ўсім свеце, і што гісторыі ўжо не будзе сэнсу працягвацца. І казалі, што камунізм — гэта не палітычны рэжым, а гістарычная катэгорыя, а для тых, хто гэтага не разумеў і думаў па-старому — для здраднікаў, эгаістаў, зайздроснікаў, распуснікаў, алкаголікаў і да т. п., — прыдумалі адмысловае месца, якое назвалі «звалкай гісторыі», таму што да той пары, пакуль камунізм пераможа ва ўсім свеце, было важна даведацца, каму ў гісторыі няма месца. Гісторыкі пазней казалі, што камунізм прынёс новую небяспеку для чалавечай цывілізацыі — сціранне гістарычнай памяці, і што раней розныя дыктатуры рабілі цэнзуру памяці ў бібліятэках, музеях і да т. п., а камуністы пашырылі знішчэнне памяці на ўсе сферы грамадскага і прыватнага жыцця і ўвялі яго ў ранг юрыдычнага прынцыпу, і што гэта было арыгінальна. А ў 1917 годзе камуністы прыдумалі рэвалюцыйныя трыбуналы, якія судзілі здраднікаў і распуснікаў і за паўдня паспявалі вынесці ажно да трохсот пяцідзесяці смяротных прысудаў, што ў судзе са старым мысленнем было б немагчыма, і адначасова ўвялі больш сучасныя спосабы катавання, якія дазвалялі атрымліваць ад здраднікаў і распуснікаў прызнанні і адрасы іншых здраднікаў і распуснікаў. Самымі вядомымі спосабамі катавання былі наступныя: ВУШКА, ЛАСТАЎКА, ПАПЛАВОК, МАНІКЮР і СЛАНЯНЯ. Сэнс апошняга палягаў у тым, што распусніка прывязвалі да крэсла ці да стала і на галаву яму надзявалі газаахоўнік, але без кіслароду, а потым камуністы пачыналі лупіць распусніка палкай, а распуснік задыхаўся і страчваў прытомнасць, а камуністы сцягвалі з яго газаахоўнік, і ўваскрашалі яго, і патрабавалі прызнання і адрасоў. Арыгінальным было таксама тое, што замест простага выкрэслівання некаторых гістарычных падзей камуністы часам якую-небудзь падзею ў гісторыі пакідалі, але прыдумвалі яе абсалютна па-новаму. І з фотаздымкаў розных урачыстасцяў, з’ездаў і гістарычных падзей паступова пачалі знікаць тыя камуністы, якія тым часам паспелі здрадзіць радзіме, альбо спрычыніліся да змовы, альбо выказалі буржуазныя погляды ці няправільныя думкі, і на фатаграфіі, дзе напачатку было, прыкладам, восем камуністаў, урэшце заставалася ўсяго два ці тры. Гістарычныя камісіі надавалі фотаздымкам вялікую ўвагу, бо калі людзі перасталі верыць таму, што было напісана, яны яшчэ некаторы час верылі фатаграфіям, і камуністы лічылі, што фатаграфіі неабходна прыстасоўваць да патрабаванняў часу, гэтаксама як да патрабаванняў часу прыстасоўваюцца новыя лакаматывы і ўсё такое. А ў 1919 годзе яны прыдумалі спецыяльнае псіхіятрычнае лячэнне, бо лічылі, што той, хто супраць рэвалюцыі, — альбо распуснік, альбо вар’ят. І распуснікаў адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лагеры, а вар’ятаў — у вар’ятні, дзе яны праходзілі спецыяльнае лячэнне, якое называлася «прамыванне мазгоў». Хворыя мазгі трэба было прамыць, каб у іх не засталося нічога старога і каб туды можна было ўкласці новыя думкі.

У канцы стагоддзя людзям у дэмакратычных краінах пачало здавацца, што дэмакратыя і спажывецкае грамадства таксама спрыяюць страце памяці, і яны казалі, што празмерная колькасць інфармацыі гэтак жа небяспечная, як і камуністычная цэнзура, і што людзі адарваныя ад традыцый і каранёў і да т. п., і што спажывецкае грамадства непазбежна імкнецца да забыцця, бо яно геданістычнае. І што празмерная колькасць інфармацыі ў доўгатэрміновай перспектыве яшчэ больш небяспечная, чым камуністычная цэнзура, бо выклікае не абурэнне і пратэст, а стомленасць і абыякавасць. І што дэмакратычныя рэжымы вядуць да знікнення ўсіх культурных і гістарычных здабыткаў і да дыктатуры уніфармізму. Але іншыя людзі звярталі ўвагу на тое, што памяць — гэта, па сутнасці, інтэракцыя паміж захаваннем і сціраннем якойсьці падзеі, і што яна паводле прыроды сваёй селекцыйная, і што калі б яна такой не была, гэта ўжо была б не памяць, а псіхічнае адхіленне. А іншыя людзі дадавалі, што памяць не ёсць канстытуцыйнай для заходняй цывілізацыі, і што менавіта гэта адрознівае заходнюю цывілізацыю ад іншых, і што для заходняга грамадства важнейшымі за памяць з’яўляюцца універсальныя прынцыпы і агульная воля, што і дазволіла яму перайсці ад гетэраноміі да аўтаноміі, і што дэмакратыя базуецца не на памяці, традыцыях і да т. п., а на дамоўленасці паміж індывідам і дзяржавай, і гэтая дамоўленасць сама па сабе не мае ніякай гістарычнай альбо антрапалагічнай вартасці, аднак дазваляе рэгуляваць грамадскія зносіны. І што заходняму грамадству ўласцівы прынцып авангарду, які скіраваны на будучыню і дзейнічае як у мастацтве, так і ў навуцы альбо ў палітыцы. І што роля памяці ў заходнім грамадстве хутчэй адпавядае разуменню слова «памяць» у кампутарнай тэхніцы. Праграмісты адрознівалі два тыпы памяці: ROM i RAM, але большасць людзей, гаворачы пра памяць кампутара, мела на ўвазе RAM, АПЕРАТЫЎНУЮ ПАМЯЦЬ, і людзі, якія меркавалі, што дэмакратыя і спажывецкае грамадства спрыяюць сціранню памяці, казалі, што гэта прадвесце свету без памяці, у якім усё будзе выпадковае.

Маладыя людзі лічылі, што неабходна вярнуцца да каранёў мудрасці, і што прамысловае грамадства і абавязковае наведванне школ змянілі стаўленне чалавека да сапраўднага пазнання, і казалі, што тое, што раней ведала кожнае дзіця, сёння ведае толькі кучка спецыялістаў, і што раней дзеці ведалі розныя расліны, умелі ставіць пасткі на трусоў, плесці мячыкі са свежай травы і круціць цыгаркі з сунічнага ліста, а потым паласкаць рот адварам з крапівы, каб дома не атрымаць у каўнер. А старэйшыя людзі казалі, што тое, што раней ведала толькі кучка спецыялістаў, сёння ведае кожнае дзіця, напрыклад, квадратны корань і да т. п. Але маладыя людзі казалі: а на чорта патрэбны той квадратны корань, і ездзілі ў Індыю і Непал, каб спасцігнуць усходнюю мудрасць, і лічылі, што хрысціянская мараль робіць з чалавека раба, і што людзі ў Еўропе ўмеюць толькі лічыць дрэвы, тым часам як індусы бачаць лес. І яны не хацелі жыць у свеце гвалту, галечы і забруджанага паветра, і з’язджалі ў незаселеныя раёны Амерыкі, Шатландыі ці Францыі, і засноўвалі там камуны, і курылі гашыш і марыхуану, і займаліся сексам, і спявалі песні, і вучылі сваіх дзяцей, як жыць у гармоніі з прыродай, і захоўвалі традыцыі, і ляскалі ў бубны, і скакалі вакол вогнішчаў, і вяшчалі ідэі. У камуністычных краінах усё гэта было забаронена, і ўсе павінны былі вывучаць тое самае і не маглі паехаць, куды ім хацелася. У камуністычных краінах лічылася прагрэсіўным тое, што ўсе працуюць дзеля дабрабыту працоўнага чалавека, і самым важным быў рабочы клас, таму што працоўны люд мае ў грамадстве натуральны аўтарытэт, і кожны хацеў быць паходжаннем з рабочых. У дэмакратычных краінах быць прагрэсіўным — хутчэй значыла тое, што было б лепш, калі б не было ніякіх аўтарытэтаў, і людзі рабілі б, што ім прыйдзе да галавы, але нягледзячы на гэта паводзілі б сябе адказна, бо былі б вальнадумныя і з павагай ставіліся б адно да аднаго. У камуністычных краінах прагрэсіўныя пісьменнікі пісалі раманы з рабочага асяроддзя, каб паказаць, што быць рабочым — гэта самае лепшае, што можа напаткаць вальнадумнага чалавека, альбо пісалі пра людзей, якія спачатку пазіралі на рабочы клас з пагардай, але потым раптам зразумелі, што шэрагі рабочых бурляць радасным хваляваннем, і таксама захацелі зрабіцца рабочымі ці прынамсі працоўнай інтэлігенцыяй, каб дапамагаць рабочым новымі адважнымі ідэямі. А ў дэмакратычных краінах прагрэсіўныя пісьменнікі пісалі пра вальнадумных людзей, якія не прымалі аўтарытэтаў, не згаджаліся з усталяваным парадкам і хацелі застацца свабоднымі, нават за кошт таго, што ўступалі ў канфлікт з грамадствам. І ўзнікалі суполкі, дзе маладыя пісьменнікі выпрабоўвалі новыя спосабы пісьма і эксперыментальныя метады, каб паказаць, што свет абсурдны.

У канцы стагоддзя мужчыны курылі на траціну больш за жанчын, а таксама часцей кіравалі аўтамабілем, а больш за ўсё аўтамабіляў у пераліку на аднаго жыхара было ў Амерыцы і ў Германіі, а грэкі больш за ўсіх курылі. Жанчыны жылі даўжэй за мужчынаў, і радзей канчалі жыццё самагубствам, і за дзень прамаўлялі прыблізна ўтрая больш слоў, а людзі ў гарадах езділі на роварах і займаліся спортам, а ўранку бегалі па вуліцах, каб прачысціць лёгкія. Ранішнія прабежкі прыдумалі амерыканцы, якія адмыслова куплялі бліскучыя спартовыя трусы і боты з надзьмутымі пругкімі падэшвамі, каб не скрывіўся хрыбет, а ў 1985 годзе ў ста трыццаці пяці амерыканцаў падчас ранішняй прабежкі здарыўся інфаркт. Людзі ў канцы стагоддзя хацелі застацца маладымі і дынамічнымі, але разам з тым быць паліт- і сексуальна карэктнымі, а гэта значыла, што яны не павінныя былі заляцацца да жанчын, юрліва ім усміхацца і да т. п., а таксама расказваць анекдоты пра жыдоў і немцаў і пра гомасексуалістаў. А некаторыя жанчыны падавалі ў суды пазовы на сваіх начальнікаў, бо тыя вялі эратычна афарбаваныя размовы альбо прапаноўвалі падвезці тых дадому і пры гэтым кідалі распусныя позіркі, а адзін амерыканскі адвакат у 1997 годзе быў вымушаны заплаціць чатыры мільёны амерыканскіх долараў сваёй сакратарцы ў якасці маральнай кампенсацыі за тое, што насыпаў ёй у дэкальтэ шакаладных цукерак. А ў 1998 годзе некаторыя амерыканцы хацелі зняць свайго прэзідэнта, які быў у некарэктных стасунках з адной стажоркай, і лапаў ейныя грудзі, і пхаў ёй у вагіну кубінскую цыгару, а яна яму рабіла мінет, калі ён, напрыклад, размаўляў па тэлефоне з прэм’ер-міністрам і да т. п., а амерыканцы тым часам бамбілі Ірак, і іракцы казалі, што такім чынам тыя імкнуцца адцягнуць увагу ад некарэктных сексуальных паводзін свайго прэзідэнта. Еўрапейцы таксама хацелі быць карэктнымі палітычна, але трохі менш сексуальна, бо здраджванне жонкам, асабліва ў лацінскіх краінах, мела вялікую культурную традыцыю, тым часам як Амерыка была хутчэй пурытанская. Сярэдні ўзрост, да якога дажывалі жыхары дэмакратычных краін, быў большы, чым у камуністычных краінах, бо людзі там часцей хадзілі да дактароў і елі свежую гародніну і да т. п., а ў камуністычных краінах жыхары больш курылі, бо не разумелі як след, навошта весці здаровы лад жыцця і дажываць да глыбокай старасці, а менш за ўсё жылі ў развіццёвых краінах, альбо інакш — краінах трэцяга свету. У развітых краінах людзі ў канцы стагоддзя дажывалі ў сярэднім да 78 гадоў, а самае кароткае жыццё было ў жыхароў Сьера-Леонэ, якія жылі ў сярэднім 41 год. А сацыёлагі казалі, што паводле розных крытэраў лепш за ўсё людзі жывуць у Канадзе і ў Францыі. А Злучаныя Штаты былі на 18-м месцы, а Сьера-Леонэ на 187-м месцы. Людзі ў гарадах жылі даўжэй за людзей на вёсцы і прамаўлялі ў сярэднім у пяць разоў больш словаў. А дактары казалі, што пры правільным рэжыме і аптымальным медыцынскім даглядзе людзі маглі б дажываць да 110 ці нават да 130 гадоў, а некаторыя людзі верылі, што аднойчы чалавек зробіцца практычна бессмяротны, і што ідэальнае грамадства настане тады, калі людзі будуць паміраць толькі ў выніку непрадказальных аварый і самагубстваў. Псіхолагі казалі, што той, хто хоча дажыць да глыбокай старасці, не павінен разважаць пра мінулае, а павінен глядзець у будучыню, бо развагі пра мінулае з пункту гледжання доўгажыхарства непрадуктыўныя, тым часам як будучыня поўная напружання, узрушэння і невядомых велічынь, і людзі могуць сабе ўяўляць, як гэты свет будзе выглядаць праз дваццаць альбо праз пяцьдзесят гадоў, а псіхіятры казалі, што індывідуальныя ўспаміны ўсё адно не адпавядаюць рэчаіснасці, а маніпуляцыі з аб’ектыўнай рэальнасцю — гэта ахоўны механізм чалавечай свядомасці, і што калі б чалавек не меў магчымасці маніпуляваць мінулым, ён паміраў бы намнога раней. Падчас Першай сусветнай вайны сярэдняя працягласць жыцця ў розных краінах знізілася на 10 ці нават 12 гадоў, але сярод прадстаўнікоў рабочага класа сярэдняя працягласць жыцця, наадварот, падвысілася, бо не было беспрацоўя і рабочыя хадзілі да заводскага лекара і атрымлівалі талоны на харчаванне ў рэстаранах, каб мець сілы лепш працаваць дзеля канчатковай перамогі. І шмат людзей дамагалася, каб у шпіталях была ўзаконеная эўтаназія, а некаторыя лабараторыі прапаноўвалі людзям змясціць іх пасля смерці ў лядоўню, дзе б яны засталіся да таго часу, пакуль не будзе знойдзеная магчымасць зрабіць чалавека бессмяротным, альбо пакуль не будзе магчыма чалавека кланаваць, бо дагэтуль можна было кланаваць толькі апалонікаў, імшанак, вадзяных блох, жаб, авечак, кароў і да т. п. Кланаванне — гэта была тэхналогія, якая давала магчымасць стварыць генетычную копію якога-нібудзь жывога арганізму з клеткі, і гэта быў адзін са спосабаў дасягнуць несмяротнасці.

Першую сусветную вайну таксама называлі АПОШНЯЙ З АПОШНІХ. На пачатку вайны яе так называлі паўсюль, таму што ўсе былі ўпэўненыя, што яе выйграюць і што больш ніякія войны не спатрэбяцца, бо ў свеце ўсталюецца мір. Пасля вайны так казалі толькі ў краінах, якія вайну выйгралі, бо людзі там меркавалі, што больш ніякая вайна не патрэбная, аднак у краінах, якія яе прайгралі, людзі ў гэтым упэўненыя не былі. Першую сусветную вайну выйгралі, галоўным чынам, французы і англічане, а прайгралі яе, галоўным чынам, немцы, а Другую сусветную вайну выйгралі амерыканцы і рускія, а прайгралі яе, зноў жа, перадусім немцы, а вайну, якая пачалася потым і якую называлі «халоднай», бо падчас яе не было непасрэдных узброеных канфліктаў паміж дэмакратычнымі і камуністычнымі краінамі, а іх прадстаўнікі ваявалі ў розных іншых краінах, выйгралі амерыканцы, а прайгралі, галоўным чынам, рускія. А некаторыя гісторыкі казалі, што вайна — гэта заканамерны працяг палітычнай дзейнасці, аднак іншыя гісторыкі не згаджаліся і казалі, што, наадварот, палітычная дзейнасць ёсць працягам вайны, і што вайна, між іншым, усё адно ніколі не заканчваецца, што яна толькі маскуецца і праяўляецца іншым спосабам. А ў 1989 годзе прыйшоў канец камунізму ў Еўропе, і шмат людзей былі ўпэўненыя, што дэмакратыя канчаткова перамагла, бо яна перамагла два самыя крывавыя рэжымы ў гісторыі чалавецтва — нацызм і камунізм. І казалі, што гэта зручны момант для ўсталявання новага сусветнага парадку. Пра камунізм казалі, што ён вінаваты ў смерці дзевяноста ці нават ста мільёнаў чалавек, але былыя камуністы казалі, што, па-першае, гэта не зусім праўда, а калі нават і так, то нельга гэта так называць, бо камуністы хацелі як лепш. А гісторыкі казалі, што камунізм — гэта надта свежая гістарычная рэальнасць, таму пакуль што яе нельга разглядаць як прадмет даследавання, але што з цягам часу і камунізм будзе прадметам даследавання, і на яго можна будзе зірнуць па-новаму, больш аб’ектыўна. Перад падзеннем камунізму Савецкі Саюз і краіны Усходняй Еўропы атрымалі назву ЎСХОДНІ ЛЕДАВІК, бо жыццё ў гэтых краінах было застылае і нерухомае, нібы замарожанае, а ў 1989 годзе шмат людзей у Заходняй Еўропе думалі, што ўсходнія краіны мусяць як мага хутчэй далучыцца да Еўрапейскага Звязу, і казалі, што гэта б узбагаціла еўрапейскую ідэнтычнасць. А людзі, якія не маглі дачакацца дваццаць першага стагоддзя і лічылі, што дэмакратыя раз і назаўжды перамагла, казалі, што таталітарныя рэжымы ў будучыні ўжо не змогуць існаваць, бо прынцып функцыянавання таталітарнага рэжыму — гэта кантроль і абмежаванне доступу да інфармацыі, і што цяпер гэта ўжо не будзе магчыма, бо Інтэрнэт дасць людзям магчымасць абменьвацца думкамі і памкненнямі з хуткасцю маланкі, пераадольваючы неверагодныя адлегласці. А на Салавецкіх выспах, дзе былі канцэнтрацыйныя лагеры, камуністы павынішчалі чаек, гагар і крачак, таму што баяліся, каб які-небудзь вязень не паслаў з чайкай ліст за мяжу і каб людзі не даведаліся, што робіцца ў канцэнтрацыйных лагерах. А вязні з канцэнтрацыйных лагераў па берагах рэк Об і Іртыш, якія працавалі на лесанарыхтоўках, адсякалі сабе пальцы і прывязвалі іх да бярвёнаў, якія сплаўлялі па рацэ ў вялікія гарады, і спадзяваліся, што нехта іх палец заўважыць і здагадаецца, што ў канцэнтрацыйных лагерах робіцца нешта благое. Але з цягам часу стала відавочна, што людзям з посткамуністычных краін еўрапейская ідэнтычнасць да лямпачкі і што людзі з Усходняй Еўропы ставяцца да еўрапейскай гісторыі з недаверам. Некаторыя заходнееўрапейскія гісторыкі казалі, што трэба даць людзям ва Усходняй Еўропе трохі часу, што ў іх адсутнічае адчуванне гістарычнай дынамікі, бо сорак гадоў камунізму зрабілі ў гісторыі дзірку. Аднак людзі з усходнееўрапейскіх краін бачылі сітуацыю інакш, ім здавалася, што яны маглі б даць Заходняй Еўропе шмат цікавага досведу, і адчувалі сябе пакінутымі, непатрэбнымі і нялюбымі. А псіхааналітыкі казалі, што перарваная гісторыя — гэта тое самае, што і перарваны палавы акт, і што кульмінацыя ўжо не ёсць прыроджаным працягам спантаннага акту, а толькі спосабам, як пазбегнуць фрустрацыі.

Пяцідзесятнікі казалі, што калі чалавек шмат моліцца і медытуе, ён можа камунікаваць са Святым Духам. Пяцідзесятнікі, якія камунікавалі са Святым Духам, размаўлялі на невядомых старажытных мовах і казалі, напрыклад, «МОКРЫ ГЕРОХОРА ШМЭТХАНА», ці «ХАРЫ САГАНА ЭНТРАПІХО КЭШЭГЕР», ці «ІЛАЖЫЖОКО ЭЎТОКАЙ ЭЯНАВАВО КРОКАМ», а псіхалінгвісты казалі, што пяцідзесятнікі ажыўляюць падсвядомую метамоўную дзейнасць, якая прысутнічае ў свядомасці кожнага чалавека, а сацыялінгвісты казалі, што гэта рэакцыя на дыскрэдытацыю рэлігійнага і палітычнага дыскурсаў, якая нас у сваю чаргу вядзе да дыскрэдытацыі моўных канвенцый, да страты веры ў сэнс жыцця і гісторыі і да неабходнасці кардынальнай змены, якая і выказваецца нейкай новай ці невядомай мовай. Патрэба ў новай мове адчувалася ўсё вастрэй з таго часу, як прамысловы свет выціснуў традыцыйныя рэлігійныя і грамадскія вартасці, і некаторыя людзі прапаноўвалі прыдумаць універсальную мову і казалі, што, калі ўсе людзі пачнуць размаўляць на адной мове, у свеце ўсталюецца мір, і прыдумалі такія мовы. Падчас Першай сусветнай вайны часам здаралася, што салдаты з нацыянальных меншасцяў альбо з абласцей, дзе гаварылі на дыялекце, не разумелі мовы, на якой камандзіры аддавалі ім загады, і гэта вяло да розных непаразуменняў і стратэгічных хібаў. А аднаму брэтонскаму салдату ў 1916 годзе варожая куля адстрэліла палец на руцэ, і лейтэнант паслаў яго да доктара, але той палічыў, што адцягваць ягоную ўвагу такім нязначным раненнем непатрыятычна і аддаў салдата пад трыбунал, паводле рашэння якога салдат быў расстраляны, бо перакладчык, які б мог растлумачыць, што брэтонскага салдата паслаў да доктара ягоны камандзір, тым часам якраз быў адпушчаны ў звальненне. На мяжы дзевятнаццатага і дваццатага стагоддзяў з’явілася дзвесце семдзесят пяць універсальных моваў, і самай вядомай была мова эсперанта, і аматары эсперанта казалі, што эсперанта — гэта як тэлеграф, толькі лепш. А ў 1909 годзе эсперантысцкі рух распаўся на дзве плыні, бо сярод аматараў эсперанта былі як хрысціяне, так і антыклерыкалы і анархісты, і эсперантысты-вернікі казалі, што эсперанта можа паскорыць прыход панавання божага на зямлі, а эсперантысты-антыклерыкалы і анархісты, у сваю чаргу, казалі, што эсперанта — гэта праява грамадскай свядомасці і першы крок да сусветнай рэвалюцыі. Спачатку эсперанта моцна прапагандавалі камуністы, але ў 1937 годзе савецкая ўлада абвінаваціла эсперантыстаў у касмапалітызме і ў змове супраць савецкай улады, і пяць з паловай тысяч эсперантыстаў былі расстраляныя ці сасланыя на прымусовыя працы ў канцэнтрацыйныя лагеры. А адзін савецкі лінгвіст прадказаў, што калі камунізм пераможа ва ўсім свеце, новы свет абыдзецца зусім без мовы, бо сімбіёз усіх працоўных людзей будзе такі, што размаўляць будзе залішне, і людзі паступова зусім забудуць мову і будуць камунікаваць толькі непасрэдным кантактам і сілай рэвалюцыйнай думкі.

Людзі, якія з нецярплівасцю чакалі дваццаць першага стагоддзя, казалі, што ліквідацыя кантролю над інфармацыяй — гэта ліквідацыя інстытута ўлады і апошняя фаза дэмакратызацыі, бо ўлада надалей будзе ў руках кожнай асобы альбо суполкі грамадзянаў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі. І што гэта прывядзе да адмірання палітыкі ў традыцыйным разуменні, і што карыстальнік Інтэрнэту ўяўляе сабой новы тып грамадзяніна, якога сталі называць гіперграмадзянін. Гіперграмадзянін — гэта першы наднацыянальны і абсалютна свабодны грамадзянін у гісторыі, і ім мог зрабіцца кожны, хто быў здольны перастаць думаць па-старому і пачаць думаць інакш, бо на наступным этапе ўпарадкавання свету праца, капітал і сыравіны не будуць мець ніякага значэння. І што на змену парламенцкай дэмакратыі прыйдзе гіперграмадзянская дэмакратыя, і што кожны гіперграмадзянін будзе роўны з усімі астатнімі гіперграмадзянамі, і ўсе будуць жыць ва ўзаемадзеянні. І ў сярэднім кожны тыдзень гінула адна мова і 35 000 гектараў лесу. І 96 % жыхароў Зямлі размаўлялі на 240 мовах, а 4 % жыхароў размаўлялі на 5821 мове, а на пяцідзесяці адной мове размаўляла ўжо толькі па адным чалавеку. А ў 1996 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый абвясціла праграму пад назвай «UNIVERSAL NETWORK LANGUAGE», і шмат анархістаў вывучалі эсперанта, а ў 1910 годзе на эсперанта выйшаў падручнік, дзе тлумачылася, як падрыхтаваць замах на палітычных дзеячаў, а ў 1921 годзе адзін французскі анархіст заклікаў эсперантыстаў-пралетараў, каб яны выйшлі з буржуазных эсперантысцкіх структур і пайшлі за ім, і засноўвалі новыя ячэйкі. І трыста семдзесят мільёнаў чалавек са ста васьмідзесяці розных краін мелі доступ да Інтэрнэту, і маглі мець зносіны з тымі, хто меў такія самыя ці падобныя інтарэсы, і далучыцца, напрыклад, да аб’яднання швейцарскіх мацярок, якія раілі, як трэба наладжваць стасункі з дзецьмі пераходнага ўзросту, ці маглі адшукаць розных людзей, якія спірытычна камунікавалі з іншапланецянамі і жадалі падзяліцца ўражаннямі з іншымі грамадзянамі, ці маглі наладзіць сувязь з вучнямі пачатковай школы з Вініпега, якія на школьнай экскурсіі знайшлі нежывую ласку і напісалі творчую працу пра жыццё ласак. А камуністы выпрацавалі асаблівую мову, так званую «дубовую», на якой людзі мусілі пачаць размаўляць з таго моманту, калі навучацца ладзіць камунікацыю сілай рэвалюцыйнай думкі. Лінгвісты казалі, што мэта дубовай мовы — зрабіць кароткае замыканне камунікацыі ў грамадскай і пазаграмадскай сферах, каб разбурыць у чалавечай свядомасці кагнітыўныя моўныя структуры. Дубовая мова праяўлялася ў тым, што на словы ў ёй накладваліся складаныя канатацыі, якія адсылалі да дзяржаўных уладных механізмаў. У словаў такім чынам паступова адбіраўся іх першапачатковы сэнс, які замяняўся сэнсам, які быў тым шырэйшы, чым больш трывала сядзеў моўнік у палітычнай іерархіі. І калі адзін камуніст сустракаў другога камуніста, ён мог сказаць, напрыклад, «ЯК У ВАШЫМ РАЁНЕ ІДЗЕ ЖНІВО?», а другі казаў «КОЖНЫ КАМСАМОЛЕЦ ВЫЗНАЧЫЎ СВАЁ МЕСЦА Ў БАРАЦЬБЕ ЗА ЎРАДЖАЙ», ці «МЫ САБРАЛІ ЗЕМЛЯРОБАЎ, КАБ ПЕРАВЫКАНАЦЬ СЁЛЕТНІ ПЛАН», ці «МЫ ЭНЕРГІЧНА РОБІМ АПОШНІЯ КРОКІ ДЗЕЛЯ ДАСЯГНЕННЯ НАШЫХ МЭТАЎ», ці «ТАВАРЫШЫ ВЫСТУПІЛІ З РАЦЫЯНАЛІЗАТАРСКАЙ ПРАПАНОВАЙ». Спачатку на гэтай мове гаварылі, галоўным чынам, пра працу і пра дзяржаўныя палітычныя рашэнні, аднак паступова людзі навучыліся на гэтай мове размаўляць пра ўсё: пра надвор’е, пра адпачынак, пра тэлеперадачы альбо пра тое, што жонка пачала піць і не хоча хадзіць на бацькоўскія сходы.

Тэлеграф у Першай сусветнай вайне выкарыстоўваўся, галоўным чынам, для перадачы сакрэтных звестак. Таксама з яго дапамогай лавілі варожыя паведамленні і пасылалі фальшывую інфармацыю, каб збіць з панталыку ворага. А ў час Другой сусветнай вайны англічане прыдумалі кампутары, каб расшыфроўваць сакрэтныя паведамленні, а ў шасцідзесятыя гады амерыканцы прыдумалі Інтэрнэт, бо баяліся, што ў якой-нібудзь з будучых войнаў рускія могуць утаіць інфармацыю, жыццёва важную для свабоды і дэмакратыі. І трыста семдзесят мільёнаў людзей мелі доступ да Інтэрнэту і маглі абменьвацца сваімі думкамі свабодна і без перашкод. А некаторыя турыстычныя агенцтвы прапаноўвалі праз Інтэрнэт за выгадны кошт віртуальныя падарожжы ў далёкія краіны, на асабісты выбар кожнага гіперграмадзяніна. А жанчыны маглі праз Інтэрнэт замовіць сабе сперму ад ананімнага донара, а некаторыя лабараторыі прапаноўвалі сперму асабліва якасных мужчынаў: астрафізікаў, інжынераў, баскетбалістаў і да т. п. І жанчыны маглі выбраць сперму паводле ста пяцідзесяці розных крытэраў: грамадзянства, паходжання, расы, веравызнання, узроўню адукацыі, прафесіі, росту, вагі, групы крыві, колеру валасоў, гушчыні абваласення, велічыні яечак і г. д., напрыклад, яны маглі купіць сперму трыццацішасцігадовага амерыканскага біёлага афганскага паходжання з чорнымі валасамі і блакітнымі вачыма, альбо сперму саракадвухгадовага авіяінжынера з Канзаса баптысцкага веравызнання і галандска-ўкраінскага паходжання, альбо сперму семнаццацігадовага таленавітага шахматыста кітайскага паходжання з малымі яечкамі. Адна порцыя спермы каштавала прыблізна тысячу пяцьдзесят амерыканскіх долараў уключна з аплатай паштовых паслуг, а яшчэ жанчыны маглі дадаткова замовіць касету з запісам голасу вытворцы спермы. Запіс быў наступны: «ПРЫВІТАННЕ! СЁННЯ ЦУДОЎНЫ ДЗЕНЬ, ПРОСТА СТВОРАНЫ ДЛЯ ПРАГУЛАК НА ЎЛОННІ ПРЫРОДЫ. СПАДЗЯЮСЯ, ШТО ВЫ МНОЙ БУДЗЕЦЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ». А адна жанчына, якая замовіла сабе запіс, пыталася, ці не маглі б ёй зрабіць дзесяціпрацэнтную зніжку, бо донар спермы выявіўся картавым.

А яшчэ з развіццём прамысловага грамадства ў Еўропе і ў Амерыцы значна пашырыўся алкагалізм, і многія людзі лічылі, што алкаголь — напасць чалавецтва, і што ён перашкаджае нармальнаму развіццю грамадства. Амерыканцы лічылі, што алкагалізм — тыповая хвароба еўрапейцаў і што ў Амерыку яе заносяць перадусім ірландцы і італьянцы. І некаторыя амерыканцы патрабавалі, каб у гэтым кірунку былі прынятыя захады і каб больш ірландцаў і італьянцаў не пускалі ў Злучаныя Штаты без папярэдняга псіхіятрычнага і сацыяльнага абследавання. А ў 1919 годзе амерыканскія ўлады забаранілі продаж і ўжыванне алкаголю, а ў 1921 годзе ўвялі ўязныя квоты, якія знізілі колькасць ірландскіх і італьянскіх перасяленцаў на 85 %. А ў 1914 годзе амерыканскія псіхіятры дамагліся таго, каб алкаголікі былі тэрмінова стэрылізаваныя ў інтарэсах захавання здаровага, паўнавартаснага грамадства. Амерыканцы ганарыліся тым, што ў Злучаных Штатах можна жыць здаровым паўнавартасным жыццём, тым часам як у Еўропе людзі курылі, пілі алкаголь і дыхалі забруджаным паветрам. А ў 2000 годзе амерыканцы адмянілі ў Алабаме закон, які забараняў змяшаныя шлюбы з неграмі. А амерыканскія дактары раілі, каб людзі дыхалі свежым паветрам, займаліся спортам і ездзілі на роварах, бо гэта быў спосаб, як падтрымаць сябе ў форме. На роварах належала ездзіць, галоўным чынам, мужчынам, бо жанчынам ровар з пэўных прычынаў не падыходзіў, дактары казалі, што ровар для жанчыны — гэта перадусім сексуальны партнёр, бо трэнне сядла аб палавыя губы і клітар жанчын узрушае і вядзе ў далейшым да вычварэнскіх сексуальных практык. Каб не дапусціць у жанчын такіх вычварэнскіх сексуальных практык, нейкі час нават вырабляліся ровары са спецыяльнымі сёдламі, у якіх пасярэдзіне была прарэзаная адтуліна, але тыя сёдлы былі не надта зручныя. Ездзіць на ровары стала вельмі папулярна ў васьмідзесятыя і дзевяностыя гады, бо людзі ў развітых краінах хацелі падтрымліваць здаровы лад жыцця, займацца аздараўленнем і да т. п. У бяднейшых краінах людзі таксама ездзілі на роварах, бо ў іх не хапала грошай на машыну альбо на матацыкл, а ў Сьера-Леонэ ўласны ровар меў 31 % паўнагадовых жыхароў. А ў багатых краінах, дзе было шмат аўтамабіляў, веласіпедысты ездзілі ў кіслародных масках, каб не атруціцца выхлапнымі газамі, якія былі шкодныя для здароўя. Выхлапныя газы забруджвалі паветра і вылучалі ў атмасферу аксід вугляроду, што спрыяла ўзнікненню такой з’явы, як «парніковы эфект», праз які тэмпература на Зямлі падвышалася. Спачатку парніковы эфект быў неабходны дзеля таго, каб на Зямлі магло ўзнікнуць жыццё і разумныя істоты, але з таго часу, як людзі стварылі прамысловасць, канцэнтрацыя газаў у атмасферы ўвесь час павялічвалася, і навукоўцы казалі, што гэта прывядзе да парушэння кліматычнага балансу. А ў Германіі шэфы фірмаў патрабавалі ад падначаленых, якія ездзілі на старых машынах, каб яны не паркаваліся перад цэнтральным уваходам, бо гэта магло зрабіць дрэннае ўражанне, а ў 1999 годзе адзін коміваяжор быў звольнены, бо ў яго было старое і бруднае аўто, але ён ленаваўся яго мыць і ўсё адно паркаваўся перад уваходам і не прыслухоўваўся да папярэджанняў. У Германіі людзі мылі машыны дзевятнаццаць разоў на год, у Англіі — чатырнаццаць разоў на год, у Францыі — дзесяць разоў на год, а ў Амерыцы — дваццаць восем разоў на год. Аўтамабілі мелі большае значэнне ў германскіх і англасаксонскіх краінах, чым у раманскіх, дзе больш важным было тое, хто элегантней апрануты альбо хто больш густоўна падабраў гальштук і боты і да т. п. А ў 1939 годзе немцы прынялі закон, які забараняў габрэям кіраваць аўтамабілем, і калі габрэя лавілі за стырном, яго адпраўлялі ў канцэнтрацыйны лагер.

Амішы былі супраць Інтэрнэту, супраць вайны, супраць спажывецкага грамадства, супраць курэння, супраць алкаголю, супраць электрычнасці, яны свяцілі газніцамі, жылі на хутарах, ездзілі ў горад на концы, прадавалі экалагічна чыстыя прадукты, экалагічныя млынкі на каву, экалагічныя ацяпляльнікі, газніцы, свечкі, качэргі, калатоўкі для падбівання бялкоў і чакалі апакаліпсісу, які пакладзе канец Інтэрнэту, войнам і да т. п. і дасць ім магчымасць увайсці ў кола абраных і сесці праваруч ад Бога. А Сведкі Еговы казалі, што курэнне і алкаголь забруджваюць кроў, і не хацелі есці вантрабянку і крывянку, і не прызнавалі пералівання крыві, бо змешванне крыві супярэчыць божым запаветам, гэтаксама як і спажыванне крывянкі і алкаголю альбо як пазашлюбны секс. І яны не хацелі ісці служыць у войску і казалі, што належаць царству божаму, а да свецкіх справаў ім няма клопату, і шмат іх загінула ў канцэнтрацыйных лагерах у Германіі і ў Савецкім Саюзе, бо сваёй пазіцыяй яны падрывалі рэвалюцыйны ідэал і распаўсюджвалі ў грамадстве асацыяльныя і контррэвалюцыйныя ідэі. Камуністы адрознівалі шаснаццаць катэгорый асацыяльных і контррэвалюцыйных элементаў, а ў 1919 годзе завялі квоты для асобных адміністрацыйных адзінак Савецкага Саюза: першая кантрольная лічба вызначала колькасць асацыяльных і контррэвалюцыйных элементаў, якія ў дадзеным рэгіёне мусілі быць расстраляныя, а другая вызначала колькасць элементаў, якіх трэба было саслаць у канцэнтрацыйныя лагеры. Савецкая ўлада таксама прыдумала спіс крытэраў, паводле якіх сярод грамадзянаў размяркоўваліся прадуктовыя карткі, і гэта называлася «класавы паёк». Першапачаткова ў спісе было пяць пунктаў, якія адпавядалі пяці групам насельніцтва, але пазней камуністы палічылі, што колькасць крытэраў не адпавядае сацыяльнаму і палітычнаму клімату ў грамадстве, і пашырылі спіс да трыццаці трох катэгорый, і да першай належалі чырвонаармейцы і народныя камісары, а ў апошняй была буржуазная гнілота, дармаеды, хуліганы, папы, грамадзяне падазроных нацыянальнасцяў і іншыя асацыяльныя элементы, якія чакалі, калі іх адправяць у канцэнтрацыйныя лагеры. А калі ў 1917 годзе адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, некаторыя папы казалі, што гэта пачатак апакаліпсісу і што людзям трэба рыхтавацца да канца свету. Апакаліптычныя секты ў дваццатым стагоддзі вельмі пашырыліся, і некаторыя з іх арганізоўвалі масавыя самагубствы сваіх чальцоў і прыхільнікаў, бо гэта быў самы надзейны спосаб забяспечыць сабе светлую будучыню на тым свеце. А некаторыя секты будавалі вялікія падземныя бункеры з уласнымі электрастанцыямі і каналізацыяй, каб іх чальцы і прыхільнікі мелі дзе схавацца ў часе паміж канцом свету і апошнім судом. А ў 1999 годзе амішы прадалі ў дванаццаць разоў больш млынкоў на каву, свечак, калатовак для падбівання бялкоў і да т. п., чым звычайна, бо людзі баяліся, што MILLENNIUM BUG выведзе са строю бытавую тэхніку і парушыць электразабеспячэнне. Сацыёлагі казалі, што страх перад аварыяй электронных сістэм, якая зробіць немагчымым карыстанне тэлевізарам, мікрахвалёўкай і банкаматамі, струменіць з падсвядомага і прыхаванага міленарызму, а некаторыя людзі меркавалі, што гэта будзе лёсавызначальны момант у гісторыі заходняй цывілізацыі, які прывядзе да хаосу, сацыяльных хваляванняў і да т. п. і дасць магчымасць заходняму грамадству вырвацца з тэхнакратычнай дыктатуры і ўступіць у новы век, які будзе гарманічны, адухоўлены і містычны. А ў некаторых краінах улады друкавалі грошы ў запас, а ў Канадзе ўлады арганізавалі вучэбную эвакуацыю насельніцтва, а ў Англіі і Даніі жыхары рабілі запасы цукру і мукі ў ваннах, а ў Фінляндыі людзі паскуплялі ў аптэках усе запасы ёду, які рэкамендавалася прымаць у выпадку ядзернай катастрофы, бо фіны баяліся, што MILLENNIUM BUG выведзе са строю сістэмы бяспекі на атамных электрастанцыях у Расіі. Сацыёлагі казалі, што MILLENNIUM BUG уступае ў логіку сацыяльнай імагінарнасці сучаснай эпохі, і што ў дваццатым стагоддзі зло прыняло выгляд чагосьці мікраскапічнага, і што людзі ўжо баяцца не вялікіх і складаных рэчаў, лакаматываў і да т. п., а атамаў, вірусаў, генаў і прыёнаў. А псіхааналітыкі казалі, што MILLENNIUM BUG адыгрывае ў жыцці грамадства ролю бацьказабойства, якое падорыць свабоду, асалоду і задавальненне новаму тэхналагізаванаму пакаленню.

У канцэнтрацыйным лагеры ў Бухенвальдзе над уваходнай брамай быў надпіс «КОЖНАМУ ПА ЗАСЛУГАХ». Лагер Бухенвальд знаходзіўся недалёка ад горада Этэрсберг і спачатку так і называўся. Назва Этэрсберг была ў нямецкай гісторыі слаўная, бо ў васемнаццатым і дзевятнаццатым стагоддзях туды з’язджаліся знакамітыя пісьменнікі і філосафы, і там шпацыравалі, і паседжвалі сабе пад дубам, і дыскутавалі пра сэнс еўрапейскай цывілізацыі. Канцэнтрацыйны лагер Этэрсберг быў адчынены ў 1937 годзе, аднак праз год камітэт па культуры нацысцкай партыі ў Веймары палічыў, што нядобра атаясамліваць назву канцлагера з культурнай спадчынай нямецкага народу, і звярнуўся да ўладаў з прапановай перайменаваць яго. А з 1937 па 1945 гады ў Бухенвальдзе загінула 50 000 ворагаў нацысцкай Германіі, а з 1945 па 1950 год у Бухенвальдзе загінула 7000 ворагаў Савецкага Саюза і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Лагер Бухенвальд быў полівалентны канцэнтрацыйны лагер, бо сумяшчаў у сабе лагер працоўны і лагер смерці, і вязням адразу пасля прыбыцця выколвалі на руцэ парадкавы нумар. А ў першыя месяцы вайны вязням давалі паштовыя карткі з надрукаваным тэкстам, якія яны мусілі пасылаць сваякам. На картках было напісана: «ЖЫВЕМ ТУТ З КАМФОРТАМ, ПРАЦУЕМ, АБЫХОДЗЯЦЦА З НАМІ ПРЫСТОЙНА, ДОБРА КЛАПОЦЯЦЦА». Калі родныя атрымлівалі такую картку, яны, сумуючы па адпраўшчыку, ішлі да немцаў і выказвалі жаданне далучыцца да сваіх сваякоў у тым ці іншым лагеры. А адзін вязень-грэк з Бухенвальда паслаў картку свайму бацьку ў Піргас, і калі бацька да яго праз тры месяцы прыехаў, сын накінуўся на яго на пероне і паспеў задушыць хутчэй, чым немцы яго самога застрэлілі.

У канцэнтрацыйных лагерах таксама рабіліся навуковыя доследы. Пераважна яны датычылі розных метадаў стэрылізацыі і кастрацыі альбо тэстаў на трываласць і праводзіліся галоўным чынам на маладых, моцных вязнях, якім, напрыклад, адрэзвалі кавалак нагі ці здзіралі мяса з костак і г. д., а таксама рабіліся розныя эксперыменты з блізнятамі, што давала магчымасць фармуляваць новыя гіпотэзы ў генетыцы, пра якую ў навуковых колах вяліся вялікія дыскусіі. А калі сярод вязняў трапляўся чалавек, які меў выразную габрэйскую знешнасць, яму адрэзвалі галаву, прэпаравалі і адпраўлялі ў нямецкія школы, каб і малодшыя школьнікі маглі пазнаць габрэя з першага погляду. Габрэяў можна было пазнаць адразу паводле таго, што ў іх былі кручкаватыя насы, подлыя вочы, уніклівы позірк і доўгія кашчавыя пальцы, а яшчэ габрэі часта бывалі слабыя і хваравітыя, бо прырода выкінула іх са свайго ўлоння. Медыцына ў дваццатым стагоддзі дасягнула вялікіх поспехаў, вучоныя вынайшлі пеніцылін, абавязковыя прышчэпкі, пераліванне крыві, кантрацэпцыю і сродкі для стымуляцыі эрэкцыі, а жанчыны нараджалі ў радзільнях і атрымлівалі грашовую дапамогу па цяжарнасці, і людзі больш не паміралі дома, а паміралі ў шпіталях, абкружаныя тым найлепшым, што можа даць сучасны медыцынскі догляд. А галандскія навукоўцы прыдумалі трансгенных кароў, якім у эмбрыён перасаджвалі чалавечыя гены, і калі каровы вырасталі, яны давалі чалавечае малако, якое рэкамендавалася для прафілактыкі рассеянага склерозу. Аднак людзі, якія верылі ў Новы век, казалі, што сучасная медыцына забівае ў чалавеку здольнасць да самарэгулявання, і замест наведвання дактароў і правядзення прафілактыкі прапаноўвалі спецыяльныя метады аўтатэрапіі, пры якіх пацыент мадыфікаваў свае ментальныя структуры пазітыўнымі думкамі і такім чынам пераходзіў у новы фізіялагічны стан, у якім пазбываўся хваробаў. І казалі, што сапраўдныя змены ў свеце выкліча зусім не навуковая рэвалюцыя, і нават не новая рэлігія альбо палітычныя і эканамічныя рэформы, а індывідуальная спірытуалізацыя, якая зробіць чалавека адказным і талерантным і заменіць гістарычную памяць касмічнай. А амерыканцы ўзаконілі ў Арэгоне самагубства пад медыцынскім наглядам, а галандцы ўзаконілі эўтаназію. І ніхто больш не быў зусім бедны, і кожны меў лядоўню, тэлевізар і аплатны адпачынак і да т. п., а навукоўцы вынайшлі вініл, бакеліт, цэлафан і мікрапрацэсары, а вынаходнікі прыдумалі розныя аднаразовыя прадметы, напрыклад, аднаразовую запальнічку, аднаразовую асадку, аднаразовыя станкі для галення, цэлафанавыя мяшэчкі, аднаразовыя бутэлькі, пракладкі, памперсы, аднаразовыя фотаапараты і шпрыцы, і сацыёлагі казалі, што грамадства ўвайшло ў новую культурную эру — эру аднаразовых прадметаў, а развітыя краіны багацелі, а беспрацоўе расло, бо чым менш людзей працавала, тым яны былі багацейшыя. А рэкламныя агенцтвы прыдумвалі арыгінальныя і дасціпныя рэкламы, а страхавыя фірмы абвяшчалі: «БУДЗЬЦЕ РЭАЛІСТАМІ — ПАТРАБУЙЦЕ АД НАС НЕМАГЧЫМАГА!», а вытворцы аўтамабіляў абвяшчалі: «ФАНТАЗІЯ НАРЭШЦЕ ПРЫЙШЛА ДА ЎЛАДЫ!», а вытворцы пральных парашкоў абвяшчалі: «БЛАКІТ ЗАСТАНЕЦЦА ШЭРЫМ, ПАКУЛЬ ЯГО НЕХТА НЕ ПРЫДУМАЕ!», а ў дэмакратычных краінах прынялі закон, паводле якога прэзідэнт не мае права займаць сваю пасаду даўжэй за адзін ці два тэрміны, які часцей за ўсё працягваўся чатыры ці пяць гадоў, каб забяспечыць прыток новых арыгінальных ідэй і дынамічнае абнаўленне грамадства. А філосафы казалі, што сучасны свет — гэта цывілізацыя копій, што ўсё навокал — гэта копіі копій іншых копій і г. д. А медыкі прыдумалі спосаб, як рабіць дзяцей без палавога кантакту, змясціўшы яйцаклеткі і сперматазоіды ў інкубатары. Пра дзяцей, якія нарадзіліся такім чынам, казалі, што гэта дзеці з прабіркі, і першае дзіця з прабіркі нарадзілася ў 1978 годзе, і лекар, які гэты метад прыдумаў, прапанаваў аплодненую яйцаклетку ў інкубатары расшчапіць, каб можна было рабіць запасных блізнятаў. Першы з блізнятаў перасаджваўся ў маціцу да маці, а другога хавалі ў маразільнік, і блізня з маразільніка пазней магло быць донарам органаў для блізняці з маціцы, калі тое вырасце і ягоныя органы зносяцца.

Іншымі непаўнавартаснымі расамі былі цыганы і славяне. У цыганоў быў цьмяны позірк, абмежаваны патэнцыял інтэлекту і прыроджаная схільнасць да крадзяжоў і забойстваў. У славянаў таксама быў абмежаваны патэнцыял інтэлекту, што праяўлялася ў прыроджанай схільнасці да паслужлівасці і рабства, але разам з тым яны былі лянівыя і няздольныя засяродзіцца нават на самых простых працоўных задачах. Нацысты называлі славян UNTERMENSCHEN, а гэта значыла, што яны стаяць на ніжэйшай ступені развіцця, чым людзі — MENSCHEN. А ў доўгагаловых славянаў, якія маглі даказаць наяўнасць у іх нямецкай крыві, павінны былі забіраць дзяцей і аддаваць іх у прыёмныя нямецкія сем’і. Нацысты прыкідвалі, што доўгагаловых славянаў прыблізна 12 % у Польшчы, 25 % у Закарпацці, 35 % ва Украіне і ажно 50 % у Чэхіі. Цыганы і габрэі былі LEBENSUNWERT, а гэта значыла, што яны не вартыя жыцця, і ў канцэнтрацыйных лагерах загінула паўмільёна цыганоў і тры мільёны габрэяў, а больш за два з паловай мільёна габрэяў загінула ў гета, пры аблавах, пры масавых расстрэлах і па дарозе ў канцэнтрацыйныя лагеры. А ў 1941 годзе спецыяльныя ваенныя аддзелы EINSATZGRUPPEN атрымалі загад перастраляць на акупаваных тэрыторыях як мага больш габрэяў, і за паўгода іх было застрэлена 800 000. А ў 1905 годзе нямецкі Камітэт па цыганскім пытанні выдаў ZIGEUNERBUCH, цыганскую кнігу, дзе псіхіятры, антраполагі і біёлагі тлумачылі, чаму цыганы непаўнавартасныя і чым яны могуць нашкодзіць грамадству. А ў 1922 годзе немцы прыдумалі для цыганоў антрапаметрычны пашпарт, які замяняў пасведчанне аб нараджэнні, а ў 1939 годзе яны вырашылі сабраць цыганоў у канцэнтрацыйных лагерах і прыступіць да канчатковага вырашэння пытання, тады гэта называлася глабальная эўтаназія. А ў 1936 годзе яны заснавалі арганізацыю, якая атрымала назву LEBENSBORN, КРЫНІЦА ЖЫЦЦЯ, і ў ёй апладнялі нямецкіх жанчын, якія марылі падараваць сваё дзіця дзяржаве. Арганізацыя складалася з васьмі апладняльных установаў, чатырнаццаці радзільняў і шасці дзіцячых дамоў, дзе разам з дзецьмі нямецкіх жанчын, аплодненых абранымі мужчынамі з шэрагаў SCHUTZSTAFFEL, выхоўваліся і дзеці доўгагаловых славянаў, а над уваходам у апладняльныя ўстановы вісела эмблема з выявай крыніцы і сузор’я Малой мядзьведзіцы з Палярнай зоркай, якая была сімвалам нардычнай крыві. А ў 1944 годзе кіраўніцтва лагера ў Біркенаў атрымала загад як мага хутчэй адправіць усіх цыганоў, якія засталіся, у газавую камеру, і кіраўніцтва лагера мусіла зрабіць спецыяльныя надзвычайныя начныя змены, якія называліся ZIGEUNERNÄCHTE, цыганскія ночы. А тым часам узнікалі новыя універсальныя мовы: космалінгва, лацінулус, мундыяль, косман, камун, нейтрал, сімпліма. А ў 1985 годзе Сусветная габрэйская рада выступіла з заявай, што габрэі глыбока спачуваюць цыганскаму народу, але ўсё ж такі эўтаназія цыганоў — гэта несапраўдны генацыд, бо яна палягала не на этнічнай аснове, а на падмурку сацыяльнага еўгенізму.

Пазней гісторыкі пачалі падзяляць палітычныя рэжымы дваццатага стагоддзя на тры групы: таталітарныя, аўтарытарныя і дэмакратычныя. Таталітарнымі рэжымамі былі камунізм і нацызм, аўтарытарнымі рэжымамі лічыліся фашысцкія і прафашысцкія дыктатуры, якія пасля Першай сусветнай вайны з’явіліся ў Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Балгарыі, Грэцыі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Эстоніі, Латвіі і г. д. Камуністы казалі, што фашызм і нацызм — гэта тое самае, але большасць гісторыкаў з гэтым не пагаджалася і казала, што фашызм па сваёй сутнасці універсальны і здольны прыжыцца дзе заўгодна, адразу прыстасаваўшыся да канкрэтных культурных і гістарычных умоваў, тым часам як камунізм і нацызм па сваёй сутнасці непрыстасоўныя, бо ў іх рэальнасць цалкам падпарадкаваная ідэалогіі. І менавіта таму гэтыя рэжымы — таталітарныя. А фашызм умее прыстасоўвацца і можа мець як правую, так і левую арыентацыю, і скіраваны ён як на старэйшых грамадзянаў, так і на рэвалюцыйна настроеную моладзь, бо першым ён абяцае навесці парадак, а другім — усталяваць новы свет, у якім усё будзе вечна маладое. Вечна малады свет імкнуліся стварыць і камуністы, але тыя не абяцалі наводзіць парадак для старэйшага пакалення. А маладыя людзі смела глядзелі ў будучыню, а вецер гайдаў каласы, і сонца ўзыходзіла на даляглядзе. А псіхааналітыкі казалі, што згода большасці немцаў з ідэалогіяй нацызму — гэта праява сексуальнай фрустрацыі, і што немцы, уласна кажучы, шукалі бацьку, тады як вера ў камунізм — гэта, хутчэй, праява садамазахізму ў яго інфантыльнай фазе.

Камуністы абвяшчалі: «У ЗДАРОВЫМ ЦЕЛЕ — ЗДАРОВЫ ДУХ!», і лічылі, што псіхааналіз — сімптом разлажэння буржуазнага грамадства, дзе людзям даводзіцца кампенсаваць фрустрацыю і комплексы непаўнавартасці, якія ў іх выклікае капіталізм. А ў 1929 годзе Бюро па еўгеніцы ў Ленінградзе прапанавала выбраць з шэрагаў савецкіх рабочых асабліва руплівых і прадукцыйных і адчыніць цэнтры па інсемінацыі, дзе б выбраныя асобы апладнялі савецкіх жанчын, і ленінградскія еўгеністы падлічылі, што адзін надзвычай прадукцыйны рабочы можа даць савецкаму народу ажно 1100 кваліфікаваных рабочых і ўмацаваць тым самым здаровае ядро бяскласавага грамадства. Для працоўных на заводах і ў канторах камуністы арганізоўвалі ранішнія зарадкі, круцілі ім па радыё вясёлыя спевы, каб лепш працавалася, рабілі парады фізкультурнікаў і спартакіяды з алегорыямі і жывымі карцінамі з чалавечых целаў і казалі, што гэта новае мастацтва, якое бярэ свой пачатак у народзе. А нацысты казалі, што мастацтва — гэта рэч не эстэтычная, а біялагічная, і што сапраўднае мастацтва — гэта душа народу, і яно належыць усім. А камуністы казалі, што мастацтва павінна быць аптымістычным, як лярва, з якой вылазіць матыль, а таксама рашучым, як крок народу насустрач светлай будучыні. І яны прапагандавалі манументальнае мастацтва, якое было б відаць здалёк: скульптуры, альбо фрэскі, альбо вялікія палотны, каб і просты люд мог мастацтвам пацешыць вока. Нацысты казалі, што сучаснае мастацтва дэкадэнцкае і што новае мастацкае выяўленне павінна чэрпаць натхненне ў народзе, а камуністы падазравалі мастакоў у тым, што яны знарок робяць дэкадэнцкае мастацтва, каб такім чынам мацней адрознівацца ад простага люду. І казалі, што трэба знайсці новую мастацкую форму і новыя арыгінальныя ідэі, але паступова арыгінальныя ідэі пачалі здавацца ім падазронымі, бо маглі быць праявай буржуазнага мыслення, якое пад шыльдай мадэрнізму чыніла перашкоды сапраўднай рэвалюцыйнай навізне. Ім пачалі здавацца падазронымі людзі, якія насілі вусы, альбо капялюш, альбо экстравагантнае паліто, альбо якія нешта малявалі ў нататніку, седзячы ў кавярні. І яны казалі, што сапраўднае мастацтва павінна быць адлюстраваннем новага жыцця, аптымістычным і рашучым адначасова, і арганізоўвалі зарадкі, і круцілі працоўным па радыё спевы.

Канцэнтрацыйныя лагеры прыдумалі камуністы ў 1918 годзе, каб паскорыць перамогу рэвалюцыі і ўзмацніць дыктатуру пралетарыяту, а гісторыкі казалі, што ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах загінула пятнаццаць ці нават дваццаць мільёнаў чалавек, а цягам наступных трыццаці пяці гадоў у іх правёў частку жыцця кожны сёмы дарослы грамадзянін Савецкага Саюза. А ў 1916 годзе адбылася рэвалюцыя ў Ірландыі. А ў 1917 годзе з рускага войска дэзертавала больш за два мільёны салдатаў, якія хацелі вярнуцца дадому, каб не прапусціць перадзелу зямлі і жывёлы, які ім абяцала ўлада, што ўсталявалася пасля падзення царскага рэжыму. Ірландскую рэвалюцыю яшчэ называюць «Паэтычнай рэвалюцыяй», бо тры чвэрці ірландскай рэвалюцыйнай рады складалі паэты, якія хацелі заснаваць Ірландскую Рэспубліку і спадзяваліся на тое, што англійская армія не будзе мець дастаткова сродкаў для эфектыўнага адпору, бо большасць англійскіх салдатаў ваявала ў Францыі і ў Бельгіі супраць немцаў. Узмацніць дыктатуру пралетарыяту было важна, таму што акрамя буржуазіі камуністам даводзілася ваяваць супраць рабочых у гарадах і супраць сялянаў на вёсцы, бо тыя ўяўлялі сабе рэвалюцыю інакш, і баставалі, і не хацелі выконваць рэвалюцыйныя задачы. І шэсцьдзесят два паўстанцы і сто пяцьдзесят англійскіх салдатаў загінула падчас Паэтычнай рэвалюцыі. А ў сялянаў, якія не хацелі выконваць рэвалюцыйныя задачы, камуністы канфіскоўвалі ўраджай, кароў, курэй і г. д., а сялянаў, якія займаліся падрыўной дзейнасцю, і хадзілі красці каласы з калгасных палёў, і не хацелі аддаваць карову альбо курыцу дзяржаве, адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лагеры альбо расстрэльвалі. Пазней камуністы разважылі, што лягчэй за ўсё перамагчы супраціў сялянства, калі ў земляробчых абласцях — ва Украіне, на Паўночным Каўказе ці ў Казахстане — штучна выклікаць масавы голад. І яны адхілілі чыгуначны транспарт і перакрылі шляхі ўезду і ўвозу прадуктаў, пазачынялі крамы і забаранілі гандаль і да т. п., і шэсць мільёнаў чалавек памерла з голаду. А некаторыя людзі прыхоўвалі трупы сваіх родных і прадавалі іх на чорным рынку альбо суседзям, а за атрыманыя грошы куплялі мяса з іншых трупаў, бо не хацелі есці мяса тых, з кім нядаўна былі шчаслівыя. А з касцей трупаў варылі булён, а з пячонкі рабілі начынку для піражкоў. А адзін селянін пасяліўся недалёка ад масавага пахавання ля хутара Багаслоўка і паварваў сабе мяса з трупаў, але камуністы знайшлі яго і застрэлілі, каб іншых не надзіла. Канцэнтрацыйныя лагеры спачатку былі двух тыпаў: працоўныя і спецыяльныя. У першых свядомае імкненне да працы прышчэплівалася алкаголікам, хуліганам, паразітам і тым, хто не выканаў мінімальнай колькасці зменаў альбо пакінуў свой працоўны пост, не пераканаўшыся, што выканаў штодзённы рэвалюцыйны план, а ў другіх працавалі ненадзейныя і небяспечныя індывіды, сябры іншых палітычных партый, рабочыя, што бралі ўдзел у забастоўках, падазроныя чыноўнікі, буржуазная гнілота, распуснікі, блазны, анархісты, кулакі, бульбакрады і народныя камісары, якія не адправілі ў лагеры дастатковую колькасць контррэвалюцыянераў. А ў 1922 годзе працоўныя лагеры былі адмененыя і засталіся толькі спецыяльныя, дзе ўсе разам працавалі ў імя ўсеагульнага дабрабыту. А ў 1923 годзе з Масквы ў канцэнтрацыйны лагер у Мураме саслалі двух хуліганаў, якія насміхаліся з рабочых, што вярталіся з працы, і аднаго токара, які тройчы запар спазніўся на працу, і той токар аднойчы ўначы забіў абодвух хуліганаў жардзінай ад нараў за тое, што яны расказвалі антысавецкія анекдоты, а токар баяўся, што калі ён будзе слухаць антысавецкія анекдоты, нехта на яго «настукае» і камуністы яго расстраляюць. А пасля Другой сусветнай вайны ў канцэнтрацыйныя лагеры былі сасланыя рускія ваеннапалонныя, якія павярталіся дадому. Іх падазравалі ў браку баявога духу і ў схільнасці да індывідуалізму. Ваеннапалонных, якія вярнуліся ў Савецкі Саюз, было 2 270 000, і ў лагерах яны правялі ў сярэднім па дзесяць гадоў, калі толькі не памерлі раней ад знясілення альбо ад хваробаў і эпідэмій. Самай частай прычынай смерці ў канцэнтрацыйных лагерах былі абмаражэнні і гангрэна ног, бо людзі баяліся, каб у іх уначы хто-небудзь не скраў боты, і спалі абутыя.

Гісторыкі казалі, што абвяшчэнне мабілізацыі ў 1914 годзе адпавядала грамадскаму настрою ў Германіі, Аўстрыі, Сербіі, Францыі, Італіі і г. д., і што Першая сусветная вайна была, магчыма, першая і апошняя сапраўды народная і патрыятычная вайна ў гісторыі. А калі салдаты калонамі ішлі па горадзе на вакзал, людзі беглі ім насустрач з патрыятычнымі воклічамі і пхалі салдатам у рулі стрэльбаў гваздзікі, а аркестр найграваў бадзёрыя мелодыі. А ў Англіі, дзе ў 1914 годзе не было абавязковай службы ў войску, у салдаты запісалася больш за паўтара мільёна добраахвотнікаў. І яны крочылі на вакзал і не маглі дачакацца, калі вайна ажывіць іхныя добрыя якасці, якія сучасны прамысловы свет адсунуў на задні план: любоў да радзімы, адвагу і самаахвярнасць. Але калі вайна зацягнулася і ўсё больш з’яўлялася мінаў, барыкадаў, каросты і пацукоў, салдаты гублялі ўпэўненасць і разуменне, чаму яны, уласна, ваююць, і адчувалі сябе пакінутымі, непатрэбнымі і нялюбымі. І яны стралялі па пацуках, рабілі попельніцы і сцізорыкамі вырэзвалі на іх надпісы: «НЯХАЙ ЖЫВЕ 25-Я ДЫВІЗІЯ», «НА ПАМЯЦЬ АБ ВАЙНЕ», «ВАША ЗДАРОЎЕ!» альбо «БОЛЬШ НІКОЛІ!». У Францыі і Англіі пасля Першай сусветнай вайны было шмат пацыфістаў, і грамадская думка была настроеная па-антымілітарысцку, а немцы тым часам шылі уніформы і выраблялі танкі і самалёты. А пацыфісты казалі, што мір — гэта найвялікшая каштоўнасць, але нацысты думалі, што найвялікшая каштоўнасць — гэта перамога, і што веліч чалавечага лёсу праяўляецца ў барацьбе дабра са злом, а камуністы лічылі, што неабходна прыспешыць перамогу камунізму, а ў Іспаніі пачалася грамадзянская вайна, а немцы напалі на Польшчу, Данію, Нарвегію, Галандыю, Бельгію і Францыю, а рускія напалі на Польшчу, Эстонію, Латвію, Літву, Фінляндыю і Румынію, і стала відавочна, што пачалася Другая сусветная вайна.

Некаторым гісторыкам больш даспадобы была Другая сусветная вайна, чым Першая, і яны казалі, што Першая сусветная была народная і патрыятычная, тым часам як Другая была цывілізацыйная. І што ў Першай сусветнай вайне людзі ваявалі за свае дробязныя канцэпцыі, якія ўжо тады былі ўчорашнім днём, тады як у Другой абаранялі ідэю чалавека. Пасля Другой сусветнай вайны людзі не парабіліся пацыфістамі, а хутчэй прыкідвалі, калі пачнецца Трэцяя сусветная вайна паміж дэмакратычнымі і камуністычнымі краінамі. І паўсюль шасталі шпіёны і выведнікі. А ў міністэрствах адукацыі думалі, як паспрыяць канчатковай перамозе. А навукоўцы прыдумвалі новую зброю, новыя баявыя газы, атамныя бомбы, боегалоўкі, ракетаносцы, бомбы з парашутам, электрамагнітныя пертурбацыі, нейтроннае выпраменьванне і макрамалекулярную цытатаксічнасць. І ствараліся новыя словы і словазлучэнні для абазначэння новых вынаходніцтваў, навуковых адкрыццяў і новых грамадскіх з’яваў і тэорый, напрыклад, ТЭОРЫЯ АДНОСНАСЦІ, ЧОРНЫЯ ДЗІРКА, ПСІХААНАЛІЗ, ТЭЛЕБАЧАННЕ, ЮГАСЛАВІЯ, ЗЛАЧЫНСТВА СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ, РАДЫЁ, МАДЭМ, ДАДАІЗМ, САЦЫЯГЕНЕТЫКА, ПОСТМАДЭРНІЗМ, ГЕНАЦЫД, БІЯЭТЫКА, ЕЎГЕНІКА, ТРАНСГЕНЕТЫЗМ, КУБІЗМ, ЭКЗАБІЯЛОГІЯ, АТАМНАЯ ДЭЗІНТЭГРАЦЫЯ, МІЖЧАЛАВЕЧЫЯ СТАСУНКІ і г. д.

Некаторыя філосафы казалі, што ўладкаванне свету адпавядае механізмам дыскурсу, які мае свае зменлівыя, але адначасова дадзеныя знакі, і што ўпарадкаванне знакаў, у прынцыпе, не мае ніякага сэнсу, і што ўсё гэта — гульня, выпадковасць, анархія, працэс, дэканструкцыя, інтэртэкст і да т. п., але што знак сам сабою — гэта носьбіт сэнсу, хоць мы дакладна і не ведаем, якога. Але іншыя філосафы, у сваю чаргу, казалі, што ў знакаў, з якіх пабудаваны дыскурс і свет, сэнс адсутнічае, і са стратай сэнсу разбураецца суб’ект і сама рэальнасць, і што гісторыя — гэта толькі бесперапынны бясформенны рух, які нічога не выражае, і што ўсё ёсць фікцыяй і сімуляцыяй. І што крызіс гуманізму заканамерны, бо гуманізм апынуўся ў тупіку менавіта таму, што дасягнуў сваёй мэты і сцвердзіў каштоўнасці, якія яму былі ўласцівыя: свабоду, індывідуалізм, плюралізм, празрыстасць і да т. п. І што гуманісты за што змагаліся, тое і маюць — індывідуалістычны, інтэрактыўны, пазітыўны, празрысты і аператыўны свет, які патанае ў сваёй уласнай сімуляцыі, і яго канчатковым вынікам будзе замена рэальнасці гіперрэальнасцю. А некаторыя матэматыкі казалі, што рэальнасць — гэта ілюзія, і што на самай справе гэта толькі матэматычная канструкцыя ў чалавечым мозгу, які інтэрпрэтуе частату, што паходзіць з нейкага іншага вымярэння, а тое вымярэнне трансцэндуе прастору і час, і што мозг — гэта галаграма, што адлюстроўвае сусвет, які таксама ёсць галаграмай.

А ў 1907 годзе адзін француз пераляцеў цераз пратоку Ла-Манш на аэраплане, а ў 1910 годзе адзін перуанец на аэраплане пераляцеў цераз італьянскія Альпы, а ў 1911 годзе італьянцы скарысталі аэраплан у вайне з Турцыяй, а ў 1914 годзе канструктары прыдумалі, як да аэраплана прыладзіць кулямёт, каб самалёты маглі перастрэльвацца, а ў 1915 годзе прыдумалі, як скідваць з самалёта бомбы, а ў 1945 годзе амерыканцы прыдумалі атамную бомбу і скінулі яе на горад, які называўся Хірасіма. Самалёт меў назву «ENOLA GAY», і пілот пазней растлумачыў журналістам, што назваў яго так у гонар сваёй ірландскай бабулі, у якой было такое вясёлае імя. Выбух змёў большасць дамоў у радыусе трох кіламетраў, і ў неба ўзнялася хмара дыму, якую пазней назвалі «атамны грыб», бо яна выглядала, як грыб. Для параненых у мясцовай школе быў створаны пункт першай дапамогі, і школьнікі, якія перажылі выбух, выцярэблівалі палачкамі чарвякоў з ранаў пацыентаў, а калі тыя паміралі, адвозілі іх на тачках у крэматорый. А іншыя людзі паміралі ў наступныя месяцы ад хваробаў, якія атрымалі агульную назву «прамянёвая хвароба», ад лейкеміі, астэніі і інш. Людзі, якія засталіся жывыя пасля выбуху і прамянёвай хваробы, наганялі страх на іншых жыхароў, бо выглядалі, як пракажоныя, і паводзілі сябе, як блазны. Пазней многім здавалася, што з боку амерыканцаў было празмернай жорсткасцю скідваць атамную бомбу ў самым канцы вайны, але ваенныя стратэгі казалі, што калі б бомбу не скінулі амерыканцы, яе скінуў бы нехта іншы, бо хоць аднойчы яе трэба было выпрабаваць у рэальных умовах, каб у свеце ўсталявалася раўнавага тэрору, якая была б гарантам таго, што не пачнецца Трэцяя сусветная вайна. А ў 1944 годзе амерыканцы прыдумалі ляльку памерам з чалавека, якую назвалі РУПЕРТ. Той Руперт быў апрануты, як парашутыст, і быў напханы гранатамі і выбуховымі рэчывамі, і амерыканцы скідвалі такіх лялек з самалётаў на варожую тэрыторыю, і калі немцы альбо партызаны бачылі, як Руперт апускаецца на зямлю, то адразу беглі да яго, а як толькі Руперт дакранаўся да зямлі, ён выбухаў, забіваючы ўсіх, хто знаходзіўся побач. А ў 1918 годзе немцы прыдумалі гармату, якой далі імя «ТОЎСТАЯ БЕРТА» і якая страляла на 128 кіламетраў, а ў 1944 годзе прыдумалі ракету з дыстанцыйным кіраваннем VERGELTUNGSWAFFE, якая дасягала хуткасці 5800 кіламетраў за гадзіну і мусіла вырашыць канчатковы зыход вайны на карысць Германіі. А ў 1947 годзе амерыканцы прыдумалі звышгукавы самалёт, а ў 1957 годзе рускія прыдумалі штучны спадарожнік Зямлі, а ў 1961 годзе адправілі ў космас першага чалавека, а ў 1969 годзе амерыканцы паслалі трох астранаўтаў на Месяц, і калі першы астранаўт саступіў з лесвіцы на паверхню Месяца, ён прамовіў гістарычную фразу: «ГЭТА МАЛЕНЬКІ КРОК ДЛЯ ЧАЛАВЕКА, АЛЕ ГІГАНЦКІ КРОК ДЛЯ ЧАЛАВЕЦТВА». Галоўным інжынерам амерыканскай касмічнай праграмы быў былы палкоўнік спецыяльных падраздзяленняў нямецкай арміі SCHUTZSTAFFELN, які ў 1944 годзе прыдумаў ракету з дыстанцыйным кіраваннем VERGELTUNGSWAFFE. Пазней вяліся спрэчкі пра тое, ці сам астранаўт прыдумаў гістарычную фразу альбо яе загадзя падрыхтаваў спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. Ракета VERGELTUNGSWAFFE выраблялася ў канцэнтрацыйным лагеры ў Доры, а 528 мільёнаў тэлегледачоў сачыла за прызямленнем на Месяц у жывым эфіры, а палітыкі і спецыялісты па сувязях з грамадскасцю казалі, што гэта істотны крок у сусветнай камунікацыі і ў напаўненні глыбокім сэнсам міжчалавечых адносін.

А падчас Другой сусветнай вайны фізікі перагледзелі тэорыю адноснасці, а матэматыкі прыдумалі тэорыю інфармацыі, навізна якой палягала ў тым, што гэтая тэорыя адкінула ўбок семантычныя палі і пачала разглядаць інфармацыю як нешта, што ніяк не залежыць ад сэнсу. А некаторыя матэматыкі і астрафізікі казалі, што інфармацыя — гэта адзін з канструктыўных элементаў сусвету, і што арганізацыя сусвету — гэта раўнадзейная кантраверсійных суадносін паміж энергіяй і інфармацыяй, з аднаго боку, і інфармацыяй і матэрыяй, з другога. Філосафы казалі, што інфармацыя — гэта філасофскае паняцце, якое азначае наданне існаму пэўнай формы, і што нейкі змест знойдзецца заўсёды, але што змест сам сабою не мае ніякага сэнсу, акрамя руху, які ў ім змяшчаецца, аднак які можа адначасова працякаць і па-за формай, і яны ставілі пытанне, ці не звязаная адсутнасць сэнсу ў інфармацыі з адсутнасцю сэнсу ў гісторыі. Некаторыя матэматыкі казалі, што тэорыя адноснасці стварыла матэматычны фундамент для новага погляду на свет, і што тэорыя інфармацыі яе лагічна дапаўняе. Нацысты спачатку не згаджаліся з тэорыяй адноснасці і казалі, што гэта эстэтычная і інтэлектуальная атака габрэяў, якія хочуць зрабіць шкоду нямецкаму народу, а камуністы казалі, што тэорыю адноснасці прыдумала буржуазія, якая хацела даказаць, што навука сама сабою — рэч адносная, і такім чынам паставіць пад сумнеў камунізм, які базуецца на непахісным навуковым падмурку.

Першая сусветная вайна была народная і патрыятычная, і многія людзі верылі ў патрыятычныя ідэі, у душу народу і ў помнікі палеглым салдатам, і яшчэ доўга пасля Другой сусветнай вайны, пра якую казалі, што гэта вайна цывілізацыйная, людзі працягвалі думаць хутчэй у маштабах нацыі, чым цывілізацыі, і кожная нацыя мела свае адметныя рысы. Англічане былі прагматычныя, а ў англічанак былі вялікія ногі, а ў італьянак — вялікія грудзі, а італьянцы былі бесклапотныя, а немцы клапаціліся пра гігіену і не мелі пачуцця гумару. А ірландцы былі ўвесь час пад мухай, а шатландцы былі добрыя хадакі, а французы былі дзёрзкія і фанабэрыстыя, а грэкі — закамплексаваныя, а чэхі — баязлівыя, а палякі ўвесь час — п’яныя, а італьянцы — крыклівыя, а балгары — адсталыя, а іспанцы — невясёлыя, а венгры — ганарыстыя. А скульптары і каменячосы былі радыя, што маюць шмат замоваў. А французы мелі паняцце SAVOIR VIVRE, а англічане мелі паняцце FAIR PLAY, а ва ўрачыстыя моманты дзеці стаялі каля помніка на ганаровай варце, каб паказаць, што памяць пра вайну застанецца вечна жывая і што людзі пра гэта павінны задумацца. Антраполагі казалі, што для роздумаў пра мінулае помнікі падыходзяць лепш, чым музеі альбо архівы, бо помнікі найперш звязаныя з памяццю, а ўжо пасля — з гісторыяй, і што памяць ажыўляе мінулае, тым часам як гісторыя робіць мінулае нежывым, застылым у часе. А гісторыкі казалі, што помнікі даюць магчымасць сартаваць успаміны грамадства, упарадкоўваць калектыўную памяць і змагацца як з забыццём у шырокім сэнсе, так і — перадусім — з забыццём канкрэтным, і што гэта, уласна кажучы, — спосаб стварэння новых формаў забыцця, а філосафы казалі, што і забыццё можа мець структуру. Помнікі ставіліся ў розных месцах, на агульнай тэрыторыі, на ўлонні прыроды, уздоўж магістраляў альбо на палях бітваў, і антраполагі казалі, што змяшчэнне помнікаў на розных месцах прывяло ў дваццатым стагоддзі да рэарганізацыі сімвалічнай прасторы, і што арганізацыя прасторы ёсць для грамадства асновай індывідуальнага і калектыўнага самавызначэння, што яна — гэта адначасова і грамадскае ўтварэнне, і інтэлектуальны ўзор, а значыць, першасная ўмова стварэння любой гісторыі. Людзі, якія спыняліся каля помнікаў, мелі адчуванне, што ў некаторай ступені падзяляюць з салдатамі, партызанамі і вязнямі канцэнтрацыйных лагераў іхнае жыццё, і нават крыху іх смерць, а некаторыя гісторыкі казалі, што помнікі — гэта нібы ракавінкі, што застаюцца на беразе мора, калі прыходзіць адліў мора і памяці, альбо як перарэзаныя напалам дажджавыя чарвякі, у якіх яшчэ трапечуцца рэшткі жыцця, але ўжо жыцця не рэальнага, а сімвалічнага. А адна маладая габрэйка перажыла вайну дзякуючы таму, што грала на скрыпцы на пероне ў Дахаў арыі з «Вясёлай удавы». А мужчынам і жанчынам абстрыгалі валасы і раздавалі квіткі, якія яны павінны былі аддаць пры ўваходзе ў лазню. А ў 1917 годзе адзін італьянскі салдат пісаў сваёй сястры: «Я З КОЖНЫМ ДНЁМ ЗДАЮСЯ САБЕ ЎСЁ БОЛЬШ ПАЗІТЫЎНЫМ». А ў краінах, акупаваных немцамі, людзі пасля вайны рабілі аблавы на калабарантаў і здраднікаў радзімы і да т. п., а жанчынам, якія спалі з немцамі, абстрыгалі валасы, а адзін вязень вярнуўся з канцлагера дадому з паголенай галавой і пайшоў на танцы з сяброўкай сваёй сястры, якой мясцовыя жыхары абстрыглі валасы за тое, што спала з нямецкімі акупантамі, і яны танцавалі разам, прыціснуўшыся ілбамі, і некаторым людзям здавалася, што гэта недарэчна і нават пошла. А ў Іспаніі танцавалі фламэнка, а цыганы кідалі цьмяныя позіркі, а рускія мелі гонар, а шведы былі прагматычныя, а габрэі — крывадушныя, а французы — бесклапотныя, а англічане — фанабэрыстыя, а партугальцы — адсталыя. Але з развіццём спажывецкага грамадства і сродкаў камунікацыі жыццё людзей у Еўропе пачало паступова рабіцца аднолькавым, і некаторыя сацыёлагі і гісторыкі меркавалі, што мысленне ў маштабах нацыі — гэта ўчорашні дзень, і казалі, што самай выразнай рысай развітага заходняга грамадства ёсць касмапалітызм, і што ніякіх немцаў, румынаў альбо шведаў, па вялікім рахунку, не існуе, што гэта проста праекцыя на сябе этнічных стэрэатыпаў і забабонаў. Але іншыя сацыёлагі з гэтым не пагаджаліся і казалі, што з развіццём спажывецкага грамадства і сродкаў камунікацыі людзі паступова згубілі большасць арыенціраў, і што нацыянальнае грамадства сёння парадаксальным чынам мае большы сэнс, чым раней. І што стэрэатыпы неабходныя для захавання калектыўнай і гістарычнай памяці, без якой заходняе грамадства згубіла б сваё культурнае адзінства, бо адзінства не можа не быць гетэрагенным. І што калектыўная памяць — гэта кампраміс між мінулым і сучаснасцю, і што плюс стэрэатыпаў і забабонаў у тым, што яны старэюць павольней, чым гісторыя, тэхнічныя навінкі і да т. п., і што стэрэатыпы — гэта апошняя і разам з тым самая актыўная галіна, дзе захоўваецца сацыяльная ідэнтычнасць. Этнолагі і антраполагі казалі, што гістарычнасць можа мець два выгляды, першы з якіх уласцівы грамадствам, якія жадаюць застацца ў сваім сімвалічным існаванні, а другі — грамадствам, якія чэрпаюць з нетраў гісторыі рух і энергію. І што заходняе грамадства традыцыйна належыць да другога тыпу, але ў дадзены момант, магчыма, пераходзіць у першую групу. А філосафы казалі, што павелічэнне хуткасці гісторыі, якое адбываецца ў дваццатым стагоддзі, выклікае страту пачуцця часу і гістарычнасці ў яе традыцыйным разуменні, і што калі павінна з’явіцца новая форма гістарычнасці, то трэба гісторыю запаволіць, і некаторыя з іх патрабавалі, каб да дэкларацыі правоў чалавека дадалі права чалавека на час. Ідэя паставіць салдатам помнікі, каб пра іх не забыліся, прыйшла падчас вайны, калі гарадскія старасты вырашылі, што спісы забітых салдатаў, якія вывешваліся на ратушах, неяк занадта афіцыйныя, сухія і недастаткова сімвалічныя. Пасля вайны помнікі салдатам ставілі як у краінах-пераможцах, так і ў краінах, якія вайну прайгралі. І ў краінах-пераможцах помнікі, галоўным чынам, услаўлялі перамогу, а ў пераможаных краінах — самаахвярнасць і адвагу. А ў 1989 годзе адзін амерыканскі палітолаг прыдумаў тэорыю пра канец гісторыі, згодна з якой гісторыя, уласна кажучы, скончылася ў 1989 годзе, бо сучасная навука і новыя сродкі камунікацыі далі людзям магчымасць жыць у дабрабыце, а ўсеагульны дабрабыт — гэта гарантыя дэмакратыі, а не наадварот, як гэта раней уяўлялі сабе асветнікі і гуманісты. І што грамадзянін — гэта, па сутнасці, спажывец, а спажывец — таксама грамадзянін, і што ўсе формы грамадства развіваюцца ў кірунку ліберальнай дэмакратыі, і што ліберальная дэмакратыя, у сваю чаргу, прывядзе да падзення ўсіх аўтарытарных формаў улады, да палітычнай і эканамічнай свабоды і роўнасці і да новага веку ў гісторыі чалавецтва, які, аднак, ужо не будзе гістарычным. Але многія людзі пра гэтую тэорыю не ведаюць і працягваюць сабе рабіць гісторыю як нічога ніякага.

Пераклала з чэшскай Юлія Сматрычэнка паводле:
Ouředník, Patrik. Europeana. Stručné dějiny dvacátého věku. — Praha — Litomyšl, 2001.

Уласціміл Гарл.
Фікцыя рэальнасці ці рэальнасць фікцыі?
(Пасляслоўе)

 
Новы рэжым памяці

«Вясёлая ўдава»

Габрэі на Мадагаскары

Тэазаалогія

Камунікацыя

Арыйская раса

Немцы дбалі пра гігіену

Злачынства супраць чалавечнасці

Фільтрацыйныя лагеры

Пераўтварэнне старога свету

Вяртанне да адухоўленасці

Стэрылізацыя

Байструкі

Падрыўная антыдзяржаўная дзейнасць

Непрыстасоўныя грамадзяне

Заняткі анатоміі

Ад стэрылізацыі няма карысці

Дзеці хацелі быць самастойнымі

Асацыяцыі пратэставалі

Перасцярога пакаленням

Кола агляду

Захаванне памяці

Габрэі ў Палестыне

Усё было агульнае

Лялькі з пенісам

Заклік да супраціву

Універсалізм выйшаў з моды

Праблемы з эрэкцыяй

Прынцып асалоды

Згуртаванасць сацыялістычнага лагера

Вецер гайдаў каласы

Як прыцягнуць увагу маладых гледачоў

Жыццё робіцца больш імклівым

Выцісканне

Спрэчка сярод спецыялістаў

Салдаты ўдавалі траўмы

Дабрачынныя суполкі

Чырвоны крыж

So schön war es in Terezin

Што яшчэ было наватарскім

Лёс чалавецтва

Гомасексуалісты і г. д.

Arbeit macht frei

Вычварэнскае мастацтва

Нямецкае мастацтва

Справядлівы гнеў

Моладзь

Амерыканцы прасунуліся наперад

Негры пачуваюцца найлепш

Каразук зук зук

Аднаўленне трансцэндэнтальнай інстанцыі

Залаты век

Чаму пачалі менш нюхаць табаку

Міленіум

Змоўнікі

Канец старога свету

Албанскі этнас

Добры знак

Культурныя зрухі ў грамадстве

Паталагічны суб'ект змяніўся

Вербалізацыя трывогі

Канакі сядзелі перад буданамі

Маракі былі ўсцешаныя

Моладзь хацела займацца сексам

Нефармальныя думкі

Маладосць дынамічная

Ментальнасць развіваецца

Нямое стварэнне не здрадзіць

Традыцыі страчваюцца

Залаты век

Стайні былі ліквідаваныя

Крызісы маралі

Зліццё з зямлёй

Людзі прагнуць чагосьці новага

Зліццё з энергіяй

Як і чаму ўзнік чалавек

Прырода вычварэнская

Чалавек, па сутнасці, малпа

Новы свет

Людзі мусяць навучыцца думаць па-новаму

Сціранне памяці

Людзі верылі фатаграфіям

Новыя думкі

Страта памяці

Памяць не ёсць канстытуцыйнай

Random Access Memory

Вяртанне да каранёў мудрасці

Жыць у гармоніі з прыродай

Шэрагі рабочых бурляць радасным хваляваннем

Жанчыны жылі даўжэй

Амерыканцы хацелі зняць прэзідэнта

Лепш за ўсё жывецца ў Канадзе

Будучыня поўная ўзрушэння

У свеце ўсталюецца мір

Вайна ніколі не заканчваецца

Еўрапейская ідэнтычнасць

Перарваная гісторыя

«Мокры герохора»

Універсальная мова

Перакладчыка адпусцілі ў звальненне

Змова эсперантыстаў

Роўнасць гіперграмадзянаў

Камунікацыя

Кагнітыўныя структуры

Дажынкі ў раёне

Тэлеграф

Сперма якасных мужчынаў

Прагулкі на ўлонні прыроды

Алкагалізм

Вычварэнскія сексуальныя практыкі

Коміваяжор быў звольнены

Спажыванне крывянкі

Апакаліпсіс

Лёсавызначальны момант

Сацыяльная імагінарнасць

Этэрсберг

Паштовая картка ў Піргас

Эксперыменты з блізнятамі

У габрэяў былі кручкаватыя насы

Пазітыўныя думкі

Арыгінальныя ідэі

Запасныя блізняты

У цыганоў быў цьмяны позірк

Доўгагаловыя славяне

Крыніца жыцця

Фашызм універсальны

Насустрач будучыні

Мастацтва належыць усім

Арыгінальныя ідэі

Дыктатура пралетарыяту

Сяляне не хочуць выконваць задачы

Буржуазная гнілота

Ваеннапалонныя

Людзі беглі з воклічамі

Немцы шылі уніформы

Дробязныя канцэпцыі

Чорная дзірка

Усё ёсць фікцыяй

Атамная бомба

Рэальныя ўмовы

Канчатковая перамога Германіі

Міжчалавечыя адносіны

Погляд на свет

Народ і цывілізацыя

Упарадкаванне памяці

Адліў памяці

Праекцыя на сябе

Сацыяльная ідэнтычнасць

Канец гісторыі

Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (44) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/11