A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ПЁТРА РУДКОЎСКІ | ||||
Паўстаньне на Кастрычніцкай плошчы «Хтосьці старанна задушвае надзею, а яна, гадаўка, усё ж жыве», – прачытаў у інтэрнэтным дыярыюшы адной спадарыні, якая гэткім чынам спрабавала скамэнтаваць падзеі сёлетняга беларускага сакавіка. «В эти дни я узнала, что значит Переступать страх, что значит Любить и что значит Ненавидеть. И как это бывает, когда рушится вся жизнь. Кое-что из того, что я узнала и почувствовала, я никогда, НИКОГДА не смогу забыть. А кое-что не смогу простить», – чытаю ў дзёньніку іншай спадарыні с., непасрэднай удзельніцы «кастрычніцкай» рэвалюцыі. «Эххх... Россия!!! Теперь ты наш враг, однозначно. И теперь я понимаю, почему отвернулась от неё и Украина, и Грузия», – піша ў сваім лісьце на belintellectuals.com Ларыса Ягорава. «Хочется спросить россиян: неужели вам нужен такой союзник, как Лукашенко? (...) Тем россиянам, которые стояли в оцепенении плечом к плечу с белорусами, такой союзник не нужен», – піша с. Ламаецца пяро аналітыка, які спрабуе даць «рацыянальнае тлумачэньне» адбытаму, недарэчна выглядае сацыёляг, які намагаецца выпрадукаваць чарговую паняцьцевую схему, якая б дала «адэкватнае» апісаньне апошніх падзеяў, сьмешным падаецца інтэлектуал, які імкнецца адзець маску «незаангажаванага» і са стаіцкім спакоем разважае пра новы «беларускі фэномэн». Праўда схавалася ад вока аналітыкаў і філёзафаў, яна тоіцца глыбока ў сэрцах соцень тысячаў беларусаў і беларусак, не сьпяшаючыся адкрыцца «мудрым гэтага сьвету». А калі ўжо і адкрываецца (ды і то заўсёды толькі нясьмела і часткова), дык хутчэй не ў разважаньнях навукоўцаў, а ў дзёньніках-споведзях, у асьцярожных (бо падслухоўваюць!) тэлефонных званках да блізкіх, у енках і ўздыхах...Тое, што дзеялася і дзеецца ў Беларусі, мае нейкі мэтафізычны посмак. Мэтады пацыфікацыі мірных дэманстрантаў у нечым нагадвалі паказваныя ў ваенных фільмах мэтады нямецка-фашыстоўскіх акупантаў. Памятаю, як будучы дзіцем, сьцепануўся ад жаху, калі пабачыў у фільме «Ідзі і глядзі», як гітлеравец схапіў за валасы дзяўчыну і кудысьці пацягнуў. Здавалася тады, што такое можа быць толькі ў фільмах. А ўсё ж не, такое можа быць рэальна ў XXI стагодзьдзі, у цэнтры Эўропы, у «талерантнай» Беларусі. Хто яны, гэтыя мускулістыя гаміноіды, здольныя назваць беларускую жанчыну «сукай», бяспамятна катаваць падлеткаў і з садыстычнай асалодай таптаць сьвятыя беларускія сымбалі і хрысьціянскія іконы? Яны не беларусы і не расейцы. Яны ня маюць нацыянальнасьці, ня маюць айчыны, ня маюць уласнай гісторыі. Магчыма, ня маюць нават імя, калі пад «імем» разумець здольнасьць атаесамляць сябе з чалавечым родам. Гэта – племя Х, якое так і ня здолела разьвіць у сабе «вышэйшых функцыяў», уласьцівых нармальным прадстаўнікам homo sapiens: здольнасьць спачуваць і любіць, абараняць слабейшых, адчуваць сваю ўласную годнасьць. Гэта – прымітыўнае, барбарскае племя, рэлікт каменнай эпохі, які ўтварае сталую пагрозу для чалавечай свабоды і духоўнага поступу. Надыдзе час, і яны напоўніцу адкажуць за кожную кроплю крыві, пралітую на вуліцах Менску, за таптаньне бел-чырвона-белага сьцяга і за абразу беларускай жанчыны. Фашыстоўская Нямеччына таксама ў свой час здавалася моцнай і непарушнай. Адзінае, пра што трэба добра памятаць цяпер, што яны, згаданыя гаміноіды, кормяцца нашым страхам і роспаччу. Трэба адабраць ад іх гэту «пажыву». Іхная сіла слабее па меры ўзросту нашай веры і салідарнасьці. Вось чаму мяне так уразілі цытаваныя словы: хтосьці старанна задушвае надзею, а яна, гадаўка, усё жыве. Відавочна, так яно і ёсьць: мінуў час, калі трэба было задушваць роспач. Цяпер надзея явіцца як сіла, мацнейшая ад рэаліяў. Мабыць, усім ці, прынамсі, большасьці дэманстрантаў была вядомая «наканаванасьць» гэтых акцыяў. Тым ня менш, надзея, зусім «нерэалістычная» надзея павыцягвала людзей у такой вялікай колькасьці на вуліцы Менску, Віцебску, Горадні. Кажу «вялікая колькасьць», хоць некаторым гэта можа падацца дзіўным і недарэчным. Як беларускія, так і замежныя аналітыкі застаюцца пад уплывам эстэтыкі ўкраінскага Майдану, якая не дазваляе ім заўважыць сутнасную розьніцу паміж беларускім «джынсам» і ўкраінскім «памаранчам». Выхад на Майдан ува Ўкраіне быў выразам грамадзянскай непаслухмянасьці, а выхад на Плошчу ў Беларусі – праявай гераізму. Так, рызыка была і ў першым выпадку, але былі таксама фактары, якія значна лагодзілі гэтую рызыку: наяўнасьць дастаткова «рэальнага» парлямэнту, самакіраваньне, адносная незалежнасьць судоў, немалая аўтаномія бізнэсовага сэктару, элемэнты свабоды слова. Беларусы выйшлі на Плошчу без аніякіх такога тыпу падстраховак, ня мелі нават косаў і нажоў, якія былі ў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Таму словы спадара Казуліна, што дэманстранты – гэта героі нашага часу, зусім не перабольшаньне ці праява пустога патасу. Гэта праўдзівыя словы. Сакавіцкія падзеі наводзяць і на іншыя рэфлексіі. Неяк падчас аднаго з круглых сталоў у рэдакцыі «ARCHE» ўдзельнікі дыскусіі разважалі, да якой эпохі можна было б аднесьці беларускі рэжым. Большасьць, бадай, пагаджалася, што палітыка Лукашэнкі па сваім духу адлюстроўвае савецкія сямідзясятыя, гэта значыць, беларускі прэзыдэнт рэалізуе брэжнеўскую мадэль кіраваньня. Разыходжаньні былі толькі наконт таго, ці гэта «сярэдняя», ці ўсё ж «позьняя» брэжнеўшчына. Ня думаю, што такая дыягностыка цалкам добра пасуе да беларускай сытуацыі. Тут патрэбен больш «плястычны» падыход. Так, беларуская сытуацыя мае ў сабе элемэнты «брэжнеўшчыны». Магчыма, кандэнсацыя гэтых элемэнтаў найбольшая, але апрача іх трэба заўважыць няўнасьць іншых элемэнтаў, якія, можа, ня так раптам кідаюцца ў вочы, але маюць велізарную вагу. Палітыка Лукашэнкі, «брэжнеўская» па сваёй сутнасьці, так і ня здолела паралізаваць фармаваньне вялікай дэмакратычнай кааліцыі. «Вялікасьць» тут вымяраецца ня колькасьцю аб’яднаных сілаў ці колькасьцю заангажаваных у гэта індывідуўмаў (хоць кааліцыя таксама і ў колькасным пляне паказальная), колькі ідэйным і палітычным патэнцыялам. Беларусь мае дэмакратычную і прагрэсіўную лявіцу, рэпрэзэнтаваную ПКБ с. Калякіна, мае таксама здольную да дыялёгу правіцу (БНФ В. Вячоркі), добра ўфармаваную лібэральную опцыю (АГП Лябедзькі), а таксама шэраг палітычных сілаў, якія дапаўняюць спэктар ідэйна-палітычных опцыяў, наяўных у грамадзтве. Ува ўсім гэтым асабліва важным ёсьць факт узаемапаразуменьня і выпрацоўкі супольнай стратэгіі дзеяньня такімі рознымі палітычнымі сіламі. Мы сталіся сьведкамі зьяўленьня мэтапалітычнай аксіялёгіі, набору мэтаў і каштоўнасьцяў, якія аднолькава «прачытваюцца» рознымі партыямі і прадстаўнікамі розных ідэалёгіяў. Працэс паўставаньня плюралістычнай, унутрана адкрытай грамадзянскай супольнасьці ідзе наперад. Поступ гэтага працэсу ня варта, канечне ж, адназначна зьвязваць са згаданай кааліцыяй. Было б фатальнай памылкай лічыць, што па-за кааліцыяй – адны толькі нядобразычліўцы. Сутнасьць дэмакратычнага ўтварэньня ў тым і палягае, што яно імкнецца «ўнутраную» этыку стасаваць таксама навонкі: гэтаксама як шануе іншасьць унутры сябе, так імкнецца шанаваць іншасьць навонкі. Дэмакратычнаму ўтварэньню ўласьціва адмова ад манапалізацыі вызнаваных ідэяў ці праграмы дзеяньня. Таму я згадваю пра фэномэн кааліцыі, каб даказаць наяўнасьць у беларусаў патэнцыялу быць плюралістычным і адкрытым грамадзтвам, але не раблю з гэтага выснову, што яна, гэта кааліцыя, ёсьць адзінай прасторай ажыцьцяўленьня дэмакратычных ідэалаў. Ёсьць многа топасаў дэмакратызацыі ў Беларусі, і гэта добра. Гэтыя – пададзеныя тут коратка і павярхоўна – назіраньні даюць падставу заявіць пра тое, што цяперашняя Беларусь – гэта «брэжнеўшчына», якая вымушана ўвесь час мэханічна стрымліваць «гарбачоўшчыну». Альбо інакш: этап, калі ізаляцыя дэмакратычных сілаў ад кіроўных элітаў і народных масаў пакуль што спрацоўвае, але невядома, як надоўга. Няма сумневу, што няспынна нарастае патрэба як сярод кіроўнай эліты, так і сярод масаў у зьяўленьні магчымасьцяў мець сваіх рэпрэзэнтантаў ува ўладзе і мець сродкі ўзьдзеяньня на іх (свабодныя мас-мэдыі). Пакуль што гэтыя патрэбы не заўсёды бываюць артыкуляваныя альбо артыкулююцца ў «глухім» асяродзьдзі. У Беларусі маем дачыненьне са «скрыўленай прасторай», гэта значыць, няма магчымасьцяў простай камунікацыі паміж палітыкамі і народам. Перш, чым мэсыдж вестуна дэмакратыі натрапіць на «жывое» ў душы паасобнага адрасата, ён, гэты мэсыдж, мусіць прайсьці скрозь альбо абмінуць магму прапагандысцкай ды ідэалягічнай індактрынацыі, якой «заляпаны» мазгі шараговага беларуса. Кажучы словамі Сакрата: «Калі яны столькі гадоў хлусьліва нагаворвалі на мяне, дык ня ведаю, ці здолею за такі кароткі прамежак часу дастаць з вашых вушэй усю гэтую хлусьню». Але выбарчыя кампаніі Мілінкевіча і Казуліна, якія мусілі весьціся ў вельмі неспрыяльных вірунках, паказалі немалую здольнасьць «прачытваньня» шараговымі беларусамі ідэалаў новай, свабоднай Беларусі. Ідэалёгія, прапаганда, паралізаваньне дыялёгу ўнутры грамадзтва – дагэтулешнія сродкі ізаляцыі дэмакратычных сілаў – ня так добра і не паўсюдна спрацоўваюць, і гэта рэжым добра разумее. Таму стаўка пачынае рабіцца на крайні і небясьпечны мэтад – фізычны гвалт над акторамі новага тэатру і аўтарамі сцэнара новай п’есы, інсьпіраванымі ідэямі свабоды, праўды і справядлівасьці. Ясна, што Лукашэнка не ператворыцца sua sponte з Брэжнева ў Гарбачова. Аднак ня выключана, што гарбачоўская эпоха папросту «наедзе» на брэжнеўскую, гэта значыць, кансэнсус паміж дэмакратычнымі сіламі з аднаго боку і кіроўнымі элітамі ды шараговымі абываталямі з другога будзе ўзрастаць. Цяпер ён мае прыхавана-кансьпірацыйны характар, але ў будучыні можа стацца больш адкрытым і сьмелым. Ці гарбачоўская эпоха «наедзе» і наколькі эфэктыўна наедзе, залежыць у значнай ступені ад «пэрцэпцыйных здольнасьцяў» дэмакратычных палітыкаў. Маецца тут на ўвазе здольнасьць распазнаваць блізкіх па духу асобаў як сярод дзяржаўных службоўцаў, так і сярод звыклага насельніцтва, а таксама здольнасьць выйсьці да іх з чытэльнымі, зразумелымі для іх прапановамі. Даволі трапна гэты стратэгічны момант назваў Янаў Палескі: фармуляваць свае прапановы ў найменей абстрактнай форме, зьвярнуць увагу на лякальныя сфэры парушэньня правоў чалавека («Бремя исторического творчества», belintellectuals.com). Што станецца ў выпадку «наезду» гарбачоўшчыны? Ці брэжнеўшчына распусьціцца ў гарбачоўскай эпосе, ці, наадварот, яшчэ больш закасьцянее і пачне рыхтаваць мацнейшыя, крапчэйшыя ланцугі? Інакш кажучы, ці магчымы «франкаўскі варыянт» (лібэралізацыя і паступовы пераход да дэмакратыі), ці, хутчэй, узмоцнены рэакцыянізм? Апошні варыянт больш, бадай, лягічны для беларускага рэжыму, але наўрад ці больш пэрспэктыўны. Мэтад страху – гэта марны і зманлівы мэтад. Страх спараджае стан безупыннага напружаньня, маральнага дыскамфорту і пэрманэнтнага прыніжэньня. Многія, праўда, да гэтага прывыкаюць, але для большасьці асабістая годнасьць і самаатесамленьне як вольнай істоты застаюцца важнейшымі. Трэба пры гэтым зьвярнуць увагу на яшчэ адну рэч: рэжым, які зрабіў стаўку на таталізацыю (калянізацыю ўсіх сфэраў грамадзтва), выставіў сябе на сур’ёзную небясьпеку. Справа ў тым, што таталізацыя абазначае таксама «паглынаньне» элемэнтаў, зусім не спрыяльных для рэпрадукцыі самога рэжыму. Унутры рэжымнага арганізму можа зьявіцца сьціжма «запальных пунктаў», ад якіх сам арганізм можа ня сёньня дык заўтра сканаць. Аналягічна, як савецкая таталітарная машына (надзвычай моцная і з дасканалымі «фільтрамі») усё ж такі «праглынула» Гарбачова і пару сьмелых рэфарматараў, што спарадзіла вядомыя наступствы, так можа стацца і зь беларускім рэжымам. На небясьпеку таталізацыі ўскосна ўказаў і сам Лукашэнка, аднойчы заяўляючы: «Вось зьявіцца ўва ўладных структурах такі апазыцыянэр, а вакол яго столькі гнілізны нарасьце». Будучыня Беларусі застаецца адкрытай. Шмат невядомага хаваецца ў душах сёньняшніх беларусаў, ня ведаем, якая будзе расстаноўка сілаў у Расеі праз пару гадоў, і невядома, наколькі пасьпяхова будзе рэалізаваць сваю місію беларуская дэмакратычная эліта. Аднак паўстаньне, сьведкамі (альбо і ўдзельнікамі) якога мы былі сёлета, паказвае, наколькі моцная яна, сіла беларускай волі. Народнае перайменаваньне Кастрычніцкай плошчы на Плошчу Каліноўскага сымбалізуе перамогу беларускага вызвольнага паўстаньня над бальшавіцкай кастрычніцкай рэвалюцыяй, антычалавечай і рэакцыйнай па сваёй сутнасьці. |
сталы аўтар «ARCHE». У апошнім нумары нашага часопісу выйшаў яго аналіз «Як Пазьняк стаў закладнікам гісторыі». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |