A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (45) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ПЁТРА РУДКОЎСКІ | ||||
Тры пасьлярэвалюцыйныя сындромы Груша цьвіла апошні год.
Навошта патрэбная была «рэвалюцыя»? Навошта патрэбная была аж такая шалёная рызыка? Навошта былі дэманстрацыі 19 і 25 сакавіка ды 26 красавіка? Які сэнс меў палаткавы лягер, дзеля зьнішчэньня якога спатрэбілася толькі 15 хвілінаў? Паветра засталося такім самым: яно надалей занячышчана прапагандысцкай хлусьнёй, атмасфэра надалей цяжкая, а клімат – невыносна «памяркоўны». Чысты вызвольны агонь, які на пару імгненьняў успыхнуў у сэрцах беларусаў, цяпер толькі тлее, а полымя надзеі паволі губляе сваё цяпло і моц. Цана «рэвалюцыі» – гэта дзясяткі людзей, пазбаўленых працы ці выгнаных з навучальных установаў, мноства пабітых і параненых у няроўнай барацьбе з душыцелямі паўстаньня, літры сьлёзаў, вылітых маткамі і роднымі пацярпелых. Можа, «рэвалюцыя» паспрыяла надыходу палітычнай «адлігі», можа, крыху зьмякчыла аўтарытарны рэжым? Добрым адказам на гэтае пытаньне ёсьць нядаўняе рашэньне Менскага гарвыканкаму адмовіць «Нашай Ніве» ў прапісцы... Трохі, мусіць, сымбалічна, што былы рэктар БДУ (прадстаўнік асьветы) знаходзіцца ў турме, у той час як чалавек, ня здольны лякалізаваць у прасторы і часе Францішка Скарыну, – на троне. І тут становіцца ясна, чаму пра «рэвалюцыю» можна гаварыць толькі ў дзьвюхкосьсі. Revolutio (ад revolvere – перавярнуць дагары нагамі) – стан перавернутасьці, і гэта якраз тое, што мы маем цяпер. Барацьба з розумам і свабодай, расправа зь мірнымі грамадзянамі, запалохваньне і фальшаваньне – гэта і ёсьць тая revolutio, якую беларускі рэжым успадкаваў ад ваяўнічных бальшавікоў. Таму нашым заданьнем ёсьць не revolutio, а нешта адваротнае – вяртаньне, адраджэньне і адбудаваньне таго, што было забрана, зьнішчана і разбурана ў часе панаваньня бальшавіцкай і постбальшавіцкай рэвалюцыі. Стан пэрманэнтнай рэвалюцыі, запушчанай бальшавікамі і падтрыманай беларускім рэжымам, прыпамінае па свайму духу жудасныя 1930-я гады ў Гішпаніі, калі да ўлады прыйшлі крайнія нацыяналісты. Viva la muerte! – Хай жыве сьмерць! – клікнуў генэрал Мілян Астрай падчас сваёй прамовы ўва ўнівэрсытэце ў Саляманцы ў 1936 годзе. Не, зусім ня дзеля гэтага генэрала я згадваю пра гэтую жудасьць, а каб мець нагоду прывесьці словы сьветлай памяці філёзафа Мігеля дэ Ўнамуна, тагачаснага рэктара гэтага слаўнага ўнівэрсытэту. Рэктар, пасьля таго, як генэрал Астрай скончыў сваю прамову, паўстаў і сказаў: «Толькі што я пачуў бессэнсоўны нэкрафільскі ўсклік: «Хай жыве сьмерць!». І неўзабаве, не баючыся ніякіх наступстваў, паставіў трапны дыягназ: «Генэрал Мілян Астрай – калека, інвалід. Я кажу гэта безь якога-кольвек ацэнкавага падтэксту». Калі генэрал, ня вытрымаўшы такой непасрэднай праўды пра сябе, перарваў рэктара:
Далоў інтэлігенцыю! Хай жыве сьмерць!
той спакойна працягваў:
Мы знаходзімся ў сьвятыні. Гэта сьвятыня розуму, а я – яго вярхоўны сьвятар. Вы апаганілі гэта сьвятое месца. Вы пераможаце, бо на вашым баку занадта шмат грубай сілы і жорсткасьці. Але вы нікога не навернеце на сваю веру. Бо, каб навярнуць чалавека, трэба яго пераканаць. А каб пераканаць, трэба мець тое, чаго вы ня маеце: розум і права змагацца. Я ня буду заклікаць вас падумаць пра Гішпанію, бо лічу гэта бессэнсоўным. Больш у мяне няма чаго сказаць.
Што ж, у Беларусі не пануюць нацыяналісты, ніхто, як дагэтуль, афіцыйна не паўтарыў воклічу генэрала Астрая, і нам, мабыць, не пагражае грамадзянская вайна. Тым ня менш, ёсьць нешта, што чыніць беларускую сытуацыю надта падобнай да сытуацыі ў Гішпаніі 1930-х гадоў. Гэтае «Далоў інтэлігенцыю» нейк вельмі знаёмае па сваім духу, а ўсклік «Хай жыве сьмерць!» у нашым кантэксьце можа быць трансфармаваны ў «Хай жыве рабства!». Хай сядзяць у турмах тыя, хто захацеў свабоды і праўды, няхай ведаюць сваё месца ўсе, хто «дэстабілізуе сытуацыю» згадкамі пра дэмакратыю і правы чалавека, няхай пакутуюць нягоднікі, якія адважыліся паставіць пад сумнеў непарушную еднасьць народу і прэзыдэнта.
І цяпер, трымаючы ў памяці словы Мігеля дэ Ўнамуна, вернемся да пастаўленых на самым пачатку пытаньняў: нашто ўсё гэта было патрэбна? Часткова на гэтае пытаньне ўжо адказаў гішпанскі філёзаф: наша заданьне – аберагаць нашы сьвятыні, нават калі іх разбуральнікі і мацнейшыя сілай. Але каб атрымаць поўны адказ на пастаўленыя пытаньні, трэба зьвярнуцца да нашых уласных, беларускіх прарокаў і сьвятароў. Вось што кажа нам Уладзімер Караткевіч вуснамі Алеся Загорскага: «У рабстве гіне дух...» Гэта адказ, дадзены блізкаму духам і перакананьнямі Мсьціславу, калі той не бяз рацыі заўважыў, што ў выніку паўстаньня «мы згубім усё, прыдбанае з такой цяжкасьцю». Усе гэтыя дыскусіі, якія вяліся палітыкамі і інтэлектуаламі перад выбарамі-06 наконт сэнсу самога ўдзелу ў выбарах або таго, які сэнс выводзіць людзей на вуліцы, калі скуткі і так лёгка прадбачыць. Варта заўважыць, што дыскусіі ў конадзень паўстаньня 1863–1864 гадоў, якія вядуцца паміж актывістамі вызвольнага руху ў «Каласах пад сярпом тваім», сваім зьместам амаль ідэнтычныя дыскусіям у конадзень выбараў-06: ці ёсьць сэнс удзельнічаць у паўстаньні / ці ёсьць сэнс удзельнічаць у выбарах; ці ёсьць сэнс ісьці ў народ; ці ёсьць сэнс рабіць само паўстаньне / ці ёсьць сэнс выходзіць на дэманстрацыі, калі – у абодвух выпадках – шанцы на перамогу амаль роўныя нулю?.. «У рабстве гіне дух» – вось ляпідарны адказ на ўсе гэтыя пытаньні і дылемы. Адказ Караткевіча ўдакладняе і дапаўняе Алена Брава: «Мы самі носім у сабе свой ГУЛаг і Асьвенцім. Клетка – ня звонку». Хай мы не пераможам, але сваёй актыўнасьцю мы заб’ем раба, які дрэмле ў нашай душы. Мы спынім экспансію ГУЛагу і зламаем «клетку», што знаходзіцца ўнутры нас. Так я разумею пасыл Караткевіча і Бравы, быццам адрасаваны адмыслова нам з нагоды выбараў-06, якія насамрэч не былі выбарамі, толькі пачаткам новага этапу змаганьня за магчымасьць выбіраць.
«Рэвалюцыя» пакінула свой сьлед у душах беларусаў. Можна казаць пра тры «пасьлярэвалюцыйныя сындромы»: «сындром пешкі», «сындром былога жаўнера» і «сындром караля». Для некаторых сакавіцкія падзеі – гэта нейкае непаразуменьне. «І так усё было ясна». Навошта патрэбна было змаганьне, калі ад нас анічога не залежыць? Улада засталася непахіснай, змагары жорстка пакараныя, а ў сьвядомасьці народных масаў дзякуючы прапагандзе замацавалася ўстойлівае перакананьне, што на Кастрычніцкай плошчы былі адно толькі наркаманы ды распусьнікі. Сындром пешкі. Для іншых – усё, што здарылася – недаравальная несправядлівасьць, за якую трэба камусьці адпомсьціць. Можа, амапаўцам. Можа, расейцам. Можа, праўрадавым журналістам. Карацей, трэба «вастрыць нажы» і неадкладна чыніць разборкі. У сеціве поўна такога тыпу заклікаў. Сындром былога жаўнера. Урэшце, для некаторых апошнія падзеі – гэта спосаб абароны сваёй годнасьці. Момант салідарнасьці. Добрая нагода для гарту духу. Галоўная справа цяпер – захаваць раўнавагу, ведаючы, што вывесьці нас з раўнавагі – гэта адна з галоўных мэтаў рэжыму. Ператварыць нас у агрэсіўных экстрэмістаў – гэта тое, аб чым мараць спэцслужбы. Бо тады рэжым будзе мець над намі ня толькі сілавую, але і маральную перавагу. Захаваць раўнавагу, захаваць сваю годнасьць і тоеснасьць перад абліччам яўнай несправядлівасьці – гэта «каралеўскі» выбар. Ня кожнаму ён пад сілу.
Груша цьвіла апошні год... Надыходзіла яе апошняя часіна... – прарочыў Караткевіч. Пэўна, у многіх з нас гэтыя словы, якія распачынаюць векапомны раман «Каласы пад сярпом тваім», выклікаюць трывогу і шкадаваньне. Мусіць, дарма. Гэта добра, што старое дрэва загіне падчас чарговага наступу Дняпра. Бо груша сымбалізуе этап вэгетатыўнага існаваньня беларускага народу. Гэты спосаб існаваньня па-свойму добры, можа, нават і «рамантычны», але непэрспэктыўны. Цяпер надыходзіць новы этап у гісторыі беларусаў – этап самасьвядомага жыцьця. |
філёзаф, сталы аўтар «ARCHE». Апошняя публікацыя – эсэ «Паўстаньне на Кастрычніцкай плошчы». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (45) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |