A R C H E П а ч а т а к № 5 (45) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


5-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • літаратура

 


крытыка

  ПАВАЛ УСАЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны здымак Андрэя Лянкевіча. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Усаў
Атланты і карыятыды лукашэнкаўскай прапаганды
Часопіс «Планета»: аналіз метадаў маніпулятыўнага ўздзеяння


З 2005 года ў інфармацыйна-прапагандысцкай батарэі, скіраванай супраць апазіцыі і яе саюзнікаў, з’явілася яшчэ адна друкаваная гармата, якая абстрэльвае ўсіх і ўсё, ня згоднае з кіраўніцтвам дзяржавы і яго ідэалогіяй. Назва гэтага новага друкаванага выдання – «Планета».

Перад тым як прааналізаваць змест гэтага часопіса, варта некалькі словаў сказаць пра фармальныя бакі, агульную структуру і канфігурацыю публікацый, якія ў ім размешчаны.

Апякуецца часопісам Адміністрацыя прэзідэнта, а яго галоўным рэдактарам выступае Усевалад Янчэўскі. Прывядзём кароткую біяграфічную даведку. У. Янчэўскі нарадзіўся 22 красавіка 1976 года ў Барысаве. Скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1998). Першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі (БПСМ), сябар праўлення Фонда сацыяльнай аховы моладзі, а таксама калегіі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Актывіст прэзідэнцкай кампаніі А. Лукашэнкі (1994), сябар выбарчага штабу С. Шушкевіча падчас выбараў у Вярхоўны Савет (1995). Быў сябром партыі Славянскі Сабор «Белая Русь». Дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога склікання. Жанаты.

Ужо веданне таго, кім быў створаны часопіс, можа сведчыць пра яго змест і прызначэнне. Тым не менш, аналіз гэтага часопіса не можа не прыцягнуць увагі спецыялістаў у галіне палітычнай камунікацыі, інфармацыйных тэхналогіяў, НЛП і іншых методык палітычнага і сацыяльнага ўздзеяння, прызначаных для прамыўкі мазгоў чытачоў, якія стаяць па-за палітычнымі працэсамі. Унутраная канфігурацыя часопіса працягвае найлепшыя традыцыі савецкай прапаганды, тэксты і здымкі размешчаны такім чынам, каб паўплываць на свядомасць не толькі яўна, але і імпліцытна. Кожны нумар «Планеты» абавязкова складаецца з артыкулаў пра беларускую апазіцыю, ЗША, Памаранчавыя рэвалюцыі і тэрор. Прычым іх паслядоўнасць і ўзаемасувязь настолькі відавочныя, што складваецца ўражанне, быццам чытаеш не розныя публікацыі асобных аўтараў, а адну кнігу, падзеленую на часткі, а ці дэталёвую справаздачу КДБ. Трэба таксама адзначыць цікавы факт: многія публікацыі, пададзеныя ў часопісе, не падпісаныя. Відаць, рэдакцыі «Планеты» ёсць што хаваць. Да гэтага можна дадаць, што часам у межах аднаго артыкула прасочваецца несупадзенне стыляў напісання. Значыць, іх пісалі дзве ці больш асоб. Звычайна такія артыкулы складаюцца з дзвюх частак: аналітычнай і папулісцка-прапагандысцкай. Трэба сказаць, што аналітыка падабрана і падрыхтавана рупліва і складае важкую частку асобных артыкулаў, але яна падагнана пад пэўную ідэалагічную парадыгму. У сваю чаргу, папулісцка-ідэалагічны складнік вытрыманы ў духу афіцыйных беларускіх СМІ.

А цяпер пяройдзем непасрэдна да аналізу публікацый часопіса, кожны з нумароў якога па-свойму «цікавы». Сёння мы разбяром № 3 за ліпень 2005 года, і пачнём з ягонай вокладкі.

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то часопіс заўсёды пачынаецца з вокладкі. Менавіта вокладка, дзякуючы сваім яскравым фотаздымкам, шакоўным загалоўкам, павінна прымусіць чытача калі не прачытаць часопіс, дык прынамсі ўзяць яго ў рукі і перагартаць. Што адразу прыцягвае ўвагу ў вокладцы гэтага нумару «Планеты»? Гэта каляровы фотаздымак ядзернага выбуху, на фоне якога змешчаныя прэзідэнт ЗША Дж. Буш-малодшы і трывожны загаловак: «Предчувствие Хиросимы». Побач са здымкам выбуху адзін пад адным змешчаны здымкі прэзідэнтаў Грузіі М. Саакашвілі і Польшчы А. Квасьнеўскага, а зараз жа пад імі – фатаграфія дзіцяці, якое памірае з голаду. Хаця гэтыя ўстаўкі павінны толькі скіраваць чытача да адпаведных артыкулаў у часопісе, тым не менш, яны, паводле задумы аўтараў, мусяць скласці адзіны вобраз рэчаіснасці і ўяўляюць сабой толькі прэлюдыю асноўных дзеянняў. Аналіз тэкстаў гэта пацвярджае.

Першы артыкул невядомага аўтара прысвечаны апісанню жорткага супрацьстаяння паміж ЗША і Паўночнай Карэяй. Менавіта ён і называецца «Предчувствие Хиросимы». Ролі, якія адведзены галоўным героям гэтага артыкула, ад пачатку зразумелыя. ЗША – агрэсар і ўвасабленне сусветнага зла. Яны імкнуцца да панавання над усім светам і знішчэння няскораных дзяржаў. У ролі няскоранага і непахіснага героя выступае Паўночная Карэя на чале з Кім Чэн Ірам. Натуральна, што артыкул накіраваны на апраўданне рэжыму і палітычнай пазіцыі Паўночнай Карэі, а таксама яе жадання працаваць над ядзернай праграмай. Хаця развіццё гэтай праграмы ўключае ў сябе ў тым ліку стварэнне ядзернай зброі, аўтар не бачыць у тым нічога дрэннага, бо толькі такая зброя можа спыніць прэтэнзіі ЗША і іх памкненні быць асноўным геапалітычным гульцом. Эскалацыя напружанасці ў азіяцкім рэгіёне – вынік няправільнай палітыкі ЗША, якія не жадаюць саступіць Паўночнай Карэі і зняць эканамічную і палітычную блакаду. Толькі такі канструктыўны падыход, на думку аўтара, мог бы прадухіліць пагрозу ядзернай вайны: «На шляху «мірнага сцэнару» па-ранейшаму старая перашкода – пазіцыя ЗША. Белы дом не хоча развязваць «ядзерны вузел» – ён хоча цалкам знішчыць і акупаваць Паўночную Карэю». Каб стварыць поўную карціну акупацыі, якая павінна быць блізкай сэрцу кожнага «сапраўднага беларуса», у артыкуле змешчаны фотаздымак гітлераўца з агнямётам, які падпальвае сялянскую хату.

Стварыўшы негатыўны вобраз ЗША, складальнікі часопіса адразу скіроўваюць увагу чытача на тое, што адбываецца на мяжы Беларусі, пра што сведчыць наступны артыкул, таксама невядомага аўтара: «Пан пропал», или о том, как польские политики, решившие повоевать с Беларусью, «сели в лужу» на виду у всей Европы».

Сувязь паміж першым і другім артыкуламі відавочная: у абодвух гаворка ідзе пра пастаяннае ўмяшанне ЗША ў справы іншых дзяржаў і іх памкненне навязаць сваю палітыку іншым. Але ў артыкуле «Пан пропал» з’яўляецца новы актор, Польшча, якая, як і ЗША, выступае ў ролі агрэсара, але гэтым разам у дачыненні да Беларусі. Падыход да напісання гэтага артыкула немудрагелісты, бо яго задумвалася прымеркаваць да скандалу, што адбыўся з Саюзам палякаў Беларусі, і наступнай антыбеларускай кампаніі на Захадзе, у прыватнасці, у Польшчы. Тым не менш, варта разгледзець гэтую публікацыю вельмі ўважліва. Артыкул складаецца з двух узроўняў, першы – агульны, фонавы, а другі – схаваны, які мае яўна маніпулятыўны характар. Агульны ўзровень ахоплівае ўсю палітычную праблематыку, звязаную з Польшчай і польска-беларускімі дачыненнямі, і скіраваны на стварэнне негатыўнага вобраза Польшчы як дзяржавы. Трэба адзначыць, што зроблена гэта даволі пісьменна, з выкарыстаннем не толькі дыскурсу, які ўздзейнічае на эмоцыі, але і аналітычных звестак, якія робяць змест артыкула больш грунтоўным і факталагічным.

Структура агульнага ўзроўню наступная:

1. Як геапалітычны актор Польшча – не самастойная дзяржава, а «марыянетка» ЗША. Слова «марыянетка» паўтараецца неаднаразова, вядома, што ў палітычным дыскурсе яно мае негатыўны сэнс, гэтым з самага пачатку ў свядомасць чытача закладваецца агіднае стаўленне да Польшчы. Само сабой зразумела, што цесная сувязь з ЗША, якая падкрэсліваецца на працягу ўсяго артыкула, таксама ўносіць у вобраз Польшчы шмат негатывізму. Гэтаму павінны спрыяць закладзеныя праз папярэдні артыкул «Предчувствие Хиросимы» патэрны. Больш за тое, дзеянні Польшчы падаюцца не толькі як антыбеларускія, але як антыеўрапейскія, што яшчэ больш павінна прынізіць яе статус. «Месца Польшчы на міжнароднай арэне можна вызначыць досыць проста – гэта «траянскі конь» ЗША ў Еўропе» (с. 21). Гэта зусім не азначае, што Еўрапейскі Саюз у вачах аўтараў ёсць пазітыўным палітычным акторам. Рэч у тым, што складальнікі часопіса жадаюць паказаць, што заходнія краіны спрачаюцца між сабой і не маюць адзінага плану дзеянняў на міжнароднай арэне, а малыя краіны Усходняй Еўропы выкарыстоўваюцца ў вялікай гульні.

2. Польскі імперыялізм і жаданне рэалізаваць свае памкненні на тэрыторыі Літвы, Украіны і Беларусі ў межах адраджэння Рэчы Паспалітай. Апісанне польскай замежнай палітыкі ў гэткім духу павінна ўзмацніць стары стэрэатып у беларускага насельніцтва, што Польшча заўсёды была і застаецца ворагам. «Польскія палітыкі хочуць павярнуць час назад. Прывід Рэчы Паспалітай не дае спокою афіцыйнай Варшаве» (с. 29).

3. Безнадзейны сацыяльна-эканамічны стан унутры самой Польшчы. Рост беспрацоўя, карупцыя, неэфектыўнасць сацыяльнай і гаспадарчай палітыкі, незадаволенасць простых грамадзянаў, банкруцтвы прадпрыемстваў, нізкі ўзровень дабрабыту. Насычанасць статыстычнымі звесткамі, якія гавораць пра няздольнасць польскіх палітыкаў вырашыць унутраныя праблемы, паказвае Польшчу як слабога геапалітычнага гульца. Гэтая хваля інфармацыі прыводзіць толькі да адной высновы: «У такой сітуацыі смешна чуць, што Польшча бярэцца зладзіць «рэвалюцыю» (вылучана ананімным аўтарам «Планеты». – П.У.) у Беларусі. Праўда ў іншым: Польшча, якую ўвесь час страсаюць забастоўкі і масавыя пратэсты, значна бліжэй стаіць да рэвалюцыі, чым спакойная, ціхая і мірная Беларусь» (с. 26–27).

4. Як вынік, Беларусь – мірная, светлая, квітнеючая і вольная ад унутраных канфліктаў, у тым ліку этнічных. Гарантам гэтай стабільнасці ёсць прэзідэнт Лукашэнка: «Палякі ў Беларусі – гэта нашыя грамадзяне, нашы беларускія палякі. Мы іх ніколі не дзялілі, як і ўсе астатнія народы Беларусі» (А. Р. Лукашэнка) (с. 33).

Як ужо адзначалася, публікацыя нясе схаваную інфармацыйную нагрузку. Падтэкст артыкула змяшчае ў сабе маніпулятыўна-прапагандысцкі блок, скіраваны супраць беларускай апазіцыі і яе лідэраў. Дакладней, у гэтым артыкуле ўдар наносіцца па А. Мілінкевічу: «Мілінкевіч, які на працягу многіх гадоў акучваў урадлівую ніву размеркавання заходніх грантаў, цалкам кіруецца амерыканскімі і польскімі спецслужбамі. У Варшаве ўпэўненыя – у выпадку «прасоўвання» Мілінкевіча на пасаду прэзідэнта Беларусі Польшча атрымлівае поўны кантроль над нашай краінай» (с. 31). (Уся гэтая інфармацыя падаецца на фоне бел-чырвона-белага сцягу, таксама з мэтамі ўздзеяння на падсвядомасць.) Далей – болей. Аўтары быццам бы мімаходзь закранаюць праблемы тэрарызму, а потым паволі звязваюць яе вобраз з вобразам беларускай апазіцыі. Выбудоўваецца цікавая схема, якая ўвесь час выкарыстоўваецца ў артыкулах, скіраваных супраць беларускай апазіцыі і яе дзеячаў. Схема выглядае так:

tycyna506 (44K)

Цынічна выкарыстоўваючы трагедыю ў Беслане, стваральнікі артыкула намякаюць на тое, што палякі (а разам з імі беларуская апазіцыя) апраўдваюць дзеянні тэрарыстаў, якія нібыта змагаюцца за незалежнасць ад Расіі. Між іншым, у артыкуле змешчаны каляровыя ўрэзкі з тэкстам і фотаздымкамі да іх. Так, на с. 28 мы знаходзім фота Басаева і Хатаба з каментаром: «Пра такіх саюзнікаў марыць нямоглая апазіцыя», або: «Нядаўна Зянон Пазьняк (вядомы прыхільнік Джахара Дудаева) на адной з сустрэчаў у Польшчы прапанаваў пайсці на саюз з чачэнскімі баевікамі дзеля звяржэння прэзідэнта Лукашэнкі. У выпадку прыходу да ўлады ў Беларусі Зянон Пазьняк абяцаў спрыяць выдзяленню Чачні са складу Расіі».

Падчас напісання артыкула аўтары свядома заклалі ў яго механізмы, якія павінны выразна ўбудаваць у свядомасць чытача наступны лагічны ланцуг:

ЗША і Польшча = акупанты, якія апраўдваюць, больш за тое – падтрымліваюць тэрарызм;

ЗША і Польшча = беларуская апазіцыя;

Беларуская апазіцыя = тэрарысты, а значыць, іх можна і трэба знішчаць.

Такім чынам, пасля гэтакіх камбінацый дэзарыентаваны чытач будзе ставіць беларускую апазіцыю нароўні з баевікамі, якія забівалі дзяцей і жанчын, а гэта значыць, што любая расправа над дзеячамі апазіцыі і актывістамі простымі абывацелямі будзе разглядацца як слушная і патрэбная.

У тую ж схему, гаворка пра якую была вышэй, цалкам упісваецца артыкул пад назвай «Царство Царя Михаила», прысвечаны аналізу сітуацыі ў Грузіі. Змест і сама сутнасць артыкула не нясуць у сабе асаблівай інтрыгі, ён проста апісвае сітуацыю ў Грузіі пасля рэвалюцыі, якая, нібыта, увесь час пагаршаецца. Беспрацоўе, карупцыя, нізкі ўзровень жыцця, холад у кватэрах і падрыхтоўка да захопніцкай вайны – усё гэта вынік «дэмакратызацыі Грузіі» амерыканцамі. Націск робіцца на вобразе Міхаіла Саакашвілі: «стаўленік ЗША, які імкнецца да пашырэння межаў асабістай улады – адным словам Цар, які даўно забыў, што такое дэмакратыя. Але Саакашвілі не верыць у свабоду, бо яго ідэал – сіла» (с. 41). У артыкуле навязваецца ўяўленне пра існаванне ўнутранага супрацьстаяння ў грузінскім грамадстве, асноўнай падставай для якога нібыта з’яўляюцца памкненні Саакашвілі ўмацаваць свой рэжым і схіліць яго да мілітарызацыі. Таксама ананімны аўтар прасочвае на землях Калхіды згасанне дэмакратыі і грамадзянскіх вольнасцяў. Як вынік, паводле меркавання гэтага аўтара, ствараюцца ўмовы, якія прывядуць да новай рэвалюцыі. «Саакашвілі разумее: недалёка той час, калі большасць народу зразумее – іх падманулі. Цар Міхаіл ведае свой народ – грузіны не даруюць здрады. І ён рыхтуецца загадзя» (с. 44).

Трэба звярнуць увагу на тое, што амаль у кожным артыкуле, звязаным з аналізам сітуацыі ўнутры беларускай апазіцыі, у дзяржавах, якія супрацьстаяць Беларусі, выкарыстоўваюцца матывы Другой сусьветнай вайны. Відавочна, што падобны элемент прапаганды павінен узмацніць негатыўныя эмоцыі ў адносінах тых, на каго скіраваная крытыка. Іншымі словамі, параўнаць паводзіны асобных палітычных дзеячаў з палітыкай фашыстаў. Гэта тычыцца і М. Саакашвілі: «Прэзідэнт-ліберал цвёрда запомніў запавет рэйхсмаршала Герынга – «гарматы замест масла» (с. 37). Усе гэтыя каментары падаюцца на фоне разбітай ваеннай тэхнікі і забітых людзей.

Высновы напрошваюцца самі сабою. Рэвалюцыя ў Грузіі стала для яе праклёнам! А гэта значыць, што беларускае грамадства павінна зрабіць усё, каб не дапусціць падобнага ў сваёй краіне.

Як працяг антырэвалюцыйнай рыторыкі – наступны вялікі артыкул «Оранжевые революции: противопоказания к применению», прысвечаны аналізу стану беларускай апазіцыі. Падрыхтаваны чытач ужо добра ведае, як трэба ўспрымаць інфармацыю і ставіцца да беларускай апазіцыі. Матэрыял артыкула апісвае механізмы падрыхтоўкі апазіцыі да рэвалюцыі падчас выбараў прэзідэнта краіны ў 2001 годзе. Структура пабудовы дыскурсу вельмі простая. 1. Паказаць цесную сувязь беларускай апазіцыі з Захадам, перадусім з ЗША. 2. Падкрэсліць унутранае маральнае раскладанне, канфліктнасць і антынароднасць. 3. Нанесці прапагандысцкі ўдар па імаверных кандыдатах у прэзідэнты ў 2006 годзе. 4. Эпілогам становіцца ўзвышэнне ролі і значэння Лукашэнкі ў развіцці дзяржавы і беларускага грамадства.

Трэба падкрэсліць, што ў некаторых выпадках аўтары даволі дакладна даюць ацэнку шматлікім негатыўным з’явам, што сталі прычынай для аслаблення беларускай апазіцыі.

Галоўным чынам, націск робіцца на ўяўную антынароднасць і антыдэмакратычнасць апазіцыі. Рэч у тым, кажа аўтар, што велізарная частка кіраўнічага апарату апазіцыйных структур складаецца з былых чыноўнікаў, якія былі адхілены ад улады, другая частка апазіцыі цесна супрацоўнічае з ЗША. На думку аўтара, калі ўлада дастанецца першай частцы «апазіцыі», то дзяржава будзе раскрадзена, калі другой – будзе распрададзена: «Трэба разумець спецыфіку антылукашэнкаўскай апазіцыі. Яна ніколі не была палітычнай, а практычна заўсёды наменклатурна-чынавенскай (с. 52)… Хто такія Лябедзька, Домаш і да іх падобныя? Былыя камсамольскія і партыйныя работнікі, бальшавікі… А што гэта дасць для народу Беларусі? Нічога» (В. Леванеўскі) (с. 49). На працягу ўсяго артыкула прасочваецца наступны матыў: «у апазіцыі няма ідэалогіі, у яе няма ідэяў, здольных хваляваць і абуджаць людзей, лідэраў, здольных ісці наперад і весці за сабой». Аўтар заяўляе: «супраць Лукашэнкі выступалі не народныя масы, а чыноўнікі, якія апынуліся ўбаку, [і гэта] наперад асудзіла ўсе сцэнары рэвалюцыі на няўдачу… Немагчыма яе зрабіць, калі «прафесійная рэвалюцыйная дзейнасць» даўно ператварылася ў бізнес» (с. 53).

Безідэйнасць заўсёды была падставай для ўнутраных канфліктаў у апазіцыі, што, з пункту гледжання аўтараў, характарызуе і сённяшнюю апазіцыю, «зараз «змаганне» разгортваецца паміж мала каму вядомым Лябедзькам і нікому не вядомым Мілінкевічам. Гэтак сама, як і ў 2001-м, у вачах ажно мітусяцца «пазасістэмныя» кандыдаты – Вайтовіч, Фралоў, Казулін, Ярашук, Колас» (с. 53). Аўтар дазваляе сабе гаварыць нават пра Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі, хоць той у ліпені яшчэ не адбыўся, «яны не могуць набраць нават мінімуму прыхільнікаў – з 292 дэлегатаў «дэмакратычнага кангрэсу» сабраць удалося толькі 130» (с. 53). Што маецца на ўвазе – невядома. Магчыма, артыкул быў падрыхтаваны загадзя, магчыма, факты ў «Планеце» нікога зусім не цікавяць.

Гэтак сама ўмела абыгрываецца інфармацыя, якая датычыць фінансавых схемаў беларускай апазіцыі і заходніх «спонсараў», прычым для бамбардавання апазіцыі выкарыстоўваюцца выказванні некаторых вядомых яе дзеячаў: «…заходняе фінансаванне ў тым выглядзе, як яно склалася, дало штуршок маральнаму разняволенню апазіцыянераў. Патрыятычная свядомасць пачала асвойвацца з прадпрымальнасцю. Нечакана высветлілася, што ў каштарыс выдаткаў на барацьбу за сцверджанне ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцяў можна ўключаць аплату асабістых патрыятычных намаганняў. Так нарадзілася карупцыя ў шэрагах беларускай апазіцыі» (В. Оргіш) (с. 55).

Такім чынам, падагульняе аўтар, спадзявацца на нейкія радыкальныя змены не трэба. Апазіцыя падрыхтаваная, каб прайграць.

На фоне палітычных інтрыг ЗША, каляровых рэвалюцый і слабой апазіцыі малюецца стаічная фігура Прэзідэнта, чэснага, адкрытага і клапатлівага «бацькі», якому, як і Фідэлю Кастра, не страшная Амерыка і апазіцыя, бо ён абапіраецца выключна на волю свайго народу. «Звыклыя мець справу з рознага кшталту нягоднікамі ва ўладзе, амерыканцы проста не могуць дапусціць думкі, што сярод постсавецкай эліты ёсць Прэзідэнт, які не крадзе» (с. 57). Канец артыкула, як асноўны вынік – роля прэзідэнта ў гісторыі дзяржавы неацэнная, дзякуючы Лукашэнку Беларусь пайшла іншым, найбольш перспектыўным шляхам палітычнага, культурнага і цывілізацыйнага развіцця. «У Кіраўніка (падкрэслена аўтарам «Планеты». – П. У.) беларускай дзяржавы ёсць свой сацыяльна-палітычны праект. На сённяшні дзень сярод усіх былых савецкіх рэспублік ён самы паспяховы. Палітыка Прэзідэнта Лукашэнкі і яго асоба – вось галоўныя супрацьпаказанні для «аранжавай рэвалюцыі» ў Беларусі» (с. 57).

Слушнасць гэтай высновы «абгрунтоўвае» артыкул пра Міхаіла Хадаркоўскага «Чудо демократии не получилось…», дзе прыведзены вытрымкі з публікацыі М. Хадаркоўскага «Левы паварот». У ёй вядомы алігарх, зразумеўшы ўсю згубнасць крайняга лібералізму, прызнае, што Расія павінна ісці іншым, адметным шляхам. Хадаркоўскі лічыць, што ідэальнай мадэллю дзяржавы і грамадства мусіць стаць патэрналісцкая, якая задаволіць усе сацыяльныя запатрабаванні грамадства і дзяржавы, а таксама ўнясе стабільнасць у сацыяльную і палітычную сістэму. Але значна важнейшыя ў артыкуле «Планеты» не выказванні спадара Хадаркоўскага, а каментары невядомых беларускіх «журналістаў», якія, спасылаючыся на Хадаркоўскага, сцвярджаюць, што Беларусь ужо некалькі гадоў крочыць такім шляхам дзякуючы правадыру А. Р. Лукашэнку: «Некалі Беларусь папракалі, што яна, маўляў, адстала ад Расіі, якая далёка пайшла «шляхам рэформаў». Артыкул Хадаркоўскага ёсць прызнаннем адваротнага. Не Беларусь адстала ад Расіі, а, нааадварот, Расія адстала ад нас» (с. 73).

Аўтар падкрэслівае, што беларускаму народу зусім не патрэбна заходняя мадэль сацыяльна-палітычнага развіцця, якая нібыта прывядзе да пагібелі ўсё постсавецкае грамадства: «Беларуская мадэль» выявілася жыццяздольнай таму, што не было ў ёй нічога штучнага – яна была цалкам творам здаровага сэнсу» (с. 73).

* * *
Інфармацыя, змешчаная ў часопісе «Планета», канцэнтруецца вакол адной мэты: стварыць вобраз незаменнага прэзідэнта, без якога далейшы гістарычны лёс Беларусі немагчымы. Любыя змены ў грамадстве, асабліва змена кіраўніка, скончыцца для беларусаў бядой. А каб гэтага не адбылося, трэба аб’яднацца перад абліччам вонкавых і ўнутраных пагроз і падтрымаць справу А. Р. Лукашэнкі.

Чытанне і вывучэнне часопіса «Планета» можа быть рэкамендавана не толькі спецыялістам у галіне палітычных тэхналогій, але і тым, хто пакутуе на настальгію па СССР, у ім вы знойдзеце звыклыя вобразы ворагаў, гатовыя адказы і мудрага правадыра, які нясе цяжар клопату пра свой народ.

  палітоляг. Жыве ў Магілёве. Вымушаны быў пакінуць працу ва ўнівэрсытэце пад ціскам уладаў. Ягоная апошняя публікацыя ў «ARCHE» – «Паміж прэзыдэнтам і мэсіем» (2006. № 4).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (45) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/14