A R C H E П а ч а т а к № 6 (46) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


6-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ПАВАЛ АБРАМОВІЧ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаная гравюра «Аблога Ляховічаў 1660 г.» са збораў кракаўскага Фонду XX Чартарыскіх (Fundacja XX Czartoryskich). «ARCHE» дзякуе сакратару фонду Катажыне Мігач (Katarzyna Migacz) за спрыяньне гэтай публікацыі. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Глыток вады з крыніцы


Баяя А. Зваўчэньне / Пер. з чэск. М. Мартысевіч. – Менск: Логвінаў, 2006. – 230 с. – (Чэская калекцыя).

Сёлета ў перакладзе на беларускую мову пабачыў сьвет раман 64-гадовага чэха Антаніна Баяя «Зваўчэньне» (2003). Аўтар гэтага твору, уганараванага на радзіме літаратурнай прэміяй Magnesia Litera, скончыў Сельскагаспадарчы інстытут у Брне і доўгі час працаваў па спэцыяльнасьці, а потым пачаў займацца журналістыкай і выкладаць творчае пісьмо ўва ўнівэрсытэтах Аламоўца і Зьліна. Дэбютаваў у літаратуры Баяя ў 1982 годзе.

«Зваўчэньне» пакідае дзіўнае ўражаньне.

Гэты раман быццам створаны беларусам, бо працягвае нашу слаўную літаратурную традыцыю, запачаткаваную яшчэ Міколам Гусоўскім. Прырода, сьвет жывёлаў і расьлінаў робіцца прадметам філязофскага асэнсаваньня і эстэтычнага пераўвасабленьня. Адным з галоўных пэрсанажаў твору, нарэшце.

Сюжэты амаль усіх клясычных беларускіх літаратурна-мастацкіх тэкстаў, створаных да апошняй чвэрці ХХ стагодзьдзя ўключна, разгортваюцца, так бы мовіць, на фоне прыроды. Аднак гэта вонкавая дэталь. Насамрэч мы маем справу з глыбокім узаемпранікненьнем, узаемадапаўненьнем прыродных стыхіяў і беларускага літаратурнага героя: «На змроку высокая постаць узвышалася над рэкаваю лукою. Чалавек маўчаў, як і ўсё, што было навокал яго. Доўга стаяла высокая постаць. Змрок пагусьцеў, неба яшчэ не запаліла зораў» (Кузьма Чорны. «Лявон Бушмар»). Прырода і мікракосмас пэрсанажа неадлучныя, пульсуюць, дыхаюць, як адзінае цэлае. Гэтак і ў рамане Антаніна Баяя, прынцыпам сьветабачаньня якога ёсьць экалягізм.

Як наагул ставіцца да прыроды беларускі празаік? Найбольш поўны адказ на гэтае пытаньне даў адзін з клясыкаў – Ян Баршчэўскі, які прызнаваўся, што «любіў чытаць у кнізе прыроды». Гэтая кніга, пісаў аўтар «Шляхціца Завальні», «вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуцьцям лепей, чым сёньняшнія гаваркія крытыкі».

Менавіта майстэрства ў перадачы сапраўдных пачуцьцяў, глыбокая лірычная інтанацыя (чытай, «сапраўдная паэзія») і ёсьць неаспрэчным здабыткам нацыянальнага прыгожага пісьменства, важкім унёскам у «агульналюдзкую скарбніцу» (выраз крытыка і пісьменьніка Вацлава Ластоўскага). Гэты ўнёсак быў бы немагчымы бяз своечасовага асэнсаваньня беларускай літаратурай сваёй галоўнай тэмы, без сумеснай працы некалькіх пакаленьняў айчынных пісьменьнікаў на шляху яе разьвіцьця і ўзбагачэньня. Дарэчы, згаданы вышэй Ластоўскі ад імя «нашаніўскіх» чытачоў нагадваў беларускім пісьменьнікам у эсэ «Сплачвайце доўг», што ім трэба «вучыць нас любіць і разумець гоман бору, плеск вады ў сонцы, задуму змеркаў, яснату ўсходаў». Вельмі важная думка і – своечасовая. Агучаная ў 1913 годзе, яна сьведчыць пра самаўсьведамленьне маладой беларускай літаратурай свайго прызначэньня, плённасьць яе творчых пошукаў.

Запытайцеся ў сябе, ці мог маніфэст беларускай літаратуры – раман Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – не пачынацца сказам «Груша цьвіла апошні год» і не заканчвацца фразай «Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае зьзяньне»?

Мог бы. Але тады гэта быў бы анталягічна чужы твор, не беларускі.

Да апошняга часу здольнасьць па-мастацку пераканаўча зьліць у адзінае цэлае Стыхіі, Прыроду і Чалавека належным чынам ацэньвалася беларускімі чытачамі і крытыкамі. Абгарэлая ліпа са страшным дуплом, якая расьце ля хутарской сядзібы, апісанай у «Знаку бяды», мела для Васіля Быкава і першых чытачоў ягонага раману значэньне ня меншае, чым лёс галоўных герояў кнігі – Петрака і Сьцепаніды.

Аднак прайшоў час, беларусы перабраліся ў гарады. Кнігі пачалі чытаць па-іншаму, мінаючы вачыма апісаньні прыроды. Тым ня менш, заўважце, ствараць паўнавартасную ўрбаністычную літаратуру ў Беларусі ніхто не сьпяшаўся. Прайшло яшчэ колькі гадоў – і новая навала: у кнігах нацыянальных празаікаў, узгадаваных падобна Баршчэўскаму на «кнігах прыроды», пачалі вышукваюць тое, чаго няма. Прыкладам, паважаны многімі крытык Леанід Галубовіч у апавяданьні Івана Пташнікава «Пагоня» (1999), дзе апісваецца перасьлед ваўкамі лася (гэта – абалонка твору!), убачыў адну толькі «агонію сучаснага беларускага грамадзтва» (Наша свабода. 2000. 11 ліпеня).

Галубовіч, ці не наўмысна, сказіў сэнс сумна-прыгожага апавяданьня, якое мае эпіграф-прысьвячэньне «Ўсяму жывому на зямлі». Пташнікаў – гуманіст. І ў трагічнай падзеі, што адбылася ў часе суворай, змрочна-задуменнай беларускай зімы (« у векавечным лесе ля пракаветнай ракі Вяльлі», як удакладняе аўтар), няма іншага сэнсу, акрамя наступнага: усё жывое – сьмяротнае, яно незваротна гіне, і таму вартае жалю, спачуваньня. Аднак жыцьцё, сьцьвярджае Пташнікаў, будзе працягвацца: «…асіны, дрыжачы лісьцем, шапталі на вуха сваю ціхую журботу, ад якой павявала сном, лагодай і няскончанасьцю сьвету і жыцьця».

Як і ў апавяданьні Івана Пташнікава – гэтым велічным гімне прыродзе, у якім славіцца ўсё жывое на зямлі, – у рамане Антаніна Баяя няма ані каліўца палітыкі. Чысты дыямэнт. Аўтар апісвае жыцьцё дзьвюх сем’яў – ваўчынай і чалавечай, лёсы якіх, як адзначаецца ва ўступе, «пакрысе збліжаюцца, каб урэшце таямніча пераплесьціся». Ужо зь першых старонак раману ўсьведамляеш: у гэтай цяжкай кнігі – трагічны фінал. Аўтар «Зваўчэньня» ня хоча пацешыць, ён прымушае думаць. Баяя даў узор добрай традыцыйнай прозы, ён быццам нічога ня ведае пра постмадэрнізм, «сьмерць аўтара» і іншыя «цацкі», у якія яшчэ не нагулялася сучасная беларуская літаратура. Выпускнік Сельскагаспадарчага інстытуту, Баяя піша ў пачатку ХХІ стагодзьдзя так, як пісаў бы ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя выпускнік Горы-Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча Максім Гарэцкі, калі б камуністы пакінулі яму жыцьцё. Нагадаю, што Гарэцкі, пераадолеўшы свой «стыхійны містыцызм», у далейшым рашуча адмяжоўваўся ад імажынізму, футурызму і іншых «ізмаў». Ён дбаў пра тое, каб вытокі беларускай літаратурна-мастацкай традыцыі не закаламуціліся.

Выклікае павагу ўвага Баяя да дэталі, факту. Гэта родніць ягоную кнігу з раманам чэскай пісьменьніцы Ганны Андранікавай «Гук сонечнага гадзіньніка», выдадзенай летась у «Чэскай калекцыі». Андранікавай трэба бачыць, да болю ў вачах, як працуе абутковая кампанія, як адбываюцца пахавальныя рытуалы індусаў, як мінае дзень «дзявочага дому» ў канцлягеры, як ваююць амэрыканцы з гітлерцамі ў Афрыцы, якія колеры мае на досьвітку рака Ганг. Гэтак жа і Баяя: яго да драбніцаў цікавіць праца псыхалягічнай кансультацыі і распарадак дня лясьнічага, адрасы праскіх бараў і паводзіны ваўчынай зграі. Нармальны «пісьменьніцкі пэдантызм».

Напісаньню раману «Зваўчэньне» папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца. «Дзякую ахоўнікам прыроды і лесьнікам з мараўскіх Карпатаў, – выказваецца аўтар на пачатку кнігі, – бібліятэкаркам абласной бібліятэкі імя Францішка Барташа ў Зьліне, прафэсару этнагарафіі Карлу Паўлішціку і паэтцы, апякунцы жывёлаў Яне Штроблавай, якія натхнілі на гэтую кнігу і ласкава падалі матэрыял для яе, а таксама пісьменьніку Людвіку Вацуліку за «ваўчыную» песеньку». Гэта звычайная практыка – згадваць тых, хто дапамагаў у стварэньні кнігі, і выказваць ім падзяку. У той жа час у сучаснай беларускай мастацкай прозе чамусьці не пазначаецца, хто альбо што зьяўлялася натхненьнем, апірышчам для пісьменьнікаў у часе працы над творам. Нашы літаратары, я так разумею, альбо саромеюцца прызнацца, што ім нехта «дапамагаў», альбо ня маюць патрэбы зьвяртацца да некага ў пошуках зьвестак, гісторыяў, словаў, фарбаў, бо «самі з вусамі». Можа быць, калі б пісьменьнік Сяргей Балахонаў зьвярнуўся да гісторыкаў і пры іх удзеле аднавіў бы кожны рух, гук, пах губернскага Менску, а потым у рамане «Імя грушы» выказаў падзяку за тое, што яны дапамаглі яму адчуць горад, то крытыкі не наракалі б, што Менск Балахонава «не выявіўся» (Жукоўскі Д. «Вылоўліванне ідэй з паветра» // ARCHE. 2006. № 3).

Баяя «старамодны». Такім калісьці выглядаў Гарэцкі ў вачах «маладнякоўцаў». Аўтар «Зваўчэньня» верыць у лёс і ў тое, што «ўсё складаецца разам, бо нічога не бывае такім, якім яно падаецца». У канцы твору галоўная гераіня Маркета, дачка лесьніка, якая з маленства верыла ў тое, што жывёлы маюць розум і здольныя на сьвядомыя ўчынкі («Глядзіце! – крыкнула яна. – Павук прывязаў ваш ровар да нашага плота!»), выпадкова забівае Ваўка, а потым на некалькі хвілінаў абменьваецца сваёй існасьцю, снамі і ўспамінамі з Ваўчыцай. Гэта каштуе Маркеце жыцьця. Яна робіцца Ваўчыцай, яе забіваюць («У пацямнелых вачах яе таялі рэшткі бурштыну. Куля патрапіла ёй у лоб, струменьчык крыві гусьцеў і засыхаў»). Але ж Ваўчыца, якая вяртаецца ў лес да сваіх дзяцей, цяпер больш чым жывёла, – старая Эстэр Патакава бачыць, як яна бяжыць праз сад, іншым разам падымаючыся на заднія лапы і галосячы.

«Зваўчэньне» – ня проста раман-ілюстрацыя папулярнай у сусьветным мастацтве тэмы «ваўкалацтва» («перасяленьне душаў» – таксама адна з спрадвечных беларускіх літаратурных тэмаў, якая была «закладзена» Янам Баршчэўскім).

Яна – пра Чалавека на ўлонньні Прыроды і «ваўчыныя міты», якія Ваўчыца-маці апавядае на ноч маленькім ваўчаняткам. Пра тое, што ў людзкіх сэрцах знаходзіць водгук і легенда пра сьвятых Францішка і Кляру, і язычніцкія прымхі і галашэньні. Пра тое, што «ў пачатку ўсёй музыкі быў сьмех і плач». Пра тое, што ў Лёсу – вочы бурштынавага колеру.

Раман Баяя ўтрымлівае ўсё, чаго прагне сасьмяглая беларуская душа. Ніхто не забараняе нам пакаштаваць вады з гэтай крыніцы.

Цікава, ці чытаў «Зваўчэньне» Пташнікаў?

  крытык літаратуры. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 6 (46) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/08/06