A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (46) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
УЛАДЗІМЕР МАЦКЕВІЧ | ||||
Людзі і манэкены Дементей Н. Уроки жизни. – Минск: БелТА, 2005. Шчыра кажучы, першы ж мой погляд на жыцьцё і дзейнасьць Дземянцея і Грыба быў не нэўтральны, а хутчэй ангажаваны. Падзеі, зь якімі зьвязаная дзейнасьць гэтых палітыкаў, вельмі ўжо блізкія ад сёньняшняга дня. Мы яшчэ не аджылі наступстваў гэтых падзеяў, і яны не здаюцца нам як цалкам гістарычныя, а хутчэй як актуальныя палітычныя падзеі. Таму мне было проста неабходна параўнаньне іх мэмуараў зь біяграфіямі Пілсудзкага і Манэргейма, каб памятаць пра маштаб падзеяў, пра ўзровень патрабаваньняў да палітычных дзеячаў, якія воляю лёсу апынуліся на гістарычных пераломах, калі на руінах буйных імпэрыяў паўставалі маладыя нацыі і малыя дзяржавы. Я з самага пачатку меркаваў, што пасьля прачытаньня Дземянцея і Грыба буду параўноўваць іх з палітычнымі дзеячамі іншых народаў, якія жылі і дзейнічалі ў аналягічных гістарычных абставінах. Праўда, я ня думаў, што гэтае параўнаньне кардынальным чынам зьменіць стыль і жанр маёй рэцэнзіі, а здарылася менавіта так. Разгарнуўшы кнігу Дземянцея, я адразу ж настроіў сябе на вясёлы й іранічны лад. Зь першых жа старонак у мяне склаўся вобраз аўтара, і падчас чытаньня ўзьнікалі розныя вобразы і нават цэлыя выразы для будучай рэцэнзіі. Я й меркаваў, што гэтая рэцэнзія будзе накшталт фэльетону. Але потым я адмовіўся ад гэтай ідэі. Такую эвалюцыю ў сваім стаўленьні мне важна адзначыць, бо прачытаць кнігу Дземянцея можна толькі ў пэўным настроі. Без іроніі яе нельга дачытаць да канца альбо, каб зрабіць гэта, трэба мець такі ж склад розуму, як і ў самога Дземянцея. Да таго ж, пры чытаньні ягонай кнігі я памятаў, што трэба будзе чытаць і Грыба. А я ўжо меў гонар чытаць ягоную папярэднюю кнігу, а калісьці нават напісаў артыкул з крытыкай ягонага выступу як кіраўніка дзяржавы. Карацей, я меў вельмі перадузятыя меркаваньні. Але падчас працы я іх зьмяніў. У выніку тэкст атрымаўся кароткі, карацейшы, чым я меркаваў напачатку, і зусім не вясёлы. Такім чынам, па парадку. Я не засьпеў Мікалая Дземянцея ў якасьці кіраўніка дзяржавы. У тыя гады я жыў у іншых частках напаўразваленага СССР. А калі вярнуўся ў Беларусь, то пра Дземянцея чуў толькі показкі і жарты накшталт «у нас хто как хаціт, тот так і гаварыт» або «не стойте в заднем проходе». Зразумела, што веданьне такога кшталту не настройвае на сур’ёзнае стаўленьне да чалавека. А першыя ж старонкі кнігі Дземянцея толькі паглыбляюць гэтае ўражаньне. Рэч у тым, што напісаныя яны захапляльным стылем «Пионерской зорьки», у амаль забытым жанры савецкай журналістыкі, калі вакол усё так добра, што пра гэта можна казаць толькі «с чувством законной гордости», хаця й «встречаются у нас кое-где еще порой отдельные недостатки». Сур’ёзна чытаць гэта проста немагчыма. Гэтай кандовай мовай газэтных перадавіцаў часу застою напісаная ўся першая палова кнігі. Усе пэрсанажы называюцца па імю й імю па бацьку. Усе, а таксама і аўтар, «участвуют в великих свершениях» як «скромные труженики». Гадоў да пяцідзесяці аўтар быў аточаны гераічнымі партызанамі, перадавымі калгасьнікамі, мудрымі настаўнікамі, клапатлівымі кіраўнікамі. Усё вакол адбывалася правільна, гладка, разумна, юны Дземянцей упэўнена хістаўся разам зь лініяй партыі. Ці ствараліся МТС, ці ўзбуйняліся калгасы, ці дзяліліся райкамы паводле вытворчага прынцыпу, ці засейваліся палі кукурузай – усё ў любым разе сканчалася прысуджэньнем сьцягоў, узнагароджаньнем граматамі і прасоўваньнем юнага Мікалая Іванавіча па службе. У мэмуарах няма аніводнай спробы аналізу і асэнсаваньня падзеяў. Аўтар пераяжджае з раёну ў раён, з вобласьці ў вобласьць, мяняе адну працу на іншую. І нідзе ў яго не ўзьнікае жаданьня асесьці, спыніцца, заняцца нечым дзеля ўласнага самавызначэньня ці пакліканьня. Не, ён заўсёды там, куды пасылае яго кіраўніцтва. Сьмешна, але ў гэтым няма нават патасу камсамольскіх воклічаў кшталту таго, што «куда партия пошлет…». Усё больш проста і будзённа, Дземянцея заўсёды пасылае кіраўніцтва. Усе кіраўнікі «имели большой практический опыт», былі «наделены житейской мудростью» і г. д. Праўда, незразумела, чым жа быў надзелены сам Дземянцей? Трэба сказаць, што я не адрываючыся прачытаў кнігу да канца, таму што зь першых жа старонак у мяне ўзьнікла пытаньне, на якое я нецярпліва хацеў атрымаць адказ: ці зьдзейсьніў Мікалай Дземянцей хаця б АДЗІН УЧЫНАК у сваім жыцьці? Калі ён і зьдзяйсьняў учынкі, то палічыў нявартым паведамляць пра гэта ў сваіх мэмуарах. Адзіная згадка пра нешта падобнае – у апісаньні таго, як, апраўдваючыся за затрымкі ў сяўбе перад Машэравым, Дземянцей аднойчы пасьмяяўся, што патрабаваць ад сельскай гаспадаркі плянавых паказьнікаў гэта ўсё адно што патрабаваць ад цяжарнай нараджаць, калі час яшчэ не прыйшоў. Другі намёк на ўчынак – сыход на пэнсію з пасады старшыні Вярхоўнага Савету пасьля жнівеньскага путчу 1991 году. Але гэта выдае хутчэй маё жаданьне бачыць учынкі. Сам жа аўтар мэмуараў ня лічыць патрэбным пісаць пра свае ўчынкі, ён ня цэніць гэтага ў сабе. Думаю, што кніга Дземянцея – добры ўзор пэўнага тыпу асобы. Гэты тып спэцыяльна гадаваўся ў Беларусі некалькі пакаленьняў. Ён шырока распаўсюджаны сярод кіраўнікоў і намэнклятуры, і гэтае шырокае распаўсюджаньне дасягаецца мэтанакіраванай сэлекцыяй. У кіраўніцтва абіраюць людзей паслухмяных, ня здольных на ўласныя ўчынкі, людзей, якія ня маюць уласнага меркаваньня. Такія людзі – поўная супрацьлегласьць іншаму тыпу, які мы прывыклі называць амэрыканскім выразам self-made man – чалавек, які зрабіў сябе сам. Дземянцей і яму падобныя – людзі, якіх рабіла намэнклятура дзеля самой сябе, для ўласнага ўзнаўленьня. У адрозьненьне ад сэлфмэйдмэнаў іх называлі вылучэнцамі. Гэтыя людзі ня робяць кар’еры, іх прасоўваюць. Яны наагул нічога ня робяць, ні за што не адказваюць, але іх прасоўваюць узровень за ўзроўнем. І калі не адбываецца нічога надзвычайнага, яны могуць даслужыцца да вельмі высокіх пасадаў. Да вельмі высокіх, але ніколі да першых і галоўных. Усё-ткі першыя і галоўныя месцы займаюць людзі, здольныя на ўчынкі. Так здарылася і зь Дземянцеем, ён стаў старшынём Вярхоўнага Савету БССР у ліпені 1989 году, то бок яшчэ ў Савецкім Саюзе, а не ў сувэрэннай краіне. Да таго ж нават у імпэрскім рэгіёне гэтая пасада не была галоўнай, старшыня Вярхоўнага Савету быў трэцяй асобай пасьля першага сакратара ЦК КПБ і старшыні Савету міністраў. Менавіта на гады старшынёўства Дземянцея прыпадае пералом, калі партыйныя сакратары губляюць уплыў, а сьпікеры парлямэнтаў выходзяць на першыя ролі. Так на першую пазыцыю ў дзяржаве трапляе чалавек, зусім ня здольны на самастойныя ўчынкі. Гэта мае аграмадную важнасьць у кантэксьце кнігі самога Дземянцея. Ён некалькі разоў задаецца пытаньнем пра тое, чаму і як разваліўся СССР. Але адказ ёсьць у ягонай кнізе – СССР разваліў Мікалай Іванавіч Дземянцей і кіраўнікі, падобныя да яго. Апісаньне ўдзелу аўтара ў Віленскіх падзеях 1991 году, апісаньне ягоных уражаньняў ад ГКЧП і ўласных паводзінаў – усё гэта выразна паказвае, што дзяржава з такімі кіраўнікамі нежыцьцяздольная. Кніга Дземянцея відавочна дзеліцца на дзьве часткі. Першая – радаснае і бессэнсоўнае дзяцінства, якое цягнецца гадоў да пяцідзесяці. Стыль першай часткі наіўна-захоплены, стыль другой – незадаволена-буркатлівы. На стыку абедзьвюх гэтых частак – пагібель Машэрава і вялізная колькасьць фатаздымкаў зь пяцідзесяцігадовага юбілею самога аўтара. Ні ў першай, ні ў другой частцы кнігі немагчыма знайсьці фактаў, якіх не было б у газэтах адпаведнага пэрыяду. Пра пагібель Машэрава мы не даведваемся нічога новага. Гэтая падзея апісана вельмі сьцісла, хаця на лёсе самога аўтара яна пакінула вялікі сьлед, як і на лёсе ўсёй Беларусі. Няўжо ж аўтар нічога ня ведаў, акрамя таго, што было паведамлена афіцыйна? Мо і ня ведаў ці не жадаў ведаць. Як і пра чарнобыльскую аварыю, пра ГКЧП, пра ўсё важнае і значнае для краіны і для эпохі. Меней ведаеш – лепш сьпіш. Дземянцей зьбярог свае нэрвы. Ён бадзёры і актыўны на восьмым дзясятку жыцьця, адной з самых неверагодных падзеяў якога быў падпал ягонага лецішча. Але й гэта ўладзілася. Цяпер ён паважны й заслужаны пэнсіянэр, і гэта заканамерны вынік доўгага і аднастайнага жыцьця чалавека, ня здольнага на зьдзяйсьненьне ўчынкаў. На фоне такой аўтабіяграфіі жыцьцё Мечыслава Грыба выглядае бурлівым і авантурным. Кантрастам зьяўляецца менавіта тое, што трэцяга старшыню Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня пазбавілі пэрсанальнай заслужанай пэнсіі. Пасьля кнігі Дземянцея Грыб успрымаецца зусім іначай. Яшчэ да прачытаньня кнігі пра яго я ведаў значна болей. Для мяне важнымі былі тры рэчы, якімі запомніўся Грыб: 1. Ягоны ўдзел у «віцебскай справе». Ужо адзін гэты факт біяграфіі Грыба робіць яго кантрастам Дземянцею. З тым у жыцьці ўсё адбывалася само. А «віцебская справа» не магла быць раскрытая сама сабой, без намаганьняў і ўчынкаў. Трэба было мець вялікую сьмеласьць, каб у савецкі час давесьці да канца гэтае расьсьледаваньне. Сьмеласьць была ня толькі ў тым, каб знайсьці сапраўднага злачынцу, але і каб рэабілітаваць невінавата асуджаных і выявіць заганы ў сыстэме праваахоўных органаў. 2. Фатаздымак у красавіцкіх газэтах 1995 году, на якім старшыня ВС Рэспублікі Беларусь М. Грыб выпівае з прэзыдэнтам краіны А. Лукашэнкам на наступны дзень пасьля зьбіцьця 18 дэпутатаў проста ў Авальнай залі. (Шкада, што гэты фатаздымак ня трапіў у кнігу Грыба. Думаю, што калі будзе напісана не аўтабіяграфічная кніга, а гістарычная біяграфія, бяз гэтага фатаздымку не абыдзецца.) 3. Правальныя назіраньні за ходам выбараў пад кіраўніцтвам генэрал-лейтэнанта МУС, заслужанага юрыста й г. д., што ня мелі аніякіх юрыдычных наступстваў для злачынцаў і парушальнікаў усіх нормаў выбарчага права. Аднак усё пазнаецца ў параўнаньні. На фоне вылегчанай гісторыі краіны і лякаванай аўтабіяграфіі ў мэмуарах Дземянцея, кніга Грыба можа падацца выбітным дакумэнтам эпохі. Непрыўкрашанае апісаньне даваеннага і паваеннага дзяцінства, вядомая, але практычна не сустраканая ў савецкіх і беларускіх кнігах дваістая праўда пра партызанаў. Згадка пра «нацыянальных партызанаў», то бок пра існаваньне ўзброенага супраціву савецкай уладзе аж да 1954 году. Нармальныя чалавечыя меркаваньні пра калгасны лад, пра жыцьцё ў СССР – усё гэта істотна розьніць кнігу Грыба ад кнігі Дземянцея. У тэксьце Грыба прысутнічае аўтар, з уласным стаўленьнем да таго, што адбывалася, да таго, у чым сам аўтар актыўна ўдзельнічаў. Удзельнічаў, зьдзяйсьняў учынкі, памыляўся, перамагаў і прайграваў. Грыб робіць нават спробы аналізу тых падзеяў, у якіх браў удзел. Праўда, калі падыходзіць строга, то гэта толькі спробы аналізу. Па вялікім рахунку, у кнізе Грыба таксама няма нічога такога, што нельга было б прачытаць у газэтах. Толькі гэта ня тыя газэты, якія чытае і любіць Дземянцей. Грыб таксама павярхоўны ў аналізе, таксама хавае факты, якія замоўчваліся ў газэтах адпаведнага пэрыяду. Паміж Грыбам і Дземянцеем вялізная розьніца. Гэта грамадзяне розных краінаў, прадстаўнікі розных пакаленьняў. Дземянцей усяго толькі на восем гадоў старэйшы за Грыба. Але адзін нарадзіўся ў савецкай Беларусі, а другі – у Заходняй. Жыцьцё і дзейнасьць абодвух ішлі ў трох сумежных абласьцях: Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай. Але адзін – грамадзянін СССР, а другі – грамадзянін Рэспублікі Беларусі. Першы ўзначальваў найвышэйшы прадстаўнічы орган рэгіянальнай улады на тэрыторыі з абмежаванай аўтаноміяй, другі быў другім кіраўніком незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусі. Прычым Дэклярацыю незалежнасьці напісаў, прапанаваў і падпісаў першы. Парадокс у тым, што Дземянцей быў апошнім кіраўніком савецкай Беларусі, а Грыб другім (пасьля Шушкевіча) стаў на чале незалежнай Рэспублікі Беларусі, але абіраліся яны ў суседніх акругах і ўзначальвалі адзін і той жа склад Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Апошні савет БССР і першы парлямэнт Рэспублікі Беларусі. Дземянцей і Грыб, здавалася б, сучасьнікі, але, з другога боку, яны жывуць у розны час, яны прадстаўнікі розных культураў. Ці магчыма паміж імі паразуменьне? Бо нават мовы іх мэмуараў цалкам адрозныя. Абодва ўспаміны напісаныя па-расейску, і тым ня менш гэта розныя мовы. Гэтая акалічнасьць зь вялікай цяжкасьцю ўсьведамляецца ў Беларусі. Водападзел, бездань, барыкада ў нашай краіне праходзяць не паміж русскоязычными і беларускамоўнымі, а паміж карыстальнікамі нармальнай чалавечай мовай і тымі, хто гаворыць на штучнай навамове. Навамова апісана Дж. Орўэлам у рамане «1984». Гэтая мова там яшчэ называецца «ангсац» – г. зн. ангельская сацыялістычная мова. Такая штучная мова можа быць створаная на аснове любой натуральнай, напрыклад, «русский социалистический язык» або «баларуская сацыялістычная мова». Хто-кольвек, хто прачытае першую частку мэмуараў Дземянцея, зможа атрымаць дастатковае ўяўленьне пра «русский социалистический язык». А на старонках 58–59 зьмешчаны ўрывак з раённай вушацкай газэты «Патрыёт», зь якога можна атрымаць пэўнае ўяўленьне і пра «беларускую сацыялістычную мову», хіба што там тэксту мала. Для паўнаты трэба слухаць перадачы першай праграмы беларускага радыё. Розьніца паміж нармальнай мовай і навамовай не такая, як паміж наркамаўкай ды тарашкевіцай (хоць навамова і грунтуецца цалкам на наркамаўцы). Першасная розьніца палягае на ўзроўні сэмантыкі словаў, іх сэнсу і зьместу. Зьмест словаў навамовы не дазваляе перадаваць чалавечых пачуцьцяў, сэнсаў, зьвязаных з правамі чалавека, духоўнымі каштоўнасьцямі, найперш – каштоўнасьцямі свабоды, чалавечай годнасьці і гонару. Другая частка кнігі Дземянцея значна адрозьніваецца ад першай. Ці то зьмяніўся літаратурны апрацоўшчык або сьпічрайтэр, ці то ў сталым веку аўтар набыў здольнасьць да чалавечых пачуцьцяў. Ён пачынае з чымсьці не згаджацца, штосьці адмоўна ацэньваць. Гэта тычыцца і перабудовы, і дзеяньняў Гарбачова, і дзейнасьці Вярхоўнага Савету, якім сам аўтар і кіраваў. Крытычныя заўвагі, праўда, ніяк ня сьведчаць пра наяўнасьць аналізу. Гэта проста незадаволенасьць. Іншая справа – крытычныя выказваньні Грыба. Дзе-нідзе Мечыслаў Грыб спрабуе асэнсоўваць падзеі і ўчынкі. Спробы спробамі, а для аналізу чагосьці не хапае. І мэмуары Грыба шмат у чым базуюцца на штампах і трафарэтах павярхоўных дэмакратычных газэтаў, якія ён чытаў. Складваецца ўражаньне, што нават вобраз самога сябе як палітыка і дзяржаўнага дзеяча Грыб запазычыў у тых жа газэтах. Чытаючы мэмуары Грыба, я лепш разумею яго самога, матывацыю ягоных дзеяньняў. Але я не знаходжу там нічога новага, нечаканага. Нават пра знакамітую і легендарную «віцебскую справу». Можа, толькі апавяданьне пра дзяржаўны пераварот 1996 году можа супярэчыць маёй папярэдняй тэзе. Мне было сапраўды цікава пазнаёміцца зь меркаваньнем непасрэднага ўдзельніка гэтых лёсавызначальных падзеяў. Разумею, што гэта суб’ектыўныя меркаваньні, але гэта меркаваньні грамадзкага і дзяржаўнага дзеяча, які стаяў досыць блізка да эпіцэнтру падзеяў, займаў выразную пазыцыю і рабіў тое, на што быў здольны. Праўда, здольны, як паказала гісторыя, быў не на многае. Як і іншыя ўдзельнікі тых падзеяў. І гэта вельмі істотна. Бо такія людзі, як Дземянцей, паспрыялі спачатку заняпаду СССР, а потым і развалу яго, а такія людзі, як Грыб, паспрыялі таму, што мы маем у незалежнай Беларусі той рэжым, які сёньня маем. Гісторыя не карыстаецца мэтадам спробаў і памылак. Што адбылося, тое адбылося. Ці магло быць іначай? Ці ёсьць аўтарытарызм і дыктатура абавязковай фазай у разьвіцьці маладой нацыі і дзяржавы? Мяркую, што ня варта займацца варажбой з нагоды абмеркаваньня варыянтаў гістарычнага разьвіцьця. Гісторыя вымагае асэнсаваньня, з аднаго боку, і актыўнага дзеяньня, з другога. У гісторыі бываюць моманты, калі асабісты ўчынак, можа, нават аднаго чалавека, вызначае гістарычны лёс. Гэта калі асобныя людзі твораць гісторыю на дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі. Як у сельскай гаспадарцы адзін дзень год корміць, так і ў пераходныя пэрыяды гісторыі паводзіны аднаго чалавека вызначаюць лёс нацыі. Яскравым прыкладам такога чалавека для мяне заўсёды быў адзін з самых знакамітых стваральнікаў незалежнай Фінляндыі Карл Густаў Манэргейм. Афіцэр і генэрал войска Расейскай імпэрыі і кіраўнік незалежнай краіны, які пад старасьць вымушаны быў узначаліць вайну свайго народу супраць былой мэтраполіі, і выйграў яе. Біяграфія Манэргейма – прыклад асобы, пра якую гісторыя захавала толькі станоўчыя зьвесткі. Трохі іншы прыклад дае жыцьцё і дзейнасьць Юзафа Пілсудзкага, гістарычнай асобы, да якога і сучасьнікі, і нашчадкі заўсёды ставіліся амбівалентна. У Манэргейма і Пілсудзкага шмат супольнага, як у жыхароў і афіцэраў адной імпэрыі, і шмат адрознага, як у кіраўнікоў розных дзяржаваў – Фінляндыі, якая пад кіраўніцтвам маршала Манэргейма ўпершыню ў гісторыі набыла незалежнасьць, і Рэчы Паспалітай Польскай, якая пры актыўным удзеле маршала Пілсудзкага сваю незалежнасьць аднавіла. Не да месца цяпер абмяркоўваць жыцьцё і дзейнасьць гістарычных пэрсанажаў іншых народаў. Проста іх постаці, іх біяграфіі стаялі перад маімі вачыма, калі я чытаў мэмуары Дземянцея і Грыба. Усё пазнаецца ў параўнаньні. Мечыслаў Грыб – у параўнаньні зь Мікалаем Дземянцеям, і яны абодва – у параўнаньні з Карлам Манэргеймам і Юзафам Пілсудзкім. Чытаючы і перачытваючы ўсе гэтыя кнігі, я думаю пра Беларусь. І галоўны зьмест гэтых думак – чаго мы можам чакаць і патрабаваць ад нашых кіраўнікоў? Пакуль мы не адкажам сабе на гэтае пытаньне, мы будзем падпарадкоўвацца тым, хто ня здольны на ўчынкі, ня тое што на гістарычныя дзеяньні. Мы ніколі ня зможам убачыць сярод свайго народу такіх, як К. г. Манэргейм ці Ю. Пілсудзкі. А ці ёсьць такія сярод беларусаў? А ці патрэбныя яны нам? |
мэтадоляг. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – «Базіс і сьвядомасьць. Дыялектыка Шаўцова» (6/2005). |
Пачатак Цалкам Форум |
|
№ 6 (46) - 2006
| |
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |