A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (47-48) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


7-8-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • гісторыя

 


аналітыка

  ПАВЕЛ УСАЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстана карціна Генрыха Бржазоўскага «Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі на кватэры сястры. У арыштанцкім адзеньні пасьля выхаду з Бутырскай турмы. Сакавік 1917 г.». Дызайн Ягора Шумскага.
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павел Усаў
Расія, сацыял-дэмакратыя і «праект Казулін»


Нягледзячы на пагаршэнне палітычнай сітуацыі, апошні год быў шчодры на новыя твары і інтрыгі. Тыя, хто ў будучым будзе пісаць пра сённяшнія падзеі, будуць мець значна больш інфармацыі і магчымасцяў, бо сёння некаторым палітычным працэсам, дзеянням і рашэнням цяжка даць аб’ектыўную ацэнку. Шматлікія і процілеглыя меркаванні асабліва часта гучаць у сувязі з дзейнасцю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі БСДП (Г) і яе кіраўніка А. Казуліна. Падчас іх аналізу мы будзем абапірацца на агульнадаступныя крыніцы інфармацыі: інтэрв’ю, публічныя выступленні палітыкаў, факты і каментары да іх.

Палітыка можа здзіўляць сваёй непрадказальнасцю і, на першы погляд, нелагічнасцю дзеянняў, якія хтосьці чыніць. Але ад пачатку трэба разумець, што якое заўгодна палітычнае дзеянне абапіраецца на два базавыя фактары – інтарэс і мэтазгоднасць. Інтарэс і мэтазгоднасць могуць складацца з грошай, улады, гарантый бяспекі і амбіцый і г. д. Для дасягнення гэтых каштоўнасцяў той ці іншы чалавек прыходзіць у палітыку і чыніць неабходныя для гэтага дзеянні: уступае ў саюзы, шукае падтрымку і інш.

Прыход у палітыку А. Казуліна і дзеянні БСДП (Г) на працягу 2005–2006 гадоў выклікалі вострую крытыку і неадназначнае стаўленне з боку палітычных аналітыкаў і лідэраў апазіцыйнага руху. Дзяржаўныя СМІ таксама падкрэслівалі дэструкцыйную ролю партыі А. Казуліна на фоне агульных намаганняў і спробаў аб’яднаць апазіцыйныя сілы і гуляць на адным полі. «По сути, – пісаў рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч, – Козулин ослабил т. н. «демократическую оппозицию», внеся в процесс присущий ему невероятный бонапартизм и склонность к отчаянному шоу»1. А вось як ацэньвала дзеянні А. Казуліна група палітолагаў з «Цэнтра палітычнай адукацыі»:

1. Пакуль Казулін з’яўляецца старшынёй БСДП (Грамада), адсутнічае імавернасць аб’яднання рэсурсаў і электарату ўсіх апазіцыйных арганізацый. Захоўваецца раскол апазіцыі.

2. Казулін выконвае ролю дастаткова эфектыўнага інструмента інфармацыйнай вайны супраць як найбольш небяспечнага праціўніка Лукашэнкі – Мілінкевіча і яго аб’яднання, так і супраць усёй апазіцыі ў цэлым. Прычым ён выконвае гэтую ролю, выкарыстоўваючы інфармацыйныя рэсурсы самой апазіцыі.

3. Прысутнасць Казуліна ў палітыцы яшчэ больш абмяжоўвае магчымасці апазіцыі арганізоўваць масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Тым самым павышаецца імавернасць, што падзеі ў сакавіку 2006 года будуць адбывацца ў адпаведнасці са сцэнаром Лукашэнкі2.

Безумоўна, для ўлады быў выгадны сцэнар, які прадугледжваў двух альбо больш апазіцыйных кандыдатаў, што ва ўмовах інфармацыйнага вакууму, агульнай слабасці апазіцыйных сілаў зводзіла б намаганні канкурэнтаў Лукашэнкі на нішто. З’яўленне А. Казуліна, няхай нават як самастойнага гульца, адпавядала стратэгіі расколу электаральнага поля апазіцыі і садзейнічала:

1) узрастанню супярэчнасцяў і канфліктаў паміж двума апазіцыйнымі лагерамі;

2) правакаванню інфармацыйнай вайны паміж сабою;

3) размыванню вобраза дэмакратычнай альтэрнатывы Лукашэнку і звужэнню інфармацыйнага поля альтэрнатыўных кандыдатаў, асабліва ў рэгіёнах;

4) фармаванню двух цэнтраў прыняцця рашэнняў і дэзарыентацыі выбарнікаў, што жадалі галасаваць і дзейнічаць супраць улады;

5) адсутнасці адзінства апазіцыі (а БСДП (Г), незалежна ад жадання А. Казуліна трымаць дыстанцыю да апазіцыі, была апазіцыйнай партыяй) нават у вачах іх прыхільнікаў, канструявала вобраз беларускай апазіцыі, як няздатнай змагацца дзеля супольнай мэты, што памяншала ў людзей жаданне бараніць свой выбар.

Ужо пасля гэтых высноў у нашым аналізе можна было б ставіць кропку, бо дзеянні БСДП (Г) супярэчылі агульнаму плану дэмакратычных сілаў. Аднак палітыка цікавая менавіта тым, што ў ёй важныя таксама глыбінныя працэсы, якія прыводзяць да тых ці іншых рашэнняў і дзеянняў.

У канцы 2004 – пачатку 2005 года Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), якую ўзначальваў Мікола Статкевіч, перажывала цяжкі ўнутраны крызіс. Нарастаў унутрыпартыйны канфлікт паміж старшынёй і яго намеснікамі. На ІХ пазачарговым з’ездзе БСДП (НГ) 15 студзеня 2005 года М. Статкевіч і шэраг іншых сяброў партыі былі выключаны з яе. Пасля гэтага з’езда ў краіне намінальна дзейнічалі тры сацыял-дэмакратычныя партыі: БСДП (НГ) – М. Статкевіча, БСДП (НГ) – выбранага на тым жа ІХ з’ездзе А. Ляўковіча (пазней, на патрабаванне Мін’юста, з назвы партыі прынялі слова «Народная»), і БСДГ, якую ўзначальваў С. Шушкевіч.

Паралельна з працэсам рэарганізацыі партыйных шэрагаў ішоў працэс аб’яднання дзвюх сацыял-дэмакратычных партыяў – БСДП (Г) і БСДГ. Згодна з першымі дамоўленасцямі, узначаліць партыю павінна была асоба, якая дагэтуль не ўваходзіла ў склад кіраўніцтва партый-папярэдніц. Адным з прэтэндэнтаў на гэтую пасаду быў генерал Фралоў. Але... у працэсе працяглых перамоваў выбар паў на А. Казуліна (як ажыццяўляўся гэты пошук і ці знайшла партыя Казуліна ці Казулін партыю, для нас пакуль застаецца таямніцай).

19 сакавіка 2005 года адбылося аб’яднанне БСДП (Г) і БСДГ шляхам уваходжання сяброў БСДГ у склад БСДП (Г). Старшынёй партыі быў абраны А. Казулін3, які да гэтага часу не меў ніякага дачынення ні да публічнай палітыкі, ні да сацыял-дэмакратыі.

Казулін прыйшоў у палітыку нечакана. Валодаючы ўменнямі адміністратара і педагога, ён, тым не менш, быў далёкі ад разумення палітычнай рэчаіснасці, якая яго атачала. На момант яго прыходу ў партыю ў ёй існавалі тры канкурэнтныя між сабой групы: А. Ляўковіча, У. Нісцюка, А. Караля. Найбольш уплывовай сярод іх была група У. Нісцюка.

Для таго, каб праясніць гэтую сітуацыю, варта зразумець, хто і якую карысць ад гэтага палітычнага сімбіёзу мог атрымаць. Дапусцім, што А. Казулін быў поўны энергіі, моцы і жадання змагацца за тое, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Дзеля гэтага яму патрэбна абаперціся на палітычную структуру, якая б яго падтрымала. І ён знаходзіць яе ў сацыял-дэмакратычнай партыі. Згодна з логікай палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, будучы даволі вядомай фігурай, А. Казулін уяўляў рэальную пагрозу для А. Лукашэнкі. Тым не менш, улада дазволіла ісці яму на выбары. З гэтага можна зрабіць выснову, што альбо А. Казулін быў ад пачатку несамастойнай фігурай, альбо структура, у якую ён прыйшоў, была пад кантролем. Верагоднасць таго, што партыя, як і некаторыя іншыя апазіцыйныя арганізацыі, знаходзіцца пад кантролем, існавала. Спецслужбам нічога не перашкаджала перавесці калі не партыю, то некаторых функцыянераў БСДП (Г), у катэгорыю «канструктыўная апазіцыя». Ужо на ІХ з’ездзе партыі У. Нісцюк «рэзка крытыкаваў тактыку лабавых атак на ўладу, сцвярджаючы, што сацыял-дэмакратыя – мастацтва кампрамісу»4.

З аднаго боку, амбітнасць А. Казуліна, яго памкненні да ўлады і славы, самаўпэўненасць – рысы характару, праз якія ім можна было вельмі эфектыўна маніпуляваць. З другога боку, фінансавыя інтарэсы кіраўніцтва партыі таксама стваралі спрыяльныя ўмовы для вонкавага ўздзеяння як з боку беларускіх уладаў, так і з боку Масквы. Пры гэтым А. Казулін сапраўды мог быць сумленным чалавекам, але палітычна блізарукім і абмежаваным. Для ўлады постаць А. Казуліна і пазіцыя БСДП (Г) была выгаднай у любым выпадку, бо яна дзейнічала як незалежная сіла, ідучы асобнай калонай.

Ільвіная доля крытыкі, накіраванай супраць А. Казуліна, звязана з яго нежаданнем працаваць у межах «дэмакратычнай кааліцыі». Аднак прычыну гэтага нежадання трэба шукаць у пазіцыі БСДП (Г), якая аформілася яшчэ задоўга да паяўлення новага старшыні.

Стаўленне БСДП (Народная Грамада) да ідэі сумеснай дзейнасці аб’яднанай апазіцыі, а пазней да Кааліцыі «5+» і «Дзесяткі» было заўсёды супярэчлівае. Доўгі час М. Статкевіч рабіў усё магчымае, каб на базе БСДП (НГ) стварыць альтэрнатыўную сілу, адмежаваўшыся і ад апазіцыі, і ад улады. У 2000 годзе БСДП (НГ) адмовілася ад удзелу ў байкоце парламенцкіх выбараў. У 2004 годзе партыя Статкевіча адмовілася падтрымаць стратэгію Кааліцыі «5+» і зноў пайшла асобнай калонай на парламенцкія выбары. На VIII з’ездзе БСДП (НГ), які прайшоў вясною 2004 года, было заяўлена, што М. Статкевіч будзе балатавацца як кандыдат у прэзідэнты ад партыі на выбарах 2006 года.

Такім чынам, ідэя «трэцяй сілы» і асобнай калоны існавала ў партыі заўсёды, а не з’явілася разам з А. Казуліным. Аб тым, што партыя не збіраецца змяняць палітычнае крэда, У. Нісцюк заявіў, калі А. Казулін толькі ўваходзіў на палітычную сцэну. Так на пытанне карэспандэнта «Комсомольской правды», ці будзе партыя вылучаць А. Казуліна на ролю адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў альбо партыя будзе прасоўваць яго самастойна, ён адказаў:

Наш кандидат будет абсолютно самостоятелен. Мы не ставим цель участвовать в большом базаре. При этом мы будем консультироваться с другими партиями.

У прыняцці такога рашэння кіраўніцтва партыі магло зыходзіць з наступных меркаванняў.

1. З прычыны таго, што БСДП (НГ) не ўдзельнічала ў працы кааліцыі дагэтуль, то вядома, што, уключыўшыся ў працу пасля зменаў у партыі, яна не мела б шанцаў атрымаць важкія пазіцыі ў «пяцёрцы» і ўплываць на працэс прыняцця рашэнняў.

2. Ранейшыя супярэчнасці ў партыі і непаразуменні падчас аб’яднання прывялі да вострага канфлікту паміж кіраўніцтвам БСДП (Г), з аднаго боку, і М. Статкевічам, С. Шушкевічам, з іншага, і нежаданнем апошніх бачыць А. Казуліна і яго партыю ў складзе кааліцыі.

3. Асцярожнае, калі не сказаць халоднае, стаўленне да А. Казуліна з боку большасці ўдзельнікаў кааліцыйнага руху зводзіла на нішто яго шанцы быць абраным адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў.

4. Кіраўніцтва БСДП (Г) добра разумела, што ўнутры самой кааліцыі няма адзінства і што гэта хутка можа прывесці да яе палітычнага банкруцтва, а гэта азначае, што А. Казулін застанецца адзінай палітычнай фігурай, з якой Захаду давядзецца лічыцца.

Пазіцыя крытыкі дэмакратычнай кааліцыі ў сітуацыі, калі вынік выбараў практычна вядомы, вельмі выгадная. Дыстанцуючыся ад лідэраў апазіцыі, а значыцца і ад паразы на выбарах, Казулін меркаваў выйсці на палітычную сцэну як новы лідэр, які не звязаны са старой апазіцыяй. Вакол яго фігуры маглі пачаць канцэнтравацца палітычныя колы, таксама і з дэмакратычнай кааліцыі, якія не жадалі бачыць А. Мілінкевіча лідэрам дэмсілаў. (Не дзіўна, што паміж БСДП (Г), ПКБ і АГП на працягу астатніх месяцаў вядуцца перамовы аб стварэнні новага саюзу.)

Тым не менш, падобныя планы, якія, на першы погляд, адпавядалі інтарэсам партыі, маглі быць выкарыстаны як беларускай уладай, так і Расіяй. Адразу пасля прыходу А. Казуліна ў палітыку да яго сталі ставіцца як да пратэжэ Масквы. Ведаючы, наколькі Расія зацікаўлена ў тым, каб захаваць Беларусь у арбіце сваіх палітычных уплываў, можна дапусціць, што ў Крамлі былі выпрацаваныя некалькі варыянтаў уплыву на беларускую сітуацыю. З аднаго боку, падтрымка рэжыму Лукашэнкі, з другога – стварэнне кіраванай з Расіі палітычнай структуры апазіцыйнага кшталту. Таму выглядае лагічна, што ў асобе амбітнага Казуліна і яго каманды расійцы атрымалі добрую магчымасць разгарнуць сваю антырэвалюцыйную кампанію, накіраваную супраць А. Мілінкевіча і аб’яднанай апазіцыі, якую падтрымліваў Захад. У палітычнай рыторыцы А. Казулін вельмі часта ўвага акцэнтавалася на тым, што А. Мілінкевіч быў празаходнім палітыкам, у адрозненне ад яго самога:

Не секрет, что проект «единого» – проамериканский и прозападный. Я же выступаю за сбалансированную политику Беларуси, как с Россией, так и с Европой и Америкой. За мной не маячит тень Госдепартамента США. Я не нарываюсь на снятие с дистанции путем досрочной агитации и пропаганды, тиражированием огромного количества печатной продукции5.

  палітоляг. Яго апошні аналіз у «ARCHE» быў прысьвечаны прапагандысцкаму часопісу «Планета».

1 Советская Белоруссия. 2006. 17 мая.

2 Гл. аналіз: Изменения общей ситуации в Беларуси с 1 декабря 2004 г. по 10 февраля 2006 г. / Центр политического образования. Минск, 2006. С. 29 – 30.

3 Спробы правесці з’езд БСДП (Г) рабіліся некалькі разоў, 19.03.05, 10.04.05, 24.07.05 (канчатковай датай абрання А. Казуліна старшынёй партыі лічыцца 24.07.05), але ўлады або адмаўлялі ў памяшканні, альбо не прызнавалі з’езд правамоцным.

4 Петров О. Съезд объединителей // Згода. 2005. № 2. 29 студзеня.

   

Зразумела, што падобных заяў недастаткова, каб казаць аб сувязі А. Казуліна і кіраўніцтва партыі з расійскім істэблішментам. Недастаткова для такіх высноў і канстатацыі цесных кантактаў Казуліна з Ганчарыкам, Лявонавым і іншымі дзеячамі, якія з’ехалі ў Расію, як і факту працы ў рэгіянальных штабах партыі расійскіх палітычных тэхнолагаў ці кансультантаў.

На працягу сваёй палітычнай кампаніі А. Казулін стала апеляваў да Расіі:

В нормальной политике никогда не бывает одновекторного подхода. Во всех странах принято иметь дело с разными силами, поскольку ситуация имеет свойство время от времени меняться. Российская элита хочет знать реальное положение дел в нашей стране, причем не только по официальным отчетам6.

А. Казулін добра разумеў, што Крэмль не будзе змяняць свайго стаўлення да Лукашэнкі, пакуль не атрымае палітычных і эканамічных гарантый ад таго палітыка, які прэтэндуе стаць новым кіраўніком краіны. На адной з канферэнцый у пачатку сакавіка 2006 года ён заявіў, што гатовы, калі стане прэзідэнтам краіны, выканаць усе дамоўленасці, дадзеныя Расіі беларускім бокам за ўвесь папярэдні перыяд:

Вся оппозиция смотрит только на Запад, никто не сотрудничает с российской политической элитой... Сегодня появился политик, который любит Россию... Россия устала от непредсказуемости Лукашенко. Лукашенко торгуется, как цыган. Он никогда не выполнит взятых обязательств… Я гарантирую преемственность власти. Все государственные обязательства и договоры будут выполняться. При президенте Козулине все, что подписано и даже просто скреплено пожатием руки, будет выполняться7.

З гэтых выказванняў вынікае, што А. Казулін калі ўжо не працаваў, то быў гатовы працаваць з Масквой. Аб тым, што нейкія перамовы вяліся, сведчаць словы жонкі А. Казуліна, якая прыехала ў Маскву па падтрымку для арыштаванага мужа. У інтэрв’ю журналісту радыё «Эхо Москвы» Ірына Казуліна заявіла наступнае:

О нем не говорит ни Запад, ни Восток. Притом, что Александр во время и предвыборной кампании и ранее у него было много контактов с российскими, с российской элитой, с властными структурами. Но, тем не менее, сейчас, когда он попал в тюрьму, есть такое выражение, человека кинули.

На ўдакладняльнае пытанне вядучага яна, быццам бы спалохаўшыся, дадала:

Вы знаете, дело в том, что я человек не политический, и когда Александр шел в политику, мы договорились, что в политику идет он, а я ему лишь помогаю, где это нужно будет, где нужно будет помочь. Т. е. это во время предвыборной кампании, естественно, я помогала ему, потому что понимаю эти вещи. Но так вникать во все тонкости, этого не было, поэтому я не могу сейчас называть фамилии людей, с которыми он общался.

Журналіст «Эха Москвы»: Но общался?

І. Казуліна: Общался, без сомнения.

Журналіст «Эха Москвы»: Я, собственно, почему спрашиваю, общался, да?

І. Казуліна: Конечно, общался8.

Яшчэ больш шчырым быў адвакат А. Казуліна І. Рынкевіч, які падчас гутаркі на тым жа радыё сказаў:

Но извините, если, допустим, Козулин долго шел с лейблом, что кандидат сначала власти, а потом проект Кремля, в этом смысле мы здесь в Москве, чтобы понимали люди также, россияне, что если пророссийский политик, по некоторым оценкам, теряет или не получает ту поддержку, которую мы ждали от России, это плохо. Друзьями разбрасываться нельзя9.

Паспрабуем прааналізаваць магчымасць падобнай супрацы і тую карысць, якую магла б мець Расія ад праекту «Казулін». Аказваючы непасрэдную ці ўскосную падтрымку А. Казуліну, Расія магла гуляць як супраць апазіцыі, так і супраць афіцыйных уладаў. І ў выпадку перамогі А. Казуліна, і ў выпадку яго пройгрышу сама Расія нічога не губляла.

Напярэдадні выбараў і апазіцыя, і ўлада адчувалі нейкую пагрозу з боку Казуліна. Таму, як зазначыў сам спадар прафесар, яго «мачыла» і ўлада, і апазіцыя, а ён, у сваю чаргу, змагаўся супраць усіх іх.

Гуляючы з А. Казуліным, Крэмль мог ставіць перад сабой наступныя мэты.

1. Зрабіць процівагу амерыканскаму праекту і разам з гэтым апрацаваць новыя метады і PR-тэхналогіі дзеля кіравання рэвалюцыйнымі сітуацыямі, аслабіўшы пратэстны электарат, увёўшы на перадвыбарнае палітычнае поле трэцяга гульца.

2. Не дапусціць выхаду людзей на вуліцу ці хаця б аслабіць і дыскрэдытаваць саму ідэю Плошчы і рэвалюцыі ў Беларусі. З самага пачатку сваёй палітычнай кар’еры А. Казулін выступаў як праціўнік рэвалюцыі:

Моя священная цель – спасти республику от крови и революции...10 Белорусская земля слишком обильно была полита кровью за последние столетия. Поэтому я категорический противник, чтобы она была пролита в настоящее время. Кто будет отвечать за загубленные жизни?.. Я сын своего белорусского народа, и я не позволю пролить никому хоть каплю крови и пожертвовать хоть одной жизнью белоруса... 11 Что касается «джинсовой» революции. Мне смешно про это слушать. В Белоруссии, ну, «голубая» революция или «джинсовая» просто невозможна.12

3. Не дапусціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, а ў выпадку, калі людзі ўсё ж такі выйдуць на плошчу і будуць гатовы да радыкальных дзеянняў, стварыць два цэнтрабежныя лагеры і раскалоць натоўп на некалькі частак. Дэзарыентацыя прысутных на плошчы людзей дазволіла б, з аднаго боку, аслабіць сацыяльны напор, а з другога – дала б мажлівасць падрыхтавацца ўладам для захадаў у адказ. Напрыклад, у гэтую схему ўпісваюцца дзеянні А. Казуліна 20–25 сакавіка, намаганні ўзяць кіраваньне працэсамі на плошчы ў свае рукі, заклікі да моладзі згарнуць намётавы лагер, абвінавачанне А. Мілінкевіча ў парушэнні нейкіх дамоўленасцяў, паход у кірунку Акрэсціна. Гэты варыянт мог таксама ўпісвацца ў сцэнар, распрацаваны і беларускімі спецслужбамі.

4. Кантраляваць палітычную сітуацыю ў Беларусі ў выпадку, калі б рэвалюцыя займела поспех і да ўлады прыйшлі б новыя сілы. Будучы на плошчы і прымаючы актыўны ўдзел у палітычных акцыях, А. Казулін мог бы прэтэндаваць на адно з ключавых месцаў у новым урадзе, што дазволіла б Расіі трымаць новую ўладу ў сферы свайго ўплыву і не згубіць Беларусь як геапалітычнага саюзніка.

5. Прадэманстраваць А. Лукашэнку, што Расія мае кандыдатуру, якой яна можа ў любы момант замяніць дзейнага прэзідэнта краіны. Магчыма, таму выступы і дзеянні А. Казуліна былі скандальнымі і рэзкімі адносна А. Лукашэнкі, а рэакцыя апошняга вельмі жорсткай. Можна прыпусціць, што Расія гуляла як супраць Захаду, так і супраць Лукашэнкі, трымаючы яго ў напружанасці і невядомасці.

У гэтым выпадку А. Казулін мог стаць разменнай манетай. Расія, атрымліваючы ад А. Лукашэнкі за аказаную падтрымку абяцаныя прадпрыемствы і «трубу», «здае» Казуліна і закрывае вочы на рэпрэсіі супраць яго.

Масква магла «раскручваць» А. Казуліна і з прыцэлам на доўгатэрміновую перспектыву. Ва ўмовах магчымай сацыяльна-гаспадарчай нестабільнасці, выкліканай зменай цэнаў на газ, палітычнага канфлікту А. Казулін можа стаць вельмі прыдатнай кандыдатурай на пасаду беларускага прэзідэнта. Прыйшоўшы да ўлады і абапіраючыся на стары наменклатурны апарат, ён мог бы адцясніць апазіцыю ад улады і не дазволіць Беларусі змяніць геапалітычныя прыярытэты.

Калі выгады для Расіі відавочныя, то што мог атрымаць А. Казулін ад такой супрацы? Адказ вельмі просты: магчымасць задаволіць свае амбіцыі. Яму магла быць абяцана палітычная падтрымка і ўлада, а таксама грошы.

Канчаючы аналіз кампаніі БСДП (Г) і яе лідэра ў прэзідэнцкіх выбарах 2006 года, мы не ставім кропкі. У бліжэйшы час нас чакаюць новыя інтрыгі, новыя палітычныя акторы і рашэнні, якія толькі на першы погляд здадуцца нечаканымі.

  5 Адказы на пытаньні наведнікаў сайту радыё «Свабода». 13.01.2006. kozylin.com.

6 Томашевская О. Золотой мост между Россией и западом // Минск, «Время новостей». kozylin.com.

7 Романчева И. Оппозиция просит поддержки.

8 Беседа с И. Козулиной и И. Рынкевичем на радио «Эхо Москвы».

9 Беседа с И. Козулиной и И. Рынкевичем на радио «Эхо Москвы».

10 Адказы на пытанні наведнікаў сайту радыё «Свабода». kozylin.com.

11 kozylin.com.

12 echo.msk.ru. 13.03.2006.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (47-48) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/22