A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АЛЯКСЕЙ ДЗЕРМАНТ | ||||
У чаканні Івана Жахлівага Геапалітыка вачыма расійскіх еўраазіятаў
З гісторыяй і падставовымі прынцыпамі руху еўрапейскіх «новых правых» (Nouvelle Droite) зацікаўлены беларускі чытач ужо меў магчымасць пазнаёміцца ў шэрагу публікацый. Адным з вынікаў шматгадовай працы гэтай інтэлектуальнай плыні можна назваць пан’еўрапейскі маштаб пашырэння яе ідэй ды дзейнасці. Не абмінуў гэты ўплыў і краінаў Усходняй Еўропы, дзе ва ўмовах пераходу ад камуністычнай да ліберальна-дэмакратычнай ідэалогіі светагляд, прапанаваны «новымі правымі», мог скласці ёй канкурэнцыю.
Любыя ідэі не застрахаваныя ад адвольнай інтэрпрэтацыі, адлюстравання ў крывым люстэрку, якое часам цалкам скажае іх сутнасць ды ператварае ў нешта зусім процілеглае. Амаль адразу па скасаванні «жалезнай заслоны» на еўрапейскіх «новых правых» звярнулі ўвагу прадстаўнікі настроеных па-антызаходняму расійскіх радыкалаў, знайшоўшы там арыгінальны тэзаўрус ідэй у гатовым выглядзе, якімі захацелася ўзбагаціць собскі звычайны набор партыйных праграм. Адным з першых, хто ўзяў на ўзбраенне тэарэтычныя распрацоўкі Nouvelle Droite, прышчапіўшы іх да рэанімаванага еўразійства, быў колішні ідэолаг эпатажнай Нацыянал-бальшавіцкай партыі Расіі, а цяпер «рэспектабельны» палітык і лідэр руху «Еўразія» Аляксандр Дугін. Пазней да яго далучыўся шэраг іншых тэарэтыкаў і публіцыстаў, якія ў меру сваёй адукаванасці намагаліся прыстасаваць Weltanschauung «новых правых» да расійскай рэчаіснасці. У сваіх шматлікіх опусах, а таксама частых выступах у мас-медыях (у тым ліку беларускіх) А. Дугін высоўвае ідэі геапалітычнага дэтэрмінізму, які ён уяўляе як зацятае змаганне Захаду і Усходу. Паводле Дугінавай візіі свету Усход у гэтым змаганні паўстае ўвасабленнем «раю», абсалютнага станоўчага полюсу, а расійцы, натуральна, маюць выключную місію на Зямлі ў стварэнні і задзіночанні ўсіх усходніх ды не толькі народаў у кантынентальную еўразійскую Звышімперыю. Дугін перакананы:
Расійскі народ адназначна належыць да ліку месіянскіх народаў. І як кожны месіянскі народ, ён мае універсальнае ўсечалавечае значэнне, якое канкуруе не толькі з іншымі нацыянальнымі ідэямі, але і з тыпамі іншых формаў цывілізацыйнага універсалізму… Місія расійцаў мела універсальны характар, і менавіта таму расійскі народ планамерна ішоў у гісторыі да стварэння Імперыі, межы якой пастаянна пашыраліся, ахопліваючы ўсё большы і большы кангламерат народаў, культур, рэлігій, тэрыторый, рэгіёнаў. Лічыць гэты планамерны і яскрава выяўлены «экспансіянізм» расійцаў гістарычнай выпадковасцю абсурдна. Гэты «экспансіянізм» складае неад’емную частку гістарычнага быцця расійскага народу і шчыльна злучаны з якасцю яго цывілізацыйнай місіі. Гэтая місія нясе ў сабе нейкі «агульны назоўнік», які дазваляе расійцам інтэграваць у сваю Імперыю самыя розныя культурныя рэальнасці. Гаворка ідзе… пра сцвярджэнне адмысловага «расійскага» тыпу светагляду, які акцэнтаваны эсхаталагічна і прэтэндуе на апошняе слова ў зямной гісторыі. Гэта – найвышэйшая звышзадача нацыі як «баганоснага народу»1.
Этнакультурная адметнасць расійцаў бачыцца ідэолагу неаеўразійства гэтак:
|
культуроляг, філёзаф, сябра Цэнтру этнакасмалёгіі «Крыўя». Ягоны апошні тэкст у «ARCHE» – «Этнагенэз беларусаў II: Яшчэ раз пра навуку і ідэалёгію, або Куды вядзе «лёгіка здаровага розуму», напісаны ў суаўтарстве зь Сяргеем Саньком. |
У нас, расійцах, цяжка адшукаць чыстую кроў – маларосы, вялікаросы, татары, вугры, іншыя еўразійскія этнасы перамяшаныя ў ісцінна расійскім чалавеку. Гэта не нашая хвароба, гэта аснова нашай унікальнасці, нашага універсалізму, нашай велічы2.
Падобныя ідэі амаль цалкам процілеглыя тым, што атаясамліваюцца з еўрапейскімі «новымі правымі». Для апошніх любы месіянскі імпэт, празелітызм, роўна як і чорна-белы падзел свету, ёсць непрымальным і вытворным ад крытыкавага іудзейска-хрысціянскага рэлігійнага светагляду. Гэтаксама існуе прынцыповая розніца між індаеўрапейскім, федэралісцкім і дыферэнцыялісцкім праектам Еўрапейскага гаспадарства лідэра Nouvelle Droite Алена дэ Бенуа3 ды дугінаўскай канцэпцыяй праваслаўна-ісламскай Еўразійскай імперыі. Няспынны экспансіянізм, якім захапляецца А. Дугін, не мае нічога супольнага з арганічнай імперскай ідэяй4, але трапляе пад азначэнне Юліюса Эволы таго, што завецца прафанным імперыялізмам – «звычайнай механічнай бяздушнай суперструктурай»5. У кантэксце таго, як еўрапейскія «новыя правыя» разглядаюць прынцып імперыі, можна нават сцвердзіць, што «Расійская імперыя» была акурат не імперскім, а імперыялістычным утварэннем. Псеўдаімперская сутнасць маскоўска-расійскай дзяржаўнасці добра выяўляецца пры яе кантрастыўным параўнанні з канкурэнтным геапалітычным праектам – канфедэрацыяй Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства (Рэччу Паспалітай). Паўстанне і фармаванне дзяржаўнага ўладкавання апошняй адбывалася на арганічных асновах: ад пачатку літоўскага гаспадарства яно пашыралася не столькі праз заваёвы, колькі праз своеасаблівы грамадска-палітычны сінтэз, пры якім захоўвалася значная аўтаномія далучаных абшараў, тое ж самае мела месца і пасля Люблінскай уніі (параўн. дзеянне Літоўскіх статутаў); палітычная сістэма РП часу росквіту характарызавался як унікальная для тагачаснай Еўропы форма спалучэння выбарнай манархіі і арыстадэмакратыі; унутраная палітыка вызначалася значнай ступенню этнаканфесійнай талеранцыі (якая, у тым ліку, спрыяла захаванню традыцыйнай культуры). Маскоўская дзяржава мела зусім іншы вектар развіцця: беспадстаўнае ўжыванне гвалту пры пашырэнні тэрыторыі (да прыкладу, генацыд жыхароў Цвярскога княства, Наўгародскай рэспублікі, насельніцтва ВКЛ); усталяванне жорсткай цэнтралізаванай і дэспатычнай сістэмы ўлады (дзейнасць Івана Жахлівага, у прыватнасці, стварэнне інстытута апрычніны); пераслед і рэпрэсіі іншадумцаў ды іншаверцаў і г. д. Утрапёны імперыялізм, прапагандаваны А. Дугіным ды яго паслядоўнікамі, мае ўважацца не проста за экстравагантныя месіянскія трызненні, але фактычна за спробу тэарэтычнага абгрунтавання рэвалюцыі супраць традыцыйных уяўленняў пра Космас, згодна з якімі зваяванне, пакарэнне чужой прасторы наогул, усіх месцаў запар, нясуць з сабою бязмернасць і бязмежнасць, што пазбаўляюць чалавека памяркоўнасці, а месца – суладнасці ды сакральнасці, спараджаючы не што іншае, як хаос і зло6. |
1 Дугин А. Основы геополитики. Геополитическое будущее России. Мыслить пространством. Москва, 1999. С. 189–191. 2 Тамсама. С. 801. 3 Tonini A. The European New Right: From Nation to Empire and Federalism // Telos. December 2003 – February 2004. № 126. P. 101–112. 4 Alain de Benoist. The Idea of Empire // Telos. December 1993 – Мay 1994. № 98–99. P. 81–98. 5 Evola J. Essais Politiques. Pardиs, 1988. P. 86.
|
А. Дугін цвердзіць:
Мы, расійцы, дзеці Чынгіcхана, гэтаксама як татары, цюркі, манголы. Але калі яны спадкуюць перадусім кроў, то мы спадкуем дух, памножаны на прасторы сакральных глебаў… Чынгісхану мы забавязаныя ўсім7.
Тое, што еўразійцы ёсць спадкаемцамі Чынгісхана, мы не будзем аспрэчваць, толькі згаданы дух бязмежных прастораў наўрад ці можа ўважацца за сакральны. Гісторык Аляксандр Юрчанка, аналізуючы «неафіцыйную» версію мангольскага імперскага міфа, прыйшоў да процілеглых высноў:
Няспынная экспансія, дэклараваная афіцыйнай ідэалогіяй, абарочваецца ірацыянальнай вайной з Богам… У супрацьвагу рэальнай імперыі, якая мыслілася яе ідэолагамі як правобраз нябеснай, паступова вымалёўваюцца контуры інфернальнай імперыі. На ўяўнай перыферыі імперыі, што паглынула амаль увесь засвоены свет, прастора скажаецца і абарочвае знакі сакральных арыенціраў на процілеглыя, таму Чынгісхан, не здагадваючыся пра сутнасць таго, што адбываецца, урываецца ў ніжні свет8. |
6 Санько С. Канстытутыўныя элемэнты антычнага космасу як эталённыя для стараэўрапейскай тэсматычнай культуры // Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica. 1994. № 1. P. 116. 7 Дугин А. Чингис-хан и монголосфера (по мотивам книги калмыцкого евразийца Хара-Давана) // Основы евразийства. Москва, 2002. С. 767.
|
Зрэшты, здаецца, А. Дугін зусім і не хавае інфернальнага аблічча сваёй новай арды:
…у нашай крыві выюць памерлыя, што нас спарадзілі, што запавялі нам аграмадныя абшары, якія маюць стаць яшчэ аграмаднейшымі, пакуль не заслоняць сонца, і Месяц, і зорнае неба над намі, і паскудны, нікім і ніколі не пільнаваны, навязаны падступным Захадам «маральны закон унутры нас»9.
Нягледзячы на квяцістую рыторыку пра «цветущую сложность Евразии», Дугінавы прысуды апрычоным народам ды суверэнным краінам красамоўна гавораць самі за сябе:
У дачыненні да Беларусі геапалітычная карціна даволі ясная. За выняткам невялікай часткі паланізаваных беларусаў (каталікоў і ўніятаў, а таксама палякаў), пераважная бальшыня насельніцтва адназначна належыць да расійскай прасторы і павінна ўважацца за суб’ект цэнтральнага еўразійскага этнасу, то бок за «расійцаў» у культурным, рэлігійным, этнічным і геапалітычным сэнсах... Украіна як дзяржава не мае ніякага геапалітычнага сэнсу. У яе няма ні асаблівай культурнай весткі універсальнага значэння, ні геаграфічнай унікальнасці, ні этнічнай выключнасці… Далейшае існаванне ўнітарнай Украіны недапушчальнае10. |
8 Юрченко А. Империя и космос. Реальная и фантастическая история походов Чингис-хана по материалам францисканской миссии 1245 года. Санкт-Петербург, 2002. С. 58–59. 9 Дугин А. Россия может быть великой или никакой // Основы евразийства… С. 786.
|
У імкненні загадзя вызначыць месца «службовым» нацыям ды як найхутчэй распусціць іх у бязмежнай прорве расійскай дзяржавы А. Дугін далёка не адзінокі. Папулярны ў Расіі правы публіцыст Аляксандр Елісееў перакананы:
…не можна і думаць пра раўнапраўны саюз Беларусі і Расіі. Ён немагчымы… Уласна кажучы, не можа быць ніякай самастойнай Беларусі. Яна можа стаць часткаю альбо еўрапейскага, альбо расійскага «Вялікага абшару». І апошні варыянт, вядома, нам найбольш прымальны. Расіі варта трымаць курс на далучэнне Беларусі да РФ на правах суб’екта Федэрацыі. Натуральна, гэта будзе вельмі цяжка. Прыйдзецца зацікавіць беларускую эліту ў далучэнні, даўшы ёй шэраг кіроўных пазіцыяў у расійскім кіраўніцтве11.
Адзін з найбольш таленавітых Дугінавых эпігонаў – Аркадзій Малер, абвяшчаючы саюз з Беларуссю як «абсалютны імператыў расійскай геапалітыкі», дэталізуе тое, чым жа можна зацікавіць беларускую эліту:
З нашага гледзішча дзеля паўнавартага вяртання Беларусі ў Расію Лукашэнку можна надаць самыя розныя правы: ён можа быць прызначаны губернатарам Беларусі, кіраўніком асобнай (восьмай) «Беларускай федэральнай акругі», нарэшце, атрымаць больш істотны статус у сістэме палітычнай улады, ажно да кандыдата ў прэзідэнты Расійскай Федэрацыі ад самога Крамля12.
Уплывовы лідэр значнай часткі расійскіх нацыяналістаў Аляксандр Севасцьянаў таксама гатовы заплаціць любую цану за «ўз’яднанне» Беларусі і Расіі, бо для яго гэта «адзіны спосаб павялічыць удзельную вагу расійцаў у краіне»13. Зусім не дзіўна, што па наведванні Расіі, пазнаёміўшыся з асаблівасцямі расійскага метапалітычнага думання, А. дэ Бенуа прызнаўся, што не ведае ў Расіі нічога, што магло б быць падобным да еўрапейскіх «новых правых». А. Дугін таксама ўжо імкнецца адмежавацца ад Nouvelle Droite з іншых прычынаў:
Яны занадта цывілізаваныя, занадта кансерватыўныя… Таму мне не падабаецца параўнанне з імі… Еўропа мае сёння выбар: еўразійства або атлантызм. Або яна пойдзе за Расіяй, або за Амерыкай. Калі Новыя Правыя абяруць нас, г. зн. абяруць варварскую стыхію, тады маюць прыняць і нашыя метады дзеяння14. Захад мае заплаціць за ўсё. Найлепш было б засяліць яго кітайцамі, татарамі, мусульманамі, усімі еўразійскімі вандроўнікамі15.
Вельмі трапным і годным адказам на гэта могуць быць словы А. дэ Бенуа, напісаныя яшчэ ў часе існавання савецкай сістэмы, але надзвычай актуальныя і дарэчныя для сучаснай Беларусі, у якой дагэтуль, па вялікім рахунку, нічога не змянілася:
Між матэрыялізмам Захаду і матэрыялізмам Усходу, між Амерыкай распусты ды гандлярскага духу і Расіяй ГУЛАГаў, прыгнёту, вязніц і канцэнтрацыйных лагераў існуе цяпер прорва. Гэтая прорва – Еўропа. Акупаваная Еўропа: варварствам з Усходу, заняпадам з Захаду. Найлепшая рэч, якая магла б здарыцца, – гэта канец людскога меркавання пра тое, нібы адна акупацыя мае перавагу над іншай. Што да мяне, я не схіляюся апранацца ні як казак, ні ў Levi’s. Між Масквой, якая забівае целы, і Вашынгтонам, які забівае душы, я чакаю Еўропы, што паўстане зноўку.
Еўразійства, нягледзячы на пэўныя збліжэнні з еўрапейскай «новай правіцай», увасабляе хімерычную дактрыну месіянскага кшталту, якая супярэчыць анталагічным падставам уласна еўрапейскай культуры. Ідэі Nouvelle Droite карыстаюцца пэўнай папулярнасцю і ў асяроддзі расійскіх нацыяналістаў-славянафілаў. Бадай найяскравейшае ўвасабленне інтэлектуальных намаганняў гэтай плыні – творчасць аўтараў часопіса «Атеней». Галоўны рэдактар выдання Павел Тулаеў вядомы як адзін з лідэраў і арганізатараў неапаганскага16 панславянскага руху, пад эгідаю якога, у прыватнасці, адбываліся г. зв. «Родавыя славянскія Вечы». Наведваючы гэтыя ды іншыя «славянскія» мерапрыемствы, П. Тулаеў досыць часта бывае ў Беларусі і актыўна прасоўвае тут свае погляды. У змесце «Атенея», апрача адназначнай ухвалы палітычнага і культурнага курсу цяперашняга кіраўніцтва беларускай дзяржавы, можна знайсці спецыфічныя рэфлексіі з нагоды альтэрнатыўнай версіі нашай гісторыі і ідэнтычнасці. Да прыкладу, водгук на вядомую кнігу «Краіна Беларусь», укладзеную Уладзімірам Арловым і Змітром Герасімовічам: |
10 Дугин А. Основы геополитики… С. 376, 379. 11 Елисеев А. СНГ против Империи. 12 Малер А. Союз с Белоруссией – любым путем!. 13 Севастьянов А. Русская этнополитика // Атеней. Русский международный журнал. № 7. С. 80. 14 Інтерв’ю з А. Дуґіным: «Чекаю на Івана Лютого» // Ї. Незалежний культурологічний часопис. 2000. № 16. С. 174–175. 15 Тамсама. С. 171.
|
…бездакорная паліграфія і мастацкае аздабленне з найноўшымі прыёмамі дызайну выклікаюць захапленне, а вось тэксты і агульная канцэпцыя – многія пытанні. Нацыяналізм і месцацэнтрызм даведзеныя ўкладальнікамі да скрайнасцяў. Перыяд Вялікага Княства Літоўскага ідэалізаваны і рамантызаваны. Масква, Пецярбург і нават Кіеў разглядаюцца аўтарамі як варожыя цэнтры17.
Сябры рэдакцыі «Атенея» займаюцца актыўнай міжнароднай дзейнасцю. 8–10 чэрвеня 2006 г. у Маскве імі была арганізаваная канферэнцыя «Будучыня белага свету», у якой, між іншым, узяў удзел шэраг прадстаўнікоў еўрапейскай «новай правіцы»: вядомы французскі дзеяч Гіём Фай, П’ер Віяль (асацыяцыя «Terre et Peuple», Францыя), П’ер Крэбс (таварыства «Thule-Seminar», Нямеччына) ды інш. На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні еўрапейскай ідэнтычнасці, праблемы масавай эміграцыі і скарачэння колькасці аўтахтоннага насельніцтва ў многіх краінах Еўропы, перспектывы этнакультурнага адраджэння белых народаў. Г. Фай чарговым разам рэпрэзентаваў там свой геапалітычны праект кантынентальнага блока Еўропы і Расіі, названы ім дзеля ўнікнення аналогій з еўразійствам «Еўрасібір». Аднак не ўсе расійскія правыя мысляры цешацца з гэткіх прапаноў. А. Елісееў саркастычна адказвае:
Безумоўна, Сібір «французскім таварышам» патрэбная – хто б сумняваўся? Гэткае сховішча прыродных рэсурсаў! …«Французікі з Бардо» яшчэ шматкроць будуць прыязджаць да нас і прапаноўваць свой геапалітычны тавар розных гатункаў. Ці ж не лепей падтрымаць «айчыннага вытворцу»18? |
16 Да таго, як стаць «прафесійным раднаверам», П. Тулаеў знаходзіўся пад «духоўным настаўніцтвам» праваслаўнага айца Дзмітрыя Дудка і нават збіраўся прыняць манаскі сан. 17 Тулаев П., Лозко Г. Белая Русь: отчет о поездке // Атеней. Русский международный журнал. № 6. С. 59.
|
І П. Тулаеў, для якога Расія «больш чым краіна» ды ўтрымлівае ў сабе нейкую «адмысловую якасць», таксама не згаждаецца на «Еўрасібір» і рэкламуе «айчынны тавар» – «ЕўраРасію». Карыстаючыся сафістыкай пра «трыадзіны расійскі народ», рэдактар «Атенея» не каліва не бянтэжыцца ўжываць некарэктныя гістарычныя паралелі ды «ўдасканальваць» Фаева know-how:
На жаль, расійскі народ стаў сёння падзеленай нацыяй, як немцы пасля Другой сусветнай вайны. Сам гістарычны цэнтр Русі разбіты на тры вялікія часткі: Вялікую Расію, Белую Русь і Русь-Украіну, дзе колісь знаходзіўся цэнтр Малой Расіі. Праект ЕўраРасіі дапаможа злучыць тры Русі на новых шляхах і на новым роўні19.
«Славянска-руская» рэдакцыя гістарычнага лёсу прапануецца разам з беларусамі ды ўкраінцамі яшчэ і заходнееўрапейцам. П. Тулаеў перакананы ў тым, што сучасныя немцы з этнічнага гледзішча нібы напалову складаюцца з нашчадкаў паўночна-заходніх славянаў20 (пры гэтым ён чамусьці забывае, што і згаданыя славяне ўтварыліся збольшага на ранейшай усходнегерманскай аснове, не кажучы ўжо пра фіна-вугорскі і балцкі субстрат у паўночнай, цэнтральнай і заходняй Расіі), і адначасна мяркуе, што немцы «гістарычна шчыльна звязаныя з яўрэйствам. Яўрэі ім і замінаюць, і адначасна патрэбныя ў якасці антыпода»21. Цікава, як адрэагаваў бы на гэтыя словы, што не агучваюцца ў прысутнасці еўрапейскіх гасцей, скажам, П. Крэбс? Прыхільнікі «славянскага адзінства», якія рэзка крытыкуюць А. Дугіна ды яго паслядоўнікаў, разважаюць у катэгорыях, вельмі падобных да еўразійскай рыторыкі. Параўнайма, з аднаго боку, выказванне П. Тулаева: «У этнакультурнай палітыцы нам патрэбныя: русізм і панславізм. Нам патрэбная крышталізацыя нацыянальнай свядомасці і духу дзеля выхаду спачатку на рэгіянальны (славянскі) ровень, затым на ровень кантынентальны (еўразійскі) і, нарэшце, на ўсясветны (універсальны) ровень»22, з другога боку – класічны дугінаўскі «імператыў»: «Існаванне расійскага народу як арганічнай супольнасці нельга ўявіць без імперабудаўнічага, кантынентальнага тварэння. Расійцы застануцца народам адно ў асадах Новай Імперыі. Гэтая імперыя, згодна з геапалітычнай логікай, гэтым разам мае пераўзыходзіць папярэдні варыянт (СССР). Адпаведна, Новая Імперыя мае быць еўразійскай, вялікакантынентальнай, а ў перспектыве – Усясветнай»23. Ёсць і яшчэ адна дробная акалічнасць, якая лучыць «гуру» еўразійцаў і панславістаў – абодва дзеячы паходзяць з сем’яў кадравых афіцэраў расійскіх спецслужбаў. Шмат заўваг выклікае змест самога «Атенея», які прэзентуе якасць і кшталт расійскіх славянафілаў. Кажучы аб’ектыўна, гэтае выданне досыць эклектычнае з канцэптуальна-эстэтычнага гледзішча. Яго тэкстам уласцівыя квазі- ды паранавуковы пафас, псеўдатрадыцыйная кічовая «славянская» стылістыка, а пазычаныя ў еўрапейскіх «новых правых» ідэі падаюцца ў прымітызаваным выглядзе. У водгуку на змест «Атенея», звернутым на імя рэдактара, А. дэ Бенуа, канстатуючы, «якая бездань раздзяляе мае перакананні ад Вашых», зацямляе:
Вы пішаце, што «Атеней» успрымаецца ў Расіі як «тэарэтычны орган новых правых». Калі гэта так, дык я мушу сказаць, што Вашае разуменне «новых правых» значна розніцца ад таго, якое мы маем у Францыі. Французскія НП не ўважаюць сябе ні за «правых радыкалаў», ні за «нацыянал-патрыётаў». Яны не маюць ані каліва сімпатыяў ні да нацызму, ні да ультраправых, якіх Вы ўзносіце ў сваіх публікацыях… Наадварот, яны змагаюцца з расізмам, ксенафобіяй ды ісламафобіяй. Яны супрацьстаяць логіцы капіталу і ідэалогіі гандлярства, якія ўяўляюць галоўную пагрозу грамадскім каштоўнасцям і народным культурам. Яны змагаюцца за якасную экалогію, тутэйшую дэмакратыю, аўтаномію і рэгіяналізм. Для іх непрымальны як лібералізм, гэтак і індывідуалізм… У Заходняй Еўропе існуюць групы «правых радыкалаў», «расістаў», «неафашыстаў» ды г. д., падобныя да Вашай. Аднак мы не хочам, каб нас атаясамлівалі з імі24. |
18 Елисеев А. Французики из Бордо. 19 Тулаев П. Россия и Европа в условиях Четвертой мировой войны. 20 Тулаев П. Род и раса // Атеней. Русский международный журнал. № 5. С. 8. 21 Интервью с П. Тулаевым: «Нам нужна славяно-арийская Русь!» // Атеней. Русский международный журнал. № 7. С. 123. 22 Изведы с главой издания «Атеней» П. В. Тулаевым. 23 Дугин А. Основы геополитики… С. 213.
|
У адказ на гэта П. Тулаеў звінаваціў А. дэ Бенуа ў недастатковай «правізне» і лявацкіх поглядах. Шчыльна звязаным з асяродкам «Атенея» ёсць «расалагічны» кірунак расійскай правіцы, адметны вульгарным біялагізатарствам ды тэндэнцыйным маніпуляваннем матэрыяламі фізічнай антрапалогіі і генетыкі. Найбольш прыкметная ў ім асоба – пісьменнік Уладзімір Аўдзееў, які ў самым пачатку сваёй «навуковай» кар’еры гэтак характарызаваў «адмысловую якасць» Расіі:
…у аснову расійскай дзяржаўнасці быў пакладзены пазарасавы крытэр еўразійскага змяшэння, а не прынцып расавай чысціні. Менавіта ў візантыйска-маскоўскім абсалютызме той эпохі мы маем шукаць цяперашні еўразійскі тэзіс пра вяршэнства глебы над крывёй. Канцэпцыя Масквы як Трэцяга Рыма ўвабрала ў сябе расавую мешаніну і Рыму Першага, і Рыму Другога, то бок Візантыі. Сумятня нораваў, культур, звычаяў, што трывала назіралася ў гэтых вялікіх імперыях, перадалася, як генетычная хвароба, і паўсталаму расійскаму гаспадарству. Усё гэта прывяло да таго, што на расійскага чалавека сталі глядзець як на белага дзікуна, а пакаленні еўрапейцаў сталі гаварыць пра Расію як пра «Вялікую Татарыю»25. |
24 Тулаев П. Кто из нас правый? // Атеней. Русский международный журнал. № 5. С. 27.
|
Пазней «расолаг» Аўдзееў палічыў за лепшае не толькі не згадваць пра наступствы еўразійскага вектару расійскага нацыягенезу, але, напэўна, адчуўшы троху іншую кан’юнктуру, пачаў пафасна сцвярджаць зусім адваротнае:
Міф пра генетычную панміксію расійцаў – усяго толькі ненавуковая правакацыя не столькі супраць расійцаў, колькі супраць Белай расы агулам… а ўсе размовы пра згубныя з расава-біялагічнага гледзішча наступствы мангола-татарскага ярма – усяго толькі шкодны міф, які не мае пад сабою ніякай навуковай базы26.
Падобныя супярэчнасці не выключэнне, а хутчэй правіла для поглядаў самазваных антраполагаў. Прыкладам, для Ул. Аўдзеева «расійцы – гэта пэўная генетычна-біялагічная канстытуцыя, а не тыя, хто прыкрываецца расійскаю моваю, расійскаю культураю»27, а для ягонага найбліжшага паплечніка і сурэдактара «расалагічных» зборнікаў, дэпутата Дзяржаўнай думы Аляксандра Кольева (Савельева)
…разуменне расійскасці як этнічнасці проста пярэчыць расійскай культуры, агульнарускаму праваслаўнаму веравызнанню. Пушкін для нас зусім не афрарасіянін, Сувораў – не польска-армянскі паўкроўка, Даль – не русіфікаваны швед, Мікалай ІІ – не асіміляваны немец. Яны расійцы паводле духу, паводле самасвядомасці. Менавіта таму мы гаворым пра расійскую літаратуру, расійскае войска, расійскую дзяржаўнасць28.
«Шкоднікі» і «дыверсанты», якія адмаўляюць дзівосную здольнаць расійцаў «забруджвацца» і адразу ж «ачышчацца» ад усіх іншаэтнічных дамешкаў, «расолагі» знаходзяцца ў тым ліку сярод беларусаў:
Гэтыя натуральныя працэсы выклікаюць дзікую злобу з боку наваяўленых «антраполагаў» кшталту беларускага нацыста Зянона Пазьняка, які рэзка выступае супраць саюзу Беларусі з Расіяй: «Расійцы – гэта не славяне, гэта звырадненая нацыя – агрэсіўны паўмангольскі натоўп»29.
Папраўдзе, Зянон Станіслававіч слынны сваёй жорсткай антымаскоўскай рыторыкай, але нам не вядомая крыніца, адкуль цытуецца прыпісанае яму выказванне. Хутчэй за ўсё, гэтай крыніцы папросту не існуе, а мы маем справу з чарговай спробай дэманізацыі і шальмавання сваіх апанентаў. Некаторыя «расолагі» таксама не супраць крыху «выправіць» і нашую гісторыю:
Калі ратуючыся ад Арды, Полацкая зямля трапіла пад уладу Літвы, руская нацыянальная знаць, арыстакратыя, з’язджала альбо ў Вялікарасію, становячыся маскоўскімі баярамі і дваранамі, альбо да двара польскага караля, становячыся панамі і шляхтай Рэчы Паспалітай. Пад ціскам каталіцкай агрэсіі ў Масковію сыходзілі найлепшыя рамеснікі і кніжнікі, інтэлектуалы. Самыя лёгкія на пад’ем, прадпрымальныя сяляне ішлі на заробкі і асядалі ў расійскіх гарадах30. |
25 Авдеев В. Сначала Евразия, теперь Азиопа // Авдеев В. Метафизическая антропология. Москва, 2002. С. 59. 26 Авдеев В. Новая парадигма в расологии // Расовый смысл русской идеи. Вып. 2. Москва, 2002. С. 11, 12. 27 Авдеев В. Новая парадигма в расологии // Расовый смысл русской идеи. Вып. 2… С. 25. 28 Кольев А. Философия расового неравенства и этнополитическая доктрина // Тамсама. С. 389. 29 Жуков В. Наследственный полиморфизм и биологические законы самоочищения рас // Тамсама. С. 62.
|
Агулам жа, паводле гэткай інтэрпрэтацыі мінуўшчыны, дачыненні расійцаў з суседнімі этнасамі выглядаюць ці не ідэальнымі: «…з даўнейшых часоў расійцы выразна ўсведамлялі факт сваёй кроўнай і моўнай роднаснасці з іншымі славянскімі народамі і нават калі сутыкаліся з імі як з ворагамі, то ніколі не вялі са славянамі войнаў на вынішчэнне – як у выпадках, калі ворагі былі абсалютна чужыя ім па крыві»31. Не іначай як абсалютнай чужароднасцю беларусаў да «славяна-расійцаў» варта было б патлумачыць тое, што найвялікшы генацыд у нашай гісторыі быў здзейснены менавіта імі. У выніку вайны з Масковіяй 1654–1667 гг. насельніцтва тагачаснай Беларусі скарацілася больш як напалову, а па сканчэнні вайны Маскоўская дзяржава назаўсёды пакінула сабе сотні тысяч палонных, што трапілі туды далёка не добраахвотна і не дзеля «каталіцкай агрэсіі»32. Дарэчы, прыкладна ў гэты ж час паводле храніялагічных матэрыялаў, знойдзеных у Цэнтральнай Расіі, антраполагамі сапраўды фіксуецца ўзмацненне еўрапеоідных рысаў тамтэйшага насельніцтва. Відаць, ужо тады маскоўскія валадары павялічвалі ўдзельную вагу «расійцаў» у сваёй дзяржаве коштам «уз’яднання» са «славянскімі братамі». «Уз’яднальнікам» рупіць не толькі гісторыя, але і этна- і нацыягенез беларусаў, асабліва «балцкая» ды «літоўская» тэмы. Дзеля таго, каб ніякія субстраты і ВКЛы не заміналі інтэграцыі, можна з лёгкасцю адкінуць тысячы адзінак бібліяграфіі з абсягу Baltica і Lithuanica Беларусі, як гэта робіць Кірыл Рэзнікаў: «…генетычныя, археалагічныя і гістарычныя звесткі адназначна сведчаць пра даўнюю адмоўную кампліментарнасць літоўцаў і расійцаў. Адпаведна, літоўскія плямёны можна поўнасцю выключыць з ліку продкаў і блізкіх сваякоў беларусаў»33. Калі для раманскамоўных французскіх Nouvelle Droite інспірацыя гальска-кельцкай мінуўшчынай ёсць звычайнай і нават падставовай з’явай, то для бальшыні расійскіх «патрыётаў» за даславянскім этнічным субстратам не толькі свайго народу, але і беларусаў ды ўкраінцаў мільгаціць «вобраз ворага»34. Але найбольш рэзкая ацэнка «miłośników Litwy» прагучала з праваслаўнага боку:
…праціўнікі ўз’яднання цвердзяць, што беларусы гістарычна ёсць асобным народам (г. зв. «крывіцкая тэорыя»), а затым, нібыта, былі акупаваныя Расіяй і прыгняталіся ёю. Найбольш радыкальныя праціўнікі агульнарускай еднасці намагаюцца навязаць г. зв. «ліцьвінскую ідэю», пазбавіць беларусаў іх гістарычнай рускай ідэнтычнасці, папросту пераназваць іх у ліцьвінаў, намагаюцца пераканаць у існаванні «ліцьвінскай нацыі», што, быццам, вядзе сваю гісторыю з часоў літоўска-рускай дзяржавы… Тут (у Беларусі. – Аўт.), спрадвеку жыве рускі народ, а нацыі «ліцьвінаў» ніколі не існавала. Адпаведна, падобныя ідэі і сілы, што іх рэалізуюць – антынацыянальныя. Па сутнасці яны ёсць гэткімі «хунвэйбінамі», прыхільнікамі знішчэння традыцыйнай праваслаўнай рускай культуры Заходняй Расіі (Беларусі)35.
Няма сумневу, што ўсе разгледжаныя вышэй адмены ўяўнай расійска-еўразійскай імперыі, угрунтаванай на кульце варварства, бальшавізму, мегаламаніі, азіяцка-еўрапейскай гібрыдызацыі або фальшывага славянскага народніцтва нясуць у сабе беспасярэднюю пагрозу нашай этнакультурнай ідэнтычнасці і дзяржаўна-палітычнаму суверэнітэту. Харвацкі прадстаўнік «новай правіцы» Таміслаў Суніч, які на прыкладзе сваёй краіны меў магчымасць бачыць, да чаго прывяла ідэя «славянскага адзінства» (у паўднёваславянскай версіі), у сваім часе справядліва зацямляў, што
ўсе формы панславізму, якія калі-кольвек з’яўляліся на свет, заўсёды аказваліся найгоршымі ворагамі перадусім саміх славянаў… Славянскі месіянізм у шмат якіх сваіх гістарычных аспектах супадаў з месіянізмам амерыканскіх пурытанаў36. |
30 Марочкин С. Народ. Среда. Характер. Отбор на неформальное соответствие // Расовый смысл русской идеи. Вып. 1. Москва, 2000. С. 50. 31 Муромцев И. Опыт решения национальных проблем в Древней Руси // Расовый смысл русской идеи. Вып. 2… С. 113. 32 Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Мінск, 2001. С. 284–288; Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2-х т. Т. 1. Мінск, 2005. С. 373–376. 33 Резников К. Балты ли белорусы?. Падрабязную крытыку этнагенетычных поглядаў К. Рэзнікава гл.: Дзермант А., Санько С. Этнагенез беларусаў: навука і ідэалогія // ARCHE. 2005. № 3. С. 233–253. 34 Параўн.: Савельев А. Образ врага: от биологии к политологии // Расовый смысл русской идеи. Вып. 2… С. 300–301. 35 Фролов К. Пророки Западной Руси.
|
Не ўсе расійскія мысляры падтрымліваюць гэткія ідэі. Як процілегласць да іх з’явіліся ды пакрысе набіраюць вагу прыхільнікі адрозных перакананняў. Яны рэзка крытыкуюць расійскую імперыялістычную палітыку, масквацэнтрычную тыранію ды еўразійскую ідэалогію. Вадзім Штэпа – напэўна, найбольш яскравы тэарэтык новага асэнсавання расійскасці – гэтак акрэслівае сваё стаўленне да еўразійства:
Яно нівелюе любыя канкрэтныя канфесійныя, этнічныя, індывідуальныя ідэнтычнасці, «геапалітыка» ў ім фактычна падмінае і падмяняе сабой усе рэлігіі і культуры, становіцца адзіным «сімвалам веры». Сітуацыю, калі папы, мулы і равіны чытаюць малітвы пад лозунгам «Еўразія вышэй за ўсё!», а трохкаляровы сцяг уздымаецца пад савецкі гімн, часта тлумачаць імкненнем да «агульнанацыянальнага замірэння». Аднак гэта спалучэнне разнародных пачаткаў тут загадзя ставіцца на службу не іхнаму «суквіццю складанасці», а плоскаму чорна-беламу геапалітычнаму дуалізму37. |
36 Сунич Т. Сербы – враги Европы // Элементы. Евразийское обозрение. 1992. № 2. С. 14.
|
Сваім сукрэвічам, здатным да вольнага ад дагматыкі мыслення, В. Штэпа прапануе новыя духоўныя арыенціры: сакральная Поўнач замест бязмежнай Еўразіі, пакрыёмы Кіцеж замест Трэцяга Рыму, рэспубліканскі Ноўгарад замест дэспатычнай Масковіі. Апошняя апазіцыя займае важнае месца ў гістарычнай перспектыве выбару іншага шляху. Страта Цверам, Псковам, Ноўгарадам незалежнасці ўспрымаецца як праўдзівая трагедыя:
Маскоўская агрэсія на Ноўгарад фактычна была поўным аналагам асманскага нашэсця на Царград… Маскоўскае войска складалася амаль напалову з ардынцаў… Апраўдваючы гэты набег, маскоўскія гісторыкі любяць гаварыць пра «ўз’яднанне рускіх земляў». Аднак само слова ўз-яднанне мае на ўвазе нейкае адзінства, што існавала раней, а яго ў Ноўгарада з Масквой не было ніколі. Пачаткова гэта былі цалкам розныя цывілізацыі – паводле грамадзянскай свядомасці, культуры, гаспадаркі…38 |
37 Штепа В. RUтопия. Екатеринбург, 2004. С. 310.
|
Нетыпова для расійскай гістарыяграфіі ацэньваецца і літоўскі фактар: «У Ноўгарадзе ж доўгі час займала лідэрскія пазіцыі «партыя» мудрай пасадніцы Марфы Барэцкай, падтрыманая бальшынёй моладзі. Пад пагрозаю маскоўскай агрэсіі яны выступалі за палітычны звяз з Літоўскім княствам – пры безумоўным захаванні праваслаўя і гарадскога суверэнітэту. Дарэчы, Літва на гэта і не думала замахвацца – у ёй самой траціна насельніцтва была праваслаўная, і афіцыйна прызнавалася права вольных местаў»39. |
38 Штепа В. RUтопия… С. 147.
|
Блізка падобных поглядаў трымаецца і ветэран расійскага нацыянал-рэвалюцыйнага руху – Аляксей Шырапаеў. Масковія для яго – гэта «Нерусь», а ўласна Русь засталася «ў Кіеве, Літве і Ноўгарадзе. Масковія сфармавала… асобны, ужо не рускі тып культуры, дзяржаўнасці і асобы, прычым вырашальным чыннікам у гэтым працэсе стала знаходжанне Масквы ў складзе Арды»40. Нават усходняя палітыка вялікага літоўскага князя Вітаўта разглядаецца як нерэалізаваная магчымасць рускай, а не расійскай гісторыі41. Больш таго, А. Шырапаеў заклікае да рускага сепаратызму, скіраванага супраць расійскай дзяржавы, якая называецца азіяцкім Праектам і Турмою рускага народу: «Цягам стагоддзяў вялікадзяржаўнасць была навязаная ў якасці сіноніма рускасці. Для пераважнай бальшыні расійцаў нацыянальнае стала атаясамлівацца з імперскім і дзяржаўніцкім». Але ж досыць аднаго позірку на расійскую гісторыю, каб зразумець, што велізарная тэрыторыя з яе багаццем не зрабіла расійцаў багацейшымі, а ўсёмагутная дзяржаўнасць – мацнейшымі. Гэтыя абшары, багацце і сіла – не нашыя і не для нас. Шкадаваць пра іх няма чаго. Развітаўшыся з імі, мы не страцім, а вызвалімся, вырвемся з Еўразійскай Турмы. Расійцам прыспеў час задумацца: што нам заўсёды было карысней – бяскрайняя, адчужаная ад нас вампірычная дзяржава або кампактнае (максімум да Урала) нармальнае еўрапейскае гаспадарства з жорсткімі казацкімі граніцамі на поўдні і ўсходзе? …Толькі на аснове сепаратызму пачнецца праўдзівы нацыянальны генезіс рускіх»42.
Расійскія «сепаратысты», «паўночнікі» і «наўгародцы» маюць адметнае стаўленне і да «славянскай» ідэі, якое ілюструецца выказваннямі адносна нашай краіны: «Беларусь зможа адыграць сваю натуральную ролю аднаго з цэнтраў паўночнага славянства, толькі пазбавіўшыся ад сваёй «еўразійскай» дыктатуры»43. Немагчыма казаць і пра ўяўны «трыадзіны народ», бо ў Беларусі з’явіліся нават тыя, хто адкідае славянскую самаідэнтыфікацыю і вызначае беларусаў як балтаў-крывічоў. Будучыню ж краіны ўяўляюць маладыя, пакуль яшчэ не шматлікія сілы, а не «бацька» Лукашэнка, які здатны толькі на тое, каб трымаць краіну ў стане квазісавецкай «замарозкі». Ментальна Лукашэнка знаходзіцца ў ардынска-імперскім полі. Зусім невыпадковае ягонае непрыязнае стаўленне да нацыянальнай беларускай сімволікі, якую ён замяніў чырвоным сцягам і штучным гербам савецкага тыпу. Таму пры ўсёй этычнай адрознасці рэжымы Пуціна і Лукашэнкі лучыць адна істотная ўласцівасць: інерцыйнасць, адсутнасць гістарычнай перспектывы, няздатнасць да творчасці. Карацей, вырачанасць44. Погляды тых, каго ў Расіі можна параўноўваць з еўрапейскімі «новымі правымі», вылучаюцца стракатасцю і антаганізмам, тым не менш яны класіфікуюцца ў пэўныя катэгорыі. Дыскурс еўразійцаў і панславістаў цікавы тым, што ў ім у канцэнтраваным выглядзе засяроджаныя тыя стэрэатыпы і мадэлі мыслення, што пашыраныя ў значнай часткі расійскай палітычнай эліты. Бадай усе прапанаваныя імі шляхі развіцця расійскай дзяржаўнасці апелююць да недарэчных як у кантэксце Nouvelle Droite, гэтак і з гледзішча беларускіх нацыянальных інтарэсаў спосабаў уладкавання свету. З іншага боку, абнадзейвае той факт, што ў нашых усходніх суседзяў існуюць правыя інтэлектуалы, якія пераканаўча абгрунтоўваюць магчымасць альтэрнатыўнай перспектывы. З імі, вядома, можна і варта шукаць паразумення ды дыялогу. |
39 Тамсама. 40 Широпаев А. Тюрьма народа. Русский взгляд на Россию. Москва, 2002. С. 17, 25. 41 Тамсама. С. 22. 42 Тамсама. С. 139. 43 Штепа В. RUтопия… С. 317.
44 Широпаєв А. Україна: повернення до себе. Нотатки про «триєдиний народ» // Сварог. 2005. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |