A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ДЗЯНІС МЕЛЬЯНЦОЎ

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дзяніс Мельянцоў
Новая халодная вайна Коўэна

Парадаксальнасць была найбольш характэрнай рысай Расіі. Яна несупынна ваявала і пашыралася ва ўсе бакі, але, тым не менш, лічыла, што ёй заўсёды пагражаюць.

Генры Кісінджэр

Cohen, Stephen F. The New American Cold War //
The Nation. 2006 issue. July 10.

Сканчэнне халоднай вайны – жорсткага супрацьстаяння дзвюх антаганістычных ідэалагічных сістэм прывяло не толькі да перафарматавання ўсёй сістэмы міжнародных стасункаў. Адбыўся перагляд тэарэтычных падыходаў да сусветнай палітыкі, пачаўся пошук новых схемаў і азначэнняў, каб адлюстраваць новы сусветны парадак. «Аксамітныя» рэвалюцыі ва Усходняй Еўропе, распад Савецкага Саюза і пераход новых незалежных дзяржаў да пабудовы дэмакратычных палітычных сістэм і рынкавых эканомік выразна сведчылі: надышоў якасна новы перыяд ці нават эпоха ў міжнародных адносінах. Ёй трэба было надаць «імя» і вызначыць яе сутнасныя характарыстыкі. Так з’явіўся шэраг найменняў новага перыяду сусветнай гісторыі, такіх як «unipolar moment» («аднапалярны момант», які мае на ўвазе дамінаванне ЗША), «Post-Cold-War Period» (перыяд пасля халоднай вайны), «постбіпалярны свет», «канец гісторыі» ды інш. А пасля трагічных падзеяў 11 верасня 2001 г. з’яўляецца яшчэ і «Post-Post-Cold-War Period», які абазначае ўжо якасна новы гістарычны этап, што пачаўся пасля тэрактаў.

Як бы там ні называлі новы перыяд найноўшай гісторыі спецыялісты-міжнароднікі, але адно відавочна: свет стаў больш небяспечны, менш прадказальны, і ні адзін даследчык не рызыкуе даць вычарпальную характарыстыку новай сістэме міжнародных адносінаў, бо яна яшчэ канчаткова не склалася і знаходзіцца ў стане эвалюцыі, ці, кажучы словамі прыхільнікаў сінэргетычнага падыходу, у пункце біфуркацыі. Такая нявызначанасць спараджае цэлы набор футурыстычных канцэпцыяў і схемаў далейшага развіцця свету і міжнародных стасункаў. Ёсць дзве асноўныя і дастаткова вядомыя канцэпцыі – «сутыкнення цывілізацый» Сэмюэля Гантынгтана і «канца гісторыі» Фрэнсіса Фукуямы, – якія адлюстроўваюць адпаведна рэалістычную і ліберальную парадыгмы ў навуцы аб міжнародных адносінах.

Прапанаваная Сэмюэлем Гантынгтанам яшчэ на пачатку 90-х гг. ХХ ст. канцэпцыя сутыкнення цывілізацый прагназуе будучы раскол свету на шэраг варагоўных паміж сабой цывілізацыяў, якія прыйдуць на змену ідэалагічнаму супрацьстаянню камуністычнага і капіталістычнага лагераў. Усе патэнцыйныя канфлікты, на думку Гантынгтана, будуць адбывацца па лініях цывілізацыйных разломаў, і, такім чынам, ваенная сіла будзе па-ранейшаму адыгрываць вырашальную ролю ў міжнародных стасунках.

У сваю чаргу, Фрэнсіс Фукуяма атаясамлівае канец халоднай вайны з канцом гісторыі як такой, бо сканчэнне біпалярнага супрацьстаяння прывядзе да трыумфу ліберальных каштоўнасцяў заходняга грамадства ва ўсім свеце, знікнення ўзброеных канфліктаў і ўвогуле палітычнага працэсу. Надалей людзі «постгісторыі» будуць займацца выключна гаспадарчымі справамі. Нягледзячы на сваю відавочную утапічнасць, гэтая канцэпцыя набыла дастаткова шырокую вядомасць, пакуль міжнародныя падзеі і працэсы не прадэманстравалі яе неадпаведнасць і не прымусілі самога аўтара перагледзець яе. 90-я гг. ХХ ст. прайшлі пад знакам барацьбы менавіта гэтых дзвюх канцэпцый, якія прэтэндавалі на універсальнае вытлумачэнне міжнародных працэсаў пасля заканчэння халоднай вайны.

Канец канфрантацыі дзвюх звышдзяржаў і далейшая дэзінтэграцыя СССР мелі вынікам не толькі распад двухполюснай міжнароднай сістэмы. Засталася незапатрабаванай цэлая армія саветолагаў – ім давялося тэрмінова мяняць кваліфікацыю, каб застацца ў цэнтры ўвагі. Некаторыя хутка здолелі адаптавацца ў новых умовах і праявілі сябе, распрацоўваючы новыя, больш актуальныя тэмы. Але іншым інертнасць мыслення ці то звычка, відаць, не дазволілі разьвітацца са старымі стэрэатыпамі. Гэтыя не знайшлі нічога лепшага, як прыстасаваць старыя звычныя схемы да аналізу сучасных падзей. Так была «вынайдзеная» канцэпцыя новай халоднай вайны.

Гэткія думкі выклікаў у мяне артыкул прафесара русістыкі і расейскай гісторыі Нью-Йоркскага універсітэта Стывена Коўэна «Новая халодная вайна Амерыкі» (The New American Cold War). Па шчырасці, да таго, як мне трапіўся гэты артыкул, я ўжо меў пэўную перадузятасць да аўтара, бо чытаў раней урыўкі з ягонай апошняй кнігі «Правалены крыжовы паход: Амерыка і трагедыя посткамуністычнай Расіі». Тады падыход Коўэна падаўся мне дастаткова арыгінальным: амерыканскі аўтар прымаў бок слабога і вінаваціў Амерыку ў шматлікіх бедах Расіі. Не шмат амерыканскіх даследчыкаў зыходзяць з такіх пазіцыяў.

Аднак «Новая халодная вайна Амерыкі» прымусіла мяне памяняць сваё папярэдняе меркаванне і запэўніла, што прарасійскі падыход Коўэна і канцэпцыя новай халоднай вайны – не больш чым даніна арыгінальнасці. Яны не грунтуцца на сур’ёзным аналізе. Аўтар мысліць у катэгорыях перыяду халоднай вайны, ягоныя разважанні відавочна абцяжараныя старымі схемамі і рамкамі, якія не дазваляюць яму шырэй зірнуць на зменлівую рэчаіснасць. Але пра ўсё па парадку.

Асноўны тэзіс Коўэна ў тым, што самая сур’ёзная пагроза амерыканскай нацыянальнай бяспецы зыходзіць сёння ад Расіі – яна настолькі аслабленая, што развіццё падзей унутры краіны можа пайсці паводле катастрафічнага сцэнара. Тады Расея стане крыніцай самых разнастайных пагроз для міжнароднай супольнасці – ад некантраляваных арсеналаў ядравай зброі і да лакальных канфліктаў на памежжы. Амерыка яшчэ болей ускладняе сітуацыю ў нестабільнай Расіі, праводзячы супраць яе новую халодную вайну. Дакладней, паводле меркавання Стывена Коўэна, Вашынгтон ніколі і не спыняў халодную вайну, нягледзячы на адпаведныя заявы. І дэмакратычная, і рэспубліканская адміністрацыі ў ЗША падтрымліваюць «трыумфатарскі» падыход у дачыненнях з Расіяй. Яго сутнасць у тым, што Злучаныя Штаты ўважаюць Расію за пераможаны бок у халоднай вайне і таму імкнуцца скарыстацца з яе паразы і навязаць ёй статус малодшага партнёра ў амерыканска-расійскіх дачыненнях. ЗША ў парушэнне абяцанняў атачаюць Расію вайсковымі базамі, патрабуюць аднабаковых саступак, не прызнаюць законных нацыянальных інтарэсаў па-за межамі яе ўласнай тэрыторыі, адмаўляюць у суверэнных правах, ужываюць падвоеныя стандарты і інш.

Натуральна, такія дзеянні Вашынгтона не могуць не выклікаць адпаведных захадаў у адказ з боку Расіі. Аднак яе кіраўнік, праяўляючы добрую волю, не пачынае поўнамаштабнай канфрантацыі з Захадам. Цяжар адказнасці за развязванне новай халоднай вайны, на думку Коўэна, цалкам ляжыць на ЗША, бо яны не пажадалі адмовіцца ад трыумфатарскага падыходу і пабудаваць раўнапраўныя адносіны з Расіяй.

Што ж новага мы бачым у тэксце Стывена Коўэна, апроч таго, што Расія выяўленая ахвярай палітыкі ЗША? Перш за ўсё заўважаем выкарыстанне новага-старога тэрміну халодная вайна. Але ці апраўданае яго ўжыванне ў новых варунках? У ХХ ст. тэрмін халодная вайна, як вядома, абазначаў жорсткае супрацьстаянне дзвюх антаганістычных ідэалагічных сістэм, якое праяўлялася ў канфрантацыі ў ваеннай, палітычнай, ідэалагічнай, эканамічнай, культурнай і іншых сферах. Сёння мы такой з’явы не назіраем. Больш за тое, расійская эліта падзяляе палітычныя і эканамічныя каштоўнасці Захаду, таму пра аднаўленне халоднай вайны казаць не выпадае.

Завяршэнне халоднай вайны, аднак, не азначае адмовы ад канкурэнцыі паміж дзяржавамі і пераследу нацыянальных інтарэсаў. Адсюль і падвоеныя стандарты, і аднабаковыя дзеянні на міжнароднай арэне. Амерыканская эліта працягвае ўспрымаць Расію як канкурэнта, якога трэба стрымліваць. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо так паводзілі сябе ўсе дзяржавы, пачынаючы ад фармавання Вестфальскай сістэмы і нават яшчэ раней.

Хоць біпалярнае супрацьстаянне спынілася, ЗША ў сваёй міжнароднай палітыцы працягваюць кіравацца прынцыпамі Realpolitik. Але Амерыка пазбавілася ідэалагічнага кампаненту і спыніла гонку ўзбраення – у гэтым, паводле ейнага разумення, і палягала сутнасць халоднай вайны. Праблема Расіі ў тым, што яна разлічвала на іншы вынік заканчэння халоднай вайны, і яе чаканні аказаліся абсалютна неадэкватнымі практыцы міжнародных стасункаў. Расія спадзявалася на ўвагу да сябе і бескарыслівую дапамогу Захаду ў вырашэнні яе ўласных праблем. Але, на жаль, альтруізму няма месца ў міждзяржаўных адносінах.

Натуральна выглядае і тое, што Амерыка карыстаецца слабасцю Расіі і пераследуе ўласныя нацыянальныя інтарэсы. Па распадзе СССР на агромністай тэрыторыі ўтварыўся вакуум сілы, і цалкам лагічна, што яго запоўніла адзіная звышдзяржава. Няма падстаў, каб Амерыка ўласнаручна дапамагала Расіі аднаўляць яе сферу ўплыву і рэстаўраваць савецкую імперыю. Чакаць гэтага было б як мінімум наіўна.

Пахаладанне ў расійска-амерыканскіх адносінах абумоўлена не толькі канкурэнцыяй на прасторы традыцыйных расійскіх інтарэсаў, але і перамогай рэваншысцкіх настрояў сярод расійскай палітычнай эліты ў другой палове 90-х гг. ХХ ст. Адной з прычынаў такога вонкавапалітычнага павароту стаўся менталітэт расійскай эліты, значная частка якой сфармавалася з другога або трэцяга эшалону савецкай партыйна-гаспадарчай наменклатуры. У яе не было і не магло быць адэкватных уяўленняў пра вонкавы свет і матывы паводзін дзяржаў на міжнароднай арэне. Яны перакананыя ў велічы Расіі – магчыма, гэта звязана з патрэбай адчуць сябе элітай вялікай дзяржавы. Апроч таго, грамадскі статус асобных уплывовых групаў эліт, іх становішча ў бюракратычнай і эканамічнай сістэме краіны наўпрост ці ўскосна залежалі ад савецкай вонкавай палітыкі, якая прадугледжвала жорсткую канфрантацыю з Захадам. Празаходняя палітыка расійскага кіраўніцтва на пачатку 90-х гг. ХХ ст. супярэчыла іх інтарэсам. Да таго ж гэтая палітыка не мела трывалай сацыяльнай базы. Таму ў выказваннях расійскага кіраўніцтва і загучалі нацыяналістычныя і неаімперскія ноткі – некаторыя аналітыкі паспяшаліся інтэрпрэтаваць іх як праяву новай халоднай вайны.

Паводле Коўэна, поўнамаштабнае супрацьстаянне Расіі і ЗША, падобнае да перыяду халоднай вайны, не пачынаецца толькі дзякуючы добрай волі Крамля, які не хоча вяртацца да мінулага. Коўэн піша, што, калі захоча, Расія можа сфармаваць антызаходні саюз і выйграць халодную вайну на постсавецкай прасторы. Гэты тэзіс таксама дастаткова спрэчны, бо ў сённяшніх умовах Расія проста не здатная скласці якую-кольвек канкурэнцыю ЗША, хоць бы таму, што ваенны бюджэт Амерыкі ў дзесяткі разоў большы за расійскі. У Маскве гэта добра разумеюць і таму стараюцца не раздражняць лішні раз свайго заакіянскага партнёра, ад якога яшчэ, дарэчы, чакаюць згоды на далучэнне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Нягледзячы на свой каласальны ядравы арсенал, Расія не ў стане ўплываць на вонкавапалітычныя дзеянні ЗША. Напрыклад, расійская дыпламатыя не здолела папярэдзіць пашырэнне НАТО на ўсход, спыніць ваенную аперацыю супраць Югаславіі ці ўварванне ў Ірак. Расія нават не здатная сёння кантраляваць сітуацыю ў былых саюзных рэспубліках, дзе паступова ўзрастае ўплыў ЗША. Яскравым прыкладам можа быць вонкавапалітычны правал падчас украінскіх выбараў 2004 г.

Так, Расія захавала пэўныя падважнікі ціску на сваіх суседзяў, але ці пойдзе ёй на карысць поўнае збядненне і падзел Грузіі і Малдовы, як пра тое піша Стывен Коўэн? Самавызначэнне Прыднястроўя, Абхазіі ці Паўднёвай Асетыі або іх уваходжанне ў склад Расіі аўтаматычна актуалізуюць пытанне аб суверэнітэце Чачэніі, Татарстану ці Башкартастану, што можа прывесці да распаду Расіі. Таму такія падважнікі ціску застаюцца даволі ўмоўнымі. Расія не наважыцца запусціць механізм, які можа знішчыць яе саму. Расія, такім чынам, не здольная выйграць халодную вайну з Захадам нават на постсавецкай прасторы.

Тэзіс, што Расія можа з лёгкасцю заключыць альянс з антызаходнімі ўрадамі і такім чынам стварыць супрацьвагу ЗША і іх саюзнікам, таксама дастаткова спрэчны. Тэарэтычна можа, але ці будуць такія дзеянні адпавядаць доўгатэрміновым расійскім інтарэсам? Хіба што не. Надзея часткі расійскіх ваенных і палітыкаў на стварэнне альянсу з Кітаем беспадстаўная. Пекін прынцыпова ўхіляецца ад удзелу ў любых ваенна-палітычных саюзах, а тэрмін «стратэгічнае партнёрства», прыняты абодвума бакамі за афіцыйную характарыстыку двухбаковых адносінаў, Кітай інтэрпрэтуе як «нармальныя стасункі», якія прадугледжваюць раўнапраўны дыялог, але не накіраваныя супраць нейкай трэцяй краіны. Магчымыя і іншыя непажаданыя наступствы: цяжка, напрыклад, прадказаць напрамак і характар экспансіі Кітая, калі завершыцца мадэрнізацыя ягонай эканомікі і ўзброеных сілаў.

Альянс з Іранам таксама можа прывесці да цяжкіх наступстваў для расійскай міжнароднай палітыкі. Узгадаем толькі, што ўпартая падтрымка рэжыму Мілошавіча ў Югаславіі ўрэшце прывяла да страты расійскага ўплыву на Балканах. А саюз з такімі краінамі, як Беларусь, Туркменістан і Казахстан, ніяк не цягне на супрацьвагу для НАТО ці ЗША.

Не адпавядае рэчаіснасці, на маю думку, і заява Коўэна аб тым, што ў халоднай вайне не было пераможцаў і пераможаных, бо, маўляў, Буш з Гарбачовым падчас гістарычнага саміту на Мальце ў 1989 г. разам абвесцілі пра спыненне халоднай вайны. Сапраўды, такі факт меў месца, але ці слушна яго інтэрпрэтуе прафесар Коўэн? Мяркую, не варта нагадваць, што ўяўляў сабой сацыялістычны лагер у канцы 1989 г., калі падпісвалася памянёная дэкларацыя: па Усходняй Еўропе пракацілася хваля «аксамітных» рэвалюцый і былыя сатэліты Савецкага Саюзу сталі на дэмакратычныя і капіталістычныя рэйкі, у саюзных рэспубліках утварыліся нацыянальныя рухі, якія дамагаліся незалежнасці сваіх краін ад Масквы, планавая эканоміка стаяла на парозе краху, а Каўказ раздзіралі міжэтнічныя сутыкненні. Усім было зразумела, што ў такіх варунках СССР не здольны больш працягваць гонку ўзбраення і канфрантацыю з Захадам і таму вымушаны падпісаць дэкларацыю пра завяршэнне халоднай вайны. Фактычна, гэта быў акт аб капітуляцыі. Савецкі Саюз адмовіўся ад сваіх ідэалагічных установак (якія ляжалі ў падмурку канфрантацыі) і прыняў заходнія каштоўнасці і мадэлі развіцця – і гэта таксама сведчыць пра паразу СССР у халоднай вайне.

У тэксце Стывена Коўэна ёсць некалькі згадак і пра Беларусь. Усе яны зробленыя ў кантэксце антырасійскіх дзеянняў ЗША. Напрыклад, Коўэн падае ўвядзенне санкцыяў супраць Беларусі як антырасійскі выпад Вашынгтона. Аўтар папікае Амерыку і тым, што яна зацята змагаецца з Лукашэнкам і адначасова падтрымлівае рэпрэсіўныя рэжымы ў Казахстане і Азербайджане. Насамрэч гэта сведчыць толькі пра тое, што амерыканцы не маюць інтарэсаў у Беларусі – таму яны і дазваляюць сабе рэзкія выказванні супраць беларускага лідэра, за якімі, аднак, не стаіць ніякіх сур’ёзных канкрэтных дзеянняў. Не зусім зразумелая логіка Коўэна, калі ён звязвае санкцыі супраць Беларусі з халоднай вайной паміж ЗША і Расіяй. У такім разе санкцыі толькі паспрыяюць далейшаму збліжэнню Расіі з ізаляванай ад вонкавага свету Беларуссю.

У непрыняцці Вашынгтонам беларускага рэжыму праяўляецца ідэалістычная плынь амерыканскай вонкавай палітыкі, якая, аднак, саступае месца рэалістычнай у тых рэгіёнах і ў тых пытаннях, якія закранаюць важныя нацыянальныя інтарэсы ЗША. Рэалізм і ідэалізм заўсёды ідуць поруч у вонкавай палітыцы ЗША, але праяўляюць сябе заўсёды залежна ад пэўных інтарэсаў Вашынгтона.

Апрача ўсяго іншага, Коўэн робіць цікавую выснову: амерыканская палітыка спарадзіла ўпэўненасць у тым, што мэтай халоднай вайны была не барацьба з камуністычным ладам, а з Расіяй як такой. Мяркую, гэтым цверджаннем Коўэн робіць адкрыццё, і так даўно ўсім вядомае. Проста амерыканцу Коўэну, відаць, цяжка і балюча ўсведамляць, што ўсе тыя ідэалістычныя каштоўнасці, якія непарыўна атаясамліваюцца з місіяй Амерыкі ў сусветнай палітыцы, насамрэч нічога не вартыя, і ЗША працягваюць кіравацца ў замежнай палітыцы той самай рэалістычнай парадыгмай, якой кіраваліся дзяржавы Старога Свету ў час «канцэрту нацый», хіба толькі з невялікімі папраўкамі на міжнародныя прававыя нормы і грамадскую думку ў свеце.

І апошняе. Кажучы пра магчымасць змены курсу ў дачыненні да Расіі, Коўэн настойвае на адмове ад «трыумфатарскага» падыходу, ад прыніжэння гэтай «шматпакутнай» краіны, ад падвоеных стандартаў і патрабуе прызнання «законных расійскіх інтарэсаў у яе блізкім замежжы». Такі радыкальны паварот у вонкавай палітыцы можа здзейсніць толькі лідэр новага тыпу, ідэалам якога для Коўэна выступае Гарбачоў. Папулярнасцю Міхаіла Сяргеевіча на Захадзе нікога не здзівіш. Аднак, калі ўжо аўтар з такім спачуваннем ставіцца да расіян і іх меркавання, яму варта было б пацікавіцца іміджам Гарбачова ў той краіне, якой ён кіраваў. Лідэр пераможанай і дэзінтэграванай краіны – варты жалю прыклад для пераймання. І калі нехта хоча бачыць такога чалавека на чале сваёй нацыі, то ўзнікае заканамернае пытанне: а ці жадае ён ёй дабра?

  магістар гуманітарных навук у галіне міжнародных дачыненьняў, навуковы супрацоўнік Цэнтру па праблемах эўрапейскай інтэграцыі пры ЭГУ, асьпірант катэдры міжнародных дачыненьняў БДУ. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» –
«Заходняе вымярэньне беларускага пытаньня» (6/2006).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/12/10