A R C H E П а ч а т а к № 9 (49) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


9-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


 

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Saeculorum novus nascitur ordo¹

Кісліцына, Ганна. Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы. Навуковае выданне. – Мінск: Логвінаў, 2006.

Моцнае і магутнае не мае тых пераваг, якія мае далікатнае і кволае.

Дао Дэ Цзін

Беларусам ужо даўно вядомыя творы – ад слоўніка Ластоўскага да «Старажытнай Беларусі» М. Ермаловіча, – якія хоць і пазіцыянуюцца як навуковыя, насамрэч маюць нашмат больш агульнага з мастацкаю літаратураю ды яшчэ нясуць значны прапагандысцкі зарад. Кніга літаратуразнаўцы Ганны Кісліцынай хутчэй працягвае даўнюю традыцыю падмяняць science на fiction, чым прапануе ўзор традыцыйнага навуковага даследавання. Аўтарка наўпрост працягвае лінію тэарэтыкаў літаратурных навацый В. Акудовіча і Ю. Барысевіча.

Тым не менш, гэта даволі незвычайна – напісаць гісторыю фармавання Новай Літаратурнай Сітуацыі (далей – НЛС) з уласнага суб’ектыўнага гледзішча. Але цікавейшая за нестандартнасць погляду прыналежнасць да пэўнай метадалогіі – дастаткова думкі спадарыні Ганны супаставіць з меркаваннямі спадароў: Дубаўца, Акудовіча, Барысевіча, Вішнёва, Гуменюка… І ў гэтым выяўляецца адметная рыса самой НЛС. Хіба з Кісліцынай пачалася традыцыя не ставіць сваё бачанне ў адзін шэраг з іншымі, калі не больш аб’ектыўнымі, дык хаця б статыстычна больш прадстаўнічымі? Выдаўшы кнігу пад эгідаю ордэна Дружбы народаў Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнае акадэміі навук Беларусі, Ганна Кісліцына толькі прасунула пэўны метад культураўспрымання далей у навуковым кірунку. І ў гэтым сэнсе кніга робіць свой унёсак у тое, што аўтарка заве НЛС, – вось ужо і на навуковай арэне годна выступіў гладыятар, які адстойвае першаснасць нутранага пераканання над дробязнымі флуктуацыямі фактаў.

Найважнейшае адкрыццё постперабудовачнае эпохі ў галіне культуралогіі цалкам змясцілася ў поўнай захаплення фразе расійскага журналіста: «ПИПЛ ХАВАЕТ!». У перакладзе: прыбытковай для творцаў ды асоб, што кормяцца вакол іх, з’яваю культуры можа быць усё, што заўгодна. Ва ўмовах разнастайнасці крыніц фінансавання ды культурнага плюралізму дэклараванне нечага творам культуры (асабліва ж – культурнага авангарду) вызваляе ад неабходнасці адпавядаць якімсьці крытэрам, апроч наяўнасці акта публічнага выяўлення. Дыскурс фрагментуецца. Крытэры страчваюць універсальнасць. Сродкі абгрунтавання прыналежнасці да жанру множацца. Немагчымае робіцца магчымым. Падаецца бессэнсоўным вылушчваць аўтарскія недакладнасці ды суб’ектыўнасці.

Ганна Кісліцына сваёй кніжкай зрабіла яшчэ адзін важкі ўнёсак у развіццё мілай яе сэрцу НЛС – як яна яе разумее. А чаму б і не? З пункту гледжання спадарыні Кісліцынай, сутнасць трансфармацыйных працэсаў у беларускай літаратуры, распачатых пад уплывам гарбачоўскае перабудовы, трэба шукаць у тым, як на нашым літаратурным полі адбывалася прышчэпліванне новых (на той час і менавіта для нашае літаратуры) мастацкіх сродкаў і падыходаў. Цалкам лагічна, што ў наратыўнай частцы кнігі пераважна асвятляецца хроніка літаратурнага эксперыменту – з’явы сапраўды нечуванай паводле як маштабу, гэтак і формаў для літаратурнага жыцця Беларусі познесавецкага перыяду.

Калі б аўтарка акрэсліла тэмай сваёй працы менавіта гэткі эксперымент у адпаведны гістарычны перыяд, тэкст істотна наблізіўся б да канонаў навуковай строгасці. Але ёй хочацца, каб менавіта гэтая дзейнасць, гэтыя людзі й гэтыя падзеі занялі цэнтральнае месца ў гісторыі грамадска-літаратурных пераўтварэнняў апошніх дзесяцігоддзяў – і менавіта ў тым ракурсе, які яна ім надасць. (Свядома ўстрымаемся тут ад разгорнутых прыкладаў – хай пра гэта гавораць людзі, якія мелі да падзей больш шчыльнае дачыненне. Абмяжуемся згадкай пра раман А. Наварыча, дзе, здавалася б, і магчымасць адвольнай трактоўкі, і працаёмкасць праверкі фактаў зведзеныя да мінімуму.) Так, перад намі глыбока асабісты погляд зацікаўленага чалавека дый актыўнага ўдзельніка шмат якіх падзей. Крытыкаваць кнігу за недахоп навуковай аб’ектыўнасці ды ўзважлівай бесстароннасці – гэта ганіць оперу за тое, што ў ёй зашмат музыкі і ўсе спяваюць. Авангард, як з’ява паводле вызначэння малая і кволая ў параўнанні з уласным патэнцыялам, заўсёды патрабуе калі не спрыяльнага, дык спачувальнага асяродку. І гэты асяродак актыўна стварала і стварае Ганна Кісліцына.

«Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы» – перш за ўсё вартасны чалавечы дакумент, які сведчыць пра адданасць аўтаркі пэўным ідэям, датычным літаратурнага жыцця. Дакумент тым больш каштоўны, што пры ўсіх асабістых прыхільнасцях Ганна Кісліцына вельмі цвяроза ацэньвае маштаб і моц уплыву апісаных ёю творчых ініцыятыў. Яна штораз згадвае зацятае маўчанне калялітаратурных СМІ, слабую ўвагу грамадства, малы абсяг аўдыторыі, непрацяглае існаванне перыёдыкаў. Але яна піша пра любае яе сэрцу, і на другі план адсоўваюцца больш трывалыя праявы НЛС, кшталту працяглае дзейнасці ТВЛ, шматгадовай працы «Нашай Нівы», існавання незалежных літаратурных прэмій ці някідкага, але год ад года большага даробку перакладчыкаў. Аўтарка цягнецца да дынамічнага, але няўстойлівага авангарднага асяродку, і можна толькі пагадзіцца, што наяўнасць гэткае з’явы – вельмі важны знак паўнакроўнасці літаратурнага працэсу.

Аднак у тым, мусіць, і асаблівасць БелНЛС, што пры наяўнасці гэткіх знакаў сам працэс ледзьве намацваецца. Знакі ёсць – кантэксту, на які яны нібыта паказваюць, малавата. Але гэта не перашкаджае любіць знакі, узносіць іх на найвышэйшае месца на шкале вартасцяў і – з улікам Новай, і не толькі Літаратурнай, Сітуацыі – ператвараць сваё захапленне ў прафесійны і навуковы занятак. Дык павіншуем з кнігай Ганну Кісліцыну!

  крытык літаратуры. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – рэцэнзія
«Апокрыф зьнявераных»
(5/2006).

1 Нараджаецца новы парадак вякоў (лац.).

Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (49) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/03