A R C H E П а ч а т а к № 1-2 (53) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


1-22007
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

  АЛЕСЬ АНЦІПЕНКА

Вокладка «ARCHE» №1-2
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алесь Анціпенка
Незалежная беларуская прэса на мяжы знікнення:
Што значыць такая сітуацыя?

«О чем наши альтернативные СМИ будут рассказывать? Это самый главный вопрос».

П. Марцаў

«То есть мы все-таки пришли к тому, что основной вопрос — это вопрос... о том, каким содержанием наполнить имеющиеся медиапроекты».

В. Шпарага

Цягам кастрычніка гэтага года сайты «Наше мнение» і «Новая Европа» правялі дыскусію, прысвечаную праблемам і перспектывам незалежных медыяў1.

Дыскусія канстатавала: незалежная беларуская прэса апынулася на мяжы знікнення. Увідавочыла яна і яшчэ адну праблему — пэўную крызу ў разуменні перспектыў выйсця з гэтай сітуацыі. А крыху нечаканым вынікам дыскусіі сталіся высновы, вынесеныя ў эпіграф.

Мэта артыкула палягае, аднак, не ў тым, каб рэанімаваць дыскусію. Хутчэй, гэта спроба акцэнтаваць увагу на некаторых магчымасцях развіцця незалежных СМІ, на праблеме зместу ды мэтазгоднасці падтрымкі тых ці іншых медыя-праектаў.

ПАЗАМЕДЫЙНЫЯ ЗАДАЧЫ І ЯКАСЦЬ ЖУРНАЛІСТЫКІ

Ігнараванне рэальнай патрэбы грамадства ў альтэрнатыўнай (насамрэч — усебаковай) інфармацыі, а таксама прыпісванне медыям выключна інструментальнай функцыі (што мажліва, калі забыцца на журналісцкую этыку) — адна з галоўных прычынаў, чаму ў грамадствах, дзе адсутнічае традыцыя свабоды слова, медыі самі робяцца аб’ектамі маніпулявання. Інакш кажучы, ператвараюцца ў ідэалагічныя інструменты.

І хоць у выніку крытычных заўваг П. Марцаў сфармуляваў пазней больш мяккую (контр)прапагандысцкую канцэпцыю зместу альтэрнатыўных медыяў2, разуменне іх ролі засталося, аднак, нязменнае. Працытуем фрагмент з трэцяга «круглага стала»:

Адносна першай пастаноўкі праблемы, а менавіта мас-медыя з гледзішча рэалізацыі мабілізацыйнай і прапагандысцкай функцый — не будзем палохацца гэтых словаў, — я выказаў меркаванне, што яны мусяць быць нацэленыя на пэўны вынік.

І калі нашы палітыкі ставяць мэту здзейсніць перамены ў краіне, а адмыслоўцы сферы медыяў прымяркоўваюцца да гэтай задачы са сваім інструментарыем, дык адсюль і ўзнікае прапанова накшалт таго, што і было агучана: тэхналагічная і фінансавая канцэнтрацыя з мэтай фармавання чатырох, трох, мажліва, нават аднаго СМІ — залежна ад таго, як яно будзе працаваць.

І сапраўды, не варта пужацца сітуацыі, калі палітыкі, якія хочуць здзейсніць перамены, ствараюць медыі з прапагандысцкімі і мабілізацыйнымі функцыямі. Больш за тое, кепска, што яны так і не здолелі стварыць іх дагэтуль. Непакоіць іншае, а менавіта — тое, што «адмыслоўцы сферы медыяў прымяркоўваюцца да гэтай задачы са сваім інструментарыем» і пры гэтым актыўна выступаюць супраць іншых медыя-праектаў, а да таго ж хочуць манапалізаваць медыйную прастору праз існаванне ў ёй «мажліва, нават аднаго СМІ»3.

  папулярны беларускі філёзаф, укладальнік «Анталёгіі сучаснага беларускага мысьленьня» (2003). Ягоны апошні аналіз у «ARCHE» выйшаў летась увесну («Пэрспэктыўны праект «Саюзнай дзяржавы»?» (4/2006)). Гэты тэкст становіць сабой дапрацаваную вэрсію публікацыі, першапачаткова зьмешчанай на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў пад назвай «Перафарматаваньне інфармацыйнай прасторы: зьмест і функцыі мэдыяў».

1 Гл.: «Проблемы и перспективы независимых СМИ» // Наше Мнение. 02.10.06;
«Развеять туман над Беларусью — и оставить куликов в покое» // Новая Европа. 18.10.06; і «Проблемы и перспективы независимых СМИ (II) // Наше Мнение. 24.10.06.

2 «Под «контрпропагандой» понимается иная подача информации, иной подбор новостей, соответственно, иная информационная картина».

   
Па вялікім рахунку, я не праціўнік партыйнай журналістыкі. Але варта прызнаць, што прапагандысцкія і мабілізацыйныя функцыі не ёсць уласна медыйнымі, калі пад медыямі разумець сродкі інфармацыі, пры дапамозе якіх у публічнай прасторы культывуецца свабода слова ды іншыя дэмакратычныя каштоўнасці.

Гэткім чынам, сфармуляваная сп. Марцавым задача — партыйная і палітычная. А прапанаваны праект, хоць і можа на нейкі кароткі час стацца дамінантным, але ні ў якім разе не павінен быць адзіным.

З увагі на сказанае сумнеўнымі з’яўляюцца і цверджанні адносна таго, што спонсары, падтрымліваючы малыя праекты, «разбэшчваюць прафесійныя кадры» і што «толькі ў нармальным, добра адладжаным, дастаткова маштабным сродку масавай інфармацыі ствараюцца ўмовы, якія прымушаюць удасканальвацца».

Аргументы відавочна не прымальныя. Бо любы прапагандысцкі медыя-праект ужо па вызначэнні не мае нічога супольнага з якаснай журналістыкай. А калі падобныя праекты прэтэндуюць яшчэ і на тое, каб зманапалізаваць медыя-прастору, дык яны, пасля таго, як змены адбыліся, ператвараюцца ў зручную пляцоўку дзеля таго, каб зманапалізаваць і медыя-бізнес. На практыцы гэта азначае, што незалежныя журналісты і грамадзянская супольнасць зноў апынаюцца перад неабходнасцю змагання за свабодныя і некантраляваныя СМІ.

ФУНКЦЫІ І ЗМЕСТ МЕДЫЯЎ

Дык якія медыі патрэбныя тады ў сённяшняй сітуацыі і якім мусіць быць іхні змест?

Пачнём з простай канстатацыі. У любым грамадстве медыі — гэта крыніца ўяўленняў пра сацыяльную рэчаіснасць, канструктар культурніцкіх сэнсаў, прастора функцыянавання грамадскай апініі, а таксама рэпрэзентант інтарэсаў розных сацыяльных і палітычных груповак. Калі, зыходзячы з гэтых крытэраў, паглядзець на нашую медыя-сітуацыю, дык выразна бачна, што ў ёй адбываецца і якія рэальныя функцыі медыі ў ёй выконваюць альбо не выконваюць.

Што да дзяржаўных медыяў, дык іхныя функцыі досыць ясныя: вертыкальная падтрымка ўлады, адпаведным чынам прэпараваная карцінка сацыяльнай рэчаіснасці (мы ўсім абавязаныя вядома каму), выпрадукаванне прымітыўных культурніцкіх і сацыяльных сэнсаў (кшталту «чарка ды шкварка» альбо «цвярозы і здаровы лад жыцця» ў залежнасці ад таго, ужывае канкрэтны чалавек алкаголь ці не) ды атаясамленне інтарэсаў уладнай групоўкі з інтарэсамі усяго беларускага народа.

Недзяржаўныя медыі (прэса), хоць і не падпадаюць пад падобную характарыстыку, але зусім не пазбаўленыя іншых хібаў, нават калі браць пад увагу і значна лепшыя для іх часы. Напрыклад, трэба прызнаць, што, выбудоўваючы сваю карцінку, перадусім палітычнай рэчаіснасці, яны даволі часта былі не менш тэндэнцыйныя за дзяржаўныя. А некаторыя не змянілі сваіх базавых інтэрпрэтацыйных схемаў і па сёння.

Што да канструявання сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў, дык некаторыя друкаваныя выданні нават і не ўсведамлялі (ці не ўсведамляюць дагэтуль) неадпаведнасці трансляваных імі ў беларускую сітуацыю канцэптаў. Даволі распаўсюджаная практыка — публікацыя на старонках шэрагу недзяржаўных выданняў (палітычна арыентаваных на беларускую прастору) кантэкстуальна неадэкватных культурніцкіх і гістарычных тэкстаў.

Напрыклад, беларускаму чытачу сістэмна распавядаюць пра слаўныя старонкі расійскай гісторыі, выбітных дзеячаў расійскай культуры, актыўна друкуюць інтэрв’ю з маскоўскімі акторамі ці поп-зоркамі (а чаму не кіеўскімі альбо варшаўскімі?!).

Пры ўсёй цікавасці падобных матэрыялаў апошнія не маюць аніякага дачынення да выпрадукавання новых культурніцкіх сэнсаў, акрамя аднаго і вельмі старога: Беларусь — гэта правінцыя Расіі.

Не нашмат лепей выглядае сітуацыя і з выпрадукаваннем пазітыўных сацыяльных і незалежніцкіх сэнсаў. Некаторыя недзяржаўныя медыі ці эксперты, па меркаванні якіх тыя звяртаюцца, па-ранейшаму шчыра гаруюць з прычыны «тармажэння беларускім бокам» працэсаў інтэграцыі з Расіяй ды выкрываюць «падманы» лукашэнкаўскай улады на шляху ўвядзення «адзінай валюты».

У нашу задачу, вядома ж, не ўваходзіць аналіз зместу недзяржаўных медыяў. Сказанае, аднак, дазваляе сцвердзіць, што сёння мы маем справу і з пэўнай крызай зместу медыяў (перадусім — крызай выпрадукавання сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў), якая ў выпадку з рэгіянальнымі газетамі абцяжараная яшчэ і самацэнзурай.

Вінаваціць у гэтым адно незалежныя СМІ было б несправядліва. Бо разуменне ды інтэрпрэтацыя сацыяльных працэсаў — задача, перадусім, інтэлектуальнай і культурніцкай супольнасцяў краіны.

Між тым крыза актуалізуе некаторыя іншыя праблемы, а менавіта — а) якаснай журналістыкі; б) разнастайнасці незалежных медыя-праектаў і в) рэалізацыі шэрагу інтэлектуальных (аналітычных) і культурніцкіх праектаў, якія акурат і патрэбныя дзеля выпрадукавання ці актуалізацыі новых сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў)4.

  3 Аналагічнай пазіцыі прытрымліваецца і спн. Калінкіна: «І ў сферы друкаваных СМІ, мне падаецца, можа быць толькі адзін адэкватны адказ: гэта праект масавага тыражнага штодзённага выданьня, якое не прадаецца, а проста раздаецца — на двары, па паштовых скрынях. (...) Але калі аднаго такога (ці нават двух-трох) масавых выданняў не будзе, то прынцыпова сітуацыя не зменіцца».

   
І, нарэшце, медыі як рэпрэзентанты інтарэсаў розных сацыяльных і палітычных груповак. Гэта самая парадаксальная для нашых медыяў функцыя. Бо значная частка грамадства, не ўсведамляючы гэтых інтарэсаў, адпаведна не мае патрэбы ў іх палітычнай рэпрэзентацыі. Такая сітуацыя — вынік сістэмнай палітыкі, мэта якой праз выцясненне незалежных медыяў ці апазіцыйных палітыкаў і партый з публічнай прасторы фрагментаваць грамадства, г. зн. парушыць каналы камунікацыі паміж рознымі яго сегментамі (сацыяльнымі, палітычнымі, культурніцкімі). Нарэшце, звузіць публічную прастору як месца фармавання грамадскай апініі, абмену крытычнымі думкамі і меркаваннямі.

Гэткім чынам, паводле кантрасту, робіцца відавочнай і супрацьлеглая (пазітыўная) функцыя альтэрнатыўных медыяў — удзельнічаць у выбудове гарызантальных сувязяў салідарнасці і прамоцыі грамадзянскіх каштоўнасцяў.

З гэтага вынікае і яшчэ адна канкрэтная задача — развіццё такіх медыяў, якія самі з’яўляліся б часткай працэсу фармавання ці ўмацавання розных супольнасцяў як тэрытарыяльных, так і экстэрытарыяльных. Але гэта ўжо ня ёсць уласна журналісцкай справай.

ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ МЕДЫЯЎ

У папярэдніх раздзелах я наўмысна пазбягаў карыстання тэрмінамі «СМІ» ці «мас-медыі» датычна сённяшняй беларускай сітуацыі. А збольшага ўжываў слова «медыі». Рэч у тым, што медыі — гэта проста сродак перадачы інфармацыі. А каб ператварыць яго ў сродак масавай інфармацыі, трансляваны праз яго змест мусіць зрабіцца цікавым дзесяткам, сотням, тысячам чытачоў, гледачоў ці слухачоў. Другая істотная характарыстыка медыяў як СМІ — лёгкі і зручны доступ да выпрадукаванага зместу. І, нарэшце, выпрадукаваная інфармацыя мусіць быць хутка, аператыўна «растыражаваная».

Няцяжка заўважыць, што названыя характарыстыкі можна лёгка выкарыстаць і ў якасці крытэраў для ацэнкі эфектыўнасці СМІ. Гэткім чынам, СМІ тым больш эфектыўныя, чым больш цікавы іхні змест, чым зручнейшы доступ да выпрадукаванага зместу і чым больш аператыўна «растыражаваная» інфармацыя. (Можна сказаць і так: мас-медыі тым больш эфектыўныя, чым меней часу ім неабходна, каб растыражаваць выпрадукаваную інфармацыю і даставіць яе як найбольшай колькасці зацікаўленых спажыўцоў.)

Цяпер, калі ацэньваць эфектыўнасць розных медыяў, што існуюць унутры краіны, дык можа падацца, што недзяржаўныя СМІ прайгралі дзяржаўным у «змаганні» за аўдыторыю. Тое, аднак, зусім не так. Бо дамінантнае становішча апошніх — вынік не канкурэнцыі «зместаў», а блакавання выхаду і распаўсюду недзяржаўнай прэсы. Вынік датавання дзяржаўных СМІ ды адсутнасці медыярынку. Раней, як вядома, падобнымі спосабамі былі выцесненыя з інфармацыйнай прасторы і незалежныя электронныя медыі. Што ж з гэтага вынікае? І ў якіх кірунках незалежныя медыя-праекты могуць развівацца?

ВЫСНОВЫ

  • эфектыўнасць тых ці іншых незалежных медыя-праектаў у сённяшняй сітуацыі не мусіць ацэньвацца адно праз «тэхнічныя» крытэрыі, напрыклад, «ахоп» вяшчання ці колькасць чытачоў незалежнага выдання. Няма сумневу, што «тэхнічныя» характарыстыкі мусяць быць як мага больш высокімі, аднак яны не з’яўляюцца пакуль што стратэгічна вызначальнымі. Стратэгічна вызначальным з’яўляецца выпрадукаванне недзяржаўнымі СМІ адэкватнага сённяшнім рэаліям зместу ды актуалізацыя розных сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў незалежнага беларускага грамадства;
  • істотная задача недзяржаўных медыяў — выйсце з постсавецкай, ці т. зв. «адзінай інфармацыйнай прасторы», праз актуалізацыю еўрапейскага інфармацыйнага і культурніцкага кантэкстаў дзеля будучага дэмакратычнага развіцця краіны;
  • недзяржаўныя медыі мусяць правесці рэвізію сваіх інтэрпрэтацыйных мадэляў беларускай рэчаіснасці, што з’яўляецца неабходнай умовай прадукавання больш якаснага інфармацыйнага прадукту. Запатрабаванасць такога прадукту істотна ўзрасце ў выпадку любых праяваў сацыяльнай ці палітычнай крызы ў грамадстве. Адпаведна, кшталтаванне высокіх прафесійных стандартаў — першачарговая задача незалежнай журналісцкай супольнасці краіны;
  • відавочна, што Інтэрнет з’яўляецца самым аператыўным, свабодным і даволі распаўсюджаным сродкам публічнай камунікацыі. Адпаведна, незалежныя (друкаваныя і электронныя) медыі павінны мець як тэхнічныя, так і іншыя магчымасці прысутнасці ў інтэрнет-прасторы. Зразумела, што Інтэрнет мусіць стацца месцам развіцця і самых розных іншых незалежных медыя-праектаў;
  • у звязку з тым, што ў беларускім грамадстве істотна парушаныя гарызантальныя сувязі (грамадства знаходзіцца ў стане фрагментаванасці), важнымі з’яўляюцца тыя медыя-праекты, якія базуюцца на канцэпце «грамадзянскай журналістыкі» (civic journalism);
  • з названай прычыны істотнымі з’яўляюцца таксама і такія медыя-праекты, якія альбо ўдзельнічаюць, альбо з’яўляюцца часткай працэсу фармавання тэрытарыяльных і экс-тэрытарыяльных супольнасцяў (культурніцкія, адукацыйныя, інтэлектуальныя, моладзевыя ды іншыя медыя-праекты);
  • няма сумневу, што ў пэўнай перспектыве дзяржаўныя медыі (як ідэалагічны інструмент улады) сутыкнуцца з сур’ёзнай крызай зместу (першыя праявы такой крызы былі відавочныя падчас сакавіцкіх падзеяў у Мінску, калі тысячы маладых людзей публічна выказвалі сваё абурэнне асвятленнем дзяржаўнымі СМІ падзеяў на Плошчы). Не выключана, што пэўная сітуацыя крызы можа паўстаць і ў найбліжэйшай перспектыве ў звязку з беларуска-расійскімі дачыненнямі;
  • далейшае развіццё замежнага радыё- і тэлевізійнага вяшчання, нягледзячы на нізкую тэхнічную — параўнальна з вяшчаннем унутры краіны — эфектыўнасць, з’яўляецца імператыўнай неабходнасцю. Бо, акрамя ўсяго іншага, у выпадку блакавання інфармацыйных інтэрнет-рэсурсаў яно можа аказацца адзінай шырока даступнай крыніцай інфармацыі.
  •   4 У звязку з гэтым падтрымка доўгатэрміновых нацыянальна-культурніцкіх, інтэлектуальных і адукацыйных праектаў, якія спн. Калінкіна не зусім адэкватна называе як «адраджэнне, абуджэнне народа, адукацыя», не толькі важная, але і ў сітуацыях крызы — стратэгічна неабходная.
    Пачатак  Цалкам Форум

    № 1-2 (53) - 2007

    да Зьместу

    Праект ARCHE

    да Пачатку СТАРОНКІ


    Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
    Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
    Апошняе абнаўленьне: 2007/04/15