A R C H E | П а ч а т а к | № 1-2 (53) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
УЛАДЗІМІР САКАЛОЎСКІ | ||||
Беларуская Біблія ў нямецкім выкананні Biblia ruska, vyložena doktorom Franciskom Skorinoju Evanhelije in der Übersetzung des Vasil Tjapinski um 1580: Гэты артыкул прысвечаны беларусазнаўчай дзейнасці нямецкіх славістаў Ганса Ротэ з Бона і Фрыдрыха Шольца з Мюнстэра, а таксама выданням у серыі «Біблія славіка», дзе выйшлі тамы «Біблія руска. Выложена доктором Францішком Скоріною. Прага 1517—1519. Каментары; «Апостал». (Вільна, 1525). Факсіміле і каментары» (2002) і, нарэшце, новае факсіміле В. Цяпінскага «Словы Хрыстовы» (2005). Задума ўзнавіць пераклады Біблій на славянскіх мовах узнікла яшчэ ў 80‑я гады мінулага стагоддзя, калі нямецкі славіст Р. Олеш рыхтаваў да выдання польскі старадрук Яна Ніча Леаполіту (1561). Паралельна Г. Ротэ прапанаваў ідэю выдаць факсімільна ў адной серыі ўсе найважнейшыя пераклады Біблій славянскіх народаў. Ужо ў 1985 г. была распрацавана сталая праграма. Яна складалася з 6 частак: Бібліі чэшскай (14 т.), польскай (6 т.), усходнеславянскай (5 т.), паўднёваславянскай (3 т.), славацкай (2 т.), літоўскай (7 т.). Важная рыса праекта — побач з тэкстамі кожнага выдання даюцца вычарпальныя каментары. Да гэтай аб’ёмнай і важнай працы прыцягваліся найбольш кваліфікаваныя навукоўцы. Праца здзяйснялася выключна на прыватнай аснове, зусім без дзяржаўнай дапамогі і фінансавалася асабістымі фондамі. Да сёння выпушчана 36 тамоў. У партфелі рэдакцыі «Біблія славіка» ёсць яшчэ тры выпускі ў 5 тамах: беларускі, славенскі і польскі. Выданне серыі плануецца скончыць да 2008 г. З беларускіх старадрукаў чакаюць выпуску «Катэхізіс» Сымона Буднага і «Малая падарожная кніжка» Францыска Скарыны. Г. Ротэ не раз ужо адзначаў, што сярод усходнеславянскіх перакладаў беларускія належаць да найважнейшай часткі праекта «Біблія славіка». І першым томам з усходнеславянскага раздзела было запланавана выданне Бібліі Ф. Скарыны, але яно парушылася выпускам трохтомавай скарынаўскай Бібліі ў 1990 г. у Мінску. Аднак у мінскім выданні адсутнічалі разгорнутыя каментары і кніга «Апостал» (1525). Тады нямецкі бок вырашыў запоўніць гэты прагал, ажыццявіўшы сваё выданне. Яно складаецца з дзвюх частак. У першай змешчаны каментары да «Факсімільнага ўзнаўлення Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1915—1919 гадах у 3 тамах (Мінск, 1990—1991)», у другой — факсімільнае выданне «Апостала» 1525 г. Першая частка складаецца з сямі грунтоўных раздзелаў, падрыхтаваных беларускімі навукоўцамі АН Беларусі і Скарынаўскага цэнтра з удзелам аўтара гэтых радкоў і прафесара Лонданскага універсітэта А. Макміліна. Адкрываецца яна невялікім уступным словам А. Мальдзіса. Г. Ротэ з увагай падбіраў перакладчыкаў, імкнучыся да таго, каб яны змаглі захаваць стыль беларускіх тэкстаў — як сучасных, так і старажытных. Другую частку кнігі складаюць факсімільныя тэксты «Апостала», выдадзенага доктарам Францыскам Скарынам з Полацка ў Вільні ў 1525 г. Тут узнаўляецца ён упершыню. У Беларусі было зроблена факсімільнае выданне Бібліі Скарыны ў трох тамах, але засталіся неперавыдадзенымі дзве ягоныя значныя кнігі — «Апостал» і «Малая падарожная кніжка». Да «Апостала» падаецца каментар Г. Ротэ пад тытулам «Апостал. Вільна, 1525. Яго даследаванні і крыніцы». Гэта надзвычай дэталёвае, грунтоўнае манаграфічнае даследаванне на 112 старонках. На жаль, яно выдадзена на нямецкай мове і будзе недасяжнае як для шырокага беларускага чытача, так і тых навукоўцаў, якія не валодаюць нямецкай мовай. Кніга рыхтавалася цягам больш як дзесяці гадоў. Праца пачалася пасля прапановы прафесара Г. Ротэ да беларускага боку падчас Міжнароднага сімпозіума «Беларусь і Захад» падрыхтаваць матэрыялы для выдання Бібліі Ф. Скарыны ў нямецкай серыі «Біблія славіка», перш за ўсё зрабіць грунтоўны каментар да скарынаўскіх тэкстаў. Была створана самастойная група з вышэйназваных беларускіх навукоўцаў, якія і распачалі падрыхтоўку каментараў. На працягу 1991—1992 гг. сфармаваўся сталы калектыў аўтараў і была канчаткова вызначаная тэматыка і структура будучай кнігі, а пры канцы 1993 г. матэрыялы яе былі перададзеныя нямецкаму боку. Зацяжка працы над кнігай была абумоўлена тым, што ў Нямеччыне не так лёгка было знайсці спрактыкаваных перакладчыкаў з старабеларускай мовы. У другой палове 2005 г. у прыватным нямецкім выдавецтве Фэрдынанда Шонінга выйшаў чарговы фаліянт факсімільнага выдання помніка беларускай рэнесанснай думкі — «Евангелле» ад Матвея і Марка ў перакладзе Васіля Цяпінскага. Том ўяўляе з сябе кнігу памерам 24х34 см, выдадзеную на высокаякаснай светла‑жоўтай паперы і забяспечаную высокакваліфікаваным навуковым апаратам. Том падрыхтаваны беларускім навукоўцам Г. Галенчанкам. У нямецкай серыі ўпершыню прадстаўлены чытачу не толькі поўны тэкст «Евангелля», падрыхтаваны на дзвюх мовах: царкоўнаславянскай і беларускай са шматлікімі глосамі, спасылкамі на літаратурныя крыніцы, але і матэрыялы з іншай спадчыны беларускага асветніка. Да «Евангелля» дадаецца Прадмова, якая захавалася да сёння толькі ў адным экзэмпляры ў зборах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт‑Пецярбургу. У выданні змешчана найбольш поўная бібліяграфія публікацыяў дакументаў пра В. Цяпінскага і ягоны род. Аснову выдання складае тэкст, часам з пашкоджанымі старонкамі. Аднак дзякуючы намаганням выдавецтва ён якасна адноўлены. Абавязкі навуковага рэдактара ўзяў на сябе Г. Галенчанка. Дзякуючы ягонай ініцыятыве, ягоным клопатам і намаганням былі падрыхтаваны якасныя фотакопіі асноўнага экзэмпляра. Ён таксама пракаментаваў большасць матэрыялаў. У раздзеле «Дакументы і матэрыялы: рэестры» прыводзяцца ўсе вядомыя, а часткова і невядомыя дагэтуль крыніцы, дзе, пачынаючы з ХVІ ст., маюцца ўпамінкі пра Цяпінскага. Застаецца дадаць, што выдаўцы прысвяцілі гэтую публікацыю Полацкаму універсітэту. |
(нар. 1930) — дасьледнік беларуска‑нямецкіх дачыненьняў. Апошняя публікацыя ў нашым часопісе — рэцэнзія «Новае выданьне па гісторыі Беларусі» |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (53) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |