A R C H E П а ч а т а к № 1-2 (53) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


1-22007
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ЗЬМІЦЕР САЎКА

Вокладка «ARCHE» №1-2
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

З. Ф. Саўка
Правілы левапісу,
або Што нас чакае, калі новая рэдакцыя
«Правілаў беларускага правапісу і пунктуацыі»
стане афіцыйным дакументам

І. СТАТЫСТЫКА ВЕДАЕ ЎСЁ

Для пачатку пазнаёмімся з будоваю і аб’ёмам структурных частак новай рэдакцыі «Беларускага правапісу і пунктуацыі». Для больш упэўненай ідэнтыфікацыі дакумента, у прадмове да рэцэнзіі мы назвалі яго Міністэрскім праектам (далей — проста Праект). Падаецца паводле стану на 27 кастрычніка 2006 г.

Праект складаецца з двух раздзелаў:

Раздзел І. Арфаграфія: 116 742 (знакаў з прабеламі);
49 % ад агульнага аб’ёму тэксту.

Раздзел ІІ. Пунктуацыя: 121 534; 51 %.

Разам: 238 276.

(Вядома ж, лепш было б раздзелы назваць часткамі, а главыраздзеламі, як гэта было ў папярэдніх рэдакцыях Праекта. Зрэшты, пра мову Праекта мы пагутарым далей.)

Здавалася б, цалкам натуральна, што ў дакуменце, у назве якога ў якасці роўнаўзроўневых называюцца і арфаграфія, і пунктуацыя, — гэтыя дзве складовыя часткі і мусяць быць калі не роўнымі па аб’ёме, то хоць бы супастаўляльнымі. Аднак калі ўлічыць, што (1) арфаграфія патрабуе прынамсі сур’ёзнай карэкцыі (у 1992 г., адказваючы на анкету газеты «Наша слова», 87,8 % рэспандэнтаў адзначылі, што іх не задавальняе сучасны стан беларускага правапісу), а пунктуацыя, хоць і складаная, аднак, збольшага задавальняе карыстальнікаў; (2) у арфаграфічнай частцы прапаноўваюцца заўважныя змены, а ў пунктуацыйнай ніякіх змен не прадугледжваецца, — раздзел «Арфаграфія» мусіў бы быць значна большы, а раздзела «Пунктуацыя» магло б і не быць увогуле.

Адным з довадаў на карысць перавыдання «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» быў наступны:

Книга, изданная в 1959 году, уже давно стала библиографической редкостью и почти недоступна для пользователей1.

Магчыма, міністр не ведае, што: за мінулае пяцідзесяцігоддзе выйшлі сотні падручнікаў і дапаможнікаў, якія не горш (а часам і лепш) за Звод-1959 дапамагаюць засвоіць правілы пастаноўкі знакаў прыпынку; нават у невялікай перыферыйнай кнігарні вы знойдзеце некалькі кніжак адпаведнай тэматыкі, выдадзеных камерцыйнымі выдавецтвамі. Зрэшты, да раздзела «Пунктуацыя» мы вернемся ніжэй. А цяпер — аб правапісе.

Структура раздзела «Арфаграфія»

Глава 1. Правапіс галосных: 13 981 (знакаў з прабеламі).
Глава 2. Правапіс зычных: 14 472.
Глава 3. Правапіс мяккага знака i апострафа: 5 318.
Глава 4. Правапіс абрэвіятур: 5 229.
Глава 5. Правапіс некаторых марфем: 22 269.
Глава 6. Правапіс вялікай i малой літар: 25 985.
Глава 7. Правілы напісання разам, праз злучок і асобна: 27 105.
Глава 8. Правілы пераносу: 2 411.

dyjagrama-sauka (29K)

(1) Разам, праз злучок, асобна — 23 %
(2) Перанос — 2%
(3) Якасьць літар — 53%
(4) Рэгістар літар — 22%

Тлумачэнні да дыяграмы

Група «Якасць літар» — наша назва для глаў 1—5 «Правапіс галосных», «Правапіс зычных», «Правапіс мяккага знака i апострафа», «Правапіс абрэвіятур», «Правапіс некаторых марфем» (разам: 61 269 знакаў з прабеламі).
Група «Рэгістр літар» — наша назва для главы 6 «Правапіс вялікай i малой літар».


Найперш звяртаюць на сябе ўвагу наступныя моманты:

1) наяўнасць не традыцыйнай для падобнай літаратуры структурнай часткі «Правапіс марфем», які, да таго ж, аб’ёмам значна перавышае любую з глаў групы «Якасць літар»;

2) правапіс раздзяляльных сродкаў вылучаны ў асобную главу, хоць звычайна матэрыял адпаведнага зместу падаецца ў частцы «Правапіс зычных»;

3) гіпертрафія главы 6 «Правапіс вялікай i малой літар»;

4) главы 5—7 значна аб’ёмнейшыя за 1—4.

Аналізуючы Праект, будзем рухацца не лінейна — ад главы да главы, а ад самага балючага.

ІІ. ТАТАЛЬНАЕ АКАННЕ

ІІ.1. Страчаныя сімвалы
Аканне ў спалучэнні -io

Мы предлагаем распространить закон аканья на все слова: «трыа», «адажыа», «Токiа».

Виктор Ивченков2

 

Прынятыя скароты: БелСЭ - Беларуская Савецкая Энцыклапедыя.
Т. 1-12.
Мн., 1969-1975;

БелЭн - Беларуская энцыклапедыя.
Т. 1-18.
Мн., 1996-2004;

СБМ - Слоўнік беларускай мовы / АН БССР; Інстытут мовазнаўства; Пад рэд М. В. Бірылы. Мн., 1987; СІС - А. М. Булыка.

Слоўнік іншамоўных слоў / БелЭн. Т. 1-2. Мн., 1999.

1 А. Радзькоў. БелТА. 2006. 30 жніўня.

   

Сутнасць праблемы

Адзначым адразу, дарма В. Іўчанкаў накрэсліў гэтыя словы на сцягу Праекта, зрабіўшы іх сімвалам зменаў, бо:

а) большасць беларусаў нават не ведае, што абазначаюць згаданыя лексемы, гэта абсалютная моўная перыферыя: слоў трыо, адажыо, а пагатоў Токіо (мена­віта праз о яны замацаваныя ў цяперашнім правапісе) няма ні ў водным выпуску «Частотнага слоўніка беларускай мовы»3, гэта значыць ні ў адным стылі яны не ўваходзяць у першыя 20 тысяч (прыкладна столькі лексем трапіла ў кожны з выпускаў) найбольш ужывальных слоў;

b) гэткім чынам аўтары Праекта не столькі супакоілі публіку мізэрнасцю змен, колькі насцеражылі: «Няўжо дзеля нейкага адажыа ўсё гэта і прыдумана?! Відаць, там хаваецца нешта яшчэ» (аказалася, што сапраўды хаваецца, але не так шмат, як можна было б меркаваць);

c) правапіс гэтых слоў не рэгулюецца асобнай арфаграмай, а самі яны прыво­дзяцца ў тэксце параграфа 2 «Літары о, ё», хоць у словах трыа і адажыа няма ні о, ні ё; больш адпаведным месцам для фармулявання правапісу гэтых лексем было б асобнае правіла пра перадачу спалучэнняў «і + галосны» (у тым ліку, іо) у запазычаннях;

d) гэта ці не самая спрэчная прапанова Праекта;

c) не ўпэўненыя ў сваім рашэнні, аўтары Праекта... прыбралі два з трох слоў-сімвалаў з апошняга, «восеньскага» варыянта Праекта (у «летнім» варыянце яны яшчэ былі). А нацыя ўжо паспела начуцца пра тое, што цяпер трыо і адажыо, а будзе трыа і адажыа; пра гэта абвясціў у адмысловым рэпартажы на ўсю Расію («А чиво, пусть знают!») канал НТВ.

Два музычныя тэрміны мусілі сімвалізаваць цяперашнюю складанасць і меркаваную простасць правапісу. Аднак заданні з названымі лексемамі рэдка калі трапляюцца ў тэстах; з іншага боку, яны прапісаны ў кожным даведніку для абітурыентаў, тым больш што яны ўваходзяць у колькасна невялікую, аднак выразна прапісаную ў правілах групу назоўнікаў на -іо. Такім чынам, «абвінавачанне» названым тэрмінам у тым, што выключнасць менавіта іх графічнага асваення замінае карыстальнікам мовы быць пісьменнымі, зусім беспадстаўнае.

Гісторыя праблемы

У актуальным правапісе іншамоўнае канцавое -іо асвойваецца мінімальна:

Пастанова №249 ад 11 мая 1957 г.: І. а) Ненаціскное о перадаваць праз а незалежна ад паходжання слова... Выключэнне: пасля галосных канцавое ненаціскное о захоўваецца: ада́жыо, капры́чыо, сальфе́джыо, тры́о; Анто́ніо, Ма́о, Ца́о, Ся́о; Анта́рыо, Більба́о, Мінда­на́о, Цында́о, То́кіо

(Усе вылучэнні тлустым і падкрэсліваннем тут і далей — нашы. — З. С.)

Сітуацыя, пры якой -іо ў сярэдзіне і на канцы слова асвойвалася па-рознаму, не задавальняла Правапісную камісію ТБМ, якая рэкамендавала наступнае рашэнне:

Камісія ТБМ: Перадаваць іншамоўныя спалучэнні галосных, першым з якіх з’яўляецца і або ы, пры дапамозе ўстаўкі j (на пісьме абазначаецца праз ётавыя літары е, ё, ю, я): адажыё, трыё, імпрэсарыё, Рыё, Антоніё, Токіё, Сільвіё, трыюмф, радыюс, кансіліюм, прэзідыюм.

Як бачым, гэтаму правілу прапаноўвалася падпарадкаваць не толькі спалучэнне іо, але таксама iu (праўда, у высновах Дзяржкамісіі ды ў праекце Падлужнага iu з правіла вывелі):

Дзяржкамісія: На канцы запазычаных слоў пісаць іё, ыё, а не іо, ыо: трыё, радыё, рацыё, сальфеджыё, Антоніё, Сільвіё, Рыё-дэ-Жанейра.

Праект Падлужнага: Спалучэнні галосных іо пад націскам і іа не пад націскам перадаюцца як іё (ыё), іё (ыя): радыё, трыё, адажыё, Токіё, Рыё-дэ-Жанэйра; біёлаг, сацыёлаг, трыёд, шпіён, іён; біялогія, сацыялогія, трыяда, шпіянаж, аўдыявізуальны, варыяскапічны, варыяфільм. У некаторых словах іо (іа) захоўваюцца, калі з іё слова гучыць немілагучна (дыоптрыя, эфіоп, ніобіевы)...

Аднак аўтары Міністэрскага праекта адкінулі нават тое, што ўтрымлівалася ў праекце Падлужнага, і прапанавалі самае, на нашу думку, няўдалае рашэнне:

Міністэрскі праект («летні» варыянт): § 1. Літара о пішацца толькі пад націскам: год, кот, скрозь, шоўк, ко́лас, мо́ва, до́ўга, по́суд, аро́л, шо́лах, плячо́, даро́га, разго́ртваць, дапамо́га, дадатко́ва, жніво́, дэпо́, во́дар, о́канне; о́да, о́птам, о́рдэн, о́фіс, о́пера, Об, Одар, Орша, Омск, Обнінск, Осла, Оксфард, Орск, адажыа, трыа, Токіа, Ватэрлоа

§ 3. Спалучэнні галосных іо пад націскам і іа не пад націскам у сярэдзіне слоў іншамоўнага паходжання перадаюцца як іё (ыё), ія (ыя): біяло́гія, сацыяло́гія, шпіяна́ж, аўдыявізуа́льны, варыяскапі́чны, варыяфі́льм, ме́дыя, а таксама радыё. Але: эфіо́п, ніо́бій, ніо́біевы, дыо́птрыя

У апошнім, «восеньскім» варыянце адажыа і трыа з ілюстрацый зняты, а замест іх з’явілася яшчэ менш зразумелае партфоліа (у «восеньскім» варыянце гэта § 2.1). Дарэчы, тая лёгкасць, з якою аўтары Праекта ўносяць новыя і новыя змены ў свой твор (а ў гэтым чытач будзе мець магчымасць пераканацца неаднаразова), кідае зерне сумневу ў тым, што дакумент падрыхтаваны сапраўды дасканала.

Учытваючыся ў Праект, раз-пораз ловіш сябе на пачуцці, якое, відаць, перажывае археолаг, абследуючы раскоп. Вось знаходзім... У адпаведнасці з прэцэдэнтамі Токіа і партфоліа пішуцца яшчэ два словы: Рыа-Грандэ (рыарака) (§ 24.1, тут і далей спасылкі на «восеньскі варыянт») і Рыа-дэ-Жанэйра (§ 24.2). І раптам — два напісанні, якія захаваліся ў больш глыбокім культурным пласце: Сант-Эліё  22.1) і Дзі Віторыё  22.2) яшчэ з праекта Падлужнага!

Пад Сант-Эліё, мабыць, маецца на ўвазе італьянскі архітэктар Антоніо Сант-Элія (Sant’Elia) — прынамсі так ён завецца ў БелЭн. А вось яшчэ адзін італьянец — Дзі Віторыё (Di Vittorio) — паўстае ў Праекце ў больш дакладным абліччы.

Мусіць, аўтары Праекта так спяшаліся яго палепшыць, што толкам і не прачыталі, бо інакш выправілі б Віторыё на Віторыа.

Рашэнне праблемы

Прапанова Правапіснай камісіі ТБМ была, несумненна, удалая, бо, дзякуючы ёй, дасягаліся наступныя мэты:

1. Іншамоўныя спалучэнні «і + галосны» (ia, ie, io, iu) пачалі асвойвацца тоесна — незалежна ад якасці галоснага і месца спалучэння (у сярэдзіне ці на канцы слова) — праз развіццё ўстаўнога ёта, чаго няма ў цяперашнім правапісе (гл. табліцу 1).

2. Іншамоўныя спалучэнні -іo, -llo, -gno ды інш. пры беларускім асваенні могуць рэалізоўвацца ў [jo] (на пісьме -ьё/-’ё). Таму афармленне іншамоўнага -io праз беларускае -іё будзе ўзаемападтрымлівацца напісаннямі: кауды́льё (ccaudillo, СІС), Верок’ё (Verrocchio, БелЭн), Каста́ньё (Castagno, БелЭн), Муры́льё (Murillo, БелЭн), Полільё (БелЭн, карта «Філіпіны»), Раналдзіньё4, Трухі́льё (Trujillo, БелЭн);

  2 Комсомольская правда в Белоруссии. 2006. 29 жніўня.

3 Н. С. Мажэйка, А. Я. Супрун. Частотны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1976-1992.

   

3. Спалучэнні іу/ыу перасталі б складаць выключэнне з правіла аб правапісе ў, бо гэтых спалучэнняў проста не было б.

4. Ненаціскное фінальнае спалучэнне -іо было вырашана не падпарадкоўваць аканню — на ўзор самага частотнага слова з групы аднатыпных — радыё. Гэта, у сваю чаргу, дало б падставу тоесна замацаваць падобныя карані аўдыё, эўдыё ‘ясны, чысты’; да таго ж падобнае напісанне падтрымліваецца іншымі словамі, дзе ё пад націскам: вастрыё, муміё, чыё, нічыё, у тым ліку напісаннямі, дзе ёт — этымала­гічны: Дандрыё́ (Dandrilhaud), Міё́ (Milhaud).

Такое напісанне ўяўляецца настолькі натуральным, што часам сустракаецца нават у даведачнай літаратуры і афіцыйных дакументах. Гэтак, у СІС знаходзім: эўдыёметр, рэка́мбіё, у БелЭн — горад Сен-Брыё (карта «Францыя»), а ў бланку пасведчання аб заканчэнні музычнай школы (надрукаваны 27.03.79. ПТО «Автотрансистема») так і фігуруе: сальфеджыё.

  4 Звязда. 2006. 16 жніўня.
   
Ды і сам В. Іўчанкаў, забыўшыся на напісанае ў Праекце (гл. вышэй: аўдыявізуальны), праілюстраваў будучыя змены ў правапісе словам аўдыёкасета5. Ці значыць гэта, што Праект чакаюць новыя дапрацоўкі, дзе словы з аўдыё- замацуюць на ўзор слоў з радыё-: аўдыёвізуальны?

Табліца 1.

ia
(незалежна ад націску)
ie
(незалежна ад націску)
io iu (незалежна ад націску)
сярэдзіна слова (пад націскам) канец слова (не пад націскам)
Цяпер ія / ыя іе / ые
(у некаторых слоўніках зрэдку іэ: дыэз, дыэта,
спаніэль)
іё / ыё іо / ыо
(выкл.: радыё)
іу / ыу
Камісія ТБМ я / ыя) е / ые) іё / ыё ію / ыю
Дзяржкамісія я / ыя) е / ые) іё / ыё у / ыу)
Праект
Падлужнага
ія / ыя іе / ые іё / ыё іу / ыу
Міністэрскі
праект
ія / ыя іе / ые іё / ыё іа / ыа
(выкл.: радыё)
іу / ыу

(У дужкі бяруцца звесткі, якія ўтрымліваюцца ў дакументах імпліцытна,
г. зн. маюцца на ўвазе.)


Правядзенне акання ў -іо мела б такія наступствы:

А. Страчваецца фанетычная сувязь з зыходнай формай, слова робіцца непазнавальным, не суадносіцца з прататыпам; асабліва гэта адчувальна ў выпадках з кароткімі словамі, дзе інфарматыўнасць кожнага знака асабліва высокая: ажыоажыа.

Тут трэба заўважыць, што прадыктаванае транслітарацыяй (насуперак асноўнаму спосабу — транскрыпцыі) і французскім, а затым рускім пасярэдніцтвам асваенне некаторых слоў, найперш музычных тэрмінаў італьянскага паходжання, прывяло фіналі беларускіх формаў гэтых лексем да глыбокага разыходжання з арыгінальнымі. Пасля правядзення акання адносна кацавога гэтае разыходжанне толькі павялічыцца:

Табліца 2.
Італьянская форма Беларускія формы Спрошчаная
транскрыпцыя
Цяпер Паводле праекта Падлужнага Паводле Міністэр­скага праекта
agio ажыо ажыё ажыа а́джё
adagio адажыо адажыё адажыа ада́джё
arpeggio арпеджыо арпеджыё арпеджыа арпэ́дджё
disaggio дызажыо дызажыё дызажыа діза́дджё
capriccio капрычыо капрычыё капрычыа капрі́ччё
solfeggio сальфеджыо сальфеджыё сальфеджыа сольфэ́дджё

В. Усталяванне раней практычна забароненага спалучэння іа/ыа (паводле цяперашняга правапісу, іа сустракаецца толькі на сутыку асноў у складаных словах: напр., гуміарабік, поліаміды) запускае ў дзеянне закон аналогіі: ужо цяжэй будзе растлумачыць, калі фоліа, чаму не біалогія.

С. У выпадку з мужчынскімі імёнамі, якія маюць жаночыя адпаведнікі (Антоніо стане Антоніа (ён), а яна застанецца Антонія), узнікае зусім новая, дагэтуль не практыкаваная дыферэнцыйная прыкмета паміж назоўнікамі мужчынскага і жаночага роду: у форме мужчынскага роду асваенне рэалізуецца праз аканне, а ў форме жаночага роду — праз развіццё ўстаўнога ёта. Такім чынам, мужчынскае і жаночае імёны будуць супрацьпастаўленыя не рознымі гукамі, як у арыгінале (Antonio — Antonia), а выключна паводле прыкметы «адсутнасць—наяўнасць ёта», гэта значыць — характарам і ступенню асваення слова: мужчынскае імя (без пратэтычнага ёта) акажацца менш асвоеным за жаночае. І нарэшце — самае недарэчнае: фіналі арыгінальнай формы жаночага роду і беларускай формы мужчынскага роду супадуць: Antonia (яна) = Антоніа (ён). Такім чынам, штучна спараджаецца міжмоўная аманімія ў дзесятках слоў:

Табліца 3.
Арыгінальная форма Беларускія формы
ён яна
ён яна Цяпер Праект
Attavio Attavia Атавіо Атавіа Атавія
Aurelio Aurelia Аўрэліо Аўрэліа Аўрэлія
Basilio Basilia Базіліо Базіліа Базілія
Emilio Emilia Эміліо Эміліа Эмілія
Eugenio Eugenia Эўгеніо Эўгеніа Эўгенія
Fabricio Fabricia Фабрыцыо Фабрыцыа Фабрыцыя
Julio Julia Хуліо Хуліа Хулія
Lucio Lucia Лючыо Лючыа Лючыя
Mario Maria Марыо Марыа Марыя
Mauricio Mauricia Маурыцыо Маурыцыа Маурыцыя
Rosario Rosaria Разарыо Разарыа Разарыя
Sylvio Sylvia Сільвіо Сільвіа Сільвія

Выключэнні

1. Пытанне арфаграфіі слоў эфіёп/эфіоп, ніёб-/ніоб- актыўна дыскутавалася яшчэ на Пражскай канферэнцыі для ўнармавання класічнага правапісу (1998), і было пастаноўлена не выводзіць гэтых слоў у выключэнні. Удзельнікаў канферэнцыі пераканала думка Сержука Сокалава-Воюша: вядома, што ў навучальнай літаратуры па беларускай мове ўвага вучняў акцэнтуецца не на правільных напісаннях, а на выключэннях з правілаў, таму як толькі гэтыя нізкачастотныя словы трапяць ва ўсе падручнікі і дапаможнікі ў якасці выключэнняў (эфіоп, ніоб-), то ў руках гарэзлівых вучняў тут жа ператворацца ў эфіёп, ніёб-. І тады ўжо ўсе, каму «пашчасціць» карыстацца «ўдасканаленымі» падручнікамі, звернуць увагу на пэўную пікантнасць гучання слоў-выключэнняў.

Не выводзяцца ж у выключэнні, не перайначваюцца «немілагучныя» для беларускага вуха: летапісцы, у місцы, формы загаднага ладу дзеясловаў рахаваць і страхаваць, матэматычны тэрмін абсцыса, назва індыйскага горада Срынагар, прозвішча Сракоўскі, імёны па бацьку Алегаўна і Людвігаўна. Сарамлівасць не ўтрымала рэдактараў БелЭн ад таго, каб правесці аканне ў назве перуанскага горада Піска (Pisco); праўда, уругвайскага горада Chuy на карце так і не паказалі.

2. Што да слова дыоптрыя (у ТСБМ: дыёптрыя, у СБМ і СІС: дыёптр), то так яно павінна пісацца не з прычын пазалінгвістычных, а паводле правіла:

Міністэрскі праект: § 2.4. На стыку прыстаўкі і кораня захоўваецца ыэ: дыэтан, дыэлектрык.

Застаецца пашырыць гэтае правіла на большую колькасць выпадкаў: бі-: бiандрыя, бiакс; брахі-: брахіантыкліналь; ды-: дыаміны, дыамафос; квазi-: квазiоптыка; полi-: полiагрэгатны, полiалефiны; тры-: трыэдр; ампіокс, гуміарабiк. А частку ды- трэба адрозніваць ад часткі дыя-: дыягназ, дыялог, дыяспара.

3. Асобная гісторыя са словамі дыёд, трыёд, іён (у цяперашнім правапісе: іон) і вы­творнымі. Два першыя словы, паводле на абзац вышэй выкладзенага правіла, мусілі б пісацца праз о (di-od, tri-od), аднак напісанні праз ё ўжо можна лічыць традыцыйнымі, і ў імя стабільнасці іх не варта было б рушыць.

На развітанне з гэтым раздзелам адзначым вельмі важны момант, які традыцыйна з фармулёўкі правілаў пра спалучэнні «і + галосны» выпускаецца: гутарка вядзецца пра становішча пасля зычных. Бо на пачатку слова і пасля галосных названыя спалучэнні маюць іншае фанетычнае значэнне, а значыць пры беларускім асваенні павінны рэалізоўвацца (і звычайна рэалізоўваюцца) інакш. Адзінае выключэнне зроблена для кораня ion, гэта значыць, замест фанетычна найбліжэйшага ён (як iod-, iot(a) → ёд, ёт), пад уплывам транслітараванага рускага ион — цяпер ён мае несістэмную форму іон. Праўда, бачыць у такім асваенні выключна рускамоўны дыктат было б несправядліва. Тэрмін ён быў бы аманімічным займенніку ён — аднаму з самых частотных слоў у беларускай мове. Таму дзеля пазбягання аманіміі патрабавалася іншае рашэнне — іён, якое прапаноўвалася яшчэ на пачатку 1990-х, тра­піла ў праект Падлужнага, а з яго — у Міністэрскі:

Міністэрскі праект: § 2.2. Літара ё пішацца пад націскам: біёлаг, сацыёлаг, трыёд, шпіён, іён.

Нам застаецца салідарызавацца з такімі рашэннямі, хоць фармулёўка і размеркаванне матэрыялу мусілі б быць карэнным чынам перапрацаваныя.

А спалучэнні «і + галосны» на пачатку слова і пасля галосных мы разгледзім значна ніжэй.

ІІ.2. Востраў Маа
Аканне ў канцавым спалучэнні
«галосны + ненаціскны o»

Напісанне Ватэрлоа (гл. вышэй) замест усталяванага Ватэрлоо — абсалютная і­навацыя Міністэрскага праекта. Праект Падлужнага ў гэтым пытанні заставаўся на пазіцыях цяперашняга правапісу:

Праект Падлужнага: § 3. Літара о пішацца ў невялікай групе слоў, уласных імён і геаграфічных назваў іншамоўнага паходжання для абазначэння ненаціскнога гука [о] пасля галосных о, а ў канцы слоў: макао, Ватэрлоо, Більбао, Мао, Сяо, Цао, Рамэо.
Табліца 4. Некаторыя імёны і назвы, у якіх прадугледжваюцца змены
ЦЯПЕР ПРАЕКТ
Асорыо Асорыа
Бакачыо Бакачыа
Бенволіо Бенволіа
Біо-Біо Біа-Біа
Валенцыо Валенцыа
Грэгорыо Грэгорыа
Д’Анунцыо Д’Анунцыа
Еўстахіо Еўстахіа
Капіо (Лопэ дэ Вэга) Капіа
Кастэліо Кастэліа
Кіо Кіа
Кліо Кліа
Лючэнцыо Лючэнцыа
Мазачыо Мазачыа
Меркуцыо Меркуцыа
Нунцыо Нунцыа
Паладыо Паладыа
Петручыо Петручыа
Пінокіо Пінокіа
Тэлезіо Тэлезіа
Фульвіо Фульвіа

Праўда, насуперак фармулёўцы, правіла фактычна пашыранае і на выпадкі з [эо]: Рамэо. Трэба заўважыць, што яшчэ ў «летнім» варыянце Міністэрскага праекта «археалагічныя раскопкі» дазвалялі знайсці рэшткі праекта Падлужнага без акання ў названых спалучэннях:

Міністэрскі праект («летні» варыянт): Дадатак. § 17. Не змяняюцца пры скланенні... іншамоўныя прозвішчы з націскнымі і ненаціскнымі канцавымі о (ё), э (е), якія знаходзяцца пасля галоснага ці мяккага знака: ... Бідлао, Галілео, Мао...

Мусім заўважыць, і тут ёсць прыклад на захаванне спалучэння [эо]: Галілео.

Як мы ўжо адзначалі, з «восеньскага» варыянту Міністэрскага праекта «Дадатак» знік, таксама знік­ла і правіла правядзення акання ў азначанай пазіцыі. Аднак Ватэрлоа засталося (ці ўжо засталбся?), што дае падставу меркаваць: аўтары Праекта не адмовіліся ад сваёй ідэі.

Небяспекі

А. Горшага прыкладу для ілюстравання чарговых заваёў акання на тэрыторыі іншамоўнага ненаціскнога -о, чым Ватэрлоа, прыдумаць было немагчыма: справа ў тым, што ў шэрагу моў (напр., у англійскай, галандскай, эстонскай, фінскай, фламандскай) падвойнае напісанне галосных літар выкарыстоўваецца для пазначэння даўжыні адпаведных галосных гукаў і пры транслітарацыі падобных назваў падвойнае напісанне захоўваецца, гэта спараджае ілюзію існавання двух асобных галосных, а значыць — двух складоў. І калі гэты доўгі гук мае няшчасце быць націскным, на адной з двух літар ставіцца націск.

Табліца 5. Некаторыя імёны і назвы, у якіх прадугледжваюцца змены
ЦЯПЕР ПРАЕКТ
Байляньцзяо Байляньцзяа
Бао Баа
Барнео Барнеа
Більбао Більбаа
Вояо Вояа або Ваяа
Галілео Галілеа
Гао Гаа
Дао Даа
Лао Лаа
Лео Леа
Ляо Ляа
Макао Макаа
Мантэвідэо Мантэвідэа
Мао Маа
Мінданао Мінданаа
Мяо Мяа
Рамэо Рамэа
Сяо Сяа
Тао Таа
Цао Цаа
Цічао Цічаа
Цындао Цындаа
Цяо Цяа
Чао Чаа
Чжао Чжаа
Чжаодао Чжаодаа або Чжаадаа
Чырчэо Чырчэа
Яншао Яншаа

Такім чынам, у назве фламандскага горада Waterloo падвойнае оо абазначае адзін гук — доўгі [ō], а аўтары Праекта правялі аканне ў другой палове адзінага і непа­дзельнага о. Калі ўжо было жаданне вывесці гэтае слова з выключэнняў, варта было ўжыць для яго асваення не транслітарацыю, а транскрыпцыю, як гэта звычайна ро­біцца ў дачыненні падвойных напісанняў галосных у лексіцы англійскага паходжання: Ватэрло (як напр., Look «Лук»). На карысць такога рашэння грае і той факт, што назва пачаткова аднайменнага горада ў ЗША транскрыбуецца з англійскай як Уотэрлу (БелЭн, карта «Аява»), дзе оо (доўгі [u:]) перадаецца адной літарай у.

Можна пайсці іншым шляхам — для падобных транслітараваных напісанняў з доўгім оо зрабіць выключэнне і не праводзіць у іх акання, незалежна ад таго — націскныя яны ці не: напр., Найсоо, Тоомас (з эст. Naisoo, Toomas; у эстонскай мове націск заўсёды прыпадае на першы склад).

B. Трэба прызнаць, прапанавая мена сапраўды амаль не адаб'ецца на апелятыўнай лексіцы (не ўласных імёнах): мака́омакаа, радэ́орадэа, і назвы народаў: мяо мяа, лао лаа, хоць у апошнім выпадку, калі замацаваць лаа, карыстальніку будзе незразумела, адкуль узяліся лаосцы замест чаканых лаасцаў, і чаму Лаос, а не Лаас? Такім чынам, не цяжка прадбачыць, што ў выпадку прыняцця гэтай ідэі за правіла ў свеце імён, прозвішчаў, геаграфічных назваў наступствы будуць сур'ёзныя.

Пасля правядзення акання доўгія словы яшчэ будуць пазнавацца, а вось у кароткіх (якіх асабліва шмат у кітайскай мове) адбудзецца:

1) страта фанетычнай сувязі з зыходнай формай, што зробіць беларускія формы непазнавальнымі (гл. табліцу);

2) утварэнне амонімаў: напр., імёны Leo (мужчынскае) i Lea (жаночае) супадуць у Леа;

3) узнікненне новых непажаданых асацыяцый: напр., кіт. Мао Цзэ-дунМаа і эст. maa ‘зямля, краіна’, якое сустракаем у дзесятках эстонскіх прозвішчаў і тапонімаў, прыкладам, у прозвішчы пісьменніка Эна Ветэмаа або ў назве вострава Саарэмаа (saar(e) ‘востраў’).

ІІ.3. Паўзучая рэвалюцыя
Аканне ў канцавым спалучэнні
«галосны + ненаціскны o»

…любыя зьмены ў правапісе справа складаная і далікатная... работа павінна быць вельмі карпатлівая, усё павінна быць дасканала выверана.

Аляксандр Лукашанец6

  5 КП в Белоруссии. 2006. 29 жніўня.
   
Няхай гэтыя пажаданні не толькі дэклараваліся, але і сапраўды сталі б галоўным прынцыпам аўтараў Праекта. Не сталі. Асабліва ярка гэта выявілася ў наступнай гісторыі.

Настойлівасць, вартая лепшага выкарыстання

Адна з чатырох інавацый, якая прапаноўвалася яшчэ Правапіснай камісіяй ТБМ і ў выніку трапіла ў Міністэрскі праект:

Правапісная камісія: Пашырыць аканне ў запазычаных словах, якія заканчваюцца на ненаціскныя -ар (з -er) і -аль (з -el): карцар, прынтар, грэйдар, дэбаркадар, лідар, дэкодар, фламастар, ваўчар — як характар; шніцаль, шпаталь, шпіндаль — як буталь.

На першы погляд, цвярозая прапанова, якая спрыяе замацаванню на пісьме спецыфічных рысаў беларускай мовы, што цалкам кладзецца ў нацыяналістычную канцэпцыю моўнага пурызму.

Аднак, пралічыўшы наступствы паслядоўнага правядзення гэтага правіла, яго аўтар Вінцук Вячорка неўзабаве пасля вылучэння гэтай ідэі, адмовіўся ад яе:

У словах іншамоўнага паходжаньня не пад націскам, як правіла, пішуцца фіналi -эр, -эль, -энт: дэбаркадэр, грэйдэр, катэр, райсфэдэр, тэстэр, сканэр; барэль, грыфэль, дросэль, кабэль, ніпэль, пудэль, штэпсэль; парлямэнт, рэглямэнт.

АЛЕ ў даўно асвоеных словах, а таксама пасьля шыпячых i ц ў вымаўленьнi гэтых фіналяў замацоўваецца аканьне і яны пішуцца -ар, -аль, -ант: бугальтар, майстар, ровар, хедар, швэдар, ваўчар, карцар, плюнжар, розэнкройцар; таксама добра асвоенае кампутар; гэбаль, шархубаль, шніцаль, бушаль; атрамант, лямант.

* Сяньня гэтая артаграма не паддаецца адназначнай кадыфікацыі. У выданьнях, якія пішуць тарашкевіцай, фіксуюцца дублетныя напiсаньнi лідэр — лідар, парлямэнт — парлямант i пад. Відаць, з хадою адаптацыі запазычаньняў напiсаньнi з аканьнем пашырацца, i мадэль аформіцца як асноўная. Аднак працэс гэты ня будзе пашырацца бясконца. Так, слова катэр цяжка ўнiфiкаваць, бо ўзьнiкне аманімія з словам катар (хвароба). Парушылася б таксама ідэнтыфікацыя перадусім кароткіх — двухскладовых — запазычаньняў, дзе кожны гук мае большую інфармацыйную нагрузку: сэтэр, унтэр, табэль7.

  6 Наша Ніва. 2006. 1 верасьня.
   
Аднак А. Падлужнаму ідэя прыпала да густу і з яго падачы трапіла ў выніковы дакумент Дзяржаўнай камісіі:

Дзяржкамісія: Канцавыя спалучэнні асновы -эр, -эл(ь) іншамоўных слоў перадаваць у ненаціскным становішчы праз -ар, -ал(ь): ваўчар, ордар, містар, камп’ютар, карцар, світар, шніцаль, шпіндаль, міталь, шпаталь, форталь, Картар, Геншар, Гендаль, Карал.

Затым прапанова перацякла ў праект самога Падлужнага, праўда, з дзвюма паказальнымі стратамі: 1) звузілася кола выпадкаў, у якіх праводзілася аканне: быў выведзены фармант -эл; 2) з ілюстрацый былі зняты ўласныя назвы:

Праект Падлужнага: § 8.3. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, шпіндаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп’ютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менэджар, фюрар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсвітар.

У Міністэрскі праект гэтая арфаграма перайшла без змен (§ 4.6), толькі зніклі два словы з ілюстрацый: шпіндаль і фюрар. Праўда, у іншых арфаграмах ёсць ілюстрацыі на ўласныя назвы: Одар (§ 2.1), Юпітар (§ 24.1).

Генезіс «арацыі»

Арфаграфічную інавацыю -эр, -эль-ар, -аль мы для зручнасці назвалі «арацыяй».

Ідэя «арацыі» грунтуецца на натуральным з гледзішча беларускай фанетыкі пераходзе ненаціскнога э ў а. І калі паслядоўнае адлюстраванне гэтага працэсу на пісьме ў дачыненні ўласнабеларускай лексікі ўтрывалілася ў нашай мове і не выклікае пярэчанняў, то ў іншамоўнай лексіцы, якая будуецца на іншых фанетычных прынцыпах, гэтая мена звычайна не паказваецца, бо татальнае аканне вядзе да істотнай змены найбольш важнага, юрыдычна значнага для сучаснай рэчаіснасці боку тэксту — графічнага. Што да фанетыкі ненаціскнога э, то ён можа рэалізоўвацца некалькімі спосабамі: [э], [эа], [аэ] і нават [а] — без графічнага адлюстравання. Праўда, невялікая колькасць некароткіх слоў «паспела» замацавацца ў форме праз а. Як ні дзіўна, гэтая група выключэнняў у Праекце не згадваецца, таму мы палічылі патрэбным падаць яе ў найбольш поўным выглядзе (праўда, без вытворных): адрас, адукацыя, аканом, аранжарэя, атрамант, бухгалтар, буталь, бюстгальтар, вэксаль, галантарэя, гандаль, дакляраваць ‘абяцаць’, далікатны, зэдаль, кандытар, клейстар, кухаль (тут замацавана яшчэ адна мена: фх), латарэя, літара, лямант, майстар, момант, рамонт, ровар, рондаль, сакрэт, сакратар, тастамент, характар, хедар, чабурэк, шавіёт, шархубель, шаўрон. Аканне пасля мяккіх зычных (яканне) замацавалася ў яшчэ меншай колькасці слоў: дзяжурны, каляндар, ляўкас, ляўконія, сяржант, янот, яфрэйтар, яхідна, а таксама ў шэрагу імёнаў Аляксандр, Аляксей, Валянцін, Панцялей, Сяргей, Ягор, Яўген, Яўсей, Яўхім, Яўстах і інш.

Аднак у некаторых словах зыходны э рэалізаваўся ў ы, што разбурае ўяўленні пра а як адзіную перспектыву для ненаціскнога іншамоўнага э: брызент, дрызіна, інжынер, канцылярыя, пластыр, рысора, цырымонія і не характэрнае для сённяшняй мовы рызіна (і гэтага спіса няма ў Праекце).

Паводле граматыкі Тарашкевіча, о і э ў запазычаннях аканню не падлягаюць. У 1920-я гады аканне пачалі праводзіць адносна іншамоўнага о, што пазней было кадыфікавана. А вось правядзенне акання ў дачыненні э палічылі немэтазгодным. На жаль, аўтары Праекта пачалі рэвізію гэтага найважнейшага правіла беларускага правапісу, прапанаваўшы правядзенне «арацыі».

Трэба прызнаць, што аканне аб’ектыўна зацяняе этымалогію слова, ускладняе яго ідэнтыфікацыю, зніжае тэрміналагічныя магчымасці мовы. На гэта звяртаў увагу яшчэ Уладзімір Дубоўка ў часе дыскусіі аб правядзенні акання ў дачыненні ненаціскнога о ў запазычаннях: два розныя тэрміны — anthologia (зборнік) і ontologia (філасофскае вучэнне) — супадаюць у адной лексеме: анталогія. Ад сябе дададзім, што тое ж адбылося, напрыклад, з тэрмінам калары́метр: (1) calorimet(e)r 'прылада для вымярэння цяпла' і (2) colorimet(e)r 'прылада для вымярэння колеру', з прыметнікам эратычны: (1) ад грэчаскага ερωτικος/erotikos і (2) ад лацінскага err aticus 'вандроўны' - у тэрміне эратычныя валуны (СІС); з прозвішчамі французскіх мастакоў Манэ́, якіх цяпер па-беларуску адрозніваюць толькі імёны - Эдуар (Eduard Manet) i Клод (Claude Monet).

(Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ўзнікненне аманіміі з прычыны несупадзення фанетычных сістэм мовы-донара і мовы-рэцыпіента, — з’ява звычайная ў любой мове. Што да беларускай мовы, то ў нас далёка не заўсёды «вінавата» аканне (напр.: англійскія імёны Ab [æb] i Eb [eb] → Эб, Bat [bæt] i Beth [b] → Бэт, Mary [mεərι] i Moray [mə:rι] (нароўні з варыянтамі [mʌrι]) → Мэры, Fort [fɔ:t] і Forth [fɔ:θ] → Форт, французскія назвы Chair [ʃεr] i Cher [ʃer] → Шэр). З іншага боку, беларускія назвы пры трансляванні на іншыя мовы таксама могуць аманімізавацца: імя Іван і назва вёскі Івань → Ivan. Пазбегчы такіх скажэнняў можна пры ўмове ўжывання ў лацінскаграфічным асяроддзі стандартызаваных, незалежных ад канкрэтнай мовы напісанняў (Ivan, Ivań) паводле правілаў беларускай лацінкі, якія былі афіцыйна прыняты ў 2000 г.8.)

  7 Правапіс: Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. 1995. №5.
   
Аднак «цягнік паехаў»: о падлягае аканню ва ўсіх пазіцыях, апроч канца слова перад галосным. Межы выкарыстання э у агульных рысах заставалася нязменнымі з рэформы 1933 г. не толькі ў запазычаннях, але і ва ўласнабеларускіх складаных словах. І нездарма — такім чынам быў дасягнуты баланс у правядзенні акання.

Калі ўжо праводзіць «арацыю», то толькі пазіцыйна абмежаваўшы яе станові­шчам пасля шыпячых, дз, ц, і толькі ў агульнай лексіцы, бо большасць такіх слоў ужо кадыфікавалася з а: ваўчар, глетчар, дыспетчар, пэйджар, рыцар, бушаль, гіцаль, пэндзаль, фельчар, шніцаль. Такім чынам, пералічаныя словы можна было б вывесці з выключэнняў і «ўзаконіць» іх напісанне на агульных падставах — праз спецыяльнае правіла.

Наступствы «арацыі»

У выніку «арацыі» цэлы шэраг слоў набудзе нязвыклы графічны выгляд, што пацягне за сабою:

a) змену, скажэнне аблічча слоў, а значыць — ускладненне ідэнтыфікацыі ў тэксце: напр., шырокавядомыя імёны: Гюнтэр (Günter) Гюнтар, Пітэр (Peter) → Пітар, прозвішчы нямецкага рэфарматара Марціна Лютэра (Luther) → Лютар і аўстрыйскага беларусіста Германа Бідэра (Bieder) → Бідар (цікава, ці будзе ён вітаць такое «ўдасканаленне» свайго прозвішча?), знаёмыя з савецкай эпохі прозвішчы кампазітара Блантара і авантурыста Бендара. Словы робяцца непазнавальнымі, найперш кароткія, у якіх ступень інфарматыўнасці кожнай літары асабліва высокая: патэр (лац. pater) → патар. Такая мена супярэчыць галоўнай сучаснай тэндэнцыі ў асваенні іншамоўнай лексікі — імкненню максімальна адлюстроўваць гучанне слова ў мове-крыніцы, не выходзячы за межы фанетыкі ўласнай мовы;
Табліца 6. Словы, у якіх прадугледжваюцца змены
ЦЯПЕР
(паводле СБМ, СІС, БелЭн)
ПРАЕКТ
адаптэр адаптар
азотабактэр азотабактар
альма-матэр альма-матар
альтэр эга альтар эга
аўтагрэйдэр аўтагрэйдар
аўтсайдэр аўтсайдар
афрыкандэр афрыкандар
бартэр бартар
барэль бараль
баўэр баўар
блістэр блістар
брандмаўэр брандмаўар
брандэр брандар
бранякатэр бранякатар
брудэр брудар
брыдэль брыдаль
брыдэр брыдар
брэкватэр брэкватар
бустэр бустар
вакодэр вакодар
вальтэр вальтар
ватэр ватар
відэарэкордэр відэарэкордар
віндроўэр віндроўар
вінчэстэр вінчэстар
газгольдэр газгольдар
гальванакаўтэр гальванакаўтар
гангстэр гангстар
гастарбайтэр гастарбайтар
гелертэр гелертар
гендэр гендар
гетэр гетар
грундэр грундар
грэйдэр грэйдар
гунтэр гунтар
дрыфтэр дрыфтар
дрэгстэр дрэгстар
дыптэр дыптар
дэбаркадэр дэбаркадар
дэтандэр дэтандар
дэфібрэр дэфібрар
кагерэр кагерар
калеоптэр калеоптар
камп’ютэр камп’ютар
картэр картар
катэр катар
атэтэр катэтар
каўтэр каўтар
кікстартэр кікстартар
кільватэр кільватар
кластэр кластар
клафтэр клафтар
кратэр кратар
крофтэр крофтар
кутэр кутар
лідэр лідар
лістэр лістар
ліхтэр ліхтар
манадэтандэр манадэтандар
манчэстэр манчэстар
маркшэйдэр маркшэйдар
мертэль мерталь
мідэль мідаль
містэр містар
мітэль міталь
ордэр ордар
паліптэр паліптар
патэр патар
патэрностэр патэрностар
перыптэр перыптар
пойнтэр пойнтар
польдэр польдар
портэр портар
правайдэр правайдар
пратапрэсвітэр і протапрэсвітэр пратапрэсвітар і протапрэсвітар
прэсвітэр прэсвітар
псеўдадыптэр псеўдадыптар
псеўдаперыптэр псеўдаперыптар
ротэнфюрэр ротэнфюрар
рутэр рутар
рэйдэр рэйдар
рэйсфедэр рэйсфедар
рэкордэр рэкордар
рэпітэр рэпітар
світэр світар
сетэр (СБМ)  і сэтэр (СІС) сетар або сэтар
скватэр скватар
скутэр скутар
спічрайтэр спічрайтар
спрынтэр спрынтар
стартэр стартар
статэр статар
стэндэр стэндар
сфінктэр сфінктар
тайм-чартэр тайм-чартар
трансмітэр трансмітар
трэйдэр трэйдар
тэлетайпсетэр тэлетайпсетар
тэндэр тэндар
тэрмакаўтэр тэрмакаўтар
уітлендэр уітлендар
унтэр унтар
фарватэр фарватар
фідэль фідаль
фідэр фідар
філістэр філістар
фінішэр фінішар
фламастэр фламастар
флатэр флатар
фолдэр фолдар
фортэль форталь
фотасетэр фатасетар
фотаэмітэр фотаэмітар
фрыгольдэр фрыгольдар
фрытрэдэр фрытрэдар
фухтэль фухталь
фюрэр фюрар
хескер-шрэдэр хескер-шрэдар
цугундэр цугундар
чартэр чартар
чэстэр чэстар
шарфюрэр шарфюрар
шпатэль шпаталь
шпіндэль шпіндаль
шрэдэр шрэдар
шрэдэр шрэдар
штабсшарфюрэр штабсшарфюрар
штатгальтэр штатгальтар
штрудэль штрудаль
штурмбанфюрэр штурмбанфюрар
экспандэр экспандар
эмітэр эмітар
эспандэр эспандар
юпітэр юпітар

b) утварэнне новых амонімаў (амографаў, амафонаў), падрабязней гл. ніжэй;

c) узнікненне разбежнасці ў ступені асвоенасці, а адсюль і ў перадачы на пісьме таго самага фарманта па-рознаму — нават у межах аднаго і таго ж слова, бо адзін раз фармант будзе знаходзіцца на канцы слова, другі — у сярэдзіне: напр., er у прозвішчах Вундэрэр (нямецкі падарожнік Wunderer) → Вундэрар, Додэрэр (аўстрыйскі пісьменнік Doderer) → Додэрар;

d) узнікненне «фальшывых сяброў карыстальніка» — непажаданых асацыятыўных сувязяў: напр., пасля правядзення «арацыі» ў імі Петэр(Peter) → Петар, узнікае пачуццё, што гэта няправільна напісанае імя Пётр. Новая ненаціскная фіналь -ар пад уплывам уласнабеларускага фарманта -ар, звычайна націскнога (ганча́р, гаспада́р, плятка́р, штука́р), можа атрымліваць акцэнт на фіналі і ўваходзіць у асацыятыўныя сувязі з зусім іншымі словамі, што робіць разуменне тэксту яшчэ складанейшым, а часам і немагчымым: картар — карты, картаваць; кратар — кратаць; каўтар — каўтаць. Назва ракі ў штаце Мантана Паўдэр (Powder) → Паўдар успрымаецца як «палова дару». Часам узнікае і камічны эфект: лексема афрыкандэр > афрыкандар пачынае асацыявацца з «дарам афрыканца».

e) страту графічнай і фанетычнай сувязі паміж тымі ж самымі фіналямі -er, -el і нават паміж аднакаранёвымі словамі — у залежнасці ад:

— цвёрдасці-мяккасці папярэдняга зычнага: патарпацеры (ад лацінскай назвы малітвы «Войча наш» — Pater noster), адкуль і пацеркі (перабіраюцца на ружанцы ў часе чытання малітвы);

— націску; варыянтныя напісанні, якія адрозніваліся мінімальна, пачынаюць «разлятацца» — адрознівацца яшчэ больш: напр., фортэль і фартэль супрацьпастаўленыя акцэнтуацыйна, што рэалізавалася ў адрозненне адной літарай, а цяпер яны ўжо будуць адрознівацца дзвюма літарамі: фартэ́ль, але фо́рталь

— націску, звязанага з паходжаннем слова: разбурэнне груп аднатыпных утварэнняў з аднолькавымі фармантамі, г. зн. этымалагічна тоесныя -er, -el у германскіх і французскай мовах будуць мець рознае аблічча, бо ў англійскай, нямецкай і інш. мовах, як ненаціскныя, падлягуць «арацыі», а ў францускай, як націскныя, захаваюцца нязменнымі. Гэтак, імя кінаакцёра Макса Ліндэра, прачытанае на англійскі манер — з націскам на першым скла­дзе (прынамсі так яно падаецца ў БелЭн), паводле Праекта, павінна пісацца як Лі́ндар, аднак калі ўлічыць, што ён француз (а значыць націскны — апошні склад), то напісанне павінна застацца нязменным — Ліндэ́р;

f) знікненне важнай ідэнтыфікацыйнай прыкметы (ненаціскны э — выразны паказнік іншамоўнасці слова), што прыводзіць да сістэмнага парушэння найвышэйшага парадку: размывання і далейшага скасавання аднаго з асноўных прынцыпаў беларускага правапісу — размежавання ўласнай і запазычанай лексікі; разбурэнне правіла захавання э ў запазычаннях інспіруе аканне і ў іншых выпадках, дзе сустракаецца ненаціскны э. Да чаго гэта прывядзе, можна пазнаёміцца ўжо цяпер — у «самвыдаце» «Духахрам: Аляктронная ведамка беларускага пісьменніка» Лявона Вашка: аміграцыя, радахтар;

g) змену некаторых шыльдаў на вуліцах беларускіх гарадоў, а значыць — фінансавыя выдаткі: напр., вуліца Ландэра вуліца Ландара.

Аманімія як вораг разумення

Калі б аўтары Праекта прыслухаліся да Вячоркавых засцярог, узяўшы за ўзор А. Падлужнага, што быў уважлівым чытачом спадчынаўскай публікацыі, — то зразумелі б, якая небяспека чакае нашу мову ў выпадку правядзення «арацыі». Большасць слоў, у якіх прадугледжваюцца змены, — гэта тэрміны.

Важнай асаблівасцю тэрміналогіі з’яўляецца тое, што ў складзе ўпарадкаванай тэрмінасістэмы не павін­на быць мнагазначнасці, аманіміі, сінаніміі... Гэтыя семантычныя з’явы ... у пэўнай ступені абмяжоўваюць дакладнасць тэрміналогіі. Вось чаму спецыяльна-навуковае і лінгвістычнае ўпарадкаванне з’яўляецца асноўнай задачай тэрміналагічнай работы9.

  8 Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. №8/4488.
   
Аднак якраз аманімізацыі лексікі і спрыяе «арацыя»:

Узнікненне поўных амонімаў
(слоў, якія адрозніваюцца толькі значэннем)

Узнікненне поўных амонімаў
(слоў, якія адрозніваюцца толькі значэннем)

ка́тэр 'тып судна'↘
ка́тар
ка́тар 'насмарк'  ↗

ста́тэр 'палова унцыі; манета'    ↘
ста́тар
ста́тар 'частка электрарухавіка' ↗

Узнікненне амафонаў (слоў з аднолькавым гучаннем, але розным значэннем)

ка́тэр 'тып судна' → ка́тар
Ка́тар (краіна) → Ка́тар

Узнікненне амографаў (слоў з аднолькавым напісаннем, але розным значэннем)

лі́хтэр 'тып баржы' → лі́хтар
ліхта́р 'асвятляльная прылада' → ліхта́р

пе́дэль 'судовы служка' → пе́даль
педа́ль (веласіпеда) → педа́ль

Га́йдэр (горад у ЗША) → Га́йдар
Гайда́р (прозвішча рускіх пісьменніка і палітыка) → Гайда́р

Га́нтэр (англійскі матэматык і астраном) → Га́нтар
Ганта́р (ад гантар 'майстар, які вырабляе гонту') → Ганта́р

Гэтак зніжаецца здольнасць мовы выкарыстоўвацца ў навуцы і тэхніцы, а значыць — мець гістарычную перспектыву.

Дарэчы, «арацыя» ў Праекце ілюструецца толькі дзвюма ўласнымі назвамі: Одар і Юпітар, першая з іх — больш чым няўдалая, бо:

1) гэта кароткае слова, таму ў ім асабліва важна захаваць зыходную форму (праўда, сітуацыю крыху ратуе націскны о, які паказвае на месца націску);

2) слова асацыюецца з даволі пашыраным прозвішчам Одар і вялікай арганізацыяй ОДАР (Office of Disability Adjudication and Review), у пошукавай сістэме Google на Odar — 270000 згадак і ніводная, вядома ж, не асацыюе Одар з ракою Одэр;

3) карціна ўскладняецца яшчэ тым, што ў шматнацыянальную кампанію Одараў трапляюць і ўсе Odor’ы з першым націскным складам.

Няяснасці

А. Лёс вытворных

У «арацыйнай» арфаграме (§ 4.6) нічога не гаворыцца пра вытворныя словы, таму можна меркаваць, што пераход -эль, -эр > -аль, -ар у іх не адбываецца:

Разбежнасці паміж аднакарэннымі словамі, якія выявяцца ў выніку правядзення «арацыі»

Адэнаўар, але Аўэрбах, хоць у абодвух словах утрымліваецца тая самая частка auer
бартар, але бартэрны
баўар, але баўэрскі
спрынтар, але спрынтэрскі
Бідар (Bieder), але бідэрмаер і Бідэрмаер (Biedermaier), Бідэрман (Biederman)
Вестмінстар (Westminster) — раён Лондана, дзе размяшчаецца Вестмінстэрскае абацтва
Віндаль (Windel), але Віндэльбанд (Windelband)
Вінтар (Winter), але Вінтэрштэйн (Winterstein)
Вустар (Worcester), але Вустэршыр (Worcestershire)
Гайдаль (Heidel), але Гайдэльберг (Heidelberg)
гангстар, але гангстэрскі
гендар, але гендэрны
лідар, але лідэрскі, лідэрства
Лютар (Luter), але лютэране, лютэранскі, лютэранства
мюнстар і Мюнстар (Münster), але Мюнстэрскі ўніверсітэт
патар (pater), але патэрналізм, патэрналістычны
чэстар і Чэстар (chester, Chester), але Чэстэртан (Chesterton)
Шнайдар (Schneider), але Шнайдэрман (Schneiderman)
унтар, але унтэртон, унтэршарфюрар, унтэрштурмфюрар
Уотар, але Уотэрс, хоць гістарычна другое слова — прыналежная форма першага
фюрар, але фюрэрскі
Шрэдар (Schroeder), але шрэдэрыя, шрэдэрыела

А калі аўтары Праекта ўсё ж такі вырашаць праводзіць «арацыю» ў вытворных словах? Паспрабуем пралічыць наступствы такога рашэння на прыкладзе дэрыватаў слова ватэр ‘пра­дзільны варштат’ → ватар і аднакарэнных лексем. Якім чынам будуць пісацца такія словы, як кільватар і фарватар, ясна. А вось што рабіць з лексемамі, дзе -эр — не фіналь:

ватэрвейс ‘палубная масніца’ → ватарвейс?
ватэржакет ‘металургічная печ’ → ватаржакет?
ватэрклазет ватарклазет?
ватэрлінія ватарлінія?
ватэрмашына ‘=ватэр’ → ватармашына?
ватэрпас ватарпас?
ватэрпруф ‘непрамакальная тканіна’ → ватарпруф?
ватэрпола, ватэрпалістватарпола, ватарпаліст?
дый тое жа Ватэрлоа Ватарлоа?

Падобны працэс мусіць адбывацца і ў дачыненні аднакарэнных назве Уотэр/Уотар (Water), этымалагічна тоеснай слову ватэр/ватар (water):

Уотэрберг ‘гара і нацыянальны парк у Намібіі’ (Waterberg) → Уотарберг?
Уотэрберы ‘гарод у ЗША’ (Waterbury) → Уотарберы?
Уотэрвіл(ь) ‘гарод у Ірландыі’ (Waterville) → Уотарвіл? Ці Уотарвіль? (У Праекце гэта не прапісана.)
Уотэртаўн ‘гарод у ЗША’ (Watertown) → Уотартаўн? Ці Уотартаун? (Аб правапісе у/ў гл. наступны нумар «ARCHE»)
Уотэртон ‘ледавік у ЗША’ (Waterton) → Уотартон? Ці Уотартан? (У Праекце гэта не прапісана.)
Уотэрфорд ‘гарод у Ірландыі’ (Waterford) → Уотарфорд? Ці Уотарфард? (У Праекце гэта не прапісана.)

Праўда, «арацыю» ў вытворных і аднакарэнных падпільноўваюць свае падводныя камяні:

1) паспаліты карыстальнік ня здолее без дапамогі слоўніка правільна напісаць слова з -эр-, -эль- не на канцы слова, бо для гэтага яму спатрэбіцца самастойна зрабіць марфемны разбор слова, збудаваць словаўтваральны ланцуг і на падставе такога аналізу вызначыць, ці пэўнае слова — вытворнае ад слова з фіналлю -эр, -эль (напр., Вест-эрален, ці Вестэ-рален, ці Вестэр-ален?). Дададзім, што адзіны поў­ны арфа­графічны слоўнік (СБМ) выйшаў у 1987 годзе і на сёння, нягледзячы на 10-тысячны наклад, з’яўляецца бібліяграфічным рарытэтам. Няма падстаў быць аптымістам і спа­дзявацца хуткага перавыдання слоўніка. У выніку — карыстальнікі яшчэ гады і гады будуць заставацца ў няведанні, што пісаць на месцы колішніх -эр-, -эль-. Такім чынам, новы правапіс ня спросціцца, а спародзіць новыя разбежнасці і няяснасці;
Табліца 7. Некаторыя імёны і назвы, у якіх прадугледжваюцца змены
ЦЯПЕР ПРАЕКТ
Адэнаўэр Адэнаўар
Бендэр Бендар
Бідэр Бідар
Блантэр Блантар
Вальтэр Вальтар
Вестмінстэр Вестмінстар
Віндэль Віндаль
Вінтэр Вінтар
Вінчэстэр Вінчэстар
Вундэрэр Вундэрар
Вустэр Вустар
Гайдэль Гайдаль
Гайдэр Гайдар
Гендэль Гендаль
Геншэр Геншар
Гердэр Гердар
Гёдэль Гёдаль
Глостэр Глостар
Гротэр Гротар
Гюнтэр Гюнтар
Джынджэр Джынджар
Дзюрэр Дзюрар
Дэлавэр Дэлавар
Карпентэр Карпентар
Картэр Картар
Клемперэр Клемперар
Ланкастэр Ланкастар
Лоўэр Лоўар
Лэндэр Лэндар
Маўэр Маўар
Мёсбаўэр Мёсбаўар
Ноэль Ноаль
Одэр Одар
Ольстэр (Ульстэр, Алстэр) Ольстар (Ульстар, Алстар)
Паўдэр Паўдар
Петэр Петар
Пітэр Пітар
Рочэстэр Рочэстар
Рыхтэр Рыхтар
Таўэр Таўар
Уайтуотэр Уайтуотар
Уінчэстэр Уінчэстар
Уолтэр Уолтар
Уотэр Уотар
Фальстэр Фальстар
Фасбіндэр Фасбіндар
Фёрстэр Фёрстар
Форстэр Форстар
Фостэр Фостар
Чэленджэр Чэленджар
Шапенгаўэр Шапенгаўар
Шнайдэр Шнайдар
Шрэдэр Шрэдар
Шустэр Шустар
Шэдэль Шэдаль
Шэхтэль Шэхталь
Эксітэр Эксітар
Юпітэр Юпітар

2) калі пры вызначэнні вытворнасці таго ці іншага слова абапірацца на факт, што ў мове існуе падобнае слова, але на фіналь -эр, -эль карацейшае, гэтым закладаецца магчымасць наступнай рэвізіі ўжо ўсталяванага напісання, у якім правялі «арацыю»: напр., тое ж прозвішча Вундэрэр—Вундэрар прыйдзецца пісаць па-іншаму (Вундарар), калі раптам у нас стане вядомы чалавек з прозвішчам ВундэрВундар;

3) у працэс змен будуць уцягнуты вялікія масівы лексікі, чаго — можна быць упэўненым — ніяк не планавалі ініцыятары распрацоўкі новай рэдакцыі правілаў.

B. Ці спы́ніць «арацыю» злучок

У Праекце ёсць наступная арфаграма, якая пакідае нас у неўразуменні:

§ 32.2. Пішуцца праз злучок складаныя назоўнікі: ... з пачатковымі часткамі ... унтэр- ...: унтэр-афіцэр...

Як інтэрпрэтаваць напісанне унтэр замест чаканага унтар? Ці значыць гэта, што пры напісанні праз злучок «арацыя» перад злучком адбывацца не будзе?

сетар (або сэтар), але сетэр-гардон ці сетар-гардон (або сэтэр-гардон ці сэтар-гардон), сетэр-лаверак ці сетар-лаверак (або сэтэр-лаверак ці сэтар-лаверак)?
Лоўар, але Лоўэр-Хат ці Лоўар-Хат?
Спайдэр-мен ці Спайдар-мен?
Уотэр, але Уотэр-Велі (або Валі, або Вэлі) ці Уотар-Велі?

C. Артыклі і прыназоўнікі на раздарожжы

Ці закранае «арацыя» ненаціскныя службовыя словы:

1) арабскія артыклі эль, эр аль, ар (калі аўтары Праекта хочуць быць паслядоўнымі, то ім застаецца толькі падпарадкаваць уласнаму правілу і гэтыя словы, бо ў іх склады эль, эр з’яўляюцца і пачатковымі, і канцавымі, прынамсі такою логікаю кіраваліся аўтары, фармулюючы арфаграму § 3.1: «Літара э пішацца: у пачатку выклічнікаў э...»): Баб-эль-Мандэбскі праліў Баб-аль-Мандэбскі, Махамед эль-Куні Махамед аль-Куні, Эль Грэка Аль Грэка, Эль-Кувейт Аль-Кувейт, Эр-Рыяд Ар-Рыяд;

2) іcпанскі і італьянскі прыназоўнік дэль даль: Калонія-дэль-Сакрамента Калонія-даль-Сакрамента, Кастэль-дэль-Монці Касталь-даль-Монці;

3) нямецкі артыкль дэр дар; у Праекце згадваюцца два імі з дэр замест эвентуальных дар: Ван дэр Мейлен, фон дэр Гольц (§ 32.5). Ці дэр не падлягае «арацыі», ці проста аўтары розных частак не пазнаёміліся з тым, што напісалі калегі ў сваіх раздзелах, а агульнай рэдактуры дакумента, каб «выраўняць» правапіс, не было? (Пра такія выпадкі ў Праекце падрабязней мы напішам пазней.)

Падводзячы рысу

Прапанавая арфаграма аказалася не настолькі бяскрыўднай і простай для рэалізацыі, бо:

1) для яе рэалізацыі карыстальнік павінен ведаць, націскная ці не фіналь -эр, -эль у тым або іншым слове, і калі з апелятывамі (агульнай лексікай) крыху прасцей, то для адлюстравання на пісьме анамастыкі патрабуецца немалая эрудыцыя;

2) дзеля захавання сістэмнасці патрабуецца экстрапаляванне «арацыі» на вытворныя і аднакаранёвыя словы, што, як аказалася, уяўляе сабой яшчэ большую праблему;

3) нічым не абмежаванае правядзенне акання ў запазычаннях адрывае іншамоўную лексіку ад арыгінальнай формы, што замінае мове выконваць яе асноўныя функцыі, а значыць — быць канкурэнтаздольнай.

Правапіс — вельмі далікатны арганізм, як біяцэноз: нават нязначнае парушэнне ў адным з элементаў сістэмы выклікае ланцуговы абвал усёй структуры. У свой час А. Падлужны — у якасці рэакцыі на ўсталяванне ў Полацку помніка літары ў — выказаў думку, што ў — лішняя ў нашай азбуцы. Уявіце, як змяніўся б наш правапіс, калі б праект складаўся з усяго аднаго пункта:

У беларускай мове літара ў (нескладовае) не выкарыстоуваецца (або не выкарыстов­ваецца, або не выкарыстовываецца).

Працяг у нумары 3-2007.

  9 Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. С. 569.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 1-2 (53) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/04/09