A R C H E П а ч а т а к № 3 (54) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


32007
" да Зьместу "

 



выбары 2007 • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова

 


 

   

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

З. Ф. Саўка
Правілы левапісу
або Што нас чакае, калі новая рэдакцыя
«Правілаў беларускага правапісу і пунктуацыі»
стане афіцыйным дакументам*

[ІІ. ТАТАЛЬНАЕ АКАННЕ]

ІІ.4. Мангалы супраць манголаў
Аканне ў складаных словах

А. Як ёсць цяпер: канфлікт паміж правілам і практыкай

Рэдакцыя беларускай арфаграфіі 1957-1959 гг. унармавала правапіс складаных слоў з дзвюма асновамі, прыняўшы дасціпнае (прынамсі на першы погляд), аднак вельмі няпростае для ўжывання правіла:

Пастанова СМ БССР ад 11 мая 1957 г.: V.1. а) Складаныя словы з націскам на першым складзе другой часткі пішуцца як простыя: вадаспад, палявод, шаўкапрад, гарбаносы, чарнавокі, прастадушны, саракаградусны, разнастайны, мнагабор'е, зламысны, дабраякасны,недабраякасны, навабранец, флатаводзец, малатабоец, канапляводства, саламарэзка,галаваломка, скараспелка, малакамер, Дабралюбаў, Ламаносаў, Сталетаў, Навазыбкаў, Чарнаручча.

б) Калі ў другой частцы складанага слова націск падае не на першы склад, тады ў першай частцы з'яўляецца пабочны націск і пад ім аднаўляецца этымалагічнае о: торфабрыкет, сортаабмен, домакіраўніцтва, водаразмеркаванне, кормаздабыванне, боекамплект, простанародны, жывёлагадоўчы, стопрацэнтны, многастаночнік, шырокадаступны, своеасаблівы, высокаідэйны, тонкасуконны, Новарасійск, Горназаводск. (Тут і далей усе вылучэнні тлустым і падкрэсліванні - нашы. - З. С.)

Але ж практыка ўжывання гэтага правіла (назавем яго "правілам націску ў другой частцы") паказала яго нежыццёвасць. Яно свядома і несвядома парушаецца не толькі ў бягучых тэкстах, а нават у акадэмічных слоўніках (усе прыклады - з СБМ, вертыкальная рыса абазначае мяжу між часткамі складанага слова):

1. Аканне не праводзіцца, хоць націск прыпадае на першы склад другой часткі - дзеля захавання графічнай і фанетычнай сувязі з утваральнай асновай, напр.: напр.: аснова|твóрны, збожжа|склaд, кокса|гáзавы,колера|му́зыка, нова|спе́чаны, ружова|тва́ры; у тым ліку ў словах без інтэрфікса (злучальнага галоснага): хлор|во́цатны. Некаторыя асновы на практыцы ніколі ў складаных словах не выступаюць у ненаціскной форме - незалежна ад месца націску ў другой частцы, напр.: мова|ве́д, мова|зна́ўчы, мова|тво́рац; свабода|лю́б, свабода|лю́бны, свабода|лю́бства, свабода|мы́снасць, свабода|мы́сны; слова|блу́дства, слова|спі́с, слова|тво́рчы.

І сапраўды, асабліва цяжка правільна ідэнтыфікаваць складовыя часткі ў выпадку, калі о апынаецца сярод іншых а (інакш - пры правядзенні акання - першая частка слова выглядала б як набор складоў з а): паўночна|мо́рскі, а не паўначнаморскі; паўночна|ру́скі, а не паўначнарускі;, паўторна|ро́дзячая, а не паўтарнародзячая; правоза|здо́льнасць, а не правазаздольнасць;

У тых жа ўмовах і з тых жа меркаванняў у першай аснове захоўваецца ё: верталёта|но́сец, а не верталетаносец, бо верталёт; жывёла|во́д, а не жывелавод, бо жывёла, казённа|ко́штны, а не казеннакоштны, бо казённы. Складальнікі СБМ у некаторых выпадках так і не здолелі вызначыцца, ці - насуперак правілу - захоўваць ё, і падалі абодва варыянты: цемнаво́кі і цёмнаво́кі, цемналі́сты і цёмналі́сты, але толькі цёмнагры́вы. Падобнае знаходзім і ў СІС: хіенадо́кса, але хіёнасфе́ра і хіёнафі́лы.

Трэба прызнацца, аўтары рэдакцыі 1957-1959 гг. пакінулі сабе «пралаз», які - пры патрэбе - даваў магчымасць на законных падставах пакідаць зыходны о.

Пастанова-1957:V.1. Заўвага 1. У першай частцы некаторых слоў можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку этымалагічнае о на пісьме аднаўляецца: азотнакіслы, горнарудны, збожжаздача, збожжаўборка, дробнатвары, дробнаўласніцкі, усходазнаўства, работадавец, попелаўлоўнік і некаторыя іншыя.

Звод-1959: § 6.2. …о захоўваецца ... у некаторых вузканавуковых тэрмінах, асабліва ў тых выпадках, калі з літарамі о, а звязваецца сэнсавае адрозненне, напрыклад у хіміі: орсін і арсін, оксо і окса і інш.

2. Аканне праводзіцца, — хоць паводле асноўнага прынцыпу не павінна праводзіцца, бо націск прыпадае не на першы склад, — дзеля захавання графічнай і фанетычнай сувязі з аднакаранёвымі словамі, дзе аканне адпавядае заяўленаму правілу, напр.:

арта|даксльны, бо артадо́кс, хоць <ortho- ‘правільны’
гістарыя|графі́чны, бо гістарыё́граф і гістарыягра́фія, хоць гісто́рыя
палі|графі́чны, бо палігрфія, хоць < poly-‘шмат’
страба|скапі́чны, бо страбаско́п, хоць < strobo-‘круціцца’
фана|метры́чны, бо фано́метр і фанаме́трыя,хоць < phono- ‘гук’

І для такіх напісанняў аўтары рэдакцыі 1957—1959 гг. таксама пакінулі сабе «шчылінку»:

Пастанова-1957: V.1. Заўвага 2. Першая частка складаных прыметнікаў пішацца так-жа1, як і першая частка назоўнікаў, ад якіх гэтыя прыметнікі ўтварыліся: марфалогіямарфалагічны, манаграфіяманаграфічны, храналогіяхраналагічны.

 

* Працяг.
Пачатак у №1—2.

Прынятыя скароты:

БелСЭ — Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 1—12. Мінск, 1969—1975;

БелЭн — Беларуская энцыклапедыя. Т. 1—18. Мінск, 1996—2004;

БСЭ — Большая Советская Энциклопедия. Т. 1—51. Москва, 1949—1958;

БЭ — Большая энциклопедия. Т. 1—62. Москва, 2006;

КарБелСЭ — Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. Т. 1—5. Мінск, 1978—1981;

РБС, 1937 — Руска-беларускі слоўнік / АН БССР; Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы; Пад рэд. А. Александровіча. Менск, 1937;

САУІ — Слоўнік асабовых уласных імён / АН БССР; Інстытут мовазнаўства; Уклад. М. Р. Суднік. Мінск, 1965;

СБМ — Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / АН БССР; Інстытут мовазнаўства; Пад рэд. М. В. Бірылы. Мінск, 1987;

СІС — А. М. Булыка. Слоўнік іншамоўных слоў / БелЭн. Т. 1—2. Мінск, 1999;

ЭГБ — Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1—6. Мінск, 1993—2003.

   
Аднак і тут лексікографы схібілі, не правёўшы паслядоўна і гэтай заўвагі (усе прыклады — з СБМ):

гамалагі́чны, аднак і гомалагі́чны, хоць толькі гамало́гія
гамапласты́чны, аднак і гомапласты́чны, хоць толькі гамапла́стыка
іканаграфі́чны, аднак і іконаграфі́чны,хоць толькі іканагра́фія
політэхні́чны, хоць палітэ́хніка
фанаграфі́чны, аднак і фонаграфі́чны,хоць толькі фанагра́фія
шклаграфі́чны, аднак і шклографі́чны,хоць толькі шклагра́фія

Пры такім асваенні ўскладняецца і без таго няпросты працэс семантычнай ідэнтыфікацыі. Вось некалькі пар каранёў, якія адрозніваюцца толькі галосным а~о:

акс- ‘дошка; вось, вал, полюс’ ≠ окс-‘кіслы’
гама- (выпраменьванне) ≠ гома-‘падобны’
гана- ‘бляск’ гона- ‘семя’
кран- ‘журавель (у студні); кран’ ≠ крон- ‘карона’
мана- ‘разрэджаны’ ≠ мона-‘адзін’
пара-пора-
пот(а)-пата- ‘хвароба’
сама-сома- ‘цела, цялесны’
Усё яшчэ больш заблытваецца тым, што асобныя карані — аманімічныя і без правядзення акання:

гала- ‘соль’: галагенез       ≠ гола- ‘увесь’: голаметабалія
гала-‘малако’: галактоза  
гала-‘урачыстасць’: гала-канцэрт  
гал(а)- ‘гал’: галаманія  

У выніку слова галаграфі́чны (бо галагра́фія), замацаванае насуперак асноўнаму правілу, аднак паводле заўвагі 2 (гл. вышэй: Пастанова-1957. V.1), — асацыюецца не з гола-, што адпавядала б праўдзе, а з чатырма іншымі, ужо аманімічнымі міжсобку, каранямі, з якімі не мае ні графічнай, ні семантычнай сувязі.

3. Аканне праводзіцца, бо слова не ўспрымаецца як складанае: партамане́т (варыянт: партмане́т) замест адпаведнага правілу по̀рта|мане́т (по̀рт|мане́т); матацыклeт (відаць, па аналогіі з выключэннем матацыкл) замест адпаведнага правілу мо̀та|цыкле́т, тым больш што частка мота- мусіць пісацца нязменна — незалежна ад націску (адпаведную арфаграму са Зводу-1959 гл. ніжэй).

Зрэшты, ёсць выпадкі, калі правядзенне акання немагчыма растлумачыць нічым: арніта|філі́я, хоць < rni(tho)s; палі|тэхніза́цыя (нароўні з політэхнізацыя), дзе націск прыпадае ажно на трэці (!) склад другой часткі слова, — хоць полі|тэхні́зм, полі|тэхні́чны, дзе націск — усяго на другім складзе другой часткі.

У выніку слова галаграфі́чны (бо галагрбфія), замацаванае насуперак асноўнаму правілу, аднак паводле заўвагі 2 (гл. вышэй: Пастанова-1957. V.1), — асацыюецца не з гола-, што адпавядала б праўдзе, а з чатырма іншымі, ужо аманімічнымі міжсобку, каранямі, з якімі не мае ні графічнай, ні семантычнай сувязі.

4. Аканне паказваецца, хоць націск прыпадае не на першы склад, — на ўзор ненаціскной утваральнай асновы, напр.:

галавакружэ́нне, а не го̀лава|кружэ́нне ці гало̀ва|кружэ́нне, бо галава́
малаказаво́д, а не мало̀ка|заво́д ці мо̀лака|заво́д, бо малако́
смалакурэ́нне, а не смо̀ла|курэ́нне, бо смала́

Напісанні ў адпаведнасці з «правілам націску ў другой частцы» нярэдка выклікаюць у карыстальнікаў дыскамфорт, бо ўзнікаюць непажаданыя асацыяцыі — нават ва ўласнабеларускай лексіцы, напр.: танканогі — у каго ногі, як у танка? Або машкаедны — той, хто есць Машак? А што ўжо казаць пра запазычанні, дзе паслядоўнае правядзенне акання часам робіць першую частку складанага слова непазнавальнаю. Напрыклад, у лексеме азанасфера з цяжкасцю пазнаецца азон, у лексеме шортгарн горн (абодва прыклады — з СІС).

Цікавая гісторыя атрымалася з двума падобнымі прозвішчамі складанай будовы, хістанні ў напісанні якіх назіраюцца ў выданнях нават таго самага выдавецтва. У экіпажы героя ВАВ Гастэлы быў стралок, у розных энцыклапедыях названы па-рознаму — то Скарабагатым (КарБелСЭ, ЭГБ), то Скарабагатавым (БелСЭ, БелЭн; усюды арт. «Гастэла»). Праўда, ва ўсіх выпадках — праз а ў першай частцы. Аднак у БелЭн прозвішчы такіх асобаў, як спявак Віктар Скорабагатаў і танцор балету Кірыла Скорабагаты (у адпаведных аднайменных артыкулах), падаюцца праз о. Такім чынам, нават у адным і тым жа выданні тыя самыя прозвішчы аказаліся напісанымі па-рознаму.

«Правіла націску ў другой частцы» аказалася складаным не толькі для «энцыклапедыстаў», але і для мовазнаўцаў, нават для цэлых мовазнаўчых калектываў, якія складалі кадыфікацыйную літаратуру — слоўнікі і даведнікі. Напрыклад, у СБМ замацавана «няправільная», аднак пазнавальная форма нотаграфія, а ў СІС абе­дзве — і нотаграфія, і натаграфія. Праўда, пададзены яны ў розных месцах, без узаемных спасылак, аднак з самастойнымі дэфініцыямі. Міжволі складаецца ўражанне: аўтар СІС нават не падазраваў, што замацаваў адно і тое ж слова па-рознаму. Затое ў СБМ вырашылі, каб не схібіць, прыняць абодва варыянты іншых слоў: навакаін і новакаін, тарфакрошка і торфакрошка. А вось на наступным слове аўтары СБМ і СІС не згадзіліся: у СБМ прынялі кроншнэп, а ў СІС — краншнэп.

Нават у лінгвістычнай тэрміналогіі, дзе, здавалася б, паводле вызначэння ўсё мусіла б адпавядаць заяўленым прынцыпам, «правіла націску ў другой частцы» парушаецца: напр., уласнабеларускі тэрмін множна|лі́кавы; іншамоўныя тэрміны: айк|а 1 -ні́ 2 -мі-ка , айк|а 1 -ні́ 2 -мі-я ад грэчаск. oikos ‘жытло’ мелі б пісацца як ойканіміка, ойканімія (лічбамі 1 і 2 абазначаны склады ў другой частцы слова).

Відавочную слабасць і практычную невыканальнасць «правіла націску ў другой частцы» ўсведамляў і А. Падлужны. Аднак замахнуцца на сам прынцып яго група не насмелілася і, каб неяк зняць вастрыню супярэчнасці паміж правілам і яго рэалізацыяй (дакладней — парушэннем), паўтарыла ў сваім праекце агаворку са Зводу-1959:

Праект Падлужнага: § 10. ... У першай частцы некаторых складаных слоў можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у гэтых словах пішацца о: малочнакіслы, азотнакіслы, фосфарнакіслы, збожжаздача, мовавед, мовазнаўства (і вытворныя), манголазнаўства, манголавед, усходазнаўства, работадавец, маторазборачны, новавынайдзены, калонлічба, іголкаскурыя, фондасховішча, восемсот. Напісанне падобных слоў вызначаецца слоўнікам.

(Усе ілюстрацыі — з СБМ, апроч іголкаскурыя, новавынайдзены; у СБМ: ігласкурыя, іголкафільтр, нававынайдзены.)

З аднаго боку, група Падлужнага ўзаконіла парушэнні правіла, ужо праведзеныя ў слоўніках. З другога — яна «зрабіла дзірку ў законе», каб пазней, пры складанні новага арфаграфічнага слоўніка, мець легальныя падставы пакідаць этымалагічнае о паводле свайго «моўнага пачуцця» і інтуіцыі. Не здаволіўшыся з фармулёўкі ў сваім праекце, А. Падлужны звяртаецца да гэтай балючай праблемы ці не ў апошняй сваёй публікацыі, імкнучыся (1) максімальна расшырыць межы выключэнняў з правіла, (2) падаць шырэйшую аргументацыю такога развязання і (3) засцерагчы сваіх наступнікаў ад безагляднага правядзення акання ў складаных словах:

...о захоўваецца, калі першай часткай складанага слова з’яўляецца збожжа-, слова-, мова-, проці-, вока-: збожжасховішча, словатворчасць, мовазнаўства, процілеглы, проціборства, вокамгненна (выключэнні вакамер і вакамерны). Літара о захоўваецца і тады, калі напісанне а вядзе да страты сувязі з аднакарэннымі словамі ў іншых пазіцыях: абароназдольнасць (абарана- ?), постфактум, постскрыптум (параўн.: постындустрыяльны, постмадэрнізм), горналыжны (гарна- ?), водналыжнік (вадна- ?), коняферма (параўн. назва птушкі каня), манголавед (мангала- ?), коласазнавец (каласа- ?), усходазнаўства (усхада- ?) і г. д., прыродазнаўства (прырада- ?), марозастойкі (мараза- ?)... Захоўваюць о таксама першыя часткі складаных слоў фота-, мота-, контр-, што-...2

   1  На той момант часціцы ж(а) і б(ы) пісаліся праз злучок.

   
Як бачым, абвешчаныя ў Зводзе-1959 прынцыпы «не працуюць», — у гэтым пераконвае амаль паўстагоддзя яго «дзеяння». Таму ў будучыні, калі складуцца больш спрыяльныя ўмовы для ўнармавання беларускага правапісу, гэтыя прынцыпы трэба было б змяніць.

В. Як будзе паводле Праекта:
складанасці з семантычнай ідэнтыфікацыяй

Хоць сустаршыня міністэрскай камісіі А. Лукашанец часта падкрэслівае практычную тоеснасць праекта Падлужнага і Міністэрскага праекта, аднак знаёмства з адпаведнай арфаграмай новай рэдакцыі пераконвае ў адваротным:

Міністэрскі праект: § 5.2. ... Літара о захоўваецца, калі першай часткай складанага слова з’яўляюцца слова-, вока-, што-: словатво́рчасць, вокамгне́нне, штодзённы,штоме́сяц, штоко́львек, штого́д.

Як бачым, новы Праект не толькі не пашырае сектара выключэнняў, а, — насуперак рэдакцыі 1957—1959 гг., насуперак акадэмічным і энцыклапедычным выданням, насуперак праекту Падлужнага, нарэшце, насуперак моўнай практыцы, — звужае «прасвет», зводзячы яго да трох каранёў. Усё — у імя «скарачэння колькасці выключэнняў».

Чаму выключэнні зроблены ў дачыненні менавіта гэтых асноў? З часткаю слова- ўсё ясна: яна можа «блытацца» са слава-. Але чаму выбар прыпаў менавіта на вока- і што-, якія — у адрозненне ад дзесяткаў іншых асноў — не ўступаюць у аманімічныя дачыненні, інакш кажучы, нават калі і правесці аканне, застаюцца больш-менш пазнавальнымі?

А як жа быць з сотнямі іншых складаных слоў, у якіх — дзеля пазнавальнасці — «правіла націску ў другой частцы» не праводзілася?! У Праекце не прадугледжваецца ніякіх «пралазаў» ці «шчылінак» для таго, каб захаваць зыходныя о/ё ў першай частцы.

Такім чынам, паводле Праекта, трэба будзе пісаць, напр.: багпомач (замест цяперашняга богпомач), калантытул (замест калонтытул), астготы (замест остготы), хармайстар (замест хормайстар). Калі ж абвешчаныя ў Праекце змены будуць праводзіцца паслядоўна, татальнае аканне ператворыць дагэтуль знаёмыя словы ў рэбусы. Здагадайцеся, што б гэта магло азначаць:

азатабактар (замест азотабактэр)
здараўядайны (замест здароўедайны)
насякамаедны (замест насякомаедны)
пальскамоўны (замест польскамоўны)
перапанчатакрылы (замест перапончатакрылы)

Новае афармленне будзе не толькі зацямняць семантыку складаных слоў, але і спрыяць іх няправільнаму ўспрыманню — праз узнікненне новых, «фальшывых» асацыяцый, напр.:

бормашына бармашына (бар-аўтамат?)
гофмаршал гафмаршал (адмірал? < нямецк. Haff ‘затока’ або маршал-разява? < нямецк. gaffen ‘вылупіцца (пра разяву)’)
гросмайстар грасмайстар (майстар стрыгчы траву? < нямецк. Gras ‘трава’)
здольнадзейныздальнадзейны (які дзейнічае здаля?)
кормазмешвальнік кармазмешвальнік(ад карма? няўдачлівы прадказальнік лёсу?)
корнпапера карнпапера (ад карны, кара?)
крокамер кракамер (прылада для вымярэння колькасці краканняў?)
кронпрынц кранпрынц (прынц крана на ўзор каралевы бензакалонкі?)
моцнадзейнымацнадзейны (мацаць + надзейны?)
нонканфармізм нанканфармізм (ад нана-, як у нанатэхналогіі?)
постсавецкі пастсавецкі (ад паста?)
ролікадром ралікадром (ад ралі?)
ротэнфюрэрратэнфюрар(правадыр рады? < нямецк. Rat ‘рада’)
тонстудыя танстудыя (танцавальная студыя?)

Шырэй карціна магчымых змен рэпрэзентуецца ў табліцы 1.

Табліца 1.
Некаторыя складаныя словы, правапіс якіх зменіцца ў выніку прыняцця Праекта
ЦЯПЕР
(пвд СБМ)
ПРАЕКТ
азотагеназатаген
азотакіслыазатакіслы
азоцістакіслыазацістакіслы
асноватворныаснаватворны
блокпостблакпост
горналыжныгарналыжны
гофмайстаргафмайстар
донкіхотданкіхот
жывёлабойныжывелабойны
збожжаздачазбажжаздача
збожжапультзбажжапульт
зоркалётчыкзаркалётчык
іголкафільтрігалкафільтр
кожнадзённыкажнадзённы
коксахіміякаксахімія
колеразнаўствакалеразнаўства
кронцыркулькранцыркуль
літоўскамоўнылітаўскамоўны
моватворцамаватворца
моцнатокавымацнатокавы
нервовахворынервавахворы
новастворанынаваствораны
тонмайстартанмайстар
тонфільмтанфільм
торфакокстарфакокс
фокстэр’ерфакстэр’ер
фондаёмістыфандаёмісты
хваробатворныхварабатворны
хлорвоцатныхларвоцатны
хоразнаўствахаразнаўства
хромавакіслыхрамавакіслы
электронаграфіяэлектранаграфія
японазнаўстваяпаназнаўства
Таксама нічога не гаворыцца пра словы з часткамі мота-, фота-, якія, паводле Зводу-1959, мусілі пісацца нязменна:

Звод-1959: § 18. ...захоўваюць у першай частцы о таксама словы на: фота- (фотака́ртка, фотако́пія, фотазды́мак, фотарэ́туш, фотасу́вязь, фотака́мера, фотавы́стаўка, фотаплё́нка, фотасі́нтэз, фотатэ́хніка і г. д.; але фатагра́фія і вытворныя ад яго); мота- (мотапо́езд, мотало́дка, мотакро́с, мотаго́нкі, мотака́да і г. д.; але: матаво́з, матацы́кл і вытворныя)...

На практыцы да гэтай групы далучыліся словы з часткамі контр- і проці-, што знайшло замацаванне ў акадэмічных слоўніках.

Такім чынам, чатыры з пяці згаданых частак (апроч што-) аўтары Праекта не ўключылі ў выняткі, а значыць, наканавалі ім змяніць аблічча на больш цьмянае (гл. табліцу 2).

C. Словы з трыма і большай
колькасцю асноў

Рэдакцыя 1957—1959 гг. прадугледжвала правядзенне акання на месцы о толькі ў складаных словах з дзвюма асновамі. У словах з трыма і большай колькасцю асноў о захоўваецца — незалежна ад месца націску.

Пастанова-1957: V.1. в) Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з гэтых частак пішацца як асобна ўзятае слова: паравозавагонабудаўнічы і інш.

У Зводзе-1959 павялічылася колькасць прыкладаў і дадалося тлумачэнне:

Звод-1959: Калі складаныя словы маюць у сваім саставе больш за дзве часткі, то кожная частка пішацца як асобна ўзятае слова. Напрыклад, напісанне слова паравозавагонарамонтны можна праверыць праз напісанне слоў: паравоз, вагон, рамонт: авіяматорабудаванне — праз авія, матор, будаванне; аэрафотапрыбор — праз аэра, фота, прыбор.

«Традыцыйнае» правіла было паўторана ў праекце Падлужнага амаль слова ў слова (§ 17). А з Міністэрскага праекту прыбралі «непатрэбнае», на думку яго аўтараў, тлумачэнне:

Міністэрскі праект: § 5.7. Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кож­­ная з іх пішацца як і асобна ўзятае слова: паравозавагонарамонтны, авіяматорабудаванне, аэрафотапрыбор.

Табліца 2. Складаныя словы з часткамі контр-, мота-, проці-, фота-, правапіс якіх не залежыць ад «правіла націску ў другой частцы»
ЦЯПЕР
(пвд СБМ, СІС)
ПРАЕКТ

контрамаршкантрамарш
контргайкакантргайка
контрмерыкантрмеры
контрмінакантрміна
контрпаракантрпара
контрфорскантрфорс
мотаболматабол
мотаботматабот
мотагонкіматагонкі
мотадромматадром
мотазборачныматазборачны
мотаклубматаклуб
мотакросматакрос
мотапоездматапоезд
мотапомпаматапомпа
мотараліматаралі
мотаролерматаролер
мотасаніматасані
мотаспортматаспорт
мотачасцьматачасць
моташлемматашлем
проціатамныпраціатамны
проціборствапраціборства
процівагапрацівага
процівірусныпрацівірусны
процігліставыпрацігліставы
процігніласныпрацігніласны
процідзейныпрацідзейны
процідымныпрацідымны
проціззяннепраціззянне
процізносныпрацізносны
процілеглыпрацілеглы
процілежныпрацілежны
процілодачныпрацілодачны
процімінныпрацімінны
процімоўкапрацімоўка
процімоўцапрацімоўца
процінакіпныпрацінакіпны
проціпотавыпраціпотавы
проціракавыпраціракавы
процірэжучыпрацірэжучы
процісонечныпрацісонечны
процістаўленнепрацістаўленне
процісутаргавыпрацісутаргавы
процітанкавыпрацітанкавы
проціціскпраціціск
процічумныпрацічумны
процішокавыпрацішокавы
проціяддзепраціяддзе
проціядзерныпраціядзерны
стовежавыставежавы
стоградусныстаградусны
стоклетачныстаклетачны
стосвечкавыстасвечкавы
стосільныстасільны
стотонныстатонны
стотысячныстатысячны
фотабомбафатабомба
фотагенфатаген
фотаздымкафатаздымка
фотакадрфатакадр
фотакамерафатакамера
фотакарткафатакартка
фотаклубфатаклуб
фотаконкурсфатаконкурс
фотакопіяфатакопія
фотаметрыяфатаметрыя
фотанарысфатанарыс
фотаоптыкафатаоптыка
фотаплёнкафатаплёнка
фотасетэрфатасетар
фотасінтэзфатасінтэз
фотастатфатастат
фотастудыяфатастудыя
фотастэндфатастэнд
фотасферафатасфера
фотасхемафатасхема
фотатаксісфататаксіс
фотатрофыфататрофы
фотатыпіяфататыпія
фотатыпныфататыпны
фотатэкафататэка
фотатэхнікафататэхніка
фотафілыфатафілы
фотафільмфатафільм
фотафінішфатафініш
фотафобіяфатафобія
фотафобыфатафобы
фотафонфатафон
фотафорыфатафоры
фотахіміяфатахімія
фотахроміяфатахромія
фотахронікафатахроніка
Пры параўнанні фармулёвак з розных рэдакцый звяртае на сябе ўвагу вернасць у ілюстрацыях «паравозавагоннай» тэматыцы. Ілюстрацыі паравозавагонабудаўнічы, паравозавагонарамонтны — шчаслівае супадзенне: у апошніх частках -рамо́н­т­ны, -будаўні́чы націск прыпадае не на першы склад. Таму «паравоза­вагонныя» словы са звяздоўскага лексікону сталінскіх часоў працягваюць сваё трыумфальнае шэсце па падручніках, хоць усе беларускія паравозы ўжо і не будуюцца, і не рамантуюцца, а дзесяці­годдзямі стаяць «на вечным прыколе» на станцыі Негарэлае. Ніжэй у адпаведным месцы мы падамо яшчэ колькі прыкладаў таго, што ілюстрацыйны матэрыял у Праекце нярэдка рэпрэзентуе рэаліі былых эпох.

Праўда, у фармулёўцы Зводу-1959 ёсць дзве некарэктнасці:

а) слова паравоз ужо мае складаную будову, таму тлумачэнне мусіла б выглядаць наступным чынам: «паравозавагонарамонтны можна праверыць праз напісанне слоў: пара, воз, вагон, рамонт­»;

b) ілюстрацыі з фота- не паказальныя, бо гэтая частка незалежна ад усяго мусіць пісацца нязменна.

Што да самой арфаграмы, то з ёй зусім бяда — часцей яна не выконваецца, чым выконваецца. Вось усяго некалькі прыкладаў з СБМ і СІС:

ампервальтметр замест ампѐр|во̀льт|ме́тр <вольт
антрапамарфалогія замест а̀нтрапа|мо̀рфа|ло́гія < mrphe
геолагаразведка замест гао̀га|разве́дка < ge, lgos
палеазаалогія замест па̀леа|зо̀а|ло́гія < zon
псіхасацыялогія замест псі́ха|со́цыя|ло́гія < scio
этнакасмалогія замест э̀тна|ксма|ло́гія < csmos
фотатапаграфія замест фота|то̀па|гра́фія < tpos

І нават у словах з -фота-:

астрафатаметрыя замест а̀стра|фо̀та|ме́трыя
хронафатаграма замест хро̀на|фо̀та|гра́ма

Праўда, матывы парушэння «правіла трох частак» (так мы назавем згаданую арфаграму) даволі празрыстыя: канфлікт паміж двухасноўнымі і шматасноўнымі словамі. Таму і пішуцца:

антрапасацыялогія, як сацыялогія, хоць < scio
геахраналогія, як храналогія, хоць < chrnos
імунамарфалогія, як марфалогія, хоць < mrphe
марфаналогія, як фаналогія, хоць < phnos

Пра тое, што аўтары Праекта і не думаюць датрымлівацца ўласных устанаўленняў, сведчаць напісанні аўтаматакрос (крос з аўтаматамі?), аэрафатаздымка (абодва прыклады — з § 31.1) замест чаканых, здавалася б, аўта|мота|крос, аэра|фота|здымка (так у СБМ).

D. Неўразуменні

Аўтары Праекта прадэманстравалі незвычайную лапідарнасць у асвятленні правапісу складаных слоў (ніяк не параўнаць з правіламі напісання вялікай літары). Яны пакідаюць патэнцыйных карыстальнікаў — а гэта ўсе, хто піша і будзе пісаць па-беларуску, хоць бы на ўроках беларускай мовы, — у неўразуменнях, як мяркуецца пісаць:

1) элементы контр-, пост-, прота-, фор- і пад.:

— у Праекце ёсць напісанні (праўда, не ў тых главах, што прысвечаны складаным словам) кантрагент, паст-, пастпазіцыя (§ 31.1), якія пярэчаць СБМ: контрагент, постпазіцыя;

— слоў з элементамі прота- ў Праекце няма, у СБМ: протабеларускі, протагісторыя, протадыякан, протаславяне;

2) часткі святло-, шкло-, усё-, дзе складанасць — у вызначэнні статусу -о-/-ё-: гэта элемент асновы ці злучальны галосны? Ад вырашэння гэтага пытання залежыць правапіс адпаведных галосных;

3) словы, другая частка якіх пачынаецца з -ў-. У Зво­дзе-1959 злучальны е ў такіх лексемах яканню не падлягаў: вогнеўсто́йлівы, зернеўбо́рачны (СБМ), аднак у Праекце знаходзім узаемавыключальныя ілюстрацыі: вогнеўсто́йлівы (§ 5. «Літары о, э, а ў складаных словах»), але зерняўбо́рачны (§ 7. «Правапіс е, я, ё ў складаных словах»). Цана праблемы, паводле падлікаў па СБМ, — 26 лексем;

4) злучальны е перад злучком. Ці падлягае ён яканню, калі другая частка пачынаецца з націскнога складу? Вось у БелЭн не мелі адказу на гэтае пытанне, таму ў адным выпадку правялі яканне: Заходня-Ці́шкаўскае радовішча, а ў другім — не: Усходне-Ры́мская імперыя;

5) словы, якія пачынаюцца на прыстаўны в о, — ці страцяць яны прыстаўны пры мене о → а (бо фанетычныя ўмовы для развіцця прыстаўнога знікнуць).

возеразнаўства азеразнаўства ці вазеразнаўства?
вокіснартутныакіснартутны ці вакіснартутны?
воцатнакіслыацатнакіслы ці вацатнакіслы?
вогнеўстойлівыагнеўстойлівы ці вагнеўстойлівы ці агняўстойлівы ці вагняўстойлівы?

6) словы накшталт «Фторадэнт» (§ 30)? Калі менавіта так, то якім правілам Праекта такое напісанне дыктуецца?

Агульная недасканаласць комплексу правілаў, якія рэгулююць арфаграфію складаных слоў і, як вынік, непаслядоўнасць у іх выкананні мусілі б насцярожыць аўтараў Праекта. І калі ўжо яны не мелі рацыянальнай прапановы наконт прынцыповай змены правапісу складаных слоў, то лепш бы не мяшаліся ў гэтае самае складанае пытанне беларускай арфаграфіі, пакінуўшы ўсё без змен. На жаль, гэтак не сталася.

ІІ.5. Слова на развітанне з татальным аканнем

Для нас беларуская мова — гэта не яшчэ адна кваліфікацыйная дысцыпліна для сістэмы адукацыі, а інструмент штодзённага ўжытку. Нам хацелася б выкарыстоўваць яе ў як мага большай колькасці сітуацый. Мы маем перадаць яе нашчадкам як асноўны, максімальна універсальны сродак самарэалізацыі. А бяздумнае спрашчэнства, абгрунтаванне патрэбаю паспяховай «тэстаздачы», ніяк не можа спрыяць развіццю мовы, пашырэнню сфер яе ўжывання, яе лепшай будучыні.

Спадзяемся, ніжэйпададзеныя развагі будуць не лішнія пры выпрацоўцы прынцыпаў асваення іншамоўнай лексікі на сённяшнім этапе эвалюцыі мовы.

1. Мусім прызнаць, што беларуская мова належыць да меншых моў, якія адрозніваюцца ад моў большых не толькі колькасцю носьбітаў, — яны займаюць меншую палову узуальных ніш, інакш кажучы, выкарыстоўваюцца далёка не ва ўсіх сферах ужывання мовы, а значыць — больш залежаць ад вонкавых чыннікаў, ад іншых, большых моў.

Большыя мовы аб’ектыўна канкуруюць ва ўплыве на меншыя мовы. З развіццём вонкавых камунікацый учорашні рэгіянальны лідэр (у нашым выпадку — руская мова) саступае першынство канкурэнтам (заходнееўрапейскім мовам, найперш англійскай). Прадбачыць, хто стане лідэрам моўнага ўплыву заўтра, немагчыма. Таму неабходна выпрацаваць максімальна універсальныя прынцыпы трансляцыі іншамоўных фактаў на беларускую глебу — каб чым найменш залежаць ад бягучых ваганняў геапалітыкі і кан’юнктурных меркаванняў.

2. Кожная нацыя на раннім этапе свайго развіцця імкнецца самасцвердзіцца ў мове і праз мову, акрэсліўшы такім чынам сваю «нацыянальную тэрыторыю» — абсяг сваёй дамінацыі. Аднак што добра для падлеткавага самасцвярджэння — не заўсёды добра для дарослага жыцця. Пры асваенні іншамоўнай лексікі трэба ўсведамляць, што час гарэзіяў і свавольства мінуў — нацыя пасталела.

   2 Падлужны, А. Традыцыі ва ўдасканаленні беларускага правапісу // Роднае слова. 2005. № 8. С. 45.

   
3.  Чым большая колькасць пунктаў асваення3 і чым вышэйшая ступень іх універсальнасці, тым цяжэй, а ў вялікім шэрагу выпадкаў — немагчыма, карэктна зрабіць т. зв. адваротны пералік, г. зн. аднавіць зыходную форму — форму, якую мела лексема ў мове-крыніцы. Да таго ж носьбіту трэба ведаць не толькі правілы асваення (пераліку) іншамоўных фактаў на ўласную мову, але мець дастаткова ведаў і матэрыялу для адваротнага пераліку. Калі ж правілы асваення складаныя і пунктаў асваення шмат, аблічча запазычання настолькі адрываецца ад зыходнай формы, што аднавіць яе паспаліты носьбіт проста не здольны. Гэта прыводзіць да самаізаляцыі мовы. Для меншай мовы, носьбіты якой спрэс білінгвы (або полі­лінгвы), што валодаюць і большаю моваю (большымі мовамі) ды штодзень стаяць перад выбарам, якую мову ўжыць у кожным канкрэтным выпадку, — самаізаляцыя спрыяе яе пераходу ў групу мёртвых.

У гэтай сітуацыі, калі ўжо ўводзіць новы пункта сваення ці пашыраць раней уведзены на новыя пазіцыі, то матывы такой змены павінны быць вельмі сур’ёзныя.

4. Нельга блытаць правапісу з транскрыпцыяй. Фанетызацыя пісьма павінна праводзіцца толькі ў тым выпадку, калі яна спрыяе беларускай арфаэпіі, іншымі словамі, захаванню правілаў беларускага вымаўлення. Калі ж мена не працуе на такую задачу, яна будзе непатрэбнаю. Далейшае правядзенне акання на пісьме — як мы яго назвалі, «татальнае» аканне — ніяк не спрыяе ўмацаванню правільнага беларускага вымаўлення, бо нам не пагражае оканне. Калі і паказваць рэальную фанетыку, то ў зусім іншых выпадках.

Што да лёсу ненаціскнога о/ё, то ў Праекце зусім праігнаравана адна праблема. Невялікая паводле колькасці выпадкаў, яна ўсё ж такі важная, бо тыпалагічна звязана з вялікай групай слоў. Гутарка пра о на канцы іншамоўных слоў у становішчы перад ётам.

Вось варыянты перадачы канцавога спалучэння «й + ненаціскны о»:

— -йо — у БелЭн: Ага́йо, Гірланда́йо, О́йо;

— -ё — нярэдка ў практыцы: англійскі беларусіст Пітэр Мэ́ё (Mayo), японскі мастак То́ё Ода Сэсю (абодва прыклады — з БелЭн), і нават у некаторых падручніках: Ага́ё4, Гірланда́ё, О́ё;

— -йа калі праводзіць аканне, як гэта робяць аўтары Праекта амаль ва ўсіх выпадках: Ага́йа, Гірланда́йа, О́йа;

— -я — калі быць паслядоўным у правядзенні прынцыпу: [йа] на пісьме перадаецца ётаванай літарай я (а гэты прынцып абвешчаны і рэалізаваны ў Праекце ў § 15.3: Яга́нэсбург, Якага́ма, пра што падрабязнейшая гутарка наперадзе): Ага́я, Гірланда́я, О́я.

   3 Пункты асваення — гэта, напр., змякчэнне большасці зычных перад е, перадача падвойных зычных адной літарай, правядзенне дзекання і цекання, перадача нямецкага спалучэння dt праз т.

   
Зрэшты, аўтары рэдакцыі 1957—1959 гг. таксама капітулявалі перад гэтым пытаннем, адсылаючы да гіпатэтычнага слоўніка5. Аднак, мяркуючы па адзіным прыкладзе, які асвятляе цікавую для нас пазіцыю (Агайо, § 28), кадыфікатары схіляліся да захавання о.

Так, праблема ненаціскнога о/ё выходзіць за межы разгледжаных у Праекце выпадкаў. Калі б аўтары Праекта ўсведамлялі яе аб’ём, то, магчыма, адмовіліся б ад татальнага акання. Асабліва відавочнаю робіцца тэндэнцыя захоўваць зыходны [о] пры азнаямленні з практыкай перадачы іншамоўнай лексікі не ў навучальных, а ў рэальных тэкстах. Ніжэй мы падаем выпадкі захавання о/ё ў запазычаннях — незалежна ад месца націску (агульная лексіка — паводле СІС, БелЭн, уласная — паводле БелЭн6):

А́ксельрод (БелЭн, Дадатак; параўн. Аксельро́д у 1 т.)
А́ндэрсен-Не́ксё
Анё (арт. «Вестэрален», меркаванае месца націску — на першым складзе)
Ву́аліёкі (БелЭн, Дадатак)
Ге́льмгольц
Гёйгёль
Гогенло́э, Гогенцо́лерны, Гогеншта́ўфены
гонфаланье́р
Госё (арт. «Японія», 18 :292)
госпіталье́ры (слова простай будовы)
гохуа́
Гру́дзёндз
дзёма́н
Дзьёндзьёш (карта «Венгрыя», меркаванае месца націску — на першым складзе)
Дзі́нцэнгофер
Інёню́
Каралільё (карта «Куба», меркаванае месца націску — на і)
Караол-Дзёбё, Кош-Дзёбё (карта «Кыргызстан»)
К’е́ркегор
к’ёкенме́дынгі
Кіёў (карта «Чэхія», меркаванае месца націску — на і)
Кі́рхгоф
Конёрчык (4 : 77)
Косёр (карта «Данія»)
Ла́герлёф
Лангё (арт. «Вестэрален», меркаванае месца націску — на першым складзе)
Лёгсцёр (карта «Данія»)
Лордкіпані́дзе
Льёрэнтэ (меркаванае месца націску — на першым э)
Ма́льмё
Мансанільё (карта «Куба», меркаванае месца націску — на і)
мондыялі́зм (слова простай будовы)
Моцартэ́ум
НАТО (ва ўсёй БелЭн; напр., у арт. «Разанаў», 18 : 442; насуперак Праекту: НАТА, § 25.1)
Нёі́скі
нотаге́я
О’Бра́ен, О’Ко́нар, О’Ко́нел, О’Ні́л, О’Хі́гінс
опоя́з
Пе́цёфі
Просцеёў (арт. «Чэхія», меркаванае месца націску — на о)
пру́дэрпост
Расёмон (арт. «Акутагава»)
Рожавёльдзі (4 : 78)
Ро́зенгольц
Са́йгё
Се́ніёр
сёгу́н
Сёдэрстрэ́м (4 : 78)
Сёлёты (4 : 78)
Сёра́
солюбілізі́цыя (слова простай будовы)
Тромсё (карта «Нарвегія»; меркаванае месца націску — на о)
Трухі́льё
Хадселё (арт. «Вестэрален», меркаванае месца націску — на першым складзе)
Хёльсінгёр (карта «Данія»)
Хінё (арт. «Вестэрален», меркаванае месца націску — на першым складзе)
Ходмезёвашархей (карта «Венгрыя», меркаванае месца націску — на першым складзе)
Цьёнвіль (карта «Францыя»; меркаванае месца націску — на і)
Чэске-Будзеёвіцы (карта «Чэхія», меркаванае месца націску — на у)

Кавалерыйская атака на о/ё не мае апоры ў практыцы і не грае на карысць беларускай мове.

ІІІ. АПАФЕОЗ ХАОСУ

ІІІ.1. Даўна з даўнтаўна паслалі ў накдаўн
Правапіс ў зменіцца, але застанецца «загадкавым»

Кожны паспяховы шкаляр ведае: пасля галосных ненаціскны у пераходзіць у ў. А выдатнік яшчэ ведае, што гэты пераход не адбываецца:

— на пачатку ўласных назваў;
— на пачатку запазычанняў;
— у сярэдзіне і на канцы некаторых запазычанняў, ДЗЕ У ЎТВАРАЕ СКЛАД.

Толькі вось на пытанне: дзе ж, пры збегу якіх зорак адбываецца сакрамант складаўтварэння у? — не могуць упэўнена адказаць нават акадэмікі...

Але пачнём з удач Праекта.

Прафесары А. Лукашанец і В. Іўчанкаў у сваіх інтэрв’ю сцвярджалі: Праект спрашчае правапіс ў. Гэта сапраўды так, калі гутарка ідзе пра выпадкі з у на пачатку запазычанняў (гл. табліцу 3).

Табліца 3.
ЦЯПЕР (Звод-1959)ПРАЕКТ
§ 82. У не скарачаецца: ... 3. ... у пачатку слоў іншамоўнага паходжання...: праменні ультрафіялетавыя, дзяржаўны універсітэт... § 14.1. Нескладовае ў пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем пасля галосных.
Пры чаргаванні [у] з [ў]: на пачатку слова (калі гэтае слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі «ўра» (крык «ура»), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў)...

Як бачым, цалкам разумная прапанова — не вылучаць групы запазычанняў, а падпарадкаваць іх асноўнаму правілу, бо сапраўды, чым адрозніваецца вымова у/ў у выпадках: пра ўнука і пра ўнікальны экспанат, ва ўстанове і ва ўніверсітэце?! Такім чынам, карыстальніку не трэба будзе развязваць часам няпростае пытанне: уласнабеларускага ці іншамоўнага паходжання слова, якому не пашанцавала пачынацца з у-?

Аднак астатнія хібы рэдакцыі 1957—1959 гг. — што датычаць пазіцыі ў сярэдзіне слова — засталіся ў Праекце нявыпраўленымі.

Звод-1959: § 82.3. [У не скарачаецца] ... ў сярэдзіне [слоў іншамоўнага паходжання] пасля галосных перад зычнымі, калі у ўтварае самастойны склад: прэзідыум, кансіліум, радыус, раунд, страус, клоун, соус і інш. Калі ж у ў сярэдзіне слова самастойнага склада не ўтварае, тады яно скарачаецца: аўдыторыя, аўдыенцыя, паўперызацыя, браўнінг, маўзер.

Тут мы сутыкаемся з загадкавай фармулёўкай: «калі у ўтварае самастойны склад». Аднак калі вы паспрабуеце знайсці ўмовы «ўтварэння самастойнага склада», вас чакае фіяска: ніякіх уцямных тлумачэнняў ні ў навучальнай, ні ў навуковай літаратуры вы не знойдзеце — іх проста няма. А падручнікі ў новых і найноўшых выданнях — нароўні з загадкавым складаўтварэннем у — працягваюць спасылацца яшчэ і на «літаратурнае вымаўленне», нібы ёсць нейкае спецыфічнае дыялектнае вымаўленне ў (у паўднёва-заходніх гаворках на месцы ў сустракаецца в: крывда замест крыўда, аднак гэта не дае падстаў сцвярджаць, што ў розных рэгіёнах Беларусі ў вымаўляюць па-рознаму).

   4 Капылоў, І. Л.; Рапацэвіч, С. Я.; Атрахімовіч, М. А. Правапіс беларускай мовы: Асноўныя правілы і практычныя заданні. Мн., 2006. С. 16.

 5 Такі слоўнік (СБМ) і сапраўды з’явіўся... праз 30 гадоў пасля прыняцця Пастановы-1957 і праз 28 гадоў пасля публікацыі Зводу-1959; праўда, і ён не адказаў на мноства пытанняў — у тым ліку і таму, што вельмі скупа і фрагментарна рэпрэзентаваў геаграфічныя назвы, а асабовых імён у ім не было ўвогуле.

 6 Лічбы абазначаюць том і старонку ў БелЭн; калі такой спасылкі няма, адпаведнае напісанне — у аднайменным артыкуле.

   
У нейкай ступені абгрунтаваным можна лічыць захаванне у ў лацінізмах на -ium, -ius, бо ў дыфтонгу iu функцыю нескладовага элемента выконвае i, а не u7 . Таму ў такіх словах, як, напрыклад, adiunctus, coniunctus спалучэнне iu прадаецца не праз -іу-/-ыу- (каніунктывіт, адыункт,), а праз ’ю: ад’юнкт, кан’юнктывіт (вымаўляецца як [йу]).

Яшчэ ў 1992 г. Правапісная камісія ТБМ вылучала сістэмную прапанову падпарадкаваць -іу-/-ыу- агульнаму правілу: ліквідаваць «зеўранне» (або «зіянне» — «збег галосных») праз устаўны ёт (гл. першую частку публікацыі):

кансіліюм йу] < consilium, як аксіёма йо]axioma, рэквіемйэ] < requiem
прэзідыюм йу] < presidium, трыюмфйу] < triumph, як ідыёма < idioma [ыйо]
радыюс йу]radius, як ішыяс йа] < ischias, трыяс йа] < trias.

На жаль, да гэтай прапановы не прыслухаліся. Аднак прэцэдэнт такога афармлення можна знайсці ў СІС: псалтэрыюм < psalterium.

Да групы выключэнняў-лацінізмаў на -ус, -ум трэба дадаць словы на -уш паходжаннем з -ус: дыярыуш, Клаўдыуш.

Выпадкаў з іншымі галоснымі (г. зн. апроч -і/-ы перад -ум/-ус) у СБМ — гэта без вытворных, але разам са страусам пад соусам (якія, дарэчы, прыйшлі з нямецкай і французскай моў адпаведна8 ) — усяго толькі 10! Дый тое ў адным з іх пішацца ў: анчоўс. У СІС «выпадкаў з іншымі галоснымі» крыху больш, аднак і тут не назіраецца чаканага адзінства ў адстойванні складовасці у ў спалучэнні «галосны + -ус»: васілеўс.

   7 Нидерман, М. Историческая фонетика латинского языка. М., 2004. С. 25. Арыгінал: Max Niedermann. Précis de phonétique historique du latin. Paris, 1945.

   
Cярод выключэнняў у Зводзе-1959 аказаліся словы, у якіх у, несумненна, — нескладовы элемент: раунд, страус, клоун, соус. Вядома ж, мы прызнаем той факт, што на якасць і колькасць у/ў уплывае фанетычнае акружэнне: напр., перад санорным9, асабліва канцавым, ў будзе вымаўляцца даўжэй за той жа ў перад шумным. Таму ў мове малапісьменных людзей можна сустрэць вымаўленне [дыназавар], [кловун], хоць здараецца і [стравус].

Але ж у адных словах «складовасць» і «літаратурнасць вымаўлення» дазваляюць дыфтангічнаму у (г. зн. ненаціскному у ў становішчы пасля галосных) скарачацца, у другіх — не, хоць пазіцыя ў іх тая самая:

Чаму скаўцкі, але кауцкіянскі (так прынамсі ў СБМ, хоць у БелЭн: Каўцкі)?

Чаму той жа шлагбаум, але Баўман, хоць і той і другі — ад нямецк. Baum ‘дрэва’, дзе uнескладовы элемент дыфтонга?

Чаму брудэргаўз (< анг. house), але пакгауз (< нямецк. Haus)? Няўжо ў англійскім дыфтонгу [au] u — нескладовае, а ў нямецкім [au] u — складовае? Чаму баўгауз, дзе той самы дыфтонг au перадаецца рознымі спосабамі — спачатку праз ў, потым праз у?
Чаму пакгауз, але пакгаўзны?
Чаму фаўн, але фауна калі абодва словы паходзяць з таго самага кораня: Faunus — гэта бог палёў і лясоў, а Fauna — жаночы варыянт таго самага?
Чаму ў СІС — каузалгія, каулепра, а ў БелЭн — каўзалгія, каўлепра?
Нарэшце, чаму ў тым жа СІС: то джоўль, то джоуль (арт. «кіладжоуль»), то наўме́н, то но́умен, а ў БелЭн — нау́мен?

Як бачым, складальнікі слоўнікаў і даведнікаў стараліся творча развіваць пастулаты Зводу-1959 і «на сваю руку» дадалі да шэрагу выключэнняў новыя лексемы, крытэрыі ўключэння якіх у гэту групу — абсалютная загадка (пвд СБМ і СІС): абля́ут, дрэдно́ут10, лака́ут, ра́ут, са́уна, трэшко́ут, ча́уш ды інш., у тым ліку ўласныя назвы (пвд БелЭн): Бауру́, Паустоўскі, Фа́уст (арт. «Гётэ») ды інш. Мо такім чынам лексікографы і энцыклапедысты спрабавалі падстрахавацца: «Хто яго знае, як тыя у вымаўляюцца ў іншаземцаў! Гэта ж экспертаў трэба запрашаць, высвятляць, як у кожным канкрэтным выпадку гучыць у — доўга ці каротка». А напішаш так, як па-руску, — заўсёды можна прыкрыцца аўтарытэтам мовы старэйшага брата...

   8 Страус паходзіць ад грэчаск. strouthion ‘птушка’, дзе ўвогуле няма склада -ус, а соус ад франц. sauce, якое вымаўляецца без усякага -у- — [so:s], таму, напрыклад, па-польску так і ёсць — sos.

 9 Санорныя (в, в’, л, л’, м, м’, н, н’, р, а таксама й і нават ў) — зычныя гукі, пры ўтварэнні якіх голас рэзка пераважае над шумам. Яны супрацьстаяць астатнім зычным — шумным, ва ўтварэнні якіх, у адрозненне ад санорных, шум адыгрывае большую ролю і якія маюць апазіцыю па звонкасці~глухасці.

 10 Паводле БелЭн: дрэдноўт.

   

Але ўжо зусім нематываванымі выглядаюць напісанні з у складовым пасля галосных на канцы слова (!), што пярэчыць (1) асновам беларускай фанетыкі, (2) самому Зводу-1959, дзе пра выключэнні на канцы слова нічога не сказана і яны ніяк не праілюстраваны. Затое сярод ілюстрацый знаходзім форму: Какчэтаў11 — з ў нескладовым на канцы! Таму ўзнікаюць новыя пытанні:

Чаму паглядаў на Кракатау?
Чаму лятаў на Алатау?
Чаму шмат спраў у Бісау?
Чаму перакладаў для Ландау?
Чаму мудрэў, але Папандрэу12?
Чаму браў у фрау?
Чаму ішоў на шоу?
Чаму даў, але Герард Дау?
Чаму крычаў, але чау-чау?
Чаму аджыў, але джыу-джыцу?
Нарэшце, чаму Какчэтаў(СБМ) і Таўкум13, але Алатау14, Какшалтау15, Каратау16, Тэміртау17, Халыктау18, калі ў іх склад уваходзіць тая самая частка таў ‘гара’?

І вось ужо нават у некаторых падручніках узнікае наступнае «правіла» (хоць падстаў для такой кадыфікацыі Звод-1959 — а гэта галоўны правапісны дакумент, гэта закон! — не дае):

Літара у (складовае) захоўваецца: … у канцы іншамоўных слоў: Ала-Тау, Ландау»19.

Занадта смелая заява, асабліва на фоне асвечаных аўтарытэтам БелЭн напісанняў:

Брэслаў, Бюлаў, Вірхаў, Дэсаў, Ленаў, Ліндаў, Накскаў, Пасаў, Рандаў, Фрайбург-ім-Брайсгаў, Цвікаў, Цытаў.

Праўда, і ў самой БелЭн даходзіць да абсурду:

ДАХА́У (Dachau),канцэнтрацыйны лагер на тэр. Германіі ў 1933—45. Створаны на ўскраіне г. Дахаў...

Легалізаванае Зводам-1959 і развітае ды замацаванае слоўнікамі бязладдзе ў напісанні ў нескладовага ў запазычаннях каштавала слёз не адной абітурыенцкай душы, якая не паступіла ва універсітэт, бо не ведала, што трэба пісаць шоу, хоць у ў гэтым слове вымаўляецца таксама, як у слове ішоў. Аднак дасведчаныя рэпетытары раілі: у пасля галосных у запазычаннях пішацца там, дзе у — і ў рускай мове: руск. шлагбаум — бел. шлагбаум, а калі па-руску в, то пішы ў: руск. ковбой — бел. каўбой. Праўда, і тут бываюць прыкрыя выключэнні: руск. скаут, але бел. скаўт, руск. гаубица, але бел. гаўбіца, а таксама заўсёды на пачатку слова — аў-: руск. аудиенция, але бел. аўдыенцыя. То і гэтае няпісанае «правіла» не заўсёды ратавала.

Мудрагелістыя казкі пра спантанныя прыступы складовасці і пра непрадказальнае ў сваіх рэалізацыях літаратурнае вымаўленне, відавочна, прыдуманы былі, каб стварыць візію хоць нейкага тлумачэння. Праўда, трэба прызнаць, апошнія 70 гадоў правапісная кадыфікацыя і практыка развіваліся ў бок усё шырэйшага ўжывання ў (гл. табліцу 4). Таму, здавалася б, распрацоўка новай рэдакцыі правапіснага зводу — выдатная нагода спыніць гэты парад бязглуздасці і аблегчыць жыццё ўсім — і мовазнаўцам, якім не прыйшлося б хавацца за квазітлумачэнні, і карыстальнікам, якім стала б значна прасцей быць пісьменнымі.

Аднак жа не!

Табліца 4.
Руская форма Беларускія формы
РБС (1937) ЦЯПЕР
(пвд СБМ, 1987)
аудиенция аудыенцыя аўдыенцыя
аудитория аудыторыя аўдыторыя
аукцион аукцыён аўкцыён
гауптвахта гауптвахта гаўптвахта
каузальность каўзальнасць каузальнасць
каучук каучук каўчук
пауза пауза паўза
эксгаустер эксгаустэр эксгаўстар
Тлумачэнне да табліцы
Фонам вылучаны выпадкі асваення праз ў.

Міністэрскі праект: § 14.3. Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія канчаюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх; а таксама ў словах даун, раунд, Браун.

Вось жа частка выключэнняў засталася тая ж, частка знікла, але з’явіліся новыя. Хоць ёсць і станоўчы момант: правіла падае вычарпальны спіс «нерэгулярных» (г. зн. акрамя слоў на -ум, -ус) выняткаў — усяго толькі 3!

Чым жа так заслужыліся даун, раунд і Браун, што іх вывелі ў выключэнні? Іх аб’ядноўвае:

1) пазіцыя у — пасля а перад н у закрытым складзе;

2) паходжанне — усе англіцызмы (down, round, Brown, хоць апошняе можа быць і нямецкага паходжання: Braun);

3) вымаўленне: ва ўсіх трох словах — дыфтонг [aU], найбліжэйшы беларускі адпаведнік якога — дыфтонг [аў].

Дзеля справядлівасці мусім адзначыць, што ў Праекце ёсць наступнае пра­віла:

§ 14.1. Нескладовае ў пішацца ... на канцы склада: паў-за, маў-зер,
каў-чук, аў-кцыён, аў­дыенцыя, аў-дыякасета, аў-ра.

(Між іншага заўважым, узнікае сумнеў у карэктнасці складападзелу слова аўкцыён.)

Гэтая арфаграма, здавалася б, і сапраўды дае падставу для напісанняў раунд, Браун, бо ў пералічаных словах у апынаецца не на канцы, а ў сярэдзіне склада. Аднак у сотнях уласнабеларускіх і запазычаных лексем ў пішацца менавіта ў сярэдзіне склада, і гэта не толькі нікога не бянтэжыць, а прызнаецца адзіна магчымым варыянтам і ў самім Праекце. Ніжэй мы падалі толькі некаторыя словы і словаформы, у якіх ў сустракаецца перад канцавымі зычнымі (уласныя назвы — пвд БелЭн і САУІ):

акванаўт, акіянаўт, арганаўт, астранаўт, аўт, аэранаўт, Баўтс, Белаўз, Боўт, боўць, Боўш, Вейдэнбаўм, Вітаўт, Волма-Слоўст, воўк, Гаўк, Гаўс, Гаўф, гідранаўт, Гінтаўт, дзёўб, доўг,Доўск, жоўк, жоўць, Зеўс, змоўч, Івана-Франкоўск, Іжэўск, кадаўб, касманаўт, Кіраўск, Клаўс, кляўз, коўзь, Коўл, коўх, коўш і Коўш, лоўж, Міндоўг, моўк, накаўт, натоўп, Нейгаўз, ніўх, Паліеўкт, паўз (прыназоўнік і форма мн.л. Р.скл. назоўніка паўза), Плаўт, плашкоўт, поўз, поўх, рангоўт, Раўд, Саўт-Уэст, Свярдлоўск, скаўт, смоўж, стоўп, стратанаўт, тамагаўк, тоўк, Тызенгаўз, тэрапеўт, уздоўж, фармацэўт, Хабараўск, чоўп, шоўк, шпангоўт, шчоўк;

у тым ліку перад санорнымі:

анкілазаўр, архазаўр,бакалаўр, брантазаўр, брахіязаўр, Гаўр, гігантазаўр, джоўль і Джоўль, Дуўр, дыназаўр, іхтыязаўр, кентаўр, лаўр, Лефеўр, ліўр, Луўр, мазазаўр, манеўр, маўр і Маўр, мезазаўр, мінатаўр, Ноўлс, палеазаўр, Паўлс, Паўль, плезіязаўр, птэразаўр, Пфляўбаўм, сеўр і Сеўр, стэгазаўр, таўр, траўм (ад траўма), тэлеазаўр, Фаўлз, шэдэўр, Яраслаўль.

Несумненна, апошнюю частку параграфа 14.1 — пра ў на канцы склада — трэба здымаць з дзвюх прычын: а) імпліцытна закладзены ў ім прынцып звычайна не выконваецца; b) арфаграма проста лішняя: усе выпадкі напісання спалучэнняў «галосны + у» ў сярэдзіне слова пералічаны ў першай палове параграфа 14.1.

Прапанова пісаць даун, раунд, Браун не толькі ўваходзіць у супярэчнасць з сістэмаю асваення іншамоўных фактаў у беларускай мове, але і рэвізуе афармленне тых слоў і літарных спалучэнняў, якія ўжо замацаваліся з ў:

даун АЛЕ хвароба Даўна і графства Даўн, даўнтаўн, лаўн-тэніс, накдаўн, фаўн, знакамітая вуліца Даўнінг-стрыт, фізік Чарлз Таўнс, гарады Луіза-Даўнс, Брыджтаўн, Джорджтаўн, Фрытаўн ды сотні іншых -таўнаў;

раунд АЛЕ інжынер Генры Раўнд, паэт Эзра Паўнд, кампаўнд, кампаўндаванне, кампаўндаваць, кампаўндавацца, паўндаль, ньюфаўндленд і востраў Ньюфаўндленд, саўнд-трэк і горад Оўэн-Саўнд, канадская тундра Барэн-Граўндс, горы Блу-Маўнтынс, тры гарады з назваю Маўнт-Плезант, індзейскі санктуарыум Эфіджы-Маўндс;

Браун АЛЕ ў БелЭн — восем (!) Браўнаў, а яшчэ Універсітэт Браўна (г. Провідэнс, штат Род-Айленд), браўнінг з Браўнінгам, а ў СІС — бераўніт (< Beraun) з браўнітам (< Braun), але ніводнага Брауна.

Як бачым, аўтары Праекта не адмовіліся ад флёру таямніцы і працягнулі сумную традыцыю цямніць там, дзе ўсё ясна.

ІІІ.2. Недарэабілітаваная літара:
э ў запазычаньнях будзе пісацца часьцей

А. Ці гавораць беларусы бэ і мэ?

Існуе ўяўленне, што беларускай мове спалучэнні «цвёрды зычны + [э]» не ўласцівы, хіба толькі дэ, тэ, дый тое, як адзначаў у 1939 г. вучоны сакратар Інстытута літаратуры і мовы (ІЛМ) Акадэміі навук БССР К. Гурскі, ніхто так не гаворыць. У 1939 г. ІЛМ падрыхтаваў новую рэформу (а не рэдакцыю) беларускага правапісу. Пра яе накіраванасць можна меркаваць з наступнага фрагмента адзінай публікацыі, якая дае цэласнае ўяўленне аб меркаваных зменах:

Аб Праекце 1939 г.:Праект прапануе змяніць правапіс іншамоўных спалучэнняў di, ti, de, te. Прапануецца перадаваць іх праз «ді», «ті», «де», «те», а не «ды», «ты», «дэ», «тэ», паколькі апошні тып напісання не адпавядае вымаўленню ў жывой мове; у жывой мове ніхто не гаворыць «акрэдытыў», «тэлефон». З другога боку, напісанне «дз» і «ц» у такіх словах відазмяніла-б корань слова. Між тым як большасць слоў гэтай групы з’яўляецца тэрмінамі, г. зн. словамі з дакладным значэннем20.

 

 11 Звод-1959. Заўвага да § 12 (с. 22).

 12 Паказальна, што ў т. 12 БелЭн (2001) — Папандрэу, а ў выпраўленнях да ўсяго выдання (Т. 18. Кн. 1. С. 470. 2006) — Папандрэў.

 13 БелЭн, карта «Цянь-Шань».

 14 БелЭн, аднайменны артыкул.

 15 БелЭн, арт. «Какшаал-Тоо».

 16 БелЭн, карта «Казахстан».

 17 БелЭн, аднайменны артыкул.

 18 БелЭн, карта «Цянь-Шань».

 19 Агароднікава, С. В. Беларуская мова: Арфаграфія. Марфалогія. Сінтаксіс. Мн., 2006. С. 9.

   

Іншая справа — [э] пасля зацвярдзелых21: чэрава вячэрала ды рэч з вачэй прэч, і пасля мяккіх: надзенеце на зеленаваты мезенец [надз’эн’эц’э на з’эл’энаваты м’эз’эн’эц].

Як вядома, у славянскіх мовах гістарычна існавала моцная тэндэнцыя да гармоніі складу. Гэта значыць, пярэдняму галоснаму22 папярэднічаў мяккі (або памякчаны) зычны, таму сярод іншых дазваляліся спалучэнні «мяккі зычны + э»: [б’э], [в’э], [г’э], [д’э], [з’э], [м’э], [н’э], [п’э], [с’э], [т’э] і да т. п. Аднак на беларускай глебе пад уплывам якання, якое дазволіла спалучэнні «мяккі зычны + а»23, гэтая тэндэнцыя значна аслабела. Магчыма, таму і сталі дазволенымі датуль забароненыя спалучэнні, у тым ліку «цвёрды зычны + э»: [бэ], [вэ], [гэ], [дэ], [зэ], [мэ], [нэ], [пэ], [сэ], [тэ]. Што асабліва важна, у адрозненне ад рускай мовы, у беларускай гэтыя спалучэнні сустракаюцца не толькі ў запазычанай лексіцы, але і ва ўласнай — як у апелятывах (у агульных назвах, гл. табліцу 5), так і ва ўласных назвах (гл. табліцу 6). Таму можна сцвярджаць: у беларускай мове тэндэнцыя да гармоніі складу выяўляецца прынцыпова слабей, чым у рускай, што і адлюстроўваецца на пісьме.

Табліца 5.
Пашыранасць спалучэнняў "цвёрды зычны + э" ў апелятыўнай лексіцы рускай і беларускай моў24
Спалучэнні Руская мова25 Беларуская мова
Уласнабеларускія словы
(пвд СБМ)
Запазычаныя словы
(пвд СБМ і СІС)
бэ 1 выпадак: бэр абэлтух, бэбахі, бэйбус,
бэкаць, бэрсаць
абэвіль, абэрак, абэржа, бэж(авы), бэз, бэлька, бэр, бэра, бэсціць, бэта, дубэльт, збэйсаць, фанабэрыя, цабэрак
вэ ніводнага выпадку вэдзгаць, квэцаць, (на)чвэрыць, чвэрць бравэрка, вэлюм, вэрхал, хайвэй, цвэгаць, швэндацца
гэ ніводнага выпадку гэ, гэны, гэты гэбель
дэ 1 выпадак: удэ(ге) вуздэчка, сардэчны,
сюдэй/ю, сюдэма, тудэй/ю,
тудэма, халадэча
рэгулярнае асваенне іншамоўнай лексікі:
дэльта, мадэль, па-дэ-дэ і тысячы
іншых
зэ
(у т. л.
дзэ)
ніводнага выпадку безэ, вандзэлак, зэдаль, зэт, камізэлька, мізэрны, фазэнда, экзэмпліфікацыя, экзэргія, экзэрсіс
мэ 2 выпадкі: мэр, мэтр мэкаць, замэдзгаць, згламэздаць гамэрня, макрамэ, мэбля, мэдысан, мэр, мэ(н)длік, мэта, мэтлахі, мэтр, трамэтэс
нэ 1 выпадак: пленэр анэлярыя, атэнэум, брунэлька, кайнэ, кенэль, кіднэпінг, кнэль, мулінэ, нэндза, пленэр, рытурнэль, турнэ, турнэпс, хабанэра, шнэк, шнэка, шнэлер
пэ 1 выпадак: пэр пэцкаць імпэт, пэйсы, пэндзаль, пэр, пэўны, шкарпэтка, шпэйза, шпэлях
сэ сэндвич (= сандвич), сэр сэрца асэсар, басэтгорн, басэтля, гарсэт, глясэ, медрэсэ, пасэсар, пульсэтка, скансэн, сэнс, сэр, сэцэсія, шасэ, эсэ
тэ каратэ, тэк ‘горный козел’ братэрскі, тэпаць, чытэльны рэгулярнае асваенне іншамоўнай лексікі, напр.: андантэ, антэна, тэма і тысячы іншых
фэ ніводнага выпадку фэ аўтадафэ,куфэрак, фэст, эрызіфэ

Заўвагі да табліцы

1. Ва ўласнарускай лексіцы э ў становішчы пасля зычнай сустракаецца выключна ў мінімальнай колькасці гукаперайманняў, напр.: ни бэ ни мэ, а таксама ў гутарковай форме часціцы так-с - тэк-с.

2. Рускі матэрыял: у табліцу ўключаны выпадкі, дзе спалучэнне "цвёрды зычны + э" сустракаецца ў межах адной асновы без прыстаўкі. У іншых пазіцыях яно сустракаецца часцей: на стыку прыстаўкі і кораня (ан|энцефалия, двух|этажный, квинт|эссенция, от|экзаменовать, пост|эмбриональный, пред|экзаменационный, раз|этакий, суб|этнический, с|экономить); у абрэвіятурах (кав|эскадрон, ком|эск (командир эскадрона або эскадрильи), н|э|п, полит|экономия); у словах, утвораных шляхам перадачы гучання ініцыяльных абрэвіятур (и|тэ|эр|овец, эс|эс|овец).

Табліца 6.
Беларускія ўласныя назвы са складамі бэ, вэ, дэ, зэ, мэ, нэ, пэ, сэ, тэ
Прозвішчы
Айконімы
(назвы населеных пунктаў)
Гідронімы
(назвы рэк, азёраў, балот)
Бутэвіч
Дэбіш
Рудэнка
Свідэрскі
Стэльмах
Стэсік
Стэцкі
Тэвель
Тэраўскі
Тэшык
Шпэт
Агдэмер Драгічынскага раёна
Адэльск Гродзенскага раёна
Барбэраўка Старадарожскага раёна
Бартэніха Валожынскага раёна
Бартэлі Ашмянскага раёна
Бутэлеўшчына Барысаўскага раёна
Вайтэлі Маладзечанскага раёна
Відэйкаўшчына Валожынскага раёна
Вялікая Сэрвач Вілейскага раёна
Галяндэрня Навагрудскага раёна
Гінэлі Воранаўскага раёна
Дэгісі Смаргонскага раёна
Жарнэлі Астравецкага раёна
Замэчак (частка Заслаўя) Мінскага раёна
Зэльва Гродзенскай вобласці
Лабэншчына Мінскага раёна
Латэўка Іўеўскага раёна
Рапэйкі Лідскага раёна
Рудамэйка Смалявіцкага раёна
Стэцкаўшчына Дзяржынскага раёна
Тэльмы Брэсцкага раёна
Тэўлі Кобрынскага раёна
Хадэлі Шчучынскага раёна

Цапэрка Клецкага раёна Абстэрна ў Мёрскім раёне
Сэклы ў Браслаўскім раёне
Сэрвач (3 аб’екты) у Віцебскай і Мінскай абласцях
Тэкліц Лепельскага раёна

Аднак гэтая асаблівасць беларускай фаналагічнай сістэмы (дазволенасць спалучэння «цвёрды + э») вельмі асцярожна рэалізоўваецца на пісьме, і ў запазычаннях на месцы, здавалася б, чаканай літары э часцей мы бачым... е.

Не сакрэт, што ў пераважнай большасці моў свету няма апазіцыі паводле цвёрдасці-мяккасці і зычныя ў іх вымаўляюцца збольшага цвёрда. Справядлівае гэта сцверджанне і для еўрапейскіх моў — асноўнай крыніцы запазычвання ў беларускую. Такім чынам, захаванне зыходнай цвёрдасці зычных дапамагала б больш дакладна перадаваць гучанне запазычанай лексікі на беларускай глебе. І калі ўжо ў беларускай мове, у адрозненне ад рускай, дазваляецца спалучэнне «цвёрды + э», ёсць падстава паслядоўна праводзіць у беларускім пісьме галоўны прынцып асваення іншамоўнай лексікі — транскрыбаваць у межах фанетычнага набору мовы-рэцыпіента.

Пад уплывам рускага «мяккага» напісання і вымаўлення складоў бе, де, зе, ме, не, пе, се, те ў запазычаннях разбураецца беларускае літаратурнае вымаўленне нават там, дзе на пісьме трывала замацавалася э:

  20 Гурскі, К. Праект паправак да беларускага правапіса // Звязда. 1939. 9 чэрвеня. Ні сам праект рэформы, ні стэнаграма яго абмеркавання з удзелам П. Панамарэнкі і Я. Коласа ніколі не публікаваліся. Як бачым, практыка «засакрэчвання» тэкстаў праектаў беларускага правапісу мае ўжо сваю традыцыю.

 21 Зацвярдзелыя — група зычных, якія не маюць мяккіх пар; у яе ўваходзяць усе шыпячыя ([ж], [ш], [дж], [ч]), а таксама [р], [ц], [дз].

 22 Пярэднія галосныя — [і], [э], а таксама
[ě] (≈ [æ], у стараславянскім пісьме абазначаўся літараю «яць» — ѣ), які ў беларускай літаратурнай мове супаў з [э].

 23 Калі быць дакладным, на месцы /а/ ў выніку акамадацыі да папярэдняга мяккага выступае яго варыянт пярэдне-сярэдняга раду [˙а].

 24 Пададзеныя ў табліцы беларускія прыклады — выключна з літаратурнай мовы, а некаторым беларускім дыялектам спалучэнне «цвёрды зычны + э» характэрнае ў значна большай ступені: тэй ‘той’, маладэй ‘малады’.

 25 Паводле выдання: Новый толково-слово­образовательный словарь русского языка: Более 123 тыс. статей / Под ред. Т. Ф. Ефремовой. М., 2000.

   

Цэлы рад замен націскных галосных спалучаецца з менай па цвёрдасці-мяккасці: [бэ] на [б’е], [ты] на [ц’і], [дэ] на [дзе], [сэ] на [с’е]. Трэба вымаўляць бэ́жавы (не бе́жавы), баты́ст (не баці́ст), кадэ́т (не кадзе́т)...26.

Пэўныя разыходжанні існуюць і пры вымаўленні нескланяльных іншамоўных прозвішчаў, імёнаў і геаграфічных назваў: Ла[мэ́] і Ла[м’e], Бі[зэ́] і Бі[з’e], Хор[хэ] і Хор[х’е], Фрун[зэ] і Фрун[з’е]. Відавочна, у гэтых выпадках трэба было б скласці асобны арфаэпічны слоўнік для гэтай катэгорыі слоў27.

Мінула пятнаццаць гадоў з моманту, як прагучала гэтая прапанова, а слоўніка няма і ў блізкім часе не прадбачыцца. Таму варта было б хоць у межах зводу арфаграфічных правілаў выпрацаваць і прыняць адпаведныя арфаграмы, у якіх вызначаліся б асноўныя прынцыпы як графічнага, так і фанетычнага асваення іншамоўнай лексікі. А як вынікае са структуры Праекта, запазычанні, правапіс якіх мог бы рэгулявацца асобнымі правіламі, нават не выведзены ў асобную групу.

В. Чаму е з’ядае э

Літары э ў беларускай мове не пашанцавала: хоць з’явілася яна ў нашым алфавіце яшчэ ў XV ст.28, нават у сучасным пісьме э ў запазычаннях «дыскрымінуецца». Прычына відавочная — уплыў на беларускі правапіс рускай графікі.

Каб разабрацца нарэшце, чаму так нешчасліва склаўся лёс э, нам прыйдзецца зрабіць глыбокі экскурс ў гісторыю рускай графікі.

Пазіцыя на пачатку слова: па-беларуску пішацца так, як і па-руску

Яшчэса школьнай парты мяне бянтэжыў традыцыйны для падручнікаў беларускай мовы, але ад гэтага не менш дзіўны, пачатак правіла, прысвечанага правапісу э. Як пазней высветлілася, такі «запеў» паўтараецца ці не ва ўсіх беларускіх кадыфікацыйных тэкстах. Адкуль узялася такая нялюдская фармулёўка?! Адказ прыходзіць сам сабою, калі параўнаць фармулёўку нашага, найноўшага (!), Праекта з рускім правапісным зводам 120-гадовай (!) даўніны (гл. табліцу 7).

Табліца 7.
Праект (беларуская мова), 2006 «Русское правописаніе» Грота, 1885
§ 3.1. Літара э пішацца: у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх; пасля прыстаўнога г у слове гэты і вытворнага ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй... 83. Въ собственно-русскихъ словахъ звукъ э встречается только въ началѣ немногихъ междометій, мѣстоименій і нарѣчій: экъ, эхъ, эво; этотъ, этакій, экій, этакъ, эстолько...

Так, зрабіць рашучы крок насустрач э не дае арыентацыя на адзін з асноўных прынцыпаў рускай арфаграфіі, сфармуляваны напрыканцы ХІХ ст. у першым кадыфікацыйным зборы рускай мовы — «Русское правописаніе» абруселага немца Якаба (Якава Карлавіча) Грота: ва ўласнарускай лексіцы літара э практычна не сустракаецца. А вось у беларускай мове э ўжываецца ў дзесятках тысяч слоў і ў сотнях тысяч словаформаў — пасля зацвярдзелых.

Гротава праца заставалася асноўным падручнікам рускай арфаграфіі аж да рэформы правапісу 1917—1918 гг. (апошняе, 22-е, выданне кнігі з’явілася ў 1916 г.). Паказальна, што ў Грота правапіс э апісваецца толькі ў раздзеле «Правописаніе заимствованныхъ словъ»:

«Русское правописаніе» Грота: 83. … эта буква<э> особенно полезна для начертанія нeкоторыхъ заимствованныхъ словъ, напр.: экзаменъ, элементъ, эхо, эпиграмма, элипсъ, поэзія, силуэтъ. Ея употребленіе было бы еще гораздо обширнѣе, если бъ не произошло издавна смѣшеніе двухъ буквъ церковнославянской азбуки (Є и Ѥ), вслѣдствіе чего и теперь неточно пишется и произносится множество заимствованныхъ изъ греческаго языка словъ, напр.: Ева, Египетъ, Евдокія, Евпатій, Европа, евангеліе, епархія, епископъ, вообще большая часть собственныхъ именъ съ приставками εύ̃ и έπι.

Впрочемъ и наоборотъ буквою э иногда начинаются у насъ слова, которыя въ греческомъ имѣютъ предъ начальною гласной густое придыханіе: Эллада,экзаметрΕλλάς, έξάμετρος). Иногда же въ подобныхъ случаяхъ мы пишемъ е: еврей (έβραίος), ересь (αίρεσις), ЕленаΕλένη).

Грот дакладна вызначыў прычыну памылковага (!) напісання е- замест правільнага э-: грэчаская скарапісная (пазней стараславянская, а далей — царкоўнаславянская) літара є на пачатку слова абазначала гук [э], а для перадачы спалучэння [йэ] на славянскай глебе выкарыстоўваўся ётаваны варыянт літары єѥ, дзе [й] абазначаўся элементам ι (і), спалучаным з наступным галосным є. Адсюль зразумела, чаму «поўная» назва літары э — «э адваротнае» (па-руску «э оборотное»); праўда, гэта найменне цяпер не ўжываецца. Становіцца ясна, што «обращалась» у э літара є, якая на момант складання Гротавага правапісу ўжо стагоддзямі абазначала [йэ].

Дарэчы, развіццё гукавога значэння є-на пачатку слова з [э] ў [йэ] адбылося паводле аналогіі з яе гукавым значэннем пасля зычных — [’э] (э з папярэдняй мяккасцю, інакш — э пасля мяккіх), у адпаведнасці з моцнай у рускай мове тэндэнцыяй да гармоніі складу. А сваю сучасную канфігурацыю кірылічная літара E набыла т. зв. Пятроўскай рэформы рускай азбукі 1707—1710 гг., у выніку якой узнікла «гражданская азбука», або проста «гражданка», арыентаваная на лацінскае пісьмо антыква29. На змену шрыфту рускага цара натхнілі вытрыманыя ў традыцыях лацінскіх гарнітур кірылічныя выданні беларуса Галляша Капіевіча-Капіеўскага, надрукаваныя на пачатку XVIIІ ст. у Галандыі, дзе Пётр з імі і пазнаёміўся.

   26 Выгонная, Л. Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991. С. 196.

 27 Тамсама. С. 198—199.

 28 З 1498 г., у тым ліку ў запазычаннях: комэта, фэстъ («Аповесць пра Атылу», XVI ст.), тэстаментъ (Статут ВКЛ 1588 г.) (Булыка, А. М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970. С. 41—42).

   
Каб чытачу было прасцей разабрацца ў гэтых гукава-літарных перыпетыях, падамо тое ж самае ў выглядзе схемы.

schiema1 (13K)

Тлумачэнне да схемы
Штрыхлінія абазначае ўплыў лацінскай графікі на рускую.

Пра тое, што є і ѥ ўспрымаліся як адна і тая ж літары, а значыць, іх лёгка было зблытаць, сведчыць хоць бы наступная цытата з аўтарытэтнага дарэвалюцыйнага выдання — царкоўнаславянскага слоўніка протаіерэя Рыгора Дзьячэнкі:

є, ѥ = шестая буква въ древней русской азбукѣ; въ сочисленіи означаетъ 5…30

У адпаведнасці з гэтым змешваннем і словы на Е, Є і Ѥ падаюцца ў агульным алфавітным спісе. У Дзьячэнкавым слоўніку сабраны лексемы з розных крыніц, створаных у розны час, нават у розныя эпохі (гл. табліцу 8); пададзеныя прыклады выразна ілюструюць стыхійнасць асваення іншамоўнага э-/е-. Паказальны хаос!

Табліца 8.
Параўнанне царкоўнаславянскіх і рускіх формаў запазычанняў з пачатковым э/е
Ц.-сл. літараЦаркоўнаславянская форма
(са слоўніка Р. Дзьячэнкі)
Суч. рус. літараСучасная руская форма
Е Евангеліе ...
Ефимокъ = нѣмецк. монета … равнялась талеру…
Екзорцисты …
Еламъ = … область на сѣв.-зап. отъ перс. залива…
Е е Евангелие
ефимок
Э ээкзорцисты
Элам
Є, є̂є̂дэ́мъ ... = страна въ Азіи, гдѣ былъ рай…
є̂ллáда …
є̂кзáрхъ …
є̂гє ... какъ частица утвердит<ительная>…
є̂вфрáтъ …
є̂ктенїѧ́
є̂́ле …
є̂диноро́дный ...
Э эЭдем
Эллада
экзарх
эге
Е еЕвфрат
ектенья
еле
устар. единородный
(совр. однородный)
ѤѤдиноро́дъ = единородный.
Ѥдє, Ѥдєкый = нѣкто, нѣкоторый.
Ѥкати = Геката, Өракійская богиня чародѣйства.
Е е
Э э
Ге ге
= единородный
эдакий
Геката
Вось адкуль у рускай мове бязладдзе пры перадачы э ў іншамоўных словах (найперш у грэцызмах і лацінізмах). Яго слепа скапіявалі беларускія кадыфікатары, замест таго каб замацаваць у нашай мове правільныя формы. Праўда, з выпраўленнем памылковых формаў у рускай мове гэтыя ж формы замацоўваюцца і ў беларускіх слоўніках і энцыклапедыях (гл. табліцу 9).

Табліца 9.
Параўнанне характару асваення грэчаскіх εύ̃ і έπι ў рускіх і беларускіх энцыклапедыях
Зыходная форма 1940—1970 гг. 1990—2000 гг. Праект
БСЭ БелСЭ БЭ БелЭн
або СІС
Epicūros Эпикур Эпікур Эпикур Эпікур ?
Euphratēs Евфрат Еўфрат Евфрат Еўфрат Еўфрат
Euclīdēs Евклид і Эвклид Еўклід Евклид і Эвклид Эўклід Эўклід
Eurīpidēs Еврипид Еўрыпід Еврипид і Эврипид Еўрыпід і Эўрыпід Эўрыпід
Euterpē Евтерпа Евтерпа і Эвтерпа Еўтэрпа ?
episcopos епископ епіскап епископ епіскап ?
eunuchos евнух евнух еўнух ?
euphoria эйфория эйфория эйфарыя ?
Тлумачэнне да табліцы
Фонам пазначаны выпадкі правядзення э на месцы грэчаскага ε.

У традыцыях бяздумнага пераймання вытрымана адпаведная арфаграма Праекта:

Міністэрскі праект:§ 3.2. У словах іншамоўнага паходжання літары э, е як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем:
у пачатку слова: э́ра, эсэ́, э́ўрыка, э́пас, э́тыка, Эўкл́д, Эўрыпі́д, Элі́ста; але е́гер, е́рась, ерэты́к, Еўро́па, еўрапе́йскі, Еўпато́рыя, еўпатары́йскі, Ерэва́н, ерэва́нец, Еўфра́т

(Зусім недарэчна выглядае ў шэрагу ілюстрацый лексема егер, бо ў мове-крыніцы пачынаецца яна не з e- [э], а з j- [й]: Jäger.)

Пазіцыя пасля зычных: па-беларуску пішацца так, як вымаўляецца па-руску

Інакш склаўся лёс э ў становішчы пасля зычных.

«Русское правописаніе» Грота: 84. Въ послeднія десятилѣтія у насъ стали употреблять э и послe согласныхъ для передачи иностраннаго широкаго ε: фр. è, ais, нeм. ä и т. п., напр., въ именахъ: Бэръ, Тэнъ, Жервэ, Богарнэ. Для болѣе точной передачи звуковъ можно допустить эту орθографію, но исключительно въ однихъ собственныхъ именахъ; въ нарицательныхъ же, которыя въ каждомъ языкѣ видоизмѣняются по требованіямъ его фонетики, мы не обязаны примѣняться къ тонкостямъ иностраннаго произношенія, и потому въ такихъ словахъ какъ тема, меръ, проблема, употребленіе э вместо е неумeстно.

Гротаў правапіс узаконіў стыхійна ўзніклае напісанне э ў іншамоўных уласных імёнах, забараніўшы літару э ў назвах агульных. Тут самы час падаць голас аўтарам Праекта. «Паглядзіце, — могуць сказаць яны, — цяперашнія правілы беларускай арфаграфіі не паўтараюць слепа правілаў рускай, а выяўляюць самастойнасць, адлюстроўваючы жывое беларускае вымаўленне! Бо, напрыклад, па-руску кафе, а па-беларуску кафэ, ці па-руску Лопе де Вега, а па-беларуску Лопэ дэ Вэга. І ў Праекце ўсё гэта пацверджана і дакладна прапісана!»

Міністэрскі праект: § 3.2. У словах іншамоўнага паходжання літары э, е як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем: ...

у канцы нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ́, рэзюмэ́, рэнамэ́, кафэ́, галіфэ́, кашнэ́, кабернэ́, фрыкасэ́, плісэ́, каратэ́, дэкальтэ́; Стру́вэ, Мерымэ́, Эйвэ́, Хасэ́, Мо́рзэ, Табі́дзэ, Брыгва́дзэ, Каба-Вэрдэ́, Душанбэ́, Сан-Тамэ́; але: камюніке́, сальта-мартале́, філе́, піке́.

§ 3.3. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэ́ла, пэ́йджар, сурвэ́тка, экзэмпля́р, маянэ́з, тунэ́ль, сэ́рвіс пішуцца з э, а меда́ль, парла́мент, перспекты́ва, газе́та, серві́з — з літарай е.

Сапраўды, графіка шэрагу апелятываў і імёнаў не супадае, прытым беларускія напісанні дакладней адлюстроўваюць вымаўленне. І тут сакрэт раскрываецца проста: усе пададзеныя ў ілюстрацыях словы з э (апроч лексемы сурвэтка) рэпрэзентуюць рускае літаратурнае вымаўленне, у чым можна пераканацца, зазірнуўшы ў рускія арфаэпічныя слоўнікі.

У табліцы 10 мы змясцілі ілюстрацыйны матэрыял з вышэйпададзеных арфаграм Праекта (§ 3.2, § 3.3) і параўналі іх напісанне з вымаўленнем літары е ў адпаведных словах рускай мовы. Як бачым, хваліцца няма чым: атрымліваецца, што правапіс беларускай э ў запазычаннях залежыць ад гукавога значэння літары е ў словах рускай мовы!

   29 Павленко, Н. А. История письма. Изд. 2, перераб. и доп. Мн., 1987.

 30 Дьяченко, Г. Полный церковнославянскій словарь. М., 1900. С. 164.

   
Табліца 10.
Параўнанне напісання і вымаўлення запазычанняў у рускай і беларускай мовах
Руская форма Беларус. напісанне (Праект)
Рус. напісанне Рус. вымаўленне
(вылучанай літары)31
галифе
каберне
кашне
купе
майонез
пейджер
плиссе
фрикасе
Мериме
Сан-Томе
Струве
Хосе
Э
галіфэ
кабернэ
кашнэ
купэ
маянэз
пэйджар
плісэ
фрыкасэ
Мерымэ
Сан-Тамэ
Струвэ
Хасэ
газета
коммюнике
медаль
парламент
перспектива
пике
сальто-мортале
сервиз32
филе
Е
газета
камюніке
медаль
парламент
перспектыва
піке
сальта-мартале
сервіз
філе

Пры ўсёй прыніжальнасці самога факту малпавання беларускім правапісам рускага вымаўлення трэба прызнаць: сам працэс «рэабілітацыі» э ў запазычаннях — несумненна, станоўчы. Ён спрыяе разумнаму фанетызму беларускага пісьма, што, у сваю чаргу, падтрымлівае беларускую арфаэпічную норму, якая дазваляе спалучэнне «цвёрды + э».

С. Рэабілітацыя э працягваецца, але ніяк не завершыцца

Зацятае ігнараванне спецыфікі беларускай мовы, некрытычнае, сляпое перайманне рускай — не, нават не гістарычна абгрунтаванай традыцыі, а стыхійнай практыкі, якая яшчэ за паўстагоддзя да з’яўлення сучаснага афіцыйнага беларускага правапісу (1885—1933) аргументавана і жорстка крытыкавалася, — замінае беларускай мове быць дакладным і гнуткім тэрміналагічным інструментам, прыдатным для выкарыстання беларускай мовы ў эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферах.

Трэба было не бяздумна спісваць з Грота, а ўважліва пазнаёміцца са сфармуляванымі ім прынцыпамі асваення іншамоўнай лексікі:

…мы должны дорожить всякимъ имѣющимъся у насъ средствомъ точнѣе означать подлинную форму заимствованнаго слова33.

   31 Агульныя імёны — паводле: Иванова, Т. Ф. Новый орфоэпический словарь русского языка. Произношение. Ударение. Грамматические формы / РАН, Институт русского языка. М., 2004; уласныя імёны — паводле: Агеенко, Ф. Л. Собственные имена в русском языке: Словарь-справочник. М., 2001.

 32 «серви́з, ! неправ<ильно>
[сэ]рви́з», і наадварот: «сeрвис, [cэ́] ! не рек<омендуется>
[сe]рвис»
(Орфоэпический словарь русского языка: Произношение, ударение, грамматические формы / РАН, Институт русского языка; Под ред. Р. И. Аванесова. Изд. 6. М., 1997).

   
Менавіта такімі меркаваннямі кіраваўся, прыкладам, вядомы знаўца беларускага слова праф. Фёдар Янкоўскі, які яшчэ ў 1950-х гг. адзначаў:

Як пісаць — Шапэн ці Шапен, Кенэдзі ці Кенедзі, Насэр ці Насер, Нэні ці Нені, пенснэ ці пенсне? Газета «Літаратура і мастацтва» піша то капэла, то капела. А як жа правільна?

У беларускай мове пішацца пэўны, сэрца, бэз, асэсар, пэр, нэндза, фэст, кафэ, камізэлька. Напісанне ў гэтых словах спалучэнняў бэ, зэ, нэ, пэ, сэ, фэ грунтуецца на беларускім вымаўленні. Мы кажам і пішам: капэла, пенснэ. Зычныя п у слове Шапэн, н у словах Кенэдзі, Нэні, с у слове Насэр цвёрдыя. Прынцып тут адзіны.

Будзе правільна пісаць: Насэр (як і сэр, асэсар), Шапэн (як і пэр, пэўны), Кенэдзі (як і нэндза, кашнэ, пенснэ). Напісанне «Шапен», «Насер» — парушэнне адзінства арфаграфічнай сістэмы34.

Гэты голас быў пачуты: усе пералічаныя словы замацаваліся ў напісанні праз э. Тэндэнцыя да пашырэння спіса слоў, якія афармляюцца праз э, выразна выявілася з другой паловы 1980-х гг. і апошнім часам толькі ўзмацняецца. Ёй спрыяе найперш пашырэнне такіх напісанняў у рускай мове, што дае «індульгенцыю» і нашым нармалізатарам. І застаецца толькі вітаць той факт, што Праект падтрымлівае гэтую тэндэнцыю (гл. табліцу 11).

Табліца 11.
Дынаміка пазначэння цвёрдасці зычных перад [э] ў запазычаннях
Апелятывы (агульныя назвы)
Руская форма Беларускія формы
РБС (1937) СБМ (1987) СІС (1999) БРС-3 (2003) Праект (2006)
вендзіць вэндзіць вэндзіць вэндзіць ?
вальдшнеп вальдшнеп вальдшнэп вальдшнэп вальдшнэп ?
вексель вексель вэксаль вэксаль вэксаль ?
гебель (фуганок)
і гэбаль (рубанок)
гэбель гэбель гэбель ?
капелла капела капэла капэла капэла ?
кафетерий кафетэрый кафэтэрый кафетэрый ?
мадемуазель мадэмуазель мадэмуазэль мадэмуазель ?
менеджер менеджэр менеджэр менэджэр менэджар
Морзе Морзе Морзе морзе Морзэ Морзэ
несессер несесер нэсэсэр ?
нонсенс нонсенс нонсэнс нонсэнс ?
панель панель панель панэль панель панэль
пенсне пенсне пенснэ пенснэ пенснэ ?
полонез паланез паланэз паланез ?
портмоне парт(а)манет парт(а)манэт партманет ?
резюме рэзюме рэзюме рэзюмэ рэзюмэ рэзюмэ
реноме рэнаме рэнамэ рэнамэ рэнамэ
(салфетка) сурветка сурвэтка сурвэтка сурвэтка сурвэтка
сенсорный, экстра-сенсорный сенсорны сенсорны, але экстрасэнсорны сенсорны ?
сепия сепія сепія сэпія сепія ?
сепсис сепсіс сэпсіс сепсіс ?
септик септык сэптык септык ?
септима септыма септыма сэптыма септыма ?
сервис сервіс сэрвіс, аўтасэрвіс сервіс сэрвіс
серум серум сэрум сэрум ?
сервитут сервітут сервітут сэрвітут сервітут ?
сет сет сэт сет ?
сетльмент сетльмент сэтльмент сэтльмент сэтльмент ?
сеттер сетэр сэтэр ?
супермен супермен супермэн супермен ?
туннель тунель тунель тунэль тунель тунэль
шимпанзе шымпанзе шымпанзэ шымпанзэ шымпанзэ ?
шоссейный шасейны шасэйны шасэйны ?
экзема экзема экзема экзэма экзема ?
экземпляр экземпляр экземпляр экзэмпляр экзэмпляр экзэмпляр
эмфизема эмфізема эмфізема эмфізэма эмфізема ?

   33 Гротъ, Я. К. Цыт. тв. С. 75.

 34 Цыт. паводле: Янкоўскі, Ф. Сучасная беларуская мова. Мн., 1984. С. 174.

   
Табліца 11 Працяг.
Анамастыка (уласныя назвы)
Руская форма

Беларускія формы
СБМ (1987) БелЭн (1996—2004) Праект (2006)
Булонь-сюр-Мер Булонь-сюр-Мер Булонь-сюр-Мэр35
Душанбе Душанбе Душанбе Душанбэ
Йоханнесбург Йаганесбург Йаганесбург Яганэсбург
Кабо-Верде Каба-Вердэ Каба-Вэрдэ
Рио-де-Жанейро Рыо-дэ-Жанейра Рыо-дэ-Жанейра Рыа-дэ-Жанэйра
Сан-Томе Сан-Таме Сан-Таме Сан-Тамэ
Сен-Жюст Сен-Жуст Сэн-Жуст
Эйве Эйве Эйвэ
Тлумачэнне да табліцы
Фонам пазначаны выпадкі захавання зыходнай цвёрдасці — афармлення праз літару э.

Аднак «рэзервы» для правядзення э ў іншамоўнай лексіцы яшчэ ёсць: застаўся вялікі шэраг беларускіх напісанняў з е, г. зн. арыентаваных на рускае напісанне, а не на рускае вымаўленне. Не трэба быць празорцам, каб прадбачыць, што наступныя рэдакцыі беларускага правапісу будуць уключаць у «клуб Э» ўсё новыя і новыя словы: тыя, якія па-руску вымаўляюцца праз [э], але з нейкіх прычын (каб не палохаць на­чаль­ства і публікі?) не трапілі ў папярэднія рэкруцкія наборы ў беларускае войска Э: напрыклад, энэргія (цяпер энергія) на ўзор панэль, тунэль; сэкс (цяпер секс) на ўзор сэнс; спартсмэн (цяпер спартсмен) на ўзор супермэн (так у СІС), Гудмэн (цяпер Гудмен) — на ўзор Трумэн (так у БелЭн). А пакуль працягваецца адразанне сабаку хваста па кавалачках — «каб не так балела».

Што да спасылак на беларускае літаратурнае вымаўленне, то правяраць яго па арфаэпічным слоўніку беларускай мовы ніяк немагчыма, бо такіх слоўнікаў у прыродзе не існуе. Таму фармулёўку згаданых арфаграм з Праекта трэба было б удасканаліць: у фразу «літара э ў запазычаннях пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем» трэба ўставіць толькі адно слова, каб выйшла: «літара э ў запазычаннях пішацца згодна з рускім літаратурным вымаўленнем». Мо гэта і мелася на ўвазе?

ІІІ.3. Іосіф Ілыч forever!

Захаванне арфаграфічных саветызмаў

У прадмове да гэтай рэцэнзіі прызнавалася, што цяперашні правапіс збольшага пазбыўся палітычна матываваных выключэнняў, аднак асобныя рудыментарныя з’явы ўсё ж такі назіраюцца.

Як мы ўжо адзначалі, рэформа 1933 г. увяла новае паняцце — саветызмы (гэта іх афіцыйная назва).

Пастанова СНК БССР 7 снежня 1933 г.: Не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканні, а пісаць праз «о» наступныя інтэрнацыянальныя рэволюцыйныя словы: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцыалізм, комунізм, Комінтэрн, комсомол, пролетарый, піонер, з усімі ад іх вытворнымі словамі і новаўтварэннямі, а таксама і слова Профінтэрн...
...імёны і прозвішчы іншых моў і геаграфічныя назвы не перакладаць як у поўным напісанні, так і ў скарочаным, і пачатковае «о», «в», «т», «сч» ва ўсіх прозвішчах і геаграфічных назвах пісаць праз «о», «в», «т», «сч»: Владзімір Ільіч Ленін, В. І. Ленін, Іосіф Вісарыонавіч Сталін, І. В. Сталін, Орджонікідзе, Терахаў, Терэк, Терэхоўка, Владзікаўказ, Владзімірскі, Твер (Звязда. 1933. 9 снежня).

З пункту гледжання сістэмы мовы, саветызмы — гэта словы, якія не падпарадкоўваюцца шэрагу арфаграфічных і граматычных правілаў дзеля захавання імі большай сувязі з рускай графікай і словазмяненнем. З пункту гледжання экстра­лінгвістычнага — гэта ідэалагічна дэтэрмінаваныя напісанні.

Правапісныя саветызмы і звязаныя з імі лексемы характарызуюцца наступнымі рысамі:

1) адсутнасць акання: совет, большэвік, у тым ліку ў абрэвіятурах: комсомол, замест савет, бальшавік, камсамол;

2) адсутнасць дзекання-цекання: Терэхоўка замест Церахо́ўка або Це́рахаўка;

3) графічнае афармленне абрэвіятур (найперш на стыку частак) не залежыць ад іх фанетычнай рэалізацыі: Профінтэрн, хоць узуальнае вымаўленне вылучанага спалучэння — [фы];

4) іо /ыо, іа/ыа замест іё/ыё, ія/ыё (неразвіццё ёта ў спалучэнні «і + галосны»): піонер, соцыалізм, Іосіф Вісарыонавіч;

5) спалучэнне «зычны + й» замест падоўжанага зычнага: Ільіч [л’й] замест Ілліч ̄’]:

6) вл - замест ул- (дазвол спалучэння «в + зычны» на пачатку слова): Владзімір, Владзімірскі, Владзікаўказ замест Уладзімір, Уладзімірскі, Уладзікаўказ;

7) тв- замест цв- (адсутнасць пераходу [тв’] → [ц’в’], г. зн. адсутнасць асіміляцыі па мяккасці, на пачатку слова): Твер замест Цвер;

8) -дзе замест -дзэ (неадлюстроўванне цвёрдага вымаўлення зацвярдзелай афрыкаты дз): Орджонікідзе замест Арджанікідзэ.

Мяркуем, будзе лішнім нагадваць пра ўмовы, у якіх адбывалася рэформа 1933 г. «Хрушчоўская адліга» дазволіла змены ў правапісе ў бок «абеларушвання»: у рэдакцыі 1957—1959 гг. група саветызмаў ужо не вылучалася, а ўсе экс-саветызмы замацоўваліся ў нерусіфікаванай форме. Аднак некаторыя ідэалагічна афарбаваныя лексемы захавалі сваю графічную і граматычную «нерэгулярнасць». Відаць, для таго, каб закамуфляваць пэўную палітычную заангажаванасць, пад іх «падвярсталі» тыпалагічна блізкія, але ідэалагічна нейтральныя словы. Пры складанні слоўнікаў і энцыклапедый нерэгулярныя напісанні экстрапаляваліся на шырэйшы матэрыял, у выніку чаго кола такіх напісанняў — у параўнанні з пададзенымі ў кадыфікацыйных тэкстах — значна пашырылася.

На жаль, і аўтары Праекта не здолелі зусім адмовіцца ад традыцыйных для сучаснага беларускага правапісу ўласна саветызмаў і іх «суседзяў па арфаграмах», пакінуўшы «прававую базу» для нерэгулярных напісанняў.

А. Спалучэнні «й + галосны»

 

 35 У сапраўднасці ў Праекце падаецца ў адным месцы правільнае (§ 32.3), у другім — памылковае напісанне: Булонь-сэр-Мэр (§ 24.2).

   

У адрозненне ад лацініцы, у кірыліцы ёсць ётаваныя галосныя, якія ў становішчы на пачатку слова і пасля галосных абазначаюць адразу два гукі — [й] + адпаведны неётаваны галосны: е — [йэ], ё — [йо], ю — [йу], я — [йа]; у беларускай мове да ліку ётаваных літар таксама належыць і — [йі]36 . Руская мова паслядоўна выкарыстоўвае ётаваныя галосныя для перадачы гукавога спалучэння «й + галосны» ва ўласнай лексіцы, затое ў запазычаннях сітуацыя іншая: вельмі часта на месцы чаканых ётаваных літар стыхійна замацаваліся напісанні:

«й + неётаваная галосная»: jogurt > йогурт, jota > йот, coyote > койот, parejasauros > парейазавр, Yonkers > Йонкерс = Ионкерс, АЛЕ Young > Янг;
«и + неётаваная»: yoldia > иольдия, iod- [j] > иод = йод, ion [j] > ион, Joachim > Иоахим, Jordaens > Иорданс, jud- > иудей, АЛЕ юдофоб;
«й + ётаваная галосная»: doyen > дуайен, conveyer > конвейер, Sequoyah > секвойя, Meyer, Meier [majer] > Мейер, АЛЕ traiectoria > траектория;
«и + ётаваная галосная»: Jehovah > иеговист, Junius > июнь, Julius > июль, АЛЕ Юлианский календарь.

Такое хаатычнае асваенне названых гукавых спалучэнняў у рускай мове ў нейкай ступені перанялі нармалізатары беларускага правапісу, хоць беларуская арфаграфія няўхільна эвалюцыянавала ад сляпога пераймання рускіх напісанняў у кірунку паслядоўнага ўжывання ў згаданых пазіцыях ётаваных галосных літар. У рэчышчы гэтай тэндэнцыі вытрымана і адпаведная арфаграма Праекта:

Міністэрскі праект: § 15.3. У сярэдзіне запазычаных слоў, у тым ліку ва ўласных назвах літара й пішацца толькі перад зычнымі: дызайн, Кландайк, Драйзер, Айні, лайнер, камбайн, але: фае, Мая.
У пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне «[й] + галосны» перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Яганэсбург, Якагама, Емен, еменец, ёркшырскі, маёр, маярат, маянэз, раён, Нью-Ёрк, Ёжэф.

Такім чынам, аўтары Праекта нарэшце падпарадкавалі правілам і зрабілі сістэмным шэраг нерэгулярных напісанняў (якія аўтары Зводу-1959 пакідалі на зазубрыванне), бо іх графічнае афармленне было вынікам бяздумнага капіявання рускай графікі ды пярэчыла беларускай традыцыі ўжывання ётаваных галосных (гл. табліцу 12).

Табліца 12.
Рэалізацыя зыходнага спалучэння «й + галосны» ў рускай і беларускай мовах
Зыходная форма Сучасная руская форма: літары и/й + галосная Беларускія формы
РБС-1937: літары і/й + галосная або ётаваная літара Звод-1959: літары і/й + галосная або ётаваная літара СБМ: літары і/й + галосная або ётаваная літара Праект: ётаваная літара
jesuit- иезуит іезуіт езуіт езуіт ?
Yemen Йемен, йеменец Йемен Йемен, йеменец Емен, еменец
yog- йог іог ёг ?
Jozef Иожеф Іожэф (БелЭн) Ёжэф
Yokohama Иокогама і Йокохама Іакагама Йакагама Якагама
Yorkshire йоркшир­(ский) іоркшыр­(скі) Іаркшыр, іаркшы­рскі Йорк­шыр, йоркшыр­(скі) ёркшыр­скі
New York Нью-Йорк Нью-Ёрк Нью-Йорк Нью-Йорк  Нью-Ёрк
Johannesburg Йоханнесбург Іаганесбург Йаганесбург Яганэсбург
Йошкар-Ола Йошкар-Ола Іашкар-Ала Йашкар-Ала ?
Maia Майя Мая Мая (САУІ) Мая
mayonnaise майонез маянэз маянэз маянэз
major майор маёр маёр маёр
majorat- майорат маярат маярат маярат
rayon район раён раён раён раён
foyer фойе фойэ фае фае фае
Фонам пазначаны выпадкі перадачы спалучэння «й + галосны» праз ётаваны.

Здавалася б, прапанаваная ў Праекце дэрусіфікацыя мусіла б пайсці далей і нарэшце ўнармаваць напісанне тыпалагічна тоеснай групы слоў. Аж не! У якасці выключэнняў у Праекце знаходзім: Іо́сіф, Іо́ў, Іо́на, Іасафа́т (§ 2.4), а таксама Іаан Багаслоў, Іаган Себасцьян Бах (§ 22.1), Іаан Хрысціцель (§ 23.1), Іярданія (§ 26).

Як бачым, забабоны савецкай эпохі аказаліся дарагія сэрцу аўтараў праекта беларускага правапісу 2006 года (праўда, падобныя напісанні ўзыходзяць, вядома ж, да ранейшай эпохі). Большасць пададзеных ілюстрацый (апроч Іаган) — усходнехрысціянскія формы біблейскіх назваў. Іх напісанне ў славянскіх мовах з кірылічнай асновай (у тым ліку і ў старарускай, і ў старабеларускай) было перадвызначана іх формай у грэчаскай мове, хоць усе яны — гебрайскага (старажытнаяўрэйскага) паходжання. На пачатку іх грэчаскіх формаў пішацца ёт (Ι ι), які — як ні банальна гучыць гэтае сцверджанне — абазначаў і абазначае гук [й]. Аднак пры транслітарацыі (палітарным пераносе з адной графічнай сістэмы ў другую) й быў перанесены ў царкоўнаславянскае і затым рускае пісьмо не як й, а як і, а ў выніку рэформы рускага правапісу 1917—1918 гг. і замянілі на и. Рэформа беларускай арфаграфіі 1933 г. увяла «калькаванае» афармленне адпаведных імёнаў, што мы ўжо адзначалі вышэй.

Каб даць больш сістэмнае ўяўленне пра гістарычны лёс пералічаных уласных назваў, мы склалі табліцу 13.

   36 Напр., пасля галосных: кра[йі]на, сло[йі]к; на пачатку слова пад націскам: [йi]нець, [йi]слач (рака І́слач). Праўда, літара і абазначае таксама неётаваны гук [і]: на пачатку слова не пад націскам: [і]го́лка, [і]мпэ́т, [і]сці́. Толькі ў некаторых іншамоўных уласных назвах (найперш у чэшскіх) пачатковы ёт перад і абазначаецца на пісьме: Йіглава, Йіндржых, Йіржы, Йітс.

   

Табліца 13.
Грэчаская форма Рускія формы Беларускія формы
Грэч./лац. напі­санне Спрошч. транс­крып­цыя Да рэфо­рмы37 Сучасн. форма Цяпер Праект Некато­рыя
нар. формы
«Ідэальная» форма38
Ίορδάνης/
Jordánes
Ёрда́нэс Іорда­нія Иорда­ния Іарда­нія Іярда­нія рака Ярдан(ь) Ярданія
Ίωάννης/
Joánnes
Ёа́н̄эс Іоаннъ Иоанн Іаан Ян, Іван39 Яан
Ίώβ/Jуb Ёб40 Іовъ Иов Іоў Ёў, Ёва Ёў
Ίωνας/
Jonãs
Ёна́c Іона Иона Іона Ёна Ёна
Ίωσήφ/
Josēph
Ёсэ́ф Іосифъ Иосиф Іосіф Язэп41,
Восіп, Ёсіп
Ёсіф
Ίωσαφατ/
Josaphat
Ёсафа́т Іоса­фатъ Иоса­фат Іаса­фат Яса­фат Яса­фат

Асобна трэба сказаць пра імя Іаган. Гэта тое ж старазапаветнае імя hānān (грэчаск. Joánnēs), якое з гебрайскай мовы трапіла ў лаціну ў формах Johannes, Johannus. У выглядзе Johannes імя ўвайшло ў нямецкую ды некаторыя іншыя германскія мовы (адсюль Johannesburg, які ў праекце мае форму Яганэсбург). Затым яно скарацілася да Johann з характэрным для германскіх моў націскам на першым складзе, што па-беларуску гучыць як Ёган, прынамсі так у беларускім перакладзе кнігі Ёгана Вольфганга Гётэ «Фаўст» і ў паўтысячы інтэрнэтных спасылак. Дарэчы, таксама ад Johannes утварылася самая кароткая форма — Hans, той самы Ганс, якога мы ведаем як Хрысціяна Андэрсэна, а яшчэ як эпізадычнага героя безлічы кніг і фільмаў «пра вайну».

Напісанне Іага́н адлюстроўвае рускую форму XVIII—XIX стст. Іога́ннъ/Иога́нн, якая замацавалася за «старымі» немцамі, г. зн. за імёнамі тых асобаў, што зрабіліся вядомымі ў рускамоўным свеце да ХХ ст., калі Johann стаў перадавацца значна бліжэй да сваёй арыгінальнай формы — Йо́ганн.

Можа, гэтаму пытанню мы не прысвяцілі б столькі месца, але ж (1) узнятая праблема закранае значна шырэйшае кола выпадкаў, чым гэта кадыфікавана ў Праекце, (2) у Праекце назіраецца рэвізія такіх напісанняў, (3) у Праекце ёсць ілюстрацыі, якія пярэчаць абвешчаным прынцыпам.

Крыху расшыфруем папярэдняе. Несумненна, у Праекце зроблены станоўчы крок да сістэмнасці, аднак праз мінімальную колькасць прыкладаў (толькі два: фае, Мая) застаецца няясным, ці прапаноўваецца скасаваць фактычна падвойнае напісанне ёта, замацаванае цяперашнім правапісам. Такое падваенне пярэчыць асноўнаму правілу — перадаваць падвойныя зычныя ў словах іншамоўнага паходжання праз адну літару (найперш у межах адной марфемы, не на марфемным стыку), асабліва ў тых выпадках, дзе падваення няма ў мове-крыніцы, а яно ўзнікла ў выніку спецыфічнага графічнага асваення ў рускай мове: напр., племя майя [маййа] < Maya. Такога тыпу афармленні антыправапісныя і антыарфаэпічныя, бо прадугледжваюць падвойнае адлюстраванне ёта і адпаведна — падоўжанае яго вымаўленне. А гэта катэгарычна пярэчыць беларускай фанетыцы — падоўжаны ёт сустракаецца толькі на стыку слоў: у нашай Яны [уна́шаййа́ны]. Тым больш антысістэмна выглядае ў нашай мове літарнае спалучэнне йе на пачатку слова: Йелаўстан, йелаўстанскі (СБМ) ці йелаўстонскі (БелЭн)42 , бо прадугледжвае падоўжанае йй не ў інтэрвакальным становішчы, як звычайна ўжываюцца падоўжаныя (але не [й]), а ў абсалютным пачатку. (У беларускай лексіцы падоўжаныя на пачатку слова сустракаюцца толькі ў літаратурным ззяць і дыялектных лле ‘лье’, лляны ‘ільняны’.)

   37 Рускія дарэформавыя напісанні пералічаных імёнаў былі запазычаны з царкоўна­славянскай мовы.

 38 Пад «ідэальнай» формай маецца на ўвазе беларускае асваенне, якое адпавядае прынцыпу транскрыбавання формы мовы-крыніцы ўласнабеларускімі фанетычнымі сродкамі.

 39 Губны в развіўся на месцы губнога β.

 40 У 1 тысячагоддзі н. э. літара в змяніла сваё гукавое значэнне з [б] на [в].

 41 Паказальна, што форма Язэ́п бліжэйшая да арыгінальнай формы і націскам, і якасцю другога галоснага, чым Іoсіф.

   

Калі б аўтары Праекта хацелі надаць сваім прапановам сістэмны характар і свой дакумент зрабіць максімальна поўным, то мусілі б выправіць скажэнні пры асваенні спалучэння «й + галосны» ў наступных пазіцыях і словах, усталяваўшы такім чынам адзінае правіла — простае і яснае (усе прыклады — з БелЭн):

1) на пачатку слова: не Іерусалім, а Ерусалім; не Іерыхон, іерыхонская, а Ерыхон, ерыхонская труба; не Іельскі, Іена, Іода, Іодль, Іоська, Іофе, а Ельскі, Ена, Ёда, Ёдль, Ёська, Ёфе або Ёфэ;

2) пасля галоснага ў сярэдзіне слова: не Айунскі, а Аюнскі;

3) пасля галоснага на канцы слова: не майя, папайя, паранойя (так у СБМ), а мая, папая (papaya), параноя (paranoia), як Мая (імя), Малая (Заходняя Малайзія), секвоя.

Гэтак можна было б пераадолець фрагментарнасць, урыўкавасць Праекта, палавіністасць прапанаваных у ім развязанняў.

В. Выгнанне падоўжаных з традыцыйных імёнаў

У Праекце правапіс падоўжаных зычных не адрозніваецца ад цяперашніх правілаў, аднак звяртае на сябе ўвагу шэраг выключэнняў:

Міністэрскі праект : § 16.3. Ва ўласных назвах падоўжанае вымаўленне зычных адлюстроў­ваецца на пісьме: Аўгіння, Аксіння, Анісся, Аўдоцця, Наталля, Таццяна, Усціння, Фядосся, Траццякоўка; Краснаполле, Залессе, Закарпацце і інш., але: Ілья, Емяльян, Касьян, Ульян, Ульяна, Юльян, Юльяна, Традзьякоўскі і ўсе вытворныя ад іх: Ільін, Ільіч, Ільінскі, Ільічоўка, Ульянаў, Ульянаўск, ульянаўскі і інш.

Чым выклікана вывядзенне менавіта гэтых слоў у асобную групу, якая не падпарадкоўваецца аднаму з найбольш універсальных правілаў беларускай фанетыкі? Так, сярод прыведзеных выключэнняў — імёны іншамоўнага паходжання, аднак і сярод прыкладаў на падаўжэнне таксама пераважаюць імёны-запазычанні, хоць усе яны — і замацаваныя праз падоўжаны, і кадыфікаваныя праз «зычны + й» — традыцыйныя для беларускага іменаслову, трывала засвоеныя і глыбока асвоеныя. Так, большасць прыкладаў з падоўжанымі — на мяжы асновы і канчатка (Аўгінн-я, Усцінн-я, Фядосс), а большасць прыкладаў з ь — у сярэдзіне асновы слова (Емяльян, Касьян). Аднак чым растлумачыць, што Наталля і Ілья маюць рознае напісанне, а значыць — розную ступень асвоенасці? Абодва ж імёны — старыя запазычанні, а этымалагічнае спалучэнне «л + й» (Natalia, Ilia) сустракаецца ў іх у адной і той жа пазіцыі — на стыку асновы і канчатка

Відаць, прычына ў тым, што імя Ілья насіў тата правадыра сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Ульянава. Як мы паказалі вышэй, імя па бацьку Ільіч было выве­дзена ў лік выключэнняў яшчэ ў Пастанове СНК БССР 1933 г.: яно мела пэўнае «ідэйнае напаўненне», а чым больш «ідэйнае» слова, тым бліжэйшыя мусяць быць яго фанетычнае і графічнае абліччы да гучання і напісання ў рускай мове. Мо для таго, каб настальгія па нядаўняй мінуўшчыне не так кідалася ў вочы, да Ільі і Ульяна/Юльяна дадалі яшчэ менш частотных Емяльяна з Касьянам.

У САУІ, які de facto застаецца асноўным нарматыўным слоўнікам беларускіх імёнаў і выкарыстоўваецца ў працы загсаў ды іншых дзяржаўных устаноў, што займаюцца рэгістрацыяй насельніцтва і афармленнем пасведчанняў асобы, — за­фіксаваны натуральныя беларускія формы — без ёта пасля зычнага: Ілля, Амяллян, Міл(л)ян, Вуллян, Вулляна. Тут жа знаходзім сцягненыя формы (праз адзін зычны), таксама шырока распаўсюджаныя ў народнай мове: Касян, Уляна, а таксама Наталя, Тадося, Хвядося, Тацяна. (Ва ўкраінскай мове, дзе, як і ў бела­рускай, развіваюцца падоўжаныя зычныя, адзіная афіцыйная форма апошняга імя — сцягненая: Тетяна.)

Дарэчы, «палітычная нагружанасць» Ільіча абумоўлівала яшчэ адну асаблівасць яго напісання: за савецкіх часоў дасведчаныя рэдактары стараліся не пісаць яго вялікімі літарамі, інакш ІЛЫЧ выклікаў асацыяцыю са словам ЛЫЧ, што было на руку толькі ворагам савецкай улады...

   42 Ва ўсіх даступных нам слоўніках апошні склад назвы Yellowstone транскрыбуецца як [-stoυn].

   
Колькі заўваг пра вытворныя. Сярод ілюстрацый да параграфа 16.3 знаходзім: Ільічоўка. У Беларусі сапраўды ёсць населены пункт з такой назвай, аднак гэта перайменаваная ў 1964 г. вёска Старабабылле. (У тым годзе сотні беларускіх вёсак былі пазбаўлены сваіх гістарычных найменняў праз іх «немілагучнасць» або неадпаведнасць «ідэалагічным устаноўкам».) А ў Гомельскай вобласці ёсць аж тры паселішчы і адна вёска Ільіч (тры пункты ўзніклі ў 1920-я гг., адзін быў вёскаю Клёнкі43 ). Калі ўжо ўзнікла патрэба ў адпаведнай ілюстрацыі, то найлепш было б скарыстаць паліткарэктную (бо гістарычную — з XVI ст., а таму ідэалагічна бесстаронную) назву вёскі Ільічы, дарэчы, з той жа Гомельскай вобласці. Істотна, што ў «Слоўніку назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці» Рапановіча адразу ж пасля афіцыйнай назвы ў дужках падаецца і яе рэальнае вымаўленне — праз падоўжаны -лл-: Іллічоўка, а таксама Ілліч, Іллічы44 . Усе вёскі Ільіч і аднакарэнныя ў Мінскай вобласці таксама маюць дублетныя формы праз -лл-45 .

Нават у рускамоўным варыянце беларускія прозвішчы натуюцца ў адпаведнасці з народнымі формамі, без нехарактэрнага для беларускай вымовы спалучэння [л’й] (на пісьме -ль-)46 : Иллющенко, Илюк, Илюкевич, Илюкович, Илюшенко, Илинич47 . Што да апошняга прозвішча, то яно мае слаўную гісторыю (Іллінічы — слынны магнацкі род, якому пачаткова належаў Мірскі замак) і традыцыйна ў беларускіх тэкстах перадаецца праз -лл-. Такое ж напісанне зацвердзіла рэдкалегія адпаведнага тома БелЭн, куды ўваходзіў і Аляксандр Іосіфавіч Падлужны48 . Прызнаецца узуальнасць за формамі з -лл- і ў згаданым вышэй Рапановічавым слоўніку, навуковым рэдактарам якога выступіў Павел Паўлавіч Шуба. І Падлужнага, і Шубу А. Лукашанец называе аўтарамі Праекта.

Але дзіўная рэч: і сам А. Лукашанец, мабыць, не супраць формаў з падоўжанымі (прынамсі яны засталіся і ў перавыдадзеным пазалетась пад ягоным навуковым рэдактарствам САУІ), і Падлужны з Шубам уласным пяром бласлаўлялі форму Ілліч на красаванне ў нашай мове, а як дайшло да ўнармавання правапісу — засталіся вернымі запаветам Ільіча.

Асобнай рэмаркі заслугоўвае прозвішча Ільінскі. Вось яго беларусізаваць і сапраўды не варта, бо яно — рускае, дакладней, т. зв. «бацюшкоўскае». У сістэму рускіх прозвішчаў уваходзіць спецыфічная група прыметнікавых антрапонімаў, утвораных ад назваў цэркваў, дзе першыя носьбіты адпаведных прозвішчаў служылі святарамі ці іншымі духоўнымі49 (зрэшты, часам такія прозвішчы маглі атрымліваць і прыгонныя царкоўных уладанняў). Адсюль павяліся Анненские, Архангельские, Богородицкие, Богословские, Введенские, Вознесенские, Воскресенские, Никольские, Петропавловские, Покровские, Преображенские, Пятницкие, Рождественские, Спасские, Сретенские, Троицкие, Успенские, а таксама Ильинские.

Як мы мелі магчымасць пераканацца вышэй, з аднаго боку, аўтары Праекта гатовыя знявечыць нізкачастотныя, вельмі спецыфічныя навуковыя тэрміны як бог чарапаху. З другога боку, «рэзапазычваюцца» ў чужой, супярэчнай самой прыродзе нашай мовы форме даўно асвоеныя, сапраўды традыцыйныя імёны, якія маюць у нас ледзь не тысячагадовую гісторыю, прайшлі разам з моваю шлях натуральнага развіцця і набылі адметныя нацыянальныя формы, імёны, ад якіх утварыліся назвы сотняў беларускіх вёсак, мястэчак, гарадоў, рэчак і азёраў, а таксама прозвішчы тысяч беларусаў. Мяркуем, наўмыснае ачужэнне і архаізацыя традыцыйнага іменаслову не на карысць і праваслаўнай царкве ў Беларусі.

С. Перамога -дзэ: фіналь грузінскіх прозвішчаў падпарадкуецца агульнаму правілу

Асабліва радуе прапанова праекта, — праўда, яна не сфармулявана, а вынікае толькі з ілюстрацый, — фанетычна пісаць фіналь грузінскіх прозвішчаў на -дзэ: Табідзэ, Брыгвадзэ, а значыць і Абашыдзэ, Гамкрэлідзэ, Кікабідзэ, Меладзэ, Шэварднадзэ і да т. п.

З 1930-х гг. грузінскія прозвішчы складалі выключэнне, відаць, таму, што на чале краіны стаў грузін, чые суродзічы, у тым ліку з прозвішчамі на -дзэ, займалі найвышэйшыя пасады ў Савецкай краіне: Орджонікідзе (нават не Арджанікідзе — на ўзор астатніх саветызмаў, такіх, як большэвік, советы ды інш., дзе ў якасці выключэння не праводзілася аканне), Енукідзе, Геаргадзе, Дзацэнідзе. Угнявіць «абраны народ» СССР няправільным напісаннем імёнаў яго сыноў тагачасныя кадыфікатары не насмеліліся, хоць фіналь прозвішчаў на -дзе рабілася амаграфічнаю (тоеснай паводле напісання) фіналі назоўнікаў у давальным ці месным склонах — як Антарктыдзе, Галівудзе, Леанідзе50 , Сцепанідзе. (Праўда, няясна, што будзе з негрузінскімі -дзэ, напрыклад, з японскім камікадзэ, які ў СБМ не прапісаны, а ў СІС і БелЭн — падаецца праз -дзе: камікадзе.)

А яшчэ — з 1933 да 1957 г. рабілася выключэнне для гордай каўказскай (у тым ліку і грузінскай) ракі Тэрэк, якая чамусьці не прызнавала правілаў беларускай арфаграфіі і пісалася як Терэк з забароненым у беларускай мове «теканнем». У рэдакцыі 1957—1959 гг. праяву «культу асобы» ў мовазнаўстве «пераадолелі», абсалютна абеларусіўшы слова — Церак: у першым складзе правялі цеканне, а ў другім — аканне, надаўшы назве рысы ўласнабеларускага або славянскага наймення, хоць імя гэтай ракі ніяк нельга падазраваць у славянскім паходжанні. Такім чынам, слова страціла сувязь са сваім зыходным гучаннем і стала абсалютна непазнавальным для тых, хто ведае толькі яе арыгінальную форму. Дарэчы, назвы горада Тэрэк-Сай (БелЭн, карта «Кыргызстан») кадыфікатары чамусьці беларусізаваць не сталі.

І пасля гэтага нехта адмаўляе праявы ў нашым правапісе палітычнай кан’юнк­туры...

ІІІ. 4. Вялікай літары — вялікую блытаніну
Ні памяншэння колькасці выключэнняў, ні ўнармавання не адбылося

Это всего лишь корректировка в соответствии с требованиями современной языковой практики, направленными на уменьшение количества исключений и ликвидацию существующего орфографического разнобоя в белорусскоязычных изданиях.

А. Лукашанец51

Яшчэ ў першай палове гэтай публікацыі мы адзначалі гіпертрафію главы 6 «Правапіс вялікай і малой літар», што асабліва кідаецца ў вочы на фоне гіперлаканічнасці ўласна правапісных глаў.

Гэта па вызначэнні самая ідэалагізаваная частка Праекта, бо метафарычнасць вялікай літары (чым большая асоба ці з’ява — тым з большай літары мае пісацца яе імя) «спакушае» падначаленага заслужыцца перад начальнікам праз узвелічэнне назвы пасады апошняга. Таму і выказвалася думка, што ўся справа з новай рэдакцыяй правапісу задумлялася толькі для таго, каб узаконіць напісанне слова Прэзідэнт з вялікай літары (аднак мы схіляемся да іншага тлумачэння).

А. Структура і вытокі главы 6

Пачынаецца глава з арфаграм, не сабраных у параграф, — мусіць, не знайшлі для такой структурнай адзінкі адпаведнай абагульняльнай назвы, бо сюды трапіў даволі разнастайны матэрыял, прысвечаны выбару рэгістра — вялікай ці малой літары — (а) на пачатку сказа, (b) на пачатку паэтычнага радка, (c) пасля знакаў прыпынку.

Далей справа структуравання пайшла гладчэй:

§ 22. Вялікая і малая літары ў асабовых назвах.
§ 23. Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў.
§ 24. Вялікая літара ў геаграфічных і астранамічных назвах.
§ 25. Вялікая літара ў назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў.
§ 26. Вялікая літара ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах.
§ 27. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, узнагарод, помнікаў, рэліквій, прэмій, ордэнаў, грамат, прызоў.
§ 28. Вялікая літара ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў.
§ 29. Вялікая літара ў назвах памятных і знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох.
§ 30. Вялікая літара ў назвах з двукоссем.

Вось класічны прыклад спробы ахапіць неахопнае, — нават павярхоўнага азнаямлення дастаткова, каб пераканацца ў тым, што ў Праекце пералічана меншая палова выпадкаў, калі ў карыстальніка будзе ўзнікаць праблема з выбарам рэгістра.

Узнікае сумнеў і ў сэнсоўнасці найперш тэматычнага падзелу матэрыялу — усё роўна засталіся не ахопленымі цэлыя пласты лексікі. Больш рацыянальна было б пакласці ў аснову групавання структурныя ўласцівасці моўных адзінак. Праўда, за тэматычны прынцып прамаўляе традыцыя і экстралінгвістычны момант.

Прыкладна тая ж карціна назіралася яшчэ ў Гротавым правапісе, на які раўня­ліся пазнейшыя рускія выданні, а ўжо ў іх падглядалі нашы нармалізатары:

96. <Прописная буква>
1. Первое слово строки...
2. Первое слово чужой рѣчи...
3. Каждое слово, начинающее стихъ.
4. Имена трехъ лицъ Божества и высших существ, составляющихъ предметъ религіознаго почитанія христіанъ: Богъ, Господь, Творецъ…; также слова: Провидѣніе , Промыселъ, Небо, Церковь въ духовномъ смыслѣ.
5. Титла царствующаго въ Россіи Дома: Государь Императоръ, Наслѣдникъ Цесаревичъ , Ихъ Императорскія Величества.
...
8. Названія высшихъ государственныхъ и ученыхъ учрежденій, также различныхъ обществъ…: Правительствующій Сенатъ, Святѣ йшій Синодъ, Государственный Совѣтъ, Государственный Контроль, Академия Наукъ, Императорская Публичная библіотека…
9. Нѣкоторыя названія праздниковъ, недѣль и дней, имѣющихъ особенное церковное значеніе: Рождество Христово, Пасха, Благовѣщеніе , Великій постъ, … Великій Четвергъ

На жаль, Праект пераняў і дух, і літару (ва ўсіх сэнсах) працытаванага выдання эпохі самадзяржаўя, праявіўшы правапісны валюнтарызм з кан’юнктурных меркаванняў. Асабліва гэта відавочна ў параграфах 23 і 26, прысвечаных уладам нябесным і зямным.

У Праекце не пашкадавалі месца на сакральныя імёны, значна перавысіўшы іх колькасць у параўнанні з Гротавым правапісам, створаным у краіне, дзе праваслаўе было дзяржаўнай рэлігіяй. Пры гэтым пераадольваюцца канфесійныя межы, праўда, у хрысціянскай тэрміналогіі выразна пераважае праваслаўная традыцыя:

§ 23.1. З вялікай літары пішуцца: асабовыя назвы вышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Карма, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Троіца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Троіца, Божая (Боская) Маці (Мацер), Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная; Месія;
прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;
асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): ... Святы Павел (апостал), Святыя Роўнаапостальныя Кірыл і Мяфодзій;

Дагэтуль слова святы пісалася з вялікай літары толькі ў рэлігійных выданнях. У Праекце прапаноўваецца пашырыць такую практыку на свецкія тэксты. А ўжо назвы святаў адлюстроўваюць характэрную для нашай рэчаіснасці эклектыку:

§ 29.1. З вялікай літары пішуцца: ...
аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных свят, знамянальных дат: Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі (9 Мая), Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Новы год, Дзень жанчын (8 Сакавіка), Свята працы (1 Мая), Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (7 Лістапада), Нараджэнне Хрыста (Ражджаство Хрыстова), Дзень памяці, Дзень беларускай навукі, Дзень ведаў, Ушэсце Гасподняе, Уваскрасенне Хрыстова, Вялікая субота, Таццянін дзень, Радаўніца, Вялікдзень, Каляды, Купалле, Дабравешчанне, Наўроз, Рамадан...

Звяртае на сябе ўвагу штучнае ўтварэнне Нараджэнне Хрыста — вынік канта­мінацыі каталіцкай і праваслаўнай назваў гэтага свята: Божае Нараджэнне і Раство (або Раздво) Хрыстова. Дарэчы, прапанаванае ў Праекце Ражджаство пярэчыць і беларускай народнай традыцыі, і самой прыродзе беларускай мовы.

B. Арфаграфія і чынапаклонства

Пачнём з трывіяльнага. У беларускай мове назвы чалавека паводле яго занятку, прафесіі, пасады (як і паводле ўзросту, полу, расы, нацыянальнасці, сямейнага становішча, сацыяльнай ролі і г. д.) пішуцца з малой літары, бо гэта апелятывы — не ўласныя назвы: Ясева матуля — мастачка. Універсітэцкая рада абрала новага рэктара.

Але, як мы ўжо мелі магчымасць пераканацца на прыкладзе з Грота, існуе пэўная традыцыя парушаць гэтае правіла, калі гутарка ідзе пра раўнейшых за роўных — пра высокае начальства: маўляў, на тое начальства і высокае, каб пісацца з высокай, або вялікай, літары. Гэтак чынапаклонства, ігнаруючы і моўныя прынцыпы, і здаровую логіку, рэалізуецца ў выбары рэгістра:

§ 26. З вялікай літары пішуцца: словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Міністр адукацыіі <так!> Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Маладзечанскай мітраполіі і апостальскі адміністратар Пінскай дыятэзіі <так!>, Апостальскі Візітар <так!>, Генеральны Сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Генеральны Сакратар Савета Еўропы, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, Кароль Іярданіі, Каралева Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Імператар Японіі, Папа Рымскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Далай-Лама. ...

Прапанова пісаць тытулы і пасады кіраўнікоў дзяржаў і найвышэйшых іерархаў з вялікай літары — вялікая навіна, прынамсі цяпер Папа Рымскі з вялікай літары рэгулярна афармляецца толькі ў каталіцкай літаратуры, Патрыярх ды Экзарх — найперш у праваслаўнай (хоць бывае, і дзяржаўныя вызначацца), а Далай-Ламу так не пішуць хоць бы таму, што не існуе ламаісцкіх ні кніжак, ні часопісаў па-беларуску. Што да свецкіх асобаў, то ні каралі, ні прэзідэнты, а тым больш міністры верхнім рэгістрам зазвычай не падаюцца. Крыху іншая справа з Генеральнымі Сакратарамі ААН і Савета Еўропы, якія прыйшлі ў нашу рэчаіснасць адносна нядаўна проста з англійскай мовы, пры гэтым захаваўшы вялікія літары арыгінала: UN Secretary General, The Council of Europe Secretary General. Вядома, на добры клёк, калі ўжо ёсць цвёрдае правіла пісаць падобныя назвы з малой літары, не варта рабіць выключэння ні для кога, — часы, калі галава дзяржавы лічыўся намеснікам Бога на зямлі (з усімі адпаведнымі), мінулі.

У гэтай жа арфаграме знаходзім агаворку:

У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, міністр, старшыня пішуцца з малой літары: Выступае прэзідэнт нашай краіны. На нарадзе прысутнічаў міністр.

Во будзе работы вызначаць, дзе афіцыйнае ўжыванне, а дзе не. Можна прадбачыць, што, калі Праект усё ж такі прымуць, па рэдакцыях пракоціцца каманда: прэзідэнта з міністрамі ды кіраўнікамі ўсюды і заўсёды пісаць з вялікай — на ўсялякі выпадак. Прэцэдэнты ўжо ёсць.

Калі ў папярэдніх главах сапраўды адчуваецца імкненне спрасціць і універсалізаваць правапісныя нормы, як гэта і дэкларавалася (хоць лічыць вынік удалым ніяк не выпадае), то тут аўтары Праекта пайшлі шляхам фіксацыі напісанняў, якія склаліся стыхійна, а ў выпадках, калі існуе некалькі варыянтаў напісання, зрабілі выбар на карысць аднаго з іх. Аднак па вялікім рахунку гэта не ёсць задачаю арфаграфічнага зводу; галоўнае прызначэнне такога дакумента — сфармуляваць прынцыпы, вызначыць іх іерархію (хоць бы для сябе) і на іх аснове прапанаваць максімальна ёмістыя правілы, якія працавалі б калі не ва ўсіх, то ў пераважнай большасці выпадкаў.

Мяркуем, менавіта такі падыход найбольш апраўданы ў нашым становішчы, калі (а) назіраецца вялікая разбежнасць у адлюстраванні тыпалагічна блізкіх ці нават тоесных фактаў (як праяўляецца гэта ў Праекце, адлюстравана ў табліцы 14), (b) з’явілася вялікая колькасць моўных адзінак, не ахопленых унармаваннем. Праект улічвае толькі актуальныя для нашай рэчаіснасці палітычныя інстытуты, ігнаруючы вялізны сегмент штодзённасці, новыя рэаліі ды сітуацыі. Вось толькі некалькі прыкладаў, дзе назіраецца хістанне ў графічным афармленні, а Праект застаецца бескарысным для вырашэння праблемы, бо універсальных правілаў у ім няма, а прэцэдэнтныя напісанні не пакрываюць «праблемных» груп лексікі:

інтэрнэт / Інтэрнэт ; сеціва /Сеціва;
інтэрнэт-выданне / Інтэрнэт-выданне ці інтэрнэтвыданне / Інтэрнэтвыданне (адказу на пытанне пра пісанне-непісанне тут злучка ў Праекце не знайсці);
гульня «ў пікера» / «У пікера»;
камп’ютэрнае асяроддзе: Лінукс / «Лінукс» / «лінукс», Юнікс / «Юнікс» / «юнікс»;
тэорыя адноснасці / Тэорыя адноснасці / тэорыя Адноснасці / Тэорыя Адноснасці;
Першы нацыянальны канал / Першы Нацыянальны канал / «Першы нацыянальны» канал / «Першы нацыянальны канал» (для развязання гэтага пытання прэцэдэнты Волга-Данскі канал (глава 4.5) іДняпроўска-Бугскі канал (§ 24.1) наўрад ці прыдадуцца).

А якое правіла дазваляе ці забараняе напісанні ЕўраФэст, КомпаС (назвы праграм з нядзельнай «сеткі вяшчання» БТ)?

Сваім зместам глава, прысвечаная выбару рэгістра, звязана з правіламі ўжывання двукосся:

Глава 19.2. У двукоссе бяруцца назвы: ... назвы <так!> марак машын, вытворчых вырабаў, ... назваў <так!> кандытарскіх, парфумерных вырабаў і пад.: «Ніва», «Волга», «Мерседэс» (аўтамабілі), «ЯК», «Дуглас» (самалёты), «кацюша» (гвардзейскі мінамёт), «максім» (кулямёт), «зіг-заг» (барана), «Ласунак», «Мінскі грыльяж» (цукеркі), «Духмяны ландыш» (духі) і інш.

І тут ужо ўзнікаюць новыя пытанні: чаму маркі аўтамабіляў і самалётаў пішуцца з вялікай літары, а маркі зброі — з малой? Чаго ж і барана — з малой літары, як мінамёт і кулямёт? Але ж сучасная барана — на колавым хаду, лічы, той жа аўтамабіль!

А калі супаставіць главу 19.2 з параграфам 22.2, то высветліцца, што і яснасці з напісаннем кацюшы няма: дык браць яе ў двукоссе ці не?

§ 22.2. Пішуцца з малой літары: агульныя назвы людзей, прадметаў, адзінак вымярэння фізічных з’яў, якія ўтварыліся на аснове асабовых і геаграфічных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкіхот (такі донкіхот), фрэнч, галіфэ, наган, маўзер, браўнінг, кацюша...

І яшчэ. Чамусьці ў назве самалёта «ЯК» (глава 19.2) пішацца вялікая літара K, нібы гэта ініцыяльная абрэвіятура. Аднак «Як» — гэта скарот ад прозвішча Яковлев. Дарэчы, у БелЭн Як-40 і пад. пішуцца без двукосся (арт. «Якаўлеў Аляксандр Сяргеевіч»).

Табліца 14.
Паводле «англійскага» прынцыпу (Вялікая Вялікая...)
Паводле «французскага» прынцыпу (Вялікая малая...)
Вярхоўны Савет (Парламент) АЛЕ Парламенцкая асамблея
Савет Міністраў АЛЕ Прэм’ер-міністр
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь АЛЕ Міжнародны суд ААН
Патрыяршы Экзарх, Мітрапаліт Мінска-Маладзечанскай мітраполіі АЛЕ апостальскі адміністратар Пінскай дыятэзіі
Герой Сацыялістычнай Працы АЛЕ Свята працы
Генеральны Сакратар ААН
Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь
Востраў Слёз (мемарыял памяці «афганцаў» у Мінску) АЛЕ Алея памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

C. Паміж берагоў: выбар рэгістра ў састаўных назвах

Састаўныя (шматслоўныя) назвы выклікаюць асабліва вялікую складанасць пры выбары рэгістра для розных іх кампанентаў. Існуюць два асноўныя прынцыпы ўжывання вялікай літары ў састаўных імёнах, іх можна ўмоўна назваць «англійскім» (верхні рэгістр для ўсіх кампанентаў назвы) і «французскім» (верхні рэгістр толькі для першага кампанента).

Беларуская мова апынулася ў рэгіёне «панавання» «французскага» прынцыпу, інакш кажучы, усе суседнія мовы, у тым ліку руская і польская, прынялі гэты прынцып за аснову для выбару рэгістра ў састаўных назвах: першае слова пішацца з вялі­кай літары, што фармальна ўказвае на пачатак састаўной назвы, усе астатнія словы ў такім найменні пішуцца з малой літары: Бярэзінскі біясферны запаведнік, Новалукомская дзяржаўная раённая электрастанцыя. Крыху інакш выглядае справа, калі ў склад састаўной назвы ўваходзіць слова ці словазлучэнне, якое пішацца з вялікай літары: Дзяржаўны літаратурны мемарыяльны музей Якуба Коласа (найменне ў найменні), а- Ж ыллёвы кодэкс b- Р эспублікі c- Б еларусь-c -b -а (тут наогул «матрункавая»52 будова: кампанент с (Беларусь) у складзе кампанента b (Рэспубліка Беларусь), які ў сваю чаргу ўваходзіць у найменне дакумента а).

 

 43 Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць / БелЭн. Кн. І, ІІ. Мн., 2004, 2005.

 44 Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці. Мн., 1977. С. 171.

 45 Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Нарматыўны даведнік. Мінская вобласць. Мн., 2003.

 46 Прынятыя ў літаратурнай мове асабовыя формы дзеяслова ліць (лью, льеш і г. д.) пашыраны на меншай частцы беларускага этнаграфічнага абшару, большую частку займаюць гаворкі, у якіх бытуюць формы без [й]: лію, ліеш, лйю, лйеш, а таксама ўжо ўзгаданыя ллю, ллеш.

 47 Номера телефонов Минской городской телефонной сети: Электронный каталог. 2003.

 48 Іллінічы // БелЭн. Т. 7. Мн., 1998. С. 197.

 49 У 1907 г. прозвішчы на -ский сярод духоўных Сімбірскай епархіі складалі 35%, затое сярод сялян Самайкінскай воласці Сімбірскай губерні — 0% (Система личных имён у народов мира. М., 1986. С. 265).

 50 Параўн. з прозвішчам народнага паэта Грузіі Георгія Леанідзэ.

 51 Труд. 2006. 30 августа — 7 сентября.

   

Аднак два фактары — эстралінгвістычны і ўплыў «англійскага» прынцыпу — няспынна ажыццяўляюць экспансію на свет уласных назваў, змяняючы ўяўленні носьбі­таў аб правільным, на іх думку, выбары рэгістра.

«Англійскі», а дакладней ужо — «амерыканскі», уплыў — фактар непераадольнай сілы; асабліва моцны ён у такіх сферах, як рэклама і мастацтва. Пасярэднікам гэтага ўплыву выступае, вядома ж, руская мова, але чым больш адкрытым будзе рабіцца наш свет, тым часцей уплыў гэты будзе рэалізоўвацца наўпрост, а значыць — яшчэ больш магутна. Апошнім часам стала модным афармляць з вялікай літары нават кампаненты назваў твораў, што ў тэксце пішуцца ў двукоссі: «У Вайны Не Жаночы Твар», а таксама слоганы: Каханне З Першай Лыжкі. Такому афармленню cпрыяюць традыцыйныя найменні: газета «Наша Ніва». Гэтак, ад «французскага берагу» наша практыка адштурхнулася, а да «англійскага» так і не прыбілася.

Але ж толькі экстралінгвістычнымі меркаваннямі, якія ніяк не могуць рэалізоў­вацца сістэмна з пункту гледжання мовы, можна растлумачыць «здраду» традыцыйнаму для беларускай мовы «французскаму» прынцыпу. Ды што казаць пра супярэчнасці ў напісанні розных назваў, калі ў Праекце ёсць выпадкі рознага афармлення адных і тых жа назваў. Вышэй мы падавалі цытату з § 26, дзе дро́гія кампаненты найменняў Нацыянальны сход і Палата прадстаўнікоў пісаліся паводле асноўнага правіла — з малой літары, але ж у папярэдняй арфа­граме знаходзім:

§ 25.1. З вялікай літары пішуцца: ... усе словы ў састаўных афіцыйных поўных уласных назвах вышэйшых органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, іншых краін і вышэйшых сусветных арганізацый: Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны Сход (Парламент) Рэспублікі Беларусь, Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (ніжняя палата)...

Дарэчы, гэтых саветаў, судоў, парламентаў у кожнай краіне мінімум па адным. А што рабіць з парламентамі і судамі аўтаномных і суверэнных утварэнняў у складзе унітарных, федэратыўных, канфедэратыўных, саюзных дзяржаў і садружнасцяў? Ці запамінай (а іх тысячы!), ці лезь у слоўнік, якога... няма, як і арфаэпічнага ды шэрагу іншых...

   52 Бел. Матрунка — рус. Матрёшка.

   

Цікава, што ў назве Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў53 апошняе слова, як і астатнія, пішацца з вялікай літары. Ці не значыць гэта, што беларускія прадстаўнікі менш прадстаўнічыя за кітайскіх? Зрэшты, так і ёсць, калі ўзяць пад увагу, што 110 членаў ПП рэпрэзентуюць менш за 10 мільёнаў грамадзян (1 член ад 90 тыс.), а 2970 членаў УСНПбольш за 1 мільярд 300 мільёнаў (1 Народны Прадстаўнік ад 480 тыс., цяпер ясна, чаму яны Народныя, а нашы — так сабе). Розніца ў 5 з паловай разоў! Тут і вялікай літары замала.

Сярод ілюстрацый да главы 6 трапляюцца і яшчэ дзіўнейшыя выпадкі, калі вялікія і малыя літары ў састаўной назве чаргуюцца, напр.: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Калі вялікі — гэта ганаровае званне, тады пісаць яго трэба з малой, як і акадэмічны. Калі ж Вялікі — уласна імя тэатру54 , то яно мусіла б стаяць на пачатку ўсёй назвы, а нацыянальны — у якасці ганаровага звання — на другой пазіцыі, натуральна, з малой літары: Вялікі нацыянальны акадэмічны тэатр...

Такім чынам, з 10-старонкавай главы атрымаўся структураваны, упарадкаваны збор прэцэдэнтаў (праўда, далёкі ад вычарпальнасці), нешта накшталт слоўнічка (толькі без алфавітнага парадку), але не інструкцыя, якой і мусіць быць правільна складзены кадыфікацыйны дакумент.

(Заканчэнне будзе)

   53 Паводле БелЭн: Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў (арт. «Кітай») — прыклад паслядоўнага ўжывання «французскага» прынцыпу.

 54 Пра тое, што імя тэатру — Вялікі, сведчыць хоць бы англійскі пераклад з рускай назвы: the National Academic Bolshoi Ballet Theatre…

Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (54) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/14