A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (54) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
Б’ЁРН КУНТЭР | ||||
Правал заходняга пляну дэмакратызацыі Беларусі Вік, Ганс-Георг. Як выйсьці зь беларускага тупіка? // Пры канцы 1990-х гадоў праект «Не нашкодзь» (Do No Harm)1 узрушыў прафэсійную супольнасьць. Мэры Б. Андэрсан паказала, што гуманітарная дапамога і супраца ў мэтах разьвіцьця ў гарачых пунктах могуць падтрымаць распальвальнікаў вайны дый наўпрост ці ўскосна процідзейнічаць мірнаму вырашэньню канфліктаў. Калі раней крытыкі неэфэктыўнасьці разьвівальных праграмаў падкрэсьлівалі гэткія крытэры, як доўгатрываласьць і суўдзел (ownership), дык цяпер пад пытаньнем апынулася сама выніковасьць дапамогі. Відаць, што гэтыя дэбаты прайшлі паўз тых, хто дае грошы на дэмакратызацыю ў Беларусі. Бракуе публічна даступных і якасных аналізаў эфэктыўнасьці ранейшых праграмаў. Адмоўныя наступствы замежнае дапамогі абмяркоўваюць хіба што цішком, дарма што на месцах іх нельга не заўважыць. І наадварот, правілы паводзінаў для донараў, якія дазволілі б пазьбегнуць найгоршае шкоды, ніколі нават не абмяркоўваліся. Доўгі час ідэі спрыяньня дэмакратызацыі ў рамках клясычнае супрацы ў мэтах разьвіцьця ды традыцыйнае замежнае палітыкі адводзілася другарадная роля. На пярэднім пляне стаяла задача барацьбы зь беднасьцю. Яе дапаўняла мэта пабудовы інстытутаў праўнай дзяржавы і — не з такога ўжо і даўняга часу — спрыяньня разьвіцьцю грамадзянскае супольнасьці. Аднак гэта заўжды рабілася па ўзгадненьні з адпаведным урадам. Спрыяньне дэмакратызацыі насуперак волі адпаведнае дзяржавы, выкарыстаньне для гэтага інструмэнтаў разьвівальных праграмаў было амаль немагчымым. Гэта была справа перадусім недзяржаўных групаў. Ідэя дэмакратызацыі насуперак волі існых урадаў імкліва разьвілася разам з новай «маральнай» палітыкай міжнароднае супольнасьці, паводле якой тая мае «абавязак бараніць» пацярпелых падчас генацыдаў ды іншых грубых парушэньняў правоў чалавека, а абарону асобы ставіць вышэй за суцэльнасьць дзяржавы. Сёньня ўжо немагчыма вызначыць, хто быў першапачатковым аўтарам ідэі аб’яднаньня апазыцыі супраць Лукашэнкі.У выпадку Беларусі трэба дадаць, што напачатку задача дэмакратызацыі адпавядала мэтам гэтае дзяржавы, якая, згодна з Парыскай хартыяй КБСЭ 1990 г., дэкляравала сваю адданасьць ідэям дэмакратыі і праўнай дзяржавы, а таксама абавязвалася выконваць правы чалавека. Адпаведна, АБСЭ была ў Беларусі адным з найважнейшых міжнародных актораў падчас трансфармацыі беларускага грамадзтва, пакуль рэжым Лукашэнкі не абмежаваў ейную дзейнасьць у 2001 г. Дадатковы штуршок ідэя дэмакратызацыі ўрэшце атрымала са зьменай курсу замежнай палітыкі ЗША, калі прэзыдэнт Буш адначасова з нападам на Ірак абвесьціў пра пачатак ініцыятывы дэмакратызацыі ўсяго сьвету. Пасьля «каляровых рэвалюцыяў» у Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне павялічыўся адпаведны ціск на апазыцыю, каб тая зьмяніла рэжым і ў Беларусі. Аднак самае позьняе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сакавіка 2006 г. у Беларусі пераможнае шэсьце негвалтоўных рэвалюцыяў спынілася, дарма што беларускую апазыцыю (у адрозьненьне ад азэрбайджанскай2) заходнія дабрадзеі падтрымлівалі сыстэматычна і сур’ёзна не адзін год. А можа, беларуская рэвалюцыя правалілася акурат праз гэтую заходнюю падтрымку? |
(нар. у 1970) — палітоляг, з 1998 да 2005 гг. — рэдактар выданьня «Belarus‑News»; з 2002 да 2005 гг. — каардынатар Праграмы дапамогі Беларусі Фэдэральнага ўраду Нямеччыны. Аўтарская назва тэксту — «Беларусь: Не нашкодзь. Патрабаваньні да замежнага спрыяньня дэмакратыі». 1 Anderson, Mary B. Do No Harm: How Aid Can Support Peace — or War. Boulder, 1999. Гл. таксама cdainc.com.
|
ПСЭЎДААПАЗЫЦЫЯПасьля свайго прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка ператварыў Беларусь у дыктатуру. Крок за крокам усе палітычна значныя сфэры грамадзтва перайшлі пад кантроль рэжыму. Пасьля падпарадкаваньня дзяржапарату, антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 г. і ўсталяваньня прэзыдэнцкае вэртыкалі недзяржаўныя арганізацыі былі альбо замененыя дзяржаўнымі інстытуцыямі альбо выціснутыя ў нязначныя нішы.Пры такіх палітычных абставінах замежная дапамога можа быць толькі спробай амартызаваць ціск з боку дзяржавы і ўсталяваць справядлівыя правілы гульні. Аднак падставовай праблемай беларускае апазыцыі ёсьць яе залежнасьць ад замежных донараў. У адрозьненьне ад Украіны, дзе алігархі граюць актыўную ролю ў палітыцы, падтрымліваюць партыі і СМІ, у Беларусі мясцовыя фінансісты амаль ня маюць аніякай ролі. Адзіны больш-менш значны беларускі фінансіст, прадпрымальнік Васіль Лявонаў, відаць, уклаў у апазыцыйную дзейнасьць колькі сотняў тысячаў эўра, тады як ЗША ў рамках «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» вылучылі на падтрымку апазыцыі двухзначныя мільённыя сумы3. І нават калі вялікая частка зь іх засталася ў замежных руках, а рэшта шырока разышлася, тым ня менш падчас перадвыбарнае барацьбы за прэзыдэнцкую пасаду колькі мільёнаў даляраў усё ж мусілі дайсьці да партыяў кааліцыі «10+» на падтрымку кандыдата-канкурэнта Лукашэнкі Аляксандра Мілінкевіча. Іншы кандыдат, Аляксандар Казулін, таксама наўрад ці змог прыцягнуць беларускія сродкі. Абумоўленая гэтым залежнасьць апазыцыі мае экзыстэнцыйны характар, асабліва таму, што кола спонсараў палітычных партыяў і рухаў, у параўнаньні з такім самым колам фундатараў няўрадавых арганізацыяў, адносна невялікае. На адпаведным рынку дамінуе тузін амэрыканскіх фондаў, чыя дзейнасьць каардынуецца Агенцыяй па міжнародным разьвіцьці ЗША (USAID), да якіх яшчэ можна дадаць толькі невялікія датацыі эўрапейскіх урадаў. Пры такім дамінаваньні існуе вялікая небясьпека таго, што пажаданьні спонсараў будуць памылкова ўспрымацца ў якасьці загадаў альбо замежныя акторы змогуць дыктаваць стратэгію апазыцыі. Так, сёньня ўжо немагчыма вызначыць, хто быў першапачатковым аўтарам ідэі аб’яднаньня апазыцыі супраць Лукашэнкі. Аднак тады было ясна, што USAID проста не падтрымала б іншых дзеяньняў, а выхад з кааліцыі пэўнай групы закрыў бы таксама для яе доступ да найважнейшых рэсурсаў. Аднак яшчэ большая небясьпека за магчымае дамінаваньне замежнікаў у вызначэньні стратэгіі апазыцыі ў тым, што палітычны лёс апазыцыйных палітыкаў ня столькі залежыць ад іх папулярнасьці сярод насельніцтва, колькі ад уражаньня, якое яны робяць на донараў. Да таго ж фундатарам вельмі цяжка кантраляваць работу апазыцыі, і ў апошнія гады замест правядзеньня сапраўднай апазыцыйнай работы з насельніцтвам апазыцыянэры занадта часта толькі удаюць, нібы яны зьбіраюцца нешта рабіць. У той час, калі лідэры апазыцыі блукаюць па Эўропе і Амэрыцы ў пошуках падтрымкі для сваёй палітыкі, апазыцыі на месцы не ўдаецца ўсталяваць трывалых адносінаў з насельніцтвам. Кіраўнікі партыяў разжываюцца ў замежных фондах сродкамі на новыя кампаніі дый перадаручаюць сваім нізавым аддзяленьням іх правесьці. І тым самым гэтыя падразьдзяленьні ўжо аказваюцца перанагружанымі ў структурным пляне. Актывісты дзейнічаюць амаль выключна ва ўласных асяродках і бясконца рыхтуюцца да новых і новых кампаніяў на сэмінарах з адным і тым самым зьместам. Улёткі ды газэты складваюцца стосамі ў партыйных управах, пакуль іх не выкідаюць, каб вызваліць месца для новага матэрыялу. Многія кампаніі адбываюцца толькі ў Інтэрнэце альбо зводзяцца да дэклярацыяў-абвестак пра іх з вуснаў партыйных кіраўнікоў. Апазыцыя такім чынам выраджаецца, ператвараючыся ў віртуальную апазыцыю. Апісаныя гэтта праблемы ня ёсьць ані новымі, ані невядомымі. Дык чаму ж тады яшчэ працягваюць пераказваць грошы? На гэта ёсьць багата прычынаў:
Аднак існуе шэраг рацыянальных інструмэнтаў кантролю, што дазваляюць ацаніць дзейснасьць праграмаў падтрымкі апазыцыі. Так, напрыклад, распаўсюд і ўплыў матэрыялаў можна надзейна спраўдзіць праз тэлефонныя апытаньні ды іншыя захады. Можна даручыць незалежным інстытутам дасьледаваньняў грамадзкай думкі арганізаваць назіраньне за папулярнасьцю распаўсюджваных матэрыялаў і апазыцыйных ідэяў. Пры правядзеньні ацэнкі замежнымі экспэртамі мясцовых партнэраў гэтаксама неабходна інфармаваць пра яе вынікі. Трэба аддаць належнае станоўчым вынікам, але неабходна таксама, каб абмяркоўваліся і адмоўныя вынікі, што дазволіць вызначыць і выправіць хібы.
ПРАБЛЕМЫ ПЕРАДАЧЫ РЭСУРСАЎПры гэтым ня варта пераацэньваць важнасьці кантролю. Сапраўды, карупцыя зьяўляецца асноўным закідам дзяржаўнай прапаганды супраць апазыцыі. І добра зрабілі б спонсары, калі б зьменшылі рызыку фінансавых злоўжываньняў. Аднак нават без крадзяжу дый марнаваньня сродкаў цяперашняя практыка падтрымкі апазыцыі спрыяе яе адчужэньню ад насельніцтва. Балазе ганарары супрацоўнікаў няўрадавых арганізацыяў і палітычных актывістаў ужо цяпер такія высокія, што насельніцтва адчувае зайздрасьць і, як правіла, падазрае карупцыю нават тады, калі выплачваюцца «толькі» звычайныя ўзнагароджаньні. Так, напрыклад, на пачатку 1990-х гадоў Фонд Сораса плаціў нават тым сваім супрацоўнікам, што ня мелі аніякай іншай кваліфікацыі, апроч валоданьня ангельскай мовай, ганарары, якія значна перавышалі сярэднія па краіне заробкі прафэсараў, дэпутатаў парлямэнту ці работнікаў камэрцыйных прадпрыемстваў. Фонд Сораса ня быў адзінкавым выпадкам, бо яшчэ і сёньня заробкі ў няўрадавых арганізацыях і апазыцыйных партыях у асноўным большыя за сярэднебеларускія заробкі ў параўнальных сфэрах прафэсійнай дзейнасьці. Таму многія прадстаўнікі апазыцыйных партыяў належаць да праслойкі людзей, якія зарабляюць больш, чым сярэдні беларус.Разам са стварэньнем адмоўнага іміджу апазыцыі ў вачах насельніцтва замежныя грошы вядуць таксама да скажэньня «рынкавых цэнаў» на палітычную дзейнасьць. Так, напрыклад, зборшчыкі подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Казуліна і Мілінкевіча атрымлівалі ў залежнасьці ад рэгіёну ад 50 цэнтаў да аднаго даляра ЗША за кожны подпіс. Аднак збор подпісаў, распаўсюд улётак і газэт альбо ўдзел у сэмінарах і навучаньні зазвычай лічацца валянтэрскай дзейнасьцю палітычных актывістаў. Калі ж яна аплачваецца, дык гэта пагражае з аднаго боку доўгатрываласьці ўдзелу ў палітычнай барацьбе, калі аднойчы грошы перастануць прыходзіць і больш ня знойдзецца валянтэраў. З другога боку, гэта абясцэньвае ўдзел у палітыцы ў вачах насельніцтва, якое, натуральна, адчувае, ці перад імі стаяць добраахвотнікі, ці аплачаныя кадры. Можа, аплачаныя кадры і будуць больш гатовымі да ўдзелу ў палітыцы, але толькі да таго часу, пакуль ім таксама будуць плаціць. Велічыня і стабільнасьць палітычнага руху тады будзе абмежаваная аб’ёмам наяўных рэсурсаў. І нарэшце, апошняе, але ад таго ня менш важнае — гэта ўплывае на працу тых апазыцыйных групаў, якія ня могуць альбо ня хочуць плаціць гэткіх ганарараў.
ПРАБЛЕМЫ ЭТЫЧНЫХ ІМПЛІКАЦЫЯЎДосьвед, атрыманы ў рамках праекту Do No Harm, вучыць нас зважаць на этычныя наступствы замежнай дапамогі. Якія каштоўнасьці будуць пашырацца, калі мы будзем дзейнічаць так, як мы дзейнічаем цяпер? Ці ёсьць дэмакратычнымі нашая дапамога і мэтады, як мы яе робім, ці, можа, яны ўвогуле супярэчаць пастаўленым мэтам? І тут мы таксама можам пералічыць на прыкладзе спрыяньня дэмакратыі ў Беларусі тыя каштоўнасьці і формы ўзаемадзеньня, якія стаяць на шляху эфэктыўнай дэмакратызацыі.
Хто плаціць, той і замаўляеУсе важныя стратэгічныя рашэньні аб’яднанай апазыцыі апошніх гадоў паўставалі ў працэсе іх шчыльнага ўзгадненьня са спонсарамі (у асноўным амэрыканскімі). Карацей, з прыемнасьцю выслухоўваюцца і зацьвярджаюцца толькі тыя стратэгіі, зь якімі згадзіўся спонсар. Як толькі пэўная стратэгія, напрыклад, выбар адзінага кандыдата альбо спроба ажыцьцяўленьня «каляровай рэвалюцыі», прымаецца спонсарамі ці нават імі навязваецца, канкурэнтным ідэям і групам дапамогі ўжо ня будзе. Адпаведна, дарогу ў будучыню ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі пракладваюць для сябе тыя групы, якім удаецца наладзіць найлепшыя кантакты са сваімі спонсарамі.
Апазыцыя бездапаможная Ва ўмовах адсутнасьці посьпехаў неабходнасьць выдзяленьня новых сродкаў можна апраўдваць перадусім ахвярамі рэпрэсіяў. Інфармацыйныя паведамленьні аб ахвярах у замежных СМІ такім чынам ператвараюцца ў надзвычай важны рэсурс для апазыцыі і замежных кіраўнікоў праграмаў. Праз гэта па-за ўвагай сыстэматычна застаюцца наяўныя ў апазыцыі магчымасьці для супраціву дэспатызму ўлады, у тым ліку і таму, што яны ня ўпісваюцца ў карціну «апошняй дыктатуры Эўропы». Аднак фактычна апазыцыя не такая ўжо і бездапаможная. Так, напрыклад, адвакатам дэпутаткі віцебскага гарсавету Вольгі Карач удалося адстаяць перад судом права на распаўсюд незалежнай інфармацыі, дамагчыся вяртаньня канфіскаваных улётак, дабіцца прымяненьня дысцыплінарных захадаў супраць супрацоўнікаў міліцыі і падаць пазовы аб аднаўленьні на працы звольненых актывістаў4. |
2 Правал каляровай рэвалюцыі ў Азэрбайджане прынята тлумачыць стрыманай заходняй падтрымкай апазыцыі, што зьвязана з правядзеньнем тамтэйшым урадам арыентаванай на Захад палітыкі ў галіне будаўніцтва трубаправодаў і вайсковай сфэры. 3 У праекце Belarus Democracy Act 2003 г. было прадугледжана вылучыць да 40 млн даляраў ЗША цягам двух бюджэтных гадоў. Праўда, пры прыняцьці Акту ў кастрычніку 2004 г. канкрэтная сума вызначаная не была // house.gov. У праекце Belarus Democracy Reauthorization Act на бюджэтны пэрыяд 2007/08 было прадугледжана вылучыць 40 млн даляраў на падтрымку апазыцыі ў Беларусі і 15 млн даляраў на фінансаваньне тэле- і радыёвяшчаньня на Беларусь // БелаПАН. 2006. 19 верасьня.
|
Апазыцыя нічога ня можаАдмова ад праверкі эфэктыўнасьці падтрыманай праграмы ня толькі дапамагае схаваць мажлівыя слабыя бакі. Гэта таксама вядзе да таго, што незаўважанымі застаюцца моцныя бакі і невялікія посьпехі апазыцыі. У выніку ўсталяваўся вобраз апазыцыі, якая крочыць ад паразы да паразы і ня можа забясьпечыць сабе больш за дзесяць адсоткаў падтрымкі сярод насельніцтва. Хоць у гэтым вінаватыя таксама і замежныя дабрадзеі, адказнасьць ускладаецца выключна на беларускую апазыцыю. У выніку замежнікі ўсё больш перахопліваюць стратэгічную ініцыятыву. Разьвіваючы радыё- і телевізійныя станцыі навокал Беларусі, ЭЗ стварыў інструмэнты, што дазволяць яму ўплываць на грамадзкую думку ў Беларусі па-над галовамі апазыцыі. Палітычны ўплыў праекту надзвычай невялікі5. Можна саркастычна заўважыць, што тым самым эўрапейскія дзяржавы прынамсі атрымалі мільённы праект-алібі, які падкрэсьлівае імкненьне ЭЗ спрыяць дэмакратызацыі ў Беларусі, але не выклікае вялікіх дыпляматычных праблемаў і ажыцьцяўляецца амаль безь ніякага ўдзелу апазыцыі ў Беларусі.
Спрыяньне дэмакратыі засяроджваецца на зьмене рэжымуЗамежная дапамога прыходзіць у Беларусь перш за ўсё напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У гэты час зьяўляюцца, як правіла, неабмежаваныя сродкі, аднак пасьля выбараў яны адносна хутка зьнікаюць.
Эфэктыўнасьць важнейшая за ўнутрыпартыйную дэмакратыюКантакты паміж спонсарамі і партыямі зазвычай абмежаваныя невялікім колам людзей. Купка партыйных правадыроў і кіраўнічыя кадры езьдзяць за кардон, каб арганізаваць праз таемныя каналы фінансавыя плыні для сваіх партыяў. У выніку герархічныя структуры беларускіх партыяў стабілізуюцца, а ўнутрыпартыйная дэмакратыя аслабляецца, бо важныя рашэньні прымаюцца ў партыі не адкрыта, а за зачыненымі дзьвярыма.Пры гэтым кідаецца ў вочы, што падтрыманыя палітычныя кампаніі арганізоўваліся збольшага паводле вайскова-бюракратычнага ўзору з доўгімі герархічнымі ланцужкамі падпарадкаваньня зьверху ўніз, што спрыяла ўмацаваньню і без таго цэнтралісцкіх, завязаных на менскіх цэнтрах партыйных структураў. Праграмы дапамогі, якія падтрымліваюць абмен і ўзаемныя візыты дэмакратычнага актыву з розных рэгіёнаў, зьяўляюцца выключэньнем. Хоць арганізаваць міжрэгіянальную мабільнасьць унутры Беларусі можна было б лёгка і танна, але замежныя спонсары падтрымліваюць разбудову апазыцыйнай вэртыкалі, якая да болю нагадвае сумнавядомую прэзыдэнцкую вэртыкаль.
ПРАВАЛ КАЛЯРОВАЙ РЭВАЛЮЦЫІ Ў БЕЛАРУСІУ чарговы раз замежная дапамога павялічылася перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 г., пасьля таго, як у выніку каляровых рэвалюцыяў у Грузіі ды Ўкраіне паўстала мадэль, што ўспрымалася як «інструкцыя па правядзеньні рэвалюцыі» і абяцала хуткі посьпех. Яна грунтавалася ў значнай ступені на працы Джына Шарпа, які пачынаючы з 1960-х гг. зьбіраў і сыстэматызаваў прыклады негвалтоўных дзеяньняў вызвольных рухаў, каб пераканаць палітычных актывістаў у сіле негвалтоўных дзеяньняў і стварыць такім чынам альтэрнатыву гвалтоўнаму супрацьстаяньню6. Аднак пры спробе выкарыстаць гэтыя ўрокі негвалтоўных акцыяў у Беларусі выявіліся істотныя праблемы — як і раней у Сэрбіі, Грузіі ды Ўкраіне. |
4 З 68 судовых працэсаў, што адбыліся паміж кастрычнікам 2005 і чэрвенем 2006 гг. з ініцыятывы і супраць актывістаў «Нашага дому», палова была выйграная актывістамі // nash‑dom.info. 5 Вольга Карач тлумачыць, што ў Савецкім Саюзе незалежныя навіны мелі каштоўнасьць, дзеля якой людзі вечарамі сядалі перад сваімі кароткахвалевымі прыймачамі, каб паслухаць радыё «Свабода». Сёньня ўсяго 0,3 % беларускае аўдыторыі цікавяцца радыё «Свабодай». Польская станцыя радыё «Рацыя» колькі гадоў таму нават цалкам спыніла сваё вяшчаньне праз адсутнасьць інтарэсу слухачоў. Беларускае насельніцтва мае поўны доступ да незалежнай інфармацыі ў Інтэрнэце, але мала хто ёй карыстаецца. Увесь праект не адпавядае патрэбам беларусаў і ёсьць ня чым іншым, як вялікай магілай для грошай спонсараў, якія марнуюцца такім чынам для палітычнай дзейнасьці.
|
Негвалтоўны супраціў і замежная падтрымка дэмакратыіПаміж негвалтоўным супрацівам зьнізу і замежнай падтрымкай дэмакратыі існуюць напружаныя стасункі. Негвалтоўная мэтодыка была распрацаваная ў асымэтрычных канфліктах дзеля ўзмацненьня слабых. Многае кажа за тое, што акурат у відавочнай слабасьці палітычных дзеячоў ды іх гатовасьці ўлічваць асабістыя недахопы і пакуты хаваецца сіла негвалтоўнага супраціву, — мабыць таму, што ў такім выпадку робіцца яўнай маральнасьць палітычных дзеячоў і ўзьнікае давер да іх. Калі ж узьнікае падозраньне, што за апазыцыйнымі акторамі стаіць моцная замежная падтрымка, дык гэтая перавага зьнікае.
Уплыў замежнай падтрымкі быў пераацэненыАналізы Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне ўказвалі на тое, што ўплыў замежнай падтрымкі і няўрадавых арганізацыяў там меў нашмат меншае значэньне для яе посьпеху, чым такія складнікі ўнутранай сілы апазыцыйнага руху, як моцныя партыі, крыніцы фінансаваньня ўнутры краіны і параўнальна свабодныя СМІ. А таму для каляровай рэвалюцыі ў Беларусі не было аніякіх шанцаў на посьпех. Аднак апазыцыйныя дзеячы ўнутры і па-за межамі Беларусі, мабыць, зыходзілі ў сваёй стратэгіі з фантазіяў аб уласнай усёмагутнасьці.
Зацыкленасьць на сілеКалекцыя мэтадаў Джына Шарпа арыентаваная амаль выключна на сілавое вымярэньне негвалтоўнай барацьбы: зрабіць так, каб зьвесьці на нішто рэпрэсіўную магутнасьць палітычнага праціўніка, кампэнсаваць яе альбо прымусіць яе бумэрангам ударыць па агрэсару. Стэлан Вінтгаген крытыкуе гэты падыход за празьмерную ўвагу да сілавога вымярэньня. Побач зь ім пры негвалтоўнай барацьбе неабходна таксама разбудоўваць пазытыўныя інстытуты, несьці пазытыўную ўтопію і весьці дыялёг з палітычным праціўнікам7. Негвалтоўная трансфармацыя ўключае ў сябе больш аспэктаў, чым іх ахапілі ўдзельнікі «каляровых рэвалюцыяў». У Грузіі і Ўкраіне гэтыя аспэкты таксама ў значнай меры адсутнічалі. Да сёньняшняга дня зьмена тамтэйшых рэжымаў не пацягнула за сабой незваротнай дэмакратызацыі. |
6 Sharp, Gene. The Politics of Nonviolent Action. Boston, 1973; Sharp, Gene. From Dictatorship to Democracy. Boston, 1993. Гэтая кніга даступная на 21 мове, у тым ліку па-расейску і па-беларуску. Падобнага Джыну Шарпу падыходу трымаюцца таксама Пітэр Акерман і Джэк Дзюваль. Гл. Ackerman, Peter; DuVall, Jack: A Force More Powerful: A Century of Nonviolent Conflict. New York, 2000.
|
Негвалтоўныя дзеяньні вымагаюць кіраўніцтва, заснаванага на прынцыпах суўдзелу і дэцэнтралізацыіАпазыцыйная вэртыкаль у Беларусі супярэчыць клясычнай арганізацыі негвалтоўнага супраціву. З аднаго боку, уласная адказнасьць яго ўдзельнікаў ёсьць часткай вызвольнай праграмы і асновай будучага дэмакратычнага ўдзелу ў палітыцы. Зь іншага боку, такім чынам можна зьменшыць уразьлівасьць руху. Аднак у Беларусі можна было літаральна абезгаловіць увесь рух, калі за тыдзень перад выбарамі па сумнеўных абвінавачаньнях былі затрыманыя амаль усе чальцы штабу Мілінкевіча. Такім чынам, герархічнай арганізацыі не ўдалося прыцягнуць да сябе ангажаваных людзей у нізох дый падрыхтаваць іх да дзеяньняў. Цалкам адсутнічала адкрытая структура камунікацыяў і пошуку рашэньняў.
НОВЫЯ ШЛЯХІ ПАДТРЫМКІ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІБалянс эстафэтнае гонкі паміж апазыцыйнымі партыямі ў Беларусі і іх замежнымі дабрадзеямі за апошнія больш чым дзесяць гадоў выглядае надзвычай сьціпла. Вобраз апазыцыі ў вачах насельніцтва ў апошнія гады працягваў пагаршацца. Нават самі замежныя «вучні чараўнікоў»8 наўрад ці зьвязваюць яшчэ нейкія спадзяваньні са сваімі беларускімі партнэрамі, а адзінства апазыцыі, што паўстала некалі пры беспасярэдняй падтрымцы АБСЭ, пасьля рэвалюцыйнай авантуры пачынае даваць расколіны. |
7 Беларуская апазыцыя пацярпела паразу ўжо ў тым, што не прадэманстравала аніякай пазытыўнай утопіі.
|
Замежныя дабрадзеі таксама вінаватыя ў такім разьвіцьці падзеяў. Але што яны маглі зрабіць па-іншаму? У ЭЗ ледзь-ледзь робяцца першыя крокі ў слушным напрамку (калі, вядома, не лічыць праекту-алібі па стварэньні радыёстанцыяў):
1. Калі раней вылучаныя ЭЗ сродкі гадамі заставаліся заблякаванымі з прычыны адсутнасьці адпаведных дазволаў беларускіх дзяржаўных органаў, дык цяпер для выкарыстаньня ў Беларусі вызваляюцца ўсё большыя сродкі шляхам іх перадачы замежным партнэрам альбо незарэгістраваным афіцыйна ў Беларусі арганізацыям. Мадэль, што захавалася ў падтрымцы сацыяльных і экалягічных праектаў, дазваляе сяк-так афіцыйна дзейнічаць у Беларусі, бо ўсе пытаньні атрыманьня дазволаў могуць быць вырашаныя ў індывідуальным парадку беларускімі партнэрамі альбо ўвогуле праігнараваныя ў іх супрацы з замежнымі партнэрамі. 2. Дзякуючы перанакіраваньню сродкаў у напрамку параўнальна дробнамаштабных праграмаў падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека ЭЗ адначасова атрымлівае ў сваё распараджэньне мноства меншых мясцовых партнэраў дзеля працы і ўнезалежніваецца ад партыяў ды праблемаў, зьвязаных з афіцыйным становішчам няўрадавых арганізацыяў, якія апынуліся ў Беларусі пад ціскам дзяржавы, а многія зь іх былі забароненыя. Пры рэалізацыі малых праектаў зь бюджэтам да 5 тыс. эўра ЭЗ можа нават супрацоўнічаць зь незарэгістраванымі групамі. Аднак праблема палягае ў тым, што Камісія ЭЗ пакуль не стварыла структураў, якія маглі б адказваць за супрацу з дробнымі партнэрамі і спраўджваць мэтазгоднасьць выкарыстаньня сродкаў. 3. Каб пакласьці канец непасьлядоўнасьці і неўраўнаважанасьці падтрымкі з боку ЭЗ, пастаянным зьменам адказных за гэтыя пытаньні афіцыйных асобаў ЭЗ, а таксама заблытанасьці структураў ЭЗ для беларускіх партнэраў дый забясьпечыць Зьвяз патэнцыялам для стратэгічна ўзважанай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі і іншых падобных дзяржаваў, Ганс-Георг Вік прапанаваў прызначыць эўрапейскага ўпаўнаважанага па Беларусі. Адначасова парлямэнтары ЭЗ выступілі з ідэяй заснаваньня эўрапейскага фонду дэмакратызацыі. Пакуль невядома, якая з гэтых мадэляў можа быць рэалізаваная і ці дойдзе справа (толькі) да новай пераарыентацыі ранейшых структураў ТАСІС. У любым разе трэба вітаць жаданьне фундатараў стварыць пастаянна дзейныя інстытуты.
Але ўвогуле ЭЗ, суседнія краіны і амэрыканскія фундатары выглядаюць перш за ўсё разгубленымі. Дэмакратызацыя Беларусі звонку, ва ўмовах якой тутэйшыя палітычныя сілы выраджаюцца да стану памагатых, асуджаная на паразу.Пасьля гадоў паразаў больш не відаць нейкіх новых стратэгіяў, генэральных плянаў дэмакратызацыі Беларусі. Гэта выклікае яшчэ большую занепакоенасьць у меру таго, як расейская палітыка пераймае ўсё больш і больш элемэнтаў беларускае сыстэмы ўлады, і неўзабаве ўжо нельга будзе казаць пра апошнюю дыктатуру Эўропы. Але разгубленасьць грантадаўцаў можа аказацца і своеасаблівым шанцам, калі гэта дасьць беларускай апазыцыі час і рэсурсы, каб рэарганізавацца і распрацаваць сваю ўласную стратэгію. Праўда, гэтая фаза тоіць у сабе вялікую небясьпеку таго, што фундатары адыдуць убок і адмовяцца ад беспасярэдняй падтрымкі дэмакратызацыі ў Беларусі, абмежаваўшыся праектамі-алібі. Гэта было б памылкай. Замест гэтага трэба перагледзець шляхі аказаньня падтрымкі.
НОВЫ СТЫЛЬ ПАДТРЫМКІ ДЭМАКРАТЫІЗ праекту Do No Harm можна навучыцца, што «ўсё вырашаюць дэталі: што, чаму, хто, ад каго, калі, дзе і як»9. Адпаведна пераарыентацыя палітыкі ў дачыненьні да Беларусі зьвязаная перадусім са зьмяненьнем стылю. |
8 Маецца на ўвазе Вучань чараўніка — пэрсанаж твору Гётэ, які, выклікаўшы духаў, так і ня даў ім рады (зацем перакладніка).
|
Правяраць дзейснасьць і заахвочвацьДзеля гэта трэба праверыць дзейснасьць цяперашніх праектаў і ўлічыць яе пры плянаваньні будучых праектаў. Выкананьне гэтай задачы мусяць узяць на сябе перадусім беларускія партнэры. У дадатак трэба разьвіваць экспэртны патэнцыял беларусаў, каб памагаць ацэньваць праекты звонку і кансультаваць наконт іх рэалізацыі. І толькі на трэцім месцы мусіць ісьці кантроль з боку замежных экспэртаў.Такім чынам магла б быць выразна звужаная апошняя некантраляваная звонку галіна фінансавых выдаткаў. Замежным фундатарам няма патрэбы кантраляваць, ці сапраўды быў праведзены кожны сэмінар у беларускай правінцыі. Трэба, аднак, каб сябры беларускіх палітычных партыяў былі ўпэўненыя, што грошы выдаткоўваюцца як мае быць дзякуючы яснаму адчуваньню прысутнасьці кантролю. Толькі тады, калі вынікі і эфэктыўнасьць будуць правярацца, можа паўстаць давер, на падставе якога льга будзе даць аванс даверу і свабоду дзеяньняў лякальным партнэрам. Нават безумоўны давер можна спалучыць з кантролем вынікаў, напрыклад, пры выдачы ўзнагароджаньня за пасьпяхова ажыцьцёўленыя праекты. Замест фактычна безумоўнай раздачы грошай за файныя дэклярацыі-абвесткі пра акцыі можна было б перайсьці да ўзнагароджаньня рэальна прадэманстраваных вынікаў.
Сур’ёзна ставіцца да беларускіх партнэраў у працэсе іх разьвіцьцяДзеля таго, каб беларускія партнэры змаглі разьвіцца ў эфэктыўныя, самастойныя, дэмакратычныя апазыцыйныя групы, павінна быць зьменшаная іх залежнасьць ад асобных фундатараў. Пакуль у распараджэньні беларускіх групаў няма ніякіх рэсурсаў унутры краіны для падтрымкі палітычнай работы, трэба заахвочваць іх абапірацца на як мага большую колькасьць розных замежных фундатараў. Яшчэ важней забясьпечыць доступ да фундатараў для як мага большае колькасьці асобных актораў, што дазволіць перадухіліць злоўжываньні ва ўнутрыпартыйнай барацьбе за ўладу дый адначасова зрабіць больш праблематычнай магчымасьць нэўтралізацыі апазыцыі праз адпаведныя мэтанакіраваныя дзеяньні дзяржавы. Сур’ёзныя ўмяшаньні ва ўнутрыпартыйныя працэсы фармаваньня партыйнай пазыцыі і прыняцьця рашэньняў недапушчальныя, але замежныя партнэры па праекце павінны зважаць на тое, каб застасаваныя працэдуры адпавядалі дэмакратычным прынцыпам, рэгулярна адсочваць дэмакратычную якасьць унутранага працэсу пошуку рашэньняў і ўлічваць яе ў сваіх ацэнках.Замежныя фундатары павінны разьмякчаць «апазыцыйную вэртыкаль», сыстэматычна навязваючы кантакты з рэгіянальнымі лідэрамі, адказнымі за прыняцьцё рашэньняў, дый падтрымліваючы цэнтры ў перадачы імі адказнасьці рэгіянальным падразьдзяленьням. Асноўнымі мэтамі арганізацыйнага разьвіцьця павінны стаць рэгіянальнае і пэрсанальнае дэлегаваньне адказнасьці, а таксама ўключэньне лякальных і рэгіянальных актораў у працэсы прыняцьця рашэньняў.
Без спэкуляцыяў наконт кароткатэрміновых посьпехаўЗважаючы на разьвіцьцё падзеяў у суседніх краінах, перш за ўсё ў Расеі, а таксама на абмежаваны інтэграцыйны патэнцыял Эўрапейскага Зьвязу, можна зь вялікай верагоднасьцю меркаваць, што і наступны беларускі рэжым будзе працягваць ісьці дарогай імітаванай дэмакратыі. Усім зацікаўленым у дэмакратыі давядзецца прайсьці яшчэ доўгі шлях, на якім яны крок за крокам мусяць ствараць прастору для грамадзянскага ўдзелу, забясьпечваць лепшую абарону актывістаў ад перасьледу і яшчэ толькі знаходзіць многіх партнэраў. Таму замежным фундатарам варта было б параіць арыентаваць свае праграмы не на зьмену рэжыму, а на ўстойлівую дэмакратызацыю.
Правілы паводзінаў для замежнай падтрымкі дэмакратыіУ мінулым замежныя фундатары ў пэўнай меры пераацанілі свой уплыў і аказаліся (які і беларускія партнэры) ахвярамі сваіх фантазіяў аб уласнай усёмагутнасьці. Замежным фундатарам варта было б параіць арыентаваць свае праграмы не на зьмену рэжыму, а на ўстойлівую дэмакратызацыю.Аднак мала проста патрабаваць больш рэалізму. Дэмакратызацыя звонку, ва ўмовах якой тутэйшыя акторы выраджаюцца да стану памагатых і ня ўяўляюць зь сябе самастойнай сілы, асуджаная на паразу. Замежныя дабрадзеі мусяць самі вызначыць сабе жорсткія межы. Тэрмінова неабходная дыскусія наконт кодэксу паводзінаў для замежнай дапамогі ў дэмакратызацыі. На што можа быць выкарыстаная замежная дапамога і куды яе лепш не накіроўваць? Як можна зьвесьці да мінімуму залежнасьць і пазьбегнуць пабочных эфэктаў? Як мусяць ажыцьцяўляцца праграмы, каб яны ўстойліва спрыялі пашырэньню магчымасьцяў для актораў унутры краіны?Патрабуецца ж новы стыль замежнай падтрымкі дэмакратыі. Патрабуецца больш стараннасьці і сумленнасьці, больш пасьлядоўнасьці, больш партнэраў у Беларусі, але перадусім больш сьціпласьці. Пераклаў зь нямецкай з скарачэньнямі і з ласкавай згоды аўтара і рэдакцыі Сяргей Богдан паводле: Kunter, Björn. Belarus: Do No Harm. Forderungen an externe Demokratieförderung // Osteuropa. 57. Jg., 1/2007. S. 35—48. |
9 The Seven Lessons of Do No Harm. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 3 (54) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |