A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


эсэістыка

  Пётра Садоўскі

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Пётра Садоўскі
Блізкароднасны «мультыкультуралізм»: ці бяспечны ён?¹
Ужываючы ў загалоўку слова «мультыкультуралізм», я не меў на мэце даць яшчэ адно азначэнне гэтага тэрміну. Гэта таксама і не моўны жэст правінцыяла ад структуралізму, які, гаворачы мадэрнаю моваю, паспрабаваў перапраграмавацца ў больш сучасную знакавую сістэму тэкставага коду (Рафінаванага чытача «ARCHE» цяжка заінтрыгаваць моўнымі фігурамі часу перабудовы!), але імкненне змясціць беларускія рэаліі ў больш шырокі кантэкст.

Аднак я тут знайшоў сябе ў вясёлым становішчы. Рэдактарка, з якой давялося даводзіць артыкул да публікабельнай кандыцыі, аказалася не толькі аптымістычнай прыхільніцай мультыкультурнага «праекту» як культурна‑антрапалагічнага канцэпту плённага суіснавання шматстайнасцяў, але і ў сваёй практычнай дзейнасці як шчырая лібералка, для якой правы асобы сапраўды з’яўляюцца ўніверсальнай каштоўнасцю, нямала зрабіла ў гэтым кірунку.

Я ж — умераны постсавецкі кансерватар, германіст, з некаторым жывым еўрапейскім досведам, сталы чытач сучаснай рэспектабельнай «буржуазнай» прэсы, еўрапейскі скептык‑неафіт. Ідучы на другую сустрэчу з рэдактарам, я «клікнуў» на сваім Rambler’ы бязадрасна слоўца «мультыкультуралізм» і атрымаў інфармацыю пра 15 базавых(!) крыніц — і ўсе з адмоўнай канатацыяй і падзагалоўкамі кшталту: «Самюэл Хантыгтан дэмаскуе мультыкультуралізм як ідэалогію глабальных элітаў…», «Вацлаў Клаўс працягвае змаганне супраць мультыкультуралізму» і г. д.

Я дзякую рэдактару за сапраўдную талеранцыю ў адносінах да аўтара‑іншадумца і прапаноўваю на суд чытача свае нататкі, якія, натуральна, могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Кароткі экскурс у савецкі час

Тады шмат пісалі пра дружбу народаў, росквіт нацыянальных культураў, «пазітыўную інтэрферэнцыю» і ўзаемнае ўзбагачэнне нацыянальных моваў, «незмяшаны білінгвізм», рускую мову як lingua franca (сродак міжнацыянальных зносінаў) і да т. п. Падчас гарбачоўскай перабудовы, калі медыі сталі часткова вольныя, высветлілася, што савецкі «мультыкультуралізм» — у гэты час у нас такі тэрмін не ўжывалі — прывёў да заняпаду нацыянальных культураў, моваў і ўсталявання пачварна‑звыроднага крэольства на тэрыторыях карэнных этнасаў. Дзяржаўная палітыка «пазітыўнай дыскрымінацыі» ў адносінах да інша‑ і рознаэтнічных групаў — выраз для нас у той час таксама нязвыклы — заставалася насамрэч толькі дэкларацыяй. Імперская палітыка Расіі — у адрозненне ад рымскай ці брытанскай — з ейным больш паноўна‑рэпрэсіўным, чым цывілізацыйна‑асветным характарам у галіне культуры і цывілізацыі (пра эканамічную палітыку я не разважаю), працягвалася і ў савецкі час.

Нацыянальныя культуры этнічнага Поўдня СССР сяк‑так трымаліся за кошт выразнай адрознасці культураў і моваў ад расійскай, традыцыйнай высокай нараджальнасці ды не надта высокіх мясцовых сацыяльных стандартаў, што натуральна стрымлівала прыток расійскіх «інтэрнацыяналістаў» кшталту адстаўных палкоўнікаў савецкай арміі, якія ахвотна, з вялікімі льготамі, сяліліся ва Ўкраіне і ў Беларусі. Менавіта беларусам і ўкраінцам савецкі «мультыкультуралізм» прынёс найбольшую шкоду. «Запозненыя», недафармаваныя, нацыі (гістарычна не без чыннага ўдзелу свайго ўсходняга суседа), культурна‑антрапалагічна блізкія, яны аказаліся найбольш псіхалагічна пакалечанымі, ментальна дэзарыентаванымі, прасякнутымі комплексам культурнай непаўнавартаснасці.

У дадзеных нататках будзе прапанаваны некаторы беларускі ілюстрацыйны матэрыял, які, магчыма, дасць імпульс беларускаму ж чытачу больш зацікаўлена і аб’ектыўна, без перадсудаў, паназіраць за сучасным досведам, поспехамі і няўдачамі палітыкі мультыкультуралізму ў Еўропе і больш далёкім свеце.

Грымасы беларуска‑расійскага «мультыкультуралізму»

Да тэмы мультыкультуралізму я падышоў спакваля ўжо некалькі гадоў таму, чытаючы лекцыі па культуры мовы для журналістаў радыё і тэлебачання. Цяжэй за ўсё давалася стылістыка. Было няпроста растлумачыць арыентаваным на расійскі стыль слухачам, што з гледзішча беларускай стылістыкі евангельскі выраз па‑беларуску: «Хлеб наш надзённы дай нам сёння» абсалютна адэкватны царкоўнаславянскаму: «Хлеб наш насущный даждь нам днесь». Прыйшлося дэманстраваць адпаведныя пераклады гэтага месца на іншых даступных слухачам мовах.

Я даводзіў, што ўсе беларускія пераклады Евангелляў, як і заходнееўрапейскія, збольшага напісаныя простымі штодзённымі словамі. Дарэчы, гэтаксама яны і ствараліся на размоўным грэцкім кайнэ, што склалася ў эпоху элінізму пасля смерці Аляксандра Вялікага на базе атычных гаворак. Прыйшлося на прыкладах з паэзіі тлумачыць, што ўзнёсласць хаваецца не толькі ў слове, але галоўным чынам у нашай душы, якую мы з любоўю і добрай воляй павінны адкрыць перад чужой прыгажосцю.

Аднак і пасля маіх уступных тэарэтычных развагаў на занятках па арфаэпіі адна журналістка заўважыла, што па‑беларуску вымаўляць /на досцы/ нядобра, бо канец слова гучыць неэстэтычна, а другая слухачка сцвярджала, што беларускае «Месячная саната» замест «Лунная» нагадвае дзвюхмоўнаму беларусу рэкламу пра жаночыя пракладкі. Яе нават не пераканалі цытаты з «кандовых» расійскіх паэтаў‑славянафілаў, якія таксама ўжывалі народнае ўсходнеславянскае «месячный» замест «лунный»: «месячная ночь», «месячные грёзы». Памятаю, я тады забыўся на палітэс і заявіў, што калі думаць «у парадыгме» фізіялогіі ды экскрэментаў, то трэба тэрмінова мяняць форму гітары, бо яна нагадвае бідэ, і забараніць расійскае слова «как», бо яно наводзіць на думку «об отправлении естественной нужды», а расійскі прыметнік «сценический» у слушным арфаэпічным вымаўленні /сцыничиский/ для эстэтычна глухога, агрэсіўна настроенага чалавека гэткі ж «неэўфанічны», як беларускае /на досцы/.

Гэты казус — не што іншае, як грымаса «мультыкультуралізму», так бы мовіць, у дыскурсе блізкароднаснага расійска‑беларускага білінгвізму, калі псіхалагічна пераважвае мацнейшая сістэма. Адкуль пайшоў еўрапейскі мультыкультуралізм?

ТРОХІ СУБ’ЕКТЫЎНЫ ПОГЛЯД НА ЕЎРАПЕЙСКАСЦЬ

Генетычна Еўропа заўсёды была больш адкрытай, чым Усход ці Поўдзень. Мусульманскі, будыйскі, індуісцкі, юдэйскі свет заўсёды заставаўся больш герметычным, чым хрысціянскі. Еўропа, з ейнай цікаўнасцю да іншых культураў, скепсісам, самакрытыкай, пачалася за некалькі стагоддзяў да Нараджэння Хрыстовага яшчэ з платонаўскай Акадэміі ды стоікаў, якія імкнуліся будаваць жыццё ў гармоніі з прыродай ды ўладай «Усясветнага Розуму». Яшчэ ў юнацтве, чытаючы гістарычныя хрэстаматыі, я ўспрымаў як сімвал, што стоікі збіраліся на свае дыскусіі ў Афінах у stoa poikileшматколернай зале з калонамі. Хрысціянская Еўропа, пераняўшы ад стоікаў ідэю космапалітызму (і грамадзяне, і варвары, і рабы — усе роўныя!), запачаткавалася ў маёй памяці як шматколерная, дзе сапраўды не павінна быць ні эліна, ні юдэя. Сучасная Еўропа пачалася, магчыма, з перамогі грэкаў над персамі ў 490 і 480 гг. да Н. Х. (Узгадайма парадыгму інтэлектуалізацыі хрысціянства, калі яно стала «грэцкім» і больш прыцягальным). Інакш сёння над нашымі храмамі ўзвышаліся б хутчэй за ўсё не крыжы, а паўмесяцы.

Грэкі разумелі патрыятызм інакш, чым рымляне. Грэк‑патрыёт жыў прыгожа, будаваў прыгожа, думаў гарманічна, любаваўся сваім целам і душой. Рымскі патрыёт не пакутаваў ад адсутнасці роднага кута ці «дыму Айчыны». Як і сённяшні расеец, ментальна‑пачуццёва ён мала ўсведамляў межы сваёй імперыі. Ён любіў сябе моцнага, сябе валадарнага над іншымі народамі. Але, адрозна ад расейца, паярэміўшы іншых, часта «разыходзіўся» і знікаў у чужых этнасах, пакідаючы народам вульгарную лаціну, дарогі, вадаправоды, акведукі, тэрмы, рымскае права.

Гісторыя так захацела, што Беларусь апынулася сярод суседзяў, якія па‑рознаму адчуваюць сябе патрыётамі.

Слова «мультыкультуралізм» (калі ўявіць сабе, што ёсць слова «мультыкультурнасць») нават паводле сваёй марфалагічнай формы для беларускага вуха нясе ў сабе пэўны негатыў. У Еўропе ёсць скарочаная форма Multikulti з даволі шырокай палітрай успрымання, але больш з адмоўнай канатацыяй. Ва ўсякім разе, гэта не сінонім для характарыстыкі грамады адукаваных асобаў, што валодаюць скарбамі шматлікіх культураў. Гэтае слова ўвайшло ва ўжытак прыблізна ў адзін час з канцэптамі «глабалізацыя», «культурная інтэграцыя». Калі пачалі гаварыць пра супрацьстаянне Поўнач — Поўдзень і пра мусульманскі фундаменталізм, яно набыло новае адценне.

У другой палове ХХ ст. Еўропа мела сфармаваныя нацыі, напісаныя і засвоеныя нацыянальна‑дзяржаўныя міфы і горкі досвед дзвюх усясветных войнаў. Таму напужаныя нацыянал‑сацыялізмам еўрапейкія дзяржавы — асабліва з пачаткам пасляваеннай інтэграцыі і г. зв. Хельсінскага працэсу — практычна адкінулі канцэпцыю нацыянальнага выхавання і засяродзіліся на грамадзянскай, прыродазнаўчай ды глабалізавана‑гуманітарнай адукацыі. Я ў свой час здзівіўся, даведаўшыся, што ў Заходняй Германіі да канца 60‑х гг. публічна не выконваліся творы Рыхарда Вагнэра і «прэлюды» Ліста, бо першыя любіў Гітлер, а фіналам «Прэлюдаў» у свой час суправаджаліся пераможныя зводкі з Усходняга фронту. Вырасла цэлае пакаленне немцаў (ім цяпер 75—80 гадоў), якія абсалютна не ведаюць нямецкіх народных песень. Асабліва ў Заходняй Германіі доўгі час лічылася, так бы мовіць, непаліткарэктным спяваць фальклёр, бо Гітлер узвёў яго ледзь не ў ранг абавязковага рытуалу. (У свой час, прэзентуючы ўжо незалежную Беларусь у дыпляматычнай місіі ў Германіі, я атрымаў першы прыз у конкурсе на веданне нямецкіх народных песень сярод акрэдытаваных у Боне амбасадараў. Другое месца — і гэта не менш сімвалічна — заняў амбасадар Ізраілю. Нашыя нямецкія калегі, старэйшыя і раўналеткі, шчыра прызнаваліся, што выраслі, не чуючы народных мелодый).

Адкрытасць грамадства да мультыкультуралізму ў свядомасці еўрапейцаў падмацоўвалася штодзённай камфортнай глабалізацыяй (для Еўропы — амерыканізацыяй) сервісу: стандартныя атэлі, шведскі стол, гіпермаркеты. Для еўрапейца і ў побыце настаў пэўны «канец гісторыі». Хрысціянскія нормы, якія быццам імплікаваліся ў штодзённае жыццё, адукацыю і выхаванне, у значнай ступені трансфармаваліся ў даволі неакрэсленыя ліберальныя максімы, што палягаюць на ідэі свабоды асобы і правоў грамадзянаў. У Еўропе пачала падаць нараджальнасць. Інстытут сям’і аслабеў. У некаторых краінах, дзе кансерватыўная ідэалогія не вельмі папулярная, працэнт г. зв. грамадзянскіх шлюбаў (сярод іх шмат інтэрнацыянальных) дасягнуў амаль паловы. Дастаткова ўзгадаць сямейную гісторыю перадапошняга германскага канцлера Герхарда Шрэдэра і міністра замежных справаў Ёшкі Фішэра. Першы мае за плячыма адзін грамадзянскі і чатыры афіцыйныя шлюбы. Другі — тры афіцыйныя (апошні з італьянкай) і два грамадзянскія. У шэнгенскай Еўропе людзі творчых прафесіяў, што значна ўплываюць на нацыянальныя густы, паступова страчваюць нацыянальную арыентацыю: аўтар, рэжысёр, мастак жыве ў Іспаніі, піша па‑французску, ставіцца ў Германіі. Хто ён?

Кансерватары кажуць: Multikulti — гэта культурны Вавілон. І вядома, чым той закончыўся, як Садом і Гамора. Лібералам Multikulti падабаецца, бо сведчыць пра вялікую павагу да правоў асобы, калі, напрыклад, веравызнанне ставіцца вышэй за канстытуцыю.

Дарэчы, на курсах удасканалення для журналістаў, пра якія я згадваў, мы пачалі збіраць ды параўноўваць загалоўкі публікацыяў і подпісы пад фотаматэрыяламі, дзе ёсць асацыяцыі з пэўнымі культурнымі рэаліямі ў беларускамоўных і расійскамоўных беларускіх друкаваных медыях. Пазней я сам пачаў збіраць такі ж матэрыял з нямецкіх, англійскіх, іспанскіх ды французскіх газетаў. Гэтыя моўныя факты найбольш яскрава сведчаць пра глыбінную культурна‑псіхалагічную арыентаванасць аўтараў, так бы мовіць, па восі «сваё — чужое».

Напачатку — радасны для мяне матэрыял па Германіі. Як ні дзіўна, там абсалютна пераважаюць нямецкія культурныя асацыяцыі. Кажу «дзіўна», бо нацыянальна заклапочаныя нямецкія інтэлектуалы вельмі песімістычна глядзяць на сённяшні стан і перспектывы «нямецкай Нямеччыны». Так, напрыклад, самы любімы ўнук Томаса Мана, Фрыдалін, у нядаўнім інтэрвію Welt am Sonntag (11.02.2007) сказаў:

Пасля краху 1945 г. на месцы Германіі ўзнікла нешта новае. Германія страціла сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Сярод усіх эўрапейскіх нацыяў яна мае найменшую нацыянальную свядомасць. Звычайна гавораць, што яна пазбаўляецца ад сваёй мінуўшчыны. Адбываецца супрацьлеглае: крытычна аналізуючы мінулае, яна даходзіць да самазнішчэння.

У нямецкіх выданнях збалансаваныя алюзіі на Біблію і антычнасць. Менш адсылак да знакаў суседніх культураў. Ёсць рэдкія іранічныя згадкі пра класавую барацьбу ў матэрыялах пра сацыял‑дэмакратаў.

АСАЦЫЯЦЫІ ДЫ АЛЮЗІІ Ў ПОДПІСАХ І ЗАГАЛОЎКАХ НЯМЕЦКІХ ГАЗЕТАЎ 2005 г. 

· Im Osten was Neues: Новае з Усходу (пра змены ў новых федэральных землях; перагукаецца з назвай вядомага рамана Рэмарка Im Westen nichts Neues, вядомага нам з расейскага перакладу як «На Заходнім фронце без зменаў».

· Kinder, Küche, Karriere:: Дзеці, кухня, кар’ера (праблемы працоўных жанчын з дзецьмі; заменена апошняе слова з вядомай германскай філістэрскай трыяды Kinder, Küche, Kirche — дзеці, кухня, царква).

· Das alte Werk und das Meer: Стары завод і мора (подпіс пад здымкам закінутай велізарнай іржавай металаспаруды на беразе Балтыйскага мора ў былой ГДР; лёгка ўгадваецца Эрнэст Хэмінгуэй і ягонае The Old Man and the Sea — «Стары і мора»).

· Merkels neue Kleider: Новыя строі Меркель (подпіс пад фатаздымкам кардыдаткі ў канцлеры Ангелы Меркель ва ўрачыстым строі з мужам пры ўваходзе ў канцэртную залу; перафраз назвы вядомай казкі Андэрсэна «Новыя ўборы караля»).

· Am Anfang war das Vergessen: На пачатку было забываньне (загаловак да эсэ пра часовыя зьмены ў стаўленні габрэйскіх тэолагаў да Танаху, Старога Запавету, асобныя месцы з якога перыядычна замоўчваліся перад маладымі вернікамі. Напрыклад, пасьля 1945 г. пры чытанні апускаліся месцы пра татальнае вынішчэнне габрэямі сваіх суседзяў; паралель з біблійным «На пачатку было слова»).

· Über allen Gipfeln ist Unruh: Над усімі вяршынямі неспакой (кандыдат у канцлеры баварскі прэм’ер Штойбэр у задуменьні сярод баварскага горнага ландшафту; алюзія на гётэўскае Über allen Gipfeln ist Ruh — З вяршынь адхонамі сплывае ціш (у перакладзе Алега Лойкі).

· Lang soll er lesen!: Няхай яму доўга чытаецца! (вітальная прамова ў гонар 80‑годдзя ўніверсітэцкага прафесара; пераробленае старое застольнае нямецкае зычэньне доўгіх гадоў юбіляру Lang soll er leben! (сёньня яго паступова выцясьняе Happy birthday!).

· Das Amt, wo die Zitronen blühen: Установа, дзе цвітуць цытрыны (нарыс пра доследы ў батанічным садзе; выкарыстоўваецца зменены першы радок з гётэўскай элегіі «Міньён» Kennst du das Land, wo die Zitronen blühen?Ты знаеш край у квецені цытрын? (у перакладзе Лявона Баршчэўскага).

· Weisser Mann, was nun?: Белы чалавек, што далей? (нарыс пра этнічныя праблемы Еўропы. Лёгка ўгадваецца назва рамана Ганса Фалады Kleiner Mann, was nun? — «Што цяпер, маленькі чалавек?», у якім ідзецца пра злыбеды маладой сям’і ў час эканамічнай дэпрэсіі 20‑х гадоў).

· Ich habe einen Traum: У мяне ёсьць мара (іранічны здымак думнага і заклапочанага дарадцы канцлера Шрэдэра сп. Гарца. Стасуецца паводле тэмы з выслоўем‑рэфрэнам у вядомай прамове Марціна Лютэра Кінга I have a dream).

· Vorbei, verweht, nie wieder: Зьнёс вецер назаўжды (назва злой рэцэнзіі на дзённікі сучаснага знакавага аўтара Марціна Вальзэра, якому крытык Райх‑Раніцкі закідае спаўзанне ў антысемітызм. Выкарыстоўваецца рэфрэн‑цытата з верша Курта Тухольскага, што стаў кабарэтнай класікай у выкананні славутай спявачкі Гізэлі Май).

· Zum Schutz und Trutze bereit: Гатовыя да супраціву (Здымак нацыянальнай зборнай па футболе. Цытата з поўнага тэксту «Германскай песні» фон Фалерслебэна, што стала нацыянальным гімнам. Цяпер страфа з гэтым радком не спяваецца).

· Stolz und Vorurteil: Гонар і перадсуд (пераклад з англійскай назвы рамана Джэйн Остын Pride and Prejudice. Аўтар нарыса спрачаецца з французскімі нацыянальнымі міфамі велічы і гераізму).

У дыскурсе г. зв. беларуска‑рускага дзвюхмоўя карціна была іншая.

У расійскамоўных беларускіх выданнях фактычна перамагае прынцып: якой мовай карыстаюся — так і ўспрымаю свет. Усцяж пануе арыентацыя на расійскія рэаліі: «Широка страна моя родная», «Дым Отечества», «А ларчик просто открывался», «Из дальних странствий возвратясь», «О подвигах, о доблести, о славе», «Девчонки стоят в сторонке», «На тебе сошелся клином белый свет» і да т. п. Не назіралася спробы ўкараніць у свядомасць чытача беларускія культурныя каштоўнасці. Алюзіі на антычнасць, Біблію і культурныя шлягеры больш далёкага замежжа сустракаюцца прыблізна ў той жа меры, як і ў расійскіх выданнях.

За тры гады (1995—1998) у беларускамоўных беларускіх загалоўках і подпісах сустрэлася ўсяго некалькі чыста беларускіх згадак: «Няма таго, што раньш было» Багдановіча (ды і тое толькі іранічна), «Мой родны кут» Коласа, «Трэба дома бываць часцей» Барадуліна, «Дзве душы» Гарэцкага, «Беларусь — мая шыпшына» Дубоўкі, «Лісток ветрам гнаны» Куляшова, «Нёманаў дар» Коласа.

Надзвычай прыкра назіраць грувасткія, нягегла перакручаныя ўсё тыя ж расійска‑савецкія шлягерныя асацыяцыі, перапёртыя на мову родных асінаў: «Шырокая краіна мая родная», «З далёкіх вандровак вярнуўшыся», «Аб подзвігах, аб доблесці, аб славе», «Спыніся, імгненне, ты прыгожае»… Тут не проста страчаны такі элемент вершавання, як рытм, ды праглядае чыстае калькаванне — тут яшчэ паўтараюцца памылкі расійскіх журналістаў ды эсэістаў, што абсалютна забыліся на сэнс першакрыніцаў. Радок з Крылоўскага верша «Из дальних странствий возвратясь» адсылае да хлуса, а не проста да апавядальніка. Верш Блока, што пачынаецца словамі «О подвигах, о доблестях, о славе», не мае ніякага дачынення да вайны — ён прысвечаны тэме нераздзеленага кахання. Фаўст ніколі не гаварыў рашуча: «Остановись, мгновенье, ты прекрасно». Інтанацыі ўжо невідушчага, нямоглага, падманутага Фаўста маглі быць толькі мадальныя. У арыгінале ён гаворыць: «Калі  б…, я б сказаў: «Спыніся, імгненне…». Таму «Фаўст» і аднесены самім аўтарам да жанру трагедыі.

Як сведчанне поўнай маргіналізацыі ды арнаменталізацыі аўтахтоннай культуры пад уплывам беларуска‑расійскага дзвюхмоўя з’яўляюцца шыльды і брэнды: баня «Лазня», ярмарка «Белорусский кирмаш», магазін «Крама», празднік песні «Фэст». Самую дзівосную мультыкультурную каракаціцу ў Мінску я напаткаў ля кінатэатра «Вільнюс» на вуліцы Кастуся Каліноўскага. Там у бетонным гмаху ёсць памяшканне, у якім прадаюцца кнігі. На ім надпіс «Кнігарня Вільно». Тут змяшалася ўсё: мовы, эпохі, гісторыя. Пытаюся ў прадавачкі: вы за цара, ці за Польшчу, ці вы нагадваеце, што Каліноўскага павесілі ў Вільно? Чую ў адказ: «Нет, это просто звучит красиво». Вось такія мультыкультурныя ідэалы прыгажосці і гармоніі селяцца ў нашых галовах.

Аб нацыянальным разуменні прыгожага

Калі б я бачыў у сваім жыцці толькі адну праваслаўную царкву Марыі‑Магдалены, цыбуліны якой я назіраю штодня, едучы трамваем ад Камсамольскага возера па былой Даўгабродскай, я б падсвядома загнаў у сябе ідэал царкоўнай архітэктуры — узорнай «мураўёўкі», якія пасля задушэння паўстання 1863 г. Расійская праваслаўная царква пачала штампаваць на беларускіх узгорках. Але ж я бачыў беларускія храмы, пабудаваныя да мураўёвак. Кожная з іх мела нешта адметнае ў сваім абліччы. Я не магу ўлезці ў скуру расійскага патрыёта. Відавочна, яму, якога на царкоўнай службе заклікаюць «возрадоваться да в единомыслии», гэта грэе сэрца. Калі я бачу такія ж цыбуліны ля Драздоўскага вадасховішча, у Чыжоўцы, ля плошчы Прытыцкага і шмат дзе яшчэ, мяне ахоплівае ціхая меланхолія, як герояў Максіма Гарэцкага.

Пра нацыянальныя густы цяжка спрачацца. Вытанчаны расіянін‑патрыёт Мікіта Міхалкоў аднойчы сказаў пра нешта ўзнёслае: «Величественно, как на архирейской службе!» А вось Тарас Шаўчэнка ўспрымаў архірэйскую службу і літургію Расійскай праваслаўнай царквы зусім іначай. Шаўчэнка ад прыроды меў добры мастацкі густ, на працягу сямі гадоў вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у майстэрні Карла Брулова і пасля ссылкі за год да смерці быў уганараваны тытулам акадэміка. Ён добра ведаў расійскае мастацтва, пісаў выдатныя нарысы па‑расійску. Вось ягоны дзённікавы запіс па‑расійску за 16 лютага 1858 г.: «В архирейской службе с её обстановкою и вообще в декорации мне показалось что‑то тибетское или японское, и при этой кукольной комедии читается Евангелие!» Пра Велікодную ранішнюю службу ў маскоўскім Крамлі Шаўчэнка пісаў так (запіс 22 сакавіка): «Свету мало, звону много, крестный ход, точно вяземский пряник, движется в толпе. Отсутствие малейшей гармонии, ни тени изящного».

Пра мову, норавы і палітыку

Праз мову чалавек атаясамлівае сябе з іншымі. Мы часам упэўненыя, што, лёгка перакладаючы з беларускай на расійскую і наадварот, адчуваем словы чужой мовы аднолькава з яе сапраўднымі носьбітамі. Але вазьміце, да прыкладу, слова «дзіўны» і расійскае «странный», якое слоўнікі даюць як поўны адпаведнік. Аднак у асацыятыўным слоўніку расійскай мовы слова «странный» мае прыблізна тры чвэрці адмоўных асацыяцый, а ў беларускага «дзіўны» больш нейтральных і станоўчых. Гаворачы «дзіўны чалавек», мы схільныя «падзівіцца», паглядзець, што гэта за ён, паспрабаваць зразумець яго. Ва ўсякім разе, мне здаецца, мы не адчуваем прыхаванай небяспекі ці нядобразычлівасці. Слова «странный» мае іншыя канатацыі: не такі, як мы, нейкі чужаніца, на ўсякі выпадак і камень у кішэнь пакласці не пашкодзіць… Уся штука ў тым, што мы да суседзяў і незнаёмых з благімі намерамі рэдка хадзілі, а мо і зусім такога не было. Нашы ўсходнія суседзі хажывалі, ды й нямала. А мы на суседзяў‑прыхадняў заўсёды добразычліва «дзівіліся»… Іншая рэч, што з гэтага выйшла.

Яшчэ адзін прыклад. Як сведчаць расійскія слоўнікі, «преступник» значыць «той, хто пераступае закон». Беларускае ж «злачынца» празрыста гаворыць пра таго, хто чыніць зло. Суадносіны дабра, зла, закона, права — вельмі складаныя. У прадмове да 3‑га Статуту ВКЛ (1588  г.) Леў Сапега пісаў: «Ім (правам.П. С.) пан Бог пажадаў адарыць чалавечую натуру дзеля таго, каб людзі маглі ўнікнуць ліхасці і трымацца прыстойнага жыцця…» Герой расійскага серыяла, «лихой» парень Саша Белый, ужо адмыўшы свой першы бандыцкі мільён, балатуецца ў парламент ды спавядаецца на тэлебачанні: «Да, я нарушал закон. Но я держу слово. У меня своя правда. Я построил два храма от фундамента до купола». Падобнае ж гаворыць герой фільма «Брат‑2», які ліха «мочыць у сартыры» амерыканцаў і рэзюмуе: «Перамагае той, за кім праўда!» У «ліхога» хлопца свая праўда. Мы ж кажам: каб цябе ліха! Яго б’е ліхаманка, ліха яго ведае. Цяпер, калі ідзе дыскусія пра будаўніцтва ў Кобрыне праваслаўнага «сувораўскага» храма, я ўзгадваю, як на пачатку 50‑х гадоў у Мінскай вайсковай сувораўскай вучэльні я спяваў, ідучы на кастрычніцкі парад: «Учил Суворов в лихих боях // Держать во славе российский флаг…» Падобнае датычыць і беларускага «свята» ды расійскага «праздника»: святасць і «праздность»…

У мультыкультурным вербальным дыскурсе слова страчвае выразныя межы азначанага, сціраецца мяжа паміж стылямі маўлення, знікае розніца паміж высокім і нізкім, сур’ёзным і жартаўлівым, добрым і злым. Звярніце ўвагу на феномен беларуска‑расейскай трасянкі, якую некаторыя прадстаўнікі маладога пакалення спрабуюць увесьці нават у мастацкі і калямастацкі ўжытак. Праекты тыпу «Сашы і Сірожы» або карыкатуры‑коміксы на апошняй старонцы «Беларускай газеты» — тыповыя грымасы «мультыкультуралізму». Трасянкавыя тэксты рок‑гуртоў, калі яны становяцца рэгулярнай з’явай‑жанрам, — прыблізна з той жа оперы. Зрэшты, гэта — тэма для асобнай дыскусіі. Коратка заўважу: трэба адрозніваць трасянку ад дыялекту. Дыялект — гэта гарманічная сістэма з сваімі эстэтычнымі каштоўнасцямі. Трасянка — выпадковы збор рознасістэмных моўных элементаў, грымаса «мультыкультуралізму». Для сённяшняга беларуса размова дома, у сям’і на дыялекце — абсалютна натуральная з’ява, эмацыйна яшчэ больш арганічная, чым зносіны на літаратурным кайнэ. Іншая рэч, што не ўсе носьбіты мовы могуць зведаць гэтае шчасце.

Дарэчы, Тарас Шаўчэнка, які быў выдатным украінска‑расійскім білінгвам, спрабаваў у свой час напісаць паэму на ўкраінска‑расійскім «суржыку», зачытваў першыя строфы Тургеневу. Але з гэтага нічога не атрымалася. Не выходзіць гармоніі, скардзіўся Шаўчэнка. Так узгадвае Тургенеў словы вялікага Кабзара. Шаўчэнка быў тонкі філолаг. У лісце па‑руску да свайго маладога сябра па ссылцы віленчука Браніслава Залескага, ён аднойчы напісаў: «Калі ты хочаш стаць добрым мастаком, то «шесть лет рисуй и шесть месяцев малюй, т. к. первое условие живописи — рисунок и круглота. Второе — колорит». Тут я ўзгадваю некаторых беларускіх сучасных імпэтных пурыстаў, якія спрабуюць выгнаць слова «рысунак» з беларускай мовы толькі таму, што такое ёсць у расійскай. Але ж выяўляючы ў сшытку па геаметрыі трыкутнік, мы рысуем. Дарэчы, мы калісьці карысталіся для гэтага райсфедэрам — пяром для рысавання. Рысы, рыска, рысаваць — словы аднаго кораню.

Слова адчыняе спраты ментальнасці народа, раскрывае сутнасць сацыяльных з’яваў. Слова можа пабудзіць да пэўных дзеянняў, калі пасяляецца ў свядомасці. Англійскае дзіця ў прыстойнай сям’і выхоўваецца на моўнай этыцы understatement (стрыманасць у выказванні) і ведае, што такое слова ёсць у англійскай мове. Рускі скажа: «Я нарвал щавеля на щи», беларус — «Я назбіраў шчаўя». Ці не хаваецца тут пэўная рысу характару? Адзін — раз‑два і нарваў, потым траву буду выбіраць. Другі нетаропка збірае па каліўцу. Нават мурашку не зачэпіць. Блізкароднасныя культурныя з’явы не заўсёды жывуць у гармоніі. Нездарма ж у Старым Запавеце (Судз. 12, 4—6) разказваецца гісторыя пра «шыбалет».

  кандыдат філялягічных навук, першы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусі ў Нямеччыне.

1 Часткова некаторыя тэзісы гэтых нарысаў публікаваліся на сайце www.nastaunik.іnfo ў раздзеле Нацыянальная адукацыя.

   
Гэта, пэўна, першая ў гісторыі чалавецтва показка пра мультыкультуралізм. Падчас вайны паміж яфрамлянамі ды галаадзянамі2, апошнія захапілі на Ярдане бродавыя пераправы сваіх супаратаў і, раз пры знешнім падабенстве было цяжка адрозніць чужых ад сваіх (пазнакі адрознення можна падрабіць), дык галаадзянскія жаўнеры пыталіся ў падазроных асобаў: «Ты часам не яфрамлянін?» Калі адказ быў адмоўны, то незнаёмца прымушалі выразна вымавіць слова «шыбалет». Так па‑галаадзянску гучаць словы «колас», «галінка садовага дрэва» або «моцная бруйная плынь». У гаворцы ж яфрамлянаў увогуле не было гука «ш», як, напрыклад, у сённяшніх іспанцаў. Яны замянялі яго на «с». Таму ў іх выходзіла «сібалет» замест «шыбалет». Тады на берагах яшчэ не святога для нас Ярдану, паводле прадыктаванага з неба Святога Пісьма, было забіта 42 000 яфрамлянаў. І ўсё праз «змяшанае дзвюхмоўе»! З таго часу слова «шыбалет» стала крылатым. Вось і Пушкін аднойчы са шкадаваннем напісаў: «Авось!» — российский шибболет!

А вось прыклад з палітычнага жыцця сучаснай Еўропы. Кансерватыўны нямецкі публіцыст з газеты Die Welt піша пра эмігранцкія закалоты ў Францыі і рашучыя дзеянні французскага міністра ўнутраных справаў: «Цяперашні французскі міністр унутраных справаў Нікаля Сарказі спрабуе па‑французску даць азначэнне нямецкага панятку Unterwanderung, тым больш, што ён сам француз толькі ў другім пакаленні». Бацька Нікаля Сарказі, радавіты венгерскі шляхціч, жанаты з грэцкай габрэйкай, уцёк з Венгрыі ў Францыю пасля 1945 г. Прозвішча Шаркашы па‑венгерску значыць «той, што жыве на рагу паселішча». Мне не ўдалося знайсці адпаведнік нямецкаму Unterwanderung у вядомых мне збольшага еўрапейскіх мовах. Патлумачу апісальна: «Унтэрвандэрунг» — перанасычэнне карэннага этнасу прышлым народам, што пагражае аўтахтонам стратай нацыянальнай ідэнтычнасці».

Па‑сапраўднаму найбольш лёгка могуць інтэгравацца, як гэта каму ні падасца дзіўным, прадстаўнікі этнасаў з адносна далёкімі мовамі, з блізкім канфесійным ці атэістычным светапоглядам падчас добрай гаспадарчай кан’юнктуры ў краіне іміграцыі. Я ўжо ўзгадваў імя міністра ўнутраных справаў Францыі. Назаву яшчэ прозвішча аднаго вельмі папулярнага сёння ў Германіі члена Канстытуцыйнага суду — Удо ды Фабіё, бацькі якога таксама пераехалі з Італіі ў Германію ў канцы 40‑х гадоў, калі пачынаўся нямецкі Wirtschaftswunder — эканамічны цуд. Тут імігрант у першым пакаленні прыжыўся на новай радзіме і зрабіў выдатную кар’еру. Тое ж можна сказаць і пра міністарку інтэграцыі Швецыі, 37‑гадовую Н’ямко Сабуні, народжаную ў Бурундзі, якая таксама не толькі моўна, але і ментальна стала сваёй на сваёй новай радзіме і, як кажуць, выйшла ў людзі.

Пра адукацыю ды выхаванне

Нацыю ствараюць таксама і падручнікі. У шырокім сэнсе канцэпцыя нацыянальнага выхавання базуецца на шматлікіх складніках: палітычнай гісторыі, эканамічных адметнасцях, мове, міфах, маральных каштоўнасцях, эстэтычных ды этычных ідэалах. Немагчыма без ведання нацыянальнай гісторыі і гісторыі суседзяў вызначыць сваю нацыянальную тоеснасць, а значыць, і знайсці свае прыярытэты ў міжнароднай палітыцы, дзе часам мікраінтарэсы вялікіх нацый вызначаюць лёс і макраінтарэсы малых.

Але вось што раіць рабіць настаўнікам гісторыі наш метадычны часопіс «Чалавек. Грамадства. Свет» (3/1999, с. 119). Тры суаўтары — два беларускія і адзін расіянін — бядуюць з нагоды, так бы мовіць, пазітывізму расійскіх складальнікаў «Энциклопедии для детей» (М., Аванта, 1996). Тыя ў першай частцы 5‑га тому «История России и ее ближайших соседей» пры апісанні паходаў рускіх цароў у ХVІ—ХVІІ стст. на заходніх суседзяў не ўлічваюць сённяшніх інтэграцыйных актуаліяў і без еўфемізмаў пішуць: «Московско‑литовские войны были невероятно ожесточёнными. По масштабу и упорству, с которыми они велись, войны эти были одними из самых крупных противостояний в Европе ХVI—XVII вв.». У тры дыдактычныя галасы аўтары ў скрусе падагульняюць: «Глубоко трагично, что это солидное издание… адресовано молодежи и школьникам…» Як станоўчы прыклад яны называюць тыя беларускія навучальныя дапаможнікі, у якіх «…о войнах упоминается, но они разнесены умело по ряду разделов и парагарафов, что дает школьникам определенные знания проблемы, но не вызывает у них сильных психологических и нравственных аффектов, не провоцирует их на недружественные действия в адрес Союзного государства». Вось такі, па‑руску мовячы, «охранительный» дзяржаўна‑шавіністычны падыход дэманструюць нашыя вучоныя‑гісторыкі.

Наш, што вельмі важна, этнічна блізкі ўсходні сусед успрыняў ідэю рымскага валадарнага патрыятызму, праўда, не заўсёды з дарогамі, вадаправодамі і тэрмамі, але з любоўю да «дыма Отечества», а канцэпцыю інтэграцыі з суседзямі 146 гадоў таму сфармуляваў прыблізна так: «Забудьте наивные мечтания, занимавшие Вас доселе, господа. И помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, преданными Отечеству, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край…»

Гэта сказаў урачыста па‑бацькоўску пасля задушэння паўстання 1863 г. перад нашай шляхтай граф Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, генерал ад інфантэрыі, генерал‑губернатар «Северо‑Западного края», надзелены дыктатарскімі паўнамоцтвамі. «Многия лета» пажадалі яму высокія расейскія госці ў панегірыку, аўтарам якога «Большая советская энциклопедия» называе вялікага рускага паэта‑дэмакрата Мікалая Аляксеевіча Някрасава:

Бокал заздравный поднимая,
Еще раз выпить нам пора
Здоровье миротворца края!
Так много ж лет ему, — Ура!

Ідэю Расіі як Трэцяга Рыму шматкроць уславілі найзнакаміцейшыя расійскія паэты, сыны свайго часу, якіх мы старанна вывучаем на ўроках рускай літаратуры.

Міхаіл Лермантаў, рускі з шатландскай крывёю, у паэме «Измаил‑Бей» з лёгкім жалем і спачуваннем піша:

Смирись, черкес! И Запад и Восток,
Быть может, твой разделят рок.
Настанет час, и скажет сам надменно:
Пускай я раб, но раб царя Вселенной.
Настанет час — и новый грозный Рим
Украсит Север Августом другим!

А вось сонца рускай паэзіі, рускі з часткай эфіопскай крыві — Аляксандр Пушкін, — у вершы «Клеветникам России» так азваўся на абурэнне Захаду задушэннем рускім царом паўстання 1831 г.:

Что возмутило Вас? Волнение Литвы?
Оставьте: это спор славян между собою.
Уж взвешенный судьбою…

Сам сябе пытаю: ці праўда, што лёс ужо ўсё за нас разважыў? Некалькі дзён таму, дачытаўшы да апошняй старонкі разумную і даволі песімістычную кнігу Валянціна Акудовіча «Код адсутнасці», звярнуў увагу на апошні, аптымістычны, сказ: «Але з чаго яшчэ, як ня з духу высокай трагедыі можа паўстаць воля да супраціву свайму немілажальнаму кону?». І праўда, думаю сабе ў каардынатах старажытнагрэцкага тэатру: галоўная трагедыя — не ў гібелі галоўнага героя, а ў гібелі хору. Нашы аўтэнтычныя героі адыходзяць, але мы ўсё чуем свой ціхі Хор, яшчэ недафармаваны, але ўжо на кволай крызе нацыянальнага Тэксту, што рушыцца глабалізацыяй і мультыкультуралізмам. І мы кідаемся, як той Эгей, у імклівую плынь, каб далучыцца да тых, хто на крызе, і ўмацаваць хор, каб яго пачулі астатнія.

На заканчэнне адна заўвага. Можа, некаму мае развагі ды цытаванні падаліся занадта заангажаванымі ды непрыветнымі да суседзяў. Гэта не так. Пра нацыянальныя густы нельга спрачацца. Яны — рэч метафізічная, як і нацыянальная самаідэнтыфікацыя, — пра гэта я пісаў у часопісе ARCHE (2/2004) у артыкуле «Нацыянальная самаідэнтыфікацыя як метафізічны працэс».

Пад выглядам інтэграцыйных ды мультыкультурных працэсаў цяпер шмат дзе адбываецца сціранне адметнасці культур ды маральных арыенціраў. Як трапна адзначыў у евангелічным часопісе Chrismon (10/2005) вядомы нямецкі кансерватыўны публіцыст, палітычны шэф‑карэспандэнт газеты Die Welt Конрад Адам, г. зв. мультыкультуралізм не па заслугах носіць сваё імя. Ён сімвалізуе не разнастайнасць, а прыцемкі культуры і цывілізацыі, пры якой усе коткі становяцца шэрымі.

Неабходна ўсведамляць: тое, што некаторыя прадстаўнікі буйных «своечасова» сфармаваных нацыяў у дачыненні да меншых партнёраў называюць новым нацыяналізмам, — натуральная, выразна сучасная з’ява, рэакцыя грамадства і найперш эліты на мадэрнізацыйныя, глабалісцкія ды неаэкспансіянісцкія хвалі.

У першыя дні сонечнага траўня 2005 г. мне давялося прысутнічаць у літоўскай амбасадзе на цырымоніі ўступлення ў ЕС балтыйскіх краінаў і Польшчы, дзе беларусы былі толькі зайздроснымі назіральнікамі. Калі загучала «Ода радасці» Шылера з велічнага фіналу 9‑й сімфоніі Бетховена, я ўгледзеўся ў твары амбасадараў. Яны стаялі сапраўды як у шылераўскай одзе, — як браты, але кожны падобны да самога сябе.

Калі мы, шукаючы саміх сябе, выбіраем, па‑купалаўску кажучы, па якой сцежцы‑дарожачцы пайсці, да якога боку прыгарнуцца, не забываймася, што, акрамя радасці сумоўя з новымі братамі, нас чакаюць і небяспекі згубіць сябе. І тут трэба глядзець, дзе найлепшыя шанцы застацца самім сабой: у блізкароднасным асяродку, сам‑на‑сам, у цесных абдымках вялікага брата ці ў адрознай шматстайнасці, дзе, акрамя вялікіх, ёсць шмат роўнавялікіх нам?

 

2 Даецца паводле традыцыйнага ў нас гучання. У арыгінале гэта зуcім не так. Еўрапейцы ж кажуць Ephraim i Gilead. Адсюль, дарэчы, наш Ахрэм.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/07/01