A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова

 


мова

  З. Ф. Саўка

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

З. Ф. САЎКА
Правілы левапісу,
або Што нас чакае, калі новая рэдакцыя
«Правілаў беларускага правапісу і пунктуацыі»
стане афіцыйным дакументам*

ІV. АСТЭАПАРОЗ ФАРМУЛЁВАК І ДЫСТРАФІЯ ІЛЮСТРАЦЫЙ

В редакции 1959 года что ни правило — то отсылка к какому-то параграфу. Новая редакция будет более удобна в пользовании. Да и некоторые примеры, которыми иллюстрируются правила редакции 1959 года, тоже устарели.

В. Ивченков1

ІV.1. КОСЦЬ І ПЛОЦЬ
Сістэмнасць у будове арфаграм

Як немагчыма ўявіць здаровы арганізм без адзінства ды гармоніі косці і плоці, так немагчыма дасягнуць поспеху пры стварэнні правапіснага зводу без адзінства ды гармоніі фармулёўкі ды ілюстрацыйнага шэрагу (групы прыкладаў), з якіх складаецца арфаграма. Абодва гэтыя кампаненты мусяць адпавядаць пэўным патрабаванням:

a) лагічнасць, празрыстасць, сістэмнасць арганізацыі і падачы;

b) рэпрэзентатыўнасць (ілюстрацыі павінны «пакрываць сабою» ўсе пералічаныя ў фармулёўцы пазіцыі);

c) максімальная адпаведнасць паміж фармулёўкай і ілюстрацыямі;

d) практычная прыдатнасць, актуальнасць, дыдактычнасць, адпаведнасць норме;

e) «беларусацэнтрызм»;

f) паліткарэктнасць;

g) «тэмпаральная гармонія» крыніц — збалансаванасць матэрыялу класічных і сучасных аўтараў (патрабаванне актуальна для цытат з літаратуры, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў частцы «Пунктуацыя»).

На жаль, Праект не можа быць узорам для напісання кадыфікацыйных тэкстаў, што мы паспрабуем даказаць наступнымі прыкладамі.

А.«БЕЗ НАДРАДКОВАГА ЗНАЧКА»
Нястача логікі, яснасці і дакладнасці

Абмежаваная плошча часопіса і адсутнасць дазволу на публікаванне Праекта не даюць нам змясціць тэкст згаданага дакумента, аднак ніжэй мы ўсё ж такі дазволім сабе працытаваць цэлы параграф — каб не быць абвінавачанымі ў «падтасоўцы фактаў» і ў «адвольным выдзіранні з кантэксту»:

§ 14. Нескладовае ў

1. Нескладовае ў пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем пасля галосных.

Пры чаргаванні [у] з [ў]:

на пачатку слова (калі гэтае слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі «ўра» (крык «ура»), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў);

на канцы склада: паў-за, маў-зер, каў-чук, аў-кцыён, аў-дыенцыя, аў-дыякасета, аў-ра.

2. Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да у́рны, Брэсцкая у́нія, піва у́жгарадскае, жанчыны у́льчы, групоўка у́льтра, норма і у́зус, насілі у́нты, чулася у́ханне, ау́л, бау́л, ау́каць, выклічнікі у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!).

3. Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія канчаюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх; а таксама ў словах даун, раунд, Браун.

4. Гук [у] на пачатку ўласных назваў перадаецца вялікай літарай У без надрадковага значка: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), ва Украіне (за ўкраінцаў), пасля Указа Прэзідэнта (падпісаны ўказы), імёны Уладзімір, Уладзіслаў, Усяслаў.

5. Пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны, коўзкі, маўляў, моўчкі, паўпрэд, паўметра, боўтаць, але: кол, вол, ангел, выстрал, скандал, вэрхал, палка, памылка, сеялка, алкаголь, Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай, Балгарыя.

6. Пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві), любоў (любавацца), кароў (карова), гатоў (гатовы), сталоў, дубоў, бацькоў, аўчына, маўр, аўторак, раўці, каўбой, аўгур, Саўмін, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы стайні, але: краіна Влахія, краіна В’етнам, рэчка Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян.

(Тут і далей усе вылучэнні тлустым і падкрэсліванні — нашы. — З. С.)

Сутнасць прапанаваных у гэтым параграфе напісанняў мы разгледзелі яшчэ ў 2-й частцы публікацыі, а тут сканцэнтруемся на праблемах з формаю выкладання, зместам ілюстрацый, адпаведнасцю паміж фармулёўкамі і ілюстрацыямі:

1) параграф называецца «Нескладовае ў», але значная яго частка прысвечана і правапісу у складовага (пункты 2—4), а ў пунктах 5 і 6 — таксама правапісу л і в;

2) у пункце 1 канстатуецца: «нескладовае ў пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем пасля галосных»; гэта можна зразумець як імпліцытнае ўказанне на тое, што ў астатніх пяці пунктах апісаны выпадкі ўжывання літары ў насуперак літаратурнаму вымаўленню;

3) другі абзац пункта 1 не мае выгляду закончанага сказа: «Пры чаргаванні [у] з [ў]: на пачатку слова...; на канцы склада...» — і ўсё, кропка. Таксама не ўяўляюць сабой сказаў фармулёўкі пунктаў 5 і 6;

4) самая дзіўная фармулёўка з усяго параграфа — у пункце 4: «Гук [у] на пачатку ўласных назваў перадаецца вялікай літарай У без надрадковага значка». Нагадаем аўтарам Праекта, што «У без надрадковага значка» дагэтуль назвалася «літарай У складовае». Дарэчы, з фармулёўкі так і не зразумець, якім чынам на пачатку ўласных назваў перадаецца гук [ў]. Што да ілюстрацыйнага шэрагу, то ім прадстаўлены пераважна тыя выпадкі, дзе паводле правілаў літаратурнага вымаўлення мусіць быць [ў] (дык выяўляецца, наша здагадка пра «нелітаратурнае вымаўленне» ва ўсіх пунктах, апроч 1-га, прынамсі тут аказалася слушнай!): ва Узбекістан [ваўз’б’эк’істан], на Уральскіх [наўрал’ск’іх] гарах, ва Украіне [ваўкрайін’э], пасля Указа [пас’л’аўказа]. Што да імёнаў Уладзімір, Уладзіслаў, Усяслаў, то ў іх [у] можа пераходзіць у [ў], калі гэтыя імёны апынаюцца пасля галоснага: пра [ў]ладзіміра, за [ў]ладзіслава, на [ў]сяслава;

5) апеляцыя да паняцця «чаргаванне» ў пунктах 2 і 3 толькі заблытвае фармулёўку;

6) частка ілюстрацый да пунктаў 5 і 6 не адпавядае зместу фармулёвак:

— ў не чаргуецца з л у словах: змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, коўзкі, моўчкі, боўтаць;

— ў не чаргуецца з в у словах: сталоў, дубоў, бацькоў, аўторак (ў пішацца на месцы этымалагічнага v), маўр, каўбой, аўгур, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы (ў пішацца на месцы этымалагічнага u: грэчаск. mauros, анг. cowboy [aʊ], лац. augur, лац. Austria, Аўдоцця < грэчаск. Eudokia, лац. Aurora, лац. Caucasus, балцк. *Baušis, балцк. *Rauda, грэчаск. Auge(i)as);

7) чаргаванне ў||в у слове любоў «падсвечваецца» аднакаранёвай лексемай любавацца (пункт 6), але гэта фальшывае сведчанне, бо тут мае месца суфікс -ава- (< *-ova-), а лексема любоў утворана ад любіць з дапамогаю суфікса -оў (< *-ъvь); у якасці «падсветкі» карэктна было б выкарыстаць склонавую форму — любові.

Нярэдка прапанаваныя ў Праекце фармулёўкі не выконваюць сваёй асноўнай функцыі — не ўтрымліваюць яснай інструкцыі, як напісаць тое ці іншае слова, а абмяжоўваюцца канстатацыяй або папярэджаннем, напрыклад:

§ 33.2. Складаныя прыметнікі, у састаў якіх уваходзяць прыслоўі, не трэба блытаць са словазлучэннямі, якія складаюцца з прыслоўяў і прыметнікаў: дыяметральна процілеглы (супрацьлеглы), чыста беларускі, яскрава вызначаны, выключна дасканалы, асабліва адказны, колькасна акрэслены, рэзка адмоўны, кепска ўзараны, усенародна абраны, выпадкова сустрэты, своечасова прыняты, адносна спакойны, бясконца глыбокі, матэрыяльна зацікаўлены, грамадска небяспечны.

З фармулёўкі так і не становіцца ясна, якім чынам не зблытаць А («складаныя прыметнікі, у састаў якіх уваходзяць прыслоўі») з Б («словазлучэнні, якія складаюцца з прыслоўяў і прыметнікаў»). І не дзіва, што самую «слабую» ілюстрацыю паставілі ў канец ілюстрацыйнага шэрагу — мо спадзяваліся: карыстальнік, пакуль дачытае да канца, ужо забудзецца пра змест фармулёўкі. Дык вось, лексема грамадска ні ў водным нарматыўным слоўніку не фіксуецца, а ў тэкстах яна сустракаецца толькі ў спалучэнні з прыметнікам: грамадска значны, грамадска карысны. Таму зусім незразумела: як словазлучэнні грамадска небяспечны ці, напрыклад, сацыяльна запушчаны не зблытаць са складанымі прыметнікамі?

Гэта сапраўды неўрэгуляванае месца беларускага правапісу. І не толькі беларускага — не развязана яно і ў рускай мове. Аднак практыка, насуперак асноўнаму правілу (не могуць асобна пісацца словы, якія самастойна не ўжываюцца), афармляе грамадска і падобныя «паўпрыслоўі» асобна, магчыма, таму, што яны ўваходзяць у склад, сфармулюем так, шматлітарных канструкцый, якія пры злітным напісанні ўспрымаюцца з цяжкасцю.

Трапляюцца ў Праекце і непатрэбныя арфаграмы, якія дублююць інфармацыю, што ўтрымліваецца ў іншых месцах дакумента:

§ 7.2. Калі першай часткай складаных слоў з’яўляецца аснова велік-/вялік-, то напісанне літар е або я залежыць ад таго, які склад у другой частцы націскны: калі першы, то пішацца е, калі другі, то пішацца я: велікаду́шны, велікару́скі, велікаму́чанік, велікасве́цкі; Вялікабрыта́нія, вялікадзяржа́ўны, вялікагало́вы.

Як бачым, нічога новага ў гэтай арфаграме няма — яна цалкам адпавядае «правілу націску ў другой частцы», сфармуляванага ў астатніх арфаграмах, прысвечаных правапісу складаных слоў. На фоне ж аграмадных лакун у Праекце прысвячэнне цэлай арфаграмы дзесятку аднакаранёвых слоў, арфаграфія якіх укладаецца ў рэчышча агульнага правіла, — выглядае як марнатраўства. Складаецца ўражэнне: пра што ўзгадалі — пра тое напісалі.

А дзе прыклады, каб е аказвалася ў першым складзе перад націскам, напр.: усёвед, усевед ці усявед?

Толькі ўскладняюць разуменне фармулёвак апеляцыі да моўнай дыяхраніі, г. зн. да гістарычнага стану мовы, што праяўляецца ў фармулёўках накшталт:

§ 17.1. Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д)...

§ 17.7. Мяккі знак не пішацца: пасля ... ц (не з т мяккага)...

Мяккіх д і т у сучаснай беларускай мове няма. Таму ясней і правільней з пункту гледжання методыкі было б згадваць пра мяккія дз і ц.

В. КУЛЬТУРА ІЛЮСТРАВАННЯ

Рэпрэзентатыўнасць

У ідэале ўсе апісаныя ў фармулёўцы пазіцыі (або спалучэнні) мусяць адлюстроўвацца ў прыкладах і колькасць гэтых прыкладаў на кожную пазіцыю мае быць калі не аднолькаваю, то прынамсі сувымернаю. Паглядзім, як гэта патрабаванне рэалізуецца ў Праекце:

§ 4.4. Перадача на пісьме [э] ў іншых словах іншамоўнага паходжання ў ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі ... пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц] пішацца э: жэто́н, Жэне́ва, Жэра́р, жэлаці́н, чэкме́нь, рэспу́бліка, рэфо́рма, Рэма́рк; рэкла́ма, рэа́ктар, рэві́зія, агрэга́т, рэжы́м, рэко́рд, рэе́стр, рэвалю́цыя, цэнтралі́зм, цэві́та, дэта́ль, гардэро́б, Дэтро́йт, Дэфо́, дэлега́т, дэманстра́цыя, о́рдэн, тэо́рыя, тэа́тр, тэлегра́ф, тэлефо́н, ветэра́н, ка́тэт, тэрмо́метр, тэарэ́ма.

У табліцы 1 мы згрупавалі асобныя ілюстрацыі з працытаванай арфаграмы па спалучэннях і падлічылі колькасць прыкладаў на кожнае са спалучэнняў.
Табліца 1.
Літары перад э Ілюстрацыі Колькасць ілюстрацый
ш
ы
п
я
ч
ы
я
ж жэлацін, Жэнева, Жэрар, жэтон 4
ш 0
дж 0
ч чэкмень 1
р агрэгат, рэактар, рэвалюцыя, рэвізія, рэестр,
рэжым
, рэклама, рэкорд, Рэмарк, рэспубліка, рэформа,тэарэма
12
д гардэроб, дэлегат, дэманстрацыя, дэталь, Дэтройт,Дэфо, ордэн 7
т ветэран, катэт, тэатр, тэлеграф, тэлефон, тэорыя, тэрмометр 7
ц цэвіта, цэнтралізм 2
Заўвага да табліцы
Лексема тэарэма адначасова ілюструе і спалучэнне тэ.

Спалучэнні шэ, джэ не праілюстраваны наогул, а спалучэнні рэ, дэ, тэ асветлены без усякай меры. Але нават у межах ілюстрацый для спалучэння рэ (самы вялікі шэраг) не назіраецца балансу паводле становішча спалучэння ў слове:

— на пачатку слова: рэактар, рэвалюцыя, рэвізія, рэестр, рэжым, рэклама, рэкорд, Рэмарк, рэспубліка, рэформа — 10 ілюстрацый;

— у сярэдзіне слова: агрэгат, тэарэма — 2 ілюстрацыі;

— на канцы слова — 0 ілюстрацый.

Калі ў аўтараў Праекта ўзніклі складанасці з падборам матэрыялу, прыкладам, на ненаціскное спалучэнне рэ ў канцы слова, то калі ласка:

дэ-ю́рэ, кура́рэ, э́рэ, су́крэ і Су́крэ, Віто́рэ, Гаспа́рэ, І́мрэ, Кно́рэ, Ніе́дрэ, О́мрэ, Сальвато́рэ, Та́мсаарэ, Хара́рэ, Чэза́рэ і г. д.

Дарэчы, нельга лічыць карэктнаю і саму фармулёўку, бо э пішацца яшчэ і пасля цвёрдага дз, што падмацоўваецца ілюстрацыйным матэрыялам і самога Праекта: Табідзэ, Брыгвадзэ (§ 3.2). Значыць, сфармуляванаму правілу падпарадкоўваюцца ўсе зацвярдзелыя, і таму больш эканомнаю і сістэмнаю была б фармулёўка «пасля зацвярдзелых і [д], [т]».

Як відаць з табліцы 1, у якасці ілюстрацыі на ненаціскное спалучэнне чэ аўтары Праекта знайшлі толькі малазразумелае слова чэкмень, аднак калі б яны перагарнулі хоць бы СБМ і БелЭн, то мелі б з чаго выбраць — нягледзячы на «арацыю»2:

 

* Заканчэнне.
Пачатак у № 1-2, № 3.

Прынятыя скароты:

БелГрам — Беларуская граматыка / АН БССР; Інстытут мовазнаўства; Рэд. М. В. Бірыла, П. П. Шуба. Ч. 1—2. Мн., 1985—1986;

БелСЭ — Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 1—12. Мн., 1969—1975;

БелЭн — Беларуская энцыклапедыя. Т. 1—18. Мн., 1996—2004;

БРС-1 — Беларуска-рускі слоўнік / Рэд. К. К. Атраховіч (К. Крапіва). Выд. 1. М., 1962;

БРС-3 — тое самае. Выд. 3. Мн., 2003;

Звод-1959 — Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі / АН БССР; Інстытут мовазнаўства; Рэд. К. К. Атрыховіч, П. Ф. Глебка. Мн., 1959;

РБС-1 — Русско-белорусский словарь / Пад рэд. Я. Коласа, К. Крапівы, П. Глебкі. Выд. 1. М., 1953;

САУІ-1 — Слоўнік асабовых уласных імён / АН БССР; Інстытут мовазнаўства; Уклад. М. Р. Суднік. Выд. 1. Мн., 1965;

САУІ-2 — тое самае. Выд. 2. Мн., 2005;

СБМ — Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / АН БССР; Інстытут мовазнаўства; Пад рэд. М. В. Бірылы. Мн., 1987;

СІС — А. М. Булыка. Слоўнік іншамоўных слоў / БелЭн. Т. 1—2. Мн., 1999.

 1 Советская Белоруссия. 2006. 29 августа.

   

віяланчэлі́ст, ду́чэ, мерчэнда́йзінг, чычэро́не, чэкада́вец, чэкі́ст, чэле́ста, чэмпіё́н, чэрке́с, чэчэ́нец; Беатры́чэ, Верса́чэ, Ла́чэнс, Ма́нчэстэр, Мі́тчэл, Нахічэва́нь, Ро́чэстэр, Рэ́йчэл, Са́нчэс, Чэбакса́ры, Чэба́н, Чэджудо́, Чэка́, Чэкана́ўскас, Чэке́ці, Чэкіджа́н, Чэкмо́нас, Чэлента́на, Чэлі́ні, Чэля́бінск, Чэмульпо́, Чэнду́, Чэрапу́нджы, Чэрке́заў, Чэры́та, Чэсапі́кскі (заліў), Чэсме́нскі (бой), Чэчня́ і Чэчэ́нія, Эчэве́рыя, Эчэгара́й-і-Эйсагі́рэ.

Усе гэтыя словы засталіся без урэгулявання. Адсутнасць іх у Праекце можна было б трактаваць як захаванне ў дачыненні іх статус-кво. Але ж напісанне Чалюскін (§ 4.3) насуперак Чэлюскін і чэлюскінец у СБМ і БелЭн выклікае сумнеў у намеры аўтараў Праекта пакінуць усе чэ там, дзе яны пішуцца паводле цяперашніх устанаўленняў.

У разгледжаным выпадку максімальна выразна выяўляецца «страусавая палітыка» аўтараў Праекта, якія пастараліся «схаваць галаву ў пясок» у нязручных момантах — калі трэба было развязаць нявырашаныя праблемы беларускай арфаграфіі.

Паўната і вычарпальнасць

Такі дакумент, як арфаграфічны збор, мусіць быць як мага паўнейшым і даваць адназначныя вычарпальныя адказы на максімальна шырокае кола правапісных пытанняў. Аднак Праект не адпавядае гэтым патрабаванням: з усёй гамы праблем выхопліваюцца асобныя, на якія аўтары дакумента, відаць, мелі адказы. Астатнія «балючыя кропкі» застаюцца па-за Праектам. Таксама ў некаторых арфаграмах увага канцэнтруецца выключна на тых момантах, якія змяніліся ў параўнанні з папярэднімі рэдакцыямі і праектамі правапісу або з ранейшай практыкай. Такім чынам, для Праекта характэрны фрагментарнасць і кантрастыўнасць.

Асабліва выразна гэта відаць на тым, як рэгулюецца ў Праекце перадача іншамоўнага спалучэння ie:

§ 2. Літары о, ё. ... 4. ... У слове дыета пішацца спалучэнне галосных ые. На стыку прыстаўкі і кораня захоўваецца ыэ: дыэтан, дыэлектрык.

І гэта ўсё! Няма ні правіла, ні абагульнення з іншымі выпадкамі асваення іншамоўных спалучэнняў «і + галосны», ні ілюстрацыйнага шэрагу — нічога... Проста «пішы дыета праз ые» — і будзе табе шчасце! Не кажучы ўжо, што ў слове дыета няма і быць не можа ні літары о, ні літары ё, правапісу якіх і прысвечаны параграф 2.

У сваіх інтэрв’ю праф. В. Іўчанкаў выпусціў нямала крытычных стрэл у бок рэдакцыі правапісу 1959 г., закідаючы ёй розныя недасканаласці. Рэзка крытыкаваныя прафесарам аўтары Звода-1959 прысвяцілі рэалізацыі спалучэння іе асобны параграф (§ 25), змясціўшы яго ў адпаведны раздзел, прысвечаны менавіта перадачы іншамоўных спалучэнняў «і + галосны», і знайшлі для ілюстрацыйнага шэрагу значна больш прыкладаў: гігіена, кліент, аўдыенцыя, арыентацыя, абітурыент, кліентура. А мы яшчэ дадалі б: арыета, дыез, карыес, каэфіцыент, пацыент, піетэт, рэквіем, рэцыпіент, сіеста, фіеста; Арыель, Габрыель, Генрыета, Даніель, Трыест. Во якое войска! А ў Праекце пакінулі самотную дыету на загуменні «чужой» арфаграмы «адбівацца» за ўсе запазычанні з іе. Бо ж некалі ў ТСБМ напісалі дыэта3, што ламала і практыку, і галоўны прынцып асваення спалучэння «і + галосны» ў сярэдзіне слова — зіянне (або зеўранне — «збег галосных») здымаецца праз развіццё ўстаўнога ёта.

 

 2 «База» ненаціскнога чэ звузілася з прычыны прапанаванай у Праекце «арацыі»
(гл. 1-ую частку публікацыі): пінчэр > пінчар, Тэтчэр > Тэтчар.

   

Дарэчы, калі ўжо аўтары Праекта палічылі патрэбным выправіць непаслядоўнасці ў цяперашніх напісаннях, то варта было звярнуць увагу на лексему спаніель і асабовае імя Марыета, якія — насуперак правілу — пішуцца праз э: спаніэль (так у СБМ, а ў СІС сістэмна: спаніель), Марыэта (САУІ). У апошнім выпадку мы бачым уплыў савецкіх рэалій: галоўнаю і адзінаю з вядомых Марыет Савецкага Саюза была пісьменніца Мариэтта Шагинян, якая асабліва вызначылася як аўтарка тэтралогіі (!) пра Леніна. У нарматыўным «Даведніку асабовых імён народаў РСФСР», рэкамендаваным Міністэрствам юстыцыі РСФСР «у якасці практычнага дапаможніка для работнікаў органаў запісу актаў грамадзянскага стану», як асноўная падаецца форма праз еМариетта, а форме Мариэтта пакідаецца статус факультатыўнай4. Але Шагінян — мусіць, як член-карэспандэнт АН Армянскай ССР, герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўнай і Ленінскай прэмій, дый увогуле «жывая гісторыя» (жыла з 1888 да 1982 г.) — мела прывілей менавацца паводле «асаблівай» формы.

Па дарозе можна было б выправіць яшчэ адну памылку ў СБМ, дзе аднакаранёвыя медыева́ль і медыяві́ст (абодва ад франц. médiév-) пішуцца па-рознаму: трэба медыевнст, бо ў запазычаннях яканне рэалізуецца толькі ў якасці выключэння.

Парадак

Пры складанні ілюстрацыйнага шэрагу трэба трымацца нейкага парадку, не абавязкова алфавітнага, аднак у карыстальніка мусіць складацца ўражанне «невыпадковасці» той ці іншай ілюстрацыі на пэўным месцы, упарадкаванасці афармлення, абгрунтаванасці менавіта такой структуры ілюстрацыйнага матэрыялу. У Праекце літаральна на кожным кроку бачым штосьці зусім процілеглае, напрыклад:

§ 17.5. Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці л перад зычнымі: пальцы, кольцы, відэльцы, сальца, вальцы, колькі, толькі, гульні, вельмі, Альф’еры, Мангальф’е, дар’яльскі (Дар’ял), венесуэльскі (Венесуэла), лепельскі (Лепель), лільскі (Ліль), бразільскі (Бразілія);

(У канцы пункта стаць кропка з коскай, хоць далей з вялікай літары пачынаецца пункт 6, што таксама з’яўляецца закончаным паведамленнем, як і пункт 5. Такіх «апісак» у Праекце — безліч, таму не звяртаем на іх асаблівай увагі.)

У ілюстрацыйным шэрагу агульныя назоўнікі ідуць у наступным парадку (паводле пачатковай літары): п.., к.., в.., с.., зноў в.., зноў к.., т.., г.., зноў в.. . Чым выкліканы менавіта такі парадак падачы ілюстрацый? Можа, пазіцыяй ль? Праверым: ..альц.., ..ольц.., ..эльц.., зноў ..альц.., ..альц.., ..ольк.., ..ольк.., ..ульн.., ..ельм.. . Такі ж хаос, як і пры праверцы на алфавітны парадак па першай літары.

Далей дзве ўласныя назвы: Альф’еры, Мангальф’е — у алфавітным парадку. З гэтай групкай было б усё добра, калі б яна (1) была больш прадстаўнічай, хоць бы 5—7 ілюстрацый, (2) аддзялялася ад папярэдняй і наступнай груп кропкай з коскай.

Апошняя група ілюстрацый — прыметнікі, утвораныя ад геаграфічных назваў. Праверым іх на алфавітны парадак па пачатковай літары: д.., в.., л.., л.., б.. . Алфавітнага парадку не выходзіць. Праверым па пазіцыях ль: ..яль.., ..эль.., ..ель.., ..іль.., ..іль.. . Тое ж бязладдзе, праўда, ёсць падставы для аптымізму: абодва выпадкі ..іль.. сабраны разам. Зрэшты, калі паспрабаваць выступіць у ролі адваката, то можна пастарацца знайсці тлумачэнне такой паслядоўнасці — ілюстрацыі ў шэрагу размешчаны паводле фанемы перад ль: дар’яльскі [а], венесуэльскі — [э], лепельскі — [э], лільскі і бразільскі — [і]. Атрымалася! Хоць незразумела, чаму лільскі перад бразільскі. Мо таму, што да Ліля бліжэй, чым да Бразіліі? А калі сур’ёзна, размяшчаць матэрыял у правапісным зводзе паводле гукавога, а не літарнага складу — гэта парушэнне методыкі, бо арфаграфія (у адрозненне, прыкладам, ад арфаэпіі) аперуе найперш літарамі, а не гукамі.

У аснову падзелу геаграфічных назваў і вытворных ад іх слоў лагічна было б пакласці прынцып «беларускае~небеларускае». Тады выйшла б: лепельскі (Лепель), бразільскі (Бразілія), венесуэльскі (Венесуэла), дар’яльскі (Дар’ял), лільскі (Ліль). Беларуская назва толькі адна. Самае месца ўзбагаціць ілюстрацыйны шэраг практычна значнымі для карыстальніка — менавіта беларускімі — уласнымі назвамі і вытворнымі ад іх прыметнікамі, асабліва тымі парамі, дзе адбываюцца мены [л] || [л’], [л̄’] || [л’]: вельскі (рака Вялля5), засульскі (вёска Засулле), краснапольскі (горад Краснаполле), медзазольскі (возера Медзазол), прозвішча Міхальскі (імя Міхал), мядзельскі (горад Мядзел), навасельскі (вёска Новае Сяло), сакольскі (вёска Сакол), свільскі (вёска Свілы), ульскі (рака Ула).

 

 3 Магчыма, штуршком да афармлення дыеты праз э сталася наступная заўвага рускіх калег пра арфаэпію гэтага слова ў рускай жа мове: «В немногих случаях допустимо произношение [э] на месте орфографического е после гласных в первом предударном слоге; например, в словах диетический, пиетет» (Современный русский язык: Лексика и фразеология. Фонетика и орфоэпия. Графика и орфография. Словообразование. Морфология. Синтаксис / Под ред. Д. Э. Розенталя. М., 1984. С. 192).

 4 Справочник личных имен народов РСФСР / Под ред. А. В. Суперанской. Изд. 4. М., 1979. С. 582.

   

С. АЎТАПЯРЭЧАННІ

У Праекце ёсць выпадкі, калі ілюстрацыі не пацвярджаюць, а супярэчаць фармулёўцы, напрыклад:

§ 27.1. З вялікай літары пішуцца: ... усе словы (акрамя агульнай назвы) у назвах дзяржаўных і нацыянальных ваенных і культурных рэліквій, помнікаў: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі...

Усе ілюстрацыі маюць аднолькавую будову: «агульная назва + уласнае імя» і ва ўсіх іх аўтары Праекта, насуперак уласнай рэкамендацыі, праводзяць напісанне агульнай назвы з вялікай літары. А арфаграме адпавядалі б наступныя прыклады: вёска Каралёў Стан, вуліца Міколы Гусоўскага, горад Старыя Дарогі…

§ 32.6. Асобна пішуцца словы ў геаграфічных уласных назвах, якія з’яўляюцца словазлучэннем поўнага прыметніка і парадкавага лічэбніка з назоўнікам: Стары Свержань, Белы Мох, Карнаты Дуб, Вялікія Радванічы, Старыя Дарогі, Астрашыцкі Гарадок, Восьмая лінія (вуліца), Першая пасялковая (вуліца), Першы чыгуначны (завулак).

Усе вылучаныя тлустым назвы з’яўляюцца словазлучэннямі прыметніка і назоўніка — без лічэбніка.

Пярэчанні могуць узнікаць таксама і паміж фармулёўкай адной арфаграмы і ілюстрацыйным матэрыялам з іншых арфаграм:

§ 7.5. ... Складанаскарочаныя словы пры напісанні звычайна разглядаюцца як простыя словы з адным націскам: зямфо́нд, лясга́с, саляко́п, кулямёт.

Але ў главе 4.1 і параграфе 40.2 мы знаходзім цэлую групу складанаскарочаных слоў, якія супярэчаць вышэйпададзенаму правілу:

Белгалоўсельбуд, а не Белгалаўсяльбу́д
«Белкніга», а не «Бялкні́га»
БелЭКСПА, а не БялЭ́КСПА
ваенкам, а не ваянка́м
Гомсельмаш, а не Гамсяльма́ш
селькар, а не сялька́р
сельмаг, а не сяльма́г

Дадае пікантнасці той факт, што дзве з чатырох ілюстрацый да параграфа 7.5 — салякоп і кулямёт — не складанаскарочаныя, а складаныя словы, таму іх уключэнне ў згаданую арфаграму памылковае.

Ніжэй мы пабачым, як недакладная, нявывераная фармулёўка можа ператварыць правапісны звод у клубок загадак і праблем:

§ 7.1. У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім складзе націск у другой частцы: ... верхнеазёрны, ... землетрасе́нне...

І крыху ніжэй:

§ 7.5. Злучальная галосная е ў складаных словах пераходзіць у я, калі націск на першым складзе другой часткі складанага слова: баяздо́льны, зерняўбо́рачны, зернясхо́вішча, земляро́б, жыццяра́дасны, крывятво́рны...

Як відаць з ілюстрацый да параграфа 7.5, я ў першай частцы (часткі складаных слоў мы для нагляднасці падкрэслілі) усё ж такі бывае, і не так рэдка. А няправільнасць вынікла з таго, што ў фармулёўцы параграфа 7.1 мелася на ўвазе не частка, а аснова. Як вядома, частка складанага слова ўключае аснову + злучальны галосны. Напрыклад, слова земляроб складаецца з дзвюх частак: земля- і -роб, а ў першую частку ўваходзіць аснова земл- і злучальны галосны -я-. Прыняты ў кірыліцы спосаб перадачы мяккасці зычных (праз якасць наступнай галоснай літары) ускладняе падзел часткі на аснову і злучальны галосны, калі апошні ідзе пасля галоснага, напрыклад, у слове баяздольны першая частка бая- складаецца з асновы бай- (< бой) і злучальнага галоснага -а-.

Алею ў вогнішча непаразуменняў дадае яшчэ адна арфаграма з параграфа 7:

§ 7.4. У складаных словах злучальныя галосныя о, ё пішуцца толькі пад націскам, а — у любым ненаціскным складзе...

Але ж з ілюстрацый да параграфа 7.1 вынікае, што ў ненаціскных складах можа пісацца не толькі злучальны -а- (у тым ліку ў абліччы літары -я-), але таксама злучальны [э], які пасля мяккіх абазначаецца літараю -е-. Застаецца толькі паціснуць плячыма...

D. МАСТАЦТВА ІЛЮСТРАЦЫІ

Ці не абышоўся б Праект без Акакіевіча?

Такі дакумент, як правапісны звод, мае на мэце максімальную прыдатнасць для карыстальніка. Ілюстрацыйны шэраг мусіць складацца з найбольш частотных для адпаведнай арфаграмы лексем. Калі ж карыстальнік не знаходзіць у дакуменце асноўных слоў, а сутыкаецца з рознымі дзівосамі, дык такі звод будзе для яго нечым кшталту займальнага паноптыкума, а ніяк не настольнаю кнігай.

§ 18.2. Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ее-) пішацца і (ы); Георгіеў, Георгіевіч, Акакіевіч, Яўціхіеў, Яўціхіевіч, Іракліевіч, Яўлампіевіч, Ануфрыеў, Ануфрыевіч, Ануфрыеўка, Дзмітрыеў, Дзмітрыевіч; але: Вікенцьеў, Вікенцьевіч, Лаўрэнцьеў, Лаўрэнцьевіч, Кліменцьевіч і інш.

Ці хто з вас, шаноўныя чытачы, ведае хоць аднаго рэальнага (а не літаратурнага) Акакія ці Акакіевіча? Упэўнены, што ніхто: час, калі дзяцей называлі выключна паводле праваслаўнага календара, святцаў, даўно мінуў. Ды і ў святцах выбар быў: на тыя самыя дні ў календары прыпадалі і дзесяткі больш звыклых імёнаў. У САУІ Акакій змешчаны ў раздзеле «Устарэлыя і новыя рэдкаўжывальныя імёны», — побач з Асінкрытам і Бегуаем, Ванхіясам і Ексакустадзіянам, Елпідзіфорам і Параліпамянонам, Філакцімонам і Ялпідзіем, а імя па бацьку Акакіевіч нават не згадваецца. Такі сумнеўны пі-ар гогалеўскага Акакія Акакіевіча ў Праекце наўрад ці адпавядае і іншаму патрабаванню да ілюстрацыйнага матэрыялу — «беларусацэнтрызму».

Не нашмат часцей за Акакіевічаў можна спаткаць у нашай краіне Яўціхіевічаў, Іракліевічаў, Яўлампіевічаў. І наогул форму імёнаў на -ій/-ый — хоць у шэрагу выпадкаў яна абвяшчаецца адзінаю афіцыйнаю (Георгій, а не Георгі і не Георг; Дзмітрый, а не Дзмітры і не Зміцер) — ніяк нельга прызнаць за ўласцівую беларускай мове. Што да імя Ануфрый, то яго традыцыйная беларуская форма істотна адрозніваецца ад прапанаванай — Нупрэй. І вёскі з назвай Ануфрыеўка ў Беларусі няма.

Зразумела, лексемай Акакіевіч аўтары Праекта хацелі праілюстраваць правапіс імя па бацьку ад імя на -кій, даць карыстальніку алгарытм, які мог бы ўжывацца ва ўсіх падобных выпадках. Але ж для дасягнення гэтай мэты можна было выкарыстаць менш «гаваркія» імёны: Аверкій, Анікій, Ісакій, Леўкій, Лукій, Маркій, Маўрыкій, Нікій, Патрыкій. Мы далёкія ад маралізатарства і пурытанства, але ж калі ёсць магчымасць не смяшыць публікі, лепш гэтага не рабіць.

Тут мы выходзім на сумежныя аспекты: ілюстрацыйны матэрыял толькі тады будзе працаваць на карыстальніка, спрыяючы выкананню дыдактычнай функцыі, калі будзе адпавядаць іншым моўным нормам і ўсталяванням.

У параграфе 20.15 у якасці ілюстрацыі да правіла аб правапісе прыставак раз-/рас-, уз-/ус- фігуруюць словы разжаць, узжучыць, якіх няма ні ў водным нарматыўным слоўніку. Як жа аўтары Праекта могуць усталёўваюць адны правілы, уваходзячы ў канфлікт з іншымі?!

Анахранізмы

Ілюстрацыі маюць утрымліваць або актуальную, або гістарычна значную інфармацыю. Але ў Праекце мы сутыкаемся з «феноменам павелічальнага шкла», якое ляжыць на шкале часу: падзеі і рэаліі Вялікай Айчыннай вайны ды колькіх наступных дзесяцігоддзяў выглядаюць гіпертрафавана, а астатніх часоў — на фоне гіпертрафаванага — мізэрна. Характэрная «затрымка ў часе» адчуваецца ва ўсім: і ў ілюстрацыях, і ў стылістыцы пісьма, і ў тоне апеляцыі да карыстальніка. Вось некалькі прыкладаў, што дэманструюць рэаліі пазаўчорашняга дня.

Недарагія духі «Духмяны ландыш» (глава 19.2) вырабляліся ў савецкія часы ў Рызе, лічыліся найлепшым рашэннем паводле крытэрыя цана~якасць. Добра, што абышлося без «Шыпра» і «Чырвонай Масквы» ды трайнога адэкалону.

Самалёт «Дуглас» (глава 19.2) вырабляла амерыканская кампанія The Douglas Aircraft Company, якая спыніла сваё існаванне роўна 40 (!) гадоў таму. Прадукцыя кампаніі стала вядомая ў СССР падчас ІІ сусветнай вайны; дзякуючы гэтаму, мусіць, і трапіў старэнькі «Дуглас» у новы рукапіс. З «авіяптушак» у Праекце фігуруе яшчэ «ЯК» (замест правільнага «Як»). Ні «Ту», ні «Боінг», ні іншыя сучасныя самалёты не згадваюцца.

Асабліва ярка праяўляюцца «радзімыя плямы» ад «папярэднікаў» Міністэрскага праекта — ад Звода-1959 і праекта Падлужнага — у групе абрэвіятур:

ВГІК (глава 4.3) расшыфроўваецца як Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, хоць ужо 16 гадоў ён Усерасійскі...;

КВ («канверсуемая валюта», глава 4.2) — гэта абрэвіятура практычна не ўжываецца, а на пачатку 1990-х яна служыла эўфэмізмам для абазначэння заходніх грашовых знакаў, бо ў той час яшчэ лічыўся непрыстойным сам факт выкарыстання капіталістычных долараў, марак і розных там гульдэнаў;

райана (глава 4.1) — мінула ўжо нямала гадоў, як ра[йо]нныя аддзелы народнай адукацыі страцілі спалучэнне айн, пераназваўшыся ў раённыя аддзелы адукацыіраа;

селькар (глава 4.1) — інстытут сельскіх карэспандэнтаў разам з інстытутамі рабочых і ваенных карэспандэнтаў (рабкораў і ваенкораў, а паводле Праекта — рабкараў і ваенкараў) знік са знікненнем сацыялістычнай ідэалогіі.

І ўжо зусім відавочна пераймаецца спадчына камуністычных часоў у наступным напісанні: Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (§ 29.1), але лютаўская рэвалюцыя (§ 29.2)6 — і гэта ў межах аднаго параграфа! Рэгістр літар у «месячных» прыметніках адразу паказвае, якая з гэтых гістарычных падзей бліжэйшая сэрцам аўтараў Праекта.

 

 5 Адсюль зямля Завельская («Хроніка Быхаўца»), возера Завелле, народная форма Вялейка. У літаратурнай мове замацавалася, на жаль, польская форма - Вілія (польск. Wilia).

   

Экзотыка

Увядзенне ў арфаграфічны звод слоў, якія адлюстроўваюць перыферыйныя рэаліі, характэрныя для іншых народаў і даўнейшых часоў, — ніяк не адпавядае вымогам практычнай прыдатнасці.

Вернемся да чэкмяня (гл. вышэй падраздзел ІV.В пункт «Рэпрэзентатыўнасць») і паспрабуем спасцігнуць, чаму на ім і толькі на ім спыніўся выбар кадыфікатараў?

Паказальна, што ў ТСБМ гэта лексема падаецца без ілюстрацый з тэкстаў, гэта значыць, ніводнага выпадку ўжывання згаданага слова складальнікі слоўніка не знайшлі. І не дзіва, бо ў беларускай рэчаіснасці рэаліі чэкмень — няма. А ў ТСБМ слова трапіла з чатырохтомнага «Словаря русского языка» (М., 1985—1988. Изд. 3), на які «абапіраліся» ў сваёй працы складальнікі ТСБМ. Параўнайце:
СРЯ: ЧЕКМЕ́НЬ, -я́, м. Старинная мужская одежда кавказского типа — суконный полукафтан в талию со сборками сзади. Кто же этот путник? русский? нет. На нем чекмень, простой бешмет. Лермонтов. Измаил-бей.

ТСБМ: ЧЭКМЕ́НЬ, -мяня́, м. Старадаўняе верхняе мужчынскае адзенне каўказскага тыпу ў выглядзе паўкафтана, пашытага ў талію са зборкамі ззаду. [Канец артыкула]

Што да прычыны, чаму гэты факт глыбокай моўнай перыферыі трапіў у Праект, адказ просты — каўказскі чэкмень быў яшчэ ў Зводзе-1959, адкуль шчодра чэрпалі не толькі натхненне, але і ўсё астатняе яшчэ аўтары праекта Падлужнага, з якога генетычна выводзіцца Міністэрскі праект.

Рудыменты савецкай эпохі

Некаторыя ілюстрацыі не маюць непасрэднай сувязі з савецкай мінуўшчынай, аднак іх рудыментарнасць выяўляецца пры разглядзе іх спалучальнасці і словаўжывальнай практыкі. Прыкладам, лексема цэнтралізм (§ 4.4) уваходзіла ў склад ідэалагемы савецкай эпохі — дэмакратычны цэнтралізм.

ТСБМ: ЦЭНТРАЛНЗМ, -у м. Сістэма кіравання ці арганізацыі, пры якой мясцовыя органы падпарадкаваны цэнтральнай уладзе, цэнтру... o Дэмакратычны цэнтралізм — кіруючы прынцып арганізацыйнай будовы КПСС і Камуністычных партый, а таксама органаў дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый у СССР і сацыялістычных краінах...

Ні ў якіх іншых спалучэннях і значэннях у рэальных тэкстах згаданая лексема не выкарыстоўвалася і, як выглядае, не выкарыстоўваецца.

Нярэдка сустракаюцца ілюстрацыі-цытаты, зразумець змест якіх без экскурсу ў савецкую мінуўшчыну немагчыма:

Глава 15.5. ... Нягледзячы на тое, што крыўда раз-пораз загаралася ў душы Кляновіча, яго цешылі перспектывы, што вось ён зоймецца даследаваннем глебаў; што будзе арганізоўваць севазвароты, адкрываць розныя курсы; што ён наладзіць справу ўпарадкавання гною; што ён едзе ў такую вобласць, дзе яшчэ не звялася мясцовая чырвоная парода кароў, аб якой Кляновіч даўно думае; што гэтую пароду няслушна закінулі; што ў свой час знаходзіліся і такія разумнікі, што ў мэтах падрыву прадукцыйнасці жывёлагадоўлі гэтую пароду назвалі «нацыяналістычнай». (П. Пястрак).

І ўжо нават у бібліятэках спарахнела падшыўка той газеты, з якой узялі наступны сказ:

§ 50.18. ... У тэлеграмах паведамлялася: ... ваенны пераварот у Грэцыі, ... рабочыя ў Францыі адмовіліся разгружаць судны з ваеннымі грузамі... (З газет).

Састарэлыя тэхналогіі

Толькі ўзмацняюць пачуццё, што Праект — гэта дакумент пазаўчорашняга дня, назвы прадметаў і працэсаў, звязаных са старымі, неактуальнымі тэхналогіямі, напрыклад:

рэйсфедар (§ 4.6, цяпер: рэйсфедэр) — «чарцёжны інструмент для правядзення ліній тушшу» (ТСБМ). Са з’яўленнем сучасных тэхналогій аператыўнага друку такія прылады, як рэйсфедэр, зніклі з канструктарскіх бюро, і маладое пакаленне нават слова такога не ведае;

тэлеграфаваць (§ 21.1) — з развіццём тэлефаніі, электроннай пошты, мабільнай сувязі, у тым ліку і праз спадарожнік, тэлеграф знікае з нашага жыцця.

Нелітаратурныя граматычныя формы

Нярэдкае для Праекта выкарыстанне формаў, характэрных для народнай мовы, але не легітымізаваных у граматыцы мовы літаратурнай, — істотная метадычная памылка аўтараў дакумента. Нават аўтарытэт класікаў не можа апраўдаць ужывання наступных формаў у тэксце, які нясе найперш дыдактычную нагрузку:

Глава 15.6. ... Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз і дубняку, рэчкі, купіны, чароты, мора траў і хмызняку; мосцік, зложаны з бярвенняў, брод і грэбля кожны крок, на дарозе рад карэнняў, крыж, пахілены набок; пералескі, лес, паляна, старасвецкі дуб з жарлом, хвоя-веліч на кургане з чорным буславым гняздом; гразь, пяскі, лужок зялёны, шум крынічкі з-пад карча, шэлест лісцяў несканчоны, крык у небе крумкача; вербы, груша-сіраціна, нізкарослы цёмны гай... (Я. Колас).

Прыгожыя радкі, якія мусяць застацца нязменнымі — як напісаў іх аўтар — у ягоных кнігах, аднак ніхто не змушае выкарыстоўваць гэты сказ як ілюстрацыю ў арфаграфічным зводзе. Сутнасць праблемы становіцца яснай, калі пазнаёміцца з наступным параграфам з акадэмічнай БелГрам:

§ 132. У творах мастацкай літаратуры і ў гутарковай мове адзначаецца ўжыванне форм тыпу бруссі, бярвенні, валоссі, зуб’і, каменні, калоссі, карэнні, коллі, крыллі, лісці, паводдзі, пер’і, праменні і некаторыя іншыя, якія па марфалагічнай структуры суадносяцца са зборнымі назоўнікамі бруссе, бярвенне, валоссе, зуб’е, каменне і г. д. і ўспрымаюцца як формы множнага ліку ад гэтых назоўнікаў...

У літаратурнай мове для абазначэння больш як аднаго прадмета ўжываецца форма множнага ліку: брусы, бярвёны, валасы, зубы, камяні, каласы, калы, карані, павады, палазы, пёры, прамяні. Для выражэння множнасці як адзінага цэлага — формы бруссе, валоссе, калоссе, лісце, колле і г. д.7

 

 6 Цікава, што ў Зводзе-1959: Лютаўская рэвалюцыя
(с. 84, § 172.5).

   

Калі быць дакладным, гэту ілюстрацыю Міністэрскі праект «успадкаваў» ад праекта Падлужнага (§ 63), бо раздзел «Пунктуацыя» зазнаў мінімальныя змены, якія не закраналі сутнасных момантаў. Гэта і натуральна, калі ўлічыць адсутнасць пунктуацыйных навацый. Але ж звяртае на сябе ўвагу зусім іншая акалічнасць: адным з двух рэдактараў БелГрам быў сааўтар праекта Падлужнага — Павел Шуба, а адным з трох рэцэнзентаў — сааўтар абодвух праектаў Арнольд Міхневіч. Шкада, што ім не ўдалося дапільнаваць у арфаграфічным зводзе тых устанаўленняў, якія яны правялі і ўхвалілі ў зводзе граматычным.

Каб у чытача не склалася ўражанне, што мы падалі адзіны на ўвесь Праект прыклад граматычнай разбежнасці, прывядзем яшчэ адну ілюстрацыю:

§ 50.2. … Люблю твае, Нарач, затокі і тоні, як вецер густыя туманы развеіць ці снежная пена па хвалях зазвоніць. (М. Танк).

Каб давесці нелітаратурнасць формы развеіць нам без патрэбы акадэмічная граматыка — дастаткова любога школьнага падручніка, у якім паведамляецца: дзеясловы І спражэння на -яць (развеяць) у форме 3-й асобы множнага ліку маюць канчатак (развее). Памылка вынікла, відаць, з уплыву на мову славутага паэта дыялектных асаблівасцяў. Але гэта наўрад ці можа служыць апраўданнем для тых, хто безаглядна ўставіў нелітаратурнае напісанне ў праект дакумента, галоўнае прызначэнне якога — акрэсліваць і ўмацоўваць літаратурную норму.

E. БЕЛАРУСЬ І БЕЛАРУСКАСЦЬ

Кадыфікацыйны дакумент мусіць утрымліваць інфармацыю, найперш скіраваную на факты менавіта беларускай паўсядзённасці і гісторыі. Такую скіраванасць мы назвалі «беларусацэнтрызмам». На жаль, у Праекце гэты прынцып часта саступае месца «савета-» і «расіяцэнтрызму».

Вось бы павучыцца нашым нармалізатарам хоць бы ў аўтара слоўніка літары «яць» у рускай мове (быў і такі!), дзе мы знайшлі наступную фармулёўку з адпаведнай ілюстрацыяй:

Нарѣчіе «нѣкогда» пишется черезъ ѣ, когда означает когда-то, въ былое время, напр. Вильна была нѣкогда столицею Литвы8.

 

 7 БелГрам. Ч. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. С. 63-64.

   

І гэта дапусцілі ўлады краіны, што гадамі ваявала з Вялікім княствам Літоўскім, улады, ніяк не зацікаўленыя ў падтрыманні «літоўскага» патрыятызму! Упэўнены: калі б такая ілюстрацыя нейкім чынам і пракралася ў Праект, яе на этапе падрыхтоўкі дакумента да выдання, несумненна, скрэсліла б рука цэнзара: у сённяшняй незалежнай Беларусі баяцца звярнуцца да ўласных рэалій.

Вось у якасці прыкладу О- на пачатку ўласных назваў бачым Орск — назву заштатнага горада ў Арэнбургскай вобласці Расіі. Няўжо не лепш было б паставіць у ілюстрацыйны шэраг дзесяцімільённую Осаку, унівэрсытэцкі Остын (дзе, дарэчы, доўгі час выкладаў вядомы амерыканскі беларусазнавец доктар Курт Вулхайзер). Відаць, аўтары Праекта доўга не мучыліся: або разгарнулі СБМ на літару О і знайшлі толькі далёкі, мала каму ў Беларусі вядомы Орск, або проста скарысталі Звод-1959 — там Орск таксама ёсць, затое няма больш актуальных уласных назваў на пачатковы О-. А можна было б прапісаць уласнабеларускія назовы на О-, каб замацаваць іх правільнае напісанне, бо іх афармленне на пісьме можа выклікаць складанасці: вёска Опаль Іванаўскага раёна, рака, возера, паселішча ды дзве вёскі Обаль на Віцебшчыне, рака Ольса (прыток Бярэзіны) і гурт «Стары Ольса», возера і вёска Олтуш у Маларыцкім раёне і г. д. А з асобаў: савецкі, але не прапагандысцкі Ойстрах, іншаземцы Олдрыдж, Ом, Оруэл, Оўэн, беларускі шляхецкі род Осцікаў.

Пярэчаць «беларусацэнтрызму» і рэаліі з паходжання беларускія, але ў небеларускай форме. Прыкладам, назва вёскі Налі́бакі замацавана ў такой форме і ў БелЭн, і ў нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», а форма Налібо́кі, відаць, узніклая пад уплывам польскай акцэнтуацыі, у наш час падтрымліваецца рускім напісаннем і растыражавана ў тапоніме Налібоцкая пушча.

Русізмаў у Праекце не вельмі шмат (гл. табліцу 2), але сам факт іх наяўнасці, вядома ж, не сведчыць пра беларускасць ілюстрацыйнага матэрыялу:

 

 8 Ганъ, И. К. Полный словарь буквы ѣ: Собраніе всѣхъ словъ русскаго языка, коренныхъ и производныхъ, которыя пишутся черезъ ѣ. Вильна, 1887. С. 3.

   

Табліца 2.
Месца ў ПраекцеРусізмы з ПраектаПравільныя адпаведнікі
§ 20.11сэкранізаваць (фанетычны русізм, гл. каментарый 2)[зэкранізаваць]
§ 21.14дожджык — дожджыка (граматычны русізм)дожджыку (СБМ)
§ 21.22семянны1. насе́нны (фонд); 2. се́мявы (залоза) (РБС)
§ 22.1анюціны вочкібраткі (РБС)
§ 22.1іван-чайскрыпень (РБС)
§ 22.2шамякін суд (словаўтваральны русізм)шамякаў суд (РБС), бо Шамяка — мужчына
§ 23.1тытан — багатыр (семантычны русізм)волат, асілак (РБС)
§ 23.1Іісус Хрыстос (арфаграфічны русізм, гл. каментарый 1)Ісус Хрыстос (БелЭн)
§ 23.1Таптыгін (пра мядзведзя)у беларускіх казках гэты звер так не называецца
§ 23.1, двойчыТроіца (фанетычны русізм)Тройца (СБМ)
§ 40.4(мыльны) пузырбурбалка (РБС)
глава 8.3паджары9хударлявы, сухарлявы (РБС)
глава 19.2калгас «Рассвет»«Світанак» або «Світанне» (калі такі ёсць)
глава 21.13будучнасць (словаўтваральны русізм: па мадэлі ўзор руск. будущность)будучыня
глава 21.13...«малы Лондан» ... налічвае не менш шасці мільёнаў жыхароў (сінтаксічны русізм, гл. каментарый 3)не менш за шэсць, не менш як шэсць

Каментарыі да табліцы

1. Звяртае на сябе ўвагу новае для беларускай мовы напісанне імя Іісус. У грэчаскай форме ’Ιησους літара І абазначае ёт, таму ў лаціне Iesus, Jesus10. Такім чынам, транслітарацыя праз падвойнае Іі- ([ійі]) ніяк не набліжае беларускае вымаўленне гэтага імя да грэчаскага прататыпа, бо прапаноўвае вымаўляць лішні [і-]. Тым больш бессэнсоўным выглядае падваенне Іі- на фоне першаснай формы імя Хрыста — арамейск. Ješua. Відаць, аўтарам праекта не даюць спакою рэфарматарскія лаўры маскоўскага патрыярха Нікана11, які ў сярэдзіне XVII ст. правёў у Расіі рэформу праваслаўнай абраднасці (сярод іншага, замену традыцыйнага напісання Исусъ на Іисусъ), што прывяло да «расколу» і ўзнікнення стараабрадніцтва.

2. Афармленне праз с- пачаткова — у першых выданнях РБС і БРС — набылі словы сэканоміць, сэканомлены, аднак у наступныя выданні згаданых слоўнікаў былі ўнесены адпаведныя карэктывы: зэканоміць, зэканомлены.

3. Не варта ўключаць у дакумент, разлічаны на доўгатэрміновае выкарыстанне, неканстантныя звесткі (звесткі, якія падлягаюць зменам); гэта шкодзіць інфармацыйнай, пазнаваўчай функцыі тэксту (цяпер насельніцтва «малога Лондана» складае больш за 7 мільёнаў жыхароў). Дарэчы, згаданы сказ належыць пяру К. Крапівы і «паходзіць» са Звода-1959 (с. 111, § 238).

Як нястачу «беларусацэнтрызму» мы схільны інтэрпрэтаваць няўвагу да новых фактаў беларускай рэчаіснасці, у тым ліку да з’яўлення новай лексікі, не інспіраванага вонкавымі фактарамі (напрыклад, тэхнічным прагрэсам), а як вынік самаразвіцця мовы.

У Прадмове да «летняга» варыянта Праекта (маецца на ўвазе варыянт на момант лета 2006 г.), каб абгрунтаваць патрэбу выдання новага звода, яго аўтары адзначаюць: «Істотна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы». Але ж якраз новай лексікі ў Праекце — вобмаль. Зрэшты, ігнараванне лексічнага ўзбагачэння мовы было ўласціва і праекту Падлужнага. Гэта і не дзіва, калі ўчытацца ў прадмову рэдагаванага А. Падлужным 3-га выдання БРС (2003) — своеасаблівы маніфест тых, хто акурат абнаўлення слоўнікавага складу беларускай мовы заўважаць не хоча:

За гэты перыяд <апошнія дзесяцігоддзі> праявілася тэндэнцыя замены рада лексем, якія шырока ўжываліся да канца 1980-х гадоў, іншымі лексемамі і толькі таму, што яны менш падобныя на адпаведныя лексемы рускай мовы. Так, выстаўка заменена выставай, вечарынкавечарынай, мерапрыемстваімпрэзай, чайнікімбрыкам, крэслафатэлем, мінчанемінчукамі, экзэмплярыасобнікамі або паасобнікамі, гродзенцыгарадзенцамі, БрэстБярэсцем ці Берасцем, пасоламбасадарам і да т. п.

Аўтары, якія рыхтавалі Слоўнік да друку, як правіла, падобныя лексічныя дуплеты ў яго не ўключалі, бо іх ужыванне відавочна звязана толькі з пэўнай групай карыстальнікаў літаратурнай мовы і яны нічым не адрозніваюцца ад дзесяцігоддзямі замацаваных лексем (с. 5).

Няма ні ў БРС-3, ні ў Міністэрскім праекце такіх агульнаўжывальных слоў, як: адмысловец, вернік, выступоўца, вядоўца, галадоўнік, заўзятар, запрашальнік, кіроўца, ліставацца, месціч, насамрэч, незалежніцтва, пахаджанін, пражыткавы (мінімум), прымач, спадар, спадарыня, травень, хмарачос, хохлік, хоць яны ўжо актыўна ўжываюцца і ў дзяржаўных СМІ, і ў кнігах дзяржаўных ведавецтваў.

Аглядкай на «старэйшага брата» прасякнуты ўвесь Праект, што вынікае нават з фармулёвак арфаграм:

§ 12.1. У асобных словах адбылося спрашчэнне груп зычных: спалучэнні здн, згн, лнц, стн, скн, сльн, спн, стл, рдн, рдц сталі вымаўляцца як зн, сн, сл, рн, рц, што і адлюстроўваецца на пісьме: ... лнц — нц: сонца, сонечны, Сонцаў (параўн.: сланечнік)...

Спалучэння лнц у слове сонца і вытворных ад яго не можа сустракацца нават тэарэтычна — пры пабудове словаўтваральнага ланцуга, а падаваць у якасці падмацавання лексему сланечнік — некарэктна, бо (1) гэта паланізм; (2) [л] не сутыкаецца з [н], а аддзяляецца ад яго галосным [а]; [ц] перайшоў у [ч] і аддзяляецца ад н беглым [’э]. Таму пры ўсім жаданні лнц з л..н..ч не «зляпіць» ніяк.

У такіх месцах Праект асабліва яскрава выяўляе сваю метадалагічную сутнасць — інструкцыя «Як пісаць па-беларуску, калі ўжо ўмееш па-руску», свой латэнтны «русацэнтрызм». Усе пералічаныя ў гэтым пункце з’явы аб’ектыўна падштурхоўваюць карыстальніка да думкі пра другаснасць беларускага правапісу (у дачыненні рускага) і беларускай мовы наогул.

F. ПАЛІТКАРЭКТНАСЦЬ

На жаль, у Праекце ёсць праблемы і з паліткарэктнасцю. Магчыма, справа ў тым, што такое паняцце ўвайшло ў нашу рэчаіснасць зусім нядаўна, замяніўшы сабою савецкую палітычную цэнзуру. Але як бы хто ні ставіўся да патрабаванняў паліткарэктнасці, застаецца толькі іх выконваць. Прыкладам, непрымальнае для нашых афрыканскіх братоў словазлучэнне Чорная Афрыка (§ 24.1) мае паліткарэктны англійскі адпаведнік: Sub-Saharan Africa, які ў беларускіх тэкстах перакладаецца як Афрыка на поўдзень ад Сахары12.

 

 9 Магчыма, маецца на ўвазе форма загаднага ладу дзеяслова паджэрці. Але і ў такім выпадку словаформу паджары́ наўрад ці варта змяшчаць у афіцыйным дакуменце, якім прэтэндуе стаць Праект.

 10 Літары і і j былі разведзены толькі ў сярэдневяковай лаціне, а ў антычнай лаціне яны лічыліся графічнымі варыянтамі адной літары. Тое ж можна сказаць і пра літары u i v. Таму напісанні Iesus i Jesus, novvm i nouum з пункту гледжання фанетыкі - тоесныя. Такім чынам, гукавое значэнне літар і, u ў антычнай лаціне залежала ад пазіцыі.

 11 Той самы патрыярх Нікан блаславіў цара Аляксея Міхайлавіча на вайну супраць Рэчы Паспалітай у 1654 г. і спрыяў знішчэнню беларускага насельніцтва, забяспечваючы рускае войска не толькі грашыма (10 тыс. руб. - вельмі салідная на той час сума), фуражом і транспартам, але і зброяй, зробленай у царкоўных уладаннях (Русское православие: Вехи истории. М., 1989. С. 203).

   

Не спрыяе захаванню паліткарэктнасці ў поліканфесійным грамадстве і «прамоцыя» праваслаўя, бо праваслаўныя рэаліі сустракаюцца значна часцей за тэрміналогію ўсіх іншых дэнамінацый і культаў разам узятых (пры гэтым у Праекце прапаноўваецца шэраг навацый):

ангел (у СБМ ёсць толькі форма анёл)
Іісус Хрыстос
Мінскі кафедральны сабор
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Прасвятая Дзева Марыя
Прасвятая Троіца
Прачыстая Уладычыца Нябесная

Ражджаство Хрыстова (лексемы Ражджаство няма ні ў водным акадэмічным слоўніку)
Святыя Роўнаапостальныя Кірыл і Мяфодзій
Уваскрасенне Хрыстова (у СБМ і ТСБМ лексемы ўваскрасенне няма, а ёсць уваскрашэ́нне і ўваскрэ́сенне.)
Уладыка Нябесны
Ушэсце Гасподняе
Царыца Нябесная

G. ЖЫВЫЯ І МЁРТВЫЯ

Доля аўтараў і цытат з іх твораў

Недастатковую ўвагу да раздзела «Пунктуацыя» (такую няўвагу яшчэ на пачатку публікацыі мы патлумачылі адсутнасцю навацый у гэтым раздзеле) нам хацелася б кампенсаваць больш падрабязным аналізам ілюстрацыйнага матэрыялу.

Правапісны і пунктуацыйны звод — гэта выдатная магчымасць падаць цэласную карціну развіцця нацыянальнай літаратуры, яе сённяшняга дня. Такі дакумент мусіць быць хрэстаматыяй цытат — максімальна разнастайных, мастацкіх, па-майстэрску выпісаных, проста ўзорных. З гэтых цытат на вачах чытача-карыстальніка тчэцца палатно мінуўшчыны і цяпершчыны народа, яго натура, яго бачанне сябе і свету.

А замест такога інтэграванага, шматфункцыянальнага тэксту — у абліччы Праекта карыстальнік можа атрымаць хрэстаматыю беларускай савецкай літаратуры, нібы да 1917-га і пасля 1991-га ні беларусаў, ні пісьменства ў іх не было. Мы прааналізавалі «асабовы склад» аўтараў цытат паводле крытэрыя «жыве~не жыве» (гл. дыяграмы 1 і 2).

d1 (15K)d2 (15K)
Дыяграма 1.
Долі аўтараў цытат
Дыяграма 2.
Долі цытат жывых і нежывых аўтараў
Заўвага да дыяграм 1 і 2.
«Невядомыя» асобы — аўтары, пра якіх не ўдалося знайсці біяграфічных звестак.

 

 12 Прыклад ужывання: Даклад аб чалавечым развіцці 2004 / Праграма развіцця ААН. Мн., 2004.

   

Як відаць з дыяграм 1 і 2, нашы сучаснікі радкамі са сваіх твораў амаль не прадстаўлены.
Табліца 3. Рэйтынг аўтараў (крыніц) цытат13
1.Колас Я.164/27/31
2.Шамякін І.39/2/6
3.Брыль Я.35/6/1
4.Мележ I.30/6/4
5.Купала Я.28/3/8
6.Чорны К.25/9/8
7.Крапіва К.23/4/5
8.Быкаў В.21
9.Лынькоў М.17/3/4
10.Сачанка Б.17
11.Пястрак П.16/1/7
12.Панчанка П.15/0/1
13.Броўка П.14/4/0
14.Хадкевіч Т.13/3/0
15.Далідовіч Г.12
16.Бядуля З.10/6/0
17.Гілевіч Н.10
18.Навуменка І.10/2/0
19.Танк М.10/1/1
20.Трус П.10/2/2
21.Багдановіч М.9/1/0
22.Вольскі В.8/1/0
23.Грахоўскі С.8/1/0
24.Прыказкі8
25.Глебка П.7
26.Караткевіч У.7
27.Куляшоў А.7/0/2
28.Сіпакоў Я.6
29.Скрыган Я.6/1/0
30.Васілевіч А.5
31.Лупсякоў М.5
32.Маўр Я.5/2/1
33.Чарнышэвіч А.5/1/0
34.Янішчыц Я.5
35.Бачыла А.4/0/1
36.Галавач П.4/2/0
37.Гартны Ц.4/2/1
38.Зарэцкі М.4/3/0
39.Кулакоўскі А.4/1/0
40.Машара М.4/2/0
41.Паслядовіч М.4/2/1
42.Пташнікаў І.4
43.Самуйлёнак Э.4
44.Асіпенка А.3
45.Астрэйка А.3/1/0
46.БелСЭ3
47.Грамовіч І.3/3/0
48.Звонак А.3/1/0
49.Краўчанка У.3
50.«ЛіМ»3/1/0
51.Мікуліч Б.3/2/0
52.Пальчэўскі А.3
53.Русак А.3/1/0
54.Сабаленка Р.3/2/0
55.Якімовіч А.3
56.Адамчык В.2
57.Баранавых С.2/1/0
58.Бялевіч А.2/1/1
59.Валасевіч Э.2/0/2
60.Вярцінскі А.2
61.Гамолка М.2
62.Гурскі І.2/2/0
63.Ермаловіч М.2
64.З газет2
65.«Звязда»2
66.Зуёнак В.2
67.Карамазаў І.2
68.Карпаў У.2
69.Пушча Я.2
70.Янкоўскі Ф.2
71.Агняцвет Э.1
72.Адамовіч А.1
73.Александровіч С.1
74.Астапенка А.1
75.Аўрамчык М.1
76.Бажко А.1
77.Бел. мова.
Энц-дыя
1
78.Бондар Т.1
79.Буйло К.1
80.Бураўкін Г.1
81.Ваданосаў М.1
82.Васілеўская Г.1
83.Васілеўскі А.1
84.Галіноўская Н.1
85.Гарэцкі М.1
86.Дайнека Л.1
87.Дзяменцьеў I.1
88.Законнікаў С.1
89.Зарыцкі А.1
90.Ігнаценка Р.1
91.Каваленка В.1
92.Каваль В.1/1/0
93.Капыловіч I.1
94.Карпюк А.1
95.Кірэенка К.1
96.Ліпскі У.1
97.Лужанін М.1
98.Майхровіч С.1
99.Макаёнак А.1
100.Макаль П.1
101.«Маладосць»1
102.Марціновіч А.1
103.Мачульскі Р.1
104.Місько П.1
105.Народнае1
106.Новікаў I.1
107.«Полымя»1
108.Правасуд У.1
109.Прыходзька П.1
110.Пшыркоў Ю.1
111.Рамановіч Я.1
112.Рылько І.1
113.Свяцкі А.1
114.Ставер А.1
115.Ус А.1
116.Хадыка У.1/1/0
117.Хведаровіч М.1
118.Чыгрынаў І.1
119.Чэрня X.1
120.Шахавец У.1
121.Шкірманкоў Ф.1
Усяго 762/115/87 цытат

Мы не закраналі б гэтай далікатнай тэмы (нават дзеля навуковай дакладнасці і вычарпальнасці!), калі б не здагадваліся, што за выбарам на карысць нежывых стаіць пэўная матывацыя. Насмелімся дапусціць, што аўтарам Праекту цытаваць нежывых было спакайней, бяспечней...

У Праект не трапілі цытаты з аўтараў, народжаных пасля ІІ сусветнай вайны. Няма такіх вядомых імёнаў, як Уладзімір Арлоў, Адам Глобус, Вольга Іпатава, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Юры Станкевіч, Анатоль Сыс, Андрэй Федарэнка ды інш.

На такім фоне выглядае цалкам натуральна, што слаба рэпрэзентаваны пісьменнікі, чыя ацэнка рэчаіснасці не заўсёды супадала з меркаваннямі ва ўладных кабінетах. Аднак «нязручныя» аўтары ўсё ж такі ёсць — гэта народныя пісьменнік і паэт Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч. Ёсць — у мізэрных дозах — таксама народны паэт Генадзь Бураўкін, а таксама Сяргей Законнікаў і Анатоль Вярцінскі. А вось народнага паэта Рыгора Барадуліна няма зусім.

Сярод аўтараў цытат няма імён класікаў беларускай літаратуры Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш, наогул няма ніводнага «неправеранага» аўтара, нікога, хто не фігураваў бы ў савецкіх выданнях. Так аказаўся праігнараваным цэлы пласт  беларускага пісьменства — літаратура замежжа: Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Рыгор Крушына, Уладзімір Клішэвіч ды інш.

Самае дзіўнае: у кола аўтараў цытат не ўключылі нават пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча (у Праекце ён названы Вікенціем), Францішка Багушэвіча, Цёткі, Ядвігіна Ш. Засталася без увагі творчасць і ўжо даўно рэабілітаваных уладамі, але, відаць, не рэабілітаваных аўтарамі Праекта Уладзіміра Дубоўкі, Вацлава Ластоўскага, Станіслава Шушкевіча, Андрэя Мрыя, Уладзіміра Жылкі ды шмат каго іншага.

Пры гэтым непамерна раздзьмуты «ўдзел» Якуба Коласа (больш за 1/5 усіх цытат!), што штучна збядняе палітру беларускай літаратуры. Прычына павышанай «каласістасці» Праекта хаваецца ў яго вытоку — у Зводзе-1959, рэдактары якога — Кандрат Крапіва і Пятро Глебка — не пашкадавалі месца, каб ушанаваць нядаўна спачылага (у 1956 г.) старэйшага таварыша14. Іншая справа — наш час, пачатак ХХІ стагоддзя. За мінулыя паўвека напісана больш беларускіх кніжак, чым ад стварэння свету і аж да года 1959-га. Зрэшты, пра другаснасць ілюстрацыйнага матэрыялу, асабліва ў раздзеле «Пунктуацыя», мы пагаворым ніжэй.

З іншага боку, сярод аўтараў цытат-ілюстрацый ёсць «невядомыя» асобы, без чыіх радкоў Праект толькі выйграў бы. Напрыклад, мы знаходзім сказ аўтарства некага I. Дзяменцьева:

§ 21.14. ... Іншы раз рэкі двух розных басейнаў бяруць пачатак з аднаго і таго ж балота (напрыклад, рэкі Лучэса і Аршыца паміж Віцебскам і Оршай).

Афармленне праз э – замест чаканага о: Лучоса — вынік няведання зыходнай, беларускай формы і знаёмства з назваю ракі праз рускую мову — Лучеса, адкуль, мабыць, і «вывелася» памылковае напісанне. Аднак паставіць гэта ў віну І. Дзяменцьеву ніяк не выпадае, бо гэтыя радкі належаць прэзідэнту Геаграфічнага таварыства Беларусі прафесару геаграфіі Васілю Аляксеевічу Дзяменцьеву. Настойлівыя пошукі прывялі нас да крыніцы цытаты — «Прырода Беларусі (фізіка-геаграфічны агляд)» (Мн., 1959. С. 92). У іншых беларускамоўных кніжных публікацыях, падпісаных згаданым імем, фігуруе правільная форма. Улічваючы, што Васіль Андрэевіч нарадзіўся, вучыўся і фармаваўся як навуковец у Расіі, лагічна будзе меркаваць, што свае тэксты ён пісаў па-руску. Таму памылковае э варта залічыць на рахунак рэдактара і карэктара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, якое рыхтавала да друку названую кнігу.

Аўтары Праекта не толькі зблыталі ініцыял аўтара, але і скарацілі цытаваны сказ удвая. А ў такіх выпадках прынята рабіць пазнаку, напрыклад: «(паводле В. Дзяменцьева)».

Апроч пісьменнікаў і навукоўцаў, у Праекце «паўдзельнічалі» перыядычныя і два энцыклапедычныя выданні: «Беларуская мова» і БелСЭ. Яшчэ ў 1996 г. пачалося і ўжо тры гады таму скончылася выданне 18-томнай БелЭн, а Праект усё спасылаецца на састарэлую — ва ўсіх адносінах — БелСЭ. Сярод цытат з перыёдыкі фігуруе безаблічнае «З газет», у той жа час не прыцягнуты матэрыял ніводнага недзяржаўнага выдання, хоць сярод апошніх ёсць і літаратурныя.

ІV.2. Пасланне з сацыялістычнага пазаўчора

ІЛЮСТРАЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ ПРАЗ ПРЫЗМУ СТАТЫСТЫКІ

А. «Вернасць традыцыям» ці плагіят?

У прадмове да трэцяга варыянта праекта Падлужнага (2004) паведамлялася, што:

Часовы навуковы калектыў ... падрыхтаваў праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»... (с. 3).

Кантэкст не падказвае, у якім значэнні ўжыта слова «рэдакцыя», таму яго можна інтэрпрэтаваць двума спосабамі: 1) выпраўлены з улікам навацый Звод-1959; 2) зусім новы дакумент з улікам навацый, колькасць і якасць якіх, аднак, не дае падстаў гаварыць пра рэформу мовы.

У выніку ж атрымалася нешта сярэдняе: праект Падлужнага даволі далёка «адарваўся» ад свайго прататыпа, але ж і зусім новым дакументам назваць яго не выпадае. З пераходам норматворчай ініцыятывы ў рукі Міністэрства асветы дакумент зазнае далейшыя змены, асабліва ў арфаграфічнай частцы і ў галіне арганізацыі матэрыялу, што дало нам падставы гаварыць пра яго як пра новы твор — Міністэрскі праект. І ён таксама перажыў ужо некалькі стадый выпраўлення: нам вядомы прынамсі тры варыянты — «веснавы», «летні» і «восеньскі» 2006 года. «Дапрацоўка» пунктуацыйнай часткі праявілася, сярод іншага, у цэнзураванні: прыкладам, у «восеньскім» варыянце Праекта колькасць цытат з Быкава скарацілася ў параўнанні з «летнім» амаль на траціну (з 30 да 21).

Табліца 4.
Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы.Праект
§ 11. Знакі прыпынку пры сцвярджальных, сцвярджальна-пабуджальных, пытальных і адмоўных словах§ 47. Коска пасля сцвярджальных, адмоўных і пытальных слоў
1. Сцвярджальныя словы так, але, ага, сцвярджальна-пабуджальныя словы ну, што ж, як жа, пытальныя словы што, як, адмоўнае слова не і інш., якія знаходзяцца ў пачатку сказа, звычайна аддзяляюцца пры дапамозе коскі: … Што, грыбоў яшчэ няма? (Я. Колас).

Заўвага. Калі такія словы спалучаюцца з узмацняль­нымі часціцамі, то яны аддзяляюцца коскай разам з імі, напр.: Ой не, пакідаць таварыша ў бядзе нельга (Я. Маўр).

1. Коскай выдзяляюцца сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў пачатку сказа, калі яны цесна звязаны са сказам, які раскрывае, канкрэтызуе іх сэнс: так, але, ага, ну, што ж, як жа, не, што, як і інш. Напрыклад: … Што, грыбоў яшчэ няма? (Я. Колас).

Калі пры такіх словах стаяць узмацняльныя часціцы, то коскай яны аддзяляюцца разам. Напрыклад: Ой не, пакідаць таварышаў бядзе нельга. (Я. Маўр).

3. Калі сцвярджальныя, сцвярджальна-пабуджальныя, пытальныя і адмоўныя словы знаходзяцца ў сярэдзіне простага сказа, то яны выдзяляюцца коскамі з абодвух бакоў: … Не загасне, не, ніколі светач праўды на зямлі (М. Машара).Работа, што ж, у лес не пабяжыць (Ц.Гарт­ны).3. Сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў ся­рэ­­дзіне сказа выдзяляюцца коскамі з абодвух бакоў.
Напрыклад: Не загасне, не, ніколі светач праўды на зямлі. (М. Машара).

Работа, што ж, у лес не пабяжыць. (Ц. Гартны).

4. Калі сцвярджальныя, сцвярджальна-пабуджальныя, пытальныя і адмоўныя словы знаходзяцца ў канцы сказа, то перад імі ставіцца коска, а пасля іх — той знак прыпынку, які патрабуецца зместам і інтанацыяй усяго сказа: … Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (I. Мележ). Я цяжкасцей не баюся, не! (I. Грамовіч).4. У канцы сказа перад сцвярджальнымі, адмоўнымі і пытальнымі словамі ставіцца коска, а пасля — знак прыпынку ў адпаведнасці з агульнымі правіламі. Напрыклад: Я цяжкасцей не баюся, не! (I. Грамовіч).

Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (I. Мележ).

§ 11.1. … Калі ўказаныя словы ўжываюцца ў ролі асобных нячленных сказаў, то пасля іх ставяцца знакі прыпынку, якія патрабуюцца зместам і інтанацыяй гэтых сказаў: … «Ты мяне слухаеш?» «Ага» (Я. Колас). … (С. 102—103)Глава 9. Кропка. 7. Кропка ставіцца пасля сцвярджальных ці адмоўных слоў-сказаў так, не і іх сінонімаў (ага, але, эге, ну, добра і інш.) пры адсут­насці клічнай або пытальнай інтанацыі. Напрыклад: … «Ты мяне слухаеш?» — «Ага». (Я. Колас).
Заўвага да табліцы.
Параграф 47 Праекта мае некарэктную назву, бо ў ім рэгулюецца пастаноўка коскі не толькі пасля, але і перад сцвярджальнымі, адмоўнымі і пытальнымі словамі.

Табліца 5. Рэйтынг ужытых слоў
вайна, ваенны, воін25
шчасце і вытворныя20
дзед18
(з іх дзед Талаш3)
смех12
стрэл і аднакаранёвыя12
партызан(скі)9
каса, касіць8
Прэзідэнт, прэзідэнт8
радасць і вытворныя8
Расія, расійскі7
Волга, волжскі6
калгас і вытворныя6
конь6
Полацк і вытворныя
(з іх Сімяон, Ефрасіння
— па 1 р.)
6
бульба і вытворныя5
Скарына5
смерць5
трактар(ны)5
аўтамат(ны)4
гітлеравец, гітлераўскі4
плач4
вораг, варожы3
Масква, маскоўскі3
фашызм, фашыст,
фашысцкі3
фронт3
рускі
(з іх 1 р. у назве
Вялікае Княства Літоўскае,
Рускае і Жамойцкае)
3
княжыць, князь,
княства (апроч ВКЛ)
3
кулямёт3
Амерыка
(абодва разы —
у складзе ЗША)
2
бабка2
Вялікае Княства Літоўскае2
інтэрнацыяналіст,
інтэрнацыянальны
2
кажух2
камісар(ыят)2
лапці2
Рагвалод2
Савецкі Саюз2
гармата, гарматны2
брыгадзір1
камбрыг1
Літоўская метрыка1
Літоўскі статут1
Вільня0,
затое вільнюскі1
Грунвальд0
Будны, Гусоўскі, Цяпінскі0
Альгерд, Вітаўт,
Гедымін, Жыгімонт,
Кейстут, Сапега
0
дзіда, кап’ё, лук, меч,
страла, суліца
0
баярын, баярства,
шляхта, шляхціч
0
аўтобус, тралейбус,
трамвай
0
дыск, інтэрнэт,
камп’ютэр/камп’ютар,
сайт, сервер/сэрвер,
Сеціва, сканер, файл,
фолдэр/фолдар
0

Ці можна назваць самастойнай такую працу:

1) якая і структурна, і сутнасна пераймае Звод-1959, створаны на ўзор рускага арфаграфічнага звода?

Звод-1959. Прадмова: Каб зрабіць больш лёгкім засваенне «Правіл», аўтары іх імкнуліся захаваць тэкстуальную блізкасць да «Правил русской орфографии и пунктуации» ў тых раздзелах, дзе адрозненне не выклікаецца нацыянальнай спецыфікай беларускай мовы (злітнае і раздзельнае напісанне, ужыванне вялікай літары, правілы пераносу слоў, пунктуацыя) (с. 4).

2) якая «пазычае» з іншых правапісна-пунктуацыйных дакументаў цэлыя абзацы, не мяняючы ў іх ні коскі? Так сталася з пунктам 8 главы 12, які проста слова ў слова паўтарае пункт 8 параграфа 4 кнігі Леаніда Бурака «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы».

3) ілюстрацыі да якой на 11% (87 цытат) складаюцца з матэрыялу да Звода-1959, на 15% (115) — з кнігі Л. Бурака (гл. табліцы 3 і 4; са «зводаўскіх» і «буракоўскіх» цытат «перакрываюцца» толькі 5)? Відаць, пры жаданні можна было б знайсці і іншыя «крыніцы натхнення» аўтараў Праекта для астатняй долі ілюстрацый.

Пры гэтым не можа не здзіўляць вольнасць абыходжання з ілюстрацыйным матэрыялам: у Праекце пры цытаванні могуць змяняцца граматычныя формы, словы, абсякацца сказы; некаторыя «іменныя» ў прататыпе 1959 года ілюстрацыі — у Праекце робяцца «ананімнымі» (напрыклад, у главе 9.1).

Заяўленая аўтарамі Праекта мадэрнізацыя ў шэрагу выпадкаў зводзіцца да мінімальнай замены:

Звод-1959: § 217. ... Слаўся, наша сталіца Масква! (Броўка).

Праект: Глава 11.1. ... Слаўся, наша сталіца Мінск! — указанне на крыніцу цытаты абачліва знята.

Яшчэ адзін прыклад. Пададзены крыху вышэй фрагмент Праекта (§ 17.5, гл. у гэтай публікацыі падраздзел ІV.1.В пункт «Парадак») — у параўнанні з прататыпам (Звод-1959, § 87.1) — «асучасніўся» наступным чынам: з яго проста зніклі дзве ілюстрацыі — камсамольцы і ліверпульскі.

Застаецца толькі павіншаваць аўтараў Праекта з бліскуча зробленай, сапраўды наватарскай працай.

В. «Гітлеравец за ім — тр-тр з аўтамата»15

 

 13 Улічаныя толькі падпісаныя цытаты. Лічба абазначае колькасць цытат у Праекце, другая і трэцяя лічбы, пасля дробу, - колькасць "супадзенняў" з цытатамі з кнігі Л. І. Бурака «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы» (Мн.: Выдавецтва БДУ, 1980) і з цытатамі са Звода-1959.

 14 «Арганізацыя і першыя крокі працы па ўдакладненню і ўдасканаленню існуючых правапісных норм звязаны з імем народнага паэта Беларусі акадэміка Якуба Коласа, які на працягу некалькіх год узначальваў арфаграфічную камісію і ўнёс вялікі ўклад у вырашэнне многіх прынцыпова важных пытанняў беларускага правапісу»
(Звод-1959. С. 4).

   

Са старонак Праекта Беларусь паўстае ў абліччы дзеда Талашапартызана-калгасніка ў лапцях і кажусе, са стрэльбаю ў адной руцэ і касою — у другой (гл. табліцу 5). Гэта Беларусь нарадзілася ў 1917 годзе, і час для яе спыніўся да з’яўлення аўтобусаў і тралейбусаў, да эпохі камп’ютэраў і інтэрнэту. Беларусь-Талаш няспынна вядзе барацьбу з фашыстамі, перамагае іх, але ніяк не пераможа. Дзесьці глыбока ў свядомасці Беларусі-Талаша жыве, як цьмяны ўспамін, згадка, што былі да яго Рагвалод, Ефрасіння, Вялікае Княства Літоўскае16. Але ж больш нічога ўзгадаць Талаш не можа... Дый чаго корпацца ў памяці, калі ёсць Расія, Волга, Масква. Вось яно — шчасце!

Ідэолагі Краіны Саветаў надалі кожнай савецкай рэспубліцы пэўную функцыю, рысу, якою яна мела ганарыцца: Беларусь была рэспублікай-партызанкай, Узбекістан — рэспублікай-баваўнаробкай, Украіна — жытніцаю, Грузія — проста сонечнаю, адна Расія была ўсім — «матухнаю»... Эксплуатацыя «раскручанага брэнду» савецкай эпохі — партызанства; абсалютызацыя адзінай гістарычнай падзеі, Вялікай Айчыннай вайны, коштам забыцця папярэдняга гістарычнага досведу; ігнараванне рэалій сучаснага жыцця — усё гэта робіць ілюстрацыйную частку Праекта прымітыўна-кан’юнктурнай.

І калі ілюстрацыйны матэрыял Звода-1959 выглядае мадэрнова — для свайго часу, то той жа матэрыял у Праекце-2006 уяўляецца пасланнем з далёкай сацыялістычнай мінуўшчыны — нашчадкам, якія жывуць ужо пры камунізме.

V. ПАНОПТЫКУМ

На заканчэнне публікацыі мы вырашылі сабраць у адзін раздзел тыя моманты, што не клаліся ў тэматычныя раздзелы.

V.1. СТВОРАНАЕ БЫЦЬ ПАРУШАНЫМ
Правапіс прыстаўных галосных

У Праекце паўтараецца традыцыйнае правіла:

§ 8.1. Прыстаўная галосная і пішацца:

у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы ...у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першымі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці папярэдняга слова, што канчаецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна... Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое канчаецца на галосную і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара і не пішацца, напрыклад: Не чакай, што ржа з гадамі паесць ланцугі... (Я. Купала). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (Я. Колас)....

3. Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і і а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, заржаць, зардзецца, замглёны, замшэлы...

Дактары настойліва раяць не есці пасля 7-й гадзіны вечара, бо гэта шкодна для здароўя, аднак большасць людзей ігнаруе гэтую рэкамендацыю. Гэтак усе, хто прафесійна піша па-беларуску, ведаюць працытаванае правіла, аднак закон аналогіі, пурыстычныя меркаванні, мо яшчэ нешта штурхаюць чалавека на тое, каб захоўваць прыстаўны незалежна ад таго, ёсць галосны перад прыстаўкаю ці няма.

Такая практыка знайшла замацаванне ў асноўных нарматыўных слоўніках — СБМ і ТСБМ:

даілгацца, даімчацца, даімчаць, заільсніцца, заімглелы, заімглёны, заімгліць, заімчацца, заімчаць, заімшэлы, заімшэць, заірдзецца, заірдзець, заіржавелы, заіржавець, заіржаўлены, заіржаць, паімжыць, паімжэць, паімчацца, паімчаць.

Паказальна, што падобныя формы мы сустракаем, напрыклад, у Вячаслава Адамчыка, Васіля Быкава, Змітрака Бядулі, Леаніда Дайнекі, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Кулакоўскага, Міхася Лынькова, Паўла Місько, Макара Паслядовіча, Івана Пташнікава, Эдуарда Самуйлёнка, Кузьмы Чорнага, Алеся Якімовіча, цытаты з твораў якіх сталі ілюстрацыямі Праекта. Выходзіць, аўтары дакумента, з аднаго боку, лічаць мову гэтых пісьменнікаў вартаю таго, каб падаваць яе ў Праекце; з другога — пэўныя арфаграфічныя моманты ў іх мове для аўтараў Праекта — непрымальныя.

Загад (а арфаграма — гэта загад) мусіць быць выканальным. Таму перш як прымаць катэгарычныя правілы, добра было б узважыць, наколькі жыццёвымі яны будуць. А рыгарыстычныя, максімалісцкі