A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



дзень волі • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


дзень волі

  Павал Усаў

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Усаў
Дыялёг моцнага са слабым
Кожнае палітычнае дзеяньне, асабліва арганізацыя вулічнага шэсьця, дэманстрацыі ці маршу пратэсту мусіць дэталёва рыхтавацца. Іначай «вуліца» можа абярнуцца супраць яе арганізатараў. Няўдалая арганізацыя палітычнага шэсьця ўплывае на настрой людзей глыбей за ўладную прапаганду: шараговы ўдзельнік на сабе адчувае слабасьць і бездапаможнасьць апазыцыі.

Прааналізуем лёгіку дзеяньняў арганізатараў шэсьця 25 сакавіка, пастаўленыя імі задачы, паглядзім, ці яны дасягнутыя. Мэты ўлады падчас палітычных акцыяў больш чым зразумелыя: лякалізацыя дэманстрацыі і яе разгон. Дзеля гэтага сілавыя структуры выкарыстоўваюць вельмі простыя і эфэктыўныя захады:

1. Прэвэнтыўная ізаляцыя найбольш актыўных прадстаўнікоў апазыцыі (арышты).

2. Недапушчэньне канцэнтрацыі вялікай колькасьці ўдзельнікаў у Менску (ізаляцыя рэгіёнаў).

3. Раскол, расьцягваньне сабраных на некалькі групаў ці калёнаў і паступовы разгон. Малыя групы без адзінага і зладжанага кіраўніцтва ня будуць у стане аказваць супраціў.

Падчас інфармацыйнай кампаніі кіраўніцтва апазыцыі заклікала людзей на сьвяткаваньне Дня Волі менавіта на плошчы Каліноўскага. Прызначаліся два пункты збору: каля ГУМу і цырку. У выніку сабраліся дзьве калёны. Гэта магло азначаць, што ўсе ж такі прынятае рашэньне прынамсі паспрабаваць прарвацца на Плошчу, заблякаваную з усіх бакоў міліцыяй.

А. Мілінкевіч даў зразумець, што ён не зьбіраецца ісьці на канфлікт зь міліцыяй і акцыя будзе мірнай. Калі ставілася мэта проста адсьвяткаваць Дзень Волі, то навошта заклікаць людзей на плошчу Каліноўскага (пры гэтым спадзявацца толькі на добрую волю ўладаў) ды яшчэ гуртавацца ў розных месцах? Калі апазыцыя ня хоча, каб улада дыктавала ёй свае ўмовы, і гатовая адстойваць да канца свой выбар, трэба не дазволіць міліцыі выціснуць людзей з праспэкту. Калі ж правадыры тлумачаць сваю пасіўнасьць нежаданьнем «падстаўляць» людзей, дык навошта ўвогуле заклікаць іх на вуліцу? Калі ж апазыцыя ставіла мэту стварыць «карцінку» для Захаду, дык навошта было пісаць лісты Лукашэнку?

Дзесьці каля 12‑й гадзіны 25 сакавіка людзей пачалі выціскаць з праспэкту Скарыны. Лякальныя спробы стрымаць націск міліцыі захлынуліся, бо ўзьнікалі яны спантанна, а не сплянавана. Людзей пачалі расьцягваць у розныя бакі невядомыя людзі (ці гэта былі лякальныя лідэры, ці правакатары — цяжка сказаць). Сама калёна нагадвала войска, якое хаатычна адступае. Далей калёна выглядала на вязьняў турмы ці канцлягеру, якія рушылі пад строгім канвоем. Любы крок управа ці ўлева жорстка караўся. Амаль адразу стала зразумела, што кіруе і накіроўвае людзей ня аргкамітэт, а міліцыя. Калёна ці тое, што ад яе засталося, ішла, а дакладней, вялася далей, невядома куды, невядома навошта. Часам здаралася, што група «каардынатараў шэсьця» ідзе ў адным кірунку, а большая частка людзей — зусім у іншым. Стомленыя, расчараваныя людзі проста разыходзіліся, альбо іх хутка заганяла ў мэтро міліцыя.

Вартыя жалю нараканьні, што ў хаатычнасьці шэсьця вінаватая міліцыя, бо яна парушыла нейкія дамоўленасьці (як сьцьвярджаюць прадстаўнікі аргкамітэту, існавала дамова з палкоўнікам Падабедам). А нават калі міліцыя і зламала дамоўленасьць з апазыцыяй, дык што адсюль вынікае? Калі міліцыя ігнаруе дамоўленасьці, а апазыцыя ня ў стане дамагчыся іх рэалізацыі, то гэта толькі яшчэ раз сьведчыць пра кандыцыю апазыцыі.

Некаторыя яе прадстаўнікі ўпэўненыя, што перамога вымяраецца колькасьцю міліцыі і арыштаваных, а не дасягненьнем пастаўленых палітычных мэтаў. Ці ня дзіўная лёгіка? Калі ўлада вывела на вуліцу тысячы падрыхтаваных байцоў спэцназу, гэта не азначае, што яна баіцца. Баяцца, калі адступаюць і бягуць, але не калі наступаюць і разганяюць. Колькасьць спэцназу, наадварот, сьведчыць, што ўлада не зьбіраецца гуляць з апазыцыяй і гатовая дзейнічаць радыкальна і жорстка, прадугледжваючы ўсе магчымасьці разьвіцьця сытуацыі. Унутранай камунікацыі паміж лідэрамі і асноўнай масай удзельнікаў не існавала. Без каардынацыі, без агульнай волі яны станавіліся лёгкай здабычай для «Лукашэнкаўскіх арлоў».

Сумна выглядаюць выказваньні апазыцыйнай эліты, што пакуль на вуліцы не выйдуць 100 тысячаў, сытуацыя ніколі ня зьменіцца. Вялікая колькасьць людзей бяз добрай скаардынаванасьці і падрыхтоўкі будзе проста вялікім натоўпам, які навосьлеп блукае па вуліцах. Гісторыя сьведчыць, што вельмі часта добра арганізаваная малая група якасна супрацьстаяла большасьці і калі не перамагала, дык прынамсі паказвала вялікую моц духу, што стварала ўмовы да аб’яднаньня ўсёй нацыі.

Апазыцыйныя лідэры падрыхтавалі плян дзеяньняў, які можна было прачытаць на інтэрнэт‑старонцы Хартыі’97. У прапанаваным аргкамітэтам пляне было адлюстраванае іхнае разуменьне палітычнай рэчаіснасьці. У ім — толькі два пункты: a) Улады «адумаюцца» і ня будуць перашкаджаць збору людзей на Кастрычніцкай плошчы, правядзеньню там сьвяточных мерапрыемстваў; в) Кастрычніцкую плошчу перакрываюць. Улады настойваюць на праходзе сабраных да дазволенага месца збору на Акадэміі навук. Але гэта супадае з плянам аргакамітэту*.

  былы старшы выкладчык катэдры паліталёгіі і сацыялёгіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова (звольнены з гэтай пасады ў сакавіку 2005 г.). У 2006 г. — стыпэндыят «Lane Kirkland Scholarship Program». Апошняя ягоная публікацыя ў «ARCHE» — «Мясцовыя выбары ці самарэкрутацыйная кампанія ўладаў?» (3/2007).
   

Зыходзячы з гэтага пляну, усё шэсьце аддавалася на волю ўладаў, а ня ўдзельнікаў. Увогуле ня ставілася пытаньне, што рабіць, калі ўлады пачнуць разганяць, зьбіваць, арыштоўваць людзей, расьсякаць калёны, калі не дадуць ісьці вызначаным маршрутам.

Урэшце гэтак і сталася. Цяжка зразумець, навошта патрэбны аргкамітэт, калі і так усё вырашаюць улады? Навошта выпрацоўваць нейкія пляны, калі сама апазыцыя не гатовая іх выконваць? Такі плян толькі падкрэсьлівае, што калі паміж уладай і апазыцыяй і сапраўды вядзецца дыялёг, то гэта дыялёг моцнага са слабым.

  * Стрельцов, Алесь. Три плана оппозиции: взгляд изнутри. Charter97.org. 18:20, 02/04/2007. Артыкул называецца «Тры пляны апазыцыі», але аўтар піша толькі пра два. Магчыма, рэдакцыя Хартыі зрабіла памылку альбо трэці варыянт засакрэчаны і стане важным элемэнтам для распрацоўкі арганізацыі наступных мітынгаў?
Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/19