A R C H E П а ч а т а к № 5 (56) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


5 - 2007

 



прэзэнтацыя • гісторыя • эсэістыка • літаратура • палеміка • рэцэнзіі

 


прэзэнтацыя

  Янаў Палескі

Вокладка «ARCHE» №5
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Янаў Палескі
Каталёг беларускага народнага глупства

Беларусь: ни Европа, ни Россия. Мнения белорусских элит /
Под ред. В. Булгакова. — Варшава: Издательство «ARCHE»,
2006. — 268 с.

Асноўнай навацыяй і, адпаведна, вартасьцю кнігі ёсьць тое, што ў ёй прэзэнтаваныя меркаваньні з нагоды «глябальнага самавызначэньня» ня толькі беларускае «контрэліты», але і ўласна «эліты». Альбо ня толькі «эліты», але і «контрэліты» (ніжэй я паспрабую дзьвюхкосьсі раскрыць). То бок вытрыманы пэўны балянс справядлівасьці, за гэта — нізкі паклон ейным укладальнікам. Між тым, гэтай вартасьцю, бадай, усё і абмяжоўваецца.

У астатнім зборнік ёсьць, з аднаго боку, тыповым для нашай культурна‑палітычнай прасторы інфармацыйным прадуктам, у якім намаганьне ўзнаўленьня сыстэмы спасылак адных пустых азначальнікаў (кшталту «Эўропа», «Расея», «цэнтар сілы», «ідэнтычнасьць», «цывілізацыйны выбар», «эліты» і інш.) да азначальнікаў такіх самых пустых і невыразных, замяшчае намаганьне дэканструкцыі і, адпаведна, раскрыцьця сэнсу гэтых азначальнікаў; зь іншага боку, ён паўстае як чарговая дыскрэдытацыя мэтаду інтэрвію, які быў пасьпяхова легалізаваны ў такой форме, як «кніга», Сьвятланай Алексіевіч.

У астатнім разе мы можам казаць пра тое, што зьяўленьне групы інтэрвію на зададзеную тэму ў выглядзе кнігі апраўданае выніковым псыхааналітычным эфэктам «катарсісу», які паралельна стварае ў чытача «ілюзію» прыналежнасьці да той ці іншай гістарычнай падзеі (напрыклад, да аварыі на Чарнобыльскай АЭС). Ці папярэднічала афармленьню твораў С. Алексіевіч пэўная аналітычная разьбіўка і наступны мантаж — мы ня ведаем, але дастаткова відавочна, што ў выніку кожнае зь іх можа разглядацца як суцэльны наратыў. Цалкам іншая сытуацыя з нашым суразмоўцам, змантаваным, як я зразумеў, пераважна мэтадам уклейваньня пад адзіную вокладку.

Па‑першае, даволі загадкавы мэтад адбору рэспандэнтаў, які начарна прэзэнтаваны як «элітычны». Па‑другое, не праясьнены статус выказаных меркаваньняў. Ці гэта зрэз грамадзкай думкі? Ці гэта вядучыя трэнды ва ўяўленьнях «эліты», і, калі так, дык у якіх суадносінах згаданыя трэнды знаходзяцца паміж сабой і якую ролю граюць у гэтай сацыяльна‑палітычнай сыстэме? Да якой галіны ведаў можна было б аднесьці названую кнігу: ці гэта паліталёгія, культуралёгія, антрапалёгія, псыхааналіз? Ці ўвогуле гэтае выданьне ня мае да навукі і дасьледаваньням ніякага дачыненьня і можа разглядацца як пэўнага кшталту збор існых мітаў ці каталёг беларускага народнага глупства? І шэраг зьвязаных пытаньняў. Па‑трэцяе, ствараецца ўстойлівае ўражаньне бязладзьдзя ў падборы «ключавых» пытаньняў, якія зь нейкай прычыны мусяць успрымацца як выключна важныя.

У выніку мы можам казаць пра тое, што на рынку меркаваньняў прэзэнтаваная яшчэ адна канстэляцыя меркаваньняў, сабраных паводле прынцыпу адвольнага тэле‑ ці радыёапытаньня («Як вы ставіцеся да пераносу Міжнароднага дня жанчын з 8‑га сакавіка на 9‑га?»). Карацей кажучы, зусім незразумела, чаму гэтыя меркаваньні сабраныя менавіта ў выглядзе кнігі, то бок формы, якая дагэтуль мае наўвеце «неадвольны» прынцып свайго зьяўленьня, а таксама адносна ўстойлівы (то бок ня цалкам каньюнктурны) характар звароту да яе. Прычым я далёкі ад думкі пра тое, што аўтары талмуду прасоўваюць нетрадыцыйны падыход да гэтай формы. Я таксама схіляюся да меркаваньня, што пералічаныя няяснасьці зьвязаныя зь недастатковай ці кепскай прапрацоўкай ягонага канцэптуальнага грунту, а ў выніку кніга — з боку чытача — непазьбежна будзе ўспрымацца зусім ня як каталёг адказаў на важныя пытаньні, баржджэй — як сэрыя (якая, напэўна, патрабуе працягу з прычыны сваёй прыроды) псыхалягічных партрэтаў, разгляд якіх дазваляе зрабіць выснову: гэты — сымпатычны, той — малайчына, вось гэтыя двое — цынікі, а тыя — нягоднікі, а вось гэты — верны сваім аблудам. Падобным чынам ажыцьцёўлены праект сам па сабе прадукуе адчужанае стаўленьне (то бок адсутнасьць эмпатычнага спачуваньня) да пытаньняў, якія — для нас хранічныя — у той самы час паўстаюць як «элітныя», то бок эзатэрычныя.

Паспрабую выказаныя заўвагі падперці аргумэнтамі, падзяліўшы іх на тры сэнсавыя групы.

і. эліты

Шмат каму з нас варта было б з большай абачлівасьцю ставіцца да тэрміну «эліта», якім, на мой погляд, сур’ёзна злоўжываюць у постсаветыкуме. Справа ў тым, што гэты тэрмін прымушае нас пэўным чынам вызначыцца адносна клясычных (В. Парэта, Г. Моска, Р. Міхэльс і сучасных тэорыяў эліт, вядучымі варыяцыямі якіх ёсьць у прыватнасьці «каштоўнасная» (Артэга‑і‑Гасэт), структурна‑функцыянальная (Келер) і «макіявэлісцкая» (Бэрнгэм). Клясыфыкацыю, якой прытрымліваецца Андрэй Казакевіч (заключны артыкул зборніка «Чатыры карпарацыі беларускай эліты»), магчыма, варта было інтэрпрэтаваць як адвольную зьмікшаваную — у тым сэнсе, што яна аддалена нагадвае знакамітую энцыкляпэдыю краіны Тлён. Канчаткова заблытвае ўсе карты тая акалічнасьць, што вылучэньне чатырох элітных карпарацыяў — (пост)савецкай (усё ж савецкай ці постсавецкай, то бок той, якая пераадолела сваю былую натуру?), «нацыянальнай», новай эліты і «маладой генэрацыі» — не рэпрэзэнтуецца ў сэлекцыйнай рамцы рэспандэнтаў. Мяркуючы з усяго, гэтая сэлекцыйная рамка стваралася па‑за залежнасьцю ад рэальна праведзенае сэлекцыі.

Ужо з тае прычыны, што тэрмін «эліта» грае тут апорную ролю, укладальнікі зборніка вымушаныя трымацца базавага пастуляту элітызму — абсалютызацыі палітычных адносінаў, у якіх апошнія зводзяцца да адносінаў панаваньня‑падпарадкаваньня.

Шматлікія сацыёлягі і палітолягі слушна ўважаюць тэрмін «эліта» за неадэкватны: калі зь ягонай дапамогай складаная дыфэрэнцыяцыя грамадзтва падмяняецца паверхневай дыхатаміяй «эліта‑маса», дык ён уводзіць у зман, бо ігнаруе сувязь кіроўнай клясы з сацыяльнай структурай грамадзтва; калі ж гэты тэрмін абазначае «паноўную клясу», дык не нясе ў сабе ніякага новага зьместу і таму залішні. Супраць згаданага тэрміну выступаюць у прыватнасьці прыхільнікі тэорыяў палітычнага плюралізму, якія, дапускаючы гэта стасоўна нізкаарганізаваных грамадзтваў, лічаць недапушчальным пры аналізе палітычных сыстэмаў «індустрыйнага» і, асабліва, «постындустрыйнага» грамадзтва. Іншымі словамі, калі мы ніяк не вызначаемся адносна крытыкі элітызму, мы канчаткова заблытваемся ў выкарыстаных тэрмінах, ствараючы неадэкватную карціну рэчаіснасьці. У беларускай сытуаціі можна казаць пра тое, што злоўжываньне тэрмінам «эліта» значыць простае падзяленьне грамадзтва на творчую, прадуктыўную частку — і рэпрадуктыўную (масы). Між тым, досьвед паказвае, што і «эліта», і «контрэліта» пакуль маюць посьпех хіба ў задушэньні ці ігнараваньні інавацыяў — хай сабе індывідуальных, ці калектыўных — кшталту «жывой творчасьці масаў» на пл. Каліноўскага. Іхныя меркаваньні — адлюстраваньне гэтай трывіяльнай сытуацыі.

іі. меркаваньні

Як даволі цьмяна зазначае ў сваёй прэамбуле В. Сіліцкі, эліта — «гэта ня тыя, хто кажа болей астатніх», гэта тыя, «каго больш за астатніх слухаюць». Можна здагадацца, што маецца наўвеце, мабыць, пазытыўная ўзаемасувязь, якая існуе ў сыстэмах заходніх «мэдыякратыяў», з аднаго боку, паміж «аўтарытэтнымі» меркаваньнямі і «грамадзкай думкай», што папулярызуюцца СМІ, зь іншага — паміж грамадзкай думкай і працэсам прыняцьця рашэньняў. Можна доўга спрачацца, наколькі гэтыя сувязі дзейсныя і эфэктыўныя ў заходніх грамадзтвах, але відавочна, што беларуская сацыяльна‑палітычная рэчаіснасьць уладкаваная паводле другога прынцыпу. Мне ўжо неаднакроць даводзілася адзначаць, што мы часьцяком крытыкуем наша грамадзтва як «аўтарытарнае», але апісваем яго, нібыта яно дэмакратычнае — відаць, з гэтай загадкавай прычыны статус і функцыі інстытуту грамадзкае думкі вельмі і вельмі рэдка праблематызуюцца.

Якое ўвогуле значэньне для нас мае тое, што кажа ці думае эліта? Што мяняюць у грамадзкай сьвядомасьці і грамадзка‑палітычным ладзе меркаваньні, скажам, А. Лябедзькі ці В. Абрамавай? І ці ўвогуле што зьмяняе? Якім чынам, празь якія каналы гэтае нібыта зьмененае масавае меркаваньне ўзьдзейнічае на працэс прыняцьця рашэньняў, на сацыяльны інжынэрынг?

Разам з тым, для мяне, напрыклад, няма сумневу, што больш за ўсіх — мімаволі, натуральна ж, — слухаюць менавіта тых, хто мае магчымасьць больш за астатніх — прадстаўнікоў маўклівае большасьці — выступаць у СМІ і боўтацца на рознага кшталту публічных пляцоўках. Гэта хіба як з расейскай эстрадай: навагодняя салата аліўе падаецца разам з абавязковымі ў такіх выпадках Ф. Кіркоравым і Я. Петрасянам. Вы будзеце гэта слухаць, у адваротным разе вы ня будзеце слухаць нічога. Такі «выбар».

У гэтым сэнсе канчатковая сэлекцыя беларускіх «эліт» (і «контрэліт») падпарадкоўваецца асноватворнаму мэдыя‑фактару: у зборніку прэзэнтаваныя менавіта тыя пэрсанажы, якія часьцей за ўсіх выступаюць на тэлевізіі, радыё і ў газэтах. І практычна ніяк не прэзэнтаваныя фігуры, якіх, скажам, Парэта адносіў да бізнэс‑эліты. Гэтая простая акалічнасьць не дазваляе аўтарам праекту дадатна вырашыць праблему адрасата кнігі: для тых, хто рэгулярна займаецца маніторынгам беларускай інфармацыйнай прасторы (журналістаў, экспэртаў, палітыкаў), кніга не ўяўляе асаблівага інтарэсу, бо з прэзэнтаванымі ў ёй меркаваньнямі яны знаёмыя дзякуючы мас‑мэдыям; а для тых грамадзян, для якіх палітыка ня ёсьць прадметам пастаяннага інтарэсу, гэтая кніга не ўяўляе цікавасьці, бо пытаньні, што ў ёй закранаюцца, аніяк не датычаць іхных прыватных жыцьцёвых праектаў. Такім чынам, зборнік, па ўсім відаць, зойме пачэснае месца на кніжных паліцах людзей, якія такія зборнікі фармуюць.

ііі. базавыя пытаньні

Існуюць тры падставовыя тыпы пытаньняў: а) складаныя пытаньні, на якія лёгка даць адказ, б) простыя пытаньні, на якія адказ даць складана, в) альтэрнатыўныя спалучэньні гэтых двух тыпаў. Калі ў вас пытаюць, ці існуюць разумныя формы жыцьця ў Сусьвеце, вы можаце даць дадатны ці адмоўны адказ, але ў кожным з гэтых разоў адказы не патрабуюць ні сур’ёзнага разумовага напружаньня, ні маюць пад сабой адказнасьці, бо ніхто такой адказнасьці ад вас не чакае. Менавіта такога тыпу пытаньні пераважна ставяць аўтары зборніка, і, як няцяжка здагадацца, кожны з рэспандэнтаў ведае правільны адказ. Пры гэтым такія паняткі, як «ідэнтычнасьць», «нацыя», «эўрапейскія каштоўнасьці» і інш. у беларускіх дыскурсах рэдка падпадаюць пад сэнсавую дэканструкцыю і фігуруюць у выглядзе нявысьветленых і далей невысьвятляльных сэнсавых цьмянасьцяў і згушчэньняў.

Так, напрыклад, вызначаючы «кім быць?», мы заўсёды зьвяртаемся да іншага пытаньня — «дзе мы?», пры гэтым апошняе пытаньне замыкаецца на геаграфічныя ці культурна‑геаграфічны кантэкст гэтага «дзе‑мы‑перабываньня». Эўропа ці Расея? — задае сабе хранічныя пытаньні беларуская эліта, зазвычай забываючыся памучыць сябе, скажам, такімі ўяўленымі (воображаемыми) перавагамі: ХІХ, ХХ ці ўсё ж ХХІ стагодзьдзе? Апошняе пытаньне, як мне падаецца, мае ня меншую значнасьць, чым праблема «эўрапейскасьці» — асабліва ў сувязі з тым, што і сама элітычная «актуальная праблематыка», і характар падыходаў да яе пакуль не дазваляюць казаць пра «сучаснасьць» што да дыскурсаў, паноўных у Беларусі.

Эфэкт «адвольнасьці» ўзятых за аснову пытаньняў ствараецца ў прыватнасьці той акалічнасьцю, што апошнія ніякім чынам не ўдакладняюцца. То бок у канцавым выніку незразумела, пра якую менавіта Расею кажа рэспандэнт — пра СССР, пра ельцынскую «дэмакратыю ў працэсе станаўленьня» ці пра сучасны «пуцінскі капіталізм». Тое самае датычыць «эўрапейскіх каштоўнасьцяў» і іншых сэнсавых цьмянасьцяў. Іншымі словамі, перад намі — неапрацаваныя інтэрвію на «зададзеную тэму».

Мне хацелася б настаяць на тым, што практыкаваныя ў нашых палестынах мэтады самаспазнаньня праз «культурна‑геаграфічныя» і «замежнапалітычныя» арыенціры — гэта найбольш распаўсюджаны спосаб насамрэч не цікавіцца ані Расеяй, ані Эўропай, ані, нарэшце, самімі сабой. Гэта варты ўвагі мэтад самапазнаньня, распаўсюджаны ў народзе, калі якая‑небудзь цётка пытае дзіця: ты каго болей любіш, маму ці тату? Каго мы любім болей — Расею ці Эўропу? Гэта правільны спосаб устрымацца ад самавызначэньня.

Існуе, як сказана, другі тып пытаньняў — на гэты раз «простых». Датычыць ён, напрыклад, такіх праблемаў «самавызначэньня» Беларусі, як, скажам, вялізнага сьпісу пытаньняў супрацы з сумежнымі краінамі (такой самай Расеяй і ЭЗ, Літвой і Ўкраінай). Вось на гэтыя пытаньні беларуская «эліта», зазвычай, адказаў ня мае, «рэзонна» мяркуючы, што тое ці іншае рашэньне дылемы «Эўропа/Расея» ў сучасных абставінах выклікае ўвесь наступны ланцужок выбараў — акурат як у дылеме Раскольнікава, якая на справе не дапускае рэальнага выбару, пакідаючы ў якасьці «лёсу» магчымасьць руху ў межах аднае опцыі: хто я, Напалеон ці вош? калі Напалеон, дык ці змагу, ці дам рады, ці вытрымаю і г. д.?

Тыя ж, хто мае складаныя адказы на простыя пытаньні, зазвычай да ўдзелу ў такіх праектах не запрашаюцца, бо не ўважаюцца за «эліту». Іх практычна ня слухаюць. У выніку — як даволі справядліва робіць выснову В. Сіліцкі, «пакуль мы вельмі часта сутыкаемся хутчэй з рэпрадукаваньнем пэўных элемэнтаў масавай сьвядомасьці, чым, уласна кажучы, з адказамі ці пошукамі адказаў».

* * *

Некалькі словаў на заканчэньне. Я не хацеў бы, каб мае крытычныя заўвагі трактаваліся ў тым сэнсе, што іхны аўтар — пасьлядоўны праціўнік падобных праектаў. Тут я хутчэй прыхільнік «прынцыпу зорак»: калі іх запальваюць, значыцца, гэта камусь патрэбна. Я мяркую, што і такой нерэфлектыўнай пастаноўцы пытаньняў, і пошуку ідэяў, гатовых на іх адказваць, і ў такой немудрагелістай («незадумчивой») форме адказаў утрымліваецца пэўны сацыялягічны сэнс, які — як будзе жаданьне — можна раскрыць (извлечь).

Я ўжо казаў пра тое, што пытаньні падобнага кшталту — «праклятыя» пытаньні — мала непакояць шматлікіх грамадзянаў, бо адказы на іх ніяк не дапамагаюць гандляваць касмэтыкай ці рабіць матэматычныя разьлікі. Такім самым чынам і ў абсягу палітыкі «цывілізацыйны выбар» (які ў рэчаіснасьці ніколі не зьдзяйсьняецца, бо ў «цывілізацыі» ёсьць багата такога, што можна назваць сьляпой доляй (неизбирабельной судьбой)) уплывае на мізэрную колькасьць рашэньняў. Між тым і здольнасьць задаваць сабе такія пытаньні, як і гатовасьць на іх адказваць, — гэта свайго кшталту маркер пэўнай групы людзей, якая акурат і можа распазнавацца паводле дадзеных здольнасьці і гатовасьці «думаць пра высокае», то бок пра нешта такое, практычны сэнс чаго сам па сабе ўяўляецца вялікім і загадкавым пытаньнем. Раней расейская, затым савецкая інтэлігенцыя рэгулярна задавала сабе пытаньні «хто вінаваты?» і «што рабіць?». Кажучы ляканаўскай мовай, гэтыя пытаньні былі абумоўленыя: да прыкладу, А. Чэхаў цудоўна паказаў, што інтэлігенцыі, агулам беручы, не было чым заняцца (часткова дзеля некаторых сацыяльных умоваў, часткова — дзеля няздольнасьці і негатовасьці інтэлігенцыі гэтыя ўмовы мяняць). Ну і, адпаведна, добра было б вытлумачыць, хто ў гэтым вінаваты.

Цяпер постсавецкія нацыянальныя эліты нібыта пераймаюць эстафэту: пытаньні іншыя, але ўсё так сама складана «прафэсіяналізаваць», то бок пазбавіць ад шчымлівых маральных канатацый і ўвесьці ў навуковы ці філязофскі кантэкст. Між тым у нашай сытуацыі існуе нямая канвэнцыя тых, хто думае ў катэгорыях «вялікіх пытаньняў»: ім, хто захоўвае здольнасьць задаваць сабе такія пытаньні, вельмі хочацца звацца «элітамі». У гэтым і палягае ключавы паліталягічны і сацыялягічны сэнс кнігі.

Адсюль прынамсі зразумела, чаму праблемы «нацыянальнай ідэнтычнасьці» разглядаюцца як тыя, што не падлягаюць удакладняльным пытаньням і рэмаркам: гэтая працэдура падрывае працэс «тэматызацыі», удзельнікі якога пазначаюць сябе як «элітная палітычная кляса». Так гэтая кляса (палітыкаў і палітычных пісьменьнікаў) і бытуе — у зазоры паміж «інтэлігентнасьцю» і прафэсійнай дзейнасьцю (у тым ліку мысьленчай). Карацей кажучы, існуе такі спосаб самавызначэньня, як устрыманьне ад выбару празь фікцыйнае асэнсаваньне праблемаў выбару. Гэта — пазытыўная выснова, і, на мой погляд, яна ўжо апраўдвае зьяўленьне кнігі. Беларусь — гэта насамрэч «ні Расея», «ні Захад», для якіх такія спробы самавызначэньня нельга назваць характэрнымі.

Пераклад з расейскай

  (нар. 1968 г. у в. Матыкалы Берасьцейскага раёну) — філёзаф, палітычны камэнтатар, рэдактар інтэрнэт‑выданьня «Наше мнение». Скончыў асьпірантуру Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — «Прыгоды двайной прапіскі ў ансамблі дылемаў»
(1,2/2006).
Аўтарская назва тэксту — «Беларуская «эліта» як прадукт устрыманьня ад выбару. Ведаць слушныя пытаньні».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/07/25