A R C H E П а ч а т а к № 5 (56) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


5 - 2007

 



крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • палеміка • рэцэнзіі

 


крытыка

  Аляксей Пікулік

Вокладка «ARCHE» №5
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Пікулік
Ідэалёгія беларускай дзяржавы: функцыяналізм і т’юнінг

Przeworski, Adam. Democracy and the market: political and economic reforms in Eastern Europe and Latin America.
Cambridge: Cambridge University Press, 1991.

Рубинов, Анатолий. Тупики крестового похода за демократию // Советская Белоруссия. 2006. 27 кастрычніка.

Постсавецкія гібрыдныя рэжымы, найчасьцей аўтарытарныя, улучаюць у свой склад набор дэмакратычных інстытутаў. Яны выкарыстоўваюцца, каб зьніжаць выдаткі аўтарытарнай палітыкі (напрыклад, зьмяншаць ціск Захаду). Умацаваньне палітычнага аўтарытарызму і нярынкавых інстытутаў у Беларусі патрабуе другасных, «дапаможных» інстытутаў, каб легітымаваць «першасныя» і ex ante, і ex post. Адзін зь іх — ідэалёгія. Патрэба Беларусі ў дзяржаўнай ідэалёгіі і яе асноўная лёгіка абумоўленыя самім курсам краіны. Між тым яе стыль і напаўненьне шмат у чым выпадковыя — яны залежаць у асноўным ад дзейных асобаў, што яе фармуюць.

Постмарксісцкі аналіз ідэалёгіі ў беларускім выпадку дае наступную карціну. Каб захаваць статус‑кво і рэпрадукаваць уладу пэўных элітаў, аўтарытарны рэжым Беларусі выкарыстоўвае ідэалягічны і рэпрэсіўны апарат. З аднаго боку, ідэалягічны апарат (СМІ, школа, унівэрсытэт, царква) фармуе ў грамадзянаў краіны «ўяўныя адносіны да рэальных умоваў жыцьця». З другога — рэпрэсіўны апарат расчышчае для іх прастору (закрываюць варожыя СМІ, няправільныя ліцэі, неляяльныя ўнівэрсытэты і тлятворныя сэкты). Аб гэтым жа зусім адкрыта гаворыць акадэмік‑ідэоляг Рубінаў, пералічваючы мэты ідэалёгіі беларускай дзяржавы:

  • абгрунтаваньне беларускай мадэлі разьвіцьця і вызначэньне месца Беларусі ў сучаснай цывілізацыі;
  • разьвіцьцё ідэі беларускага народу як адзінай супольнасьці ў межах сувэрэннай беларускай дзяржавы;
  • гістарычная безупыннасьць разьвіцьця грамадзтва і вызначэньне канцэптуальных пазыцый гісторыі Беларусі.
У гэтай карыкатурнай мадэлі прысутнічае звышразумная і бязьмежна хітрая дзяржава (уладная эліта, выканаўчы апарат ці проста прэзыдэнт), якая гэтую самую ідэалёгію прыдумляе, распаўсюджвае, адсочвае і няспынна глядзіць за яе ўкараненьнем. І ёсьць бязьмежна дурное грамадзтва, якое гэты мэсыдж успрымае і пакорліва падпарадкоўваецца. Такая мадэль цалкам ігнаруе наступнае пытаньне: якім чынам ідэалёгія здольная паўплываць на дзейных асобаў (напрыклад, адкрываць перад імі новыя магчымасьці ці накладаць на іх пэўныя абмежаваньні)? Акрамя таго, яна ня здольная растлумачыць палітычныя зьмены.

Пэўныя ідэі, узьведзеныя ў ранг ідэалёгіі, маюць магчымасьць як спараджаць, так і блякаваць сацыяльныя зьмены. У час палітычнага крызісу дзейныя асобы могуць выбіраць сваю стратэгію на падставе тых кагніцыйных і нарматыўных межаў, у якія яны ўпісаныя. Ідэі адыгрываюць вялікую ролю і ў трансфармацыі рэжымаў. Менавіта ідэя, час якой прысьпеў, зьмяняла лёгіку рэпрадукаваньня сацыяльнай рэчаіснасьці, выступаючы вонкавым узрушэньнем. Ідэя магла ўступаць у супярэчнасьць з інстытуцыянальным дызайнам і нярэдка рухала зьмены. Напрыклад, ідэя вяртаньня ў Эўропу шмат для якіх краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы дапамагла зруйнаваць аўтакратычныя інстытуты. Дзеля гэтага патрэбныя альбо моцнае ўзьдзеяньне вонкавых фактараў (пэрспэктыва ўступленьня ў ЭЗ), альбо здольнасьць дзейных асобаў да навучаньня. Калі апошнія зразумеюць, што ў далёкай пэрспэктыве іхні прыбытак будзе больш высокім, чым страты ў пэрспэктыве кароткай, будзе магчымым «размыканьне» шляху. Яскравая ілюстрацыя гэтага — сапраўды ўсенародная падтрымка ўраду ў Польшчы, якая дасягнула свайго апагею ў часы самага жорсткага эканамічнага крызісу пачатку 1990‑х гг. Адам Пшэворскі тлумачыць гэта тым, што ідэя вяртаньня ў Эўропу для Польшчы азначала, што дадзены шлях ляжыць праз «даліну сьлёз» (тэрмін Бальцаровіча) і кожнае пагаршэньне, зьвязанае з эканамічнымі рэформамі, вядзе да яшчэ большага разрыву з савецкім мінулым і абавязковага паляпшэньня ў будучыні.

Першапачатковая мэта г. зв. «беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі» — зьнізіць рызыку (і часткова — выдаткі) умацаваньня і рэпрадукаваньня рэжыму. У сыстэме дэмакратычнага капіталізму ўвядзеньне інстытуту дзяржаўнай ідэалёгіі было б цалкам празьмерным і неабгрунтавана дарагім (складана ўявіць, напрыклад, амэрыканскіх падаткаплатнікаў, якія падтрымалі б увядзеньне пасадаў палітрукоў на прадпрыемствах). Аўтарытарны рэжым працуе паводле іншай лёгікі: рацыянальныя паводзіны дыктатараў — у максымізацыі і ўтрыманьні ўлады пры адносным зьніжэньні рызыкаў і, па магчымасьці, выдаткаў. Аднак кошт аўтарытарнай палітыкі можа і павялічвацца ў сувязі з імкненьнем дыктатара «застрахаваць» свае рызыкі, асабліва ў момант надыходзячага крызісу. Кожны дыктатар ня ведае, наколькі яго рэальна падтрымлівае народ і можа толькі наўздагад узмацняць ідэалягічны і рэпрэсіўны апарат, «закручваючы шрубкі». Бо пры верагоднай паразе рацыянальнае рашэньне — адкладваць яго да апошняга. Да таго ж кожны аўтарытарны рэжым у ідэале абавязкова абапіраецца на аптымальны балянс бізуна і перніка (згоды і прымусу, паводле тэрміналёгіі Грамшы). Павялічэньне эфэктыўнасьці ідэалягічнага апарату дазваляе аслабіць рэпрэсіўны апарат. З гэтага, безумоўна, не вынікае, што прыняцьце на працу аднаго ідэоляга вядзе да скарачэньня аднаго байца спэцназу. Іх суіснаваньне зьніжае рызыку для Лукашэнкі асабіста, але ніяк не для грамадзтва, якое вымушана ўсю гэтую махіну аплачваць.

Я разрозьніваю функцыяналізм ідэалёгіі беларускай дзяржавы і пэрсанальны т’юнінг. Функцыяналізм выяўляецца ў наступных аспэктах: а) легітымацыя палітычнага рэжыму (нелібэральны аўтарытарызм); b) легітымацыя беларускай эканамічнай мадэлі; с) прыняцьце прэвэнтыўных захадаў супраць фактараў, якія маглі б пахіснуць беларускі рэжым — гэта можа быць роля МВФ ці ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці; d) дэманстрацыя перавагаў абранай мадэлі.

«Т’юнінг» і пэрсаналізацыя функцыяналізму ідэалёгіі беларускай дзяржавы адпавядае асабістым характарыстыкам беларускай эліты — яе паходжаньню, умураванасьці ў сацыяльныя сеткі, узроўню адукацыі, псыхалягічным асаблівасьцям. Інакш кажучы, пад уплывам прэзыдэнта і палітычнай эліты чатыры функцыянальныя характарыстыкі афарбоўваюцца ў колеры 1) патэрналізму, 2) сымбалічнага рэваншу, 3) ксэнафобіі. Славой Жыжак пісаў, што ідэалёгія складаецца з азначальнікаў, якія могуць спалучацца зусім адвольным чынам: так, фэмінізм можа быць экалягічным, левым ці радыкальным. Дадзеную мэтафару лёгка дастасаваць да «т’юнінгу». Напрыклад, функцыя d (дэманстрацыя канкурэнтных перавагаў рэжыму) можа выяўляцца як у будаўніцтве бібліятэкі‑алмазу, так і хмарачоса‑гароднінасховішча — усё залежыць ад асабістых перавагаў і густаў тых, хто гэтую міталягему ўвасабляе ў жыцьцё.

Ідэалёгія беларускай дзяржавы праходзіць праз мутацыі пад узьдзеяньнем пэўных сацыяльных канструктаў і ідэй, бо накладваецца на азначаныя фармальныя і нефармальныя грамадзкія структуры (калектыўная памяць, нацыянальная ідэнтычнасьць, сацыяльны капітал). Праз сукупнасьць рэсурсаў і інтэрпрэтацый, якую яна захоўвае, ідэалёгія часткова карэгуе будучы курс краіны, адразаючы некаторыя магчымасьці выбару. Так, можна ўявіць, што ўдалая дыскрэдытацыя слова «дэмакратыя» ў беларускай мэдыяпрасторы можа зьнізіць электаральную падтрымку дэмакратычных партыяў на першых дэмакратычных выбарах пасьля краху сучаснага рэжыму.

А. Легітымацыя палітычнага рэжыму

Ідэалёгія беларускай дзяржавы імкнецца выпрацаваць адзіную стратэгію самалегітымацыі ўлады. Гэта характэрна ў той ці іншай ступені ўсім «гібрыдным» рэжымам постсавецкай прасторы. У іх існуе вялікі попыт на мадэль легітымацыі, якая выяўляецца як у інстытуцыянальнай драматургіі (напрыклад, у спансараваньні найбольш беспэрспэктыўнай апазыцыі), як і ў стварэньні ідэалягічна правільнай карцінкі.

Нясьмелыя спробы выкарыстаць для легітымацыі беларускай мадэлі прыклад моцнай дзяржавы ў Нямеччыне пры Адольфу Гітлеру абярнуліся скандалам. З тае пары прайшоў час і аргумэнтацыя зьмянілася — у мяне склалася ўражаньне, што ці то дарадцы‑ідэолягі пачалі чытаць працы перадавых заходніх аўтараў, ці ў штат былі запрошаныя вопытныя кансультанты.

Варыянты легітымацыі беларускай палітычнай мадэлі заўсёды вылучаліся адсутнасьцю адзінай пазыцыі. З аднаго боку, беларуская мадэль імпліцытна пастулюецца як прадстаўнічая дэмакратыя, у якой усёмагутная выканаўчая галіна становіцца падсправаздачнай толькі падчас выбараў. Зь іншага боку, гаворка часам заходзіць пра так званую мінімалісцкую мадэль, якая зводзіцца выключна да выбараў. Так, у сваім артыкуле сп. Рубінаў заяўляе:

Самая галоўная прыкмета дэмакратыі — выбарнасьць Галавы дзяржавы і Парлямэнту — у нас прысутнічае. Прычым у адрозьненьне, напрыклад, ад Злучаных Штатаў, у нас наўпроставыя і ўсеагульныя выбары Прэзыдэнта. Гэта наймацнейшы дэмакратычны мэханізм, які забясьпечвае рэальную і непасрэдную зваротную сувязь паміж уладай і народам.

Гэтая мадэль дэмакратыі ўсё ж прадугледжвае, што выбары зьяўляюцца эфэктыўным дэмакратычным мэтадам толькі ў выпадку іх сумленнасьці і адкрытасьці. Інакш выбары пераўтвараюцца ў фармальны рытуальны інстытут.

На колькі тэрмінаў запар можа абірацца галава дзяржавы? Гэта справа кожнай краіны. Рузвэльт абіраўся прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі чатыры разы запар. Тоні Блэр нядаўна пераабраны прэм’ер‑міністрам на трэці тэрмін — пры гэтым «дэмакратычная грамадзкасьць» ня толькі не абуралася, а наадварот, усяляк вітала гэтую падзею. Манарх Манака кіраваў краінай увогуле паўстагодзьдзя безь перапынку. І ніякіх пытаньняў! (Рубинов, 2006)

Калі першы прыклад дэманструе няведаньне амэрыканскай гісторыі, а другі — палітычнай сыстэмы Вялікабрытаніі, трэці — у сувязі з Манака — супадае з крытыкай мэтадалёгіі Freedom House (установы, якая складае рэйтынгі дэмакратыі). Сапраўды, ня маючы дэмакратычнай выбарчай сыстэмы, Манака, Ватыкан і Андора, тым ня менш, кваліфікуюцца як дэмакратыі па сукупнасьці астатніх прыкметаў.

У найноўшай беларускай гісторыі ўлады пэрыядычна прыбягалі да маніпуляваньня інстытутам Усебеларускага сходу (вэрсія прамой дэмакратыі) і правядзеньнем рэфэрэндумаў. Рэфэрэндумы, так любімыя дыктатарамі (Напалеон, які здагадаўся першым, Гітлер, Кастра, Чаўшэску), у нетрывалай дэмакратыі ўяўляюць зь сябе простую формулу: прэзыдэнт падсправаздачны толькі народу, які яго абраў і якому яго і здымаць, а ўсялякая іншая інстытуцыяналізацыя (гарызантальная падсправаздачнасьць, разьдзяленьне галінаў улады) зьяўляецца празьмернай і фінансава дарагой.

Нарэшце, улады спасылаюцца на існаваньне беларускай «паліархіі» праз de facto наяўнасьць свабоднай прэсы, якую можна набыць паўсюль, і палітычнай апазыцыі. Слабасьць дадзеных інстытутаў тлумачыцца выключна адсутнасьцю на іх попыту.

Ідэалёгія беларускай дзяржавы ў пэўных сваіх вэрсіях прызнае гібрыднасьць рэжыму. Акадэмік Рубінаў у сваім артыкуле заявіў, што мадэль Беларусі рэпрэзэнтуе некаторы пераходны стан, у прынцыпе намякаючы на гібрыднасьць рэжыму:

Што можна сказаць пра дэмакратыю ў Беларусі?.. Вядома, усё гэта пакуль разьвітае ня ў той ступені, як на Захадзе. Але ж і грамадзтва ў нас, на жаль, не такое, як там. І традыцыі, і мэнталітэт, і палітычная культура, і проста побытавая культура — усё гэта пакуль істотна адрозьніваецца ад Ангельшчыны або Галяндыі. Хто ня хоча гэтага прызнаваць, той страўс! Затое сёньня ў нас намацаная тая мера дэмакратыі, якая дапамагае разьвіцьцю грамадзтва на дадзеным этапе, а не руйнуе яго.

У гэтых адносінах аргумэнтацыя Рубінава супадае з пазыцыяй шматлікіх крытыкаў магчымасьці экспартаваць або капіяваць дэмакратычныя інстытуты (Стыгліц, Вахудава, Ралан і г.  д.) Капіяваньне інстытутаў (напрыклад, канстытуцый) не азначае, што яны прыжывуцца.

Функцыянальная задача ідэалёгіі — легітымацыя беларускай адметнасьці, г. зн. пазыцыянаваць Лукашэнку як Бацьку, чыя харызма пасьпяхова кампэнсуе дэфіцыт фармальных палітычных інстытутаў. Разумеючы дэмакратыю як «уладу народу», прэзыдэнт, за якога, зь ягоных словаў, галасуе больш як 90 % насельніцтва, прадстаўляе нібыта ўвесь народ. Прапанова альтэрнатыўнай рэпрэзэнтацыі палітычных інтарэсаў адсутнічае, бо на яе няма попыту. Маўляў, каго ў такой сыстэме павінна прадстаўляць апазыцыя, калі ўсе за Лукашэнку? А вось на крытыку гэтай мадэлі ідэалёгія крыўдуе: калі беларускі народ вырашыў стварыць менавіта такі кантракт з сваім кіраўніком, значыць, крытыкуючы рэжым, аналітыкі крыўдзяць увесь наш народ.

В. Легітымацыя беларускай эканамічнай мадэлі

Беларуская эканамічная мадэль такая ж далёкая ад капіталізму, як беларуская палітычная — ад дэмакратыі. Гэта папулісцкая вэрсія зьмяшанай сацыялістычнай эканомікі, у якой шматлікія рысы плянавай эканомікі суседнічаюць зь некаторымі прыкметамі рынкавай. Беларуская эканамічная мадэль — гэта тое поле, дзе практычна цалкам інстытуцыялізаваны эканамічны папулізм. Выкарыстаньне дзяржаўнага апарату дзеля пераразьмеркаваньня на карысьць патэнцыйна выбухованебясьпечных групаў насельніцтва, субсыдыяваньне неэфэктыўных сэктараў, фіскальная палітыка Нацбанку — гэта спроба захаваць выгадную для большасьці мадэль. Эканамічны папулізм, характэрны для краін Лацінскай Амэрыкі, існуе і ў новых краінах ЭЗ (Вугоршчына, Чэхія, Польшча). Абумоўлены высокімі забавязаньнямі, ён выклікае рост бюджэтнага дэфіцыту. Аднак існаваньне дадзеных эканомік у межах дэмакратычных сыстэмаў, а да таго ж і наднацыянальнае эўрапейскае рэгуляваньне ўнутраных рынкаў нязьменна вядуць да стабілізацыі і выхаду з папулісцкага макраэканамічнага цыклю.

Стымуляваньне спажываньня, крэдытаваньне дзяржаўнага сэктару, бюракратычнае брокерства — усё гэта цэмэнтуе недаўгавечную, рэнтна‑залежную мадэль беларускай эканомікі. У выйгрышы ад яе апынаецца насельніцтва, занятае ў дзяржаўным сэктары. Цікава што крытыка эканамічнай трансфармацыі ў дыскурсе ідэалёгіі супадае з крытыкай г. зв. «вашынгтонскага кансэнсусу»: прыватызацыя, лібэралізацыя, стабілізацыя і фіскальная дысцыпліна ў спалучэньні з разьдзяржаўленьнем эканомікі, калі дзяржава захоўвае за сабою мінімальную ролю — забясьпечыць права ўласнасьці — і страчвае мэханізмы кантролю над функцыянаваньнем рынкаў. У межах такой палітыкі магчыма зьяўленьне арганізаваных эканамічных групаў, якія выкарыстоўваюць слабую і карумпаваную ўладу на сваю карысьць. Ідэалёгія беларускай дзяржавы заяўляе, што адсутнасьць рэформаў у Беларусі дапамагла: а) захаваць савецкую эканамічную спадчыну; б) пазьбегнуць зьбядненьня насельніцтва і высокіх выдаткаў, зьвязаных з рэформамі; в) пазьбегнуць зьяўленьня алігархаў, якія захапілі б дзяржаву. Усе тры тэзісы супадаюць з аргумэнтацыяй г. зв. «поствашынгтонскага кансэнсусу» (Ралан, Стыгліц, Старк).

Па‑першае, адмова ад рэформаў тлумачыцца складанасьцямі пераходу на рынкавыя рэйкі пэўных сэктараў эканомікі, якія пераважалі ў Беларусі па развале СССР. Па‑другое, у выніку хуткай рэформы зьяўляецца шмат пацярпелых. Пры паралельнай палітычнай рэформе яны могуць захацець пазбавіцца ад ураду‑рэфарматара на карысьць кансэрватараў‑камуністаў.

Па‑трэцяе, хуткая прыватызацыя пры слабай дзяржаве і слабым удзеле грамадзянскай супольнасьці можа прывесьці да захопу дзяржавы групамі алігархаў, якія пачынаюць маніпуляваць абодвума палямі дзеля максымізацыі прыбытку. Інакш кажучы, нэалібэральная палітыка, асабліва тая, што праводзіцца па‑за межамі дэмакратычных рамак, патэнцыйна небясьпечная. De facto спыненая эканамічная рэформа ў Беларусі ідэалягізуецца як паступова згорнутая, немагчымая бяз пэўнай інстытуцыйнай падрыхтаванасьці грамадзтва.

Каб прадэманстраваць слушнасьць такога падыходу, часам выкарыстоўваюцца дрэнныя прыклады ў суседніх краінах. Расейскія «нафтавыя вампіры‑алігархі» зь вялікай уладай у Крамлі, з аднаго боку, і рэфарматары, якія «прадалі Захаду» нацыянальную спадчыну Польшчы, Літвы і Ўкраіны, з другога, — гэта галоўныя ідэалягемы «тупіковага разьвіцьця».

Макраэканамічны папулізм Беларусі абгрунтоўваецца яшчэ адным момантам: беларуская дзяржава валодае сымбалічнай манаполіяй на выяўленьне калектыўных інтарэсаў. Дзяржаўная форма ўласнасьці (75 % ад ВУП) дамінуе над прыватнай — гэтых «вшивых блох»‑прадпрымальнікаў. Пры гэтым параўнаньні праводзяцца то з Францыяй (прыклад вялікага дзяржаўнага сэктару), то зь Нямеччынай і Швэцыяй. Сапраўды, «каардынаваная рынкавая эканоміка Нямеччыны і Швэцыі» структурна адрозьніваецца ад «лібэральнай рынкавай эканомікі», напрыклад, ЗША, наяўнасьцю нярынкавых мэханізмаў, каб ажыцьцяўляць каардынацыю як паміж фірмамі, так і сэктарамі эканомікі (роля прафсаюзаў, структураваньне фінансавых рынкаў і г.  д.). Аднак з дадзенымі мадэлямі беларуская ня мае нічога агульнага. Грамадзкае рэгуляваньне эканомікі магчыма толькі ў дэмакратычным асяродку — інакш яно пераўтварыцца ў пошук рэнтаў і драпежніцкі ўдзел дзяржавы. Неабходнасьць утрымліваць беларускі варыянт эканамічнай мадэлі цягне за сабой абмежаваньне свабоды капіталу, замяшчэньне імпарту, неабходнасьць пошуку рэнтаў і дыскрымінацыю некаторых сэктараў эканомікі. Як ужо адзначалася, і гэты аспэкт праходзіць т’юнінг у беларускім ідэалягічным атэлье. Да прыкладу, замяшчэньне імпарту — натуральны папулісцкі ход у рамках лёгікі разьвіцьця рэжыму — адгукаецца ў лёзунгу «Купляйце беларускае!». А вось рашэньне зьняць «усіх запэцканых францужанак» з рэклям гадзіньнікаў Оmega — ужо т’юнінг.

Патэрналізм перакрыжоўваецца яшчэ з адной формай т’юнінгу — сымбалічным рэваншам. Пераразьмеркаваньне (квоты для сельскіх абітурыентаў пры паступленьні ў ВНУ ці крэдытаваньне нерэнтабэльных прадпрыемстваў) кладзецца на грамадзкі міт пра пакараньне вінаватых, капіталістаў, жыхароў сталіцы. Гэта адзін з вынікаў адмовы ад схемы празрыстага фінансаваньня дзяржаўных устаноў на рэфэрэндуме 1996 г. Нарэшце, уцягваньне Беларусі ў бюракратычны гандаль, бартэр зь іншымі краінамі СНД і пошук рэнтаў у суседзяў ствараюць ідэалягічную карцінку: калі Лукашэнка аднаасобна зарабляе грошы для краіны, то яму і вырашаць, на што і на каго іх траціць. Складана ўявіць, дарэчы, Тоні Блэра, які гуляў б з Ангелай Мэркель на пяць тонаў масла ў тэніс. А такое спаборніцтва паміж Лужковым і Лукашэнкам выглядае цалкам гарманічным (хочацца дадаць, што пасьля матчу яны пайшлі карміць сялян з уласных рук).

С. Прэвэнтыўныя захады супраць вонкавых шокаў

Аўтарытарызм, у адрозьненьне ад дэмакратыі, ня ёсьць стабільным палітычным рэжымам. Рознымі спосабамі (ад дыскрэдытацыі да скажэньня) дзяржаўная ідэалёгія зьніжае верагоднасьць зьменаў. Патэнцыйна небясьпечныя фактары для стабільнасьці рэжыму — унутраныя (мабілізацыя, узмацненьне палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, намэнклятурны пераварот) і замежныя (палітычны ціск ЭЗ і ЗША, стварэньне ўстойлівых чалавечых сувязяў, умовы міжнародных фінансавых арганізацыяў, заходні капітал). Адна з функцый ідэалёгіі беларускай дзяржавы — мінімізоўваць гэтыя перадумовы дэмакратызацыі і капіталізму.

Пачну з унутраных фактараў. Узмацненьне палітычнай апазыцыі (яе самаарганізацыя і мабілізацыя) можа прывесьці да варыянту «круглых сталоў» — улучэньня маргіналізаваных групаў у выпрацоўку рашэньняў (г. зв. democradura pactada ў Лацінскай Амэрыцы), калі ўзрастае ціск на ўладу. Варыянтамі дадзенай дэмакратызацыі знутры ёсьць таксама ўзмацненьне грамадзянскай супольнасьці і кожнай іншай формы калектыўнага дзеяньня і мабілізацыі. Тое самае працуе і адносна небясьпекаў, зьвязаных з патэнцыйна моцнымі эканамічнымі групамі: магчымыя альянсы фінансавых групаў, пэўнай часткі палітычнага істэблішмэнту і грамадзянскай супольнасьці (прыклад з пэўнымі папраўкамі — «памаранчавая рэвалюцыя» ва Ўкраіне). Узмацненьне кожнай з дадзеных групаў можа весьці да павышэньня ўзроўню палітычнай канкурэнцыі і дэстабілізацыі аўтарытарнага рэжыму.

Ідэалёгія беларускай дзяржавы страляе па ўсіх гэтых групах адначасова: палітычная апазыцыя дыскрэдытуецца, параўноўваецца з гомасэксуалістамі, інтэрвэнтамі, здраднікамі; грамадзянская супольнасьць — з нацыяналістамі і «грантасосамі». Т’юнінг удала спалучаецца з пэўнымі асаблівасьцямі масавай сьвядомасьці. Напрыклад, апазыцыя параўноўваецца са здраднікамі і калябарантамі (вобраз з калектыўнай памяці беларусаў) і значна радзей — з прадстаўнікамі «жыда‑масонскай змовы» (гэта хутчэй расейскі антысэміцкі міт).

Беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць здолела стаць фактарам мабілізацыі антылукашэнкаўскага электарату. Ідэалягічная сувязь паміж бел‑чырвона‑белым сьцягам і фашысцкай акупацыяй і, як вынік, выбар на карысьць панславянской савецкай ідэнтычнасьці выбілі глебу з‑пад ног многіх грамадзкіх арганізацыяў і рухаў. Беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць здолела стаць фактарам мабілізацыі антылукашэнкаў­скага электарату.Патэрналізм і агіда прэзыдэнта да беларускай мовы абапіраюцца і на ідэнтычнасьць самога прэзыдэнта, які імкнецца скончыць са сваімі сялянскімі каранямі.

Небясьпека намэнклятурнага перавароту мінімізуецца частай дыскрэдытацыяй і зьняцьцем з пасадаў патэнцыйна небясьпечных членаў вэртыкалі. З аднаго боку, «патэрналісцкі т’юнінг» інстытуцыяналізуе сталінскую непрадказальнасьць ва ўладзе, з другога — ідэалёгію патэрналісцкага лідэра, на якім ляжыць уся адказнасьць за посьпехі і які ня мае дачыненьня да асобных памылак і правалаў.

Вонкавыя фактары, небясьпечныя для рэжыму, — гэта зьяўленьне ўстойлівых сувязяў паміж беларускім грамадзтвам і грамадзтвам дэмакратычных краін. Лукан Ўэй зводзіць дэмакратычны ўплыў на пераходныя краіны да двух фактараў: мэханізмаў узьдзеяньня (залежнасьць ураду ад ЭЗ і ЗША) і чалавечых сувязяў. Блякаваньне кантактаў з Захадам ідэалягічна пастулюецца як сувэрэнітэт і патрабаваньне неўмяшальніцтва заходніх краін ва ўнутраныя справы Беларусі. Захад прэзэнтуецца як патэнцыйны агрэсар — пра гэта нагадвае асаблівы размах сьвяткаваньня Перамогі ў Беларусі.

Каб унікнуць стварэньня чалавечых сувязяў, дзяржыдэалёгія ўсялякім чынам імкнецца маляваць у чорных колерах выезд за мяжу: дзеці, маўляў, вяртаюцца адтуль закончанымі кансумэрыстамі, з прывітымі ім неславянскімі каштоўнасьцямі, разьдзімаецца гістэрыя адносна гандлю беларускамі за мяжой. Дадзены аспэкт працуе асабліва добра: часта можна пачуць, як простыя беларусы шчыра крытыкуюць парушэньні правоў чалавека ў ЭЗ, міграцыйную палітыку Францыі, агрэсію ЗША ў Іраку, ператварэньне новых краінаў Эўразьвязу ў «марыянэтак» Брусэлю.

За гэтай левай антыглябалісцкай рыторыкай дзяржыдэалёгіі хаваецца тое, што прэзыдэнту і ягоным паплечнікам добра вядома пра дэмакратызацыю праз стварэньне сувязяў з ЭЗ (як, напрыклад, у Славаччыне), пра тыя праблемы, да якіх могуць прывесьці ўмовы далучэньня да Эўразьвязу (як, скажам, у Сэрбіі). Т’юнінг дадзенага падыходу выказваецца ў ідэалягізацыі грамадзкай ксэнафобіі. Асноўны сюжэт запалохваньня: ЗША і іхны пудзель ЭЗ маюць намер зруйнаваць Беларусь, забудаваць яе макдоналдсамі, проста пазьдзекавацца зь беларусаў. Небясьпечныя ўсе дэмакратычныя краіны, а асабліва «старыя неразумныя суседзі» (краіны Ўсходняй Эўропы), якія прадаліся заходняму імпэрыялізму. Гэтая рыторыка зусім не скранулася зь месца з савецкіх часоў, і здаецца, яна падобная на посткаляніялізм наадварот: лякальнае гаворыць за глябальнае.

Высновы

Аўтарытарныя рэжымы постсавецкай прасторы адрозьніваюцца адзін ад аднаго як наяўнасьцю фармальных дэмакратычных інстытутаў, так і якасьцю маніпуляваньня імі. З аднаго боку, Беларусь у адрозьненьне ад Расеі не вылучаецца прадуманай выбарчай драматургіяй. Тут ствараюцца толькі прымітыўныя віртуальныя мэханізмы: кішэнны парлямэнт безь якіх‑кольвек палітычных інтрыгаў, простыя формы «дзяржаўнай грамадзянскай супольнасьці» (моладзевыя арганізацыі, прафсаюзы і г.  д.), пакліканыя замарозіць рэальную грамадзянскую актыўнасьць праз кантраляваную актывізацыю. Зь іншага боку, Беларусь актыўна выкарыстоўвае ідэалягічны апарат. Ідэалёгія дзяржавы функцыянальна абгрунтаваная, яна падтрымлівае дынаміку разьвіцьця эканамічных і палітычных інстытутаў, бо дыскрэдытуе альтэрнатывы і стварае фільтры ад магчымай дэмакратызацыі (і знутры, і звонку). Рашэньне гэтых задач у беларускім варыянце асабліва пэрсаналізаванае і «падагнанае» пад прэзыдэнта. Ягоныя шляхі — патэрналізм, сымбалічны рэванш, ксэнафобія і дэманстрацыя перавагаў: перамогі спартоўцаў, эфэктныя будовы са шклобэтону, сыліконавыя даліны і горналыжныя Сілічы.

Найбольш палохае кожнага аўтарытарнага палітыка ўласны народ. Без дэмакратыі немагчыма ведаць лічбаў рэальнай падтрымкі палітычнага лідэра й прадбачыць кірунак удару. У выпадку дэстабілізацыі рэжыму можна прагназаваць паралельнае ўзмацненьне рэпрэсіўнай функцыі: дэманстрацыі будуць разганяць яшчэ больш жорстка, ідэолягі вяшчаць яшчэ больш інтэнсіўна. А сама карыкатурная і кепска аргумэнтаваная дзяржыдэалёгія, верагодна, падрыхтуе мноства непрыемных інэрцыйных сюрпрызаў першаму дэмакратычнаму ўраду: яму давядзецца рэабілітаваць словы «Захад», «капіталізм», «дэмакратыя», «Эўропа», «свабода» і «беларуская мова».

  палітоляг, дактарант «European University Institute» (Флярэнцыя). Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — «Наколькі рацыянальны беларускі аўтарытарызм?»
(4/2007).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/07/25