A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (57) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Дзяніс Мельянцоў | ||||
Дзяніс Мельянцоў
З чаго складаецца «каляровая рэвалюцыя» Reclaiming Democracy. Civil Society and Electoral Change in Central and Eastern Europe / Joerg Forbrig and Pavol Demeš (eds.). Bratislava: German Marshall Fund of US and Erste Foundation, 2007. Пасьля «памаранчавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне прайшло ўжо два з паловай гады, але яе падзеі, энэргетыка, сымбалі былі настолькі яскравымі, што да гэтае пары не перастаюць натхняць беларускіх (і ня толькі беларускіх) палітыкаў і грамадзкіх актывістаў. Наступствы пасьлярэвалюцыйных пераўтварэньняў працягваюць рабіць уплыў на ўнутрыўкраінскую і рэгіянальную палітыку, а таксама ўзьдзейнічаюць на ўнутраную палітыку ўрадаў суседніх дзяржаў. Гэтаксама працягваюць зьяўляцца і шматлікія публікацыі і дасьледаваньні, пакліканыя адказаць на пытаньні «што гэта было?», «якая ўнутраная лёгіка каляровых рэвалюцыяў?», «хто наступны?». Мясцовыя і замежныя дасьледчыкі прыкладаюць намаганьні канцэптуалізаваць нядаўнія дэмакратычныя пераўтварэньні ў посткамуністычных краінах, даць ім вызначэньне і зрабіць прагноз далейшага разьвіцьця падзеяў. Акрамя гэтага, па сыходзе часу паўстае неабходнасьць больш узважанага і бесстароньняга аналізу «каляровых рэвалюцыяў» і пераасэнсаваньня першасных падыходаў да ацэнкі падзеяў. Першая праблема, зь якой сутыкаецца дасьледчык азначаных пераўтварэньняў, гэта праблема тэрміналёгіі. Як назваць тыя падзеі, што мы назіралі ў Славаччыне, Сэрбіі, Украіне і іншых краінах? Найбольш пашыраны ў аналітычнай літаратуры тэрмін — гэта «каляровая рэвалюцыя». Хоць калі запытаць, якога колеру была сэрбская ці харвацкая «рэвалюцыя», наўрад ці хто здолее адназначна адказаць на гэтае пытаньне. Дамінуючы «рэвалюцыйны» колер можна ўпэўнена зафіксаваць толькі ў грузінскім і ўкраінскім выпадку, што сьведчыць пра пэўную адвольнасьць такога найменьня. Праблемы і з другой часткай тэрміну. Бо «рэвалюцыя» ў клясычным разуменьні — гэта радыкальны злом усёй сацыяльна-палітычнай і эканамічнай структуры грамадзтва. У дадзеным выпадку мы гэтага не назіраем. Таму тэрмін «рэвалюцыя» ў дачыненьні да пераменаў у посткамуністычных краінах Усходняй Эўропы ўжыты ў пераносным ці пашыраным сэнсе. Больш адэкватнымі падаюцца тэрміны «электаральныя рэвалюцыі», «электаральныя прарывы», якія адлюстроўваюць ролю выбараў у трансфармацыі папярэдніх рэжымаў. Ня менш важным застаецца пытаньне пра сутнасьць электаральных рэвалюцыяў і іх узаемасувязь. Ці гэта былі проста перавароты, зьдзейсьненыя празаходнімі элітамі, ці гэта былі «народныя» рэвалюцыі, што ставілі сабе на мэце аднаўленьне дэмакратыі ў сваіх краінах? Ці адбываліся гэтыя рэвалюцыі ізалявана і ў адпаведнасьці са сваім адмысловым сцэнаром, або мы можам казаць пра ўзаемазьвязаны працэс ці пра Чацьвёртую хвалю дэмакратызацыі? Урэшце, ці мелі электаральныя рэвалюцыі падобныя ўмовы і сцэнар разьвіцьця і ці можна прагназаваць наступныя дэмакратычныя пераўтварэньні? На ўсе гэтыя і іншыя пытаньні спрабуе даць адказ і нядаўна выдадзеная Нямецкім фондам Маршала кніга «Аднаўленьне дэмакратыі. Грамадзянская супольнасьць і электаральныя перамены ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе». Кніга пачынаецца з прадмовы былога чэскага прэзыдэнта Вацлава Гаўла, які разважае пра посткамунізм ва ўсходнеэўрапейскіх краінах і важнасьць дэмакратычных пераўтварэньняў, што прынесьлі з сабой электаральныя рэвалюцыі канца XX — пачатку XXI стст. Паводле Гаўла, «аксамітныя рэвалюцыі» 1989 г., хоць і зрабілі немагчымым вяртаньне да таталітарызму, але новыя ўмовы далі таксама магчымасьці і для авантурыстаў са старой намэнклятуры, якія занялі ключавыя пазыцыі ў палітыцы, эканоміцы і сілавых структурах і пачалі ўзнаўляць старыя сеці. Раней ці пазьней сытуацыя ў посткамуністычных краінах перарастала ў пратэст супраць злоўжываньня ўладай, які, аднак, меў свае асаблівасьці ў кожнай краіне. Кніга складаецца зь дзьвюх частак. Першая частка складаецца зь пяці case-studies, якія прэзэнтуюць падзеі электаральных пераўтварэньняў у Славаччыне, Харватыі, Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне і апавядаюць пра кампаніі кааліцыяў няўрадавых арганізацыяў, якія ставілі на мэце мабілізацыю насельніцтва на ўдзел у выбарах. Case-studies першай часткі напісаныя грамадзкімі актывістамі-непасрэднымі ўдзельнікамі падзеяў, і таму ў іх зроблены акцэнт перадусім на аўтэнтычнасьць, а не на навуковы аналіз. Гэтыя тэксты распавядаюць пра стан канкрэтнай краіны напярэдадні «рэвалюцыі», перадумовы масавага пратэсту, пра падрыхтоўку і рэалізацыю грамадзянскіх кампаніяў. У іх багата цікавай факталягічнай інфармацыі, што можа быць карысна для далейшага аналізу і супастаўленьня падзеяў у розных краінах. Другая частка кнігі прысьвечаная параўнаўчаму аналізу электаральных пераўтварэньняў і складаецца з шасьці артыкулаў, што ахопліваюць розныя аспэкты разгляданых працэсаў, пачынаючы ад эканамічных перадумоваў электаральных рэвалюцыяў і канчаючы роляй моладзі ў акцыях пратэсту. Ва ўводзінах да выданьня рэдактары Ёрг Форбрыг і Павал Дэмеш абгрунтоўваюць сутнасную еднасьць падзеяў ва ўсіх пяці разгляданых выпадках і сьцьвярджаюць, што большасьць аналітыкаў згодная з наборам супольных характарыстык для гэтых трансфармацыяў. Гэтак, усе разгляданыя краіны зазналі дэмакратычныя пераўтварэньні на пачатку 1990-х гг., але дэмакратызацыя была спыненая, і палітычныя лідэры пачалі кансалідаваць сваю ўладу. Ва ўсіх пяці краінах рэгулярна праводзіліся выбары для ўнутранай і зьнешняй легітымацыі існага рэжыму. Але, нягледзячы на спробы манапалізаваць уладу, палітычныя лідэры ня здолелі цалкам падпарадкаваць свае грамадзтвы; некаторы сфэры засталіся па-за кантролем дзяржавы і паспрыялі ў будучым аднаўленьню дэмакратыі праз электаральныя рэвалюцыі. Усе пяць краін мелі зьмяшаныя палітычныя сыстэмы або былі «паўаўтарытарнымі» рэжымамі (у кнізе іх яшчэ называюць «нэааўтарытарнымі» рэжымамі ці «нелібэральнымі дэмакратыямі»), і менавіта гэтая гібрыдная прырода была іх галоўнай слабасьцю. Ва ўсіх гэтых краінах была падобная пасьлядоўнасьць падзеяў: улады рыхтаваліся да выбараў як да чарговага выяўленьня легітымацыі, далей яны паўставалі перад выклікам з боку грамадзтва і аб’яднанай апазыцыі; празь незалежныя мэдыі і актывістаў да народу перадавалася пасланьне пра фундамэнтальны выбар і праводзілася мабілізацыя для падвышэньня яўкі; спробы ўраду маніпуляваць выбарамі былі абмежаваныя назіральнікамі, і грамадзкія пратэсты на вуліцах урэшце прыводзілі дэмакратычныя сілы да ўлады. Паводле Форбрыга і Дэмеша, каб рэалізаваць гэты сцэнар, патрэбная была прысутнасьць фактараў, якія былі аднолькавыя для ўсіх пяці краін:
Прыводзячы гэтыя ўмовы і пасьлядоўнасьць падзеяў, рэдактары, аднак, не прапануюць сваёй клясыфікацыі «электаральных рэвалюцыяў», бо відавочна, што падзеі ў Славаччыне і Харватыі выразна адрозьніваліся ад масавых пратэстаў у Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне. Лягічна меркаваць, што ў такім разе ўмовы і перадумовы «рэвалюцыяў» будуць троху адрозьнівацца. Сэрыя case-studies першай часткі кнігі адкрываецца артыкулам Марціна Бутары (Martin Butora), які дасьледуе грамадзянскую кампанію ОК’98, праведзеную ў Славаччыне напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 1998 г. Аўтар падкрэсьлівае дваісты характар палітычнага рэжыму ў Славаччыне, які спалучаў аўтарытарныя тэндэнцыі ўраду Ўладзімера Меч’яра зь незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі, сыстэмнай палітычнай апазыцыяй і моцнай грамадзянскай супольнасьцю¹. Важнай прычынай посьпеху кампаніі ОК’98 было існаваньне асацыяцыяў НУА, якія былі здольныя каардынаваць дзейнасьць у межах кампаніі і аб’ядноўваць высілкі для супраціву манапалізацыі ўлады. Акрамя гэтага, славацкая грамадзянская супольнасьць сваёй папярэдняй дзейнасьцю дамаглася падтрымкі і павагі з боку насельніцтва, што паспрыяла посьпеху мабілізацыйнай кампаніі. |
палітоляг, выкладчык ЭГУ ў Вільні. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — «Клясычныя рэчы, якія сёньня ня маюць ніякага сэнсу» (3/2007). |
Наступны артыкул, падрыхтаваны Шэран Фішар (Sharon Fisher) і Більянай Біеліч (Biljana Bijelić), распавядае пра харвацкую грамадзянскую кампанію GLAS 99, скіраваную на мабілізацыю выбарцаў і назіраньне за хадою галасаваньня. Пры аналізе прычынаў перамогі над Харвацкім Дэмакратычным саюзам (кіруючай партыі) аўтары вылучаюць наступныя ключавыя фактары: растучае адзінства апазыцыі, умацаваньне ролі НУА ў зьмене публічнага дыскурсу, міжнародная дапамога. Пры гэтым акцэнтуецца выключная роля міжнародных актораў, якія паспрыялі супрацоўніцтву паміж апазыцыйнымі партыямі, дапамагалі фінансамі і займаліся навучаньнем актывістаў. Мала таго, аўтары пагаджаюцца, што
ў пэўным сэнсе, аргумэнты ўладаў аб міжнароднай змове не былі цалкам беспадстаўнымі, бо некаторыя заходнія фонды не хавалі сваёй мэты зьмяніць палітычную сытуацыю ў краіне шляхам дапамогі грамадзкай дзейнасьці (с. 66).
Аўтары робяць выснову пра падабенства базавых умоваў правядзеньня мабілізацыйных кампаніяў у Славаччыне і Харватыі, што дазволіла змадэляваць кампанію харвацкіх НУА на ўзор ОК’98. Разам з тым, харвацкая грамадзянская супольнасьць у параўнаньні са славацкай мела на той час нашмат меншую падтрымку і павагу з боку насельніцтва, што наклала абмежаваньні на ўзровень удзелу ў кампаніі GLAS 99. У якасьці вынікаў грамадзянскіх кампаніяў у абодвух выпадках гаворыцца пра зьнішчэньне культуры страху, што не дазваляла выказваць пратэст. Асаблівасьцю харвацкай грамадзянскай супольнасьці, паводле аўтараў артыкула, зьяўляецца яе параўнальна раньняе разьвіцьцё². Гэта стала магчымым дзякуючы адноснай адкрытасьці Югаславіі, часткай якой зьяўлялася Харватыя. |
¹ У 1998 г. зарэгістраваны статус мелі 14 000 недзяржаўных арганізацыяў, зь іх 422 фундацыі. |
Як і ў Славаччыне, вялікую ролю падчас «электаральнай рэвалюцыі» адыгралі незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія распаўсюджвалі «мэсыдж» кампаніі, а таксама незалежны канстытуцыйны суд.
Артыкул Е. Мініч (Jelica Minić) і М. Дэрэты (Miljenko Dereta) апавядае пра падзеі сэрбскай электаральнай рэвалюцыі і грамадзянскую кампанію ИЗЛАЗ 2000 (Выйсьце 2000). Значная частка артыкула прысьвечаная сытуацыі ў краіне напярэдадні выбараў. У прыватнасьці, ідзе гаворка пра ціск на НУА з боку ўладаў, пазбаўленьне аўтаноміі ўнівэрсытэтаў, перашкоды для незалежных мэдыяў, арышты актывістаў. Аўтары адзначаюць, што сэрбская грамадзянская супольнасьць знаходзілася ў нашмат горшых умовах, чым славацкая і харвацкая, што тлумачыцца наступствамі дзьвюх войнаў і больш рэпрэсіўным рэжымам Слабадана Мілошавіча. Гэткія ўмовы адпаведна патрабавалі і большых высілкаў для дасягненьня палітычных зьменаў. Таму адной мабілізацыйнай кампаніі было мала, і патрэбная была дзейнасьць «Отпору» для арганізацыі масавых акцыяў пратэсту. Аднак, нягледзячы на рэпрэсіўны характар рэжыму (які ў артыкуле таксама названы паўаўтарытарным), палітычная апазыцыя і недзяржаўныя арганізацыі Сэрбіі мелі доступ да мясцовых незалежных мэдыяў і маглі весьці рэклямную кампанію праз ролікі на радыё і тэлебачаньні. Глебу для пераменаў у 2000 г. падрыхтавалі, апрача іншага, і мясцовыя выбары 1996 г., падчас якіх апазыцыя атрымала значную падтрымку. Гэтыя фактары былі напоўніцу выкарыстаныя ў часе «барацьбы легітымнасьцяў» адразу па выбарах у верасьні 2000 г. Гіоргі Кандэлакі і Гіоргі Меладзэ ў артыкуле пра грузінскую «рэвалюцыю ружаў» таксама адзначаюць выключна важную ролю моладзевай арганізацыі ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць «лібэральнай аўтакратыі» Шэварднадзэ і мабілізацыі насельніцтва. Ізноў аўтары падкрэсьліваюць пераемнасьць досьведу «электаральных рэвалюцыяў», зазначаючы, што актывісты «Кхмары» вучыліся ва ўдзельнікаў «Отпору» і ОК’98. Аўтары артыкула ставяць Грузію ў адзін шэраг зь іншымі «паўаўтарытарнымі» «посттаталітарнымі» рэжымамі, якія зазналі электаральныя рэвалюцыі, указваюць на частковую наяўнасьць свабодаў і незалежных сэктараў грамадзтва, што дазволілі арганізаваць адхіленьне Шэварднадзэ ад улады. Гэтак, грузінскія ўлады дазволілі існаваньне апазыцыі, незалежных мэдыяў³ і грамадзянскай супольнасьці. |
² У сярэдзіне 1990-х гг. у Харватыі было ўжо зарэгістравана 20 000 грамадзкіх аб’яднаньняў. І хоць у 1997 г. было ўведзена новае рэпрэсіўнае заканадаўства што да грамадзкіх арганізацыяў, да пачатку выбарчай кампаніі іх колькасьць зьменшылася нязначна.
|
Таксама як і ў Сэрбіі, замена ўлады ў Грузіі адбылася праз масавыя акцыі пратэсту і «сутыкненьне легітымнасьцяў». І хоць грузінская грамадзянская супольнасьць была нашмат слабейшая, чым у Славаччыне ці Сербіі, аднак эфэктыўная каардынацыя дзеяньняў паміж апазыцыйнымі партыямі, моладзевымі групамі «Кхмары» і НУА дазволілі рэалізаваць рэвалюцыйны сцэнар на два гады раней ад папярэдне заплянаванага графіку.
Сцэнар украінскай «памаранчавай рэвалюцыі» шмат у чым паўтараў сэрбскі і грузінскі варыянты разьвіцьця падзеяў, аднак ён меў і свае асаблівасьці. Аўтары артыкула пра ўкраінскую электаральную рэвалюцыю, Уладыслаў Каськіў, Ірына Чупрына і Яўген Залатароў, характарызуюць украінскія падзеі як «найбуйнейшы рух пратэсту ў Эўропе пасьля заканчэньня «халоднай вайны», які насіў «постмадэрнісцкі, карнавальны характар». Галоўным адрозьненьнем дзейнасьці «Поры» ад падобных арганізацыяў у Сербіі і Грузіі быў яе пацыфізм, негвалтоўнасьць і пазытыўнасьць. Апрача традыцыйных фактараў электаральных пераўтварэньняў, аўтары артыкула падкрэсьліваюць таксама важнасьць інтэрнэту і сучасных сродкаў камунікацыі, якія дазволілі шматкроць падвысіць мабільнасьць актывістаў і ўзровень самаарганізацыі. Другая частка кнігі пачынаецца артыкулам сталага аўтара «ARCHE» Віталя Сіліцкага, прысьвечаным тыпалягізацыі электаральных зьменаў у посткамуністычных краінах. Аўтар выдзяляе тры тыпы зьменаў рэжымаў: трансфармацыйныя выбары, электаральныя рэвалюцыі і кыргыскі рэвалюцыйны тып. Трансфармацыйныя выбары мелі месца ў Славаччыне ў 1998 г. і ў Харватыі ў 2000 г. Паводле Сіліцкага, гэтыя выпадкі трансфармацыі нельга назваць рэвалюцыямі, бо транзыт адбыўся праз звычайную працэдуру галасаваньня ў свабодных умовах, і гэтыя выбары былі легітымныя і прынятыя абодвума бакамі. Гэтыя выбары былі рэвалюцыйнымі паводле сваіх наступстваў (пазбаўленьне ад аўтарытарных тэндэнцыяў), а ня формай і зьместам. У Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне мы маем справу з электаральнымі рэвалюцыямі, бо выбары ня скончыліся зь перамогай апазыцыі падчас галасаваньня. У гэтых выпадках улады зрабілі спробу фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня, што пацягнула за сабой масавыя вулічныя пратэсты і перагляд вынікаў. Пры гэтым, паводле Сіліцкага, электаральныя рэвалюцыі носяць праўны характар, таму што легітымнасьць прэтэнзіяў апазыцыі на ўладу абапіраецца на існуючыя інстытуты і законы. Мабілізацыя ж адбываецца толькі дзеля таго, каб прымусіць сыстэму працаваць паводле прынятых правілаў. Кыргыская «тульпанавая рэвалюцыя» зьяўляецца выключэньнем з гэтага шэрагу «электаральных пераўтварэньнем» і яна больш за іншых падобная да рэвалюцыяў у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Паводле меркаваньня аўтара, кыргызскі варыянт дэманструе абмежаваньні мадэлі «каляровых рэвалюцыяў», якая была вынайдзеная ў краінах з больш спрыяльнымі ўмовамі. У выпадку, калі дэмакратычныя пераўтварэньні інсьпіраваныя не мясцовымі перадумовамі, а «рэвалюцыйным вірусам», тады транзыт будзе мець вынікам гвалтоўныя дзеяньні і меншыя дэмакратычныя наступствы. Разважаючы пра ўнутраныя ўмовы электаральных зьменаў, Віталь Сіліцкі прыводзіць два вырашальныя фактары для пераўтварэньняў: некансалідаваная дзяржаўная ўлада і лідэрства і гегемонія. Некансалідаваная ўлада прадугледжвае існаваньне так званага «канкурэнтнага аўтарытарызму» або «паўаўтарытарызму», калі карыстацца тэрміналёгіяй папярэдніх артыкулаў кнігі. Мусіць быць адкрытасьць інстытутаў для свабодных выбараў, павінны існаваць свабодныя мэдыі і незалежная судовая сыстэма. У такім разе ўлада абапіраецца на легітымацыю праз выбары і таму вымушана дазволіць існаваньне пэўнай альтэрнатывы, якая можа з часам кінуць выклік існуючай уладзе. Па-другое, мусіць існаваць палітычная апазыцыя, якая карыстаецца даверам насельніцтва, і яе харызматычны лідэр. Гегемонія ж азначае магчымасьць для апазыцыі спалучыць палітычны парадак дня з ідэнтычнасьцю, сфармуляваць ідэнтычнасьць у тэрмінах антыаўтарытарызму. Паводле Сіліцкага, электаральныя рэвалюцыі аказалі ўплыў ня толькі на свае грамадзтвы, але і на іншыя краіны з аўтарытарнымі ўрадамі і прымусілі апошніх стаць больш рэпрэсіўнымі. Аўтар зазначае, што «рэвалюцыі» адбыліся ў дзяржавах, якія ўжо і так валодалі істотнай ступеньню палітычнага і сацыяльнага плюралізму. У адрозьненьне ад гэтых краінаў, Казахстан, Расея і Беларусь маюць кансалідаваную ўладу і ня маюць незалежных мэдыяў, то бок тут створаныя перашкоды для фармуляваньня палітычных дыскурсаў, якія б забралі гегемонію ў кіруючых рэжымаў. У якасьці рэакцыі на «каляровыя рэвалюцыі» ўрады азначаных краін ужылі наступныя прэвэнтыўныя захады:
Дзякуючы гэтым захадам, выбары ў Малдове, Таджыкістане і Азэрбайджане ў 2005 г. і ў Беларусі і Казахстане ў 2006 г. скончыліся перамогай старых рэжымаў. Сіліцкі робіць выснову пра тое, што постсавецкія аўтакраты добра трымаюць уладу, добра адукаваныя і арганізаваныя і ў іх дастаткова рэсурсаў для захаваньня status quo. Таму пытаньне «хто наступны кандыдат на «каляровую рэвалюцыю»?» нерэлевантнае; больш рэалістычнае пытаньне — «ці магчымая ўвогуле далейшая дэмакратызацыя ў рэгіёне?». У наступным артыкуле другой часткі кнігі Павал Дэмеш і Ёрг Форбрыг аналізуюць стратэгіі грамадзкай дзейнасьці у час дэмакратычнага транзыту. На пачатку артыкула яны абгрунтоўваюць падабенства дэмакратычнага транзыту ў пяці разгляданых краінах: усе яны раней уваходзілі ў склад фэдэратыўных дзяржаваў, усе мелі «нэааўтарытарныя» рэжымы пры захаваньні дэмакратычных працэдур і перажылі падобныя дэмакратычныя працэдуры. Разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці пасьля 1989 г. у гэтых дзяржавах таксама ішло ў адным кірунку. Усё гэта абумовіла і падабенства стратэгіі грамадзянскай актыўнасьці падчас электаральных рэвалюцыяў. Аўтары артыкула вызначаюць наступныя ключавыя моманты стратэгіяў грамадзянскай супольнасьці:
У артыкуле закранаецца і пытаньне рэсурснай базы грамадзянскіх кампаніяў. Па-першае, ва ўсіх пяці краінах грамадзянскія кампаніі паўстаюць як сумесна дзейнасьць існуючых структураў грамадзянскай супольнасьці. Па-другое, падкрэсьліваецца важнасьць супрацы і падтрымкі з боку незалежных мэдыяў. Мала таго, безь незалежных сродкаў масавай інфармацыі грамадзкія кампаніі наўрад ці дайшлі б сваёй мэты. І па-трэцяе, ільвіная доля фінансаваньня грамадзянскіх кампаніяў паступала ад замежных донараў. У адпаведнасьці з гэтым, вялікую ролю адыгрывала супраца паміж фундацыямі і каардынацыя іхняй дзейнасьці. Аўтары зьвяртаюць увагу і на той факт, што шмат якія вузлавыя моманты і тактычныя прыёмы кампаніяў былі пазычаныя з папярэдніх пасьпяховых кампаніяў. У такім разе яны адаптуюцца і трансфармуюцца згодна зь мясцовымі ўмовамі і асаблівасьцямі. Напрыклад, украінцы запазычылі ў Сэрбіі і Грузіі ідэю сеткавай моладзевай арганізацыі (сэрбскі «Отпор» і грузінская «Кхмара»), але зрабілі яе больш пазытыўнай і крэатыўнай у адпаведнасьці зь мясцовымі рэаліямі. Роля моладзі ў посткамуністычных электаральных рэвалюцыях аналізуецца ў артыкуле Валеры Банс (Valerie J. Bunce) і Шэран Ўолчык (Sharon L. Wolchik). Аўтаркі падкрэсьліваюць важнасьць моладзі ў якасьці аб’ектаў і суб’ектаў мабілізацыйных кампаніяў, а таксама наяўнасьць дыфузіі стратэгіяў і тэхнік моладзевай актыўнасьці ў пяці аналізаваных краінах (негерархічныя структуры, негвалтоўны супраціў). Пры гэтым роля моладзі ў розных краінах была рознай. У Славаччыне і Харватыі, дзе моладзевая актыўнасьць была часткай больш шырокай грамадзянскай кампаніі, маладыя людзі не былі лідэрамі, у той час як у Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне, дзе існавалі масавыя моладзевыя рухі, у моладзі было больш лідэрскіх роляў. Галоўны тэзіс гэтага артыкула ў тым, што мабілізацыя моладзі у час электаральных рэвалюцыяў можа прывесьці да падвышэньня ўдзелу моладзі ў палітыцы; аднак пасьля рэвалюцыі большасьць маладых людзей зноў вярнулася да звычайнай дзейнасьці, і наступныя выбары прадэманстравалі больш нізкую яўку моладзі. Наступны артыкул кнігі прысьвечаны аналізу ўзьдзеяньня эканамічных фактараў на дэмакратычныя зьмены. Аўтар артыкула Робін Шэпард (Robin Shepherd) робіць выснову аб тым, што эканоміка толькі часткова ўплывае на характар дэмакратычных пераўтварэньняў і што эканоміку нельга разглядаць у адрыве ад іншых прычын і перадумоваў электаральных рэвалюцыяў. Нягледзячы на адсутнасьць простай залежнасьці дэмакратычных зьменаў ад эканамічнага стану, існуе сувязь паміж дэмакратыяй і рынкавай эканомікай. Прычым эканамічная дынаміка першасная ў адносінах да дэмакратычных зьменаў. Яна стварае перадумовы для дэмакратычнай трансфармацыі. Прыватная эканоміка прыводзіць да дыспэрсіі ўлады сярод грамадзтва, да зьяўленьня шматлікіх цэнтраў улады. Разам з тым прыклад Расеі паказвае, што наяўнасьць рынкавай эканомікі і прыватнай уласнасьці не абавязкова вядзе да дэмакратызацыі. Аўтар прыводзіць дадзеныя, якія сьведчаць пра эканамічны рост напярэдадні электаральных рэвалюцыяў у большасьці разгляданых краін. Але ўсе яны былі нашмат бяднейшыя, чым краіны Заходняй Еўропы і ЗША, і мелі высокі ўзровень беспрацоўя. Паводле меркаваньня Шэпарда, незадаволенасьць грамадзтва была выклікана ня так нізкім узроўнем жыцьця, як фактам карупцыі ва ўрадзе. А гэтая незадаволенасьць магла ўзьнікнуць толькі пры наяўнасьці свабодных мэдыяў, існаваньне якіх залежала ад існаваньня прыватнага бізнэсу. Такім чынам, у свабоднай эканоміцы немагчыма дасягнуць поўнага кантролю над грамадзтвам, а гэта, у сваю чаргу, дае апазыцыйным сілам магчымасьць канкураваць за ўладу. Беларусь у дадзеным кантэксьце выступае ў якасьці кантракейсу. Аўтар чамусьці гаворыць пра 80 % дзяржсэктару ў эканоміцы, які дазволіў захапіць мэдыі і весьці дзяржаўную прапаганду. Калі сюды дадаць эфэктыўную эканамічную мадэль (без разгляду яе крыніцаў) і той факт, што большасьць працоўных — гэта «наёмнікі» дзяржавы, то становіцца зразумелай прычына стабільнасьці беларускага палітычнага рэжыму. Але ў такім выпадку рэжым робіцца залежным ад эканамічнай каньюнктуры, і, калі зьнікнуць спрыяльныя ўмовы для яго існаваньня, зьнікне і падтрымка рэжыму. Тут Шэпард, аднак, недаацэньвае ролю дзяржаўнай прапаганды і запас трываласьці беларускага рэжыму. Бо эканамічныя цяжкасьці можна падаць як новыя дасягненьні, або патлумачыць іх як вынік варожых дзеяньняў Расеі ці Захаду супраць сувэрэннай Беларусі. Умелыя прапагандысцкія захады разам з ізаляцыяй краіны могуць паспрыяць кансалідацыі беларускага грамадзтва вакол аўтарытарнага лідэра, як гэта было, напрыклад, у Паўночнай Карэі. Параўнальныя пэрспэктывы чацьвертай хвалі дэмакратызацыі разглядае ў сваім артыкуле прафэсар Унівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона (ЗША) Тарас Кузё. Дэмакратычныя рэвалюцыі ў пяці краінах былі другой і апошняй стадыяй іх трансфармацыі як посткамуністычных дзяржаў. Кузё вылучае дзесяць неабходных прычынных фактараў дэмакратычных рэвалюцыяў чацьвёртай хвалі:
1. канкурэнтны аўтарытарны рэжым (паўаўтарытарызм), Але, паводле аўтара, дэмакратычная рэвалюцыя ніколі не завяршае працэсу дэмакратызацыі і пасьля электаральных рэвалюцыяў дэмакратычныя сілы сутыкаюцца з цэлым комплексам праблемаў, сярод якіх можна вылучыць тры галоўныя: праблема спадчыны старога рэжыму (што рабіць зь мінулым рэжымам?), раскол дэмакратычнай апазыцыі і вяртаньне да ўлады партыяў старога рэжыму. Гаворачы пра наступствы электаральных рэвалюцыяў, аўтар падкрэсьлівае праблемны характар пераўтварэньняў у Грузіі і Ўкраіне. Калі для астатніх усходнеэўрапейскіх краін моцным матывацыйным фактарам дэмакратызацыі была пэрспэктыва сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе, то ў выпадку Грузіі і Ўкраіны прапанова сяброўства ў ЭЗ адсутнічала, што выклікала апатыю і запавольваньне рэформаў. Сытуацыя ва Ўкраіне ўскладнілася прыходам да ўлады Партыі рэгіёнаў, якая шчыльна зьвязаная са старым рэжымам. Вялікую ролю ў працэсе дэмакратызацыі адыгрывае і дыфузія дэмакратыі, таму геаграфічнае становішча Грузіі паміж аўтарытарнымі краінамі не абяцае ёй нічога добрага. Апошні артыкул другой часткі засяроджваецца на пераасэнсаваньні сутнасьці электаральных рэвалюцыяў і пэрспэктываў далейшай дэмакратызацыі ў Эўразіі. Ягоны аўтар Іван Красьцеў (Ivan Krastev) прыгадвае, што падчас нядаўніх рэвалюцыяў ва ўсходнеэўрапейскіх краінах палітолягі і актывісты былі ўпэўненыя, што мадэль «каляровай рэвалюцыі» распаўсюдзіцца па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. «Каляровыя рэвалюцыі» паводле сваёй сутнасьці не лібэральныя, а хутчэй нагадваюць папулісцкія рэвалюцыі ў Лацінскай Амэрыцы.У той час «каляровыя рэвалюцыі» былі канцэптуалізваваныя як: а) лібэральныя рэвалюцыі, б) інсьпіраваныя Эўрапейскім саюзам, в) рэвалюцыі няўрадавых арганізацыяў і г) мадэль для наступнай генэрацыі дэмакратычных пераўтварэньняў. Аднак, паводле меркаваньня аўтара, па двух гадох з моманту апошняй «каляровай рэвалюцыі», надышоў час пераасэнсаваньня гэтых высноваў. На думку Красьцева, «каляровыя рэвалюцыі» паводле сваёй сутнасьці не лібэральныя, а хутчэй нагадваюць папулісцкія рэвалюцыі ў Лацінскай Амэрыцы. Нельга скапіяваць лібэральныя рэвалюцыі і прыклад усталяваньня дэмакратыі ў краінах Цэнтральнай Эўропы пасьля «халоднай вайны». Дэмакратызацыя Цэнтральнай Эўропы — гэта «цуд і ўнікальная зьява». Электаральныя рэвалюцыі — гэта ня новая дэмакратычная хваля, а каляпс гібрыдных рэжымаў. Правал рэвалюцыйнага сцэнару ў Беларусі, паводле аўтара артыкула, дэманструе межы каляровых рэвалюцыяў. Таму сапраўдным пытаньнем павінна быць ня «хто наступны?», а «як павінна быць артыкуляваная новая пострэвалюцыйная стратэгія прасоўваньня дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе?». Разьвіваючы свой тэзіс, аўтар падкрэсьлівае, што падчас электаральных рэвалюцыяў людзі выступалі не за дэмакратыю, а за перагляд прыватызацыі, супраць карупцыі і інш. Дэмакратычныя ідэалы адыгрывалі абмежаваную ролю ў мабілізацыі выбарцаў. Таму і дэмакратычныя заваёвы падаюцца ня надта пераканаўчымі — ва Ўкраіне назіраецца спыненьне рэфармацыйнага імпэту і спаўзаньне ў расейскую сфэру ўплыву, а Грузія дык і ўвогуле дэманструе аўтарытарныя тэндэнцыі. Красьцеў абвяргае таксама і тэзіс пра ключавую ролю НУА ў электаральных рэвалюцыях. Водле ягоных словаў, недзяржаўныя арганізацыі проста былі найбольш актыўнымі камэнтатарамі таго, што адбываецца, і заходнія фонды праінтэрпрэтавалі каляровыя рэвалюцыі як НУА-цэнтрычныя праекты. Гэтая тлумачальная мадэль, зазначае аўтар, выгадная таксама і крамлёўскім паліттэхнолягам, бо падмацоўвае міт пра «электаральныя перавароты, зьдзейсьненыя заходнімі спэцслужбамі рукамі сваіх НУА». Такім чынам, паводле Красьцева, каляровыя рэвалюцыі — гэта не самадастатковая зьява, а частка шырэйшага трэнду, а менавіта — эвалюцыі гібрыдных рэжымаў, узьніклых на базе частковай дэмакратызацыі 1990-х гг. Кансалідацыя аўтарытарных рэжымаў у Расеі і Цэнтральнай Азіі — гэта частка таго самага працэсу. Як мяркуе аўтар, Масква своечасова зразумела нестабільнасьць гібрыдных рэжымаў і зрабіла контраманэўр, каб не зрабіцца «аб’ектам дыстанцыйна праведзенага народнага паўстаньня». Канцэпцыя Красьцева выглядае дастаткова супярэчлівай, бо яна не адмаўляе, насамрэч, існаваньня хвалі дэмакратызацыі, што пракацілася па краінах з «гібрыднымі рэжымамі», якія мелі спрыяльныя ўмовы для далейшай дэмакратызацыі. Хутчэй тут можна пагадзіцца зь дзьвюхступеневай канцэпцыяй дэмакратычнага транзыту, якая прадугледжвае першасную трансфармацыю таталітарнага рэжыму ў канкурэнтны аўтарытарызм (паўаўтарытарызм) («аксамітныя рэвалюцыі» 1989 г.), а на другім этапе — пазбаўленьне ад аўтарытарных тэндэнцыяў праз электаральную рэвалюцыю ці трансфармацыйныя выбары (у залежнасьці ад ступені кансалідацыі рэжыму). Шэраг посткамуністычных краінаў (у тым ліку і Беларусь) увогуле прамінулі першую стадыю дэмакратычнай трансфармацыі і не стварылі плюралістычнай палітычнай і эканамічнай сыстэмы, безь якой электаральная рэвалюцыя немагчымая. Тэрмін «гібрыдны рэжым» ня можа дастасоўвацца для Беларусі.То бок тэрмін «гібрыдны рэжым», напрыклад, для Беларусі дастасоўвацца ня можа. Беларусь усё яшчэ чакае першай стадыі сваёй дэмакратычнай трансфармацыі. Гэтая першасная трансфармацыя неабавязкова павінна быць мірнай і «аксамітнай». Гэта можа быць і «румынскі», і «літоўскі» варыянт, аднак без стварэньня плюралістычнай канкурэнтнай палітычнай сыстэмы не выпадае казаць пра магчымасьць фармаваньня кансалідаванай дэмакратыі. Калі казаць пра кнігу ўвогуле, то яна, без сумневу, будзе цікавай і карыснай дасьледчыкам дэмакратычных пераўтварэньняў ва Ўсходняй Эўропе, а таксама ўсім, хто цікавіцца дадзенай праблематыкай. Кніга ўтрымлівае шмат факталягічнай інфармацыі і спрабуе ўсебакова разгледзець праблему «каляровых рэвалюцыяў» у посткамуністычных краінах. Аўтары аналітычных артыкулаў прэзэнтуюць разнастайныя (часта прама супрацьлеглыя) канцэпцыі дэмакратычных рэвалюцыяў, што не дазваляе абвінаваціць укладальнікаў у перадсуднасьці і прасоўваньні нейкага аднаго гледзішча. Разам з тым выданьне мае і заўважныя хібы. Напрыклад, насьцярожвае адсутнасьць аналізу кыргыскай «тульпанавай рэвалюцыі», хоць яна таксама капіявала сцэнар папярэдніх «каляровых рэвалюцыяў». Прычынай такога ігнараваньня можа быць нежаданьне рэдактараў кнігі «псаваць» success story негвалтоўных усходнеэўрапейскіх пераўтварэньняў, або сканцэнтраванасьць толькі на рэгіёне Ўсходняй Эўропы. Аднак апошні момант нідзе не прапісаны, і таму застаецца незразумелым выключанасьць кыргыскага «кейса». Ніхто з аўтараў не паспрабаваў прааналізаваць электаральныя рэвалюцыі (хоць бы некаторыя) з гледзішча геапалітычнага змаганьня на тэрыторыі былога сацыялістычнага лягеру. Хоць такое змаганьне падаецца відавочным фактам. Занадта вялікая роля ў дэмакратычных пераўтварэньнях адводзіцца недзяржаўным арганізацыям. Дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці мела важнае значэньне для перамогі дэмакратычных сілаў, аднак гэтага значэньня ня варта перабольшваць. Без аб’яднанай палітычнай апазыцыі, моцнага лідэра і замежнай дапамогі дэмакратычныя рэвалюцыі ня могуць быць пасьпяховымі. |
³ Канал тэлебачаньня Руставі 2 быў галоўным рупарам дэмакратычнай апазыцыі і адыграў вырашальную ролю падчас «рэвалюцыі ружаў». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (56) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |