A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (58-59) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Валянцін Акудовіч | ||||
Валянцін Акудовіч
Сьмерць — геніяльны суаўтар Белавокі, Андрусь. Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі. Тады Андрусь працаваў у тыднёвіку «Навінкі», пісаў вершы, прозу, эсэ, драматычныя абразкі, рэцэнзіі й сёе-тое яшчэ, што ўнікае хоць якога жанравага азначэньня. Калі хлопца пахавалі, яго сябры (дакладней — сяброўкі) паабяцаліся сабраць да купы ўсё ім напісанае і выдаць кніжкай. Прамінула некалькі гадоў, і сёлета гэтая кніжка пад назвай «Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі» была надрукаваная ў выдавецтве «Логвінаў». Фармальна яна ня лішне розьніцца ад падобных выданьняў іншых пачаткоўцаў, якія зьбіраюць пад адну вокладку ўсё, што пасьпелі накрэмзаць за сваё кароткае літаратурнае жыцьцё. Але бадай кожны ўдумлівы чытач, прагарнуўшы трохі старонак, зразумее, што тут сапраўды, як кажуць, «нешта ёсьць». І так думаць ён будзе зусім не таму, што ў кніжкі нечакана зьявіўся геніяльны суаўтар — сьмерць. Хоць апошняе, звычайна, змушае нас надаваць тэкстам сэнсы ды вартасьці, якія былі б зусім невідочныя ў іншым выпадку. Рэч у тым, што Андрусь Белавокі і сам быў прынамсі трохі геніяльны. Гэтае досыць рызыкоўнае азначэньне ня проста давесьці прыкладамі, тым болей, што ў аўтара, лічы, няма дасканала зробленых тэкстаў. Усе яны поўняцца моўнымі, стылёвымі, кампазыцыйнымі ды ўсялякімі іншымі хібамі. Тут паўсюдна пануюць неахайнасьць і разбэрсанасьць, бадай нават наўмысныя… Магчыма, такім чынам Андрусь выяўляў пратэст супраць залішняй нарматыўнасьці сучаснага жыцьця, як рэальнага, так і літаратурнага. Хоць цалкам верагодна, што ён, заглыблены ў інтымны дыялёг з быцьцём і нябытам, проста не зьвяртаў увагу на такую дробязь, як публічная прэзэнтацыйнасьць свайго дыялёгу. Дык вось, калі чытач таксама ня будзе зьвяртаць на гэта ўвагі, то яго не аднойчы скалане ад слова, радка, думкі, вобраза, якіх ён ніколі не сустрэне ў проста таленавітага літаратара. Прынамсі, са мной падобнае здаралася не аднойчы, працытую хоць бы надпіс, які Андрусь падрыхтаваў самому сабе на надмагільны камень, калі яму не было яшчэ й дваццаці гадоў: «Мяне заўсёды мучыла пытаньне: у чым сэнс сьмерці. Цяпер я ведаю, а вы — не». Дарэчы, ня толькі на пісьме, але і ў жыцьці Андрусь быў гэтаксама неахайны й разбэрсаны. Ці так адно здавалася тым, хто яго ня надта добра ведаў, а насамрэч ён проста падпарадкоўваўся нейкім іншым стыхіям, зусім не падобным да тых, што кіруюць намі. Вось як пра яго проста-такі бліскуча распавялі ў эпілёгу гэтай кнігі Аліса Бізяева і Тацяна Заміроўская:
Калі яму было весела, ён мог крычаць песьні на ўвесь праспэкт. Калі нейкія аўтазаводзкія хлопцы, ідучы з дыскатэкі, пачалі зьбіваць яго сябра, ён страціў амаль усе валасы… у бойцы… Калі яму было так кепска, што не хацелася дыхаць ад болю і пустэчы, ён проста падаў у сумёт і ляжаў у сьнезе, заплюшчыўшы вочы. Калі ён кахаў — то страшна, моцна і вельмі весела. Калі ён штосьці не любіў, дык сьцябаўся з гэтага так, што яно здавалася шэрым, бездапаможным і губляла сэнс. Менавіта ў гэтым хавалася яго дзіўная крышталёвая харызматычнасьць. Усе бачылі ў ім небясьпечныя дзьверы ў нейкі паралельны сьвет.
Між іншым, я цалкам сьвядома назваў пасьляслоўе Алісы Бізяевай і Тацяны Заміроўскай — эпілёгам. І ня толькі таму, што яны сабралі, упарадкавалі й пракамэнтавалі ўсе тэксты кнігі. А перадусім таму, што і падчас вучобы ў БДУ, і пазьней, сябруючы, гэтыя таленавітыя дзяўчаты часта станавіліся і героямі твораў Андруся, і першымі яго слухачамі, і нават суаўтарамі. З усяго гэтага пасьляслоўе натуральна выглядае як эпілёг, які яны напісалі разам, нягледзячы на тое, што адзін зь іх ужо блукаў недзе ў невараці. Але і выдатную прадмову мэтра сучаснай беларускай крытыкі Пятра Васючэнкі я таксама схільны лічыць хутчэй не прадмовай, а пралёгам, які ўдала тоесьніцца з эпілёгам і тым самым гарманізуе ўсю кнігу ў адно цэлае. Мяркую, што Андрусю павінна спадабацца гэтая кніга, хоць у ёй і не хапае шмат старонак, бо ён ніколі не парадкаваў сваіх тэкстаў. Апошняе выглядае досыць дзіўна для чалавека, які сэнс свайго жыцьця бачыў у тым, каб стварыць кнігу, і пры гэтым дакладна ведаў, што жыцьцё яго будзе кароткім. Але ці верыў, ці спадзяваўся ён, што насамрэч зможа гэта зрабіць? Давайце ўслухаемся ў ягоныя наступныя, лічы, канцавыя словы:
Мы жывем аднойчы. У любы момант можа здарыцца што заўгодна: трамвай… Я жыву толькі для тых, хто вакол мяне: бацькі, сябры. А яшчэ для таго, каб напісаць КНІГУ. У ёй павінна быць пра ўсё: пра сьвет і пра Сусьвет, пра Беларусь, пра каханьне. ПРА ЎСЁ. Калі я не змагу гэтага зрабіць ці не пасьпею, я абавязваю таго, хто чытае гэтыя радкі, паспрыяць стварэньню такой кнігі ці напісаць яе самому: шмат хто з маіх знаёмых можа.
Прывітаньне з таго сьвету.
Цяпер, калі ўсё гэта здарылася — і сьмерць, і кніга, я думаю, што, можа, інакш яно і быць не магло. Можа, толькі так, празь сьмерць, ён і мог спраўдзіць уласную Кнігу, як самую вялікую мару свайго жыцьця?!
Паводле svaboda.org. |
філёзаф. Ягоная апошняя кніга «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (Менск: Логвінаў, 2007) была адрэцэнзаваная Пятром Рудкоўскім у «ARCHE» 5/2007. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (58-59) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |