A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (58-59) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Павал Баркоўскі | ||||
Павал Баркоўскі
Рычард Макей Рорці (1931—2007) — іронік і рамантык салідарнасьці
Лібэральнае грамадзтва ёсьць адзіным, ідэалы якога могуць быць увасобленыя хутчэй перакананьнем, чымся гвалтам, хутчэй рэформай, а не рэвалюцыяй, вольным і непрыхаваным сутыкненьнем наяўных моўных ды іншых практык з новымі… Ідэальнае лібэральнае грамадзтва ёсьць адзіным, якое ня ставіць за мэту ня што іншае як свабоды, ня мае іншай мэты, акрамя як назіраць, якім чынам гэтае сутыкненьне разгортваецца…
Гэткім чынам акрэсьліваў свой грамадзкі ідэал вядомы амэрыканскі філёзаф, гермэнэўтык, прагматык, іронік Рычард Рорці (1931—2007). Ён нарадзіўся ў сям’і амэрыканскіх камуністаў-трацкістаў і па ўласным прызнаньні да пэўнага часу верыў, што адзінае прызначэньне чалавека на зямлі — гэта змаганьне за сацыяльную справядлівасьць. Вышэйшую адукацыю атрымаў ва ўнівэрсытэце Чыкага, дзе найбольшы ўплыў на ягоны сьветапогляд зрабілі хрысьціянства і плятанізм (тады на час перамог апошні). Дактарат філязофіі здабыў у Ельскім унівэрсытэце ў 1956 г. і колькі год працаваў выкладчыкам Уэлэйсьлі-каледжу. Пры канцы свайго жыцьця ён выкладаў параўнальную літаратуру ў Стэнфардзе (другі паводле прэстыжнасьці ўнівэрсытэт у ЗША пасьля Гарварду), а дагэтуль выкладаў філязофію, а таксама гуманітарная навукі ў Вірджынскім і Прынстанскім унівэрсытэтах. У сваёй выбітнай кнізе «Філязофія і люстра прыроды» (1979) Рорці імкнуўся давесьці, што ніводная філязофія ня можа разглядацца як адпаведнае адлюстраваньне рэчаіснасьці, маўляў, той уладар ісьціны, хто вольны адрозьніваць істотнае ды вартае ад нявартага, пэўнае ад няпэўнага. Калі мы ўпэўнімся, што кожная наша інтэлектуальная канструкцыя ёсьць ня чым іншым як звычайнай мэтафарай, якая водле зьбегу абставінаў набыла сваё трывалае месца ў эўрапейскай культуры ды навуцы, — мы павінны будзем усьвядоміць, што кожны досьвед свабоднага мысьленьня выглядае як інтэлектуальныя авантуры, як выпадковасьць, што мае сваю культурную значнасьць. У гэткім разе справа філязофіі быць гермэнэўтыкай, а яе месца — «нічыйная» зямля, салён, дзе зьбіраюцца розныя моўныя практыкі (навуковыя, літаратурныя і да т. п.), якія прапануюць свае вобразы сьвету як розныя ісьціны, што можна параўноўваць ды супастаўляць. Філязофія — гэта парадак падчас хаосу, вяршэнства новых ідэалаў над старымі ісьцінамі, пэрыяд «анармальнай» веды, які настае, калі трывалая дагэтуль вежа навукі пачынае хістацца ад падкопаў новых практыкаў. Іншымі словамі, філязофія павінна дапамагаць нам не згубіцца ў блытаніне розных ісьцінаў, быць надзейным правадыром ад аднаго парадку да іншага, але не павінна ператварацца ў загадчыка быцьця, паказваючы кожнаму тое месца, якое яму нібыта належыць. Безумоўна, гаворка ідзе пра філязофію, што не прэтэндуе на апошняе слова наконт усяго, хоць апошняя і збольшага пераважае. «Я сьцьвярджаю, — пісаў Рорці, — што спроба традыцыйнай філязофіі вытлумачыць «рацыянальнасьць» ды «аб’ектыўнасьць» у якасьці ўмоваў дакладнай рэпрэзэнтацыі ёсьць падманлівай спробай зрабіць дыскурс канкрэтнай эпохі пазачасавым і што пачынаючы з грэкаў уласны вобраз філязофіі знаходзіўся пад уплывам гэтай ідэі». На жаль, многія акадэмічныя філёзафы на гэта забываюцца. Аднак філёзаф, водле Рорці, мае спрычыняцца ня толькі да абстрактнае ісьціны, але і да грамадзкіх практыкаў. Найважкі выбар інтэлектуала сёньня, меркаваў філёзаф, — стацца іронікам. Бо іронік — гэта той, хто разглядае сваё прыватнае жыцьцё, свае погляды і перакананьні ды нават грамадзтва, у якім ён жыве, як пэўны зьбег абставінаў, як ідыясынкразію, што вылучае цябе з усім тваім атачэньнем ад астатняга. Іронік ня можа вельмі сур’ёзна ставіцца да рэчаіснасьці, бо ведае, што кожнаму парадку рэчаў заўжды супрацьстаіць нейкі іншы, які выглядае натуральным для носьбіта ягоных ідэалаў і практыкаў. Гэта дае падставу для таго, каб іранізаваць над усялякай прэтэнзіяй на выключнасьць безадносна таго, хто яе выказвае — асобны чалавек альбо цэлае грамадзтва. Мы не вынаходзім новых ісьцінаў, мы іх ствараем — паводле гэтага слогана жыве і працуе іранічны інтэлектуал. У іншай сваёй вядомай кнізе «Выпадковасьць, іронія, салідарнасьць» (1989) Рычард Рорці разважае наконт таго, што ўсю нашую веду, перакананьні ды ўяўленьні варта ўважаць за нешта іншае, чымся спробу стварыць ды скарыстаць пэўную мову для апісаньня сьвету. Падобная мова ня будзе ніколі ўнівэрсальнай, хоць яе слоўнік вядомы пэўнаму грамадзтву і падтрымліваецца за ягоны кошт. Ейная ісьціна ня мае нічога супольнага з аб’ектыўным парадкам рэчаў, бо грунтуецца заўжды на моўных апісаньнях, ідэальных канструкцыях сьвядомасьці, якія ніколі ня маюць простай сувязі з «самімі рэчамі». З гэтай прычыны існаваньне мноства моваў, мноства падыходаў да адных і тых самых пытаньняў ёсьць натуральным станам, што дазваляе іроніку набыць трывалы грунт ва ўласным перакананьні. Кожны новы вынаход ёсьць найперш вынаходам новай мовы, абуджэньнем новых мэтафараў, паэтычнай творчасьцю. Праз гэта кожны выбітны мысьляр ёсьць перадусім паэта, чалавек, які ходзіць па лязе між той, вядомай для многіх, звычайнай ды пабытовай мовай і мовай, якая адно яшчэ мае абудзіць нейкія новыя досьведы. Гэта вырываньне за межы звыклага — эксцэнтрычнасьць, маргінальства ды вар’яцтва. Паэта сваю ўласную ідыясынкразію здатны зрабіць падмуркам для новай сацыялізацыі. Таму і паэзія, і мараль, і рэлігія, і філязофія, і навука — гэта, на думку Рорці, адно супадзеньне прыватных «навязьлівых» ідэяў і грамадзкай патрэбы, і ніводная зь іх ня ў стане сьцьвярджаць уласную значнасьць за чужы кошт. Для іроніка гэта перадусім мае наўвеце талеранцыю да чужых моваў і іхных слоўнікаў, абыякавасьць да гатовых рэцэптаў шчасьця альбо сацыяльнай справядлівасьці акрамя тых, што кіруюцца непарушным правілам — непарушнасьці свабоды чалавека і неабгрунтаванасьці якога-любя гвалту ў адносінах да апошняга. Іронік заўжды заняты апісаньнем і пераапісаньнем уласнага і чужога досьведаў праз тое, што не ўхіляецца ад іхняга параўнаньня, але ж людзі навокал менавіта збольшага не жадаюць быць пераапісанымі, а наадварот — жадаюць успрымацца сур’ёзна, маўляў, так, як яны ўважаюць саміх сябе і ўласныя словы. «Іронікі даводзяць ім, што мова, на якой яны гавораць, гэта тая мяжа, што стрымлівае іх дый падобных да іх». Свабода чалавека — бадай, асновасяжны момант лібэралізму, які мае пазбавіцца ад сваёй ідэалягічнай дактрынальнасьці. Кожная сацыяльная філязофія імкнецца сьцьвердзіць уласны ідэал між дзьвюх скрайнасьцяў, лічыць Рорці. Першая зь іх — гэта прэзэнтацыя неабмежаванасьці чалавечай аўтаноміі і абсалютызацыя індывідуальнай свабоды, іншая ж — наадварот, дэманстрацыя еднасьці агульначалавечага дабра з памкненьнямі індывіду. Іншымі словамі, індывідуалізм і салідарызм. Аднак свабода для кожнага чалавека, на думку Рычарда Рорці, палягае ва ўласнай ідыясынкразіі — адметнасьці і выпадковасьці ўласнай мовы, слоўніка паняцьцяў і ісьціны, якія падараваныя нам выпадковасьцю нараджэньня дый сьмерці, жыцьця і творчасьці. Менавіта выпадковасьць, а не ўнівэрсальнасьць гарантуе нам свабоду, свабоду быць, быць сабою. Сапраўдны лібэрал сёньня, водле Рорці, — гэта той, хто мяркуе, што жорсткасьць ды гвалт у дачыненьні да іншых ёсьць найгоршым з таго, што можа быць. Лібэральныя аўтары выкрываюць для нас жорсткасьць асобных палітычных рэжымаў ці сацыяльных практыкаў, а таксама пабуджальныя прычыны індывідуальнага гвалту. Найбольш яскравы прадстаўнік першага тыпу герояў — Орўэл, які засьцерагае нас ад таталітарызму ідэалягічна абгрунтаванай салідарнасьці. Прадстаўніком жа апошняга тыпу ёсьць Набокаў, які прадухіляе нас ад стану адстароненасьці ад чужых пакутаў. Лібэрал наогул мусіць быць вельмі чуйным да пакутаў іншага, да чужога болю, бо гэты боль ёсьць адзіным дакладным фактам, што злучае людзей незалежна ад іх мовы, веры ці веды. Калі мы адчуваем, што іншы чалавек пакутуе так сама ж відавочна, як і мы самі, гэта можа стацца падмуркам для ўзьнікненьня салідарнасьці, зьнітаванасьці нашых выбараў ды лёсаў. Пачуцьцё салідарнасьці — гэта перадусім салідарнасьць пэўнага «мы», найперш нацыі і толькі ў глябальнай пэрспэктыве — чалавецтва як гэткага. Гэтая салідарнасьць, цалкам выпадковая і гістарычна абумоўленая, ёсьць першым крокам для зьмяншэньня агульначалавечага гвалту і прызнаньня таго, што свабода і правы іншага чалавека — гэта ня проста пункт дэклярацыі ААН, а непасрэдны жыцьцёвы досьвед, маральны імпэратыў, калі карыстацца паняткам І. Канта. Лібэралам ты стаесься, калі неабыякава ставісься да чужога болю, іронікам — калі дакладна ведаеш, што кожны пункт гледжаньня не нагэтулькі сур’ёзны, каб дзеля яго рабіць боль іншаму чалавеку (хіба толькі ў тэрапэўтычных мэтах). Такім чынам, быць лібэралам і іронікам — гэта два бакі аднае манэты. Лібэральнае грамадзтва спрычыняецца да культурнага плюралізму і росквіту асобы, яе творчага патэнцыялу, таму Рорці даводзіў: «Нам больш патрэбнае пераапісаньне лібэралізму як надзеі, што культура ў цэлым можа быць «паэтызаваная», чым спадзяваньне асьветніцтва, што яна можа быць «рацыяналізаваная» альбо «сцыентызаваная». Лібэраламі не нараджаюцца, імі становяцца празь сьвядомы выбар, пасьвячэньне і сьмех. |
кандыдат філязафічных навук, выкладчык у Беларускім Калегіюме. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — «Сымбалічны пурпурова- (3/2007). |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (58-59) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |