A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (60) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Арнольд Макмілін | ||||
Арнольд Макмілін
Гай Пікарда (20 ліпеня 1931 г. — 20 красавіка 2007 г.)
Памерлы ва ўзросьце сямідзесяціпяці гадоў Гай Пікарда быў праўнік і навуковец ангельска-францускага паходжаньня, які глыбока цікавіўся малымі культурамі, асабліва беларускай. Ягоныя аранжыроўкі беларускага фальклёру і царкоўнай музыкі, а таксама ягоныя ўласныя творы ў жанры духоўнай музыкі выконваюць царкоўныя і сьвецкія хоры ў розных краінах сьвету, асабліва ў Беларусі і Расеі. Беларускі і францускі ўрады адзначылі Гая Пікарду некалькімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Ён накіроўваў сваю неверагодную энэргію ня толькі на досьледы пра гугенотаў, гісторыю францускай і ўсходнеэўрапейскай культуры, але й на публікацыю зборнікаў забытых славянскіх царкоўных сьпеваў, і на напісаньне навуковых працаў, прысьвечаных маладасьледаваным аспэктам ангельска-беларускіх стасункаў. Сярод ягоных наватарскіх працаў — артыкулы пра гравюры перакладчыка Бібліі эпохі Адраджэньня Францыска Скарыны і пра Шагала й кабалу.
Гай Пікарда нарадзіўся ў Тотэнгэме ў 1931 г. у сям’і, якая мела франка-брэтонскія і ангельска-ірляндзкія карані. Ягоны бацька і дзед былі выбітныя праўнікі, узнагароджаныя ордэнам Ганаровага легіёну за служэньне францускай Фэмідзе. І сам Гай Пікарда атрымаў шэраг узнагародаў, у тым ліку францускі нацыянальны ордэн «За заслугі» ў 1975 г., мэдаль ордэну Францыска Скарыны ў 2000 г., мэдаль на знак прызнаньня ягонага ўнёску ў беларускую царкоўную музыку і дыплём Беларускага камітэту ЮНЭСКО. У сваёй прафэсійнай дзейнасьці ў сфэры ангельскай, францускай і некаторы час ірляндзкай юрыспрудэнцыі Гай Пікарда спэцыялізаваўся ў маладасьледаваных аспэктах прыватнага міжнароднага права, якія ўяўлялі навуковую цікавасьць і прыводзілі яго часьцей у бібліятэкі і архівы, чым у залю суду. Ягоныя дасьледаваньні з эўрапейскага заканадаўства друкаваліся ў Брытаніі, Францыі, Бэльгіі, Італіі. Гай Пікарда ўпершыню зацікавіўся славянскай царкоўнай музыкай, калі студэнтам сьпяваў у хоры праваслаўнага сабору ў Парыжы. Так пачалося ягонае знаёмства з музычнай культурай Беларусі. Пасьля навучаньня ў Грэноблі, Оксфардзе, Лёндане і Парыжы ён займаўся праўніцкай практыкай пераважна ў Лёндане, у Тэмплі. Па сыходзе на пэнсію ў 1991 г. ён жыў у беларускай грамадзе ў Паўночным Фінчлі: кіраваў царкоўным хорам пры капліцы сьв. Пятра і Паўла, загадваў музычным аддзелам бібліятэкі, а таксама з новым імпэтам займаўся навуковай дзейнасьцю, у тым ліку адзінаасобна выдаваў часопіс па гісторыі культуры «Belarusian Chronicle». Усе, хто ведаў Гая Пікарду, будуць памятаць ягонае красамоўства, дасьціпнасьць, шырокія дасьледніцкія інтарэсы і эрудыцыю. Для беларусаў — як у замежжы, так і ў самой гэтай неспакойнай краіне, — самым даўгавечным помнікам Гаю Пікарду стануцца ягоныя дасьледаваньні беларускіх царкоўных сьпеваў і выдадзеныя ім зборнікі беларускіх царкоўных гімнаў, якія могуць ужывацца ў каталіцкіх, праваслаўных і ўніяцкіх набажэнствах. Гая Пікарду будуць памятаць і як шчодрага гаспадара, гасьціннасьць якога падмацоўвалася грунтоўнымі ведамі: сярод іншых ягоных публікацыяў — кулінарная кніга славянскіх страваў, праца пра малюска сэрцападобніка, праваднік па Менску, у якім немалая ўвага надаецца месцам, дзе можна паесьці і выпіць. За ягоным сталом гасьцей частавалі незьлічонымі гісторыямі. У наведнікаў з Усходняй Эўропы асаблівай папулярнасьцю карыстаўся аповед Гая пра лёнданскія эскапады Карла Маркса. Пікарда бегла прамаўляў да гасьцей на мяшанцы з расейскіх, беларускіх, польскіх словаў — сябры-ангельцы называлі яе «агульнаславянскай мовай». Калі ў апошнія гады жыцьця ён празь нездароўе быў вымушаны карыстацца прыватным транспартам, мясцовыя таксісты зь любоўю называлі яго «М-р Пік». Што да ангельска-беларускіх стасункаў, дык наўрад ці знойдзецца іншы нараджэнец заходняй краіны, які столькі зрабіў дзеля прасоўваньня беларускай культуры за мяжой. Не зважаючы на сёньняшнія палітычныя праблемы, ён выцягнуў з архіваў і малавядомых публікацыяў безьліч найцікавейшых фактаў пра гістарычныя сувязі Брытаніі зь Беларусьсю — ад эпохі Рэнэсансу і да пачатку ХІХ ст., калі ў Лёндане дзейнічалі падпольныя славянскія друкарні. Гая Пікарду асабліва цікавіла гісторыя пачатку ХХ ст., няпэўны, пераменлівы час realpolitik ва Ўсходняй Эўропе, калі ўсе без вынятку бакі ўтойвалі гістарычныя дакумэнты. Гэты малавядомы і моцна скажоны пэрыяд у міжнародных дачыненьнях выявіў яшчэ адзін талент Гая Пікарды — ня толькі праўніка, пісьменьніка, музыкі, але й апантанага, вынаходлівага дасьледчыка-гісторыка. Абедзьве ягоныя сям’і распаліся. У Гая Пікарды застаўся сын Жан-Аляксандар, дзьве дачкі: Кэтрын і Эліс, прыёмная дачка Элаіза (Біба) і шасьцёра унукаў Пераклаў з ангельскай А. Б. |
(Arnold McMillin) — ганаровы прафэсар славістыкі Лёнданскага ўнівэрсытэту. У «ARCHE» 4/2007 друкавалася ягоная прамова як прэзыдэнта Асацыяцыі сучасных гуманітарных дасьледаваньняў «Прыгажосьць у малым». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (60) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |