A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (60) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Аляксандр Пашкевіч | ||||
Аляксандр Пашкевіч. Андрэй Чарнякевіч
Лагічна незвязаная гісторыя
Публікацыі, якія абмяркоўваюцца ў аглядзе:
Кобрын, М. У. Беларускі нацыянальны рух: 1917—1920. — Мінск: Беларускае выдавецкае Таварыства «Хата», 2004. — 96 с. Mironowicz, J. Recenzja na Kobryn Michaił. Biełaruski nacyjanalny ruch: 1917—1920, Minsk 2004, ss. 96 // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2006. №. 26. S. 303—306.
К словам Льва Толстого «Если можешь не писать, не пиши», я бы добавил: «Если писать не можешь, тоже не пиши». Трейстер, Михаил. Матрейки. Минск: Ковчег, 2007. С. 55. Свой погляд мы мусілі змяніць пасля таго, як у 26-м сшытку «Biaіoruskich Zeszytуw Historycznych» была надрукаваная рэцэнзія на згаданую кніжку, якая належыць пяру прафесара Яўгена Мірановіча. Аўтар гэтай рэцэнзіі, сцісла выклаўшы змест асобных раздзелаў кнігі, у канцы робіць наступную выснову:
Кніга Кобрына — добра апрацаваны фрагмент гісторыі Беларусі. Гэта лагічна звязанае выкладанне, якое павінна быць зразумелым кожнаму, хто мае хоць бы элементарныя веды пра гісторыю рэгіёну, з чытэльнай канструкцыяй прычынаў падзей і іх наступстваў. […] Змест кнігі несумненна заслугоўвае большага пашырэння.
Скажам адразу, што такая ацэнка кнігі М. Кобрына з боку заслужанага навукоўца, вядомага як у Польшчы, так і ў Беларусі, надта здзівіла. Здзівіла таму, што ў нас пасля азнаямлення з працай Кобрына склалася меркаванне пра ягоную творчасць і яго самога як гісторыка-навукоўца кардынальна адрознае ад меркавання Мірановіча. Дзеля гэтага лічым патрэбным выказаць сваю думку ў парадку дыскусіі. Я. Мірановіч цалкам мае рацыю, адзначаючы ў самым пачатку сваёй рэцэнзіі выключна кепскую паліграфічную якасць выдання. Праўда, для чыста навуковай кнігі знешні выгляд — істотны, але ўсё ж не самы галоўны фактар. Больш для яе патэнцыйных чытачоў-навукоўцаў важна тое, што, як пішацца ў рэдакцыйнай анатацыі,
пра цяжкую эпоху станаўлення Беларусі ў 1917—1920 гг. аўтар расказвае з навуковай дакладнасцю, публіцыстычнай завостранасцю. Выкарыстаныя архіўныя і друкаваныя матэрыялы падмацоўваюць лагічную аргументаванасць, доказнасць і аб’ектывізм даследчыка. Прываблівае непрыфарбаваны паказ адносін тагачасных беларускіх лідэраў да сваіх партый, уласных амбіцый, да святой беларускай справы. У многіх выпадках захаваная арфаграфія тагачасся. Карты і схемы ўдала дапаўняюць тэкст.
У сваёй рэцэнзіі мы якраз і паспрабуем даць адказ, наколькі гэтыя пафасныя словы суадносяцца з рэчаіснасцю. На жаль, пасля нават не прачытання, а проста аднаразовага прагортвання кнігі падаецца, што суадносяцца яны вельмі слаба. Каб у гэтым пераканацца, не трэба нават ажыццяўляць падрабязны аналіз усёй працы, дастаткова гэта зрабіць у дачыненні да адносна невялікага лагічна завершанага ўрыўку. Вось, напрыклад, як тлумачыць Кобрын працэсы дыферэнцыяцыі, якія адбываліся ў беларускім нацыянальным руху пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. (стылістыка аўтара цалкам захаваная):
Кастрычніцкая рэвалюцыя паскорыла размежаванне беларускага нацыянальнага руху на два напрамкі: нацыянальна-дэмакратычны і рэвалюцыйна-класавы.
Нацыянальна-дэмакратычныя сілы аб’ядноўвалі сярэдняе і заможнае сялянства (88 %), частку дэмакратычнай інтэлігенцыі (11,6 %), зямельную і прамысловую алігархію (7 %). Па свайму складу яны пераўзыходзілі рэвалюцыйна-класавыя сілы, ужо да рэвалюцыі былі аб’яднаны ў палітычныя партыі і арганізацыі (БСГ, БПНС, ВБР), вялі барацьбу спачатку за дасягненне аўтаномнага статуса Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, убачыўшы яе таталітарны не дэмакратычны напрамак, за незалежную беларускую дзяржаву з парламенцкай формай кіравання і дэмакратычнымі дзяржаўнымі інстытутамі. Іх сацыяльны статус парушыла Кастрычніцкая рэвалюцыя, у выніку якой яны не па сваёй волі страцілі былое значэнне ў грамадстве. Менавіта па гэтаму Кастрычніцкую рэвалюцыю яны сустрэлі адмоўна, назвалі яе, як і самі бальшавікі на пачатку, дзяржаўным пераваротам. Язэп Лёсік, так абгрунтоўваў стратэгію нацыянальна-дэмакратычных сіл: «рускія сацыялісты (бальшавікі), не ведаючы жыцця нашага краю… шыюць для нас абутак па сваёй маскоўскай мерцы. Разумеецца, такі абутак нам будзе заўсёды цесны і ціснуць пры нашэнні» (Парэчын, Г. Г. Ідэя беларускай дзяржаўнасці перад утварэннем Савецкай Беларусі. Мн. 1929).
Рэвалюцыйна-класавыя сілы беларускага нацыянальнага руху абапіраліся на бяднейшае сялянства (11 %), маламаёмасныя гарадскія нізы (8 %), салдат Заходняга фронту (каля 1,6 тысячы чалавек), бежанцаў у Расіі і на Украіне (1,5 мільёна чалавек) (Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі (РДАСПГ). Ф. 71, воп. 34, сп. 1403, п. 7). Іх арганізацыйна-палітычнымі структурамі былі: 1. Філіялы БСГ у Петраградзе, Нарве, Кранштаце, на базе якіх пасля рэвалюцыі пераўтварыліся ў Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю на чале з А. Чарвяковым. 2. Беларускі Абласны Камітэт (БАК), які ўзнік у Петраградзе з дэлегатаў сялян-беларусаў на Усерасійскім сялянскім з’ездзе. 3. Беларускія секцыі РКП (б). 4. Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам).
У выніку рэвалюцыйна-класавыя сілы паправілі сваё маёмаснае становішча і хацелі замацаваць гэтае становішча ў грамадстве. Калі нацыянальна-дэмакратычныя сілы лічылі Кастрычніцкую рэвалюцыю нацыянальнай, то рэвалюцыйна-класавыя — сацыяльнай. Нацыянальна-дэмакратычны бок лічыў, што ўсе сацыяльныя пытанні павінны быць вырашаны ў адпаведнасці з патрэбамі ўсяго насельніцтва Беларусі толькі ў тым выпадку, калі Беларусь самаарганізуецца як дзяржаўнае ўтварэнне (Ладысеў, У. Ф.; Брыгадзін, П. І. Паміж усходам і захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мн., 2003. С. 91). Яны хацелі замяніць разселыя ў краі яўрэйскую і рускую буржуазію на беларускую, аддзяліць нацыянальны рух ад сацыяльнага. Гэтым самым яны хацелі ўплоцевіць ідэі, дэмагогію Кастрычніцкай рэвалюцыі ў жыццё, фактычна, як пасля, праз гады, адзначаць многія яе апалагеты-навукоўцы, — гэтым самым яны паказвалі сапраўдны твар Кастрычніцкага перавароту, то бок зніжалі ўзровень вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі
Дапускаем, што мы папросту не маем нават «элементарных ведаў пра гісторыю рэгіёну», але нам гэтыя блытаныя і шмат дзе супярэчныя самі сабе разважанні (а прыведзеная цытата для рэцэнзаванай працы — тыповая) не падаюцца «лагічна звязаным выкладаннем» з «чытэльнай канструкцыяй прычынаў падзей і іх наступстваў». Але, можа, гэта проста вынік дрэннай працы рэдактара (ім, як вынікае з выходных звестак, з’яўляецца ў гэтым выданні В. Санько), а ў навуковым плане тут усё ў парадку? Прааналізуем змест гэтага ўрыўка з пункту гледжання ад пачатку заяўленых аўтарам і выдавецтвам «навуковай дакладнасці», «лагічнай аргументаванасці, доказнасці і аб’ектывізму». Сам аўтар у пачатку сваёй кнігі дае ўласнае азначэнне беларускага нацыянальнага руху: «беларускі нацыянальны рух — гэта грамадскі рух беларускага народа за сваё нацыянальнае адраджэнне, за свабоднае развіццё на аснове дзяржаўнасці, як канечнай мэты сваёй дзейнасці і ажыццяўлення ўласнай творчай ролі ў сусветнай цывілізацыі» (с. 6). Азначэнне, несумненна, вельмі спрэчнае, але калі нават безумоўна з ім пагадзіцца, то вынікае, што аўтар сам не лічыць нацыянальны рух нейкай партыяй ці арганізацыяй з фіксаваным у ёй членствам. Дзеля гэтага цяжка зразумець, як можна рабіць падзел прыхільнікаў гэтага руху на розныя плыні ў дакладных (ажно да дзесятых!) працэнтных суадносінах (не кажучы ўжо пра тое, што сам падзел Кобрыным усяго тагачаснага нацыянальнага руху на «нацыянал-дэмакратычную» і «рэвалюцыйна-класавую» плыні — надзвычай штучны, неадназначны і часта проста «прыцягнуты за вушы»). А менавіта гэта аўтар і робіць, акрэсліваючы розніцу паміж «нацыянал-дэмакратычнай» і «рэвалюцыйна-класавай» плынямі нацыянальнага руху. Пры гэтым М. Кобрын, падобна на тое, добра не засвоіў нават табліцы множання. Так, калі скласці 88 %, 11,6 % і 7 % , то атрымаецца 106,6 %, а не 100 %, як яно павінна было б лагічна вынікаць. Адносна «рэвалюцыйна-класавай» плыні ўсё атрымалася яшчэ больш дзіўна: М. Кобрын вылучае чатыры катэгорыі тагачаснага грамадства, якія нібыта з’яўляліся яе прыхільнікамі, прытым у дачыненні да першых дзвюх аўтар аперуе працэнтнымі паказчыкамі, а ў дачыненні да астатніх — абсалютнымі. Пры гэтым салдат Заходняга фронту, паводле Кобрына, налічвалася ўсяго толькі «каля 1,6 тысячы чалавек». Гэта відавочна замала, таму ўзнікае пытанне, каго тут аўтар мае на ўвазе: увогуле ўсіх салдат Заходняга фронту ці толькі тых, якія падтрымлівалі беларускі нацыянальны рух? У апошнім выпадку цікава было б даведацца больш падрабязна пра крыніцу, з якой М. Кобрын узяў гэтую інфармацыю ў гатовым выглядзе (простай спасылкі на безаблічную архіўную справу тут відавочна недастаткова), або, калі ён падлічыў колькасць такіх салдат самастойна — пра методыку падліку. Але, хутчэй за ўсё, Кобрын мае на ўвазе наагул усіх салдат, бо ў іншым месцы ў яго праходзіць лічба, што ў лютым 1917 г. Заходні фронт аб’ядноўваў 1620,6 тысяч (г. зн. 1,6 мільёна чалавек) салдат, афіцэраў і ваенных чыноўнікаў (с. 8), а пераблытаць тысячы з мільёнамі для аўтара рэцэнзаванай кнігі, як будзе паказана далей — яшчэ не самая грубая памылка. Аднак пры першай згадцы гэтай лічбы ў сваёй працы Кобрын напісаў і нават вылучыў тлустым шрыфтам, што
амаль усе яны (вайскоўцы Заходняга фронту. — А. П, А. Ч.) былі выхадцамі з цэнтральных рэгіёнаў Расіі, Каўказа і Сярэдняй Азіі, беларускія нацыянальныя інтарэсы іх не цікавілі, у далейшым яны будуць актыўна супрацьдзейнічаць беларускаму нацыянальнаму руху.
На якой жа тады падставе вайскоўцы Заходняга фронту (прытым усе пагалоўна) былі ім залічаныя ў «рэвалюцыйна-класавыя сілы беларускага нацыянальнага руху»? І чаму пагалоўна залічаныя ў гэтыя самыя «сілы» ўсе 1,5 мільёна беларускіх бежанцаў? Што, сярод апошніх зусім не было прадстаўнікоў «беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сіл», прыхільнікаў т. зв. «заходнерусізму» ці расійскіх палітычных партый розных кірункаў, урэшце, людзей з увогуле неакрэсленай нацыянальнай свядомасцю і палітычнай арыентацыяй? А калі ўсё ж Кобрын мае рацыю і «рэвалюцыйна-класавыя сілы беларускага нацыянальнага руху» сапраўды мелі за сабой падтрымку мільёнаў людзей, то чаму тады «нацыянал-дэмакратычныя сілы» «па свайму складу… пераўзыходзілі рэвалюцыйна-класавыя сілы»? Надзвычай наіўная — спроба растлумачыць прычыны расколу беларускага руху. М. Кобрын услед за савецкай гістарыяграфіяй (якую неаднаразова на старонках сваёй кнігі крытыкуе) фактычна імкнецца звесці ўсё да класавых супярэчнасцяў. Як іначай разумець ягоныя словы пра прыхільнікаў «нацыянал-дэмакратычнай» плыні: «Іх сацыяльны статус парушыла Кастрычніцкая рэвалюцыя, у выніку якой яны не па сваёй волі страцілі былое значэнне ў грамадстве. Менавіта па гэтаму Кастрычніцкую рэвалюцыю яны сустрэлі адмоўна»? Аднак ужо ў наступным сказе аўтар сам фактычна выкрывае ўсю штучнасць такога падыходу, прыводзячы цытату з Язэпа Лёсіка, які нібыта абгрунтоўваў з яе дапамогай «стратэгію» «нацыянал-дэмакратаў». Які сацыяльны статус гэтага дзеяча магла парушыць Кастрычніцкая рэвалюцыя, калі ён яшчэ за некалькі месяцаў да яе (разам з іншым «нацыянал-дэмакратам» Алесем Гаруном) знаходзіўся ў сібірскай ссылцы, да таго ж, паводле самога Кобрына, з’яўляўся «выхадцам з шэрагаў сялянства» (с. 11)? Дарэчы, імкненне аўтара звесці ўсе палітычныя рознагалоссі паміж беларускімі дзеячамі да супрацьстаяння «багацеяў» і «беднякоў» знайшло адлюстраванне ў кніжцы і ў іншых месцах. Так, на с. 32 М. Кобрын, пішучы, што «германскім акупацыйным уладам больш імпанавала палітычная дзейнасць Віленскай Беларускай Рады на чале з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Янкам Станкевічам і іншымі, якія 25 студзеня 1918 г. на канферэнцыі беларускіх арганізацый Віленшчыны ўтварылі Віленскую Беларускую Раду», тлумачыць гэта тым, што «лідэры гэтай арганізацыі былі выхадцамі з заможных колаў грамадства, былі зацікаўлены ў захаванні свайго былога маёмаснага становішча, спадзяваліся на дапамогу ў гэтым Германіі, яны занялі адкрыта прагерманскую пазіцыю» (усюды цалкам захоўваецца аўтарскі стыль — А. П., А. Ч.). У дадзеным выпадку можна адно толькі параіць аўтару пры нагодзе пачытаць хоць бы некаторыя з апублікаваных успамінаў пра т. зв. «нашаніўскі» перыяд развіцця беларускага нацыянальнага руху, а таксама пра беларускі рух у Вільні ў гады Першай усясветнай вайны дзеля таго, каб рэальна ўявіць сабе, наколькі «заможнымі» былі, напрыклад, тыя самыя браты Луцкевічы і ці маглі яны ў такіх умовах быць зацікаўленымі «ў захаванні свайго былога маёмаснага становішча»1. |
гісторык, сталы аўтар «ARCHE». Яго апошні артыкул у нашым часопісе выйшаў пад назвай «Пратэстантызм і беларускі нацыяналізм у міжваеннай Польшчы» (5/2007).
АНДРЭЙ ЧАРНЯКЕВІЧ — гісторык, аўтар манаграфіі «Беларускі нацыянальны рух у Гародні (1918—1920 гг.). Беларускія апосталы» |
Пытанні ж літаральна да кожнага сказа прыведзенага вышэй фрагмента аўтарскага тэксту ўзнікаюць і надалей. Як, напрыклад, суадносяцца паміж сабой словы ўсё з той самай лёсікаўскай цытаты, што «рускія сацыялісты (бальшавікі), не ведаючы жыцця нашага краю… шыюць для нас абутак па сваёй маскоўскай мерцы» з аўтарскім сцверджаннем, што «нацыянальна-дэмакратычныя сілы лічылі Кастрычніцкую рэвалюцыю нацыянальнай»? І чаму назоў «пераварот», дадзены Кастрычніцкай рэвалюцыі, «нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі» сведчыць пра іх негатыўнае да яе стаўленне, калі пераваротам гэтую рэвалюцыю называлі нават «самі бальшавікі на пачатку»? Калі беларускія «нацыянал-дэмакраты» сапраўды «хацелі замяніць разселыя ў краі яўрэйскую і рускую буржуазію на беларускую», то як гэта стасуецца з адначасовым жаданнем «уплоцевіць ідэі, дэмагогію Кастрычніцкай рэвалюцыі ў жыццё», калі вядома, што бальшавіцкая партыя, якая гэтую рэвалюцыю ажыццявіла, адкрыта выступала супраць існавання якой бы то ні было буржуазіі?
Нават спасылкі на крыніцы і літаратуру ў вылучаным урыўку нельга абмінуць увагай. Так, кнігі Г. Г. Парэчына «Ідэя беларускай дзяржаўнасці перад утварэннем Савецкай Беларусі», з якой аўтар нібыта ўзяў цытату з Язэпа Лёсіка2, не існуе ў прыродзе: гэты даследчык у 1929 г. выпусціў толькі аднайменны артыкул3. Праўда, у самым пачатку згаданага артыкула ягоны аўтар (якога, дарэчы, звалі Грыгорыем (Рыгорам) Яўхімавічам, таму ён ніяк не мог мець ініцыялы Г. Г., як гэта праходзіць у М. Кобрына) адзначыў, што «гэты артыкул ёсьць конспэкт працы, якую аўтор рыхтуе для выдання асобнай кніжкай пад такою самаю назваю», але праанансаваная такім чынам кніга з друку ўрэшце так і не выйшла. Адразу ж пры нагодзе адзначым, што і вядомы беларускі даследчык Віталь Скалабан не выдаваў у 1987 г. (як і ніколі ў іншы час) кнігі на беларускай мове «Беларускі нацыянальны камісарыят (сакавік 1918 — сакавік 1919 гг.)» (на яе М. Кобрын спасылаецца на с. 39 (спасылка 64)) — у гэтым годзе ім была толькі абароненая на гэтую тэму (адно што толькі месяц сакавік у першым выпадку заменены на студзень) рускамоўная кандыдацкая дысертацыя4. Вось колькі недакладнасцяў, памылак і супярэчнасцяў можна знайсці толькі ў адным адносна невялікім фрагменце працы М. Кобрына. Грунтоўна аналізаваць астатні яе змест шкада і часу, і паперы. Скажам толькі, што выключная прафесійная некампетэнтнасць аўтара «манаграфіі» пры яе чытанні проста кідаецца ў вочы. Найбольш яскравым індыкатарам гэтага з’яўляецца ўласцівая для ўсёй кнігі блытаніна з імёнамі беларускіх нацыянальных дзеячаў. Так, Павел Аляксюк увесь час называецца Пятром (с. 10, 24, 37, 55, 67) ці Пётрам (с. 52), Леанард (Лявон) Заяц — Пятром (с. 10), Аляксандр Бурбіс — Антонам (с. 12, 25), Кіпрыян Кандратовіч — Кастусём (с. 15) ці Кандратам (с. 49), Міканор Ярушэвіч — Міхасём (с. 15), Казімір Шафнагель — Карлам (с. 15), Усевалад Фальскі — Уладзімірам (с. 25), Макар Касцевіч — Міхасём (с. 25, 28), Палута (Пелагея) Бадунова — Палінай (с. 31), Яўхім Бялевіч — Язэпам (с. 31), Павел Злобін — Пятром (с. 31), Янка (Іван) Серада — Іосіфам (с. 31), Дамінік Сямашка — Зміцерам (с. 34), Язэп Туркевіч — Янкам (с. 34), Клаўдый Дуж-Душэўскі (у аўтара проста Душэўскі) — Кірылам (с. 39), Язэп Варонка — Восіпам (с. 50), Гасан Канапацкі — Гаўрылам (с. 55), Антон Грыневіч — Алесем (с. 56), Рамуальд Зямкевіч — Раманам (с. 56), Усевалад Ігнатоўскі — Уладзіславам (с. 56) і Уладзімірам (с. 56), Яўсей Трафімаў (Трахімаў) — Алесем (с. 62, 63, 73), Васіль Русак — Віктарам (с. 73). Пад «перахрышчванне» патрапілі і камуністычныя дзеячы: Рычард Пікель называецца Раманам (с. 65), Майсей Калмановіч — Віктарам (с. 65), Рыгор Зіноўеў — Мікалаем (с. 69), Адольф Іофе — Ісакам (с. 70). Найбольш не пашанцавала беларускаму эсэру, удзельніку Слуцкага паўстання Марку Асвяцімскаму — яму па волі М. Кобрына давялося зьмяніць не толькі імя, але таксама прозьвішча і нават пол: у кніжцы ён першапачаткова фігуруе пад імем Марылі Асьвянціцкай (с. 63). Пасля, праўда, аўтар кнігі злітаваўся і вярнуў Асьвяцімскаму ягоную сапраўдную полавую прыналежнасьць, аднак захаваў выдуманыя імя і прозьвішча: наступны раз гэты дзеяч адзначыўся ў тэксьце як «Міхась Асвеціцкі» (с. 73). Латыш Карл Ландар па волі Кобрына стаў «яўрэем» (с. 42). Пасля ўсяго гэтага зусім бяскрыўдным выглядае называнне генерала Станіслава Булака-Балаховіча «Булак-Булаховічам», а вайскоўцаў ягонай арміі — «булахоўцамі» (с. 73). Падобна на тое, што аўтар зусім незнаёмы і з фундаментальным прынцыпам гістарычнага даследавання — прынцыпам гістарызму. Іначай чым можна растлумачыць наступны аўтарскі пасаж: «Дзякуючы арганізацыйным намаганням Вялікай (Беларускай) Рады, у апошнія месяцы 1917 года прыкметна паскорыўся рост свядомасці беларускага народу (беларусаў, рускіх, палякаў, габрэяў)» (с. 21). Тут (а калі лічыць, што праца Кобрына складае лагічнае цэлае, то і ўсюды далей па тэксце?) паняцце «беларускі народ» ужываецца ў сённяшнім ягоным разуменні: як усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці. Але ж у 1917 г. не існавала беларускай дзяржавы ні ў якой форме, таму пра тагачасны «беларускі народ» можна казаць толькі ў вузкім, этнічным разуменні гэтага выразу. Менавіта ў такім, а не ў якім-небудзь іншым сэнсе ён у той час і ўжываўся. Адпаведна пра палякаў і габрэяў казалі ў той час як пра «польскі» і «габрэйскі» народы (з «рускім народам» справа, як вядома, была больш складаная). Як вынікае з вышэйадзначанага, выдавецкая анатацыя да кніжкі значна прыфарбавала рэальны стан рэчаў. Але ў чым з ёй нельга не пагадзіцца, дык гэта ў тым, што аўтар расказвае пра падзеі «з публіцыстычнай завостранасцю». Вось некалькі найбольш яскравых прыкладаў гэтай «завостранасці»:
…бальшавікі ў тую ж ноч разагналі [Усебеларускі] з’езд. Разагналі нахабна. Сарвалі з сябе маскі прытворства. З дапамогай войска, зброі. Што ім да маралі, гульні ў законнасць, калі нехта здолеў выказацца не па-іхняму. З’ілгалі, незсправядлівілі? Дык не ўпершыню за кароткі час іх дзейнасці (с. 28).
Па вобразнаму выказванню кіраўніка савецкай дэлегацыі на перагаворах Ісака (насамрэч Адольфа — А. П., А. Ч.) Іофе «бальшавікі далі Польшчы тую граніцу, якую яна жадала. Расія і Украіна ў гэтым пытанні ішлі насустрач… вельмі шырока».
Вядома, не за свой кошт, за кошт Беларусі!
Ды і Расія добра «нагрэла рукі». Пад шум страляніны і грукання конскіх капытоў паспела завалодаць Віцебшчынай, Магілёўшчынай, Смаленшчынай і г. д.» Кошка ведае, чыё мяса з’ела: маскоўскія кіраўнікі ведалі, як знесправядлівілі на перагаворах у Рызе. Маглі дапусціць беларускую дэлегацыю за стол, маглі не даць нашу зямлю аслабелай Польшчы. Шмат што маглі… Замест гэтага душылі паэтаў (с. 71).
Да прысутнасці ў тэксце такіх моўных абаротаў (а падобных пасажаў тут можна знайсці, прытым нават не асабліва шукаючы, куды болей) яшчэ можна было б паставіцца з пэўным разуменнем, калі б праца М. Кобрына прадстаўлялася чытачу ў якасці папулярнай кніжкі, а не ў якасці «манаграфіі» і «навуковага выдання» (с. 95). А заключны раздзел «манаграфіі», які носіць «супернавуковую» назву «Беларусы, яднайцеся», увогуле надае працы М. Кобрына характар палітычнай улёткі. Дзеля таго не зусім зразумела, на падставе чаго Я. Мірановіч у сваёй рэцэнзіі зрабіў выснову, што «аўтар пазбягае паўтарэння заношаных міфаў, прапагандысцкага тону і дапасоўвання гісторыі да якіх-колечы сучасных палітычных опцый, што з’яўляецца пракляццем сучаснай, не толькі беларускай гістарыяграфіі». Надзвычай «багатая» беларуская мова аўтара. Калі неадпаведнасць сучасным правілам (прытым патрабаванням не толькі афіцыйнага правапісу, якім праца нібыта напісана, але і правілам т. зв. «класічнага») у цытатах яшчэ можа быць апраўдана імкненнем захаваць «арфаграфію тагачасся», то безліч лексічных наватвораў у чыста аўтарскай мове можна растлумачыць хіба што толькі тым, што аўтар «па-новаму падыходзіць» не толькі да «дадзенай тэмы» (с. 6), але і да моўных сродкаў выказвання сваёй думкі. Так, мы сустракаем у аўтара такія «перлы», як «перакаты вайсковых фарміраванняў» (с. 13), «уплоцевіць ідэі» (с. 20), «разселыя ў краі яўрэйская і руская буржуазія» (с. 20), «запачуваліся адзіным народам» (с. 27), «нашанскія і тамашнія бальшавікі» (с. 28), «паважныя адзін да другога» (с. 58), «непрымальнікі польскай арыентацыі» (с. 60), «польскія маламаёмасныя слаі насельніцтва не ўспрынялі рэвалюцыйную тухту, што неслі Саветы» (с. 69). Акрамя наватвораў, шмат у кніжцы і звычайных русізмаў: «адмоўна сказвалася» (с. 12), «мяшалі беларускаму руху» (с. 13), «проста напраста ўцяклі» (с. 30) і інш. Творча, як мімаходзь ужо адзначалася вышэй, падыходзіць аўтар да праблемы перадачы ў тэксце цытатаў з крыніц. Вось, напрыклад, што пісаў у 1917 г. вядомы беларускі дзеяч Язэп Лёсік:
Нам патрэбна аўтаномія, каб запэўніць беларускаму хлебаробу як найбольшы прыбытак, а беларускаму пралетарыю — як найвышэйшы заработак, каб даць сваім людзям работу дома, на месцы, на грунце ўласнай беларускай прамысловасці і каб нашы людзі не вандравалі, шукаючы заработкаў, у свет, на чужыну, дзе і сам работнік, і яго рабочая сіла прападалі для нашага краю5. |
1 Луцкевіч, А. Жыцьцё і праца Івана Луцкевіча // Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Мінск, 2003. С. 87-102; Вітан-Дубейкаўская, Ю. Мае ўспаміны. Vilnius, 1994; Кветка Вітан. «Наша Ніва» і Іван Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. І. Сачанка. Мінск, 1994. С. 61-65. 2 Сама гэтая цытата, дарэчы, у арыгінале гучыць трохі інакш, чым у пераказе М. Кобрына: «расійскі сацыяліст… ня ведаючы ні нас, ні жыцьця нашага, шые абутак для нас на свой уласны маскоўскі капыл. Разумеецца, такі абутак будзе заўжды муляць нам і дапякаць пры ўжываньні». 3 Парэчын, Г. Ідэя беларускае дзяржаўнасьці перад утварэньнем Савецкае Беларусі // Запіскі аддзелу гуманітарных навук Беларускай акадэміі навук. Працы Катэдры сучаснага права. Т. 1. Менск, 1929. С. 1-35. 4 Гл.: Скалабан, В. В. Белорусский национальный комиссариат (январь 1918 - март 1919 гг.), автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук, спец. 07.00.02 - история СССР, Минск, 1987. |
А вось тая самая цытата, але ўжо ў інтэрпрэтацыі Кобрына:
Нам патрэбна аўтаномія, каб запэўніць беларускага хлебароба, што гэта найбольшы прыбытак, а беларускага пралетарыя, што гэта найвышэйшы заробак, каб гэтым самым даць сваім людзям працу дома, на месцы, на грунце ўласнай беларускай прамысловасці, і каб нашы людзі не вандравалі, шукаючы заробкаў на чужбіне, дзе сам працаўнік і яго рабочая сіла прападалі для нашага краю (с. 11).
Тут аўтар чамусьці не толькі не захаваў «арфаграфію тагачасся», але нават падрэдагаваў цытату адпаведна ўласных уяўленняў пра правілы беларускай мовы. Самі змены выглядаюць нібыта і нязначнымі, аднак у асобных выпадках яны змяняюць нават агульны сэнс цытаты. Так, з-за адной толькі замены давальнага склону на вінавальны (у Лёсіка «беларускаму хлебаробу», а ў Кобрына «беларускага хлебароба») сэнс дзеяслова «запэўніць» цалкам змяніўся: у лёсікаўскім арыгінале ён мае значэнне «забяспечыць», а ў кобрынскім пераказе — «пераканаць». Не бачыць розніцы Кобрын і паміж паняццямі «працаўнік» і «работнік», між тым гэта не адно і тое самае, асабліва ў дачыненні да пачатку ХХ ст.: тады ў беларускай мове слова «работнік» мела значэнне дастаткова вузкае, тое самае, што сёння — «рабочы». А навошта было змяняць чыста беларускае слова «чужына» на расейскую «чужбіну» — гэта зразумела хіба што толькі самому аўтару. У інтэрпрэтацыі Кобрына нават хрэстаматыйны ўрывак з вядомай паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» загучаў наступным чынам:
Родны край! ты разарваны
Якуб Колас, якога Кобрын, відаць, нездарма тут жа назваў «геніяльным», меў, натуральна, куды лепшае за будучага прыхільніка свайго таленту пачуццё рыфмы, дзеля чаго ў другім радку цытаванага ўрыўку з паэмы змясціў выраз «ад мяжы», як больш сугучны са словам «гужы». Гэта па-першае. А па-другое, ці апраўдана ў дадзеным выпадку (тым больш на фоне агульнай антыбальшавіцкай рыторыкі, якой трымаецца аўтар на працягу ўсёй працы) цытаваць той варыянт паэмы, які быў выпраўлены паэтам у пазнейшыя гады пад ціскам бальшавіцкай цэнзуры? У арыгінале, як вядома, гужы сцягвалі «паабапал ад мяжы / Лях ліхі, маскаль паганы». Пасля такога няведання беларускай класікі цяжка патрабаваць ад аўтара ведаў пра тое, што верш Алеся Дудара «Пасеклі наш край папалам…» быў крытычным водгукам зусім не на Рыжскую дамову (с. 71), а на працэс Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў Вільні, і ў 1928 г. быў толькі напісаны, але ніколі пры саветах, натуральна, не друкаваўся6. |
5 Лёсік, Я. Творы. Мінск, 1994. С. 210. |
Вышэйапісаны казус з цытатай «праўдаруба» (азначэнне М. Кобрына) Язэпа Лёсіка падштурхнуў нас да таго, каб праверыць на адпаведнасць арыгіналу і іншыя цытаты з яго, даволі шматлікія ў кнізе. Яны, аднак, скончыліся няўдачай: на пазначаных аўтарам старонках зборніка твораў гэтага дзеяча прыведзеныя цытаты адсутнічалі. Гэта самае можна сказаць і пра цытаты з многіх іншых выданняў. Самае цікавае, што не ўдалося знайсці не толькі на ўказанай М. Кобрынам старонцы 42, але наагул і ва ўсёй кнізе вялікай цытаты з адозвы Цэнтральнай Беларускай Рады Гродзеншчыны за красавік 1919 г. (с. 53), якая нібыта была ўзятая з выдання аўтарства… Яўгена Мірановіча — «Навейшая гісторыя Беларусі» (Беласток, 1999). Пасля гэтага натуральным чынам узнікаюць сумненні, ці можна ўвогуле мець хоць бы нейкі давер да складзенага Міхаілам Кобрыным навуковага апарату да «манаграфіі», у тым ліку і да спасылак на архіўныя дакументы.
Дарэчы, архіўных дакументаў М. Кобрын, калі меркаваць па спасылках, выкарыстаў даволі шмат. Толькі на Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) іх зроблена 29 (праўда, спасылкі пад нумарамі 63, 65 і 110 — пустыя, адпаведнікаў у тэксце для іх няма). Аднак жа паглядзім, якую эксклюзіўную інфармацыю «даследчыку» ўдалося ў архіве, трэба думаць, цяжкой працай, здабыць. Калі верыць М. Кобрыну, толькі ў архівах захаваліся і да гэтага часу не выдадзены Першая і Трэцяя Устаўныя граматы БНР (с. 31 і 36, спасылкі 53 і 60), тэкст Рыжскай мірнай дамовы (с. 70, спасылка 115). Толькі з архіўных дакументаў можна даведацца, якую плошчу мела тэрыторыя БССР пасля Рыжскага міру (с. 71, спасылка 117) і колькі этнаграфічных беларускіх земляў адышло да Польшчы (с. 71, спасылка 116). Пасля нястомнай працы ў архівах Міхаіл Кобрын адкрыў таксама «сенсацыйны» для беларускай гістарыяграфіі факт, што «Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які адбыўся ў Мінску з 2 па 3 лютага 1919 года, зацвердзіў маскоўскае рашэнне — утварэнне такога штучнага дзяржаўнага аб’яднання, як Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі (Літбел)» (с. 45, спасылка 73). Такім чынам, наяўнасць у працы вялікай колькасці архіўных спасылак была дасягнута штучна, бо пераважная большасць звестак, нібыта ўзятых аўтарам з архіваў, сёння шырока даступныя, а частка іх змешчана нават на старонках даведачна-энцыклапедычных і папулярных выданняў. У той самы час практычна не выкарыстанай М. Кобрыным засталася грунтоўная дзвюхтамовая дакументальная публікацыя «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі». 7 зробленых на гэтае выданне спасылак, безумоўна, зусім не вычэрпваюць усяго ягонага багацця, тым больш што перыяду, які разглядае аўтар, прысвечаны амаль што ўвесь першы, амаль тысячастаронкавы том. На заканчэнне патрэбна кінуць вокам на змешчаныя ў канцы кнігі схемы і карты, якія нібыта «ўдала дапаўняюць тэкст». З апошнім мусім, як ні дзіўна, пагадзіцца: схемы, складзеныя М. Кобрыным, з тэкстам сугучныя, у тым сэнсе, што памылак у іх не менш. Возьмем, напрыклад, «Схему нацыянальна-дэмакратычнага кірунку беларускага нацыянальнага руху» (с. 79). Паводле аўтарскай версіі, гэты кірунак пачынаўся з дзейнасці трох партый: Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ) (дзейнічала з 25 сакавіка 1917 г. па 25 красавіка 1918 г.), Беларускай народнай партыі сацыялістаў (БНПС) (дзейнічала з чэрвеня 1917 г. па студзень 1918 г.) і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) (дзейнічала з ліпеня 1917 г. па студзень 1920 г.). Фактычна адно толькі пералічыўшы гэтыя 3 партыі, аўтар адразу ж зрабіў некалькі элементарных памылак. Так, Беларуская Сацыялістычная Грамада існавала як адзіная партыя не да 25 красавіка 1918 г., а да лета гэтага самага года. 25 красавіка 1918 г. — гэта дата адпраўкі Радай БНР сумнавядомай тэлеграмы кайзеру Вільгельму, што, вядома, садзейнічала развіццю цэнтрабежных працэсаў у шэрагах БСГ, але ўсе гэтыя працэсы адбывалася не за адзін дзень. Беларуская народная партыя сацыялістаў была заснавана не ў чэрвені, а ў траўні 1917 г. Урэшце, такой партыі, як Беларуская хрысціянская дэмакратыя, у 1917—1920 гг. увогуле не існавала. У траўні (а зусім не ў ліпені) 1917 г. на з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Менску была створана Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць (БХДЗ), якая толькі ў 1926 г. прыняла назву Беларуская хрысціянская дэмакратыя, а ўвогуле сваю палітычную дзейнасць у заходняй частцы Беларусі працягвала аж да акупацыі Чырвонай Арміяй тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі ў чэрвені 1940 г. Пачатак жа 1920 г. — гэта дата не заканчэння дзейнасці БХДЗ, а дата прыняцця яе першай праграмы. Аднак самыя дзівосы пачынаюцца далей. Ад гэтых трох партый, якія ўсе былі заснаваныя ў Мінску ў 1917 г., аўтар у сваёй схеме кіруе стрэлку да… Беларускага народнага камітэта, заснаванага ў Вільні яшчэ ў лістападзе 1915 г., і далей — да Віленскай беларускай рады, заснаванай у той самай Вільні 12 студзеня 1918 г. (насамрэч — 25 студзеня 1918 г.). Далей з гэтай самай схемы можна даведацца, што Выканкам Усебеларускага з’езда дзейнічаў усяго толькі тры дні, ад 16 да 18 снежня 1917 г., аднак жа, нягледзячы на гэта, ён нейкім чынам здолеў паўдзельнічаць ва ўтварэнні БНР. БНР, паводле Кобрына, была ўтворана 25 сакавіка 1918 г. (насамрэч — Другой Устаўной граматай 9 сакавіка 1918 г., Трэцяй Устаўной граматай БНР была абвешчана незалежнай дзяржавай). Між тым Рада БНР (а БНР, па версіі Кобрына, яшчэ зусім і не было) нібыта дзейнічала ўжо з 16 сакавіка 1918 г. (насамрэч — з 18 сакавіка). Спыніла яна сваю дзейнасць 13 снежня 1919 г., абсалютна нічога пасля сябе, калі верыць схеме, не пакінуўшы. Увогуле ж, акрамя Рады, Беларуская Народная Рэспубліка нібыта мела яшчэ два раўнапраўныя з ёй (калі меркаваць па той жа схеме) інстытуты — Слуцкая Рада (ліпень — лістапад 1920 г.) і Арганізацыя «Зялёны дуб» (жнівень 1919 — ліпень 1921 г.). Пасля такой «навуковай дакладнасці» першай схемы ў другую, пад назвай «Схема рэвалюцыйна-класавага кірунку беларускага нацыянальнага руху», варта зазірнуць хіба што толькі дзеля таго, каб даведацца, што Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ) была ўтворана 1 студзеня 1920 (!) г. Падаецца, што ўсяго вышэйсказанага ўжо дастаткова для агульных высноў. Без асаблівага дыпламатызму, які ў дадзенай сітуацыі быў бы, падаецца, зусім не дарэчы, можна сказаць, што да гістарычнай навукі «манаграфія» М. Кобрына не мае аніякага дачынення. Яе аўтар мае абсалютна цьмянае паняцце не толькі пра метадалогію гістарычных даследаванняў, але нават пра тое, што з сябе гістарычная навука ўвогуле уяўляе. Часта ён не ведае самых падставовых фактаў, а пры іх навуковым аналізе цалкам бездапаможны. Праца М. Кобрына не можа быць выкарыстана нават у якасці звычайнай крыніцы інфармацыі — зусім наадварот, куды часцей яна выступае як крыніца дэзінфармацыі. Дзеля гэтага застаецца толькі парадавацца, што «кніга дойдзе адно да нешматлікіх чытачоў» і «практычна няма магчымасці перадаваць яе з рук у рукі, бо пасля аднаразовага прачытання фактычна застаюцца вокладкі і разрозненыя аркушы» (Я. Мірановіч). Можа, хоць гэта засцеражэ сучасную беларускую гістарычную навуку ад вялікай ганьбы на ўвесь свет.
|
6 Падрабязней гл.: Міхнюк, У. М. Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. Мінск, 1996. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (60) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |