A R C H E П а ч а т а к № 9 (60) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


9 — 2007

 



Горадня пад ударам • аналітыка • крытыка • прэзэнтацыя • мова…

 


прэзэнтацыя

  Уладзімер Роўда

Вокладка «ARCHE» №9
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Уладзімер Роўда
Эўрапейская альтэрнатыва для краіны паганскага бога

Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт. — Варшава: выдавецтва «ARCHE», 2006.

Перш за ўсё, хацелася б адзначыць, што гэтая кніга зьяўляецца адной зь першых спробаў сабраць пад адной вокладкай меркаваньні і пазыцыі добра вядомых у Беларусі людзей, якія прытрымліваюцца розных, калі не процілеглых, поглядаў у асноўных палітычных пытаньнях. Таму сама дадзеная ініцыятыва ня можа не выклікаць пазытыўнай рэакцыі. Справа ў тым, што тыя праблемы, якія ўздымаюцца ў кнізе: разуменьне нацыянальнай ідэнтычнасьці, выбар вэктару разьвіцьця краіны, адносіны да розных інтэграцыйных ініцыятываў — гэта той набор пунктаў палітычнага парадку дня, паводле якога звычайна існуе згода і ў грамадзтве, і сярод элітаў. Гэта — аснова так званага нацыянальнага кансэнсусу любой сучаснай краіны (ня блытаць зь дзяржаўнай ідэалёгіяй, уласьцівай толькі таталітарным і некаторым аўтарытарным краінам).

Беларусь тут зноўку выбіваецца з агульных шэрагаў. Такога разыходжаньня пазыцыяў цяжка адшукаць дзе-кольвек яшчэ ў сьвеце, што ня можа не непакоіць. Таму і неабходнай стала публікацыя рэцэнзаванай кнігі, якая дазволіла артыкуляваць думку прадстаўнікоў чатырох групаў беларускай эліты («постсавецкай», «нацыянальнай», «новай» і «маладой генэрацыі»). Дадзены праект стаў пэўным крокам наперад, таму што без параўнаньня пазыцыяў уплывовых у краіне людзей немагчымы і ніякі нацыянальны дыялёг у пэрспэктыве.

Я хацеў бы пачаць разгляд кнігі з аналізу нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта ключавы момант, таму што перад тым як абгрунтоўваць той альбо іншы цывілізацыйны выбар Беларусі, трэба адказаць на пытаньні: «што такое беларускасьць?», «што азначае быць беларусам?». Добра вядомай зьяўляецца даўно агучаная пазыцыя нацыянальнай эліты ў гэтым пытаньні, якую я асабіста таксама падзяляю, але менш ведаюць пра эвалюцыю поглядаў постсавецкай і т. зв. новай эліты, узыход якой зьвязаны з Лукашэнкам. Таму я і засяроджу сваю ўвагу на гэтым.

Цікава параўнаць погляды па дадзенай праблеме стваральніка «лукамолу» Ўсевалада Янчэўскага і акадэміка Яўгена Бабосава. На думку Янчэўскага,

…беларусы — гэта вельмі савецкія людзі. Найважнейшая частка нашай гісторыі — гэта гісторыя найноўшая… У значнай ступені нацыю пачаў фармаваць Лукашэнка. Лукашэнка — гэта чалавек, які вылучыў рэспубліку, народ, ён іх адмежаваў. Мы можам сёньня сказаць: «Беларусь — не Расея», і «Беларусь — не Ўкраіна», і «Беларусь — не Эўропа». За Лукашэнкам, у гэтыя гады (мы самі назіраем гэты цікавы працэс), Беларусь пачала фармавацца як САМАСТОЙНАЯ і СВОЕАСАБЛІВАЯ краіна. Дарэчы, так званы дэмакратычны выбар пачатку 1990-х гг. быў навязаны Беларусі. Рэспубліка была часткай вялікага абшару і міжволі прыняла ў сябе «перабудовачныя» працэсы. Але як толькі Беларусь пакінулі сам-насам з сабой — яна тут жа адкінула «лібэральную дэмакратыю» (у 1994, у 1995, у 1996 гг.), адкінула пасьлядоўна, праявіўшы сваю адметнасьць. Калі хочаце, цяперашні палітычны лад — гэта непасрэдны вынік незалежнасьці Беларусі.

Згодна зь Янчэўскім, атрымліваецца, што Лукашэнка — гэта ня так першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, як нейкі паганскі бог, які адмяжоўвае народы і творыць нацыі. Але нельга ствараць дзяржаву толькі праз нэгатыўны працэс, нічога не сьцьвярджаючы. Янчэўскі наўмысна замоўчвае гэтую акалічнасьць. Ён цудоўна ведае, што той пазытыўнай канцэпцыяй, тым зьместам, якім была напоўненая беларуская дзяржава пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі, стаў даўно ўжо збанкручаны «саветызм». Таму ён і ня вылучыў сярод сваіх «не» «Беларусь не СССР». На доўгі час наша краіна пераўтварылася ў асколак загіблай імпэрыі, які надзіва ўсім суседзям імкнуўся рэстаўраваць і эканамічны лад, і многія элемэнты палітычнай сыстэмы, і ідэалёгіі мінулага СССР. Дарэчы, беларуская незалежнасьць тут абсалютна недарэчы. Без дапамогі з боку Расеі, зацікаўленай у татальнай ізаляцыі Беларусі ад цывілізаванага сьвету з мэтай ейнага далейшага паглынаньня, гэты дзікунскі экспэрымент над беларускім народам не пратрымаўся б і году.

Янчэўскі сам бачыць хібы «савецкіх беларусаў», зь якімі ён атаясамлівае беларускі народ.

«Калі ж гаварыць пра нацыянальны характар. Нельга казаць, што нешта падабаецца ці не падабаецца ў рысах народу. Гэта дадзенасьць. Мабыць, нейкага дынамізму беларускаму характару, мне здаецца, бракуе. Дынамізму, агрэсіі, энэргічнасьці. Вельмі моцна нам шкодзіць боязь новага. У ёй ёсьць плюс: мы не дапускаем шмат якіх памылак, якія робяць іншыя. Але, мне здаецца, гэта трошкі «зашкальвае»: боязь экспэрымэнту ў нас завялікая. Гэта дрэнна, мы дысансуем са сьветам. Сучасны сьвет — гэта экспэрымэнт, і наогул прагрэс — гэта экспэрымэнт, рызыка. А беларусы ня вельмі рызыкоўны народ. Збольшага гэта добра і натуральна, але ў нейкай частцы гэта дрэнна. Магчыма, гэта будзе зжывацца, бо мы ўключаемся ў самыя розныя глябальныя працэсы.

Па-іншаму адказвае на пытаньне пра беларускую ідэнтычнасьць акадэмік Бабосаў. На ягоную думку,

…беларускаю ідэнтычнасьцю якраз і ёсьць беларуская нацыянальная мова. У нас лепш, чым у расейскай, сказана: «матчына мова». Калі мы гаворым «мацярынская мова» — гэта мацяршчына ў Расеі, а ў нас «матчына мова»! Трэба ведаць і любіць матчыну мову і «мой родны кут, як ты мне мілы». Вось гэта і ёсьць беларускасьцю… Усьведамленьне сябе беларусамі, якія жывуць у Эўропе, якія маюць свае нацыянальныя карані, свае нацыянальныя традыцыі, свае звычаі, свае абрады і ўсё што хочаце — у гэтым ёсьць ідэнтычнасьць… наша Айчына, наша дзяржава, наша самастойнасьць, наша самабытнасьць — вось гэта і ёсьць ідэнтычнасьцю. Гэта азначае належаць да гэтых вось каранёў і напластоўваць на карані, не высякаючы нічога — ні ў культуры, ні ў адукацыі, ні ва ўсіх астатніх сфэрах, якія менш нацыянальныя.

Думаю, што мала хто з прадстаўнікоў нацыянальнай эліты не пагадзіўся б з Бабосавым у гэтым пытаньні. Такім чынам, афіцыйны бок у дыскусіі пра нацыянальную ідэнтычнасьць у кнізе прадстаўлены дзьвюма канцэпцыямі: савецкай, заснаванай на нацыянальным нігілізьме, і беларускай, арыентаванай на трансфармацыю краіны ў нацыянальную дзяржаву. Першая дамінавала на працягу ўсіх трынаццаці гадоў кіраваньня Лукашэнкі. Другая паўстае на нашых вачах цяпер, пасьля таго як стала відавочнай немагчымасьць пабудовы саюзнай дзяржавы па лукашэнкаўскай мадэлі, пасьля вострага нафтагазавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй. Сучасны крызіс у беларуска-расейскіх адносінах прадэманстраваў контрапрадукцыйнасьць далейшай стаўкі на кансэрвацыю аскепка савецкай імпэрыі пад выглядам сувэрэннай Беларусі.

Разам з тым, ня трэба сьпяшацца з высновамі. Лукашэнка яшчэ не зрабіў канчатковага выбару. Застаецца калясальная (не толькі эканамічная) залежнасьць ад Расеі, якая не хацела б, каб Беларусь пераўтваралася ў нармальную нацыянальную дзяржаву. Пэўныя спадзяваньні ў беларускага кіраўніка ёсьць і на прыход да ўлады ў Крамлі новай каманды, што рэпрэзэнтуе ВПК, зь якой ён паспрабуе працягнуць інтэграцыйныя гульні. Нягледзячы на тое, што нацыянальная дзяржава не супярэчыць аўтарытарным мэтадам кіраваньня, яна стварае добрыя ўмовы для дэатамізацыі грамадзтва і ягонай кансалідацыі вакол нацыянальнай ідэі, што небясьпечна для любой аўтакратыі. Нарэшце, прыняцьцё «беларускага праекту» азначала б, што Лукашэнка і ягонае атачэньне ня мелі рацыю, калі ў сярэдзіне 1990-х гг. навязалі нашай краіне «савецкі праект», што менавіта нацыянал-дэмакраты, якіх у тэксьце дзяржаўнай ідэалёгіі прэзыдэнт называе фашыстамі, адстойвалі правільныя ідэі, да якіх беларуская кіроўная эліта вымушана зьвярнуцца толькі цяпер, страціўшы час і рэсурсы. Гэта той кошт, які нашаму народу даводзіцца плаціць за так званую «моцную ўладу», сканцэнтраваную ў руках адной абсалютна бескантрольнай асобы.

Цікава прасачыць за тым, як рэспандэнты адказваюць у кнізе на пытаньне пра іхнае стаўленьне да палітыкі Расеі ў дачыненьні да Беларусі. Як высьветлілася, абсалютна ўсе, без выключэньняў, гэтай палітыкай незадаволеныя, але з розных прычынаў.

На думку сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Сяргея Касьцяна,

…гэтая палітыка мае два кірункі. З аднаго боку, Расея рабочых і сялян, прагрэсіўнай інтэлігенцыі, частка палітычных дзеячоў Расеі выступаюць за хутчэйшы саюз Беларусі і Расеі! Але ёсьць і частка палітычных дзеячоў (у Расеі, але ня рускіх!), якія выступаюць ад імя Расеі і выступаюць супраць гэтага саюзу. Мы гэта ўлічваем. І нават апошняе рашэньне аб падвышэньні цэнаў на газ для Беларусі сьведчыць аб тым, што тыя сілы ў Расеі, якія кіруюцца патрабаваньнямі з Вашынгтону, яны і заявілі аб гэтым (…) каб хутчэй абваліўся рэжым Лукашэнкі, бо шляхам выбараў яго адхіліць ад улады нельга.

Дырэктар НІСЭПД сацыёляг Алег Манаеў ацэньвае расейскую палітыку як

неадэкватную, гэта значыць неадпаведную рэальнасьці. Канкрэтна гэтая неадэкватнасьць праяўляецца ў тым, што, асабліва пасьля нядаўніх «каляровых рэвалюцыяў», Расея ўсімі сіламі спрабуе не наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з новымі кіраўнікамі і элітамі, а вярнуць свой уплыў у гэтых краінах, падтрымліваючы адыёзных кіраўнікоў і кансэрватыўныя эліты. Тым самым палітыка Расеі аб’ектыўна ўступае ў супярэчнасьць з нацыянальнымі інтарэсамі суседзяў… Відавочна, што нацыянальны інтарэс любой краіны скіраваны ў будучыню, а не ў мінуўшчыну…Расея, на жаль, не мяняе свайго курсу, у чым мы пераканаліся на прыкладзе апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Яшчэ ў канцы 2005 г. былі нейкія надзеі, спрэчкі, дыскусіі, заснаваныя на папярэдніх стасунках беларускіх контрэліт з расейскімі партнэрамі. Але цяпер відавочна, што расейскае кіраўніцтва вырашыла захаваць свой уплыў у Беларусі, падтрымліваючы палітычны status quo. Не бяруся меркаваць, наколькі гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Расеі (думаю, што не), але нашым нацыянальным інтарэсам гэта дакладна не адпавядае.

Мне здаецца, што расейскае кіраўніцтва само трапіла ў тую пастку, якую падрыхтавала для сваіх суседзяў. Стаўка на падтрымку кансэрватыўных сілаў у постсавецкіх краінах, якія абяцалі арыентавацца толькі на Маскву, зрабіла Расею ворагам у вачах найбольш адукаваных і арыентаваных на далейшую мадэрнізацыю групаў грамадзтва. Яны страцілі надзею на тое, што дзякуючы Расеі можна зьдзейсьніць дэмакратызацыю сваіх краінаў і правесьці неабходныя эканамічныя рэформы. Зь іншага боку, кансэрватары пры ўладзе навучыліся з дапамогай шантажу Крамля (калі вы ня пойдзеце нам на саступкі, мы павернемся тварам да Захаду) атрымліваць прывілеі і патураньні, пазьбягаць пераўтварэньняў і падтрымліваць на плаву абсалютна неэфэктыўныя эканамічныя і палітычныя сыстэмы.

Лукашэнкаўская Беларусь і пасьля нафтагазавага канфлікту з Расеяй не згубіла многіх з расейскіх прэфэрэнцыяў, што дазваляе Аляксандру Рыгоравічу асабліва не сьпяшацца зь непапулярнымі, але неабходнымі рэформамі, працягваць свой папулісцкі курс, на чым і трымаецца ўнутраная легітымнасьць беларускага аўтарытарнага рэжыму. Зь іншага боку, у новых умовах пашырылася рыторыка пра шматвэктарнасьць беларускай замежнай палітыкі, пра неабходнасьць дадаць да «расейскага крыла» «крыло эўрапейскае», каб збалянсаваць палёт «беларускага незалежнага самалёта». Дастаткова шмат гэтай рыторыкі прысутнічае і ў тэксьце рэцэнзаванай кнігі, асабліва ў разьдзелах, прысьвечаных Эўропе і магчымаму эўрапейскаму выбару Беларусі.

Як адзначае ў сваім паслоўі да кнігі палітоляг Андрэй Казакевіч, кідаецца ў вочы розьніца ў разуменьні Эўропы прадстаўнікамі постсавецкай і новай эліты, з аднаго боку, і нацыянальнай эліты, зь іншага. Для першых групаў Эўропа — гэта перадусім геаграфічны ці эканамічны панятак (супольнасьць багатых краінаў Эўразьвязу), для апошняй — культурна-цывілізацыйны, зьвязаны з адпаведнымі каштоўнасьцямі, якія дамінуюць ня толькі ў краінах ЭЗ, але і ва ўсіх тых дзяржавах, якія разьвіваліся на грунце эўрапейскай культурнай спадчыны. Беларусь тады разумеецца як эўрапейская краіна ня так дзякуючы таму, што яна знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры гэтага кантынэнту, як таму, што на працягу стагодзьдзяў яна была непарыўна зьвязаная з эўрапейскімі каштоўнасьцямі, ад якіх была гвалтоўным чынам адарваная толькі ў канцы XVIII ст. Гэта значыць, што вяртаньне незалежнай Рэспублікі Беларусь у Эўропу — гэта даніна гістарычнай справядлівасьці.

Разам з тым, ня можа не непакоіць адсутнасьць адзінства нацыянальнай эліты ў пытаньні неабходнасьці зрабіць адпаведны стратэгічны выбар Беларусьсю. Існуе трывалае перакананьне многіх рэспандэнтаў, што выбар Беларусі палягае на тым, каб «не рабіць ніякага выбару», што гэта становішча адпавядае мэнтальнасьці нашага народу, які апынуўся на «разломе паміж дзьвюма цывілізацыямі».

Мне падаецца, што тыя людзі, якія выказваюць у кнізе гэтую думку, шчыра памыляюцца. Сучасны сьвет імкліва разьвіваецца, і калі той альбо іншы народ вагаецца, адмаўляецца ад свайго выбару, ён становіцца закладнікам сытуацыі, яго выкарыстоўваюць, а ня ён ажыцьцяўляе свае карэнныя інтарэсы. Як слушна заўважае каардынатар «Хартыі’97» Андрэй Саньнікаў,

Беларусь павінна быць толькі ў аб’яднанай Эўропе, у Эўразьвязе. Толькі фармальна замацаваўшы сваю эўрапейскасьць, мы можам дасягнуць беларускага адраджэньня. Для мяне абсалютна бясспрэчна, што толькі так мы можам стаць беларускай дзяржавай… Для мяне зразумела, што ніякі саюз з Расеяй (падкрэсьліваю — ніякі!) ня будзе накіраваны на падтрымку дэмакратычнай і незалежнай беларускай дзяржавы.

Алег Манаеў дастаткова аргумэнтавана пераконвае ў тым, што ў ідэі вяртаньня ў Эўропу ўжо сёньня існуе дастаткова сур’ёзная база падтрымкі ў беларускім грамадзтве.

Калі сёньня паставіць перад беларусамі пытаньне рубам: «Калі б вам давялося выбіраць паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўрапейскі Саюз, што б вы выбралі?» — суадносіны будуць 56 % на 30 %, г. зн. амаль 2 супраць 1 на карысьць аб’яднаньня з Расеяй (у дужках заўважу, што гэта зусім не гаворыць пра жаданьне большасьці нашых суграмадзянаў аб’яднацца з Расеяй; на прамое пытаньне наконт аб’яднаньня з Расеяй «за» прагаласавалі б 44 %, а 30 % — «супраць»; а на пытаньне пра галасаваньне на магчымым рэфэрэндуме аб Канстытуцыйным акце Саюзнай дзяржавы «за» прагаласавалі б толькі 35 %; але пры «чорна-белым» пытаньні, якое мае на ўвазе толькі дзьве магчымасьці, большасьць беларусаў прагаласуюць усё ж за РФ, а не за ЭС). (…) Таму я і кажу, што трэба дзейнічаць вельмі акуратна, г. зн. праводзіць адпаведную інфармацыйную, прапагандысцкую, адукацыйную, арганізацыйную работу, рыхтаваць грамадзтва да гэтага.

Мне здаецца, што аднымі інфармацыйнымі і адукацыйнымі мерапрыемствамі абысьціся ўжо няма як. Вельмі важнай праблемай, без разьвязаньня якой цяжка рухацца наперад у гэтым кірунку, зьяўляецца нескансалідаванасьць той часткі беларускай супольнасьці, якая падтрымлівае эўрапейскія каштоўнасьці, вельмі нізкі ўзровень даверу і салідарнасьці ў дачыненьнях паміж аднадумцамі, вельмі вялікі адсотак «фрырайдэрызму», спадзяваньняў на тое, што хтосьці іншы, а ня мы, зробіць самую цяжкую справу, нам жа застанецца карыстацца толькі вынікамі іхных гераічных намаганьняў.

Таму калі сапраўды маюць рацыю тыя палітыкі, якія кажуць, што ў сёньняшніх умовах актуальным зьяўляецца лёзунг не «Беларусь у Эўропу!», а «Эўропу ў Беларусь!», ажыцьцявіць яго неабходна, у першую чаргу, у адносінах паміж сваімі. Калі эўрапейскія каштоўнасьці талеранцыі і дэмакратызму праявяцца ў стасунках паміж беларускімі партыямі і НУА, калі салідарнасьць пачне дамінаваць над нездаровай канкурэнцыяй, можна будзе сказаць, што эўрапейская альтэрнатыва аўтарытарызму зьяўляецца ня мітам, а рэальнасьцю, і гэта ня можа не прывесьці да росту колькасьці яе прыхільнікаў у грамадзтве.

Такім чынам, нягледзячы на істотныя разыходжаньні пазыцыяў прадстаўнікоў розных групаў беларускай эліты, пераважная большасьць зь іх падтрымлівае ідэю незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны. Але гэтае разуменьне пакуль што зьвязана з адрозьненьнямі Беларусі ад іншых, нават супрацьпастаўленьнем нашай краіны іншым, што ўласьціва, напрыклад, уладзе. Калі ўжыць канцэпцыю Ісаі Бэрліна, то незалежнасьць, таксама, як і свабода, можа быць нэгатыўнай («ад») і пазытыўнай («для»). Пазытыўны сэнс незалежнасьці выяўляецца ў тым ліку і ў камунікацыях, супрацоўніцтве, інтэграцыі з навакольным сьветам. Гэта нібыта другі ўзровень, які магчыма дасягнуць толькі калі нацыянальная эліта і грамадзтва ў дастатковай ступені інтэграваныя знутры. Яе прадстаўнікі тады, нягледзячы на істотныя разыходжаньні ў палітычных пытаньнях, падпарадкоўваюцца агульным правілам, падзяляюць агульныя каштоўнасьці і збольшага ведаюць адказ на пытаньне: дзеля якіх мэтаў існуе незалежнасьць.

Як сьведчыць кніга, прадстаўнікі розных беларускіх элітаў пакуль што па-рознаму разумеюць пазытыўны сэнс незалежнасьці. Але, разам з тым, ня трэба і перабольшваць іхных разыходжаньняў. Як сьведчыць гістарычны досьвед, шэраг іншых краінаў, якія мелі глыбейшыя расколы ў сваіх грамадзтвах, чым у Беларусі, здолелі іх пераадолець. Галоўнае — гэта не дапусьціць далейшай спэкуляцыі тэрмінам «незалежнасьць», калі за ім хаваецца проста свавольства адной асобы, якая валодае абсалютнай уладай. Гэта прыніжае значэньне незалежнасьці, робіць яе адным з інструмэнтаў дыктатуры.

палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — «Апазыцыйнае лідэрства і тэхнічнае кіраўніцтва. Прынцыпы і плятформы «апазыцыйнага парлямэнту» (6/2007).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 9 (60) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/10/31