A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (62) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Павал Абрамовіч | ||||
Павал Абрамовіч
«Трупы зарыты на установленную глубину» Праўда і выдумка шляху Беларусі да свабоды Арлоў, Ул. Імёны Свабоды. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2007. — 576 с.: іл. У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» — кніжным праекце Беларускай службы Радыё Свабода — выйшла новая кніга. Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў праводзіць экскурсію ў галерэі «герояў беларускай свабоды XVIII—XXI стагодзьдзяў». Мне асабліва спадабалася разглядаць партрэты нашых літаратараў (а іх у галерэі каля сямідзесяці). Слухаючы аповед нясьпешнага аўтара-экскурсавода з багатай фантазіяй і адметным пачуцьцём гумару, я думаў, што пісьменьнік Міхась Стральцоў дарэмна непакоіўся, калі пісаў: спадчына ў нас багатая, а «спадчыньнікаў добрых» нямашка. Кніга «Імёны свабоды» створана адным чалавекам цягам году, а такое ўражаньне, быццам над ёю дзесяцігодзьдзе працаваў шматлікі аўтарскі калектыў. У Беларусі гэта звычайная справа. Вось і сам Ул. Арлоў, апавядаючы пра Барыса Сачанку, адзначае, што «некалькі гадоў ён адзін працаваў, як цэлы інстытут». Традыцыя гэтая сумная, але дзякуючы ёй памяць жыве і кнігі пішуцца.
* * * Дзеля радыёпраграмы «Імёны Свабоды» Ул. Арлоў адклаў ужо пачатую ім аповесьць пра Міхала Валовіча — аднаго з кіраўнікоў паўстаньня 1831 г. Пісьменьнік «саступіў» месца гісторыку, журналісту. Унутранае пераключэньне з аднаго прадмета на другі далося не зусім лёгка: са словаў Ул. Арлова, «ён ужыўся ў вобраз Валовіча да таго, што сьніў сябе інсургентам зь ягонага паўстанцкага аддзелу». Кніга «Імёны свабоды», дакладней, перадачы ў этэры, якія папярэднічалі ёй, не ствараліся паводле строгіх канонаў жанру non-fiction. Зрэшты, калі ўсё жыцьцё табе даводзіцца дасьледаваць падзеі даўно мінулых дзён, прыкладам, княжаньне Ўсяслава Чарадзея ці аблогу Полацку войскамі Івана Жахлівага, ты проста вымушаны фантазіяваць. Пераход, калі гісторык адыходзіць у бок, даючы дарогу літаратару, у «Імёнах свабоды» адбываецца вельмі часта, і сачыць за гэтым пераўвасабленьнем, заменаю навуковага мэтаду мастацкім, надзвычай цікава. Так, аўтар спачатку можа падаваць дакладныя біяграфічныя зьвесткі пра нашых славутых землякоў, пры дапамозе архіўных дакумэнтаў ці сьведчаньняў асобаў, якія заслугоўваюць даверу, рэканструяваць хаду падзеяў (гэта, дарэчы, толькі адзін з варыянтаў аднаўленьня гістарычнага ляндшафту ў кнізе), а потым раптоўна задзейнічаць фантазію і пісьменьніцкую інтуіцыю. Вацлаў Ластоўскі ў момант, калі «кат у форме НКВД падымае расстрэльны пісталет», згадвае радкі з уласнага верша «Ў часе аблогі»; Яўгенія Пфляўмбаўм на вачах мужа, Максіма Лужаніна, і Аркадзя Куляшова нясе паліць стос сваіх вершаў; Андрэй Пяткевіч, «падобны да дзядка-лесавічка худзенькі юнак з хворым сэрцам», сварыцца з бацькамі і аднавяскоўцамі з-за лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Найлепшыя старонкі кнігі — тыя, дзе асабістыя сустрэчы з дарагімі Ул. Арлову людзьмі наноў перажытыя. Прыкладам, апавядаючы пра сустрэчу з Натальляй Арсеньневай на беразе Антарыё, Ул. Арлоў згадвае накрыты стол у садзе, дэсэрт, фатаграфаваньне каля кветніка, а таксама прыводзіць тост і гумарыстычны ўспамін паэткі, як яна ўпершыню пачула беларускую мову (успамін унутры ўспаміну, быццам люстэрка ў люстэрку). Калі ўявіць, што кніга «Імёны Свабоды» — гэта дом, то ягоныя падлога і сьцены выкладзеныя з кавалкаў рознакаляровай мазаікі — дэталяў, якія ўтвараюць цэласныя малюнкі памяці. І, чытаючы пра Н. Арсеньневу, мы даведваемся, што ў той яркі сонечны дзень стол стаяў у ценю чарэшні, у садзе можна было назьбіраць кошык баравікоў, на дэсэрт падавалі смачныя налісьнікі, згатаваныя самой паэткай, фатаздымак на памяць быў зроблены каля клюмбаў з валошкамі і белымі лілеямі, а тост Н. Арсеньнева прапанавала за тое, каб «Лукашэнка хутчэй зьнік». Нават калі Ул. Арлоў піша пра тых, з кім асабіста ня быў знаёмы, з кім разьмінуўся ў часе і прасторы, ён не выкарыстоўвае сухой стандартнай формы энцыкляпэдычнай даведкі «нарадзіўся…зрабіў…памёр», а апавядае пра «герояў беларускай свабоды» так, быццам быў поруч зь імі. Гэты эфэкт прысутнасьці ўзмацняецца, ізноў жа, праз выкарыстаньне дэталяў, фактаў, гэтак неабходных і літаратару, і гісторыку, і, урэшце, чытачу. У кнізе іх надзвычай багата: «мэфістофэлеўская» бародка Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, паліто з кенгуровым каўняром і сукаваты кій Паўлюка Шукайлы, стрэл у кватэры Францішка Аляхновіча, турэмныя галадоўкі Палуты Бадуновай. Мімаходзь адзначу, што аўтару кнігі вельмі важна адчуць лучнасьць з кожным, хто носіць «імя свабоды». Вось Ул. Арлоў узіраецца ў фатаздымак камандзіра слуцкіх паўстанцаў Уладзімера Пракулевіча, узяты з судовай справы, і адзначае: «Ён вельмі падобны да майго дзеда Максіма, таксама расстралянага ў трыццатыя». Дэталь, дэталь… Які жах выпраменьвае радок акту аб выкананьні сьмяротнага прысуду, што захоўваецца ў сямейным архіве пляменьніка Максіма Гарэцкага Радзіма, — «Трупы зарыты на установленную глубину»; якім болем вее ад згадкі, што, вярнуўшыся пасьля амаль 30-гадовай адседкі ў сталінскіх лягерах, Уладзімер Дубоўка захоўваў прывезены зь Сібіры сталярскі інструмэнт, мяркуючы, быццам той можа зноў прыдацца; якая крыўда бярэ, калі чытаеш, што памерлы ў 2005 г. паэт Алесь Емяльянаў датэрмінова «прагаласаваў» на так званых прэзыдэнцкіх выбарах-2006 і нават сам расьпісаўся… Аднак Ул. Арлоў не імкнуўся афарбаваць сваю кнігу ў змрочны тон, надаць ёй апакаліптычнае гучаньне. Наадварот, кніга «Імёны свабоды» поўная нязломнай веры ў Беларусь: творамі гэтага чалавека будуць зачытвацца ўнукі нашых унукаў, рукапісы гэтага творцы знойдуць у замежных архівах, помнікі гэтаму літаратару будуць упрыгожваць нашы гарады, навуковыя артыкулы пра гэтага паэта будуць уключаныя ў нацыянальныя энцыкляпэдыі, а ягоныя вершы — у падручнікі для школ. У выніку спакойная ўпэўненасьць і станоўчая энэргетыка аўтара перадаюцца чытачам. Як, дарэчы, і ягоны вясёлы добры сьмех. Ул. Арлоў валодае дарам бліскуча пераказваць гумарыстычныя гісторыі (і тыя, што адбыліся зь ім, і тыя, што ён пачуў з чужых вуснаў). Аповед, як Гай Пікарда і Адам Мальдзіс аднойчы наведалі лёнданскі паб («Аляксандар Рыпінскі») і што з гэтага выйшла, і пры чым тут, уласна, Аляксандр Рыпінскі, застаецца ў памяці. Гумарам можа быць прасякнуты як цэлы тэкст, так і асобны радок кнігі «Імёны Свабоды»: прыкладам, Ул. Арлоў згадвае калегу-літаратара, якому ў школьныя гады падаравалі раман «Каласы пад сярпом тваім», і з усьмешкай дадае, што твор гэты «доўга ляжаў непрачытаны, таму што быў анэкдатычна прыняты за кнігу пра мэханізатараў» («Янка Лучына»). Аднак пасьля таго, як палова партрэтнай галерэі прагледжана, заўважаеш, што твар экскурсавода робіцца сумным: у другой частцы кнігі Ул. Арлоў піша пераважна пра памерлых сябрукоў і блізкіх знаёмых. Яму ніколі не забыцца іх вясёлых галасоў, моцнага поціску іх рук (не ў адным тэксьце згадана гэта — поціск рукі сябра-нябожчыка). «Я ад гэтага аніяк не магу адвязацца: твары маіх памерлых сяброў па-ранейшаму юныя, маладыя, — кажа галоўны герой фільма Дэвіда Лінча «Простая гісторыя». — І чым старэйшы раблюся я, тым маладзейшымі робяцца яны». Гэта сапраўды так, але галоўнае, як мне здаецца, заключаецца ў іншым: памяць, спавітая ўяўленьнем, не дае зьнікнуць тым, каго любіш, яна робіць сум сьветлым. «Я стаю каля акна, — чытаем мы на с. 511 «Імёнаў свабоды», дзе апавядаецца пра пісьменьніка Алеся Асташонка, — нібы герой Алесевай пасьмяротнай кнігі «Жоўты колер белага сьнегу», і ўяўляю, як недзе там, можа зусім побач, Алесь таксама стаіць пры акне і, магчыма, чуе, як я ціха прамаўляю ягонае ўлюбёнае «Vita brevis, Patria aeterna» — «Жыцьцё кароткае, Радзіма вечная».
* * * «Імёны Свабоды» ёсьць чарговым сьведчаньнем, што Беларусь — нацыя паэтаў. Акром паэтаў ад Бога, такіх, як Янка Купала ці Рыгор Крушына, вершы пісалі вайскоўцы (Станіслаў Булак-Булаховіч), палітыкі (Кастусь Езавітаў), архітэктары (Лявон Вітан-Дубейкаўскі). Выпускнік яраслаўскага Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэю Максім Багдановіч, які вывучыў беларускую мову па кніжках з бацькоўскай бібліятэкі, стаў клясыкам нацыянальнай літаратуры, а дывэрсант і кантрабандыст з Ракава Сяргей Пясецкі адразу пасьля выхаду з турмы быў вылучаны ў Польшчы кандыдатам на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, хоць у юнацтве па-польску ён ведаў якую сотню слоў… Дзіўная зямля! Пакручастыя лёсы! Чытаючы кнігу Ул. Арлова, разумееш, што беларусам дзеля таго, каб кансалідавацца і адбыцца як нацыя, былі патрэбныя найперш верш, песьня. Нездарма ўлады перасьледавалі нашых майстроў слова, нішчылі іх сем’і і мастацкія творы. «Ці ведаеце вы краіну, дзе быць пісьменьнікам азначала б у вачах улады ўжо быць небясьпечным злачынцам, вартым самага жорсткага пакараньня?» — пытаецца Ул. Арлоў перад тым, як апавесьці пра паэта Тодара Кляшторнага. І сам адказвае: «Гэтая краіна, магчыма, адзіная ў сьвеце — Беларусь». І сапраўды, няма ў сьвеце іншай краіны, дзе ў адну ноч расстрэльваюць як ворагаў народу дваццаць два літаратары («Міхась Зарэцкі»), няма ў сьвеце іншай краіны, у якой на пахаваньне славутай паэткі прыяжджае з усёй рэспублікі процьма кэдэбістаў і міліцыянэраў на чорных «волгах» («Ларыса Геніюш»), няма ў сьвеце іншай краіны, якая хавае ў спэцсховішчах вершы паэта, памерлага дваццаць шэсьць гадоў таму («Юры Грабаў»), няма ў сьвеце іншай краіны, дзе на помніку шырокавядомаму пісьменьніку пішуць ягонае прозьвішча з памылкамі («Янка Журба»). Другой такой краіны ў сьвеце няма, акром той, у якой мы ўсе з вамі жывём. Тут і напачатку ХХІ стагодзьдзя паэтаў жорстка, да страты прытомнасьці, зьбіваюць і, распранутых, пакідаюць паміраць на халоднай зямлі — Ул. Арлоў расказвае, што так памёр Артур Вольскі. Тут дасюль жывых клясыкаў, майстроў паэтычнага слова, не ўслаўляюць, а на загад «беларускага лідэра» (любімае выслоўе прэс-службы прэзыдэнта) выкрэсьліваюць са школьных падручнікаў за «нацыяналізм». Гэтыя і іншыя паскудзтвы адбываюцца таму, што толькі ў нашай краіне паэт па-ранейшаму большы, чым паэт. Ён мастацкім словам і грамадзянскім учынкам бароніць родную мову і нацыянальныя сымбалі, гістарычную памяць і гонар нацыі. Ён дае ўрокі мужнасьці і свабоды. Ён ненавісны для ўладаў нават калі маўчыць. Ул. Арлоў, згадваючы сустрэчу з Васілём Быкавым на сэмінары маладых літаратараў у 1982 г., піша пра яго маўчаньне падчас шматлікіх выступленьняў з трыбуны калялітаратурных чыноўнікаў: «У гэтым маўчаньні адчуваліся сапраўдная глыбіня і веліч асобы». Кнігі В. Быкава былі і ў намётавым лягеры на плошчы Каліноўскага (сакавік 2006-га). Літаратар у Беларусі працягвае весьці грамадзтва да свабоды.
|
(1864—1925) — крытык літаратуры, сталы аўтар «ARCHE». Аўтарская назва тэксту — «Памяць, спавітая ўяўленьнем». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (62) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |