A R C H E П а ч а т а к № 11 (62) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


11 — 2007

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • эсэістыка • літаратура

 


гісторыя

  Эліса Бэмпарад

Вокладка «ARCHE» №11
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаныя здымкі:

1) «Заходнебеларускі селянін чытае савецкую газэту». Слонім, 1939 г.

2) «Рэдакцыя беларускай газэты пасьля паліцэйскага ператрусу». 1920‑я гг. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву‑музэю літаратуры і мастацтва.

3) Пілсудзкі точыць зубы «на рабочыя дзяржавы» (улётка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі). Канец 1920‑х — пачатак 1930‑х гг.

4) «Гарніст маладой Беларусі». Малюнак, зьмешчаны ў № 3 віленскай «пэрыядычнай часопісі беларускай моладзі» «Маладое жыцьцё» ў кастрычніку 1922 г. (перад выбарамі ў польскі парлямэнт).

Дызайн Ягора Шумскага.

Эліса Бэмпарад
Ідышысцкі эксперымент у савецкім Менску
У сярэдзіне 1924 г. Цэнтральны камітэт КП(б)Б пастанавіў стварыць на тэрыторыі БССР шэраг так званых яўрэйскіх нацыянальных раёнаў. Згодна з рэзалюцыяй, нацыянальныя раёны мусілі быць заснаваныя ў месцах найбольшай канцэнтрацыі яўрэяў. Сакратар яўрэйскай секцыі КП(б)Б Янкель Левін заявіў, што афіцыйнай мовай гэтых раёнаў будзе ідыш, на ім публікавацьмуцца ўсе аб’явы і мясцовыя нарматыўныя акты. Карацей, на ідышы ў гэтых раёнах мелася працаваць уся савецкая бюракратыя. Левін таксама прызнаў эксперыментальную прыроду гэтага «ідышысцкага праекта» і дадаў: «Гэта новая справа… нам давядзецца вучыцца на ўласным досведзе»1. Яго заўвага адбівае не толькі выклік, які перажылі падсавецкія яўрэйскія ўстановы і актывісты, спрабуючы стварыць адміністрацыйную сістэму, якая магла б працаваць на ідышы, але і абсалютную навізну ўвядзення ідыша ў сферу дзяржаўнага кіравання і карыстання ідышам як базавай мовай, праз якую савецкая нацыянальная палітыка мелася ўздзейнічаць на «яўрэйскую вуліцу».

Гэты артыкул паказвае асноўныя этапы «ідышысцкага эксперыменту» — кампаніі па пашырэнні ідыша ў 1920-х — пач. 1930-х гг. у сферы дзяржаўнага кіравання, культуры і штодзённага жыцця ў адным горадзе (Менску). Да 1917 г. Менск быў для яўрэяў важным дэмаграфічным, рэлігійным і палітычным цэнтрам. Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі ён стаў сталіцай БССР, і яго значэнне для савецкіх яўрэяў яшчэ больш узрасло. Новыя сферы публічнага жыцця, у якія ідыш увайшоў упершыню, будуць разгледжаны ў кантэксце кампаніі беларусізацыі. З другога боку, роля ідыша будзе параўнаная з «патрыцыянскім» статусам расійскай мовы. Як будзе паказана ў гэтым даследаванні, падвышаная цікавасць урада Беларускай рэспублікі да ідышысцкіх культурных, адукацыйных і навуковых праграм, што абапіралася на адданасць менскіх яўрэяў ідышу яшчэ да ўсталявання савецкай улады, зрабіла ідышысцкі эксперымент у гэтым «яўрэйскім»2 горадзе больш паспяховым, чым у якім-небудзь іншым буйным горадзе Савецкага Саюза.

Лёс ідыша ў СССР быў прадметам вывучэння некалькіх знакамітых аўтараў (Цві Гітэльман, Мардэхай Альтшулер, Міхаіл Круцікаў, Генадзь Эстрайх, Джэфры Вэйдлінгер, Давід Шнэер). Аднак мая праца адрозніваецца ад іх штудый у двух галоўных аспектах. Па-першае, я засяроджваюся пераважна на сацыяльным кантэксце савецкага ідышысцкага эксперыменту, не абмяжоўваючыся разглядам стану «эліт» (палітычных і літаратурных). Па-другое, названы эксперымент вывучаецца з дапамогай мікрападыходу, а не праз агульнасавецкую прызму. Як Карла Гінзбург заўважыў у дыскусіі пра непарыўную сувязь паміж мікра- і макрагісторыямі, «пагляд з зямлі дапамагае нам ухапіць тое, што знікае пры паглядзе з неба»3.

«Карэнізацыя» ў беларускім кантэксце

Пасля чэрвеньскага дэкрэта 1919 г., у якім бальшавікі выбралі ідыш, а не «клерыкальны» іўрыт і не «буржуазную» расійскую мову ў якасці афіцыйнай мовы навучання ва ўсіх савецкіх яўрэйскіх школах4, ідыш стаў прыярытэтным інструментам прапаганды і ў асяроддзі дарослых яўрэяў, ідэальнай мовай палітычных, культурных і навуковых мерапрыемстваў. Гэты прыярытэт азначаў дзве рэчы. З аднаго боку, працэс саветызацыі грамадства і палітызацыі штодзённага жыцця і культуры спрыяў выкарыстанню ідыша як асноўнай мовы пашырэння савецкай прапаганды і марксісцкай ідэалогіі ў яўрэйскіх масах, якія (амаль) не валодалі расійскай мовай. З іншага боку, раз ідыш быў роднай мовай большасці яўрэяў, якія жылі ў Саюзе, ён стаў першасным крытэрам для вызначэння яўрэйскай народнасці ў СССР. Нацыянальнае будаўніцтва ў Саюзе азначала перакройку былой Расійскай імперыі ў сацыялістычную федэрацыю народнасцяў і трансфармацыю прадстаўнікоў народаў царскай Расіі ў сучасных грамадзян новага бальшавіцкага грамадства. Рэлігія як інстытут была дэлегітымізаваная ў якасці вызначальніка нацыянальнай прыналежнасці для ўсіх народаў Саюза, а катэгорыя тэрыторыі або пражывання ў асобнай рэспубліцы ці краі з цяжкасцю пасавала яўрэям, улічваючы іх дысперснасць. Ухваленне дваякай функцыі ідыша — як інструмента саветызацыі на «яўрэйскай вуліцы» і як вызначальнага крытэру яўрэйскай нацыянальнай ідэнтычнасці — азначала, што мова набывала новы статус у палітычным, культурным і навуковым жыцці яўрэяў.

Менавіта ў Беларусі прыярытэт ідыша быў замацаваны афіцыйна. Тут ідыш карыстаўся статусам адной з дзяржаўных моў, чаго не было ні ў іншых гістарычных асяродках пражывання яўрэяў (рэгіёны Адэсы, Кіева), ні ў буйных гарадах з вялікай канцэнтрацыяй яўрэяў (Масква, Ленінград). Чатырма дзяржаўнымі мовамі БССР былі беларуская, ідыш, польская і расійская — мовы чатырох асноўных нацыянальных груп Беларусі, якія прэзентавалі гістарычных насельнікаў рэгіёна. У прынятай 1-га жніўня 1920 г. (больш дакладна — 31 ліпеня 1920. — Рэд.) дэкларацыі незалежнасці Беларускай рэспублікі абвяшчалася: «поўнасцю забяспечваецца роўнасць моў (беларускай, расійскай, польскай і ідыша) у зносінах з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, у народнай адукацыі і сацыялістычнай культуры»5. Кожнаму грамадзяніну, незалежна ад нацыянальнасці, гарантавалася «права і фактычная магчымасць ужывання яго роднай мовы ў адносінах з усімі органамі і ўстановамі Рэспублікі», кожная нацыянальнасць мела права адкрыць уласныя школы і ад кожнай урадавай арганізацыі патрабавалася мець «неабходную колькасць» супрацоўнікаў, якія валодалі б ідышам і польскай.

  гісторык, супрацоўніца катэдры гісторыі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, што ў Каліфорніі. Нядаўна абараніла доктарскую дысэртацыю пад назвай «The Red Star on the Jewish Street: The Reshaping of Jewish Life in Soviet Minsk, 1919—1939», якую цяпер плянуе выдаць асобным выданьнем. Падчас працы над дысэртацыяй пэўны час жыла ў Менску, дасьледуючы гісторыю менскіх габрэяў у 1920—1930-х гг. Паводле свайго прызнаньня, штосуботу яна гасьцявала ў Гірша Рэлеса, аднаго з апошніх менскіх габрэяў, які дасканала валодаў ідышам і дзяліўся на ім сваімі ўнікальнымі ўспамінамі: «Ён быў адзіным габрэем, якога я сустрэла ў Менску, хто мог бегла гаварыць на ідышы. Ён напраўду быў яго матчынай мовай. Рэшта старэйшага пакаленьня зусім не валодае гэтай мовай або амаль цалкам забылася яе».

1 Рэзалюцыя ЦК КП(б)Б прадуглежвала стварэнне 20—30 яўрэйскіх нацыянальных раёнаў на тэрыторыі БССР. Вялося аб раёнах, дзе 75—80% насельніцтва складалі яўрэі. Гл.: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ), ф. 42, воп. 1, спр. 1632, л. 50.

2 У 1923 г. яўрэяў у Менску было 48 312 і яны складалі 43,6 % яго насельніцтва (неяўрэяў — 62 614 чалавекі, або 56,4 % насельніцтва). У 1926 г. колькасць яўрэяў вырасла да 53 686 і, хоць іх доля ў гарадскім насельніцтве ўпала да 40,8 %, яны складалі другую па памерах нацыянальную групу пасля беларусаў (якіх сярод менчукоў было 43 %). 10 % гараджанаў у 1926 г. атаясамліваліся з рускімі, трохі больш за 3% — з палякамі (Артыкул «Минск». Большая Советская энциклопедия. Т. 39. Москва, 1926. С. 465—468).

3 Ginzburg, Carlo. Il filo e le tracce: vero falso finto, Milano: Giangiacomo Feltrinelli, 2006. P. 258.

4 Greenbaum, A. Jewish Scholarship and Scholarly Institutions in Soviet Russia, 1918—1953. The Hebrew University of Jerusalem, 1978. P. 6.

5 Тэкст Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі можна знайсці ў кнізе: Практическое разрешение национального вопроса в Белорусской Советской Социалистической Республике. Ч. I. Белорусизация. По материалам Центральной национальной комиссии ЦИК БССР. Mн., 1927. С. 120—123.

   
У гарадах Беларусі мясцовыя ўлады падтрымлівалі ўжыванне ідыша ў судах, культурных установах і на афіцыйных партыйных мітынгах, між іншага і для змяншэння ў яўрэйскім асяроддзі значнасці расійскай мовы, каб яўрэі не сталі праваднікамі русіфікацыі — роля, якую вялікая частка яўрэйскай інтэлігенцыі адыгрывала з часоў Аляксандра II. Сапраўды, з другой паловы XIX ст. расійскія адміністратары распачалі праграму русіфікацыі «Паўночна-Заходняга краю» і ўспрымалі яўрэйскую інтэлігенцыю як патэнцыйны сродак абароны супраць нерасійскага нацыяналізму, ведаючы, што многія інтэлігенты яўрэйскага паходжання схіляліся да ўжывання «вялікай і магутнай» расійскай мовы, а не польскай, украінскай ці беларускай6.

Аказваючы знакі ўвагі мовам меншасцяў, мясцовыя кіраўнікі спадзяваліся заахвоціць ужыванне беларускай мовы беларусамі. Такім чынам, квітнеючая яўрэйская культура на ідышы разглядалася ініцыятарамі палітыкі «карэнізацыі» як стымул да пашырэння беларускай і ўкраінскай (а не расійскай) у дзяржаўных і культурных установах Беларускай і Украінскай рэспублік. Кампанія абмежавання расійскай мовы і заваявання падтрымкі ў «нярускіх» нацыянальных меншасцяў была распачатая ў 1-й пал. 1920-х гг. у форме «беларусізацыі» і «ўкраінізацыі»7.

Адданасць мясцовых улад ідышу ў Менску была нават мацнейшай, чым у Харкаве ці Кіеве, дзе «ўкраінізатары» ў цэлым менш схіляліся да падтрымкі культур нацыянальных меншасцяў. У адрозненне ад украінскага нацыяналізму, адносна добра развітага і папулярнага ў дасавецкую эпоху, беларускі нацыяналізм шмат у чым стаўся вынікам савецкага эксперыменту на тэрыторыях, якія ў пачатку 1920-х гг. атрымалі назву Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, пазней — БССР. Усведамленне такіх катэгорый, як «Беларусь», «беларуская мова» і «беларуская гісторыя» — паняцця, якое прадугледжвае існаванне агульнапрынятых уяўленняў пра супольную мінуўшчыну беларусаў, іх мову і культуру — заставалася рэдкім і цьмяным, у тым ліку і ў гарадах, як да ўсталявання савецкай улады, так і пасля. Украінскі нацыяналізм, сфармаваны як палітычны і культурніцкі рух у XIX ст., ужо да рэвалюцыі змог разлічваць на даволі моцную сацыял-дэмакратычную арганізацыю, на згуртаваных прыхільнікаў мадэрнізацыі ўкраінскай мовы, на ўкраінскамоўныя футурысцкую і сімвалісцкую літаратурныя традыцыі. Беларускі ж варыянт еўрапейскага мадэрнізму адсутнічаў; мала таго, беларуская сацыял-дэмакратычная партыя з’явілася ці не пазней за ўсе ў Еўропе8. Гісторык Фрэнсін Гірш адзначае:

На пачатку стварэнне Беларускай рэспублікі было прыкладам нацыятварэння «зверху»: не толькі так званы «беларускі народ» адрэагаваў на яе з’яўленне з абыякавасцю ці варожасцю, але нават некаторыя члены партыі выказвалі меркаванне, што партыя «штучна гадуе» беларускую народнасць, якая без яе не існавала б9.

У 1921 г. кіраўнік ЦВК БССР Язэп Адамовіч і намесніца наркама адукацыі Эстэр Фрумкіна звярнуліся з заклікам да этнічных беларусаў. У ім добра прасочваецца спроба прышчапіць беларускую нацыянальную ідэнтычнасць інтэлігенцыі, якая амаль не атаясамлівала сябе з беларусамі. Зварот адрасаваўся «навукоўцам, пісьменнікам, педагагічным, дашкольным і культурным работнікам родам з Беларусі» — іх прасілі вярнуцца ў Беларусь і паспрыяць стварэнню новай савецкай культуры на беларускай мове. Прызнавалася, што «ўмовы працы на беларускай мове асабліва цяжкія», аднак аўтары спрабавалі заахвоціць культурных дзеячаў, падкрэсліваючы: «не хвалюйцеся, калі вы недастаткова добра ведаеце беларускую мову. Тут… вы ўспомніце мову вашага маленства і авалодаеце ёю…»10.

Ідыш у грамадскім жыцці савецкага горада

Яўрэйская версія кампаніі «карэнізацыі», што палягала ў дзяржаўнай падтрымцы арганізацый і ўстаноў, якія працавалі на ідышы, увяла ідыш у грамадскае жыццё горада. У Менску пісьмовы ідыш з’явіўся ў публічных месцах і ўпершыню ў гісторыі горада стаў «відочным». На будынку чыгуначнага вакзала, напрыклад, назва горада з’явілася не толькі на беларускай, расійскай і польскай, але і на ідышы. Такім чынам, пасажырам, якія траплялі ў горад і бачылі яўрэйскія літары, нагадвалася пра афіцыйны статус мовы і «яўрэйскасць» Менску. У 1926 г., па прыездзе ў Менск, ідышысцкі пісьменнік з Варшавы І. Зінгер здзіўлена адзначаў:

Гэтыя чатыры мовы — беларуская, расійская, польская і ідыш — сустрэлі мяне на вакзале. Яны глядзелі на мяне зверху, з шэрай сцяны… Я сутыкаўся з імі на кожным кроку, у кожным наркамаце, кожнай канторы — паўсюль…

Пісьменнік працягвае, што ідыш у публічных месцах, на вуліцах горада «цяпер з’яўляецца нечым нармальным. Калі гэта і здавалася камусьці дзівосам, то хіба толькі мне»11.

На многіх важных гарадскіх установах, такіх як Беларускі дзяржаўны універсітэт, красаваліся шыльды з афіцыйным найменнем устаноў на беларускай і ідышы. Мову было чутно па беларускім дзяржаўным радыё12 і відно ў кінатэатрах (у субтытрах да кінастужак)13. У час мясцовых выбараў паведамленні аб іх распаўсюджваліся на ідышы14, ЦВК атрымліваў карэспандэнцыю на ідышы15, і заявы на ўступленне ў партыю ці на залучэнне ў лік кандыдатаў падаваліся ў мясцовыя партыйныя камітэты на ідышы16.

7 мая 1924 г. адміністрацыя Галоўпаштамта ў Менску звярнулася да акружнога і гарадскога камітэтаў партыі з паведамленнем, якое праз колькі дзён было надрукаванае ў мясцовай прэсе. Паштовая служба шукала службоўцаў, якія былі б здольныя чытаць, гаварыць і пісаць на мясцовых мовах. У паведамленні скрупулёзна апісвалася сістэма, паводле якой пошта мусіла дастаўляць атрымальніку пасылкі ці пісьмы. Адрасы пісьмаў на мясцовых мовах, такіх як польская ці беларуская, звычайна пісаліся на левым баку канверта, а правы бок адпраўнік пакідаў чыстым; гэта дазваляла паштоваму работніку перакласці адрас на расійскую на правым баку канверта. Заклік паштамта да патэнцыйных супрацоўнікаў уключаў спецыфічнае тлумачэнне, звязанае з ідышам; раз на ідышы адрасы пісаліся звычайна на ўсёй паверхні канверта справа налева і чыстага месца не пакідалася, супрацоўнік меўся перакласці адрас на адваротным баку канверта17. Як ілюструюць гэтыя інструкцыі для патэнцыйных паштовых клеркаў, канстытуцыйная роўнасць моваў уводзіла ідыш не толькі ў свет дробнай савецкай бюракратыі, але і ў штодзённае жыццё горада і яго наваколля. Магчыма, Менск быў адным-адзіным сталічным горадам ва Усходняй Еўропе, куды можна было адпраўляць пісьмы, адрасаваныя на ідышы.

Беларуская мова і ідыш

Ідышызацыя была ва ўсіх адносінах яўрэйскім аналагам беларусізацыі. І ідыш, і беларуская — мясцовыя мовы з нізкім статусам, якіх датуль нярэдка ганілі як нелітаратурныя — ператварыліся ў афіцыйныя, на іх загаманілі палітыка і культура. Як адзначылі Цві Гітэльман і Мардэхай Альтшулер у сваёй працы, прысвечанай «Яўсекцыі», кампанія па прасоўванні беларускай мовы ў савецкі апарат і палітычныя ўстановы падштурхнула і пашырэнне ідыша ў гэтых сферах18. Аднак, акрамя беларускай канстытуцыі, быў і іншы фактар, які забяспечваў адмысловы статус ідыша ў Менску. Гэтым фактарам сталася невысокая папулярнасць беларусізацыі і нізкі прэстыж беларускай мовы ў гараджан, як яўрэяў, так і неяўрэяў, асабліва ў параўнанні з кампаніяй украінізацыі і даволі пашыранай падтрымкай украінскай мовы ў сярэдніх і вялікіх гарадах Украіны.

У студзені 1925 г. партыйная ячэйка менскіх ткачоў, якая працавала выключна на ідышы, сабралася для абмеркавання рэзалюцыі аб пашырэнні беларускай мовы ў савецкіх установах на месцах19. Многія з работнікаў — усе яны былі яўрэі — выказаліся супраць беларускай мовы20. Адзін з членаў партыі адзначыў, што сяляне ў вёсках гавораць на мове, зусім незразумелай жыхарам гарадоў, і што самі сяляне лепш разумеюць расійскую мову, чым гарадскі варыянт беларускай. Іншы сябра партыйнай ячэйкі параўнаў беларускую з украінскай і падкрэсліў, што падмурак украінізацыі значна больш трывалы, бо «Украіна мае ўласную гісторыю і герояў, чаго няма тут, на Беларусі». Вядома, партячэйка ўрэшце мусіла падпарадкавацца лініі партыі, паклікаўшы яўрэйскіх рабочых да вывучэння мовы і ліквідацыі непісьменнасці ў беларускай21. Аднак у большасці выпадкаў інструкцыі аб вывучэнні беларускай успрымаліся як фармальнасць і ігнараваліся на практыцы22.

Супраціўленне кампаніі беларусізацыі часцяком аказвалі не толькі яўрэі, але і беларусы, рускія, палякі, якія жылі ў горадзе і для якіх расійская мова стала роднай у выніку царскай русіфікатарскай палітыкі XIX ст. У кастрычніку 1926 г. на сходзе партячэйкі фабрыкі «Варшавянка» адзін з партыйцаў (верагодна, беларус) заявіў: «Ніхто не сумняваецца, што беларуская мова некалі існавала… але ў наш час няма ні беларускай мовы, ні культуры». Ён таксама паскардзіўся на фінансавы цяжар кампаніі за беларускую мову, меўшы на ўвазе не толькі выхад беларускамоўных газет, часопісаў і падручнікаў, але і ўтрыманне культурніцкіх і адукацыйных устаноў, такіх як Інбелкульт і Белпедтэхнікум. У канцы свайго выступлення аратар заявіў, што абавязковае вывучэнне беларускай у вышэйшых навучальных установах і сярэдніх школах — марнаванне часу для навучэнцаў, асабліва для рускіх і яўрэяў23. Праглядаючы дакументы 1920-х гг., я не знайшла падобных заўваг адносна ідыша і ідышысцкіх устаноў у Менску.

Многіх яўрэяў ідышызацыя вабіла, да чаго спрычыніліся чатыры фактары: а) афіцыйны статус ідыша; б) нізкі прэстыж беларускай мовы; в) недастатковае веданне беларускай; г) афіцыйная «апала» расійскай мовы. У 1920-х і ў пачатку 1930-х гг. выступленні на ідышы ў час агульных партыйных сходаў зрабіліся досыць частай з’явай24 . У лістападзе 1928 г. на сходзе партячэйкі фабрыкі адзення «Міншвей», дзе штат быў пераважна яўрэйскі, а да ячэйкі належалі 155 яўрэяў і 6 беларусаў, адзін з таварышаў быў перапынены, паспрабаваўшы звярнуцца да сабраных па-беларуску. Як папракнуў яго іншы таварыш, «Шміт не меў рацыі, калі ўзяўся выступаць па-беларуску на яўрэйскім сходзе»25.

Адзін з найбольш яркіх прыкладаў новага статусу ідыша датуецца сакавіком 1927 г., калі партячэйка «Міншвей» адмовілася ўжываць расійскую мову ў зносінах з Чырвонай Арміяй (у той час святкавалася 10-годдзе апошняй). На мітынгу 3 сакавіка партячэйка ўхваліла наступную рэзалюцыю: «Раз наша партячэйка — яўрэйская і працуе на ідышы, мы не можам вітаць Чырвоную Армію асобна па-расійску… пытанне аб завязванні адносінаў з Чырвонай Арміяй трэба зняць з парадку дня…»26 Пакуль іншыя палітычныя і культурніцкія ўстановы горада меркавалі, як арганізаваць сумесную дзейнасць з Чырвонай Арміяй, партячэйка фабрыкі «Міншвей» выказвала жаданне весці такую дзейнасць толькі на ідышы. Гэты дакумент азначае, што мясцовыя яўрэйскія органы ўспрынялі ідышызацыю як абсалютны прынцып для «этнічных астраўкоў» накшталт сталічнай фабрыкі «Міншвей», і адмаўляліся весці якую б там ні было дзейнасць на расійскай мове, нават калі такая ім навязвалася.

Насамрэч, Менск быў ідэальным горадам для росквіту ідыша: з аднаго боку, існавала фінансавая падтрымка з боку дзяржавы, з другога — адсутнасць суперніцтва з беларускай, мовай, якую партыя «прадпісала» ўжываць большасці насельніцтва Рэспублікі, уключна з тымі гараджанамі, што ёю не валодалі. Слабасць беларускай мовы толькі служыла ўмацаванню ідыша. У «яўрэйскім» горадзе Менску ідыш займаў асаблівае месца і да кампаніі беларусізацыі — магчыма, нашмат больш значнае, чым у іншых савецкіх гарадах з моцнай яўрэйскай прысутнасцю. Адзін, але красамоўны прыклад: 15 ліпеня 1921 г., у час цырымоніі адкрыцця Беларускага дзяржаўнага універсітэта, сакратар Яўсекцыі звярнуўся да прысутных на ідышы27. Цяжка ўявіць нешта падобнае ў Маскве ці іншым буйным горадзе Савецкага Саюза ў час адкрыцця дзяржаўнага універсітэта.

Суды, спортпляцоўкі і вучэбныя класы:
ідыш або расійская?

У якасці адной з моў, скарыстаных для культурнага адраджэння народаў Савецкай Беларусі, ідыш гучаў у гарадскіх тэатрах, на п’есах і канцэртах, арганізаваных Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам і Дзяржаўным яўрэйскім хорам. Такія імпрэзы ладзіліся ў Менску рэгулярна28. Разам з творамі заснавальнікаў сучаснай ідышысцкай літаратуры, якіх прызналі сумяшчальнымі з савецкім светапоглядам, мова пранікала ў «агульныя» культурныя ўстановы горада. Літаратурная вечарына, прысвечаная 10-годдзю з дня смерці пісьменніка Шолам-Алейхема, адбылася 21 мая 1926 г. у Беларускім дзяржаўным тэатры. Вядучым быў Нохум Ойслендэр, які на ідышы расказваў пра творчасць Шолам-Алейхема беларусам, рускім і яўрэям29.

У парадку эксперыменту ідыш пачаў ужывацца і ў юрыдычнай сферы і стаў мовай юрыспрудэнцыі. Так, у студзені 1926 г. была заснавана Менская цэнтральная яўрэйская палата, якая працавала на ідышы і абслугоўвала ўсю Менскую акругу. У ідышамоўным судзе разбіраліся як крымінальныя, так і цывільныя і гаспадарчыя справы. У 1928 г. Яўрэйскае бюро акружкома заявіла, што за 1926—1928 гг. Менскі яўрэйскі суд стаўся арганічнай часткай агульнасавецкай сістэмы кіравання: «Дзякуючы мове судаводства яўрэйскае насельніцтва горада і мястэчак выказвае давер суду…»30 Адзін з суддзяў, які працаваў у савецкім яўрэйскім судзе пэўны час пасля яго заснавання, адзначаў, што 80 % менскіх яўрэяў ішлі менавіта ў яўрэйскі суд — асабліва тыя, каго абвінавачвалі па крымінальных справах. Прычынамі гэтага поспеху, патлумачыў суддзя, былі

  6 Klier, John D. Imperial Russia’s Jewish Question 1855—1881. Cambridge: Cambridge University Press, 1995. P. 152—153.

7 Больш падрабязна пра савецкую нацыянальную палітыку і кампанію «карэнізацыі» гл. у: Gerhard, Simon. Nationalism and Policy Toward the Nationalities in the Soviet Union: From Totalitarian Dictatorship to Post-Stalinist Society. Westview Press: Boulder — San Francisco — Oxford, 1991. Аб практычных захадах па ўкараненні нацыянальнай палітыкі ў Беларусі і спецыфіцы кампаніі беларусізацыі гл.: Практическое разрешение национального вопроса… С. 133—146. Пра вынікі кампаніі беларусізацыі ў 1920-я гг. цікава піша Аркадзь Зельцэр (гл.: Зельцер, Аркадий. Белоруссизация 1920-х гг.: достижения и неудачи // Евреи Беларуси: история и культура. III—IV. Mинск, 1998. С. 60—92. Роль, якую этнаграфія адыгрывала ў савецкім нацыятварэнні, аналізуецца ў: Hirsch, Francine. Empire of Nations: Ethnographic Knowledge and the Making of the Soviet Union. Ithaca and London: Cornell University Press, 2005.

8 Партыя беларускіх сацыялістаў, вядомая як «Беларуская сацыялістычная грамада», была заснавана ў Вільні ў 1903 г. (У 1903 г. — і ня ў Вільні, а ў Пецярбургу — была заснаваная Беларуская рэвалюцыйная грамада. Беларуская сацыялістычная грамада ж была створана ў кастрычніку 1904 г. — Рэд.)

9 Francine, Hirsch. Empire of Nations. P. 149—150. Больш пра стварэнне Беларусі сказана на с. 151—155.

10 Практическое разрешение национального вопроса… С. 132—133.

11 Singer, I. Y. Nay-Rusland: bilder fun a rayze [ідыш: «Новая Расія: падарожныя карцінкі»] Kletskin: Vilna, 1928. S. 25. [Вільня: Выдавецтва Б. Клецкіна, 1928. С. 25]. Дзякую Генадзю Эстрайху і Дэбі Ялен за тое, што яны звярнулі маю ўвагу на кнігу Зінгера.

12 Рашэнне перадаваць радыёгазету на ідышы раз на тыдзень было прынятае ў сярэдзіне 1926 г. Гл.: НАРБ, ф. 42, воп. 1, спр. 1803, л. 12.

13 Шэраг фільмаў Белдзяржкіно паказваўся з субтытрамі на ідышы. Гл.: Osherovitch, E. Mobilizirn di visnshaft tsu dinst fun 2-tn finfyor [ідыш: «Мабілізаваць навуку на службу другой пяцігодцы»] // Afn visnshaftlekhn front. Biuleten fun Yidsektor fun der Vaysrusisher visnshaft-akademye [ідыш: «На навуковым фронце. Бюлетэнь яўсектара Беларускай акадэміі навук»]. № 1—2. Менск, 1932. С. 4.

14 НАРБ, ф. 6, воп. 1, спр. 1432, лл. 26, 38. У час выбараў Менскага абласнога камітэту партыі паведамленні пра выбары былі выпушчаны наступным накладам: на беларускай — 460 000, на ідышы — 55 000, на польскай — 20 000, на літоўскай — 1000 і на латышскай — 500.

15 Гл., напрыклад: Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці (далей — ДАМВ), ф. 12, воп. 2, спр. 1453, лл. 32, 77—78.

16 Гл., напрыклад: ДАМВ, ф. 12, воп. 1, спр. 758, лл. 138—139, 225, 238, 756—757.

17 ДАМВ, ф. 591, воп. 1, спр. 13, лл. 44—45.

18 Гл.: Gitelman, Zvi Y. Jewish Nationality and Soviet Politics: The Jewish Sections of the CPSU 1917—1930. Princeton: Princeton University Press, 1972. P. 400—401; Altshuler, Mordechai. Ha-yevsektsya bi-vrit ha-mo’atsot: beyn komunizm ve-leumiyut. Tel Aviv: Sifriyat po’alim, 1981. P. 169.

19 У рэзалюцыі гаварылася, што да пачатку 1925 г. усе мясцовыя і цэнтральныя установы Беларускай рэспублікі павінны былі спыніць ужыванне расійскай і працаваць толькі на беларускай мове. Каб ажыццявіць новы курс, НКВД рэкамендаваў усім служачым вывучыць беларускую і карыстацца ёю на рабочых месцах. НАРБ, ф. 4, воп. 1, спр. 669, лл. 5, 38.

20 Трэба адзначыць, што, хоць яўрэі звычайна процістаялі ўжыванню беларускай, было некалькі пісьменнікаў-яўрэяў, якія выбралі беларускую для сваёй творчай дзейнасці. Сярод іх Шмуэль Нохем Плаўнік (1886—1941), вядомы як Змітрок Бядуля, Алесь (Айзік) Кучар (1910—[1996]), Міхась (Мендэль) Модэль (1904—1980).

21 У той жа час партыйная ячэйка настояла і на важнасці ўзмацнення культуры на ідышы, у прыватнасці, праз вывучэнне палітычнай і педагагічнай літаратуры. Гл.: ДАМВ, ф. 1260, воп. 1, спр. 3, лл. 38, 78.

22 Партыя заклікала ўсіх партыйных і культурніцкіх работнікаў у горадзе авалодаць беларускай да 1927 г. У пачатку 1927 г. разглядаліся тры кандыдатуры на працу ў Яўрэйскім педагагічным тэхнікуме, што рыхтаваў настаўнікаў для яўрэйскіх савецкіх школ: Аляксандр Віткін, які меў загадваць бібліятэкай, Яўсей Бялы, які прэтэндаваў на пасаду інструктара па фізкультуры, Ганна Раскіна, настаўніца ідыша першага года навучання. Усе яны прызналіся, што беларускай не валодаюць. У выніку іх узялі на працу, але парэкамендавалі вывучыць мову. НАРБ, ф. 42, воп. 1, спр. 1892, л. 12.

23 ДАМВ, ф. 37, воп. 1, спр. 1228, лл. 54-72. Калі давялося ажыццяўляць партыйную дырэктыву аб нацыянальнай рабоце на беларускай мове, члены партыйнай ячэйкі Менскай аб’яднанай прафшколы аднагалосна заявілі наступнае: «Нам не падабаецца беларуская мова, навучэнцы ўцякаюць з урокаў беларускай… (у беларускай) няма патрэбы. Ёсць беларускі педагагічны тэхнікум, хай яны вучацца там і выкладаюць беларускую мову ў вёсках». Далей у пратэсце гаворыцца: «У адной з секцый партячэйкі беларусізацыя мае фармальны характар і ўжываецца толькі для напісання пратаколаў, але не для выступленняў; у акрузе на беларускай пішуцца толькі інструкцыі і пратаколы, а сходы і пасяджэнні вядуцца зазвычай па-расійску». Гл.: ДАМВ, ф. 428, воп. 1, спр. 297, лл. 141—143.

24 Гл., напрыклад: НАРБ, ф. 63, воп. 2, спр. 233, лл. 4—7.

25 ДАМВ, ф. 1260, воп. 1, спр. 3, лл. 37—41.

26 ДАМВ, ф. 37, воп. 1, спр. 1198, лл. 13—14.

27 НАРБ, ф. 4, воп. 1, спр. 55, лл. 118—119.

   

па-першае, мова, на якой можна даваць тлумачэнні, і, па-другое, атмасфера: ёсць… працэсы, якія вымагаюць ад суддзі ведання варункаў, спрэчных момантаў і разумення звычак, нават тону ўдзельнікаў. Таму і ідуць у ідышамоўны суд…31

Аднак абсалютная навізна ідышамоўнай судовай установы мела і свае выдаткі. Як высветлілася, яўрэйскі суд не мог працаваць гэткім самым чынам, як расійскі, што абапіраўся на стагоддзі добра ўкаранёнай традыцыі судаводства* . Дарма што разам з ім дзейнічала калегія адвакатаў, якая абслугоўвала яўрэйскае насельніцтва тры разы на тыдзень, звароты часта пісаліся на расійскай і нават на беларускай мове. У большасці выпадкаў адвакаты выступалі на ідышы, але ўжо ў маі 1928 г. пракурор часта прамаўляў на расійскай. Іншымі словамі, з-за нераспрацаванасці юрыдычнай тэрміналогіі суд не мог эфектыўна працаваць на ідышы32. Калі некаторыя юрысты былі дасведчанымі ў ідышысцкім судовым «жаргоне», іншыя атрымалі прафесійную падрыхтоўку толькі на расійскай мове і адаптаваліся да новай сістэмы з цяжкасцю. І. Зінгер наведаў Менскі яўрэйскі суд у канцы 1926 г., калі слухалася справа аб выплаце аліментаў паміж нейкім мужчынам і яго былой жонкай. Зінгер адцеміў, што адвакат, які прадстаўляў інтарэсы былога мужа, вядомы спецыяліст, «які ведае цывільны кодэкс, як набожны яўрэй ведае ашрэй (адна з галоўных малітваў іудзейскай літургіі), цяпер вымушаны гаварыць на ідышы і мае з гэтым цяжкасці». Гэты адвакат распачаў сваю прамову з непісьменных слоў «хавейрым рыхтэр» (таварыш суддзя), якія суддзя адразу паправіў на «біргер рыхтэр» (грамадзянін суддзя). Далей адвакат прамаўляў на мяшанцы ідыша і расійскай мовы33.

Ідыш быў мовай, якой менскія яўрэі, незалежна ад палітычных поглядаў, аддавалі прыярытэт у час грамадскіх мерапрыемстваў і адпачынку. Менская cуполка яўрэйскай моладзі «Yung-Skoyt», заснаваная неўзабаве пасля Першай усясветнай вайны і звязаная з рухам сацыялістаў-сіяністаў, ладзіла імпрэзы для яўрэйскіх хлопчыкаў і дзяўчынак 12—16 гадоў. Для мэтаў «духоўнага развіцця», знаёмства з яўрэйскай народнай творчасцю і культурнымі скарбамі ідыша, маладзёжная група таксама брала на сябе і спартыўныя падзеі. Мовай спартыўных мерапрыемстваў, якія ўключалі гімнастычныя практыкаванні, падарожжы за горад і ўрокі плавання ў рацэ Свіслачы, быў ідыш34.

Хоць яўрэйская скаўцкая суполка — як і многія іншыя маладзёжныя групы ў Менску — карысталася ідышам яшчэ да выпрацоўкі савецкай нацыянальнай палітыкі, стварэнне спартыўнай тэрміналогіі на ідышы было вынікам савецкага эксперыменту. Іншымі словамі, калі мова ўдзельнікаў у час публічных мерапрыемстваў была пераважна яўрэйская, то адмысловыя спартыўныя тэрміны яны вымаўлялі, як правіла, па-расійску. У жніўні 1921 г. у статуце яўрэйскага клуба спорту і турызму (установа таксама дарэвалюцыйная, якая была дазволена саветамі ў 1921 г., але ў хуткім часе ліквідаваная) падкрэслівалася, што яго афіцыйная мэта палягала не толькі ў дасканаленні фізічнага стану яўрэйскай моладзі, але і ў падрыхтоўцы новага пакалення інструктараў для савецкіх школ і дзіцячых садкоў. Згодна з патрабаваннямі савецкіх чыноўнікаў ад асветы, якія ў яўрэйскім кантэксце настойвалі на ўжыванні ідыша ва ўсіх адукацыйных сферах, кіраўнікі клуба засведчылі сваю адданасць «стварэнню гімнастычнай тэрміналогіі на яўрэйскай мове (gimnastishe terminologye in der yidisher shprakh), якой маглі б карыстацца дзеці, што слаба валодаюць расійскай»35.

Яўрэйскі спартыўны клуб «Гaмер» («Молат»), які раней называўся «Макабі», быў афіцыйна дазволены 14 снежня 1921 г. У пачатку 1922 г. ён налічваў каля 100 членаў — хлапцоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў, якія старанна наведвалі клуб у часы яго працы (ад 18 да 22 гадзін, акрамя пятніцы). 9 студзеня 1922 г. у клубе адкрыліся курсы фізынструктараў для савецкіх яўрэйскіх школ. Трохмесячныя курсы ўключалі тэарэтычныя заняткі (вывучэнне анатоміі чалавека і фізіялогіі) і практыку, фізічныя практыкаванні тры разы на тыдзень. У той год рыхтаваліся інструктары менавіта для пачатковых школ і дзіцячых садкоў36. Хоць спартыўныя мерапрыемствы з удзелам яўрэяў у далейшым праводзіліся пад эгідай рабочых клубаў, камсамола і партячэек, фізынструктары ў савецкіх яўрэйскіх школах працягвалі трэніраваць навучэнцаў на ідышы.

З тае прычыны, што была створана шырокая сетка вышэйназваных школ, ідыш стаўся мовай савецкай яўрэйскай адукацыі. 7 студзеня 1924 г. у Менску налічвалася 10 яўрэйскіх сярэдніх школ з 2505 вучнямі і 141 настаўнікам, 8 дзіцячых дамоў з 602 гадаванцамі і 77 педагогамі, 7 дзіцячых садкоў з 400 дзяцей і 34 педагогамі, яўрэйскі педагагічны тэхнікум з 175 студэнтамі і 29 выкладчыкамі37. Аднак, каб ператварыць ідыш у мову школьнага навучання (сфера, традыцыйна апанаваная расійскай мовай), яўрэйскія актывісты мусілі даць рады недахопу педагагічнай літаратуры і адсутнасці традыцыі выкладання на ідышы. Яны меліся будаваць сістэму ці не з нуля. Увогуле яўрэйскія педагогі самі вучыліся на расійскай мове, а калі працавалі да рэвалюцыі, то карысталіся расійскамоўнымі падручнікамі і публікавалі артыкулы ў расійскамоўных педагагічных часопісах38. Калі ў маі 1921 г. Яўсекцыя, Менскі выканаўчы камітэт і група мясцовых актывістаў-асветнікаў арганізавалі падрыхтоўчыя курсы на ідышы для маладых савецкіх яўрэйскіх педагогаў, адным з прадметаў спрэчкі было пытанне, ці мусіць валоданне расійскай мовай быць неабходным для наведвання гэтых курсаў. М. Годэр, які пазней выкладаў ідышысцкую літаратуру ў шэрагу яўрэйскіх навучальных устаноў Менску, настойваў, што веданне расійскай надзвычай важнае для будучых педагогаў, таму што «ў некаторых галінах… такіх як педагогіка… мы не маем базавай літаратуры на ідышы». З іншага боку, Юдл Франкфурт, адзін з ініцыятараў заснавання Яўпедтэхнікума ў Менску, казаў:

Веданне расійскай не мае для нас значэння; больш істотна, каб [будучы педагог] меў адпаведную агульную падрыхтоўку і задавальняў нас у іншых аспектах; [няведанне расійскай] не зашкодзіць яго запісу на курсы, …мы перакладзём з расійскай на ідыш найважнейшыя ўрыўкі з кніг і… у крайнім выпадку, запросім расійскіх настаўнікаў выкладаць рускую мову, абы яўрэйскі настаўнік быў здольны рабіць усю астатнюю працу39.

Яшчэ большым выклікам для новай адукацыйнай сістэмы на ідышы сталася выкладанне навуковых дысцыплін. Як наракаў менскі настаўнік Гольдберг, каб выкладаць матэматыку на ідышы, «няма патрэбных кніг». Аднак матэматыка ўсё ж выкладалася на ідышы — і не толькі ў пачатковай школе, а і ў вышэйшых навучальных установах. Калі пад канец 1921 г. было створана яўрэйскае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, ідыш упершыню ў гісторыі стаўся мовай універсітэцкага навучання40. І «яўрэйскія», і агульныя прадметы выкладаліся на ідышы. Так, праграма навучання ў 1928 г. уключала не толькі курсы «Гісторыя яўрэяў Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны», «Эканамічная гісторыя яўрэяў Расіі», «Былая і сучасная яўрэйская літаратура» і «Гісторыя яўрэйскай мовы», але і агульныя прадметы: «Палітычная эканомія», «Гісторыя Расіі», «Аналітычная геаметрыя», «Неарганічная хімія», «Матэматыка»41.

  28 ДАМВ, ф. 320, воп. 1, спр. 249, л. 43.

29 Расійскі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва
(РДАЛІ), ф. 2270, воп. 1, спр. 294. Гл. таксама: РДАЛІ, ф. 2270, воп. 1, спр. 158. У лісце Ш. А. Гурштэйну ад 20 мая 1926 г. Н. Ойслендэр пісаў: «Яшчэ раз трэба выступіць у гарадскім тэатры (прамова мае доўжыцца 40 мінут, і гэтым разам я звяртаюся на ідышы да беларускай аўдыторыі — во пашэнціла! Але мы абавязаны!)».

30 Прыкметай росту папулярнасці суда сярод яўрэяў стала тое, што слуханні наведвала шмат народу. На некаторыя працэсы бацькі ўдзельнікаў «прыязджалі аж з Амерыкі… ідышысцкія пісьменнікі, што знаходзіліся ў Менску, пастаянна наведвалі залу пасяджэнняў».

31 Singer, I. Y. Nay-Rusland, S. 33.

* Тут розніца паміж «яўрэйскім» і «расійскім» працэсамі перабольшана аўтаркай: насамрэч, «яўрэйскае судаводства» мела немалую гісторыю. Прынамсі ў цывільным працэсе суддзі ў пэўнай ступені маглі абапірацца на вопыт рэлігійных судоў, якія ў дасавецкі перыяд функцыянавалі ў кожнай буйной яўрэйскай абшчыне і не маглі не распрацаваць адпаведнай тэрміналогіі. — Заўв. перакл.

32 ДАМВ, ф. 12, воп. 1, спр. 561, лл. 15, 32—33. У кастрычніку 1925 г., за колькі месяцаў да адкрыцця ў Менску яўрэйскага нацыянальнага суда, прызначаны ў яго суддзя паехаў ва Украіну, дзе падобныя ўстановы на той час ужо працавалі, каб даведацца, як арганізаваць яўрэйскі суд і палепшыць свае веды юрыдычнай тэрміналогіі на ідышы. Гл.: ДАМВ, ф. 12, воп. 1, спр. 164, лл. 1, 2—4, 14—15.

33 Singer, I. Y. Nay-Rusland. S. 32.

34 Гэтая скаўцкая арганізацыя (яе назва па-расійску — Минская Еврейская организация молодежи «Юнг-скойт», а на ідышы — Minsker yidisher yugnt organizatsye «Yung-Skoyt») мела клуб, бібліятэку з чытальняй, планавала выпускаць уласную газету. Больш інфармацыі пра яе захоўваецца ў НАРБ (ф. 42, воп. 1, спр. 1140, лл. 21—25).

35 У жніўні 1921 г. клуб налічваў 150 актыўных сяброў, большасці не споўнілася і 13 год. НАРБ, ф. 42, воп. 1, спр. 1140, лл. 26—27.

36 НАРБ, ф. 42, воп. 1, спр. 1132, лл. 39—42. Клуб зваўся Yidisher Sport Klub Hamer на ідышы і «Еврейский гимнастический клуб «Молот». Яўсекцыя зачыніла клуб у пачатку 1922 г. з прычыны «патаемнага ўплыву сіянісцкіх элементаў». НАРБ, ф. 4, воп. 1, спр. 580, л. 56.

37 НАРБ, ф. 4, воп. 1, спр. 816, л. 71. Гл. таксама: НАРБ, ф. 42, воп. 1, спр. 1604, лл. 8—12.

38 У студзені 1922 г. на сходзе адміністрацыі Яўпедтэхнікума зазначалася, што большасць настаўнікаў навучалася па-расійску і таму маюць патрэбу ў дадатковай падрыхтоўцы на ідышы, асабліва метадычнай.

39 Расійская мова была ўведзена ў яўрэйскіх школах як абавязковы прадмет у чэрвені 1921 г. НAРБ, ф. 42, вoп. 1, спр. 72, лл. 4, 7, 9—12, 19—22, 25—26.

   
Тым не менш, прасоўванне ідыша ў праграму яўрэйскага аддзялення, асабліва ў частцы выкладання навуковых дысцыплін, часцяком канфліктавала з традыцыяй выкладання на расійскай мове. У 1928/29 навучальным годзе студэнтам яўрэйскага аддзялення педагагічнага факультэта на ідышы выкладалася 40 % курсаў па гуманітарных прадметах і 10—15 % курсаў па іншых прадметах42. У кастрычніку 1933 г. універсітэцкая партыйная арганізацыя адзначала, што найбольш «адстае» на хімічным факультэце яўрэйскае аддзяленне, якому бракавала выкладчыкаў і падручнікаў на ідышы43.

Выбудова новага акадэмічнага асяродку

У дарэвалюцыйнай Расіі найбольш важныя яўрэйскія культурныя і навуковыя праекты ажыццяўляліся на расійскай і, радзей, на іўрыце — як правіла, ва ўстановах, размешчаных у Санкт-Пецярбургу і Адэсе. Пасля захопу ўлады бальшавікамі навучанне на іўрыце і ўстановы, што карысталіся іўрытам, былі зліквідаваныя; да пачатку 1920-х гг. мова назаўсёды была выдалена са сферы яўрэйскай культуры, палітыкі і навукі. Хоць некаторыя расійскамоўныя яўрэйскія навуковыя ўстановы прадоўжылі існаванне пасля рэвалюцыі44, ім даводзілася змагацца за выжыванне і сутыкацца з варожасцю з-за навешанага на іх ярлыка «буржуазныя арганізацыі». Гэтыя ўстановы ўжо не маглі атрымліваць ахвяраванні ад заможных яўрэйскіх мецэнатаў, бальшыня якіх пакінула Савецкую Расію. Да таго ж дзеля сваёй «буржуазнасці» яны не мелі права прэтэндаваць на дзяржаўнае фінансаванне.

Раз ідыш заступіў расійскую і стаў новай мовай «яўрэйскай навукі», геаграфія яўрэйскіх культурных і навуковых цэнтраў зазнала змены. Асноўныя навуковыя цэнтры апынуліся на Украіне і Беларусі, дзе жыла асноўная частка яўрэяў і больш за ўсё чуўся ідыш. Нават маючы такія выбітныя арганізацыі, як Таварыства яўрэйскай асветы (ОПЕ — «Общество для распространения просвещения между евреями») і Яўрэйскае этнаграфічна-гістарычнае таварыства, Петраград-Ленінград страціў сваю ролю вядучага культурнага цэнтра, саступіўшы яе новым цэнтрам, размешчаным у былой «рысе аселасці» — рэгіёне, які датуль лічыўся перыферыяй акадэмічнай іудаікі. Адным з такіх новых цэнтраў быў Менск — горад, дзе да рэвалюцыі яўрэйскай навуковай дзейнасці бадай не вялося. Паступова сталіца БССР ператварылася ў важны асяродак «яўрэйскіх даследаванняў», у прыватнасці, даследаванняў на ідышы. Павелічэнне цікавасці да ідышамоўных даследаванняў, заахвочанае беспрэцэдэнтным дзяржаўным фінансаваннем, прывяло ў Менск многіх навукоўцаў, якія раней паспяхова працавалі ў іншых месцах Расійскай імперыі. Так, марксісцкі яўрэйскі гісторык Ізраіль Сосіс (1878—[1968]) да пераезду ў Менск вёў грамадскую і культурніцкую дзейнасць у Адэсе, Вільні, Санкт-Пецярбургу/Петраградзе45; ідышысцкі філолаг Мардэхай Вейнгер (1890—1929) навучаўся і працаваў у Варшаве, Маскве, Харкаве і Ташкенце, у Менск пераехаў у 1923 г.46; гісторык літаратуры Нохум Ойслендэр (1893—[1962]) навучаўся ў Берліне і Кіеве, а да пераезду ў Менск працаваў у Маскве47.

  40 У чэрвені 1921 г. народны камісарыят асветы дазволіў стварыць яўрэйскае аддзяленне ў сталічным універсітэце. НАРБ, ф. 4, воп. 1, спр. 430, лл. 38, 48. Гл. таксама: РДАСПІ, ф. 445, воп. 1, спр. 64, л. 76.

41 ДАМВ, ф. 12, воп. 1, спр. 851, л. 37.

42 ДАМВ, ф. 12, воп. 1, спр. 851, л. 77. Гл. таксама: Shriftn fun vaysrusishn universitet [ідыш: Запіскі Беларускага ўніверсітэта] Vaysrusisher Melukhisher Universitet [БДУ]. Менск, 1929. С. 158.

43 ДАМВ, ф. 164, воп. 5, спр. 176, лл. 15—28.

44 Напрыклад, аўтарытэтны навуковы часопіс «Еврейская старина», заснаваны гісторыкам Сямёнам Дубновым у 1908 г., выходзіў да 1930 г.

   
Вобраз Менска як новага літаратурнага і культурніцкага цэнтра добра адбіты ў ліставанні двух даследчыкааў літаратуры на ідышы, Нохумам Ойслендэрам, нараджэнцам Кіева, які пераехаў у Менск у 1925 г., і Ш. А. Гурштэйнам, літаратурным крытыкам з Масквы, чые працы друкаваліся ў Менску ў 1920—1930-х гг. У лісце да Ойслендэра, датаваным 4 мая 1925 г., Гурштэйн скардзіўся на сітуацыю ў Маскве: калі ён параўноўвае сталіцу СССР з Менскам, то называе Маскву «literarishe goles» (літаратурнай дзірой), дзе цяжка знайсці новыя публікацыі на ідышы («ва ўсёй Маскве няма ніводнага асобніка «Di royte velt» [«Чырвоны свет», харкаўскае выданне]…»). Паводле Гурштэйна, яўрэйскія штудыі маюць будучыню ў Менску, а ў Маскве гэтая будучыня няпэўная («што будзе ў Маскве, да чаго ўсё гэта прыйдзе, я нават не магу сабе ўявіць»)48.

Заснаванне ў 1921 г. яўрэйскага аддзела ў Інстытуце беларускае культуры (Інбелкульце) было першай спробай наладзіць яўрэйскія даследаванні ў савецкай навуковай установе* . Каб стварыць новы навуковы цэнтр, рабіліся намаганні прыцягнуць рэсурсы і з Савецкага Саюза, і з-за граніцы. У 1925 г. адміністратар яўрэйскага аддзела напісаў двум вядомым яўрэйскім даследчыкам, якія жылі ў Нью-Йорку: фалькларысту І. Л. Кагану і лінгвісту Іегуду Іофе. Ім было прапанавана не толькі супрацоўнічаць з навуковым часопісам Інстытута «Цайтшрыфт», але і пакінуць Нью-Йорк, пераехаць у Менск дзеля даследаванняў ідыша ў яўрэйскім аддзеле Інбелкульта. Гэтае запрашэнне было зроблена цалкам сур’ёзна49. Калі І. Зінгер сустрэўся з дзеячамі культуры-супрацоўнікамі яўрэйскага аддзела, яму сказалі:

Мы б хацелі ўзяць на працу навукоўцаў кшталту Дубнова… каб нашаму інстытуту больш давяралі ў свеце… Мы даруем ім усе [іхнія] грахі, абы яны прыехалі і працавалі з намі50.

Яўрэйскі аддзел Інбелкульта быў створаны раней за Інстытут яўрэйскіх даследаванняў у Вільні (ІВО) на чатыры гады* *. Часопіс аддзела «Цайтшрыфт» — магчыма, найлепшае навуковае выданне на ідышы ў СССР 1920-х гг. — друкаваў артыкулы віленскіх навукоўцаў, такіх як Залман Рэйзен і Макс Вайнрайх. Гэты феномен сведчыць аб тым, што Менск быў прызнаны буйным акадэмічным цэнтрам, што менскія навукоўцы кантактавалі з навуковым асяродкам у Вільні. Гісторык літаратуры Ізраіль Цынберг, увогуле крытычна настроены да марксісцкай навукі, даў станоўчую ацэнку першаму выпуску «Цайтшрыфт» і прызнаў, што Менск стаў побач з Вільняй новым цэнтрам навуковых даследаванняў на мове ідыш51.

Разбудова ідышысцкага навуковага цэнтра адбілася і на штодзённым жыцці горада. Яўрэйская навуковая інтэлігенцыя, якая сабралася ў гэтым некалі правінцыйным горадзе, пачала ўплываць на яўрэйскае культурнае жыццё Менску. Праз лекцыі і сустрэчы з публікай у гарадскіх клубах, тэатрах і школах, што рэгулярна анансаваліся на менскай старонцы штодзённай ідышысцкай газеты «Акцябер», новая навуковая інтэлігенцыя стала гонарам «яўрэйскага Менска», сведчаннем яго ператварэння з перыферыйнага горада ў сталіцу савецкай яўрэйскай Веды.

Заключэнне

Афіцыйны статус ідыша, дзяржаўная падтрымка культурніцкіх, адукацыйных і навуковых мерапрыемстваў, заснаванне яўрэйскага аддзялення ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і яўрэйскага аддзела ў найважнейшай даследчай установе рэспублікі (Інбелкульце, пазней — Беларускай акадэміі навук), ператварылі Менск у адзін з найбольш паспяховых прыкладаў ідышысцкага эксперыменту ў Савецкім Саюзе. З аднаго боку, гэты эксперымент быў скіраваны на выхаванне савецкасці. Ён паходзіў з праекту стварэння савецкай нацыянальнай дзяржавы, заснаванага на тэрытарыяльна акрэсленых нацыянальнасцях і на ідэі, што яўрэі, якія не мелі большасці ні ў адной рэспубліцы Саюза, маглі ідэнтыфікавацца як нацыянальная група дзякуючы толькі мове. З іншага боку, ідышысцкі эксперымент, які доўжыўся ў Менску 18 гадоў52, абапіраўся на салідныя падмуркі, некаторыя з якіх былі закладзеныя яшчэ да рэвалюцыі. У дадатак да ўрадавай падтрымкі ідыша, мы можам назваць чатыры галоўныя прычыны, якія забяспечвалі поспех ідышысцкага эксперыменту ў Менску:

  45 Rejzen, Zalmen. Leksikon fun der nayer yidisher literatur [ідыш: Лексікон новай літаратуры на ідышы]. 1914. C. 303—305.

46 Rejzen, Zalmen. Leksikon fun der yidisher literatur, prese, un filologye [ідыш: Лексікон новай ідышысцкай літаратуры, прэсы і філалогіі]. B. I. Vilna: Kletskin, 1928—1929. S. 945—948. Гл. таксама: НАРБ, ф. 205, воп. 3, спр. 1204, лл. 5—7, 40—41.

47 Rejzen, Zalmen. Leksikon fun der nayer yidisher literatur. S. 51—53. Гл. таксама: НАРБ, ф. 205, воп. 1, спр. 5947, лл. 1, 3—4.

48 РДАЛІ, ф. 2270, воп. 1, спр. 72. Пісьмо Гурштэйна да Ойслендэра ад 4 мая 1925 г. Пра Маскву як цэнтр культурнага жыцця на ідышы ў эпоху пасля 1917 г. гл.: Эстрайх, Геннадий. Еврейская литературная жизнь в послерево­люционной Москве // Архив Еврейской Истории. Т. II. Росспэн: Масква, 2005. С. 187—212.

* Згодна з «Беларускай энцыклапедыяй» (т. 7, Мн., 1998, с. 266), Інбелкульт быў заснаваны ў 1922 г., а яўрэйскі аддзел у ім з’явіўся ў 1925 г. — Заўв. перакл.

49 Цэнтральны сіянісцкі архіў, J122, калекцыя «Сэфер Мінск» (без каталогу); пісьмо з Інбелкульта (Менск) да Іегуды Л. Кагана (Нью-Йорк), 22 ліпеня 1925 г.; пісьмо з Інбелкульта (Менск) да Іегуды Іофе (Нью-Йорк), 9 верасня 1925 г.

50 Singer, I. Y. Nay-Rusland. S. 35.

** У сапраўднасці, ІВО і яўрэйскі аддзел у Інбелкульце былі створаны амаль адначасова — у 1925 г. — Заўв. перакл.

51 Цинберг, Израиль. Новые работы по еврейской этнографии и языковедению // Еврейская старина. № 12. 1928. С. 341.

   
  • У канцы XIX ст. Менск стаў другім (пасля Вільні) буйным цэнтрам яўрэйскага рабочага руху ў Расійскай імперыі. Бундызм добра ўмацаваўся ў Менску (як, зрэшты, і ў іншых гарадскіх цэнтрах гістарычнай «яўрэйскай Літвы») дзякуючы вялікай долі яўрэяў у працоўнай сіле і таму, што іх палітычныя лідэры аказаліся ў Паўночна-Заходнім краі імперыі менш акультураванымі/асіміляванымі, чым на Украіне і ў Польшчы53. Бундысцкая традыцыя, добра ўгрунтаваная ў Менску, спрыяла ўжыванню ідыша замест іншых моў, і не толькі сярод былых бундыстаў, якія далучыліся да Яўсекцыі пасля рэвалюцыі і змагаліся за адбудову «з нуля» ідышысцкай бюракратычнай і палітычнай інфраструктуры, але і сярод яўрэяў, якія працавалі на гарадскім паштамце або на фабрыцы «Міншвей». Відавочна, яўрэйскія рабочыя, з прычыны ранейшага ўплыву «Бунда», дэманстравалі большую адданасць «справе ідыша», чым большасць яўрэяў-жыхароў буйных гарадоў Украіны ці Расіі.
  • Адносна малы памер Менску ў параўнанні з Масквой, Кіевам ці Адэсай, яго правінцыйны характар, не страчаны нават пасля ператварэння ў савецкую сталіцу, гарантавалі захаванне яўрэйскіх анклаваў цягам усіх 1930-х гадоў. У сваіх аўтабіяграфічных аповедах Аркадзь Капілаў апісаў Замкавую вуліцу (вядомую на ідышы як «Шлос гас»), дзе яўрэйская супольнасць мела разнастайныя ўстановы ў XVIII—XIX стст. — як пераважна яўрэйскі раён нават у 1941 г.54. У Менску, як і ў іншых мястэчках і невялікіх гарадах, савецкі рэжым не здолеў выкараніць традыцыю засялення яўрэямі асобных раёнаў, і ідыш чуўся на вуліцах горада да самай вайны.
  • Паміж соцыяэканамічнымі варункамі жыцця гарадскіх яўрэяў і іх мовай была простая сувязь. Хоць значная частка менскіх яўрэяў ахвотна пакінула горад, пераехаўшы ў расійскамоўныя Маскву і Ленінград, беларуская сталіца ў 1920—1930-я гг. абсарбавала тысячы яўрэяў з навакольных мястэчак і меншых гарадоў, якія ехалі ў Менск у пошуках работы і лепшых умоў пражывання. Гэтыя людзі былі пераважна беднякі, якія гаварылі на ідышы. Іх пастаянны наплыў непазбежна закранаў яўрэйскае жыццё ў Менску55.
  • Нарэшце, пазіцыі ідыша былі ўзмоцненыя тым, што яўрэі скептычна ставіліся да беларускай — мовы, якая ніколі не мела для іх вялікага аўтарытэту, прынамсі ў горадзе. Іншымі словамі, ідыш ніколі не ўступаў у сапраўдную канкурэнцыю з беларускай, як тое адбывалася з украінскай мовай ва ўкраінскіх гарадах. Так, нават у кастрычніку 1935 г. настаўнік беларускай мовы ў савецкай яўрэйскай школе чуў адказы ад вучняў на ідышы, дарма што звяртаўся да іх па-беларуску56.
  • Наймацнейшы аргумент на карысць паспяховасці «менскага эксперыменту» ў параўнанні з «эксперыментамі» ў іншых буйных гарадах СССР можна знайсці ў статыстычных звестках 1927 і 1939 гг. Згодна са школьным перапісам у Адэсе (15 снежня 1927 г.), горадзе, дзе яўрэі складалі 36,4 % насельніцтва, вучняў усіх узростаў, якія наведвалі ідышысцкія школы, было 9 %, у Кіеве (27,3 % насельніцтва — яўрэі), гэтая доля раўнялася 8 %, у Харкаве (19,4 % насельніцтва) — 2,9 %57. Але ж у Менску, дзе яўрэяў паміж насельнікаў было 40,8 %, прапорцыя навучэнцаў ідышысцкіх школ сярод усіх вучняў пачатковых школ («першы канцэнтр») сягала 55,3 %, а сярод вучняў сярэдніх школ («другі канцэнтр») — 28,2 %58.

    Існуюць статыстычныя звесткі пра родную мову савецкіх яўрэяў напярэдадні Халакоста, і яны пацвярджаюць агульную тэндэнцыю, вызначаную школьным перапісам 1927 г. У 1939 г. 22,8 % яўрэяў Харкава, 32,2 % яўрэяў Адэсы і 34 % яўрэяў Кіева назвалі роднай мовай ідыш, а ў Менску — 49,8 %. Гэта быў найбольшы працэнт «ідышыстаў» у буйных гарадах Савецкага Саюза59.

    Дарма што большая частка менскіх яўрэяў не брала актыўнага ўдзелу ў савецкім ідышысцкім эксперыменце і не была наўпрост звязаная партыйна-бюракрытычным апаратам кіравання, значная колькасць яўрэяў аддавала перавагу ідышу перад расійскай і беларускай. Кампанія ідышызацыі была, верагодна, паводле свайго характару менш гвалтоўнай і інтэнсіўнай, чым беларусізацыя, што навязвалася і беларусам, і небеларусам. Яўрэі, якія імкнуліся трапіць у вышэйшыя партыйныя структуры, пераходзілі на расійскую, а тыя, хто шукаў працы ў горадзе, часам нават на беларускую. Але іх лік саступаў колькасці тых, хто выбраў ідыш.

    У час сваіх паездак па Расіі І. Зінгер улавіў адметнасць ідышысцкага эксперыменту ў Менску. Параўноўваючы ролю ідыша ў маскоўскай і менскай рэчаіснасці, ён зазначыў наступнае:

    Яўрэйскае жыццё мае сэнс і сутнасць хутчэй [у Менску], чым у Маскве. Вядома, у Маскве жыве нашмат больш яўрэяў, там на ідышы працуюць камерны тэатр, выдавецтвы, клубы, ёсць яўрэйскі факультэт, курсы. У Маскве нямала яўрэйскіх кіраўнікоў і ідышысцкіх пісьменнікаў. Але на фоне ісцінна рускага горада, поўнага цэркваў, яўрэйскае жыццё выглядае дзіўна бледным, у чымсьці бессэнсоўным… У Менску ідышысцкія шыльды, школы, курсы, тэатр, газета, суд, навуковы інстытут з’яўляюцца чымсьці натуральным. Ненатуральным здаецца тое, што яны не існавалі да рэвалюцыі60.

    Пераклаў з ангельскай Вольф Рубінчык паводле: East European Jewish Affairs. Vol. 37. Is. 1. April, 2007. P. 91—107.

    Тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтаркі.

    Пасляслоўе перакладчыка

    Эксперымент, які вырас на костках гебраістаў

    У артыкуле Э. Бэмпарад, багатым на фактычны матэрыял і смелыя гіпотэзы, не называюцца ўсе прычыны таго, што цягам 1920—1930-х гг. ідыш захаваў у савецкім Менску адносна трывалыя пазіцыі.

    Аўтарка замоўчвае той факт, што прыкладна дзесяць гадоў ідыш развіваўся ў Беларусі за кошт старажытнаяўрэйскай (іўрыта). Няпраўда, што ўжо да пачатку 1920-х старажытнаяўрэйская, абазваная ў 1919 г. «клерыкальнай», знікла з публічнага ўжывання ў Беларусі — спаборніцтва паміж ідышам і старажытнаяўрэйскай, распачатае яшчэ да рэвалюцыі (у палітычным вымярэнні адбывалася пераважна паміж бундыстамі і сіяністамі, хоць першыя маглі цаніць іўрыт, а другія — ідыш), працягвалася ўсе 1920-я гады61.

    З боку «новых гебраістаў», да якіх належала і частка сіяністаў, рабіліся спробы прыстасаваць мову іўрыт да мэтаў пабудовы сацыялізму. Маладзёжныя суполкі скарыстоўвалі іўрыцкую лексіку для падрыхтоўкі да жыцця ў Палестыне:

    Заняткі вяліся таемна. Ладзіліся «паходы ў лес» ці прагулкі па Свіслачы. Забраўшыся ў глушар Камароўскага бора, мы будавалі там намёты, гулялі ў спартыўныя гульні і праходзілі ваенную падрыхтоўку, падаючы каманды на іўрыце,

    — апісвае былы мянчук, удзельнік «Гашамэр Гацаір», свае падлеткавыя захапленні ў канцы 1920-х62. Варта заўважыць, што дзейнасць суполак накшталт «Паалей Цыён», «Гашамэр Гацаір» працягвалася ў Менску да 1929 г. Што да рэлігійных яўрэяў, яны намагаліся захаваць старажытнаяўрэйскую ў сінагогах і ў сферы адукацыі; нягледзячы на афіцыйнае закрыццё хедэраў і ешыботаў у 1922 г., апошнія дзейнічалі да антыклерыкальнай кампаніі 1930 г.63. Многія набожныя бацькі не жадалі аддаваць дзяцей у савецкія ідышысцкія школы, дзе вялася актыўная антыіудзейская прапаганда, вучылі іх хаваць перад рознымі «начальнікамі» веданне ідыша.

    Безумоўна, сілы былі няроўныя, і «савецкі праект», што ўключаў як ідышызацыю, так і паступовую русіфікацыю яўрэяў, урэшце перамог. Хедэры і ешыботы заганяліся ў падполле, а потым выціскаліся за мяжу; сіяністы высылаліся ў аддаленыя часткі СССР, выдаўцы кніг на старажытнаяўрэйскай цкаваліся як буржуазныя элементы64. Пасля згортвання НЭПу, з пачатку 1930-х гг. «яўрэйскія» школы, газеты, тэатры сапраўды сталі азначаць толькі ўстановы з прыярытэтам ідыша. Людзі, якія валодалі старажытнаяўрэйскай і ў іншых умовах тварылі б на ёй, лічылі за лепшае не дэманстраваць сваіх ведаў і нярэдка пераходзілі на ідыш не на знак падтрымкі «экспэрыменту», а з-за нявыкруткі, спалучанай з жаданнем захаваць «яўрэйскі твар»... Такім быў паэт Элі Савікоўскі, які жыў у Менску з 1918 г. Вымушаны быў адмовіцца ад іўрыта і папулярны да рэвалюцыі літаратар Якнегоз (памёр у Менску ў 1928 г.)65.

    Не думаю, што Э. Бэмпарад, абазнаная ў архіўных і іншых крыніцах, не мела пра ўсё вышэйсказанае паняцця жаднага. Але назваць у якасці адной з прычын «росквіту» ідыша выкараненне старажытнаяўрэйскай — значыла б «кінуць цень» на ідышыстаў, многія з якіх мелі непасрэднае дачыненне да вынішчэння важнага, каб не сказаць, асноватворчага элемента культуры ашкеназскіх яўрэяў — ці то з залішняй веры ў савецкую ўладу, ці то з нелюбові да «клерыкальнага» асяродку, з якога нярэдка і выходзілі66. Амаль усе яны сталі ахвярамі сістэмы, якой служылі67. Усё-такі мне ўяўляецца, што памылкова зразуметая паліткарэктнасць перашкодзіла аўтарцы ахарактарызаваць іх бурапенную дзейнасць належным чынам68.

    Безумоўна, у першыя два дзесяцігоддзі XX ст. ідыш быў гутарковай мовай большасці менскіх яўрэяў, аднак «натуральным» бюракратычны ідышысцкі «эксперымент» (які ўключаў, між іншага, і радыкальную саветызацыю мовы, выдаленне лексікі старажытнаяўрэйскага паходжання, якой у ідышы 15—20 %, гвалт над арфаграфіяй — падобна, ідыш у 1920-я гг. стаўся палігонам для рэформы правапісу беларускай у 1933 г.) мог падацца толькі зачараванаму бляскам шыльдаў пісьменніку. Шчодра цытаваны Э. Бэмпарад варшаўскі літаратар І. Зінгер шмат чым нагадвае наіўнага «Папутчыка» з кнігі «У капцюрох ГПУ», балазе і вандраваў у Менск у тым самым годзе, што Ф. Аляхновіч. Зыркі фасад асляпляў і беларусаў, і яўрэяў; выказванні ж невідушчых не павінны ўспрымацца як ісціна ў апошняй інстанцыі. Між іншага, калі Зінгер сцвярджаў, што да рэвалюцыі ў Менску не існавала газеты на ідышы, ён, верагодна, памыляўся. Паводле А. Скіра, з 1915 г. на ідышы выходзіла штодзённая газета «Фарн фолк» («Для народа»), выдаваў яе М. Рудзенскі69.

    Выглядае, развешванне шыльдаў і адкрыццё «яўрэйскіх школ» у БССР адпачатна было хутчэй паразітаваннем на нацыянальных пачуццях мас, чым наданнем яўрэям якой-кольвечы аўтаноміі; манеўрам, пакліканым адцягнуць увагу ад удараў па іудаізме і традыцыйным ладзе жыцця ў яўрэйскіх мястэчках. Не апошнюю ролю адыгрываў і разлік на вяртанне эмігрантаў-яўрэяў з заходніх краін у «самы заходні» горад Саюза, прыцягненне іх інтэлектуальных і грашовых рэсурсаў (з польскай Вільні вярнуўся Майсей Кульбак, з ЗША — Айзік Платнер і г. д.), а таксама выпампоўванне грошай з арганізацый кшталту «Джойнта»70. Характэрна, аднак, што ўжо ў канцы 1920-х гг. цэнтральныя ўлады СССР адмовіліся ад стаўкі на «яўрэйскі росквіт» у БССР і пераключылі ўвагу яўрэяў-замежнікаў на «бірабіджанскі праект», фактычна распісаўшыся ў няўдачы «беларускага».

    Аўтарка не размяжоўвае 1920-я і 1930-я гады, разважаючы пра «18 гадоў ідышысцкага эксперыменту»71 як пра адзінае цэлае і не паказваючы на істотны разрыў паміж Інбелкультам і Беларускай акадэміяй навук72. Вось жа, з пачатку 1930-х гг. ідышысцкія інстытуцыі ў Савецкай Беларусі існавалі «па інерцыі», паступова страчваючы сувязь з яўрэйскімі асяродкамі. Бадай што першымі гэта адчулі паэты; нават такі ўтрапёны камуніст, як Ізі Харык, у пачатку 1930-х гг., паводле ўспамінаў сучаснікаў, меркаваў паехаць у Палестыну і застацца… Аднак і лічбы дэманструюць знішчэнне ідышысцкай вышэйшай адукацыі ўжо да сярэдзіны 1930-х гг., рэзкі спад у кнігавыдавецтве на ідышы73. У 1936—1937 гг. масавыя рэпрэсіі абяскровілі яўрэйскую інтэлігенцыю, асабліва літаратурную і навуковую. Такім чынам, пастанова аб зніжэнні статусу ідыша ў БССР і закрыцці яўрэйскіх школ у 1938 г. толькі юрыдычна абгрунтавала сітуацыю, што існавала на той час, а насампраўдзе «ідышысцкі эксперымент» быў перапынены разам з беларусізацыяй на рубяжы 1920—1930-х гадоў.

    52 У ліпені 1938 г. Вярхоўны Савет БССР пастанавіў пазбавіць ідыш статуса афіцыйнай мовы Беларускай рэспублікі і ліквідаваць большасць ідышысцкіх устаноў у горадзе. Дакумент аб ліквідацыі ідышысцкіх устаноў у Менску захоўваецца ў НАРБ (ф. 4, воп. 3, спр. 575, л. 287).

    53 Mendelsohn, Ezra. Class Struggle in the Pale: The Formative Years of the Jewish Workers Movement in Tsarist Russia. Cambridge University Press, 1970.

    54 Капилов, Аркадий. Замковая, 2/7: повести и рассказы. Минск, 1995.

    55 Мардэхай Альтшулер падчырквае ўплыў, які штэтл (местачка) мела на гарадское яўрэйскае жыццё ў Савецкім Саюзе да Другой усясветнай вайны. Гл.: Altshuler, Mordechai. Soviet Jewry on the Eve of the Holocaust: A Social and Demographic Profile. Jerusalem, 1998. P. 45—46.

    56 ДАМВ, ф. 164, воп. 1, спр. 428, лл. 23-26. Ніна Рогава, нараджэнка Менска, якая жыла ў горадзе да нацысцкай акупацыі, пацвердзіла гэты факт. Яна ўспамінала, што ў 1938 г., калі мовай навучання ў савецкіх ідышысцкіх школах стала беларуская, настаўнікі звярталіся да вучняў па-беларуску, а тыя адказвалі на ідышы. Інтэрв’ю з Нінай Рогавай, 13 сакавіка 2005 г., г. Нью-Йорк, ЗША.

    57 Гэтыя звесткі ўзятыя з кнігі: Schwarz, Solomon. The Jews in the Soviet Union. Syracuse: Syracuse University Press, 1951. P. 136.

    58 ДАМВ, ф. 12, воп. 1, спр. 851, л. 4. У 1927/28 навучальны год школы на ідышы наведвалі 3859 яўрэйскіх вучняў, 2816 яўрэяў вучыліся ў расійскамоўных і беларускамоўных школах (усяго вучняў-яўрэяў у Менску было 6675). У 1928/29 навучальным годзе колькасць навучэнцаў у савецкіх яўрэйскіх школах вырасла да 4042, а колькасць яўрэяў у іншых вышэйназваных школах знізілася да 2718 (усяго яўрэйскіх навучэнцаў было 6760). Гл. ДАМВ, ф. 320, воп. 1, спр. 599, л. 18.

    59 Altshuler, Mordechai. Soviet Jewry on the Eve of the Holocaust. P. 277.

    60 Singer, I. J. Nay-Rusland, S. 28—29.

    61 А. Скір у сваёй кніжцы дэманструе развой старажытна­яўрэйскай у Менску ў сярэдзіне 1910-х гг.: у канцы 1916 г. на курсах іўрыта займалася 1690 вучняў, працавала каля 100 выкладчыкаў (Скир, А. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. С. 31). Відавочна, уплыў іўрытафілаў не мог знікнуць бясследна за пяць гадоў.

    62 Гл. Маккаби, Н. Проблеск во мраке. Рышон ле-Цыён, 1991. С. 32—33.

    63 Гл.: Фішман, Д. Лёс іудаізму ў Савецкай Беларусі (1920—1930) // Беларусіка= Albaruthenica. Кн. 4. Мн., Навука і тэхніка. 1995. С. 111—117.

    64 У канцы 1920-х гг. «Комсомольская правда» пісала, што бабруйскаму кнігагандляру Якаву Гінзбургу ў 1927—1928 гг. удалося аддрукаваць 100 тысяч малітоўнікоў (у тым ліку і ў Менску). Гл.: Белов (Элинсон), А. Рыцари иврита в бывшем Советском Союзе. Иерусалим: Лира, 1998. С. 27.

    65 Гл. пра Савікоўскага: Скир, А. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. С. 99. Пра Якнегоза: Белов (Элинсон), А. Рыцари иврита… С. 62—64.

    66 Сямён Дзіманштэйн, старшыня цэнтральнага бюро Яўсекцыі ў 1918—1919 гг., нават атрымаў быў у 18 гадоў званне рабіна. Гл.: «Краткая еврейская энциклопедия»
    (Іерусалім), артыкул «Диманштейн». Т. 2, слупок 354. Рэпр. выданне: М., 1996.

    67 Яўсекцыя дзейнічала ў 1926 г., была ператвораная ў Яўрэйскае бюро з меншымі паўнамоцтвамі, закрытае ў 1930 г. Былыя актывісты гэтых структур у пару масавых рэпрэсій 1937—1938 гг. амаль усе былі арыштаваныя і знішчаныя
    (Э. Фрумкіна загінула на некалькі гадоў пазней). Гл.: «Краткая еврейская энциклопедия»
    (Іерусалім), артыкул «Евсекция». Т. 2, слупок 465. Рэпр. выданне: М., 1996.

    68 «Дзеячамі яўсекцыі ў большасці сваёй сталі выхадцы з розных дробнабуржуазных партый, часткова бундаўцы. Ім з падвоенай энергіяй даводзілася даказваць сваю камуністычную лаяльнасць… і гэты свой імпэт яны выяўлялі ў лютай варожасці да ўсяго нацыянальна-самабытнага. Паўсюль ім мроілася «камуністычная контррэвалюцыя», і яны распраўляліся з ёю з дапамогай карнікаў з ЧК і ГПУ», піша ў сваіх мемуарах пра Менск 1920-х гг. Няхемія Макабі (Макабоцкі), які перабраўся ў Ізраіль у 1957 г. Гл. Маккаби, Н. Проблеск во мраке. Рышон ле-Цыён, 1991. С. 23.

    69 Скир, А. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. С. 31.

    70 Нядаўняя заява кіраўніка Беларусі наконт былых жыхароў Бабруйска ў Ізраілі («мы ім сказалі — рабяты, з грашыма вяртайцеся») знаходзіцца цалкам у рэчышчы даваеннай палітыкі рэцыклізацыі імігрантаў і замежнікаў. Персанаж булгакаўскага «Майстра і Маргарыты» казаў карацей і ясней: «Здавайце валюту».

    71 Калі кіравацца яе логікай, то варта працягнуць тэрмін дзеяння «экспэрыменту» не да 1938 г., а аж да 1941 г.; да таго часу выходзілі газета на ідышы «Акцябер» і часопіс «Штэрн», існаваў «ідышысцкі кірунак» у Акадэміі навук (кульмінацыяй дзейнасці нешматлікіх акадэмічных ідышыстаў таго часу стаў «Еврейско-русский словарь» С. Рохкінд і Г. Шкляра (Мн., 1941); нягледзячы на недахопы, звязаныя з саветызацыяй мовы, ён не страціў вартасці да сёння), ліпелі «яўрэйская» секцыя ў Саюзе пісьменнікаў і Беларускі дзяржаўны яўрэйскі тэатр (афіцыйна закрыты толькі ў 1949 г.).

    72 Пра тое, што кадры Інбелкульта былі дазвання «вычышчаныя» і «ўмацаваныя» людзьмі далёкімі ад навукі, сведчыць, у прыватнасці, 2-я частка рамана З. Бядулі «Язэп Крушынскі».

    73 У 1928—1929 гг. на яўрэйскім аддзяленні педфака БДУ навучаўся 201 студэнт, а ў 1935 г. на яўрэйскае аддзяленне педінстытута было залічана толькі 7 абітурыентаў. Агульны наклад кніг на ідышы ўпаў з 408 000 у 1933 г. да 134 000 у 1935 г. і 29 000 у 1937 г. Гл.: Скир, А. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. С. 82, 92—93.

    Пачатак  Цалкам Форум

    № 11 (62) - 2007

    да Зьместу

    Праект ARCHE

    да Пачатку СТАРОНКІ


    Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
    Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
    Апошняе абнаўленьне: 2008/02/02