A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (62) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Тацяна Чуліцкая | ||||
Тацяна Чуліцкая
Экспэртныя акуляры Масквы
Тэксты, якія згадваюцца ў артыкуле:
Коктыш, К. Беларусь: зарождение политики.
Коктыш, Кирилл. Перестановки в КГБ Беларуси — Коктыш, Кирилл. За переустройство Венесуэлы. Суздальцев, Андрей. Задание на осень 2007.
Рыторыка як сродак канструяваньня ўяўленай супольнасьці. З анатацыі да інтэрнэт‑старонкі
Калі першую частку пастаўленай праблемы варта альбо абмяркоўваць асобна, альбо зусім не абмяркоўваць, каб не вяртацца ў дыскурс, уласьцівы хутчэй сярэдзіне дваццатага стагодзьдзя, дык праблема, паднятая ў другой частцы, на мой погляд, для беларускай паліталёгіі сапраўды актуальная і вымагае асобнага разгляду.
Падчас вышэйпамянёнай дыскусіі прагучэла цьверджаньне пра тое, што палітолягамі часьцяком ёсьць ці называюцца людзі, якія папросту ўмеюць добра чытаць пэрыядычныя выданьні. Нягледзячы на, мабыць, скептычны тон дадзенага меркаваньня, можна сказаць, што ў пэўнай ступені так яно і ёсьць. Важнасьць вылучэньня патрэбнай інфармацыі зь вялікіх масіваў, разгляд адабраных зьвестак пры дапамозе сыстэмнага аналізу, абазначэньне найбольш рэлевантных фактаў і адасабленьне невідавочных (на першы погляд) узаемасувязяў у палітычным полі — гэта, бадай, набор ключавых навыкаў для палітоляга, які працуе ў сфэры прыкладнога палітычнага аналізу.
Аднак чаму некаторыя прадстаўнікі акадэмічнай супольнасьці пазыцыянуюць гэтыя навыкі так, нібыта яны не патрабуюць ня тое што пэўных намаганьняў і адмысловых ведаў, але, нібыта, нават сваёй пазнавальнай каштоўнасьцю стаяць ніжэй за звычайную палітычную журналістыку? У якасьці аргумэнтаў, каб пацьвердзіць гэтае меркаваньне, падаецца тэзіс пра немагчымасьць прадукаваньня рэлевантнай веды пра палітыку на грунце мэдыйных матэрыялаў, а таксама пра няздатнасьць палітолягаў будаваць буйнамаштабныя доўгатэрміновыя палітычныя прагнозы, бо «чорная скрынка» прыняцьця рашэньняў для іх абсалютна зачыненая. Выходзіць, што, ня маючы беспасярэдняга доступу «да цела» і ня маючы зносінаў face‑to‑face з прадстаўнікамі кіраўнічых элітных груповак асабіста, аналітык нічога, нібыта, прааналізаваць і ня можа. Поле палітыкі пры гэтым зводзіцца да пэўнага кшталту «міжсабойчыку» ўладных груповак, якія, на добры лад, не залежаць ад сыстэмных фактараў.
У сытуацыі функцыянаваньня палітычнага рэжыму няпростай дэмакратыі (а ў выпадку сучаснай Беларусі не‑дэмакратыі наагул) беспасярэдні аналіз намераў суб’ектаў, якія стаяць пры ўладзе, больш чым ускладнены. Няма дзіва, што на першы плян выйшаў акурат аналіз палітычнай сыстэмы, раскладаў палітычна‑эканамічных сілаў у розных краінах і рэгіёнах і інш., які зьдзяйсьняецца ў тым ліку і пры дапамозе адкрытых крыніцаў інфармацыі.
Пры гэтым да ўвагі не бяруцца аргумэнты ані пра тое, што можна зладзіць комплексны аналіз этапу рэалізацыі палітычных рашэньняў, ані прасачыць лёгіку функцыянаваньня канкрэтных інстытутаў і суб’ектаў, ані выпрацаваць найбольш эфэктыўныя мэханізмы адаптацыі ці зьмяненьня дзеяньняў канкрэтных палітычных суб’ектаў у палітычнай прасторы. Веды пра рэальнасьць і пра функцыянаваньне палітычнай сыстэмы ў адпаведнасьці з зададзенымі ў ёй палітычнымі ўмовамі, як мяркуюць крытыкі прыкладной паліталёгіі, ня маюць значэньня. Нашмат важнейшыя, паводле такой лёгікі, прадказаньні будучыні.
Тое, наколькі складана і часьцяком некарэктна будаваць прагнозы на доўгатэрміновую пэрспэктыву, якія прэтэндуюць на статус аналітычных, я ўжо апісвала на прыкладзе працаў палітоляга, які зарэкамэндаваў сябе ў вачох маскоўскай экспэртнай супольнасьці як спэцыяліста па Беларусі, Андрэя Суздальцава (пра яго пойдзе гаворка ніжэй у гэтым артыкуле). Цяпер жа хацелася трохі паўтарыцца і зноў абазначыць тэзіс пра тое, што прагназаваньне на доўгатэрміновую пэрспэктыву ва ўмовах палітычнай рэальнасьці Беларусі асабліва з боку замежных — расейскіх ці заходніх — аналітыкаў ёсьць падменай рэальнага аналізу папулісцкай, але зразумелай і прывабнай ня толькі для шырокіх масаў, але і для шматлікіх прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці, рыторыкай.
Адказ на пытаньне кшталту: «калі сыдзе Лукашэнка?» ёсьць, хутчэй, пытаньнем палітычнай спэкуляцыі, а не паліталягічнай веды дзеля немагчымасьці выбудаваць унутрана несупярэчлівую, лягічную і вэрыфікаваную аналітычную схему. Само пытаньне задае пэўную танальнасьць адказу і мінімальнае поле варыянтнасьці адказу на яго. Чаканьне ад беларускай паліталягічнай супольнасьці гатовага адказу, а дакладней (паводле дадзенай лёгікі) рэцэпту, і наступнае сьцьверджаньне пра паліталягічную нястаннасьць экспэртнай супольнасьці ў выпадку неатрыманьня катэгарычнага і адназначнага адказу падаецца даволі спрэчным.
Аднак варта задумацца, адкуль увогуле магло паўстаць падобнае меркаваньне пра «місію» прыкладной паліталёгіі ў Беларусі. Падаецца, што адным (хоць, вядома ж, не адзіным) з фактараў, які спрыяе дадзенай акалічнасьці, ёсьць прадукаваньне тэкстаў расейскімі палітолягамі, якія пішуць пра Беларусь і якія з уласьцівым маскоўскай «экспэртнай» супольнасьці аплёмбам раздаюць гатовыя палітычныя «рэцэпты». Пры гэтым зь лёгкасьцю тлумачыцца беларуская сытуацыя, а ў выкарыстаныя пры гэтым схемы дадаецца свайго кшталту «разынка» ў выглядзе «інфармацыі з крыніц вартых даверу», прыпраўленай прадказаньнямі адносна далейшай хады разьвіцьця падзеяў.
У якасьці прыкладаў падобнага кшталту тэкстаў у гэтым артыкуле будуць разгледжаныя аналітычныя артыкулы сёлетняй восені ўжо памянёнага А. Суздальцава і экспэртныя меркаваньні, выказаныя цяперашнім маскоўскім (Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (Унівэрсытэт) аналітыкам і палітолягам Кірылам Коктышам.
Аказваецца, гэта толькі пачатакУ якасьці адпраўнога пункту камэнтароў К. Коктыша адносна Беларусі хацелася б прапанаваць кароткі аналіз яго тэксту ў адным з пастоў у livejournal, назва якога гучыць, ні болей ні меней як «Беларусь: зараджэньне палітыкі».
Першы і паводле аўтаравай лёгікі асноўны тэзіс у тым, што ў беларускай палітыцы згортваецца ўладны рэсурс і замяняецца сытуацыя аднасуб’ектавасьці на пэўнага кшталту полісуб’ектавасьць. Пры гэтым у вэбэрыянскай трактоўцы падаецца сьцьверджаньне пра тое, што ў Беларусі ёсьць эліты «паводле пакліканьня» і «паводле прафэсіі», што ў аўтаравай тэрміналёгіі гучыць як «эліты паводле статусу» і «эліты паводле прыдатнасьці» (по пригодности). Адпаведна, апісваюцца два шляхі ўваходжаньня гэтых самых эліт у палітычнае поле: сакральны і рацыянальны. Першы — сакральны (ці, можна сказаць, каштоўнасна‑рацыянальны) заснаваны на далейшым ператварэньні беларускай палітыкі ў аб’ект культу з наступным разьмеркаваньнем функцыянальных абавязкаў чыноўнікаў не паводле тыпу выкананьня гэтых самых функцыяў, а паводле прынцыпу прыхільнасьці да супольнай справы. У якасьці ілюстрацыі такога тыпу «дзяржаватварэньня» падаецца Ватыкан і яго няўдалая спроба заручыцца ляяльнасьцю з боку буйных эўрапейскіх дзяржаваў. Другі тым мае пад сабой лёгіку рацыянальнага дзеяньня, то бок дзяржапарат Беларусі і лёгіка ягонага функцыянаваньня выводзіцца ў мэтарацыянальную лёгіку, у адпаведнасьці з рэальнымі патрэбамі насельніцтва. Другі шлях уваходжаньня і ў вэбэрыянскай, і ў агульнай аналітычнай лёгіцы разглядаецца як больш пэрспэктыўны, з чым, па сутнасьці, цяжка не пагадзіцца.
Аднак далей трохі насуперак цьверджаньню на пачатку тэксту пра тое, што
насамрэч да гэтай пары для палітыкі ў Беларусі проста не было прасторы… Варта было гэтай плыні рэсурсаў надламацца — і пайшла палітызацыя. Пакуль павольная, пакуль на ўзроўні эліт… але яна мае шанцы распаўсюдзіцца даволі хутка,
у яго канцы вядзецца гаворка пра «дылему, якая прадвызначыла застой думкі і актыўнасьці апошніх месяцаў у Беларусі». Не зусім зразумела, што ўсё ж з намі адбываецца — пачынаецца працэс фармаваньня палітычнага поля ці працягваецца інтэлектуальны застой?
Відаць, дапускаючы такога кшталту пытаньні, аўтар выкарыстоўвае ўдалы і лягічна неаспрэчны тэзіс пра тое, што ўсьведамленьне неабходнасьці адыходу ад сакральнай лёгікі разьвіцьця палітыкі адбываецца, але адбываецца марудна. Спрачацца немагчыма, бо гэтая маруднасьць можа быць колькі заўгодна доўгай і не прывесьці ні да якога выніку, то бок на добры лад, няважна, ці адбудзецца разьвіцьцё падзеяў паводле такога сцэнару, ці ўсё застанецца, як ёсьць. У такой лёгіцы пастаноўкі праблемы гучныя цьверджаньні зусім не абавязкова будуць мець адлюстраваньне ў рэальнасьці.
Цікава, што колькі часу таму, камэнтуючы расейскаму аналітычнаму парталу www.polit.ru сытуацыю, зьвязаную з кадравымі перастаноўкамі ў КДБ Беларусі, сп. Коктыш казаў пра тое, што яны ёсьць «перадусім кадравым разьменам, якія аніяк ня ёсьць прыкметай кардынальнага зьмяненьня сыстэмы». Экспэртнае меркаваньне пераменлівае ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Але ўсё ж цікава зразумець, ці кажам мы пра зьмяненьні і ўзьнікненьне палітычнага поля ці, наадварот, сьцьвярджаем адсутнасьць сыстэмных зьмяненьняў.
Асабіста для мяне гэтае пытаньне застаецца адкрытым і не зразумелым да канца. Вельмі верагодна можа быць так, што яшчэ празь месяц у чарговым экспэртным камэнтары можна будзе прачытаць пра нейкі варыянт трэцяга шляху, які спалучае абедзьве лёгікі тлумачэньня палітыкі ў Беларусі. Зрэшты, калі ўзяць яшчэ адзін тэкст дадзенага маскоўскага экспэрта, датаваны прыблізна так, як і камэнтары адносна перастановак у КДБ Беларусі, можна ўбачыць яшчэ адну каляідэалягічную схему, якая тлумачыць спробу афіцыйнага Менску спыніць развал сакральнага саюзнага праекту (безь якога ён, нібыта, існаваць ня можа).
У якасьці сродку падмены і замены саюзу з Расеяй прапаноўваецца праект разьвіцьця і ўмацаваньня ўзаемадачыненьняў з Вэнэсуэлай, здольны замяніць сабой «замарожаную» і беспэрспэктыўную саюзную дзяржаву:
Ёй (беларускай уладзе) цяпер надзвычай неабходны маштабны і доўгатэрміновы праект, які змог бы канкураваць сваёй маштабнасьцю і значнасьцю з саюзным праектам — які ўжо відавочна сябе вычарпаў.
Аднак пры канцы тэксту праект ацэньваецца з гледзішча не гіпатэтычнай, а аб’ектыўнай рэальнасьці, і робіцца выснова пра немагчымасьць яго фарматаваньня ў рэальны буйнамаштабны, агульнанацыянальным праект, што істотна зьніжае ягоную ідэалягічную значнасьць. На добры лад, разглядаць вэнэсуэльскі праект варта з гледзішча эканамічнага, а наданьне яму ідэалягічнага тлумачэньня, улічваючы агульную расстаноўку сілаў у сусьветнай сыстэме і месца ў ёй Беларусі, выглядае дастаткова сумнеўна.
Якія ж высновы можна зрабіць адносна агульнай лёгікі аналізу палітычнай прасторы Беларусі на падставе разгледжаных вышэй экспэртных камэнтараў? Першае — усе яны ўнутрана лягічныя і рэпрадукуюць адзіную агульную тлумачальную схему — аналіз элітных раскладаў на падставе стаўленьня да «саюзнага праекту» (альбо ў выпадку прыкладу апошняга артыкула, яго падмены), які, паводле лёгікі экспэрта МДзІМА (МГИМО), ня можа ня быць вызначальным. Аднак пытаньне, чаму гэтая вызначальная роля амаль аўтаматычна зьяўляецца такой? Таму што саюзны праект сапраўды вызначае ўсё палітычнае поле Беларусі? Ці таму, што паводле лёгікі экспэртнага палітычнага аналізу з Масквы паглядзець на сытуацыю ў Беларусі зь іншых пазыцыяў немагчыма?
Трохі перафармуляваўшы пастаноўку праблемы, можна задаць сабе пытаньне, ці будзе карэктна разглядаць усе падзеі ў нашым палітычным полі з гледзішча ўплыву на іх «маскоўскага фактару», як гэта відавочна прасочваецца ў артыкуле «За пераўладкаваньне Вэнэсуэлы» і аналягічных яму. З гэтага гледзішча сп. Коктыш ёсьць яскравым прадстаўніком экспэртнай супольнасьці, якая «спэцыялізуецца на Беларусі», г. зн. якая атрымлівае сымбалічныя і ня толькі сымбалічныя дывідэнды з палітычнага ці каля‑палітычнага яе аналізу і экспэртных камэнтараў. Пры гэтым рэпрадукуецца лёгіка прагназаваньня ці, на мой погляд, хутчэй, прадказаньня далейшага сцэнару разьвіцьця падзеяў у Беларусі, якая задае максымальна шырокія сэнсавыя рамкі магчымасьці разьвіцьця падзеяў: варыянты зьмяненьняў, якія могуць адбыцца, ці не адбыцца, ці адбыцца часткова. Адзінае, што пры гэтым няясна, якія яшчэ варыянты сцэнароў могуць існаваць у сацыяльна‑палітычным полі?
Лёгіка залежнасьціЯшчэ адзін расейска‑беларускі экспэрт, які ўстойліва спэцыялізуецца на разглядзе палітычнай сытуацыі ў Беларусі ў плашчыні адносінаў са «старэйшым братам», г. зн. з Расеяй, — гэта Андрэй Суздальцаў. Знаёмства з матэрыяламі ягонага сайту можа прывесьці неспрактыкаванага чытача ў стан, блізкі да пэўнага роду прасьвятленьня, бо дае дакладныя тлумачальныя схемы і адказы практычна на ўсе пытаньні адносна палітычнай сытуацыі ў Белаурусі, а таксама прапануе цэлы вэер прагнозаў адносна блізкай і ня вельмі блізкай будучыні. На пачатку верасьня зьявіўся чарговы (які стаў ужо традыцыйным) прагнозны дакумэнт гэтага аўтара пад назвай «Заданьне на восень 2007».
Галоўны тэзіс і патас артыкула чымсьці падобныя да разгледжаных вышэй сьцьверджаньняў К. Коктыша адносна таго, што Масква скрайне незадаволеная цяперашнім беларускім прэзыдэнтам і дадзены факт можа зьмяніць увесь ляндшафт палітычнага поля Беларусі:
Цяпер Масква пасьлядоўна руйнуе бізнэс канкрэтнага эканамічнага суб’екта, які гадамі паразытуе на расейскіх датацыях, — А. Лукашэнкі, уключаючы яго ў газавыя ўгоды на ўнутраным рынку, ягоны гандаль расейскай сырой нафтай і г. д.
То бок беларуская палітыка зноў‑такі магічным чынам сьціскаецца да прасторы сфэры ўплыву аднаго суб’екта — Расеі.
Наступная частка прагнастычнага аналізу А. Суздальцава прысьвечана «няслушнаму» ўспрыманьню беларускімі палітыкамі і аналітыкамі Расеі:
Фантазійныя ідэі, што гуляюць у асобных частках беларускай апазыцыі, пра прыцягненьне Расеі да «зрыненьня А. Лукашэнкі» шляхам стварэньня нейкай псэўдарасейскай апазыцыі ўражваюць сваёй наіўнасьцю. Асобныя палітычныя лідэры ўпэўненыя, што варта кінуць Маскве «костку» ў выглядзе некалькіх прарасейскіх і праімпэрскіх заяваў — і расейскае кіраўніцтва раскрые свае «абдоймы» і прапануе грошы і ўдзел у стратэгіі ліквідацыі манаполіі на ўладу шклоўскай групоўкі.
Далейшая дэканструкцыя (якая, пры гэтым, хутчэй мае выгляд навязваньня сваёй вэрсіі трактаваньня падзеяў як адзіна магчымай) прыводзіць аўтара да сьцьверджаньня немагчымасьці Ўладзімера Пуціна заставацца ва ўладзе на трэці тэрмін. Чаму А. Суздальцаў так упэўнена разважае пра важнасьць расейскіх перадвыбарных раскладаў для Беларусі? Зь ліку прыведзеных аргумэнтаў, чаму афіцыйнаму Менску можа спатрэбіцца трэці тэрмін расейскага прэзыдэнта, найбольш цікавы той, што гэта нібыта дапаможа А. Лукашэнку і іншым постсавецкім лідэрам легітымізаваць сваё перабываньне ва ўладзе цягам трэцяга і болей тэрмінаў. Разам з тым, як мяркуе расейскі аналітык, ніякай неабходнасьці і, мала таго, ніякага імкненьня заставацца ва ўладзе цягам трэцяга тэрміну ў Пуціна няма. Для расейскага прэзыдэнта важная
пэрспэктыва ўвасабленьня дадзенай «ідэі» ў рэальнасьць… імкненьне У. Пуціна ўвайсьці ў гісторыю Расеі прэзыдэнтам, які кіруе паводле Канстытуцыі, што практычна раўназначна высокаму, так бы мовіць, «гістарычнаму» статусу прэзыдэнта, які добраахвотна адмовіўся ад улады (Б. Ельцын).
Няма асаблівага сэнсу зьняпраўджваць ці пацьвярджаць дадзены тэзіс, бо не зусім зразумела, навошта прысьвячаць гэтаму палажэньню цэлы разьдзел аналізу актуальнага палітычнага поля Беларусі. Аднак гэтае пытаньне паводле лёгікі чалавека, які глядзіць на Беларусь зь Беларусі, хутчэй за ўсё, застанецца без выразнага адказу. Вядома, калі кіравацца лёгікай прагназаваньня, дык пэрсона наступнага прэзыдэнта Расеі сапраўды шмат у чым важная для Беларусі, таксама як важна, хто ёсьць прэзыдэнтам Польшчы ды іншых суседніх краінаў, ці Эўрапейскага Зьвязу. Аднак узьвядзеньне гэтага фактару ў якасьці адзінай і галоўнай складовай часткі палітыкі Беларусі, якая вызначае функцыянаваньне яе палітычнай клясы, падаецца, як найменей, перабольшваньнем.
Экспэртныя акуляры Масквы (г. зн. разгляд любых падзеяў у Беларусі) важныя для Масквы і экспэртаў, што там працуюць. Перанясеньне актуальнай для расейскага грамадзтва праблематыкі на аналіз Беларусі становіць сабой спробу пераносу ў беларускую палітычную рэальнасьць расейскага дыскурсу, прычым мэта дадзенага пераносу, найверагодней, у чарговым паўтарэньні ўласных тэзісаў адносна расейскай (але не беларускай (!) сытуацыі).
Далей па тэксьце палітоляг‑прадказальнік пераходзіць ужо непасрэдна да Беларусі, і, як казала гераіня Люіса Кэрала, «усё дзівосіцца і дзівосіцца». З упэўненасьцю чалавека, які «стаяў са сьвечкай», А. Суздальцаў «адкрывае вочы» на працэсы прыватызацыі ў Беларусі:
Апэруючы фінансавымі плынямі, А. Лукашэнка прыватызаваў краіну зьверху, каб затым узяцца за прыватызацыю зьнізу, прадаўшы пры дапамозе падстаўных фірмаў самому сабе спачатку гуту ў Ялізаве, потым менскі вэлясыпэдны завод.
Не бяруся меркаваць пра правамернасьць ці неправамернасьць дадзеных выказваньняў. Рэальнай доказнай базы да іх (прынамсі на аналітычным узроўні) не існуе. Але ж выкарыстаньне падобнага кшталту інфармацыі ў якасьці фактаў, што не патрабуюць доказаў, ставіць у лягічны і аналітычны тупік. Будаваць на такіх цьверджаньнях схему палітычнага аналізу ёсьць, хутчэй, каляпаліталягічнай спэкуляцыяй, дарэчнай у артыкуле пэрыядычнага ці публіцыстычнага выданьня (пры гэтым ёсьць сумневы адносна самой магчымасьці публікацыі такога кшталту матэрыялу), але ня ў рамках агляду, які прэтэндуе на палітычную аналітыку.
У апошняй частцы артыкула робіцца некалькі максымальна агульных, якія гучаць, як той казаў, у паветра, прагнозаў адносна будучых дзеяньняў афіцыйнага Менску. Напрыклад:
Жнівень быў патрачаны на спробы завязаць дыялёг з Эўропай на ўласных, беларускіх умовах. Няма сумневу, што ўвосень гэтыя спробы будуць актывізаваныя.
Перад намі ўсё тыя самыя прагнозы, што ня маюць пад сабой непасрэднай рэалізацыі. Бо пад «завязваньне дыялёгу з Эўропай» можна «падагнаць» практычна ўсякае дзеяньне афіцыйнага Менску. Quod erat demonstrandum.
Экспэрт? Аналітык? Палітоляг?Такім чынам, мы чарговага разу яшчэ раз «пачыталі газэты» пра Беларусь (дакладней, часопісы і экспэртныя меркаваньні замежных назіральнікаў). Ці трэба гэта рабіць? На мой погляд, адназначна так. Пабачыць свой вобраз у ваччу Іншага — ня можа ня быць карысным. Пытаньне ў якасьці падабранага вобразу, адлюстраваньня і выкарыстанага пры гэтым мэтадалягічнага апарату.
Іншы аспэкт праблемы хаваецца, на мой погляд, у тым, наколькі разгледжаныя вышэй прыклады экспэртнага аналізу насамрэч могуць расцэньвацца як аналіз паліталягічны, а не публіцыстычны. Экспэртная веда, калі яна прэтэндуе на статус веды, павінна падлягаць вэрыфікацыі, а не будавацца на гіпатэтычных магчымасьцях і прадказаньнях, якія немагчыма праверыць.
Каб унікаць нападак з боку, перадусім, акадэмічнай супольнасьці і абвінавачаньняў у адсутнасьці паліталягічнага аналізу, важна разьвесьці ўзровень прыкладной паліталёгіі (на якім праводзіцца навуковы аналіз палітычнай праблематыкі з выкарыстаньнем канкрэтных дасьледаваньняў), аналітычнай веды (якая займаецца беспасярэдне вылучэньнем і аналізам палітычных аб’ектаў, суб’ектаў і сытуацыяў) і, нарэшце, палітычнага камэнтара (публіцыстычнага жанру, які мае пад сабой мэдыйнае трактаваньне праблемы, сытуацыі, суб’екта і інш.). Наколькі дарэчы гаварыць пра экспэртаў трэцяй катэгорыі як пра палітолягаў — пытаньне адкрытае. З пэўнасьцю можна сказаць, што зьвядзеньне паліталёгіі да ўзроўню прадказальніцтва ёсьць прыкладна тым самым, што прыраўнаваньне эканомікі выключна да распрацоўкі плянаў эканамічнага разьвіцьця на пяць ці болей гадоў.
Праблема статусу экспэртнай веды для прыкладной паліталёгіі ў Беларусі — праблема вострая і актуальная. Маючы яшчэ даволі абмежаванае кола ўласных экспэртаў і публіцыстаў, якія прэтэндуюць на статус «палітычных аналітыкаў», і прыцягваючы такога ж гатунку экспэртаў замежных, беларускі палітаналіз (ці палітаналіз Беларусі) паддаецца заканамернай крытыцы з боку ўсіх і кожнага. Сапраўды, калі пакінуць сфэру аналізу на макраўзроўні прадказаньняў кшталту: «як доўга пратрымаецца Лукашэнка пры ўладзе?» ці адказаў на рытарычныя пытаньні, кшталту «ці ёсьць палітычнае поле ў Беларусі?», дык сытуацыя наўрад ці зьменіцца і прадаўцы дажджу будуць па‑ранейшаму ўвасабляць экспэртную паліталягічную супольнасьць. Які ж адказ могуць даць і даюць уласна беларускія дасьледчыкі, якія знаходзяцца непасрэдна ў самой краіне? Хто ўяўляе і ўвасабляе дадзеную супольнасьць? Мяркую, гэтае пытаньне вымагае асобнага разгляду, які будзе праведзены ў наступных артыкулах, прысьвечаных аналізу вобразу Беларусі. |
палітоляг, магістар палітычных навук Манчэстэрскага ўнівэрсытэту. Выкладае ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні. Аўтарская назва тэксту — «Ствараючы вобразы». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (62) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |