A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (62) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Андрэй Катлярчук | ||||
Андрэй Катлярчук
Па навуку ў Галандыю Студэнты з Вялікага Княства Літоўскага ва універсітэтах Нідэрландаў XVII-XVIII стст. УводзіныЗ працы англійскага гісторыка, выхаванца Адэскага універсітэта, Нікаласа Ганса1 мне стала вядома пра значнаю колькасць пратэстантаў з ВКЛ што вучыліся ў Галандыі. Але кожны выкладчык ведае, што студэнты мусяць пісаць навуковыя працы і абараняць дысертацыі. Надзея знайсці дысертацыі літвінаў-беларусаў падштурхнула мяне на стварэнне праекта што ўрэшце атрымаў грант Галандскага Нацыянальнага Даследніцкага Фонду (Dutch National Research Foundation, NWO) у межах міжнароднай сеткі ў «The Dynamic of Economic Culture in the Northsea- and Baltic Region, ca 1200—1700»2. «Мека кальвіністаў», Галандыя вабіла нашых пратэстантаў перадусім высокім узроўнем адукацыі. Універсітэты Ляйды/Лейдэна (Leiden), Франэкера (Franeker), Гронінгена (Groningen ), Утрэхта (Utrecht) і Амстэрдама лічыліся ў XVII ст. найлепшымі ў Еўропе. Менавіта тут вучыліся такія вядомыя шведскія палітыкі, як Магнус Габрыэль Дэлягардзі (Magnus Gabriel De la Gardie) і Бэнгт Шутэ (Bengt Skytte), якія пазней падпішуць з сваімі аднакурснікамі з Літвы і Беларусі Кейданскую унію. Галандыя была лідэрам тагачаснага свету, і двухсоттысячны Амстэрдам (1650 г.) уражваў сваім багаццем хлопцаў з Копысі ці Слуцку. Ехалі да Галандыі таксама каталікі і праваслаўныя (Агінскія). Але калі каталіцкія студэнты мелі ўсе магчымасці атрымаць вышэйшаю адукацыю дома, у езуіцкіх ці базылянскіх ВНУ, пратэстанты рушылі на Захад, часцей за ўсё да Нідэрландаў. Тамтэйшыя універсітэты былі адкрытая для ўсіх: ад мусульманаў да прыхільнікаў анімастычных культаў з Афрыкі. Толькі галандскія універсітэты запісвалі ў свае матрыкулы радыкальных пратэстантаў (арыянаў ды анабаптыстаў). Граў ролю і моўны фактар. Вахаванцы каталіцкіх ВНУ выдатна валодалі лацінай. Але абсальвенты Слуцкай і Кейданскай рэфармацкіх гімназій ведалі таксама гутарковаю нямецкаю мову (што выкладалася 5 гадзінаў на тыдзень), таму досыць зручна пачуваліся ў Галандыі, дзе на той час нямецкая мова была мовай міжнародных стасункаў. Шлях літвінаў-беларусаў да Галандыі быў просты і недарагі. Галоўнае было дабіць да партоў Рыгі, Мемеля (Klaipėda) альбо Лібавы (Liepaja), каб потым адтуль на гандлёвых караблях галандцаў, што дамінавалі ў той час у Балтыйскім моры3, за 3—4 дні даплыць да Амстэрдама. Складанасці пошукаўУ час працы над манаграфіяй, прысвечанай Кейданскай уніі 1655 г. паміж ВКЛ і Швецыяй, у мяне склалася база дадзеных прозвішчаў пратэстанцкай шляхты і гараджанаў ВКЛ, якая дапамагла пачаць пошукі. Яшчэ ў Швецыі мной былі прагледжаныя матрыкулярныя кнігі галандскіх універсітэтаў наконт наяўнасьці ў спісах студэнтаў з ВКЛ. Але гэтая праца ўскладнілася тым, што большасць студэнтаў запісалася як «nobilis Polonus» — гэта значыць «шляхціц з Польшчы», ці, дакладней, з Рэчы Паспалітай. Тут, каб аддзяліць літвінаў ад палякаў, мне дапамагла база дадзеных пратэстанцкіх радзінаў ВКЛ4. Варта падкрэсліць, што ў адрозненне ад рыцарскага стану студэнты тэалогіі амаль заўжды запісваліся «літвінамі». Прычынай гэтага, відаць, было тое, што большасць з іх складалі выдатнікі гімназій, якія пасылаліся на вучобу за кошт «Ядноты Літоўскай» — пратэстанцкай супольнасці ВКЛ. Для іх было важна падкрэсліць сваю асобнасць ад палякаў. Іншай перашкодай было тое, што прозвішчы нашых студэнтаў запісваліся пісарам на слых, што стварала процьму памылак. Наступнай праблемай сталася «лацінізація» прозвішчаў. Адукаваныя літвіны крочылі ў нагу са светам. Аўтары дысертацыі падпісвалі свае творы лацінізаванымі прозвішчамі, што, у сваю чаргу, значна ўскладніла пошук у каталогах. Напрыклад Пётар Маршкоўскі (Piotr Morszkowski) выступае як Petrus Morskovius. Такі нібыта «літвін», як Стэфан Камар (Stephanus Komar), аказаўся насамрэч вугорцам з Трансыльваніі. Здавалася, што менавіта Ян Гружэўскі (вядомы пратэстант з ВКЛ), што вучыўся ў Франэкеры, выдаў там працу пад прозвішчам Johannes Grynaeus. Аказалася не, і гэтая дысертацыя належыць выхадцу з Базэля. Замежнікамі аказаліся і такія «нашыя аўтары», як Alexander Kosselius, Samuel Scriverius ці Jeremias Sterckius. Да разгледжаных мной працаў я далучыў творы русінскіх арыянаў з Палесся і Валыні, якія ў XVII ст. належалі да палітычнага народу Кароны Польскай, але працягвалі лічыць сябе сябрамі пратэстанцкай супольнасці Літвы. Таксама мной залічаныя да студэнтаў з ВКЛ шляхціцы польскага паходжаньня, якія, аднак, жылі і працавалі ў Беларусі і Літве. У пошуках мне значна дапамагла нацыянальная электронная база ранняга галандскага кнігадрукавання5, якая працуе ў тым ліку на англійскай мове. Усе знойдзеныя творы былі прагледжаныя і часткова зьнятыя на лічбаваю камеру. Заўважу, што гаворка ідзе пра ўнікальныя выданні. Кожная з дысертацый захавалася ў адным альбо двух асобніках. Кароткі агляд навуковых працаўСярод доктарскіх дысертацый пераважае тэалогія, што цалкам зразумела, улічваючы, што цягам XVII—XVIII стст. «Яднота Літоўская» мела каля 15 штогадовых стыпендый на навучанне будучых пастараў на Захадзе (перадусім Галандыі і Вялікай Брытаніі6. Амаль усе працы надрукаваныя на лаціне, за выняткам кнігі Пятра Маршкоўскага, які выдаў свае «Тлумачэнні лістоў апостала Паўла да Фесалонікійцаў» па-галандску. Магчыма, матывам выбару галандскай мовы было тут імкненне аўтара падкрэсліць уласны лінгвістычны талент. Пастар Маршкоўскі вядомы як выбітны дзяяч арыянскага збору. Менавіта яму ў 1654 г. была даручана кадыфікацыя богаслужэбных тэкстаў арыян на старабеларускай (рускай) мове. На жаль, вайна 1654—1667 гг. паставіла крыж на гэтай цікавай задуме. |
гісторык, доктар PhD унівэрсытэту «Содэрторн» (Sodertörns högskola), што ў Стакгольме, выкладае там гісторыю Швэцыі. Сёлета ў віленскім выдавецтве «Інстытут беларусістыкі» выйшла перавыданьне яго манаграфіі «Швэды ў гісторыі і культуры Беларусі». Рыхтуе новую кнігу, прысьвечаную гістарычным стасункам паміж Беларусьсю і Нідэрляндамі. (Зацікаўленыя гэтай ідэяй спонсары і выдаўцы могуць зьвяртацца на э-пошту: andrej.kotljarchuk@sh.se) 1 Hans, Nicholas. Polish protestants and their connections with England and Holland in the 17th and 18th centuries // The Slavonic and East European review. Vol. 37. 1958. P. 196-220. 3 Kotljarchuk, Andrej. Riga and commercial aspects of the grand Lithuanian-Swedish relations during the first half of the seventeenth century // Groninger Hanze Studies 2. Ed. Hano Brand, Poul Holm and Leos Müller. Groningen, 2007. 4 Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17th Century. Södertörns högskola, 2006. 347 pp.
|
Сярод студэнтаў з ВКЛ пераважалі этнічныя русіны — асноўная этнічная група шляхты і гараджан краіны. Да прыкладу, Ян сын Аўдзея з мястэчка Орля нават падпісаўся на беларускі лад Audziewicz. Але былі і этнічныя балты (літоўцы і жмудзіны). У 1640 г. у Франэкеры абараніўся Ян Баржымоўскі (Jan Borzymowski) будучы суперынтэндант (кальвінісцкі біскуп) Жмудзі, які ў 1653 г. пад патранатам Януша Радзівіла падрыхтаваў і выдаў у Кейданах «Катэхізіс» на літоўскай мове7. Да вядомай балцкай пратэстанцкай радзіны належаў Ян Прагулбіцкі (Johannes Progulbicki), які ў сваёй дысертацыі падкрэсліў, што ён паходзіць са Жмудзі (Samogitia). Былі сярод студэнтаў з Беларусі этнічныя шатляндцы (Canot) і немцы (Bythner), якія, аднак, інтэграваліся ў шляхецкі або купецкі стан ВКЛ. Этнічных русінаў можна пазнаць па напрамку твораў. У місіі на беларускіх землях пратэстанты мусілі ўлічваць дзейнасць праваслаўнай і уніяцкай цэркваў. Менавіта таму адна з дысертацый Габруся Дыякевіча (Gabriel Dyiakiewicz) прысвечаная уніі, а Ян Краінскі (Johannes Krainski) абараніўся крытыкуючы «паганскія», на яго погляд, забабоны «схізматыкаў» (праваслаўных), між іншым, ідалапаклонства і пацалункі нябожчыкаў. Сярод працаў па паліталогіі найбольш прывабна выглядае дысертацыя «шляхціца з Літвы» Яна Шыдлоўскага (Johannes Szydlowski) «Consiliarius opportvnvs. Sive Præcepta Politica suadentia magistratui quomodo se gerere debeat» 1646 г. Фактычна гісторыі палітычнай думкі Беларусі адкрываецца новае імя. Сваю дысертацыю Шыдлоўскі прысвяціў аналізу розных тыпаў палітычных рэжымаў, падрабязна тлумачачы розніцу паміж таталітарнай, аўтарытарнай і дэмакратычнай мадэлямі, а таксама манархіяй і рэспублікай. Аўтар звярнуў увагу на тое, што галоўнае ў класіфікацыі не назва, але сутнасць. Так рэспубліка паводле назвы можа быць насамрэч аўтарытарнай дзяржавай і наадварот манархія (Рэч Паспалітая) — узорнай дэмакратыяй. З Галандыяй звязаныя і першыя лінгвістычныя працы нашых продкаў. Доктарскую дысертацыю, прысвечаную старажытнагабрэйскай мове, «Disputatio theologica de vera notione vocis Hebræ» абараніў у Лейдэне Ян Францкевіч (Jan Frackiewicz / Johannes Franckius). Іншы вядомы пратэстант з Беларусі — Аляксандр Гулевіч (Alexander Hulewicz), будучы пасол Слуцкай канфедэрацыі ў Расіі, які выдаў у 1733 і 1746 гг. ажно дзве манаграфіі, прысвечаныя старажытнагабрэйскай і грэцкай мовам. Дзве знойдзеныя манаграфіі датычаць медыцыны. Іван Лыскавец (Johannes Lyskowic), абараніўся ў 1637 г. даследуючы вадзянку страўніка (Disputatio medica de hydrope ascite), Крыштап Арцішэўскі (Krzysztof Arciszewski), пісар рускай мовы пры двары слуцка-біржанскіх Радзівілаў і будучы капітан галандскага флоту ў Бразіліі, выдаў у 1643 г. трактат пра лекі ад падагры «Epistola de podagra». Умовы навучання былі рознымі. Магнаты ездзілі ў grand-tour разам са служкамі, простыя шляхціцы спадзяваліся на патронаў, будучыя пастары сядзелі на хлебе і малацэ. Як і сёння, студэнты былі розныя. Крыштап Арцішэўскі скардзіўся ў 1623 г. Крыштапу II Радзівілу на п’янства, што квітнее сярод лейдэнскіх студэнтаў. Маўляў, літвіны паддаліся кепскай традыцыі тутэйшых студэнтаў штовечар ездзіць на піва да суседняй Гаагі, таму нават ён сам, чалавек, вядомы пану Радзівілу як аматар цвярозага ладу жыцця, адчувае, што пачынае паддавацца спакусе. У 1627 г. пратэстанты-шляхціцы, дасланыя за кошт «Ядноты Літоўскай», адмовіліся вывучаць «непрэстыжную» тэалогію, ды захацелі перайсці на іншыя спецыяльнасці. Заўважаецца і сацыяльная залежнасць. Калі магнаты бавілі за мяжою час, сыны дробнай шляхты старанна рыхтавалі свае дысертацыі. З матрыкулярных кніг вядома, што праз універсітэты Галандыі ў XVII ст. прайшло некалькі Агінскіх, Сапегаў, Радзівілаў і Гансеўскіх. Але ніводнай навуковай працы, створанай маладымі магнатамі, прынамсі я не знайшоў. Калі ў XVIII ст. магнаты ВКЛ перасталі выязджаць на вучобу на Захад, дробная шляхта і месцічы працягваюць навуковыя падарожжы. Але ў 2-й пал. XVIII ст. гэты струменчык імкліва растае. У той самы час у Галандыі назіраецца значны рост студэнтаў з Расіі (першыя зьявіліся падчас уладараньня Пятра I). З 1760-х гг. выхадцы з Масквы, Пецярбургу, Ноўгараду і Смаленску актыўна абараняюцца па медыцыне, тэхнічных і гуманітарных навуках. У той самы час амаль адзіным прадметам купкі беларусаў-літвінаў робіцца пратэстанцкая тэалогія. Як тут не пагадзіцца з тэзай савецкай навукі пра заняпад Рэчы Паспалітай канца XVIII ст.? Сярод першых расійцаў, хто абараніўся ў Галандыі, быў граф Мікалай Румянцаў (Николай Румянцев), які з 1774 г. вывучаў у Лейдэне права і гісторыю. Будучы канцлер Расіі Румянцаў быў чалавекам заходняй адукацыі і добра разумеў мастацтва палітыкі. Ён першы пачаў ствараць прарасійскі рух сярод элітаў захопленых народаў былой Швецыі і Рэчы Паспалітай. На працягу сваёй доўгай кар’еры Румянцаў здолеў выгадаваць шэраг прарасійскіх актывістаў: фінскіх (антышведскіх па поглядах), літоўскіх і беларускіх (антыпольскіх). Менавіта Румянцаў фундаваў фінскі універсітэт у Турку/Обу (Turku/Abo), які стварыў канкурэнцыю мясцоваму шведскаму універсітэту. Румянцаў арганізаваў групу фінскіх вучоных, якія на ягоныя грошы выдавалі фінскія слоўнікі і этнаграфічныя працы. У святле гэтых фактаў больш зразумелай робіцца дзейнасць беларускага гуртка Румянцава, ягоная падтрымка Івана Грыгаровіча і Канстанціна Калайдовіча, фундацыя выдання «Белорусский архив древних грамот» (1824). ВысновыАпроч дысертацый, за месяц працы ў Галандыі мной знойдзена некалькі малавядомых мапаў; гравюры «Паляванне сеткай на мядзведзя ў літоўскай пушчы» і «Палеская кабета, хворая на каўтун»; галандскі энцыклапедычны даведнік з гісторыі і геаграфіі ВКЛ 1734 г.; прыгодніцкі раман па-галандску пра «пана Леліуса, шляхціца з Літвы» 1751 г. выдання, новыя архіўныя крыніцы аб творчасці ў Галандыі такіх выдатных старабеларускіх навукоўцаў, як Гальяш Капіевіч (Elias Kopiewitz) і Казімір Семяновіч (Casimir Siemienowicz). Першыя вынікі паказваюць магутны патэнцыял абранай тэмы. Практычна гісторыі Беларусі адкрываецца шэраг забытых імёнаў. Кожная з дысертацый XVII ст. годная дысертацыі сучаснага беларускага вучонага. На жаль, каталіцкая контррэфармацыя спрычынілася да таго, што ва ўмовах рэлігійнага ціску канца XVII—XVIII стст. дактары навук галандскага ўзору не былі запатрабаваныя на Радзіме ды скончылі сваё жыцьцё на дробных пасадах ці на ўласнай гаспадарцы. Шмат хто назаўжды выбраў эміграцыю. Відаць, з гэтай прычыны існуе такая вялікая колькасць забытых айчынай навукоўцаў. Вяртанне памяці пра іх даводзіць, што беларус быў ня толькі «панам сахі і касы», што і да 1917 г. сярод нашых продкаў былі выдатна адукаваныя людзі. Калі фінскія гісторыкі ламалі негатыўны для сучаснай нацыі вобраз фінаў як малапісьменнай «сялянскай нацыі» яны пачалі з праекту «Фінскія студэнты XV—XIX стст. на Захадзе». У выніку падтрыманай дзяржавай шматгадовай працы была адноўлена памяць пра блізка 350 імёнаў забытых фінскіх студэнтаў, што вучыліся ў найлепшых універсітэтах Еўропы. Такім чынам нацыя была вернутая ў еўрапейскі навуковы кантэкст, што, між іншым, давяло, што сучасны поспех «Nokia» — гэта не выпадковасць, а ланцуг доўгай традыцыі. На жаль, для сярэднестатыстычнага беларуса лёс Францішка Скарыны надалей застаецца баржджэй выняткам, чым правілам, што відавочна не спрыяе паўнавартаму вобразу Бацкаўшчыны як у краіне, так і за ейнымі межамі. ЛітаратураКатлярчук, Андрэй. «Уцёкі мазгоў», ці Лёсы пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVII ст. // Спадчына. 2006. № 1. С. 65—78. Hans, Nicholas. Polish protestants and their connections with England and Holland in the 17th and 18th centuries // The Slavonic and East European review. Vol. 37. 1958. P. 196—220. Kotljarchuk, Andrej. Riga and commercial aspects of the grand Lithuanian-Swedish relations during the first half of the seventeenth century // Groninger Hanze Studies 2. Ed. Hano Brand, Poul Holm and Leos Müller. Groningen, 2007. Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17th Century. Södertörns högskola, 2006. 347 pp. Спіс выяўленых дысертацый
|
6 Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17th Century. Södertörns högskola, 2006. 347 pp. 7 Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17th Century. Södertörns högskola, 2006. P. 46.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (62) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |