A R C H E П а ч а т а к № 11 (62) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


11 — 2007

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • эсэістыка • літаратура

 


гісторыя

  Алег Латышонак

Вокладка «ARCHE» №11
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаныя здымкі:

1) «Заходнебеларускі селянін чытае савецкую газэту». Слонім, 1939 г.

2) «Рэдакцыя беларускай газэты пасьля паліцэйскага ператрусу». 1920‑я гг. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву‑музэю літаратуры і мастацтва.

3) Пілсудзкі точыць зубы «на рабочыя дзяржавы» (улётка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі). Канец 1920‑х — пачатак 1930‑х гг.

4) «Гарніст маладой Беларусі». Малюнак, зьмешчаны ў № 3 віленскай «пэрыядычнай часопісі беларускай моладзі» «Маладое жыцьцё» ў кастрычніку 1922 г. (перад выбарамі ў польскі парлямэнт).

Дызайн Ягора Шумскага.

Алег Латышонак
Крэва — Верх — Белая Русь
Назва «Белая Русь» — гэта іншаназва, якую продкі сённяшніх беларусаў сталі скарыстоўваць толькі на зломе XVI i XVII ст.1. «Белая Русь» была часткай тэрыторыі «Русі», гістарычна-геаграфічнага рэгіёну Вялікага Княства Літоўскага, якую для XVI ст. вельмі дакладна вызначылі Вячаслаў Насевіч і Міхаіл Спірыдонаў2. Як устанавілі гэтыя даследчыкі, мяжа паміж «Літвой» і «Руссю» пралягала па заходняй мяжы Полацкай зямлі і далей у наваколлі Лагойска і Мінска. Гэтая мяжа не мела сталага характару, і гэтыя самыя мясцовасці ў гэты самы час называюцца ў крыніцах як належныя або «Русі», або «Літве». Крыніцы дазваляюць прасачыць перасоўванне гэтай мяжы на ўсход. Напрыклад, Мінск, які раней ляжаў у «Русі», з XV ст. лічыцца мясцовасцяй у «Літве». На пытанне, чаму толькі частка гэтай «Русі» стала называцца «Белай», спрабую адказаць, скарыстоўваючы рэтраспектыўны метад, спярша акрэсліўшы дакладную тэрыторыю першапачатковай «Белай Русі» на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, а пасля аналізуючы геаграфічныя ўяўленні аўтахтонаў пра сваю тэрыторыю з перыяду перад з’яўленнем назвы «Белая Русь».

Першы дакумент, які даволі дакладна перадае ўяўленні аўтахтонаў аб тэрытарыяльным абсягу назвы «Белая Русь», — гэта «Суплікацыя» праваслаўнай шляхты з 1623 г. У «Суплікацыі» названыя гарады, у якіх праваслаўныя церпяць пераслед: «Ono Wilno, Minsk, Nowogrod, Grodno, Słonim, Brzeście, Brasław, Kobryń, Kamieniec y insze w Litwie. Ono Bielsk, Bransk, Drogyczyn etc. na Podlasiu. Ono Pinsk, Owrucze, Mozyr etc. na Polesiu. Ono Włodzimierz, Łucko, Krzemieniec etc. na Wołyniu. Ono Lwow, Przemysl, Sambor, Drehobyć, Sanok etc. w wojewodztwie ruskim. Ono Bełz, Chełm, Krasnystaw, Buzko, Sokal, etc. w wojewodztwie Bełzkim. Ono Krzyczew, Czeczersk, Propojsk, Rohaczew, Homel, Ostr, Rzeczyca, Lubecz etc. na Ponizowiu. Ono Połock, Witepsk, Mścisław, Orsza, Mohylow, Dysna etc. na Białej Rusi [...]»3.

Такім чынам, на пачатку XVII ст. ва ўяўленні праваслаўнай шляхты на «Белай Русі» ляжалі наступныя гарады: Полацк, Віцебск, Мсціслаў, Ворша, Магілёў і Дзісна.

«Белая Русь», хоць цалкам памяшчаецца на тэрыторыі «Русі», вызначанай Насевічам і Спірыдонавым, — меншая за яе на тэрыторыю, названую ў «Суплікацыі» «Панізоўем» (Ponizowie) — Крычаў, Чачэрск, Прапойск, Рагачоў, Гомель, Остр, Рэчыцу і Любеч, ды дробны фрагмент «Палесся» (Мазыр). Прычыну, дзеля якой «Панізоўе» не ўвайшло ў склад «Белай Русі», можна паказаць шляхам аналізу геаграфічных уяўленняў аўтара «Баркулабаўскай хронікі», які назвы «Белая Русь» яшчэ не ведаў, хоць сваю працу закончыў на пачатку XVII ст.

Пішучы пра засуху ў 1583 г., храніст сцвярджае, што «все погорело в Литве, а звлаща около Менска, около Вилни. Люди убогия з хлеба на Русь давалися — молодцы, жонки, девки, много на Русь и на Украину понаходило»4.

Пра змаганне з казакамі Налівайкі ў 1595 г. аўтар расказвае наступным чынам: «Тепер же литва от козаков отступивши, до Могилева на болший луп поехали, а козаки на всю ноч ехали до Быхова аж на Низ. Литва за козаками гналася аж до Рогачева, да ничого згола не вчинили козаком; а литва и татары рушилися до Менска, до Новагорада и до Вилни, набравшыся тутешнего краю лупу»5.

Голад і казацкае свавольства — гэта сталая тэма запісаў храніста. У 1600 г. «было поветрие албо мор на людей пепехожих, множество на Низ идучих»6. У 1601 г. запарожскія казакі, нанятыя на вайну са Швецыяй, як заўважыў аўтар, каралю і гетману не памаглі, «толко з Швеции утекли, а тут на Руси Полоцку великую шкоду чинили, а место славное и великое Витебск звоевали...»7. У тым самым 1601 г. снег выпаў так рана, што людзі не паспелі справіцца са жнівом, і храніст пракаментаваў гэта наступным чынам: «А тот гнев божий был и непогода, почавши от Менска до Полоцка и Витебску, до Орши, до Мстиславля, до Пропойска, до Рогачова, Могилева, Любошаны. Потом у Речицы, в Лоеве, в Киеве, аж на Волынь добрый врожай был. А так потом много множества людей убогих з голоду на Низ з жонами и детками и зь семею, што иж страшно было не толко видети, але трудно было и выписати, то есть з верху з волости Шкловское, з Друцка, з Дубровны, з Круглы, з Бобря, з Витебска, с-под Полоцка, с-под Минска и з инших многих украин»8.

У 1603 г. Іван Куцка (Куцковіч) склаў гетманства запарожскіх казакаў у Магілёве з прычыны вялікага свавольства ў войску. На тым не скончылася бяда тубыльцаў: «По том по Іване Куцку был гетманом Иван Косый. Тые козаки брали пиставства у Полоцку, у Витебску, на Орши, и во Мстиславлю, у Крычове, у Могилеве, у Головчине, у Чечерску, у Гомли, у Любечу, у Речицы, у Быхове, у Рогачове и по всих местах. А на Волыню, на Подолю и Киеве там на тот час жолнеры лежали, которые з Волох выехали, яко десеть тысящ; в тых всих краех приставство брали. Также у Менску и по всей Литве там жолнеры, татарове, которые выехали з Швецией, по тых местах приставство брали». На тым не канец: «А коли козаки запорозкие назад на Низ отсоля выеждчали, тепер же великую сильную шкоду по селах, по местах чинили: жонки, девки и хлопята з собою много брали»9.

  гісторык, ад’юнкт-прафэсар катэдры гісторыі беларускай культуры ўнівэрсытэту Беластоку. Увесну ў выдавецтве гэтага ўнівэрсытэту выйшла ягоная чарговая манаграфія «Od Rusinów białych do Białorusinów. U źródeł białoruskiej idei narodowej». Аўтар манаграфіяў «Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923» (Białystok, 1995), «Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku» (Białystok, 2002, Разам зь Яўгенам Мірановічам).

1 На мой погляд, канчаткова даказаў гэта ў сваёй фундаментальнай працы Алесь Белы. Гл.: Белы, А. Хроніка Белай Русі. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000.

2 Насевіч, В.; Спірыдонаў, М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Гістарычна-культуралагічны зборнік. 1996. № 1. Мінск. С. 4—27.

3 Supplicatia do przeoswieconego i jasnie wielmoznego przezacney korony Polskiej i W. X. Lit. oboiego stanu duchownego i swieckiego senatu: w roku tym terazniejszym 1623 do Warszawy na seym walny przybyłego. Od obywatelow koronnych i W. X. Lit. wszystkich i w obec, i każdego z osobna: Ludzi zwołania szlacheckiego, relligiey starożytnej graeckiej, posłuszenstwa wschodniego. Документы объясняющие историю Западно-Русского края и его отношение к России и Польше. СПб, 1865. С. 292.

4 ПСРЛ. Т. 32. С. 176.

5 Тамсама. С. 183.

6 Тамсама. С. 187.

7 Тамсама.

8 Тамсама.
С. 187—188.

   
У тым самым 1603 г. «народ божий з Низу до домов своих назад пошол — великое множество мужей, жон, детей, но еще болши тых было, которые на Низу померли»10.

Ва ўяўленні аўтара Баркулабаўскай хронікі відавочна суіснуюць дзве асобныя сістэмы геаграфічных паняццяў. Да адной належаць «Літва і Русь» ды «Украіна» (тоесная «Кіеву»), «Валынь» і «Падолле». Да другой сістэмы належаць «Верх і Ніз». «Русь» аўтара Баркулабаўскай хронікі адпавядае тэрыторыі, устаноўленай Насевічам і Спірыдонавым. Вызначаюць гэтую «Русь» такія гарады, як Полацк, Віцебск, Ворша, Мсціслаў, Магілёў, Галоўчын, Крычаў, Чачэрск, Гомель, Рэчыца, Быхаў, Рагачоў і Любеч. Тэрыторыю «Літвы» у сваю чаргу вызначаюць такія гарады, як Мінск, Наваградак і Вільня.

Падзел на «Верх і Ніз» не мае нічога супольнага з падзелам на «Літву і Русь». «Верх» вызначаюць такія гарады, як Шклоў, Друцк, Дуброўна, Кругла, Бобр, Віцебск, Полацк і Мінск. Баркулабава таксама безумоўна належыць да «Верху».

Крыху цяжэй вызначыць, з якога месца пачынаўся «Ніз». Казакі Налівайкі ўцякаюць «да Быхава ажно на Ніз», а «літва» гоніцца за імі да Рагачова. Ці гэта значыць, што абедзве мясцовасці ляжалі ўжо на «Нізу»? Калі храніст піша пра голад на «Вярху», сцвярджае, што ў Рэчыцы, Любечы і Кіеве быў ураджай, а галодныя людзі кіраваліся на «Ніз». Ці Рэчыца, Любеч і Кіев ляжалі на «Нізу»? У адносінах да Рагачова, Рэчыцы, Любеча і некалькі іншых гарадоў станоўча адказаць дазваляе вышэйзгаданая «Суплікацыя» з 1623 г., згодна з якой Рагачоў, Рэчыца, Любеч, Крычаў, Чачэрск, Прапойск, Гомель і Остр ляжаць на «Панізоўі». Назва «Панізоўе», як можна меркаваць, гэта свайго роду астатак «Нізу», які цягнуўся раней далей на поўдзень уніз Дняпра, але ў наваколлі Кіева прынялася ўжо назва «Украіна», якая выступае як у «Баркулабаўскай хроніцы», так у «Суплікацыі»11. Такім чынам, мяжа між «Верхам» і «Нізам» пралягала крыху на поўнач ад лініі Крычаў—Прапойск на Сожы і, відаць, паміж Баркулабавам і Быхавам на Дняпры. У басейне Бярэзіны да «Верху» належаў Мінск; дзе пачынаўся на гэтай рацэ «Ніз», я ўстанавіць не здолеў.

  9 Тамсама. С. 189.

10 Тамсама.

   
«Верх», безумоўна, займаў намнога большую тэрыторыю, чым вызначаная мною паводле «Баркулабаўскай хронікі». У шырокім значэнні гэта тэрыторыя водападзелу, вялікая геаграфічая краіна, якая абдымае вярхоўі Дняпра, Дзвіны, Волгі, Акі (прыпомнім тут «Вярхоўскія княствы»), вытокі якіх ляжаць блізка адно другога, але плывуць у іншых напрамках. Факт, што ва ўяўленні тубыльцаў таксама вярхоўі Бярэзіны, канкрэтна — Свіслач, належалі да «Верху», дазваляе меркаваць, што яго часткай была таксама літоўская Аўкштота (літ. ?ukštas — «высокі»). Аўкштота ляжала, праўдападобна, на Ашмянскім узвышшы ад Вільні да Крэва12, а вытокі Вяллі, Нёманскай Бярэзіны і Нёмана знаходзяцца побач з вытокамі Свіслачы. «Верх», відавочна, быў вядомы яшчэ антычным географам; з ім напэўна звязаная антычная назва «Гіпербарэі», а таксама «Рыфейскія» або «Алаундскія» горы.

  11 ...ludzie dla uniey z domow swych od dobr wycisnione, ledwie już Ponizowie y Ukraina zmieszczać mogą. Supplicatia... C. 304.

   
Тэрыторыя «Белай Русі», якую можна вызначыць для пачатку XVII ст., — гэта тая частка «Русі», якая ляжыць на «Вярху». «Верхнюю і Ніжнюю» Русь адрознівалі ўжо самыя старажытныя рускія летапісцы. Гэтыя назвы выступаюць у «Аповесці мінулых гадоў» ды асабліва ў Ноўгарадскім І летапісе13. «Верхняя Русь» — гэта паўночны захад Усходняй Еўропы, у адрозненне ад «Ніжняй Русі», размешчанай у сярэднім цячэнні Дняпра з цэнтрам у Кіеве. Апошняй вядомай мясцовасцяй на Дняпры ў напрамку Кіева, якая безумоўна належала і да «Верху», і да «Белай Русі» было Баркулабава14. Мінск, хоць і ляжаў на «Вярху», не ўвайшоў у склад «Белай Русі», бо ў той час лічылася ўжо, што ён ляжыць на тэрыторыі «Літвы».

Такім чынам, «Белая Русь» — гэта даслоўна «Верхняя Русь», хоць абмежаваная да тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У сярэднявечнай заходнееўрапейскай геаграфічнай літаратуры «Белая Русь» памяшчалася недзе на ўсходзе Еўропы, чаму спрыялі ўяўленні пра «Альбанію» і «альбанаў» ды тое (пачынаючы сама меней з Каталонскай карты 1375 г.), што Волга, Дняпро і Дзвіна пачынаюцца з аднаго возера, якое часта называлі «Белым»15. У XVI ст. польскія навукоўцы сталі называць «Белай Руссю» спярша ўсе рускія землі Вялікага Княства Літоўскага, а з цягам часу, калі на захадзе рэальны абрыс для іх набывалі такія землі, як Валынь і Падляшша, назва засталася за самымі ўсходнімі рускімі землямі. Уплыў польскай літаратуры тлумачыць, чаму толькі жыхары ВКЛ, у адрозненне ад маскоўцаў, прынялі новую назву. Затое, каб растлумачыць, чаму толькі жыхары той часткі гістарычна-геаграфічнага рэгіёну ВКЛ з назвай «Русь», якая ляжала на «Вярху», прынялі за сваю назву «Белая Русь», трэба зьвяртацца да сімвалічнага значэння белага колеру, які ў індаеўрапейскай іерархічнай сімволіцы колераў наагул азначае нешта найвышэйшае рангам16. Але ў кельцкіх мовах слова alp, alb азначае проста нешта, што паўстае па-над узровень, высокае, што адначасова асацыюецца з белым колерам (відаць, ад снегу на вярхах гор або вапнякоў яснага колеру). Ёсць таксама думка, што слова alp, alb — дакельцкага паходжання і пасля прыняцця яго кельтамі пранікла ў грэцкую мову. Як бы там ні было, ад яго паходзяць назвы Альпійскіх гор, грэцкая назва Брытаніі — Альбіён, самая даўняя кельцкая назва Шатландскага каралеўства — Alban (рымскае — Албанія), назва гор Альбіён у Далматыі, краіны Албанія на Балканскай паўвыспе і старажытнай краіны Албанія паміж Грузіяй і Каспійскім морам17. Мабыць, сярэднявечныя ўяўленні аб «Албаніі» недзе на ўсходзе Еўропы таксама звязаныя з «Верхам». Так ці інакш, толькі закадаванае ў індаеўрапейскіх мовах значэнне белага колеру магло паспрыяць у прыняцці заходнееўрапейскай літаратурнай назвы «Белая Русь» менавіта жыхарамі рускага «Верху» у межах ВКЛ.

  12 Kosman, M. Historia Litwy // Ossolineum, 1982. S. 14.

13 Мельникова, Е. А. Древняя Русь в исландских географических сочинениях // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования 1975. Москва, 1976. С. 147.

14 …в краи белоруские, до имения и двора, названово Бурколабова… 1627, марта 18. Грамота короля Сигисмунда III жителям Могилева... // Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. С. 446.

   
Усталяванне сувязі назвы «Белая Русь» з назвай «Верх» не вычэрпвае праблемы, бо сама назва «Верх» відавочна мае сваю гісторыю. Яшчэ Тацішчаў спалучыў назву гістарычнага племя крывічоў з «Вярхом». Паводле яго Белая Русь «издревле по частям именована, яко Поле, Меря, Мурома и Крев, или Верховье, потом все оное Белая Русь имяновано»18. На жаль, Тацішчаў ніяк не аргументуе сваёй думкі. Праўдападобна, яна ўзнікла пад уплывам апісання рассялення крывічоў у «Аповесці мінулых гадоў»: «Седять на верхъ Волги, и на верхъ Двины и на верхъ Днепра...» Калі гэта так, дык крывічы — гэта назва, якая адносіцца да жыхароў «Верху», «вярхоўцаў». Тацішчаў лічыў, што крывічы былі сарматы, потым славяне, і аддаваў ім толькі Смаленскае княства. Тэрмін «сарматы» у Тацішчава амаль усёабдымны і адносіцца практычна да ўсяго неславянскага насельніцтва ўсходняй Еўропы, у тым ліку меры, мардвы, яцвягаў і печанегаў19. Такім чынам, слова крев не мусіць быць сапраўды сармацкае. Па сённяшні дзень гэтая назва захавалася ў мове латышоў, якія славянаў называлі Krievs. Нельга пры тым лічыць, што продкі латышоў называлі Krievа тэрыторыi «на поўдзень і ўсход ад сучаснай Латвіі»20, бо перспектыва была іншая — з дзвінскага нізу ўверх, з Земгаліі (лат. zems — «нізкі», gale — «край») у Крев. Такім чынам, не можна выключыць, што ў мове балцкіх продкаў латышоў існавала слова, падобнае крев, са значэннем «вярхоўі ракі». Мабыць, падобнае слова існавала і ў літоўскай мове, і такое значэнне мае таксама назва беларускай мясцовасці Крэва над ракой Краўлянкай у вярхоўях Нёманскай Бярэзіны. След падобнага слова знаходзім і ў славянскіх мовах, бо некаторыя даследчыкі выводзяць назву крывічоў з тапаграфіі, ад kriviči, г. зн. «сушы, берагу»21. Магчыма, варта разгледзець тут і такое беларускае слова, як краж, кряг — «горны ланцуг», і шырока пашыранае рускае креж, криж, кряж, якое мае шмат значэнняў, але наагул азначае водападзел, узгорыстае ўзвышша, абрыў. Напрыклад, у гаворках Пскоўскай вобласці креж абазначае абрыў берага, криж, крыж — высокае места с абрывістым спускам, кряж — высокі бераг або сухое места, а ў Смаленскай креж — гэта «абрыў на дне возера», «яма». Пададзеныя вышэй значэнні сьведчаць пра супрацьпастаўленне ў адным тэрміне паняццяў низверх22.

Усталяваная мною мяжа Верху на тэрыторыі сённяшняй Беларусі даволі дакладна адпавядае паўднёвай мяжы Полацкага і Смаленскага княстваў. Сягаючы яшчэ глыбей, у дагістарычныя часы, можна сцвердзіць, што паўднёвая мяжа «Верху» на тэрыторыі сённяшняй Беларусі больш-менш адпавядае паўднёвай мяжы археалагічнай культуры Банцараўшчына—Тушэмлі, а яшчэ раней — паўднёвай мяжы культураў штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай.

Рэтраспектыўны метад даследавання гісторыі назвы «Белая Русь» дазваляе сцвердзіць, што гэтая назва, незважаючы на сваё чужое паходжанне, мае глыбокія карані. Яна — завяршэнне доўгага працэсу перадавання аднаго і таго самага паняцця «вярхоўі рэк, верх» у розных мовах: Гіпербарэі, Албанія, Крев, Верх, а пасля прыняцця жыхарамі гэтай краіны назвы Русь — Верхняя Русь, Alba Russia, Белая Русь. Такім чынам, назва Белая Русь — чыста геаграфічная і не мае нічога супольнага з палітычнай ці рэлігійнай сімволікай белага колеру. Тое самае можна сказаць пра спекуляцыі аб сакральным значэнні назвы Крэва23. Белая Русь — проста Верхняя, значыць Крыўская Русь.

15 Белы, А. Хроніка… C. 25—40, 82—83.

16 Иванов, В. Цветовая символика в географических названиях в свете данных типологии (к названию Белоруссии) // Імя тваё Белая Русь / Уклад Г. М. Сагановіч. Мінск, 1991. С. 121.

17 Lipoński, W. Narodziny cywilizacji Wysp Brytyjskich. Poznań, 2001. S. 88, 385, 391.

18 Татищев, В. Н. История Российская. Т. 1. Москва—Ленинград, 1962. С. 355.

19 Тамсама. С. 356.

20 Санько, С. Імёны бацькаўшчыны. Крыўя // Druvis. Almanach Centru Etnakasmalogiji. С.10.

21 Kosman, M. Historia Białorusi // Ossolineum. S. 32.

22 Мурзаев, Э. М. Словарь народных географических терминов. Москва, 1984. С. 301—302, 304, 307.

23 Пар.: Санько, С. Імёны... С. 7—17.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 11 (62) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/02/02