A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (62) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Кароткая прадмова да «Кароткага нарысу беларускага пытаньня»
Шырокаю тропай На досьвітку ХХ ст., калі беларуская ідэя, матэрыяльна ўвасобленая ў выглядзе кніжак Багушэвіча, вершаў Цёткі і нячастых нумароў «Нашай Нівы», яшчэ толькі пачынала зьбіраць па вёсках і мястэчках пяці заходніх губэрняў агромністай імпэрыі сваіх першых прыхільнікаў, бадай што ніхто не глядзеў на беларусаў іначай, як толькі праз прызму этнаграфіі. Для царскіх чыноўнікаў, як і для расейскіх ды польскіх навукоўцаў, беларус быў ня больш чым абарыгенам пэўнай тэрыторыі — працавітым, часьцей за ўсё непісьменным, абсалютна абыякавым да сваёй калісьці слаўнай мінуўшчыны «мужыком», які па меры ўсё больш шпаркага разьвіцьця капіталістычных адносінаў хутка мусіў непазьбежна растварыцца ў расейскім і польскім этнічным моры. Праз дваццаць гадоў сытуацыя была ўжо прынцыпова іншай. Беларусы, хоць і не дамагліся паўнавартаснай нацыянальнай дзяржаўнасьці, сталі, аднак, канкрэтнай палітычнай праблемай для тых краінаў, дзе яны змушаныя былі жыць пасьля ганебнага Рыскага міру 1921 г. Жылка трапна напісаў, што беларус «узышоў на мапу Эўропы». Як аказалася, узышоў дзеля таго, каб больш зь яе не сыходзіць. Палітычныя колы Польскай Рэспублікі, якая пасьля заканчэньня бурлівых ваенных падзеяў завалодала значнай часткай тэрыторыі, дзе беларусы здаўна складалі большасьць насельніцтва, натуральна, зусім ня мог радаваць той факт, што беларускае пытаньне набыло дастаткова значную ў параўнаньні з ранейшымі часамі вагу. Вядома, вастрыня беларускай праблемы не ішла для палякаў ні ў якое параўнаньне з вастрынёй праблемы ўкраінскай, асабліва на землях былога «аўстрыйскага забору», ва Ўсходняй Галіччыне. Але ўсё ж цалкам ігнараваць яе ўжо не выпадала. А гэта значыць — на барацьбу з «падрыўной дзейнасьцю» (а менавіта гэтак найчасьцей ацэньвалася любая праява беларускай нацыянальнай актыўнасьці нават у самай, здавалася б, бяскрыўднай сфэры) трэба было кінуць ня толькі брутальныя вайскова-паліцэйскія, але і інтэлектуальныя высілкі. Бо «ворага» для больш пасьпяховага зь ім змаганьня пажадана ўсебакова ведаць, па магчымасьці адсочваючы ўсе больш-менш значныя працэсы ў ягоных цэнтрах і лякальных асяродках. Матэрыяльным увасабленьнем імкненьня польскіх службаў бясьпекі розных узроўняў як мага глыбей зразумець фэномэн беларускага руху сталі вялікія стосы аналітычных матэрыялаў, зь якімі сёньня старанны дасьледчык мае магчымасьць знаёміцца ў польскіх, беларускіх ды літоўскіх архівах. Калі нават браць датычныя беларускага руху дакумэнты адно толькі польскай контравыведкі без прыцягненьня матэрыялаў іншых падобных структураў — то і тады яны ўражваюць. І ня толькі колькасьцю, але і разнастайнасьцю. Тут ёсьць і агульныя агляды гэтага руху, і шматлікія справаздачы ІІ (выведвальных) аддзелаў за пэўныя пэрыяды часу (гадавыя, паўгадавыя, квартальныя, месячныя, тыднёвыя і г. д.). Значны комплекс складаюць першасныя матэрыялы, на аснове якіх пасьля складаліся абагульняльныя дакумэнты (даклады і рапарты розных установаў і службовых асобаў, службовае і прыватнае ліставаньне і інш.). Акрамя таго, польскія службоўцы сачылі за беларускай пэрыёдыкай, скрупулёзна яе аналізавалі. Відаць, у нейкі момант адказныя супрацоўнікі галоўнай варшаўскай управы ІІ аддзелу Генэральнага штабу польскага войска і самі адчулі, што перастаюць належным чынам даваць сабе рады з гэтым папяровым морам. Тым больш што посьпехі ў барацьбе з «крэсовымі змоўцамі» зусім не былі проста прапарцыйнымі ў адносінах да колькасьці ствараных папераў. У лістападзе 1922 г. адбыліся першыя выбары ў польскі парлямэнт з удзелам беларусаў, падчас якіх апошнія, аб’яднаўшыся зь іншымі нацыянальнымі меншасьцямі краіны, нечакана правялі ў сойм і сэнат ажно (у тых умовах менавіта «ажно», а не «ўсяго толькі») 11 паслоў і 3 сэнатараў. Ды нават ня ў колькасьці праведзеных парлямэнтараў была справа (у сойме, які складаўся з 444 паслоў, і сэнаце з 111 сэнатараў яны былі б лёгка нэўтралізаваныя), а ў тым, што, як зь непрыхаванай трывогай адзначалі аналітыкі ІІ аддзелу, адбылося «завязаньне беларускай выбарчай сеткай шырокага і сталага кантакту з народнымі масамі — зьява, якая першы раз сустракаецца ў гісторыі адраджэнцкага беларускага руху: народ і палітызаваная інтэлігенцыя непасрэдна сутыкнуліся і пачалі ўзаемадзейнічаць паміж сабой». Разьвіваючы думку далей, тыя самыя аналітыкі рабілі выснову: «Распачалася новая эра ў разьвіцьці беларускай справы, эра, якую можна назваць дзяржаўнай, бо беларускі незалежніцкі рух здабыў шырокі грунт і адначасова з тым — значныя фінансавыя сродкі з ураду ўласнай дзяржавы (Савецкай Беларусі). Сфэдэраваны ж з роднасным па памкненьнях і структуры ірэдэнтысцкім украінскім рухам і абапіраючыся на памежныя дзяржавы, ён робіцца сур’ёзнай пагрозай для цяперашняга маёмаснага стану Польшчы на ўсходзе»1. |
Далейшая хада падзеяў таксама не дадавала польскім службоўцам аптымізму. Разьвіцьцё беларускага руху ў Польшчы не спынялася, і дынаміка гэтага працэсу трывожыла палякаў усё больш. Асабліва небясьпека стала адчувацца тады, калі бальшавіцкія ўлады ў суседнім СССР канчаткова наважыліся на правядзеньне беспрэцэдэнтнага экспэрымэнту ў сфэры нацыянальнай палітыкі. У БССР гэта знайшло адлюстраваньне ў пачатку ажыцьцяўленьня вельмі супярэчлівай, але ўсё ж такі не зусім «папяровай» палітыкі беларусізацыі. Сярод яе практычных мерапрыемстваў адным з найбольш гучных і вызначальных стала т. зв. «узбуйненьне» (а фактычна проста вяртаньне часткі раней адлучаных земляў) тэрыторыі БССР у сакавіку 1924 г. Для беларускіх дзеячоў у Польшчы, якія доўга вагаліся і не маглі канчаткова вызначыцца з палітычнай арыентацыяй, гэта стала сапраўдным «момантам ісьціны». Пасьля гэтага Менск у сьвядомасьці большасьці зь іх стаў успрымацца як своеасаблівы «беларускі П’емонт», а Польшча — як безумоўна варожая сіла, зь якой немагчыма дамовіцца, а застаецца толькі весьці бескампрамісную барацьбу. Хто тады мог думаць, што за гэтае самае антыпольскае (і адначасова прасавецкае) змаганьне многія заходнебеларускія дзеячы заплацяць уласным жыцьцём ня ў польскіх турмах і лягерах, але акурат у савецкіх. У той час такое разьвіцьцё падзеяў здавалася неверагодным, і перасьцярогі найбольш абачлівых адзінак (як, напрыклад, старшыні Рады БНР у эміграцыі Пятра Крачэўскага2) успрымаліся як малаверства, баязьлівасьць, а часам нават і як наўпроставая здрада нацыянальным ідэалам.
Прадстаўнікі польскіх спэцслужбаў уважліва сачылі за гэтымі працэсамі і, натуральна, думалі, як ім супрацьстаяць. Хутчэй за ўсё, канчаткова ідэя пра неабходнасьць нейкага ўнармаваньня дагэтуль расьцярушаных зьвестак пра працэс гістарычнага разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху высьпела ў галовах адказных супрацоўнікаў ІІ аддзелу Генэральнага штабу тады, калі ў сярэдзіне 20-х гг. беларускі рух у ІІ Рэчы Паспалітай выліўся ў нешта новае, чаго раней не было, што называлася Беларускай рабоча-сялянскай грамадой. Наўрад ці выпадкова тое, што хоць сам твор датаваны 31 студзеня 1928 г., падзеі ў ім апісваюцца толькі за час, які папярэднічаў студзеню 1927 г., калі польскія ўлады распачалі адкрытыя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадоўскага кіраўніцтва. |
1 Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2659. K. 287.
|
Аднак жа ёсьць дакумэнтальныя сьведчаньні, што задумы стварэньня падобнай працы ўзьнікалі ў кіраўніцтва ІІ аддзелу і раней. Так, у 1924 г. вядомы (далёка не заўсёды зь лепшага боку) беларускі дзяяч Рамуальд Зямкевіч жаліўся ў чарговым сваім рапарце ў гэтую ўстанову:
У мінулым 1923 годзе ў ІІ аддзеле Штабу маёр Чарноцкі3 прапанаваў ніжэй падпісанаму напісаць кніжку пра Беларусь, зьместам якой павінна была быць: гісторыя, літаратура, грамадзкі рух, палітычныя партыі і пэрспэктывы рэалізацыі нацыянальна-палітычных пастулятаў.
Мне абяцалася дастаўка савецкіх, літоўскіх і нямецкіх выданьняў і ўсемагчымая дапамога. Нічога з гэтага ня зроблена.
А такая кніжка, выдадзеная сакрэтна, у малой колькасьці паасобнікаў, у руках палітыкаў і міністраў магла б быць вялікай дапамогай для арыентацыі...
...Ніжэй падпісаны, як актыўны супрацоўнік гэтага руху з 1903 году, які ведае ўсіх дзеячаў асабіста, мае такія матэрыялы, якіх ня мае больш ніхто ў Варшаве
Неабходнасьць такога «дапаможніка для арыентацыі» была канчаткова ўсьвядомленая функцыянэрамі ІІ аддзелу толькі празь некалькі гадоў. І на гэты раз ня толькі ўсьвядомленая, але і рэалізаваная. Пры гэтым непазьбежна ўзьнікае лягічнае пытаньне: хто ж урэшце стаў аўтарам працы? У першую чаргу пры акрэсьленьні кола магчымых аўтараў прыгадваецца той самы Р. Зямкевіч. Ці не маглі яму праз чатыры гады паўтарыць прапанову аб напісаньні аналітычнай працы і на гэты раз ня проста прапанаваць, але і забясьпечыць умовы для выкананьня заданьня? Наўрад ці, і на гэта ёсьць важкая прычына. Да часу напісаньня нарысу Зямкевіч канчаткова вычарпаў свой і так ня вельмі вялікі крэдыт даверу ў вачах сваіх шэфаў з ІІ аддзелу. Пры гэтым апошнія ў 1926 г. падазравалі яго ня проста ў тым, што ён за грошы прадае ім не зусім згодную з праўдай інфармацыю, але нават у тым, што ён «па даручэньні Беларускага камітэту мэтанакіравана ўтрымлівае кантакт з органамі бясьпекі, каб з аднаго боку — арыентавацца, што гэтыя органы ведаюць ці хочуць ведаць пра беларускую акцыю, а з другога — хоча скіраваць органы бясьпекі на памылковы шлях, адхіліць непажаданых людзей, каб гэтым самым прыкрыць акцыю беларускіх падрыўных элемэнтаў»5. Наўрад ці чалавека з такім іміджам маглі дапусьціць да стварэньня сакрэтнага выданьня, якое пасьля мелася стаць крыніцай зьвестак фактычна для вызначэньня палітычнага курсу ў дачыненьні да беларусаў. Ды, зрэшты, дзеля таго, каб пераканацца, што да напісаньня «Кароткага нарысу...» Зямкевіч наўрад ці меў нейкае дачыненьне, дастаткова прачытаць некалькі невялікіх уводных разьдзелаў, прысьвечаных гістарычнаму шляху беларусаў са старажытных часоў да Першай усясьветнай вайны. Занадта шмат у гэтай частцы працы элемэнтарных факталягічных памылак, каб дапусьціць, што пісаў яе чалавек, які справядліва лічыцца выдатным знаўцам беларускай гісторыі і культуры, ды які, урэшце, і сапраўды браў удзел у беларускім руху ледзьве ня з самых ягоных вытокаў, маючы асабістыя знаёмствы з галоўнымі яго лідэрамі. Ці мог Зямкевіч, напрыклад, згадаць пры пераліку беларускіх дзеячоў-«нашаніўцаў» Якуба Коласа і Тараса Гушчу як двух розных дзеячаў? Ці аналягічна зрабіць з Властам і Вацлавам Ластоўскім? Ці пераблытаць Яўхіма Карскага з Браніславам Эпімахам-Шыпілам? Пытаньні хутчэй рытарычныя. Калі ж не Зямкевіч, то хто? Беластоцкі гісторык Алег Латышонак выказваў меркаваньне, што аўтарам «Кароткага нарысу...» зьяўляецца адзін зь вядучых спэцыялістаў па беларускім пытаньні сярод супрацоўнікаў ІІ аддзелу Станіслаў Блонскі-Ліс6. Аргумэнтацыя ягоная грунтуецца на тым, што ў некаторых сытуацыйных рапартах са стопрацэнтна ўстаноўленым аўтарствам С. Блонскага (напрыклад, рапарт аб атрадзе С. Балаховіча для ІІ аддзелу 3 арміі ад 30 жніўня 1920 г., рапарты аб стане беларускай справы ад 6 сьнежня 1920 і 3 сакавіка 1921 гг. і г. д.) можна заўважыць «падабенства стылю і ацэнак» з разгляданай працай. Да таго ж С. Блонскі зьяўляецца аўтарам іншай аналітычнай машынапіснай працы — «Балахоўцы», якая сёньня захоўваецца ў Бібліятэцы Нацыянальнага інстытуту імя Асаліньскіх ва Ўроцлаве і пра якую піша ўсё той самы Латышонак. Аднак латышонкава вэрсія пра аўтарства Блонскага цалкам адпадае пасьля ўважлівага азнаямленьня зь біяграфіяй апошняга. З гэтага азнаямленьня вынікае, што Станіслаў Блонскі працаваў у ІІ аддзеле Генэральнага штабу толькі да студзеня 1925 г., пасьля чаго перайшоў на звычайную вайсковую афіцэрскую службу і служыў у пэрыфэрыйных вайсковых акругах (нават не на тэрыторыі Заходняй Беларусі), аж пакуль у 1934 г. ня быў адпраўлены ў адстаўку праз кепскі стан здароўя. Да таго ж ягонае звальненьне з ІІ аддзелу было не добраахвотным, а вымушаным: загад аб вызваленьні яго ад пасады быў выдадзены шэфам ІІ аддзелу яшчэ 20 кастрычніка 1923 г., а пасьля на працягу больш чым году Блонскі быў вымушаны проста змагацца за тое, каб яму дазволілі застацца на вайсковай службе7. Дзеля ўсяго гэтага ягоны ўдзел у 1928 г. у напісаньні «Кароткага нарысу…» выглядае ня толькі сумнеўным, але ўвогуле немагчымым. Але нават калі б Блонскі і ў 1928 г. працягваў працаваць у ІІ аддзеле, па-ранейшаму займаючыся ў ім беларускімі справамі, то і тады падабенства стылю і ацэнак вырашальным аргумэнтам на карысьць ягонага аўтарства не было б. Калі параўноўваць зьмест «Нарысу» са зьместам сытуацыйных справаздачаў ІІ аддзелу за розныя прамежкі часу, часам можна заўважыць амаль што стопрацэнтнае супадзеньне асобных сказаў ці нават цэлых абзацаў. Дзеля гэтага можна зь вялікай доляй верагоднасьці прыпусьціць, што непасрэдны аўтар «Кароткага нарысу…» мог атрымаць ад свайго кіраўніцтва заданьне падрыхтаваць ня цалкам новую працу, але абагульненьне-кампіляцыю са шматлікіх ужо наяўных. Пераносячы ж у тэкст абагульненай працы цэлымі кавалкамі элемэнты прац ранейшых, аўтар, натуральна, гэтым самым пераносіў і ранейшы стыль, і ранейшыя ацэнкі. У такім выпадку ня так ужо і важна, хто канкрэтна рабіў, ня выключана, толькі чыста тэхнічную працу па зборы тэксту і ягоным кампанаваньні. Такіх асобаў магло быць і некалькі, і калі так, то цалкам лягічным і адпаведным рэчаіснасьці зьяўляецца акрэсьленьне на вокладцы «Кароткага нарысу…», што гэта «праца ІІ аддзелу Генэральнага штабу». Менавіта ІІ аддзелу ў цэлым, а ня нейкага аднаго канкрэтнага ягонага супрацоўніка. Другое цікавае і немалаважнае пытаньне — у колькі службовых сэйфаў гэтая праца мусіла трапіць пасьля яе падрыхтоўкі і выданьня, г. зн., які быў ейны наклад? Праўда, пра клясычны друкарскі наклад у нашым выпадку казаць не выпадае: праца друкам ніколі не выдавалася і існуе толькі ў машынапісе. Сам спосаб памнажэньня — яскравае сьведчаньне таго, што колькасьць паасобнікаў не была асабліва вялікай. Сёньня мы можам дакладна казаць пра пяць вядомых нам арыгінальных паасобнікаў, тры зь якіх захоўваюцца ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбэртаве (Польшча), а два — у Бібліятэцы Варшаўскага ўнівэрсытэту. Ёсьць таксама асабіста ня спраўджаная, але дастаткова верагодная інфармацыя пра наяўнасьць яшчэ аднаго фаліянту «Кароткага нарысу...» у літоўскіх архівах. Што ж тычыцца Беларусі, дык публікатарам пакуль не ўдалося выявіць на яе тэрыторыі ніводнага паасобніка, аднак гэта зусім ня сьведчыць, што ён тут нідзе не захоўваецца8. Кожны з паасобнікаў «Кароткага нарысу беларускага пытаньня» быў пранумараваны. Напрыклад, той, зь якога рабіўся пераклад, мае № 3. Так ці іначай, можна безь вялікай рызыкі памыліцца прыпусьціць, што ў самым лепшым выпадку ў свой час было выраблена ня больш за 1—2 дзясяткі паасобнікаў гэтай працы. Варта сказаць колькі словаў пра «Кароткі нарыс...» як пра гістарычную крыніцу і адначасова здабытак міжваеннай польскай гістарыяграфіі. Менавіта так ацэньвалі гэты твор польскія гісторыкі-беларусісты (нярэдка беларусы паводле паходжаньня), якія пачалі ўводзіць яго ў шырокі навуковы ўжытак дзесьці ў канцы 1980-х гг. Іхная ацэнка твора была ў цэлым станоўчая, хоць прысутнічала таксама разуменьне ягонага спэцыфічнага характару і неабходнасьць крытычнага стаўленьня. Алег Латышонак ужо ў самым пачатку сваёй кнігі, прысьвечанай гісторыі беларускіх вайсковых фармаваньняў, заўважаў:
Найбольш вартасная праца, прысьвечаная беларускай праблематыцы, якая ўзьнікла ў міжваенны пэрыяд — гэта «Кароткі нарыс беларускага пытаньня», які быў створаны ў ІІ аддзеле Генэральнага штабу польскага войска і прызначаны «толькі для службовага карыстаньня». Гэтая праца дае нам шмат цікавых фактаў, якія датычаць беларускага нацыянальнага руху»9.
Менавіта з «Кароткага нарысу беларускага пытаньня» пачынала пералік асноўных польскіх публікацыяў на беларускую тэматыку Алена Глагоўская10. Малгажата Мароз таксама пісала пра «каштоўную, але не пазбаўленую памылак працу ІІ аддзелу Генэральнага штабу польскага войска»11 . Зразумела, што гэтыя і іншыя навукоўцы ня толькі ў цэлым прыхільна згадвалі, але і актыўна спасылаліся на «Кароткі нарыс...», падавалі часам шырокія цытаты зь яго. Затое няпроста растлумачыць, чаму тады, калі без спасылак на «Кароткі нарыс...» не выходзіла практычна ніводная сур’ёзная навуковая праца на беларускую тэматыку ў Польшчы, у Беларусі гэтая крыніца доўгі час заставалася практычна не задзейнічанай пры дасьледаваньні айчыннай гісторыі. Проста ня ведаць пра яе існаваньне беларускія навукоўцы не маглі, бо шырока карысталіся пры напісаньні сваіх дасьледаваньняў працамі польскіх гісторыкаў. Тым ня менш, факт застаецца фактам: да нядаўняга часу непасрэдна «Кароткі нарыс...» беларускімі гісторыкамі амаль не выкарыстоўваўся. Не рабіліся таксама спробы ўвядзеньня яго ў шырокі навуковы ўжытак празь перавыданьне. Часткова гэтую сытуацыю можна патлумачыць агульнымі тэндэнцыямі разьвіцьця айчыннай гістарыяграфіі, пачынаючы з пачатку 1990-х гг. хуткі і для большасьці яе грамадзянаў неспадзяваны распад магутнай камуністычнай імпэрыі з адной «адзіна правільнай» ідэалёгіяй адкрыў новыя магчымасьці для раней фактычна забароненага вывучэньня гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Адкрыцьцё раней засакрэчаных частак дзяржаўных і партыйных архіваў, абмежаваны, але ўсё ж такі доступ да калісьці недасяжных архіваў савецкіх спэцслужбаў выклікалі відавочны ўздым беларускай гістарыяграфіі. У працу па выяўленьні, аналізе і друку дакумэнтаў уключыліся шматлікія гісторыкі, адныя моманты карэнным чынам пераглядаючы, а дасьледаваньне іншых наагул распачынаючы практычна з чыстага аркуша. Натуральна, што ва ўмовах такога багацьця і такой нераспрацаванасьці архіўных матэрыялаў нейкія нават бясспрэчна важныя і каштоўныя крыніцы, асабліва тыя, якія знаходзіліся за мяжой, маглі застацца на заднім пляне. Не пашанцавала менавіта «Кароткаму нарысу беларускага пытаньня». Падаецца, што немалое значэньне тут мае ў тым ліку і тое, што палітычная дзейнасьць беларусаў у Польшчы (а менавіта ёй прысьвечаная вельмі значная частка «Кароткага нарысу…») чамусьці выклікала ў нашых гісторыкаў куды меншую зацікаўленасьць, чым, напрыклад, спробы беларускага дзяржаўнага будаўніцтва ў 1918—1921 гг. ці грамадзка-палітычныя працэсы ў БССР у 1920—1930-х гг. Як бы там ні было, факт застаецца фактам: да нядаўняга часу «Кароткі нарыс...» выкарыстоўваўся беларускімі гісторыкамі толькі апасродкавана, праз працы гісторыкаў польскіх. І трэба прызнаць, што сёньня публікацыя ў Беларусі гэтага твора наўрад ці мае гэткае самае значэньне, якое яна магла б мець у пачатку 1990-х гг. Перавыдадзены ў той час, «Кароткі нарыс...» непазьбежна стаў бы ў першую чаргу крыніцай фактычных зьвестак пры напісаньні новых працаў па найноўшай гісторыі Беларусі (як гэта адбылося, напрыклад, з такімі неадназначнымі крыніцамі, як сьледчыя паказаньні Антона Луцкевіча і Браніслава Тарашкевіча12). Гэтае ягонае значэньне да канца ня страчанае і цяпер, бо многія з закранутых афіцэрамі ІІ аддзелу падзеяў да гэтай пары не дасьледаваліся ці дасьледаваліся павярхоўна. Але пры гэтым трэба ўлічваць, што ў апошнія пятнаццаць гадоў у Беларусі створаная даволі салідная гістарыяграфія беларускага нацыянальнага руху. Па гэтай тэматыцы пісаліся манаграфіі і артыкулы, абараняліся дысэртацыі, выдаваліся зборнікі дакумэнтаў зь беларускіх і замежных архіваў (сярод апошніх можна асабліва адзначыць грунтоўнае выданьне — «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі»13). Таму далёка ня ўся зьмешчаная на старонках «Кароткага нарысу...» фактычная інфармацыя сёньня будзе для беларускіх гісторыкаў адкрыцьцём. Тыя самыя веды, якія мы ўжо маем, дазваляюць нам зірнуць на гэтую крыніцу больш крытычна, супастаўляючы зьмешчаную ў ёй інфармацыю зь іншай, часта больш верагоднай. А вынікі гэтага супастаўленьня нярэдка сьведчаць пра тое, што крыніца сапраўды, кажучы словамі Малгажаты Мароз, «не пазбаўленая пэўных памылак».
|
2 Пятро Крачэўскі ў сваім эмацыйным лісьце, дасланым да паслоў Беларускага пасольскага клюбу 28 траўня 1924 г., у адказ на прапанову апошніх урачыста здаць мандаты ўраду БНР на карысьць ураду БССР, пісаў:
Вы хочаце нас, прысягаўшых на вернасьць народу і народапраўству, супраць гвалтаў палякаў і камуністаў, зрабіць служкамі саветаў, прадаўшы і чэсьць і інтарэсы народу за помпу, пасьля якой я ня ведаю, чым мы маглі б стацца, мусіць зьменатычнікамі, бо ў камуністы ні нас, ні Вас ня прымуць. А што станецца з Вамі і зь беларускім народам пад польскай акупацыяй, калі мы дамо ў польскія рукі галоўны аргумэнт абвінавачаньня беларускага руху, што мы сапраўды бальшавікі і носім у сабе тую заразу, якую праз Польшчу хочам перакінуць у Эўропу? Бо толькі гэтымі довадамі супроць нас, але і Вас, а беларускае сялянства вынішчаць дашчэнта, як гэтага хочацца ім даўно... Вас проста баламуцяць і больш нічога.
...Вы ведаеце, што у Б.С.С.Р. ад беларусаў у Саўнаркоме толькі два чалавекі, а рэшта палякі, жыды і расейцы. Ці ж гэта беларускі ўрад? Эканамічныя засабы ўсе ў руках чужых. Беларускіх школ менш, ніж чужых і г. д.
Ня думайце, што за беларусаў Масква пойдзе на разрыў Рыскай умовы з палякамі і Маскоўскай 12 ліпеня зь Літвінамі. Яны карыстаюцца намі як засабом, але ніколі, як мэтай. А ці ж ня пішуць яны у № 1 «Жизнь Национальностей», што аўтаномныя рэспублікі ўжо не патрэбны, досыць самаадзначэньня, прадстаўніцтва ў саюзе ўжо яны цяпер ня маюць — цэнтралізованы. Чаму ж заўтра гэтага ня могуць зрабіць і з так званым СССР з цэнтрам у Маскве? Гарантый ніякіх няма і голасу нават сваіх камуністаў з Менску мы ня чуем, апрача тых, хто мяняе вехі, але для іх усё роўна, бо яны будуць служыць хоць чорту, абы плацілі грошы. Як з пазыцыі сёньняшняга дня — дык надзіва прарочыя словы. Але ж няма, як вядома, прарокаў у сваёй айчыне. 3 Чарноцкі Віктар (1886—1925) — кіраўнік нацыянальнага сэктару ІІ аддзелу Генэральнага штабу. 4 CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2501. 5 Тамсама. 6 Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Biaіystok, 1995. S. 19. Блонскі-Ліс (Bloński-Lis) Станіслаў (1890—1939) — польскі вайсковец. З 1915 г. праводзіў дзейнасьць у межах Польскай вайсковай арганізацыі на Любліншчыне, зь лістапада 1918 г. у польскім войску, у 1920 г. быў кіраўніком сэкцыі дэфэнзывы Камандаваньня 7 Арміі. Зь ліпеня 1920 г. працаваў у штабе Галоўнага камандаваньня афіцэрам сувязі з фармаваньнямі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, у лістападзе 1920 — студзені 1921 гг. кіраўнік ІІ аддзелу балаховіцкай арміі. У студзені—жніўні 1921 г. рэфэрэнт «Крэсовага» аддзяленьня ІІ аддзелу Галоўнага камандаваньня, са жніўня 1921 да кастрычніка 1923 гг. рэфэрэнт нацыянальнага аддзяленьня ІІ аддзелу Генэральнага штабу. У 1925—1934 гг. служыў у розных пяхотных частках польскага войска. Падчас верасьнёўскай кампаніі 1939 г. браў удзел у абароне Любліна, загінуў у кастрычніку 1939 г. 7 CAW. Kolekcja Akt Personalnych. Sygn. I.481.B.8723. S. 1.
8 У 1956 г. у Маскоўскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце была абароненая кандыдацкая дысэртацыя В. П. Панамарэнкі «Каталіцкая царква Заходняй Беларусі — зброя каляніяльнай палітыкі буржуазна-
9 Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. S. 11—12.
10 Głogowska, H. Białoruś 1914—1929: kultura pod presją polityki. Białystok, 1996. S. 8.
11 Moroz, M. «Krynica»: ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. Białystok, 2001. S. 6.
|
Ці азначае гэта, што час «Кароткага нарысу...» прайшоў, а зьвесткі, якія ён утрымлівае, для беларускай гістарычнай навукі на сучасным этапе — другарадныя, састарэлыя, занадта ідэалягізаваныя і, як вынік — малакаштоўныя? Зусім не, бо «Кароткі нарыс...» важны для нас ня толькі як прадмет чыста гістарыяграфічнага ці крыніцазнаўчага аналізу. Нават зробленыя ў ім памылкі нельга ўспрымаць як звычайныя хібы гісторыка-дасьледчыка. Ня трэба забывацца, што «Кароткі нарыс...» — праца выключна для службовага выкарыстаньня, якая пасьля, можна меркаваць, знайшла практычны ўжытак пры выпрацоўцы плянаў дзеяньняў польскіх службаў бясьпекі ў дачыненьні да беларускага нацыянальнага руху. Прадугледжаны яшчэ перад пачаткам яго стварэньня непублічны характар твору дае падставу прыпусьціць, што ягоныя аўтары (ці аўтар) пры ягонай падрыхтоўцы прынамсі імкнуліся да праўдзівага адлюстраваньня рэальнай сытуацыі, бо ў адваротным выпадку яны ашуквалі б саміх сябе. Пра гэта ўскосна сьведчыць і тое, што «Кароткі нарыс...» — зусім не панэгірык афіцыйнай палітыцы польскага ўраду адносна беларусаў. На ягоных старонках пракідаюцца і вельмі крытычныя ў адносінах да гэтай палітыкі ацэнкі і высновы. І калі ў такой сытуацыі аўтары «Нарысу...» памылкі ўсё ж рабілі, то гэта ў значнай ступені было адбіткам агульных стэрэатыпаў мысьленьня тагачасных польскіх кіроўных колаў. Няздольнасьць пераадолець гэтыя стэрэатыпы стала адным з тых фактараў, якія сярод іншага перадвызначылі тое, што польска-беларускія адносіны ў ІІ Рэчы Паспалітай цяжка было назваць прыязнымі да самага заканчэньня існаваньня гэтай дзяржавы. Акрамя таго, дапушчаныя ў тэксьце факталягічныя недакладнасьці (асабліва ў дачыненьні да тых падзеяў, інфармацыя пра якія не публікавалася ў адкрытым друку) маглі быць вынікам сьвядомай і, як вынікае, цалкам пасьпяховай дэзынфармацыі ІІ аддзелу з боку зацікаўленых у гэтым дзяржаваў, палітычных і грамадзкіх арганізацыяў ці асобных людзей.
Такім чынам, сёньня «Кароткі нарыс…» можна разглядаць у трох аспэктах: 1. Як дагэтуль не напісаную беларускімі гісторыкамі абагульненую працу па гісторыі беларускага нацыянальнага руху. «Кароткі нарыс…» быў практычна першай настолькі маштабнай ягонай хронікай. 2. Як каштоўную, хоць пры гэтым неадназначную і супярэчлівую крыніцу па гісторыі беларускага руху. Так, тут пад адной вокладкай сабраныя праграмныя дакумэнты галоўных беларускіх партыяў (Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД), Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (БПСР) і інш.), шэраг іншых дакумэнтаў, у тым ліку такіх, якія да гэтага часу ня ўведзеныя ў шырокі навуковы ўжытак. 3. Як працу, дзе выкладзены спэцыфічны погляд супрацоўнікаў польскіх спэцслужбаў на гісторыю Беларусі ў цэлым і гісторыю беларускага нацыянальнага руху ў прыватнасьці. Асаблівую спэцыфіку і пікантнасьць «Кароткаму нарысу беларускага пытаньня» надае тое, што ягонаму стварэньню папярэднічала, можа, і ня вельмі доўгая ў катэгорыях часу, але надзвычай насычаная і цікавая гісторыя ўзаемных адносінаў беларускага нацыянальнага руху і польскай вайсковай выведкі — ІІ аддзелу Генэральнага штабу польскага войска. Гэтая старонка ў нашай гісторыі — даволі неадназначная і спрэчная, калі не сказаць — балючая. Відаць, менавіта дзеля гэтага яе да сёньняшняга дня, сьвядома ці несьвядома, але амаль не закраналі беларускія гісторыкі. Аўтарамі гэтай публікацыі зробленая спроба навуковага асэнсаваньня гэтай зьявы, практычным вынікам чаго стаў фактычна ўжо завершаны вялікі артыкул на гэтую тэму. Ягонае апублікаваньне — справа бліжэйшай будучыні. А пакуль варта коратка акрэсьліць тыя асноўныя прынцыпы, якімі кіраваліся аўтары пры падрыхтоўцы да друку публікацыі сёньняшняй. Тэкст «Кароткага нарысу беларускага пытаньня» падаецца цалкам, у перакладзе на беларускую мову. У тых выпадках, калі ў арыгінале працы па-польску цытуецца дакумэнт, першапачаткова напісаны па-беларуску, — у перакладзе ён прыводзіцца ў адпаведнасьці зь беларускім арыгіналам, адно што толькі ягоная артаграфія і пунктуацыя адаптаваныя да сучаснага беларускага клясычнага правапісу. Усе падобныя выпадкі разам з пазначэньнем першакрыніцы агаворваюцца ў камэнтарах. Калі беларускамоўнага арыгіналу аўтарам з той ці іншай прычыны выявіць не ўдалося — пераклад рабіўся з польскага тэксту, зьмешчанага ў «Кароткім нарысе…». У выпадку, калі дакумэнт першапачаткова пісаўся па-расейску — на беларускую мову ён перакладаўся з «Кароткага нарысу...», але пры наяўнасьці такой магчымасьці зьвяраўся з арыгіналам. У тэксьце «Кароткага нарысу...» згадваецца шмат прозьвішчаў беларускіх, польскіх, літоўскіх і іншых дзеячоў. Многія зь іх малавядомыя ці нават зусім невядомыя ня толькі для шырокага чытача, але нават і для адмыслоўцаў. Дзеля гэтага было прынятае рашэньне даць у камэнтарах пра такіх асобаў больш ці менш падрабязныя біяграфічныя даведкі. Пры гэтым асабліва трэба падкрэсьліць, што пэўныя факты жыцьця і дзейнасьці некаторых зь іх узноўленыя на аснове архіўных дакумэнтаў усё тых самых польскіх спэцслужбаў. Прыцягваліся да гэтага таксама іншыя даступныя аўтарам дакумэнты зь беларускіх, польскіх, літоўскіх і расейскіх архіваў, выдадзеныя дакумэнтальныя зборнікі, матэрыялы пэрыядычнага друку, айчынныя і замежныя энцыкляпэдычныя даведнікі. Пры гэтым у асобных выпадках маглі выкарыстоўвацца даволі неадназначныя, суб’ектыўныя і нават тэндэнцыйныя крыніцы, як, напрыклад, «Сьпіс удзельнікаў беларускага нацыяналістычнага руху (1917—1924 гг.), складзены па падабраных матэрыялах з архіву БНР», створаны савецкімі спэцслужбамі ў 1920-х гг.14. Аднак выпадкі, калі тая ці іншая крыніца зьвестак для камэнтатараў была адзінай і яна падавалася ім самім дастаткова сумнеўнай, адмыслова адзначаюцца. На агульнавядомых беларускіх дзеячоў, накшталт братоў Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча і іншых біяграфічныя даведкі не складаліся. Выключэньні рабіліся толькі ў тым выпадку, калі ў распараджэньні аўтараў меліся зьвесткі, якія значна пашыралі ці наагул аспрэчвалі інфармацыю, раней зьмешчаную ў агульнадаступных энцыкляпэдычных і даведкавых выданьнях. Асобы, пра якіх ніякіх дадатковых біяграфічных зьвестак аўтарам публікацыі высьветліць не ўдалося, пазначаюцца ў тэксьце зорачкай (*). |
12 Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подгот. к печати, введение и комментарии В. Н. Михнюка, Н. М. Климовича и А. Н. Гесь. Минск, 1997; Валахановіч, А. І.; Міхнюк, У. М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Мінск, 1999. 13 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 1—2. Вільня — Mенск — Нью-Йорк — Прага, 1998.
|
У камэнтарах пазначаюцца таксама некаторыя выяўленыя фактаграфічныя недакладнасьці і пры неабходнасьці падаецца дадатковая інфармацыя. Даюцца тлумачэньні некаторым спэцыфічным зьявам тагачаснага жыцьця ў Польшчы. Частка І «Гістарычнае разьвіцьцё Беларусі» камэнтавалася зусім мінімальна з увагі на тое, што самі яе складальнікі наўрад ці ставілі сабе задачу асьвятліць гэты аспэкт вельмі глыбока і дакладна. Для нас жа наагул значэньне мае не факталягічнае напаўненьне гэтай часткі (у факталёгіі там дапушчана надзвычай шмат нават элемэнтарных памылак), а тыя агульныя ўяўленьні, якія мелі польскія службоўцы пра паходжаньне і папярэдні гістарычны шлях таго народу, справамі якога ім воляю лёсу давялося на пэўным этапе займацца.
Усе дыяграмы, схемы і пляны, якія фігуруюць у тэксьце, перазьнятыя з арыгіналу. Апрача таго, публікатарамі быў дадаткова падабраны шэраг дадатковых ілюстрацыяў да тэксту, у большасьці сваёй малавядомых, а часам нават і ўнікальных. На заканчэньне застаецца назваць тых людзей, без ласкавага спрыяньня якіх падрыхтоўка «Кароткага нарысу…» да друку была б значна абцяжараная. У першую чаргу тут трэба згадаць прафэсара Варшаўскага ўнівэрсытэту, доктара габілітаванага Шымана Рудніцкага. Менавіта зь ягонай уласнай ксэракопіі аўтарамі цяперашняй публікацыі ў свой час была зьнятая яшчэ адна адбітка, зь якой пасьля рабіўся пераклад крыніцы на беларускую мову. У працэсе перакладу пасільную дапамогу аказваў гісторык Янка Лялевіч з Горадні. Пры падрыхтоўцы камэнтароў і падборы ілюстрацыяў былі скарыстаныя матэрыялы, кансультацыйныя парады, перакладчыцкія і пасярэдніцкія паслугі гісторыкаў Уладзімера Ляхоўскага, Алега Гардзіенкі зь Менску, Юрася Грыбоўскага з Варшавы, этноляга-літуаніста Юрася Ўнуковіча зь Менску, доктара палітычных навук Гулбата Рцхіладзэ з Тбілісі (Грузія). Усім гэтым людзям — шчырая падзяка ад аўтараў публікацыі.
Алесь Пашкевіч, Андрэй Вашкевіч, Андрэй Чарнякевіч.
|
14 НА РБ. Ф. 4. Воп. 21. Спр. 31. А. 3—60. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (62) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |