A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (62) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Анатоль Сідарэвіч | ||||
Анатоль Сідарэвіч
«Гитлер ранен и бежал» Беларуская штодзённасьць пачатку апошняй вайны Беларусь в первые месяцы Великой Отчественной войны (22 июня — август 1941 г.): документы и материалы. — Минск: НАРБ, 1996. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь у супрацы з Камітэтам па архівах і справаводзтве пры ўрадзе Беларусі, Беларускім дзяржаўным музэем Вялікай Айчыннай вайны, Фэдэральнай архіўнай агенцыяй Расеі і Дзяржаўным архівам Расейскай Фэдэрацыі выдалі ёмісты том дакумэнтаў і матэрыялаў, датычных самага пачатковага пэрыяду нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гг. Я наўмысна не называю вайну Вялікай Айчыннай і таму, што мой народ ня быў у СССР паноўным, і таму, што мой народ і Беларусь у вялікай палітычнай гульні, якую ад сакавіка 1939 г. вялі Сталін і Гітлер, былі адно аб’ектамі і ахвярамі. Не называю я гэтую вайну Вялікай Айчыннай і таму, што яе афіцыйная назва ёсьць плягіятам1: Вялікаю Айчыннаю вайною за царызмам спрабавалі назваць тую вайну, якую наш народ празваў Мікалаеўскаю (у Эўропе яе доўга называлі Вялікаю вайною, пакуль не прышпілілася назва Першае ўсясьветнае). Не называю я гэтую вайну Вялікай Айчыннай і таму, што яшчэ не дасьледавана пытаньне пра тое, якую ролю ў антынямецкай «пасіянарызацыі» насельніцтва адыгралі закінутыя на тэрыторыю Беларусі аддзелы НКВД, якія правакавалі акупантаў на падпалы вёсак і масавыя зьнішчэньні мірнага насельніцтва. Ва ўсякім разе міт пра ўсенародную барацьбу зь нямецкімі захопнікамі нараджаўся на нашых вачох — у машэраўскі пэрыяд2. Мы былі сьведкамі таго, як — быццам на дражджах — расла лічба партызанаў і падпольшчыкаў у афіцыйных матэрыялах, як дзядзькі і цёткі — на зьдзіўленьне земляком — атрымлівалі партызанскія даведкі за тое, што хаваліся ў лесе або прымалі партызанаў у сваіх хатах і частавалі іх самагонкай3. Яшчэ трэба суаднесьці статыстыку панамарэнкаўска-цанаўскага і машэраўскага пэрыядаў і супаставіць, колькі беларусаў было ў партызанах і падпольлі, а колькі — у дапаможнай паліцыі, Беларускай Самаахове, Беларускай Краёвай Абароне, Люфтвафэ, чыгуначных батальёнах і г. д. Я магу толькі ўявіць, зь якімі цяжкасьцямі сутыкнуліся нашыя архівісты, калі пачалі ўкладаньне зборніка «Беларусь в первые месяцы Великой Отчественной войны...». З аднаго боку — прынцып навуковасьці, у тым ліку аб’ектыўнасьці, з другога — вымогі ідэалягічнага парадку, бо на афіцыйным узроўні ў нас па-ранейшаму калі не сталінісцкі, дык нэасталінісцкі, але ніякім чынам не нацыянальны, падыход да пытаньняў нямецка-савецкай вайны. Можна толькі здагадвацца, колькі дакумэнтаў і матэрыялаў дзеля ідэалягічных вымогаў засталося па-за кнігаю. Мяне, напрыклад, цікавіць: хто і калі даў загад спаліць Слуцак? Што цэнтар гэтага гораду наўмысна быў спалены чырвонаармейцамі, я ведаў у свае шаснаццаць, але мне дагэтуль невядома, хто канкрэтна аддаў загад чырвонаармейцам. Недзе ж павінен быць нейкі дакумэнцік... І ўсё ж апублікаваныя ў кнізе дакумэнты і матэрыялы даюць гісторыку магчымасьць зрабіць сякія-такія высновы. Першая выснова: Савецкі Саюз не рыхтаваўся да айчыннай, г. зн. абарончай, вайны. Да якой вайны ён рыхтаваўся, вельмі добра паказвае стэнаграма XVIII зьезду УсеКП(б). На гэтым зьезьдзе знакаміты паліткамісар Леў Мехліс адну з галоўных задачаў савецкай палітыкі сфармуляваў словамі «павялічыць лік савецкіх рэспублік»4. І ніхто Мехліса не абверг, пад трыбунал не аддаў. Наадварот: наркам абароны СССР Клімент Варашылаў у сваім грунтоўным выступленьні паказаў, што ў СССР з году ў год нарошчвалася вытворчасьць наступальных зброі і ўзбраеньняў і што ў агульнай структуры доля абарончых зброі і ўзбраеньняў з году ў год падала. А пра тое, што Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія будзе ваяваць на тэрыторыі ворага, ведаў кожны пацан. Таму й ня дзіўна, што ў Беластоку, як паказваюць матэрыялы і дакумэнты, сабраныя ў кнізе «Беларусь в первые месяцы...», 22 чэрвеня 1941 г. не было дзе хавацца ад бомбаў, што ў Беластоцкага абкаму КП(б)Б не было на ўсялякі выпадак рацыі для сувязі зь Менскам, што паміж Беластокам і Менскам не было нават падземнага кабэлю тэлефоннай сувязі (с. 110). І ня трэба было б папракаць камандаваньне 4-й арміі, што яно «оказалось неподготовленным организовать и руководить военными действиями», г. зн. арганізаваць абарону на берасьцейскім адцінку фронту (с. 89). Ня дзіўна і тое, што, калі 24 чэрвеня немцы пачалі інтэнсіўна бамбаваць Менск, «некому было защищать белорусскую столицу» (с. 304): рыхтуючыся да «вызваленчага паходу» на Захад, сталінскае кіраўніцтва ня дбала пра супрацьпаветраную абарону гэтага немаленькага прамысловага цэнтру і транспартнага вузла. Калі ўдарыў гром, тады і ўспомнілі, што ў Менску не закончанае абсталяваньне сутарэньняў пад сховішчы ад бомбаў і газаў (с. 10), а гэтае абсталяваньне пачалося, калі я не памыляюся, яшчэ да «вызваленчага паходу» Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Зь іншых крыніцаў мы ведаем, што перад самай вайною была выбрана ўся зброя са схованак, якія рабіліся на выпадак нападу «панскае Польшчы» і неабходнасьці весьці партызанскую вайну. А яшчэ мы ведаем, што цалкам раззброеная была лінія абарончых умацаваньняў на былой савецка-польскай мяжы. Гісторыкам новае даты трэба будзе знайсьці і апублікаваць датычныя ўсяго гэтага дакумэнты: трэба ж нам ведаць, хто даваў загад пакінуць Беларусь і яе сталіцу цалкам безабароннымі. Іншы раз складваецца ўражаньне, што менская ўлада (ЦК КП(б)Б і Савет Народных Камісараў БССР) сапраўды не разумела маштабаў падзеяў, што дзеецца насамрэч, якая сіла і бяда рухаецца на Беларусь. Дастаткова пачытаць пратаколы паседжаньняў Бюро ЦК КП(б)Б за 22—24 чэрвеня 1941 г., апублікаваныя архівістамі, каб пераканацца ў гэтым. Немцы бяруць у абцугі тры савецкія арміі, ствараюць велізарны «беластоцкі кацёл»5, абцугі павінны сашчапіцца ў Менску, а тым часам кіраўнікі БССР даюць каманду скончыць абсталяваньне сховішчаў ад бомбаў і газаў, спыніць далейшы рух на ўсход людзей, што ўцякаюць з Заходняе Беларусі, уладкоўваць іх на працу. Заводам і фабрыкам даводзяцца пляны на вытворчасьць элемэнтаў боепрыпасаў. Нават зацьвярджаюцца формы і тэрміны справаздачнасьці. 24 чэрвеня з 9 гадзін раніцы бамбардуюць безабаронны Менск (як сьведчыць Янка Маўр, «наши зенитки немного постреливают, но стычки в воздухе ни одной»), а ЦК загадвае неадкладна аднавіць брук дзеля забесьпячэньня руху транспарту, наладзіць работу ГЭС і ліквідаваць пашкоджаньні водаправоду. |
публіцыст, гісторык літаратуры. Аўтарская назва тэксту — «Для гісторыкаў новае даты, або Як яны ўцякалі». 1 Плягіятам была нават знакамітая песьня «Вставай, страна огромная...», у якой радок С тевтонской силой темною быў памяняны на С фашистской силой темною. 2 Мы былі таксама сьведкамі адраджэньня міту пра «кожнага чацьвертага». Пра тое, калі і як гэты міт нарадзіўся, якую эвалюцыю зьведаў, гл.: Туронак, Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 678—683. 3 Мяне самога адна такая «партызанка» ўгаворвала пагаманіць з таварышам Н., каб той напісаў ёй даведку, быццам яна была сувязною. Але жанчынка прыпазьнілася: Пётар Машэраў загінуў, Ціхан Кісялёў памёр, і масавую выдачу даведак спынілі. 4 XVIII съезд Всесоюзной коммунистической партии (б): 10—21 марта 1939 г.: Стенографический отчет. Москва, 1939. С. 273.
|
Сувязь паміж Менскам і абласнымі Беластокам і Берасьцем была страчаная ад самага пачатку вайны (с. 10). Беласток і Берасьце, у свой чарод, страцілі сувязь з раённымі цэнтрамі (с. 101). Ня ладзілася сувязь паміж абкамамі6 і раённымі цэнтрамі, паміж абкамамі і камандаваньнем 3-й, 4-й і 10-й армій (с. 99, 111, 295). Зразумела, што ў такой сытуацыі не магло быць і размовы пра арганізаваны адпор агрэсару або пра арганізаваны адыход (абарончага пляну і пляну адступленьня ў РСЧА, наколькі мне вядома, наагул не было).
Пры адсутнасьці сувязі і кіраваньня ў органах улады і сілавых структурах пачаліся бязладзьдзе і паніка. Пры гэтым пад увагу трэба браць і чыньнік страху. «Вучаная» тэрорам 1936—1939 гг. партыйна-камсамольская намэнклятура абласнога і нізавога ўзроўню не рызыкавала прымаць самастойныя важныя рашэньні без дырэктывы цэнтру. Па-другое, усе кіроўныя кадры ў Заходняй Беларусі былі ў лепшым разе з усходу БССР. Былыя сябры зьняслаўленай КПЗБ займалі (калі наагул займалі) самыя нізавыя пасады ў адміністрацыі. Бальшавікі пачуваліся ў Заходняй Беларусі, як у чужой краіне. Ня маючы апоры ў масах, яны лічылі за лепшае чым хутчэй уцячы з гэтай стараны. Па-трэцяе, ва ўсходняй частцы Беларусі, дзе прайшло некалькі хваляў тэрору, вельмі жывыя былі ўспаміны пра жахі калектывізацыі і масавых хапуноў. Бальшавікі скураю адчувалі, што ім пагражае калі не грамадзянская вайна, дык крывавая помста. Бязладзьдзе і паніка набывалі розныя формы: нават празь месяц пасьля пачатку вайны (25 ліпеня) сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Аўхімовіч ня ведаў, дзе знаходзяцца дзясяткі першых сакратароў райкамаў і старшыняў райвыканкамаў (с. 59). У Кобрыне пасьля бамбаваньня немцамі штабу 4-й арміі асобныя яго часткі страцілі сувязь між сабою, а месца знаходжаньня камандуючага нікому не было вядома; у Пінску самі чырвоныя падарвалі артылерыйскія склады і нафтабазы, а абкам і начальнік гарнізону ўцяклі ў Лунінец (с. 93); у Берасьці абкамаўскі апарат пакінуў горад праз тры гадзіны пасьля нападу немцаў, не папярэдзіўшы пра гэта шараговых камуністаў (с. 99—100). Кіраўнік Казлоўшчынскага аддзяленьня Дзяржбанку (відаць, не навучаны тонкасьцям стылю) так і пісаў: 24 чэрвеня «удирающие из Слонима» сказалі яму, што ў горад увайшлі немцы. Ён жа паведамляў, што старшыня аднаго зь сельсаветаў «чуть удрал» ад немцаў (с. 256). Больш арганізаваны быў адыход камуністаў з «тылавых» гарадоў — напрыклад, зь Нясьвіжу ды Вялейкі. Зь Нясьвіжу ўцяклі ўсе камуністы (с. 117). Зь Вялейкі ўцёк апарат абкаму, аблвыканкаму, гаркаму і гарвыканкаму, упраўленьняў НКГБ і НКВД (с. 103—104). (Пра шараговых камуністаў сакратар абкаму Іван Клімаў начальству не дакладваў.) Бабруйск, як сьведчыць Мікалай Красоўскі (с. 318), улады «бросили на произвол судьбы». Праўда, ня ўсё ладзілася і ў «тылавых» гарадах. 13 ліпеня сакратара ЦК Іосіфа Рыжыкава накіроўвалі «для розыска Витебского обкома КП(б)Б и организации с ним связи» (с. 38). А гомельскія партыйцы гэтак захапіліся спальваньнем папераў, што, як згадваў М. Аўхімовіч, «только чудом... смылись, потому что немец был уже на станции, уже перерезали мост» (с. 281). І яшчэ такая дэталь. Іван Клімаў адмыслова адзначаў, што пры эвакуцыі «наибольшую неорганизованность проявили УНКВД и УНКГБ». На гэтыя ведамствы наракалі і сакратары Нясьвіскага РК КП(б)Б, бо з гэтага раёну слаўныя чэкісты і міліцыянты ўцяклі раней за ўсіх (с. 118). Уцякаць бальшавікоў, у першую чаргу чэкістаў і энкавэдзістаў (да 20 ліпеня 1941 году гэта былі розныя ведамствы), змушала варожасьць да іх мясцовага насельніцтва, асабліва палякаў. Намесьнік наркама ўнутраных спраў БССР, аналізуючы зьвесткі, якія меў, рабіў выснову:«В западных областях Белоруссии немцам симпатизуруют кулаки и репрессированные советской властью. Причем, со стороны польского населения симпатия к немецким властям замечается больше». Але і ва Ўсходняй Беларусі сяляне казалі: «Мы давно ожидаем немцев, и они наконец пришли» (с. 160). І таму ня дзіва, што недзе дзяўчаты-полькі падносілі кветкі нямецкім матацыклістам (с. 95), што сяляне ў Жабчыцкім раёне частавалі жаўнераў Вэрмахту гарэлкаю і лавілі савецкіх вайскоўцаў-уцекачоў (с. 95). І вельмі зразумела, чаму ў Нясьвіжы 25—29 чэрвеня невядомыя штодзённа стралялі ў чырвонаармейцаў і партыйна-савецкіх работнікаў (с. 117). Стралялі таксама ў Горадні (с. 119), у Гарадзенскім і ў Сапоцкінскім раёнах (с. 131). Грамадзянская вайна (калі хочаце — вэндэта) пачыналася... І, уцякаючы, бальшавікі не забывалі пра сваіх яўных і ўяўных ворагаў. Ужо 23 чэрвеня Бюро ЦК КП(б)Б прадпісвала наркамам дзяржбясьпекі і ўнутраных спраў выканаць прысуды «в отношении осужденных к ВМН7, содержащихся в тюрьмах западных областей БССР» (с. 12). З кнігі нельга даведацца, які лёс напаткаў палітзэкаў у Берасьці8 і ў Беластоку, а вось у Горадні першы сакратар абкаму Іван Пазьнякоў і без дырэктывы ЦК а 14-й гадзіне 22 чэрвеня даў загад начальніку ўпраўленьня НКГБ «всех контрреволюционных элементов, находящихся в тюрьме, расстрелять» (с. 119). Як вынікае з дакладной нататкі І. Пазьнякова, да таго часу гарадзенскія вязьні ўжо вырваліся з камэраў, ахова з будынку ўцякла і абстрэльвала вязьніцу звонку. І ўсё ж пад агнём зэкі «прорвались в город». Затое з «тылавой» Вялейкі «тюрьма была эвакуирована». Што хаваецца за гэтым «эвакуирована», мы добра ведаем. Наагул, гэты сюжэт — лёс зьняволеных перад вайной жыхароў БССР — яшчэ трэба будзе вывучаць гісторыкам новае даты. |
5 Пра гэты «кацёл» маўчаць усе кнігі з гісторыі Беларусі, і толькі Аляксандар Салжаніцын мімаходзь згадвае яго ў сваім «Архіпэлягу». А між тым нямецкія «катлы» для частак РСЧА ў 1941 г. сталі правобразам «катлоў», якія камандаваньне РСЧА ў 1943—1945 гг. ладзіла часткам Вэрмахту. Што называецца, навучыліся ваяваць. 6 Кідаецца ў вочы, што ў кнізе практычна адсутнічаюць згадкі пра выканаўчыя камітэты абласных і раённых Саветаў дэпутатаў працоўных, якія — паводле сталінскай канстытуцыі — нібыта й былі надзелены адміністрацыйнымі правамі.
|
Не забываліся бальшавікі і пра непасаджаных у турмы і ня зьнішчаных дарэшты «нацдэмаў», якія пачалі адыгрываць немалаважную ролю ў мясцовым самакіраваньні на акупаванай немцамі тэрыторыі. 4 жніўня НКВД БССР выдаў адмысловае ўказаньне пра «ўзмацненьне барацьбы зь беларускімі нацыяналістамі». У прыватнасьці, прадпісвалася наладзіць улік усіх «белнацдэмаў» на неакупанавай тэрыторыі, абставіць іх кваліфікаванай агентурай, актывізаваць іх распрацоўку і — «при проявлении с их стороны антисоветской деятельности» — арыштоўваць і аддаваць пад суд.
Асобны сюжэт — так званая ўсенародная барацьба з фашысцкімі захопнікамі і разгортваньне падпольнай дзейнасьці і партызанскай вайны на акупаванай тэрыторыі асабліва. Ужо той факт, што адпаведныя дырэктывы (і маскоўская, і менскія) былі выдадзены толькі 29 чэрвеня — 1 ліпеня, сьведчыць, што СССР не рыхтаваўся да абарончае вайны. У нашу задачу не ўваходзіць аналіз гэтых дырэктываў. Агульная характарыстыка: Сталін і яго партыя заклікалі народ весьці вайну азіяцкімі мэтадамі. Зьнішчэньне матэрыяльных дабротаў, пра што ёсьць нямала інфармацыі ў разгляданай кнізе, у тым ліку нават нясьпелай збажыны, несла шкоду ня так акупантам, як акупаваным. Пры транспартных сродках таго часу азіяцкая тактыка не магла прынесьці ваеннага эфэкту. Але спынімся больш на пытаньні, як выконваліся дырэктывы падпольнай дзейнасьці і партызанскай вайны. Сьпярша адзначым: апублікаваныя ў кнізе «Беларусь в первые месяцы Великой Отечественной войны...» дакумэнты і матэрыялы даюць падставы сьцьвярджаць, што многія савецкія людзі былі радыя адкруціцца ад службы ў РСЧА. Памятаю, як апавядалі дзядзькі з падслуцкіх вёсак: «Ідом на прызыў, бачым, што Слуцак гарыць, значыць, ваенкамату не да нас, павярнуліся — і дамоў». З поўдня тае ж Случчыны агент НКГБ «Нянькін» паведамляў на пачатку вайны: «Нужно отметить, что некоторые военнобязанные от мобилизации скрываются в лесах, дезертируют» (с. 128). Або й такое адзін энкавэдыст пісаў: «Проходя по деревне в Белоруссии, во всех деревнях мужчины призывного возраста дома» (с. 174). У Палескай вобласьці паводле стану на 8 ліпеня органы НКВД аддалі пад суд 38 дэзэртэраў (с. 177). А колькі іх хавалася ў лясох і балотах да прыходу немцаў? Адны пазьбягалі мабілізацыі, а іншыя, ужо мабілізаваныя, уцякалі з войска, і супрацоўнік апарату ЦК КП(б)Б паведамляў, што «часть... бойцов возращается с оружием и продает оружие по деревням, а также распространяет слухи о потерях больших военных соединений» (с. 184). Уцякалі ня толькі «нясьведамыя» — уцякалі і камуністы, як у Рагачове (с. 200). Ці вывучаныя нашымі гісторыкамі маштабы дэзэртэрства на пачатку вайны? Зрэшты, гэтае тэмы ня любяць і гісторыкі іншых краінаў (напрыклад, Польшчы)9. |
7 ВМН — высшая мера наказания. Словы пра ВМН у дырэктыве — камуфляж. Насамрэч бальшавікі стралялі ўсіх палітычных. 8 У берасьцейскай турме сядзеў у той час ужо асуджаны ксёндз Казімер Сьвёнтак, цяперашні кардынал. Трэба было б запісаць ягоныя ўспаміны пра першыя дні вайны.
|
Нагадаю, што дырэктывы ЦК КП(б)Б аб падпольнай барацьбе былі прынятыя 30 чэрвеня і 1 ліпеня. А ўжо 2 ліпеня Панцеляймон Панамарэнка рапартаваў Сталіну, што на акупаваныя тэрыторыі адпраўлена 1500 чалавек, аб’яднаных у 50 аддзелаў (с. 52). Відавочна, што першы сакратар ЦК КП(б)Б гнаў генэральнаму сакратару УсеКП(б) звычайную савецкую туфту10. Што гэта так, мы можам пераканацца, калі пачытаем дзёньнік працы ЦК КП(б)Б. З гэтага дакумэнту даведваемся, што паводле стану на 6 ліпеня былі створаны першыя 29 партызанскіх аддзелаў лікам 460 чалавек (с. 36). Ёсьць у тым дзёньніку і статыстыка, датаваная 19-м жніўня. Зь яе вынікае, што ў тыл было накіравана 318 групаў і аддзелаў з удзелам у іх 12 795 чалавек (с. 45). Акрамя таго, пэўныя лічбы прыводзяцца і ў даведцы М. Аўхімовіча. Ён паведамляў, што ўсяго паводле стану на 25 ліпеня ў акупаваныя і прыфрантавыя раёны накіравана 118 аддзелаў і групаў, у якіх налічвалася 2644 чалавекі (с. 59). Атрымліваюцца нейкія дзіўныя прапорцыі: паводле стану на 6 ліпеня партыя сабрала 460 чалавек (76 чалавек за кожны дзень ад часу маскоўскай дырэктывы), за наступныя 19 дзён было мабілізавана яшчэ 2180 чалавек (114 за дзень), а яшчэ праз 24 дні ўдалося набраць цэлую дывізію — 10 151 бальшавіка, у тым ліку чэкіста і энкавэдыста (422 за адзін дзень). Гэтыя лічбы, нагадаю, пісаліся тады, калі ЦК ЦК(б)Б і Савет Народных Камісараў БССР кідаліся ў пошуках прыстанішча з гораду ў горад, калі адсутнічала надзейная сувязь, калі немцы ішлі на ўсход, а І. Рыжыкаў шукаў Віцебскі абкам... Па-мойму, лічбы, пададзеныя П. Панамарэнкам, і лічбы ў дзёньніку працы ЦК КП(б)Б, а таксама ў даведцы М. Аўхімовіча не заслугоўваюць даверу.
Як складваліся справы ў пакінутых у нямецкім тыле ці адпраўленых у тыл партыйцаў, вельмі яскрава сьведчыць дакладная нататка І. Клімава, які ўзяў да кіраўніцтва дырэктывы ЦК КП(б)Б. 29 ліпеня 1941 г. Клімаў пісаў (с. 103—108), што Вялейскі абкам сфармаваў 10 групаў для працы ў тыле. Аб трох групах абкам зьвестак ня меў; пра чацьвёртую не пісаў нічога; пра пятую: «Обкому неизвестно, куда они направлены, ибо ее направлял ЦК КП(б)Б». Шостая група (Пастаўская) вярнулася назад, бо энкавэдыст, які быў у яе складзе, казаў удзельнікам групы, што сакратары райкама «привели их на верную смерть». Астатнія чатыры групы былі расьсеяныя пры пераходзе лініі фронту. У падпольлі, пісаў сакратар Вялейскага абкаму, засталіся адзінкі. І гэта зразумела: бальшавікам нельга было заставацца ў «сваіх» раёнах, дзе яны шкодзілі народу. Так, напрыклад, зрабіў сакратар Відзаўскага райкаму Адам Таміла: ісьці ў «свой» раён ён адмовіўся11. |
9 Яшчэ адзін сюжэт, якога ня любяць нашы гісторыкі — жыдоўскія пагромы ў Заходняй Беларусі на пачатку вайны. У кнізе «Беларусь в первые месяцы Великой Отечественной войны» маецца толькі паведамленьне пра пагром у мястэчку Гарадзішча Пінскага раёну (с. 97).
10 Нельга бязь сьмеху чытаць, як Панамарэнка, каб патрапіць Сталіну пад густ, пісаў пра зьнішчэньне нямецкіх танкаў. Ён паведамляў свайму шэфу, што «бутылки бензина или еще лучше самовоспламе
|
Ня лепш складваліся справы і з агентурнай працай у нямецкім тыле12. Так, супрацоўнік НКВД БССР Машканаў рапартаваў начальству, што з рэзыдэнтаў, пакінутых у Віцебску, нікога не сустрэў, затое сам трапіў у рукі да немцаў (с. 168—169).
Дзіўная анямеласьць КП(б)Б перш за ўсё тлумачыцца тым, што яна была цалкам скаваная воляю Масквы, а «правадыр усіх народаў» здолеў выступіць са зваротам да сваіх падданых толькі 3 ліпеня. Гэтую крывадушную (чаго вартае было адно толькі «браты і сёстры») і хлусьлівую (пра нібыта раптоўны і нечаканы напад Нямеччыны) прамову палавіна Беларусі ўжо ня чула. На не акупаванай немцамі тэрыторыі гэты зварот ня чулі вёскі, да якіх не дайшло правадное радыё і дзе радыёпрымач быў прадметам раскошы. У такіх умовах дзейснаю магла быць толькі друкаваная прапаганда. Але Менск ужо акупаваны, ЦК КП(б)Б кідаецца з гораду ў горад у пошуках прыстанку, надзейнай сувязі зь Віцебскам, Магілёвам і Гомелем, дзе меліся больш-менш прыстойныя друкарні, не было, авіяцыя, якая магла б раскідваць улёткі, бадай, зьнішчаная. І вось піша Саламон Ёфэ: «За 20 дней моего пребывания на оккупированной части Белоруссии я не нашел ни одной нашей листовки, воззвания» (с. 98). Пазьней пра тое ж П. Панамарэнку дакладвае НКВД: «Среди оставленных на оккупированной территории советских граждан наша агитация отсутствует» (с. 149). Ці я памыляюся, ці гэта і сапраўды не было ніякага звароту ЦК КП(б)Б і СНК БССР да нашага народу? З дакумэнтаў, апублікаваных у кнізе, вынікае, што толькі ЦК камсамолу адважыўся 30 чэрвеня (за тры дні да радыёпрамовы Сталіна!) зьвярнуцца да камсамольцаў і моладзі Савецкай Беларусі. Ва ўсякім разе ЦК КП(б) такі зварот зацьвердзіў (с. 35). На пачатку вайны бальшавікам прыдаліся імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа. 24 ліпеня тыя выдалі ўлётку зь вершам Коласа «Фашысцкім бандытам», а 25 ліпеня надрукавалі зварот Купалы і Коласа да беларускага народу (на дзень раней ён зьявіўся ў «Звяздзе»). Недабітая беларуская літаратура спатрэбілася бальшавікам і каб наладзіць у ліпені выпуск агітплякату «Раздавім фашысцкую гадзіну!». Тым часам у краіне дзейнічае адмыслова наладжаная цэнзура. Ліставаньне цывільных і чырвонаармейцаў кантралююць ня толькі вайсковыя цэнзары, але й палітычныя. Уладальнікі кнігі «Беларусь в первые месяцы...» зьмясьцілі пяць спэцзводак, складзеных НКГБ, а потым НКВД (20 ліпеня 1941 г. наркамат дзяржбясьпекі зноў быў улучаны ў наркамат унутраных спраў у якасьці галоўнага ўпраўленьня). З гледзішча гэбістаў, нават інфармацыя пра інтэнсіўнае нямецкае бамбаваньне Гомелю была ў лістох грамадзянаў непажаданая. Зводкі паказваюць, што ў СССР была ня толькі дасканалая сыстэма цэнзуры. Ужо выпрацавалася сыстэма самацэнзуры і нават самападману. Чытаем: «Наши доблестные бойцы и командиры гонят обратно врага туда, откуда он пришел, с очень большими для него потерями». Гэта напісана чырвонаармейцам 30 ліпеня. А вось напісанае на дзень раней: «Бьем мы проклятых германских фашистов». Тут, праўда, намёк на савецкія газеты: «Ты, наверное, из газет знаешь, как мы громим германских гадов. Красная Армия побеждает». Праўда пра падзеі на фронце і франтавую штодзённасьць у лістох прарываецца рэдка. Ну, хіба такое: «Кормят очень плохо. Хлеба дают по 600 грамм и один раз в сутки суп» (с. 230), «Словом, дело плохое. Нашу часть разбили, осталось человек 70. Но потом опять сформировали и отправили на фронт. Сейчас может быть и остальных побьют» (с. 231). Надараюцца ў лістох і абагульненьні:
Гитлер очень здорово нажимает. Много с нашей стороны попали в плен к немцам. Немцы забрали очень много у нас территории, у них очень здорово действуют самолеты и бомбят глубокий тыл. В нашем направлении очень мало наших самолетов. Немецкая артиллерия бьет очень точно.
Ці дайшлі гэтыя лісты да адрасатаў? І што было з аўтарамі? А раз праўду пісаць рызыкоўна, сёй-той з чырвонаармейцаў апэлюе да будучыні: «Кто останется жив, тот расскажет, какая была война». Трэба спадзявацца, што такіх зводак у архівах ёсьць нямала. Іх публікацыя дасьць гісторыкам матэрыял для вывучэньня настрояў савецкага цывільнага насельніцтва і чырвонаармейцаў на пачатку вайны. Хлусьня была і вусная. Яе іншы раз запісвалі, натавалі. Так, складальнікі зборніка апублікавалі ўспаміны пра пачатак вайны Мікалая Аўхімовіча, запісаныя гісторыкамі ў 1944-м і 1960-х гг. І выдатна зрабілі. Супастаўленьне двух запісаў паказвае, як быў скаваны і змушаны хлусіць сакратар ЦК КП(б)Б у 1944-м і як больш-менш ён разьняволіўся ў 1960-х гг. Успаміны ягонага калегі Цімафея Гарбунова, таксама запісаныя ў 1944-м і 1960-х гг., не такія кантрастныя. Вусная хлусьня шырока выкарыстоўвалася «органамі». Яшчэ ў міжваенны час выпрацаваная тактыка НКВД: у людным месцы (звычайна ў чарзе, у гарадзкім аўтобусе, трамваі) нібыта выпадкова два чалавекі пачынаюць весьці гутарку, поўную паклёпаў на канкрэтных людзей і дэзы. Гэта рабілася (дарэчы, і цяпер робіцца) у разьліку, што чуткі распаўсюдзяцца далей, і так створыцца «грамадзкая думка», «псыхалягічная атмасфэра». У апублікаваным у зборніку «Беларусь в первые месяцы...» урыўку зь дзёньніка Я. Маўра паказана, як гэты апрабаваны мэтад НКГБ спрабаваў выкарыстаць на пачатку вайны, мусіць, дзеля падняцьця духу савецкіх грамадзян. Людзі ў паніцы ўцякаюць зь Менску, які раней за іх пакінула ўлада. Па дарозе на Барысаў — у Азярышчы — яны ўлазяць у вагоны таварнага цягніка, немцы бамбардуюць чыгунку, цягнік ня можа скрануцца зь месца, а тым часам ці то штатныя гэбісты, ці то звышпатрыёты з цывільных іх узбадзёрваюць: «Взяты Кенигсберг и Данциг», «Берлина нет», «Гитлер ранен и бежал», «Взяли Румынию и... Турцию». Гэтае шматкроп’е паказвае, што Маўр выдатна ведаў, хто і навошта працаваў у ахопленым трывогай і панікай натоўпе. Ён жа паказвае звышпільнасьць савецкіх грамадзян, да якой іх прывучыла сталінская прапаганда. Чырвонаармеец здымае галаўны ўбор і выцірае ім пот. І адразу ж чуецца лямант аднаго дзядзькі: «Ты кому это кепкой махал? Держите его!» І гэтак далей. Колькі невінаватых людзей загінула праз такіх звышпільных? Таксама сюжэт для дасьледаваньня. Гісторыя нямецка-савецкай вайны яшчэ не напісаная. Грунтоўная праца «Беларусь у другой усясьветнай вайне», мяркуючы па тым, што надрукавана ў 5-м томе «Гісторыі Беларусі», зьявіцца ня хутка. Зборнік дакумэнтаў і матэрыялаў «Беларусь в первые месяцы Великой Отечественной войны» каштоўны тым, што вялікую (плянэтарную, кантынэнтальную, эсэсэсэраўскую) праўду вайны дапаўняе ўдакумэнтаванаю лякальнаю праўдаю, праўдаю штодзённасьці. Трэба спадзявацца, на гэтым зборніку публікацыя дакумэнтаў пра штодзённасьць і лякальныя падзеі пэрыяду апошняй вайны ня спыніцца. Чым шырэйшая будзе дакумэнтальная база, тым лягчэй будзе гісторыкам новае даты, пазбаўленым ідэалягічных прымхаў, стварыць шырокую і праўдзівую панараму падзеяў 1941—1944 гг. на тэрыторыі нашай краіны. |
11 Дарэчы, ЦК КП(б)Б, ведаючы, як ставіцца народ да партыйных начальнікаў, 30 чэрвеня ў дырэктыве № 1 прадпісваў, каб пры стварэньні падпольных гурткоў у мэтах кансьпірацыі падбіралі малавядомых у гарадах і раёнах камуністаў, «допуская переброски из других районов». 12 Пастанову пра аднаўленьне старых рэзыдэнтураў на акупаванай немцамі тэрыторыі ЦК прыняў 18 ліпеня 1941 г. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (62) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |