A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (62) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Эндру Ўілсан | ||||
Эндру Ўілсан
Украіна і Расія пасля Памаранчавай рэвалюцыі
І
снуе акадэмічная традыцыя правядзеньня фармальных тэстаў укарэненасці дэмакратызацыі. Украіна, напрыклад, лёгка праходзіць тэст «двух транзітаў» — калі на двух вызначальных выбарах перамагаюць канкурэнтныя палітычныя сілы і атрымліваюць досвед кіравання краінай. Гэты тэст выяўляе і ўзровень палітычнай культуры: у краіне ёсць апазіцыя, якая адчувае, што мае шансы заняць месца ўладаў, і ўлада — што мусіць лічыцца з магчымасцю стаць апазіцыяй. Можна сцвярджаць, што ва Украіне адбыліся тры змены ўлады, бо нават калі не ўлічваць 1991 год, застануцца 1994, 2004 і 2006 гады. У Расіі нічога не змянілася з 1991 г. Бліскуча разыграную перадачу паўнамоцтваў ад Ельцына Пуціну зменай улады назваць нельга, роўна як і ў выпадку з Гарбачовым і Ельцыным у 1991 г., бо апошняе суправаджалася трансфармацыяй адной дзяржавы ў іншую.
Але ці значыць усё гэта, што ва Украіне дэмакратыя ёсць, а ў Расіі — няма? Колькасная методыка «Freedom House» сведчыць пра тое, што паказнік Украіны пасля Памаранчавай рэвалюцыі падвысіўся з 4,88 у 2004 г. да 3,96 у 2006 г. (чым лічба меншая, тым больш краіна дэмакратычная), у той час як Расія апусцілася за гэты час з 5,25 да 5,75. Даследчыкі, якія займаюцца параўнальным аналізам, тлумачылі гэта спадчынай таталітарнага кантролю і савецкага імперыялізму або характарам «дамоваў» і «балансу сілы ў пераходны час» паміж прыхільнікамі цвёрдай рукі і памяркоўнымі палітыкамі. Іншыя даследчыкі рэанімавалі парадыгму «мадэрнізацыі» 1950—1960-х гадоў, каб давесці, што гістарычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя характарыстыкі рэгіёну, такія, як абмежаваны досвед дэмакратыі ў мінулым, слабы сярэдні клас, няроўнае размеркаванне багацця і недавер да існай сістэмы, заўсёды стаялі на шляху дэмакратызацыі. Іншыя даследчыкі настойвалі на сур’ёзнай розніцы ў сістэмах дзяржаўнага кіравання ў Расіі і Украіне. Новая расійская выбарчая сістэма — скасаванне акругаў і падвышэнне парламенцкага бар’еру да 7 адсоткаў — замацоўвае перавагу буйных партыяў, што кантралююць медыя-рэсурсы. Выглядае, Украіна дасягнула пункту перафарматавання палітычнай сістэмы. Апошнія канстытуцыйныя рэформы (у прыватнасці, ухваленне «імператыўнага мандату») мелі на мэце спыніць глыбока ўкарэненую ва ўкраінскай палітычнай сістэме практыку бесперашкоднай змены партыйнай прыналежнасці дэпутатамі Вярхоўнай Рады. Як і прагназавалася, яны прывялі да неадназначных наступстваў. Стаўленне ўкраінцаў да влади менш непасрэднае, чым расійцаў да власти, нават дарма што абедзве краіны падзяляюць постбальшавіцкую культуру эліт, якая ставіць «актыўныя захады» вышэй за рэальную палітыку.
Палітычныя тэхналогііАднак сёньня я хачу сказаць пра нешта больш канкрэтнае. Галоўная праблема постсавецкіх дзяржаваў накшталт Украіны і Расіі ані ў прыродзе іх «грамадскай дамовы», ані нават у тым, што ў гэтых краінах яна ніколі не існавала (прынамсі, у тым сэнсе, што падчас «пераходнага перыяду» памяркоўныя палітыкі прайгравалі прыхільнікам цвёрдай рукі). У абедзвюх краінах была заключана хутчэй «Фаустава ўгода», а не «грамадская» дамова. Ва Украіне «нацыянал-дэмакраты» падзяліліся ўладай з камуністамі ў абмен на падтрымку апошнімі ўкраінскай незалежнасці. У Расіі «дэмакраты» падзяліліся ўладай з камуністамі, якія выступалі за «рынкавы бальшавізм».Гэтая мясцовая праблема не тычыцца выключна перадумоваў для дэмакратыі, акрэсленых Гантынгтанам. У абедзвюх дзяржавах да 1991 г. трывалі «патомныя (patrimonial) камуністычныя» рэжымы. Праблема маладых дзяржаваў постсавецкай прасторы звязана з разбуральным уплывам «палітычных тэхналогіяў». «Палітычныя тэхналогіі» складаюць сапраўдную сутнасць лепш вядомых тэрмінаў накшталт «кіраванай дэмакратыі». Кіраваная дэмакратыя не існуе без пэўных метадаў кіравання. Тое ж тычыцца і ўлюбёнага наватвору Уладзіслава Суркова — «суверэннай дэмакратыі». Палітычныя тэхналогіі — гэта як сродак забеспячэння суверэнітэту ад вонкавых пагроз (кантроль над замежнымі ўплывамі), гэтак і сцвярджэння суверэнітэту ўнутры дзяржавы (захаванне ўлады кіроўнымі элітамі). Хоць у гэтым пытанні існуе шэраг акадэмічных працаў, блізкіх па тэматыцы да нашай, яно ўсё яшчэ застаецца малараспрацаваным. У рамках тэорыі дэмакратызацыі мы будзем зыходзіць з пазіцыі Лоўрэнса Уайтхэда, які даводзіў, што гістарычная традыцыя і заснаваная на ёй палітычная культура могуць браць верх над пабуджальнымі структурамі (incentive structures) фармальных інстытутаў. Іншымі словамі, дэмакратыя мае грунтавацца як на грамадзянскай супольнасці, гэтак і на ўзаемапавазе (civility). Правілы гульні — гэта надзвычай важна, але не меней важнае і само жаданне весці гульню. Шмат у якіх краінах дэмакратыю нішчаць партыі, якія ўважаюць сваю ідэалогію, рэлігію ці проста сваю карупцыю вышэйшай за якую-кольвек сістэму правілаў.
Тры віды «тэхналогіяў»Палітычныя тэхналогіі неабходна разглядаць як палітычную культуру знявагі (incivility), або палітыкі як вайны любымі сродкамі. Далей я хачу закрануць дзве рэчы. Па-першае, каротка прааналізаваць тое, як сістэма «віртуальнай палітыкі» працавала да 2004 г., прычым не так «у яе ўласных тэрмінах» (г. зн. без крытыкі), як з улікам яе ўласнай тэрміналогіі. Па-другое, паказаць, на колькі змяніліся ад таго часу знешнія ўмовы. Раз Памаранчавую рэвалюцыю можна разглядаць як пратэст супраць «паліттэхналогіяў» (рэвалюцыя была непасрэдна выклікана маштабнымі выбарчымі фальсіфікацыямі, якія былі найвідавочнейшай праявай такіх тэхналогіяў), а ў Расіі паліттэхналогіі працягваюць удасканальвацца, акурат у гэтай сферы і выяўляецца кардынальная розніца паміж дзвюма дзяржавамі.Мы сканцэнтруем увагу на трох ключавых відах «палітычных тэхналогіяў». З 2004 г. усе яны былі па-рознаму дэканструктаваныя (ва Украіне) і рэканструктаваныя (у Расіі), што дапаможа нам вызначыць некаторыя важныя паказнікі для вызначэння тэндэнцыяў у абедзвюх краінах. Па-першае, палітычныя тэхналогіі ствараюць або маніпулююць палітыкамі і палітычнымі партыямі як віртуальнымі аб’ектамі. Надзвычай вялікая колькасць партыяў і палітыкаў ва Усходняй Еўропе з’яўляюцца фантомамі або існуюць для выканання асобных загадаў выключна ў віртуальнай прасторы. Іншыя ператвараюцца ў аб’екты палітычнага рэкету або маюць двайное прызначэнне, а такая практыка дастаткова пашыраецца ва ўсёй сістэме, якая робіцца ўсё больш карумпаванай. Такім чынам, публічная палітыка ператвараецца ў гульню ценяў. Прыватныя інтарэсы застаюцца невядомымі. Па-другое, здаровы палітычны дыялог падмяняецца «інфармацыйнымі войнамі» і «чорным піярам». Усюдыіснасць прапагандысцкіх войнаў тлумачыцца асаблівасцямі посткамуністычнай палітычнай эканоміі, калі ўсе галоўныя палітычныя гульцы маюць адзін на аднаго кампрамат. Чорны піяр такога кшталту віртуальны. Часам абвінавачванні выяўляюцца праўдзівымі, а часам не. «Ці сапраўдныя звесткі, сабраныя ў кампрамаце, не так важна... Важна, як ужываецца інфармацыя, важная сама атака»1. |
старшы выкладчык Лёнданскага ўнівэрсытэцкага каледжу, вялікі сябар Беларусі. Апошнім часам на замову выдавецтва «Yale University Press» піша манаграфію пра гісторыю Беларусі. Гэты тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара. |
Па-трэцяе, паліттэхнолагі імкнуцца вызначаць спосаб, як іх віртуальныя аб’екты ўзаемадзейнічаць паміжсобку — не толькі саміх шахматных гульцоў, але і ўсе іх крокі — навязваючы драматургію, псіхалагічную драму асобна ўзятых выбараў ці іншай палітычнай падзеі, якая зноў-такі можа быць рэальнай, а можа і не быць. Дасканалы прыклад — расійская кампанія супраць алігархаў 2003—2004 гг. Іншы — пазіцыянаванне ўкраінскіх выбараў 2004 г. як арэны барацьбы паміж Захадам і Усходам, а не добрым і благім урадамі.
Ключавымі ўмовамі для ажыццяўлення гэткага тыпу віртуальнай палітыкі з’яўляюцца: магутная, але амаральная эліта; пасіўны электарат, культура інфармацыйнага кантролю і слабая вонкавая падтрымка дэмакратычных сілаў. У якасці другой умовы звычайна называюць брак грамадзянскай супольнасці або наяўнасць расколаў у грамадстве, якія можна выкарыстоўваць з палітычнымі мэтамі. Больш дакладна, яна тычыцца таго, якім чынам будучыя камуністычныя таталітарызмы перакруцілі элементы ўзнікаючай грамадзянскай супольнасці ў кругавую паруку. У 1990-х гг. постсавецкія Расія і Украіна адпавядалі гэтым умовам, а адрозненні паміж імі былі вельмі дробныя. Тым не менш, яны станавіліся ўсё больш відавочнымі пасля 2000 г., калі, з аднаго боку, Ельцына заступіў Пуцін і, з другога, ва Украіне выбухнуў скандал Гангадзэ, які стаў апагеем кучмізму. Украінская дзяржава аслабела, ці, прынамсі, выглядала аслабелай, калі Пуцін пачаў трубіць пра вяртанне Расіяй яе былой магутнасці. Мала таго, гістарычныя і рэгіянальныя чыннікі стварылі кланавы «плюралізм па змаўчанні», які ўскладніў рэкансалідацыю элітаў ва Украіне. Пачынаючы з 2000 г. стала відавочнай першапачатковая дыфэрэнцыяцыя на соцыя-рэгіянальным ды структурна-інстытуцыйным узроўнях. На першым узроўні заходнеўкраінская Галіччына заўсёды была «прытулішчам» (своеасаблівым «П’емонтам») для апазіцыйных палітыкаў, аналагу якой у Расіі і Беларусі няма. Нягледзячы на паразу руху «Украіна без Кучмы» ў 2001 г., падчас выбараў наступнага году ўзнікла новая апазіцыйная структура, якая пашырылася з захаду на цэнтральную частку Украіны. (Існуе меркаванне, што ў 2004 г. ва ўсходняй і паўднёвай Украіне мела месца «другая рэвалюцыя», у выніку якой адбылося абуджэнне яе рэгіянальнай самасвядомасці.) У выніку пачалі назірацца першыя праявы расколу эліт на другім, інстытуцыйным узроўні. Расколы сярод эліт сталі нарастаць пасля падзеяў 2001—2002 гг., зрабіўшы мажлівай змену ўлады ў 2004 г. Працэс дэцэнтралізацыі ўлады, які нефармальна пачаўся ў 2002 г. і быў фармальна падмацаваны ў 2004 г. зменамі ў канстытуцыі, ускладніў выкарыстанне такога тыпу паліттэхналогіяў, якія найлепш служаць манапалізацыі ўлады. Да таго ж вонкавыя ўплывы былі моцныя і здольныя ўздзейнічаць на гэтыя адрозненні. Але ключавы фактар украінскай рэвалюцыі супраць віртуальнай палітыкі быў псіхалагічны. У адрозненне ад традыцыйных аўтарытарных дзяржаваў задача віртуальнай палітыкі — не загнаць людзей у рэпрэсіўнае стойла, а прымусіць іх паверыць у тое, што яны загнаныя ў нейкае стойла. Украінская Памаранчавая рэвалюцыя была першай рэвалюцыяй унутры і супраць гэтай сістэмы віртуальнай палітыкі. Рэжымы, якія практыкуюць віртуальную палітыку, аказваюцца крохкімі, калі ключавыя групы насельніцтва перастаюць успрымаць іх пасланне або пераключаюцца на іншае пасланне. Гэтым тлумачыцца важнасць кантролю за медыйным пасланнем, ці драматургіяй. У 2003 г. спарахнелы грузінскі рэжым не здолеў прыдумаць чагось пераканаўчага, каб апраўдаць свае існаванне (да таго часу Шэварднадзэ двойчы лёгка перамог слабога апанента — лідэра мясцовых камуністаў Джумбера Паціяшвілі). У 2004 г. ва Украіне нанятыя ўладай расійскія паліттэхнолагі як маглі ўбівалі ў галовы людзей міф пра супрацьстаянне Заходняй і Ўсходняй Украіны. Яны, аднак, не здолелі забяспечыць Януковічу перамогу, а толькі абвастрылі перадвыбарную барацьбу. Ключавымі фактарамі Памаранчавай рэвалюцыі сталі прыцягальнасць фігуры Юшчанкі і сотні тысячаў людзей, якія выйшлі на Майдан і заявілі, што іх хвалюе нешта іншае. Такім чынам, Памаранчавую рэвалюцыю патэнцыйна можна экспартаваць менавіта як псіхалагічную рэвалюцыю, а не якую-кольвек «модульную» трансфармацыю.
Украіна пасля Памаранчавай рэвалюцыіТрэба адзначыць, што шматлікія аспекты «паліттэхналогіяў» здолелі перажыць Памаранчавую рэвалюцыю. Псіхалагічная рэвалюцыя і больш вольныя СМІ — вось два самыя значныя вынікі Памаранчавай рэвалюцыі. Да рэвалюцыі ўкраінскі медыйны рынак кантралявала хутчэй не дзяржава, а шэраг узаемазвязаных кланаў. Кланы прасоўвалі свае інтарэсы, захоўваючы пры гэтым «плюралізм па змаўчанні». Першы, сацыял-дэмакратычны, клан, які ачольваў галава кучмоўскай адміністрацыі Віктар Медвядчук, кантраляваў УТ-1, Інтэр і 1+1, Віктар Пінчук валодаў каналамі ICTV і Новым Каналам, Пятро Парашэнка — 5-м каналам і г. д. Зародкавы медыйны плюралізм ператварыўся ў рэальны напярэдадні і ў першы тыдзень Памаранчавай рэвалюцыі. Журналісты і рэдактары запатрабавалі большай свабоды. Другі чыннік (новая медыйная культура), у выніку, усё роўна залежыць ад першага (уласніка). Большасць СМІ дагэтуль працягваюць абслугоўваць інтарэсы асобных кланаў ці алігархаў. Свабода СМІ можа знікнуць, калі зменіцца расклад сілаў паміж палітычнымі кланамі.Аднак адразу пасля падзеяў 2004 г. псіхалагічная рэвалюцыя і больш вольныя медыі склалі моцную камбінацыю, якая эфектыўна супрацьстаяла віртуальным аб’ектам паліттэхнологаў — тым фікцыйным або, гаворачы на мове паліттэхнолагаў, «біг-бордавым» партыям, якія былі праклёнам ранейшых украінскіх выбараў. Нягледзячы на мільённыя бюджэты, большасць палітычных праектаў правалілася на парламенцкіх выбарах у сакавіку 2006 г. Партыя «малога бізнэсу» «Віче» прайграла (здабыўшы толькі 1,7 % галасоў пры неабходных 3 %), таму што яе адкрыта падтрымліваў алігарх Віктар Пінчук. «Народны блок», які планаваў сабраць галасы ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, не трапіў у Раду, бо яе падтрымлівалі бізнэсоўцы з вялікіх гарадоў, як, напрыклад, Аляксандр Яраслаўскі, і спікер парламента мінулага склікання Уладзімір Літвін. Індустрыяльны Саюз Данбасу, разам з кішэннай экалагічнай партыяй Эко+25 %, за якіх прагаласавала блізу 0,5 % выбарцаў, праваліў выбары таму, што аб’яднанне насамрэч было «індустрыяльным», аднак ніяк не «экалагічным». Але найвялікшы рэзананс выклікала падзенне рэйтынгу «Народнай апазіцыі» Наталлі Вітрэнкі пасля таго, як міністар унутраных спраў Юры Луцэнка апавёў у прайм-тайм пра крымінальнае мінулае шэрагу вітрэнкаўцаў. Выбарцаў стала цяжэй надурыць. У будучым партыйныя спонсары некалькі разоў падумаюць, перш як выкінуць грошы на чарговы палітычны праект. Пакінем чытачам ацэнку таго факту, што вялікія партыі ўсё больш аддаюць перавагу прафесійным амерыканскім піяршчыкам з вашынгтонскай К-стрыт, а не расійскім паліттэхнолагам, але сам па сабе гэты факт значыць шмат. Калі ў 2006 г. злоўжыванне «адміністрацыйным рэсурсам» было б гэтак жа пашырана, як падчас мінулых выбараў, Партыю рэгіёнаў адразу абвясцілі б чыстым пераможцам, а яе патэнцыйным хаўруснікам, партыі Вітрэнкі і Народнага блоку Літвіна (якія атрымалі 2,93 і 2,44 адсоткі) дапамаглі б набраць галасы, якіх ім не хапіла для пераадолення трохадсоткавага бар’еру. Прывядзём яшчэ адзін яскравы прыклад. Украінскі бізнэсовец грузінскага паходжання Леў Парцхаладзэ, дзевятнаццаты паводле багацця чалавек Украіны з капіталам у 399 млн даляраў, заснаваў партыю «Еўрапейская Сталіца». Яму было неабходна здабыць рычагі ўплыву на кіеўскую гарадскую раду, дзе Парцхаладзэ хацеў прасоўваць інтарэсы сваёй будаўнічай кампаніі «Квадрат». У выніку, правёўшы затратную кампанію, партыя атрымала ўсяго толькі 12 тысячаў галасоў і не здабыла аніводнага мандата. Іншы прыклад — Леанід Чарнавецкі, які выйграў выбары кіеўскага мэра дзякуючы папулісцкай праграме. Ён шчодра раздаваў бясплатныя харчы і дазваляў бізнэсоўцам любога сорту быць з ім за панібрата, — але, нягледзячы на гэта, яго праграма больш нагадвала традыцыйны ўсходнееўрапейскі папулізм. З іншага боку, культура «інфармацыйных войнаў» ва Украіне не знікла. Каб зразумець, чаму гэта так, неабходна перагледзець улюбёную тэорыю заходніх палітолягаў, якія займаюцца ўкраінскімі даследаваннямі — мадэль «шантажысцкай дзяржавы» Кейта Дардэна. Cкарэгаваць мадэль Дардэна можна наступным чынам: кучмаўскі рэжым трымаўся ня толькі на бізунах, але й на перніках; шантаж не быў адзіным спосабам кантролю; з мадэлі Дардэна незразумела, ці эліты і масы кантраляваліся такім самым чынам. Але найважнейшая папраўка тычыцца таго, што не толькі ўлады назапашвалі кампрамат. Усе асноўныя палітычныя кланы збіралі адзін супраць аднаго кампраметуючыя матэрыялы. У варунках свабодных сродкаў масавай інфармацыі кланам усё больш складана маскавацца пад партыі (кругавая парука), але пакуль працэс распаду гэтых кланаў яшчэ не пачаўся. Да Памаранчавай рэвалюцыі ўкраінская палітычная сістэма знаходзілася ў хісткай раўнавазе. Канкурэнтныя палітычныя групоўкі валодалі роўнай колькасцю кампрамату адна на другую. Звычайна кампрамат захоўвалі на «чорны дзень», прычым ведаў пра яго існаванне было дастаткова для захавання раўнавагі. Палітычную раўнавагу кампраматаў цяжка парушыць. Нават калі дзяржава, абноўленая пасля рэвалюцыі, паспрабуе весці чысцейшую гульню, яна тым самым аслабіць свае пазіцыі, бо вакол яе будуць працягвацца «інфармацыйныя войны». Але ніхто з постацяў пострэвалюцыйнай Украіны не быў навічком у палітыцы. Усе яны рыхтаваліся да прыходу ва ўладу, валодалі рэсурсамі, камандамі і акрэсленымі планамі на будучыню, у адрозненне ад асобных міністраў-дэмакратаў, якія лёгка выляталі з сістэмы ва Украіне і Расіі ў 1990-я гг. Такім чынам, культура гарантаванага ўзаемнага знішчэння наўрад ці перажыла прыкметную трансфармацыю пасля 2004 г. як у межах памаранчавага лагеру, гэтак і паміж памаранчавымі і іх супернікамі. Па сутнасці, большая свабода СМІ павялічвае спакусу выкарыстаць кампрамат, ці прымушае нанесці ўдар першым з-за страху, што цябе выперадзіць праціўнік. Менавіта гэта і здарылася ў верасні 2005 г. Усе палітычныя сілы дагэтуль вядуць бескампрамісную вайну кампраматаў. У гэтым сэнсе рэвалюцыя асуджана пажыраць саму сябе. Мала таго, інтэнсіўнасць інфармацыйных войнаў аслабее толькі калі сыдзе хваля кампраматаў, на што можа спатрэбіцца не адно пакаленне. У адрозненне ад дзейнасці фікцыйных партыяў у выпадку з кампраматам сродкі масавай інфармацыі знаходзяцца на пачатку і канцы ланцуга індактрынацыі. Аднак украінскія СМІ, відавочна больш свабодныя, чым да рэвалюцыі, нельга назваць абсалютна свабоднымі, бо іх разбэшчваюць інфармацыйныя войны. Зашмат медыяў і журналістаў (асабліва ў інтэрнэце) дагэтуль выконваюць ролю «зліўных бачкоў». У хвалі дэзынфармацыі можна згубіцца. Ці сапраўды пазалетась Андрый Клюеў дамаўляўся ў Маскве пра выплату Сацыялістычнай партыі Украіны 300 мільёнаў даляраў? Ці брала ў 2004 г. каманда Юшчанкі 22,85 млн даляраў у Барыса Беразоўскага? Мы не ведаем праўды. Што да трэцяга тыпу паліттэхналогіяў: у новых палітычных умовах Украіны ўсё яшчэ магчыма ўжываць драматургію, але паліттэхнолагі мусяць лепш улоўліваць хістанні грамадскай думкі. Ва Украіне існуе шмат міні-імперыяў у медыйнай прасторы, якія могуць запусціць медыя-бомбу (гэтак званую «вутку»), але адносна свабодная агулам медыйная прастора вызначае, ці гісторыя мецьме працяг. Цяжка прымусіць людзей паверыць у відавочна абсурдныя ці замоўленыя адной з палітычных сілаў гісторыі, але ў спрыяльны час можна паспяхова маніпуляваць пытаннямі, якія маюць прыхаваную значнасць. Класічны прыклад — антынатаўская кампанія Партыі рэгіёнаў улетку 2006 г., выкарыстаная для прасоўвання пэўных эканамічных інтарэсаў на ўрадавым узроўні. Жнівеньскі «Універсал» 2006 г. быў патрэбны Партыі рэгіёнаў выключна ў мэтах драматургіі. Блок Цімашэнкі быў больш зацікаўлены ў драматургіі праграмы «справядлівасці» (яго перадвыбарнага лозунгу ў 2006 г.), чым у яе рэалізацыі. Сённяшняя Украіна — унікальная эксперыментальная пляцоўка. Памаранчавая рэвалюцыя стала магчымая таму, што ўкраінская дэмакратыя ніколі не была нагэтулькі добра «кіраванай», як расійская. Нават за Кучмам у краіне было досыць «плюралізму па змаўчанні», а значная частка палітычнага жыцця не кантралявалася ўладай. Не ўсё рэальнае стала віртуальным. У шмат якіх постсавецкіх краінах (Расія, Беларусь) рэальная палітыка была выціснутая на маргінэс. У адрозненне ад іх ва Украіне на пачатку 2005 г. памаранчавая ўлада паспрабавала радыкальна перапісаць правілы гульні і выціснуць «паліттэхналогіі» на ўскраек палітычнага жыцця. Аднак паліттэхналогіі выявіліся жывучымі, іх прыладзілі пад новыя абставіны і павярнулі ў палітыку. Такім чынам, ва Украіне, як ні ў адной іншай дзяржаве, суіснуюць і канфліктуюць віртуальная і рэальная палітыка. Дагэтуль застаецца незразумелым, ці здолее памаранчавая парламенцкая дэмакратыя праз новыя эканамічныя і палітычныя правілы гульні, актыўнейшы ўдзел грамадзянаў, мацнейшую грамадзянскую супольнасць і свабаднейшыя медыі змяніць постбальшавіцкую палітычную культуру цяперашніх украінскіх элітаў. Што канец канцоў пераможа — «рэальная» ці «віртуальная» палітыка?
Палітычныя тэхналогіі ў РасііПраблемы Расіі — іншага кшталту. Ужо ў апошнія гады прэзідэнцтва Ельцына паліттэхналогіі адгалінаваліся ў асобную індустрыю. Працэс «кіравання» дэмакратыяй быў адладжаны яшчэ да выбарчых кампаніяў 2003—2004 гг. З таго часу на пярэдні план выйшлі праблемы «ручнога кіравання» і «празмернага кантролю» (over-management).Прыкладаючы да Расіі, як папярэдне да Украіны, тую ж схему з трох складнікаў, мы атрымаем зусім іншыя вынікі. Крэмль кантралюе віртуальныя аб’екты, да таго ж абсяг кантролю шырэйшы за той, які быў у 1990-я гг. Расійская ўлада на сваю карысць маніпулюе палітычнымі партыямі, большасць з якіх прынамсі больш не выконваюць ролю віртуальных масак кругавой парукі. Кампанія супраць Юкаса ў 2003—2004 гг. была, відавочна, скіраваная на выцясненне алігархаў з поля палітычных маніпуляцый і яго манапалізацыю Крамлём. Тым не менш, сёння ў Расіі нарастае праблема звышпаспяховасці новай палітыкі, якая, у сваю чаргу, карэніцца ў звышканцэнтрацыі ўлады. Тое, што Крэмль застаўся адзіным творцам віртуальнай палітыкі, робіць яго высілкі надта відочнымі, а таксама павялічвае рызыку звышманапалізацыі сістэмы. Нягледзячы на прыхільнасць Крамля да «контррэвалюцыйных тэхналогіяў» (гл. ніжэй), у Расіі маячыць пагроза таго, што некалі дзяржаўная прапаганда перастане быць пераканаўчай і надыдзе момант, калі дастатковая колькасць людзей усвядоміць, што расійскі цар насампраўдзе голы. Першая адзнака гэтага — характэрная тэндэнцыя перавытворчасці, добрым сведчаннем чаго стаецца колькасць клонаў памаранчавых моладзевых рухаў, што з’явілася адразу пасля ўкраінскай рэвалюцыі: «Русская Пора», «Москва Пора», «Красная Пора», «Да!», «Мы!», «Хватит!», «Ура!» — усё гэта яшчэ да таго, як была створаная пракрамлёўская моладзевая арганізацыя «Наши». Акрамя таго, напярэдадні выбарчага цыклу 2007—2008 гг. Крэмль мусіць вырашыць праблему закантраляванасці сістэмы. Падобна, што ўлада наважыцца замяніць чатырохпартыйную сістэму, якая паўстала ў 2003—2004 гг., на сістэму, дзе будуць толькі дзве партыі, ці, прынамсі, дзве вялікія партыі з дробнымі сатэлітамі. Першай з вялікіх дакладна будзе «Единая Россия», невядома толькі, ці будзе папулярным другі партыйны праект — «Справедливая Россия». Адная з партыяў, што стварылі «Справедливую Россию», — «Родина», увесь час была складаным утварэннем, якім Крэмль кіраваў з вялікімі цяжкасцямі. Расійская ўлада не здолела вырашыць — ці то ёй кааптаваць «Родину», ці то кантраляваць яе палітычную нішу. У Крамлі заўсёды баяліся стварэння сапраўды нізавога (grassroots) нацыяналістычнага руху, якога ён не мог бы кантраляваць. Акрамя таго, у «тэатральнай палітыцы» неабходна падтрымліваць цікаўнасць гледачоў. У 2003 г. выбарцаў «Родины» прываблівалі асобы такіх адсутных цяпер у «Справедливой России» лідэраў, як Дзмітры Рагозін, папулярнасцю якога тлумачыцца й поспех партыі. Без іх новы праект «Кремль-2» напаткае лёс Блока Рыбкіна ў 1995 г. Цяжка будзе прымусіць людзей паверыць у міф, што «Справедливая Россия» — партыя-аўтсайдэр, пераследаваная «Единой Россией», або што справядліваросы хоць і супраць адзінаросаў, але за Пуціна. Дадатковая загваздка ў тым, што малыя палітычныя праекты маюць больш шанцаў не выклікаць лішняга шуму, у той час як буйнейшыя праекты прыцягваюць зашмат увагі. Трэцяя патэнцыйная паталогія — «агонь на знішчэнне» (over-kill). Сяміадсоткавы бар’ер для праходжання ў Думу мае пазбавіць яе ад палітычных апанентаў улады, аднак будзе цікава, ці палічаць яго дастатковым. Звязаныя з Крамлём паліттэхнолагі наўрад ці будуць спачываць на лаўрах; заміж гэтага іх інстынкты падкажуць ім і надалей прыніжаць патэнцыйных праціўнікаў. Паказальным будзе стварэнне «клонаў» і «мухаў» у кампаніі 2007 г., каб утрымаць рэйтынг апанентаў улады ў межах двух-чатырох адсоткаў замест натуральных пяці-шасці. У выніку рэакцыя міжнароднай супольнасці будзе значна больш стрыманай, чым у выпадку пазбаўлення іх юрыдычнай рэгістрацыі. Пасля 2003 г. адбыўся перагляд ранейшай медыя-стратэгіі. Крэмль амаль манапалізаваў медыя-прастору, у тым ліку праз выкарыстанне пасярэднікаў кшталту «Газпрому» для набыцця СМІ кшталту «Известий». Дзяржава павялічыла сваю долю ў праектах, скіраваных на «стварэнне пазітыўнага іміджу Расіі» праз такія ініцыятывы, як Russian World TV2 і Валдайская дыскусійная група3. Крамлёўская адміністрацыя выношвае ідэю стварэння сістэмы кантролю за інтэрнэтам, падобнай да кітайскай, ці, што больш рэалістычна з улікам тэхнічных праблемаў кантралявання інтэрнэту, апасродкаванага ўплыву і маніпулявання зместам вэб-прасторы. Акрамя падтрымкі такім непрыхавана пракрамлёўскім сайтам, як www.kreml.org, www.vz.ru, www.expert.ru і сайту для моладзі www.yoki.ru, улада мае сваіх людзей і ў «блогасферы», падтрымліваючы папулярных сярод моладзі прафесійных блогераў кшталту Максіма Кананенкі на сайце www.idiot.ru. Сярод пракрамлёўскіх сайтаў ёсць і www.reakcia.ru — клон-пярэварацень ліберальнага антыпуцінскага www.akzia.ru4. |
1 Ананімны суразмоўца, цыт. пав.: Ledeneva, Alena. How Russia Really Works. The Informal Practices That Shaped Post-Soviet Politics and Business. Ithaca and London: Cornell UP, 2006. P. 70. Вылучана ў арыгінале.
|
Але ў гэтай сферы інфармацыйная манаполія Крамля менш забяспечаная. Дарма што алігархі, прынамсі часова, пакінулі ідэю партыйных «праектаў», ім даводзіцца захоўваць кантроль над медыямі для вядзення інфармацыйных войнаў з камерцыйнымі мэтамі. Няма падставаў сцвярджаць, што разборкі Пуціна з расійскімі алігархамі прывялі да знішчэння кампрамату ці, тым больш, кругавой парукі. Крамлёўская антыалігархічная кампанія дала відавочна меншы плён, чым наданне СМІ большай свабоды ва ўкраінскім выпадку. Варагуючыя расійскія групоўкі адклалі існы кампрамат на будучае, а Крэмль не захацеў адмовіцца ад назапашвання кампрамату, які часта трапляе праз прыватныя агенцыі, якія выраслі на глебе былога КГБ. Да таго ж знарочыста адвольная прырода расійскага «правасуддзя» (прынцып адтэрміноўкі пакарання) азначае, што ў змаганні кампраматаў трэба ўмацоўваць акурат абарону.
Крэмль і алігархі ўцягнутыя ў карумпаваныя СМІ пры дапамозе інфармацыйных войнаў, верагоднасць вядзення якіх у 2008 г. толькі ўзрастае. Магчыма, што ключавыя прадстаўнікі кланаў звернуцца ў наступным выбарчым цыкле да маніпуляцыяў, асабліва калі ў выніку цяперашняй барацьбы за пасаду расійскага прэзідэнта не з’явіцца агульнапрызнаны пераможца. Таму яшчэ адно прадказальнае наступства будзе ў тым, што паказушнае адзінства эліты акажацца павярхоўным. А што наконт драматургіі ў 2007—2008 гадох? Вялікая іронія палягае ў тым, што на той час яна, магчыма, будзе непатрэбная для палітычнай перамогі, але крамлёўская эліта не зможа ад яе адмовіцца. Ім патрэбнае шоў. Спакойная, добра спланаваная перадача ўлады наогул не будзе ўспрынята як выбары. Але, у адрозненне ад Украіны, у Расіі драматургію мала што абмяжоўвае. Паліттэхнолагі маюць небяспечна шырокае поле для эксперыментавання. Што стане наступнай скандальнай навіной? Паўтараць старыя штукі нельга, але на месцы Хадаркоўскага можа, прынамсі, апынуцца іншы алігарх хвалі 1990-х гг. (Чубайс, Беразоўскі). Відавочна таксама, што Уладзіслаў Суркоў не збіраецца адмаўляцца ад публічнага лупцавання, апрабаванага ў 1990-я. Шэраг расійскіх паліттэхнолагаў актыўна эксплуатуюць тэму «памаранчавай пагрозы» для падтрымання свайго ўплыву на ўладу і апраўдання казачных ганарараў. Яшчэ адна прывабная мішэнь — ісламская «пагроза», бо няма сумневу, што ворагі Крамля будуць жывіць спакусу азмрочыць цырымонію па перадачы ўлады ў Крамлі ў 2008 г. Але галоўным стымулам для прасоўвання драматургічнага сцэнару застаецца «дылема пераемнасці ўлады». У дэмакратычнай сістэме існуюць механізмы перадачы ўлады, якіх бракуе сучаснай Расіі. Змена палітычнага кіраўніцтва ў Расіі азначае пераразмеркаванне ўласнасці, даходаў і верагодную барацьбу за іх паміж элітамі. Драматургія можа вырашыць гэтую праблему двума рознымі шляхамі. З аднаго боку, паспяховы наратыў можа памагчы хутчэйшай рэкансалідацыі элітаў. З іншага — драматургія можа выканаць ролю спробнага шару, які пазначыць магчымых аўтсайдэраў у барацьбе за ўладу.
Фонавыя тэндэнцыіШмат напісана пра тое, як «каляровыя рэвалюцыі» натхняюць апазіцыю ў іншых постсавецкіх краінах. Вышэй мы згадвалі, як цяжкасці, звязаныя з сапраўдным рэвалюцыйным прарывам у барацьбе супраць віртуальнай палітычнай сістэмы, аслабляюць шанцы на далейшы распаўсюд каляровых рэвалюцыяў як паўстанняў супраць сістэмы віртуальнай палітыкі. Вельмі значны, хоць і менш заўважны, палітычны феномен пасля 2004 г. — гэтак званае «аўтарытарнае навучанне» і ўдасканаленне «контррэвалюцыйных тэхналогіяў» аўтарытарнымі рэжымамі.Дабіцца рэваншу можна, па-першае, праз падтрыманне і ўдасканаленне чатырох вышэйакрэсленых умоваў рэалізацыі віртуальнае палітыкі: захаванне кантролю над элітамі, задушванне любых адзнак мабілізацыі грамадства, у прыватнасці праз НУА, умацаванне ўплыву на сродкі масавай інфармацыі і тое, што Мадэст Колераў назваў «дэінтэрнацыяналізацыяй» постсавецкай прасторы. Існуюць два розныя тыпы аўтарытарнай адаптацыі, якія можна ахрысціць як «жорсткія» і «мяккія» контррэвалюцыйныя тэхналогіі. У прыватнасці яны апрабуюцца ў Расіі, дзе плянуецца іх выкарыстанне ў наступным, цяжэйшым за мінулыя, выбарчым цыкле 2007—2008 гг. Няма патрэбы згадваць, што гэтыя два тыпы тэхналогіяў у вялікай ступені нейтралізуюць адзін аднаго. Эфект ад многіх апошніх піяр-кампаніяў расійскай улады быў зніштожаны нязграбным ужываннем «жорсткіх» тэхналогіяў у іншых сферах.
Тэхналогіі жорсткага ўплыву«Жорсткія» супрацьрэвалюцыйныя тэхналогіі маюць шмат праяваў. Адная з іх — простыя аўтарытарныя рэпрэсіі кшталту таго, што адбылося ў Андыжане ў траўні 2005 г. Тэхналогіі іншага кшталту, у строгім сэнсе напаўаўтарытарныя, можна назіраць у дзяржавах, дзе з 2004 г. пашырылася практыка выкарыстання «адміністрацыйных тэхналогіяў». У Расіі ўсё грубей ужываюць «судовы рэсурс» для прадухілення нязручных кандыдатаў, асабліва на рэгіянальным узроўні.Эканамічны ціск як асобны від тэхналогіяў «жорсткага ўплыву» складае прадмет для асобнага доследу, і мы не будзем разглядаць яго ў дадзенай працы. Хоць нельга прымаць усур’ёз цверджанне, што ў 2005—2007 гг. «Газпром» зыходзіў выключна са сваіх эканамічных інтарэсаў, адной з падставаў для таго, каб узняць цэны на газ для краінаў, СНД насамрэч было павышэнне прыбытку. Але не яна адная. Шырэйшыя кампаніі эканамічнага ціску на Грузію, Малдавію, Украіну і нават Беларусь абмежавалі іх нацыянальны суверэнітэт у шырокім сэнсе ў агульных пытаннях замежнай і прыватызацыйнай палітыкі і аслабілі два памаранчавыя ўрады ва Украіне ў 2005—2006 гг.
Тэхналогіі мяккага ўплыву —
Расійскае кіраўніцтва не забываецца і пра сродкі мяккага ўплыву. Паводле вызначэння Джозэфа Ная, мяккі ўплыў — гэта «здольнасць атрымаць тое, што вы хочаце, дзякуючы сваёй прывабнасці, але не пры дапамозе прымусу ці подкупу». Аднак «прывабнасць», у крамлёўскім разуменні, ствараецца пры дапамозе паліттэхналогіяў. |
2 Гл.: rusmirtv.ru. 3 Гл.: valday2006.rian.ru. 4 Аўтар складае падзяку Яўгену Марозаву з сайту «Transitions Online» за дапамогу ў напісанні гэтага раздзелу.
|
Колераў вельмі актыўна дзейнічае ў так званых непрызнаных дзяржавах. У Прыднястроўі ён дапамагаў ствараць цьмяныя сайты і прапагандысцкія рупары накшталт www.pridnestrovie.net, www.visitpmr.com і www.tiraspoltimes.com, а таксама «НУА» кшталту «Міжнароднай рады дэмакратычных інстытутаў і дзяржаўнага суверэнітэту» (www.icidiss.org6). У Паўднёвай Асеціі Колераў арганізаваў віртуальную кампанію за рэферэндум у пытанні незалежнасці ў лістападзе 2006 г. пры падтрымцы такіх арганізацыяў, як «Блок еўрапейскіх левых партыяў — Антыімперыялістычны лагер», «Фонд Свабодная Еўропа», «Каўказскі інстытут дэмакратыі» (www.caucasusaid.com, звязаны з колераўскім www.regnum.ru) і «Арганізацыі дэмакратыі і правоў народаў», заснаванай у ліпені 2005 г., чыя Міжпарламенцкая асамблея выступае ў якасці антыпода АБСЕ. Колераў таксама прасоўваў «карпарацыю» «Прарыў», свайго роду паравайсковага прыкрыцця для НУА, і правёў шэраг псеўданавуковых псеўдаміжнародных канферэнцыяў пра тое, як «косаўскі прэцэдэнт» апраўдвае «адпаведныя» патрабаванні асобных рэгіёнаў на постсавецкай прасторы.
|
5 Спавешчанне на расійскай мове даступнае на адрасе: nlvp.ru.
|
ВысновыКалі ў гэтым рэгіёне і адбываецца сутыкненне, то не паміж Украінай і Расіяй. Яго нельга зводзіць і да барацьбы паміж «дэмакратычнымі» і «недэмакратычнымі» дзяржавамі або паміж «Супольнасцю дэмакратычнага выбару» і нефармальным клубам аўтакратаў. Барацьба ідзе паміж палітычнымі тэхналогіямі і іх адатрутамі, і менавіта таму яна выходзіць за межы асобных дзяржаваў. (У якасці адатрутаў можна акрэсліць негатыўныя полюсы зыходных чатырох перадумоваў віртуальнай палітыкі: эліты, якія сапраўды вераць у дэмакратыю, больш актыўная грамадзянская супольнасць, вальнейшыя медыі і адкрытасць да свету.)Рэвалюцыі — гэта адначасова падзеі і сімвалы. Найдаўжэй застаюцца ў гістарычнай памяці менавіта тыя, што вястуюць надыход далёкасяжных знакаў перамен. Мы памятаем 1848 г. як «вясну народаў», для некаторых Кубінская рэвалюцыя сімвалізуе пачатак антыкаланіялізму ў краінах трэцяга свету, для прыхільнікаў і ненавіснікаў іранскай рэвалюцыі 1979 г. яна стала адзнакай уздыму хвалі ваяўнічага ісламу і г. д. Калі рэвалюцыя ва Украіне і застанецца нейкім сімвалам, а не будзе расцэненая пазнейшымі даследнікамі проста як чарговая змена палітычных элітаў (Elitenwekselung), адно што пад «памаранчавымі» лозунгамі, то яна мае шанцы быць увекавечанай як паспяховае паўстанне супраць постсавецкага гвалту над дэмакратыяй. У Расіі ж, хутчэй за ўсё, палітычныя тэхналогіі стануцца ахвярамі свайго поспеху.
З ангельскай са скарачэннямі пераклаў Алесь Мартынаў
|
6 Асабліва цікавае яе фікцыйнае спавешчанне, даступнае на адрасе: icidiss.org. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (62) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |