A R C H E П а ч а т а к № 11 (62) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


11 — 2007

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • эсэістыка • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  Даніла Жукоўскі

Вокладка «ARCHE» №11
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаныя здымкі:

1) «Заходнебеларускі селянін чытае савецкую газэту». Слонім, 1939 г.

2) «Рэдакцыя беларускай газэты пасьля паліцэйскага ператрусу». 1920‑я гг. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву‑музэю літаратуры і мастацтва.

3) Пілсудзкі точыць зубы «на рабочыя дзяржавы» (улётка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі). Канец 1920‑х — пачатак 1930‑х гг.

4) «Гарніст маладой Беларусі». Малюнак, зьмешчаны ў № 3 віленскай «пэрыядычнай часопісі беларускай моладзі» «Маладое жыцьцё» ў кастрычніку 1922 г. (перад выбарамі ў польскі парлямэнт).

Дызайн Ягора Шумскага.

Даніла Жукоўскі
Dрындушкі Sвабоды

Арлоў, Ул. Імёны Свабоды. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2007. — 576 с.: іл.

Кніга Уладзіміра Арлова «Імёны свабоды» можа, дзеля распачатай вакол кнігі рэкламнай кампаніі, прэтэндаваць на статус каранаванага караля папулярнага сёлета «кніжнага сэканд-хэнду», прадстаўленага перш-наперш выданнямі з «Бібліятэкі «Свабоды» й «Бібліятэкі «Нашай Нівы». Знаёмства з усімі гэтымі выданнямі выклікае аднолькавыя пытанні.

Пытанне 1-е: для каго?

Слова «энцыкляпэдыя», ужытае, хоць і са шматлікімі агаворкамі, сп. Лукашуком ва ўступным слове, адразу ўводзіць чытача ў зман. Словы пра «261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII—XXI стагодзьдзяў» на апошняй старонцы вокладкі грашаць непавагай да слова «партрэт», гэтаксама як папярэдняя няўдалая мэтафара робіць крыўду энцыклапедыі. Што партрэт, што энцыклапедыя гарантуюць грунтоўнасць ды пэўную аб’ектыўнасць адлюстравання, глыбокае спасціжэнне аб’екту. Дзвюхстаронкавыя замалёўкі ў «Імёнах Свабоды» сваёй ідэалагізаванай умоўнасцю нагадваюць хутчэй абразы або плакаты.

Позірк штораз чапляецца за прыхарошванні і змоўчанні.

Леў Гарошка «...ніколі не пакутаваў ні на якія беларускія комплексы». Калі б так было, паліглот і эрудыт Гарошка зрабіўся б звычайным касмапалітам і місіянерстваваў бы там, дзе больш надзеяў на поспех. Напрыклад, сярод папуасаў.

Уладзімір Дудзіцкі:

У адну зь лютаўскіх начэй 1933-га Дудзіцкага арыштавалі як «нацдэма». Ён атрымаў тры гады канцлягеру.

Тады сама быў зьнішчаны ягоны першы паэтычны зборнік «Песьні і думы».

У гады вайны Ўладзімер Дудзіцкі шмат сілаў і часу аддаў асьветніцкай працы ў аддзеле культуры Менскай гарадзкой управы і ў Беларускім культурным згуртаваньні.

А як прайшлі гады перад вайною, пасля вызвалення й высылкі ў Казахстан, пра якую чамусьці не згадваецца?

Тадэвуш Касцюшка:

... Тадэвуш ... апынуўся на шляху зь Беларусі ў Францыю, а затым у Новы Сьвет.

У 1777 годзе змагары за незалежнасьць паўночнаамэрыканскіх калёніяў атрымалі над ангельцамі бліскучую перамогу... Ваенныя гісторыкі сьцьвярджаюць, што зарукаю гэтага трыюмфу сталіся якраз непрыступныя фартыфікацыі, збудаваныя палкоўнікам-інжынэрам Касьцюшкам...

Дзе і калі Касцюшка навучыўся фартыфікацыі, зразумець з тэксту немагчыма.

Насуперак форме асноўнага тэксту, уступам і анонсам да яго, перад намі не выкладанне фактаў, а свабодная й дужа асабістая іх інтэрпрэтацыя. Адразу паўстае пытанне пра меркаваную аўдыторыю. Дзеля непаўнаты й трывіяльнасці выкладзеных фактаў кніга не можа служыць адукацыйным мэтам. Не з’яўляецца яна й мастацкім творам. Шматлікасць і размаітасць асобаў, ад сусветнавядомых да паспалітых, пакідае ёй толькі адну ролю: дапаможніка па перанайменні вуліцаў і плошчаў. Але шмат зменаў адбудзецца ў краіне, перш чым хто ў выканкамах зацікавіцца прапановамі спадара Арлова.

Пытанне 2-е: што сімпатычнага?

Свабода ва ўсіх магчымых праявах дэманструецца ў кнізе на кожнай старонцы. Яна не засмечаная ідэалагічнымі штампамі, уласцівымі афіцыйнаму дыскурсу, разумеем мы пад гэтым палітычную прапаганду дзяржаўных СМІ ці проста школьны навучальны працэс. (Што праўда, стыль выкладання ўваскрашае эпоху больш далёкую, пра што ніжэй, але можна палічыць, што гэта, ізноў жа, вынік свабоднага аўтарскага выбару.)

Далей, «Імёны...» напісаныя на мове, карыстанне якой — сапраўды справа свабоднага выбару: можна карыстацца, можна не карыстацца. Тэксты спаўна дэманструюць свабоду аўтара, які злучае пад адной вокладкаю імпрэсіі пра Тадэвуша Рэйтана, Вітаўта Кіпеля і Андрэя Пяткевіча, свабодна аперуе фактамі з жыцця нават вядомых асобаў. Чытаць кнігу можна з любой старонкі, спыніцца — таксама на кожнай. Свабода дазволіла сцэментаваць у адно Міхала Забэйду-Суміцкага й Георгія Таразевіча.

Перавагі свабоды-каштоўнасці над усімі іншымі дэманструюцца штокрок, і ў гэтым сэнсе замова амерыканскае радыёстанцыі выкананая. Ці свабодна абраў гэткае поле прыкладання сілаў вядомы пісьменнік, і што ён патрапіў выкласці свайго ў гэткім фармаце, адказаць цяжэй.

Пытанне 3-е: пра іншых ці пра сябе?

У большасці выданняў «Бібліятэкі Свабоды», мы даведваемся больш пра нутраны свет аўтара, чым пра заяўленую тэму. Інтэрпрэтацыі сп. Арлова метадалагічна заснаваныя на ідэалягічнай прадвызначанасці, а палемічныя прыёмы паходзяць... ад колішняй «контрпрапаганды».

У 1970-я, гады майго студэнцтва, мы мусілі ведаць, што Касьцюшка — паляк і герой зусім ня нашай гісторыі... «Нашым» быў Сувораў, войскі якога патапілі паўстаньне 1794 году ў крыві.

Тут выразна адчуваецца водгулле савецкага часу, прыгадваецца ўласная колішняя рэакцыя на нахабны таталізм прапаганды і на ейны, нарэшце, грандыёзны крах. Гэткія месцы выклікаюць пачуццё салідарнасці з аўтарам. Аднак ягонае знаёмства з савецкай прапагандаю вылілася ў пэўнае наследванне сродкаў. Сутыкнуўшыся з неабходнасцю выканаць ідэалагічную замову, ён звярнуўся да знаёмага ад маладосці стылю. Адсюль, відавочна, плакаты замест партрэтаў. «Імёны Свабоды» нясуць у сабе выразныя прыкметы заціснутасці аўтара.

Дасюль свабода згадвалася мною адно як філасофская катэгорыя. Але для Ул. Арлова гэты панятак мае й больш канкрэтнае вызначэнне: Свабода Беларусі. Тут, нарэшце, амерыканскія ідэалагічныя ўстаноўкі саступаюць месца ўласна беларускім, і рука аўтара робіцца больш пазнавальнаю. Але шматлікія абмежаванні нікуды не падзеліся, і адбываюцца цікавыя спалучэнні. Палымяны патрыятызм Рэйтана меў сваім фокусам трохі іншы аб’ект, чым патрыятызм Езавітава, слова «свабода» значыла розныя рэчы для Касцюшкі, Аляхновіча і Вяч. Адамчыка, змаганне за свабоду Сыса і Герменчука таксама наўрад ці лёгка паставіць побач. Аб’ядноўвае ўсё воля аўтара: усе гэтыя лёсы ёсць прыкладамі служэння Свабодзе Беларусі. У гэтым ёсць рацыя, але безапеляцыйная, па-руску кажучы, скороговорка, у выглядзе якой выкладаецца жыццё за жыццём, пакідае ў душы незадаволенасць.

«Імёны Свабоды» Ўладзімера Арлова — своеасаблівы пантэон беларускай свабоды і незалежнасьці, гістарычныя партрэты паўстанцаў і палітзьняволеных, знакамітых на ўвесь сьвет асобаў і людзей, якіх аб’ядноўвала любоў да волі і да радзімы. У «Імёнах Свабоды» гарадзенцы — Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Міхась Ткачоў, Павал Жук, Андрэй Пяткевіч… — піша «Наша Ніва».

На жаль, неабходна дадаць, што пантэон створаны пад моцным уплывам савецкага «класіцызму» і абмежаванымі звонку сродкамі. У выніку замала свабоды пакінута чытачу. Што ёсць свабода чытача як не магчымасць дакрануцца да фактаў, а не інтэрпрэтацыяў? Але ўсё ўжо раскладзена па палічках, у цеснаце і па вельмі адмысловай сістэме.

Ня ўсё, аднак, нагэтулькі беспрасветна. Плён і поспех аўтара «Імёнаў...» — у стварэнні беспарыўнае эпапеі змагання за Беларусь. Рэйтан, паўстанні 1794, 1830, 1861 гг., усе дзесяцігоддзі ХХ-га ст., нават ХХІ ст. маюць у кнізе сваіх прадстаўнікоў, для якіх ідэя Беларусі ня менш, а іншы раз нават больш важная за ідэю свабоды. Шчыра сказаўшы, змаганне за свабоду шмат для каго з герояў кнігі было менш важным, чым змаганне з несвабодаю ў імя Беларусі, але аўтар не засяроджвае ўвагу на гэтым, вельмі істотным у прынцыпе, падзеле і пазбягае ідэалагічнага канфлікту.

Пытанне 4-е: хто аўтар?

У водгуках на выданні «Бібліятэкі Свабоды» і «Бібліятэкі «Нашай Нівы» неаднойчы адзначалася, што гэтыя кнігі ўяўляюць з сябе феномены не столькі культурныя, колькі сацыяльныя, адлюстроўваючы погляды груп людзей, на якія не зважае афіцыйная Беларусь. Пачытаўшы «Імёны...», трэба казаць яшчэ вастрэй: кнігі не столькі мастацкія, колькі ідэалагічныя. Ідэалогія, якой яны служаць, істотна розніцца ад марксізму-ленінізму, але абцяжарвае аўтара не менш, чым праца ў адыёзным «холдынгу».

Жорсткае ідэалагічнае падпарадкаванне шкодзіць творчай працы: у «Імёнах...» амаль не адчуваецца рука спрактыкаванага белетрыста, дасведчанага стыліста, адным словам, майстра мастацкага слова. Уявім на хвіліну, што з усяе творчасці сп. Арлова засталіся толькі «Імёны Свабоды». Якім атрымаецца тады ўяўленне аб Арлову-пісьменніку?

Максімум, што можна будзе разгледзець — абрысы грамадзяніна і беларуса, і даведацца, што ён задумаў, але не напісаў, аповесць пра Міхала Валовіча. Творчы патэнцыял застанецца па-за кадрам. Не можа выявіць сябе мастак, нафарбоўваючы дарожную разметку; практыкуючыся ў агіяграфіі, не ўмацуеш навыкаў рэалізму ці псіхалягізму.

Служэнне свабодзе на гэткіх варунках набывае характар паняволення: перад чытачом паўстае не творца, а, паводле вызначэння Германа Гесэ, дзяяч фэльетоннай эпохі. У беларускіх класікаў было сваё найменне гэткай дзейнасці: «дрындушкі», пісанне якіх аніяк не сведчыць пра стан свабоды пісьменніка, хочацца таго паважанай рэдакцыі «Радыё Свабода» ці не хочацца. Як на мой густ, лепш было скарыстаць эфірны час на чытанне сп. Арловым аповесці пра Міхала Валовіча, або тых будучых раманаў, фільмаў ці дысертацыяў, пра якія згадваецца на апошняй старонцы вокладкі.

(1864—1925) —
крытык літаратуры, ляўрэат прэміі ARCHE «За сумленнае слова» ў 2006 г.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 11 (62) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/02/03