A R C H E П а ч а т а к № 12 (63) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


12 — 2007

 



аналітыка • крытыка • палеміка • эсэістыка • гісторыя • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  Павал Абрамовіч

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Казкі сьмерці і жыцьця

Глобус, А. Казкі. Мінск: Логвінаў, 2007. — 200 с.

На першы погляд, усё засталося, як і раней: афсэтны друк, афсэтная папера. Але нешта адбываецца з кнігамі Адама Глёбуса. Пасьля таўшчэзных «Тэкстаў» і прыгожа аформленых «Сшыткаў», выдадзеных у супэр-вокладках і ў цьвёрдым пераплёце, неяк нязвыкла трымаць у руках драбнюткашрыфтоўных «сУчасьнікаў» і малафарматныя «Казкі» ў мяккіх вокладках. Такое ўражаньне, што А. Глёбус уласныя кнігі падзяляе на кнігі «для сябе» і «для чужых» і друкуе іх адпаведным чынам.

Да таго ж «Казкі» выдадзеныя неахайна і «па-бандыцку»: з-пад унутранага боку вокладкі тырчыць засохлы клей (у кнізе ёсьць казка «Шэры клей» — мо гэта ён, шэры клей, выціснуўся наверх, у нашую рэчаіснасьць?), колькасьць умоўных выдавецкіх старонак, тыраж і нумар заказу не пазначаныя (замест лічбаў — прагалы)…

У пасьлямоўі да кнігі пісьменьнік прызнаецца ў даўняй любові да страшных гісторый і казак, якія дзеці пераказвалі адзін аднаму (Белая прасьціна, Чырвоная пляма, Труна на колцах), і прапануе ўвазе чытача «ўласную вэрсію кнігі казак пра Чорную руку і Шэрую краіну». Якім чынам А. Глёбус стварае атмасфэру жахлівага ў сваіх тэкстах? На мой погляд, ён дарэмна тлумачыць. Так, у казцы «Шэры люк» апавядаецца пра жонку і мужа, якія наступілі на каналізацыйны Шэры люк і праваліліся ў лябірынт, дзе іх зжэрлі людажэры. Галоўны пэрсанаж — люк, які «перакручваецца вакол восі і становіцца на месца, нібыта нічога і ня здарылася». Навошта ў дадзенай казцы спатрэбіўся апошні сказ («Страшныя дзядзькі-водаправодчыкі зьядаюць усіх, хто неабачліва наступае на Шэры люк, а пра гэта ніхто і не здагадваецца»), сказ, які ўсё толькі псуе, бо насамрэч ён ёсьць канспэктам, плянам казкі, а ня ейным апошнім акордам, фіналам, мне невядома (сказанае тычыцца і казкі «Чорны журналіст»). І гэтае аўтарскае слова «страшныя»… Трэба напісаць так, каб чытачу зрабілася страшна — аднымі шматкроць ужытымі словамі «страх», «жах» і да т. п. такога эфэкту не дасягнеш. Ні браты Грым, ні Стывэн Кінг не пісалі, як А. Глёбус, «Тут і здарылася жудасьць» («Бэжавая разэтка»). Яны апавядалі пра страшнае, ніколі не пазначаючы месцы, дзе аўдыторыя мусіла пачынаць баяцца. Яны палохалі самімі гісторыямі — ад першага і да апошняга слова. Дарэчы, С. Кінг, зь ягонага ўласнага прызнаньня, вельмі расхваляваўся, калі ў адной кніжцы коміксаў жанру horror пабачыў бездакорны з усіх пунктаў гледжаньня подпіс да малюнку. На чорна-белай ілюстрацыі сям’я з чатырох чалавек забілася ў вугал пакою, пасярэдзіне якога стаіць сэрвіраваны стол зь ежаю (бацькі і іх дзеці-падлеткі толькі-толькі сабраліся павячэраць); вылупіўшы вочы, людзі зь перакрыўленымі белымі тварамі глядзяць, як з-пад дывана да іх цягнецца мярзотная шчупня. А подпіс пад малюнкам быў такім: «Наступным вечарам гэта здарылася ізноў». Што менавіта здарылася і чаму — казаць пра тое залішне і тлумачыць ня трэба. Недагаворанасьць — стрыжань падзеі. Прыгажосьць страху — у словах «гэта» і «наступным вечарам»; у бялюткіх тварах пэрсанажаў, якія вельмі пасуюць да колеру абрусу; у шчупні невядомай нябачнай істоты, што тэрарызуе сям’ю.

Хочацца, каб і нашы мастакі пужалі нас гэткімі ж словамі і малюнкамі. І разам з тэхнічнымі супрацоўнікамі (рэдактар новай кнігі А. Глёбуса — Уладзімер Арлоў) пільнаваліся ў невялічкіх літаратурных тэкстах моўных агрэхаў, такіх, як «Мужчына быў настолькі такі сквапны…» («Чорны чорт») ці «муж быў непахісны ў прынятым рашэньні» («Аранжыкавы гальштук»).

Нягледзячы на заганы і пралікі, асобныя казкі з кнігі мне спадабаліся. І не таму, што сам аўтар у пасьлямоўі адзначае, што «казкі любяць усе». Насамрэч гэты сылягізм

Вялікая пасылка: казкі любяць усе.
Малая пасылка: А. Глёбус піша казкі.
Заключэньне: казкі А. Глёбуса любяць усе.

няправільны. Дык чаму тады?

Новая кніга А. Глёбуса, пры зьмене фокусу, чытаецца як няказачная.

Вось казка «Чорная іголка». Ці ж не хадзілі па Менску чуткі, што нехта атручанай іголкай коле наведвальнікаў дыскатэк? Было такое. Альбо казка «Руды цьвік». Што ў гісторыі пра мужчыну, які пасьлізнуўся і прабіў сабе сэрца рудым цьвіком, выдуманага? Колькі людзей кожны дзень памірае так недарэчна! Ці «Блакітны брыльянт» — ці ж не магло падобнае насамрэч адбыцца ў жыцьці алігарха з Рублёўкі? Альбо, можа, па-іншаму, чым у казцы «Чорная сьвечка», людзі праклінаюць, зжываюць зь белага сьвету сваіх ворагаў? Ці дадаў нешта А. Глёбус да сваіх дзіцячых успамінаў («Чырвонае яйка») — відаць, не. Ці возьмем цыкл гісторыяў пра Шэрую краіну, у якой можна пазнаць родную Беларусь («а можна не пазнаць і ня ўбачыць», — як кажа сам аўтар з іншай нагоды ў «Жоўтай лямпачцы»). Тут вам і векапомныя сакавіцкія падзеі 2006 г. (казка «Белая зорка»), і Юры Захаранка са сваёй матуляю («Шэры абэліск») — стаўленьне літаратара да зьніклага генерала не зьмянілася з часу напісаньня ў 2000 г. апавяданьня «Мянты».

З-за свайго нежаданьня ўзьняцца да мастацкай тыпізацыі А. Глёбус моцна рызыкуе і чарговай кніжкай праславіцца як публіцыст зь літаратурнымі задаткамі, які прарочыць згубу «каляровым» рэвалюцыянэрам і кпіць з паэта Алеся Разанава. Трэба адзначыць, што «Новае адзеньне караля» Г. Х. Андэрсан пісаў як сатыру на пісьменьніка Фрэдэрыка Палудана-Мюлера. Хто памятае апошняга, акром жменькі дасьледчыкаў? Затое вобраз голага караля сёньня вядомы ва ўсім сьвеце. Можа быць, і казка «Чорны яйкаквадрат» зь цягам часу таксама «ачысьціцца» ад шалупіньня рэчаіснасьці.

крытык літаратуры, сталы аўтар «ARCHE». Аўтарская назва тэксту — «Памяць, спавітая ўяўленьнем».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (63) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/04/20