A R C H E | П а ч а т а к | № 12 (63) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Алесь Аркуш | ||||
Алесь Аркуш
Недазьняты Быкаў
Васіль Быкаў — гэта адзін зь вялікіх беларускіх пісьменьнікаў другой паловы ХХ стагодзьдзя, які, нягледзячы на задушлівую атмасфэру сацыялістычнага ладу ў Беларусі, змог рэалізавацца як творца. І ў гэтым палягае вялікая загадка пісьменьніка.
Агульны наклад кніг Быкава сягаў 3 млн асобнікаў. Быкава друкавалі самыя ўплывовыя выдавецтвы. Творы адзначаліся самымі прэстыжнымі прэміямі. Якім чынам Быкаў, працуючы ў СССР, мала таго, кавалер зоркі Героя Сацыялістычнай Працы, ляўрэат практычна ўсіх самых значных літаратурных прэміяў у СССР, змог напісаць у 60—80 гг. творы, якія застаюцца актуальнымі і ў мастацкім, і ў этычным пляне да сёньняшніх дзён? Быкаву пашанцавала: часы крывавых чыстак яго абмінулі; у самым страшным 37-м годзе яму было толькі 13 гадоў. Другі раз пашанцавала, калі выжыў на вайне і праз усе суворыя жыцьцёвыя выпрабаваньні не згубіў цікавасьць да творчасьці. Жыцьцё як быццам бы правярала яго на здольнасьць выкананьня адмысловай, адказнай місіі. Ня ўсё было бясхмарна. Пэрыядычна распачыналася цкаваньне пісьменьніка з выкарыстоўваньнем ідэалягічных рупараў савецкага часу, такіх, як газэта «Правда». Быкава абвінавачвалі ў ачарніцельстве, кляймілі як памагатага нямецкіх рэваншыстаў і нават той-сёй называў яго, на манер 37-га году, ворагам савецкага народу. У рэдакцыі газэт дасылаліся абуральныя калектыўныя лісты вэтэранаў вайны, у кватэры пісьменьніка білі шыбы, творы аддавалі анафэме на сходах працоўных калектываў. Але, на дзіва, гэтым абмежавалася. Нібыта нейкая ўплывовая сіла ахоўвала і бараніла яго. Быкаў атрымліваў прэмію за прэміяй, кожны значны яго твор экранізоўваўся, празаік-франтавік абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету, а неўзабаве атрымаў званьне Народнага пісьменьніка Беларусі і Героя Сацыялістычнай Працы. Парадокс! Гэтаму парадоксу відавочна ёсьць тлумачэньне. З аднаго боку, для Васіля Быкава Другая ўсясьветная вайна стала ўласнай вялікай трагедыяй. Ён прайшоў яе ад пачатку да канца за артылерыйскім ляфэтам. Мала таго, маці Быкава атрымала «пахаронку» на сына, а ягонае імя памылкова было выбіта на абэліску брацкай магілы. З другога боку, гэтая вайна яго і бараніла. Беларускія літаратуразнаўцы і дасьледчыкі творчасьці Быкава тлумачаць трываласьць і нязломнасьць Быкава рознымі акалічнасьцямі. Найперш тым, што ў пісьменьніка было шмат заступнікаў у Маскве, сярод якіх — рэдактар маскоўскага часопісу «Новый мир» Аляксандар Твардоўскі, які і друкаваў Быкава на старонках свайго самага аўтарытэтнага літаратурнага выданьня ў СССР. Нярэдка ў «Новом мире» найноўшыя творы Быкава зьяўляліся раней, чымся ў Беларусі. Да таго ж у разгар цкаваньня за Быкава заступіліся калегі па літаратурным цэху: Анатоль Вярцінскі, Іван Чыгрынаў, Ніл Гілевіч і Алесь Адамовіч. Яны напісалі ліст у ЦК Кампартыі Беларусі, у якім абаранялі летапісца «акопнай праўды». Гэты ліст падпісалі, выявіўшы нечуваную дасюль калектыўную сьмеласьць, каля 80 беларускіх пісьменьнікаў. Такім чынам, Васіль Быкаў знаходзіўся ў іншай сытуацыі, чымся Ёсіф Бродзкі, якога выслалі як лайдака і асацыяльнага элемэнта, і Аляксандар Салжаніцын, які адседзеў тэрмін у ГУЛАГу, атрымаўшы таўро «зэка». Быкаў меў і больш магутнае заступніцтва. Пасьля Другой усясьветнай вайны да ўлады ў Беларусі прышлі былыя партызанскія камандзіры на чале зь Пятром Машэравым. Яны захоўвалі карпарацыйную салідарнасьць. Усё, што датычыла мінулай вайны і барацьбы з нацызмам, для іх мела асаблівае значэньне. І Быкаў, якім бы яго ні малявалі гэбісты і маскоўскія ідэолягі, для іх быў баявым таварышам, франтавіком. Гэтая акалічнасьць не давала перагнуць палку ў дачыненьнях улады зь пісьменьнікам. Вядома, мела значэньне і сусьветная вядомасьць Быкава. Каб засьведчыць міжнароднай грамадзкасьці, што зь літаратурным талентам у Беларусі абыходзяцца з шанаваньнем, пісьменьнік атрымліваў і дзяржаўныя ўзнагароды. Але ніколі Быкаву не даручалі кіраўнічых пасадаў нават у літаратурнай арганізацыі. Яму не давяралі. Пасьля развалу СССР Быкаў прызнаўся, што меў прапанову выехаць на Захад яшчэ ў 60-я гг., пасьля цкаваньня, якое распачалося пасьля апублікаваньня аповесьці «Мёртвым не баліць». Пісьменьнік такую прапанову адхіліў. Вагаўся ён ці не — гэтага мы ўжо не даведаемся. Можна меркаваць, што лёс Быкава ў выніку эміграцыі склаўся б зусім інакш. Магчыма, Быкаў усьлед за Бродзкім і Салжаніцыным атрымаў бы Нобэлеўскую прэмію. А магчыма, і ня змог бы напісаць таго, што напісаў пад псыхалягічным ціскам. У інтэрвію расейскай рэдакцыі радыё «Свабода» пасьля ўганараваньня ў 2000 г. у Маскве літаратурнай прэміяй «Трыюмф», Быкаў сказаў, што на тэмы сучаснасьці праўдзіва і сумленна пісаць у СССР было немагчыма, таму ён і засяродзіўся на ваеннай, хоць ненавідзеў усёй душой і вайну, і армію. Аднак, як ён меркаваў, на ваеннай літаратурнай дзялцы існавала магчымасьць рэалізаваць некаторыя ідэі. У гэтым жа інтэрвію Быкаў працытаваў словы Джона Стэйнбэка. Амэрыканскі пісьменьнік сказаў іх падчас наведваньня Масквы: «У вас за свабоднае слова саджаюць, даюць тэрміны — гэта ж цудоўна! Гэта цудоўна, гэта гаворыць аб кошце гэтага слова. На Захадзе, напрыклад, яно ня мае ніякага значэньня. Што б вы ні гаварылі, на любой плошчы, — гэта будзе безвынікова». Магчыма, гэтыя словы аўтарытэтнага для Быкава Стэйнбэка, якія беларускі пісьменьнік захаваў у сваёй памяці на ўсё жыцьцё, і тлумачаць, чаму летапісец «акопнай праўды» адмовіўся выехаць на Захад. Першую сур’ёзную вядомасьць Быкаву прынесла аповесьць «Трэцяя ракета», напісаная ў 1962 г. Надзвычай апэратыўна, літаральна праз год, на кінастудыі «Беларусьфільм» была зьнятая аднайменная стужка. Для маладога рэжысэра Рычарда Віктарава гэта быў другі ягоны фільм. Сцэнар напісаў сам Васіль Быкаў. Сярод актораў — Станіслаў Любшын, які яшчэ неаднойчы будзе здымацца ў фільмах паводле Быкава і стане папулярным акторам савецкага кіно. Сюжэт «Трэцяй ракеты» досыць просты: артылерыйскі разьлік застаецца сам-насам з ворагам. Лёс зьвёў у адным акопе вельмі розных людзей, на якіх сьмяротнай небясьпекаю насоўваецца танкавая калёна немцаў. У экстрэмальнай сытуацыі зусім нечакана пачалі раскрывацца чалавечыя характары. Фільм ня стаў вялікім дасягненьнем беларускага кінэматографу. Самому Быкаву ён не спадабаўся. Усе вострыя вуглы ў стужцы былы згладжаныя, дадалася тагачасная ідэалягічная плякатная эстэтыка, якая загнала гуманістычныя ідэі пісьменьніка ў савецкі патрыятычны шаблён. І толькі дапытлівы глядач пасьля прагляду «Трэцяй ракеты» мог задаць сабе пытаньне: чаму ў першыя месяцы вайны савецкая армія была такая разгубленая і непадрыхтаваная і чаму жыцьці савецкіх салдат нічога не каштавалі на шалях гэтага вар’яцкага людабойства? Але ўжо ў гэтай першай экранізацыі выявілася асноўная стылістыка «беларускага савецкага кіно паводле Быкава»: вузкая, абмежаваная колькасьць галоўных герояў у замкнёнай прасторы; выпрабаваньне чалавечых характараў праз гранічна складаныя, сьмяротна небясьпечныя сытуацыі; супрацьстаяньне моцы духу і маральнага абавязку скурніцкаму маладушшу і партыйнаму статуту; трагічны канец станоўчага героя. Дарэчы, рэжысэр «Трэцяй ракеты» Рычард Віктараў меў падобны да быкаўскага досьвед. Падлеткам ён зьбег на фронт, прайшоў усю вайну, быў паранены. Таму ваенная тэма для яго была знаёмая не па кнігах. Віктараў пазьней стане клясыкам савецкай кінафантастыкі, зьняўшы такія фільмы, як «Масква-Касіяпэя», «Отракі ў Сусьвеце», «Празь церні да зорак». Стаўшы ўжо мэтрам гэтага жанру, Віктараў у 1976 г. вяртаецца да быкаўскай тэмы і здымае на маскоўскай кінастудыі імя Горкага фільм «Абэліск». Сюжэт аповесьці надзвычай драматычны. Вясковы настаўнік Алесь Мароз сыходзіць у партызаны. Ягоныя вучні, шкодзячы фашыстам, аднойчы выпадкова забіваюць нямецкага вайскоўца. Фашысты хапаюць падлеткаў і абвяшчаюць, што вызваляць іх пры ўмове, што настаўнік зьявіцца да немцаў. Алесь Мароз, разумеючы, што ідзе на верную сьмерць, ня можа пакінуць сваіх вучняў. На гэтым драматызм твору не абмяжоўваецца. Адзін з вучняў Мароза застаецца жывы, робіцца настаўнікам і пачынае змаганьне за аднаўленьне добрага імя Алеся Мароза, якога абвінавацілі ў здрадзе, маўляў, здаўся ў палон з уласнага жаданьня. Настаўнік запрашае ў сваю вёску сталічнага журналіста, але не дажывае да сустрэчы зь ім. Аднак вернемся ў 60-я гг. Другая спроба экранізацыі прозы Быкава выйшла больш удалая. Гэтым разам пісьменьнік здолеў унікнуць савецкага шаблёну з дапамогай лірычнай гісторыі каханьня. Фільм быў зьняты ў 1965 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» паводле аповесьці «Альпійская баляда». (Зазначым, што пераважная большасьць фільмаў, зьнятых па творах Быкава, мелі такую самую назву, як і твор.) Рэжысэрам выступіў Барыс Сьцяпанаў. Зноў-такі сцэнар напісаў сам Быкаў. Падчас начнога бамбардаваньня з канцлягеру зьбягае шэраг вязьняў, у тым ліку палонны беларус Іван і італьянка Джулія, якія сустракаюцца ў перадгор’і Альпаў. Іван спачатку спрабуе пазбавіцца ад слабой спадарожніцы, але, разумеючы, што самастойна жанчына ня зможа ўратавацца, прымае рашэньне адольваць засьнежаны горны перавал разам. Паміж маладымі людзьмі разгараецца пачуцьцё. Але шчасьце доўжылася лічаныя гадзіны. Пагоня насьцігае ўцекачоў. Коштам свайго ўласнага жыцьця Іван выратоўвае Джулію. Ролі Івана і Джуліі бліскуча выканалі Станіслаў Любшын і Любоў Румянцава. «Альпійскай балядзе» выпала стаць адным з самых вядомых і любімых у СССР фільмаў паводле Быкава. На савецкім тэлебачаньні кінастужка дэманстравалася часта, і практычна не было ніводнага дарослага жыхара СССР, які б ня бачыў гэтай рамантычнай і ў той самы час трагічнай кінагісторыі. Дарэчы, фільм гэты і сёньня не зьнікае з тэлепраграмаў беларускага, расейскага і ўкраінскага тэлебачаньня. «Альпійская баляда» атрымала Гран-пры на міжнародным кінафэстывалі ў Дэлі ў 1968 г. Рэжысэр Барыс Сьцяпанаў у 1975 г. зьняў яшчэ адзін фільм паводле Быкава — «Ваўчыная зграя». Аднак не дасягнуў посьпеху «Альпійскай баляды». Пасьля здымкаў у «Альпійскай балядзе» Станіслаў Любшын быў запрошаны ў сэрыял «Шчыт і меч» на ролю савецкага выведніка. Фільм пабачыў сьвет у 1968 г. Ён меў такі шалёны посьпех, што нарадзіў шэраг сэрыялаў-насьледаваньняў пра выведнікаў, якія працуюць у тыле ворага. Гэта быў зорны час Любшына. Паводле апытаньня часопісу «Савецкі экран», ён быў названы найлепшым акторам СССР 1968 г. Многія савецкія пісьменьнікі, кінарэжысэры, акторы зьвярталіся да ваеннай тэмы з той самай прычыны, што і Васіль Быкаў, — тут ня трэ было ляпіць вобраз будаўніка камуністычнай будучыні. Пасьля «Альпійскай баляды» да сярэдзіны 70-х было зьнята яшчэ чатыры быкаўскія фільмы: «Пастка» (1966, рэж. Л. Мартынюк), «Жадаю посьпеху» (1968, рэж. Ул. Смагін), «Ваўчыная зграя» (1975, рэж. Б. Сьцяпанаў), «Доўгія вёрсты вайны» (1975, рэж. А. Карпаў). Ніводная з гэтых стужак ня стала зьявай і, як і ранейшыя экранізацыі яго твораў, не спадабаліся пісьменьніку. Быкаў пачаў ахалоджвацца да кіношнай справы. І тут паступіла прапанова ад маскоўскай рэжысэркі Ларысы Шапіцькі напісаць кінасцэнар паводле аповесьці «Сотнікаў». Яшчэ да Шапіцькі рабіліся спробы экранізаваць гэтую аповесьць, але атрымаць дазвол ад Дзяржкіно СССР нікому не пашчасьціла. Быкаў на просьбу Шапіцькі напісаў. Рэцэнзаваць кінасцэнар даручылі рэжысэру Ляву Аранштаму і кіназнаўцу Расьціславу Юрэневу. Першы без заўвагаў падтрымаў ідэю пастаноўкі «Сотнікава». А вось Юрэнеў, былы лётчык штурмавой авіяцыі, напісаў у рэцэнзіі, што ня можа «рэкамэндаваць да пастаноўкі гэтую бясспрэчна тэленавітую і сумленную рэч», бо не хацеў бы бачыць на экране такі фільм — «усё ў ім змрочна, безвыходна, безнадзейна...». Аповесьць «Сотнікаў» сапраўды шчымліва трагічная. Вопытны партызан Рыбак і былы акружэнец Сотнікаў зімой 1942 г. адпраўляюцца на пошукі прадуктаў для партызанскага атраду. Сутыкнуўшыся з паліцаямі, яны шукаюць паратунку ў адной зь вёсак. Аднак карнікі іх усё адно вылоўліваюць. Пачынаюцца допыты, катаваньні. Рыбак імкнецца выратаваць сваё жыцьцё любым коштам і йдзе на здраду. Ён гатовы на ўсё: нават, не вагаючыся, выбівае табурэт пад Сотнікавым, калі таго вешаюць перад жыхарамі мястэчка, — а затым робіцца паліцаем. Пасьля рэцэнзіі Юрэнева кінасцэнар Быкава паводле «Сотнікава» без ваганьняў зарэзалі. Аднак гэта не спыніла Ларысы Шапіцькі. Яна пачала штурмаваць кабінэты Дзяржкіно і дамаглася нарэшце дазволу. Гэтым разам кінасцэнар напісала сама рэжысэрка разам зь Юр’ем Клепікавым. Здымкі адбываліся на «Масфільме» ў 1976 г. Фільм атрымаў назву «Ўзыходжаньне». Трэба меркаваць, невыпадкова шмат хто заўважыў, што назва фільма асацыявалася з узыходжаньнем на Галгофу Ісуса Хрыста. «Узыходжаньне» стала, бадай, адзіным быкаўскім фільмам, зьнятым пры жыцьці пісьменьніка, які яму спадабаўся. Дзякуючы гэтай кінастужцы прыадчынілася таямніца трагічных фіналаў твораў пісьменьніка: дзеля таго, каб існаваў гэты грахоўны сьвет, найлепшыя, самыя сумленныя і нязломныя людзі павінны пэрыядычна, у цяжкія часы выпрабаваньня, прыносіць сябе ў ахвяру ў імя праўды і справядлівасьці. Такім чынам, гэты фільм — экзыстэнцыйная драма пра веру і здраду. У 1977 г. «Узыходжаньне» атрымала «Залатога мядзьведзя» на Міжнародным кінафэстывалі ў Заходнім Бэрліне. У Савецкім жа Саюзе фільм балянсаваў на мяжы забароны і выйшаў на экраны толькі пасьля ўмяшаньня першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Пятра Машэрава. У сярэдзіне 80-х «Беларусьфільм» заявіў пра жаданьне экранізаваць «Знак бяды». За працу ўзяўся адзін самых таленавітых тагачасных беларускіх кінарэжысэраў Міхаіл Пташук. Стужка пабачыла сьвет у 1986 г. Яна апавядала пра трагічны лёс старых Сьцепаніды і Петрука, якія жылі на хутары Яўхімаўшчына. Хутар не дапамог ім схавацца ў часе вайны ад навалы прыкрых, невыносных здарэньняў. Адзін за адным, стаўшы сьведкамі і ўдзельнікамі жудасных падзеяў, гінуць галоўныя героі. І толькі бомба, якую Сьцепаніда абмянала на прыхаванага ў лесе парсючка, дзеля таго, каб адпомсьціць фашыстам, уносіць новыя, нехарактэрныя для ранейшага Быкава акалічнасьці ў дачыненьнях паміж ахвяраю і катам. Гэты фільм таксама зь вялікімі складанасьцямі ішоў да гледача. Кінастужку вазілі на ацэнку самому тагачаснаму генэральнаму сакратару ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову. У 80-х пабачылі сьвет яшчэ некалькі быкаўскіх фільмаў: «Фруза» (1981, рэж. У. Нікіфараў), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А. Мароз), «Яго батальён» (1989, рэж. А. Карпаў-ст.) Нічым адметным гэтыя фільмы ня вызначыліся. І тут пачаліся сур’ёзныя зьмены ў савецкім грамадзтве. Грымнула «перабудова». Зь невараці пачалі вяртацца імёны і творы рэпрэсаваных пісьменьнікаў. З паліцаў спэцсхову зьнялі забароненыя раней фільмы. Грамадзкая думка віравала. Пісьменьнікі адкрыта пачынаюць зьвяртацца да забароненых раней тэмаў. Сярод іх і Быкаў. Быкаў не адракаецца ранейшай ваеннай тэмы. Але ў ягоных новых творах пачынаецца адкрыта ўздымацца нацыянальнае пытаньне. Пісьменьнік піша шмат публіцыстыкі, нагадвае пра жудасны нацыянальны генацыд, які беларусы перажылі ў 30-я гг. З болем піша пра застарэлыя праблемы нацыянальнай культуры і беларускай мовы. За кароткі прамежак часу на пачатку 90-х гг., які прынёс Беларусі незалежнасьць і глыток свабоды, на зьбяднелым, скурчаным «Беларусьфільме» выйшаў толькі адзін фільм паводле Быкава — «На чорных лядах» (1995). Рэжысэр — Валеры Панамароў. У фільме апавядаецца пра Слуцкае паўстаньне беларусаў, якія адстойвалі ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі са зброяй у руках. Фільм усяго некалькі разоў быў паказаны па тэлебачаньні. Пасьля спаўзаньня Беларусі да дыктатуры ён быў пакладзены на паліцу. Сымбалічна, што пад забарону ў Беларусі пачалі трапляць і дакумэнтальныя фільмы пра самога Быкава. Бадай, самая гучная гісторыя адбылася ў 2004 г., калі дакумэнтальны фільм «Доўгая дарога дадому... Рэквіем», які быў зьняты на незалежнай студыі «Тацяна» рэжысэрамі Ірынай Пісьменнай і Мікалаем Дзінавым, не атрымаў пракатнага пасьведчаньня. Не атрымаў дазволу на паказ і фільм Віктара Корзуна «Вяртаньне» пра шматлюднае разьвітаньне з Быкавым, якое стыхійна вылілася людзкім патокам на вуліцы Менску. Труну з Народным пісьменьнікам пранесьлі на руках праз увесь горад да Маскоўскіх могілак, дзе ён і быў пахаваны. Як ні дзіўна, экранізацыя твораў Васіля Быкава не спыняецца. Сёлета адразу некалькі рэжысэраў працавалі з быкаўскім матэрыялам. У Беларусі фільм паводле аповесьці «Пайсьці і не вярнуцца» здымалі расейскія кінэматаграфісты на чале з Вольгай Жулінай. І толькі «Беларусьфільм» не наважваецца зноў зьвярнуцца да творчай спадчыны клясыка, бо дазволу на такую працу ня мае. Між тым творы Быкава, зь іх гранічнымі сытуацыямі і сюжэтнай вастрынёй, ня страцілі свайго кінэматаграфічнага патэнцыялу. І так, як найлепшыя студыі сьвету не стамляюцца пераасэнсоўваць клясычныя сюжэты антычнага сьвету, творы Шэксьпіра, Заля, Растана ці Булгакава, на свае лепшыя кінавэрсіі яшчэ чакае Быкаў. Трэба меркаваць, найлепшыя экранізацыі летапісца «акопнай праўды» яшчэ наперадзе.
Беласток |
КСЁНДЗ ВІКТАР МІСЕВІЧ паэт, эсэіст. Сталы аўтар «ARCHE». Заснавальнік і выдавец альманахаў «Ксэракс Беларускі» і «Калосьсе», стваральнік «Таварыства Вольных Літаратараў» і выдавецкай суполкі «Полацкае ляда». Аўтар словаў гімну Полацку. Апошняя публікацыя — кніга эсэістыкі «Аскепкі вялікага малюнку» (2006). |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 12 (63) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |