A R C H E П а ч а т а к № 12 (63) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


12 — 2007

 



аналітыка • крытыка • палеміка • эсэістыка • гісторыя • літаратура

 


эсэістыка

  Васіль Аўраменка

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Васіль Аўраменка
Самагубства і эўтаназія

«Што выратуе сьвет?» — «Ня ведаю, а вось хто яго пагубіць, магу сказаць дакладна — чалавек!» — «А пры чым тут прыгажосьць?» — «А зрабіць гэта можна прыгожа, а можна і брыдка...» — «Брыдка-нябрыдка... А што да таго сьвету?» — «Ды нічога. Прырода ж ня мы, думаць ня ўмее...»

«Дыялёгі сяла Дастоева»

Усё дзеля чалавека! Усё ў імя Чалавека! І вось ужо нічога акрамя ЧАЛАВЕКА і не засталося. Вакол, куды ні плюнь, толькі адзін татальны ГУМАНІЗМ.

«Нататкі адстаўнога гуманіста»

Гуманізм! Гэта гучыць горда. Напраўду ён — сьвятарная карова Новага часу, духоўны стрыжань эўрацэнтрычнага сьвету, ідэйны падмурак сучаснай цывілізацыі. Колькі гігантаў і карлікаў вырасла на ягоных плячах: капіталізм, сацыялізм, прагрэс, дэмакратыя, лібэралізм, правы чалавека, спажывецкае грамадзтва, сэксуальная рэвалюцыя, аднаполыя шлюбы і да т. п. Колькі дзідаў зламана ў ягонае імя і колькі галоў адсечана на ягоным аўтары. Ці ня ёсьць прыкметай канчатковай перамогі гуманізму тое, што апошнія 100 гадоў усё самае кепскае ў сьвеце завецца антыгуманным. І калі галоўная каштоўнасьць гуманізму — чалавек-асоба, з усімі сваімі ідэямі, комплексамі і вантробамі, то найгоршым злачынствам супраць яго можна лічыць гвалтоўнае пазбаўленьне жыцьця, у тым ліку і дачасную сьмерць, прычыненую самому сабе. Аднак самагубства і каштоўнасьці гуманізму маюць не такія простыя дачыненьні, як падаецца. А значны рост самагубстваў у сьвеце за апошнія дзесяцігодзьдзі ёсьць ня чым іншым, як адным з вынікаў «канчатковай перамогі» гуманізму.

Па вялікім рахунку, суіцыд — зьява чалавечая. За рэдкім выключэньнем яна амаль невядома ў жывёльным сьвеце. Бадай толькі ў янота-паласкуна біёлягі назіраюць выпадкі, калі самец топіцца пасьля гібелі сваёй партнэркі. Аднак гэта выключэньне з агульнага правіла. Людзям жа здольнасьць да самагубстваў была дадзена разам з інтэлектам і свабодай волі, а суіцыды сталі своеасаблівай платай за розум і перамогу над безумоўнымі рэфлексамі, у першую чаргу над рэфлексам самазахаваньня. У розныя эпохі стаўленьне да самагубстваў мяняліся, але ў дагістарычныя часы homo sapiens быў так заняты здабываньнем ежы, барацьбой з навакольным сьветам і працягам роду, што ня меў часу, сілаў і прычын для такога «глупства». У адрозьненьне ад сучаснага чалавек першабытны ня меў ні выбару, ні свабоды, а ягонае жыцьцё было жорстка рэглямэнтавана ад нараджэньня да самой сьмерці (як правіла, у 25—30 год). Выключэньнем была хіба што традыцыя пакідаць на пагібель сваіх старых і нямоглых, гэткі правобраз сёньняшняй эўтаназіі. У тыя «негуманныя» часы пры вялікім дэфіцыце харчовых рэсурсаў галоўнай праблемай былі не правы чалавека, а выжываньне роду. Выбар паміж старымі і малымі рабіўся на карысьць апошніх: то быў элемэнтарны біялягічны прагматызм. Хоць пры жаданьні тут можна ўгледзець і нейкую сымболіку: старых (мінулае) прыносілі ў ахвяру маладым (будучаму) і, як пры любым ахвяраваньні, меў тут месца элемэнт угоды ці, прынамсі, надзеі на тое, што, аддаўшы меншае ці горшае, вы некалі атрымаеце большае і лепшае. Людзі ў адносінах і з прыродай, і з багамі, і з да сябе падобнымі заўсёды шукаюць выгаду. Ці ня ёсьць гэта спэцыфічным чалавечым рэфлексам, як і прага да экспансіі ды ўлады, дзякуючы якому людзкая супольнасьць выжыла і шырока разышлася па сьвеце. Хоць што такое «выгада» і да чаго яна можа прывесьці, трэба яшчэ разабрацца.

Калі кажуць пра выгаду, то звычайна маюць на ўвазе матэрыяльную карысьць для асобнага чалавека. Але, па-першае, выгада бывае ня толькі рэчавай, але фізіялягічнай ці духоўнай. А па-другое, ня толькі прыватнай, але і групавой — сямейнай, кланавай, этнічнай, нацыянальнай і нават — відавой ці біялягічнай. Калі гаворка ідзе пра карысьць на ўзроўні грамадзтва ці ўсяго роду чалавечага, то часьцей ужываецца слова «дабро», а калі пра шкоду, то, адпаведна — «зло». Але перш чым залазіць у мэтафізычныя нетры «дабра і зла», зробім невялікі экскурс у гісторыю пытаньня.

Пытаньні без адказаў

Сярод шматлікіх пытаньняў, якімі чалавек выкладае свой шлях, ёсьць і такія, на якія адказу быць ня можа ў прынцыпе. Як бы ні высільваўся наш розум, але ня ўсё яму пад сілу. Асабліва — ён сам для сябе. Напрыклад, што вы думалі, калі нараджаліся на сьвет? Напэўна, мала хто знойдзецца сказаць што-небудзь на гэткі правакацыйны запыт. Хоць нехта і зрэагуе пытаньнем на пытаньне: «А хіба мог я тады думаць?» І сапраўды, напачатку было ня слова, а нават ня думка — спачатку было нараджэньне — бяздумнае, бясслоўнае, агучанае ў лепшым разе крыкам «а-а-а-а-а!». І то была не загалоўная літара альфабэту — «А», але просты непадцэнзурны і нелітаратурны крык ці то радасьці, ці то гора, ці то шоку ад новага сьвету, ці то шкадаваньня аб цёплым матчыным улоньні. Гэты няўцямны гук зьмясьціў у сабе і будучыя шэдэўры паэзіі, і шчырыя малітвы, і матэматычныя формулы, і філязофскія парадоксы. У ім, як у зародку, былі закуты ўсе коды літаратуры і навукі, разгарнуць якія ў палатно чалавечай культуры, у абшар словаў і думак можна толькі прайшоўшы жыцьцёвым шляхам да самага канца, да самай апошняй думкі. «Пра што вы падумалі на парозе сьмерці? Што апошнім клюкснула вам у галаву?» Пытаньне, якое навек застанецца без адказу, бо адказчык заўсёды сыходзіць раней, чым яно зададзена. Але ж чалавек такая ненаедная істота, што заўжды прагне немагчымага, вечна імкнецца за межы дазволенага і дасяжнага, за рамкі ўласнага розуму і быцьця. Ён называе гэта адкрыцьцём Божым, вечнай ісьцінай, трансцэндэнтальнасьцю, прагрэсам ці іншымі імёнамі, але, на самой справе, нічога па-за межамі свайго жыцьця ня ведае. Усё, што ён «дабудоўвае» ці то наперад, ці то ўзад да свайго існаваньня, ёсьць канструкцыяй з тых словаў і думак, якія дало яму жыцьцё, сваё ці сваіх папярэднікаў. Фактычна гэта адлюстраваньне ягонага вопыту ў рэтра- ці праспэктыўным «люстэрку». А ўсе «вечныя» пытаньні ёсьць пытаньнямі па-за межамі ягонага жыцьця, і вечныя яны бадай таму, што адказу на іх вечна няма. Хіба што замест аднаго пытаньня ставіцца другое, а за ім трэцяе. Урэшце, гэтых пытаньняў ня так і шмат, і большасьць людзей вельмі рэдка іх сабе задае. Чалавек звычайна думае, як зарабіць грошай, дзе б чаго зьесьці ці чым заняць вольны час. Пытаньні, безумоўна, важныя, а магчыма, і галоўныя ў будзённым жыцьці. Але ж ёсьць яшчэ і жыцьцё вечнае, і вечнае ня ў тым сэнсе, што несьмяротным можа быць асобны чалавек, а ў тым, што вечны сам «чалавечы мурашнік». Людзкая супольнасьць жыве вякамі і тысячагодзьдзямі, таму непазьбежна ўзьнікаюць пытаньні не «абсалютна», але «адносна» вечныя, у межах чалавечай гісторыі ці адной цывілізацыі. Адказы на іх кожная эпоха можа даваць па-свойму.

Самагубства: калі перавышаны паўнамоцтвы

Вяртаючыся да тэмы «дабра і зла», можна сьмела сказаць, што, як і любая сьмерць, суіцыд лічыцца сёньня безумоўным злом. Але ж ёсьць між імі і розьніца: натуральная сьмерць прыходзіць, калі канчаюцца фізычныя магчымасьці для існаваньня, а самагубная — калі сыходзяць духоўныя ці, хутчэй, душэўныя магчымасьці. Такім чынам, самагубства ёсьць адным з варыянтаў духоўнай сьмерці. Але існуе яшчэ адзін ці не найважнейшы момант — суіцыд ёсьць добраахвотным выбарам чалавека. Вось тут упершыню да «зла» прычапіўся прыкметнік «добра-», і, відаць, тое нездарма. Бо рана ці позна надыходзіць час, калі дабро і зло мяняюцца месцамі. Нічога новага ў гэтым няма. Кожны чалавек гадуе ў сабе патэнцыйнага самагубцу, і ў большасьці людзей, якія пражылі доўгае, няпростае жыцьцё, хоць аднойчы ў галаве ўсплывала крамольная думка — а ці варта жыць далей? На шчасьце, толькі ў нямногіх яна ўзьнікае зноў і зноў, і яшчэ радзей прыводзіць да практычных дзеяньняў. Што ж стрымлівае большасьць з нас ад фатальнага кроку?

Чалавек — істота гістарычная. Гэта азначае, што ягонай неад’емнай якасьцю ёсьць памяць — генэтычная, родавая, нацыянальная, індывідуальная. Чалавек бяз памяці ўжо не чалавек. Ён губляе магчымасьць да навучаньня, да сувязі зь іншымі ці да якой-небудзь прадукцыйнай дзейнасьці. Хто бачыў хворага на дэмэнцыю, разумее, пра што гаворка. «Дэмэнцыя» супольнасьці або цэлага народу — зьява бадай гіпатэтычная, але нават частковая страта гістарычнай памяці вядзе да замаруджваньня сацыяльнага разьвіцьця. Прыкладам таму можа быць лёс некаторых постсавецкіх народаў, і беларусаў не ў апошнюю чаргу. Сытуацыя татальнай культурна-эканамічнай дэградацыі і вяртаньня да прымітыўных формаў існаваньня сустракаецца пакуль толькі ў фантастычных творах ці антыўтопіях. Аднак і пэрспэктыва бясконцага прагрэсу сёньня выклікае вялікія сумненьні. Аглядная вычарпальнасьць прыродных рэсурсаў, фізіялягічная абмежаванасьць чалавечых магчымасьцяў, нарастаньне адмоўных вынікаў тэхнагеннай дзейнасьці — усё гэта множыць шэрагі скептыкаў і нават праціўнікаў ідэі бясконцага прагрэсу.

З гістарычнасьці homo sapiens вынікае яшчэ адна асаблівасьць — імкненьне чалавека наперад, у невядомае нова-быцьцё. Гэты пасыл асабліва моцны ў маладых, аптымістаў і творчых асоб. Будучыня — гэта невядомасьць, яна абуджае чалавечую цікавасьць і трымае яго ў тонусе чаканьня. Навізна — магутны магніт, які цягне ўсё наперад. Урэшце, менавіта прышласьць надае сэнс нашаму існаваньню. Мінулае і будучыня, памяць і прага абнаўленьня — вось дзьве апоры, між якімі нацягваюцца струны чалавечага жыцьця, кіпяць жарсьці, робіцца наша гісторыя. Пазбаўлены хоць бы адной, а тым больш дзьвюх апораў, чалавек губляе сэнс існаваньня, «струна» ягонага лёсу бязвольна «завісае» ў прасторы, пасьля чаго застаецца адзін крок да сыходу ў нябыт. Homo sapiens ня можа быць простым каменем, што ляжыць на адным месцы невядома чаго і для каго. Яму трэба мэта, рух, шлях, вынік, новая мэта і г. д. Мэтаскіраванасьць і прагматызм чалавека актыўнага, але пазбаўленага сэнсу сваёй актыўнасьці, і ёсьць прычынай самагубства. Самазабойства дае чалавеку псэўдамэту і дазваляе ў апошні раз дзейнічаць асэнсавана — ізноў туды, за мяжу вядомага і магчымага, у нябыт будучыні ад тутэйшай безвыходнасьці і бязглузьдзіцы. Самазабойства ў гэтым сэнсе адна з самых яскравых зьяваў чалавецтва, а самагубца — той, хто ўзяў на сябе ролю ня толькі дэміурга-творцы, але і бога-тэрмінатара ўласнага сьвету. Самагубца — гэта «бог», які перавысіў свае паўнамоцтвы.

Чалавек сапраўды даўно меціць на месца дэміурга. Ён і ёсьць па сваёй натуры тыповы дэміург — творца свайго духоўнага мікракосму і навакольна-фізычнага сьвету, які да таго ж атрымлівае ад гэтай «вытворчасьці» немалую асалоду. А старое пытаньне: «Чалавек створаны на падабенства Бога — ці бог на падабенства Чалавека?», відаць, зь ліку «абсалютна вечных». Разьвязаўшы праблему годнага жыцьця, гуманізм паставіў праблему годнага сыходу з гэтага жыцьця. Эўтаназія, маральна ўзважаная і заканадаўча дазволеная, будзе натуральным і легітымным выхадам, а яе пашырэньне ў недалёкай будучыні бадай непазьбежнае.

Таму ня будзем абцяжарвацца адказам на яго. Тым больш, што на стваральную функцыю запраграмаваны не адзін чалавек, а ўсе жывыя істоты — яны таксама «дэміургі», бо бясконца ствараюць да сябе падобных. Чалавек, праўда, і тут абставіў усіх, прыдумаўшы такую штуку, як сэкс, — аддзяліў каханьне ад яго біялягічна-вытворчай часткі. Аднак гэта, бадай, самая нявінная зь ягоных вынаходак за часы пераможнага шэсьця гуманізму. Ёсьць і куды больш «крутыя» — кланаваньне, умяшальніцтва ў геном, перашчэпкі органаў і тканак, штучнае апладненьне, сучасныя мэдычныя тэхналёгіі падаўжэньня фізычнага жыцьця. Апошнім часам людзі перайшлі ня толькі маральныя, але і біялягічныя законы, калісьці жорстка рэглямэнтаваныя рэлігіямі. Ці не насьпеў час пісаць новую вэрсію Бібліі або ўвесьці папраўкі з улікам апошніх навінаў у мэдыцыне, экалёгіі, сацыяльна-культурнай ды інфармацыйнай сфэрах? Нават такая юная ўнівэрсальная Дэклярацыя правоў чалавека патрабуе ўжо перагляду, бо чалавек дэмакратычнага грамадзтва можа мець права ня толькі на годнае жыцьцё, але ўжо і на годную ды своечасовую... сьмерць.

Межы гуманізму

Нягледзячы на больш чым чатырохсотгадовую гісторыю, посьпехі гуманістычнай ідэалёгіі і практыкі сталі асабліва відавочнымі за апошнія сто год. Перамога жыцьця для асалоды над жыцьцём для пакутаў, перамога існаваньня цяперашняга над недасяжным будучым, а прагматызму — над ідэалізмам стварылі культ зямнога шчасьця і посьпеху, бязьмежнага спажываньня і дабрабыту. «Чалавек створаны для шчасьця, як ...; чалавек — гэта гучыць ...; усё — дзеля чалавека ...». Колькі яшчэ самаўхвальных сэнтэнцый прыдумана за два апошнія стагодзьдзі, якімі былі забіты галовы не аднаго пакаленьня. І сапраўды, сучасная цывілізацыя забясьпечыла для большасьці сваіх жыхароў нечувана камфортнае дасюль існаваньне, а дасягненьні навукі дазволілі працягнуць сярэднестатыстычнае жыцьцё да недасяжных у ранейшыя эпохі тэрмінаў. Аднак далёка не заўсёды яно адпавядае высокім стандартам самога ж гуманізму. Жыцьцё нерухомага, дэмэнтнага, спакутаванага ад боляў ці іншых хваравітых праяваў чалавека супярэчыць ідэалёгіі камфортна-шчасьлівага існаваньня, тым стандартам, на якіх узгадаванае цяперашняе грамадзтва. Таму, пры магчымасьці выбару, многія аддалі б перавагу лёгкай сьмерці, а не пакутнаму, бязмэтнаму існаваньню. Такім чынам, разьвязаўшы праблему годнага, бесклапотнага жыцьця, гуманізм паставіў наступную, ня менш складаную праблему — годнага, беспакутнага сыходу з гэтага жыцьця. У такой сытуацыі эўтаназія, маральна ўзважаная і заканадаўча дазволеная, будзе натуральным і легітымным выхадам, а яе пашырэньне ў недалёкай будучыні бадай непазьбежнае.

Акрамя маральнага і фізіялягічнага, ёсьць яшчэ адзін чыньнік, які можа спрыяць гэтай экзатычнай пакуль для нас практыцы — элемэнтарны матэрыяльны разьлік. Справа ў тым, што чалавечая папуляцыя (асабліва ў Эўропе) хутка старэе, і, каб на супэрсучасным узроўні задаволіць сацыяльна-мэдычныя патрэбы ўсяго насельніцтва, паводле падлікаў экспэртаў, у бліжэйшы час трэ’ будзе задзейнічаць ад 60 да 70 % валавога ўнутранага прадукту самых багатых краін. Ні адна з эканомік ня вытрымае такіх нагрузак. Фактычна, падобная хада падзей можа спыніць разьвіцьцё грамадзтва, бо асноўныя яго сілы скіруюцца на догляд інвалідаў і старых, перашчэпкі органаў, рэканструкцыйныя апэрацыі, рэабілітацыю, пэнсійнае, лекавае забесьпячэньне і г. д. Як тут не ўзгадаць нашых першабытных продкаў і іх «негуманную» тады яшчэ эўтаназію. Сытуацыя паўтараецца на новы лад, бо паўстае дылема: працягваць пакуты і расьліннае існаваньне сваіх старых і быць прыкаванымі да іх, або займацца больш прадукцыйнай, творчай і, скажам шчыра, прыемнай працай. Ужо сёньня ў народзе часта кажуць: «Прыхапіў чужога веку...». Гэта калі непапраўна хворы занадта доўга цярпеў сам і катаваў сваім існаваньнем родных. Колькасьць такіх сямейных драм з году ў год павялічваецца, але ж ёсьць і адзінокія людзі, для якіх гэта праблема яшчэ больш трагічная. Пры той дэмаграфічнай сытуацыі і масавай эміграцыі, якія ёсьць у Беларусі, можа здарыцца, што нямоглых стане больш, чым маладых і дзеяздольных. Таму паступова нарастае супярэчнасьць між інтарэсамі індывідуўму і супольнасьці, а ў пэрспэктыве — праблема выжываньня цэлых народаў і нацый. Старыя гуманістычныя ідэалы даюць збой у новых сацыяльна-гістарычных умовах і патрабуюць пэўнай рэвізіі.

Прадчуваньне панглябалізму

Ёсьць яшчэ адна прычына, якая вымушае перагледзець ідэалы гуманізму і татальнай гуманізацыі сьвету. Захапіўшыся спажывецкай ліхаманкай, людзі перайшлі рысу, за якой парушылі раўнавагу паміж папуляцыяй homo sapiens і астатняй прыродай. Валюнтарызм аднаго віду стаў галоўным чыньнікам эвалюцыі. За апошнія 200 год адбыліся такія зьмены ў расьлінным ды жывёльным сьвеце, у хімічным складзе вады, паветра, глебы, чаго раней не здаралася за сотні тысяч год. Такая імклівасьць перамен не дазваляе прыродзе «ўраўнаважыць» новы біясфэрны дысбалянс. Калі ў папярэднія эпохі чалавек цалкам спадзяваўся на «аўтаматызмы» навакольнага сьвету, то сёньня няма надзей, што прырода сама дасьць рады выкідам СО, вынікам Чарнобылю ці забруджваньню глебы цяжкімі мэталамі. Гэтыя і многія іншыя экалягічныя праблемы нясуць пагрозу для існаваньня ня толькі іншым відам, але і самому homo sapiens, які на іх (іншых відах) паразытуе. Калі сапраўдныя — эвалюцыйная — паразыты практычна ніколі не даводзяць да пагібелі сваіх «гаспадароў» (каб працягнуць існаваньне свайго роду), то чалавек і тут рызыкуе стаць выключэньнем з правілаў, праявіўшы сваю суіцыдальную сутнасьць ужо на глябальна-біялягічным узроўні. Ці стане «супольны розум» папуляцыі вышэй за старыя гуманістычныя ідэалы і відавы эгаізм? Або паўторыцца лёс «бога», які перавысіў свае паўнамоцтвы? Ці здолее чалавецтва падняцца на новую прыступку сьвядомасьці — на ўзровень глябалізму ці нават пан-біялягізму? Або скончыць сваё існаваньне ў самазабойчых сутаргах спажывецкага аргазму?

Першыя крокі постгуманізму

Тое, што сьвет мяняецца, ведаюць усе. Тое, што сьвет у апошнія гады памяняўся радыкальна, — бачыцца нямногім. Эпоха, сьведкамі якой мы ёсьць, будзе калісь названа «межавой», параўнальнай зь пераходам ад сярэднявечча да Новага часу. Разьвітаньне з камунізмам і мадэрнізмам на самой справе стала разьвітаньнем з ілюзіямі бясконцага прагрэсу і ўсеагульнага чалавечага шчасьця. Чалавек не адзіны і, імаверна, не галоўны пэрсанаж эвалюцыі. І нават усё людзтва — не абсалютная каштоўнасьць прыроды, ня вечная дзейная сіла біялягічнай гісторыі. У сусьвету ёсьць і больш важныя ці далёкія «мэты», пра якія мы ня ведаем і для дасягненьня якіх прысутнасьць чалавека, магчыма, і не абавязковая. Як ні «крыўдна» гэта чуць, але менавіта разуменьне чалавекам абмежаванасьці сваіх магчымасьцяў можа сёньня дапамагчы пераадолець блізкі глябальны крызіс, стабілізаваць сьвет і спыніць дэградацыю біясфэры. Як вядома, ёсьць два спосабы разьвіцьця чалавечай супольнасьці: экстэнсіўна-імпэрскі — імкненьне да пашырэньня і заваёвы новых прастораў ды рэсурсаў, або інтэнсіўна-мэдытацыйны — заваёва ўнутранай прасторы і ўскладненьне сацыяльных адносін. Першы тып, які эфэктыўна забясьпечыла юдэа-хрысьціянская цывілізацыя, сябе вычарпаў — усе куткі Зямлі падзеленыя, а рэсурсы пралічаныя. Цывілізацыйны прарыў за межы плянэты калі і адбудзецца, то ня скора, а можа, і наагул ён не прынясе тых матэрыяльных даброт, на якія спадзяюцца некаторыя футуролягі. Цывілізацыя ў бліжэйшы час вымушана будзе прыпадабніцца да Японіі XVII ст. і, зачыніўшыся ў сваёй зямной «шкарлупіне», асэнсаваць тое, што ўжо ёсьць, «ператравіць» узьніклыя праблемы і ўпарадкаваць свае зямныя справы. Невыпадкова ўсходнія вучэньні за апошнія сто гадоў сталі так папулярныя ў юдэа-хрысціянскім сьвеце — у іх ёсьць сур’ёзная сацыяльна-псыхалягічная патрэба.

Калісьці на досьвітку Новага часу ў Эўропе была перагледжана геацэнтрычная мадэль сьветабудовы. Прайшло амаль пяць стагодзьдзяў, і падобна да таго, што надыходзіць канец гуманістычным уяўленьням аб чалавеку. Мы зноў вяртаемся (ці зрынаемся?) туды, адкуль выйшлі нашы дзікія і асьцярожныя продкі.

Магілёў


Віктар Місевіч
Мяжа чалавечае годнасці

  прафэсійны лекар, жыве й працуе ў Магілёве.
   
Васіль Аўраменка ў сваім эсэ абараняе «смерць па жаданні». Відавочная пастава няверуючага чалавека. Зразумела, што тэалагічныя аргументы ў абарону жыцця ён не прыме, але ўсё-ткі некаторыя моманты са сваёй працы ў Касцёле мушу выкарыстаць. Па праўдзе кажучы, у сваім жыцці не сустрэў яшчэ чалавека, які б стопрацэнтна ні ў што і ні ў кога не верыў. Думаецца, у далёкіх кутках душы ў сп. Аўраменкі цепліцца нейкая вера ці то ў Абсалютны Розум, ці то ў Вялікую Любоў.

Дзіўнымі падаліся мне словы з эсэ: «У адрозьненьне ад сучаснага чалавек першабытны ня меў ні выбару, ні свабоды». Чалавек заўсёды мае выбар, нават у нялёгкіх умовах існавання. Таму зусім не разумею, на якой падставе сп. Аўраменка так смела заяўляе, што кожны дагістарычны чалавек пакідаў састарэлых продкаў на смерць у лесе ў адзіноце. Што, ёсць доказы? Напісана штосьці ў хроніках або намалявана на археалагічных знаходках? Сп. Аўраменка спрабуе знайсці доказы на існаванне каранёў эўтаназіі ў сівой даўніне, кажучы пра біялагічны прагматызм. Дарма. Дзеля выжывання роду патрэбна была не смерць старых людзей, а іхнае жыццё. Легалізаваная эўтаназія зробіць чалавека тупым на ўспрыняцце чужога болю.

Хоць бы для таго, каб сцерагчы агонь ці наглядаць за парадкам, пакуль маладыя і дарослыя дзесьці на паляванні. Зрэшты, колькі было гэтых састарэлых у племені, калі, паводле сп. Аўраменкі, жыццё чалавека ў дагістарычныя часы абрывалася пасля 30 год? Дый хто меў бы гадаваць малых, так патрэбных для будучыні роду, калі ўсе старэйшыя мелі свае абавязкі: хто паляванне, хто збіральніцтва?

На працягу артыкула сп. Аўраменка зацята стараецца ўпіхнуць чалавека ў вузкі прамежак часу 70—80 год. Прыкладна столькі жыве чалавек.

Аўраменка сцвярджае, што чалавек нічога з-па-за гэтага адрэзку не ведае. Свае ўяўленні пра вечнасць, пра іншы свет чалавек стварае, карыстаючыся жыццёвым вопытам. Аўтар упэўнены, што ўсе праявы рэлігійнасці, духоўнасці паходзяць толькі ад чалавека. Сп. Аўраменка цалкам адмаўляе знешні фактар, сцвярджаючы, што аўтар духоўнага, трансцэндэнтнага — сам чалавек, які гэта ўсё выдумаў. Гэта выключная пастава атэіста. Але і чалавека, які не прызнае праўды. Бо адкуль тады бярэцца натхненне? Гэта што, надбудоўка над зямной рэальнасцю, узятая з гэтай жа рэальнасці? Як растлумачыць цуд Турынскай Плашчаніцы? Шматлікія даследаванні вядучых вучоных з розных галін навукі зводзяцца да аднаго: спосаб, якім з’явілася выява чалавека на тканіне, не паддаецца навуковаму тлумачэнню. А што сказаць людзям, якія цудоўна вылечваюцца ў Люрдзе (Францыя)? Гэтыя аздараўленні пільна правяраюцца медыцынскай камісіяй і прызнаюцца за неймаверныя.

Далей — лагічнае непаразуменне. Сп. Аўраменка тлумачыць несмяротнасць чалавека ў сэнсе несмяротнасці ўсяго чалавецтва, бо «вечны сам чалавечы мурашнік». Цудоўна ведаю, што для любога атэіста тэрмін вечнае жыццё — не больш чым мыльная бурбалка. Але навошта казаць, што вякі і тысячагоддзі — гэта вечнасць? Любы фізік ці астраном пацвердзіць, што планета Зямля калісьці будзе непрыдатнай да жыцця ці то з прычыны тэхнагеннай катастрофы ці проста з-за таго, што Сонца нашае астудзіцца. Звязваць смяротнага матэрыяльнага чалавека з вечнасцю, не прымаючы вонкавага фактара (у хрысціян — гэта неба і ўваскрашэнне) — недарэчнасць.

Я не псіхіятр, не медык, усяго толькі просты святар. І я не пагаджуся назваць суіцыд, як сп. Аўраменка, добраахвотным выбарам чалавека. Нават Касцёл, які раней адмаўляўся хаваць самазабойцаў нароўні з вернікамі, сёння адходзіць ад гэтай практыкі, прызнаючы, што стан суіцыду — гэта ненармальны стан чалавека, на які ўплываюць негатыўныя фактары, і чалавек у выніку не мае поўнай свабоды, а значыць, адказнасць за грэшны ўчынак мінімальная альбо яе ўвогуле няма. Тут мова не толькі пра псіхічна хворых, але і пра нармальных людзей, якія шакаваныя хваробай, болем, адзінотай, самім сабой і часам не ў стане правільна пакіраваць сабой. Выключэнне толькі могуць ствараць публічныя грэшнікі тыпу наркаманаў, алкаголікаў і г. д.... Іх нельга хаваць аднолькава, як і ўсіх вернікаў, хоць неабходныя малітвы праводзяцца. Але і ў іх выпадку нельга казаць пра дабравольнасць учынку, бо іхная воля зболеная, схільная толькі да гарэлкі ці наркотыку, а значыць абмежаваная.

Насцярожвае думка пра сузаменнасць тэрмінаў дабра і зла ў сп. Аўраменкі. З выгляду — гэта лёгкая гульня словамі, але словамі-асновамі. Дабро ставіцца замест зла, і наадварот. «Бо рана ці позна надыходзіць час, калі дабро і зло мяняюцца месцамі. Нічога новага ў гэтым няма», — піша аўтар. Вось так. Калі ты робіш аб’ектыўна добры ўчынак, то камусьці ён можа паказацца злом? А чаму тады сп. Аўраменка воліць свежы хлеб замест счарсцвелага? Бо добры хлеб па смаку адрозніваецца ад дрэннага. І замяніць месцамі іх не ўдасца. У чалавеку спрадвек закладзеныя маральныя нормы. Хтосьці прызнае за іх аўтара Госпада Бога, хтосьці аддае іх маці-прыродзе як аўтару. Але яны ёсць, і яны нязменныя. Ніякае грамадства не можа фармаваць паняццяў, што такое дабро і што такое зло. Гэта адпавядае сп. Аўраменку. Дык, можа, завядзём у Беларусі рабства, бо ў старажытным Егіпце яно было нечым добрым, было асноўнай прычынай, дзякуючы якой так развілася гэтая дзяржава? Толькі кім захоча быць сп. Аўраменка: рабом ці панам? Ці гэта не мае значэння, бо дабро блытаецца са злом?

У артыкуле аўтар узносіць хваласпевы самагубству. Робіць гэта нават паэтычна, быццам справа ідзе пра нейкую бязвінную, прыемную і шляхетную рэч, а не пра смерць, якую Святое Пісанне называе ворагам чалавека (Пар. 1 Кар 15, 26).

Самазабойства дае чалавеку псэўдамэту і дазваляе ў апошні раз дзейнічаць асэнсавана — ізноў туды, за мяжу вядомага і магчымага, у нябыт будучыні ад тутэйшай безвыходнасьці і бязглузьдзіцы. Самазабойства ў гэтым сэнсе адна з самых яскравых зьяваў чалавецтва, а самагубца — той, хто ўзяў на сябе ролю ня толькі дэміурга-творцы, але і бога-тэрмінатара ўласнага сьвету.

Але ў гэтых працытаваных радках ёсць і простая неўпрыгожаная праўда. Чалавек сёння замахнуўся сапраўды на многае, на Боскае, тое што належыць і ўласціва толькі Богу. Чалавеку хочацца быць панам свайго жыцця і смерці. Сп. Аўраменка трапна зазначае, што сёння «людзі перайшлі ня толькі маральныя, але і біялягічныя законы», імкнучыся ажыццяўляць «кланаваньне, умяшальніцтва ў геном, перашчэпкі органаў і тканак, штучнае апладненьне» і г. д.... Толькі вывад аўтар робіць зусім не хрысціянскі, а нават блюзнерскі, бо прапануе перапісаць Біблію, уносячы туды «папраўкі з улікам апошніх навінаў у мэдыцыне, экалёгіі, сацыяльна-культурнай ды інфармацыйнай сфэрах». З гледзішча атэіста, нічога дзіўнага няма ў такой прапанове, бо што такое Біблія для бязбожніка? Усяго толькі шэдэўр старажытнай яўрэйскай літаратуры, які змяшчае выпрацаваныя грамадскасцю маральныя пастулаты. А раз выпрацаваныя грамадскасцю — значыць зменныя і падлягаюць папраўцы. Толькі гісторыя нас перасцерагае ад гэтага. Чаму нямецкае грамадства ўголас ці моўчкі давала згоду на генацыд яўрэяў, славянаў і многіх іншых неарыйцаў у часе Другой усясветнай вайны? Чаму маглі ажыццяўляцца на практыцы фашызм і сталінскі камунізм з яго канцлагерамі ў Сібіры? Таму што гэта плод чалавечай думкі, якая недасканалая і якой уласціва памыляцца. Ніякае грамадства не мае права праводзіць рэферэндумы, галасаваць, прымаць законы, скіраваныя супраць жыцця чалавека. Бо так ці інакш гэта скончыцца трагічна. Чалавек аднойчы паддаўся спакусе быць, як Бог. У раі, паддаючыся спакусам д’ябла. Наступствы былі цяжкія. Дысгармонія ў прыродзе, слабае цела і душа ў самім чалавеку, змаганне ў поце за хлеб штодзённы і г. д.... Але бадай самым страшным і няўхільным наступствам першароднага грэху стала смерць.

У артыкуле сп. Аўраменка адным з доказаў на легалізацыю эўтаназіі прыводзіць эканамічны фактар. Маўляў, дзяржава, выдаючы вялікую колькасць фінансаў на лекі, медычны дагляд састарэлых людзей, затарможвае сваё развіццё і стаіць перад эканамічным крызісам. Але хіба можна грашыма мераць жыццё чалавека? У гады вайны зусім нельга было казаць пра нейкі там дабрабыт, а калекаў, хворых, панішчаных псіхічна вайной было больш, чым дастаткова. Хіба гэта азначае, што трэба было забіваць такіх людзей? У наш час, калі развіваецца медыцына і сучасныя тэхналогіі, наадварот грамадства проста абавязана клапаціцца пра слабых і хворых.

Легалізаваная эўтаназія зробіць чалавека тупым на ўспрыманне чужога болю. Дачакацца міласэрнасці ад тых жа дактароў будзе немагчыма. У сённяшняй Галандыі, дзе эўтаназія зацверджана легальна, старэйшыя людзі проста баяцца класціся ў шпіталь, бо, калі лекар вырашыць ліквідаваць старога, ніхто яму ў гэтым не перашкодзіць. Назіраюцца частыя выпадкі, калі смяротны «прысуд» выносіцца лекарам без абмеркавання дыягназу хворага з іншым спецыялістам, што юрыдычна забаронена. Гэта свайго роду самасуд. Ніхто не можа гарантаваць поўнага выканання заканадаўства ў справе эўтаназіі, асабліва калі існуе хабарніцтва і «блат» у медыцыне. У Бельгіі і Галандыі даволі частыя выпадкі, калі трэба пакласці ў шпіталь хворага, а места занята. Які выхад? Места вызваляецца праз хуткую прымушаную смерць састарэлых. У наш час у гэтых краінах назіраецца своеасаблівая лячэбная турыстыка пенсіянераў, якія хочуць легчы ў шпіталь дзесьці ў Францыі ці Германіі, бо там яны ўпэўнены, што, калі і памруць, дык сваёй, натуральнай смерцю.

Калі дазволіць эўтаназію заканадаўча, ніхто не абароніць хворага чалавека перад прымусовай эўтаназіяй, нават калі ён супраць. Бо ў такім стане доктар ставіцца перад спакусай паддацца ціску з боку сям’і, апекуноў і г. д., асабліва, калі яны зацікаўлены атрымаць спадчыну.

Да таго ж не трэба далёка хадзіць, каб даведацца, як часта медыкі памыляюцца ў дыягназах. Часам прычынай гэтаму — складаныя аб’явы хваробы, але і почасту недахоп вопыту лекара ці проста недаадукаванасць. З гэтай праблемай у Беларусі сутыкнуліся многія, калі адзін доктар прапісвае адны лекі, а другі — зусім іншыя, крытыкуючы сваіх невукаў-калегаў. Калі ў выпадку ўскладненняў прастуды справа можа закончыцца сапсаваным антыбіётыкамі страўнікам ды паслабленым імунітэтам, то ў справе больш цяжкой хваробы гаворка ідзе пра жыццё і смерць. На такую рызыку грамадства не мае права.

Што ж рабіць, каб нейк палегчыць лёс цяжка хворага чалавека, які церпіць ад болю? Каталіцкая этыка дазваляе і нават раіць даваць такому чалавеку абязбольваючыя сродкі, каб паменшыць ягоныя цярпенні. У выпадку, калі хворы ўжо не жыве сваімі сіламі, калі за яго дыхае апарат, сэрца падтрымліваецца штучна, арганізм нежыццяздольны і няма ніякай надзеі на паляпшэнне, то дазваляецца адключыць апаратуру, каб не замінаць чалавеку памерці. І тут істотная розніца паміж эўтаназіяй і спыненнем «упартай тэрапіі». Бо ў першым выпадку чалавека забіваюць, а ў другім — проста не перашкаджаюць памерці. У маёй святарскай практыцы быў выпадак, калі літаральна ў мяне на руках пасля намашчэння Сакрамэнтам хворых памерла жанчына. Прысутнічала яе дачка, медык па адукацыі. Жанчына ляжала спаралізаваная ад інсульту. Каб яе ратаваць, былі ўжытыя кропельніцы з рэчывам, ад якога пашыраюцца сасуды. Калі пачалася агонія, дачка сама загадала медперсаналу зняць кропельніцы, каб маці не мучылася, бо сапраўды гэта толькі падоўжыла б агонію і пакуты хворай. У такім выпадку аніяк нельга казаць пра эўтаназію. Гэта было спыненне «ўпартай тэрапіі».

На дадзены момант я працую ў Глыбокім, дзе даволі вялікая каталіцкая парафія. Часта здараецца бываць у бальніцы, каб намашчаць вернікаў, спавядаць і даваць Св. Камунію. Аднойчы давялося размаўляць з медперсаналам рэанімацыі. На маё пытанне, ці мае права доктар адключыць апаратуру, калі відавочна, што чалавек жыве штучна, адказ быў — не. Прыводзіліся прыклады, калі ўнутры чалавека ўжо заводзяцца чарвякі, ён жывы гніе, а яго трэба лячыць. Такі падыход да хворага гэтаксама немаральны, як і наўмыснае забойства, якім ёсць эўтаназія. І не важна, ці праяўляецца яна ў даванні спецыяльнага сродка праз укол, ці ў спыненні падачы ежы ці ў нейкім іншым метадзе.

Сп. Аўраменка перажывае, што з прычыны дэмаграфічнага крызісу ў Беларусі катастрафічна хутка расце колькасць старых людзей. Калі дазволіць эўтаназію заканадаўча, ніхто не абароніць хворага чалавека перад прымусовай эўтаназіяй, нават калі ён супраць. Гэта праблема. Згодны. Гэта непрыемная з’ява для эканомікі, для дзяржавы. Але такую праблему можна вырашыць толькі жыццём, нараджэннем, а яшчэ стварэннем умоваў для ўцягнення старэйшых людзей у працу. Дзяржава павінна клапаціцца не пра эканомію сродкаў праз забойства, а пра інвестыцыю сродкаў у маладое пакаленне праз падтрымку маладых сем’яў і забарону абортаў.

У дыскусіях абаронцы эўтаназіі часта ўжываюць тэрмін «годная смерць». У справе легалізацыі эўтаназіі варта памятаць пра годнасць чалавека. Гэта ён стаіць у цэнтры справы з усім сваім багатым светам перажыванняў, пазнавання. Гэтую годнасць ён атрымлівае ад самога Бога праз зачацце і атрыманне душы. Мы сабе не выбіраем жыццё. Яно пачынаецца без нашай волі. Аўтар яго — сам Бог, і суаўтары — нашыя бацькі. Гэта наш дар. Таму забіраць яго наўмысна ніхто не мае права.

КСЁНДЗ ВІКТАР МІСЕВІЧ

(нар. 1978 у Лідзе) — дапаможны ксёндз парафіі Глыбокае. Пачынаў душпастырства ў парафіях Віцебску, пасьля ў Фарынава і Ветрына пад Полацкам. Магістар тэалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту імя
кард. Вышынскага.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (63) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/04/02