A R C H E | П а ч а т а к | № 12 (63) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Энтані Н. Браўн | ||||
Энтані Н. Браўн
Планаванне статусу моваў у Беларусі: даследаванне пісьмовага дыскурсу ў публічных месцах УводзіныБлуканне па разлогай сталіцы можа выклікаць шматлікія цяжкасці, асабліва калі інфармацыя ў публічных месцах падаецца на розных мовах. Такая сітуацыя характэрна для Беларусі, дзе беларуская і расійская мовы афіцыйна маюць роўны статус, але іх роля і месца на шыльдах і паказальніках дужа розняцца. Цікава, што разыходжанні ў мовах шыльдаў і паказальнікаў не вельмі турбуюць мясцовых жыхароў: насамрэч многія старажылы проста не заўважаюць навокал сябе моўных нестыковак. Як заўважае Фішман,
Недарэчныя выпадкі здараюцца ўсцяж, але ператвараюцца ў вытлумачальныя і прымальныя (гэтаксама як непісьменныя фразы, якія мы амаль непазбежна чуем у жывой гутарцы). Суразмоўцы інтэрпрэтуюць недарэчнасці так, каб адшукаць у іх нейкі парадак і функцыянальнасць. У адваротным выпадку на тле недарэчнасцяў штодзённага жыцця немагчыма было б знайсці ніводнай «гарманічнай» сферы1.
Хаця недакладнасці і супярэчнасці часта раздражняюць наведнікаў, якія, шукаючы патрэбнае месца, спадзяюцца на тапанімічныя паказальнікі, з супярэчлівых паказальнікаў мы можам пачарпнуць багата эмпірычных звестак, што маюць дачыненне да сучаснай моўнай палітыкі ў Беларусі. Адносна грамадскага і лінгвістычнага ўплыву мовы паказальнікаў Д. Нетл і Р. C’юзан пісалі:
Не дзіва, што паказальнікі валодаюць вялікай сімвалічнай вагой — яны робяць больш, чым ідэнтыфікуюць месцы і рэчы. Яны адлюстроўваюць іерархію ў грамадстве2.
Р. Лэндры і Р. Буры3 таксама лічаць, што паказальнікі выконваюць дзве галоўныя функцыі: інфармацыйную і сімвалічную. Паводле названых аўтараў, «лінгвістычны пейзаж даводзіць як членам групы, так і аўтсайдэрам моўныя характарыстыкі і граніцы рэгіёну, у якія яны знаходзяцца». Аднак, акрамя простага распаўсюджвання інфармацыі, выбар мовы (моваў) паказальнікаў абумоўлены і этнамоўным прэстыжам і/або статусам, г. зн. валодае моцнай сімвалічнай функцыяй. Шахамі4 сцвярджае, што індывіды пры ўладзе, г. зн. ва ўрадзе, муніцыпалітэтах, НУА, міжнародных і мясцовых кампаніях, праз шыльды і мову паказальнікаў наўмысна перадаюць сімвалічныя пасланні «пра важнасць, аўтарытэт, значэнне і дарэчнасць пэўных моў або недарэчнасць іншых». У выніку, як заяўляе Шахамі, публічнае месца становіцца «найбольш дарэчнай арэнай, дзе дэ-факта творыцца моўная палітыка», а ў некаторых выпадках — «механізмам уплыву на моўную рэальнасць, дэ-факта — механізмам яе стварэння». Шыфман5 у тым самым рэчышчы зазначае, што выкарыстанне мовы ў публічных месцах можа стымулявацца палітыкай з прыхаванымі мэтамі, відавочна скіраванай на захаванне мовы, але фактычна — на дэманстрацыю непатрэбнасці мовы, якой ужо пагражае небяспека. Прыкладамі тут будуць наданне афіцыйнага статусу мовы, калі немагчыма забяспечыць сістэму яе функцыянавання ў грамадстве6, выказванне пустых дэкларацый дзеля камуфлявання працэсу моўнай асіміляцыі і супакойвання сумленных членаў грамадства7 або адклад ажыццяўлення ўрадавай палітыкі адраджэння паміраючай мовы з мэтай давесці немагчымасць яе адраджэння8. Паводле Мячкоўскай9, менавіта ўжыванне мовы ў разнастайных сферах дзвюхмоўнага грамадства дэманструе змест моўных законаў супольнасці. Насамрэч, ірландскі ўрад у сакавіку 2005 г. «прыняў закон, які забараніў выкарыстанне англійскай на дарожных паказальніках і афіцыйных картах на заходнім беразе краіны, дзе многія жыхары гавораць па-гэльску»10. Нягледзячы на блытаніну, справакаваную ажыццяўленнем новага закону, мясцовыя жыхары згаджаюцца, што «патрыятызм таго варты»11. Б. Спольскі і Р. Купер12 ілюструюць непрыкметную, але магутную ролю мовы паказальнікаў на прыкладзе Іерусаліму, дзе перажыткі былой моўнай палітыкі адбіваюцца на цяперашнім афіцыйным статусе габрэйскай і арабскай. У прыватнасці, названыя аўтары паказваюць шматлікія выпадкі пазіцыянавання моваў на паказальніках пад уплывам зменлівых этнамоўных і палітычных структур улады ў рэгіёне. У дзвюх- ці трохмоўных дзяржавах, як паказвае Б. Спольскі13, ключавыя звесткі як пра інфармацыйную, так і пра сімвалічную функцыю моў змяшчаюцца ў дамінаванні той ці іншай мовы ці размяшчэнні мовы (моваў). Сколан і Сколан14 таксама пільна працуюць над тым, што яны называюць «геасеміётыкай», або «вывучэннем грамадскай значнасці матэрыяльнага размяшчэння знакаў, дыскурсаў і нашых дзеянняў у матэрыяльным свеце». Такі падыход да вывучэння пісьмовай мовы як формы дыскурсу ў матэрыяльным свеце ўзнімае не толькі пытанне перакладу, але, магчыма, і яшчэ больш важную праблему «як чытаць знак»15. Прачытанне знаку ў зменлівым соцыяпалітычным кантэксце ёсць ядром нашага даследавання мовы паказальнікаў і шыльдаў у Беларусі. Мы лічым, што, прааналізаваўшы мову паказальнікаў, можна зрабіць пэўныя высновы наконт статусу беларускай ды расійскай моў. Як і іншыя шматмоўныя дзяржавы, Беларусь замацавала нормы тапанімікі ў заканадаўстве. Закон 1998 г. прадугледжвае выкарыстанне афіцыйных моваў на паказальніках і рэгулюе напісанне найменняў адміністрацыйных адзінак16. Спрабуючы зразумець практычнае ажыццяўленне заканадаўчых нормаў, прынятых у выніку рэферэндуму 1995 г., які «раздвоіў» беларускую моўную палітыку, даследчык наведаў Беларусь у 2001 г. і правёў палявыя даследаванні ў Менску, Віцебску і Горадні. Асцерагаючыся недахопаў, якія амаль непазбежна прысутнічаюць у суб’ектыўных назіраннях адносна ўжывання моваў, даследчык скарыстаўся падыходам, які палягае ў запісе асабістых назіранняў. Гэтыя назіранні, як кажуць Б. Спольскі і Р. Купер17, пакліканы захаваць «аб’ектыўнае сведчанне аб фактычным выкарыстанні моваў»18. У прыватнасці, даследчык засяродзіў увагу на мове інфармацыйных паказальнікаў у менскім метро (у Віцебску і Горадні метро няма) і мове шыльдаў на афіцыйных будынках у названых гарадах. Маюцца на ўвазе будынкі мясцовых адміністрацый, вайсковых камісарыятаў, ЗАГСаў, міліцыі, службы аховы (падраздзялення міністэрства ўнутраных спраў), дзяржаўных натарыяльных кантор, пракуратуры, судоў і падатковых інспекцый.
Гістарычны кантэкстУ гістарычным плане моўная палітыка адыгрывала ў палітычным, сацыяльным і эканамічным развіцці Беларусі істотную ролю, асабліва ў XX ст. «Новая эканамічная палітыка» (НЭП), распачатая ў 1921 г., развеяла задушлівую атмасферу ваеннага камунізму і адкрыла эру ліберальных рашэнняў, скіраваных, у прыватнасці, на каранізацыю (коренизацию). Апошняя мела дзве мэты: «стварэнне нацыянальных эліт (выроўніванне статусаў) і ўзняцце мясцовых моваў на даміноўную пазіцыю на нерасійскіх тэрыторыях (моўная каранізацыя)»19. Як адзначае Грэнобль20, ленінская палітыка каранізацыі першапачаткова паспрыяла беларусізацыі дзяржаўных устаноў, так «85,3 % пачатковых (чатырохгадовых) і 66,6 % сямігадовых школ вялі навучанне на беларускай мове, беларуская мова стала прыярытэтнай ва ўсіх сферах выдавецкай дзейнасці». Аднак, гэтаксама як НЭП сімвалізаваў аслабленне кантролю і пачатак нацыянальнага адраджэння, аб’яўленне першай пяцігодкі ў 1928 г. адзначыла зварот да зацугляння мовы і актывізацыі рэпрэсіўных захадаў з боку Крамля. З канца 1920-х гг. «найбольшай небяспекай» стаў лічыцца мясцовы нацыяналізм, а не вялікадзяржаўны шавінізм (г. зн. расійскі шавінізм ва «ўскраінных рэспубліках»)21. Праблемы, звязаныя з нацыянальным самавызначэннем, у т. л. моўная палітыка, саступілі месца ўсесаюзным вымогам выканання пяцігадовых планаў, што мелі на мэце выбудову саюзу народаў па-над граніцамі нацыянальнасцяў. Тое, што савецкія ўлады ў 1930-х гг. называлі «палітыкай інтэрнацыяналізму», сёння бачыцца хутчэй як палітыка русіфікацыі. Сталінскія ідэі нацыятворчасці, якія палягалі ў стварэнні культуры «нацыянальнай па форме, сацыялістычнай па змесце»22, прывялі да гвалтоўнай палітыкі русіфікацыі ў перадваенны час, вайну і пасляваенныя гады23. Мабілізацыя шматэтнічнай Чырвонай арміі ў Другую ўсясветную вайну патрабавала абсалютнага падпарадкавання адзінай lingua franca для распаўсюду інфармацыі. Таму рэшткі нацыяналістычных пачуццяў выпетрыліся — або з волі іх носьбітаў, або пад уціскам сацзаказу, што дало палітыку сацыялістычную і па форме, і па змесце. Для пасляваеннай Беларусі была ўласцівая масавая міграцыя з вёсак у моцна русіфікаваныя гарады, дзе маштабная індустрыялізацыя дала магчымасць знайсці работу, палепшыць жыццёвыя ўмовы. Наплыў работнікаў з сельскай мясцовасці ў буйныя гарады, спалучаны з вялікімі стратамі яўрэйскага насельніцтва, прывёў да пашырэння беларускай мовы ў гарадах. Згодна з перапісам 1959 г., доля беларусаў у гарадах і вёсках, якія лічылі беларускую мову роднай, узнялася да 93 %, прычым у гарадах яна сягала 77,5 %24. Аднак уздым сацыяльна-эканамічнага і палітычнага статусу беларускай мовы выявіўся кароткачасовым, асабліва ў сталіцы. Як відаць з вынікаў перапісу 1970 г., 54,5 % жыхароў Менску называлі роднай расійскую мову25. Статыстыка 1984 г. дэманструе, што Беларусь была апошняй сярод 15-ці саюзных рэспублік паводле долі насельнікаў, здольных размаўляць на мове ўласнай «нацыянальнасці». Так, па-беларуску маглі размаўляць 74,2 % жыхароў БССР (у РСФСР па-расійску — 99,9 %, ва УССР па-ўкраінску — 85,9 % жыхароў)26. Захаванню беларускай мовы ў савецкую эпоху найбольш спрыялі ВНУ. Не дзіва, што спробы падвысіць прэстыж і ўдасканаліць функцыянальнасць беларускай мовы ў час «перабудовы і галоснасці» ішлі з асяродку беларускай інтэлігенцыі. Аднак цяжар гадоў інтэнсіўнай русіфікацыі гамаваў намаганні інтэлігенцыі змяніць соцыялінгвістычны ландшафт на карысць беларускай мовы і культуры. Гэты ландшафт радыкальна не змяніўся нават пасля ўхвалення ў студзені 1990 г. «Закону аб мовах», у якім дэкларавалася, што беларуская з’яўляецца адзінай афіцыйнай мовай краіны. Следам за няўдалай спробай крамлёўскага дзяржаўнага перавароту ў жніўні 1991 г. Беларусь неахвотна абвясціла аб незалежнасці ад Савецкага Саюзу. Абвяшчэнне незалежнасці, як адзначае М. Бейсінгер27, было абумоўлена хутчэй вонкавымі абставінамі, чым мабілізацыяй нацыяналістычных пачуццяў у краіне. Апытанні 1993 г. паказалі, што «менш чым 25 % беларусаў добра ведалі сваю родную мову і менш чым 50 % жадалі дасканаліць свае веды беларускай»28. Незадавальненне многіх дзяржаўных чыноўнікаў законам 1990 г. падагрэла атмасферу перад прэзідэнцкімі выбарамі 1994 г. Менш як праз год пасля абрання на прэзідэнцкую пасаду Аляксандр Лукашэнка арганізаваў рэферэндум, даўшы грамадзянам Беларусі «выбар» паміж падтрымкай аднамоўя і наданнем расійскай мове статусу дзяржаўнай нароўні з беларускай29. Далейшае правядзенне палітыкі «дзвюхмоўя» паслужыла ўмацаванню існага на той час (хоць і несанкцыянаванага) стану рэчаў. З тае прычыны, што расійская мова на працягу доўгага часу карысталася прывілеяваным становішчам у Беларусі, умовы для яе спаборніцтва з беларускай наўрад ці былі роўнымі.
МетадалогіяГарадыЗвесткі, якія ўжываюцца ў гэтым даследаванні, адлюстроўваюць знаходкі ў трох буйных гарадах Беларусі — Менску, Горадні і Віцебску. Кожны з гарадоў мае своеасаблівую гісторыю з гледзішча геаграфіі і лінгвістыкі.Менск (Мінск) знаходзіцца ў цэнтральнай Беларусі, 540 кіламетраў на паўночны ўсход ад Варшавы і 180 км на паўднёвы ўсход ад Вільні. Упершыню храністы ўспамінаюць Менск у 1067 г.30. Знаходжанне Менску — якраз на шляху ад Заходняй Еўропы да Расіі, і многія замежныя арміі праходзілі праз яго, калі ішлі заваёўваць расійскія землі. Сярод канфліктаў была вайна паміж Рэччу Паспалітай (федэрацыяй Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага) і Расіяй у сярэдзіне XVII ст., вайна з Напалеонам, Першая і Другая ўсясветныя войны. Калі Менск стаў сталіцай БССР у 1919 г., ён аказаўся таксама ў цэнтры шматлікіх дэбатаў аб моўнай палітыцы. |
прафэсар катэдры германскіх і славянскіх моў унівэрсытэту імя Брыгама Янга (Brigham Young University), што на Гаваях. У сфэру яго навуковых інтарэсаў уваходзіць моўная палітыка ў Беларусі, а таксама расейска-
1 Fishman, J. A. The relationship between micro- and macro-
2 Nettle, D.; Suzanne, R. Vanishing voices: The extinction of the world’s languages. Oxford: Oxford University Press, 2000. P. 20.
3 Landry, R.; Bourhis, R. Y. Linguistic Landscape and Ethnolinguistic Vitality // Journal of Language and Social Psychology. № 16 (1). 1997. Рр. 23—49. P. 25.
4 Shohamy, E. Language policy: Hidden agendas and new approaches. London: Routledge, 2006. P. 110—111.
5 Schiffman, H. Linguistic culture and language policy. London: Routledge, 1996. P. 14—15.
6 Scotton, C. M. Learning lingua francas and socioeconomic integration: Evidence from Africa // L. C. Robert (Ed.), Language spread: Studies in diffusion and social change (pp. 63—94). Bloomington: Indiana University Press, 1982. P. 65.
7 Мечковская, Н. Б. Общее языкознание: структурная и социальная типология языков. Минск: Амалфея, 2000. С. 249.
8 Bourhis, R. Y. Language policies in multilingual settings // R. Y. Bourhis (Ed.), Conflict and language planning in Quebec (pp. 1—28). Clevedon: Multilingual Matters, 1984. P. 9.
9 Мечковская, Н. Б. Общее языкознание: структурная и социальная типология языков. Минск: Амалфея, 2000. С. 51.
10 Pogatchnik, S. English outlawed on road signs, maps in Ireland’s Gaelic-
11 Тамсама.
12 Spolsky, B.; Cooper, R. L. The languages of Jerusalem. Oxford: Oxford University Press, 1991.
13 Spolsky, B. Language policy. Cambridge: Cambridge University Press, 2004. P. 40.
14 Scollon, R.; Scollon, S. W. Discourses in place: Language in the material world. London: Routledge, 2003. P. 2.
15 Scollon, R.; Scollon, S. W. Op. cit. P. 6.
16 Гл. арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 г. «Аб адміністрацыйна-
17 Spolsky, B.; Cooper, R. L. The languages of Jerusalem. Oxford: Oxford University Press, 1991. P. 8.
18 Немагчыма лічыць надзейным «сведчаннем фактычнага выкарыстання моў» вынікі ўсебеларускага перапісу насельніцтва 1999 г., згодна з якімі 82 % рэспандэнтаў, адказваючы на пытанне аб роднай мове, выбралі мову сваёй нацыянальнасці. У дадатак да пытання аб роднай мове і нацыянальнасці рэспандэнты мусілі адказаць, на якой мове яны размаўляюць удома. Паводле перапісу, 3 683 000 чалавек (37 %) заявілі, што ўдома размаўляюць па-беларуску, з іх 92 % асобаў належаць да этнічных беларусаў. Цікава, што пра расійскую мову як хатнюю гаворку заявілі 6 308 000 чалавек, з якіх 4 783 000 (76 %) — этнічныя беларусы. Гл.: Численность и основные социально-
19 Martin, T. The affirmative action Empire: Nations and nationalism in the Soviet Union, 1923—1939. Ithaca: Cornell University Press, 2001. Р. 75.
20 Grenoble, L. A. Language policy in the Soviet Union. Dordrecht: Kluwer Academic Publishers, 2003. Р. 87.
21 Martin, T. The affirmative action Empire: Nations and nationalism in the Soviet Union, 1923—1939. Ithaca: Cornell University Press, 2001. Р. 356—362.
22 Сталин, И. Марксизм и национально-
23 Згодна з Марцінам (гл.: Martin, T. The affirmative action Empire: Nations and nationalism in the Soviet Union, 1923—1939. Ithaca: Cornell University Press, 2001. Р. 12), Сталін спярша казаў пра культуру, «пралетарскую па змесце», і карыстаўся гэтай формулай да чэрвеня 1930 г., а потым перайшоў да кананічнага «сацыялістычная па змесце».
24 Guthier, S. The Belorussians: National identification and assimilation, 1897—1970. Part II // Soviet Studies. № 29 (2). 1977. Рр. 270—283. Р. 273.
25 Guthier, S. Op. cit. P. 275.
26 Народное хозяйство СССР 1984. Москва: Статистика, 1985. С. 26.
27 Beissinger, M. R. Nationalist mobilization and the collapse of the Soviet State. Cambridge: Cambridge University Press, 2002. Р. 256—257.
28 Гапанович, О. Нам явно не хватает свежего воздуха культуры // Беларуская думка. 1993. № 10. С. 14.
29 Удзельнікі рэферэндуму ў маі 1995 г. адказвалі на пытанне: «Ці згодныя Вы з наданнем расійскай мове роўнага статусу з беларускай?» З прычыны маніпуляцыйнага характару пытання, што падрывае грунтоўнасць адказаў, даследчык вырашыў не выкарыстоўваць вынікаў рэферэндуму, гаворачы пра моўны выбар і выкарыстанне моваў у Беларусі.
|
Горадня, або Гродна, знаходзіцца ля мяжы з Польшчай і Літвой, 280 км на захад ад Менску, 300 км на паўночны ўсход ад Варшавы і 120 км на паўднёвы захад ад Вільні. Горад стаў часткай Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне XIII ст. і другой сталіцай Княства ў 1392 г. Хоць этнічныя беларусы складалі большасць насельніцтва Горадні, горад належаў да Літвы. Вялікая доля беларускамоўных у Горадні пазней паўплывала на прыняцце беларускай мовы ў якасці афіцыйнай у ВКЛ. Сёння многія беларусы лічаць Горадню адным з апошніх аплотаў беларускай мовы. Можна сказаць, што Горадня больш, чым які іншы буйны горад у сучаснай Беларусі пастаянна нагадвае беларусам пра іх спадчыну і іх родную мову.
Віцебск ляжыць за 300 км на паўночны ўсход ад Менску недалёка ад расійскай мяжы. Кіеўская княгіня Вольга заснавала старажытны горад у 974 г., і Віцебск стаў важным гандлёвым і прамысловым цэнтрам на шляху са Скандынавіі ў Візантыю, галоўным чынам дзякуючы яго спрыяльнаму знаходжанню і наяўнасці порту31. Як і Горадня і Менск, Віцебск належаў да ВКЛ з XIV ст. да 1772 г., калі горад быў анексаваны Расіяй. У 1924 г., праз пяць гадоў пасля заснавання БССР, савецкі ўрад перадаў Віцебск ад Расіі ў Беларускую ССР. Хоць гісторыя места знітаваная з ВКЛ, доўгія гады моўнай русіфікацыі, а таксама яго блізкасць да Расіі ператварылі Віцебск у фактычна расійскі горад. |
30 Zaprudnik, J. Historical dictionary of Belarus. London: The Scarecrow Press, Inc., 1998. Р. 156.
|
Менскае метроЗбіранне звестак у метро ўключала ў сябе назіранне за васьмю рознымі катэгорыямі паказальнікаў. Калі надпісы на паказальніку меліся на абодвух яго баках, даследчык улічваў кожны з бакоў, бо мова друкаванага тэксту на іх часам адрознівалася. Да таго ж фармат паказальнікаў часта адрозніваўся ў залежнасці ад станцый; напрыклад, арыенціры на процілеглых баках станцыі паказваліся ў постсавецкіх будоўлях на дзвюх шыльдах, а на станцыях, пабудаваных у савецкі час, гэтая інфармацыя падавалася толькі на адной шыльдзе. Для зручнасці спалучаныя шыльды на постсавецкіх станцыях былі ўлічаныя даследчыкам як адзін паказальнік.Акрамя паказальнікаў, вывешаных ля выхаду з метро на паверхню, на некаторых станцыях меліся круглыя ці прастакутныя паказальнікі ў цэнтры платформы, а на іншых знакі былі падвешаныя з двух бакоў платформы (гл. дадаткі А і В).
Звесткі ў менскім метро былі сабраныя праз наведванне асобных станцый і запісванне выпадкаў ужывання беларускай і расійскай мовы. Спрабуючы сістэматызаваць і абагульніць інфармацыю, даследчык распрацаваў шаблон, які ўключаў кожную катэгорыю паказальнікаў і два слупкі пад загалоўкамі «беларуская» і «расійская» (гл. дадатак С). Каб не выклікаць залішняй увагі да моцна палітызаванай тэмы, даследчык пазбягаў выкарыстання фотаапарата, аднак выявы паказальнікаў можна ўбачыць у інтэрнэце32. |
31 Zaprudnik, J. Op. cit. Р. 217.
|
Афіцыйныя месцы: шыльды на ўрадавых будынкахУ адпаведнасці з «Законам аб мовах» 1998 г., беларуская і расійская функцыянуюць як раўнапраўныя афіцыйныя мовы, таму павінны фігураваць на роўных умовах і ў найменнях урадавых службаў. У гэтай частцы даследчык спрабуе паказаць рэальнае ажыццяўленне палітыкі дзвюхмоўя ўрадам — у тым, што тычыцца ўжывання беларускай і расійскай моваў на афіцыйных шыльдах.Матэрыял быў сабраны даследчыкам паводле шыльдаў на дзевяці тыпах дзяржаўных органаў. Тут прадстаўлены шырокі спектр дзяржаўных устаноў: раённая адміністрацыя, вайсковы камісарыят, ЗАГС, міліцыя, служба аховы (падраздзяленне МУС), натарыяльная кантора, пракуратура, суд, падатковая інспекцыя. Пазіцыянаванне моваў на шыльдах, г. зн. размяшчэнне расійскамоўных/беларускамоўных шыльдаў злева ці справа, зверху ці знізу, таксама бралася пад увагу, каб устанавіць магчымую іерархію ва ўжыванні моў. Часам адміністрацыйны будынак змяшчаў больш чым адзін дзяржаўны орган, але знадворныя паказальнікі сведчылі толькі пра адну ці дзве ўстановы. У такіх выпадках даследчык давяраўся шыльдам на дзвярах офісаў, размешчаных унутры будынкаў.
Атрыманыя звесткіМенскае метроУ 2001 г., калі ладзілася гэтае даследаванне, у Менску дзейнічалі 19 станцый метро (гл. дадатак D)33. Будоўля Маскоўскай лініі пачалася 5 мая 1977 г. у раёне, дзе цяпер працуе станцыя метро «Парк Чалюскінцаў». Праз сем гадоў, 26 чэрвеня 1984 г., на Маскоўскай лініі адкрыліся восем станцый метро (ад «Інстытуту культуры» да «Маскоўскай»). У 1986 г. рабочыя завяршылі будаўніцтва станцыі «Усход», якая на момант даследавання была канцавой станцыяй Маскоўскай лініі. 30 снежня 1990 г. афіцыйна адкрылася Аўтазаводская лінія, канцавымі станцыямі яе тады былі «Фрунзенская» і «Трактарны завод». У 1995 г. адкрыліся станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская», а ў 1997 г. — «Партызанская» і «Аўтазаводская». Такім чынам, агульны лік дзеючых станцый дасягнуў 19. |
32 Гл., напрыклад: (Link).
|
Пазначаныя вышэй даты будаўніцтва набываюць сэнс, калі ўпісваюцца ў кантэкст моўнай палітыкі ў Беларусі ў савецкі і дасавецкі час. У 1980-я гг., калі будавалася Маскоўская лінія, расійская была адной-адзінюткай афіцыйнай мовай. У рэчышчы тагачаснай моўнай палітыкі інфармацыйныя паказальнікі ў метро з’яўляліся пераважна на расійскай мове. Пабудова Аўтазаводскай лініі пачалася ў канцы 1980-х гг. і цягнецца да сённяшняга дня. Такім чынам, пачатак будаўніцтва амаль супаў з прыняццем у студзені 1990 г. заканадаўства, якое вызначала беларускую як адзіную афіцыйную мову рэспублікі. Схема 1 ілюструе змены ва ўжыванні моваў на паказальніках, якія адбыліся паміж 1984 і 1997 гг. Відавочна, што расійская мова ўтрымлівала дамінантную пазіцыю ў менскім метро ў 1980-я гг. — аж да таго, што на паказальніках, устаноўленых у 1986 г., беларускай не прысутнічала ўвогуле. Аўтазаводская лінія была афіцыйна адкрытая праз 11 месяцаў і 4 дні пасля прыняцця «Закону аб мовах». У тым самым годзе беларуская мова запанавала ў метро, апярэджваючы расійскую на 10 %. У 1995 г. беларускамоўных паказальнікаў стала ўжо 82 %, а ў 1997 г. — 90 %. Такім чынам, атрымаліся суадносіны, адваротныя 1984 г.
Далей аналізуецца моўная «палітыка» на асобных станцыях у адпаведнасці з іх блізкасцю да цэнтру гораду (г. зн. раёна ўрадавых службаў). Даследчык спрабуе праверыць, ці існуе карэляцыя паміж дзвюма пераменнымі34. Згодна са звесткамі, паказанымі на схеме 2, выкарыстанне беларускай і расійскай на станцыях Аўтазаводскай лініі было, імаверна, абумоўлена больш храналагічным/палітычным фактарамі, чым блізкасцю да цэнтру. З дзесяці станцый Аўтазаводскай лініі на трох было больш расійскамоўных паказальнікаў, чым беларускамоўных, а на адной — аднолькавая колькасць расійска- і беларускамоўных паказальнікаў. Дзве перыферыйныя станцыі (на абодвух канцах лініі) дэманструюць прыкметнае павелічэнне колькасці беларускамоўных паказальнікаў. |
33 bymetro.
|
Адрозна ад Аўтазаводскай лініі, колькасць беларускамоўных паказальнікаў на кожнай са станцый Маскоўскай лініі нідзе не перавышае 7 (гл. «Площадь Победы» на схеме 3). Замест паступовага змяншэння беларускамоўных паказальнікаў па меры аддалення ад цэнтру гораду назіраецца іх поўная адсутнасць, пачынаючы ад «Академии наук», размешчанай усяго за 4 станцыі ад урадавых кварталаў. У час даследавання на станцыях, што ішлі за Акадэміяй Навук («Парк Чалюскінцаў» і г. д.) дэманстраваліся толькі расійскамоўныя паказальнікі.
Анекдатычныя назіранні ў менскім метроПаказальнікі на Маскоўскай лініі нярэдка сведчаць аб былой моўнай палітыцы. Напрыклад, уваход на станцыю «Плошча Леніна» адрозніваецца ад іншых уваходаў у метро тым, што спуск да станцыі праз падземны пераход суседнічае з дзвярыма, якія вядуць ва ўрадавы будынак. Адрозна ад іншых станцый Маскоўскай лініі, знакі «ўваход» і «няма ўваходу» на шкляных дзвярах нанесены тут на беларускай мове. Рэшткі клею на шкле наводзяць на думку, што работнікі метро прыбралі расійскамоўныя паказальнікі і замянілі іх на беларускамоўныя. Значнасць гэтага ўжывання беларускай і расійскай вынікае не толькі з яго ўнікальнасці для Маскоўскай лініі, але і — што больш важна — з размяшчэння паказальнікаў па суседстве з урадавымі органамі. Да таго ж замест аднастайнага зялёнага ці чырвонага фону, тыповага для расійскамоўных надпісаў «вход» і «выход», беларускамоўны надпіс фігуруе на флюарэсцэнтным аранжавым фоне і прыцягвае ўвагу. Калі б гэты адметны ўваход у метро быў размешчаны ў аддаленай частцы гораду, то інфармацыйныя паказальнікі, верагодна, не былі б замененыя. Не дзівіць, што шкляныя дзверы на адваротным баку станцыі, якія не вядуць да ўрадавага раёну, захавалі расійскамоўныя надпісы на аднастайным чырвоным фоне.Афіцыйнае найменне «Мінскі метрапалітэн», за якім ідзе назва станцыі, вылучаецца на мармуровай паверхні пры кожным уваходзе на станцыю метро (выключэнне — «Плошча Перамогі»). На ўваходы ў станцыі Аўтазаводскай лініі, пабудаваныя пасля надання беларускай статусу адзінай афіцыйнай мовы, гэтыя надпісы нанесены па-беларуску, а на ўваходах у станцыі мінулага часу мармур утрымлівае толькі расійскамоўныя надпісы.
У 2001 г. быў завершаны шыкоўны Палац Рэспублікі (яго беларускамоўная назва ганарыста дэманструецца на фасадзе), які размяшчаецца паміж двума ўваходамі на станцыю метро «Кастрычніцкая». З’явіўся і дадатковы ўваход у метро з боку Палацу, каб пешаходам не было патрэбы пераходзіць вуліцу Энгельса. Абапал галоўнай магістралі Менска, праспекта Незалежнасці (да 7 мая 2005 г. ён называўся праспектам Скарыны ў гонар вялікага беларускага гуманіста і навукоўца), цяпер знаходзяцца помнікі беларускага нацыяналізму, г. зн. навабуд Палацу Рэспублікі з аднаго боку і даўно ўзведзены Нацыянальны Купалаўскі тэатр з другога боку. Цікава, што новы ўваход на станцыю, адкрыты побач з гэтымі культурнымі помнікамі, выяўляе і найменне «Мінскі метрапалітэн», і назву станцыі «Кастрычніцкая» па-беларуску, магчыма, не без уплыву моцнага «нацыяналістычнага атачэння». На кожнай станцыі і ў кожным вагоне вывешаныя схемы метро, якія пастаянна друкуюцца па-беларуску. Пры ўваходзе ў вагон кандуктар уключае фрагмент беларускамоўнага запісу «Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступная станцыя — …». Аднак дарма што пасажыры чуюць беларускамоўныя назвы станцый, яны рэдка называюць іх па-беларуску ў звычайнай гаворцы. Некаторыя назвы па-беларуску і па-расійску гучаць амаль аднолькава, а некаторыя — з істотнымі адрозненнямі, як паказана ў табліцы 1. Цікава, што ў гадзіны пік станцыйныя работнікі часта перарываюць звыклы шум на платформе рэзкімі камандамі, што падахвочваюць людзей да карыстання пэўным эскалатарам або хутчэйшага выхаду з вагонаў. Гэтыя каманды нязменна падаюцца па-расійску, а не па-беларуску. Напрыклад: «Освободите двери вагонов! Не задерживайте поезд!»35. Такім чынам, хоць беларуская можа разглядацца як фармальная мова метро (надпісы на паказальніках, магнітафонныя запісы ў вагонах), расійская працягвае функцыянаваць як прагматычны, сітуацыйны сродак распаўсюджвання інфармацыі. |
34 У тым, што датычыць далейшага аналізу, тэрмін «цэнтр» азначае ўрадавы комплекс, размешчаны ля станцыі «Плошча Леніна». Дом Ураду разглядаецца як натуральная крыніца, з якой выходзіць моўная палітыка.
|
Публічныя месцы: шыльды на ўрадавых будынкахЯ прааналізаваў звесткі, сабраныя ў дзевяці месцах — у кожным з вышэйназваных гарадоў былі ахопленыя тры раёны. Схема 4 адлюстроўвае вынікі. Подпісы пад схемай бел/рас і рас/бел пазначаюць парадак, у якім размешчаны расійска- і беларускамоўныя надпісы на афіцыйных шыльдах. Калі на шыльдах разнамоўныя надпісы размяшчаліся па вертыкалі, мова верхняга надпісу лічылася першай, гэтаксама як мова надпісу злева пры размяшчэнні надпісаў па гарызанталі.У цэлым доля шыльдаў з чыста беларускамоўнымі надпісамі аказалася найбольшай у Горадні (11 з 18, ці 61 %), Менск заняў другое месца (37 з 81, або 46 %), Віцебск — трэцяе (8 з 27, або 30 %). І наадварот, расійская мова найбольш рэпрэзентаваная на віцебскіх шыльдах (15 з 27, або 56 %), потым ідзе Менск (19 з 81, або 24 %) і Горадня (4 з 18, або 22 %). Калі моўная палітыка абапіраецца на дзве мовы, паўстае пытанне, як забяспечыць кожнай з моваў роўную прысутнасць на паказніках. Напрыклад, калі ў культуры прынятае чытанне злева направа і зверху ўніз, якая з моваў павінна займаць месца злева, якая — справа, якая — уверсе, якая — унізе? Такім чынам, дыслакацыя разнамоўных надпісаў урадавымі службамі часта з’яўляецца ў сутнасці сваёй палітычным крокам, г. зн. фактычным вызначэннем статусу або іерархіі ва ўмовах шматмоўя. У Менску назіраецца найбольшая доля дзвюхмоўных беларуска-расійскіх шыльдаў (23,5 %). У Горадні гэтая доля зніжаецца да 17 %, у Віцебску — да 15 %. Нарэшце, дзвюхмоўныя шыльды, дзе расійская мова ідзе першай, складаюць 7 % ад усіх шыльдаў у Менску, у Горадні і Віцебску такія шыльды ўвогуле адсутнічаюць.
АбмеркаваннеМенскае метроАналіз частаты ўжывання моваў у менскім метро дэманструе цікавую тэндэнцыю да беларусізацыі паказальнікаў у адным з найбольш карыстаных відаў транспарту. Натуральна, узнікае пытанне, чаму акцэнт робіцца на беларускую, калі практычнай мовай зносінаў у метро застаецца расійская. Магчыма, разуменне сацыялінгвістычнай дынамікі ў гэтай галіне вымагае разгляду метрапалітэну хутчэй як нацыянальнага сімвала, чым як утылітарнага сродка перасоўвання па горадзе. Так, маскоўскае метро, папярэднік менскага, поўніцца выявамі на культурныя і гістарычныя тэмы. Хоць сістэма падземнага транспарту безумоўна выконвае ўтылітарную функцыю, яе багата аздоблены інтэр’ер, які можа выклікаць сакральнае трапятанне (мазаікі, статуі, карціны), адыгрывае, магчыма, нават важнейшую ролю: выхоўвае непахісныя нацыянальныя і патрыятычныя пачуцці. Адпаведна, метро сталася не толькі сімвалам прагрэсу і хітрыкам урбанізацыі, але і лабірынтам нацыянальных і культурных сімвалаў. З гэтага пункту гледжання, паказальнікі ў менскім метро абапіраюцца на шанаваную традыцыю і маюць за мэту хутчэй культывацыю нацыянальнага гонару і ідэнтычнасці, чым перадачу інфармацыі. Як піша Р. Буры36, |
35 metro.ru.
|
не дзіва, што мова, будучы прывілеяваным сродкам міжчалавечых зносінаў, медыюмам культуры і адной з найважнейшых прыкмет нацыянальнай прыналежнасці, сталася таксама аб’ектам дзяржаўнага планавання ў руках урадавых чыноўнікаў і палітыкаў.
Так, нават арфаграфія беларускай мовы, якая часткова адрозніваецца ад расійскай, выконвае больш сімвалічную, чым камунікацыйную функцыю.
Публічныя месцы: шыльды на ўрадавых будынкахІсная сістэма інфармацыйных паказальнікаў на беларускіх афіцыйных будынках адбівае моўную палітыку трох адрозных часавых перыядаў: 1) савецкай эпохі, калі расійская мова дамінавала ў якасці афіцыйнай; 2) перыяду паміж 1990 і 1994 гг., калі беларуская была адзінай афіцыйнай мовай; 3) перыяду пасля рэферэндуму 1995 г., калі беларуская і расійская мовы набылі аднолькавы статус. Дагэтуль урад не здолеў стандартызаваць правілаў прысутнасці беларускай і расійскай моў на шыльдах у публічных месцах, што прывяло да стракатасці ў паказальніках. І наадварот: гэтая стракатасць адлюстроўвае сучасную моўную палітыку ў Беларусі. У гэтай сувязі Г. Іофе37 заўважае: |
36 Bourhis, R. Y. Language policies in multilingual settings. In R. Y. Bourhis (Ed.), Conflict and language planning in Quebec (pp. 1—28). Clevedon: Multilingual Matters, 1984. Р. 2.
|
Пасольства ЗША называецца «Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі», а побач знаходзіцца дыппрадстаўніцтва з шыльдай «Пасольства Украіны». Застаецца няясным, як «embassy» перакладаецца на беларускую. Калі ж аб’ект даследавання цяжка вызначыць, немагчыма чакаць дакладных звестак пра частату яго ўжывання!
Відавочна, кансенсус адносна інфармацыйных паказальнікаў на дзвюх мовах не быў дасягнуты ў Беларусі. Хоць мы назіраем колькасную перавагу дзвюхмоўных паказальнікаў, дзе беларускамоўны надпіс ідзе першым, ёсць і выпадкі перавагі расійскай мовы, што паказвае і зменены ў 1995 г. нацыянальны герб38. Некаторыя дзяржаўныя органы ў кожным з трох гарадоў схіляюцца да самапрэзентацыі на беларускай мове (пракуратура, дзяржаўная натарыяльная кантора). За выняткам Віцебску, шыльды на судах былі вывешаны выключна беларускамоўныя. Можна патлумачыць выкарыстанне беларускай мовы на шыльдах пракуратуры і судоў тым, што ў 1990—1994 гг. дзяржаўныя органы, адказныя за інтэрпрэтацыю заканадаўства, намагаліся стаць прыкладам выканання заканадаўчых нормаў. Аднак нават гэтыя ўрадавыя органы цяпер спазняюцца, калі спрабуюць ажыццявіць нормы палітыкі дзвюхмоўя. |
37 Ioffe, G. Understanding Belarus: Question of language // Europe-Asia Studies. № 55 (7). 2003. Pp. 1009—1047. Р. 1017.
|
ВысновыЦяперашняя ўрадавая падтрымка беларускай мовы ў вялікай ступені застаецца маніпуляцыйнай, заснаванай на індывідуальных інтарэсах людзей ля стырна ўлады. Ужыванне беларускай мовы на афіцыйных шыльдах, як нам здаецца, адлюстроўвае вонкавае, неахвотнае прызнанне беларускай мовы побач з расійскай, у той час як беларуская мова атрымлівае прыярытэт на паказальніках у беларускім метро. Падобна, што сферы, якія ахопліваюць вялікую колькасць людзей (пасажыраў), хутчэй становяцца аб’ектамі маніпулявання, чым замкнёныя будынкі, мала вядомыя большасці насельнікаў. З гэтага пункту гледжання паказальнікі ў метро становяцца магутным сродкам урадавай самарэкламы — сродкам, праз які ўрад пазіцыянуе сябе ў якасці абаронцы нацыянальнай і культурнай спадчыны і ідэнтычнасці.Відавочна, мова з’яўляецца эфектыўным маркерам для вызначэння як індывідуальнай, так і калектыўнай тоеснасці. Беларуская мова ў публічных месцах паклікана стварыць вобраз нацыянальнай салідарнасці і падтрымаць статус беларускай як адной з афіцыйных моваў. Аднак застаецца пытанне, ці адлюстроўваюць такія знешнія праявы лаяльнасці да беларускай мовы сапраўднае жаданне захаваць нацыянальную мову, ці проста з’яўляюцца зручным прыёмам выканання літары закону. Н. Мячкоўская39 лічыць, што Беларусі наканавана ўтрымаць тэрытарыяльную і моўную незалежнасць ад Расіі незалежна ад таго, ці будзе легітымнай тая незалежнасць. Гэткая перспектыва азначае, што цяперашняе планаванне моўных статусаў будзе адыгрываць другасную ролю ў параўнанні з ініцыятывай грамадзян, якая ўрэшце і вырашыць лёс нацыянальнай мовы. Аднак на цяперашнім пераходным этапе, для якога характэрна дзяржаўнае ўмяшанне ў выкарыстанне той ці іншай мовы ў публічных месцах, сітуацыя ў Беларусі ўяўляе з сябе багатае поле для штудый у галіне моўнай палітыкі і планавання. |
38 Я. Запруднік (Zaprudnik, J. Historical dictionary of Belarus. London: The Scarecrow Press, Inc., 1998. Р. 163) апісвае перароблены нацыянальны герб як «гірлянду жытніх каласоў з канюшынай і льном. Стужка ўецца вакол геаграфічных контураў краіны, накрэсленых над сонечнымі промнямі. Уверсе знаходзіцца чырвоная зорка».
|
ПадзякіГэтае даследаванне стала магчымым дзякуючы падтрымцы Амерыканскіх радаў міжнароднай адукацыі і Каледжу навук і мастацтваў у Брын Мор (Bryn Mawr).
ЛітаратураBeissinger, M. R. Nationalist mobilization and the collapse of the Soviet State. Cambridge: Cambridge University Press, 2002. Bourhis, R. Y. Language policies in multilingual settings // R. Y. Bourhis (Ed.), Conflict and language planning in Quebec (pp. 1—28). Clevedon: Multilingual Matters, 1984. Fishman J. A. The relationship between micro- and macro-sociolinguistics in the study of who speaks what language to whom and when. // J. A. Fishman et al. (Eds.), Bilingualism in the Barrio. (pp. 583—604). Bloomington: Indiana University, 1971. Grenoble, L. A. Language policy in the Soviet Union. Dordrecht: Kluwer Academic Publishers, 2003. Guthier, S. The Belorussians: National identification and assimilation, 1897—1970. Part II // Soviet Studies. № 29 (2). 1977. Рp. 270—283. Ioffe, G. Understanding Belarus: Question of language // Europe-Asia Studies. № 55 (7). 2003. Р. 1009—1047. Landry, R.; Bourhis, R. Y. Linguistic Landscape and Ethnolinguistic Vitality // Journal of Language and Social Psychology. № 16 (1). 1997. Р. 23—49. Martin, T. The affirmative action Empire: Nations and nationalism in the Soviet Union, 1923—1939. Ithaca: Cornell University Press, 2001. Nettle, D.; Suzanne, R. Vanishing voices: The extinction of the world’s languages. Oxford: Oxford University Press, 2000. Pogatchnik, S. English outlawed on road signs, maps in Ireland’s Gaelic-defending west (p. 1). Associated Press, 2005. Schiffman, H. Linguistic culture and language policy. London: Routledge, 1996. Scollon, R.; Scollon, S. W. Discourses in place: Language in the material world. London: Routledge, 2003. Scotton, C. M. Learning lingua francas and socioeconomic integration: Evidence from Africa // L. C. Robert (Ed.), Language spread: Studies in diffusion and social change (pp. 63—94). Bloomington: Indiana University Press, 1982. Shohamy, E. Language policy: Hidden agendas and new approaches. London: Routledge, 2006. Spolsky, B. Language policy. Cambridge: Cambridge University Press, 2004. Spolsky, B.; Cooper, R. L. The languages of Jerusalem. Oxford: Oxford University Press, 1991. Zaprudnik, J. Historical dictionary of Belarus. London: The Scarecrow Press, Inc., 1998.
* * * Гапанович, О. Нам явно не хватает свежего воздуха культуры // Беларуская думка. 1993. № 10. С. 14. Мечковская, Н. Б. Белорусский язык: социолингвистические очерки. Мюнхен: Verlag Otto Sagner, 2003. Мечковская, Н. Б. Общее языкознание: Структурная и социальная типология языков. Минск: Амалфея, 2000. Народное хозяйство СССР 1984. Москва: Статистика, 1985. С. 26. Сталин, И. Марксизм и национально-колониальный вопрос. Москва, 1934. Статья 1 Закона Республики Беларусь от 5 мая 1998 г. «Об административно-территориальном делении и порядке решения вопросов административно-территориального устройства Республики Беларусь». Численность и основные социально-демографические характеристики населения РБ по данным переписи 1999 г. // Национальная экономическая газета. 2000. 5 красавіка. С. 10.
З ангельскай пераклаў Вольф Рубінчык паводле:
|
39 Мечковская, Н. Б. Белорусский язык: социолингвистические очерки. Мюнхен: Verlag Otto Sagner, 2003. C. 92.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 12 (63) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |