A R C H E | П а ч а т а к | № 12 (63) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||||
Джэфры Хотарн | ||||||
Джэфры Хотарн
Страта для бэйсболу
Выданьні, якія абмяркоўваюцца ў артыкуле:
Tariq, Ali. Pirates of the Caribbean: Axis of Hope. Raby, Diana L. Democracy and Revoultion: Latin America and Socialism Today. London: Pluto, 2006.
Venezuela: Hugo Chavez’s Revolution.
Напрыканцы чэрвеня ў Вэнэсуэле фінальны матч на Кубак Амэрыкі пачалі тры народныя героі: Эва Маралес, Уга Чавэс і Дыега Марадона. Самазадаволена дэманструючы дрыблінг, Маралес трымаў мяч нашмат даўжэй, чым лічыцца прыстойным у такой сытуацыі. Нарэшце ён адпасаваў Чавэсу, і той, зь ягонай не абы-якой палітычнай інтуіцыяй, адразу скінуў мяч на нагу Руцэ Божай. Чавэс, урэшце, у маладосьці хацеў стаць бэйсбалістам. Футбол — не ягоная гульня. Але істотна тое, што дзякуючы ягоным шчодрым датацыям Вэнэсуэла сталася ўладальніцай Кубка Амэрыкі. Безумоўна, гэта яшчэ больш павялічыла папулярнасьць Чавэса ўнутры краіны, падмацавала ягоныя прэтэнзіі на палітычны ўплыў у Лацінскай Амэрыцы і дало яму магчымасьць пакпіць з ЗША (улюбёны занятак вэнэсуэльскага лідэра). Абраньне Чавэса ў 1998 г. прэзыдэнтам Вэнэсуэлы і ягоныя далейшыя палітычныя перамогі, прыход да ўлады ў Балівіі Эва Маралеса (2005 г.), а ў Эквадоры — Рафаэля Карэа (2006 г.), а таксама кіраваньне больш памяркоўна-левых урадаў у Бразыліі, Аргентыне, Чылі і цяпер, відаць, і ў Нікарагуа прыцягнулі шырокую ўвагу ў сьвеце. Вашынгтон непакояць больш радыкальныя лідэры — усе яны лёгка забясьпечваюць сабе падтрымку ў сваіх краінах нападкамі на ЗША. Амэрыка не хавае асаблівай антыпатыі да Вэнэсуэлы. Два гады таму Кандаліза Райс назвала сярод «фарпостаў тыраніі» адну краіну амэрыканскага кантынэнту — Кубу. У адказ Чавэс, які ўжо на той час зблізіўся з Кубай, падтрымаў яшчэ дзьве з асуджаных Райс краінаў — Зымбабвэ й Іран, пераканаў чацьвёртую — Паўночную Карэю — перанесьці ў Каракас сваю адзіную амбасаду ў Лацінскай Амэрыцы і дайшоў да таго, што назваў пятую — лукашэнкаўскую Беларусь — узорам сацыяльнай дзяржавы, якую ён імкнецца збудаваць. Цьвярозыя назіральнікі-лібэралы, прыкладам, заснаваная ў 1995 г. Маркам Мэлахам Браўнам НДА «International Crisis Group» спакайнейшым тонам выказваюць заклапочанасьць тым, што Вэнэсуэла ня мае мэханізмаў стрымліваньня прэзыдэнцкай улады, а Балівія можа апынуцца перад пэрспэктывай распаду. Энтузіясты-радыкалы, як Тарык Алі і Дыяна Рэбі, выказваюць меркаваньне, што ў гэтых краінах адрадзіўся сапраўдны народны сацыялізм. На думку Алі, яго адраджэньне — толькі палова бітвы. Рэбі не сумняецца ў магчымасьці перамогі і спадзяецца, што тая пашырыцца нават на Эўропу. Аўтарка лічыць, што пасьля перамогі ў гэтай бітве зьявіцца новая палітыка, заснаваная на больш разумных прынцыпах, больш устойлівая і жыцьцяздольная за старую. Калі казаць пра іншыя зацікаўленыя бакі, то брытанскае Міністэрства замежных спраў, бадай, не адзінае, хто лічыць: нам няма чаго вучыцца ў такіх краінаў.
Красамоўны аповед Тарыка Алі пра Вэнэсуэлу і Балівію лёгка чытаецца. Дыяна Рэбі ці ня лепш за ўсіх разгледзела, як паўставала Чавэсава Вэнэсуэла — аўтарка яшчэ і вучоная, а ня толькі грамадзкая дзяячка. Выклікае захапленьне аб’ектыўнасьць і бесстароннасьць «International Crisis Group». Аднак у Лацінскай Амэрыцы поўная надзеі сацыялістычная ды занепакоеная лібэральная рыторыка мае іншыя канатацыі, чым у нас. Крэолы былі каталікамі, і іхныя рэспубліканскія памкненьні насілі хутчэй выразна калектывісцкі характар «антычнай свабоды», як выказаўся Бэнжамін Канстант, смуткуючы над лёсам Францускай рэвалюцыі. Новыя радыкалы кшталту Балівара (сучасьнік Канстанта, ён быў у захапленьні ад падзеяў у Францыі) успрынялі гэты панятак як свабоду нацыі, што нікога не дыскрымінуе, і надалі яму выразны сацыялістычны зьмест. Аднак да канца ХХ ст. крэолы, яскрава адчуваючы сваю расавую адрознасьць (а шматлікія зьмяшаныя шлюбы гэтае пачуцьцё толькі абвастрылі), сачылі, каб права на актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці і фактычна права голасу на выбарах збольшага заставалася за імі. Адрозна ад заснавальнікаў Злучаных Штатаў, крэолы трымаліся прынцыпу мэркантылізму, былі схільныя толькі атрымліваць багацьце, а не ствараць яго. У выніку сфармаваліся прагавітыя алігархічныя сыстэмы, што захоўваліся ў некаторых лацінаамэрыканскіх краінах да нядаўняга часу. Клясы земле- і шахтаўладальнікаў падпарадкоўвалі сабе бяспраўнае насельніцтва — бедных працаўнікоў на вялікіх плянтацыях, маленькіх зямельных надзелах і ў шахтарскіх гарадох. У іншых краінах абвал рынкаў ялавічыны, кавы і мэталаў на пачатку 20-х гг. ХХ ст. і страта даходаў для закупу тавараў за мяжой падштурхнулі да індустрыялізацыі і «мадэрнізацыйнай» палітыкі: у змаганьні з баронамі амбітныя прамыслова-камэрцыйныя кланы ўлучылі ў свой склад новую працоўную клясу. Усе яны былі пераважна белыя. Аднак па-ранейшаму заставаліся бяспраўнымі сельскія працаўнікі, шахтары, карэннае насельніцтва і нашчадкі бацькоў ад розных расаў. Ва ўсіх лацінаамэрыканскіх краінах, апроч Мэксыкі, дзе перад Вялікай дэпрэсіяй адбылася рэвалюцыя, вайскоўцы ўзялі на сябе ролю ахоўнікаў тэрытарыяльнай цэласнасьці. Палітыка па-ранейшаму зводзілася да больш ці менш працяглых баталіяў унутры колаў крэольскай эліты. У Балівіі гэтая эліта ажыцьцяўляла ўладу над шматлікім карэнным насельніцтвам, якое працавала ў шахтах і гібела на заходніх нагор’ях, над мэтысамі, што працавалі на плянтацыях на ўсходзе, і над мігрантамі, што вырошчвалі коку (як сям’я Маралеса). Эквадор меў прыдатныя для экспарту прыродныя рэсурсы — нафту (паводле яе экспарту краіна займае другое месца ў Лацінскай Амэрыцы). Але ў гэтай галіне працавала толькі нязначная частка насельніцтва. Астатнія, у тым ліку і ня надта шматлікія карэнныя жыхары, знаходзіліся прыкладна ў тым самым становішчы, што і балівійцы. Пасьля падзеньня цэнаў на спажывецкія тавары ў 80—90-я гг. ХХ ст. урады абедзьвюх краінаў, сутыкнуўшыся зь цяжкасьцямі ў абслугоўваньні замежных даўгоў, вымушаныя былі ўвесьці жорсткія захады, прапанаваныя міжнароднымі фінансавымі інстытутамі. Гэта прывяло да росту галечы. Крэольскія ўрады адзін за адным хутка развальваліся, а адлучаныя ад палітычнага жыцьця групы, натхнёныя ў тым ліку і падзеямі ў Вэнэсуэле, пачалі патрабаваць сваіх правоў. Гішпанцы разглядалі Вэнэсуэлу як другарадную правінцыю. У краіне было мала добрых земляў і зусім не было запасаў золата і срэбра. Аднак выявілася, што Вэнэсуэла багатая на нафту — яе знайшлі ў 1918 г. каля возера Маракайба амэрыканскія кампаніі. (Карэнныя насельнікі, што жылі ў хатках па берагох возера, раскладалі цяпельца на яго паверхні. Іх сьвятло нагадала гішпанскім маракам Вэнэцыю. Адсюль і пайшла назва краіны.) Да 1935 г., калі памёр кемлівы прагматычны каўдыльлё Хуан Вісэнтэ Гомэс, які арганізаваў распрацоўку нафтавых радовішчаў кампаніямі «Standard Oil» і «Royal Dutch Shell», Вэнэсуэла мела найвышэйшы ў Лацінскай Амэрыцы намінальны даход на душу насельніцтва. Цывільныя ўлады, наступнікі Гомэса, былі зрынутыя ў 1948 г. падчас вайсковага перавароту, але празь дзесяць гадоў вярнулі свае паўнамоцтвы. Тады быў падпісаны пакт, паводле якога левыя і правыя партыі будуць імкнуцца зьмяняць адно другога ва ўрадзе шляхам выбараў, але не дапусьцяць да ўлады армію (і «камуністаў»). Гэтая палітычная кляса стала прысвойваць значную долю дзяржаўных прыбыткаў (у 1976 г. адбылася нацыяналізацыя нафтаздабывальнай прамысловасьці), зрабіла пэўныя інвэстыцыі ў вытворчасьць (мэталюргічныя кампаніі стварылі прафсаюзы, якія цяпер варожа ставяцца да таго, што Чавэс падтрымлівае бедных) і павялічыла эканамічныя датацыі, каб пазьбегнуць сацыяльнай напружанасьці. Аднак у сярэдзіне 80-х гг. цэны на нафту ўпалі, Вэнэсуэла не змагла сплачваць пазыкі, узятыя з разьліку на прыбыткі ад продажу нафты ў будучыні, датацыі скончыліся, і ў лютым 1989 г., сутыкнуўшыся з ростам цэнаў (урад пайшоў на яго паводле надзвычайнага пагадненьня з МВФ), бедныя насельнікі прыгарадаў выйшлі пратэставаць на вуліцы Каракасу. Ужо ў 1982 г. Чавэс паабяцаў навесьці «жах на алігархію» і пачаў рыхтаваць змову ў вайсковых колах. У 1992 г. ён паспрабаваў арганізаваць путч. Пазьней у тым самым годзе спробу паўтарылі іншыя маладыя афіцэры, але таксама беспасьпяхова. Чавэса выкінулі з войска, а пасьля датэрмінова выпусьцілі з турмы. Ён вырашыў балятавацца ў прэзыдэнты і ў 1998 г. перамог на выбарах. Эліта, якая, утульна ўладкаваўшыся, раней кіравала дзяржавай, як сваёй уласнасьцю, спачатку думала, што нават у выпадку перамогі Чавэса яна зможа па-ранейшаму распараджацца краінай. Але неўзабаве эліта разьюшылася на Чавэса. Ягоны электарат — беднае вясковае насельніцтва і тыя, хто пераехаў у горад у спадзеве, што ім нешта перападзе, — апантана падтрымлівае свайго прэзыдэнта. Прыцягальная асоба і таленавіты прамоўца, Чавэс распальваў незадаволенасьць выбарцаў — яна яшчэ больш узрасла, калі ўвадначасьсе расталі іх надзеі на дабрабыт. З таго часу Чавэса пачалі падтрымліваць большасьць сярэдняе клясы і некаторыя прадстаўнікі старой эліты, якіх пераканала ягоная шчырасьць і тое, што Чавэс не выкарыстоўвае сваё становішча дзеля асабістага ўзбагачэньня. Гэтая гісторыя характэрная для Лацінскай Амэрыкі. Але тут напрошваецца адно параўнаньне. Туцыдыд пісаў пра палітыка і вайскаводцу Пэрыкла, які ў 440—430-я гг. да н. э. пашырыў у Атэнах «антычную свабоду», што той меў «багата пераваг». Туцыдыд згадвае, як сам Пэрыкл казаў атэнцам, што мае ўсе магчымыя выдатныя якасьці: здольнасьць бачыць, што трэба рабіць, уменьне патлумачыць гэта людзям, бездакорны патрыятызм і абыякавасьць да ўласнага ўзбагачэньня. Пэрыкл быў багатым арыстакратам, паходзіў з выбітнага роду. Чавэс, у якім цячэ крэольская, індзейская і афрыканская кроў, таксама мае ўсе таленты Пэрыкла. Сын беднай настаўніцы пачатковых клясаў з правінцыі, Чавэс, паводле ягоных словаў, пайшоў у войска, каб гуляць у бэйсбол у вайсковай лізе. Атэны валодалі вялікай імпэрыяй і мусілі рабіць высілкі, каб яе захаваць і зьбіраць зь яе падаткі. Чавэс валодае запасамі нафты. Яму ня трэба іх ні ад каго бараніць, з таго часу, як ён здолеў вырваць кампанію «Petrуleos de Venezuela» ў рады дырэктараў, што аддавалі перавагу амэрыканскім пакупнікам і клапаціліся найперш пра ўласныя кішэні. (Чавэс урэшце звольніў іх у жывым тэлеэтэры, ужыўшы бэйсбольную тэрміналёгію.) Між тым «даніна» для замежных рынкаў (найбуйнейшы зь іх — па-ранейшаму ЗША) узрасла з 9 даляраў за барэль у 1999 г. да 60 даляраў за барэль у 2006 г., а ўлетку 2007 г. дасягнула 80 даляраў. Аднак можна заўважыць, што і Пэрыкл, і Чавэс занадта высока ўзьнесьліся на хвалі сваіх посьпехаў. Пэрыкл зацята сьцьвярджаў, што Атэны могуць перамагчы Спарту, але самая ягоная зацятасьць сьведчыла: ён разумее ступень рызыкі і непакоіцца. Падобны неспакой выяўляе і Чавэс. Ягоны ўрад абачліва складае бюджэт з разьліку, што кошт нафты будзе складаць 29 даляраў за барэль. Праўда, ён па-ранейшаму аптымістычна прагназуе аб’ёмы здабычы, напалову большыя за цяперашнія магутнасьці «Petrуleos de Venezuela» (даецца ў знакі ранейшая адсутнасьць інвэстыцыяў у нафтаздабывальную інфраструктуру). Аднак і пры гэтым Чавэс мае ў сваім распараджэньні сродкі (у т. л. рэзэрвы цэнтральнага банку), якія наўрад ці маглі сабе ўявіць хоць якія рэвалюцыйныя рэжымы хоць якога колеру. Гэтыя грошы шчодра выдаткоўваюцца. Краіна дасягнула поўнай пісьменнасьці дарослага насельніцтва, паўсюль пабудаваныя новыя школы, ёсьць выдатныя бясплатныя больніцы, у якіх працуе шмат дактароў з Кубы, дасланых у Вэнэсуэлу «па бартэры» за нафту. Асноўныя харчовыя прадукты прадаюцца па датацыйных цэнах, хоць пастаўнікі і выказваюць пэўную незадаволенасьць. Бедным хатнім гаспадыням плацяць грошы за працу па доме. Зноў у поўным аб’ёме выплачваюцца пэнсіі. Езьдзіць па краіне таксама робіцца лягчэй: будуюцца новыя чыгункі, паляпшаецца праца гарадзкога транспарту, нават у самых аддаленых мясьцінах рамантуюцца дарогі. Але што самае галоўнае — урад імкнецца павялічыць колькасьць працоўных месцаў. Нядаўна ён пры дапамозе «Petróleos de Venezuela» выдаткаваў амаль 900 млн даляраў ЗША 130 «цэнтрам эндагеннага разьвіцьця» ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы і ў галіне турызму і яшчэ 400 млн даляраў — на падтрымку больш як 600 каапэратываў. Урад таксама спрабуе пераразьмеркаваць землі, што не апрацоўваюцца. Каб прасунуць гэтую ініцыятыву, абвешчана пра стварэньне 12 тыс. мясцовых радаў. Нацыяналізуюцца некаторыя карпарацыі. Пакуль што адзіныя выдаткі такой палітыкі — завышаны курс нацыянальнай валюты, што робіць танным імпарт тавараў і занадта дарагім — экспарт (за выключэньнем нафты). Яшчэ зарана меркаваць, наколькі пасьпяховымі будуць гэтыя захады. Раней бяднейшыя вэнэсуэльцы віталіся з замежнікамі з паблажліва-іранічнай пашанай. Цяпер яны глядзяць проста ў вочы, дражняць і сьмяюцца. Калі перад імі выступае Чавэс, яго сустракаюць зь бязьмежным захапленьнем. Натоўп раве, калі чуе кпіны пра «Сатану» ў Белым Доме (Карэа сказаў, што гэта абраза д’яблу). Перамога ў Кубку Амэрыкі сталася сапраўдным трыюмфам. Чавэс шукае падтрымкі і за мяжой. Ён набыў аргентынскія акцыі, забясьпечвае таннай электраэнэргіяй паўночную Бразылію, прапанаваў перапрацоўваць эквадорскую нафту па сабекошце. Ён прадае вэнэсуэльскую нафту Балівіі, некаторым іншым краінам Лацінскай Амэрыкі, а таксама штату Масачусэтс і ўладам Лёндану з прыгарадамі па цэнах, ніжэйшых за рынкавыя. Чавэс заснаваў тэлеканал, што ахоплівае ўвесь кантынэнт, каб стварыць супрацьвагу «CNN» і ўсталяваць сувязь з каналам Аль-Джазіра. Ён выступіў супраць стварэньня амэрыканскай зоны свабоднага гандлю, прапанаваў заснаваць «Паўднёвы банк», які б замяніў МВФ і Сусьветны банк (іх уплыў у рэгіёне істотна скараціўся), пашырыў гандаль з Кітаем (той інвэстуе ў здабычу нафтасыравіны ў басэйне Арынока), уклаў пагадненьні аб супрацоўніцтве з Іранам і адкрыў сетку амбасадаў у Афрыцы. Чавэс кажа, што хоча паспрыяць паўставаньню сусьветнай контрагегемоніі, скіраванай супраць ЗША, у якую ўваходзілі б «фарпосты тыраніі» і ня толькі. Карацей, Чавэс ніколі не спыняецца. І, як Пэрыкл на зыходзе свайго 15-гадовага кіраваньня, Чавэс ведае: ён і ня можа спыніцца. Адна з паправак у канстытуцыю, вынесеных на сьнежаньскі рэфэрэндум, мелася надаць прэзыдэнту права пераабірацца больш як на два тэрміны. Чавэсу трэба больш часу, каб з карысьцю ўжыць сваю ўладу. Ён хоча ўжыць яе дзеля народу і адначасова чакае падтрымкі ад народу, el pueblo. Каб дасягнуць сваёй мэты — перадусім даць добрую сталую працу бедным, — Чавэс, на ягоную думку, мусіць заставацца на сваёй пасадзе як мінімум да 2021 г. Відавочнага пераемніка ў яго няма, а дзяржаўныя інстытуты па-ранейшаму слабыя. Аднак Чавэс непакоіцца. Ён увёў вайскоўцаў у розныя міністэрствы і надаў ім іншыя пасады на дзяржаўнай службе, ён аднавіў нацыянальную гвардыю і стварыў асобную тэрытарыяльную гвардыю. Чавэс можа разьлічваць на Фронт імя Франсыска дэ Міранда — дзесяць тысячаў маладых «пехацінцаў рэвалюцыі» (цяпер яны выконваюць розныя «сацыяльныя місіі»). Яны прайшлі падрыхтоўку на Кубе, і ўрад кажа, што пры неабходнасьці ім раздадуць аўтаматы Калашнікава, каб бараніць рэжым. Усе гэтыя сілы беспасярэдне падпарадкаваныя выканаўчай уладзе. Як, дарэчы, і мясцовыя органы — таму яны могуць не зьвяртаць увагі на губэрнатараў правінцыяў і на мэраў. Захаваецца сыстэма стрымліваньня, прапісаная ў дзейнай канстытуцыі: суды, незалежная Галоўная кантрольна-фінансавая ўправа і омбудсманы. Але ўжо выглядае на тое, што іх нельга назваць па-сапраўднаму незалежнымі. Пераабраньне Чавэса ў сьнежні 2006 г. называлі «бліскучай перамогай». Аднак супраць яго прагаласавала больш як траціна выбарцаў. Палітычная апазыцыя хоць і зацятая, але часам паводзіцца зусім бязглузда. Гэтым escuálidos, гэтай «брыдзе», як называе іх Чавэс (ім прыйшлося даспадобы гэтае найменьне), хапіла глупства дапусьціць, каб адзін зь іх СМІ — сьмеху вартае «Radio Caracas Televisiуn» — хлусіла падчас спробы перавароту ў 2002 г. і працягвала хлусіць і надалей. У траўні Чавэс не прадоўжыў каналу ліцэнзію, але ён усё ж існуе ў інтэрнэце. Апроч таго, апазыцыя выявіла сваю вартую жалю бездапаможнасьць і бязглуздасьць, калі напрыканцы 2005 г. байкатавала выбары ў парлямэнт. Магчыма, аднак, што апанэнты Чавэса не назаўсёды застануцца гэткімі ж бясьсільнымі. Найбольш разважлівыя сярод іх, як губэрнатар правінцыі, што супернічаў з Чавэсам на выбарах у сьнежні 2006 г., разумеюць: трэба актыўна задзейнічаць беднае насельніцтва. Урэшце, каб нанесьці паразу Чавэсу на наступных выбарах, трэба перацягнуць на свой бок усяго каля 15 % электарату. Губэрнатар кажа, што Чавэс прыме такі вынік. Але нават калі гэта так, «International Crisis Group» (і ня толькі яна) задае пытаньне: а ці ня здарыцца такога, што наваўтвораныя вайсковыя фармаваньні палічаць сябе абавязанымі прадоўжыць рэвалюцыю? Магчыма, тыя лацінаамэрыканскія лідэры, якія вымушаны на цяперашні момант трымацца больш памяркоўна (Люля ў Бразыліі, Мішэль Башле ў Чылі), у глыбіні душы спадзяюцца, што рэвалюцыя скончыцца паразай ці што, прынамсі, як і зноў абраны ад сандыністаў у Нікарагуа Даніэль Артэга, Чавэс будзе вымушаны ператварыцца ў сацыял-дэмакрата. Больш радыкальная лідэры, як Маралес і Карэа, спадзяюцца, што Чавэсу будзе спрыяць посьпех. Аднак ні яны, ні новыя сябры Чавэса ў далёкіх краінах ня змогуць паўплываць на хаду падзеяў. Як Пэрыкл, які пашыраў народную дэмакратыю ў Атэнах, Чавэс абудзіў тыгра і ня мае іншага выйсьця, апроч як ехаць на ім адзінцом. Бясспрэчна, ім будуць па-ранейшаму захапляцца сацыялісты ў іншых дзяржавах, але ўрэшце Вэнэсуэла так і застанецца сам-насам.
Пераклаў з ангельскай Б. У. паводле:
|
прафэсар паліталёгіі. Да нядаўняга выхаду на пэнсію выкладаў у Кембрыджы. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 12 (63) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |