A R C H E П а ч а т а к № 12 (63) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


12 — 2007

 



аналітыка • крытыка • палеміка • эсэістыка • гісторыя • літаратура

 


гісторыя

  Уладзімір Васькоў

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Язэп Шнаркевіч
Успаміны з майго жыцьця і працы*

Вучыцельская праца ў школах

1. У народнай школе, 1907—1908 гады. Па сканчаньні вучыцельскай сэмінарыі ў 1907 годзе з 1 кастрычніка інспэктарам нар. вучылішча Менскага ўезду я быў назначаны ў аднакамплектную народную школу таго ж павету Рубяжэвіцкае гміны ў Вялікім Сяле. Школа старая, адкрытая нешта ў 80-х гадох XIX веку; мае ўласны стары невялічкі будынак. Дзяцей хадзіла столькі, колькі можна было ўмясьціць — чалавек 70—80. Вёска аграмадная, стаіць на вялікай дарозе, досыць бойкая, радам са школаю стаяў фэльчарскі пункт ды казённая вінная лаўка. Сяляне толькі праваслаўныя, школу любяць і шануюць.

Культура. У культурным сэнсе мясцовасьць глухая: ад бліжэйшага невялічкага захудалага мястэчка Рубяжэвічы — 6 вёрст, ад вялікага ж бойкага м-ка Койданава — 17 вёрст. Сама школа, вярней вучыцелі яе, як і ўсе школы таго часу, была косная, культурнае працы не вяла, апроч выкананьня праграмы.

Знаёмствы. З боку суседзяў і інтэлігенцыі ў той час было якась няўдала. Бліжэйшы сусед, фэльчар Сьцяпан Трацэўскі, — чалавек зусім некультурны, алькаголік да белай гарачкі, нежанаты, быў пад башмаком злой старой фурыі Алесі. Загадчык віннае лаўкі, якісь Нарэйка, — вар’ят, якога дзесь перавялі, а на яго месца прыехаў Кокараў, малады інтэлігентны чалавек, але амаль зусім глухі. У вёсцы было 2-х сялян больш разьвітых, у якіх новы вучыцель заўсягды знаходзіў сабе добрую параду, а часамі й рэальную помач. Гэта былі Ільля Векша і Пётра Коршун.

Местачковая інтэлігенцыя ў Рубяжэвічах таксама была пакрыўджана: поп, малады чалавек, Варанец — форменны вар’ят (хворы), якога дзесь хутка забралі, валасны пісар — п’яніца, аб старшыню й мовы няма; вучыцель, малады, толькі што скончыўшы духоўную сэмінарыю, нехта Дуброўскі, які вёў замкнутае жыцьцё, гатаваўся ў вышэйшую школу, ды начальнік таго аддзелу Пагінскі.

У суседняй вёсцы за 3 вярсты — Старынках — таксама ў вельмі старой школе быў і стары зусім вучыцель Башкевіч безь сям’і.

У Койданаве ўжо было інтэлігенцыі больш, і лепшая была, але дзеля аддаленасьці ня меў магчымасьці за зіму навет пазнаёміцца.

Што датычыць жаноцкага полу, то яго зусім не было, апроч пісаравай швагеркі, якая мела некалькі прэтэндэнтаў спасярод местачковай ды ваколічнай моладзі.

Праца. Працы ў школе было шмат з чатырма групамі, агулам нешта з 80 чал., памоцніка не было. Заняткі вяліся ад 8-й гадзіны да 12-й і ад 1-й да 3-й папаўдні. Адна гадзіна давалася на абед — вучні разыходзіліся па хатах. Я чуў сябе гаспадаром палажэньня, з посьпехам спраўляўся; вучні й бацькі іх былі вельмі задаволеныя, што выражалі «прынашэньнямі», якія там былі заведзены здаўна ды ад якіх я ніяк ня мог вывесьці, так моцна яны ўкараніліся. Увосень прыносілі бараніну, пасьля Каляд — сала, каўбасы, па Вялікадні — яйцы, масла, сыр. Цікавыя вельмі бывалі сцэны з гэтымі прынашэньнямі. Бацька нясе з гонарам, зь вераю ў добрае дзела, а вучань зь дзяцінаю сарамлівасьцю, пачырванеўшы, але таксама з пэўнасьцю, як бы адбывае ўрачысты абрад. Пробы адмаўляцца ад браньня даводзілі да трагізму: дарослыя ўсімі сіламі стараліся не дапусьціць да гэтага, ужывалі фізычную сілу, а дзеці даходзілі да плачу. На жаль, яны бывалі пераможцамі. Але гэта ня зьвязвалася з просьбамі, каб я глядзеў лепш іх дзяцей ці што, проста рабілася як абрад, без усякіх размоваў на гэты рахунак, як прынашэньне нечаму вышшаму. У сутнасьці, гэта й ня кепскі звычай.

Люднасьць звычайная, займаецца земляробствам. Цікава тое, што ў Вялікім Сяле кураць дзяўчаты й жанкі нараўне з мужчынамі, чаго я нідзе больш не сустракаў. Курылі ў мяне й дзяўчаткі ў школе, але хутчэй пакідалі за хлапцоў, як пасарамаціш.

Канікулы. На Каляды, Вялікдзень і Лета я выяжджаў дахаты.

Экзамэны. У 1908 годзе ў маёй школе была выпускная група 14 чалавек. На экзамэны зьехаліся ў маю школу яшчэ аж тры школы: старынская, рубяжэвіцкая і слабадзкая. Экзамэны прайшлі добра. Мае ўсе 14 вучняў/вучаніц вытрымалі экзамэн і атрымалі пасьведчаньні. На экзамэны Менскай Дырэкцыяй народных вучылішч быў дэлегаваны малады вучыцель 1-га Менскага Вышшага начальнага вучылішча Кузюруба. Абед. Пасьля экзамэну быў абед для ўсіх гасьцей, а пасьля абеду — гульня ў карты. Я як гаспадар яшчэ мусіў і прайграць штось.

Незадавальненьне. Першы год вучыцельскай працы закончыўся для мяне добра. Адчуваў, што шмат папрацаваў ды з добрымі вынікамі. Але з другого боку не задавальняла мяне глуш, адсутнасьць культурных разрыўкаў, коснасьць і апушчанасьць акружаючай інтэлігенцыі, адсутнасьць адпаведных жанчын, якія так украшваюць жыцьцё. У картах я не прымаў удзелу, выпіўка паступова зацягвала. Ні бібліятэк, ні іншых культурных закуткоў, якія б далі і аддых і духовае падмацаваньне, зусім не было.

Небясьпека. Гінулі невялікія сілы культурных працаўнікоў у глушы, карты й алькаголь іх праглытвалі. Выхад. Малы процант зь іх не паддаваўся гэтаму злу, і яны або заставаліся на месцы яркімі сьветачамі сярод цемры, або выбіваліся на іншую дарогу, якая і ў культурным сэнсе, і матэрыяльна іх больш задавальняла.

Культурная праца. Апроч праграмовай працы ў працягу зімы я зладзіў нешта 5 чытаньняў з валшэбнай ліхтарняй на тэмы маральнага характару. Словамі трудна перадаць зацікаўленасьць сялян бяз розьніцы веку й полу і тое ўражаньне, якое яны выносяць ад гэтых чытаньняў. У літаральным сэнсе сьцены трашчалі, ды шмат глядзелі яшчэ знадворку праз вокны, затухала ліхтарня ад сьпёртага паветра. Падзякам канца не было!

Суседка вучыцелька. На другую восень, г. зн. у 1909 годзе, у старынскую школу, што за 3 вярсты ад маёй, назначылі вучыцельку Мар’ю Лісіцкую, маладую яшчэ дзяўчыну з маткаю ды малодшаю сястрою Зінаю. Радасьці маёй не было канца. Я ажыў. Зрабіў візыт, сям’я спадабалася мне, я стаў бываць амаль штонядзелі. Весела праводзілі час. Але, на жаль, сама вучыцелька была хворая на сухоты, якія шыбкім тэмпам як даконвалі. Колькі было радасьці, як яны ўсе ўтраіх прыехалі да мяне ў госьці! Гэта быў сьветлы цёплы дзень на шэрым фоне адзінокага вясковага вучыцеля. Як выпаў сьнег, мы разам і каталіся, і спацыравалі па ваколіцах і лесе, які ляжаў між нашых вёсак паабапал дарогі. Я чуўся вельмі добра, рад быў, што мяне не зацягне алькаголь.

Назначэньне ў Гомель. Але нядоўга давялося мне карыстаць зь мілага суседзтва. У канцы кастрычніка я атрымаў назначэньне ў жалезнадарожнае вучылішча ў Гомелі, дзе ўжо з 1907 году працаваў мой таварыш і зямляк Міша Любецкі, які дапамог мне ў пераводзе. І шкада мне было астаўляць маіх новых знаёмых, але мусіў пераводзіцца.

Звальненьне. Трэ было фармальна звольніцца з пасады, дзеля чаго я й паехаў у Менск. Прытварыўся хворым. Доктар якісь стары ў Рубяжэвічах выдаў пасьведчаньне, што ў мяне нездаровыя лёгкія. Я з заяваю і гэтым пасьведчаньнем — к інспэктару Тавараву і расказваю, у чым справа, што, моў, хворы, кашляю, небясьпечна заставацца, што зусім кідаю вучыцельства і што за год стыпэндыі я ўжо адслужыў год і г. д. Інспэктар мне прапануе адпуск, дапамогу на лячэньне. Нічога не памагло: мусіў выдаць паперу на рукі аб звальненьні. Удалося як найлепей!

Перавод у Гомель. Дастаўшы звальненьне, вяртаюся дахаты, здаю старасьце школу, пакуюся ды 10 лістапада па білеце 2-й клясы, які мне прыслалі з Гомелю разам з назначэньнем, адпраўляюся ў Гомель, разьвітаўшыся й са знаёмымі, і са школаю. Смутны быў ад’езд! Але разам з тым мяне радавала, што еду ў горад, дзе можна будзе карыстаць з культурных выгад.

Праца ў Гомелі (1908—1913 гады)

Школа. Жалезнадарожная школа Лібава-Роменскіх дарог, якая (школа) знаходзілася ў духоўным ведамстве, была 2-клясаваю, але праграма амаль што раўнялася праграме вышэйшых пачатковых школаў.

Склад. Школа была вельмі мнагалюдная: 5 асноўных аддзелаў, 5 раўналежных, 1-шы і 2-гі прыгатаваўчыя аддзелы і 1-шы і 2-гі ім раўналежныя. Вучняў было вельмі шмат — да 500 чалавек, узрост іх ад 7 гадоў да 20 прыблізна. Жэнская школа была асобна.

Вучыцелі. Вучыцялёў таксама было шмат, нешта чалавек 16. Склад іх самы разнастайны: былі й старыя, і маладыя, і вучыцелі, і вучыцелькі, з адукацыяй вучыцельскай сэмінарыі, духоўнай, гімназіяльнай, эпархіяльнай і г. д.

Загадчык. Загадчыкам школы быў пажылы вучыцель, дзядзька майго калегі, Канстанцін Любецкі, з адукацыяй вучыцельскай сэмінарыі, чалавек разумны, дэспатычны, хітры, лоўкі. Загадваць такой мнагалюднай школай было вельмі трудна, але ён усяго сябе аддаў гэтай школе ды нажыў сухоты, ад якіх рана й памёр. Гэта быў чалавек з вопытам, тактам, уменьнем, ад якога шмат чаму можна было навучыцца маладым вучыцелям. Гэта быў чалавек у поўным сэнсе слова дасьпелы.

Адносіны паміж вучыцялёў. Пры такім мнагалюдным і пярэстым складзе калектыву, зразумела, не маглі быць добрымі й аднадушнымі адносіны паміж саміх вучыцялёў і кіраўніцтвам. Заўсягды ўсё якіясь інтрыгі, спрэчкі, незадавальненьне, якіясь асобныя групы спораць між сабою. Шмат прычын гэтай калатні: пачынаючы ад характару й поглядаў асобных адзінак і канчаючы двайным начальствам школы — і жалезнадарожным, і духоўным, — усё разам узятае складала грунт для пастаяннага бражэньня ў школе. Былі й нэўтральныя асобы, якія па сваіх перакананьнях не далучаліся да вадных групаў, а трымаліся незалежна. Да гэтакіх належаў і я. Роля іх была лагодзіць, ураўнаважваць настроі і страсьці.

Начальства. Начальства было шмат: ад царкоўнага ведамства — уезны наблюдацель царк.-прыходзкіх школаў поп Курневіч, ён жа і старшыня пэдагагічнае рады, які, праўда, мала ўмешваўся ды ўнікаў у жыцьцё школы: губэрнскі наблюдацель ц.-прых. школаў нехта Строганаў, які візытаваў школу штогод. Рэвізор. Рэвізор абразавацельных установаў Лібава-Роменскіх ж. дарог Інакенці Дзьмітрыеўскі. Гэта сьмехатворны тып. Ён, інжынэр-хімік, хацеў быць добрым пэдагогам. Але выходзіла карыкатурна ды навет для яго самога трагічна дзякуючы яго страпцівасьці, нявытрыманасьці. Як пэдагог ён ня толькі ня меў адпаведнае падгатоўкі й такту, але навет і здольнасьці. Мусіў ён вучыцца ў больш вопытных вучыцялёў у часе рэвізіі, ды схопленае павярхоўнае ў аднэй школе пераносіў як параду ды ўказаньні ў іншую, ня лічачыся зь іншымі варункамі. Зразумела, што больш вопытныя вучыцелі не лічыліся зь яго штучнымі прыёмамі ды часта на гэтым грунце выходзілі непаразуменьні. Так ён аскандаліўся перад адным вопытным вучыцелем Іванам Бакітам у Менскай ж. д. школе. Ды наагул ён сваёй рэвізіяй толькі псаваў справу, настрой ды адносіны да сябе з боку школаў. Вось які быў рэвізор, які два разы ў год адведваў каждую школу ад Лібавы да Рамён. Быў яшчэ папячыцель ж. д. школаў, начальнік дыстанцыі, — інжынэр, які апекаваўся матэрыяльным і маральным станам школ, а ў заняткі зусім ня ўмешваўся.

Мая праца ў школе. Я быў назначан вучыцелем расейскае мовы й геамэтрыі ў 4-м і 5-м аддзелах раўналетных. Меў 19 лекцыяў у тыдзень. З расейскае мовы трэба было закончыць этымалёгію й сынтаксіс, прайсьці тэорыю славеснасьці й скарочаную гісторыю літаратуры; з геамэтрыі курс вышэйшых пачатковых школаў. Працы было шмат. Я хоць і ведаў гэтыя прадметы, але зусім ня быў падгатаваны іх выкладаць. Дзеля гэтага даводзілася самому шмат працаваць. Але досыць пасьпяхова спраўляўся.

Вучні. Трудней мне было спраўляцца з вучнямі, сярод якіх былі ўжо і з вусамі. Трэба сказаць, што маса вучнёўская жалезнадарожных школ ва ўзгадаваўчым сэнсе вельмі сапсаваная. Іх паходжаньне пераважна з рабочых ды ніжшых агентаў службы, уплыў гарадзкой вуліцы — даволі дзяцей ужо з дурнымі нахіламі. Школа ня ў сілах была ўсіх пераўзгадаваць: пэўны працэнт зь іх выходзілі проста маральнымі ўродамі. Вось і мне прыйшлося мець дачыненьне з падобнымі тыпамі. Спачатку было непрыемна, пасьля неяк прывык.

Нравы. Як карцінку, характарызуючую нравы масы, што мела дачыненьне да школы, прывяду гэтакае здарэньне. У адзін прыгожы дзень бацька Голуб раніцою прыводзіць у школу свайго сына на вяроўцы, завязанай за шыю хлапца.

Зразумела, што дзецям шмат шкодзілі нахілы бацькоў розных дрэнных якасьцяў, якія пераймаліся іх дзяцьмі.

Вечарыны. Школа разам з жэнскаю ладзіла вечарыны. Ставілі п’есы, дэклямацыі, харавое пяяньне. Дзеля таго, што выбар быў вялікі, учасьнікі вечарыны добра выконвалі праграму, і нашы вечары ў горадзе, дзе шмат усякіх школаў і сярэдніх, былі вядомыя сярод публікі як добра ладжаныя ды праходзілі зь вялікім посьпехам. Пасьля выкананьня праграмы вечары праходзілі весела, у аднэй гармоніі зьліваліся дзьве школы: мужская й жэнская, вучыцелі й вучыцелькі, забыўшы розныя штодзённыя спрэчкі. Такіх вечарын ладзілася ў год дзьве: перад Калядамі й на масьленіцу.

Абавязкі рэлігійныя. Раз школа знаходзіцца ў ц., чарнасоценец сьлядзіў за гэтым ды выгаворываў публічна, калі заўважаў хібы з боку школы.

Скандал. Адзін раз у табэльны дзень 9 траўня (дзень імянін гасудара) ад мужской школы прыйшоў толькі адзін зусім малы хлапец ды толькі два вучыцелі; ад жэнскай таксама мала было й вучаніц, і вучыцелек. Гэта яго, папа, удахнавіла на патрыятычную пропаведзь. Зьвярнуўся да гэтага хлапца са словамі: «О ты, жалкае ісключэніе! Скажы сваім таварышам вучням і вучыцялём сваім, што яны сугуба (удвайне) не ісполнілі доўгу: не прыйшлі памаліцца Мікалаю Ўгодніку і за цара-бацюшку» і г. д. Доўга ён граміў адсутных. А гэта чулі другія чарнасоценцы з ахранкі. Выйшаў скандал, які доўга трэ было замазваць ды зносіць.

Музыка. З матэрыяльнага боку школа была добра абстаўлена, дзеля чаго мела вучыцеля музыкі, аркестар, клясы ручное працы. Музыкаю займалася невялікая група хлапцоў на духавым струманце й скрыпках. Вучыцель музыкі Ўладзімер Кац.

Ручная праца. Клясы ручное працы былі добра абстаўлены, складаліся з аддзелаў: сталярнага, па мэталу, па кардону. За выключэньнем малодшых аддзелаў, усе вучні абавязкова мусілі працаваць у пэўныя гадзіны па сваім абедзе ў тым ці іншым аддзеле, залежна ад узросту. Вучыцялёў ручное працы было двух: па мэталу — Валерыян Вайцяхоўскі, ён жа й пісар школы, скончыўшы Тэхнічнае жалезнадарожнае вучылішча, па дрэву й кардону — Аляксандар Грышчанка, скончыўшы Гарадзенскае вучылішча, Пэдагагічныя курсы й курсы «Ручной працы».

Ваенны строй. «Пацешныя». Здаецца, у 1912 годзе па ўсёй Расеі ў школы сталі ўводзіць «ваенны строй» — «пацешныя», як прадчуваючы неўнікнёную наступаючую вайну. Жалезнадарожныя школы, у тым ліку й нашая, дзе не было ніякіх перашкод з боку матэрыяльнага, чуць ня ў першай лініі ішлі ў гэтым сэнсе. Былі ўзяты інструктары ў нашу школу аж два з адпаведнай падгатоўкаю, больш выдзелена гадзін на заняткі строем, уведзены некаторыя цырымоніі ў самой школе, як, прыкладам, каманда дзяжурнага «ўстаць», як уваходзіць у клясу вучыцель, даклад вучыцелю аб колькасьці вучняў ды што магло прыключыцца ў часе перамены. У табэльныя дні ды іншыя афіцыяльныя сьвяты адбываліся парады на гарадзкой плошчы пацешнымі з розных школаў. Для ўсіх былі мадэлі драўляных вінтовак. На лета пацешныя зь Лібава-Роменскіх школаў зьяжджаліся ў Менск у лягеры на некалькі тыдняў. Адным словам, ваеннаму строю й пацешным шмат удзялялася й часу, і ўвагі, і сродкаў. Хлапцом гэта, зразумела, падабалася, яны стараліся, і агульнае ўражаньне, прынамсі, унешняе, было ня згоршае.

Інструктар пацешных. Інструктарам пацешных на ўсю Лібава-Роменскую дарогу быў назначаны якісь ахвіцэр зь якойсь вайсковай часьці, кватэраваўшай у Менску.

Калегі мае. Шмат было калегаў з мужской і жэнскай школ. Дзякуючы маёй даверчывасьці, ужыўчывасьці, агульнай веры ў чалавека ад самага пачатку аж да выезду з Гомелю ў мяне з усімі захаваліся прыяцельскія адносіны. Найбліжэйшым быў для мяне калега Міша Любецкі, які разам са мною вучыўся і ў пачаткавай школе, і ў сэмінарыі. Гэта як выключэньне з усіх калегаў. Затым быў блізкі яго дзядзька Канстанцін Любецкі, затым у вельмі добрых таварыскіх адносінах былі пажылы вучыцель Іван Бакіш — сымпатыя Мішы Любецкага, Алёна Каўроўская (пазьней Піянткоўская) мне вельмі падабалася як жанчына, зь ёю мы дружылі, нягледзячы на тое, што ў яе быў жаніх, які ведаў аб гэтай дружбе. Яна была маладая прыгожая жанчына, я ёй шмат памагаў у працы. Яна цаніла мае адносіны ды таксама шчыра да мяне адносілася.

Падабалася яшчэ вучыцелька Алёна Шкеціна, але была нейкая нелюдзімая, што шкодзіла збліжэньню. Рэшта для мяне былі больш-менш безразьлічныя, але зусім добрыя адносіны.

Провады. Насколькі былі шчырыя і таварыскія адносіны ўсіх калегаў, сьведчыць той факт, што калі я вырашыў вучыцца далей у вучыцельскім інстытуце пасьля пяцігадовай працы, то яны — калегі — наладзілі малебен у вучыцельскай ды прэзэнтавалі мне шыкарны мрамарны пісьменны прыбор, каштаваўшы тады 25 рублёў. Гэта была для мяне дарагая штука, як памятка аб спаўпрацы й таварыскіх адносінах маіх калегаў.

Вячэра. У падзяку й на разьвітаньне я частаваў дарагіх калегаў вячэраю, якая працягнулася далёка за поўнач у сымпатычным каляжанскім настроі.

Абяцаньне. Такія цёплыя адносіны калегаў змусілі мяне рашыць загадзя і даць слова вярнуцца па сканчэньні інстытуту, што я й прабаваў рабіць у 1917 годзе, але рэвалюцыйныя разрухі ды пасьля нямецкая акупацыя перашкодзіла гэтаму.

Знаёмыя. Хоць агулам знаёмых было і шмат, але на асаблівую ўвагу заслугуюць нямногія. У той час вучыцельства пачатковых школаў не залічалася да вышшага грамадзянства ў павятовым ці губэрнскім горадзе. Так што ў нас было сваё грамадзянства, амаль цалкам складаўшаеся з вучыцялёў і вучыцелек ды іх сямействаў. Прыемныя для мяне сямействы, дзе я часта бываў ды чуўся як належыць, наступныя.

Каўроўскія. Сям’я каляжанкі Алёны Каўроўскай — яе сымпатычная, хоць бедная хворая матка Лідзія Афанасьеўна ды прыгожая сястра Маруся. У іх я з год быў на кватэры. Вельмі добра чуўся ў маральным сэнсе ў гэтым сымпатычным сямействе. Маруся часта дастаўляла мне прыемнае, надзяваючы на сябе «матылэ». Ёй, стройнай дзяўчыне, вельмі ішло. Амаль заўсёды ў іх бываў, як жаніх Алёны, студэнт сымпатычны Аляксандар Піянткоўскі. Пасьля ён жаніўся зь ёю, ды жылі ўжо ў ягоным доме. У іх быў брат мастак, які ўсю кватэру ўвешаў сваімі малюнкамі. Але ён няўдачнік, якісь алькаголік ды фізычна нядошлы.

Маскавенкі. Другое найсымпатычнейшае сямейства, дзе я таксама быў на кватэры нешта 2,5 гады — гэта ўдава-генэральша мадам Маскавенка з дочкамі Вераю, Кацяю ды ўнучкамі Лідаю й Наталі. Вера была вучыцелькаю 2-х клясавай царк.-прыходзкае школы, вельмі любіла музыку, на раялі часта грала, скончыла музыкальную школу. Жылі яны заможна, мелі шыкарную кватэру зь вялікаю заляю, адлічаліся гасьцепрыемствам і хлебасольствам. Гэта сапраўды быў дом, дзе можна было маральна аддыхнуць. Матка іх трымалася якась абасаблена. Верачка. Верачка, як яе называлі ўсе па сымпатыі да яе, была маладзец, хоць пакрыўджана нашчот хараства прыродаю. Але яе духоўныя якасьці проста зьзялі, як вясеньняе сонца. Яна выкладала матэматыку й любіла гэты прадмет. Вельмі любіла Вера тэатар і канцэрты. Я ёй складаў кампанію на гэтыя забавы. Пасьля майго ад’езду яна выйшла замуж за нейкага студэнта Гюнтэра. Ня ведаю, ці яна шчасьліва ад гэтага замужаства, ці не. У каждым разе гэта сьветлая асоба заслугуе на лёсе добрае, ды ад душы ёй жадаю посьпеха ў далейшым жыцьці.

Каця. Каця — старэйшая за Веру, прадстаўляе процілежнасьць Веры ў некаторых адносінах. Перш за ўсё яе характар быў жорсткі, страпцівы; яна была прыгажэйшая за Веру; да раяля навет і не падыходзіла — ніколі на ім навет і ня дрэнкала; таксама любіла тэатар; была добрая гаспадыня: яе фабрыкацыі пірагі з рысам, яблыкамі ды мясам усім знаёмым былі добра ведамы. Бедная Каця захварэла ды ад нейкага кашлю раптоўна й памерла. Вечная ёй памяць! Гэта была, як кажуць, дзяўчына «бой».

Ліда й Ната Касуновіч. Лідачка й Ната — іх пляменьніцы-гімназісткі, тады ў старэйшых клясах гімназіі, у характары падзяліліся: Лідачка — копія Веры, а Ната — копія Каці. У годзе майго выезду Лідачка ўжо скончыла гімназію ды выйшла замуж за майго калегу вучыцеля Грышчанку. У 1916 годзе яны ўжо мелі сына Бору.

Беневаленскія. З жэнскай жалезнадарожнай школы добрыя знаёмыя былі пажылая дама ўдава Кацярына Фірсаўна Беневаленская і яе дачка, тады быўшая курсістка Бястужэўскіх матэматычных курсаў у Петраградзе. Гэта быў сапраўды інтэлігентны й сымпатычны куточак, дзе я таксама адпачываў маральна й свабодна дыхаў. Прыгожая разьвітая дзяўчына Вера ў адзін час навет моцна падабалася, ды мы адзін год вельмі рана зь ёю страчалі вясну, нешта аж зь лютага месяца, амаль штодзень у сумеркі хадзілі на прагулку па высокім месцы ўздоўж жалезнадарожнай лініі да самага маста праз раку Сож. Памятаюцца гэтыя месячныя вечары зь лёгкім туманам ад выпарэньняў. Кажды раз застанаўляліся на мосьціку аднымі пад гучыстымі вербамі. У доме іх быў раяль, ды Вера грала на ім, але ня так, як Вера Маскавенка. Вера была абшчыцельная, любіла прагулкі й пікнікі, зьбірала цяжкую на паймо публіку. Маёўка. Адзін раз яна мяне падвяла. Запрасіла на прагулку на лодцы па Сажы дзьвёх сваіх знаёмых дам, матку, а з мужчын толькі мяне аднаго. Дзень быў сонечны, жаркі. Трэ было проціў цячэньня падняцца нешта ад 3 вярсты да адложыстага берагу, дзе ў Сож уліваецца яе прыток Іпуць. Вёсламі працавалі толькі яна ды я: калі яна кіравала, то я пхаў лодку, і наадварот. Мы зь ёю страшна замучыліся, усе далоні былі ў мазалёх. Колькі з нас вылілася поту?! Мы былі чырвоныя як ракі. Доўга нам памяталася гэтая прагулка! Наагул Вера была энэргічная дзяўчына. Па сканчэньні курсаў яна выйшла замуж за прысяжнага Максімава, які штось адзін год працаваў у нашай школе ды выехаў аж у Данскую ці Кубанскую вобласьць у Армавір. Вера з маткаю любілі поўдзень, штолета выяжджалі ў Сочы на Закаўказьзе на самым беразе Чорнага мора.

Толькі прыемныя ўспаміны асталіся ад слаўных Беневаленскіх.

Сымпатычная Груня. У апошні год перад выездам з Гомелю, гэта значыць у 1912-ты, я пазнаёміўся тады яшчэ з гімназісткаю 8-й клясы Груняю Кашура. Гэта прыгожая дзяўчына з аграмаднымі блакітнымі вачыма зьвярнула на сябе маю ўвагу. Яна была падругаю Ліды Касуновіч, якая мяне й пазнаёміла зь ёю. Мне ў Груні яшчэ падабалася дзявочая скромнасьць як гімназісткі. Здалёк пачаліся ўхажваньні. Я бываў у іх доме. Сямейства іх вялікае: браты й сёстры вучыліся яшчэ таксама ў сярэдніх школах.

Рожы. У 1913 годзе яна канчала гімназію, вельмі баялася, а я яе супакойваў, насіў ёй букеты рожаў, якія ў сваю чаргу дарыла мне ўжо будучы дамаю Алёна Піянткоўская (з Каўроўскіх). Рожы падтрымлівалі яе настрой. Гэта была вельмі прыемная для мяне вясна. Мне яна падабалася штораз больш.

Перапіска. Па сканчэньні гімназіі яна дастала месца вучыцелькі ў Рачыцкіне ў в. Рудня. Я ў гэтым жа 1913 годзе выехаў з Гомелю ў Магілёўскі інстытут. Цэлы год ішла ажыўленая перапіска між намі. Я зь ёй адной з гомельскіх знаёмых перапісваўся. На другі год працы яе ў школе бацькі яе «выдалі амаль насільна замуж» за якогась пажылога, але багатага, з хутарам, суседа яе бацькоў, таксама жывучых на хутары. Перапіска абарвалася. Пазьней я чуў, што яна вельмі незадаволена сваім замуствам. Так бедная маладая дзяўчына, не пабачыўшы сьвету й жыцьця, упрэглася ў сужыцьце з пажылым, неадпаведным ёй чалавекам. Я яе вельмі шкадаваў, што зь ёю так сталася. На жаль, пасьля яе замуства не давялося й пабачыцца.

Таварыства. Таварыства было аграмаднае. Яно складалася пераважна з вучыцялёў і вучыцелек жалезнадарожных школаў мужской і жэнскай Лібава-Ром. дарогі, з школы жалезнадарожнай Палескай дарогі і 2-кляснай жэнскай Праабражэнскай царк.-прых. школы. Але агулам неяк яно ня клеілася. Ні сходаў дзелавых, ні агульных прагулак не рабілася.

Маёўкі. У працягу майго пабыту ў Гомелі толькі лічаныя разы ўдалося невялічкаю групаю выехаць на маёўку на Мельнікаў Луг уверх па Сажы на лодках на 3 вярсты.

Ініцыятарам падобных прагулак была група з Аляксандра Грышчанкі, Канстанціна Разяновіча, Івана Баніта, мяне, Ганны Знаменскай, Алены Каўроўскай. Ды фактычных вучасьнікаў да гэтае групы далучалася яшчэ нямнога.

Настроі. Трэба наагул адзначыць, што тагачаснае вучыцельства пачатковых школ насіла цяжкую пячатку апатыі, недавольства сваім палажэньнем грамадзкім, матэрыяльным, кажды прыглядаўся куды б толькі ўцячы, каб больш атрымоўваць пэнсіі. Ды сапраўды, палажэньне іх было жалкае, прыніжанае, заядала нястача; сямейным проста жыцьця не было: трэ было дарабляць яшчэ прыватнымі «грашовымі» лекцыямі пасьля сваёй цяжкае працы.

Частыя зьмены. Гэтае незадавольства было прычынаю таго, што вучыцелі мяняліся, як у калейдаскопе: пабудзе год, два, тры ды выходзіць; толькі нямногія падоўгу заседжваліся на адным месцы. Штогод мяняліся вучыцелі ў нашай школе. Зразумела, што гэта дрэнна адбівалася на справе школьнай.

Плата. Пэнсіі ў месяц атрымлівалі прыблізна 40 рублёў. Эмэрытурай не былі забясьпечаны. Вось кажды й стараўся знайсьці сабе лепшы выхад.

Прывілеі. Адно, што вабіла вучыцялёў да жалезнадарожных школаў — гэта дармавыя білеты на праезд па казённых жал. дарогах хоць па ўсёй Расеі: чатыры білеты ў год па сваёй дарозе туды й абратна і па чужых дарогах. Даваліся білеты й сям’і.

Невыкарыстаньне. Але й гэтыя білеты не выкарыстоўваліся вучыцелямі дзеля браку грошай і неарганізаванасьці. Ня ладзіліся навет навуковыя экскурсіі. Так і марнаваліся дармавыя білеты. А можна было б шырока іх выкарыстоўваць.

Мая грамадзкая праца. Наагул, грамадзянства таго часу не магло пахваліцца грамадзкаю працаю навет дзеля незалежных ад яго самога прычын. Грамадзкая праца й арганізацыі абыходзіліся з боязьні, каб не распаўсюджвалася «крамола», якой улада вельмі баялася ды ў кожнай арганізацыі грамадзкай нахілена была бачыць праявы гэтай крамолы, небясьпечнай для ўлады. Грамадзкая праца агранічвалася часовымі патрэбамі, як, прыкладам, збор ахвяраў на галадаючыя губэрні.

Дабрадзейная. Я заўсягды, як і наагул вучыцельства, браў жывы ўдзел у зборы на галадаючых ды штогод на змаганьне з тубэркулёзам; гэтыя зборы тады былі навіною, так што абстаўляліся вельмі дэкаратыўна і ўрачыста.

Культурна-навуковая. У гады маёй бытнасьці ў Гомелі залажылася «Пэдагагічнае вобчаства», якое досыць энэргічна распачынала сваю працу. Я быў сябрам гэтага культурна-навуковага вобчаства. Удзел у ім для вучыцялёў вельмі быў карысны ды я выкарыстоўваў зь яго. Вобчаства складалася зь некалькіх сэкцыяў, так што кожны пэдагог мог заўсягды знайсьці сабе адпаведную працу.

Самаадукацыя. Мая адукацыя вучыцельскай сэмінарыі і палажэньне вучыцеля пачатковай школы мяне не задавальнялі. Незадаволенасьць. Гэтая «адшыбленасьць» вучыцеля пачатковай школы асабліва адчувалася ў горадзе, дзе ёсьць сярэднія школы. Вучыцелі пачатковых школаў былі як бы ніжшае пароды. Ад іх адхрышчваліся й вучыцелі сярэдніх школаў, і «вышшае грамадзянства». Сваёй вучыцельскай арганізацыі мы ня мелі, маральнай падмогі і імпульсу да крытычных адносінаў ніадкуль не было. Шуканьне выхаду. Вось гэтыя акалічнасьці й сталі мяне варушыць з коснасьці, будзіць да шуканьня выхаду. Шырокага размаху, зразумела, не магло быць дзеля браку сродкаў ды, апроч таго, я мусіў даваць адукацыю малодшых братам і сястры. На мне ляжаў гэты абавязак. Дзеля гэтага й выбіралася найбольш адпавядаючая гэтым акалічнасьцям дарога. Трэ было й вучыць, зарабляючы грошы, і самаму гатавацца да перамены на лепшае. Найкарацейшы шлях да гэтае мэты — гэта здаць экзамэн на «дамашняга вучыцеля», права якога давала магчымасьць працаваць у тагачасных «гарадзкіх вучылішчах», дзе вучыцелі ўжо былі забясьпечаны добра матэрыяльна, эмэрытурай і «чынамі».

Экзамэны. Для скончыўшых сэмінарыі экзамэн на гэтае званьне быў скарочаны: толькі з таго прадмету, які выбіраеш спэцыяльнасьцяю, экзамэн пісьменны, «калёквіюм» і даць практычныя лекцыі. Я выбраў прадметы — рускую мову і геаграфію; рускую мову — таму што лепш яе ведаў, бо выкладаў у школе, а геаграфію — таму што гэты прадмет мне больш падабаецца.

Тэмы. Напрадвесьні ў 1912 годзе трымаў экзамэны пры гомельскай гімназіі. З гісторыі расейскай літаратуры была тэма «Отличие элегий Лермонтова от элегий Пушкина»; з мовы «Сынтаксычнае значэньне местаіменіяў». З геаграфіі агульнай — «Происхождение островов» і з геаграфіі Расеі «Значение русских рек».

Непаразуменьне. З тэмай з расейскае літаратуры выйшла непаразуменьне. Я памыліўся ды ўзяў тэму шырэйшую: «Отличие лирики Лермонтова от лирики Пушкина». Але гэтая памылка добрым экзамэнатарам вучыцелем Язэпам Бабарыніным не была кепска істалкована ды не пацягнула для мяне непрыемнасьці, бо гэта тэма труднейшая.

Практычныя лекцыі. Пісьменныя экзамэны былі зданы, «калёквіюмы» таксама, Zтрэ было даць практычныя лекцыі ў гімназіі. З расейскае мовы даваў лекцыі ў 2-й клясе на тэму — «сложносочинённые предложения», а з геаграфіі ў 4-й клясе на тэму аб Бэльгіі. Лекцыі прайшлі ўдала. Такім чынам я вытрымаў усе задуманыя экзамэны.

Шуканьне месца-пасады. Пасьля экзамэну я стаў шукаць ужо пасады ў Вышэйшых пачатковых школах. Дзеля гэтага езьдзіў і ў Віленскі Округ Навуковы, і ў Менскую Дырэкцыю народных вучылішч, таксама паслаў заявы ў Рыскі і Варшаўскі Навуковы округ. Але месца нідзе не дастаў.

Агранічэньне правоў. Акурат у той час рэфармаваліся гарадзкія вучылішчы ў вышэйшыя пачатковыя школы, у якіх перавагу давалі сконшчыўшым Вучыцельскія інстытуты ды навет рэдукавалі вучыцялёў зь іншымі меншымі правамі, у тым ліку й «дамашніх вучыцялёў», званьне якога я здабыў. Адначасна ўводзіліся новыя штаты, у якіх вучыцелі Выш. пач. шк. матэрыяльна добра забясьпечваліся.

Новы плян. Такім чынам, дзякуючы апошнім зьменам у вышэйшых пач. школах мой плян рухнуў. Трэ было шукаць іншай дарогі для паляпшэньня свайго быту.

Вастрогаўскія курсы. Яшчэ ў 1910 годзе ў мяне была думка, ці не пайсьці ў папы, якія матэрыяльна добра былі забясьпечаны. Тады гэтага званьня навет лёгка можна было дабіцца. У Маскве былі адкрыты спэцыяльныя багаслоўскія курсы пад кіраўніцтвам якогась Макара Вастрогава. Адно толькі мяне ўтрымала ад гэтых курсаў, што па сканчэньні перасылалі ў Сібір, куды я не хацеў тады ехаць.

Уплыў старшага Любецкага. Старшы вучыцель гомельскай школы К. Любецкі не даваў пакою і свайму пляменьніку, і яго таварышу — мне. Ён усё пілаваў нас, каб мы паступалі ў вучыцельскі інстытут. У 1912 годзе яго пляменьнік Міша Любецкі такі паступіў у Віленскі Інстытут.

Падгатоўка ў інстытут. Пасьля ўсяго гэтага заставалася і мне ісьці ў інстытут. У працягу школьнага году 1912—1913 я заняўся падгатоўкай.

Паступленьне ў інстытут маскоўскі. Правінцыяльныя інстытуты мяне ня вабілі, цягнула мяне ў сталічныя гарады. Лепш тады была пастаўлена справа ў Маскоўскім інстытуце. Туды я й паехаў на экзамэны ўвосень 1913 году. Конкурс быў калясальны: зьяжджаліся вучыцелі з усей Расеі.

Трудныя экзамэны. Экзамэны былі вельмі цяжкія, асабліва з матэматыкі. Пісьменная задача была вельмі замыславатая, шмат дзеяньняў з самымі невялікімі чысламі, так што калі знаць плян задачы, то можна яе рашыць вусна. Правал. Час на экзамэны быў агранічаны. Я задачы ня кончыў ды атрымаў незадавальняючую адзнаку. Але да далейшых экзамэнаў быў дапушчаны. У выніку ў конкурс я не папаў ды благапалучна вярнуўся дахаты.

Паступленьне ў Магілёўскі інстытут. У верасьні таго ж 1913-га адкрываўся Вучыцельскі Інстытут у Магілёве. Я паехаў туды, вытрымаў экзамэн ды быў прыняты як стыпэндыянт. А 1 кастрычніка разьвітаўся з Гомелем ды пераехаў у Магілёў, дзе правучыўся тры гады — аж да 1916 году.

Новая дарога. Пакуль што ступіў на дарогу для дасягненьня лепшага будучага. Гэты момант задавольваў яшчэ й тым, ды ашчаднасьці ў жалезнадарожнай касе давалі магчымасьць плаціць за навуку брата Вінціка.

Заключэньне аб гомельскім пэрыядзе. Ітак, гомельскі пэрыяд майго жыцьця і працы пачаўся 12 лістапада 1908 году, а закончыўся 1 кастрычніка 1913 году, значыць, цягнуўся аж 5 гадоў. Гэты пэрыяд служыў для мяне пераходным пунктам, хоць і цягнуўся досыць доўга. У гэты час я шукаў сабе дарогі; прабаваў ісьці па аднэй — не ўдалося, пайшоў па другой. У навучальным сэнсе ён мне мала даў, затое ў маральным даў шмат. Я пазнаёміўся з гарадзкім жыцьцём, яго грамадзянствам, з харошымі калегамі, тут я пачаў грамадзкую працу ды пачуў і пазнаў яе смак. Гэты пэрыяд даў мне такіх знаёмых, аб якіх добрыя ўспаміны засталіся глыбока ў маёй душы, якімі пасьля аж да апошніх дзён я падмацоўваўся ў цяжкія мінуты неспакойнага жыцьця. Дзякуючы гэтаму пэрыяду я не завяў у глухой вёсцы, як гэта здараецца з нашым братам, а наадварот, я папоўніў свае веды, расшырыў кругазор сьветагляду, ды сфармаваліся асноўныя рысы майго характару.

Прыкрасьцяў, вялікіх няўдачаў, промахаў, цяжкіх перажываньняў у гэты пэрыяд я ня меў, што мо ў значнай меры паспрыяла ва ўзгадаваньні майго аптымістычнага пагляду, веры ў людзей.

З найвялікшаю ахвотаю вярнуўся б у Гомель на працу, але, на жаль, па-першае, аддзяляюць мяне ад яго краты жалезныя, па-другое, няшчасная граніца.

Ды сам па сабе горад Гомель, насколькі я ведаю гарады нашага краю, ёсьць адзін зь лепшых гарадоў і бальшых. Яго палажэньне на высокім берагу параходнай ракі Сажа і на скрыжаваньні дзьвёх дарог гавора само за сябе. А яго ўнешні выгляд з жывым кіпучым жыцьцём каля 100-тысячнага (ці цяпер мо больш) насяленьня цягне сільна таго, хто яго ўжо ведае.

Няхай жыве Гомель!

Няхай жывуць слаўныя гамяльчане. Цяпер ён на палажэньні губэрнскага гораду. Не магу яшчэ не дадаць аб тым, чым ня ўсякі губэрнскі горад можа пахваліцца: 1) мае добра расплянаваны і збудаваны трэк з адкрытаю сцэнаю і летнім тэатрам; 2) у сяродку гораду пры галоўнай вуліцы агромністы парк зь цяністымі дрэвамі, фантанамі, рэстарацыяй і інш.; 3) хоць невялікі сквэрык на высокім выступе над ракою зь летнім тэатрам; цудоўны, устроены на манер сталічных парк пры замку князя Паскевіча-Эрыванскага. Брак толькі тады было зімняга тэатру, а летніх аж два тэатры.

Магiлёўскi пэрыяд
(ад 1.10.1913 году да 30.07.1916 году)

Праца ў інстытуце. 1.X.1913 я пераехаў на сталае жыцьцё ў Магiлёў. Зусiм iншы горад, новыя знаёмыя, новыя таварышы. Праца ў iнстытуце хоць i ня трудная была, але вельмi шмат было. Практыкавалася лекцыйная сыстэма, так што кажды дзень была неадкладная i неабходная праца. Большасьць прадметаў у першы год было паўтарэньне, былi зусiм новыя прадметы, якiмi я зацiкавiўся. У працягу трох гадоў iшла ўпартая праца па праграме, якая фактычна далёка выходзiла за рамкi афiцыяльнай праграмы.

Адсутнасьць наглядных дапамог. Iнстытут быў толькi што адкрыты, апроч голых сьцен ды падручнiкаў жадных дапамог наглядных не было. Навет такiя прадметы, як фiзыка й хiмiя, трэ было вучыць выключна па падручнiках i браць насуха памяцьцю. Так што памяць сiльна абцяжвалася.

Вучыцелi. Склад вучыцялёў i дырэктар былi няважныя, навет больш таго, дрэнныя, сказаў бы: фармалiсты, рутынэры, некаторыя бяздарныя як пэдагогi, некаторыя маладыя зусiм, нявопытныя, ды быў яшчэ аджыўшы, некi адстаўны інспэктар народных школ нехта Якаў Тэадаровiч. Зь яго выкладаньня была камэдыя: бывала, запутаецца ў формулах хiмiчных цi фiзычна-альгебраiчных, закашляецца, так што нам, вучням, прыходзiлася яму памагаць. А сьмеху колькi! Малады, нявопытны быў вучыцель матэматыкi Яўген Амархновiч. Гiсторык i географ Мiхал Руднеў бяздарны, якiсь захудалы. Фiлёляг Вiталiя Сакалоў нешта нi сёе нi тое. А дырэктар Уладзiмер Тычынiк, быўшы дырэктар Сьвiслацкай вучыцельскай сэмiнарыi, — i бяздарны, i гультай. Толькi поп Мiкалай Гамалко, а пасьля айцец Маркоў побач з прадметамi багаслоўскiмi шмат давалi ведаў зь фiлязофii.

Рэжым. Нягледзячы на тое, што мы былi людзi й дарослыя (некаторыя мелi па 30 гадоў), і з практыкаю, і скромныя, і працавiтыя, рэжым тасавалi да нас сурова: абавязковыя штодзённыя адведзiны клясаў, хаджэньне ў царкву гавець і г. д. З гэтага боку дык асаблiва вымагальны быў дырэктар.

Будынак. Першы i другi год інстытут функцыянаваў ва ўласнаарандаваным будынку па Быхаўскай вулiцы радам з былым Жэнскiм эпархiяльным вучылiшчам. А на трэцi год з прычыны рэквiзыцыi для войска нашага будынку займалiся ў мужчынскай гiмназii па Садовай, здаецца, вулiцы.

Таварышы. У нашай клясе было 35 калегаў-вучыцялёў, якiя ўжо мелi пэдагагiчнае практыкi ад 2 гадоў да 7 гадоў; былi й жанатыя. Людзi прыблiзна аднаго пакрою былi, як вучыцелi, але сярод нас былi i зь ярка iндывiдуалiстычнымi рысамi. Паходзiлi пераважна з Магiлёўскай, Менскай, Вiцебскай, Гарадзенскай губэрняў i iншых. Значны працэнт быў i зь бежанцаў. Прыпомню, каго яшчэ не забыў.

1. Вадэйка Канстанцiн.
2. Воўчанка Ўладзiмер.
3. Барыс Максiм.
4. Гарбуноў.
5. Дыдэрка.
6. Дземянюк Цярэнцi.
7. Дзячэнка.
8. Кавальскi Сымон.
9. Каменскi Мiхал.
10. Косьцiн.
11. Лукашонак.
12. Лiнаў.
13. Матэнюк Павал.
14. Мiнiч Iван.
15. Мяцельскi Мiхал.
16. Навумчанка.
17. Сiцько.
18. Стамарчук-Герасiменка Iван.
19. Семiнько.
20. Чэпiк Ермалай.
21. Шапялевiч Кост.
22. Шманцар Мiкалай.
23. Шнаркевiч Язэп.
24. Поляк.
25. Шахлевiч.
26. Маргуноў.
27. Падвiч.
28. Радкевiч.
29. Сухаверхi.
30. Удод.
31. Якаў.
32. Тамашчык Пав.
33. Кiшнель Ляксей.

Пяцёх таварышаў нiяк цяпер не магу прыпомнiць.

Сужыцелi. Мiнiч. Iнтэрнату ў нас не было, жылi мы па прыватных кватэрах па адным, двое, трое; параскiданы былi па ўсім горадзе, але больш прытулiлася ў раёне, дзе быў Iнстытут. Два гады я быў на дзьвёх кватэрах зь сябрам Мiнiчам Iванам з Мазырскага павету з м-ка Ленiна. Гэта быў сымпатычны, добры, ужыўчывы таварыш, зь якiм мы два гады пражылi дружна. Я яго называў сваёю жонкаю. Жылi мы ў 1913—1914 гадох на Малой Завальнай вул. № 25 у дзьвёх дзяўчын Iсакавых, а ў 1914—1915 гадох на Ўсьпенскiм завулку ў адстаўнога часнага гарадзкога прыстава Станiслаўскага. Гаспадары як першае, так i другое кватэры былi харошыя людзi, добра нас кармiлi, пакоi былi немалыя; плата тады была невялiчкая — першы год, здаецца, плацiлi па 15 рублёў i другi год, здаецца, па 17 рублёў за кватэру i поўнае сталаваньне.

Матэнюк. На трэцi год 1915-ты—1916-ты зь Мiнiчам i Матэнюком жыў ужо ў другiм канцы гораду над Дняпром, на так званым Бранскiм спуску (спуск з высокага берагу к рэчцы), у аднэй клясавай дамы Асмалоўскай, карысталiся толькi кватэрай, абедалi ў сталовых, а сьняданьне i вячэру рабiлi самi.

Суседка Дуня. Чулiся мы й тут добра. Суседка ў нас была сымпатычная кватарантка, маладая дзяўчына Дуня, зь якою мы ў вольныя гадзiны флiртавалi празь сьцяну й беспасярэдна. Яна служыла ў земскiм зьезьдзе. Гэты флiрт ня вельмi падабаўся нашай гаспадынi.

Пажар. Прыслуга была прыхадзяшчая, якаясь малая яшчэ дзяўчына. Адзiн раз яна вынесла не зусiм патухшыя вуглi ў чулан. Вецер iх разьдзьмухаў, ды загарэўся дом, гэта было нешта пасьля Каляд, удзень, у другой якраз гадзiне, як мы з калегам былi ў клясе, а гаспадыня з кватаранткаю былi дома. Яны крыху сваiх рэчаў вынесьлi, а нашы ўсе як ёсьць пагарэлi. Мы засталiся толькi з тым, што было з намi: пальто, касьцюм ды 3—5 кнiг. Апроч пасьцелi, бялiзны, летняга пальта й касьцюма ў мяне згарэлi: 1) пiсьменны прыбор, што падарылi мне калегi пры ад’езьдзе з гомельскай школы; 2) чужая скрыпка калегi Сталярчука; 3) ды досьць шмат кнiг розных заметак, дакумэнты i iншыя рэчы.

Пасьля лекцыяў у 2 гадзiны мы спакойна iшлi дахаты. Чуем, бачым, што гарыць наша кватэра. Тады мы бягом. Але было позна. Дом быў ахоплены полымем. Нас разабраў, памятаю, нейкi нэрвовы доўгi сьмех.

Тады мы страшна былi сярдзiтыя на гаспадыню. А яна сабе абсмалiла чуб, як высьветлiлася.

Новая кватэра. Нам трэ было абзаводзiцца новымi неабходнымi рэчамi ды шукаць новую кватэру. Прыйшлi на помач добрыя людзi, ды мы хутка знайшлi кватэру: на Барысаўскiм завулку ў адстаўнога палкоўнiка Давiдовiча. Там мы, тры пагарэльцы, iзноў устроiлiся, ды гэтая кватэра была апошняю для мяне ў Магiлёве. Гаспадары былi сымпатычныя старыкi: адстаўны палкоўнiк, яго жонка, замужняя дачка з дваiмi дзяцьмi. Iх сын i зяць былi на вайне.

Прыватныя лекцыi 1914—1915 гадоў. Маю прыемныя ўспамiны аб прыватных лекцыях, якiя я даваў у Магiлёве. На другi год быцьця ў Магiлёве, г. зн. у 1914-тым—1915-тым, мяне запрасiлi рэпэцiраваць гiмназiстку 2-й клясы й гатовiць хлапца ў 1-ю клясу рэальнага вучылiшча. Гэта была сям’я губэрнскага інжынэра-архiтэктара Пiпаева: матка Анна Андрэеўна, гiмназiстка 6-й клясы гiмназii Лiза, гiмназiстка 2-й клясы Каця й хлапец Мiша. Бацька жыў у Екацерынаславе. Жылi яны ўзiмку ў Магiлёве, а на лета выяжджалi на свой хутар за 18 вёрст ад Магiлёва направа ад Бабруйскае шасы.

Апроч таго, яшчэ гатаваў у 1-ю клясу гiмназii Андрушу Маскоўцава, сына Варвары, сястры мадам Пiпаевай. Бацька Андрушы тады ўжо быў забiты на вайне. Пiпаевы плацiлi мне 25 рублёў, а Маскоўцава 10 рублёў.

Як бацькi, так i дзецi былi мiлыя. Пацешны быў Мiша. За зiму мае хлапцы не прыгатавалiся к вялiкаму конкурсу, так што мусiлi гатавацца яшчэ празь лета.

Андруша паспрабаваў быў экзамэнавацца ўвесну, але сьцяўся.

Кандыцыi. На лета Пiпаевы запрасiлi мяне на кандыцыi на свой хутар «Гусьлiшчы». Я выставiў варункi: 40 рублёў у месяц i поўнае ўтрыманьне. Яны згадзiлiся, ды я паехаў. Гэта было ў 1915 годзе. Праца тая самая, часу займала нямнога. Андруша таксама прыходзiў з свайго хутара за 1/2 вярсты.

Гусьлiшчы. Гусьлiшчы некалi быў аграмадны панскi двор, гаспадаром якога быў стацкi саветнiк Андрэй Папоў, якi ў адзiн час быў папячыцелем Вiленскага навуковага округу. Па сьмерцi Папова двор быў падзелены памiж 2-х братоў i 6-х сясьцёр. Асяродак з збудаваньнямi старымi дастаўся маёй гаспадынi Пiпаевай. Двор ляжыць паабапал праежджай публiчнай дарогi ды пры рэчцы. Тут жа, за садам, цягнецца вялiкi страявы лес. Мясцовасьць вельмi жывапiсная. Усе выгады: лес, луг, рака, поле.

Сям’я Паповых. Тыповы малюнак прадстаўляла сям’я Паповых, якая ўладала гэтым некалi аграмадным дваром, а цяпер падзеленым аж на 8 частак. Тыповы малюнак разваленага й фiзычна й маральна дваранскага гнязда. (Папова Вольга Канстанцiнаўна.) Сам Папоў, вiдаць, памёр даўно. Засталася старуха жонка, якая зрабiлася ня то бзiкаватаю, ня то зьдзяцiнела. Жыве ў горадзе бязвыезна й нiкуды не выходзiць, абкружыла сябе сабакамi рожнай пароды. Цiкава, калi адзiн раз мы зь ёю пасьля 2-дзённага побыту ў Гусьлiшчах прыехалі ў горад i ўвайшлi ў кватэру, то сабакi паднялi страшэнны брэх, скочкi, скавытаньне, выцьцё, кiдаюцца к ёй на рукi, на галаву, лiжуць твар. Для мяне гэта было першае здарэньне, і я зьдзiвiўся. А яна мяне супакойвала, кажучы, што гэта яны стараюцца ад радасьцi. Вiдаць, што яны сапраўды былi вельмi рады. Я чуў, што яна калiсь мела крыху памяшаньне вума.

Сыны Паповых. Адзiн сын Паповых, малодшы Пеця, гадоў 25-ці форменны эпiлепсык, фiзычна зусiм не разьвiты. Другога, студэнта Аляксандра, ня ведаю, быў тады на вайне, ды ў 1915 годзе ўвесну быў забiты пад Смаргоньню.

Дочкi. Дачок было аж шэсьць. Сярод iх ёсьць i разумныя й дзельныя, як мая гаспадыня Ганна, але большасьць зь iх зь якiмiсь страннасьцямi. Чатыры зь iх выйшлi замуж, а дзьве малодшыя — Лiза i Люся — незамужнiя. Цiкавы тып у той час, г. зн. перад рэвалюцыяй, прадстаўлялася сабою Люся. Прыгожая, скончыла гiмназiю ды паступiла на якiясь вышшыя курсы, любiць музыку, з дэмакратычнымi нахiламi; за дэмакратычныя выхадкi яе не любiлi iншыя сёстры. Бывала, як яна дома, знойдзе якоесь дзiця каравае з дваравых цi зь вёскi, возiцца зь iм: умые, прычэша, пасадзiць каля сябе за стол за абедам. Апроч таго, у яе ёсьць якiсь псыхiчны дэфэкт: упартая да крайнасьцi, неўгамонная, ня лiчыцца нi з кiм i нi з чым. Сярод дачок згоды не было, часта навет сварылiся, дзякуючы нявытрыманасьцi некаторых зь iх.

Найразумнейшая, найсымпатычнейшая й дзяльнейшая была мая гаспадыня Ганна Пiпаева, яна ж, здаецца, і самая старэйшая. Была неўтамiмая гаспадыня, якая з поўным посьпехам спраўлялася з хутарам сваiм, сястры i брата.

Выгады. Кандыцыi прайшлi для мяне з карысьцю. Карыстаўся гэткiмi выгодамi: вельмi добрае сталаваньне, добрае паветра, купаньнi, прагулкi, ахвота на вальдшнэпы i цецярукi, катаньне на лодцы, лоўля рыбы i г. д. У маральным сэнсе таксама чуўся добра. Апроч Паповых часта прыяжджалi з гораду iх знаёмыя, якiя гасьцiлi па некалькi дзён. Знаёмства з Нэляй. Тут жа пазнаёмiўся з падругай Люсi Паповай Нэляй Батурынай — першай маёй нявестай.

Памяць аб Гусьлiшчах. Наагул гэтыя першыя i апошнiя мае кандыцыi аставiлi глыбокi i сьветлы сьлед у маёй душы: Гусьлiшчы зь iх жыхарамi й выгадамi часьценька мне прадстаўляюцца; а ва ўспамiнах знаходжу оддых i прыемныя перажываньнi. Зь вялiкаю ахвотаю паўстрачаўся б зь iмi, а яшчэ з большаю ахвотаю пабываў бы там. Але, напэўна, разьнесла тых жыхароў, а мо некаторых ужо няма i ў жывых.

Прыватныя лекцыi ў 1915—1916 гадох у Чаплеўскiх. Увосень 1915 г., як пачалiся заняткi, той самы нехта Грыгор’еў, што рэкамэндаваў мяне на прыватныя лекцыi к Пiпаевым, iзноў запрапанаваў мне лекцыi ва ўдавы па падатным інспэктары Софii Дзьмiтрыеўны Чаплеўскай: рэпэцiраваць гiмназiстку 1-й клясы Лiзачку, 2-й клясы Леначку i гатаваць у 1-ю клясу Мiшу. Хоць работы было дастатачна, але пасколькi яна сабрана ў аднэй хаце, то часу на яе вымагалася 2 гадзiны, дзеля чаго я згадзiўся працаваць за 30 рублёў у месяц. Слаўныя дзецi, старалiся, паслушныя, так што я быў задаволены iмi. Ды ўся сям’я, як сама гаспадыня, яе матка i брат, якi прыяжджаў са двара за 3 вярсты, былi добрыя людзi. Гiмназiсткi мае перайшлi ў старэйшыя клясы, а Мiша паступiў у 1-ю клясу.

Дзецi. Лiзачка. Горш давалася навука Лiзачцы беднай. Гэта было якоесь скромнае дзiця, цiхае, як бы запужанае; гiмназiчны курс для яе, вiдаць, быў зацяжкi. Часьценька ёй не павадзiлася з адказамi лекцыяў, а матка нэрвавалася ды яшчэ часамi гэтым горш шкодзiла. Бывала, iдзе Лiзачка з гiмназii, а яе матка ўжо спатыкае на парозе — ну як i што? Як нi пераконваў яе, што гэта горш шкодзiць дзiцяцi, але яна не магла звольнiцца ад гэтае прывычкi. Леначка. Леначка была iншага характару — бойкая, сьмелая ды здольнейшая. Асаблiва вострая была ў яе памяць. Тры-чатыры разы прачытае верш — ужо i знае на памяць. Мiша. Мiша прадстаўляў нешта сярэдняе памiж Лiзачкаю i Леначкаю. Яша. Фацэтны быў яшчэ дашкольнiк Яша, якi зь дзiвам часамi, а часамi з зайздрасьцю глядзеў на заняткi сясьцёр i брата.

Аб сям’i Чаплеўскiх. Наагул i гэта сям’я была таксама сымпатычная, дзе ў вольныя часiны я таксама маральна аддыхаў. Але што зь iмi здарылася пасьля рэвалюцыi? Як заможнага паходжаньня (памешчыцкага), мусiць, не абмiнула iх вална разрухi ды грамадзкай вайны.

Рэпэтыцыi на званьне вучыцеля вышэйшай пачатковай школы. У 1916 годзе меў я рэпэтыцыi з дарослымi, скончыўшымi 8 клясаў гiмназii, зь якiх дзьве ўжо былi вучыцелькамi ў пачатковых школах (цi, здаецца, дачаснымi ў вышэйшых пачатковых школах дзеля мабiлiзацыi вучыцялёў) — гэта Любоў Карказовiч i Мар’я Хадоска. Iм трэ было здаць экзамэны з пэдагогiкi, мэтодыкi расейскае мовы, матэматыкi й даць практычныя лекцыi. Абедзьве яны вытрымалi экзамэны: М. Хадоска на вучыцельку расейскае мовы, а Л. Карказовiч на вучыцельку матэматыкi. З трэцяю, Лiдзiяй Пятроўнай (прозьвiшча забыў), займаўся праз усё лета 1916 году, але экзамэну яна не трымала, а ўвосень паступiла ў вучыцельскi iнстытут — у той год ужо прымалi ў інстытут i жанчын. Заняткi з вышэйадзначанымi асобамi былi прыемныя i цiкаўныя.

Добрыя знаёмыя. Поклад. Сям’я, дзе я сардэчна быў прыманы i дзе я адчуваў сябе як найлепей — гэта была сымпатычная сям’я вайсковага ўраднiка Тодара Поклада, якi служыў у Менску ў інтэнданцтве. Гаспадыня. Слаўная мадам Антанiна Iванаўна, на жаль, была заўсягды хворая на якуюсь адышку, страшна нэрвовая й мела парок сэрца. Яе хваробы агранiчвалi яе рухi да мiнiмуму, так што яна рэдка калi выходзiла з дому. Перажываньнi ў зьвязку з вайною, адступленьнем рускай армii ўсiлiвалi яе хваробу й страшна мучылi. Мне прыходзiлася быць у ролi доктара дзеля ўспакаеньня нэрваў. Яна гэта адчувала й вельмi была ўдзячна мне за вiзыты.

Нэля. Са старэйшаю дачкою яе Нэляю — разводкаю (мужа былога яе ня знаю) — я пазнаёмiўся яшчэ ў Гусьлiшчах улетку 1915 году. Яна гасьцявала тады ў падругi па гiмназii Люсi Паповай. Тады яна зрабiла на мяне прыемнае ўражаньне ды штораз усё больш i больш мне падабалася. Яна ж мяне й пазнаёмiла са сваiмi раднымi. Тады яна ўжо была на вышэйшых гiстарычных курсах, але ў апошнiя часы з прычыны вайны жыла пры матцы. Сярэднi рост, стройнасьць, грацыёзныя манеры, правiльныя рысы твару зь вялiкiмi блакiтнымi вачыма, кучаравыя валасы, плаўныя рухi й паходка — прыдавалi ёй эфэкт i прыгоства. Яе асоба мяне вельмi зацiкавiла, i я тым больш стаў у iх бываць. Для мяне гэта быў настаяшчы оддых пасьля заняткаў. Жылi яны амаль што напроцi мяне. Кватэра iх была фактычна на чардаку, але выгодная i прасторная, ды прытым арыгiнальны расклад пакояў пад сводамi. Бываў я ў iх пераважна ў суботы й нядзелi й сьвяточныя днi. Асаблiва памятаю, як мы з Нэляю палiлi печку ў гасьцiннай. Печка стаяла не пры сьцяне, а ў аддаленьнi, а дзьверцы выходзiлi ў прамяжутак мiж печкаю i сьцяною. Ад агню Нэлiн твар загараўся, як агонь быў чырвоны. Памятаю, як яна, бывала, сядзiць на нiзенькiм табурэцiку процi дзьверкi, а я каля яе на крэсьле. Уздоўж даўгой сьцяны, з трыма вокнамi на вулiцу, а празь яе й на нiзкi бераг Дняпра, стаяў рад шыкоўных вазонаў алеандраў.

Штаб Глаўнакамандуючага тады стаяў у Магiлёве, жыў гасудар зь сямействам, заўсёды было ажыўленьне, новасьцi з фронту. То мы дзялiлiся ўражаньнямi й новасьцямi, чыталi газэты, гралi ў розныя гульнi. Кампаньёнамi ў нашых гульнях была таксама й матка ды яшчэ гiмназiсты браты: Шура 4 кл. i Жорж 8 кл.

Шура. Вельмi цiкавы быў хлопец Шура. Было яму гадоў 13—14. Здаровы, жывы, вельмi здольны да навукi, зь сьведамым выразам твару, на якiм як агнём гарэлi вялiкiя пытлiвыя сiнiя вочы.

Шмат гора ён даставiў мацеры: ён праняўся баявым жыцьцём на фронце, удальлю маладых дабравольцаў ды сам уцёк на фронт у халодную восень. Матка страшна нэрвавалася, млела. Заявiлi ў штаб глаўнакамандуючага, апiсалi яго выгляд ды нешта празь месяц этапам прывозяць яго дахаты. Шмат цiкавага ён расказаў пра падарожу, жыцьцё, так што пасьля гора прыемна i цiкава было слухаць яго апавяданьнi. У гэтай бядзе i я шмат iм памагаў: езьдзiў у Воршу да iх сваякоў, цi не туды паехаў Шура, i г. д.

Адначасна зь першаю няўдачаю гэты ўжо хiтры i скрытны хлапец таiў думку iзноў уцячы. Як усе супакоiлiся ўжо, ён у адну нядзелю пайшоў на сьпеўку ў гiмназiю ды не вярнуўся: з эшалёнам са станцыi ўцёк у кiрунку на поўдзень. Iзноў бяда. Матка аж млее. Далi дэпэшу бацьку-вотчыму ў Менск. Той зараз жа прыехаў. Заявiлi ў штаб. А бацька на авось пасажырскiм цягнiком паехаў шукаць Шуру. I што ж? Бацька паехаў у Жлобiн, а тут як тут i бацька спаткаўся зь iм. Шура пачырванеў, як рак. Нiчога не напiшаш: зь цягнiком на Паўднёвы фронт, ды яшчэ з дарогi вярнулi.

Пасьля гэтых няўдачаў ён ужо не ўцякаў, шмат трэ было працаваць з рэпэтытарам, каб падагнаць навуку.

Жорж. Сярэднi брат Жорж — слаўны, разумны хлопец — увесь быў заняты падгатоўкаю на матуру. Цiкавы ён з таго боку, што сваiм павядзеньнем, сур’ёзнасьцяй стаяў асабняком неяк ад распусных таварышаў.

Вася. Старэйшы брат Вася канчаў у Петраградзе Iнстытут Iнжынэраў пуцей саабшчэнiй. Меў фэнамэнальныя здольнасьцi да навукi. У iнстытуце iшоў у лiку першых вучняў.

Бацька iх. Поклад. Бацька iх вотчым Тодар Поклад, слаўны скромны чалавек, быў урадоўцам, а пасьля мабiлiзаваны i служыў у Менску ў інтэнданцтве, а пасьля на фронце каля Стоўпцаў у Старым Сьвержнi ў палявым абозе.

Дзяцей на прозьвiшчы першага бацькi называлi Батурыны.

Выезд Покладаў i Батурыных у Менск. У студзенi, мусiць, 1916 году матка з усiмi дзяцьмi выехала ў Менск да мужа. Цiкавыя былi провады. Я памагаў iм усе рэчы запакаваць i праводзiў усiх iх на вакзал. Цягнiкi хадзiлi вельмi неакуратна, так што трэ было чакаць нешта аж 4 гадзiны. Так што мы з Нэляю спацыравалi доўга-доўга ў алеі каля вакзалу. Ноч была ясная, зьлёгку марозная, цiха кругом, апроч розных жалезнадарожных сыгналаў. На разьвiтаньне прыемна быў праведзен час, якi паказаўся мiнутаю.

Пасьля iх ад’езду я стаў адзiнокi, скука агарнула, адчувалася дарагая страта. Надыходзiлi выпускныя экзамэны, вайна зацягвалася, пасьля сканчэньня інстытуту трэ было iсьцi на вайну. Зьбег гэтых акалiчнасьцяў моцна адбiваўся на маiм настроi.

Стрэча раненых жаўнераў з фронту. Першыя эшалёны (санiтарныя цягнiкi) з раненымi з фронту страчалiся грамадзянствам вельмi ўрачыста й сардэчна. Арганiзавалiся асобныя дружыны, каждая з сваiм штандарам i насiлкамi зьяўлялася к цягнiку на вакзал на асобы сыгнал. Самыя першыя эшалёны ўсе дружыны з масаю грамадзянства i публiкi страчалi на чале зь япiскапам Канстанцiнам, якi багаслаўляў санiтарныя цягнiкi i паасобку раненых пад агульны сьпеў малiтвы «Спасi, Госпадзi, людзi Твоя...». Ува ўсiх былi моцныя перажываньнi, трудна было ўстрымацца ад сьлёз пры вiдзе няшчасных раненых, у якiх на тварах разам з больлю й мукамi сьвяцiлася й радасьць, што iх так горача вiтаюць, дораць гасьцiнцы — хто грашыма, хто булкамi, папяросамi й г. д. Адчуваўся агульны пад’ём, патрыятычны настрой. Наступныя цягнiкi паступова страчалiся ўжо менш урачыста, неяк уваходзiла ў абыдзеншчыну. А мы, вучашчыеся, былi рады случаю згуляць дзень, калi цягнiк прыбываў ранiцаю.

Вайна

Вайсковая служба
ад 30.07.1916 году да 30.07.1917 году

Мабілізацыя. У пачатку вайны ў 1914 годзе некаторыя з таварышоў — гадунцоў інстытуту — былі мабілізаваны дзякуючы няяснасьці распараджэньняў вайсковых уладаў. Трудна ім было пасьля звольніцца, патрабавалася шмат часу на гэта. Мы трымаліся агульнай тактыкі — не зьяўляцца да воінскага начальніка на падставе супярэчнасьці распараджэньняў. Ды на гэтым выйгралі: скончылі нармальна інстытут у маі месяцы 1916 году. Перадтэрміновыя выпускі. Некалькі ж таварышоў, як Навумчанка, Шапялевіч, Вадэйка і Шманцар, зацікаўленыя ў тым, каб не застацца па-за сьценамі Вайсковай ахвіцэрскай школы, трымалі перадтэрміновыя выпускныя экзамэны ў інстытуце ды дасягнулі сваёй мэты.

Паступленьне ў Вайсковую школу. Па сканчэньні інстытуту амаль ня ўсе кінуліся ў вайсковыя школы ў Петраград і Маскву, стараліся папасьці ў лепшыя школы, у гвардзейскія, прывелігіраваныя, ды адразу ж іх і папрымалі.

Мяне ж да вайсковае школы не цягнула. Але і я павёз заяву з дакумэнтамі ў Петраград у Паўлаўскае (гвардзейскае) вучылішча, ды спазьніўся, быў залічаны на наступны набор праз шэсьць месяцаў.

Водпуск. А дзякуючы таму, што я ўжо стаў кандыдатам у вайсковую школу, дастаў 2-месячны водпуск, значыць, яшчэ быў на свабодзе, бо ў праціўным прыпадку трэ было б ужо прызывацца. Гэтыя два месяцы я правёў часткова ўдома ў весцы Лійцы, а часткаю — у Магілёве.

Прызыў. 30.07.1916 году скончыўся мой водпуск, і я зьявіўся 31.07. к воінскаму начальніку ў Магілёве. У гэты ж дзень увечары яшчэ ў сваім адзеньні разам зь іншымі ў ліку нешта 30-х чалавек нас адправілі цягніком у Воршу к этапнаму камэнданту. З гэтага ж 31.07.1916 пачалася мая вайсковая служба фактычная, да якой я і стаў бліжэй прыглядацца і адчуваць.

Этапны пункт Ворша. На этапным пункце Ворша прабылі нешта тры дні. Жылі ў зямлянках-бараках. Толькі начавалі ў бараках, а ўдзень грэліся на сонцы, бо была яшчэ сухая й цёплая пагода. Кажды з прызваных быў яшчэ ў сваім цывільным адзеньні. Я штодзень даставаў пропуск і хадзіў у горад, які адстаяў ад пункта на 1 1/5 — 2 вярсты. Знаёмых у мяне там не было, то я адзін хадзіў па горадзе ды прыглядаўся да яго асаблівасьцяў архітэктурных, бытавых і іншых.

Баракі-зямлянкі на этапе былі новыя, пабудаваныя ў пэўным стылі й парадку. Каля баракаў было вельмі чыста, акуратна, пасыпана жоўтым пяском. Затое быў кантраст усяродку: шмат пылу, пяску на падлозе, у якім маса было блох, проста спаць не давалі. Гэтакі кантраст мяне сільна пакаробіў: для начальства з унешняга боку было чыста, акуратна, а для жаўнераў усярэдзіне — мука. Гэта адно. А другое, машэньніцтва на кухні. Дзякуючы нам, прызыўным нявопытным, нас крыўдзілі ў жыўнасьці: не давалі таго, што нам належала, як, прыкладам, цукру. Перад самай адпраўкаю прыходзіў сам камэндант. Мы выстраіліся ў два рады.

— Здаровы, рэбяты!

— Здравія жалаем, Вашаскародзьдзе!

— Хлеб, чай, сахар палучылі?

— Так точна, Вашаскародзьдзе!

— Шчасьлівай дарогі вам!

— Пакорна благадарым, Вашаскородзе!

Канвойны камандуе: шагам марш, і мы ідзём на вакзал. Гэтакія парадкі й машэньніцтва мяне сільна пакаробіла, але нічога не парадзіш, мусіш моўчкі падпарадкавацца цёмнай безадказнай сіле й цячэньню.

Смаленскі распрадзяліцельны пункт. 4.08. раніцаю ў ліку каля 100 чалавек мы прыбылі ў Смаленск на распрадзяліцельны пункт. Тут мяне затрымалі для працы ў аграмаднай канцылярыі, якая апрача бягучай працы рассылала розныя дакумэнты і архівы эвакуяваных воінска-начальніц. пунктаў. Гэта ў буквальным сэнсе былі цэлыя горы дакумэнтаў. Таксама хадзіў усё яшчэ ў цывільным адзеньні. Працы было надта шмат, ад раніцы да позьняга вечара трэ было капацца ў тых дакумэнтах. Толькі нядзелі былі крыху вальнейшыя. У вольны час я хадзіў аглядаць горад, вельмі багаты гістарычнымі памяткамі з вайны 1812 году з Напалеонам. Ды сам па сабе цікаўны Смаленск, распаложаны на высокіх узгорках па левым беразе Дняпра. Вельмі прыгожа ўстроены гарадзкія сады-паркі, у якіх стаяць памяткі з вайны. Больш падробна ня меў магчымасьці пазнаёміцца, бо нешта толькі два разы й быў у горадзе. Таксама і ў гарыстых ваколіцах ня ўсьпеў пабываць.

Адпраўка ў Рослаўль. 20.08.1916 мяне адкамандзіравалі ў Рослаўль у 9-ты пяхотны запасны полк.

Служба ў 9-м пяхотным запасным палку

Карантын. 21.8.1916 раніцаю з эшалёнам прыбылі ў Рослаўль у 9-ты пях. зап. полк. Памясьцілі нас у карантынным бараку, дзе мы знаходзіліся нешта з тыдзень. Тут ужо добра павеяла казарменным духам і парадкамі. Штодзень то прыбываюць, то ўбываюць усё новыя людзі, узятыя ад плуга, або ад варштату, або з канцылярыі якойсь, ад сям’і і г. д. Пачынаецца знаёмства, распытваньне: адкуль, як прыбыў і што. Асаблівую ўвагу маю зьвярнулі два тыпы: адзін земляроб зь якогась глухога засьценку шляхоцкага, ціхі, відаць, гаспадарлівы, адарваны ад каня й свайго двара — гэта быў Дамашэвіч. На твары яго шмат-шмат адбівалася перажываньняў, мысьляў. Ён усё сядзеў на нарах, абняўшы слуп і як бы трымаючыся за яго. Другі быў якісь жыд Маслабойскі зь якогась дробнага глухога мястэчка, наіўны па-дзяцінаму, што дастаўляла задавальненьне жартаўнікам. У яго на твары таксама выразна адбівалася гора, жудасьць па цэлай кучы дзяцей.

90-я маршавая рота. Нешта праз тыдзень зрабілі нам дэзынфэкцыю, і мяне адправілі ў 11-ю роту палка й залічылі ў 90-ю маршавую роту.

Абмундзіраваньне. Праз пару дзён выдалі мне абмундзіраваньне старое, заношанае, бруднае: брызэнтавы доўгі, як хламіда, шынэль, порткі, рубашку-гімнасьцёрку, шапку ды каравыя, як корч, боты. Цікавая сцэна выдачы самой: капцінармус бярэ ўласнаручна рэчы двума пальцамі й падае, а шапку проста кідае на галаву. Ніякія ўвагі, просьбы аб прымерцы не прымаюцца. Усё робіцца без разгавораў. Кацялок і лыжку дастаў у дзень прыбыцьця ў роту.

Мыцьцё абмундзіраваньня. Нічога ня зробіш, мусіў сам сабе даваць рады. Забраў я гэтую брудную рвань ды пайшоў за казармы на рэчку; там усё вымыў з мылам, высушыў; боты размачыў і выраўняў. А пазаўтра пайшоў ужо на вучэньне.

Стрыжка. Я заўсёды насіў даволі даўгія валасы. У адзін дзень закамандавалі стрыгчыся. Ніякія просьбы «аддзяленнага» не памаглі, каб застаўся хоць невялікі чубок. Аддзяленны толькі рукою махнуў — і астрыглі пад першы нумар машынкі.

Страявыя заняткі. Пайшлі рэгулярныя заняткі роты маршавай, каб праз 8 тыдняў прыгатаваць на фронт. На заняткі выходзілі за горад на так званы «гарадок» — абшырнае поле, дзе вучыліся ўсе 4 запасныя пях. палкі, г. зн. 44 маршавыя роты — каля 15 тысяч людзей. Я на некалькі дзён адстаў, так што я быў у задзе. Яшчэ як бы прыслужваў, між іншым, давалі насіць чучала з саломы, якое паролі штыкамі.

Першыя ўражаньні. У 90-й маршавай роце, куды мяне нарэшце ўлілі, ад першага ж дня я сустрэўся зь цяжкімі варункамі як у маральным, так і ў фізычным сэнсе, цьвёрдым рэжымам, грубасьцю бліжэйшага начальства ў асобах «яфрэйтараў» і унтэр-ахвіцэраў, несправядлівасьцю, крыўдзячаю чэсьць і правы чалавека; ды ня толькі ад так званых «ніжніх чынаў», але і ад вышэйшых, ахвіцэраў — паручыкаў і капітанаў. Першая нанесеная мне крыўда была наступная. Пасьля абеду я падышоў да ўмывальніка другой роты, каб памыць свой кацялок. Набраў вады, мыю. Падходзіць дзяжурны яфрэйтар ды, нічога кажучы, пырснуў у кацялок так, што забрызгаў мне вочы й вопратку. Як я спытаўся, чаму ён так робіць, то ён падыходзіць да мяне з кулаком. Я завярнуўся ды пайшоў, больш нічога не аставалася рабіць.

Другі паступак. На «вучэбным гарадку» рота разьбілася на дробныя групкі, працуе; інструктары — узводныя, аддзяленныя ды іншыя працуюць, аж ахрыплі; папацелі. Пранесьліся чуткі, што едзе батальённы капітан Васільеў. Усе падцягнуліся, яшчэ больш стараюцца. Зьяўляецца капітан высокі, як антыхрыст. Па ўсім полі крычаць «сьмірна». Ён ходзіць, прыглядаецца, маўчыць. Урэшце падходзіць да аднаго ўзводнага Падалянчыка, пальнуў яму ў морду й буркнуў «падцягні». Гэты выпадак мяне проста ашаламіў.

За што ты б’еш замест падзякі ды пахвалы; як з гэтым змагацца, як давесьці да вышэйшай улады аб падобных несправядлівасьцях і г. д.? Урэшце я адчуў і зразумеў, што нічога не парадзіш, бо гэта звычайнае зьявішча ў тагачаснай расейскай ваеншчыне. Штодзень факты дзясяткамі здараліся адны горшыя за другія. Паступова прытупілася й маё пачуцьцё. Часамі б’юць, страшэнна лаюць, за няма за што караюць штодзень.

Макар. Урэзалася ў памяць фігура аднаго жаўнера, узятага з манастыра як кандыдата ў манахі (паслушніка) ды адбываўшага кару «пад ружжом» з грузам (цэгламі) у сумцы. Хворы, бо перад тым меў апэрацыю ў жываце, які ня мог травіць жаўнерскае ежы, па-дзяцінаму наіўны й даверчывы, з манастырскімі пахіламі і прывычкамі, ён служыў мішэньню для насьмешак і жартаў дурных жаўнераў. Ён ня толькі ня мог падпарадкавацца суроваму рэжыму, але навет ня мог і зразумець яго. Дзеля гэтага часта быў караны. Паставяць каля бараку, спачатку пастаіць колькі мінут як належыць, а пасьля паступова асоўваецца на зямлю, заблюецца дый ляжа разам зь вінтоўкаю й сумкаю. Ды так часта-часта. Гэта было нешта кашмарнае. Начальства ж на гэта глядзіць фармальна: пасылае ў «акалотак», там прызнаюць здаровым ды гэтак далей. Урэшце яго адаслалі ў госьпіталь.

Санітарныя варункі. Санітарныя варункі ў роце ў бараку былі дрэнныя, ды палепшыць іх было немагчыма дзеля таго, што памяшчэньне было перапоўнена людзьмі. Спаць клаліся на агульных нарах у рад, як селядцы ў бочцы. Аб матрацах, падушцы, коўдры й гаворкі не было. Толькі пазьней плялі з саломы маты пад бок. Пыл, затхлае паветра страшэннае. Ад вашэй не абараніцца, бо яны свабодна маглі разгуліваць па нарах.

Але хваробаў эпідэмічных не чуваць было.

Жывеньне. Сачывіцныя бунты. Кармілі добра. Яшчэ навет выдавалі белы хлеб. Пасьля штораз было горш. Абрыдзела, вядома, чорная сачывіца, пра якую хадзілі легенды, быццам яна адумысла прывезена з Германіі, каб выклікаць бунт сярод жаўнераў. Бунты запраўды на грунце сачывіцы і гнілой рыбы адбываліся ў Рослаўскім гарнізоне.

Канцылярская праца. Нешта праз два тыдні маіх страявых заняткаў мяне ўзялі ў канцылярыю на месца выбыўшага ў фэльчарскую школу аднаго пісара. Гэта ўжо мяне лепш устройвала. На страявыя заняткі ўжо не хадзіў. Праўда, у канцылярыі было страшна шмат працы, нягледзячы на тое, што нас працавала ад 5 чалавек.

Культурная праца. У 1916 годзе ўжо было распараджэньне, каб у сьвяточныя дні і ў вольныя гадзіны вялася культурна-асьветная праца. Ротны камандзір зьвярнуўся да мяне з прапазыкай папрацаваць. Я згадзіўся й меў шчасьце быць карысным у гэтай справе. Ад жаўнераў жа чуў толькі ўдзячнасьць. Ды сапраўды чытаньнем кніжак (толькі такім спосабам і срэдзтвам у тых варунках можна было працаваць) быў кінуты сьветлы цёплы прамень у душы замучаных і пакрыўджаных маральна няшчасных жаўнераў. Асабліва падабаліся ім расказы Станюковіча пра вайсковы быт.

Ротны камандзір. Ротным камандзірам 2-й роты быў нехта Мікалай Пятровіч Іваноў, з народных вучыцялёў, малады, службіст, парадачны чалавек, быў вышэй галавою большасьці ахвіцэраў наагул, прынамсі ў маральным сэнсе. Ён разумеў мяне, я — яго, так што ў нас праца ішла добра.

Грубасьць і нявежаствы ахвіцэрства. Вельмі цёмныя плямы былі на некаторай частцы тагачаснага ахвіцэрства. Перш за ўсё кідалася ў вочы грубасьць, жорсткасьць і хуліганства. Прыклад вышэй адзначаны з капітанам Васільевым. Другі прыклад са мною. У справах роты я, як пісар, адзін раз пайшоў у штаб палка. Увайшоў. У адным пакоі пасярэдзіне ў праходзе стаяць тры ахвіцэры, размаўляюць. Я як належыць прашу дазволу прайсьці. А адзін зь іх ні з таго ні зь сяго вылаяў мяне па матушцы і сказаў: «Прахадзі». І гэта публічна, у той час як я спаўняў службовыя абавязкі. Мяне проста агарошыла. Палкоўніка Папова таксама жаўнеры баяліся як агню.

Провады маршавых ротаў. Надта цікавыя сцэны часта адбываліся пры провадзе маршавых ротаў на фронт. У падобныя моманты, зразумела, што настрой у жаўнераў бывае прыпадняты, яны нэрвуюцца, сьмялей адстойваюць свае правы. Перад адпраўкаю даецца ўсё новае — ад кашулі да баявога снаражэньня — апроч аружжа. Часта бываюць непаразуменьні пры раздачы адзеньня, абутку: трудна каждаму дагадзіць, каб усё падагнаць пад мерку: бывае або завялікае, або замалое. Жаўнеры вымагаюць належнага, начальства ў затрудненьні, яму не падабаюцца разгаворы. Пачынаецца ад угавораў, а канчаецца часта мардабіцьцем. Бывае, што ротны камандзір ня можа справіцца, асабліва, калі ён слабахарактарны. У падобных прыпадках заклікалі аднаго ахвіцэрчыка, малога ростам, маладога, ня памятаю, зь якое роты, які вельмі энэргічна адпраўляў і задавольваў жаўнераў. Гэта быў слынны мардабой на ўвесь гарнізон, які выконваў бліскуча сваю ролю кулакамі.

Новае абмундзіраваньне. Пасьля Каляд дастаў я новае суконнае абмундзіраваньне: шынэль, гімнасьцёрку, майткі, шапку. Усё гэта я перарабіў да меры ды стаў выглядаць як чалавек. А да гэтага часу падобны быў да чучала.

Адмова ад юнкерскае школы. Тым часам падходзілі к канцу 6 месяцаў ад падачы заявы, і трэ было ехаць у Юнкерскае вучылішча ў Петраград. Але я і спачатку ня меў ахвоты да ахвіцэрскае школы, пайшоў у маршавую роту, а тым больш цяпер, калі стаў працаваць у канцылярыі. Парадзіўшыся з ротным камандзірам, я адмовіўся ад Юнкерскага вучылішча й далей заставаўся ў запасным палку.

Водпуск. У лютым 1917 году, абмундзіраваўшыся, я дастаў водпуск, паехаў дахаты. У часе водпуску выбухнула рэвалюцыя.

Прапазыка. Па дарозе туды й назад у Менску я застанаўляўся ў знаёмых Покладаў і Нэлі. Яны жылі на Праабражэнскай вуліцы. Быў лёгкі марозец, парушыў лёгкі сьнег. Пасьля позьняга абеду я з Нэляю адправіўся на звозчыку. Каталіся па вуліцах у цэнтры гораду — рабілі квадрат. У часе катаньня прапазыка мая была прынята й заставалася давесьці да ведама матцы, што ўзялася выпаўніць Нэля. Назаўтра пайшлі на опэру «Евгений Онегин» у залі Дваранскага сабраньня ды там атрымалі згоду і ад маткі. Толькі яна ставіла варункам, каб я яшчэ скончыў вышэйшую школу. Трэ было згадзіцца. Пагасьцяваўшы яшчэ пару дзён і нагуляўшыся зь нявестаю, ізноў зьявіўся ў полк.

Вайсковае жыцьцё пасьля рэвалюцыі. Жыцьцё ў войску пасьля рэвалюцыі неяк ажывілася. Новыя тэмы, разгаворы, надзеі на мір і гэтак далей. Палепшалі ахвіцэры, зрабіліся рэвалюцыянэрамі. Падняўся агульны дух войска. Усіленна сталі гутарыць аб міры. Якраз тады хутка Ўілсан апублікаваў 14 пунктаў сваёй дэклярацыі, якой заклікаў ваюючыя гасударствы да міру. Зь цікавасьцю чыталі газэты, верылася, што хутка ўсё скончыцца.

Агульныя перажываньні ў 9-м пях. зап. палку. Глыбокія й цяжкія былі перажываньні ад першага дня маёй вайсковай службы, асабліва як быў у маршавай роце. Я адкінуў ахвіцэрскую школу, а згадзіўся й рашыўся выпіць горкую чарку да дна ў маршавай роце. Страшэнна цяжкія варункі ў роце, прадстаячая адпраўка на пазыцыі часта наводзілі на размышленьні. І цікава! Калі я ў сваіх думках быў адзінокі, адрываўся ад жаўнерскай масы, то адчуваў страшэнныя мукі, цяжкую тугу; калі ж я прыбліжаўся да масы жаўнераў, зьліваўся зь імі ў <…> жыцьці і настроі, я зьліўся з народам ды больш не адчуваў болю ў душы. Стаў дзяліцца зь іх горам і перажываньнямі, стараўся падысьці да іх, расьсеяць, адарваць іх ад чорных думак, удыхнуць сьветлую струю ў іх набалелыя душы, стараўся абараніць ад сярдзітага начальства, адрываць ад дурных іх гутарак і г. д.

Адсутнасьць асабістага жыцьця. Асабістага жыцьця я ня меў, ды для яго не было часу. Знаёмых ні ў палку, ні ў горадзе не было. Ахвіцэры ж ад жаўнераў трымаліся далёка. Ды каму ў той час было ахвота знаёміцца зь «ніжнім чынам», як тады называлі жаўнераў. Так што трудна было знайсьці жанчын для знаёмства. Для ніжніх чыноў былі служанкі ды кухаркі. Яны часам пры случаі заклікалі ў сваю кампанію. Колькі разоў мыцьцёхі на рэчцы заклікалі й мяне: «Зямляк, ідзі к нам, памыеш» і г. д., калі даводзілася ісьці ў горад праз мост. Увесь час быў заняты працаю, мысьлі й думкі зьліваліся з агульным настроем, які знаходзіўся пад уплывам нядобрых акалічнасьцяў з прычыны зацяжкі вайны ды агульнага адступленьня расейскай арміі. З дому таксама добрых вестак ня меў, бо пазыцыі былі блізка, а дома заставаліся стары бацька й матка ды дзьве сястры — адна ўдава, а другая дзеўка яшчэ, а браты малодшыя таксама былі мабілізаваныя. Так як і ўсё грамадзянства, нецярпліва чакаў міру, каб быць гаспадаром над самім сабой.

Служба ў 35-й аддзельнай тэлеграфнай роце

Перавод у Бабруйск. Перад самым Вялікаднем у 1917 годзе ў штаб палка прыйшло трэбаваньне аб адкамандзіраваньні ў 35-ю аддз. тэлеграфную роту 8 жаўнераў для вывучэньня тэлеграфнага дзела. Мяне гэта заінтрыгавала, бо з інжынэрнай часьці, якой была 35-я рота, можна было папасьці з маім адукацыйным цэнзам у Інжынэрнае вучылішча. Просьбу маю аб адкамандзіраваньні камандзір роты ўважыў, і я якраз на першы дзень Вялікадня праз Бранск і Гомель выехаў у Бабруйск.

Кватэра. 35-я рота кватаравала за горадам у парку, дзе калісь адбываліся лягерныя зборы войска, недалёка ад станцыі бяспровалачнага тэлеграфу, у старых драўляных будынках.

Ахвіцэры. Штаб ахвіцэраў быў невялікі: камандзір роты капітан Арэшка, вельмі сымпатычны чалавек, затым два яго памоцнікі — прапаршчыкі Абалонскі і Дзявонскі, таксама слаўныя й сымпатычныя.

Рота. Склад яе. Роты сваім станам адпавядалі запасному батальёну. Яна фармавала тэлеграфныя аддзелы й высылала на фронт. На фронце ўжо былі I і II слупавыя аддзелы і 1-шы кабэльны. Я папаў у 2-гі кабэльны аддзел, які ў будучыні павінен быў абслугоўваць сувязь на самых пазыцыях з дапамогаю тэлеграфу й тэлефону без слупоў, а сьцелючы дрот па зямлі, каб не заўважыў непрыяцель. Аддзел гэты хутка ўкамплектаваўся, і пачаліся заняткі.

Заняткі. Як сабраўся камплект аддзелу, адразу ж пачаліся й заняткі. Пасадзілі нас чалавек 30, далі ў рукі драўляныя ключы, нібы тэлеграфныя апараты, і мы павінны былі пад лік інструктара выбіваць ключамі тэлеграфную азбуку. Сьмешна неяк выглядала: нібы ў вар’яцкім доме сядзяць і стукаюць дзеравяшкамі.

Тэорыя. Адначасна з практычнымі заняткамі ішлі й тэарэтычныя. Вёў іх таксама інструктар Крыўко, старшы унтэр-ахвіцэр, добры тэхнік і практык, але як тэарэтык зусім бязграматны, асабліва ў тэорыі аб электрычнасьці, зь якою ён мусіў слухачоў чуць-чуць зь яе сутнасьцю і свойствамі пазнаёміць.

Разуменьне аб электрычнасьці. Сьмешна даваў інструктар разуменьне аб электрычнасьці, якая ўзьнікае тады, як будзе злучаны ў кола элемэнт з дротамі-праваднікамі. Ён даслоўна казаў з украінскім акцэнтам (ён сам украінец): «Электрычнасьць — гэта ёсьць такая чудэсная сіла, якая бяжыць туды, адкуль выйшла», — відаць, ён пад месцам разумеў элемэнт, у якім расшчапляецца цынк і ад пэўнай хімічнай рэакцыі паўстае электрычная энэргія. Для пэўнай часткі слухачоў гэтакае азначэньне не было вельмі красамоўным і пераканаўчым.

Праграма. Праграма заняткаў была невялікая: давалася агульнае знаёмства з тэлеграфным і тэлефонным дзелам, знаёмства з апаратамі, іх устройствам, практыка на апаратах і г. д. Галоўным чынам налягалі на практычныя заняткі, з провадам лініяў, устаноўкаю апаратаў, правіламі тэлеграфнай і тэлефоннай службы. Пад канец заняткаў улетку зрабілі дэманстрацыю праводкі лініі. Ад роты правялі лінію праз раку Бярэзіну (па дне кабэлем), за Беразіною ўстанавілі апараты ў разьбітых палатках ды колькі дзён працавалі, як бы запраўды на фронце. Я быў начальнікам аднэй з станцыяў, былі яшчэ тэлеграфістыя, тэхнікі й абозныя.

Праізводзтва. Пасьля гэтае дэманстрацыі лепшых працаўнікоў праізьвялі ў тэлеграфісты; у іх лік папаў і я.

Па аканчаньні праграмы мы лічыліся ў рэзэрве і каждую мінуту маглі быць патрэбаваны на фронт. Але дзеля таго, што апэрацыі на фронце заціхалі, то нас ня трэбавалі, і мы заставаліся й далей у роце, ад часу да часу практыкаваліся.

Я асабіста ўжо мог загадваць тэлеграфна-тэлефоннай станцыяй, свабодна перадаваць і прымаць тэлеграмы й тэлефанаграмы. Цяпер ужо забыўся.

Вайсковы ротны суд. Ранейшыя вайсковыя суды па назначэньні ўлады былі заменены вайсковымі рэвалюцыйнымі судамі, калегіяльнымі, на выбар жаўнераў. Вось ад 2-га кабэльнага аддзяленьня ў склад суду інжынэрных часьцей 2-й арміі, які адпавядаў дывізіённаму суду, быў выбраны я. Суды адбываліся пры штабе начальніка інжынэраў, які перш кватараваў у Нясьвіжы, а ўвосень 1917 году пераехаў у Слуцак. Вось на паседжаньні гэтага суду й выяжджаў я ў Нясьвіж і ў Слуцак. А гэта мне было вельмі на руку, бо па дарозе я заяжджаў ды застанаўляўся ў Менску ў Нэлі і дома, каля Нясьвіжу.

Суд над камандзірам сапэрнай роты. У Нясьвіжы ў ліпені месяцы 1917 году адбыўся суд, памятаю, між іншым, над камандзірам аднэй сапэрнай роты старыком прапаршчыкам, якога нядбаласьць паслужыла прычынаю таго, што самі жаўнеры самавольна расьпілі бочку віна, якое для лячэбных мэтаў была выпісана, ды, неяк не падзяліўшы па роўні, пакрыўджаныя паднялі справу ў судзе. Сьмешна, як адзін вінаветы, сябра Камітэту ротнага, пачынаў сваю прамову: «Паважаныя судзьдзі! У нашае цяжкае і сложнае ўрэмя ўва ўсіх разбалеліся жываты, дык мы зьвярнуліся да фэйчара, каб нам выдаў віно» і г. д. Прапаршчык і галоўныя віноўнікі былі засуджаны на некалькі дзён арышту.

Суд над Бліновым. Другі цікавы быў суд над адным ужо разжалаваным унтэр-ахвіцэрам Бліновым, які быў ужо і ў катарзе ў Сібіры, за зьневажэньне асобы начальніка інжынэраў словам і павядзеньнем. Падсудны быў з «громкім прошлым», з крымінальнымі нахіламі й «бальшавіцкім» настроем. Начальнік жа інжынэраў, пажылы чалавек, быў кансэрватыўны. Суд адбываўся ў Слуцку ў штабе 20-й дывізіі на другім этажы. Палажэньне нашае — судзьдзяў — было незавіднае. Гэта было ў той час (восень 1917 году), калі ў некаторых гарнізонах пачалі пераважаць «бальшавіцкія» настроі, калі ўжо ў Кіеве жаўнеры разагналі адзін суд, судзьдзі якога павінны былі ратавацца на даху высокага дому. Склад жа нашага суду не зусім быў дэмакратычны, некаторыя судзьдзі як, прыкладам, былы земскі начальнік манархіст Кузьмін-Караваеў, настойвалі на высокай кары абвінавачанаму. Усё ж такі суд адважыўся пакараць Блінова месячным арыштам, якога ён, здаецца, і не адбываў. Тут, у Польшчы, у 1925 годзе з газэт я даведаўся, што нейкі Бліноў, зь вялікім прошлым крымінальным, камісар аднэй установы ў Віцебску, па суду расстраляны за згвалтаваньне малалетняй дзяўчыны. Я дагадваюся, што гэта быў той самы Бліноў, якога мы судзілі ў Слуцку ды які мог нас, судзьдзяў, ганяць па страсе 2-этажнага дому ў Слуцку.

Ротны каапэратыў. Дзеля прапагандысцкай мэты пры роце, з ініцыятывы школьных сяброў, быў заложаны каапэратыў, які добра працаваў і разьвіваўся, галоўным чынам таму, што танна даставалі патрэбныя рэчы з інтэнданцтва і са складоў Саюзу земстваў і гарадоў у Менску. Дастаўкаю гэтага амаль выключна займаўся я, таму што мне бываць часта ў Менску дастаўляла задавальненьне. А я, у сваю чаргу, спаўняў даручэньні акуратна й сумленна.

Прыватныя лекцыі ў ротнага камандзіра. У ротнага камандзіра Арэшкі быў хлапец, якога трэ было аддаваць у навуку. Пазнаёміўшыся добра са мною, ён запрасіў мяне на заняткі зь яго сынам. Я згадзіўся ды падгатаваў хлапца так, што ён паступіў у 1 клясу гімназіі.

Адведзіны Нэлі. Праз усю вясну, лета й восень аж да самых Каляд 1917 году з Бабруйску я езьдзіў да Нэлі ў нядзелі і сьвяточныя дні перш у Менск, дзе яна служыла ў якойсьці Гідратэхнічнай дружыне ва ўпраўленьні яе, а з восені ў Слуцак, куды перавялася гэта дружына. Камунікацыя была вельмі выгадная: увечар ад’яжджаеш з Бабруйску, а ў Менск ці Слуцак прыяжджаеш раніцаю ў 7 гадзін. Зь Менску ж і Слуцку таксама цягнікі адхадзілі ўначы, а ў Бабруйск прыбывалі раніцай. Знача, цэлы дзень быў у маім распараджэньні. А калі яшчэ браў камандзіроўку для каапэратыву ці для роты, то заставаўся яшчэ й на другі дзень. Жалезнадарожныя білеты купляць ня трэ было: дастатачна было пасьведчаньня ротнага камандзіра. Заўсёды ўстройваўся так, што ў дарозе і спаў. Заўсягды Нэлі вазіў букеты кветак жывых, якія я ўкідаў праз адчыненую фортку ў акне, бо яна яшчэ спала. А ў 10 гадзін зьяўляўся й сам. Цэлыя дні правадзіў зь ёю, гулялі ў хаце або ў горадзе, разам абедалі ў Саюзьніцкай сталовай, разам вячэралі. Яна перш жыла пры Паніуспат(?) вуліцы № 2, кв. 5, пры ўваходзе ў Губэрнатарскі сад, а пад восень пры той жа самай вуліцы за мостам направа. Асабліва памятны дзень 21 мая 1917 году, якісь быў шалёна вясёлы настрой у мяне і ў яе. 22 мая я таксама яшчэ заставаўся. З кватэраю таксама меў выгаду: заўсягды начаваў у таварыша з сэмінарыі Паўла Рухло, які служыў у 22 Галоўным эвакуацыйным пункце пры Віленскім вакзале.

У Слуцку Нэля кватаравала пры галоўнай вуліцы, ня памятаю якой, д. № 62. Памятны й гэты пункт для мяне.

Так я адведваў Нэлічку аж да канца маёй вайсковай службы, якая скончылася ў канцы лістапада 1917 году, калі я выехаў у водпуск на месяц ды больш у войска не варочаўся.

Агульная ўвага. І так служба ў 35-й аддзельнай тэлеграфнай роце ў Бабруйску для мяне ня толькі была лёгкая, але і прыемная. У роце былі найлепшыя адносіны і з ахвіцэрамі, і з жаўнерамі, часта і шмат часу праводзіў з Нэляй, якая для мяне тады была найдаражэйшаю асобаю і сымпатыяй.

Рэвалюцыйны камітэт. У 35-й роце я быў апроч таго і старшынём ротнага рэвалюцыйнага камітэту. Але дзеля таго, што часьць была малая, то і працы ў гэтай галіне было мала. Толькі часта трэ было бываць на агульных сходах гарнізоннага камітэту ў горадзе.

Шуканьне пасады. У канцы 1917 году расфармаваліся ўжо часьці вайсковыя, так што я больш не варочаўся ў 35-ю тэлеграфную роту. Далей я мусіў шукаць вучыцельскай працы-пасады. Мне хацелася працаваць у жалезнадарожных школах.<...> Цягнік далей не ішоў. Ды да Бахмача я ледзь-ледзь даехаў, прыходзілася перасядаць на другі цягнік, пераходзіць папсутую дарогу, то цягнік ня мог ісьці і г. д. Але нідзе не аказалася вольнай пасады. Назначэньне ў беларускую школу. Тады я зьвярнуўся ў Менскую гарадзкую ўправу ды атрымаў назначэньне ў 22-ю новаадкрытую беларускую школу. З 10 студзеня я й застаўся на сталае жыцьцё і працу ў Менску.

Апошняе бачаньне з Нэляю. Едучы абратна з Бахмача, Гомелю, я заехаў яшчэ ў Слуцак. К Нэлі. Гэта было якраз перад Калядамі. Яна зьбіралася ехаць да маткі. Яна, я, яе падруга Сабіна ды яшчэ адзін супрацоўнік селі ў цягнік у вагон 1 клясы. Гарадзея, Ліпка. Гэта было ўжо апошняе бачаньне. Па сьвятах яна ізноў паехала ў Слуцак, а я 12 студзеня прыбыў у Менск і заняў пасаду вучыцеля ў 22-й беларускай школе. Пісаў ёй часта лісты. Паехаць у Слуцак было немагчыма, бо не было вольнага часу, а па-другое, што проста была няпэўная падарожа дзеля разрухі і на жалезных дарогах. Урэшце — нямецкая акупацыя ў лютым месяцы, якая зрабіла абсалютна немагчымаю паездку ў Слуцак ні цягніком ні гужавым спосабам. На пісьмы адказу не было. Выхад замуж Нэлі. Непакоячыся за яе, улетку 1918 году я напісаў пісьмо да яе сваячкі ў Воршу Мар’і Васільевай, якая адказала, што Нэля 29 чэрвеня выйшла замуж за інжынэра-хіміка, ды яны выехалі ў Маскву. Вось дык фунт ізюму! Аставалася толькі моцна пашкадаваць ды вылаяць. Больш аб ёй вестак ніякіх ня меў і цяпер ня маю. Так проста як у ваду канула.

Выезд маткі. Матка яе з айчымам перад Вялікаднем 1918 году на конях выехалі ў Копысь Аршанскага ўезду. Аб іх таксама жадных вестак ня меў аж да гэтых часоў. А цікава было б пабачыцца!

Праца ў Менску: 1918, 1919, 1920 гады

Арганiзацыя школы 22-й. Камiсiяй беларускiх школаў Аддзелу народнае асьветы Менскай гарадзкой управы (а iменна Старшынём Камiсii грам. Данiлевiчам Ал-рам) з 1 студзеня 1918 году я быў назначаны вучыцелем аднэй зь нямногiх беларускiх школ у Менску. Беларускiя школы толькi арганiзоўвалiся. Адна ўжо, № 21, была адкрыта i працавала ў другую зьмену пры расейскай школе па Вясёлай вул. Загадчыцай гэтае школы была вядомая дзяячка беларуская Паўлiна Мядзёлка. Я ж мусiў арганiзаваць другую беларускую школу на другой акраiне — на Серабранцы, пры расейскай школе, што месьцiлася ў царкоўным будынку пры царкве на магiлках. Мая школа была № 22.

Пасьля публiкацыi аб адчыненьнi школы беларускай з 15 студзеня 1918 году я стаў запiсваць вучняў. Нягледзячы на сярэдзiну школьнага году, на другую зьмену заняткаў, на тое, што школа адчынялася беларуская (да якiх — беларускiх — школаў як нечага новага публiка толькi пачынала прыглядацца ды прыслухвацца, а пэўныя элемэнты i шкодзiлi беларускаму руху), к вясьне набралася 60 вучняў.

Першы вучань. Першы вучань зьявiўся аж з другога канца гораду, з-пад Вiленскага вакзалу: гэта быў зусiм малы хлапец гадоў 8-мi, сын якогась рабочага, зусiм яшчэ няграматны, белагаловы, зь белым, яшчэ дзяцiным тварам, на якiм сьвяцiлiся ясныя сiнiя вочкi. Звалi яго Андрэем Андрэевым. Не зважаючы на вялiкую адлегласьць, холад, заносы сьнежныя, агульны неспакой з прычыны акупацыi, гэты вучань быў адным з самых акуратных i пiльных. Як я пасьля даведаўся, бацька яго пасылаў сьвядома ў беларускую школу, сваю родную.

1-я i 2-я групы. Адразу я стаў камплектаваць дзьве групы: 1-я — зь няграматных, а 2-я — з крыху граматных.

Падручнiкi. У той час яшчэ не было беларускiх падручнiкаў апроч аднаго — «Другое чытаньне для беларускiх дзетак» Коласа. Прыходзiлася карыстацца расейскiмi букварамi й задачнiкам. Праца была нялёгкая, але я даваў сабе рады. Дзецi былi давольны, ахвотна адведвалi школу, добра вучылiся.

Мэтады навучаньня. Я ж не ўжываў рутынных прыёмаў, на якiя хварэла старая расейскай школа, а праводзiў працоўныя прынцыпы: рысункi, выразаньне з паперы, гульнi i г. д., увясну рабiў экскурсii за горад, у лес.

Згоднае сужыцьцё беларускае й расейскае школы. Мая школа — беларуская — і расейская, у якой вучыцелькай была гр. Ганна Кiрневiч, жылi мiрна па-суседзку, не было жадных непаразуменьняў, у той час як загадчык расейскай школы на Вясёлай вулiцы Кiрык рабiў усякiя прыкрасьцi як самой беларускай школе, так i вучыцельцы яе П. Мядзёлцы: стары чалавек, закасьнелы вучыцель распаўсюджваў усякiя плёткi пра беларускую школу, яе вучыцельку, не пускаў у кляс вучняў бел. школы.

Пераход школы ва ўласны будынак. На другi школьны год у верасьнi м-цы 1918 году мая школа была пераведзена ў свой уласны будынак на рагу Аляксандраўскай вулiцы i Старажоўскай, у дом Кантаровiча. Будынак выгадны, з кватэраю вучыцеля i трыма вялiкiмi пакоямi для клясаў.

Перавод у вышэйшую пачатковую школу. У верасьнi м-цы з пачатковай школы я быў пераведзены ў 1-ю вышэйшую пачатковую школу, якая месьцiлася на Багадзельнай вулiцы ў д. № 23. Гэта была расейская старая школа, самая лепшая ў Менску. Я быў назначаны выкладаць беларусазнаўства — беларускую мову, гiсторыю Беларусi й геаграфiю, гэтыя прадметы толькi што ўвадзiлiся ў курс школы. У гэтай школе я працаваў аж да лiстапада м-ца 1920 году.

Адносiны калегаў i грамадзян. Як i наагул зрусiфiкаваная беларуская iнтэлiгенцыя, непрыхiльна адносiлiся да майго назначэньня выкладаць беларусазнаўства мае новыя калегi. Прыходзiлася змагацца зь iмi, усьведамляць iх, на што трэбавалася шмат энэргii й адвагi, каб змагацца з агулам.

Адносiны бацькоўскага камiтэту i вучняў. Ужо прыхiльней адносiлiся да мяне й маiх прадметаў бацькоўскi камiтэт i вучнi. Яны зумелi лепш за сваiх узгадавацеляў, рэакцыйных вучыцялёў, зразумець сытуацыю i павагу прадмету мо навет iнтуiтыўна.

Загадваньне школаю. Увосень 1918 году памёр стары загадчык 1-й выш. пач. школы. Часова назначан быў загадчыкам вучыцель з званьнем «дамашняга вучыцеля» грам. Баранкевiч. Слабы ён быў для гэтай пасады, але ўважылi яго стажу. У 1919 годзе выйшлi з нашага краю немцы — прыйшлi бальшавiкi, а пасьля палякi. Гарадзкая Дума была распушчана i арганiзаваны Магiстрат на паручэньне акупацыйнае ўлады. Новы загадчык Аддзелу народнае асьветы Магiстрату перадаў загадваньне школай мне. Гэты номер не падабаўся маiм калегам. Як арганiзаваўся Гарадзкi камiсарыят асьветы, пачалі мяняць гарадзкiя школы. Iнспэктар школьны прыгледзеўся да нашай школы, якая яму вельмi падабалася з усiх бакоў, ды пачаў рабiць замахi на яе беларускасьць. На перашкодзе стаяў я як загадчык школы. Знайшлiся мае ворагi ў асобах вучыцеля рысаваньня гэтай школы i яго жонкi-полькi, яны наклевяталi на мяне лiха ведае чаго. Гэтага даволi было, каб замест мяне назначыць гэтага ж вучыцеля рысаваньня Дваркоўскага, якi быў бы паслушным аружжам у мэтах палянiзацыi школы.

Беларуская школьная рада стала энэргiчна баранiць школу й маю пазыцыю. Магiстрат таксама падтрымлiваў мяне.

Пайшлi дэлегацыi ад школы, школьнае рады ды Беларускага нацыянальнага камiтэту да куратара школьнага Квэка ад Камiсарыяту. Магiстрат таксама адстойваў сваю ўладу над школамi. Такое палажэньне цягнулася аж да новага прыходу бальшавiкоў улетку 1920 году.

У пачатку 1920 году загадчыкам Аддз. нар. асьв. Магiстрату быў назначаны нехта доктар Паўлюць, страшэнны польскi шавiнiст. Адначасна з агульным паходам процi беларускае культуры доктар Паўлюць прыступiў да палянiзацыi нашае школы. Апроч таго, што ўведзены былi ў курс школы палянiстычныя прадметы, ён загадаў, каб пратаколы ў школе, усе справы й перапiска з уладамi вялася не ў беларускай мове, як гэта было заведзена, а ў польскай. Беларускi нац. камiтэт i школьная рада паднялi гвалт у прэсе й перад акупацыйнаю ўладаю. Iзноў п. Рачкевiч ветлiва заспакойваў дэлегацыю, што спынiць распараджэньнi Паўлюця, ды застанецца па-старому. А тым часам Паўлюць штораз мацней браўся каля нашых школаў. Школы, як вышэйшыя, так i нiжэйшыя пачатковыя сталi байкатаваць распараджэньнi, пайшлi канфлiкты i г. д.

Кампрамэтацыя школьнага інспэктара. Школьная ўлада бачыць, што ня так лёгка ўзяць у рукi беларускiя школы (у той час акупацыйная ўлада была слабейшая, зразумела, як цяпер), стала iначай падходзiць, уплываць на вучыцялёў. Iнспэктар школьны, нехта п. Сястроўскi, былы вучыцель камэрцыйнага вучылiшча, зь якога быў выдалены за няздольнасьць (?), iнжынэр-хiмiк па прафэсiі, стаў склiкаць сходы вучыцялёў асобна польскiх школаў, расейскiх i беларускiх. Польскiя вучыцелi й расейскiя паддавалiся яму, а беларускiя чулiся мацней, не давалiся на вудачку. На першым жа сабраньнi беларускiя вучыцелi ўстроiлi яму абструкцыю, так што ён аказаўся ў глупым палажэньнi: вучыцелi пасьля некалькiх яго слоў дэманстратыўна выйшлi, застаўся адзiн інспэктар.

У змаганьнi за правы мовы ў сваёй школе дажылi аж да новай бальшавiцкае акупацыi ў лiпенi м-цы 1920 году.

Выпуск 1920 году 3-х школаў. У траўнi месяцы 1920 году быў першы выпуск з гэтае школы як беларускае. Урачыста быў уладжаны акт аб выпуску ў памяшчэньнi Бел. шк. рады ў «Юбiлейным доме». На акце былi ды з прывiтаньнямi выступалi старшыня Рады Сымон Рак-Мiхайлоўскi, той самы Паўлюць i старшыня Беларускае вайсковае камiсii гр. Аляксюк. Акт быў агульны нашай мужчынскай i дзьвёх жаноцкiх пачатковых школаў, зь якiх аднэй № 6 была сымпатычная iдэйная вучыцелька Ксенiя Прыбыткава, а другой, № 7 NN.

Рэарганiзацыя школы 1-й выш. пач. У канцы 1918 году i першай палове 1919, калi прыйшлi бальшавiкi, то й нашу школу рэарганiзавалi па агульным шаблёне. Перш за ўсё зь яе зрабiлi школу 2-й ступенi; гэта значыць, паступова павiнна дапасавацца да тыпу школы 2-й ступенi, якая складалася з 4 клясаў, адпавядаючых прыблiзна старэйшым клясам гiмназii. Пэдагагiчная рада была рэарганiзавана ў школьную раду, у якую, апроч вучыцялёў, уваходзiлi прадстаўнiкi ад бацькоў, вучняў, i, здаецца, аддзелу народн. абразав. пры Савеце рабочых дэпутатаў. Заведуюшчы школаю ўжо не назначаўся, а выбiраўся школьнаю радаю. Наладжана было кармленьне вучняў, якое прыносiлi з агульнай кухнi. Сталi праводзiцца працоўныя прынцыпы. Усiм школам далi па кавалку агароду, дзе вучнi самi ўпраўлялi агародную культуру. Але настаўнiцтва наагул гэту рэарганiзацыю прымала надта неахвотна, асаблiва не падабалася прадстаўнiцтва ў радзе бацькоў i вучняў.

Перавыбары вучыцялёў. Адначасна адбывалiся перавыбары вучыцялёў публiчна. Для большасьцi гэта была толькi прыформа, а некаторых i забалятавалi. Пры балятаваньні вельмi лiчылiся з палiтычнымi перакананьнямi i працаздольнасьцю.

Пераходныя часы. Як ушлi бальшавiкi i прыйшлi iзноў палякi ўлетку 1919 году, школы iзноў павярнулi на стары лад. Рэарганiзацыя скасавана з усiмi яе асаблiвасьцямi. Аж увосень 1920 году паўторна рэарганiзавалiся школы ды больш не варочалiся да старога ладу.

Праца ў школе ў 1920 годзе ўвосень. Увосень 1920 году я быў толькi вучыцелем беларусазнаўства, бо працаваў яшчэ ў Камiсарыяце асьветы Савецкае Беларусi.

Кватэра. Ад восенi 1919 году да лiстапада 1920 году я кватараваў у школе ў выгодным пакоi. Трэба сказаць, што школа мела вельмi выгодны будынак i для клясаў, i кватэраў для вучыцялёў. Нас — вучыцялёў — там жыло аж пяць чалавек.

Беларускi вучыцельскi саюз. У 1918 годзе арганiзаваўся Беларускi вучыцельскi саюз, старшынём якога перш быў Усевалад Iгнатоўскi, былы камiсар народнае асьветы Савецкае Беларусi, а пасьля, пры польскай акупацыi, старшынём быў я. Саюз моцна баранiў правы вучыцельства пры частых зьменах улады i змагаўся з матэрыяльнаю нястачаю сяброў — дабываў прадукты ў крытычныя пэрыяды. З прыходам бальшавiкоў ён перастаў iснаваць.

Супольнае змаганьне. У змаганьнi за правы й дабрабыт вучыцельства Беларускi саюз уваходзiў у кантакт з жыдоўскiм; Польскi саюз трымаўся ў старане, як пануючае нацыi, а расейскi саюз вучыцялёў пачатковых i вышэйшых пачатковых школаў замiраў, бо трацiў пад сабою грунт, сябры ж яго пераходзiлi ў беларускi саюз.

Расейскiя вучыцельскiя саюзы ў Менску. У горадзе былi яшчэ саюзы: 1) Саюз вучыцялёў сярэднiх школаў i 2) Саюз вучыцялёў пачатковых i вышэйшых пачатковых школ у Менску, 3) Менскi ўезны вучыцельскi саюз i 4) Губэрнскi вуч. саюз.

Настроi вучыцельства. Трэба сказаць праўду, што вучыцельства зрусiфiкаванае ўсялякiх школаў у Менску аказалася адсталым за нямногiмi выключэньнямi. Яно неяк было на раздарожжы, як бы чагось выжыдала, ня верыла ў рэвалюцыю й не трымалася моцна старыны. У адносiнах да савецкае ўлады было якiмсь немым: нi адкрытага пратэсту, нi згоды; уцiхамолку сабатавала ўладу; рэвалюцыю лiчылi за няшчасьце для страны; на беларускае адраджэньне глядзелi варожа, яно, на iх мысьлi, асаджвае культуру на цэлыя вякi, што гэта мосьцiк для палянiзацыi народу i г. д. i г. д. У часе савецкае ўлады яно было панурлiвае, а ў часе рэакцыйнае, як прыкладам, нямецкае акупацыi, яно паднiмала галаву, байкатавала актыўных i ідэёвых работнiкаў i калегаў пры рэвалюцыйнай уладзе. Гэты байкот i непрыхiльнасьць адчуў я на сабе з вучыцелькай Ксенiяй Прыбыткавай.

Пастановы саюзу. Расейскi саюз вучыцялёў пачатковых i вышэйшых пачатковых школаў у Менску, ва ўправе якога я быў сакратаром, а Прыбыткава сябрам, на агульным сходзе сяброў пастанавiў байкатаваць мяне й Прыбыткаву за тое, што мы на разьвiтальным вечары ўвясну 1918 году па поваду аканчаньня курсаў выразiлi падзяку i прынясьлi жывыя кветкi за працу грамадзянцы Мар’i Фрумкiнай, якая, будучы загадчыцай Аддз. нар. асьв. у Менску, арганiзавала курсы для падгатоўкi вучыцялёў у працоўныя школы дый сама ж выкладала мэтодыку роднае мовы на гэтых курсах, а пры нямецкай уладзе яе як асобу з рэвалюцыйным настроем замянiла ў Аддзеле народн. асьветы iншая асоба; пратэставалi — як гэта мы асьмелiлiся ад iмя вучыцельства хвалiць «жыдоўку». Але дзякуючы частым зьменам улады пастанова праводзiлася й выконвалася невыразна.

Я, хоць сакратар Саюзу, але, разумеецца, на гэтым сходзе ня быў, тэж сама не была на iм i Прыбыткава.

Дабрадзейная праца. Частыя зьмены ўлады, акупацыі, вайсковыя падзеі страшна руйнавалі дабрабыт жыхарства, без таго пакрыўджанага сусьветнаю вайною. Шмат людзей згінала, шмат нашчэнт абнішчала, засталіся тысячы сірот, якімі пераходныя ўлады не маглі хоць колькі-небудзь заапекавацца. Ад расейскае ўлады засталіся брасятні ў Менску, прытулкі на апеку лёсу. Грамадзянства мусіла само паклапаціцца аб долі гэтых няшчасных сірот.

Беларускае дабрадзейнае таварыства ўзяло пад сваю апеку прытулак, які пры расейскай уладзе перад нямецкай акупацыяй называўся «школай-сталоўкаю» Саюзу земстваў і гарадоў. Разам з прытулкам і інвэнтаром пад апеку камітэту перайшлі і ўзгадавацелькі-вучыцелькі прытулку. Пры нямецкай акупацыі школа ўвайшла ў сетку гарадзкіх школаў, значыць, вучыцелькі перайшлі на ўтрыманьне Гарадзкой управы. Прытулак таксама перайшоў нібы на ўтрыманьне гораду, але горад ня мог цалкам утрымліваць прытулкаў, дзеля чаго патрэбна была помач і ахвярнасьць грамадзянства, каб ня даць прапасьці дзясяткам сірот.

Кіраўніца прытулку Аляксандра Дзімітрыеўна N. працавала з ахвярнасьцю ў самыя чорныя дні, так што парэшце дастала сухоты. Вельмі цяжка было прытулку пры нямецкай і польскай акупацыі. Пры савецкай жа ўладзе ўсе прытулкі забясьпечваліся ўсім неабходным у першую чаргу.

Часта рабіліся скарбоначныя зборы на карысьць беларускага прытулку пры нямецкай і польскай акупацыях. Я прымаў заўсягды самы гарачы ўдзел у гэтых зборах. Цікавыя адносіны былі грамадзянства да нашага прытулку. Немцы, і жаўнеры, і ахвіцэры, ахвотна ахвяравалі, як толькі даведваліся, што зьбіраецца на карысьць «кіндэр-вайсрутэнэн», беларускіх дзяцей-сірот; палякі адносіліся непрыхільна, гаварылі, што, моў, ніякае Беларусі няма; жыды падтрымлівалі таксама, як і мясцовае працоўнае грамадзянства. Ладзіліся спэктаклі на карысьць нашага прытулку ў «Беларускай хатцы» на Конным пляцы. Шмат у спэктаклях памагаў драматург наш Францішак Аляхновіч, які працаваў бескарысна.

Загадваньне прытулкам. У летнія месяцы 1918 году я прыняў кіраўніцтва беларускім прытулкам з прычыны хваробы кіраўніцы. На лета прытулак перабраўся ў хутар Антонаўку ў ваколіцы Менску на ўсход. Прыходзілася шмат-шмат клапатаць і перажываць як адказнай асобе, каб назаўтра дзеці не засталіся бяз хлеба. Ды так перабіваліся з дня на дзень.

Праца на дзіцячых плашчадках у Менску
ў 1918—1919 гадах

Падгатоўка да працы. Курсы ў 1918 годзе. У сакавіку й красавіку месяцах 1918 году загадчыца Аддзелу народнай асьветы Гарадзкой управы Мар’я Якаўлеўна Фрумкіна арганізавала для вучыцялёў працоўныя школы. У праграму ўваходзілі прадметы: мэтодыкі роднай мовы, арытмэтыкі, прыроды, геаграфіі, гісторыі, ручная праца. Але пэўная частка вучыцельства па сваёй адсталасьці ды коснасьці навет не магла зразумець гэтых курсаў. Я ж гэтыя курсы зразумеў, бо яны давалі веды, неабходныя для новай школы працоўнай, чаго таксама дзеля коснасьці не маглі мне даць спэцыяльныя пэдагагічныя школы — вучыцельская сэмінарыя і інстытут, а іменна знаёмства з працоўнымі мэтадамі. На гэтых курсах, між іншым, пазнаёміўся з новымі прадметамі, як лепкаю, ілюстрацыйным рысаваньнем, аплікатыўнымі працамі, гульнямі ды арганізацыяй пазашкольнага ўзгадаваньня. Ужо гэтае скромнае знаёмства з новымі мэтадамі і пазашкольнаю асьветаю дало мне падставу і ахвоту папрактыкавацца і папрацаваць на летніх дзіцячых плашчадках.

Арганізацыя плашчадак у 1918 годзе. Аддзел народнае асьветы Менскай гарадзкой думы ўвесну 1918 году арганізаваў некалькі летніх дзіцячых плашчадак у розных канцах гораду: 1) На Конным пляцы каля «Беларускае хаткі», 2) пры Старажоўскай вуліцы ў якімсь вялікім прыватным садзе, 3) у «Губэрнатарскім садзе» — гарадзкім, 4) пры гарадзкой школе пры Трубным завулку, 5) пры Новамаскоўскай вул. у садзе, 6) у садзе пры доме былога губэрнатара ў сяродку гораду і ў іншых пунктах. Усе плашчадкі павінны былі абслугоўваць дзяцей усіх нацыянальнасьцяў. Так, на Конным пляцы пры «Бел. хат.» былі арганізаваны групы для беларускіх дзяцей, польскіх і жыдоўскіх; пры Старажоўскай вуліцы такія ж самыя тры групы; у Гарадзкім губэрнатарскім садзе групы для расейскіх і жыдоўскіх дзяцей; пры Трубным завулку групы для беларускіх і польскіх дзяцей; пры Новамаскоўскай вул. групы для беларускіх і жыдоўскіх дзяцей і пры былом доме губэрнатара група для жыдоўскіх дзяцей. Каждая група мела асобную кіраўніцу ці кіраўніка.

Плян заняткаў на плашчадках. У плян заняткаў на плашчадках

(На гэтым рукапіс абрываецца)

Публікацыя Андрэя Антонава.

пэда­гог, палітыч­ны дзяяч. Гісторык Мікола Ўлашчык прызнаваўся, што акурат пад уплы­вам Шнарке­віча ў ім зарадзі­лася беларус­кая нацыя­наль­ная сьвя­до­масьць. Да­рэ­ва­лю­цыйныя і ўласна рэвалю­цыйныя гады добра апіса­ныя ва ўспамі­нах, якія друку­юц­ца ніжэй. З 1921 г. Язэп Шнар­ке­віч вы­кла­даў бе­ла­рус­кую мо­ву, бе­ла­ру­са­знаў­ства й сьпе­вы ў Нясьвіс­кай беларус­кай гім­назіі. У 1922 г. яго разглядалі сярод магчымых кан­дыдатаў у Сэнат Поль­скай рэспублікі. Пась­ля закрыцьця Нясьвіс­кай беларускай гім­на­зіі польскімі ўладамі пра­цаваў настаўнікам у Віленскай беларус­кай гімназіі. Стаяў ля вытокаў «Грамады». У студзені 1927 г. быў арыштаваны, амаль год правёў у турме. Перасьледаваўся са­вец­кімі ўладамі пасьля Другой усясьветнай вайны. Разам з жонкай Надзеяй пахаваны на віленскіх пра­ва­слаў­ных Сьвята-Эўфрасінь­неў­скіх могілках.

* Друкуецца сучасным варыянтам клясычнага пра­ва­пісу з за­ха­вань­нем асаблівасьцяў мовы аўтара.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (63) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/04/19