A R C H E | П а ч а т а к | № 12 (63) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Уладзімір Васькоў | ||||
Уладзімір Васькоў
Каталіцтва ва ўсходняй Гомельшчыне
У артыкуле, які прапаноўваецца ўвазе чытача, апісваецца гісторыя Гомельскага дэканату Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла. Гомельскі дэканат, які існаваў з канца XVIII ст. да 20-х гг. ХХ ст. (да 1853 г. называўся Беліцкім), знаходзіўся на тэрыторыі Панізоўя1 (старажытнай Севершчыны). Першапачаткова дэканат складаўся з парафій у Гомелі, Люшаве (Буда-Кашалёўшчына), Нежыне і Грасвердэры Чарнігаўскай губерні. Пазней у склад дэканату ўвайшлі Чачэрская парафія, Радужская (Веткаўшчына), Антушаўская (Рагачоўшчына), Ромненская (Палтаўская губ.) і на нейкі час Палтаўская і Харкаўская. У адрозненне ад беларускай часткі дэканату вернікамі ўкраінскіх парафій дэканату пераважна былі немцы-каланісты і мігранты з іншых тэрыторый Расійскай імперыі.
Беларусь адрозніваецца і раней адрознівалася ад суседніх усходнеславянскіх Расіі і Украіны канфесійнай структурай насельніцтва. Калі ў Расіі і на Украіне сярод насельніцтва распаўсюдзіўся ўсходні варыянт хрысціянства, то ў Беларусі развіўся таксама і заходні. Гэты феномен поліканфесійнасці і сінтэзу культуры, якая адначасова абапіралася і на лацінскую і на візантыйскую традыцыі, стаўся спецыфічным элементам беларускай гісторыі, пунктам, ад якога зыходзілі разнастайныя тлумачэнні гэтай гісторыі. Гэты элемент аказаў вялікі ўплыў на фармаванне нацыянальнай свядомасці жыхароў, як усёй Беларусі цалкам, так і ў прыватнасці беларускай часткі Севершчыны (сучаснай усходняй Гомельшчыны). Пачатак сталай прысутнасці каталіцтва на тэрыторыі ВКЛ адносіцца да перыяду пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 г., калі ў 1387 г. Ягайла хрысціў Літву. У 1387 г. была створана Віленская каталіцкая дыяцэзія (біскупства). У канцы XIV — пачатку XV стст. былі выдадзены асноўныя акты дзяржаўнай улады, якімі стваралася прывілеяванае становішча каталіцкага касцёла ў ВКЛ: перадача яму вялікіх зямельных уладанняў, поўны імунітэт касцельнай маёмасці ў фінансавых і судовых адносінах. У гэты ж перыяд Рыма-каталіцкі касцёл пачаў адыгрываць важную ролю ў дзяржаве. Віленскае біскупства ў касцельна-адміністрацыйных адносінах было падпарадкавана гнезненскаму архібіскупу — прымасу рыма-каталіцкага касцёла ў Польшчы. Тэрыторыя Віленскага біскупства ахоплівала Аўкшайцію і беларускія землі, апроч раёну Берасця і Пінска, якія ўваходзілі ў склад Луцкага біскупства. Да Люблінскай уніі 1569 г. амаль усе касцёлы і кляштары Беларусі знаходзіліся на захад ад лініі Браслаў — Паставы — Вялейка — Мінск — Нясвіж — Пінск. На ўсход ад гэтай лініі былі адзінкавыя касцёлы, або іх зусім не было да пачатку XVII ст., як, напрыклад, на Дняпры2. Прыкладна каля 1335 г. Гомель, гісторыя якога сягае ў тысячагадовую сівую даўніну, з навакольнымі землямі ўвайшоў у склад ВКЛ. Праз паўстагоддзя, у 1391 г., да віленскага капітула (рады святароў кафедральнага касцёла святога Станіслава) была прыпісана буйная воласць з замкам Стрэшын на Дняпры, крыху вышэй за вусце Бярэзіны3. Паводле іншых звестак4, 3 красавіка 1399 г. Вітаўт упамянуў Стрэшын у сваёй дароўнай грамаце віленскім канонікам, аддаючы апошнім «зямлю березынскую» паміж Стрэшыным і Рагачовам. У грамаце гаварылася:
Мы, великий князь Витовт, даем веданье всем, кто на сей лист узозрить или слышить. Дали есмо землю кановников виленским на имя березынская к Стрешину, што были есмо дали князю Юрью толочку от Рогочева оттойма. А в ту землю первописаную не уступатися никому, а ни рогачевцам, а ни иному кому, ниж держать кановником виленским к Стрешин вечно, непорюшно, никимже.
А на то на все дали есмо на крепость сей лист и печать свою велели привесити. А писано у Троцех у четверг по велице дни под леты по рожстве господни 1000 и 300 и 9 десят и 9.
Стрэшынская воласць лічылася «сталовай», гэта значыць, што даходы з яе ішлі на патрэбы ўсяго капітула, у адрозненне ад «прэстыманіяльных» маёнткаў, даходы ад якіх ішлі асобным сябрам капітула. У склад Стрэшынскага маёнтка ўваходзіла 14 вёсак, у тым ліку і вёска Скепня Гомельскай воласці. Цалкам верагодна, што стрэшынскія падданыя капітула надалей заставаліся праваслаўнымі, бо касцёл у Стрэшыне быў пабудаваны толькі ў пачатку XVII ст. Солтанамі і быў іх радавой пахавальняй. У складзе ВКЛ Гомель і навакольныя землі заставаліся да 1500 г., калі ў часе вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай князь Сямён Старадубскі, які валодаў Гомелем, разам з уладальнікам Ноўгарад-Северскага княства Шамяцічам перайшлі на бок Івана ІІІ. Вайна закончылася перамогай Масквы, і, паводле мірнага пагаднення ад 1503 г., уся Гомельская воласць і частка Чачэрскай, што ахоплівала сучасную Веткаўшчыну (з сёламі Свяцілавічы, Галоднае, Жалезавічы), адышлі да Маскоўскай дзяржавы5. Пад уладай Масквы Гомель і воласць заставаліся да 1535 г. У 1535 г. пачалася Старадубская вайна, і 16 ліпеня Гомель быў вызвалены з дапамогай жыхароў горада, якія самі адчынілі браму моцна ўмацаванага Гомельскага замку. 27 сакавіка 1537 г. у Маскве было падпісана замірэнне на 5 гадоў. Згодна з ім Масква адмовілася ад Гомельскай воласці. Ранейшым уладальнікам былі вернутыя іх маёнткі. Так, напрыклад, маёнтак Хальч быў вернуты Халецкім. |
(нар. 1967 у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-ну) — беларус, з патомных старадубскіх казакоў. У 1986 г. скончыў Запароскі тэхнікум электронных прыбораў. У 1986—1988 гг. служыў у Савецкай арміі (Мікалаеў, Адэская вобл.). У 1988—1989 гг. жыў у Гомелі, працаваў рэгуліроўшчыкам на радыёзаводзе. З 1989 г. — у Туле. Піша кнігу пра гісторыю лацінскай цывілізацыі на Гомельшчыне. 1 Рэгіён, які ўключаў Асцёр, Гомель, Крычаў, Любеч, Прапойск, Рагачоў, Рэчыцу, Чачэрск. 2 Грыцкевіч, А. Уніяцкія тэндэнцыі i уніяцкая царква на Беларусі ў ХV—ХVIII стагодзьдзях // Хрысьціянская думка. 1993. № 1 (212). 3 Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1993. 4 Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1959. Т. 1. С. 110.
|
У Інфлянцкую вайну 1558—1583 гг. Гомель ненадоўга быў заняты маскоўскімі войскамі. У ліпені 1576 г. яны былі выбіты атрадам Юрыя Радзівіла. Праз пяць гадоў, 5 мая 1581 г., на Гомель быў учынены новы напад царскіх войскаў, якія «...до замку неведоме ночью пришедши, на место ударили и место огнем выпалили». Замак, аднак, узяць не ўдалося.
Увесь гэты час знаходжання ўсходняй Гомельшчыны ў складзе ВКЛ большая частка нешматлікага насельніцтва заставалася праваслаўнай. Каталікамі былі толькі асобныя шляхецкія сем’і, жаўнеры гарнізонаў, дзяржаўныя служкі. Касцёлы на землях былой Севершчыны і, у прыватнасці, ва ўсходняй Гомельшчыне пачынаюць з’яўляцца толькі ў першай палове XVII ст.: 16 ліпеня ў 1631 г. кароль Жыгімонт ІІІ Ваза фундаваў ab origine (ад самога пачатку) пабудову касцёла ў Гомелі6; блізка таго часу з’явіўся фундаваны Солтанамі касцёл у Стрэшыне, у 1687 г. усё тымі ж Солтанамі быў узведзены драўляны касцёл у Люшаве (Буда-Кашалёўскі р-н), прыкладна ў той самы час пабудаваны касцёл у Чачэрску. |
5 Насевіч, В. На раздарожжы // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Веткаўскага р-на. Мн., 1997. С. 41—46.
|
Праўда, гісторык Андрэй Катлярчук у сваёй працы «Беларусы Бранскага краю. Этнічная гісторыя і сучаснасць» піша аб узнікненні касцёлаў на землях Севершчыны на ўсходзе ад Гомеля ўжо пачынаючы з 1618 г. Пры гэтым ён спасылаецца на «Свод памятников архитектуры и монументального искусства России: Брянская область. Москва, 1998»:
На паўночным захадзе Браншчыны паміж шматлікімі помнікамі расійскай і ўкраінскай архітэктуры захавалася некалькі помнікаў беларускага дойлідства. Па-першае, гэта мураваныя касцёлы, узведзеныя ў 1618—1648 гг., калі захад Браншчыны зноў увайшоў у склад ВКЛ. На сёння захаваліся: моцна разбураная Праабражэнская царква («касцёл», як кажуць людзі) у Трубчэўску, пабудаваная ў 1640 г., аб чым сведчыў надпіс на муры; значна перабудаваная царква св. Ганны ў Пагары (пачатак ХVІ стагоддзя), таксама былы касцёл.
Але гэтыя звесткі патрабуюць удакладнення. Толькі калі будуць знойдзеныя фундушы на пабудову касцёлаў у Трубчэўску і Погары, можна будзе казаць пра іх існаванне. Развіццё парафіяльнай сеткі на ўсходзе Беларусі было выклікана галоўным чынам канфесійнай трансфармацыяй мясцовай (рускай) шляхты. Гэту шляхту пасля ўпадку рэфармацыі не вабіла ні праваслаўе, ні ўніяцтва, якое трактавалася як «мужыцкая вера». Жаданай альтэрнатывай станавіўся каталіцызм, дзякуючы яго характару паноўнай дзяржаўнай канфесіі. Таксама сваю ролю адыгрывала асветная дзейнасць Касцёла, якая стварала перспектыву інтэлектуальнага развіцця шляхты. Неафіты з ліку заможнай шляхты рабілі шматлікія шчодрыя ахвяраванні на карысць Каталіцкага касцёла, асабліва каталіцкіх ордэнаў, колькасць якіх на працягу XVII i XVIII стст. пастаянна ўзрастала. Так, у 1730 г. браты Казімір і Антоні Халецкія фундавалі езуіцкую місію ў маёнтку Хальч. У 1687 г. Перасвет-Солтанамі ў Люшаве быў уфундаваны драўляны касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. 5 ліпеня 1702 г. Алена Аленская падарыла Гомельскаму касцёлу сенажаць каля Гомеля. 3 красавіка 1703 г. граф Дамінік на Хальчу Халецкі ахвяраваў Гомельскаму касцёлу 1000 польскіх злотых срэбнай манетай (150 руб.) з абавязкам адпраўлення ў касцёле штотыдзень адной св. імшы за душу Алены7. 6 кастрычніка 1709 г. шляхціч Ежы Келчэўскі перадаў Гомельскаму касцёлу ў вечнае карыстанне моргу грунту ў мястэчку Брылёва. У 1717 г. Мікалай Корвін Красінскі староста Гомельскі і Прапойскі ахвяраваў Гомельскаму касцёлу 5000 польскіх злотых (750 руб.) з абавязкам адпраўлення ў Гомельскім касцёле штотыднёвай імшы. |
6 РГИА, ф. 822, воп. 12, сп. 2588, л. 59 аг.
|
Каталіцкія ордэны разгортвалі духоўную і асветніцкую дзейнасць, якая спрыяла паланізацыі і каталіцызацыі шляхецкай моладзі. Ва ўсходняй Гомельшчыне актыўна дзейнічаў ордэн езуітаў. Езуіцкія місіі былі ў Гомелі, Хальчу, Чачэрску і Шарсціне. Гомельская, Хальчанская (у маёнтку Халецкіх) і Шарсцінская місіі былі заснаваныя езуітамі Бабруйскай рэзідэнцыі. Місіі ў Гомелі і Шарсціне існавалі параўнальна кароткі час, а Хальчанская і Чачэрская дзейнічалі амаль цэлае стагоддзе, да самага выгнання езуітаў у 1820 г. з Расійскай імперыі.
Езуіты вялі місіянерскую работу альбо ў парафіяльных касцёлах, альбо непасрэдна ў вёсках. Місіі ў парафіяльных касцёлах доўжыліся ад трох да чатырох тыдняў. Заняткі (навука) ладзіліся два разы на дзень: ранкам і ўвечары. Набажэнства адпраўлялася пры выстаўленым Найсвяцейшым сакраменце. Для моладзі і старых праводзілася катэхізацыя. Місіі непасрэдна ў вёсках (missio pure ruralis) устройвалі ў гаспадарчых будынках (якія для гэтай мэты адпаведным чынам падрыхтоўваліся) у цэнтры вёскі. Людзі, галоўным чынам прыгонныя, збіраліся на бой звона два разы на дзень, раніцай паміж шостай і сёмай гадзінамі і ўвечары пасля заканчэння палявых работ. Апоўдні сустракаліся толькі дзеці на катэхізацыю. Шмат часу прысвячалася малітвам і спевам, якія мусілілі замацоўваць у памяці казані. Пасля гэтага вывучалі галоўныя праўды веры і хрысціянскія абавязкі. Місія доўжылася не менш як тыдзень і заканчвалася споведдзю і Святой камуніяй. Місіянер быў абавязаны супрацоўнічаць з уласнікам вёскі, ад якога мусіў дабіцца дазволу на ўдзел у рэлігійных занятках прыгонных сялян, хоць бы і коштам абавязковай працы гэтых сялян на панскіх палях. У нядзелю і святы рэлігійныя заняткі ў вёсцы перарываліся і пераносіліся да парафіяльнага касцёла. Місіянеры часта карысталіся ўжо гатовымі канспектамі. Напрыклад, рукапісамі Мікалая Левановіча, латышскага місіянера ў Хальчу. Дзейнасць каталіцкіх ордэнаў, а таксама павелічэнне колькасці касцёлаў і капліц у маёнтках не выклікалі, аднак, значнага пашырэння каталіцызму лацінскага абраду сярод мяшчанства і сялянства ўсходняй Беларусі, якія ў XVII i XVIII ст. належалі пераважна да грэка-каталіцкай царквы. У значнай ступені на гэта паўплывала выдадзеная Апостальскаю сталіцаю ў 1624 г. забарона пераходу з усходняга абраду на лацінскі без папярэдняга дазволу. Гэтая забарона выклікала пратэсты рускай шляхты і ёю ўсяк абміналася, аднак яна павінна была ўлічвацца рыма-каталіцкімі святарамі. Таму яны маглі весці місійную дзейнасць сярод іншаверцаў, да якіх залічваліся і праваслаўныя, аднак спробы перацягвання грэка-каталікоў у лацінскі абрад часта выклікалі ўмяшанне грэка-каталіцкага духавенства. Бывала, што такія канфлікты заканчваліся ў касцельных судах. Гэткім чынам, нягледзячы на пэўную непаслядоўнасць, унія была да падзелаў Рэчы Паспалітай перашкодай, якая затрымлівала масавую каталіцызацыю сялянства і мяшчанства. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што менавіта каталіцкія святары як маглі спрыялі пашырэнню уніі на землях Гомельшчыны. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі расійскія ўлады тэрмінова прыступілі да кадыфікацыі праўных нормаў дзейнасці Касцёла ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам і палітыкай, накіраванай на замацаванне земляў былой Рэчы Паспалітай у складзе Расіі. Расійская ўлада ўзяла на сябе абавязанне ахоўваць свабоду каталіцкага веравызнання. У трактаце па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай (ад 11 ліпеня 1793 г.) Кацярына ІІ абвясціла
за себя, наследников преемников своих… оставить римских католиков обоих церковных обрядов на вечные времена при спокойной принадлежности преимуществ, собственности и церквей, при свободном отправлении их богослужения и церковного порядка и при всех правах к оному принадлежащих.
Умовай было прыняцце прысягі на вернасць. Пасля прысягі земляўласнікам пакідалася зямельная маёмасць, а на каталікоў распаўсюджваліся правы жыхароў Расіі. У Гомелі, які ў 1772 г. увайшоў у склад Расійскай імперыі, былі вывешаныя аб’явы наступнага зместу:
Калі хто з дваранства ці іншага стану, хто валодае нерухомай маёмасцю, не клапоціцца аб сваім дабрабыце, не пажадае прысягаць, таму дазваляецца на продаж сваёй нерухомай маёмасці і добраахвотны выезд па-за межы 3-х месячны тэрмін, пасля якога ўся засталая маёмасць яго будзе секвестраваная і ўзятая ў казну.
Гомельскі староста М. Чартарыйскі адмовіўся прысягаць Кацярыне ІІ. Гомель быў канфіскаваны ў казну і стаў павятовым горадам Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губерні. У 1775 г. былое Гомельскае староства было падаравана графу П. А. Румянцаву. Усе спробы Рыма наладзіць кананічныя сувязі з касцёлам у Расіі разглядаліся ўладамі як спроба ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы імперыі. Кацярына ІІ указамі ад 14 снежня 1772 г., 26 студзеня 1782 г. і 6 верасня 1795 г. забараніла абвяшчаць у імперыі папскія булы без папярэдняга іх прагляду. Указамі ад 3 ліпеня 1779 г., 9 студзеня 1780 г., 28 лютага 1784 г. і іншымі Кацярына ІІ абмежавала, а потым і наогул забараніла ўсякія сувязі каталіцкага духавенства з замежжам і загадала прымаць загады толькі імператарскай улады і Сенату. У канцы XVIII ст. архібіскуп С. Сестранцэвіч здзейсніў у Магілёўскай архідыяцэзіі рэарганізацыю дэканатаў у адпаведнасці з павятовымі межамі. У пачатку ХІХ ст. у архідыяцэзіі налічвалася 29 дэканатаў. Асноўная іх частка знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Цэнтрамі дэканатаў былі Бабінавічы, Віцебск (дэканат Віцебск-Вяліж-Сураж), Гомель (Беліцкі дэканат), Дрыса, Копысь, Лепель, Магілёў, Мсціслаў, Ворша, Полацк, Рагачоў, Рэчыца, Сянно, Чавусы (дэканат Чавусы-Чэрыкаў). Звесткі пра Беліцкі (Гомельскі) дэканат у 1803 г. гл. ніжэй у табліцы. |
7 РГИА, ф. 822, воп. 12, сп. 2799, арк. 1—12.
|
У сярэдзіне ХVIII — пачатку ХІХ стст. пераважную частку каталікоў на Гомельшчыне складала дробная шляхта. Другую буйную групу складалі сяляне-каталікі, асноўная частка якіх жыла кампактна ў вёсках Рудня-Нісімкавіцкая, Рудня-Стаўбунская, Рудня-Барталамееўская і некаторых іншых. Зямян (буйных землеўладальнікаў) налічваўся толькі невялікі працэнт ад усіх каталікоў Гомельшчыны, але яны валодалі значнай часткай зямлі. Гэта бачна на прыкладзе Чачэрскай парафіі. Буйнымі землеўладальнікамі на Чачэршчыне ў ХІХ ст. былі Стахоўскія (фальварак Валосавічы, 575 дзес.), Беліцкія (маёнтак Дварэц, 1309 дзес.), Герарды (маёнтак Барталамееўка разам з Вераб’ёўкай, 1688 дзес.), Забелы (маёнтак Меркулавічы, 582 дзес.), Сіксцелі (маёнтак Рудня, 1054 дзес.), Сулістроўскія (маёнтак Гута, 2908 дзес.). Значна больш было сярэдніх і невялікіх маёнткаў і фальваркаў, якімі валодала дробная шляхта. Вёска Асінаўка належала Сенажэнскім, Гарадок — Баркоўскім, Зарэчча — Стошу, Захарполле — У. Бішэўскаму, Ніўкі — А. Галіноўскаму (434 дзес.), Шапатовічы — Драбышэўскім. Малынічы складаліся з чатырох маёнткаў: Даманскіх, Маліноўскіх, Марачэўскіх, Шалютаў. Даманскія валодалі 321 дзес., Маліноўскія 359 дзес., Марачэўскія 155 дзес. Каля аколіцы Бердыж было некалькі невялікіх маёнткаў: Антушэвічаў (105 дзес.), Гарбатоўскіх (195 дзес.), Міцкевічаў (167 дзес.), Шалютаў (два маёнткі: адзін разам з Малынічамі 360 дзес., другі — 187 дзес.). Некалькі маёнткаў было каля вёскі Будзішча. Гэтыя маёнткі належалі Вартманам, Васілеўскім, Ляцецкім. Часта ў фальварках жылі аканомы ці арандатары вялікіх маёнткаў. Фальваркі мясціліся непадалёку ад вёскі ці вялікага маёнтка. Часта і назву мелі тую самую, што і блізкая вёска ці маёнтак. Аднайменныя фальваркі былі побач з вёскамі Аляксандраўка, Барсукі, Валосавічы, Залаўе, Ніўкі, Роўкавічы, Слабодка, Старыя Малынічы (фальварк Серафімовічаў, 103 дзес.), Сярэднія Малынічы (адзін фальварк належаў Кубліцкім, 118 дзес.). Побач са станцыяй і вёскай Салтанаўка знаходзіўся фальварк Салтанаўка. Побач з вёскай Асінаўка знаходзіліся два фальваркі з той жа назвай (адзін быў з двух дамоў, другі з чатырох), побач з вёскай Дварэц — тры. Фальваркамі былі Дудзічы, Меркулавічы, Халочча, Шэрахаў (Сяльцо), Юзін (Крутое). Шляхта Гомельшчыны складалася з розных катэгорый. У канцы XVIII ст. шляхта (stan szlachecki) у Рэчы Паспалітай дзялілася на чатыры катэгорыі: І — паўнапраўная шляхта (земляўласнікі, магнаты і шляхта на дзяржаўнай службе); ІІ — дробныя землеўладальнікі; ІІІ — чыншавая шляхта; IV — шляхта, якая знаходзілася на прыватнай службе альбо ўтрымлівалася з розных неземляробчых заняткаў. Амаль адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай аб’ектам пільнай увагі расійскіх уладаў стала шматлікая дробная шляхта (тры апошнія катэгорыі). Прычынай гэтага была яе вялізарная колькасць з пункту погляду расійскіх чыноўнікаў. Паводле ўрадавай тэрміналогіі, менавіта гэтая дробная шляхта з’яўлялася «шляхтай», а паўнапраўная шляхта (землеўласнікі, магнаты і шляхта на дзяржаўнай службе) — «дваранствам». 19 кастрычніка 1831 г. з’явіўся ўказ Мікалая І, які вызначаў тэмпы і сродкі працэса дэкласацыі шляхты. Шляхцічаў, якія не здолелі пацвердзіць прыналежнасць да прывілеяванага стану, пераводзілі ў так званыя «аднадворцы» (і да канца ХІХ cт. яны практычна былі прыраўнаваныя да сялянаў):
Проживающие в селениях возвращенных от Польши губерний, не утвержденных в дворянстве и не пропустивших установленных для избрания рода жизни сроков, составляют свободных сельских обывателей, под названием однодворцев западных губерний9. |
8 Калятар — асоба, якая ўнесла сродкі (фундатар) на пабудову касцёла, або яе нашчадак.
|
Шляхцічы-аднадворцы маглі валодаць зямлёй без сялян. Шмат шляхцічаў не мелі зямлі і мусілі арандаваць яе ў дваран-памешчыкаў. Гаспадарчыя работы яны выконвалі альбо самі, альбо з дапамогай парабкаў. Аднадворцы жылі ў асноўным асобна. У цэлым жа для шляхецкага каталіцкага («польскага») насельніцтва характэрнай была наяўнасць рознага тыпу паселішчаў. Акрамя вёсак, яны пражывалі таксама і на хутарах, у ваколіцах і засценках. Дадзеныя тыпы паселішчаў склаліся ў сярэднявечны перыяд як месца жыхарства шляхты — «акольнічай», «засцянковай». Напрыклад, у Чачэрскай і Радужскай парафіях Гомельскага дэканату ваколіцамі былі Восаў, Багдановічы, Бердыж, Дубраўка, Куракі, Новыя Грамыкі, Падасоўе, Свяцілавічы, Старыя Грамыкі, Старыя Малынічы, Ухова, Шапатовічы, Шапатовіцкія Паплавы і інш. Невялікія засценкі практычна нічым не адрозніваліся ад хутароў, як і ваколіцы ў цэлым ад вёсак. Ваколіцы існавалі да 1938 г., калі пры чарговым упарадкаванні адміністрацыйнага статусу населеных пунктаў былі перайменаваны разам з засценкамі ў вёскі. Цікавая ацэнка шляхце дадзена ў кнізе «Опыт описания Могилевской губернии…» пад рэдакцыяй магілёўскага губернатара А. С. Дамбавецкага:
От исторических влияний шляхта выработала свой собственный тип… Он отличается по наружному виду, главнейше своими усами, бороду сбривает. Одежда тоже отличается от крестьянской. Шляхтич не носит белорусских ни белой свитки, ни белой магерки, но какой-нибудь серый или черный кафтан, в роде длинного сюртука, на голове картуз, тоже серый или черный.
В характере шляхтича отличительные черты: задор и хвастливость… шляхтянки держали себя поодаль от крестьянок, не носили нарядов с узорами, даже кольца и бусы покупали отличные от тех, которые видели они у крестьянок.
Вялікая частка шляхты была таксама, як і сяляне, непісьменнай. Гэта бачна па шматлікіх архіўных дакументах, дзе вельмі часта сустракаецца такі запіс: «а замест іх непісьменных па іх просьбе распісаўся…». Да сярэдзіны ХІХ ст. Беліцкі дэканат, які з 1853 г. стаў называцца Гомельскім, пашырыў свае межы як за кошт беларускіх парафій (былых езуіцкіх Чачэрскай і Радужскай парафій), так і за кошт украінскіх. У 1820 г. да дэканата была далучана Радужская паезуіцкая парафія. У 1850 г. з Быхаўска-Рагачоўскага дэканата перададзена Чачэрская парафія. У 1854 г. структура дэканату выглядала наступным чынам:
Гомельскім дэканам у той час быў адміністратар Чачэрскага касцёла Мікалай Гіртовіч, які кіраваў дэканатам з Чачэрску. На працягу 50 гадоў пасля ўключэння ўсходняй Беларусі ў склад Расійскай імперыі, з 1772 прыкладна па 1820 г., царская палітыка да Каталіцкага касцёла была скіравана на ўніфікацыю праўнага статусу Касцёла ў імперыі ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам. Становішча Касцёла пагоршылася ў параўнанні з часамі ВКЛ і РП, але значных рэпрэсій духавенства і вернікі не зазналі. Усё пачало мяняцца з моманту, калі ў 1815 г. езуітаў выслалі з Масквы і Пецярбурга, а ў 1820 г. — з усёй Расійскай імперыі. У 1820 г. на Гомельшчыне былі закрытыя езуіцкія кляштары ў Чачэрску і Радузе. З 1825 да 1830 гг. Касцёл ва ўсходняй Беларусі (і Расійскай імперыі ў цэлым) захоўваў свой ранейшы праўны статус і тэрытарыяльную структуру. Але з пачаткам кіравання Мікалая І, які толькі ў Праваслаўнай царкве бачыў ідэалагічны падмурак царызму, у дзейнасці Касцёла з’явіліся дадатковыя абмежаванні. Далейшае пагаршэнне сітуацыі адбылося пасля падаўлення паўстання 1831 г. Так, пасля 1831 г. у Чачэрскай парафіі былі забраныя і перададзеныя Праваслаўнай царкве капліцы ў аколіцах Вараноўшчына, Шапатовічы і Малынічы. Але асабліва цяжкія часы наступілі для Касцёла і каталікоў пасля паўстання 1863—1864 гг. Супраць шляхты быў накіраваны шэраг абмежавальных законаў. Былі забароненыя дваранскія сходы. 10 снежня 1865 г. быў прыняты закон, які забараняў асобам польскага паходжання набываць зямлю ў беларускіх губернях. Таксама аб’ектам урадавага ціску стаў Каталіцкі касцёл. Пачаліся закрыцці кляштараў і касцёлаў. Каталіцкія святары знаходзіліся пад пільным наглядам з боку мясцовых уладаў. Іх рэгулярна прыцягвалі да адказнасці за парушэнне шматлікіх забаронаў працэдуры набажэнства, за самавольны рамонт касцёлаў і крытычныя заўвагі на адрас Праваслаўнай царквы. У 1864 г. гомельскага дэкана, які адначасова з’яўляўся адміністратарам Чачэрскага касцёла, Мікалая Гіртовіча як нядобранадзейнага ў палітычных адносінах выслалі з Чачэрска на сталае жыхарства пад пільны паліцэйскі нагляд у Томскую губерню, дзе ён і памёр у 1872 г. У тым самым 1864 г. ксёндз Радужскага касцёла Фелікс Грахольскі быў высланы ўладамі ў Наўгародскую губерню, бо ён
у размовах неаднаразова выяўляў крайняе сваё незадавальненне да ўрада і выказваў надзею на поспех палякаў у справе іх паўстання.
Быў сярод гомельскага каталіцкага духавенства і ксёндз, які непасрэдна, са зброяй у руках, змагаўся супраць расійскіх уладаў. Гаворка ідзе пра чачэрскага вікарыя Бугена. Іван Буген быў вікарыем у Чачэрскім касцёле ў 1862—1863 гг., а да гэтага працаваў вікарным ксяндзом у Гомельскім касцёле. Згодна з афіцыйнай біяграфіяй, ксёндз Буген нарадзіўся каля 1838 г. і паходзіў з шляхты Ковенскай губерні. Калі пачалося паўстанне 1863 г., ксёндз Буген без дазволу ўладаў пакінуў Чачэрск і далучыўся да паўстанцаў. Па нейкім часе Буген быў арыштаваны. Пры арышце ён аказаў узброены супраціў. Бугена, які, верагодна, назваўся не Іванам, а Бенедзіктам Іванавічам, асудзілі, як пісалася ў абвінавачанні
за адлучку без дазволу з месца жыхарства, прыняццё ўдзелу ў былым паўстанні, правоз для гэтага агнястрэльнай зброі, набояў і ўзброены супраціў пры арышце.
Таксама ён быў пазбаўлены духоўнага сану, усіх правоў і высланы на пасяленне ў Сібір, куды прыбыў 2 верасня 1864 г. Праз месяц яго выслалі на пасяленне ў Клапільцейскую воласць, дзе ён знаходзіўся да пачатку 1866 г. Першага студзеня на падставе «Высочайшего повелеления» Бугена перавялі ў разрад пажыццёва высланых і накіравалі ў Тунку, а потым пад надзор паліцыі ў Архангельск. Але Архангельск таксама быў не апошнім месцам пражывання Бугена. З кастрычніка 1872 г. ён адбываў пакаранне ў Пінезе. Праз два гады яго вызвалілі ад нагляду паліцыі. Буген вырашыў перабрацца на радзіму ў Ковенскую губерню, аб чым і падаў прашэнне. Але ковенскі губернатар яму ў гэтым адмовіў. Высветлілася, што Бенедзікт Іванавіч Буген — гэта Іван Венцкус, селянін маёнтка Рэтава Расіёнскага павета. Венцкус у 1846 г. служыў пісарам у маёнтку Рэтава і з-за нечага пасварыўся з аканомам — адстаўным капітанам Эймантам. У 1847 г. Венцкуса затрымалі «за нанясенне крыўды аканому маёнтка Рэтава капітану Эйманту». Але Венцкус падчас следства уцёк з-пад арышту. Пасля ўцёкаў ён падпільнаваў Эйманта на дарозе і адпомсціў, забраўшы ў капітана ўсе грошы. Асудзіць Венцкуса за гэта так і не змаглі, бо пошук яго аказаўся безвыніковым. Пасля таго, як высветліліся гэтыя факты, за Бугенам-Венцкусам у Архангельску быў устаноўлены негалосны нагляд паліцыі. Праз пяць год (у 1883 г.) Буген пераехаў у Пскоў і пачаў хадайнічаць аб дазволе выконваць свае святарскія абавязкі. Але і ў гэтым яму адмовілі. Далейшы лёс былога гомельскага і чачэрскага вікарыя невядомы10. |
9 Свод законов Российской империи. 1890.
|
Трэба зазначыць, што значная частка шляхты Гомельшчыны не падтрымала паўстання і ўсяляк выказвала сваю лаяльнасць царскай уладзе. Сярод гэтай катэгорыі адзначыліся павятовы спраўнік Фёдар Вікенцьевіч Вяржбіцкі, памочнік спраўніка маёр Аляксандр Вікенцьевіч Кухарскі, калежскі асэсар Ануфрый Восіпавіч Гатоўскі, прыстаў 2-га стану Васіль Іванавіч Саковіч, калежскі асэсар, прыстаў 3-га стану Нікадзім Вікенцьевіч Вірпша, сакратар паліцэйскага ўпраўлення, тытулярны дарадца Вікенцій Фаміч Харкевіч, губернскі сакратар Ілля Гаўрылавіч Акушка, дваранін Фама Восіпавіч Кубліцкі, дваранін Уладзімір Казіміравіч Піантроўскі, губернскі сакратар Іван Пятровіч Маліноўскі, калежскія сакратары Канстанцін Вікенцевіч Лабунскі і Фама Нічыпаравіч Вяроўкін. Памешчык Аляксандр Баляслававіч Станевіч унёс ахвяраванні на фінансаванне коннай паўсотні, якую стварылі для барацьбы з паўстанцамі гомельскія стараверы.
Адным з камандзіраў сялянскай варты, якая была створана для барацьбы з паўстанцамі, быў калежскі сакратар Іван Герард, а сялянскім атрадамі апалчэнцаў супраць паўстанцаў камандавалі вышэй узгаданы адстаўны ротмістр Вяржбіцкі і памешчык Бетулінскі11. |
10 Ссылка участников польского восстания 1863—1864 годов (По материалам Архангельской губернии). ГААО, ф. 1, оп. 4, т. 1, д. 2228; д. 2330, л. 103—104; ф. 37, оп. 1, д. 2425, л. 363 об.
|
Але такое лаялісцкае стаўленне да ўладаў часткі каталіцкай шляхты не выратавала каталікоў Гомельшчыны ад рэпрэсій. У сувязі з падзеямі 1863—1864 гг. назіралася хуткае зніжэнне колькасці гараджан-каталікоў, якое доўжылася да сярэдзіны 1870-х гг. Толькі з 1880-х гг. у Гомелі, як і ў іншых гарадах Магілёўскай губерні, прасочваецца хуткі рост каталіцкага насельніцтва. Змены ў дынаміцы колькасці каталікоў ва ўсіх гарадах губерні знаходзіліся ў значнай ступені пад уплывам палітычнага фактару: у Паўночна-заходнім краі пасля паўстання 1863—1864 гг. пачалася замена мясцовых кадраў у дзяржаўных і навучальных установах на выхадцаў з цэнтральных губерняў Расіі. Гэта ў значнай ступені і адбілася на колькасці каталікоў у структуры гарадскога насельніцтва12.
|
11 НГАБ Ф. 2001. Воп. 2, спр. 150, арк. 152—158
|
У 1866 г. была ліквідавана Радужская каталіцкая парафія. Будынак Радужскага касцёла Унебаўзяцця верагодна быў перададзены праваслаўнай царкве, а большая частка парафіі далучана да Чачэрскай.
Цыркулярам М. Мураўёва ад 1 студзеня 1864 г. забаранялася ўжываць у афіцыйнай перапісцы і карыстацца ў грамадскіх месцах польскай мовай. Наступствы гэтай забароны прасочваюцца па архіўных дакументах. Калі яшчэ ў 40-х гг. ХІХ ст. касцельная перапіска вялася пераважна па-польску, то пачынаючы з 60-х гадоў толькі на рускай мове. 29 чэрвеня 1864 г. М. Мураўёвым быў падпісаны цыркуляр аб абмежаванні пабудовы новых ці аднаўлення старых рыма-каталіцкіх касцёлаў, капліц і алтароў, якое заставалася правамоцным і пасля вылучэння ў 1869 г. Магілёўскай губерні з Віленскага генерал-губернатарства. Пасля падпісання гэтага цыркуляра на любы рамонт касцёла ці капліцы, нават дробны, трэба было атрымаць дазвол уладаў. Цыркулярамі ад 19 і 23 студзеня 1865 г. забаранялася прызначэнне ксяндзоў на духоўныя пасады і настаўнікамі Закона Божага без згоды губернатара. Указам імператара ад 8 кастрычніка 1865 г. было вызначана рускамоўнае вывучэнне каталіцкага катэхізіса ў беларуска-літоўскіх губернях. Цыркуляры ад 8 ліпеня 1864 г. і 19 верасня 1867 г. прадугледжвалі абавязковы дазвол адміністрацыі на ўстаноўку прыдарожных крыжоў і ўмацаванне на іх абразоў. Частка каталікоў была гвалтоўна пераведзена ў праваслаўе. Так, за перыяд з 1863 г. па 15 ліпеня 1866 г. у Магілёўскай губерні было пераведзена ў праваслаўе 983 чалавекі. Некаторыя каталікі перайшлі ў праваслаўе добраахвотна, каб пазбегнуць ціску і рэпрэсій з боку ўладаў. Паводле падлікаў В. Яноўскай (Грыгор’евай), колькасць каталікоў у Магілёўскай губерні за перыяд ад пачатку 1860-х да 1897 гг. зменшылася з 4,66 % да 2,9 %. З канца 1860-х гг. адбываліся пэўныя змены ў сферы антыкасцельных мерапрыемстваў. Улады, не адмяняючы абмежавальных цыркуляраў, пачалі выказваць пэўную павагу да каталіцкай канфесіі і сталі значна менш выкарыстоўваць рэпрэсіўныя сродкі. К пачатку 80-х гг. ХІХ ст. Гомельскі дэканат налічваў пяць парафій, 20 капліц і 5830 каталікоў. У Гомельскай парафіі ў гэты час быў 1 касцёл, 9 капліц і 2223 вернікі13. У 1882 г. з Рагачоўска-Быхаўскага дэканата ў Гомельскі была перададзена Антушаўская парафія. |
12 Яшчанка, Р. Гомель у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. Гісторыка- |
Апублікаваны 17 красавіка 1905 г. маніфест аб верацярпімасці нарэшце прынёс рэлігійным меншасцям імперыі (і каталікам у тым ліку) адносную доўгачаканую свабоду веравызнанняў. Згодна з маніфестам, пераход з праваслаўя ў іншыя веравызнанні больш не пераследаваўся па закону. Маніфест стаў падставай для аднаўлення адносна нармальнай дзейнасці Каталіцкага касцёла, хаця цяжкасці і перашкоды заставаліся і надалей. У перыяд з 1905 па 1909 гг. у Расійскай імперыі толькі паводле афіцыйных дадзеных 233 000 чалавек перайшлі ў каталіцтва. Дакладна невядома, колькі чалавек на тэрыторыі Гомельскага дэканата сталі каталікамі, але несумненна, што пераход у каталіцтва на Гомельшчыне меў месца. Так, Я. Жыскар на старонках кнігі «Nasze koscioły. Archidjecezja mohylewska» прыводзіць звесткі аб пераходзе (або вярней — вяртанні) у каталіцызм значнай колькасці сямей аколіцы Любавін у Люшаўскай парафіі.
Пра сітуацыю ў гэты перыяд з каталіцтвам на Гомельшчыне можна даведацца з ліста, які напісаў мітрапаліту сакратар Гомельскай тэхнічнай школы Аляксандр Дамарацкі. Ліст датаваны 18-м снежня 1911 г. Мы можам паглядзець на сітуацыю, у якой знаходзіліся каталікі, вачамі актыўнага парафіяніна Гомельскага касцёла. Перадусім трэба сказаць, што Дамарцкі разглядаў практычна ўсіх каталікоў Гомеля як палякаў, а Гомельшчыну лічыў даўнім памежным пасам Польшчы, альбо інакш усходнімі крэсамі. З ліста таксама вынікае, што каталіцкая грамада Гомеля ў гэты час не была аднародная і дзялілася на два лагеры: мясцовых каталікоў (нараджэнцаў Гомеля) і чыгуначнікаў, якія ў асноўным былі прыезджымі. Стаўленне ўраду да палякаў і каталікоў у гэты час Дамарацкі ацэньваў як вельмі непрыязнае:
Лічба жыхароў Гомеля хутка ўзрастае і налічвае ўжо 80 000 чалавек розных нацыянальнасцяў. Гомельская парафія з’яўляецца адной з самых вялікіх ва ўсёй Магілёўскай губерні. З часу ліквідацыі Радужскай парафіі, якая была далучана да Гомельскай, займае ўвесь Гомельскі павет і частку Чарнігаўскай губерні. Парафіяне дзеляцца на тры часткі або лагеры:
1) не вельмі шматлікія мяшчане і зямяне (зямляўласнікі) — жывуць толькі для сябе, «салонная партыя»;
2) сельскія жыхары, якія жывуць сваім самабытным жыццём без усялякай дапамогі з боку ўплывовых і заможных, народ бедны, бо цёмны і закінуты; і нарэшце:
3) чыгуначнікі розных служб і працаўнікі рамонтных майстэрняў. Гэтая астатняя група па колькасці займае другое месца пасля сялянаў, а ў рэлігійным жыцці бярэ самы найбольшы ўдзел, нават мае ў касцёле ўзнесены ўласным коштам алтар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У Гомелі да смерці кс. дэкана Ф. Пятроўскага было чатыры ксяндзы, а засталося тры. Пасля смерці Пятроўскага каталікі-чыгуначнікі склалі тэлеграму да мітрапаліта, у якой прасілі прыслаць у Гомель дэкана руплівага і энергічнага, моцнага духам і адважнага. Складаючы такія пажаданні, мы зыходзілі з таго, што горад Гомель мае важнае значэнне і з’яўляецца стратэгічным пунктам. Тут патрэбны барацьбіт вялікай адвагі і розуму, бо будзе мусіць супрацьстаяць варожаму лагеру, які мае тут сваё гняздо і які пусціў тут глыбокае карэнне. Варожы лагер складаюць:
Праваслаўны місіянер, якога накіравалі сюды для навяртання іншаверцаў.
Гомельскі архіярэй Мітрафан, думскі актывіст.
М. Ладамірскі, былы маршалак шляхты, член Дзяржаўнага савета і камер-юнкер двара.
Аддзел клубу нацыяналістаў, таварыства правых (чорная сотня), прадстаўнікі гарадской улады, навуковых таварыстваў і т. д.
Партыя гарадскіх парафіян (салонная партыя) выказвала жаданне, каб месца дэкана заняў тутэйшы вікарый Антон Ячэйка. Мы не можам ні ў чым папракнуць шаноўнага ксяндза А. Ячэйку, нават са свайго боку мусім выразіць яму сваё прызнанне як сціпламу, пабожнаму, лагоднаму, людскаму, таварыскаму, гаспадарліваму і ціхаму святару… усімі якасцямі добрага і сумленнага ён валодае… але становішча дэкана ў Гомелі апрача пералічаных якасцяў вымагаюць яшчэ «вялікай сілы», энергіі, адвагі, смеласці, мужнасці, «дару слова», «красамоўнасці» і павагі…
Таму мы не падтрымалі кандыдатуры ксяндза Ячэйкі, які ў іншых месцах, такіх, як Быхаў, Рагачоў, Магілёў, Чачэрск, Журовічы і т. д., можа быць цалкам адпаведны.
Апрача таго, мелі мы яшчэ ў полі зроку адну важную акалічнасць, якая ў недалёкай будучыні будзе мець значэнне ў жыцці гомельскіх каталікоў, а менавіта: у Гомелі плануецца арганізацыя Цэнтральных рамонтных чыгуначных майстэрняў… у якіх будуць працаваць 5—6 тысяч работнікаў, таму можна прадбачыць значнае павялічванне каталіцкіх сямей, дзяцей і моладзі. А таму карысць Касцёла вымагае на пасадзе дэкана адпаведнага святара.
Мітрапаліт не прыслухаўся да А. Дамарацкага, і Гомельскім дэканам і пробашчам парафіі 10 лістапада 1912 г. быў прызначаны Антоні Ячэйка, які ўступіў на пасаду 6 снежня. Гомельская парафія ў гэты час налічвала ўжо 15 капліц, прычым дзве з іх у Чарнігаўскай губерні: у Навазыбкаве (цяпер Бранская вобласць Расіі) і Сноўску (цяпер Шчорс, Украіна). У 1914 г. выбухнула Першая ўсясветная вайна, якая ў значнай ступені паўплывала на грамадскае становішча жыхароў Гомеля і ўсёй Магілёўшчыны, у тым ліку і на становішча каталікоў. Для каталіцкай грамадскасці Гомеля (і ў цэлым Магілёўшчыны) пэўным пераломам быў не так сам выбух вайны, як прыбыццё на гэтыя землі восенню 1915 г. тысяч польскіх эмігрантаў, выселеных з занятых акупантамі тэрыторый Каралеўства Польскага і Заходняй Беларусі. У Магілёўскай губерні налічвалася тады каля 146 тыс. уцекачоў, з іх каля 75 тыс. знаходзіліся пад апекай польскіх арганізацый дапамогі. З прыбыццём уцекачоў паўстала неабходнасць дапамогі гэтым людзям. Для арганізацыі такой дапамогі былі заснаваныя камітэты, якія стварылі бюро працаўладкавання і танныя сталоўкі. У Гомелі найбольш дапамагалі ўцекачам мясцовыя дваране Фелікс і Кароль Фашчы. Каталіцкае (пераважна польскае) насельніцтва Гомеля ў часе І Усясветнай вайны за кароткі тэрмін павялічылася са звычайных 1700—1800 чалавек прыкладна да 4700 чалавек (1916—1917 гг.). Прыбыццё польскіх уцекачоў умацавала каталіцкі асяродак Гомеля. Але ўцекачы ў сваёй большасці з’яўляліся носьбітамі польскай нацыянальнай самасвядомасці і ўжо адной сваёй прысутнасцю тут як бы заклікалі каталікоў да польскага патрыятызму. Такім чынам, І Усясветная вайна разам з часовым узмацненнем польскасці (а таксама і каталіцкасці) на Гомельшчыне, звязаным з прыбыццём польскіх уцекачоў, у канчатковым выніку стала і прычынай яе аслаблення. Уцекачы рассяляліся ў часовыя лагеры, а пазней у 1916—1917 гг. некаторыя з іх пачалі займаць і забудоўваць вольныя землі за лініямі Лібава-Роменскай і Палескай чыгунак (Залінейны раён) і паўночна-ўсходнюю частку Новай Беліцы14. |
13 Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego. T. 3. S. 117.
|
Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. выклікала дэмакратызацыю ўсіх сфер жыцця грамадства, у тым ліку і дэмакратызацыю ў рэлігійнай сферы. Была абвешчана свабода веравызнання, і такім чынам юрыдычна было скасавана дамінаванне Праваслаўнай царквы. Каталікі Беларусі атрымалі магчымасць адкрыта змагацца за свае правы. У сакавіку 1917 г. быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт з прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый, удзел у якім бралі і беларускія каталіцкія святары. 25 красавіка 1917 г. Магілёўскаму архібіскупу быў уручаны мемарыял, дзе прапаноўвалася ўвесці ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася ў Пецярбургу, лекцыі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі Беларусі. Таксама прапаноўвалася рэкамендаваць духавенству звяртацца да вернікаў па-беларуску, перадаць каталікам касцёлы, канфіскаваныя раней, у якіх мелася весці беларускую працу, ініцыяваць друк рэлігійнай літаратуры і перыядычных выданняў па-беларуску15.
|
14 Рогалев, А. Ф. От Гомеюка до Гомеля. С. 211.
|
Тое, як ставілася да беларусізацыі Касцёла гомельская польская каталіцкая грамадскасць, бачна з ліста ўсё таго ж сакратара Гомельскай тэхнічнай школы Аляксандра Дамарацкага да мітрапаліта. 24 чэрвеня 1917 г. Дамарацкі пісаў:
Аседлы тут (на Гомельшчыне. — У. В.) з незапамятных часоў люд польскі, які на працягу ста гадоў вынішчалі маральна і культурна, не скарыўся, аднак, знішчэнню, перажыў часы Сямашкі, калі ўсё, што насіла імя уніята, было «міласэрна» зачэрпнута да праваслаўя, а ўсё што засталося польскага, то ўрадамі Навасільцавых, Мураўёвых, Пабеданосцавых і сучасных Яўлогаў і Мітрафанаў ператворана ў «беларусаў» каталіцкага вызнання. Гэтаму вельмі дапамагла маскоўская русіфікатарская школа, потым пазбаўленне польскага буквара і катэхізму, пераслед польскай школы і нават хатняй навукі. Але гэтыя новасфабрыкаваныя «беларусы» сёння абудзіліся і разважаюць, чаму іх называюць беларусамі, пацеры ж ад веку ад дзядоў і прадзедаў маюць польскія! Малітва польская! То хіба таму нас так называюць, — тлумачыць польскі вясковец, — што мы на Беларусі жывем16. |
15 Homan. 1918. № 39.
|
Перыяд паміж Лютаўскай рэвалюцыяй і кастрычніцкім пераваротам 1917 г. стаў часам для вольнага існавання каталіцкага касцёла ў Расіі ва ўсходняй Беларусі. У той час Гомельскі дэкан Ячэйка аб становішчы на Гомельшчыне і аб каталіках Гомельшчыны пісаў наступнае:
Сяляне прагнуць паляпшэння быту. Да памешчыкаў стаўленне ў пэўным сэнсе негатыўнае. Да яўрэяў яшчэ горшае. Тыя, хто лічыцца палякамі, карыстаюцца гутарковай беларускай мовай. У некаторых мясцовасцях у гэтай беларускай мове больш рускіх выразаў. Прагнуць вучыцца па-польску. З людзьмі іншых нацыянальнасцяў мясцовыя людзі (каталікі) жывуць у згодзе. Арганізацыі ЦКО17 спрыяюць, а ПТПО18 падтрымліваюць, беручы ў іх працы чынны ўдзел. Падобна ж ставяцца да іншых арганізацый. Жадаюць мець свае нацыянальна-каталіцкія школы. А калі застануцца дзяржаўныя школы ў тым самым стане, у якім яны знаходзяцца сёння, то жадаюць выкладання для сябе ў роднай мове рэлігіі, таксама мовы, роднай гісторыі і геаграфіі. Гомельскі гарнізон задаволены сваімі капеланамі, але давялося чуць нараканні, на рэдкія прыезды вайсковых капеланаў. |
16 РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 944, арк. 97.
|
А вось што пісаў А. Ячэйка пра задачы каталіцкага клеру і парафіяльнага актыву:
Праз выданні і брашуры трэба прышчапляць рэлігійна-маральную асвету, трэба ўладкоўваць матэрыяльныя справы, засноўваць дэмакратычна-хрысціянскія саюзы і іншыя арганізацыі, якія датычацца польскага люду, па вёсках, мястэчках і гарадах з цэнтральнай арганізацыяй у парафіі. Трэба засноўваць страхавое таварыства, ствараць трацейскія суды, трэба стаяць на каталіцкай платформе, падтрымліваць сваё, спрыяць іншым, унікаць нацыянальнага шавінізму. Трэба закладаць новыя і пашыраць існуючыя чыста каталіцкія і навуковыя бібліятэкі. Заахвочваць з амбона да чытання добрых кніжак, часопісаў, выяўляць кепскія. Дзе няма школ — ствараць парафіяльныя. Існуючыя земскія ці народныя рэфармаваць у духу прыязным да каталіцызму. Даваць мажлівасць зараблення, засноўваць дамы працы, прытулкі для жабракоў (старцаў) і т. д. Засноўваць каталіцкія дамы ці дабрачынныя таварыствы. Арганізоўваць на месцы каталіцкія саюзы. Галасаваць за прыхільныя каталіцкаму касцёлу партыі. Прызначаць у вялікай колькасці вайсковых капеланаў19. |
17 Centralny Komitet Obywatelski (Цэнтральны Грамадзянскі Камітэт) — арганізацыя, якая была заснавана В. Грабскім у 1915 г. у Петраградзе. Займалася дапамогай палякам у Расіі. Арганізоўвала шпіталі, школы, медычную дапамогу і т. д. 18 Польскае Таварыства Дапамогі Ахвярам Вайны — польская апякунская арганізацыя.
|
Аднак гэтыя задачы збольшага засталіся невыкананымі. У першыя гады савецкай улады становішча Касцёла значна пагоршылася. Фармальнай прычынай для пачатку цкаванняў рэлігіі наогул і асабліва на хрысціянства стаў дэкрэт ад 23 студзеня 1918 г. «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы». У жніўні 1918 г. была выдадзена інструкцыя, якая пазбаўляла рэлігійныя арганізацыі юрыдычных правоў і маёмасці. Дэкрэты ад 26 снежня 1921 г. і ад 3 студзеня 1922 г. уводзілі цэнзуру казанняў і забарону на рэлігійнае навучанне дзяцей да 14 гадоў. Улада ініцыявала стварэнне атэістычных арганізацый. Аб цяжкім становішчы Касцёла на Гомельшчыне ў першыя гады савецкай улады можна дазнацца з нешматлікіх архіўных дакументаў. Адным з такіх дакументаў з’яўляецца ліставанне гомельскага пробашча Шчэнха з біскупам Цеплякам і віцэ-канцлерам Івановым. 14 студзеня 1921 г. Шчэнх пісаў біскупу Цепляку, што «ў Гомельскім дэканаце працы шмат, і яна толькі прыбаўляецца». Ён прасіў біскупа аб прысланні ксяндза для Хвойнікаў, Астраглядавіч і Рэчыцы, дзе ўжо некалькі месяцаў, ад самага адступлення польскага войска, іх не было. Не было святароў і ў Мазыры і Калінкавічах. Былі арыштаваны ў гэты час Магілёўскі дэкан Белагаловы і ксёндз Антоні Ярмаловіч. Таму Шчэнх прасіў прыслаць ксяндза ў гэтыя мясцовасці. А тым часам ён паслаў на тыдзень ці два чачэрскага пробашча Альбіна Шацілу для аб’езду Хвойніцкай, Астраглядавіцкай і Рэчыцкай парафій, якія заставаліся без духоўнай апекі. Таксама Шчэнх выражаў надзею, што яму прышлюць у Гомель ксяндза на дапамогу20. |
19 РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 944, арк. 100, 101.
|
Віцэ-канцлер Дамінік Іваноў, які доўгі час працаваў у Гомелі законанастаўнікам, адказаў Шчэнху, што святароў для ўпамянёных парафій Мінскай дыяцэзіі няма, бо там працуюць толькі тры святары, і біскуп даручае ксяндзу Мустэйкісу з Антушаў і ксяндзу Лупіновічу са Жлобіна, каб яны, па магчымасці, паразумеўшыся паміж сабой, абслугоўвалі парафіі ў Ігуменскім і Бабруйскім дэканатах. Далей Іваноў пісаў, што дэлегаванне ксяндза Шацілы для аб’езду Хвойніцкай, Астраглядавіцкай і Рэчыцкай парафій было вельмі пажаданым і можа выкарыстоўвацца і ў будучыні і калі варункі не зменяцца, то няхай ксёндз Шаціла нейкі час аб’язджае тыя пункты. Таксама трэба ў гэтым жа кірунку штурхаць ксяндзоў Мустэйкіса і Лупіновіча, каб і яны пераймаліся гэтай справай і неслі рэлігійную дапамогу каталікам, якія засталіся без апекі. Прыслаць другога ксяндза ў Гомель для дапамогі Шчэнху немагчыма21.
|
20 РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 944, арк. 112, 113.
|
З прыняццем пастановы УЦВК ад 16 лютага 1922 г., якая дэкларавала прымусовую здачу «ўсіх каштоўных прадметаў з золата, срэбра і каменняў, канфіскацыя якіх не можа істотна закрануць інтарэсы самога культу», пачаўся адлік маштабнай усерасійскай кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў. На паседжанні Польбюро Гомельскага губкаму РКП(б) 12 красавіка 1922 г. было пастаўлена пытанне аб неабходнасці прыступіць да агітацыйнай працы сярод польскага (каталіцкага) насельніцтва аб канфіскацыі літургічных рэчаў з касцёла на карысць галадаючых Паволжа. У выніку было прынятае рашэнне правесці шэраг мітынгаў і сходаў гомельскіх палякаў (каталікоў) аб канфіскацыі з мясцовага касцёла літургічных рэчаў. Таксама было вырашана канфіскаваць літургічныя рэчы з усіх касцёлаў Гомельскай губерні. У сувязі з супрацівам канфіскацыі быў арыштаваны в. а. Гомельскага пробашча ксёндз Лявон Буйноўскі і найбольш актыўныя гомельскія парафіяне.
У 1923 г. структура Гомельскага дэканата выглядала наступным чынам:
У 1925—1926 гг. у Гомельскім дэканаце працавалі ўсяго чатыры ксяндзы: К. Андрэкус — Гомельскі дэкан і адміністратар Гомельскай парафіі, К. Мустэйкіс — адміністратар Антушаўскай парафіі, Б. Валынец — адміністратар Люшаўскай парафіі і П. Бараноўскі — адміністратар Нежынскай парафіі. Да 1937 г. усе каталіцкія святары на тэрыторыі Гомельскага дэканату былі арыштаваныя, а большая частка арыштаваных была расстраляна. Разам са святарамі былі арыштаваны, высланы, расстраляны сотні і сотні каталікоў. Гомельскі дэканат фактычна перастаў існаваць. Каб паралізаваць працу рэлігійных структураў, савецкай уладзе трэба было прапанаваць нацыянальна-рэлігійным меншасцям нешта наўзамен. Таму яшчэ ў 1919 г. пры Гомельскім губкаме РКП (б) была створана польская секцыя. У губерні пачалі дзейнічаць польскія школы. Іх праца праходзіла складана з-за некампактнага пражывання каталіцкага «польскага» насельніцтва. Канстытуцыя БССР 1927 г. заканадаўча замацавала палітыку (якая праводзілася з 1924 г.) па стварэнні ў мясцовасцях з кампактнай большасцю насельніцтва пэўнай нацыянальнасці нацыянальных саветаў. Нацыянальныя саветы з’яўляліся органамі ўлады, якія разам з выкананнем універсальных агульнасавецкіх функцый павінны былі забяспечваць гаспадарчае і культурнае развіццё нацыянальных меншасцяў. З 22 польскіх сельсаветаў у тагачаснай БССР 11 былі на Гомельшчыне. На тэрыторыі былога Гомельскага дэканата існавалі Рудня-Стаўбунскі, Рудня-Шлягінскі, Рудня-Нісімкавіцкі, Нова-Малыніцкі, Падасоўскі і Любавінскі польскія сельсаветы:
Рудня-Шлягінскі — усяго насельніцтва 1125, палякаў 820 (72,9 %).
Рудня-Нісімкавіцкі — усяго 1106, палякаў 1106 (100 %).
Рудня-Стаўбунскі — усяго 720, палякаў 665 (92,4 %), беларусаў 5 (0,7 %).
Нова-Малыніцкі — усяго 674, палякаў 536 (79,5 %), беларусаў 119 (17,7 %).
Любавінскі і Падасоўскі (дадзеныя адсутнічаюць).
Пачынаючы з 1934 г. нацсаветы паступова ліквідуюцца. Скасаванне Нова-Малыніцкага, Рудня-Нісімкавіцкага і Падасоўскага польскіх саветаў Чачэрскага раёна ў кастрычніку 1934 г. абгрунтоўвалася тым, што большасць насельніцтва ў іх складалі беларусы. У папярэдніх абследаваннях Чачэрскага раёна адзначалася, што польскія сельсаветы і хаты-чытальні на іх тэрыторыі працуюць на беларускай і рускай мовах. Таксама адзначалася, што «насельніцтва польскіх вёсак не палякі, а каталізаваныя беларусы, якія лічаць сябе палякамі». У паступовым ліквідаванні польсаветаў была палітычная падаплёка. З 1936 г. у адпаведных актах ужо наўпрост казалася пра шкодніцтва пры стварэнні польсаветаў. У 1934 г. у БССР было 40 польскіх нацсаветаў, у 1935 г. — 34, у 1936 г. — 29, у 1937 — 19, у 1938 г. — ніводнага22. |
21 РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 944, арк. 114.
|
На 1929 г. сельскае каталіцкае насельніцтва Гомельскага дэканата пражывала ў асноўным у гарадах Гомелі і Добрушы і ў наступных населеных пунктах:
На тэрыторыі Гомельскага дэканату, дзе каталіцызм быў практычна знішчаны ў канцы 1930-х гг., апроч Гомеля, у пасляваенны перыяд нелегальна дзейнічалі толькі 3 нешматлікія групы каталікоў: дзве групы ў вёсцы Рудня-Стаўбунская Веткаўскага р-на і адна ў Свяцілавіцкім р-не (раён ліквідаваны ў 1957 г.)23. Лакалізацыя свяцілавіцкай групы невядомая, магчыма, група дзейнічала ў райцэнтры. |
22 Пічукоў, В. П.; Старавойтаў, М. І. Гомельщина многонациональная (20—30-е годы ХХ века). Вып. 1. ГдзУ імя Ф. Скарыны.
|
1940—1960-я гг. характарызуюцца адміністрацыйным уціскам на Рыма-каталіцкі касцёл у Беларусі ў цэлым і ва Усходняй Беларусі ў прыватнасці. Нягледзячы на намаганні вернікаў усходніх вобласцяў дамагчыся рэгістрацыі парафій і адкрыцця капліц і касцёлаў, уладамі гэта не было дазволена. Пры гэтым нельга сказаць, што ў адмове ў рэгістрацыі вінныя толькі цэнтральныя ўлады СССР. У 1955 г. старшыня Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР І. Палянскі накіраваў у ЦК КПСС ліст аб неабходнасці пашырэння колькасці касцёлаў на Беларусі. Яго ў гэтым падтрымаў упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце міністраў БССР К. Уласевіч. Перад партыйнымі органамі рэспублікі было пастаўлена пытанне аб мэтазгоднасці адкрыцця касцёлаў ва ўсходніх абласцях рэспублікі: Гомельскай, Віцебскай, Мінскай — там дзе яны былі закрыты 30 гадоў назад, аднаўленні ў Мінску каталіцкага цэнтра з біскупам. Але рэспубліканскія партыйныя органы праігнаравалі гэтую ініцыятыву.
У першай палове 1959 г. каталікі Гомеля падалі заяву аб адкрыцці ў горадзе касцёла. Улады адкрыццё не дазволілі. Пры гэтым уладамі рэгістраваліся дэнамінацыі пратэстанцкіх накірункаў. Дазвалялася катэхізатарская дзейнасць Праваслаўнай царквы, якая, праўда, была абмяжавана сценамі храма. Таму можна меркаваць, што наяўнасць на сённяшні дзень значнай колькасці пратэстанцкіх і неапратэстанцкіх груповак і больш трывалыя пазіцыі Праваслаўнай царквы ў параўнанні з каталіцкім касцёлам ва Усходняй Беларусі абумоўлены не ў апошнюю чаргу і адміністрацыйным уздзеяннем на канфесіі рэгіёна ў пасляваенны час. У тую пару нешматлікія гомельскія каталікі пераважна сталага веку збіраліся на прыватных кватэрах. Пару разоў на год у Гомель прыязджаў ксёндз Мечыслаў Малыніч, які са сваёй ініцыятывы абслугоўваў гэтую тэрыторыю. Ксёндз Малыніч наведваў Гомель, Жлобін, Бабруйск, Грушаўку, Магілёў, Светлагорск. Пасля вызвалення са зняволення ксяндзу было адмоўлена ў рэгістрацыі — так улады хацелі пазбавіцца ад усюдыіснага місіянера. Але ён усё адно з вялікай энэргіяй, ужо хворы, з падарваным у зняволенні здароўем, ездзіў па населеных пунктах усходніх вобласцяў Беларусі і адпраўляў набажэнствы, вянчаў і хрысціў па дамах, заклікаў вернікаў змагацца за свае правы24. Рабіў гэта а. Малыніч да самай сваёй смерці ў 1969 г. У 1970—1980-я гг. у Гомель прыязджаў а. Уладзімір з Вільні. Як правіла, гэтыя прыезды прымяркоўваліся да Божага Нараджэння і Вялікадня. |
23 Ярмусик, Э. С. Католический костёл в Беларуси в 1945—1990 годах. Монография. Гродно, 2006. С. 191.
|
28 чэрвеня 1989 г. Савет па справах рэлігіі пры Саўміне СССР пратаколам № 7 зарэгістраваў «религиозное общество верующих Римско-Католической церкви в г. Гомеле Белорусской ССР». Адрадзілася і Жлобінская парафія. У 1989 г. у Гомель прыехаў малады святар з Люблінскай дыяцэзіі Польшчы Славамір Ляскоўскі. У гэты час вернікі збіраліся ў старожцы на могілках у Навабеліцы, насупраць мясакамбіната. Колькасць вернікаў складала прыкладна 30 чалавек, у асноўным жанчын сталага ўзросту. Створаная каталіцкая суполка пачала актыўна дамагацца ад уладаў Гомеля будынка, дзе можна было б ажыццяўляць набажэнствы. 20 лютага 1990 г. рашэннем № 50 Гомельскага гарадскога Савета народных дэпутатаў рыма-каталіцкай суполцы быў перададзены будынак па вул. Савецкай, 118, які ў той час належаў камбінату «Мастацтва». У чэрвені 1990 г. суполка гомельскіх каталікоў перабралася са старожкі на могілках у будынак на Савецкай, які атрымаў статус капліцы. Увосень 1991 г. пачаўся яе рамонт. У 1994 г. пробашч Славамір Ляскоўскі на базе капліцы пачаў будаўніцтва новага касцёла. На будоўлі шмат працавалі самі парафіяне, грошы збіраліся адзінаверцамі з Аўстрыі і Італіі. Да 2000 г. касцёл быў пабудаваны. Святыня была асвечана кардыналам Казімірам Свёнткам 9 снежня 2000 г. пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Святары, якія прыязджалі ў Гомель у якасці вікарыяў а. Славаміра, былі з Люблінскай епархіі. Усе яны скончылі Люблінскі каталіцкі універсітэт, які з’яўляецца адным з цэнтраў каталіцкай адукацыі. Гэта: а. Гжэгаш Хлудэк (быў вікарыем у 1993—1998 гг., цяпер пробашч у Рэчыцы), а. Тадэвуш Самарэк (вікарый у 1999—2002 гг., зараз пробашч у Светлагорску, замест а. Яна Саламона, які стаў рэктарам каталіцкай семінарыі ў Пінску), а. Петр Голец (вікарый з 2003 г. па цяперашні час). У наш час каталіцкімі святарамі сталі наступныя гамяльчане: а. Павел Халяўкін (скончыў Гарадзенскую каталіцкую семінарыю, прыняў сакрамент святарства ў 1998 г.), а. Генадзь Казлоў (прыняў сакрамент святарства ў 2000 г.), а. Аляксандр Каліноўскі (прыняў сакрамент святарства ў 2001 г.) і а. Аляксандр Драбышэўскі (прыняў сакрамент святарства ў 2001 г.). Тры апошнія святары скончылі місіянерскую семінарыю ў Варшаве. Цяпер у гэтай семінарыі вучыцца жыхар Гомеля Мікалай Фокін. Сёння колькасць сталых парафіян у Гомельскім касцёле складае прыкладна 600 чалавек, на Божае Нараджэнне і Вялікдзень прыходзіць больш за тысячу. Дзейнічае нядзельная школка. У адпаведнасці з рашэннямі Другога Ватыканскага сабору (1962—1965), вядзецца праца па катэхізацыі дарослых. Людзі рыхтуюцца да прыняцця таінстваў хрышчэння, бежмавання, шлюбу. Каталікі з Гомеля рэгулярна выязджаюць на сустрэчы з Папам Рымскім. Першая такая паездка была арганізавана ў Беласток у чэрвені 1991 г., апошняя — у Варшаву ў маі-чэрвені 2006 г. У Гомелі працуе дабрачынная арганізацыя «Карытас», аказваецца дапамога найбольш бедным людзям. У верасні 1991 г. у Гомель прыехалі манашкі ордэна Маці Тэрэзы («Місіянеркі любові»). Гэты ордэн працуе па ўсім свеце сярод самых знядоленых людзей, яго заснавальніца Маці Тэрэза Калькуцкая ў 1979 г. атрымала Нобелеўскую прэмію «За дзейнасць у дапамогу чалавецтву». У 2003 г. яна была абвешчана Папам Янам Паўлам II блажэннай. Цяпер у Гомелі 6 манашак гэтага ордэна: з Індыі, Конга і Польшчы. З 1997 г. у Журавіцім доме для дзяцей-інвалідаў, ад якіх адмовіліся бацькі, Рагачоўскага раёна працуюць чатыры манашкі ордэна бенедыктынак-самарыцянак. Таксама ў Навабеліцы будуецца дом і цэнтр рэабілітацыі для дзяцей-сірот з цяжкімі формамі інваліднасці, працаваць у якім будуць бенедыктынкі-самарыцянкі. 6 верасня 1998 г. Гомельскую парафію з візітам наведаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтак. Згодна з рашэннямі Другога Ватыканскага сабору, набажэнствы ў Гомельскім касцёле адбываюцца на нацыянальнай, гэта значыць, беларускай мове. Тут трэба ўдакладніць, што на жаданне гомельскіх вернікаў казанні гучаць па-руску. Таксама ёсць адна імша на тыдзень, якая адбываецца па-польску. Святары даволі скептычна ставяцца да ведання парафіянамі польскай мовы, і калі трэба зрабіць нейкія важныя аб’явы, пераходзяць на рускую мову. Наогул для гомельскіх ксяндзоў характэрна паслядоўнае трыманне дыстанцыі ад пальшчызны і падкрэсліванне, што каталіцкі касцёл мае сусветны характар і звяртаецца да ўсіх людзей незалежна ад нацыянальнасці.
|
24 Тамсама. С. 209.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 12 (63) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |