У сакавіку 2000 г. Уладзімір Пуцін успадкаваў ад Барыса Ельцына краіну, якую можна было назваць некансалідаванай электаральнай дэмакратыяй. Але з цягам часу пуцінскую палітычную сістэму сталі апісваць спярша як «кіраваную дэмакратыю», пасля «неліберальную дэмакратыю», ці «дэлегаваную дэмакратыю», і, нарэшце, з 2005 г. як недэмакратыю. Дык што ж здарылася? Чаму чацвёртая хваля дэмакратызацыі разбілася аб расійскія берагі? Якую ролю могуць у перспектыве адыграць знешнія фактары ў вяртанні дэмакратыі ў Расію ў наступным дзесяцігоддзі? Ці застрахаваная Расія ад уплыву дэмакратызацыі, якая ахапіла Усходнюю Еўропу напрыканцы 1980-х гг. і ў апошнія гады пасоўваецца далей на Усход? Якія наступствы для Украіны, Грузіі і Сербіі будзе мець упартае нежаданне Расіі дэмакратызавацца?
У гэтым артыкуле я паспрабую прааналізаваць гэтыя і іншыя пытанні, закрануўшы унутраныя і знешнія фактары, якія дапамогуць зразумець, чаму Расія пайшла назад, хоць нават яе малыя суседзі выстаялі супраць моцнай хвалі аўтарытарызму, што захліснула часткі посткамуністычнай прасторы напрыканцы 1990-х гг. У першай частцы артыкула я прасачу расійскі супраціў чацвёртай хвалі дэмакратызацыі, акрэслю, да якой ступені Расія дэмакратызавалася ў 1990-я гг. і як яна ў апошнія гады праходзіла шлях да аўтарытарызму. У другой частцы я прааналізую ўнутраныя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя фактары (у тым ліку нафтавы), якія спрычыніліся да нарастання аўтарытарных тэндэнцыяў. У наступным раздзеле я планую высветліць, які ўплыў мелі трансфармацыі ў Сербіі, Украіне, Грузіі і іншых краінах на дэмакратызацыю Расіі. І, нарэшце, у заключнай чацвёртай частцы я прапаную стратэгію дзеянняў для Еўрапейскага Звязу і ЗША, якая магла б павярнуць Расію на шлях дэмакратызацыі, нават з улікам таго, што ўплыў замежных актораў на падзеі ў Расіі і палітыку прэзідэнта Пуціна стала падае.
Спаўзанне Расіі да аўтарытарызму
У 2005 г. міжнародная арганізацыя «Freedom House» перагледзела сваю ацэнку Расіі з часткова свабоднай да несвабоднай. Параўнальны рэйтынг краінаў, што звычайна разглядаюцца ў межах чацвёртай хвалі дэмакратызацыі, пададзены ў табліцы 1.
Заўважым, што ў выніку паніжэння рэйтынгу Расія патрапіла ў кампанію пяці сярэднеазіяцкіх краінаў, Азербайджана і Беларусі. Пятнаццаць год таму мала хто паверыў бы, што такое будзе магчыма.
Табліца 1. Рэйтынгі «Freedom House» для краінаў Усходняй Еўропы
і былога Савецкага Саюзу за 2005 год.
Свабодныя |
Балы |
Часткова свабодныя |
Балы |
Несвабодныя |
Балы |
Чэхія |
1.0 |
Албанія |
3.0 |
Азербайджан |
5.5 |
Венгрыя |
1.0 |
Македонія |
3.0 |
Казахстан |
5.5 |
Польшча |
1.0 |
Боснія-Герцагавіна |
3.5 |
Кіргізія |
5.5 |
Эстонія |
1.0 |
Грузія |
3.5 |
Расія |
5.5 |
Славакія |
1.0 |
Малдова |
3.5 |
Таджыкістан |
5.5 |
Славенія |
1.0 |
Украіна |
3.5 |
Беларусь |
6.5 |
Балгарыя |
1.5 |
Арменія |
4.5 |
Узбекістан |
6.5 |
Латвія |
1.5 |
|
|
Туркменістан |
7.5 |
Харватыя |
2.0 |
|
|
|
|
Літва |
2.0 |
|
|
|
|
Румынія |
2.5 |
|
|
|
|
Сербія і Чарнагорыя |
2.5 |
|
|
|
|
Усяго 12 |
|
Усяго 7 |
|
Усяго 8 |
|
Больш дэталёва, па шкале ад 0 (найгоршы паказнік) да 7 (найлепшы), «Freedom House» ацаніла чатыры асноўныя паказнікі Расіі:
Грамадскі кантроль над уладай: 2,88
Грамадскія свабоды: 3,72
Вяршэнства права: 3,41
Барацьба з карупцыяй і эканамічная празрыстасць: 2,79
Нягледзячы на пэўныя недахопы, шкала «Freedom House» пацвярджае неабвержнае і агульнапрынятае сёння меркаванне, што Расія стала менш дэмакратычнай пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна. Хоць з 1993 г. у краіне рэгулярна праводзяцца выбары, а абодва прэзідэнты, Барыс Ельцын і Уладзімір Пуцін, пазбягалі адкрытых парушэнняў Канстытуцыі, тым не менш, над інстытутамі, што складаюць ядро дэмакратычнай расійскай палітычнай сістэмы, сёння навісла сур’ёзная пагроза.
Я звярну большую ўвагу на тое, якім чынам цягам апошніх гадоў у Расіі падрываліся дэмакратычныя інстытуты, грамадскія свабоды і вяршэнства права, з тае прычыны, што згортванне дэмакратыі ня трэба спецыяльна даводзіць. Акрамя таго, я закрану і надзвычай актуальную для Расіі праблему карупцыі. Характэрна, што ўсе гэтыя негатыўныя з’явы суправаджаюцца ростам расійскай эканомікі, ставячы пад сумнеў прадказанні Ліпсэта і іншых адэптаў тэорыі мадэрнізацыі.
Федэральныя і рэгіянальныя выбары ў Расіі адбываюцца з 1991 г. Аднак іх значнасць і якасць стала паніжаліся, а скасаванне ў 2005 г. мясцовых выбараў значна аслабіла расійскую дэмакратыю.
Адным з першых крокаў Пуціна на пасадзе прэзідэнта стала ўмацаванне кантролю за расійскімі сродкамі масавай інфармацыі. Прынамсі часткова ён быў апраўданы неабходнасцю навесці парадак і забяспечыць стабільнасць пасля бязладдзя 1990-х гг. У рэальнасці абвешчаная «дыктатура закону» азначала абмежаванні ў выдачы ліцэнзіяў на тэле- і радыёвяшчанне, налёты на рэдакцыі СМІ і выцісканне з медыя-рынку незалежных газет. Калі прапуцінская партыя «Адзіная Расія» дзякуючы адноўленаму кантролю над медыямі здабыла абсалютную большасць месцаў у Думе, у краіне знікла моцная палітычная апазіцыя. Рэформа Савета Федэрацыі, згодна з якой сталыя чальцы верхняй палаты расійскага парламенту сталі прызначацца, а не выбірацца, яшчэ больш аслабіла расійскую дэмакратыю. Нарэшце, пры Пуціну працягвалася абмежаванне плюралізму на рэгіянальным узроўні. Першым крокам у гэтым кірунку стала разбіццё краіны (у межах прэзідэнцкай адміністрацыі) на сем федэральных акругаў, кожная з якіх улучала прыблізна дванаццаць суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Рэформа не змяняла існых межаў паміж рэгіёнамі, але, тым не менш, выклікала адміністрацыйныя змены. Так, на чале кожнай з сямі акругаў стаў прэзідэнцкі намеснік. Ён адказвае за каардынацыю дзеянняў федэральных чыноўнікаў і кантралюе належнае выкананне рашэнняў цэнтральнай улады рэгіянальнымі губернатарамі і рэспубліканскімі прэзідэнтамі. Рэформа была ўспрынята неадназначна, бо прэзідэнт, па сутнасці, паставіў сваіх намеснікаў вышэй за абраных народам губернатараў і кіраўнікоў рэгіёнаў.
Спрабуючы абмежаваць уплыў актыўных губернатараў на агульнанацыянальную палітыку, Пуцін прапанаваў, а Дума зацвердзіла план рэарганізацыі Савета Федэрацыі. Згодна з ім кіраўнікі рэгіёнаў (губернатары, кіраўнікі і старшыні мясцовых парламентаў) пазбаўляюцца гарантаваных месцаў у верхняй палаце расійскага парламенту. Замест гэтага кожны рэгіён прадстаўлены ў Савеце Федэрацыяў двума прадстаўнікамі, аднаго з якіх прызначае мясцовы губернатар ці прэзідэнт, а іншага абірае рэгіянальны парламент.
Адначасова, абапіраючыся на шырокія сувязі са сваімі былымі супраўцоўнікамі па спецслужбах, Пуцін значна падвысіў ролю ФСБ у кіраванні дзяржавай, ператварыў судовую сістэму ў інструмент пакарання палітычных апанентаў (яскравым прыкладам — справа Хадаркоўскага), а таксама ўжываў федэральныя падатковыя і праваахоўныя органы ў палітычных мэтах. Усе гэтыя змены, разам з наступам на расейскія грамадскія і няўрадавыя арганізацыі, сведчаць пра згортванне працэсу дэмакратызацыі ў Расіі. Як адзначаецца ў спавешчанні «Freedom House»,
на сённяшні дзень прэзідэнт валодае самымі шырокімі ўладнымі паўнамоцтвамі за ўсю гісторыю незалежнай Расіі. Пасля абрання Пуціна расійскае грамадства стала нашмат менш плюралістычным, а правы асобных грамадзянаў — менш абароненымі.
Няма дзіва, што паралельна з разбурэннем сістэмы палітычных стрымак і проціваг у Расіі мацнее карупцыя. Аналіз «Transparency International», незалежнай службы, якая адсочвае грамадскае ўспрыманне карупцыі, сведчыць, што, нягледзячы на спробы Пуціна ўзурпаваць уладу, Расія стала больш, а не менш карумпаванай. «Transparency International» збірае дадзеныя па карупцыі ў 159 краінах. Найменшы яе ўзровень зафіксаваны ў Ісландыі. Канада і ЗША займаюць адпаведна 14-е і 17-е месцы. Расію, якая мае 126-ю пазіцыю ў рэйтынгу, «Transparency International» адносіць да найбольш карумпаваных краінаў свету. Паводле метадалогіі арганізацыі, узровень карупцыі, ацэнены менш чым у 3 па дзесяцібалавай шкале, азначае ўсёабсяжную карупцыю: паказнік Расіі — 2,4. Сярод краінаў постсавецкай прасторы рэйтынг, горшы за расійскі, мелі ў 2005 г. толькі Грузія, Кіргізія, Узбекістан, Таджыкістан і Туркменістан — тыя краіны, што трапілі разам з Расіяй у катэгорыю «несвабодных». (Сярод былых камуністычных краінаў найменш карумпаванай, паводле версіі «Transparency International», з’яўляецца Балгарыя.)
Роля ўнутраных чыннікаў
у спаўзанні Расіі да аўтарытарызму
Як заўсёды, Расія становіць сабой парадокс. Насуперак тэорыі мадэрнізацыі і нягледзячы на пагаршэнне якасці дэмакратыі, ВУП на душу насельніцтва за Пуціным расце. Якімі ўнутранымі чыннікамі можна патлумачыць згортванне працэсаў дэмакратызацыі? Чым яны адрозніваюцца ад унутранай дынамікі ў Сербіі, Грузіі і Украіне?
Зразумець, чаму ў 2000 г. Расія адышла са шляху да дэмакратыі, дапаможа разгляд шэрагу ўзаемазвязаных хібных інстытуцыйных рашэнняў і структурных эканамічных фактараў падчас пераходнага перыяду першай паловы 1990-х гг.
Інстытуцыйныя фактары
Як засцерагаў Дон Горавіц у першай палове 1990-х гг., а пазней і Стывен Фішэр, у прэзідэнцкай сістэме закладзеная небяспека для новых дэмакратыяў. Не выклікае сумневу, што наданне прэзідэнту, паводле канстытуцыі 1993 г., большых паўнамоцтваў, чымся парламенту, — найяскравейшы прыклад інстытуцыйнага выбару, які аказаўся асабліва разбуральным для расійскай дэмакратыі. Сапраўды, Пуціну не трэба было парушаць асноўных палажэнняў канстытуцыі, праводзячы больш аўтарытарную палітыку: паўнамоцтваў, гарантаваных прэзідэнту асноўным законам 1993 г., было досыць, каб пачаць шлях ад дэмакратыі да мяккай дыктатуры.
Падобна да францускай, расійская канстытуцыя прадугледжвае двайную структуру выканаўчай улады (dual executive), пры якім ураду неабходная падтрымка з боку парламенту, а прэзідэнту — не. З тае прычыны, што канстытуцыя 1993 г. пісалася ў асаблівы перыяд неспакойнай расійскай дэмакратыі (калі расійскі парламент практычна адмовіўся супрацоўнічаць з Барысам Ельцынам), расійскі прэзідэнт атрымаў права выдаваць указы, якія маюць сілу законаў, але не мусяць парушаць ужо існыя законы. Існуе працэдура, згодна з якой парламент можа скасоўваць прэзідэнцкія ўказы, што здаралася падчас прэзідэнцтва Барыса Ельцына, але ніколі пры Уладзіміру Пуціну. Кіраўнік дзяржавы ў Расіі прызначае прэм’ер-міністра, кандыдатуру якога мусіць зацвердзіць парламент. Але ў тым разе, калі Дума тройчы адхіляе кандыдата, прапанаванага прэзідэнтам, апошні мае права распусціць парламент і прызначыць новыя выбары. Яшчэ лепш пра надзвычай шырокія канстытуцыйныя паўнамоцтвы прэзідэнта сведчыць той факт, што, нягледзячы на магчымасць абвяшчэння Думай вотуму недаверу да ўраду, прэзідэнт мае права першым разам яго праігнараваць, а па паўторным абвяшчэнні распусціць урад або саму Думу. Дзеля таго, што цягам апошніх год сур’ёзнай апазіцыі Пуціну не існавала ані ў Думе, ані ў Савеце Федэрацыі, яму не давялося прыбягаць да скрайніх канстытуцыйных захадаў для ўтрымання сваёй улады.
Другая інстытуцыйная асаблівасць расійскага палітычнага ландшафту, якая дазволіла Пуціну ўсталяваць сваё аднаасобнае панаванне, — гэта слабасць палітычных партыяў на нацыянальным і мясцовым узроўнях. Гэта кансервуе праблему ўлады. Існуе агульнапрынятая ідэя, што палітычным партыям адводзіцца ключавая роля ў пабудове дэмакратыі, аднак шмат залежыць ад іх і для функцыянавання эфектыўнай дзяржавы. Партыі выступаюць у якасці пасярэднікаў паміж грамадзянскай супольнасцю і дзяржавай ды паміж палітычнымі сіламі ў сталіцы і на перыферыі. Яны спрыяюць кансалідацыі палітычных платформаў у нацыянальных дзяржавах. Карацей кажучы, партыі могуць вырашаць праблемы калектыўнага дзеяння шляхам інтэграцыі дзяржавы з калектыўнымі інтарэсамі. Партыі ствараюць каналы ўзаемадзеяння паміж апаратам улады на нацыянальным і мясцовым узроўнях, а таксама выводзяць адказнасць за распрацоўку і ажыццяўленне палітыкі за рамкі аднаго чалавека або вузкіх інтарэсаў яго кампаньёнаў. Апошняе, насамрэч, і спараджае ўсеўладства міні-алігархаў, што так даймае Пуціна ў рэгіянальнай палітыцы. Пры гэтым сам ён спрабуе кіраваць Расіяй такім самым чынам. Пуцін, як Ельцын, да апошняга старанна пазбягаў афіцыйнага сяброўства ў якой-колечы партыі, аддаючы замест гэтага перавагу ажыцяўленню ўлады ў непразрыстай форме, пры дапамозе вузкага кола блізкіх сяброў або сямейнікаў. Падчас нізкаякаснай ельцынскай дэмакратыі агульнанацыянальныя партыі, збольшага пазбаўленыя падтрымкі прэзідэнта, амаль ня мелі практычнай карысці для рэгіянальных губернатараў, калі тыя выходзілі на выбары. Яны не забяспечвалі ніякага (або яўна недастатковае) фінансавання для выбарчай кампаніі, палітычнай платформы ці практычнай арганізацыйнай дапамогі. Да каго звярнуцца любому дальнабачнаму палітыку па альтэрнатыўныя сродкі дапамогі? Да мясцовых алігархаў. У выніку расійскую палітыку на нацыянальным і рэгіянальным узроўні апанавалі павучынні двухбаковых, заснаваных на асабістай выгадзе, сувязяў, якія не рабілі аніякага ўнёску ў эфектыўнае забеспячэнне грамадскіх дабротаў і паслуг. Няма дзіва, што расійцы пачалі атаесамляць выбары, а часам саму дэмакратыю, з кругавой парукай. Гэта, у сваю чаргу, выклікала сумневы ў легітымнасці расійскай дэмакратыі 1990-х гг. і настальгію па стабільнасці, якую давала савецкая сістэма. Абяцанкі Пуціна ўсталяваць «дыктатуру закону» знайшлі спагадны водгук у насельніцтва, стомленага ад непаслядоўных і незбалансаваных рэформаў 1990-х гг., і, у сваю чаргу, у значнай меры спрычыніліся да росту яго папулярнасці — чаму таксама праспрыяла адсутнасць на сённяшні дзень рэальнай апазіцыі і альтэрнатывы яму.
Трэцяя інстытуцыйная прычына адыходу Расіі ад дэмакратыі палягае ў сталай арганізацыйнай недзеяздольнасці незалежнай грамадзянскай супольнасці. Безумоўна, зацверджанне Пуціным драконаўскіх законаў аб перарэгістрацыі расійскіх НУА як унутраных расейскіх арганізацый нанесла шкоду расейскай грамадзянскай супольнасці, але й да гэтага расіяне не спяшаліся запісацца ў грамадскія арганізацыі. На змену масавым дэманстрацыям канца 1980-х гг., якія патрабавалі забароны КПСС, прыйшла апатыя, а часам і магутная настальгія па камунізме. Аднак хутчэй яна выклікана жаданнем стабільнасці і прадказальнасці, чым непрыняццем прынцыпаў дэмакратыі ды ліберальных правоў і свабодаў, бо большасць апытанняў сведчыць пра тое, што расійцы дагэтуль іх цэняць.
Сталая папулярнасць Пуціна сярод расійскіх выбарцаў дапамагае адрозніць унутраную дынаміку апошніх год у Расіі ад сербскай, грузінскай ці ўкраінскай. Хоць у гэтых краінах існавалі напаўаўтарытарныя рэжымы, іх усіх яднала наяўнасць скрайне непапулярных дзейных прэзідэнтаў. У адрозненне ад іх Пуціну ўдаецца стала падтрымліваць свой персанальны рэйтынг, вышэйшы за 60 %.
Другая асаблівасць пуцінскай Расіі, што адрознівае яе ад Грузіі, Сербіі і Украіны, — гэта шчыльны кантроль за сродкамі масавай інфармацыі. У Сербіі, напрыклад, несці заклік да зменаў дапамагалі бамбардзіроўшчыкі Б-52, а ў сённяшняй Расіі засталося колькі незалежных медыя-праграм... Мала таго, ліберальна настроеная расійская апазіцыя (прадстаўленая Яўлінскім і інш.) ужо доўгі час застаецца раздробленай і ўяўляе з сябе слабую і нерэалістычную альтэрнатыву для расійскіх выбарцаў. Нарэшце, у прыватнасці ад Украіны, Расія адрозніваецца тым, што пуцінскі рэжым яўна не фрагментаваны — прэзідэнт, паводле канстытуцыі і практыкі, захоўвае жорсткі кантроль за «сілавымі міністэрствамі».
Акрамя вельмі спрэчнага інстытуцыйнага выбару, які зрабілі расейскія палітыкі на пачатку 1990-х гг., ды ўмелага пуцінскага маніпулявання прэсай і грамадзянскай супольнасцю цягам апошніх год, да аўтарытарызму Расію падштурхнуў шэраг эканамічных чыннікаў. Як я згадала раней, гэта здарылася тады, калі ў Расіі пачаўся эканамічны рост, што яўна не стыкуецца з тэорыяй мадэрнізацыі, але падмацоўвае тэорыю «сыравіннага праклёну».
Паводле выслоўя Пуціна, Расія — «багатая краіна бедных людзей», аднак сапраўды рост расійскай эканомікі пачаўся толькі ў 1999 г. Эканамічны рост апошніх гадоў у межах ад 4 % да 6 % ВУП збольшага грунтуецца на надзвычай высокіх сусветных цэнах на нафту, а не на сістэмнай рэструктурызацыі расійскай эканомікі. Мала таго, нават калі Расія здолее падтрымліваць цяперашнія тэмпы эканамічнага росту на працягу наступных 20 год, яна здолее толькі зраўнацца паводле ВУП на душу насельніцтва з Партугаліяй, якой далёка да статусу эканамічнага лідэра Еўразвязу. Трэба прызнаць, што цягам апошніх гадоў у расійскай эканоміцы і фінансавым сектары адбыліся значныя змены, сярод іх — увядзенне фіксаванай стаўкі падаходнага падатку ў памеры 13 % і паляпшэнне сістэмы спагнання падаткаў. Тым не менш, сістэматычная рэструктурызацыя прамысловасці, якая можа зрабіць расійскія тавары канкурэнтнымі на сусветных рынках, так і не пачалася.
Зыходзячы з той пазіцыі, якую займае Расія паводле індэксу чалавечага развіцця, складзенага Сусветным банкам, відавочна, што ёй трэба пазбыцца нафтавай залежнасці і развіваць несыравінныя галіны эканомікі, каб падтрымліваць сённяшнія тэмпы эканамічнага росту. Індэкс складае шэраг паказнікаў, сярод якіх працягласць жыцця, узровень пісменнасці дарослага насельніцтва, колькасць асобаў з базавай і сярэдняй адукацыяй, ВУП на душу насельніцтва і інш. На падставе індэксу Сусветны банк складае рэйтынгі дзяржаваў. У 2002 г. Эстонія, Польшча і Венгрыя займалі ў рэйтынгу 36-е, 37-е і 38-е месцы, у той час як Расія — 56-е, саступаючы Кубе ды Трынідаду і Табага і крыху выпераджаючы Лівію.
Аднак нафта надае Расіі значна большы ўплыў у сусветнай эканоміцы, чымся належыць краіне з 56-м месцам у рэйтынгу індэксу чалавечага развіцця Сусветнага банку. Яе сяброўства ў "вялікай восемцы" і жаданне ўвайсці ў СГА прыхоўваюць той факт, што Расія ўсё больш выглядае на развіццёвую краіну, над якой навіс сыравінавы праклён. Яе палітыка робіцца ўсё больш алігархічнай і аўтарытарнай, яна ўсё менш інвестуе ў чалавечы капітал і інфраструктуру па-за межамі нафтавага сектару; а з увагі на нядаўнія пагрозы спыніць пастаўкі нафты і газу ва Украіну і краіны Балтыі яна пачала паводзіцца на міжнароднай арэне, як сыравінавы шантажыст.
Знешнія чыннікі ў спаўзанні Расіі да аўтарытарызму
У той час, калі вецер дэмакратычных змен вее на ўсход ад Еўропы ў бок Грузіі і Украіны, ён яўна не закранае Расіі. Памаранчавая рэвалюцыя толькі паменшыла шанцы Расіі на дэмакратызацыю. Яна ўмацавала рашучасць Пуціна абараніць свой рэжым ад народных рэвалюцыяў. Закон пра няўрадавыя арганізацыі можна разглядаць як просты адказ на ўкраінскія падзеі 2004 г. і ставіць у адзін шэраг з пагрозамі спыніць пастаўкі расейскага газу ва Украіну зімой 2005—2006 гг. Пасля Памаранчавай рэвалюцыі расійскія ўлады ўзмацнілі ціск на рэшкі незалежнай медыяпрасторы, а таксама і на новапаўсталыя і існыя НУА, як расійскія, так і замежныя — нават Камітэт салдацкіх мацярок стаў аб’ектам нападак увесну 2006 г.
І ўсё-такі цяжка зразумець, у якой меры на Расію, рэгіянальнага палітычнага і эканамічнага гегемона, паўплывалі падзеі ў малых дзяржавах уздоўж яе мяжы. Няма дзіва, што палітычныя трансфармацыі апошняга часу ва Украіне наўрад ці мелі пазітыўны эфект на расійскую палітыку. Здзіўляе, хіба што, негатыўны ўплыў.
Калі Расія выпрацавала імунітэт ад пашырэння дэмакратызацыі, якія міжнародныя чыннікі здольныя паўплываць на яе ўнутраную палітыку? Відавочна, што трагедыя 11 верасня 2001 г. моцна адбілася на ўнутрырасійскай палітыцы і дапамагла стварыць вобраз Уладзіміра Пуціна як надзейнага і дбайнага хаўрусніка Джорджа Буша. Пуцін быў адным з першых замежных лідараў, хто патэлефанаваў Бушу, каб выказаць свае спачуванні. Але падзеі 11 верасня дазволілі Пуціну заявіць амерыканскаму прэзідэнту і міжнароднай супольнасці, што ў межах Расеі таксама існуе тэрарыстычная пагроза ў выглядзе чачэнскіх паўстанцаў. Гэта дало яму падставу для яшчэ больш жорсткіх дзеянняў у Чачні, хоць паўстнацы самі часткова правакавалі іх сваімі акцыямі ў Маскве і Беслане.
Дазвол на выкарыстанне амерыканскай арміяй ключавых авіябазаў у Цэнтральнай Азіі дагэтуль застаецца найвялікшай паслугай, аказанай Пуціным Злучаным Штатам і Еўропе. У іншых сферах, як, напрыклад, вайна ў Іраку, падтрымка Пуціным дзеянняў ЗША была значна слабейшай. Пазіцыя расійскага кіраўніцтва адносна ядравых амбіцыяў Ірану ператварылася ў сталую крыніцу раздражнення для міжнароднай супольнасці (а не толькі ЗША). Мала таго, спаўзанне Расіі да аўтарытарызму і нарошчванне залежнасці яе эканомікі ад экспарту сыравіны супала з яе самасцверджэннем як незалежнай сілы на міжнароднай арэне. Залежнасць Еўропы і Кітая ад паставак расейскай нафты і газу прымушае іх лічыцца з міжнароднымі амбіцыямі Расіі і надае апошняй усё большы ўплыў у міжнародных справах. У той час, калі Расія адыходзіць ад дэмакратыі і робіцца больш залежнай ад экспарту натуральных рэсурсаў эканомікай, Еўропа і ЗША губляюць рычагі ўплыву на расійскае кіраўніцтва.
Складаецца ўражанне, што Захад стаецца патрэбны Расіі ўсё менш, нават у якасці пакупніка нафты. Яго ў гэтай якасці гатовы замяніць Кітай.
Ці можна перамяніць хаду падзей?
У завяршэнне досыць песімістычнага агляду рэакцыі расійскай улады на другі грэбень чацвёртай хвалі дэмакратызацыі (мусіць, занадта складаная метафара) я хачу быць асцярожнай у прагназаванні таго, чаго чакаць пасля такога ўсё ж такі кароткага перыяду часу. Пераход да дэмакратыі даецца Расіі асабліва цяжка. Не трэба забывацца, што яна была апорай саветызму і застаецца самай вялікай па плошчы дзяржавай у свеце (улучае 11 часавых пасаў) і барукаецца з процьмай нявырашаных эканамічных праблемаў. Да таго ж яна, безумоўна, з’яўляецца суверэннай краінай і колішняй звышдзяржавай. Хоць ЗША перамаглі ў "халоднай вайне", яны не акупавалі тэрыторыі Расіі і не здолелі змяніць Расію на заходні манер. Расію рана спісваць з рахункаў — пасля перыяду адкату ад дэмакратыі яна можа выявіцца здольнай на прарыў у эканоміцы, а праз колькі год і ў палітыцы.
Слабасці расійскага аўтарытарызму бачныя ўжо сёння. Пуцін абгрунтоўваў свой наступ на ключавыя дэмакратычныя інстытуты неабходнасцю ўсталяваць парадак і палепшыць кіраванасць краінай пасля дзікіх 1990-х гг. Аднак сведчанняў таго, што яго новы аўтарытарызм вырашыў адвечную расейскую праблему кепскага кіравання дзяржавай, няма. Множанне службаў, накіраваных на кантроль, а не забеспячэнне публічных дабротаў і паслугаў, пры Пуціну толькі раздзьмула расійскую дзяржаву, не падвысіўшы яе эфектыўнасці. Ці ёсць падставы меркаваць, што раздзьмутая аўтарытарная дзяржава, а не сціплейшая дэмакратычная вырашыць канкрэтныя праблемы эфектыўнасці ўлады ў Расіі?
Савецкі досвед паказвае, што інстытуцыяналізацыя сапраўды дае эфект, аднак нягнуткія, недэмакратычныя інстытуты ў перспектыве не забяспечваюць стабільнасці і эфектыўнасці кіравання. У кожным разе савецкая аўтарытарная сістэма была невылечна забюракратызаваная. Партыя і камандная эканоміка стрымлівалі рэгіянальных актораў, але сістэма ляснула, бо выявілася непрыдатнай да зменаў. Яна не забяспечыла сталога эканамічнага росту і прымальнага ўзроўню жыцця сярэднестатыстычнаму расійцу і выявілася жудасным інструментам падаўлення палітычных і грамадзянскіх свабодаў. У выніку савецкая сістэма стала крохкай, скаснелай і ўразлівай на калапс знутры.
Сапраўды канкурэнтная, федэральная дэмакратыя будзе карыснейшай для Расіі, чым савецкая сістэма ці нізкаякасная дэмакратыя часоў Барыса Ельцына, калі будзе падмацаваная эфектыўнымі палітычнымі інстытутамі. Яе ядро — інстытуцыяналізаваная сістэма канкурэнтных палітычных партыяў у кантэксце сапраўды свабодных і сумленных выбараў. Пры такой сістэме дасягнуць пуцінскай мэты — пабудовы лепш кіраванай і бяспечнай дзяржавы — будзе значна прасцей, чым пры спаўзанні да аўтарытарызму. Замест таго, каб скасоўваць выбары ў рэгіёнах, Пуцін павінен адстойваць ідэю выбарнасці большай колькасці прадстаўнікоў улады на тэрыторыі ўсёй Расіі ў імя сапраўды канкурэнтнай партыйнай сістэмы. Калі яго папярэднік Барыс Ельцын намагаўся стварыць дэмакратыю без адказнасці, Уладзімір Пуцін цяпер будуе аўтарытарызм без улады. Гэтая загана дзейнай улады можа стаць прычынай падзення сённяшняга рэжыму. Калі ўпадуць цэны на нафту (што рана ці позна адбудзецца), праявяцца ўсе балячкі расійскай эканомікі. Стане відавочна, што слабы аўтарытарызм зрабіў для людзей менш, чым слабая дэмакратыя, і гэта можа стаць зваротным пунктам, ад якога Расія вернецца на шлях дэмакратызацыі.
Не чакаючы моманту, калі спадуць кошты на нафту і газ, ЗША і Еўропа могуць ужыць рычагі ўплыву на Расію, якія рана ці позна дапамогуць спыніць яе спаўзанне да аўтакратыі. Па-першае, ЗША і еўрапейскія хаўруснікі мусяць ціснуць на Пуціна, каб той пакінуў прэзідэнцкую пасаду ў 2008 г. Трэці тэрмін Пуціна значна замацуе расійскі аўтарытарызм і зробіць дэмакратычныя змены цяжэйшымі.
Па-другое, Расія мусіць зразумець, што яна не раўнапраўны сябра «вялікай восемкі». Яе прысутнасць у G8 — гэта прывілея, а не натуральнае права. Эканамічныя паказнікі і ўзровень карупцыі ў Расіі не дазваляюць ёй займаць месца ў восемцы вядучых дзяржаваў свету. Перадумовай для яе далейшага сяброўства ў G8 мусіць стаць пашырэнне дэмакратычных і грамадскіх свабодаў. У той самы час Захаду нельга губляць цікаўнасць да Расіі. Адной з найвялікшых памылак апошніх гадоў было стаўленне да Расіі як да дэмакратычнай і рынкавай краіны, якой яна відавочна не ёсць. Магчымасці знешняга ўплыву на яе бясспрэчна меншыя, чым у выпадку Грузіі, Украіны ці Сербіі, але, тым не менш, яны існуюць.
З ангельскай пераклаў Алесь Мартынаў паводле:
CDDRL Working Papers. № 60. May 2006.