A R C H E П а ч а т а к № 1-2 (64-65) - 2008
Пачатак  Цалкам Форум


1-2 — 2008

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • допісы

 


допісы

  Павал Абрамовіч

Вокладка «ARCHE» №1-2
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (12’2007)
   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Памінкі па мастацкім слове
Замежныя літаратары бываюць у нашай краіне гады ў рады, таму сустрэча зь імі — сьвята для беларускага чытача. Падзеяй у жыцьці літаратурнай Беларусі абяцала стаць і анансаваная на пачатку года ў незалежных СМІ прэзэнтацыя кнігі прозы сучаснага ўкраінскага пісьменьніка Аляксандра Ірванца, выдадзенай па-беларуску, з удзелам аўтара.

Колькі гадоў таму А. Ірванец ужо наведваў Менск, і ўражаньне, якое падчас выступу ў ПЭН-цэнтры зрабіў на мяне гэты таленавіты, энэргічны і вясёлы чалавек, які падобна свайму літаратурнаму герою, пісьменьніку Шлойму Эцірвану (раман «Роўна/Ровно»), курыў цыгарэты Gauloises, было прыемным і запамінальным. Больш з Ірванцом я не сустракаўся, хіба што толькі завочна — як з пэрсанажам аўтабіяграфічнай кнігі Юрыя Андруховіча «Таямніца», выдадзенай у 2007 г.

І вось 16 студзеня на ўправе БНФ, у невялічкім памяшканьні зь цьмянымі завэдзганымі лямпамі пад стольлю і непрыбранай пасьля сьвятаў елкаю, якая, сумна пахіліўшыся, стаяла ў куце, мусіла адбыцца чарговая сустрэча беларусаў зь пісьменьнікам. Месцы ў «прэзыдыюме» за абшарпаным сталом, упрыгожаным кнігамі А. Ірванца, занялі перакладчык ягоных твораў — пісьменьнік Уладзімер Арлоў, кнігавыдавец Зьміцер Колас і новаабраны старшыня БНФ, перакладчык Лявон Баршчэўскі. Прайшлі і селі на драўляныя крэслы ў першых шэрагах Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Павал Севярынец, Стэфан Эрыксан — кіраўнік аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Менску, заўзяты аматар беларускага слова. Журналісты сьціснулі ў руках дыктафоны і фотакамэры.

Чаканьне зацягнулася. Некаторыя з прысутных пачалі пазіраць на гадзіньнікі, кідаць позіркі на дзьверы. Ірванца ўсё яшчэ не было. І тады У. Арлоў, адчуўшы нэрвовасьць, якою набрыняла паветра, зразумеў: марудзіць больш нельга. Бязь ценю ўсьмешкі на твары ён сумна і ціха мовіў, што «ні сёньня, ні заўтра Аляксандр Ірванец ня ўвойдзе ў гэтыя дзьверы». Прызнаюся, пасьля гэтых словаў я цалкам сур’ёзна вырашыў, што А. Ірванец памёр. Але потым, зразумеўшы чорны гумар У. Арлова (ён якраз казаў пра вірус, які зваліў з ног украінскага літаратара), з палёгкаю ўздыхнуў і пасьміхнуўся. Што ж, нават бяз аўтара «Оды грыўні» і «Очамімрі» сустрэча з чытачамі мела шанец адбыцца.

Я памыліўся.

Гэтая прэзэнтацыя была ўсім, чым заўгодна, толькі не літаратурнай вечарынай, прысьвечанай выбітнаму эўрапейскаму пісьменьніку-постмадэрністу, чые творы перакладаліся на ангельскую, нямецкую, францускую, польскую, харвацкую, казаскую і іншыя мовы сьвету.

Пасьля абвесткі, зробленай У. Арловым, слова ўзяў Л. Баршчэўскі. Ён пачаў здалёк, а менавіта з канстатацыі таго, што людзі сёньня мала чытаюць, а маладыя наагул знаёмяцца з такімі шэдэўрамі, як «Война и мир», па сьціслых пераказах, што друкуюць камэрцыйныя выданьні. Потым Л. Баршчэўскі «пераскочыў» на дзейнасьць Беларускага калегіюму, абвясьціўшы, што ўстанова жыве і чакае новых студыёзусаў. Сваё досыць доўгае і цьмянае выступленьне перакладчык «Дона Карласа, інфанта Гішпанскага» і «Ўсіх нашых дзяцей з Булербю» скончыў аповедам пра ўласную дзейнасьць на пасадзе кіраўніка БНФ. Л. Баршчэўскі, у прыватнасьці, абвясьціў, што цяпер літаратурныя вечарыны на Машэрава, 8, будуць адбывацца рэгулярна. Аўдыторыя млява паапладзіравала.

Пасьля слова ўзяла таямнічая «пані Алеся» з Украіны (прысутным жанчыну не прадставілі). Зь яе эмацыйнага выступу мы даведаліся, што ў Беларусі і Ўкраіны супольная гісторыя, і таму нашыя краіны «назаўсёды разам».

«Якога д’ябла я тут сяджу?» — хацелася роспачна ўсклікнуць мне ўсьлед за Шлоймам Эцірванам, які ў часе свайго знаходжаньня ва ўсходнім Ровно, абласным цэнтры Сацыялістычнай Рэспублікі Ўкраіны (СРУ), трапіў на паседжаньне мясцовага Саюзу пісьменьнікаў.

Пасьля пані Алесі выступіць запрасілі нейкага дзядка, якога У. Арлоў назваў жаўнерам Украінскай паўстанцкай арміі. Аднак той, выйшаўшы наперад, словы гэтыя абвергнуў, сказаўшы, што ён, канечне, быў бы рады пазмагацца супраць савецкай улады ў шэрагах УПА, але не пасьпеў — занадта быў малады. Затым стары пачаў нетаропка апавядаць пра сваю маладосьць, паказваць сямейныя фатаздымкі.

Тое, што адбывалася тым студзеньскім вечарам у цэнтры беларускай сталіцы, нагадвала мне ці то культурніцкае мерапрыемства ў савецкім клюбе, ці то трагікамічны фарс, ці то главу з «Роўна/Ровно». Сьвята літаратуры не атрымалася. Яго разьела іржа палітыканства, атруціў дух безжыцьцёвасьці і нудоцтва, скавала нежаданьне абмяркоўваць зь іншымі ўласную творчасьць. На жаль, такое ўсё часьцей адбываецца на беларускіх літаратурных імпрэзах, яны ўсё больш ператвараюцца ў памінкі па мастацкім слове.

… Ня ў стане больш слухаць усё гэта, а таксама чуць сьмяшкі філёзафа А. і паэта Н., якія сядзелі за маёй сьпінаю ля сьцяны і, варочаючыся як мядзьведзі ў бярлогах, кпілі з выступоўцаў, я сышоў.

Дзякуй Богу, ніхто не імкнуўся перахапіць мяне, як небараку Эцірвана, і прымусова вярнуць на «сьвята літаратуры».

крытык, сталы аўтар «ARCHE».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 1-2 (64-65) 2008

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/06/08