Janeliūnas, Tomas. Between Russia and the EU:
Transformational Opportunities for Belarus //
Lithuanian Foreign Policy Review. № 18. 2006. P. 131—156.
Як пісаў Мак’явэлі ў прадмове да свайго «Князя», тыя з мастакоў, якія хочуць пабачыць горы, павінны спусьціцца ў даліну й наадварот. Дастасоўваючы ягоныя словы да нашых рэаліяў, каб адчыніць дзьверы нашай палітычнай кухні, трэба часам адчуць погляд на нас з боку, тым больш калі ён суседаў. У гэтым сэнсе артыкул Томаса Янэлюнаса з Інстытуту міжнародных адносінаў і паліталёгіі Віленскага ўнівэрсытэту будзіць вялікую цікавасьць сваім экспэртным ракурсам. Яго аўтар мяркуе, што зацяжны беларуска-расейскі крызіс дае шанец Эўрапейскаму Саюзу пераглядзець сваю палітыку адносна нашай краіны, бо, на ягоную думку, падыход, заснаваны выключна на санкцыях ды ізаляцыі, праваліўся. Сп. Янэлюнас прапануе выбіральнае супрацоўніцтва (selective cooperation) зь Беларусьсю ў галіне эканомікі й энэргетыкі. Толькі так Эўрапейскі Саюз зможа паменшыць нашу залежнасьць ад Расеі ды ўзмацніць беларускі сувэрэнітэт.
Неабходнасьць пераарыентацыі Беларусі
з Расеі на ЭС
У артыкуле грунтоўна разглядаецца гісторыя беларуска-расейскіх адносінаў у палітычнай і эканамічнай галінах. На думку аўтара, гэтыя адносіны дасягнулі крытычнага стану, а пераарыентацыя Беларусі на Эўрапейскі Саюз непазьбежная і лягічная. У адваротным выпадку ніхто ня дасьць гарантыі, што гульня пад назвай «саюзная дзяржава» аднойчы ня скончыцца анэксіяй Беларусі або яе ператварэньнем у незалежную бананавую рэспубліку. Такая пэрспэктыва робіць збліжэньне з ЭС ня проста выбарам паміж добрым і лепшым, а адзінай магчымасьцю захаваньня беларускага сувэрэнітэту.
Але як зрабіць такі крок, калі ён азначаў бы палітычную сьмерць Лукашэнкі й каляпс беларускай эканомікі? Гэты фактар робіць Беларусь палітычным кліентам Расеі. Пад яго ўплывам ЭС доўгі час намагаўся вырашаць беларускае пытаньне ў Маскве, а ня ў Менску. Палітычныя падзеі апошніх гадоў у Расеі прадэманстравалі ў пэўнай ступені яе «беларусізацыю», спаўзаньне ў аўтарытарызм. Толькі пасьля гэтага эўрапейскія лідэры зразумелі, што пытаньне Беларусі можна вырашыць толькі ў самой Беларусі. ЭС можа памагчы нашай краіне пазбавіцца эканамічнай залежнасьці ад Расеі. Аднак для гэтага патрэбная эканамічная лібэралізацыя.
Немагчымасьць пераменаў «зьверху» ў сучаснай Беларусі
Пераарыентацыя Беларусі з Расеі на Эўропу немагчымая ня толькі праз пазыцыю сёньняшняга беларускага палітычнага кіраўніцтва. На гэта ёсьць эканамічныя і мэнтальныя прычыны.
Структура беларускай эканомікі, якая прынцыпова не зьмянілася з савецкіх часоў і застаецца плянавай, каманднай і неканкурэнтаздольнай, абмяжоўвае неабходную для любой малой эканомікі прысутнасьць на замежных рынках. Калі зірнуць на структуру замежнага гандлю Рэспублікі Беларусі, не ўжываючы маніпуляцыйных катэгорыяў беларускага міністэрства статыстыкі й аналізу, для якога сьвет падзяляецца на СНД і астатнія краіны, выявіцца, што беларускі гандаль з ЭС мае структуру тыповай краіны трэцяга сьвету. Беларусь экспартуе ў Эўропу сыравіну й прадукты нізкай ступені апрацоўкі. Беларускія несыравінавыя «флягманы» могуць знайсьці сабе рынкі збыту адно ў Расеі, куды ідзе абсалютная большасьць іх прадукцыі. Ня маючы сучаснай эканомікі (хай нават і дзяржаўнай), Беларусі няма што прапанаваць ЭС. Таму без структурных рэформаў і незалежнага бізнэсу нават пры наяўнасьці палітычнай волі Ня маючы сучаснай эканомікі
(хай нават і дзяржаўнай), Беларусі няма што прапанаваць ЭС.Беларусь ня зможа пераарыентаваць сваю эканоміку з Расеі на іншыя рэгіёны сьвету.
Што да палітычных чыньнікаў, то любая эканамічная лібэралізацыя значыць пагрозу існаваньню рэжыму. Лукашэнка мэтанакіравана будаваў такую палітычную мадэль, якая робіць асобу безабароннай ад умяшаньня дзяржавы. Разумеючы, што грошы — гэта ўлада, беларускі рэжым не дапускае назапашваньня капіталу асобамі, не зьвязанымі зь ім кругавой парукай. Не выпадкова цяперашняя апазыцыя атрымала мянушку «грантасосаў», бо цяпер беларускі бізнэс не інвэстуе ў палітычную апазыцыю. Тым часам эканамічная лібэралізацыя дазволіць узьнікнуць у Беларусі сацыяльнай групе, якая можа кінуць выклік рэжыму.
Нарэшце, існуюць і суб’ектыўныя, мэнтальныя прычыны, зь якіх беларускі рэжым ня можа пагадзіцца на эўрапеізацыю краіны. Абсалютнай бальшыні беларускай палітычнай эліты ўласьцівае каляніяльнае мысьленьне, у тэрмінах Сяргея Дубаўца — правінцыйнасьць. Лукашэнка мэтанакіравана будаваў такую палітычную мадэль, якая робіць асобу безабароннай ад умяшаньня дзяржавы.Гэта значыць, што нашы кіраўнікі жывуць з расейскім сьветаглядам у галовах, а іх беларускасьць вызначаецца ў найлепшым выпадку БССРаўскім патрыятызмам. Беларуская эліта не валодае ня толькі беларускай — яна ня ведае замежных моў, ня ўмее паводзіць сябе на дыпляматычных прыёмах ды ўвогуле ў адносінах з Захадам.
Гэта тры асноўныя прычыны, якія не дазваляюць нават думаць пра магчымасьць пераарыентацыі сёньняшняй Беларусі на ЭС.
Хто мае быць ініцыятыўным бокам у беларуска-эўрапейскім супрацоўніцтве?
Эўропа ў адносінах да Беларусі стаіць перад дылемай супрацоўніцтва й санкцыяў, альбо ў тэрмінах самога аўтара — бізуна і перніка (carrot-and-stick). Апошнім часам Беларусь (чытай: рэжым) адчувала на сабе толькі эўрапейскі бізун (санкцыі ў выглядзе адмены прэфэрэнцыяў у гандлі). ЭС працягвае дамагацца ад афіцыйнага Менску правядзеньня збольшага палітычных рэформаў (т. зв. 12 патрабаваньняў), не разумеючы, што беларускі рэжым ніколі на іх ня пойдзе. З гэтага пункту гледжаньня палітыка Эўропы ў дачыненьні да Беларусі тупіковая.
Разумеючы, што грошы — гэта ўлада, беларускі рэжым не дапускае назапашваньня капіталу асобамі, не зьвязанымі зь ім кругавой парукай.Хоць малаверагодна, што ЭС зьменіць сваю палітыку й патрабаваньні, на думку Янэлюнаса, трэба пачынаць з абмежаванага супрацоўніцтва ў эканоміцы й энэргетыцы ў рамках эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва (European Neighbourhood Policy).
Такі прагматызм зразумелы для прадстаўніка Літвы — краіны-суседкі Беларусі. Ён характэрны таксама для Польшчы й Латвіі, якія маюць выгаду ад эканамічнага супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам. Эканамічны ж інтарэс краінаў Заходняй Эўропы, ад якіх перадусім і залежыць прыняцьце палітычных рашэньняў у ЭС, да Беларусі мінімальны. Пра нашу краіну ўзгадваюць толькі тады, калі ў эўрапейскіх трубах можа ня стаць газу. Эўрапейскія эліты сапраўды могуць заплюшчваць вочы на парушэньні правоў чалавека (яскравым прыкладам такога прагматызму была пазыцыя Францыі й Нямеччыны па хусэйнаўскім Іраку), але выкарыстоўваюць такі мэтад у Афрыцы ці Азіі. Беларусь жа, нягледзячы на ўсе адыёзныя крокі ейнага кіраўніцтва, ляжыць у Эўропе.
Пачатак прэзыдэнцтва Славеніі ў ЭС у першай палове 2008 г. будзе абазначаць факусаваньне ўвагі на балканскім рэгіёне: вырашэньне праблемы Косава і ўзьняцьце пытаньня пра сяброўства краінаў былой Югаславіі ды Альбаніі ў ЭС. Так што на бліжэйшую будучыню вялікага інтарэсу да Ўсходняй Эўропы (Беларусі, Украіны й Малдовы) з боку Брусэля чакаць не даводзіцца.
Выглядае, што аўтарава прапанова ЭС і Беларусі пачаць эканамічнае й энэргетычнае супрацоўніцтва лішне абстрактная. Транзытнае становішча Беларусі ў энэргетыцы паніжае нашу прывабнасьць у параўнаньні з краінамі-экспартэрамі энэргарэсурсаў. Далучэньне Беларусі да Энэргетычнай хартыі ня мае сэнсу, пакуль яе не падпіша й ратыфікуе Расея. Што да эканамічнага супрацоўніцтва, то структура экспарту Беларусі ў ЭС абмяркоўвалася вышэй. Эўрапейскі інвэстар наўрад ці зацікавіцца Беларусьсю, пакуль беларускія вытворцы будуць кантраляваць нацыянальны рынак за кошт пратэкцыянізму й дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў. Такім чынам, актывізацыя супрацоўніцтва — гэта проста рытарычная фармулёўка, за якой пакуль не стаіць нічога канкрэтнага.
Паводле літоўскага палітоляга, падзеі ў Беларусі могуць разьвівацца ў два спосабы. Пры першым Беларусьсю, калі краіна існавацьме ўвогуле, будзе кіраваць маскоўскі васал, хутчэй за ўсё нават больш ляяльны за Лукашэнку. Другі варыянт, які сам аўтар называе ня вельмі аптымістычным, прадугледжвае выхад Беларусі з-пад расейскага дамінаваньня й пераўтварэньне ў тыповую ўсходнеэўрапейскую краіну, да якіх ён адносіць толькі Ўкраіну ды Малдову. На думку аўтара, гэтым дзяржавам наканавана балянсаваць паміж Расеяй і ЭС. Другі сцэнар, хоць і цяжкі для рэалізацыі, больш прывабны для Эўропы, і таму яна мае яго падтрымліваць.
Аўтар падкрэсьлівае, што ў Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, сапраўдная апазыцыя рэжыму можа зьявіцца ў нетрах палітычнай адміністрацыі ды дырэктарату буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Як на мяне, пры гэтым пераацэньваецца палітычная роля й патэнцыял беларускай бюракратыі й дырэктарату. Пакуль што гэтая катэгорыя беларускага насельніцтва не давала аніводнай падставы засумнявацца ў сваёй ляяльнасьці рэжыму. Калі ўлічыць апісаную вышэй мэнтальную правінцыйнасьць ды непрыманьне нацыянальных каштоўнасьцяў, беларуская палітычная й эканамічная эліта цудоўна ўпісваецца ў фармат Лукашэнкавага кіраваньня. Гэтая эліта пакуль што шукае варыянты, каб схаваць скрадзенае й па магчымасьці пераседзець надыходзячы крызіс.
Што рабіць?
Сёньня цяжка знайсьці падставы для збліжэньня Беларусі з Эўрапейскім Саюзам, а абодва бакі не дэманструюць вялікага жаданьня ісьці на яго. З улікам таго, што прапановы Т. Янэлюнаса таксама не выглядаюць жыцьцяздольнымі, паўстае пытаньне, як знайсьці выхад зь беларускага тупіка? У артыкуле згадваюцца толькі такія захады ЭС, як падтрымка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў выгнаньні і недзяржаўных СМІ. Гэта, безумоўна, важныя тактычныя крокі, але без належнай стратэгіі яны бессэнсоўныя.
Пасьпяховая стратэгія, якую Эўропа й толькі Эўропа можа прапанаваць Беларусі, патрабуе зацікаўленасьці ў пераменах. Пакуль ЭС ня мае значных эканамічных ды палітычных інтарэсаў у Беларусі, у яго ня будзе й стратэгіі, і нам давядзецца спадзявацца на эўрапейскі альтруізм.
Стратэгія ЭС павінна даць беларусам надзею. Гэта тое, што ЭС зрабіў ў Турэччыне, даўшы гэтай краіне надзею на ўступленьне ў ЭС. Пытаньне ў тым, ці мае Эўропа палітычную волю для гэтага ў дачыненьні да Беларусі. Але эфэкт ад такой стратэгіі мог бы карэнным чынам зьмяніць беларускую рэчаіснасьць.