A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (66) - 2008 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Рашэд Чоудхуры | ||||
Рашэд Чоудхуры Барак Абама й новая амэрыканская мара
Выданьне, якое згадваецца ў артыкуле:
Obama Barack. Dreams from My Father: A Story of Race and Inheritance. New York: Three Rivers Press, 2004. Ці памятаеце вы дакладна той момант, калі ўпершыню пачулі пра Нікаля Сарказі? А як наконт Гордана Браўна? Ці, бліжэй да дому, Віктара Юшчанку? Мяркую, што ня памятаеце, хоць усе яны відныя палітыкі і кіруюць вялікімі эўрапейскімі краінамі. Я таксама ня ведаю, калі я дазнаўся пра іх першы раз. Прыйшоў момант, калі яны ўвайшлі ў міжнародную сьвядомасьць, і ўсё на гэтым. У выпадку Барака Абамы іначай. Жыхары штату Ілінойс пазнаёміліся з Абамам ужо даўно, бо ён прадстаўляў частку Чыкага ў ілінойскім сэнаце на працягу васьмі гадоў. Прыхільнікі Дэмакратычнай партыі па-за межамі Ілінойсу дазналіся пра Абаму на нацыянальным зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ў канцы ліпеня 2004 г. У сваёй прамове Абама, тады яшчэ толькі кандыдат на пасаду фэдэральнага сэнатара ад Ілінойсу, заклікаў амэрыканцаў аб’яднацца. У час, калі праходзіў зьезд, я быў у Амэрыцы, але я не зьвярнуў на яго вялікай увагі і праігнараваў прамову Абамы. Падчас дэмакратычнай выбарчай кампаніі 2003—2004 гг. найцікавейшым кандыдатам для маладых амэрыканцаў левацэнтрысцкага кірунку быў Гавард Дзін, які абяцаў сапраўдныя зьмены ў амэрыканскай палітыцы, як унутранай, так і зьнешняй. У яго кампаніі на папярэдніх выбарах было на што зьвярнуць увагу. Калі ж Дзіна выперадзіў Джон Керы (палітык настолькі істэблішмэнцкі, што яго ў кандыдаты парэкамэндавала нават супэркансэрватыўная газэта «Wall Street Journal»), сярод маладых амэрыканцаў распаўсюдзілася меркаваньне, што ад выбараў асабліва чаго чакаць ня трэба. І ад партыйнага зьезду таксама. Мае (тады яшчэ будучыя) цесьць зь цешчаю глядзелі той зьезд па тэлебачаньні цэлы дзень, бо спадзяваліся, што на ім прагучыць нешта, што прыдасьць амэрыканскім лібэралам надзею і на тое, што бушысцкай палітыцы зь яе падзелам амэрыканскага грамадзтва й вайною ў Іраку прыйдзе канец. І пасьля прамовы Абамы мой цесьць расказаў мне, што, па-першае, чалавека, які выступіў, завуць Барак Абама, і, па-другое, што ён павінен некалі стаць прэзыдэнтам ЗША. Імя Абамы мяне зьдзівіла ня менш за каго іншага, але яшчэ больш мяне ўразіла думка майго цесьця наконт прэзыдэнцкай будучыні гэтага дагэтуль невядомага палітыка. «Трэба было ўсё-ткі паглядзець гэты выступ», — падумаў я. Мой цесьць у той час ня быў адзіным, хто прадказваў Абаму круты палітычны пад’ём. Я ўпэўнены, што падобныя размовы былі ў шматлікіх амэрыканскіх дамох пасьля таго, як іх жыхары ўбачылі яго прамову. Яна пачала аграмадную хвалю, якая за апошнія месяцы накрыла ўсю Амэрыку і вялікую частку ўсяго сьвету і выклікала энтузіязм, заснаваны на надзеі, што ў амэрыканскай палітыцы магчымае штосьці новае і іншае. Што ідэал можа ператварыцца ў рэальнасьць. Вядома, гэта надзея ці нават упэўненасьць часткова грунтуецца на наіўнасьці. Але яна таксама складаецца з рашучасьці зьмяніць пануючае становішча ў ЗША. Таму многія гэтак моцна любяць Абаму, бо ён ужо сёньня бачыць Амэрыку такой, якой яны хочуць яе зрабіць. Гэта Амэрыка, дзе кожнаму ёсьць месца, дзе раса ёсьць спадчынаю тваіх продкаў, але не перашкодай тваім марам. Гэта Амэрыка, адкрытая ўсяму сьвету, якая гатовая сябе абараніць, але якая ня хоча бясконца акупаваць Ірак. Гэта Амэрыка, якая не баіцца весьці перамоваў з Кубаю, Вэнэсуэлаю ці Іранам, і якая, захоўваючы поўную падтрымку бясьпекі Ізраілю, імкнецца памагчы палестынцам дасягнуць незалежнасьці. Гэта Амэрыка, у якой кожны можа пайсьці да лекара бяз боязі збанкрутаваць. Гэта Амэрыка, дзе ніхто, хто працуе, не знаходзіцца адначасова ў галечы. Такой Амэрыкі сёньня яшчэ няма, але мільёны амэрыканцаў хочуць бачыць сваю краіну акурат такою. Хто ж ён такі, Абама, і якім чынам гэты «хударлявы хлопец са сьмешным імем»1, як ён сябе апісаў падчас свайго выступу, стаў увасабленьнем гэтай прагі да зьменаў? Чаму мае амэрыканскія сваякі ды сябры гэтак ім захопленыя, разам зь мільёнамі сваіх суайчыньнікаў? Чаму мой знаёмы прафэсар арабскай мовы з Эгіпту, ці лютэранскі пастар з Ганы, ці канадзкі ўладальнік малога бізнэсу ня менш ім захопленыя, чым амэрыканцы? І чаго можна чакаць ад яго, калі ён здолее перамагчы ня толькі на папярэдніх выбарах, але й на ўсеагульных у лістападзе? |
гісторык. Закончыў Грынэлеўскі коледж у штаце Аёва ў ЗША у спэцыяльнасьці «міжнародныя адносіны». Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Фонду Карнэгі ў Вашынгтоне. Пасьля атрымаў ступень магістра па ісламскіх дасьледаваньнях у МакГілеўскім унівэрсытэце ў Манрэалі (Канада). Цяпер працуе ў МакГіле над доктарскай дысэртацыяй аб Асманскай імпэрыі на пачатку ХХ ст. |
* * *
Барак Хусэйн Абама-малодшы нарадзіўся ў г. Ганалулу на Гавайскіх выспах у 1961 г. Яго бацькам быў Барак Хусэйн Абама-старэйшы, студэнт эканомікі з Кеніі, з народу луо, атэіст з мусульманскай сям’і. А маці была 19-гадовая Стэнлі Эн Данэм, белая амэрыканка агнастычных поглядаў, якая нарадзілася ў штаце Канзас, а ў той час жыла з бацькамі на Гаваях. Як кажа Абама, ягоны бацька быў «чорны, як смала» а маці «белая, як малако»2. Але ён сам, у сваім дзяцінстве, пра гэта асабліва не задумваўся. |
1 Гл. ca.youtube.com
|
Яму пашанцавала: ён нарадзіўся ў штаце, які першым пачаў шлях да будучага пострасавага грамадзтва, пра якое дагэтуль мараць шматлікія амэрыканцы. На Гаваях было столькі амэрыканцаў азіяцкага паходжаньня, што белым было цяжка замацаваць сваю дамінуючую ролю, якую яны мелі ў астатніх штатах. Там будучыя бацькі Абамы змаглі пажаніцца, і таму Абама ня стаў змалку аб’ектам усялякай дыскрымінацыі. У 1960 г., калі пажаніліся Абама-старэйшы й Данэм, шлюб паміж прадстаўнікамі розных расаў яшчэ афіцыйна лічыўся крымінальным злачынствам у больш як палове штатаў ЗША3. Да таго ж Эн Данэм падчас свайго дзяцінства, праведзенага ў розных штатах, навучылася ігнараваць расавыя падзелы, чым ганарыліся яе бацькі4. Паявіўшыся на сьвет, Барак Абама знайшоў цёплае месца ў сваёй амэрыканскай сям’і.
|
2 Obama Barack. Dreams from My Father: A Story of Race and Inheritance. New York: Three Rivers Press, 2004. Р. 11.
|
Шлюб Данэм з Абамам-старэйшым аказаўся недаўгавечным. Яны разьвяліся ў 1965 г., і Эн выйшла замуж за іншага іншаземца, на гэты раз інданэзійца-мусульманіна Лолу Сутору, і маладая сям’я, разам з Абамам-малодшым, зьехала ў Джакарту, дзе Абама пражыў чатыры гады. Там, паводле яго былых настаўнікаў, Абама быў зарэгістраваны ў сваіх школах (дзяржаўнай сьвецкай і прыватнай каталіцкай) як мусульманін і наведваў урокі ісламу. Зульфін Ады, інданэзійскі сябра дзяцінства Абамы, кажа, што яны раз-пораз хадзілі ў мячэт5. Цяпер, калі Абама зьяўляецца веруючым і практыкуючым хрысьціянінам, гэтая інфармацыя аб яго дзяцінстве яму ў палітычным пляне, мякка кажучы, не дапамагае. Сам ён разглядае сваё жыцьцё ў мусульманскім асяродзьдзі ў дзяцінстве як вопыт, які дазволіць яму, калі ён стане прэзыдэнтам, палепшыць зносіны ЗША з ісламскім мірам не таму, што ён падзяляе мусульманскую веру, а таму, што ён разумее мусульман гэтак, як іх не разумеюць звычайныя прадстаўнікі амэрыканскай палітычнай эліты.
Вучыўся Абама ў Джакарце на інданэзійскай мове, але яго маці зрабіла ўсё для таго, каб ён не забываўся ангельскай й паляпшаў яе. Пяць разоў на тыдзень яна будзіла сына а чацьвёртай гадзіне раніцы й вучыла яго ангельскай па тры гадзіны6. Але гэтага было недастаткова і, дбаючы аб далейшай адукацыі сына, Данэм адправіла яго да сваіх бацькоў на Гаваі. |
3 Obama. Dreams from My Father… Р. 12. 4 Ibidem. P. 20—21.
|
Калі Абаму было 10 гадоў, ён вярнуўся ў ЗША. Ён ня толькі зноў апынуўся ў амэрыканскім асяродзьдзі, але таксама, пад уплывам чарнаскурых сяброў і кніг, напісаных чорнымі інтэлектуаламі, як Уільям Дзю Бойз, перажыў унутраную эвалюцыю. Абама заўсёды быў амэрыканцам афрыканскага паходжаньня. Цяпер жа ён стаў афраамэрыканцам, які сьвядома далучаў сябе да этнічнасьці й культуры, якой раней не падзяляў.
Як першаму афраамэрыканцу ў сваёй сям’і, Абаму давялося самому знаходзіць сябе ў амэрыканскім расавым кантэксьце. Пошукі працягваліся не адзін год і задалі тон усёй далейшай кар’еры Абамы. Калі Абама распачаў сваю прэзыдэнцкую кампанію, на кароткі час у афраамэрыканскіх кругах ЗША паўстала пытаньне: а ці Абама дастаткова чорны? Тое, вядома, мова не пра колер ягонай скуры, бо колеры скуры афраамэрыканцы маюць разнастайныя, зь якіх многія (зусім ня ўсе!) — цёмныя. Афраамэрыканцы — гэта перадусім супольнасьць са сваёй культурай і сваёю гісторыяй. Таму і насунулася пытаньне наконт Абамы, бо яго продкі не прайшлі праз рабства, ніколі не жылі на поўдні ЗША, дзе паражэньне ў Грамадзянскай вайне дагэтуль выклікае ў некаторых белых жыхароў горыч і нянавісьць да чарнаскурых. Але ў адказ на гэтыя пытаньні жонка Барака, Мішэль Абама, сказала проста й каротка: «Перастаньце гаварыць абы-што»7. |
5 Watson Paul. Islam an unknown factor in Obama bid: Campaign downplays his connection during boyhood in Indonesia. Baltimore Sun. 2007. 16 March. 6 Obama. Dreams from My Father… P. 47—49.
|
І сапраўды, увесь шлях, які прайшоў Абама, ад школьніка на Гаваях да сэнатара ад штату Ілінойс у Вашынгтоне, — гэта шлях сьвядомага афраамэрыканца. Падчас вучобы ў Калюмбійскім унівэрсытэце ў Нью-Ёрку ён зразумеў, што
Я меў свабоду жыць так, як жыла большасьць чорных зь сярэдняй клясы ў Мангэтане: я меў свабоду выбраць матыў, вакол якога я мог бы арганізаваць сваё жыцьцё, свабоду стварыць каляж стыляў, сяброў, бараў, палітычных прыналежнасцяў. Аднак я адчуў, што на якім-небудзь этапе, магчыма, калі ў цябе паявяцца дзеці і ты вырашыш, што застанесься ў горадзе толькі дзеля прыватнай школы, ці калі ты пачнеш карыстацца ўначы таксі, а не мэтро, ці калі ты вырашыш, што твайму дому патрэбны швайцар, то твой выбар будзе немагчыма зьмяніць, бо падзел будзе замацаваны так, што празь мяжу нельга будзе прайсьці і ты знойдзеш сябе па той бок лініі, па якім ты ніколі не намерваўся быць8. |
7 Michelle Obama blasts ’black enough’ talk // USA Today. 2007. 12 August.
|
Інакш кажучы, з добрай адукацыяй і грашыма (рэчамі, якіх паводле сацыялягічных і эканамічных прычынаў, злучаных з расізмам, бракуе сярод афраамэрыканцаў) прыходзіць спакуса быць такімі, як усе, а гэта ў амэрыканскім кантэксьце значыць быць такімі, як белыя. Абама гэтай спакусе не паддаўся і застаўся верны свайму выбару. Нават у сёньняшняй Амэрыцы з усімі яе сацыяльнымі дасягненьнямі быць сьвядомым і грамадзка актыўным афраамэрыканцам значыць змагацца за свае правы. Для некаторых чорных гэта азначае адасабленьне ад масы амэрыканцаў, хоць такі падыход становіцца сярод большасьці чорных усё больш маргінальным. Сёньня адным зь яго галоўных выразьнікаў зьяўляецца Луіс Фарахан і ягоны рух «Нацыя ісламу», які грунтуецца на ідэалёгіі, якая ўяўляе сабою мяшанку некаторых аспэктаў ісламу з расізмам супраць белых. Адзін з былых лідэраў гэтага руху, Мэлкам Экс, падчас хаджу дзівіўся братэрству белых і чорных мусульман, якое ён пабачыў у сьвятых месцах ісламу. Вярнуўшыся ў ЗША, ён заклікаў афраамэрыканцаў да суніцкага ісламу і супраць чорнага сэпаратызму, за што быў забіты ў 1965 г. З таго часу большасьць сяброў руху адмовілася ад расізму «Нацыі ісламу». Таму, калі Фарахан нядаўна выказаў сваю падтрымку Абаму, той ад яе публічна адмовіўся. Зь іншага боку, афраамэрыканскіх лідэраў заклікаюць да барацьбы за аднолькавыя правы й магчымасьці для ўсіх амэрыканцаў у імя адзінай амэрыканскай нацыі. Гэты падыход увасаблялі баптысцкі пастар Марцін Лютэр Кінг-малодшы і вышэйзгаданы Мэлкам Экс (пад канец свайго жыцьця). Абодва за свае погляды аддалі жыцьцё і тым самым дасягнулі найвышэйшага ўзроўню папулярнасьці сярод афраамэрыканцаў. Нягледзячы на адмову ад сэпаратызму, афраамэрыканскія лідэры звычайна выступаюць супраць асыміляцыі чорных у культуру й сьветапогляд белых. Гэтая супярэчнасьць паміж жаданьнем быць роўнымі з большасьцю амэрыканцаў і нежаданьнем быць яе цемнаскураю вэрсіяй відавочная ў асабістым і палітычным жыцьці Абамы. Цэлы год у Нью-Ёрку Абама сустракаўся зь белаю дзяўчынаю, у якую закахаўся. Аднойчы яна запрасіла яго да сваіх бацькоў, чый дом належаў ім на працягу шасьці пакаленьняў. У ім былі фатаграфіі яе дзеда з «прэзыдэнтамі, дыпляматамі і прамыслоўцамі». Абама зразумеў, што, калі б яны засталіся разам, ён бы пачаў жыць у сьвеце сваёй сяброўкі, а яна ў ягоным — не. Таму ён зь ёю разьвітаўся. Перад канцом іх адносінаў яна сказала яму, што ня можа быць чорнаю, нават калі хоча, і запыталася, чаму яму недастаткова яе такой, якой яна ёсьць. З гэтага эпізоду ў Абамы засталося пачуцьцё сораму, якое часткова тлумачыць ягоную аб’яднаўчую палітыку, да якой ён потым прыйшоў9. |
8 Obama. Dreams from My Father… P. 122.
|
Пасьля сканчэньня Калюмбійскага ўнівэрсытэту й Гарвардзкай школы права (дзе яго прызначылі першым цемнаскурым рэдактарам тамтэйшага праўнага часопісу й дзе ён упершыню дасягнуў пэўнай вядомасьці) Абама працаваў арганізатарам грамадзкага жыцьця ў Чыкага. Паверыўшы ў Ісуса Хрыста, ён уступіў у Аб’яднаную царкву Хрыста імя Тройцы, пастар і большасьць прыхаджанаў якой былі афраамэрыканцамі. Паводле Мэлісы Гэрыс-Лейсвэл, прафэсара Прынстанскага ўнівэрсытэту й былой прыхаджанкі гэтай царквы, Абама далучыўся да яе, каб замацаваць сваю афраамэрыканскую ідэнтычнасьць10. Аднойчы Абама пачуў казань тамтэйшага пастара Джэрэмаі Райта на тэму «Дзёрзкасьць надзеі», і гэты выраз потым зрабіўся ключавым у лексыконе самаго Абамы.
|
9 Obama. Dreams from My Father… Р. 210—211.
|
Але ў апошнія дні Райт, які ажаніў Абаму і хрысьціў абедзьвюх ягоных дачок, праславіўся на ўсю Амэрыку за іншыя словы. У 2003 г. падчас казані Райт прамовіў:
Улады будуюць усё большыя турмы... і хочуць, каб мы сьпявалі «Божа, блаславі Амэрыку». Не, не і не. Ня «Божа, блаславі Амэрыку», а Божа, пракляні Амэрыку... за забойства невінаватых людзей.... Божа, пракляні Амэрыку за тое, што яна паводзіць сябе з нашымі грамадзянамі гэтак, нібы яны нейкія нелюдзі11. |
10 Miller Lisa. Trying Times for Trinity. Newsweek. 2008. 24 March.
|
Райт таксама дадаў, што тэрарыстычная атака на ЗША 11 верасьня 2001 г. — ня што іншае, як наступства амэрыканскай замежнай палітыкі. Ад гэтых слоў Абаму давялося адмаўляцца гэтак жа, як і ад падтрымкі Фарахана12, дарма што Фарахан — чалавек зусім іншага ад Абамы ідэалягічнага кірунку, а Райт — сябра і нават настаўнік Абамы. Але Абама ня хоча апынуцца на «тым баку, на якім не намерваўся быць», нават калі на гэты раз на ім стаіць ня белая эліта, а група афраамэрыканцаў. Сёньня ён у першую чаргу амэрыканец, які добра ведае, хто ён і адкуль. Сваю ролю ў гэтай самаўпэўненасьці адыграў ягоны шлюб зь Мішэль, карэннаю жыхаркаю Чыкага зь вялікай афраамэрыканскай сям’і, да якой цяпер належыць і Абама, а таксама наладжваньне Абамам цёплых сувязяў са сваёю кенійскаю сястрою Аўмаю, а таксама неаднаразовыя вандроўкі ў Кенію, дзе Абама пазнаёміўся са шматлікімі сваякамі, наведаў магілы бацькі ды дзеда, постацяў, якія раней амаль адсутнічалі ў ягоным жыцьці. |
11 Kristol William. Generation Obama? Perhaps Not // New York Times. 2008. 17 March.
|
Даведаўшыся нарэшце, хто ён такі, і сфармаваўшы тым самым сваю даволі складаную ідэнтычнасьць, Абама пачаў заклікаць амэрыканцаў да аб’яднаньня. Падчас сваёй прамовы на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ў 2004 г. Абама прадставіў сваё разуменьне сваёй краіны. Пад акампанэмэнт авацый ён заявіў:
Няма лібэральнай Амэрыкі й кансэрватыўнай Амэрыкі. Ёсьць Злучаныя Штаты Амэрыкі. Няма белай Амэрыкі й чорнай Амэрыкі, Амэрыкі лацінаамэрыканцаў і Амэрыкі азіятаў. Ёсьць Злучаныя Штаты Амэрыкі13. |
12 Obama Barack. On My Faith and My Church. Huffington Post. 2008. 14 March.
|
Ён таксама нагадаў удзельнікам зьезду й тэлегледачам, што ў штатах, дзе папулярныя дэмакраты, людзі таксама моляцца «магутнаму Богу», а ў штатах, дзе папулярныя рэспубліканцы, таксама ёсьць «сябры-геі». Іншымі словамі, ён заклікаў амэрыканцаў пазбавіцца стэрэатыпаў, якія падзяляюць іх адзін ад аднаго. Паводле Абамы, «мы — адзін народ». Менавіта гэта прагнула пачуць амэрыканская публіка, асабліва лібэральная. І гэтыя словы ў адзін момант зрабілі з Абамы адну зь вядучых палітычных постацяў краіны. Нядаўна дарадца кампаніі Гілары Клінтан, Джаралдын Фэрара, якая балятавалася на пасаду віцэ-прэзыдэнта ў 1984 г., выказала меркаваньне, што калі б Абама быў белым мужчынам ці жанчынаю любой расы, ён бы не дасягнуў сваёй цяперашняй пазыцыі14. Пасьля гэтага ёй давялося пакінуць кампанію Клінтан, бо ў сёньняшняй Амэрыцы такія выказваньні ад аўтарытэтнай асобы лічацца недапушчальнымі. У гэтых словах, аднак, ёсьць доля праўды. На грамадзкую дзейнасьць Абаму натхніла ягоная самаідэнтыфікацыя як афраамэрыканца. На палітычную дзейнасьць яго часткова натхнілі ідэі ягонага чорнага пастара ў афраамэрыканскай царкве. Але ці можна зьвесьці ўсю асобу Абамы да яго расы? Вядома, што не. Як кажа сам Абама, |
13 Гл. на ca.youtube.com
|
праўда, што мая ідэнтычнасьць пачалася з расы, але яна на ёй ня скончылася й не магла скончыцца. У любым выпадку, гэта тое, ува што я вырашыў верыць15.
Абама стаў увасабленьнем надзеі мільёнаў амэрыканцаў, бо ён бачыць ня проста Амэрыку, дзе ўсе роўныя, якой бачаць яе будучыню многія чорныя лідэры, але таксама Амэрыку, у якой усе амэрыканцы аб’яднаныя. І паважаюць яны ягоную пазыцыю часткова таму, што ён не зьяўляецца прадстаўніком белай эліты, ад каго такія словы б рызыкавалі гучаць фальшыва. А калі Абама кажа, што
Калі на Паўднёвым боку Чыкага ёсьць дзіця, якое ня ўмее чытаць, гэта мяне кранае, нават калі дзіця не маё. Калі дзесьці ёсьць чалавек сталага ўзросту, які ня можа заплаціць за лекі, якія яму выпісалі й які павінны выбіраць паміж лекамі й платаю за кватэру, ад таго я раблюся бяднейшым, нават калі гэта ня мой дзед ці баба. Калі ёсьць арабска-амэрыканская сям’я, якую арыштоўваюць бяз доступу да адваката й без належнага працэсу, гэта пагражае маім грамадзкім свабодам16 — |
14 Silva Mark. Geraldine Ferraro: ’If Obama was a white man’. Swamp. 2008. 11 March. 15 Obama. Dreams from My Father… P. 111.
|
то яму вераць. І хочуць бачыць сваім прэзыдэнтам чалавека, якому неабыякавыя пакуты розных маргіналізаваных групаў у такой моцнай ды заможнай краіне, як ЗША. На папярэдніх выбарах, праведзеных дэмакратамі для амэрыканцаў, якія жывуць за мяжою, Абама атрымаў 66 % галасоў17. На тэрыторыі ЗША на сёньняшні дзень Абама выйграў папярэднія выбары ў 30 штатах і рэгіёнах18. Ёсьць вялікая верагоднасьць, што ён стане наступным прэзыдэнтам ЗША. Ад Абамы чакаюць таго, што ня могуць абяцаць іншыя чорныя лідэры накшталт дэмакрата Джэсі Джэксана, бо для іх раса застаецца ў пэўнай меры лініяй падзелу. І таксама ад яго чакаюць такога аб’яднаньня грамадзтва, якога краіна ня бачыла за ўвесь час панаваньня ў ёй белых англасаксонскіх пратэстантаў (г. зв. WASP-аў), нягледзячы на вялікі сацыяльны прагрэс. Абама не пакідае абыякавымі людзей, якія раней у амэрыканскай палітыцы ня бачылі нічога, што магло іх натхніць. Тысячы маладых людзей, якія раней ставіліся да палітыкі даволі цынічна, удзельнічаюць у гэтых выбарах і збольшага аддаюць свае галасы Абаму. Таксама за яго галасуюць старэйшыя людзі, якія раней галасавалі супраць усіх. Ёсьць сярод яго прыхільнікаў і тыя, хто параўноўвае Абаму з амэрыканскімі героямі накшталт Джона Кэнэдзі. Сярод тых ёсьць прадстаўнікі самой сям’і Кэнэдзі19. Чаму? Галоўная прычына ў тым, што, як сказаў аднаму амэрыканцу емэнскі цырульнік, калі абяруць Абаму, гэта пакажа, што «гісторыя Амэрыкі ўсё-ткі не хлусьня»20. |
16 Гл. на ca.youtube.com 17 Wayne Leslie. Forget Iowa. How About That Antarctica Vote? // New York Times. 2008. 16 March. 18 Гл. на barackobama.com
|
Барак Абама сьцьвярджае, што Амэрыка дастаткова вялікая, каб у ёй знайшлося месца для мараў усіх, чый лёс зьвязаны зь ёю21. Разам зь ім такою хочуць бачыць сваю краіну мільёны амэрыканцаў. Яны хочуць бачыць Амэрыку пострасаваю, дзе, як марыў Марцін Лютэр Кінг, людзей будуць судзіць «не па колеры іх скуры, а па зьмесьце іх асобаў». Яны мараць аб краіне, якую зноў будуць паважаць, а не баяцца ці бэсьціць іншаземцы, ад эўрапейцаў да афрыканцаў і азіятаў. Яны хочуць удзельнічаць у будаваньні і ўмацаваньні такой Амэрыкі, і вераць, што Абама паможа гэта зрабіць.
Мабыць, галоўнае пытаньне ў тым, ці здолее Абама зьдзейсьніць тыя зьмены, якія абяцае. Для гэтага ёсьць шмат падстаў. Перш-наперш, яго могуць не абраць, і на прэзыдэнцкай пасадзе можа апынуцца значна больш кансэрватыўная Клінтан альбо рэспубліканец Джон МакКейн. Верагодна, што і Клінтан, і МакКейн, калі нехта зь іх стане прэзыдэнтам, унясе пэўныя карэктывы ў амэрыканскую палітыку, але ісьці так далёка, як Абама, ніводзін зь іх не гатовы. Па-другое, Абаму могуць забіць, і гэта жахлівая магчымасьць абмяркоўваецца шматлікімі прыхільнікамі Абамы, якія баяцца, што зь ім можа здарыцца тое, што здарылася з Кінгам, Эксам і Кэнэдзі22. Па-трэцяе, і больш верагодна, Абама можа апынуцца ў стане Джымі Картэра, які ня змог зьдзейсьніць большасьці сваіх плянаў, пакуль быў прэзыдэнтам, бо ня меў падтрымкі Кангрэсу. |
19 Kennedy backs Obama ’for change’ // BBC News. 2008. 28 January. 20 Sullivan Andrew. The View from Yemen // The Daily Dish. 2008. 10 February. 21 Obama Barack. The Audacity of Hope: Thoughts on Reclaiming the American Dream. New York: Crown Publishers, 2006. P. 268—269.
|
Аднак магчыма, што Абама ўнясе істотныя зьмяненьні ў амэрыканскае палітычнае поле. Дакладней, іх ён ужо ўнёс. Бо цяпер немагчыма гаварыць пра амэрыканскую палітыку (ці нават аб ЗША ўвогуле), не згадваючы пры тым той мары, якую ўвасабляе «хударлявы хлопец са сьмешным імем» Барак Хусэйн Абама.
|
22 Interviewer Raises Question of Possible Obama Assassination — With Ted Kennedy // Editor & Publisher. 2008. 29 January. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (64-65) 2008 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |