A R C H E П а ч а т а к № 3 (66) - 2008
Пачатак  Цалкам Форум


3 — 2008

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • палеміка • гісторыя • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  Гедымінас Ланкаўскас

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1-2’2008)

   ARCHE (12’2007)
   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Мірашнічэнка
Паўтарэньне шляху інструмэнтальнага розуму

Baltic Postcolonialism / Violeta Kelertas (ed.). On the Boundary of Two Worlds: Identity, Freedom, and Moral Imagination in the Baltics.
Vol. 6. Amsterdam and New York: Rodopi, 2006. - 464 p.

Зборнік з дваццаці артыкулаў пад рэдакцыяй Віялеты Келертас становіць сабой наватарскую спробу погляду на краіны Балтыі праз прызму тэорыі посткаланіялізму. У сённяшніх навуковых дэбатах наконт посткаланіялізму кідаецца ў вочы нежаданне разглядаць краіны былога сацыялістычнага блоку ў якасці калоніяў расійска-савецкай імперыі. У значнай ступені гэта звязана з устойлівым уяўленнем, што каланіялізм і яго наступствы можна карэктна разглядаць толькі ў сувязі з імперскай экспансіяй Заходняй Еўропы ў Афрыку, Азію і абедзве Амерыкі. Прынята меркаваць, што каланіялізм цягне за сабой сутыкненне паміж групамі людзей з радыкальна рознымі «расамі», культурамі, гісторыямі і геаграфіямі. Акрамя таго, каланіяльная актыўнасць звязваецца з ідэяй «цывілізавання» мясцовага насельніцтва, якое ўспрымаецца як неасвечанае, прымітыўнае і інфантыльнае. У гэтай сувязі можна згадаць марксісцка-ленінскую ідэалогію, паводле якой сацыялізм і каланіялізм — узаемавыключальныя з’явы. Калі трымацца гэтай аргументацыі, то казаць пра Маскву як пра каланізатара Усходняй Еўропы не мае асаблівага сэнсу.

Гэтая амбітная кніга аспрэчвае такое вузкае разуменне каланіялізму і прапануе замест яго больш глабальны і інклюзіўны падыход (тут, у прыватнасці, трэба згадаць канцэптуальныя артыкулы Віялеты Келертас і Дэвіда Чыёні Мура (David Chioni Moore)). Яна не толькі даводзіць адэкватнасць посткаланіяльнай парадыгмы да вывучэння краінаў Балтыі і ўсёй Усходняй Еўропы, але й даследуе, як рэалізавалася, укаранялася і ўспрымалася каланіяльнае панаванне ў Эстоніі, Латвіі і Літве пры рознай гістарычнай кан’юнктуры. Хоць у часавы фокус зборніка трапіла сацыялістычная эпоха і падзеі пасля яе, у ім таксама згадваецца нацысцкая акупацыя, расійскі царызм, праўленне нямецкіх феадалаў і нават сярэднявечныя нашэсці тэўтонскіх рыцараў, што разглядаюцца як першыя сутыкненні прыбалтаў з каланіялізмам. Некаторыя аўтары робяць інтрыгоўную прапанову разглядаць прыбалтыйскія народы не толькі як аб’ект бясконцай каланіяльнай экспансіі, але й як каланізатараў з экспансіянісцкімі памкненнямі (гл. артыкулы Карла Іргенса (Karl Jirgens) датычна Вялікага Княства Літоўскага, 1253—1795, і Карліса Рачэўскіса (Karlis Račevskis) пра Курляндскае княства ў XVII ст.).

У кнізе, складзенай з артыкулаў літаратуразнаўцаў, лінгвістаў, філосафаў і тэарэтыкаў культуры, цэнтральнае месца займае мова. Белетрыстыка, аўтабіяграфіі, мемуарыстыка і іншыя «біяграфічныя» жанры паўстаюць асноўнымі крыніцамі інфармацыі пра каланіялізм і яго наступствы. Паводле Іргенса, «мова заўсёды была і застаецца галоўным інструментам каланіяльнага прыгнёту і супраціву каланіялізму». У тым самым духу Томас Салумец (Thomas Salumets) сцвярджае: «Мова (…) займае цэнтральнае месца ў любой дыскусіі пра каланіялізм». Бясспрэчна, дыскурс і каланіяльнае панаванне непарыўна звязаныя. Тым не менш, нельга забывацца, што каланіялізм складаецца не толькі з мовы і што сацыяльныя актары часцяком выкарыстоўваюць іншыя рэсурсы, каб супрацьстаяць яму, пераадольваць або, наадварот, прасоўваць яго. Як антраполаг культуры я лічу, што неабходна разглядаць і недыскурсіўныя вымеры каланіялізму, калі мы хочам зразумець, як ён перадаецца або аспрэчваецца праз візуальную прастору, цела, рытуалы, паводзіны і розныя аспекты сацыяльнай прасторы і часу. Каланіялізм праўляецца не толькі ў вымаўленым ці напісаным, але ў сферы ўчынкаў і паводзінаў. Гэтыя практыкі таксама могуць сказаць багата новага пра тое, якім чынам людзі пазіцыянуюць сябе ў адносінах да імперскага дамінавання як мужчыны і жанчыны, а таксама як нацыянальныя, этнічныя, гістарычныя і маральныя суб’екты.

Цягам двух апошніх дзесяцігоддзяў антраполагі нястомна крытыкавалі сацыялагізатарскія і рэдукцыянісцкія эпістэмалогіі даследавання культуры, якія атрымалі шырокі распаўсюд. Натхнёныя паваротам да постмадэрну пачатку 1980-х гг, шматлікія даследчыкі сцвярджалі, што культура — гэта не нязменны і «трывалы» аб’ект, надзелены нейкай натуральнай ці нязменнай сутнасцю або асновай. Гэта хутчэй бясконцы працэс пастаяннага руху. Тым больш дзіўна было чытаць у шэрагу артыкулаў гэтага зборніка пра «адзіную псіхіку (менталітэт, святапогляд ці свядомасць) прыбалтыйскіх народаў», «новае эстонскае пытанне», «квінтэсенцыю літоўскай культуры» і гэтак далей. Ці гэтыя «рэчы» насамрэч існуюць, ці яны ўсяго толькі інтэлектуальныя наватворы, за якімі крыецца складанасць, непрадвызначанасць (indeterminacy) і пастаянная хаатычнасць сацыяльнага жыцця і яго шматлікіх дзейных асобаў? Выкарыстанне такога роду эсенцыялісцкіх і таталісцкіх канцэпцыяў шэрагам аўтараў асабліва незразумелае з улікам іранічнага постмадэрнісцкага тону зборніка.

Кніга поўная папулярных наватвораў, пазычаных з тэорыі посткаланіяльнага дыскурсу, накшталт «мімікрыі», «гібрыднасці», «прыгнечанасці» («subalternity») ці «au-delа» (тагабочны свет). Некаторыя аўтары, аднак, выказваюць сумневы наконт аналітычнай каштоўнасці і адэкватнасці гэтых катэгорыяў для прыбалтыйскага кантэксту. Ці мімікрыя ў Індыі за часам брытанскага панавання падобная да мімікрыі вязняў сталінскіх гулагаў пасля Другой усясветнай вайны? Кніга выйграла б ад больш крытычнага стаўлення да тэорыі посткаланіялізму і яе часта цытаваных прадстаўнікоў, такіх, як Гомі Баба (Homi Bhabha), Гаятры Співак, Арун Мукхерджы (Arun Mukherjee) і Біл Эшкрафт. Магчыма, лацінаамерыканскія даследнікі маглі б служыць прыкладам больш крытычнага і рэфлексійнага падыходу. Яны наагул скептычна або часам цалкам адмоўна ставяцца да англасаксонскай тэорыі посткаланіялізму і намагаюцца распрацоўваць свае ўласныя аналітычныя інструменты (замест наследавання мімікрыі), спрабуючы лепей зразумець спадчыну іспанскай і партугальскай імперскіх гегемоніяў на іх кантыненце.

Акрамя таго, кнізе нестае больш нюансаванага падыходу да азначэння «посткаланіяльны», якое часцяком атаесамляецца з тым, што наступае пасля каланіялізму. Прэфікс «пост-» не азначае поўнага разрыву або відавочнага развітання з ранейшым грамадскім парадкам (параўн. «постсацыялізм»). Іншымі словамі, «посткаланіялізм» не значыць, што імперскае мінулае больш не з’яўляецца часткай сучаснасці. Як сведчыць гістарычны досвед гэтак званых краінаў трэцяга свету, каланіялізм набывае новыя формы, то бок «пост-» становіцца сінонімам «неа-». Падаецца, гэта таксама справядліва і для краінаў «другога свету». (Падкрэслю, што ідэя каланіялізму як здольнай да самаабнаўлення ідэалогіі прысутнічае ў артыкулах Келертас, Салумеца, Рачэўскіса і шэрагу іншых аўтараў.)

Даследуючы неакаланіялізм у сённяшніх краінах Балтыі, пільнай увагі заслугоўвае не толькі пуцінская Расія, але й Еўрапейскі Саюз, які працягвае расшырацца. Ці не ўласцівы гэтаму магутнаму і схільнаму да экспансіі геапалітычнаму альянсу шэраг тыповых характарыстык імперыі? У Еўрасаюзе мы маем метраполію, перыферыю і легітымізацыйную ідэалогію, інспіраваную мадэрнісцкімі візіямі сацыяльна-эканамічнага «прагрэсу». Гучыць багата арыенталісцкай рыторыкі пра «ацывілізоўванне», адрасаванай для новых супольнікаў ЕС і дзяржаў на яго ўсходніх і паўднёвых межах, што таксама прагнуць стаць яго супольнікамі. Сцяг ЕС — кола з жоўтых зорак на блакітным фоне — сімвалізуе роўнасць і братэрскую еднасць (згадайце дзяржаўныя сімвалы СССР), але за імі крыюцца ўстойлівыя іерархіі і асіметрыя розных галін улады. Відавочна, што гэта далёка не ўсё, што можна сказаць пра Еўрапейскі Саюз. Ён чакае скрупулёзнага навуковага даследавання.

Наша апошняя крытычная заўвага тычыцца структуры кнігі. Групаванне артыкулаў паводле тэматычных раздзелаў дадало б ёй цэльнасці; дадатак у выглядзе паказніка ключавых тэмаў, паняткаў і імёнаў зрабіў бы гэты немаленькі том больш чытэльным.

Нягледзячы на згаданыя недахопы, у «Посткаланіялізму ў краінах Балтыі» вельмі шмат вартасцяў. У дадатак да інавацыйных падыходаў, гэтая наватарская кніга падказвае шэраг перспектыўных напрамкаў для далейшых даследаванняў. Яна павінна стаць абавязковай чытанкай для даследчыкаў у сферы гуманітарных і сацыяльных навук, а таксама тых, хто цікавіцца посткаланіялізмам ва Усходняй Еўропе і яго больш глабальнымі праявамі.

З ангельскай пераклаў Алесь Мартынаў паводле: Journal of Baltic Studies. Vol. 38. No. 2. June 2007. P. 263—265.

сацыёляг, прафэсар антрапалёгіі ўнівэрсытэту Рыджайна (University of Regina) (Саскачэван, Канада). Ступень доктара філязофіі здабыў у Таронцкім унівэрсытэце. У сфэру яго навуковых інтарэсаў уваходзіць вывучэньне соцыя­эканамічных і культурных трансфар­мацыяў ува Ўсходняй Эўропе ў працэсе яе адаптацыі да заходняй мадэрнасьці і спадарожных працэсаў глябалізацыі.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 1-2 (64-65) 2008

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/07/19