A R C H E П а ч а т а к № 3 (66) - 2008
Пачатак  Цалкам Форум


3 — 2008

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • палеміка • гісторыя • рэцэнзіі

 


крытыка

  Уладзімер Мацкевіч

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1-2’2008)

   ARCHE (12’2007)
   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Уладзімер Мацкевіч
Рэформа адукацыі: апаратная гульня і прафанацыя ведаў
Артыкул, які абмяркоўваецца ў гэтай публікацыі:

Рубинов, Анатолий. Педагогический зуд реформаторства // Советская Белоруссия. 2008.6 сакавіка.

Цікавы сам факт вынясеньня крытыкі дзяржаўнай праграмы ў публічную прастору. Звычайная практыка, калі ўсе важныя пытаньні разьвязваюцца кулюарна, ціха, а шырокая публіка даведваецца пра праблемы толькі пасьля таго, як усё вырашана. Так было з усімі рэформамі адукацыі ў нашай краіне, яшчэ з таго часу, калі краіна была ўсяго толькі правінцыяй вялікай імпэрыі, ці часткай вялікай фэдэрацыі, калі слова «імпэрыя» камусь рэжа вока. Рэформа адукацыі ў СССР пачалася ў 1983 г., праводзілася рыўкамі, нэрвова і непасьлядоўна. У 1991 г. новыя незалежныя дзяржавы ўспадкавалі ўжо напаўмёртвую сыстэму адукацыі ад СССР, але агонія адукацыі пачалася ўжо пасьля 1991 г., таму такім жывучым аказаўся міт, што «савецкая адукацыя была найлепшай у сьвеце». Не была яна такой ніколі. Але, каб гэта разумець, трэба ведаць і памятаць. А гэта, часам, так цяжка. Вось, напрыклад, акадэмік Рубінаў ня памятае. Бо іначай як патлумачыць лічбу 14? Столькі гадоў, на думку акадэміка, «нашае грамадзтва рухаецца новым гістарычным шляхам», то бок з 1994 г. Што гэта за год — зразумела. Але незразумела, куды падзець тры гады з 1991 па 1994? Давядзецца нагадаць.

Да 1991 г. усе рашэньні ў сыстэме адукацыі (як і ў іншых сыстэмах дзейнасьці) прымаліся ў Маскве. У Маскве былі сканцэнтраваныя цэнтральныя органы кіраваньня, а ў Менску (як і ў іншых сталіцах будучых незалежных дзяржаваў) — толькі выканаўчыя органы. То бок Міністэрства адукацыі БССР было арганізаванае такім чынам, каб выконваць маскоўскія рашэньні і ўказаньні, а ня думаць самастойна. Ды і як міністэрства адукацыі ў Менску магло б думаць самастойна, калі ў яго не было дасьледчых інстытутаў, якія маглі б даваць інфармацыю пра тое, што адбываецца. Усе дасьледчыя цэнтры таксама былі сканцэнтраваныя ў Маскве, а ў Менску былі толькі іх філіі ці выканаўчыя падразьдзяленьні. Усе мэтадычныя цэнтры, якія распрацоўвалі навучальныя праграмы, зьмест адукацыі, мэтады і падручнікі, таксама былі ў Маскве, а ў Менску, і ў іншых сталіцах рэспублік, толькі іх падразьдзяленьні, чыёй задачай была адаптацыя маскоўскіх напрацовак і прадуктаў да мясцовых умоваў і, пры неабходнасьці, пераклад падручнікаў і мэтодык на мясцовыя мовы з мовы «міжнацыянальных зносінаў». А ў Беларусі нават гэтай задачы не стаяла, усё і так было даступна на «агульназразумелай мове». Такім чынам, калі пасьля прыняцьця дэклярацыі пра сувэрэнітэт Беларусі сапраўды давялося вызначацца з «новым гістарычным шляхам», у краіне для гэтага трэба было шмат чаго ствараць наноў. Выканаўчыя структуры мусілі рабіцца кіраўнічымі, самі выпрацоўваць і прымаць рашэньні.

Можна сказаць мэтафарычна так: пасьля развалу СССР галава імпэрыі засталася ў Маскве пры расейскім тулаве, а новым незалежным дзяржавам дасталіся толькі рукі, ногі ды хвасты. Рукі, ногі ды хвасты самі сабой кіраваць ня ўмеюць. Гэта як яшчарка, якая ў небясьпецы адкідае свой хвост і ўцякае, разьдзяліўшыся на дзьве часткі. Пэўны час хвост яшчэ варушыцца, нібыта жыве сам па сабе. Уцеклая яшчарка з галавой потым адросьціць сабе новы хвост, але ніводзін хвост ня здольны адгадаваць сабе новай галавы. Прыкладна ў такім становішчы апынуліся новыя незалежныя дзяржавы ў 1991 г. У Маскве тады злараднічалі, што так доўга ня будзе, што ўсе былыя «рэспублікі», рана ці позна, вернуцца ва ўлоньне імпэрыі. Прычым ня толькі па газ і нафту, але і па веды, па розум і дырэктывы. Аднак Масква тады не ацаніла энэргіі свабоды і незалежнасьці. Малыя народы аказаліся здольныя на цуды. На хвалі энтузіязму, натхнёныя свабодай народы сабраліся і пачалі ствараць у сябе тое, чаго раньш не было, — урады, якія бяруць на сябе ўсю паўнату адказнасьці за нацыі, інстытуты, якія забясьпечваюць гэтыя ўрады патрэбнымі ведамі, інфармацыяй, праектамі, праграмамі і ўсім неабходным для сувэрэннай дзяржавы.

Так было і ў Беларусі, у беларускай сыстэме адукацыі. Міністэрства адукацыі праходзіла паскораную беларусізацыю. Беларусізацыя палягала ня толькі ўва ўспамінаньні напаўзабытай беларускай мовы, у паскоранай падрыхтоўцы беларускамоўнага справаводзтва і новых падручнікаў. Галоўны аспэкт беларусізацыі міністэрстваў і ўраду ў цэлым палягаў у тым, каб з рэгіянальнага правінцыйнага органу кіраваньня імпэрыяй ператварыцца ў нацыянальны, дзяржаўны ўрад. Ад падпарадкаваньня вышэйшым органам перайсьці да сувэрэннага кіраваньня. Такая трансфармацыя вымагае багата часу, некалькі гадоў — можа, пяць, можа, болей. Досьвед суседніх краінаў паказвае, што на гэта ідзе каля дзесяці гадоў. У Беларусі такі працэс трансфармацыі ішоў вельмі шпарка, прынамсі ў сыстэме адукацыі. Апроч рэарганізацыі самога Міністэрства адукацыі, працэс закрануў і парлямэнт, то бок Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня, які застаўся па СССР, але паспрабаваў стаць парлямэнтам сувэрэннай дзяржавы. Камісію ў справах адукацыі ў гэтым парлямэнце ўзначальвалі Ніл Гілевіч і Алег Трусаў. Ні першы, ні другі не былі прафэсіяналамі ў гэтай сфэры, ім даводзілася ўсё засвойваць у працэсе. Яны нават не былі прафэсійнымі палітыкамі. А хто тады быў прафэсіяналам у дзяржаўным кіраваньні? Ніхто. Успомнім яшчарку без галавы. Калі недзе і маглі быць прафэсіяналы, дык у Маскве. Але яны не зьбіраліся нічым дапамагаць беларусам ці камусь яшчэ. Дый ніхто не зьвярнуўся б да іх па дапамогу. Чаго варты іх «прафэсіяналізм», яны паказалі ўсяму сьвету — «такую краіну развалілі» — сталі казаць пра тых «прафэсіяналаў», хто з гумарам, хто з горыччу. Але гэты гістарычны факт можа разглядацца і як ацэнка ўсёй савецкай адукацыі. Ну не магла быць савецкая адукацыя добрай, калі яе выпускнікі ня ўмелі кіраваць краінай.

У 1991 г. усім давялося засвойваць дзейнасьць, якой раней не займаліся, ці выходзіць на такі ўзровень дзейнасьці, пра які раней і марыць не маглі. Навуковыя работнікі, якія раней кіравалі толькі дыплёмнымі працамі некалькіх студэнтаў і асьпірантаў, вучыліся кіраваць краінай і дзяржавай. Трэба аддаць належнае тым навуковым работнікам, яны багата пасьпелі. На базе некалькіх філіяў маскоўскіх НДІ ў беларускай сыстэме адукацыі былі створаныя Нацыянальны інстытут адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафэсійнай адукацыі і Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы. Вядома ж, сама назва двух апошніх паказвае, што іх стваральнікі былі яшчэ далёкія ад паўнавартаснага нацыянальнага самавызначэньня, але яны стараліся. Быў арганізаваны Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спэцыялістаў сыстэмы адукацыі (цяпер Акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі), у якім павінны былі рыхтавацца новыя кіраўнічыя кадры. А пакуль тыя кадры рыхтаваліся, у лідэрах апынуліся тыя, хто штосьці мог ды ўмеў. У Горадні знайшоўся Міхаіл Гусакоўскі, ён ачоліў часовы калектыў распрацоўшчыкаў, які падрыхтаваў першую канцэпцыю рэфармаваньня нацыянальнай школы. Рэй пачынаў весьці Аляксандар Пархоменка, які ініцыяваў стварэньне Нацыянальнага інстытуту адукацыі, агульнанацыянальнага часопіса «Адукацыя і выхаванне» і які ачоліў працу над шэрагам найважнейшых дакумэнтаў трансфармацыі беларускай адукацыі з правінцыйнай у нацыянальную. Можна было б назваць цэлы шэраг ініцыятыўных групаў сярод навукоўцаў і пэдагогаў, якія, не чакаючы дырэктываў зьверху, рабілі тое, што маглі і ўмелі для захаваньня і разьвіцьця сыстэмы адукацыі ў краіне. За тры гады было зроблена вельмі шмат. Цяпер нават цяжка гэта ўсё ацаніць.

Але тут прыйшоў той самы год, зь якога для спадара Рубінава пачынаецца новая беларуская гісторыя. І ўсё было спынена. Можа, не да канца, яшчэ некалькі гадоў даваў аб сабе знаць энтузіязм нацыянальнага адраджэньня. Калі нешта не патрапілі зрабіць у рамках дзяржаўных інстытутаў, рабілі тое ў грамадзкім і прыватных сэктарах. Нешта рэалізоўвалася ў праграмах Фонда Сораса, які фінансаваў нават і дзяржаўныя праграмы, нешта рабілася ў прыватных школах і ВНУ, якія пасьпелі паўстаць за тры першыя гады незалежнасьці.

Але ўсё ж, пачынаючы з 1994 г., краінай сталі кіраваць людзі несамастойныя, часам баязьлівыя, часам проста без усьведамленьня, што і навошта яны робяць, часам тыя, хто рэалізоўваў свае прымітыўныя эгаістычныя памкненьні. Новы міністар адукацыі Васіль Стражаў у 1994—1996 гг. яшчэ спрабаваў нешта добрае зрабіць з адукацыяй. Але неўзабаве ён цалкам пагрузіўся ў апаратныя гульні. Яго ўжо хвалявала не сама рэформа адукацыі, а тое, каму выпадуць ляўры за посьпехі рэформы ці кухталі за яе правал. І ён рабіў усё, каб здабываць ляўры, сьпіхваючы на іншых усё, за што могуць крытыкаваць. Да моманту дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 1996 г. былі згорнутыя ўсе інавацыйныя і рэфарматарскія мерапрыемствы, спрафанаваная праца над новым законам «Аб адукацыі» і над праектам і праграмай рэформы. Адукацыя зрабілася арэнай палітычнай барацьбы. Першы канфлікт усчаўся паміж Васілём Стражавым і ягоным намесьнікам Аляксандрам Казуліным. Ратуючы Казуліна ад гневу Стражава, Лукашэнка прызначае яго рэктарам галоўнай ВНУ краіны, а ў якасьці платы за паратунак патрабуе поўную дэпалітызацыю БДУ.

Потым былі іншыя баі і канфлікты, але ўсе яны былі дробнымі міжасабовымі разборкамі. Усе людзі, якіх сапраўды хвалявала адукацыя — то бок будучыня нашай краіны, былі выцесьненыя з сыстэмы адукацыі ці то ў прыватны недзяржаўны сэктар, ці то ў эміграцыю, ці то ў маргіналы. Прафэсійная кампэтэнтнасьць работнікаў міністэрства адукацыі і навуковых інстытутаў, пералічаных вышэй, зьніжалася на вачах. Пачалася прафэсійная дэградацыя. З ранейшых лідэраў рэформы адукацыі ўстрымалі пазыцыі літаральна некалькі чалавек: акурат тыя, хто адмовіўся ад рэфарматарства. Адзін з такіх людзей — цяперашні рэктар БДУ. Калі прасачыць зьмену міністраў адукацыі Беларусі, пачынаючы ад апошняга міністра адукацыі БССР Дземчука, да цяперашняга Радзькова, дык гэта гісторыя прафэсійнага згаленьня. Дзямчук быў вельмі неблагім спэцыялістам у адукацыі і ў кіраваньні на фоне Гайсёнка і Стражава, якія дасягнулі посьпехаў толькі ў апаратных гульнях. Брыгадзін, які зьмяніў Стражава, быў зусім выпадковым чалавекам на гэтай пасадзе. Ён і нядоўга на ёй пратрываў, бо яму выпала адказваць за глупствы і галавацяпства папярэдніх «рэформ». Потым прыйшоў Радзькоў. Гэты чалавек з правінцыйнай ВНУ, зусім няздольны мысьліць у маштабах нацыі і краіны, займаўся састарэлай навуковай тэмай, якая была вычарпаная яшчэ ў 70-я гг. І свае архаічныя ўяўленьні пра тэставаньне ён, карыстаючы з высокай пасады, насаджае ў беларускай школе, уводзячы тое, ад чаго ў перадавых краінах адмовіліся гадоў 30—40 таму. Сёньня гэтыя анахранізмы мянуюць рэформай адукацыі.

Але ці з гэтым змагаецца аўтар артыкула ў «Советской Белоруссии» акадэмік Рубінаў? Не, ён выступае супраць рэформы як такой. Наколькі несучасны чалавек цяперашні міністар адукацыі, але і ён, знаходзячыся ў цэнтры падзеяў, разумее, што цяперашні стан сыстэмы недапушчальны. Ён ня толькі не адпавядае сучасным патрабаваньням эўрапейскай краіны, але проста не адпавядае нават нормам функцыянаваньня. Выкладнікі ўдаюць, нібыта вучаць, навучэнцы і студэнты ўдаюць, нібыта вучацца. Школа больш ня ў змозе падрыхтаваць сваіх выпускнікоў да паступленьня ў ВНУ, рыхтуюць толькі рэпэтытары. Студэнты ў ВНУ спрабуюць толькі задаволіць дробнае славалюбства выкладнікаў, завучваючы іх убогія ўяўленьні пра прадмет вывучэньня дзеля таго, каб ім жа здаць іспыты і залікі. Самастойнай працы студэнтаў практычна няма, усе рэфэраты пампуюцца з інтэрнэту ці купляюцца за грошы. Дошкі абвестак вакол ВНУ і інтэрнатаў стракацяць прапановамі паслугаў у напісаньні курсавых і дыплёмных працаў, а таксама дысэртацыяў за памяркоўную плату. Вяршыняй цынізму сталася тое, што такія абвесткі вісяць у ВНУ побач з загадамі дэканатаў.

Адукацыя зрабілася сфэрай ценявых паслуг. Гэта відавочна для ўсіх. І гэта патрабуе ўжо ня проста рэформы, але санацыі ўсёй сыстэмы. Няўжо спадар Анатоль Рубінаў, першы намесьнік старшыні Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, акадэмік, гэтага не разумее?

Разумее, ня можа не разумець. Рэч у тым, што шырокая грамадзкасьць даведалася пра існаваньне акадэміка Рубінава тады, калі яго прызначылі кіраваць Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй — ВАКам. Гэта орган, якія адказвае за самы высокі ўзровень кваліфікацыі і адукацыі — за якасьць навуковых ступеняў і званьняў. Продаж доктарскіх і кандыдацкіх ступеняў стаўся адзіным спосабам здабываньня навуковых ступеняў і званьняў у эканоміцы і ў пэдагогіцы.Акадэмік Рубінаў быў прызначаны галавой ВАКу, калі продаж доктарскіх і кандыдацкіх ступеняў стаўся ня проста распаўсюджанай практыкай, а адзіным спосабам здабываньня навуковых ступеняў і званьняў у некалькіх галінах навукі, у прыватнасьці ў эканоміцы і ў пэдагогіцы. Акурат Рубінаву было даручана навесьці парадак у гэтай справе, утаймаваць карупцыю. Акурат ён тады голасна абвясьціў, што ў апошнія гады дактарамі эканамічных і пэдагагічных навук становяцца чыноўнікі высокага рангу, якім ці то няма калі займацца навукай згодна з пасадай, ці то няма калі займацца кіраваньнем, бо яны аддаюць сябе служэньню навуцы. Гэта тады нікога не зьдзівіла. Бо ўсе людзі кандыдацка-доктарскага веку жылі яшчэ ў Савецкім Саюзе. Усе памятаюць, што першым кіраўніком СССР з вышэйшай адукацыяй быў Чарненка, і атрымаў ён дыплём, ня вучачыся ў ВНУ, але будучы першым сакратаром абкому — то бок начальнікам і гаспадаром ВНУ, якая выпісала яму дыплём. Рэальным студэнтам з усіх правадыроў СССР быў толькі Гарбачоў. Усе разумелі, што Міхаілу Мясьніковічу на тых пасадах, якія ён займаў у сваёй кар’еры, было не да навукі, што дысэртацыю яму памагалі пісаць іншыя. Усе, хто хацеў, ведалі пра скандал з доктарскай дысэртацыяй тагачаснага рэктара БДУ А. Казуліна, ведалі і рэальных аўтараў ягонай «навуковай» працы. Мала таго, вядомы на ўвесь Менск Кім Хадзееў ніколі не хаваў, што напісаньне дысэртацый за грошы ёсьць адной з галоўных крыніц ягоных даходаў. Ён напісаў больш як пяцьдзясят кандыдацкіх і чатыры ці пяць доктарскіх. Напісаньне дысэртацый зрабілася бізнэсам для многіх людзей. Але калі б толькі напісаньне. А зацьвярджэньне гэтых, з дазволу сказаць, «навуковых працаў» у навуковых радах і ў самім ВАКу? Няўжо гэта адбываецца бескарысьліва? Хто дасьць гэтаму веры?

І вось Рубінаў становіцца кіраўніком ВАКу, каб спыніць гэтую практыку. Ці спыніў? А як пра гэта даведацца без рэформы ВАКу і ўсёй сыстэмы? Ва ўсёй гэтай сыстэме няма галоснасьці і адкрытасьці. Ды ў гэтым і зацікаўленых няма. Каму патрэбная адкрытасьць? Хіба тым «дактарам» і «прафэсарам», якія купілі свае ступені і званьні ў 90-я гг., а цяпер самі гандлююць імі, засядаючы ў навуковых радах? Не, не патрэбныя ім галоснасьць і празрыстасьць гэтых працэсаў.

А ці патрэбная рэформа адукацыі ўсім гэтым людзям? Не.

Рэч у тым, што рэформа адукацыі ў сучасных умовах ня можа быць якой хоця, яе ня могуць прыдумаць ні Стражаў, ні Радзькоў. Сёньня Эўропа зь яе Балёнскім працэсам дыктуюць моду ў адукацыі, вызначаюць, што варта, а чаго ня варта рабіць. Гэта можа камусь падабацца, камусь не, можа кагось натхняць, кагось зьневажаць у найлепшых «патрыятычных» пачуцьцях, але гэта так. Мы спазьніліся. На пачатку 90-х гг., акурат у тыя гады, пра якія забыўся акадэмік Рубінаў, мы яшчэ маглі знайсьці свой шлях, свае падыходы, маглі ўзяць удзел у падрыхтоўцы Балёнскага працэсу. Ды што там маглі, ЭГУ і быў удзельнікам гэтага працэсу ці ня з самага пачатку. Але ў сярэдзіне 90-х гг. у сусьветнай адукацыі адбыліся рэвалюцыйныя зьмены, і рэвалюцыя гэтая рабілася ў Эўропе і эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі. Усе, хто выпаў з гэтага працэсу, — адсталі назаўсёды. Мы маглі, але… не змаглі. Мы пайшлі сваёй дарогай, каб «не ісьці за цывілізаваным сьветам».

Дык пра што цяпер хвалюецца спадар Рубінаў? Пра тое, каб спыніць рэформы Стражава і Радзькова? У гэтым зь ім нельга не пагадзіцца. Гэтыя «рэформы» трэба неадкладна спыніць.

Стражаў настойваў на 12-годцы, пераконваючы настаўнікаў і бацькоў, што гэта зьменшыць нагрузку дзяцей у інтарэсах іх здароўя. Добрая мэта. Але 12-гадовая школа ўведзеная, а нагрузка на дзяцей ня толькі ня зьменшылася, а, наадварот, павялічылася. Ня зьнізілася і нагрузка на настаўнікаў. Рэформа не дасягнула абяцаных мэтаў. Але калі прыйшоў Радзькоў, усё сталася яшчэ горш. Рэч у тым, што загружаныя на поўны дзень і шэсьць дзён у тыдзень дзеці ў школе ня могуць займацца карыснымі справамі — вучыцца і разьвівацца. Але цяпер яны занятыя толькі выкананьнем кантрольных і праверачных заданьняў. Ладная частка школьнага часу ідзе не на навучаньне, а на кантроль ведаў. Якіх ведаў? Іх няма калі атрымліваць, пакуль яны толькі кантралююцца. Зьніжэньне ўзроўню ведаў праявілася вельмі рэзка. Як адказала міністэрства адукацыі на гэты трывожны факт? Так, як толькі і могуць некампэтэнтныя кіраўнікі, — узмацненьнем кантролю. Калі далей так пойдзе, то дзеці наагул ня будуць вучыцца, а толькі праходзіць тэставаньне, пісаць кантрольныя і здаваць рэфэраты, спампаваныя з інтэрнэту.

Беларуская школа ўжо зьнішчаная. Калі нашыя дзеці яшчэ чагось вучацца, то толькі дзякуючы гераізму і самаахвярнасьці настаўнікаў, адданых сваёй справе, якія маўкліва ігнаруюць «рэфарматарскія» ідэі чыноўнікаў. На мяжы поўнай дэградацыі і вышэйшая школа. Ратуе яе толькі славалюбства, кар’ерызм маладых людзей і адносная даступнасьць дыстанцыйнай адукацыі, прыватная адукацыя, імкненьне павучыцца за мяжой. Студэнты вучацца самі, насуперак нашым ВНУ. Нехта таму, што здольны і мэтаскіраваны, нехта для таго, каб падрыхтавацца да атрыманьня вышэйшай адукацыі за мяжой.

Так, сучасная «рэформа» ўбогая, прымітыўная, антынародная. І супраць гэтай «рэформы» трэба змагацца. Змагацца супраць — гэта адно, а за што змагацца — вось галоўнае пытаньне. Змагацца трэба за рэальную рэформу. Барацьба Рубінава з Радзьковым, пра якую ў колах пэдагогаў, навуковых кадраў і чыноўнікаў было ведама ўжо даўно, пасьля таго, як яны напісалі лісты адзін пра аднаго прэзыдэнту, якія разышліся па чыноўніцкіх каналах даволі шырока, выглядае як барацьба горшага зь вельмі кепскім.

Усе сацыяльныя пераўтварэньні пасьля XVIII ст., пасьля эпохі Асьветніцтва, за сваю прычыну маюць сыстэму адукацыі. Рэвалюцыі робяцца пакаленьнямі, якіх падрыхтавала школа некалькі дзесяцігодзьдзяў да самой рэвалюцыі. Як казаў Бісмарк у ХІХ ст.: «вайну выйграе прускі настаўнік». Савецкі Саюз прывялі да краху выпускнікі «найлепшай у сьвеце адукацыі». Можна казаць, што гэта былі кепскія выпускнікі ці недавучкі. Але гэта самападман. Гэта былі добрыя выпускнікі. Проста іх гэтак вучылі.

Сучасны стан нашай краіны таксама ёсьць наступствам таго, што ў Беларусі не было і няма нацыянальнай школы, нацыянальна арыентаванай адукацыі. Таму кіраўнікі самага верхняга ўзроўню, міністры і заканадаўцы папросту ня ўлічваюць нацыянальных інтарэсаў. Як іх можна ўлічваць, ня ведаючы іх? Ня ведаючы нават пра іх. Бо гэтага іх не вучылі. Як і няма каму навучыць акадэміка Рубінава сучаснай гісторыі Беларусі. Няма каму ўвесьці ў курс сучаснай палітыкі ў галіне адукацыі ў Эўропе. Ня ведаю, як добра вучыўся Рубінаў у школе. Відаць, пасьпяхова, бо да гэтай пары разважае ў схемах пяцідзесяцігадовай даўніны. Гэта ў 60-я гг. вучылі, што індустрыялізацыя — гэта вяршыня прагрэсу, таму работнік важнейшы за навукоўца. І сыстэма адукацыі мусіць рыхтаваць працоўныя кадры для прамысловасьці і сельскай гаспадаркі, а ўва ўнівэрсытэтах мусяць рыхтаваць толькі тых, хто будзе навучаць гэтых работнікаў і прыдумваць ім працу, напрыклад, выкладнікаў і інжынэраў-тэхнолягаў. Але ўжо пасьля таго, як Рубінаў скончыў школу і ВНУ, была «рэвалюцыя мэнэджараў», увесь сьвет перажыў эпоху інфарматызацыі, навука сталася «прадукцыйнай сілай» і г. д.

Рубінаў ня памятае, ня ведае, што ў краінах, дзе ёсьць сучасная вышэйшая адукацыя і сучасная школа, для вытворчасьці дастаткова 3—5 % працаздольнага насельніцтва, а не 40—60 %, як было ў эпоху індустрыялізацыі, пра якую яму самому апавядалі ў школе.

І гэтыя людзі кіруюць нашай краінай? І гэтыя людзі распрацоўваюць для нас ідэалёгію? Яны мяркуюць, што здольныя гэта рабіць. Хто можа паказаць ім, што гэта ня так?

З расейскай

мэтадоляг, філёзаф, аўтар шматлікіх артыкулаў у «ARCHE». Сёлета выйшлі яго кніга «Становление и развитие сообществ»
(б .г., б.м.в., сумесна з Тацянай Вадаласкай), а таксама трэцяе перавыданьне кнігі «Об образовании. Полемические этюды». Аўтарская назва тэксту — «Горшае вораг кепскага (некаторыя меркаваньні, што прыходзяць да галавы, назіраючы за тым, як пасварыўся Анатоль Рубінаў з Аляксандрам Радзьковым)».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 1-2 (64-65) 2008

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/06/17