A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (66) - 2008 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Андрэй Мірашнічэнка | ||||
Андрэй Мірашнічэнка Паўтарэньне шляху інструмэнтальнага розуму Мацкевич, В. В. Об образовании. Полемические этюды. Нядаўна выйшла чарговае выданьне кнігі У. Мацкевіча «Палемічныя этуды пра адукацыю». Мне часьцяком даводзілася чуць ад розных, зазвычай не зьвязаных паміж сабой людзей выказваньні, што гэтая кніга ёсьць галоўнай Мацкевічавай працай, якая ў найменшай ступені ангажаваная яго палітычнымі поглядамі і мэтадалягічнымі ўстаноўкамі. Прычым, як на мяне, гэтыя меркаваньні зьвязаныя імплікацыйна, г. зн. раз тут мала крытыкі і мэтадалёгіі, то яна ёсьць найвыбітнейшым творам Мацкевіча. Між тым сама структура і зьмест дадзенага тэксту дазваляюць гарманічна суаднесьці паміж сабой «мэтадалягічны» і «немэтадалягічны зьмест», а што датычыць цяперашніх палітычных поглядаў Мацкевіча, то, на думку аўтара, яны натуральна выцякаюць з таго дзейнаснага кантэксту, у якім зьявілася дадзеная праца, і ў якім яна можа знайсьці ўжытак. Зараз мы растлумачым гэта больш падрабязна, а пакуль адкажам на пытаньне пра актуальнасьць чарговага выданьня сп. Мацкевіча. У першай умоўна вылучанай частцы кнігі, да якой мы адносім пачатковыя тры разьдзелы («Праблемы адукацыі і сучасная соцыякультурная сытуацыя», «Як можна і як нельга мысьліць адукацыю», «Адукацыя ў Латвіі (1988—1992)»), вылучаюцца тыя соцыякультурныя і мысьленча-дзейнасныя працэсы, што разглядаюцца як рамкавыя для ажыцьцяўленьня рэформы адукацыі ў Латвіі. Асноўная тут думка палягае ў тым, каб упісаць латвійскую рэформу адукацыі ў тыя працэсы, якія аб’ектыўна вызначаюць, з прычыны свайго стабільнага характару, умовы станаўленьня і засваеньня грамадзянамі-чыноўнікамі сувэрэнітэту Латвіі. Такімі — вядома, для Мацкевіча таго часу — становяцца каштоўнасьці эўрапейскага грамадзтва, зразуметыя з пазыцыяў савецкага інтэлектуала, г. зн больш рацыянальна і заканамерна, чым гэта ёсьць напраўдзе. Да такіх адносяцца і супярэчнасьці паміж палітыкай дзяржавы і дэмакратыяй, паняцьці рынку, постындустрыяльнага грамадзтва, каштоўнасьць разьвіцьця, першынство культуры, і г. д. і да т. п. Аднак галоўным мэханізмам, які забясьпечвае цэльнае рэфармаваньне адукацыі і наогул стварэнне гуманітарнай інфраструктуры, паводле Мацкевіча, становіцца ўласнае ўяўленьне пра культурную палітыку. Акурат культурная палітыка становіцца спосабам злучэньня паміж сабой усяго мноства адносінаў і элемэнтаў, якія вызначаюць сыстэму культуры дзяржавы. Шмат каму падасца, што першая зьмястоўная частка тэксту можа быць цалкам неактуальная для нас, тым болей што, як гэта вынікае зь тэксту, хутчэй за ўсё, рэформа адукацыі, як заўсёды гэта было зь дзейнасьцю У. Мацкевіча, хоць і пайшла з выкарыстаньнем ягоных ідэяў, але цалкам інакш, «няправільна», як сказаў бы ён сам. У сувязі з гэтым, на нашу думку, гэты тэкст можна разглядаць, па-першае, як гістарычны дакумэнт, па-другое, як сьлед арганізаванага мысьленьня, пакінуты нам для дасьледаваньня Мацкевічам і групай ягоных паплечнікаў і вучняў, па-трэцяе, як чарговую пэдагагічную канцэпцыю, да якой так і трэба ставіцца як да варыянту, да «рэфлексіі» з нагоды адукацыі, пра што і ідзе гаворка ў самім падзагалоўку тэксту — «палемічныя этуды пра адукацыю». Усе гэтыя ракурсы можна сыстэматызаваць і згарманізаваць, калі мы паставімся да Мацкевічавага тэксту не сузіральна, а дзейнасна, як да інструмэнту свайго мысьленьня і дзейнасьці. Аднак, на нашу думку, зь першай часткай кнігі ўсё ня так проста і адназначна, як хацелася б. Мы пачнём з таго, што тэкст, прысьвечаны рэформе адукацыі ў Латвіі, наўпрост супярэчыць назьве кнігі. У першай частцы прапануецца пазыцыя, даволі канкрэтная, радыкальная і вызначаная пазыцыя, якая датычыць рэформы савецкай сыстэмы адукацыі, а канкрэтызуецца гэтая пазыцыя сытуацыяй сыстэмы адукацыі Латвіі. І ў гэтым пляне сам У. Мацкевіч, як я мяркую, падчас дыскусій з нагоды рэформы адукацыі ні ў якім разе не дазволіў бы ставіцца да сваёй пазыцыі толькі як да палемічнай вэрсіі, варыянту разгортваньня пазыцыі. У гэтым пляне сама назва становіцца прыкметай таго, што рэальная хада далейшага разьвіцьця падзеяў у Латвіі пайшла зусім іншым, супрацьлеглым кірункам (ці ў прынцыпе кірункам адмаўленьня ўсякай пазыцыі адносна рэформы адукацыі). Таму назва пакліканая сканцэнтраваць нашу ўвагу не на зьмесьце дзеяньняў, задакумэнтаваных тэкстам, а на зьмесьце самога зьместу ў працэсе разгортваньня, тым болей што ў тэксьце прапісаная прынцыповая пазыцыя адносна дэсаветызацыі сыстэмы адукацыі. І дзякуючы такой трансфармацыі погляду чытача тэкст пачынае жыць і граць зусім інакш. Яго арганізацыйна-дзейнасны патас успрымаецца цяпер як нешта накшталт архітэктурнага мастацтва, як такі жанр інтэлектуальнай дзейнасьці, які мусова існуе ў якасьці мастацтва, што стварае праекты, якія ніколі не рэалізуюцца, г. зн. ва ўяўленьні. Тут паўстаюць два пытаньні: па-першае, якія прычыны няўдачы сп. Мацкевіча, і, па-другое, якія рэальныя вынікі яго дзейнасьці (я спадзяюся, што чытач можа адрозьніваць паміж сабой прадукт, мэту і вынік дзейнасьці). Дык вось няўдача дзейнасьці сп. Мацкевіча, на наш погляд, абумоўленая самой прыродай дзяржавы. І дарэчы, сам тэкст падтрымлівае лёгіку функцыянаваньня дзяржавы, зьвязаны зь лінейна ажыцьцяўлянай гамарархаванай (гоморархированной), гамахроннай і гамагеннай дзейнасьцю. Прынамсі, акурат такой дзейнасьцю сп. Мацкевічу бачыцца функцыянаваньне дзяржавы, таму ён і зьвяртаецца да міністра адукацыі ці стварае канцэпцыю цалкам цэнтраванай і герархаванай арганізацыі калегіюму (гл. параграф 3.2 «Этудаў»). Відаць, менавіта да таго моманту Мацкевіч засвоіў толькі дадзены спосаб рацыяналізацыі гетэрагенных, гетэрахронных і гетэрархаваных працэсаў. Я таму пра гэта пішу так сьмела і адназначна, што ведаю, што з тае пары сп. Мацкевіч ня проста засвоіў іншыя спосабы рацыяналізацыі і нават распрацаваў новыя, але заклаў іх у аснову канцэпцыі рэформы адукацыі Беларусі і асабліва ў фармаваньне канцэпцыі грамадзянскай адукацыі. Але няўдача ў трансфармацыі лінейных працэсаў Латвіі прывяла да іншых спосабаў існаваньня мысьленьня, недзяржаўных; тым болей што, як аказалася, у дзяржаўных структурах праблематызуючае і крытычнае, а тым болей рэфлексійнае мысьленьне немагчымае (але гэтая даволі спрэчная тэза патрабуе, вядома ж, вельмі сур’ёзных аргумэнтаў, пра што казаць тут няма як). І мысьленьне можа існаваць толькі ў недзяржаўнай сфэры (і можа быць увогуле ў апазыцыі да ўсякай вэртыкальна інтэграванай і структураванай сацыяльнай сфэры). Па вялікім рахунку тады, ды і пазьней у Беларусі, У. Мацкевіч натрапіў на традыцыйную мэтадалягічную праблему — мысьленьня ня ў тым месцы (не по месту). Ён мысьліў пра тое і адтуль, адкуль мысьліць мусіў ня ён, а прынамсі міністры адукацыі, паколькі суб’ектнасьць у дзяржаве распаўсюджваецца толькі на найвышэйшыя чыноўніцкія пасады. Адсюль вынікае, што адзіным пазытыўным крокам у падобнай сытуацыі стаецца стварэньне такой прасторы дзейнасьці, дзе мысьленьне магло б існаваць па-за пасадамі і службовымі інструкцыямі. А такой сыстэмай робіцца недзяржаўная адукацыя — часткова бізнэс-адукацыя, але ў большай ступені грамадзянская адукацыя, паколькі аб’екты дзяржаўнай і грамадзянскай адукацыі фактычна адзіныя. Выснова аказалася вельмі простай — мысьленьне магчымае не ў вэртыкальна інтэграваных (акрамя самога суб’екта ўлады), а ў гарызантальна інтэграваных арганізацыях. Такім чынам, каб мысьліць, трэба не інтэгравацца ў дзяржаву, а супрацьстаяць ёй. Уласна з гэтым і зьвязаная, як мы цяпер разумеем, пазытыўная частка палітычнай дзейнасьці У. Мацкевіча, толькі ён дагэтуль верыць (і, нягледзячы на ўсю архаічнасьць гэтага ўяўленьня, такая акалічнасьць робіць яго дзейнасьць пазытыўнай) у магчымасьць добрай дзяржавы. На наш погляд, дзяржава можа быць добрай, толькі калі яе ставяць на месца і ўважліва сочаць, каб яна за межы гэтага месца не выходзіла. Таму грамадзянская адукацыя прынцыпова недзяржаўная. Вось жа, чаму Мацкевіч заняўся палітыкай, зразумела — гэта дзейнасьць зьвязана з пошукамі месца, у якім магчымае зьдзяйсьненьне мысьленьня. Тут я зраблю яшчэ адну, апошнюю заўвагу. У. Мацкевіч паўтарыў той шлях, пра які гаварылі сучасныя і несучасныя заходнія філёзафы, — шлях інструмэнтальнага розуму. Каротка на паняцьцях Ю. Габэрмаса можна сказаць, што мысьленьне немагчымае ў «сыстэме», а магчымае толькі ў «жыцьцёвым сьвеце». Прычым гэтае мысьленьне можа процістаяць калянізацыі з боку сыстэмы толькі ў тым разе, калі яно само калянізуе сыстэму. Цяпер закранем мэтадалягічнае і немэтадалягічнае ў тэксьце «Этудаў». Самым немэтадалягічным паводле зьместу становіцца дасьледаваньне тыпалёгіі пэдагогік, якія складаюць другую частку кнігі, тым болей што яно праведзена ў рамках гістарычнага мэтаду. Агульная ідэя дадзенай часткі зводзіцца да ўяўленьня пра тое, што субстанцыяй «дзіцяці» становіцца спантанная актыўнасьць, абмежаваньне якой і робіць зь яго дарослага — «адукаванага» чалавека. Гэтае ўяўленьне пра адукацыю адпавядае адрозьненьню формы і матэрыялу ў Арыстотэля, толькі ў пэдагогіцы афармленьнем матэрыялу ёсьць адукацыя. Такое «пэдагагічнае» ўяўленьне зусім ня ёсьць адкрыцьцём У. Мацкевіча. Я ня вельмі добра разьбіраюся ў пэдагогіцы, але мяркую, што недзе штосьці падобнае ўжо было. Прынцыпова новай ёсьць тыпалягізацыя розных спосабаў адукацыі — натуральная пэдагогіка, пэдагогіка культуры, пэдагогіка ідэалу, элітарная і эгалітарная пэдагогікі, а таксама інфармацыйна-кібэрнэтычная і дыфэрэнцыйная пэдагогікі. Падобны ход, на наш погляд, цікавы, традыцыйны і бясспрэчны. Аднак на гэтым і палягае немэтадалягічнае хараство тэксту. Пры гэтым многія хады арганізацыйнай часткі этудаў арыентуюцца акурат на згаданыя ўласьцівасьці і характарыстыкі. У нашых цяперашніх уяўленьнях, паўтаруся, такі эмпірычны ход зусім небясспрэчны, хоць я, напрыклад, пакуль не гатовы пра гэта разважаць выразна і асэнсавана. Наапошку заўважу, што пасьля выхаду ў сьвет этудаў адбылося багата падзеяў. І нават нашае ўспрыманьне і выкарыстаньне матэрыялу этудаў ва ўласнай дзейнасьці робіцца індыкатарам адбытых зьменаў. У гэтым тэксьце я бачу генэтычны выток усёй Мацкевічавай дзейнасьці. Глядзіш на гэтыя этуды і разумееш, як многа за апошнія 15 гадоў зрабіў У. Мацкевіч — стварыў канцэпцыю адукацыі Беларусі, стварыў канцэпцыю грамадзянскай адукацыі, стварыў канцэпцыю разьвіцьця супольнасьцяў у Беларусі, шмат чаго нарабіў і напісаў пра палітычную дзейнасьць у Беларусі. Галоўнае, што ў адрозьненьне ад стаўленьня У. Мацкевіча да працэсаў рэформы адукацыі ў Латвіі, Мацкевіч у Беларусі, ствараючы розныя канцэпцыі і праграмы, пачаў мысьліць Беларусь, а ня толькі аналізаваць дзяржаўную ці недзяржаўную палітыку з пункту гледжаньня іх зьмяненьня і разьвіцьця. Галоўнае, што ў палемічных этудах няма той любові і замілаванасьці да Беларусі, якая праявілася ва ўсіх далейшых дзеяньнях сп. Мацкевіча. Апроч таго, у сваёй дзейнасьці У. Мацкевіч пачаў фармаваць, як наступства ўсьведамленьня ўласных памылак маладосьці, калектыўную суб’ектнасьць. На сёньня яна называецца як супольнасьць Цэнтар сацыяльных інавацыяў — Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў. Хто ведае, у што яна ператворыцца ў далейшым. Гэта ўжо залежыць ня толькі ад У. Мацкевіча, але і ад усіх, хто гатовы заўважаць і мець нейкае дачыненьне да ягонай актыўнасьці. Такі досьвед падаецца нам абсалютна неацэннай зьявай для кожнага культурнага і гуманітарнага дзеяча ў Беларусі.
З расейскай |
філёзаф, выкладчык катэдры філязофіі і мэтадалёгіі навукі БДУ. У сфэру яго навуковых інтарэсаў уваходзяць сацыяльная эпістэмалёгія, арганізацыя навучаньня і «кіраваньне ведамі» (knowledge management). Друкуецца ў «ARCHE» ўпершыню. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (64-65) 2008 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |